A R C H E П а ч а т а к № 6 (57) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


6 - 2007

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • літаратура • палеміка

 


літаратура

  Альгерд Бахарэвіч

Вокладка «ARCHE» №6
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Альгерд Бахарэвіч
Пазаўчора
Натуральна, яны займаліся гэтым, як жа інакш, за ўвесь месяц, што сустракаліся, яны зрабілі гэта прынамсі дзесяць разоў, калі лічыць першы, які напраўду мог лічыць толькі ён, а яна — толькі ўсьміхацца. Гэта пераважна адбывалася на ягонай клятчастай канапе, але аднойчы й на кухні, найвузейшай у сьвеце, дзе ў такой позе маглі зьмясьціцца хіба што куры перад адпраўкай у крэматорый. Хоць пра які крэматорый мы кажам: у іх нічога ні разу не падгарэла, бо займацца гэтым ім ня тое каб вельмі карцела, папросту як ужо яны сустракаліся, гэта трэба было рабіць, ну, яны й рабілі, прычым ён, вядома ж, меў фору, на якую яна ня надта зьвяртала ўвагі, — натуральна, яны гэтым займаліся, але рэч ня ў гэтым, і давайце пра гэта больш ня будзем, усё насамрэч значна складаней.

Яна была вельмі сучаснай — ня ў тым сэнсе, што поўзала па падлозе, намагаючыся вызначыць, дзе толькі што высах сьлед моды: яна ставілася да сучаснасьці як да гадзіньніка, на які трэба раз-пораз пазіраць, і гора таму, хто забыўся перавесьці стрэлкі. Яна баялася спазьніцца, баялася праспаць тое, што сучаснасьць часам з такой шчодрасьцю раздае на сваіх перадвыбарчых шоў: мілыя пярэстыя футболкі з надпісам «Today is forever», эліксір вечнай маладосьці ў аднаразовых фляконах, карысныя спасылкі, кніжкі, гераіня кожнай зь якіх мае такое самае імя, такія самыя праблемы й нават носіць такую ж бялізну, як і чытачка (цудоўнае вынаходніцтва аднаго маладога кампутарнага генія, прыгожы хлопчык, толькі мыецца відавочна рэдка, яна бачыла яго ў нейкім клюбе, дзе геній, як яму й належыць, сумаваў з пакетам чыпсаў). Як і ўсе мы ў свой час, яна баялася атрымаць толькі тое, чаго заслугоўвае, без дадатковых выплатаў і бонусаў. Сучаснасьць празрыста намякала, што жыць у такім узросьце ў адным вымярэньні папросту непрыстойна, і яна ляцела наперад, кожную сэкунду ляцела наперад у сваёй зручнай вопратцы, якую напэўна будуць насіць яшчэ некалькі гадоў... ляцела, не даслухаўшы адказаў, высноваў, прызнаньняў. Сучасна быць здаровай, заўважала мімаходзь сучаснасьць, і таму трэба паліць толькі найлягчэйшыя цыгарэты. Сучасна быць талерантнай, сьпявала сучаснасьць, і таму ты звычайная тупагаловая расістка, калі яшчэ ні разу не пераспала з афрыканцам. Сучасна глядзець элітарнае кіно, строга раз на месяц, і абавязкова на мове арыгіналу, балазе брат кампутарнага генія парупіўся пра квіток для цябе, які ён успрымае адначасова і як квіток у цябе (лепш зрабіць усё самой, так хутчэй, але мы ж дамаўляліся: пра гэта больш ня будзем! — ну яшчэ адзін разочак, калі ласка! Добра: сучасна займацца гэтым зь лепшай сяброўкай ды апісваць уражаньні ў сваім жывым дзёньніку, як быццам маеш яшчэ й нейкі мёртвы дзёньнік, але мёртвае ня можа быць сучасным), — і потым пакутліва думаць, што ж сказала тая псыхапатка ў сярэдзіне: адзіная прамоўленая фраза ў дзьвюхгадзінным фільме — і безь перакладу... Сучасна ведаць два словы: гайдэгер і габэрмас, што б гэта ні азначала. Сучасна зрабіць сабе пірсінг і тату, калі раптам вельмі захочацца памаляваць. Сучасна слухаць мумумузыку. Сучасна самой зарабляць грошы й купляць на іх мяккія, лагодныя, такія прыемныя ў любое надвор’е, ненавязьлівыя лёгкія наркотыкі (вядома ж, сучаснасьць гэтага ніколі не казала ўслых). Дый брат генія зусім неблагі варыянт, калі падумаць: пры ўсіх сваіх недахопах ён дакладна ведае, што жыве ў (паволі, грудным голасам, плаўна жэстыкулюючы) інфармацыйным соцыюме, грамадзтве спажываньня, тэлебачаньня, высокіх тэхналёгіяў і глямуру. Гэта надзвычай важна: ведаць, дзе жывеш, каб сябры, калі што, выклікалі табе таксоўку. Толькі вось яна ня была ўпэўненая, што брат генія — гэта больш, чым яна заслугоўвае, мусіў існаваць нехта яшчэ.

Калі яна пачула ўсё вышэйсказанае, ды наконт сваёй, а ня нейкай там іншай пэрсоны, дык спачатку пакрыўдзілася й вырашыла пайсьці, але кофта была яшчэ мокрая (не, ні пад які дождж у мэлядраматычнай блізкасьці ад яго дому яны не траплялі, вечар быў сухі ды бяз сонца, і лісьце на дрэвах шаргатала, нібы папяровае, — проста мокрая кофта, мы ж дамаўляліся ня згадваць болей пра гэта). Таму яна ўздыхнула й засталася. Праўда, пра пірсінг і тату Пазаўчорашні не казаў, ён быццам і ня ведаў, што гэта такое. І пра брата кампутарнага генія яна сама прыдумала. Але астатняе ён усё ж прамовіў і быў вельмі задаволены. «А свае шкарпэткі ты сам мыеш?» — спытала яна зласьліва й, само сабою, выдыхнула дым яму ў твар, бо вельмі гэта любіла. Высьветлілася, што да яго прыходзіць прачка, і гэта пачынала яе займаць. «Ты маеш на ўвазе маму?» — не здавалася яна. Ён пачасаў лысаватую, коратка стрыжаную галаву, ягоныя босыя ступакі стаялі на белай кашулі, бязьлітасна распасьцёртай на падлозе, і адно рукаво, якое шукала нешта пад канапай, чамусьці моцна раздражняла Сучасную. Яна паспрабавала разгледзець на ягонай руцэ сьлед ад дзіцячае прышчэпкі — і не змагла. Пазаўчорашні ўсьміхаўся, ягоныя вусікі ледзь прыкметна рухаліся; дзіўна, што ў яе язык не паварочваўся назваць іх гітлераўскімі ці яшчэ якімі. Вусікі неверагодным чынам пасавалі Пазаўчорашняму — а сказаць што-небудзь гідкае пра іх так хацелася. Яна адвярнулася й стала вывучаць абсталюнак у кватэры. Кватэра як кватэра, трэба быць даволі назіральным чалавекам, каб заўважыць адсутнасьць у ёй звычных хатніх жывёлаў з вадкакрышталічнымі пысамі. Аднак сучаснасьць ня вельмі давярае назіральнасьці, бо справядліва бачыць у ёй пагрозу сваім ранішнім вясёлым прабежкам, вось і Сучасная не давярала. Яна спахмурнела й дастала з торбачкі тэлефон, хоць сама ня ведала, што будзе казаць і каму званіць. Пазаўчорашні з ідыёцкай дабрынёй назіраў за яе маніпуляцыямі. Яна набрала некалькі нумароў і ціха вылаялася.

— Ха, дык ён жа чамусьці не прымае сыгналу, — яна падазрона ўтаропілася ў Пазаўчорашняга, які нявінна-засяроджана распальваў люльку. — Слухай, адкуль у цябе такія плечы?

Яна правяла па іх пазногцямі, стараючыся, каб засталіся палосы. Ён зацмокаў, надзьмуўшы шчокі, і люлька, як маленькі Норд-Экспрэс, менавіта Норд-Экспрэс, а не які-небудзь там дызэль, выпусьціла ў паветра воблачка сапраўднага тытунёвага дыму, з водарам жывое смалы й прыемнай гаркотай. Ёй падабаліся гладкаскурыя загарэлыя мужчыны, і гэты быў якраз з такіх. І яшчэ — добра, што ён так коратка стрыжэцца, можна сабе ўявіць, як бы ён выглядаў з лысінай ды гэтымі непераймальнымі вусікамі.

— Лон-тэніс, — прамовіў Пазаўчорашні амаль ганарліва, пераможна выставіўшы руку зь люлькай перад сабой. Паўза так зацягнулася, што Сучасная пасьпела страціць цікаўнасьць да плячэй і прахаджвалася цяпер па пакоі, так што яна не адразу ўцяміла, пра што гаворка.

— Чаго-чаго тэніс? — яна прагна ўдыхнула паветра, якое ўсё мацней пахла Пазаўчорашнім, чыстым целам, радасным пасьля разрадкі; добрым тытунём, лёдам мужчынскае парфумы ды чымсьці яшчэ, незалежным ды спакойным. — А музыка ў цябе ёсьць? Грамафон які-небудзь?

Знаёмыя даўно пераконвалі яе прыйсьці неяк да іх у суботу, калі вузкае заежджанае кола гасьцей яны зьмянялі на больш шырокае — для прафіляктыкі. Яна ўрэшце прыйшла і надзвычай зьдзівілася, што ўсе ставяцца з павагаю да маўклівага чалавека гадоў трыццаці пяці ў пінжаку з хлясьцікам, гетрах ды сьмешных панталёнах, які праз адны свае клоўнскія вусікі, здавалася б, мусіў бы стацца гваздом праграмы. «О, гэта сапраўдная машына часу, — шаптала ёй гаспадыня. — Часам карысна пазнаёміцца з такімі бліжэй, добры асьвяжальнік. Кажуць, ён калісьці выклікаў на дуэль Тарапанскага». Сучасная зацікавілася: яна ўявіла, як Пазаўчорашні забівае кагосьці напавал, і з рулі пісталета віецца дым, такі самы, як вось цяпер зь люлькі. Калі б яна змагла пасядзець блізка-блізка, каля самага твару толькі што застрэленага чалавека, яна б нізавошта ня стала яму замінаць, яна б сядзела побач на кукішках ды зачаравана назірала, як зацягваюцца ледзь бачнай плеўкай вочы й варушацца вусны. Толькі што быў — і ўжо няма. Яна падышла да Пазаўчорашняга ды завяла зь ім зьдзеклівую размову пра палітыку, ён ахвотна адказваў, грэючы рукі пад пінжаком. «Вы гаворыце, быццам пішаце, гэта агідна, — груба сказала яна яму. — Гэта тупа й няветліва. Назаўсёды запомніце мае словы». Потым яны пайшлі пехатою да яго, і вось цяпер мокрая кофта, вымушанае «ты» й гэтае маўчаньне, якое становіцца невыносным.

Спачатку яна думала, што ягоная пазаўчорашнасьць — гэта такая форма сучаснасьці ці рэакцыя на сучаснасьць. Але сучаснасьцю тут наагул ня пахла.

— Што гэта? — войкнула яна, схіліўшыся над друкаркай. — Не, не адказвай, я сама ведаю.

Побач са сталом стаяла музэйная этажэрка, а на ёй — раскіданыя газэты, прыціснутыя цяжкімі бронзавымі тыграмі, і яна хацела мімаходзь высьветліць, у якім жа часе жыве Пазаўчорашні, калі было гэтае пазаўчора, які парадкавы нумар мае гэтая гульня, — але мімаходзь не атрымалася, тыгры ашчэрылі бяззубыя пашчы, Пазаўчорашні занурыўся ў свой дым, і яна папросту адчыніла фортку. На падваконьні ляжаў зашмальцаваны пашпарт, а пад ім яшчэ адзін, усё тыя ж тыгры ды арлы, яна не хацела выяўляць цікаўнасьць, а спытаць значыла ўключыцца ў яго гульню.

— Неўзабаве я зьеду, бо ёсьць пэўныя справы ў калёніях, — ён усё ж заўважыў, што яна зацікавілася дакумэнтамі. — Я магу ўзяць цябе з сабой.

— На плянтацыі... І натуральна, мы паплывем параходам, — не стрымалася яна й села на падваконьне.

— На жаль, аэрапляны на такія адлегласьці ня лётаюць, — адказаў ён зусім сур’ёзна й падняў з падлогі кашулю. — І ў мяне шмат багажу.

Кофта высахла, хоць і пахла цяпер мылам, што было проста жахліва, і Сучасная нецярпліва апранулася.

— Я адвязу цябе, — ён стаяў у дзьвярах вітальні ды зашпільваў гузікі.

— Уяўляю, на чым, — падціснула яна вусны, а потым пашкадавала, гэта было б вясёла, пракаціцца ў якой-небудзь снопавязалцы. Яна выходзіла зь ягонага стагодзьдзя ў сваё, выў ліфт, зазваніў мабільны, і загадкавая істота, загорнутая ў анучы, поўзала, крэкчучы, па падлозе лесьвічнай пляцоўкі — Сучасная не адразу зразумела, дзе ў паўзуна галава.

Сапраўды, роўна празь месяц Пазаўчорашні зьнік, перапыніўшы сваім ад’ездам доўгую ды, калі напраўду, надакучлівую чараду сустрэчаў, якія пачыналіся ў несучасных тэатрах, працягваліся ў несучасных рэстарацыях ды канчаліся ў яго дома, — яна даўно зьбіралася ад іх адмовіцца, ды неяк не пасьпявала. Прычым яна, паміраючы ад нудоты, усё намагалася скараціць праграму хоць бы на першы, самы пакутлівы пункт, бо рэстарацыі прынамсі мелі прыемна несучаснае абслугоўваньне. Але бяз опэры Пазаўчорашні ня меў апэтыту. І вось ён зьехаў на свае Канары ці ў гэтыя невядомыя калёніі як сапраўдны імпэрыяліст, і Сучасная нарэшце ўздыхнула з палёгкай. Кампутарны геній усё гэтак жа ня мыўся, і яна, пагаварыўшы з астролягам ды псыхолягам, у адзін па-паліцэйску марозны дзень выйшла замуж за ягонага брата. У яе жыцьці нічога нібыта не зьмянілася, але нешта здарылася з сучаснасьцю. Як быццам скончыўся дождж на лецішчы, і на зьмену барабаннаму, пругкаму, неўтаймаванаму грукату кропляў па бляшаным даху прыйшоў мерны, рэдкі, цяжкі постук над галавой...

Праз колькі гадоў яна, так пакуль і не наважыўшыся зацяжарыць, угаварыла мужа зьезьдзіць на тыдзень-два на Адрыятыку. Гатэль аказаўся зусім не такім, як яна ўяўляла, — цеснаватым, задушлівым, ды яшчэ даволі далёка ад мора. З надвор’ем ім таксама не пашанцавала, яна толькі тройчы апранала купальнік. Да яе заляцаліся афіцыянты, кожны трохі гаварыў па-расейску, яечна-белы, пыльны гарадок, куды яны прыехалі, выглядаў зь пятага паверху як недавершаны малюнак, разнамоўныя старыя ў шортах ды швэдрах пазіралі на яе з-за шкла з загадкавым інтарэсам, пацягваючы безалькагольныя кактэйлі. Замовілі экскурсію, пасьля якой яна зараклася хадзіць куды-небудзь з гідам. На пяты дзень ёй стала неяк роспачна-сумна й захацелася дамоў. Муж, які ўжо да абеду звычайна пасьпяваў выпіць літар мясцовага віна, драмаў ля басэйну. А яму ж толькі дваццаць сем — думала яна, разглядаючы пазногці. А назаўтра зранку выпадкова пабачыла, жуючы вінаград, як ва ўнутраны двор выходзіць Пазаўчорашні ў адных толькі спартовых нагавіцах. Ён шпарка скінуў іх і крануў нагой ваду. Сучасная ледзь стрымалася, каб ня кінуцца яму на шыю. Ён адразу ж пазнаў яе, яны дамовіліся паабедаць разам. Пазаўчорашні прыйшоў у тых самых нагавіцах ды кашулі навыпуск, муж Сучаснай падміргнуў ды дастаў бутэльку айчыннай гарэлкі. Сучасная ўсё маўчала ды разглядала Пазаўчорашняга спадылба, але калі муж пасунуўся да басэйну, ня вытрымала.

— А як твой пячорны век? Як параходы?

— Якія параходы?

Пазаўчорашні паглядзеў на яе калені ды зьедліва пасьміхнуўся.

— Слухай, ты што, насамрэч думала, што я буду ўсё жыцьцё гуляцца ў правінцыйнага дэндзі? Ну ты даеш... Та-а-ак, параходы, лон-тэніс... Файны быў час.

Ён нечакана зарагатаў, і толькі тады да яе дайшло, што ён п’яны.

— Добры ў цябе сужэнец... Ты пасядзі тут хвілінку, дамовіліся... А то нешта галава...

Ён цяжка падняўся, памахаў ёй ды пайшоў да басэйну — там, заліваючы ўвесь двор вадой і шумна адплёўваючыся, плаваў яе муж, раз-пораз павіскваючы, як сьвіньня. З вуснаў Пазаўчорашняга не зьнікала нейкая дурнаватая, жаласьлівая ўсьмешка. Без адзеньня ён, здавалася, выглядаў зусім як калісьці, але тут якраз грымнула сонца, занадта ўладнае ды сьляпучае, каб разгледзець як сьлед усё да дробязяў.

Цёплыя рэчы,
халодныя рэчы

Джым Хігінс каўтануў віскі, абыякава зірнуў на сваю баявую сяброўку, якая ўсё яшчэ спала, ды схаваў цыгарэты ў кішэню скураной курткі. Пры гэтым бляклым ранішнім сьвятле сяброўка ўжо не здавалася такой бліскучай бляндынкай, як учора, проста — пацяганая голая лялька з пазалеташнім грымам, ды Джым ужо й ня памятаў, у якім бары ён яе падчапіў.

Бутэльку зь яблычным джын-тонікам Джым выкінуў у вакно, а часопіс схаваў пад падушку — і, як высьветлілася, вельмі своечасова, бо ў пакой зазірнула маці, прытрымліваючы на грудзях халат, і, натуральна ж, завяла сваё:

— Зноў ён паліў у фортку... Дзіма, я колькі табе казала? Я ж бачу, вунь на падваконьні попел. Гэта агідна! Сьмярдзіць на ўсю кватэру. І выключы нарэшце сваіх дэбілаў, увесь дом пабудзіў.

— Адкуль ты ведаеш, што гэта агідна? — змрочна прабурчаў Джым, нацягваючы джынсы. — Ты ж не паліла ніколі ў жыцьці. Паспрабавала б хоць бы раз, перш як нудзець.

Маці пахітала галавой, паклікала бацьку ды пайшла гатаваць сьняданак. «Скажы яму, я ўжо не магу болей», — і бацька прамармытаў нешта ды схаваўся ў прыбіральні. «Ты надоўга?» — Джым неахвотна пайшоў у лазьніцу і пастаяў там трохі са шчоткай у роце, каб забіць час. Калі выйшаў на кухню, бацькі ўсё яшчэ не было. «Калі ты нарэшце ўцяміш, што бацька ў цябе адзін і я адна?» — сказала маці ўжо спакайнейшым голасам, пераварочваючы на патэльні каўбасу. З радыёкропкі ліліся пахавальныя маршы. «Прыбіральня ў нас у кватэры таксама адна», — адпарыраваў Джым і зазірнуў у лядоўню.

— Ну, паехалі, ці што? — бацька змахнуў са стала крошкі.

— Куды гэта? — падазрона запытаўся Джым, адсунуўшы ад сябе кубак з гарбатай. Але тут ён дапяў, і настрой адразу ж палепшыўся, і ён нават прайшоўся з бацькам да стаянкі. Ля апошняга пад’езду на лавачцы паныла сядзелі, відавочна, ня ведаючы, куды сябе падзець, трое прыдуркаў, зь якімі Джым зьбіраўся запісваць альбом Джым адмахнуўся ад іх, уяўляючы, аднак, з прыемнасьцю, як прыйдзе ў панядзелак на рэпэтыцыю ў новых, суворых, смаліста-чорных... Як сёньня будзе крочыць у іх па праспэкце... Адзін з прыдуркаў, якому бацькі нядаўна падаравалі бас-гітару, неяк назваў гэты абутак даволі ўдала — яны акурат учацьвярох сядзелі тады ў цэнтры гораду ды пілі піва, і тут перад імі лянотнай хадой сьвятога прафлянаваў Сам, пальцы ды вушы ў пярсьцёнках, грыву разьвявае вецер, скура падзыньквае, ведама ж, столькі жалезьзя, на крывых мускулістых нагах напінаецца чорны аксаміт, побач сапраўдная Кэці Вампайр на высачэзных абцасах: акупантусы — вось як ён іх назваў, акупантусы, на снуроўцы, з мэталічнымі мыскамі, на якіх танчаць забойчыя промні, высокія, магутныя, як два чорныя вершнікі, бадай, па дзесяць кіляграмаў у кожным, такімі забіць можна, з плятформамі, нібы пратэктары на шынах джыпу. Абутак для такога, як Джым. Толькі б удалося іх уламаць, гэта складана, але магчыма. І тады — па праспэкце, з Аляксандраю і расшпіленай курткай, з-пад якой паказвала ўсяму сьвету безыменны палец шэрая зацёртая байка. І на лекцыях з-пад парты ногі ў акупантусах незнарок высунуць таксама няблага, няхай погляды спатыкаюцца, што яны наагул пра Джыма ведаюць.

Яны падхапілі ля прыпынку маці ды, пратырчаўшы колькі хвілінаў у заторы, выпаўзьлі на кальцавую. Іхны шлях ляжаў на адзін з тых рынкаў за горадам, падобных да ракетных ангараў, дзе ёсьць усё, што душа пажадае, калі, вядома, душа жадае таннага і аднолькавага. Рынкаў-гарадоў, дзе не патрэбныя візы, дзе ў завешаных моднымі рэчамі лаўках адбываюцца драмы ды камэдыі, дзе ў палатках за хісткімі прылаўкамі могуць пражыць жыцьцё, нават не заўважыўшы, як прадаўцы, так і пакупнікі. Там ёсьць свае кварталы чырвоных ліхтароў, у якіх можна амаль задарма падгледзець, як бессаромна прымервае станік студэнтка пэдагагічнага ці багатая матрона. Стракатыя вольныя гарады, якім віетнамскія і азэрбайджанскія забягалаўкі надаюць непаўторны дзіўна-ўсходні калярыт, дзе ёсьць свая тапаніміка і дзейнічае толькі адзін закон — эканамічны: перад ім усе роўныя, яму падпарадкоўваюцца нават жабракі; гарады-рэспублікі, у якіх канчаецца рублёвая зона і можна без праблемаў завэрбавацца жаўнерам або піратам, куды імкнуць з усяе краіны бяздомныя сабакі й каты, гарадоў, дзе заўжды лета, гарадоў, дзе неахвотна плацяць даніну мэтраполіі. Гарады, дзе ніводная рэч не бывае лішняй, дзе суд адвеку зьдзяйсьняецца хутка й незваротна, тэрыторыі, дзе не бывае ночы; пярэстыя выспы, на якія хоць раз у жыцьці даводзіцца высаджвацца.

Маці й бацька Джыма пачуваліся тут у сваёй стыхіі — прынамсі, ім зусім не замінаў натоўп, які безвач ляцеў насустрач, бо бачыў толькі тое, што хацеў, і чуў толькі сябе. Нахіляючы галовы і ўсё адно адчуваючы, як па карку ды сьпіне праводзяць сьляпымі лапамі сукенкі ды кашулі, яны прабраліся нарэшце да абутковага кварталу. Прадаўцы таропка сьнедалі з плястыкавых талерак, з поўнымі ратамі называючы цэны; каціў свой камень кудысьці смуглявы Сызыф, раз-пораз вясёла гукаючы: «Пабэрэгіс!», палаткі былі сырымі ад туману; як і заўсёды за гарадзкой рысай, тут яшчэ там-сям ляжаў шэрымі плямамі нераспрададзены сьнег, на рэдкіх пустых месцах крэслы няўпэўнена трымалі на плячох адно аднаго. Пахла скурай і фарбай, чабурэкамі й чамусьці серкай. На адным з прылаўкаў стаялі беспрытульныя, жахлівыя ў сваёй жаласьлівасьці туфлі, два дзясяткі туфляў, і ўсе на адну нагу. Дамскі абутак выглядаў весялейшым — напэўна, праз большую разнастайнасьць формаў. Джым прабег усьлед за бацькамі яшчэ дзьве вуліцы, грэючы ў рукавах рукі. З агромністага корабу квадратны чалавек даставаў зваленыя абы-як чаравікі, і не было ім ні канца, ні краю. «Вось, — узрадавалася маці, — глядзі, якія сымпатычныя». Джым зь нянавісьцю матнуў галавой. «Табе трэба купіць карычневыя», — сказала маці, з жалем азіраючыся. «І лепш на замку, так практычней. Да лета спакойна паходзіш». Яны завярнулі за рог Чаравічнай вулачкі. «Тут абавязкова знойдзем», — праверашчала маці й схапіла яго ў захапленьні за руку — Джым зморшчыўся ды адразу забраў руку назад, але яна была ўжо заплямленая, і ён пасьпеў заўважыць, як пагардліва на яго паглядзела маладая, можа, на пару толькі гадоў старэйшая за яго прадавачка, і ўсьміхнулася, а маці ўжо цягнула Джыма да яе ў бардовы паўзмрок, і ён вырываўся, і прадавачка сказала нешта з матчынай інтанацыяй, і грузін з суседняй палаткі махаў яму рукой, ратуючы ды робячы адначасова свой бізнэс, і невядома, што больш ганебна; у грузіна таксама, як і спрэс тут, у гэтым тупым рагатлівым квартале, быў абутак для будучых мамаў і татаў, для юных кар’ерыстаў і надзеяў спорту, для дыскатэк і пасьля дыскатэк, для маленькіх дарослых і для дарослых падлеткаў. І дарэмна Джым спрабаваў угледзець у вунь тых высокіх чаравіках намінку на акупантусы, марна ён намагаўся захоўваць незалежны выгляд — уся бясконцая вуліца зь яе абыякавымі ці празьмерна навязьлівымі прадаўцамі зьвярнула ўвагу на Джыма і, ацэньваючы спрытным вокам плацежаздольнасьць бацькоў, зазірала яму насьмешліва ў твар: ну, выберы ты што-небудзь, хлопец, давай, не засмучай тату й маму. Джым спыніўся, і тут жа яго павабілі пальцам: тоўстая баба, падобная да гарылы, вылезла з-за свайго схову ды сказала гучна: не дурыце хлопцу галавы, у мяне ў самой такі, сунеце яму ўсялякую дрэнь, вось, я маю, што ты хочаш. У Джыма задрыжэлі вусны, а баба села яму пад ногі і ўжо хацела разьвязаць падраныя матузкі на Джымавых ботах, а ў руках у яе былі карычневыя вузканосыя калекі, з замкамі нібы ад авосек, з надпісам «God Boy!» збоку. Ён падняў нагу, вырваўшы яе з абдымкаў бабы, якая ашчэрылася пакрыўджана ды потым абмянялася поглядам з маці Джыма: як я вас разумею. Бацька сумаваў побач, яму таксама хацелася, каб гэтае катаваньне як найхутчэй скончылася, праўда, зь іншых прычынаў: бацька зьбіраўся яшчэ прабегчыся па блышыным рынку, пашукаць нейкія дэталі для іхнага старога мэрсэдэсу. Неўпрыкмет вызірнула сонца, і па гандлёвых радох ужо разносілі гарачыя трохпакаёвыя абеды, а яны не прайшлі яшчэ й паловы Абутковага раёну. Джыму невыносна захацелася нарэшце выйсьці адсюль, але ён ня ведаў нават, дзе выхад, бо вакол быў толькі абутак, рабунак, гандаль рабамі, прадаўцы паварочвалі да яго свае тупаносыя, вастраносыя, модныя й лякаваныя пысы з натуральнай скуры, карычневыя, чорныя, белыя, жоўтыя, колеру какавы, плямістыя, з кіслотнымі разводамі, і на мысках распорвалася шво, і мыскі шапялявілі: шамыя нішкія чэны, Турчыя, шкідкі, а ў глыбіні туфляў і чаравікаў пакачваліся туды-сюды, як зьмеі, языкі-вусьцілкі, і ў кожнага на канцы сьцякала сьлінай прагнае джала... «Ну няўжо тут няма ніводнае нармальнае палаткі?» — залямантаваў урэшце Джым, ён з надзеяй паглядаў на суседнія кварталы, яму ўжо пачало здавацца, што там ніхто яго ня ведае, і сярод майткоў ды каптуроў можна сабрацца зь сіламі і вытрываць да канца, і можа быць, недзе ў завугольлі, у кутку за платнай прыбіральняй, хаваецца той самы прылавак, на якім акупантусы розных памераў і вагі, але ўсе як на падбор, цяжкія, высокія, замерлыя ў чаканьні гаспадара... Ён крычаў, але ніхто ў горадзе-рынку не зьвяртае ўвагі на крык, а прадаўцы ўсё выхоплівалі яго, і менавіта яго з натоўпу, і глядзелі на яго зьдзекліва: давай, хлопча, тата й мама ўжо замарыліся, дай жа ім патраціць кроўна заробленае, не катуй!» Нібы з дапамогай адмысловага тэлеграфу па Абутковым раёне прабегла вестка: тут швэндаецца хлопчык Дзіма з ускраіны, з продкамі, і продкі шукаюць яму бахілы, прадайце гэтаму дзіцяці бахілы, хто прадасьць яму бахілы, таму скідваемся на каньяк! Маці ўсё спынялася каля той ці іншай палаткі, ды тыцкала Джыму ў нос якімі-небудзь рабскімі вырабамі, убогімі, як школьная прыбіральня, ні густу, ні стылю... Джым ужо вырашыў здацца ды прымеркаваў нешта, больш падобнае да дзьвюх струпянелых жабаў. Маці заўсьміхалася, але потым з трывогай заявіла: «А ты будзеш іх насіць? Ці як мінулы раз?» Джым зьняў гідоту ды асьцярожна паставіў у кут. Кіслыя ўсьмешкі, салодкія вочы... Ён круціў галавой ды курчыў такія фізіяноміі, што адна прадавачка не стрымалася й сказала: гэта паскудзтва, так крыўляцца ў такім узросьце, ты б на сябе паглядзеў... «Капрызьлівыя пайшлі дзеці», — уздыхнула другая, дакрануўшыся спачувальна да рукі маці. «Ён у нас як ня з гэтага сьвету», — маці пачала апраўдвацца. «Але ня паліць і ня п’е», — яна вырашыла перадыхнуць, і за Джыма ўзяўся бацька: «Што ты як не мужык? Выбірай, ды хадзем. Не цягацца ж нам тут да абеду». «Але гэта ня тое, што я хачу...» «Хачу — не хачу, ты што, жонку выбіраеш?»

— Добра, — прамовіла нарэшце маці. — Хадзі ў сваім ашмоцьці. Няхай усе гавораць, што я не магу дзіцяці боты купіць. Пайшлі хоць мінэралкі вып’ем.

Зьнясілены Джым з прыкрасьцю маўчаў. Яны выпілі мінэралкі й пасунуліся шукаць выхад. Бацька запратэставаў, але маці неўзабаве заткнула яму рот. Ня ведаючы дакладна, дзе стаянка, яны хутка апынуліся ў Цацачным раёне. Вось там, на самай ягонай мяжы, побач з заснулай тэлевізійнай камбалой, ён і пабачыў запаветную палатку, на вяршыні якой лунаў пірацкі сьцяг. Джым моўчкі ўвайшоў туды, ня слухаючы пярэчаньняў. На плястмасавым крэсьле сядзеў у навушніках Сам, паліў ды рамантычна калупаўся ў носе. А перад ім стаялі рыцарскім шыхтом яны, акупантусы, пяць бліскучых пагрозьлівых параў, да якіх было страшна дакрануцца. «Я знайшоў», — прамармытаў Джым і схаваўся за сьпіны бацькоў.

— Што гэта? — зьбянтэжана спытала маці й выцерла лоб.

— Я такія на заводзе нашу, — патлумачыў бацька. — Бясплатна выдаюць. Хочаш, табе прыцягну?

Сам задуменна зірнуў на бацьку, але нічога не сказаў. Джым набраўся сьмеласьці і, намагаючыся не падымаць галавы, падышоў да прылаўка. «Ну, і колькі?» — уздыхнуўшы, запытаўся бацька. Сам лянотна працадзіў нешта скрозь зубы.

— Ого, — бацьку ажно скаланула. — Чаго ж так дорага, за што тут плаціць?

Сам паціснуў плячыма ды зноў узяўся за свае ноздры. «Няўжо ты будзеш у іх хадзіць?» — незадаволена спытала маці. «Яны ж з тону кожны». Але па твары Джыма было відаць: ён ад свайго не адступіцца. «Прымярай», — кінуў Сам, не паварочваючы галавы. І Джым узяў у рукі халодныя, цьвёрдыя акупантусы, якія на ягонай назе адразу ажылі і, не марудзячы, сталі прыстасоўвацца да звычак гаспадара, напрыклад, да звычкі без упынку варушыць пальцамі ног, — акупантусы падабраліся, даючы пальцам прастору, добры абутак, выдатны абутак, фантастычны абутак. Праўда, гэтая пара Джыму відавочна была замалая, але большых магло ня быць, і пра нязначны недахоп свайго шчасьця Джым вырашыў бацькам не казаць. «Не запраўляй ты ў іх джынсы, — жуючы нешта, добразычліва сказаў Сам. — Так іх ня носяць». «Як гэта не запраўляй, — пакрыўджана падумаў Джым, — гэта ж...» Але паслухмяна выцягнуў джынсы з акупантусаў, разьлічваючы зрабіць усё, як хацеў, як толькі апынецца адзін. Бацька паглядзеў на маці, сьцяў вусны ды купіў.

У машыне ён пераабуўся ды патэлефанаваў, як і дамаўляліся, Аляксандры. Бацькі высадзілі яго на праспэкце, акупантусы ім, ён бачыў, зусім не даспадобы, але думаць пра гэта бацькі доўга не маглі, сёньня да іх мусіў прыйсьці далёкі сваяк, у якога яны хацелі пазычыць грошы на рамонт кватэры... Амаль шчасьлівы, Джым адчыніў дзьверцы. «Ты хоць ня позна сёньня?» — маці пагладзіла яго па руцэ, і ён стрымаўся, сьцярпеў. Грошай прасіць было няёмка, дый пасьля акупантусаў яму не хацелася пра гэта думаць.

Перш-наперш ён пачакаў, пакуль бацькоўскі мэрсэдэс зьнікне ў плыні машын, потым прысеў на лавачку ды заправіў джынсы, як хацеў. Пасузіраў свае ногі ў вітрынах, а ногі не хацелі ісьці паважна-лянотна, ногі несьлі далей, ногі ляцелі, а пальцы балелі, даводзілася іх увесь час падціскаць пад ступак, і нацёртая пятка хутка засьвярбела, але Джыму было не да гэтых дробязяў. З Аляксандрай яны дамовіліся сустрэцца каля кінатэатру, ёй ад дому датуль было дзесяць хвілін пехатой, яна жыла тут, у цэнтры, і бацькі часта кпілі з Джыма: удала знайшоў нявесту, у прэстыжным раёне (ды прэстыжныя раёны знаходзіліся хутчэй на ўскраіне: хто ж цяпер захоча жыць у цэнтры, калі машын стала больш, чым людзей?). І сапраўды, калі Джым дакульгаў да кустоў, за якімі хаваліся бэтонныя прыступкі кінатэатру, Аляксандра ўжо нэрвова хадзіла туды-сюды й паглядала на тэлефон.

— Па-першае, выплюнь сваю цыгарэту, а па-другое, што гэта за страхоцьце ў цябе на нагах?..

З Аляксандрай яму заўсёды было цяжкавата, настрой у яе зьмяняўся ледзь не штохвіліны, заплюшчваць вочы на парушэньні гігіены яна была папросту ня ў стане, але затое заплюшчвала іх звычайна ў самым натуральным сэнсе ў самы неспрыяльны для гэтага час. Яна паліла сама, шмат і зь нейкім вычварэнскім задавальненьнем, але не любіла, калі паліць Джым, яна кпіла зь ягонай музыкі і ў той самы час была непрыхавана закаханая ў аднаго знакамітага рокера, прычым, як здагадваўся Джым, менавіта вопратка гэтага няголенага боўдзілы прываблівала Аляксандру больш за ўсё... Яна была зусім некіравальная, ягоная Аляксандра, але мела тры вартасьці, падзяліцца якімі Джым ня здолеў бы ані з кім: яна мела загарэлыя грудзі з маленькімі брунатнымі смочкамі, яна ўмела рабіць вамба-вамба як ніякая іншая і ўважліва выслухоўваць усе ягоныя скаргі.

Пасьля таго, як яна так адгукнулася пра ягоныя акупантусы, Джым увесь неяк панік (той няголены боўдзіла, дарэчы, меў амаль такія самыя, таму Джым губляўся ў здагадках). Ён стаў у кароткую чаргу па квіткі, акурат пачалася эпоха, калі маладыя людзі зноў пачалі хадзіць у кіно, — але Аляксандра, спахмурнеўшы, ужо спускалася па прыступках. «Ды што з табой?» — ён кінуўся наўздагон ды пайшоў побач, падладжваючыся пад яе крок. «Нічога», — ня гледзячы на яго, прамовіла яна ды ўзяла Джыма пад руку. Яны павярнулі з праспэкту на яе вуліцу. Нешта ня так — гэта часта ўжо ў іх бывала — яны ішлі моўчкі, а Джым ня мог наглядзецца на свае акупантусы й разважаў пра тое, у якім ён цяпер становішчы. Як заўсёды, ён казаў нешта нязначнае, і яна адказвала коратка: «так» або «не», потым ён паспрабаваў іншы, больш дзейсны спосаб, пагаварыць пра яе любімую мыш — гэтая тэма звычайна адбівала ў Аляксандры ахвоту крыўдзіцца, але й тут Джыма чакаў правал. Ён адчуваў, як зьвініць вакол яго паветра, бо ніхто не заглушаў гэтых тонкіх, на мяжы разрыву, гукаў; а Аляксандра крочыла побач у сваім доўгім паліто з крысом, як кажановыя крылы, з кароткай стрыжкай, зь вечна незадаволена-рухавым носам, і рукі трымала ў кішэнях — знак таго, што сёньня Джыму давядзецца цяжка...

Яе бацькі зьехалі на два дні на поўнач краіны, і Джым шмат чакаў ад гэтых выходных. Чакаў, што яго пакінуць начаваць, чакаў двух сутак цікавага фільму, дзе ён і яна і сьвет, які будзе глядзець на ягоныя акупантусы, а нікога больш у фільме ня будзе, асабліва бацькоў і прадаўцоў з рынку — зрэшты, ён пэўны, што па-за рынкам ніхто яго не пазнае, на гэтых вуліцах і плошчах мэтраполіі... Ці варта казаць, што езьдзіць на рынак з бацькамі ён з таго дня зарокся.

Яны падышлі да яе дому, і яна сама адамкнула дзьверы, пазбавіўшы яго ганаровага права, зь якім Джым ужо амаль звыкся, а потым адразу пайшла на кухню ды пачала нешта жаваць. Ён пакорліва прысеў побач і цярпліва чакаў. Яна жавала наўмысна доўга, гледзячы на яго яснымі, сталёвымі вачыма... Маўчаньне рабілася невыносным. Ён раптам убачыў, як па-даросламу яна выглядае, — калі яны пазнаёміліся, Аляксандра была зусім дзяўчом і толькі гуляла ў дарослую, вопытную, разважлівую... таму ён і пачаў адразу яе так называць, Аляксандра, і ёй, усьмешлівай, з вострымі зубамі, з доўгімі вейкамі, гэта падабалася... Аляксандра...

— Бог з вамі, Аляксандра Міхалаўна, — сказаў нарэшце Джым. — Годзе вам сердаваць...

Яна выплюнула костачку ў далонь і паволі пайшла да сьметніцы, зусім блізка ад яго. Ён уявіў яе блакітнае сьцягно, дагледжаную скуру, круглае калена... прыцягнуў да сябе, пасадзіў — яна адкінулася на ягоныя грудзі, прымружылася...

— Так нельга, — яна падняла паказальны палец перад самымі яго вачыма. — Ты пахнеш, як парсюк. Ідзі ў ванну, потым пагаворым.

Ён паляжаў у ваньне, усё чакаючы, пакуль яна прасьлізьне да яго, круглы год загарэлыя грудзі, брунатныя смочкі, але потым вада астыла, ён насьпех памыўся й вылез. Апранацца было непрыемна. «Што гэта ў цябе?» — сказала яна, гідліва паказваючы на ягоныя ногі, трохі зьнявечаныя акупантусамі. «Кроў... Вух...» Яна прынесла яму бінт і таямнічы флякон, а сама схапіла цыгарэты й выйшла. Ён знайшоў яе на бальконе — яна сядзела, прытуліўшыся сьпінай да сьцяны, і строга глядзела на двор. «Сёньня субота, транспарт раней канчае хадзіць...» — прасьпявала Аляксандра. Ён схапіўся за галаву:

— Добра! Можаш лічыць, мяне ўжо няма...

Джым раздражнёна пачаў зьбірацца, але насамрэч не сьпяшаўся, чакаў. Ніхто да яго не ішоў, і толькі калі ён, мужна трываючы боль, стаў нацягваць акупантусы — яшчэ больш велічныя ды эфэктныя ў сьціплым сьвятле перадпакоя — яна стала каля дзьвярэй — стомленая поза, хітрая ўсьмешка — ды правуркатала:

— І ў гэтых сьнегаходах больш не прыяжджай да мяне, добра?..

Ён здагадваўся, што ўся штука ў іх, у акупантусах, ня мог не здагадвацца, яны былі адзіным, што зьмянілася ў ім з учорашняга вечара. Джым задумаўся; адзін акупантус быў ужо на ім, другі стаяў чакальна побач, спакойна пабліскваючы. Выбар мы будзем мець заўсёды. Як ні імкнуўся Джым прымусіць сябе ўзьненавідзець свой новы чароўны абутак, як ні стараўся адшукаць у ім заганы, зрабіць гэтага ён так і ня змог. З другога боку, адмовіцца ад вамба-вамба, калі навокал ніхто болей не выяўляў жаданьня рабіць яму вамба-вамба штотыдзень... «Ты надта доўга думаеш», — сказала яна расчаравана й з выглядам чалавека, які нарэшце ўсё зразумеў ды вырашыў, пайшла ў свой пакой, менавіта туды, дзе вамба-вамба адбывалася часьцей за ўсё... «Халера», — вылаяўся Джым па-ангельску. «Добра, нашто мне гэтыя сьнегаходы... Я іх брату аддам. Ці басісту падарую на дзень нараджэньня. Вось шчасьце будзе ў чалавека...» Яна не адказвала, і ён пайшоў, лёг побач — яна нібыта спала.

Рашэньне Джыма прайшло выпрабаваньне часам: неўзабаве Аляксандра ўскочыла, поўная энэргіі, як раней, і Джым уздыхнуў з палёгкай. «Ідэя, — яна села яму на жывот. — Ты ж ня ведаеш, што зь імі рабіць. А я ведаю. Мы аддамо іх таму, хто сапраўды мае ў іх патрэбу». Ён запытальна ўзьняў бровы. «Гэта ўсё адно ня твой памер, ты ж інвалідам у іх станеш, — Аляксандра гучна, нэрвова засьмяялася. — Мы паставім іх на дарозе, тут, пад бальконам, і той, каму яны падыдуць, забярэ іх сабе. Гэта будзе справядліва. Як у дзіцячай казцы».

Джым быў вымушаны сам выйсьці на вуліцу ў тапціках і паставіць новенькія акупантусы на мокры асфальт. Ён зрабіў гэта зь цяжкой душой, і адзіным, што магло б вярнуць яму цяпер настрой, было добрае, прафэсійнае вамба-вамба. Яны зручна ўладкаваліся на бальконе, Аляксандра зрабіла каву. Дзіўным чынам акупантусы не выглядалі на дарозе чымсьці забытым або выкінутым, ніхто не зьвяртаў на іх увагі, іх абыходзілі ці аб’яжджалі, быццам боты стаялі там як папераджальны знак. Вось прайшоў школьнік, і акуратна абышоў акупантусы, і толькі абярнуўся на іх з адкрытым ротам; потым мажны дзядзька са слоікам разьліўнога піва пераступіў церазь іх, глыбока задумаўшыся пра нешта сваё, саракаградуснае; дзьве жанчыны з каляскамі аб’ехалі акупантусы, нават не прытармазіўшы, а калі па дарозе прабегла дзіцячая кампанія, якая панура штурхала перад сабой мяч (дванаццаць брудных ног у закасаных да калена трыко), і мяч гэты зьбіў нарэшце правы акупантус, адзін з мальцоў ахайна паставіў яго як належыць. Потым адбылося зусім ужо дзіва: вішнёвыя жыгулі таргануліся перад самотнай парай акупантусаў і сталі, з машыны вылез маладзён, агледзеў акупантусы, падняў і чамусьці стаў унікліва вывучаць месца, дзе яны знаходзіліся, потым паставіў іх на месца, і паправіў матузкі, каб ня пэцкаліся, і бачком, бачком, з прыглушаным ровам матору аб’ехаў загадкавую перашкоду.

Такім чынам, чакаць Джыму і Аляксандры давялося даволі доўга. «А яшчэ гавораць, што нашы людзі цягнуць усё, што кепска ляжыць», — сказала Аляксандра, і Джым кіўнуў, хоць ён ведаў: нельга было ні ў якім разе сказаць, што акупантусы дрэнна ляжалі, не, яны стаялі, нерухома й з пачуцьцём уласнае годнасьці, вершнікі, рыцары, ганаровая варта. Аднак надышлі прыцемкі, і ўрэшце да акупантусаў падышоў стары сьмярдзючы дзядок-лесавічок з торбаю, якому было напляваць на эстэтыку: бязь лішніх думак, нават не азіраючыся па баках, ён падняў акупантусы ды кінуўся ў хмызы, за дом. Джым ледзь стрымліваўся, каб не крыкнуць яму што-небудзь, так крыкнуць, каб зь лесавічка выйшаў увесь ягоны сьмярдзючы прагнілы дух. Але Аляксандра сачыла за рухамі й перамяшчэньнямі дзядка, як за кабылай на скачках, на якую яна паставіла, Аляксандра нават перагнулася праз парэнчы, Джым заплюшчыў вочы й падумаў, што гэта канец.

Вамба-вамба яму ўсё-ткі перапала, перад самым ад’ездам, калі ён, у старых, дачных, але яшчэ цалкам прыстойных туфлях бацькі Аляксандры й горыччу прыкрасьці на вуснах пацалаваў яе на разьвітаньне. Яна абняла яго, шчыра, моцна, нібы захацеўшы прыдушыць, і Джым быў адпушчаны. Да самага прыпынку ён разважаў, а ці нельга было зрабіць так, каб у яго засталася і Аляксандра, і акупантусы, і вамба-вамба, і гэты дзіўны дом, насельнікі якога не квапяцца на чужое дабро, затое сочаць адно за адным з бальконаў... Ні да якой высновы ён так і не прыйшоў, а потым, калі тралейбус вёз ужо Джыма да мэтро, спакойна нешта абдумаць стала праблемай: спачатку за сьпіной расьселася зграя гопнікаў, натуральна, п’яных, і ў той небясьпечнай ступені ап’яненьня, калі сілы такіх жывёлаў прагнуць выхаду; затым невядома адкуль зьявіліся кантралёры, і давялося жаласьліва прасіць не чапаць яго; падумалася пра бацьку, які ўсё ж заплаціў за акупантусы са свайго небагатага заробку. Падумалася таму, што нядаўна бацька, калі яшчэ быў беспрацоўным, сам ганяў па аўтобусах зайцоў... Падумалася пра акупантусы, ён згадаў, як аддана яны сядзелі на ягоных нагах... У нагах гэтых тым часам віравала кроў, разбэшчаная нядаўнім вамба-вамба. Потым у тралейбус зайшоў нейкі бомж, відаць, ці бамжыха. Джыму гідка было нават паварочвацца, акупантусы, акупантусы, акупантусы, паўтараў ён бяздумна, усё ж можна было абуваць іх, калі ён не плянаваў сустрэчаў з Аляксандраю... Паддаўся, мяккацелы, паддаўся, дурны, асьлеплены, прагны, апантаны...

Ён усё ж азірнуўся, бо сьмярдзела ў тралейбусе так, што рабілася млосна. Каля акна за ягонай сьпінай сядзеў, нахіліўшыся й некаму злосна молячыся, той самы дзядок-лесавічок. На нагах — акупантусы, яны выглядалі з-пад брудных анучаў, запыленыя, залепленыя чымсьці жоўтым, але ўсё яшчэ захоўвалі былую веліч. Лесавічок паглядзеў на Джыма ды замоўк, утаропіўшыся ў акно. Джым перасеў за сьпіну лесавічка, мімаходзь паглядзеўшы зьверху на ягонае нічым не прыкрытае, апроч пасмы сівых валасоў, друзлае цемя, на зморшчаныя карычневыя рукі, што хаваліся між тоўстых, распухлых каленяў. І калі лесавічок, адчуўшы нешта нядобрае, пасьпешліва выйшаў на наступным прыпынку, Джым выскачыў усьлед за ім ды, то трохі адстаючы, то зноў наганяючы спалоханую постаць, пайшоў у бок застылай у тумане й цямрэчы будаўнічай пляцоўкі.

Гамбург, 2007

  (нар. 1975 г.) — пісьменьнік, аўтар кніг «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў»
(2002, прэмія «Гліняны Вялес»), «Натуральная афарбоўка» (2003), «Ніякай літасьці Валянціне Г.» (2006).
У выдавецтве «Логвінаў» рыхтуецца да друку раман «Праклятыя госьці сталіцы».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/09/16