A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (57) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Сяргей Балахонаў | ||||
Сяргей Балахонаў
WC-літаратура альманаху «Тэксты» Гэта рана? Драбяза! Яна амаль загаілася, і я пэўны, што цяпер вы больш пакутуеце не ад гэтай раны. Аляксандар Дзюма, «Тры мушкетэры». — Гэта хімічны апёк, — кажа Тайлер. — Табе будзе так балюча, як ніколі яшчэ не было. Чак Паланюк, «Байцоўскі клюб». Колькі гадоў таму я быў зарокся весьці палеміку з крытыкам новай хвалі гарадзенцам Данілам Жукоўскім. Спадзевы на эфэкт рэха не апраўдаліся, бо насамрэч нашы спрэчкі часьцяком узаемна адбываліся ў фармаце «Я яму пра абразы, а ён мне пра гарбузы». То бок мы проста ня чулі адзін аднаго, вастрыўшы вушы на тое шматабяцальнае рэха. Не дачуліся. Не паразумеліся. У публікі ж, якая сьцішана сачыла за нашым зухвальскім двубоем, склалася ўражаньне, што ў Балахонава і Жукоўскага папросту асабістая непрыязь, якая абсалютна ня тычыцца літаратурнага працэсу. Зьняпраўдзіць падобныя меркаваньні не ўдалося, бо падышла цяжкая артылерыя — Даніла Жукоўскі пачаў крытыкаваць не мае погляды на становішча сучаснай беларускай літаратуры, а ўласна мае літаратурныя творы. Давялося сьціснуць сківіцы і праседзець бальшыню артылерыйскіх залпаў у зямлянцы. Нельга сказаць, што зусім ніводны снарадны аскепак не закрануў мяне — іншым разам усе грудзі былі ў сечаных ранах. Але чульлівыя мэдсёстры нашага прагрэсіўнага літаратуразнаўчага батальёну (Ганна Кісьліцына, Аксана Бязьлепкіна) лячылі, пялегавалі, даглядалі мяне, адгаворваючы ад зваротных дзеяньняў. Таму я маўчаў, калі расстрэльвалі маіх аднарогаў і фэніксаў. Таму я не выраніў ні слова, калі палілі маю грушу. Бо пэўна ж так было патрэбна для ачышчэньня беларускай літаратуры і яе далейшага рыўка ў сьветлую будучыню — будучыню з Букерам, Нобэлем і татальнай перамогай над Харукі Муракамі й Дар’яй Данцовай... Але што ж давялося ўбачыць, калі ўрэшце разьвеяўся дым (ён жа — антыружовы туман)? А ўбачыць давялося тое, што сьветлая будучыня спрытна шмыгнула за шкляныя горы. Мы ж засталіся на ростанях былых у няпэўным чаканьні, што вось-вось мілы жаночы голас абвесьціць рэгістрацыю на чарговы рэйс кіліма-самалёта адпаведнага маршрута. Аднак рэгістрацыя не абвяшчаецца, мы круцім у руках запаветныя квіткі ў будучыню і чуйна рэагуем на кожны шум, што ўзьнікае ў навакольнай цішы: ці тое скрыгат зубоўны лянгальераў, ці булькатаньне зьліўных водаў у дармовым ватэрклязэце рэстарацыі хуткага харчаваньня. І раптам сярод чаканьнікаў зьяўляецца зрокава знаёмы мужчына, які прапаноўвае ахвочым не таміцца, а набыць у яго боты-скараходы. Хітра, мудра, невялікім коштам. Ніхто не спрабуе праверыць у яго дакуменцікі, бо найперш карціць спраўдзіць, ці ня хоча той «знаёмца» падсунуць фуфло...
У сытуацыі падобнай вірлавокасьці мне давялося нядаўна пабываць, чытаючы чарговы нумар альманаху «Тэксты» (№ 3, 2007), рэдактарам якога выступае пісьменьнік, мастак і пэрформэр Зьміцер Вішнёў. Менавіта ў гэтым выданьні мае вочы спатыкнуліся аб артыкул «Літаратура ня пахне» з такім знаёмым подпісам — Д. Жукоўскі. Тэкст уяўляе зь сябе сапраўдны мех абсурду, і пакінуць яго без камэнтара мне падалося грэшнай справай, як бы сьмешна ні гучала апошняе з вуснаў запіснога постмадэрніста. Аднак чым больш я заглыбляўся ў гэты мех, тым мацней мяне калола шыла насьцярожанасьці: нешта тут ня так. Бянтэжыў ня толькі зьмест (пра яго будзе ніжэй). Бянтэжыла выкарыстаньне клясычнага правапісу, тым часам як гарадзенскі крытык звычайна паслугоўваецца афіцыйным. Думка пра тое, што «тарашкевізацыю» ўчыніла рэдакцыя, адпала адразу ж, бо на старонках выданьня прысутнічаюць тэксты ў абедзьвюх правапісных сыстэмах. Недаўменьне выклікаў і той факт, што артыкул «Літаратура ня пахне», адрозна ад астатніх, ня быў падпісаны поўным імем аўтара. Гэтыя нестасоўкі перасьледавалі мяне ўвесь час, пакуль я намагаўся аспрэчыць тэзы, выкладзеныя ў названым артыкуле. Іншым разам нават здавалася, што я б’юся зь ценем. Урэшце ж перамагло жаданьне выказацца з нагоды і наіўны спадзеў на тое, што двух Жукоўскіх з ініцыялам Д. у сучаснай беларускай літаратурнай крытыцы папросту быць ня можа, а рэдактар «Тэкстаў» не прапанаваў увазе чытачоў нягеглую правакацыю. Але і хітры ліс у пастку трапляе — раптоўна высьветлілася, што крытык з Гародні Даніла Жукоўскі насамрэч не пісаў артыкула «Літаратура ня пахне»... Ну, што ж, правакацыя ўдалася, і хай Вішнёў паставіць «плюсік» у нататніку са сьпісам сваіх «добрых справаў»... Гэтае паўпераапрананьне ў Жукоўскага мне нагадала працу дзялкоў з краін трэцяга сьвету, якія, штампуючы шырспажыў, выкарыстоўваюць зьлёгку зьмененыя назвы ўсясьветнавядомых брэндаў. Данілу Жукоўскага празь ягоныя тэксты ведаюць многія беларускія пісьменьнікі, крытыкі, выдаўцы. У гэтых колах яго імя без сумневу даўно сталася брэндам. Нядзіўна, што баксэр айчыннага літаратуразнаўства Зьміцер Вішнёў1 вырашыў гэтым брэндам трохі пакарыстацца, прапанаваўшы чытачам дастаткова нячыстую гульню. У такім разе я пакідаю за сабой права разумець артыкул «Літаратура ня пахне» як праграмны для праекту «Тэксты», парваць на грудзях апошні цельнік, схапіць вязанку бутэлек з запальнай сумесьсю і, мовячы «Hasta la vista, baby!», узяцца за яго (артыкула) дэканструкцыю. |
пісьменьнік. Ягоны зборнік прозы «Імя грушы», выдадзены пры канцы 2005 г. у выдавецтве Ігара Логвінава, трапіў у шорт-ліст літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес — 2006», а крытыкеса Людміла Рублеўская ў «Советской Белоруссии» назвала яго «текстом необычным, требующим от читателя знания не только тонкостей белорусского языка, но и истории, и современного литературного процесса». Аўтарская назва палемікі — «Танцы з туалетным качанём, або Што замінае кепскаму баксэру?». |
Узбройваючыся не абы якой назвай для сваіх разваг, замаскаваны аўтар (далей — Псэўда-Жукоўскі2) зухавата спрабуе даць рэцэпт уздыму чытабэльнасьці беларускай літаратуры. Ён прызнаецца, што канстатацыя факту страты літаратурай актуальнасьці ў «наш тэхнакратычны век» надакучыла далей няма куды, і варта было б шукаць канкрэтныя захады для вырашэньня названай праблемы. «Канкрэтныя захады» бяруцца поўнай жменяй з практыкі «цывілізаванага сьвету». У «цывілізаваным сьвеце», які ў гэтым разе абмежаваўся паўднёвымі штатамі ЗША, колькі гадоў таму праводзілася апытаньне, вынікі якога засьведчылі, што пераважная частка тамтэйшых чытачоў (70 %) «бяруць у рукі кнігу адно падчас спраўленьня пэўнай фізіялягічнай патрэбы». Гаворка пра дэфэкацыю. Псэўда-Жукоўскі па-дзіцячаму цешыцца з таго, што заходні кніжны рынак вельмі гнуткі, і рэакцыя на вынікі згаданага апытаньня была вокамгненнай — вокладкі мноства новых кніг закрасавалі своеасаблівымі туалетнымі слоганамі. «Лепшая гісторыя каханьня для чытаньня ў тваёй прыбіральні» — тыповы прыклад такога слогана. Аўтар захапляецца тым фактам, што на кнігі з падобнымі надпісамі быў добры попыт. «У нармалёвых варунках (пра неўсьведамленьне якіх мы ўсе столькі пакутуем) менавіта чытацкі попыт вызначае ход літаратурнага жыцьця, — рэжа ён праўду-матку. — Бо сапраўдная літаратура ствараецца для спажыўца, для задавальненьня ягоных патрабаваньняў — у тым ліку і побытавых, — а зусім не для хваравітых экзальтацый саміх аўтараў». Падаецца, што Псэўда-Жукоўскі беспадстаўна прысабечвае права ня проста абараняць чытацкія інтарэсы, але і гаварыць ад імя чытацкае грамады. Між тым і чытацкія інтарэсы, і чытацкая грамада не ўяўляюць зь сябе нічога суцэльнага. У Беларусі няма адзінства нават сярод спажыўцоў беларускамоўнай кнігі. Таму незразумела, якіх чытачоў Псэўда-Жукоўскі імкнецца абараняць (пэўна ж ад хворых экзальтацый нашых пісьменьнікаў) і фактычна праводзіць знак роўнасьці між імі і часткай (!) чытачоў амэрыканскіх (!), якія аддаюць перавагу спажываньню літаратуры асядлаўшы ўнітаз. Пакуль падобнага паўнацэннага апытаньня ня будзе праведзена ў Беларусі, ніякага атаясамленьня з «амэрыканскім вопытам» і блізка быць ня можа. Рытм жыцьця сярэдняга жыхара паўднёвых штатаў ЗША наўрад ці супадае, напрыклад, з рытмам жыцьця жыхара беларускага Палесься. Мала таго, можна з пэўнасьцю сказаць, што мноства палешукоў дагэтуль не карыстаюцца такім дасягненьнем «цывілізаванага сьвету», як унітаз. Дык жа нават калі б і хацеў затрымацца ў туалеце з кнігай, даўгачаснае сядзеньне на кукішках не дазволіла б — ногі млеюць. Напэўна, Псэўда-Жукоўскі гэтага ня ведае.
|
1 Згадваньні Зьмітра Вішнёва ў кантэксьце з боксам сталіся даволі частымі пасьля таго, як ён у адным з камэнтароў на старонках уласнага інтэрнэт-дзёньніка заявіў: «Трэба разварушыць мясцовае балота. Зусім распусьціліся - аніякага бокса». Ці займаецца рэдактар «Тэкстаў» рэальным боксам, я ня ведаю. 2 Гэта ні ў якім разе не павінна абражаць спадара Данілу Жукоўскага. Падобная практыка назіраецца ў публікацыях гістарычных крыніцаў, калі высьвятляецца, што аўтарам той ці іншай працы быў нехта іншы, а ня той, ад чыйго імя праца напісаная (напр., «Стартэгікон» Псэўда-Маўрыкія VI ст. н.э., пры тым што Маўрыкій быў бізантыйскім імпэратарам).
|
Мне ня хочацца сьцьвярджаць, што нашы суайчыньнікі ў прынцыпе не бяруць кніг з сабою ў прыбіральню. Каб хоць неяк праясьніць сытуацыю, я рызыкнуў правесьці сярод чытачоў майго блогу невялічкае апытаньне адпаведнага зьместу3. Выказалася блізка 20 чалавек, зь якіх амаль палова прызналася, што чытае (ці чытала раней) кнігі ў туалеце. Аднак зробленыя бальшынёй зь іх агаворкі (кшталту: хавалася з кнігай ад брата або чытаю, калі не магу адарвацца ад кнігі настолькі, што прыходзіцца браць з сабою) усё ж намякаюць на экзатычнасьць такога спосабу спажываньня літаратуры4. Мяркую, што і інфармацыю пра згаданае Псэўда-Жукоўскім амэрыканскае апытаньне зь ягонымі наступствамі для кніжнага рынку ў нашых умовах варта разглядаць выключна як экзатызм. Экзатызм дакладна такога самага пляну, як, прыкладам, т. зв. «кур’ёзныя законы» (dumb laws). Вось, у нейкім штаце ЗША дзейнічае закон, які забараняе падкармліваць каётаў. З гэтага можна на ўвесь рот пасьмяяцца, а можна шырока раскрыць гагаўку і нарабіць галасу з прычыны недасканаласьці беларускага заканадаўства, якое не рэглямэнтуе, скажам, гадоўлю ваўкалакаў. Трэба зразумець, што «цывілізаваны сьвет» дурэе на свой капыл, а Беларусь цярэбіць свой уласны шлях. Сытуацыя зь літаратурай у нашай краіне спэцыфічная. Маецца мноства праблем (найперш, канечне, моўная), якіх папросту няма ў ЗША. Выдаваньне экзатычных рэцэптаў для зьмяненьня гэтай сытуацыі ў лепшы бок нагадвае лячэньне ляксы пры дапамозе селядца і сыраквашы.
Псэўда-Жукоўскаму гэта няўцям. Ён нахвальвае «WC-літаратуру», шырыню ейнага жанравага ахопу і ўлік ёю «патрабаваньняў элітарнай публікі». Але хваласьпевы выглядаюць непераканаўча, бо не называецца ніводзін заходні пісьменьнік, які б стяжал славу на ніве ватэрклязэтнага пісьменства. Можа, ананім такіх пісьменьнікаў і ня ведае. А можа, іх і ўвогуле няма. Хто знае... Гэта, аднак, не замінае яму пасьмейваецца зь беларускіх літаратараў, якія — ну ты пабач! — ня хочуць «улічваць ва ўласнай творчасьці дынаміку псыхасаматычных і фізыялягічных працэсаў, удзельнікам якіх зьяўляецца кожны чалавек падчас гэтага, бадай, самага табуяванага ў савецкім таталітарным грамадзтве штодзённага рытуалу». То бок падчас усё той самай дэфэкацыі. Кляўнада дый годзе. Няўжо аўтар забываецца, якія «псыхасаматычныя і фізыялягічныя» рэакцыі на беларускую мову справакаваў савецкі рэжым, калясальныя адрыжкі якога мы ўсё яшчэ назіраем у «наш тэхнакратычны век»? Здаецца, што ня проста забываецца, а фантастычным чынам адрываецца ад рэчаіснасьці. Калі Псэўда-Жукоўскі піша, што шараговыя айчынныя чытачы «аддаюць перавагу расейскамоўнаму маскульту» з тае прычыны, што беларускія пісьменьнікі не ствараюць годных «узораў WC-літаратуры», мне хочацца завыць, быццам недакормленаму каёту, і спытаць у аўтара, дзе ён бярэ такую якасную разрыў-траву... Зыходзячы зь ягонай лёгікі, варта будзе якому тутэйшаму літаратару ўважліва «прыслухацца да фізыялягічных рытмаў» і напісаць адпаведнага кшталту твор, аздобіць гатовую кнігу кідкім надпісам з замілавальнай згадкай пра ватэрклязэт, дык чытачы адразу зьмятуць увесь наклад з паліцаў, раптоўна згадаўшы беларускую мову. Але як гэта магчыма, калі ў паўсядзённым жыцьці зь ёю сутыкаюцца вельмі рэдка? Школьны беларускамоўны досьвед зазвычай мінімальны. Сучасныя выпускнікі сярэдняе школы нават назвы месяцаў па-беларуску зь цяжкасьцю ўспамінаюць. Праграмныя творы зь беларускай літаратуры чытаюць адзінкі. Бальшыня ж іх або не чытае зусім, або чытае ў скароце. Апошняе ўвогуле нагадвае эпідэмію: пра пошукі тых ці іншых твораў у скароце даводзіцца чуць у размовах падлеткаў на школьных перапынках і ў грамадзкім транспарце, назіраць у сеціве5. А пасьля заканчэньня школы для пераважнай масы выпускнікоў беларуская мова фактычна зьнікае, урываючыся ў жыцьцё час ад часу міма іх волі: абвяшчэньне прыпынкаў у аўтобусе, рэдкія рэклямныя ролікі на TV, белмоўны гіт ад J:Морс празь фільтры FM-этэру… |
3 Пытаньне было сфармулявана наступным чынам: «Спадарства, па магчымасьці вельмі тэрмінова адкажэце: ці чытаеце Вы кнігі ў прыбіральні?» 4 Цікава, што амэрыканскі беларус адказаў на маё пытаньне адмоўна. Мабыць, ён не жыве ў паўднёвых штатах, якія так палюбіліся Псэўда-Жукоўскаму.
|
«А что, сейчас еще есть беларуския письменники?» — давялося прачытаць мне падобнае па сэнсе пытаньне на адным абсалютна індыфэрэнтным да беларушчыны інтэрнэт-форуме. Штораз, калі гучыць такое пытаньне, спакушаесься мысьліць штампамі і ўспамінаць пра беларускамоўнае гета. Псэўда-Жукоўскі называе яго «маргінальным гета» і абвяшчае, што выйсьці адтуль «на вольны прасьцяг» і «значна пашырыць аўдыторыю беларускай літаратуры» немагчыма да таго часу, пакуль «вушы пісьменьнікаў будуць закрытыя да найноўшых дасягненьняў прагрэсу». Але што значыць «прагрэс»? Кампутарная пісьменнасьць? Валоданьне навыкамі праграмаваньня? Выкарыстаньне альтэрнатыўных крыніцаў электраэнэргіі? Ведаеце, якое б пытаньне для ўдакладненьня мы ні задалі, Псэўда-Жукоўскі застанецца незадаволеным, бо гэты пан дэманструе адмысловае разуменьне прагрэсу. І пэўна ж яго не зацікавіць той факт, што за пару апошніх гадоў ці ня ўсе самыя актуальныя пісьменьнікі нашага «маргінальнага гета» (Адам Глёбус, Андрэй Хадановіч і інш.) выйшлі ў сеціва, засвойваючы і адначасова выпрабоўваючы магчымасьці акурат аднаго з самых значных сучасных дасягненьняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. І многія з гэтых пісьменьнікаў умеюць расстаўляць тэгі ня горш за публіку, якая недаверліва пытаецца на форумах пра іх (пісьменьнікаў) існаваньне. Мяркую, што на падобныя пытаньні ня варта злавацца ці ўпадаць у скруху. Пакуль іх нехта задае, ёсьць падстава для зацікаўленага дыялёгу. Няхай такі дыялёг будзе суправаджацца разнастайнымі нечаканкамі й шокам — як для беларускіх пісьменьнікаў, так і для беларускіх чытачоў. Але менавіта ён можа паспрыяць пэўнаму паразуменьню між абодвума бакамі. Перакананы, што гэта адбудзецца. Насуперак моўнай сытуацыі і жаданьню рэдакцыі альманаху «Тэксты» бачыць «будучыню менавіта за WC-літаратурай». |
5 Хачу падзяліцца назіраньнем: у той час, калі згодна са школьнай праграмай вывучаецца раман Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя», рэзка ўзрастае колькасьць наведнікаў майго сайта «Тэзэй беларускага постмадэрнізму». Пошукавыя фразы, па якіх прыходзяць на сайт, сьведчаць, што наведнікі шукаюць названы твор менавіта ў скароце.
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (56) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |