A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (56) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Пётра Садоўскі | ||||
Пётра Садоўскі
Слоўнік пераходнага перыяду Нямецка‑беларускі слоўнік. Deutsch‑belarussisches Wörterbuch.
З’яўленне ў 2006 г. «Нямецка‑беларускага слоўніка», складзенага аўтарскім калектывам Мінскага лінвістычнага ўніверсітэту на чале з галоўным рэдактарам Мікалаем Кур’янкам, — доўгачаканая падзея для беларускіх германістаў і ўсіх тых, хто лічыць за лепшае выключаць расійскамоўнае пасярэдніцтва пры чытанні нямецкіх тэкстаў. Аўтары, рэдактары і выдавец зрабілі справу, якой даўно мусіла б заняцца дзяржаўнае выдавецтва пры фінансавай падтрымцы роднай дзяржавы. З вядомых прычын гэтага не адбылося. Энтузіясты цягнулі па‑сухому волакам не адзін дзесятак гадоў слоўнікавую лайбу. Цяпер ім трэба сказаць дзякуй і дапамагчы захаваць тэхнічную базу для працягу магчымай далейшай працы. Як прафесійны германіст я хацеў бы выказаць некалькі агульных меркаванняў, аднак не толькі як традыцыйны рэцэнзент, але і як карыстальнік выданняў падобнага жанру ў сённяшні час, які па сваіх камунікацыйных характарыстыках значна адрозніваецца ад той эпохі (можна нават ужыць такое слова!), калі слоўнік толькі пачынаў нараджацца. Думаю, што сёе‑тое з далей сказанага можна аднесці і да «Ангельска‑беларускага слоўніка», які склалі нашы беларусы з далёкага амерыканска‑канадскага замежжа. Маё пакаленне, якое пачынала вывучаць замежныя мовы ў сярэдзіне 50‑х гадоў мінулага стагоддзя, амаль не мела кантактаў з жывымі іншаземцамі, рэдка ездзіла за мяжу, зрэдку бачыла замежныя друкаваныя выданні, ды і то толькі з краінаў «сацыялістычнага лагеру». Тэксты падручнікаў былі саветызаваныя ды русіфікаваныя: «Ленінград — калыска сацыялістычнай рэвалюцыі», «СССР — наша агульная Радзіма», «Першадрукар Іван Фёдараў» і г. д. Такія ж былі і слоўнікі. У слоўнікавых артыкулах раз‑пораз сустракаліся свабодныя словазлучэнні кшталту: «барацьба за справу міра», «людзі працы», «перавагі сацыялізму над капіталізмам». Арыгінальныя тэрміны замежнага краіназнаўства (рэлігія, культура, грамадазнаўства і г. д.) прэзентаваліся там вельмі бедна. Мой асабісты замежна‑філалагічны лёс напачатку склаўся трохі лепш. У Мінскай сувораўскай вучэльні, дзе я правёў сем гадоў, апошнія тры мы мелі штодня па дзве гадзіны нямецкай мовы ў маленькіх групах. Нашымі настаўнікамі былі афіцэры з досведам вайсковых перакладчыкаў часу ВАВ і выкладчыкі Ін’язу (так тады называлі Лінгвістычны ўніверсітэт). Нам паказвалі нямецкія трафейныя дакументы, размоўнікі для допыту ваеннапалонных, ладзілі дні замежных моваў, калі ўсе каманды дзяжурнага афіцэра дубляваліся паўзводна на англійскую, нямецкую ды французскую мовы. Дагэтуль увушшу стаяць і англійскія выразы: «Фол ін! Шан! Эт із! Дысміс!» («Шыхтуйся! Зважай! Вольна! Разыходзься!»). «Шан!» — гэта скарочанае ад «Attention!». Вучэльня падтрымлівала кантакты з вайсковай кадэцкай школай з Наўмбургу ў ГДР, мы ліставаліся з нямецкімі аднагодкамі. Вучоба ж у Ін’язе паводле зместу была вельмі савецкая... Аднак вярнуся да слоўніка. Выглядае ён даволі сучасна, прыстойны дызайн, моцна збрашураваны, вокладка, падобна, будзе досыць трывалая, папера таксама нябедная, нават трохі цубкая. Наклад невялікі — 500 асобнікаў, у чатыры разы меншы, чым у раней згаданага ангельска‑беларускага. Слоўнік збольшага спраўдзіў тыя чаканні, якія мелі карыстальнікі. Запланаваны і распачаты шмат гадоў таму з даволі размаітым складам рэдакцыйнай калегіі ён вельмі добра адпавядае свайму часу. Нічым не горшы за падобныя савецкія нямецка‑расійскія слоўнікі. Месцамі — лепшы. Я б назваў яго слоўнікам пераходнага перыяду. Тут ужо ёсць словы «аднаразовы шпрыц» і «мабільны тэлефон», але яшчэ амаль няма інтэрнэтава‑кампутарнай тэрміналогіі ды актуальных словазлучэнняў нашага глабалізаванага часу кшталту grenzüberschreitende Aktion (анг. cross‑border action як сучасны юрыдычны тэрмін), Osterweiterung (der NATO), Ossi, Wessi, nachhaltige Entwicklung (анг. sustainable development як геапалітычны тэрмін) і г. д. Натуральна, калі параўноўваць яго з зусім новымі нямецка‑іншамоўнымі слоўнікамі, што выйшлі ў багатых заходніх выдавецтвах кшталту Langenscheidt/Collins, то заўважаеш, што апошнія нашмат багацей адлюстроўваюць сучаснасць: актуальныя сацыяльна‑палітычныя рэаліі, навацыі штодзённага побыту, лексіку эпохі глабалізацыі. Адсутнасць дзяржаўнага ўдзелу ў падрыхтоўцы выдання мела свае плюсы. Адчуваецца пэўная свабода выбару лексічных адпаведнікаў і сінонімаў, амаль цалкам адсутнічаюць саветызмы. Аўтарам удалося збалансавана ўлічыць найлепшыя лексічныя здабыткі «тарашкевіцы» апошніх гадоў і — бясспрэчна, гэта вялікая праца — унесці праўкі ў напісанне паводле рэформы нямецкай арфаграфіі, якая закончылася, калі складанне лексічнай часткі слоўніка ўжо фактычна завершылася. Аўтары змаглі даволі ўдала сумясціць несумяшчальнае — прыблізна на 950 старонках даць каля 50 000 слоўнікавых артыкулаў з даволі добрым семантычным тлумачэннем. Некаторыя страты на гэтым шляху — хутчэй выключэнне. У «Ангельска‑беларускім слоўніку» Валентыны Пашкевіч прыблізна на 1000 старонак — каля 30 000 словаў. Неблагая беларуская бібліяграфія. У слоўнікавых артыкулах з фразеалагізмамі пазнаюцца нават вельмі ўдалыя прыклады з выдатнага «Малога руска‑беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразем» Змітра Санька, на які ёсць адпаведная спасылка. Нямецкая бібліяграфія трошкі бяднейшая. Улічваючы, што ў «саштубнаваны» слоўнік цяжка ўстаўляць новыя словы, можа, варта было б узяць што‑кольвек з актуаліяў у найноўшых слоўніках (напрыклад, нямецка‑расійскіх) і папросту зрабіць дадатак у канцы выдання. Гэта вядомая практыка. На жаль, як вынікае з бібліяграфічнага спісу, складальнікі чамусьці абсалютна не выкарыстоўвалі расійскі досвед. Ці гэта такі правінцыйны прыхаваны «антырасійскі патрыятызм»? Падобна, што аўтары ўсё ж карысталіся расійскімі выданнямі. Бо, калі яны перакладаюць, напрыклад, нямецкае Wartung як «дагляд за ч‑н, к‑н», а не «дагляд чаго, каго», робіцца зразумелым, што ў іх перад вачыма стаяла расійскае «ухаживать за к‑л». На нямецка‑ўкраінскі слоўнік спасылка робіцца. Можна было б паглядзець і нямецка‑польскія слоўнікі. Там нашмат лепш, чым у расійскіх, адлюстраваная «цывілізацыйная» лексіка Нямеччыны (рэлігія, гісторыя, мастацтва, матэрыяльная культура).
Некаторыя безумоўныя недакладнасціБольшасць з іх, думаю, тлумачыцца тым, што слоўнік надоўга адкладаўся, мяняліся рэдактары, а некаторыя артыкулы проста засталіся нявычытаныя. Так, напрыклад, Müsli (памяншальнае ад Mus) гэта не «салата з сырой гародніны» (с. 498), а «ежа з сырых размочаных у малацэ аўсяных хлапякоў, садавіны, цёртых арэхаў і цукру». Цяпер мюслі можна купіць і ў нашых крамах.Postum — тое ж, што і post mortem, абазначае «пасля смерці, пасмяротна». Можа ўжывацца і як азначэнне. На с. 557 даецца: меншы, малодшы; народжаны пасля смерці бацькі (?!). Цяжка ўявіць, адкуль такое магло ўзяцца. Die Maus — сярод «старых» традыцыйных значэнняў даецца трэцяе: «камп. кнопка, клавіша». Ці варта адыходзіць ад таго тэрміну, які паўсюдна ўжываецца карыстальнікамі? Усё ж такі клавішы, нават у самай сучаснай мышы — толькі частка яе. Немцы пераклалі англійскую назву жыўцом. У нас усе кажуць мыш, мышка. Гэта не ўспрымаецца як слэнг. Магчыма, на ўзроўні тэхналогіі кампутарных распрацовак ёсць універсальны тэрмін накшталт steering device. Калі мышка — гэта клавіша, то як тады сказаць: «У мышцы западае правая клавіша»? Überführen vt, etw (Gen.) с. 757 — лепш не даваць праз коску сінонім «вінаваціць», бо абвінавачваць можна і праз паклёп. А тут імплікавана значэнне неаспрэчнага факту злачынства. Die Eitelkeit (c. 193) — значэнне «мітуслівасць» з вялікай нацяжкай — і тое ацэнкава — дапасуецца да асноўнага сэнсу «ганарыстасць, пыхлівасць, фанабэрыя». Anfällig, die Anfälligkeit — «падатлівы, схільны да ч‑н; схільнасць». Кіраванне з прыназоўнікам gegen, якое даюць аўтары, — рэдка ўжывальнае. Ды і сам прыклад (gegen Krankheit anfällig) пад уплывам больш частага значэння прыназоўніка gegen (супраць) выклікае ў карыстальніка‑пачаткоўца амаль супрацьлеглае разуменне выразу. Добрыя нямецкія тлумачальныя слоўнікі раяць ужываць з гэтай семантычнай групай прыназоўнікі für або zu і адзначаюць рэдкае ўжыванне gegen.Так, напрыклад, Томас Ман у сваім эсэ «Германія і немцы» гаварыў пра «deutsche Anfälligkeit für das Barbarische und Dämonische» («схільнасць немцаў да варварства і дэманізму»). Раздзел «Транскрыпцыйныя знакі і іх вымаўленне» напісаны відочна неспецыялістам і мае сляды расійскага ўплыву. Сама назва раздзела не вельмі карэктная. Як можна вымаўляць знакі? Лепш казаць пра «значэнне транскрыпцыйных знакаў» ці проста табліцу гэтых знакаў, бо тэрмін «транскрыпцыя» ўжо імплікуе панятак вымаўлення. Нельга пісаць, што «/z/ вымаўляецца як /з/, толькі не вельмі гучна». Гучнасць вымяраецца ў дэцыбелах. Тут трэба гаварыць пра звонкасць зычнага. Нямецкія зычныя сапраўды значна больш глухія, чым беларускія. Узгадайце, як артысты эстрады робяць пародыі на эстонцаў: «Я путу толхо штать» (Я буду долго ждать). Аўтары раяць вымаўляць нямецкае /ш/ як адпаведны беларускі напружаны гук. Беларуская фанетыка і фаналогія не ведае падзелу шыпячай фанемы /ш/ на напружаныя і ненапружаныя. Тут не можа быць гаворкі нават пра нейкую «экспрэсіўную функцыю» паводле Трубяцкога (гл. ягоныя «Асновы фаналогіі»). Фанетысты ў Беларусі наадварот раяць пры выкладанні беларусам нямецкай мовы звяртаць увагу на тое, што беларускі /ш/ — гэткі ж «велярызаваны» і напружаны, як і нямецкі, і вымаўляецца, адпаведна, больш акругленымі вуснамі, чым, напрыклад, расійскі /ш/. Відавочна, аўтар гэтага раздзелу пакарыстаўся парадамі расійскіх фанетыстаў. Там яны былі зусім дарэчы: расійскі /ш/ у параўнанні з беларускім і нямецкім — расслаблены і вымаўляецца менш агублена. Дарэчы сказаць, пры тлумачэнні вымаўлення нямецкага /ж/ абсалютна слушна гаворыцца, што ён «вымаўляецца як беларускае «ж». Адрозненне толькі ў звонкасці. Падобны казус і з нямецкім /ч/: на погляд аўтараў, ён «вымаўляецца прыкладна як беларускае «ч». Такое звычайна пішуць пра нямецкі /ч/ для расійскіх навучэнцаў. Беларускі ж адпаведнік, як сведчаць лабараторныя рэнтгенаўскія здымкі і фатаздымкі губных артыкуляцыяў, абсалютна супадае з нямецкім і паводле месца і спосабу ўтварэння. Магу гэта сцвярджаць абсалютна ўпэўнена, як колішні супрацоўнік лабараторыі эксперыментальнай фанетыкі АН БССР. Пры расшыфроўцы значкоў для перадачы колькасных характарыстык галосных (доўгі — кароткі) зноў робіцца спроба параўноўваць нямецкія і беларускія галосныя. Напрыклад: «Нямецкае /u/ вымаўляецца больш каротка як беларускае /y/...» Так нельга пісаць, бо супрацьпастаўленне «доўгі — кароткі» для беларускай фаналогіі галосных, як кажуць фанетысты, — нерэлевантнае. Значэнне слова ў беларускай мове не залежыць ад даўжыні галоснага. У звязку з /у/ можна казаць толькі пра адрозненне галосных паводле якасці. Такія раздзелы павінен пісаць фанетыст. У нас ёсць добрая кніга «Гукі беларускай мовы» з асцылаграмамі, спектраграмамі, рэнтгенаграмамі і здымкамі губных артыкуляцый. Яе напісалі гадоў трыццаць назад Аляксандр Падлужны і Валерый Чэкман, на жаль ужо нябожчыкі. Яе можна выкарыстоўваць для кантрастыўнага апісання гукавых сістэмаў беларускай мовы і адпаведнай замежнай у метадычных мэтах. Варта было б франтальна спраўдзіць пастаноўку знакаў прыпынку, асабліва косак. Тут шмат недагляду. Часам памылка з пастаноўкай коскі трансфармуецца ў своеасаблівае граматычнае ці лексічнае непаразуменне. Так, слова balgen (с. 95) перакладаецца як «біцца, дурэць, гуляць» (пра дзяцей маладых жывёл)». Можа, пасля слова «дзяцей» трэба паставіць коску ці напісаць «або»? Хіба ж маладыя жывёлы могуць мець дзяцей? Ці іншы прыклад: падпарадкавальны злучнік als dass у складаназалежных сказах разглядаецца не асобна, а ў слоўнікавым артыкуле разам з dass (с. 150) і аддзяляецца адпаведна коскай. Прыведзены прыклад выглядае так: Es ist zu kalt als, dass wir einen Ausflug machen kцnnten. Пераклад як бы зразумелы, але няўклюдны: «Надта холадна (для таго), каб змаглі зрабіць экскурсію». Хто мог зрабіць? І чаму ў мінулым часе? Калі паставіць слушна коску (Es ist kalt, als dass ...) і адпаведна ўлічыць граматычнае значэнне дзеяслоўнай мадальнасці, то пераклад будзе выглядаць зусім проста: «Для прагулкі цяпер вельмі холадна, (мы змерзнем)».
Пра магчымыя традыцыйныя дадаткі ў канцы слоўнікаЗа добры казус‑прыкол можна лічыць той факт, што ў нямецка‑беларускім слоўніку няма нямецкіх назваў Беларусі і Германіі. Ні афіцыйных, ні традыцыйна кароткіх. Няма ні Deutschland, ні Bundesrepublik Deutschland, ні BRD, ні Belarus, ні Republik Belarus, ні Weißrussland. Тое ж і з Расійскай Федэрацыяй: ні Russland, ні больш карэктнага Russländische Föderation, ні менш слушнага Russissche Föderation. Падобна на тое, што спачатку планавалася даць у канцы слоўніка спіс геаграфічных назваў, а потым перадумалі ці забыліся. Той жа лёс напаткаў, на жаль, і назвы гарадоў і ўласныя імёны. Не кожны беларус пазнае ў нямецкім тэксце Гаагу, убачыўшы Den Haag, а Ўроцлаў — у нямецкім абліччы Breslau, або Браціславу як Preßburg. Сёння на большасці нямецкіх мапаў даюцца ў дужках пасля традыцыйных нямецкіх іншанацыянальныя назвы: Preßburg (Bratislava), Weißrußland (Belarus).Я ўжо не кажу пра больш экзатычныя назвы, дзе вонкавае аблічча слова абсалютна не дапамагае распазнаць, пра што ідзе гаворка. З вядомых імёнаў я знайшоў, дзякуй Богу, толькі Ісуса Хрыста (вось выйшла нешта накшталт каламбуру!) — Jesus Christus. Aле ж што рабіць прагнаму палітолагу, калі ён прачытае ў нямецкім сеціве, што Еўразвяз плануе газавы праект «Набукко»? Адкуль пойдзе той газ? Не пашкодзіла б у слоўніку (у алфавітным парадку ці ў дадатку) даць хаць бы мінімальны спіс вонкава не падобных да беларускіх уласных імёнаў і найбольш культуралагічна важкіх назваў: Hiob, Arminius, Deutschlandlied, Exodus, Salomo, Hohelied, Johannesoffenbarung і г. д. Тут бы і расшыфраваўся газавы «Набукко»: так зваліся вавілонскія цары Навухаданосары (Першы і Другі). Застаецца толькі спраўдзіць, якая дзяржава знаходзіцца цяпер на месцы колішняй Вавілоніі, дзе шмат газавых радовішчаў. Назву Nabucco мае і опера Джузэпэ Вэрдзі, дзея якой адбываецца ў Ерусаліме і Вавілоне.
Недастаткова расшыфраваныя словыКаб праілюстраваць з’яву, прывяду толькі некалькі прыкладаў. Гэтая група слоў даволі вялікая. Шмат якія словы пададзеныя як раскапаныя голыя бульбінкі без адуросця і лісточкаў.Напрыклад, dahingegen — слова не вельмі часта ўжывальнае, так званы семантычна‑стылёвы ўзмацняльнік, даецца «голым», без словазлучэння, і перакладаецца як «насупраць, наадварот». Нямецкія тлумачальныя слоўнікі даюць да яго блізкасэнсавыя jedoch, aber, andererseits і абавязкова ў словазлучэннях, бо дакладна ягонае значэнне раскрываецца толькі ў «цеснаце» кантэксту. У даступных мне двух нямецка‑англійскіх слоўніках як асноўнае значэнне гэтага слова падаецца on the other hand (з другога боку). У такіх выпадках трэба ці даваць разгорнутыя прыклады, ці ўвогуле прапускаць слова. Бо інакш яно застанецца туманным баластам і толькі з’есць слоўнікавую плошчу. Überfragt — у слоўнікавым перакладзе «закіданы пытаннямі» (с. 757). Слова застаецца абсалютна не расшыфраваным. Хіба што трошкі прачытваецца этымалогія. Пазнаць значэнне можна, напрыклад, праз словазлучэнні: Da bin ich überfragt («Прабачце, але я не ведаю адказу на Ваша пытанне»). Немагчыма без словазлучэнняў ідэнтыфікаваць значэнне і ўжыванне шмат якіх дзеясловаў: abbekommen, davonkommen, ansetzen, herauskehren... Апошні, напрыклад, абсалютна праясняецца ў словазлучэннях den reichen Mann herauskehren («прыкідвацца багацеем»), den Vorgesetzten herauskehren («выдаваць з сябе вялікага начальніка»). Месца для тлумачальных словазлучэнняў можна лёгка было знайсці за кошт скарачэння на гэтай жа старонцы шэрагу дзеясловаў з прыстаўкай heraus з агульным значэннем «даставанне, выдаленне ч‑н знутры». Калі, напрыклад, карыстальнік знайшоў значэнне прыстаўкі heraus і ведае, што pressen абазначае «ціснуць», навошта ствараць спецыяльны слоўнікавы артыкул з herauspressen? Гэта ж можна сказаць і пра дзеясловы herausschneiden, herausschlagen, herauswerfen (выразаць, выбіваць, выкідаць) і г. д., дзе не чакаецца ніякіх зацемненых фігуральных значэнняў.
Пра беларускія лексічныя адпаведнікіНа пачатку я ўжо згадваў пра добрае ўражанне, якое пакідае беларуская частка слоўніка. Ёсць адна праблема, на якую я не ведаю адказу. Што рабіць, калі ёсць два сінонімы, якія адрозніваюцца толькі марфемным афармленнем: выстаўка — выстава; ляднік — ледавік; землетрасенне — землятрус і г. д. Зразумела, што гэта — вынік, так бы мовіць, лексічнай «тарашкевізацыі», антырасійскага пурызму ў недзяржаўных выданнях, які патроху пранікае і ў дзяржаўныя. Аўтары ў большасці выпадкаў пакідаюць абодва варыянты, ставячы наркамаўскі на першае месца. Такую ж з’яву можна назіраць і ў раней узгаданым «Ангельска‑беларускім слоўніку» В. Пашкевіч. Строга кажучы, калі адзін з варыянтаў не нясе ніякай функцыянальнай нагрузкі, то паводле правіл складання перакладных слоўнікаў трэба пакідаць толькі адзін. Можа, рабіць пазнаку — «зрусіфікаваная форма слова ...»? Такая практыка вядомая ў лексікаграфіі. Напрыклад, літоўцы ў міжваенны перыяд у мінулым стагоддзі, «дафармоўваючы» сучасную літоўскую ідэнтычнасць, аператыўна пісалі гісторыю, энцыклапедыі і слоўнікі. У маёй хатняй бібліятэцы ёсць літоўска‑рускі «напалову патрыятычны» слоўнік Б. Серэйскіса, выдадзены ў 1933 г. у Коўне. Там нават ёсць выразы тыпу «насаджаць беларускі дух», «аббеларушваць» і проста безліч беларусізмаў і паланізмаў. Як бачым, аўтар, не этнічны літовец, быў даволі аб’ектыўны і не выкрэсліў накінутыя здаўна мацнейшымі этнасамі запазычанні (часам сапраўды відочныя барбарызмы). Але, адчуваючы агульную тэндэнцыю патрыятычнага пурызму, Б. Серэйскіс даў пры выразных пазычаннях пазнаку: «памылковае ўжыванне замест...». Далей маглі стаяць літоўскі наватвор‑калька, дыялектнае ці сапраўды добрае няўлічанае агульнавядомае слова. А ў пазнейшых лексікаграфічных выданнях згаданыя беларусізмы і паланізмы ўвогуле не фігуруюць.Пры магчымым перавыданні слоўніка не трэба старацца літаральна калькаваць з рускай ці нямецкай, калі пад рукой няма беларускага адпаведніка. Не трэба баяцца апісальных тлумачэнняў. Гэта ж натуральна: новая цывілізацыя, новы моўны падзел свету! А так слоўцы і выразы тыпу «шляхаправод», «непарушны паёк», «абагатварэнне», «гарадская пазавулічная чыгунка», «кошык для адкідаў», «пасля дожджыку ў чацвер», «злоба дня» і г. д. адбіваюць ахвоту браць слоўнік у рукі. Можна было б знайсці больш натуральныя словы: віядук, эстакада, мост; недатыкальны харчовы запас; абагаўленне; вулічная электрычка; сметніца; на святыя нігды, «надзённая тэма» і г. д.
Некаторыя меркаванні на перспектывуДалейшыя мае заўвагі не трэба ўспрымаць як крытычныя закіды аўтарам. Гэта — магчымы праект для блізкай прышласці. Бо ўключаць пэўнае слова ў рэестр ці не або як яго падаваць — рэч дастаткова суб’ектыўная. Ёсць некаторыя пазіцыі, якія, на мой погляд, бясспрэчна мусяць быць у сучасным слоўніку на 50 000 лексічных адзінак. Тое самае я сказаў бы і пра новыя падобныя расійскія выданні. Cучасны перакладны слоўнік павінен тлумачыць актуальную інфармацыю з улікам імплікаванага зместу і гістарычных (у шырокім сэнсе) асацыяцыяў носьбітаў адпаведнай мовы. Пры ўсіх заганах нашага беларускага modus vivendi мы цяпер маем магчымасць атрымліваць інфармацыю з іншых краінаў, і нам патрэбныя сучасныя слоўнікавыя дарадцы. Без іх мы часта шмат чаго не «расшыфроўваем», нават разумеючы базавае значэнне слова.Прывяду прыклад. На працягу апошніх гадоў двух з лёгкай рукі нямецкіх сацыял‑дэмакратаў у СМІ распачалася нанова дыскусія пра заганныя бакі рынкавай сістэмы, якая часта прыводзіць да занядбання сацыяльнага складніку, буяння лабізму і г. д. З’явіўся і стаў крылатым выраз Heuschrecken des Kapitalismus (даслоўна «саранча капіталізму»). Для заходнееўрапейца — у тым ліку і немца — акрамя біялагічнай, слова саранча выклікае яшчэ і цывілізацыйную асацыяцыю з кніг Старога і Новага Запаветаў: боская кара, дакладней, восьмая боская кара, пасланая на Егіпет за здзекі з габрэйскага племя (2 Ма. 10, 1—20). Так што да гэтага слова можна дадаваць другое, фігуральнае значэнне: жахлівая кара, пошасць, насланнё, няшчасце і г. д. Тут неабавязкова арыентавацца на арыгінальныя нямецкія слоўнікі — яны могуць і не даваць гэтага значэння, бо яно імплікаванае ў свядомасць еўрапейца паводле традыцыйнага цывілізацыйнага досведу. Да таго ж еўрапейскі Bildungsbürger адчувае ў гэтым словазлучэнні яшчэ адну іранічную прадуктыўную для асацыяцыяў «спецыю» — старажытныя габрэі ўжывалі саранчу ў ежу: яе гатавалі ў салёнай вадзе або сушылі, малолі і змешвалі з хлебнымі зёлкамі. Спечаны хлеб елі з мёдам. Пад сучасным слоўнікам я разумею таксама, проста кажучы, разумна складзены карысны дапаможнік, які можна выкарыстоўваць, чытаючы па‑нямецку хоць бы газетныя загалоўкі, публіцыстычныя артыкулы, анатацыі ў інтэрнэце, надпісы ў аэрапорце, на чыгунцы, у грамадскім транспарце, слухаючы аўтаадказнік, карыстаючыся нямецкім штодзённікам з назовамі святочных дзён, чытаючы цэннікі на аўтазапраўках, карыстаючыся нямецкім кампутарам з германізаванай тэрміналогіяй, разбіраючы гатэльны або медыцынскі рахунак ці банкаўскі ліст. Паспрабую рассартаваць свае меркаванні па рубрыках.
«Цывілізацыйная» лексікаРухаючыся ў духоўнай прасторы нямецкамоўных тэкстаў (у розным значэнні) трэба памятаць, што Нямеччына — гэта Abendland, краіна заходняй цывілізацыі, што склалася на грунце хрысціянскіх каштоўнасцяў, адлюстраваных на вербальным і культурна‑антрапалагічным узроўнях праз трансфармаваныя габрэйскія старазапаветныя і антычныя грэцка‑лацінскія семантычныя назовы. Нямеччына выбудавала сваю нацыянальную ідэнтычнасць крыху запознена ў параўнанні з суседзямі, яе дзяржаўнасць сфармавалася на базе папацэзарызму. Але адначасна краіна стала цэнтрам царкоўнага пратэстантызму і здолела захаваць у сваім агульнанацыянальным кайнэ дастаткова народнага духу, што ў пэўныя перыяды новай гісторыі нават сягаў да ваяўнічага паганскага з ягонымі дэманамі і берзэркерамі.Пэўная парадаксальнасць і супярэчлівасць (на першы погляд) нямецкай «цывілізацыйнай» лексікі — гэта тэма для асобнай вялікай гутаркі — тлумачыцца тым, што ранняя ўніверсітэцкая навука, як і ў суседзяў, вырасла тут з тэалагічных штудыяў, але лютэранскі пратэстантызм як адгалінаваная царква ўзнік фактычна ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях. Барбарызываная і калькаваная лаціна хлынула ў галовы вучоных шкаляроў. Доўгі час лацінскі моўны кансерватызм каталіцтва і лютэраўскае пратэстанцкае нямецкае прастамоўе: «Трэба ісці на кірмаш і глядзець аufs Maul des Volkes» (даслоўна — «глядзець у рот народу») — былі суседзямі ў моўнай свядомасці нямецкага бюргера. Наступным інтэграцыйным крокам — у тым ліку і ў мове — стаў Kulturkampf, які з 1881 па 1887 гг. вёў Бісмарк супраць палітычнага каталіцызму. (Нямецкія каталікі і пратэстанты павінны і сёння дзякаваць Бісмарку, што ён іх «своечасова» сутыкнуў і заклаў падмурак мірнага суіснавання ў межах дзяржаўнай палітыкі.) У сённяшніх экуменічных царкоўных службах у бундэсверы ці паліцыі часцей пачуеш «чыста нямецкае» Gottesdienst, але ў моўных даведніках заўсёды каля слова Messe знойдзеш пазнаку «кат. царк.». Дамова каталіцкай царквы з урадам называецца паводле лацінскай традыцыі «канкардат» (Konkordat), а евангелічнай — «на добрай нямецкай мове» згодна з лютэраўскай традыцыяй — «царкоўны дагавор» (Kirchenvertrag). У новы час у слоўнікавы запас, што адлюстроўвае паняцці матэрыяльнай і духоўнай культуры, як абгрунтавана, гэтак і беспадстаўна шырокай плынню пацяклі амерыканізмы. Сляды Denglish (амерыканізаванай нямецкай) сёньня больш заўважныя ў пратэстанцкім асяродку, бо там для моладзі, напрыклад, на канфірмацыях, што становяцца моладзевай модай, спяваюць жыўцом па‑англійску Let my people go (When Israel was in Egypt’s Land…). Аднак у вялікай прэсе і вусных палітычных дэбатах гэтай розніцы асабліва не заўважаецца. Statement выцясняе Vortrag, Event замяняе Ereignis, Аgenda гучыць больш крута, чым Tagesordnung, Setting пачуеш не толькі ў тэхнічным значэнні, але прачытаеш і ў канцэртнай праграме. Немцы самі пачынаюць блытацца ў стылістыцы: можа, амерыканізм больш узнёсла гучыць, а можа, наадварот, — звыклы штамп і прымета дрэннага густу? З гледзішча стылістыкі ёсць тут і праблема для нас, хто перакладае з нямецкай мовы або складае моўныя даведнікі. Пры адборы словаў і выбары стылёвых пазнак варта ўлічваць і гуманістычную традыцыю фармавання слоўніка адукаванага немца‑еўрапейца. Адукаваны немец, Bildungsbürger, і панятак humanistisch заўсёды асацыятыўна стаяць побач. Гэты грунт закладзены нямецкай класічнай гімназіяй і Гумбальдскім універсітэтам. Цяпер Нямеччына робіць спробы аднавіць класічную гімназічна‑ўніверсітэцкую традыцыю, спалучыўшы яе з навацыйна‑прагматычнымі канцэпцыямі найлепшых амерыканскіх універсітэтаў. Дарэчы, сёння немцы, як і англамоўныя краіны, ужываюць слова humanitär «гуманітарны» толькі ў сэнсе «дабрачынны, філантрапічны», а humanistisch як «адукацыйны, з грэка‑лацінскім гуманістычным ухілам»: humanistische Fakultät, humanities school (school with bias on Latin and Greek). Гэтыя асаблівасці важна разумець, падбіраючы слова для рэестру. Што пад што стылізаваць? Якую эпоху пад лаціну, а якую пад царкоўнаславянізм? Як паставіцца да беларускага «афіцыйнага» дыялектнага слова ці амерыканізму ў сучаснай нямецкай? Чаму мы даем амерыканізму Drogen (наркотыкі) пазнаку «размоўнае» (якое неразмоўнае слова мы яшчэ ведаем? Rauschmitte? Але сюды можна аднесці і гарэлку.), а грэцызм Hektik перакладаем толькі як «ліхаманка пры запаленні лёгкіх» (паводле некаторых даведнікаў, яно ўжо састарэла і ў медыцынскай практыцы), абсалютна ігнаруючы надзвычай пашыранае размоўнае пераноснае значэнне: Hektik einer Großstadt (мітусня вялікага гораду) ці hektische Arbeit (ліхаманкавая праца)? Пад якога сучаснага аўтара стылізаваць Грымельсхаўзэна, а пад якога — Томаса Мана? У нас па‑беларуску героі салонаў Томаса Мана могуць гаварыць як трасянкамоўныя дзейныя асобы Сяргея Балахонава на зборцы «Дасканалы крывіч» у Мінску ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. На праўду, наша беларуская філалогія яшчэ не сказала талковага слова пра стыль нашых перакладаў! Як на маю думку, дык гэта — самая вялікая праблема нашага мовазнаўства. Перакладаючы сур’ёзныя творы з нямецкай літаратурнай мовы на беларускую, трэба заўсёды памятаць пра нямецкую «Kulturtheologie». З пункту гледжання моўнай семантыкі (гаворка не ідзе пра ідэалогію лютэранства) менавіта такімі «культуртэолагамі» ці «культуртрэгерамі з тэалагічным ухілам» былі, напрыклад, Томас Ман і Герман Гесэ. Раней я ўжо ўзгадваў пра тое, што нямецкі пратэстантызм запачаткаваўся ва ўлонні універсітэтаў. Лютэр і лютэранства стварылі ўнікальную моўную семантычную сістэму, у якой канфесійныя складнікі могуць быць без гвалту ў любы момант «адчужаныя» для экзістэнцыйнага ўжывання і пры гэтым без страты трансцэндэнтнага семантычнага арэолу. Вазьміце, напрыклад, словы Innerlichkeit, Gnade, selig і г. д. (Здаецца, пра іх у свой час узгадваў Сяргей Аверынцаў як пра лексемы двухаблічнай «пратэстанцкай» мовы, разважаючы пра паэзію Германа Гесэ ў пасляслоўі да зборніка, выдадзенага савецкім выдавецтвам «Прагрэс»). Сакралізацыя культуры і ўкультурванне сакральнага — нямецкая традыцыя. Памятаю з Гётэ, цытаванага таксама Аверынцавым: Wer Wissenschaft und Kunst besitzt, // Hat auch Religion (Даслоўна: «У кім жыве навука і мастацтва, у тым жыве рэлігія»). Здабыткі самага блізкучага перакладчыка не могуць раптам перасягнуць агульныя семантычна‑вербальныя магчымасці мовы, на якую пераклад робіцца. Так, нямецкае побытавае значэнне gemütlich («утульны» — утворана ад глыбока пачуццёвага, амаль трасцэндэнтнага Gemüt, што прыблізна можна перакласці як «душа») пры перакладзе на іншыя мовы губляе свой семантычны шарм. Нездарма англічане запазычылі з нямецкай у сваю мову слова Gemütlichkeit («утульнасць») побач з такімі цікавымі нямецкімі суродзічамі як Weltschmerz, Müsli, Wanderlust. У славянскіх мовах яны таксама ўжываюцца без перакладу. Якія «цывілізацыйныя» паняткі можна было б дадаць да гэтых 50 000 словаў, магчыма, выкінуўшы на іх карысць пару тузінаў маргінальных адзінак? Прывяду толькі некалькі прыкладаў, якія, між іншым, я знайшоў у новых школьных (!) нямецкіх слоўніках. Даю без увагі на алфавіт. Die Genesis — Да адзінага празрыстага значэння «паходжанне» дадаць другое: «заходнееўрапейская назва Першай Кнігі Торы (Першай Кнігі Майсея — «Б(е)рэшыт»); усходнеславянская назва — «Першая Кніга Быцця». У слоўніку Валентыны Пашкевіч гэта, дарэчы, ёсць. Der Urknall (англ. big bang) — Вялікі Выбух». Сучасныя навукоўцы — нават дэісты — карыстаюцца гэтым тэрмінам для тлумачэння паходжання Усясвету. Die Schöpfungsgeschichte (англ. The Story of the Creation) — біблійная гісторыя стварэння Свету. Mosaisch — Cлоўнік дае значэнне «яўрэйскі». Я б удакладніў: «Майсееў, майсееўскі» і даў бы, напрыклад, словазлучэнне «Mosaische Gesetze». Англ. Mosaic. Der Rosenkranz — да значэнняў «вянок з ружаў», «ружанец» я б дадаў трэцяе з паметай «кат. царк.»: «самі малітвы: 5 «Ойча Наш» і 10 — да Маці Божай. Параўнайце англійскае: to say a rosary — казаць пацеры. Humanistisch, humanitär — у тых значэннях, якія былі выкладзеныя раней. Die Umtaufe — да маргінальнага значэння «пераназоў, перайменаванне» варта дадаць «пераход у іншую веру, перахрост, выхраст». Das Stigma — з паметамі «рэл., біял., фігур.» дадаць: «раны Хрыстовы» і некалькі сучасных простых і вытворных значэнняў тыпу etw. stigmatisieren. Relativieren — вельмі «еўрапейскі» нямецкі і сучасны дзеяслоў: «інтэрпрэтаваць нешта ў залежнасці ад абставінаў, пазбягаючы абсалютных ацэнак». Яго нярэдка ўжываюць сучасныя нямецкія гісторыкі. Die Aufarbeitung — спалучаецца часта з вышэйзгаданым дзеясловам: «Асэнсаванне — з магчымай пераацэнкай — напрыклад, мінулай гісторыі». Англійскае: to reappraise, to incorporate critically (lit.). Der Bildungsroman, die Bildungsliteratur — «літаратура пра духовае сталенне героя», напр. гётэўскі «Вільгельм Майстэр». Англійскае: novel concerned with the intellectual or spiritual development of the main character. Не трэба баяцца даваць кароткія апісальныя пераклады лексемаў. Цывілізацыйныя паняткі нельга перакласці адэкватна адным ці двума словамі. Перакладны слоўнік мусіць быць і тлумачальным. Die Unterwanderung — «разбурэнне этнасу (ці сучаснай нацыі) праз масавы прыток іншакультурных імігрантаў». Актуальна для Еўропы і для нас. Die Zivilgesellschaft — грамадзянская супольнасць. Der Papacaezarismus, Caezaropapismus — гл. раней згаданае ў прадмове. Адрозна ад Рускай Праваслаўнай царквы, якая заўсёды была прыдаткам дзяржавы, заходняя царква (папства) былі грунтам для ўтварэння дзяржаваў. Там каралі хадзілі на каленях у Каносу, каб здабыць папскую міласць. Die Gleichschaltung — слоўнік дае аднаслоўны пераклад: «уніфікацыя». Варта дадаць абавязкова тэхнічнае значэнне — «уключэнне на адзін від электрычнага току» — і дадаць фігуральнае, з якім звязаная цэлая эпоха нямецкай гісторыі (і аналагічна савецка‑беларускай!): «усталяванне адзінай ідэалогіі пры таталітарных рэжымах». Нават савецкія пасляваенныя слоўнікі давалі гэта значэнне, праўда, абмяжоўваючыся нацызмам. Гэта — таталітарная ідэалагема машынізацыі грамадства і рамантызацыі вытворчасці: чалавек — шруб, а рухавік трактара — сталёвае сэрца. Нашы ж журналісты яшчэ не так даўно з сіропным замілаваннем называлі гной «вітамінамі ўрадлівасці», а буракі — «салодкімі каранямі». Die Säkularisierung — «сэкулярызацыя грамадства, адыход ад царквы». Надзвычай балючая тэма для Германіі. Асабліва трывожыцца евангелічная царква, «царква свабоды ХХІ стагоддзя». За вальнадумства трэба плаціць — за мінулыя дзесяць гадоў пратэстанцкую царкву пакінулі 25 % вернікаў. Der Holocaust, die Shoa — халакост. Габрэйская, не еўрапейская назва. Слова з велізарным культуралагічным кантэкстам, шырэйшым за традыцыйна разумелае як толькі вынішчэнне нацыстамі габрэяў. Па‑ніцшэанску — адпомста еўрапейскай прыніжанай мізэрыі за ўсталяванне «рабскай габрэйска‑хрысціянскай маралі», так бы мовіць, найвышэйшая праява «адмоўнага ressentiment пакрыўджанай цывілізацыі». Пабежна адна істотная заўвага: у перакладных слоўніках варта ў асобных выпадках спасылацца, «з якога боку» ідзе назва, якую культуралагічную ідэалагему нясе. Раней мы ўзгадвалі ўжо назву «Стары запавет» як традыцыю хрысціянскай царквы, якая аніяк не падыходзіць габрэям, бо ў гэтай назве ўжо закладзена навацыя праз адмаўленне спецыфічнага габрэйскага монатэізму, які меў на ўвазе ўнікальную дамову Яхвэ з абраным народам. Ці прыклад з іншага часу, ужо чыста свецкі: немцы называлі ў сярэднявеччы права гарадскога самакіравання магдэбурскім, а ў ВКЛ яно магло называцца не толькі майдэборскім, але і нямецкім. Die Unfehlbarkeit — да свецкага значэння дадаць з паметай «кат. царк.»: «якасць канчатковага тэалагічнага акту, прынятага папам, біскупамі і вучоным папскім кансіліумам, якая не падлягае сумневу і абмеркаванню і дыктуе безумоўную пакору ўсім вернікам» (Паводле найноўшага Катэхізму Каталіцкай царквы 2005 г. Пазіцыя 185). Пратэстанты ж не прызнаюць прынцыпу непагрэшнасці найвышэйшых іерархаў, не маюць падзелу на Priester (святароў) і Laien (не‑святароў), могуць бясконца без пасярэдніцтва святара паглыбляцца ў інтэрпрэтацыю арыгіналу Святога Пісьма. Даю гэтыя тлумачэнні не таму, што менавіта падразгляднае слова (ці далей цытаваныя) цяпер часта ўжываецца ў мове. Ідзецца пра тое, што адпаведны феномен спарадзіў вакол сябе цэлы сектар цывілізацыйнай прасторы. Пратэстантызм — у тым ліку і далютэраўскі — упершыню зрабіў спробу легітымізаваць на маральным узроўні права дзяржавы абмяжоўваць дыктат царквы, заклаў падмурак таго, што мы сёння называем правамі чалавека (у адрозненне, напрыклад, ад прынцыпаў сучаснай мусульманскай таталірызаванай умы). Гэтая з’ява выразна адбілася падчас пералому канца 90‑х гадоў мінулага стагоддзя ў былой ГДР у паводзінах Каталіцкай і Пратэстанцкай царквы. Тое самае і пры Гітлеру. Пратэстанты былі традыцыйна большымі дысідэнтамі і ў адносінах да свецкай улады і стваралі астраўкі духоўнай свабоды (Узгадайце Лютэра з ягоным: «Я стаю тут і не магу інакш!»). Гістарычныя вынікі гэтага феномену па‑рознаму ўспрымаліся нямецкімі нацыянальнымі геніямі. Гегель раскаркоўваў найлепшую пляшку чырвонага віна на Дзень рэфармацыі, а Томас Ман лічыў Лютэра галоўным злым геніем‑берзэркерам, раз’юшаным воем у мядзьведжай скуры, які разам з Ніцшэ разбудзіў германскую схільнасць да варварства і дэманізму, асядлаўшы логіку, свабоду духу, нямецкі філасофскі, крытычны і музычны розум. Der Verfremdungseffekt (скарочана V‑Effekt) — эфект ачужэння, дыстанцыянаванне (тэатральны прыём у брэхтаўскім эпічным тэатры, які мае на мэце прымусіць гледача дыстанцыянавацца ад эмацыйнага ўспрымання пры сузіранні прадметаў і з’яваў у незвычайным ракурсе для лепшага разумення іхнай схаванай існасці. Фаў‑эфект — «вельмі еўрапейская» з’ява ў тэатральным мастацтве, як і інтэлектуальны тэатр Пітэра Брука з ягонай «пустой прасторай», дзе няма ні «мёртвага тэатру», ні «эмацыйнага запору». Нямецкія слоўнікі адзначаюць традыцыйна некарэктны пераклад слова Verfremdungseffekt на рускую мову як «эфект ад‑чужэння», хоць апошняе — чыста філасофская катэгорыя. Фаў‑эфект у англійскай тэатральнай крытыцы перакладаецца як distancing effect, alienation, estrangement effect. |
(нар. у 1941 г.) — кандыдат філялягічных навук, першы Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусі ў Нямеччыне. Аўтарская назва тэксту — «Перакладны слоўнік як подступ да іншай цывілізацыі». |
Das Ressentiment¹ — слоўнік дае адно «простае» значэнне: затоеная крыўда, непрыемнае адчуванне. Можна было б асцярожна даць яшчэ адно значэнне: падсвядомая, з імпульсамі агрэсіі, патрэба маргінальнай асобы ў самасцвярджэнні праз змену навакольнага ладу.
За гэтым словам цягнецца бясконцы цывілізацыйны шлейф‑спадарожнік змрочнага германскага генію (Словазлучэнне «сумрачный германский гений» не мае, дакладна кажучы, расійскага аўтарства. Гэта чыстая калька з нямецкіх філосафаў і псіхааналітыкаў). З лёгкай (цяжкай?) рукі Ніцшэ гэтае ўзятае з французскай мовы слова загуляла паўсюдна ў крытычных тэкстах пра генеалогію (паходжанне) маралі. Нямецкія мысляры, як іншыя іхныя калегі эпохі постмадэрну, разважаючы ці то пра Русо, ці то пра Хайдэгера, ці то пра «дамаскую трансфармацыю‑здраду габрэйскага ваяўнічага кніжніка Саўла» (пазней вядомага як апостал Павел), і вядома, пра самога Ніцшэ, абавязкова будуць шукаць прычыну і Triebkraft творчай актыўнасці, аргументацыі і бліскучых поспехаў у гэтым самым «рэсантыменце» — затоеным пачуцці крыўды, гнятлівай уласнай маргінальнасці, містычнага памкнення ўдасканаліць свет, сублімаваць бліскучы тэарэтызм і рашучыя дзеі, усведамляючы сваё наканаванне перад непазбежным апакаліпсісам. Гэты рэсантымент можа быць стваральным і разбуральным, можа справакаваць рэвалюцыйныя закалоты ці фашызм, а можа прывесці да бліскучага адкрыцця. У сучасным слоўніку мусіць знайсціся месца і для назваў традыцыйных нямецкіх царкоўных святаў (яны ўсе пазначаны ў прыстойных каляндарных штодзённіках), але з абавязковымі пазнакамі, да якой царквы яны адносяцца: каталіцкай ці евангелічнай. Напрыклад: Fronleichnam (ужываецца без артыкля, як Gott!) — (кат. царк.) «Свята Цела Хрыстовага. Святкуецца ў чацвер пасля Сёмухі». Даць словазлучэнне: zu Fronleichnam, an Fronleichnam. Параўн. англ.: At the feast of Corpus Christi, on Corpus Christi. Заключыць свае разважанні пра «цывілізацыйную» лексіку я хацеў бы меркаваннямі пра пошук самога эквіваленту перакладу. Ужо раней я ўзгадваў, што адным са спосабаў перадачы значэння духоўных катэгорыяў іншай цывілізацыі можа быць апісанне як разгорнутая дэфініцыя (часам іх прыйдзецца вынаходзіць). Не ўсё ёсць і ў расійскіх ці іншых даступных слоўніках. Пры гэтым варта звярнуць увагу на тое, што шмат якія з адцягненых паняткаў заходнееўрапейскай цывілізацыі скалькаваныя з лаціны і старажытнагрэцкай моваў. Апошняя нам менш вядомая, а вось лаціну можа разбіраць пры жаданні любы выпускнік філфаку. Беларусы пакуль не скалькавалі сваю цывілізацыйную дзялянку. Прывяду прыклад. Усе мы ведаем з расійскай мовы словы предрассудок, предвзятость з кніжна‑царкоўнай прыстаўкай «пред», і шмат хто з нас мучыўся пры перакладзе нямецкага Vorurteil, англійскага prejudice, французскага préjudice, іспанскага prejudicio, польскага przesąd. Выбар невялікі: прадузятасць, забабоны, прымхі. Апошнія два словы больш нагадваюць нешта пра ментальнасць цёмных неадукаваных людзей. Прадузятасць ці тым больш прадрассудак — не вельмі смачныя, скажа пурыст, бо вельмі расійскім духам пахнуць. (Дарэчы, да прыстаўкі «прад» у слове прадмова, падобнага да расійскага предисловие, мы прывыклі, але кажам перадумова, пераслед). Што ж рабіць? Не трэба быць лаціністам, каб заўважыць агульную крыніцу паходжання гэтых словаў. У добрым школьным лацінска‑нямецкім слоўніку знаходжу слоўца praejudicium і дэфініцыю: Vorentscheidung, oft zu schnell getroffen und dadurch falsch, sowie dadurch entstehender Nachteil (загадзя прынятае меркаванне, часта паспешлівае і таму памылковае, а таксама яго адмоўныя наступствы). Як бачым, і расійцы, і палякі, і немцы скалькавалі з лаціны гэтае слова па сваіх фона‑марфалагічных правілах. Можа, і нам так зрабіць? І гэта зрабіў Браніслаў Тарашкевіч у перакладзе «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Ён ужыў поўнагалосную прыстаўку, утварыўшы форму перадсуд, перадсуды. З такім жа правам, як іншыя еўрапейцы. Іншая рэч: ці кожны з нас прыме гэтую форму? Трэба праз моўную практыку «калектыўна дамовіцца» і прыпісаць гэтаму слову той аб’ём семантыкі, які прыпісалі яму іншыя народы ў сваіх мовах, скалькаваўшы лаціну. Мы ж карысталіся ў сярэднявеччы лацінай. Ці яшчэ два, больш простыя прыклады, з тэхнічнага перакладу. Нямецкае Messfehler нямецка‑расійскія слоўнікі перакладаюць як «пагрэшнасць вымярэння». У беларускіх тэкстах у нас калькуецца расійскае. Пішуць: «пагрэшнасць, хібнасць вымярэння». Грэх і хіба — не вельмі дапасуюцца да тэхнічнай мовы. Ці не лепей зрабіць кальку з нямецкай — памылка вымярэння. Так, дарэчы, пішуць усе еўрапейцы: erreur de mesurage (фр.), measuring error (англ.), errora de mesura (ісп.) і г. д. Ці вазьміце тое ж арашэнне палёў, што мы перанеслі з расійскай мовы. Незалежна ад таго, як яго ўспрымаюць: як узнёслае царкоўнаславянскае («оросить слезами») вытворнае ад «раса» ці як функцыянальную кальку ад французскага arroser, дзе ўжо страцілася сувязь з лацінскім «ros», прасцей было б ужыць выраз абвадняць палі, як гэта пішуць немцы: das Ackerland bewässern.
Чытаючы пра Беларусь па‑нямецкуБывае, што прыходзіцца чытаць па‑нямецку нешта пра Беларусь. Тады ўзнікае патрэба распазнаваць свае рэаліі, схаваныя пад нямецкімі адпаведнікамі. Упершыню я сур’ёзна задумаўся над гэтым, калі прышлося перакладаць (не чытаць!) тэкст нямецкага гісторыка пра ВКЛ. Было гэта шмат гадоў таму, калі мы яшчэ не чыталі ні Ластоўскага, ні Ермаловіча, ні Статутаў. Доўга думаў, як перакласці Landtag. Не напішаш жа ландтаг. Неяк выкруціўся. Не памятаю ўжо, якое слова ўжыў. У 2001 г. чытаў па‑нямецку манаграфію «Historiker und Herrschaft» Райнэра Лінднэра (яшчэ не было перакладу Лявона Баршчэўскага) і раптам знайшоў дакладную гістарычную назву — краёвы сойм! Да чаго гэты ўспамін? Няблага, калі б у нашым сучасным нямецка‑беларускім слоўніку знайшлося месца і для некаторых нашых культуралагічных рэаліяў. Гартаючы слоўнік Кур’янкі, напаткаў нямецкі адпаведнік расійскага «народничества» — Volkstümmlerbewegung. Народнікі, вядома, былі добрыя людзі, з іх можна і сёння браць прыклад, але ж няблага было б змясціць і нямецкі адпаведнік, напрыклад, для нашых кніганошаў, пра якіх пісаў Караткевіч. Маглі б тут быць, напрыклад: Großfürstentum Litauen (ВКЛ), Verpolung, Polnisierung (паланізацыя), Verrussung, Russisfizierung (русіфікацыя), unierte Kirche (уніяцкая царква), Republik zweier Völker (рэспубліка (Рэч Паспалітая) двух народаў), Egalitätsmythos (міф пра роўнасць сацыяльных групаў у шляхецкім ВКЛ), «Goldenes Zeitalter» («залаты век»), deutsches Städterecht нямецкае права), Magdeburger Recht (магдэбургскае права), Kollektivierung (калектывізацыя), Gleichschaltung (уніфікацыя ідэалогіі таталітарнай дзяржавай), Sondergericht (надзвычайны суд) і г. д. Маглі б знайсці тут сваё месца ў нямецкім абліччы і Грамніцы, і Дабравесце... Па‑нямецку гэта будзе адпаведна Mariä Lichmess i Mariä Empfängnis. У слоўніку Валентыны Пашкевіч Candlemas (Day) і the Annunciation ёсць.Дапамагчы ў выбары дадатковых беларускіх культуралагічных рэалій у нямецкім абліччы можа паслужыць складанне корпусу з выкарыстаннем грунтоўных нямецкамоўных тэкстаў, напісаных дасведчанымі носьбітамі нямецкай мовы. Адна такая кніга ўжо дакладна ёсць. Гэта ўзгаданае даследаванне Райнэра Лінднэра. Ёсць і добры пераклад гэтага твору на беларускую мову Лявона Баршчэўскага. Больш блізкія беларускія сацыяльна‑гістарычныя рэаліі і лексіку з матэрыяльнага побыту можна ўзяць з даследавання аўстрыйскага гісторыка Бэрнарда К’яры «Штодзённасць за лініяй фронту» пра нямецкую акупацыю на Беларусі. Яе таксама ў свой час перакладаў Лявон Баршчэўскі. Там ёсць ключавыя словы: супраціў, калабарацыя, выжыванне.
Рэаліі сучаснай матэрыяльнай культурыСамы дасведчаны складальнік слоўніка не зможа проста так, «з галавы», скласці ўвесь рэестр. А вось навацыі сённяшняга дня варта часткова браць проста з уласных назіранняў. Пры гэтым трэба выкарыстоўваць тэматычны падыход. Патлумачу. Уявіце сабе, што вы едзеце на тыдзень чытаць лекцыі ў чатырох вялікіх гарадах Нямеччыны. Туды леціцё самалётам, паміж гарадамі рухаецеся на арэндаваным аўто і на самалёце, у гарадах з інтэнсіўным рухам карыстаецеся гарадскім транспартам.Уявіце сабе аэрапорт. Паводле ўмоваў паездкі вам, магчыма, прыйдзецца распазнаваць не толькі нямецкія, але і англійскія словы: hinterlegte Flugkarten, im Anflug, Verspätung, Gate, Meeting Point, Boarding, Ticket, Exit... На аўтабане вы павінны не прапусціць шыльды або аб’явы аўтарадыё на адпаведнай хвалі (на аўтабане яны пазначаныя), дзе могуць быць словы Ausfahrt, Umfahrt, Tankstelle, kein Verkehr, Stau і г. д. Пры нагодзе на аўтабане вас можа спыніць паліцэйскі і ветліва нагадаць пра defensive Fahrweise, (non‑aggressive driving) — абачлівую язду. У нашых слоўніках знойдзем толькі значэнне «абарончы». На аўтазапраўцы вы павінны разабрацца, што заліваць у бензабак. Салярка там называецца Diesel, а прыблізна наш А‑95 — Super. Думаю, што гэты, так бы мовіць, жаргон варта ўключаць у слоўнік. У нашым падразглядным слоўніку ёсць толькі, адпаведна, значэнне «дызель‑матор» і «разм. выдатна». У гатэлі не абысціся без слова Extras — гэта плата за тэлефанаванні, лазню, паслугі персаналу і г. д. Нашы слоўнікі гэтага звычайна не даюць. (Падобна гатэльнай спецыфіцы мы сутыкаемся з тэматычнай групай словаў пры арэндзе жылога памяшкання: Nebenkosten, kalte Miete, Kaution і г. д., чаго таксама не знойдзеш у нашых даведніках.) Пры карыстанні грамадскім транспартам у вялікіх нямецкіх гарадах не абысціся без Tageskarte — білета на ўсе віды транспарту на 24 гадзіны: аўтобус, метро, трамвай, гарадскую электрычку (Stadtbahn), скарочана S‑Bahn. (Часам немцы называюць яе Schnellbahn — як бы хуткі трамвай.) Гэты білет адносна недарагі: менш як у два разы даражэйшы за Kurzstreckenkarte (разавы білет для паездкі на кароткую адлегласць). Пры дзелавых сустрэчах не абысціся без слоўца Termin — «сустрэча, прызначаная на пэўны час». Беларусу гэта лёгка запомніць. На жаль, менавіта такога значэння нашыя слоўнікі не даюць. Можна было б працягваць наша ўяўнае падарожжа ў рэальнай нямецкай прасторы ды ўзгадваць дзесяткі патрэбных словаў вось так проста «з галавы». Што на памяці — тое часта ўжываецца, тое можна смела даваць у слоўнікавы артыкул. Ніякія размоўнікі ці падручнікі па Landeskunde гэтага не заменяць.
Кампутар, сеціва, сродкі сувязі, экалогія, глабалізацыяКаб зрабіць нашыя слоўнікі сапраўды сучаснымі, прыйдзецца шмат чаго пачынаць амаль з нуля, абавязкова выкарыстаўшы досвед тых, хто ўжо спрабаваў займацца беларусізацыяй праграмаў і тэрміналогіяй, але абавязкова з кваліфікаваным лінгвістычным падыходам. Бо тут самавукам можна нарабіць шмат памылак. У сістэме маласістэмных намінацыяў ёсць свае правілы гульні.Да сваіх актуальных інфармацыйна‑тэрміналагічных даведнікаў, дзе традыцыйна шмат выкарыстоўваецца англійскай тэрміналогіі, немцы, напрыклад, проста прыкладаюць тлумачальны спіс і магчымую кароткую назву па‑нямецку. Калі такой не знаходзіцца, пакідаюць кароткую англійскую ў чыстым выглядзе ці змяніўшы напісанне. Пакіданне кароткай сваёй — не што іншае, як проста, так бы мовіць, грамадская дамова прыпісаць сваёй кароткай назве новае, дагэтуль не ўласцівае ёй значэнне. Гэты агульны падыход можа быць выкарыстаны і ў нас. Напрыклад, складаным словам Schnittstelle, якое можна перакласці як «месца перасячэння», немцы ўмовіліся абазначаць амерыканізм Interface. Паўкалькай CD‑Brenner пераклалі CD‑burner (CD‑writer); CD‑ROM drive пераклалі напалову: CD‑ROM Laufwerk. Speicher замяніў memory, Maus натуральна супала з mouse, толькі ў нямецкім абліччы. Цікава, што аўтары нашага слоўніка спрабавалі таксама ўвесці некаторыя тэрміны з гэтай сферы, аднак не заўсёды ўдала. Пра мышку я ўжо ўзгадваў раней. Англійскае memory немцы пераклалі як Speicher. Нашы назвалі гэта «запамінальная прылада». Увогуле гэта слушна ў шырокім сэнсе, але ж ёсць практыка: усе кажуць проста памяць. Нямецкае Drucker перакладаецца ў слоўніку толькі як «друкар», але ж яно абазначае яшчэ тое, што англічане называюць printer. Так што трэба дадаць прынтэр і, можа, друкарка (кароткая форма для назвы друкарскай машыны і як моладзевы слэнг для прынтэра). Няма слова Ausdruck (print out). Geber — гэта не толькі «датчык», але і «пульт кіравання» (дыстанцыйны). Зрабіўшы адвольны тэст на сучасную экалагічную тэматыку, не знайшоў я ў слоўніку чаканых словаў: Treibhauseffekt (greenhouse effect), Mülldeponie (waste disposal site; sanitary fill), abgasarmes Auto (low‑pollution car), Entsongung (recycling), umweltfreundlich (ecofriendly; environmentally friendly), erneuerbare Energie (renewable energy)... Знайшоў толькі «кіслотны дождж» — saurer Regen (acid rain). (Даю англійскія адпаведнікі, каб, можа, хто падобным чынам пратэставаў свой англійскі слоўнік, якім цяпер карыстаецца.) На гэтым закончу свае разважанні. Яшчэ раз зазначу: я не ставіў сабе на мэце напісаць ні рэцэнзію‑панегірык, ні філіпіку. Хацелася, каб мы наблізіліся да стварэння такога слоўніка, якім бы захацелі пакарыстацца і рускія, і ўкраінцы, і палякі, і можа яшчэ хто. Я вельмі добра разумею, што значыць працаваць на энтузіязме. У лінгвістычным універсітэце, як і ва ўсёй нашай краіне, медалёў за беларушчыну не даюць. Зроблены больш чым пачатак. Створаны грунт. Засталося нешта паправіць, нешта дадаць. Я хацеў бы спадзявацца, што мае развагі пра магчымыя перспектывы стварэння сучаснага слоўніка знойдуць свайго ўважлівага чытача сярод маладых германістаў і германістак.
P.S. З’явы іншамоўных культураў штодня абступаюць нас. Ужо былі закончаныя гэтыя нататкі, і я збіраўся адсылаць праз электронную пошту артыкул у рэдакцыю, як мне патэлефанаваў адзін мой знаёмы і пераслаў праз факс копію візітнай карткі аднаго спадара з Беларусі. Візітоўка была напісаная па‑нямецку. Пры гэтым слова «хэндзі», якое немцы часта ўжываюць для абазначэння мабільнага тэлефону, было напісана з малой літары — handy. Гэта тыповы прыклад «фальшывых сяброў перакладчыка». Трэба пісаць з вялікай літары — Handy, бо handy з малой літары ўжо становіцца англійскім словам і абазначае ўсяго толькі ручны ў карыстанні.
|
¹ Гэтаму слову быў прысвечаны спецыяльны выпуск штутгарцкага часопіса «Merkur» («Нямецкі часопіс для сучаснага мыслення»): Ressentiment! Zur Kritik der Kultur // Sonderheft Merkur. Deutsche Zeitschrift für europäisches Denken. Heft 9/10. 58 Jahrgang. Sept./Okt. 2004. Klett—Gotta Stuttgart. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (56) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |