A R C H E П а ч а т а к № 6 (57) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


6 - 2007

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  Павал Абрамовіч

Вокладка «ARCHE» №6
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Абрамовіч
«Бум‑Бам‑Літ»
як сэканд‑хэнд

Барысевіч, Юрась. Тактыка і стратэгія альтэрнатыўнай літаратуры // Тэксты. № 3. 2007.

Артыкул Ю. Барысевіча, якім адкрываецца трэці выпуск альманаху «Тэксты», прапаноўвае нам «выкараскацца са старой дыхатаміі «мастацтва дзеля мастацтва» зь ягоным культам аўтара і «мастацтва дзеля грошай» зь ягоным культам гледача». Каб дасягнуць гэтую мэту, трэба зладзіць рэвалюцыю «на бяскрайніх палях чытаньня і пісьма». З‑за дамінаваньня культаў аўтара і гледача астатнія ўдзельнікі літаратурнага працэсу (да іх Ю. Барысевіч адносіць карэктараў, дызайнэраў, перакладчыкаў, крытыкаў, бібліятэкараў і інш.) фактычна апынуліся ў рэзэрвацыі, і цяпер прыйшоў час, каб яны супольна нагадалі аб сваім існаваньні і сваіх правах. Ганаровая місія ўзначаліць супраціў належыць рэдактарам — «ледзь не адзіным прафэсіяналам сярод літаратараў».

Ю. Барысевіч заклікае адмовіцца ад рэпрэсіўнага характару, уласьцівага рэдактуры, дзеля таго, каб (увага!) узьняць яе «да ўзроўню паўнавартаснага самавыяўленьня ў слове побач з прозай, паэзіяй і драматургіяй», піша пра неабходнасьць пераадоленьня тэкстацэнтрызму ў выдавецкай справе і г. д. Сапраўды, рэдактар павінен мець свабоду творчасьці, але яе межы можна пашыраць не бясконца, а толькі да таго часу, пакуль гэта не пачне чыніць шкоду іншым удзельнікам літаратурнага працэсу і літаратуры наагул. «Прасоўваньне» рэдактараў на кіроўныя пасады ў літаратурным працэсе ўрэшце прывядзе да ўзьнікненьня новых культаў, высьпяваньня новых герархій і — неабходнасьці іх зьвяржэньня. Акрамя таго, мне незразумелы выраз «адзіныя прафэсіяналы», ужыты аўтарам. Ці можна вызначаць прафэсіяналізм паводле аб’ёму працы, як робіць гэта Ю. Барысевіч, — маўляў, мастацкай літаратуры сёньня друкуецца менш, чым слоўнікаў, даведнікаў, энцыкляпэдыяў, у стварэньні якіх галоўную ролю адыгрывае рэдактар, і таму як прафэсіянал рэдактар большы за пісьменьніка.

Як відаць з прыведзенай ніжэй цытаты, аўтар «Тактыкі і стратэгіі...» ня лічыць патрэбным усталёўваць межы прафэсійнай дзейнасьці рэдактара.

Мы (гэта значыць «рэдактары». — П. А.) павінны ня толькі вызваляць дыскурс аўтара з‑пад ярма стандартных вобразаў, густаў, чыгунных думак, але таксама скарыстаць аўтарскі тэкст як адмычку да дзьвярэй у нетры ўласнага ўяўленьня (ці ж гэта не адбываецца натуральным чынам з кожным, хто чытае літаратурна‑мастацкія тэксты? — П. А.). Трэба сказаць за аўтара тое, на што яму не хапіла розуму альбо рашучасьці… <…> калі ўжо абавязкова трэба скарачаць тэкст, то лепш выразаць здаровыя, чым хваравітыя думкі: мы жывем, пакуль нам што‑небудзь баліць.

Калі рэдактар гатовы сказаць нешта за пісьменьніка альбо скараціць ягоныя «здаровыя» думкі, то ў мяне ўзьнікае толькі адно пытаньне: ці не пра цэнзуру ідзе размова? Бо толькі ў абавязкі цэнзара ўваходзіць вызначэньне падобных рэчаў1; самі словы «здаровы» і «хваравіты», ужытыя ў дачыненьні да прафэсійнай літаратурнай дзейнасьці, быццам пазычаныя зь лексыкону работнікаў ІІІ аддзелу расейскай імпэрскай канцылярыі ці бальшавісцкага Галоўліту.

Акрамя пашырэньня ўплыву рэдактараў на літаратурны працэс — мэты, незаўважна прыхаванай Ю. Барысевічам у нетрах ідэі радыкальнай рэформы прасторы чытаньня і пісьма, — ён дбае пра «вяртаньне цікавасьці людзей да навінак кніжнага рынку». Дзеля гэтага прапаноўваецца мноства спосабаў: ад продажу сьвяточных набораў, складзеных на падставе той ці іншай кнігі, да пракладаньня ў гарадзкіх парках сьцежак паводле пэўных паэтычных радкоў, ад продажу пуцёвак на курорты, дзе разгортваюцца сюжэты кніг, да правядзеньня самімі літаратарамі маніфэстацый, у часе якіх яны будуць несьці транспаранты з цытатамі сваіх твораў, ад гравіроўкі вершаў на хірургічных інструмэнтах і напісаньня іх на… прэзэрватывах да пабудовы бібліятэк, дзе, выкарыстоўваючы спэцсродкі, можна «перажыць любы абраны чалавекам ці зададзены па школьнай праграме літаратурны твор», і інш.

  крытык, сталы аўтар «ARCHE». Аўтарская назва тэксту — «Рэдакцыя адказнасьці не нясе».
   

Ю. Барысевіч робіць стаўку на забаўляльнасьць, задавальненьне: набыў чытач віно, якое піў галоўны герой раману, — і выжлукціў яго, атаясамліваючы сябе з пэрсанажам; атрымаў студэнт у бібліятэцы псыхадэлік — і азнаёміўся адразу з усёй творчай спадчынай Л. Талстоя альбо У. Караткевіча. Да таго ж спажывецкая, камэрцыйная літаратура, а менавіта ёй, а не сур’ёзнай літаратуры Ю. Барысевіч прапаноўвае безьліч спосабаў збыту, — гэта заўсёды гульня‑флірт з бонусамі і прызамі. Відаць, аўтару «Тактыкі і стратэгіі...» спадабаўся б «творчы» вопыт расейскага бэлетрыста Б. Акуніна, які прапанаваў залаты пярсьцёнак з брыльянтам таму чытачу свайго апошняга раману «Ф. М.», хто разгадае схаваную ў ім загадку (пярсьцёнак, дарэчы, застаўся ў пісьменьніка — як той казаў, і ваўкі пад’елі, і авечкі ацалелі).

Задача камэрцыйнай літаратуры — пры мінімуме намаганьняў забясьпечваць чытачам максымум задавальненьняў (дзеля таго, у прыватнасьці, і існуе патрэба няспынна абнаўляць кніжныя моды і густы). З гэтай пэрспэктывы колькасьць актыўных чытачоў — тых, хто рэгулярна чытае мастацкія творы і ўспрымае літаратуру як форму спасьціжэньня саміх сябе і навакольнага сьвету, — заўсёды застаецца пастаяннай. ХХ стагодзьдзе дапамагло выдаліць зь літаратурнай прасторы натоўп псэўдачытачоў, якія насамрэч аніколі не разумелі і не любілі літаратуру, а знаёміліся зь ёю ці па традыцыі, ці па прымусе, коўзаліся па ёй, як на каньках па замерзлым возеры, — цяпер яны ўсе зьехалі ў краіну тэлебачаньня і кіно, на тэрыторыі якой знайшлося месца і захапляльным камэрцыйным атракцыёнам.

Брацтву Кнігі нічога, як і самой Кнізе, не пагражала. Не пагражае і Інтэрнэт‑цывілізацыя. Умбэрта Эка ў артыкуле «Ад Інтэрнэту да Гутэнбэрга» пісаў:

Калі б «Вайна і мір» была б на гіпэртэкстуальным інтэрактыўным дыску, вы маглі б перапісаць сюжэт і стварыць бясконцую колькасьць «Войнаў і міраў»... Але супраць кнігі рабіць няма чаго. Вам застаецца прыняць закон Лёсу і адчуць яго немінучасьць. Гіпэртэкстуальны і інтэрактыўны раман дае нам свабоду і творчасьць, і будзем спадзявацца, што гэтыя ўрокі творчасьці будуць мець месца ў школах будучага. Але «Вайна і мір» падводзіць нас не да бясконцых магчымасьцяў Свабоды, а да суворага закону Непазьбежнасьці. Каб быць свабоднымі, мы павінны прайсьці гэты ўрок жыцьця і сьмерці, і толькі кнігі здольныя перадаць нам гэтыя веды.

Рэвалюцыя Ю. Барысевіча — гэта бунт супраць Кнігі, які можа скончыцца толькі ганебным ператварэньнем рэдактараў у літаратурных цэнзараў на карысьць маскультуры. Аднак хопіць! Ю. Барысевіч ня піша сур’ёзна! Так, ён сапраўды ня першы год цікавіцца праблемамі пашырэньня межаў мастацкага слова, поўнага апгрэйду схемаў функцыянаваньня літаратуры і пабудовы непаліграфічнай сыстэмы распаўсюду мастацкіх твораў, ня першы год ладзіць пэрформансы, аднак найлепшых, найважнейшых з уласных творчых задумак ён так і не рэалізаваў на практыцы.

  1 Літаратурны крытык таксама можа казаць нешта за пісьменьніка, «рабіць думку яго ясьнейшай чытачу, і даходзіць, ці добра выклаў думку аўтар, і як выкладаў, і як бы мог выкласьць лепей» (Максім Гарэцкі). Але ж крытык робіць гэта ва ўласным тэксьце!

   

«Добра было б, — чытаем мы на с. 67 кнігі Ю. Барысевіча «Цела і тэкст» (Менск, 1998), — заснаваць і незалежнае інфармацыйнае агенцтва (пад умоўнай назвай, напрыклад, БблТА), якое мусіла б не вышукваць навіны, што самі растуць, нібыта грыбы, у гушчары рэчаіснасьці, а ствараць іх сваімі рукамі...» І дзе, хочацца запытацца, тое агенцтва, спадар Барысевіч? Амаль дзесяць гадоў прайшло, як вы пра яго ўпершыню згадалі2! Ну, добра, каб стварыць інфармацыйнае агенцтва патрэбны значныя матэрыяльныя, тэхнічныя і людзкія рэсурсы (зрэшты, хапіла б і аўтарскай перадачы на радыё «Свабода» ці асобнага Інтэрнэт‑сайту!). Але ж хто з нас чуў ці бачыў, як сам Ю. Барысевіч рызыкуе сабою ў імя мастацтва3? Альбо, можа, Зьміцер Вішнёў, прачытаўшы «Тактыку і стратэгію...», ужо «загарэўся» ідэямі калегі і недзе прадае «сьвяточныя наборы», у склад якіх уваходзяць грыбы апенькі, бананы, зэфір у чакалядзе, баўгарскае віно, анаша, кніга Муракамі, квіток на цягнік Менск‑Беласток (усё гэта згадваецца ў нізцы вершаў Зьм. Вішнёва, зьмешчанай у № 3 «Тэкстаў»)?

«Тактыка і стратэгія...» заканчваецца наступнымі словамі: «Галоўнае — пакінуць атаясьняць літаратуру выключна з паліграфіяй... Літаратура ёсьць наборам ня твораў, а творчых практыкаў маўленьня, пісьма і чытаньня. Яна шырэйшая за літары і пунктуацыйныя знакі». Са злавеснай іроніі лёсу, і кніга «Цела і тэкст», і артыкул «Тактыка і стратэгія...» надрукаваны звычайным спосабам на звычайнай паперы звычайнымі літарамі, хоць сам аўтар прапаноўваў скласьці альфабэт з пахаў ці, прыкладам, зьмяшчаць тэксты на блянках афіцыйных даведак і пасьведчаньняў.

«Літаратурна‑мастацкі праект» «Тэксты» (галоўны рэдактар — Зьм. Вішнёў) выходзіць рэдка і нерэгулярна, перадрукоўвае старыя, амаль дзесяцігадовай даўніны, артыкулы (сюды належыць і разгледжаная «Тактыка і стратэгія…»4), зьмяшчае ў якасьці арыгінальных тэкстаў прадмовы да так і ня выдадзеных зборнікаў і анталёгій («Забіваньне казла», надрукаваны пад псэўданімам «Нехта з тутэйшых», і «Алібі» Валянціна Акудовіча) альбо перадрукоўвае з Інтэрнэту вядомыя «посты» («Невялікае пра вялікіх» Адама Глёбуса).

Нехта скажа, што гэта файна, бо «Тэксты» — постмадэрнісцкі праект, а я скажу, што ў аўтараў выданьня няма новых ідэй, а ў самога часопіса, у выходных дадзеных якога пазначана, што «рэдакцыя не нясе адказнасьці за выкладзеныя ў аўтарскіх тэкстах факты», — годнасьці. Мо некалі ў стваральнікаў альманаху і было шчырае жаданьне ўтварыць выбух у літаратурна‑мастацкай прасторы, але трэці нумар «Тэкстаў» ужо выглядае як банальная, мэханічная адпрацоўка выдзеленых на праект грошай.

  2 Пра гэтае агенцтва амаль слова ў слова напісана і на с. 11 часопіса «Тэксты». Што праўда, пра назву БблТА Ю. Барысевіч там ужо ня згадвае — за гэты час «Бум‑Бам‑Літ» адышоў у нябыт.

3 З інтэрвію Ю. Барысевіча: «Актуальным... мне здаецца такое мастацтва, дзе аўтар рызыкуе сабою — сваёй рэпутацыяй і ганарарам, а то і здароўем» (Дзеяслоў. 2006. № 1).

4 Патлумачу: Ю. Барысевіч крыху перапрацаваў свой артыкул «Цела і тэкст» з кнігі «Цела і тэкст» (Менск, 1998) і пад назвай «Тактыка і стратэгія альтэрнатыўнай літаратуры» зьмясьціў яго ў № 3 «Тэкстаў», балазе, сам ён уваходзіць у рэдакцыйную раду альманаха. Як сказаў з гэтай нагоды іншы чалец рады В. Акудовіч, які таксама збыў «Тэкстам» свой творчы сэканд‑хэнд: «Навошта дабру прападаць?»

Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/09/20