A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (57) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Аркадзь Цеплякоў | ||||
Аркадзь Цеплякоў
Марсэльезай супраць сацыяльнага блюзу Француская нацыянальная тоеснасьць у люстры прэзыдэнцкіх выбараў Дух караля сонца Людвіка ХІV не памёр. Аўра манархічнае вялікасьці ўсё яшчэ носіцца ў паветры над Элізэйскім Палацам. Рэзыдэнцыя францускіх прэзыдэнтаў, былая парыская рэзыдэнцыя каралеўскае каханкі Мадам дэ Пампадур, нібыта эмацыйна зьвязала лёс Рэспублікі з культам асобы, супраць чаго выступала рэвалюцыя 1789 г., якая сталася шматзначным сымбалем сучаснае францускае дзяржавы. Прэзыдэнт — не кароль, але праз тое ўлады таксама мае ня менш! Нічога дзіўнага, што цягам апошніх шасьці месяцаў перадвыбарнае кампаніі ўся ўвага Францыі была сканцэнтравана менавіта на асобе будучага прэзыдэнта Рэспублікі. Аднак упершыню ў эпіцэнтар палітычных дэбатаў трапіла пытаньне аб нацыянальнай тоеснасьці. Гэты фэномэн можа выдавацца дзіўным у выпадку адной з найстарэйшых эўрапейскіх нацыяў. Але толькі на першы погляд. Ужо ў рэфэрэндуме 2005 г. адносна прыняцьця эўрапейскае канстытуцыі французы дэстабілізавалі Брусэль сваім масіўным «Супраць!». Азначала гэта ня больш і ня менш тое, што французы не адчувалі сябе добра ў эўрапейскім доме зь ягоным культурным бязьмежжам і сацыяльным лібэралізмам. Прэзыдэнцкія выбары 2007 г. паказалі, што яны не адчуваюць сябе ўтульна і ва ўласнай краіне. Афіцыйна выбраны ў другім туры 6 траўня на пасаду прэзыдэнта спадар Сарказі паабяцаў грунтоўную перабудову грамадзтва. Пра што ідзе гаворка? Усясьветная Дэклярацыя правоў чалавека, праклямаваная рэвалюцыяй, назаўсёды зьмяніла аблічча Hexagone — шасьцікутніка, як самі французы называюць сваю краіну. Французы адчулі пакліканьне стацца галоўнымі носьбітамі ўсеагульных чалавечых каштоўнасьцяў, тры зь якіх сталіся нацыянальным Credo — Liberté, Égalité, Fraternité. Тэалягічная хрысьціянская Тройца — Айцец, Сын і Сьвяты Дух — зьмянілі свае імёны на сьвецкія — Свабода, Роўнасьць і Братэрства. Вызнаньне гэтае трыяды ў ХІХ ст. стала азначаць пераход у францускасьць. Праз два апошнія стагодзьдзі Францыя прыцягнула шматлікіх іншаземцаў, якія шукалі тут ня толькі гастранамічнага раю і прыемнага клімату, але перадусім палітычнага прытулку, уцякаючы ад перасьледу ў сваіх краінах. Менавіта ў Парыжы палітычны эмігрант Адам Міцкевіч напісаў «Пана Тадэвуша» і адначасова быў прафэсарам прэстыжнага Collége de France, дзе ў адкрытую выказваў свае антыклерыкальныя і антыкаталіцкія погляды... Палітычная і культурная эміграцыя з зразуменьнем былі прынятыя асноўнай часткай францускага грамадзтва. Большасьць сярод эмігрантаў былі добра адукаванымі асобамі, як сёньня б казалі інтэлектуаламі, для якіх француская мова была «сваёй» — мовай сьведамасьці і поступу. Гэтыя людзі, па сутнасьці, не імігравалі, але вярталіся «дамоў», да сябе. Сярод славутых французаў шмат тых, хто мае іншаземнае паходжаньне. Высокая француская культура і францускае грамадзтва ў цэлым толькі ўзбагаціліся на гэтай эміграцыйнай хвалі, якая вызнавала рэспубліканскую трыяду і ні ў чым асабліва не адрозьнівалася ад астатніх французаў. Іньекцыя «свабодных генаў» пазытыўна паўплывала на разьвіцьцё культуры, навукі і грамадзкае думкі й ніяк не зашкодзіла францускаму modus vivendi. Гэтая грамадзкая ідылія трывала больш-менш да другой паловы ХХ ст., зь нядоўгатрывалай паўзай рэжыму Вішы (Vichy) маршала Філіпа Пэтэна (Philippe Pétain), які актыўна супрацоўнічаў з нацысцкім рэжымам Нямеччыны і ў ліпені 1940 г. распачаў так званую нацыянальную рэвалюцыю, якая была цалкавітым запярэчаньнем рэвалюцыі 1789 г. Пачалася, як паўсюль у Эўропе ў гэты пэрыяд, чыстка Францыі ад так званай левай заразы і міжнароднага жыдоўства. Свабода, Роўнасьць і Братэрства замяніліся на Сям’ю, Працу і Бацькаўшчыну — сымбалічныя каштоўнасьці, характэрныя для кансэрватыўнага замкнутага грамадзтва дыктатарскага тыпу. Заняпад рэжыму Вішы паставіў канец гэтым ідэалягічным чысткам і стаўся сумнай паўзай у францускай гістарыяграфіі. Канец Другой усясьветнай вайны радыкальна перамяніў палітычную мапу сьвету і прысьпешыў заняпад старых каляніяльных імпэрыяў і адначасова паўстаньне новых ідэалягічных блёкаў. Галоўнай рысай тоеснасьці французаў ёсьць менавіта ўнівэрсалізм. Паняцьце нацыянальнае ідэнтычнасьці неяк заўсёды ішло разам з фармуляваньнем сваёй іншасьці й акрэсьленьнем межаў. Рэлігія, мова, культура — галоўныя характарыстыкі заходнеэўрапейскае дзяржавы-нацыі ў яе клясычным выданьні. Францускае самаакрэсьленьне, у адрозьненьне ад іншых эўрапейскіх нацыяналізмаў, пайшло, аднак у іншым кірунку, чым усе астатнія. Быць французам у ідэалягічным і канцэптуальным вымярэньні пачало азначаць быцьцё перадусім чалавекам свабодным. Сэкулярызаваная тэалёгія мадэрнай эпохі, якая дала пачатак эўрапейскаму гуманізму, знайшла свае палітычнае зьдзяйсьненьне ў Францыі. Сьвецкасьць дзяржавы зьяўляецца галоўным гарантам свабоды яе грамадзянаў. У выніку рэвалюцыі 1789 г. рэлігія перайшла з палітычна-грамадзкае сфэры ў чыста прыватную сфэру кожнага грамадзяніна. Рэспубліка, радыкальна аддзяліўшы часовае ад надчасовага мэтафізычнага, стварыла новы канцэпт нацыі. Французы гэта ня нейкая асобная раса ці этнічная група — гэта перадусім грамадзтва, у якім ёсьць месца для кожнага, хто вызнае яе каштоўнасьці. Пры гэтым этнічнае, сацыяльнае і рэлігійнае паходжаньні ня ёсьць катэгорыямі, паводле якіх можна адмовіць францускасьці. |
(нар. 1972 г. у Жагані, Польшча) — выпускнік Кракаўскай Вышэйшай школы філязофіі «Ignatianum» і факультэту рэлігіязнаўства «Centre Suvres» у Парыжы, дактарант Ліёнскага ўнівэрсытэту імя Жана Мулена. Філёзаф, перакладчык. Супрацоўнічае з парыскім месячнікам «Études». Піша па-беларуску, мае беларускае карэньне. |
У пяцідзясятыя гады ХХ ст., якія адзначыліся пачаткам заняпаду каляніяльнае францускае сыстэмы, паявіліся першыя сымптомы крызісу ідэнтычнасьці. Крывавая вайна ў Альжыры, незалежніцкія рухі ў афрыканскіх калёніях падштурхнулі сотні тысячаў грамадзянаў былое Імпэрыі да міграцыі ў мэтраполію — эўрапейскую Францы¹. Упершыню французы сутыкнуліся ў сваім штодзённым жыцьці з масавай прысутнасьцю выхадцаў з цалкам іншых культураў, якія некалі ўваходзілі ў склад іхнае былое вялікае дзяржавы. Тое, што дагэтуль было экзотыкай, знанай толькі з ілюстрацыяў да аповесьцяў Жуля Вэрна, сталася рэчаіснасьцю перадусім вялікіх гарадоў ды індустрыйных зонаў кантынэнтальнае Францыі.
Францускай Рэспубліцы, аднак, удалося пазьбегнуць паўстаньня выразна вызначаных гета, характэрных для англасаксонскага камунітарызму, у якім этнічныя і рэлігійныя супольнасьці жывуць паасобку. Ключавым паняцьцям сацыяльнае палітыкі ўсіх урадаў дэголеўскае Пятае Рэспублікі, пачаткам якой сталася новая канстытуцыя 1958, было mixité — перамяшанасьць. Сацыяльная і расавая перамяшанасьць, у францускім выданьні, зьяўляецца гарантам роўнасьці ўсіх перад законам Рэспублікі. Адначасова гэтая перамяшанасьць дазваляе дзяржаве мець манаполію на публічную прастору. Масавая гаспадарчая эміграцыя ў Францыю, аднак, радыкальна зьмяніла сацыялягічны партрэт грамадзтва. Праз апошнія дзесяцігодзьдзі на пэрыфэрыях францускіх мэгаполісаў паявіліся своеасаблівыя сацыяльна-этнічныя гета, якія да падзеяў восені 2005 г. пазаставаліся тэмай табу для палітычнае намэнклятуры і, агульна кажучы, для групавое францускае сьведамасьці. Сама ідэя існаваньня паралельных сьветаў унутры Рэспублікі вызывала толькі абурэньне з боку грамадзтва. Паўстаньне прадмесьцяў Парыжу ў восені 2005 г. толькі пацьвердзіла крытычнасьць сытуацыі. Нацыянальная тоеснасьць французаў апынулася пад пагрозай шматлікіх чыньнікаў — пазытыўных: глябалізацыя, Эўропа, рэгіяналізацыя і менш пазытыўных, як камунітарызм і індывідуалізм. Ідэнтычнасьць французаў была важнай тэмай перадвыбарчай кампаніі абаіх галоўных кандыдатаў фіналістаў на пасаду прэзыдэнта. Нікаля Сарказі казаў пра утварэньне міністэрства іміграцыі і нацыянальнае ідэнтычнасьці, а Сэгален Руаяль узгадала пра нацыянальны сьцяг у кожнай францускай сям’і. Як патлумачыць вяртаньне тэматыкі нацыянальнае ідэнтычнасьці ў францускі дагэтуль унівэрсалістычны палітычны дыскурс? Першае тлумачэньне будзе чыста палітычным: Нікаля Сарказі запрапанаваў утварэньне гэтага міністэрства ў барацьбе за патэнцыйныя галасы выбарцаў Жана-Мары Лё Пэна, лідэра скрайне правага Нацыянальнага Фронту. Сэгален Руаяль, фаварытка левых сілаў, узгадала сьцяг, каб зазначыць сваю прысутнасьць у нацыянальных пытаньнях, пра якія сацыялістычная партыя ніколі ня дбала. Усе сацыялягічныя апытаньні грамадзкага меркаваньня ўказвалі на тое, што гэтая тэматыка як ніколі зацікавіла французаў. Другі ўзровень тлумачэньня гэтага сацыялягічнага фэномэну больш грунтоўны і датычыць сапраўдных прычынаў гэтых палітычных дэбатаў. Гэтыя прычыны траістыя: каляніяльная спадчына, глябалізацыя і эўрапейская інтэграцыя. Францыя сталася мультыэтнічным грамадзтвам. Гэты факт цяжка ўспрымаецца асноўнай часткай французаў. Калі пакінуць у баку ксэнафобскія адчуваньні, француская нацыянальная тоеснасьць базуецца галоўным чынам на так званым сьляпым унівэрсалізьме, гэта значыць на адмаўленьні адрозьненьняў у палітычнай супольнасьці — ідэя, паводле якой мы ўсе роўныя, таму што знаходзімся ў той самай публічнай прасторы... Гэты кампраміс дазволіў Францыі разьвіцца ў дэмакратычную дзяржаву-нацыю, завяршаючы такім чынам доўгую вайну паміж рэспубліканцамі і каталікамі раялістамі. Гэта, аднак, не азначае працягу рэвізіі тых самых канцэпцыяў у бліжэйшай будучыні. Першы чыньнік — гэта цяжка стрававальная каляніяльная спадчына. Каб пазьбегнуць дыскрымінацыі ў пошуках працы, кандыдатам дазволена высылаць ананімныя рэзюмэ. Але калі даходзіць справа да першай сустрэчы з патэнцыйным працадаўцам, кандыдат зьяўляецца са сваім тварам і сваім ладам жыцьця. І вось ілюзія і хлусьня аб ананімнасьці. Унівэрсалізм не дазваляе стварыць сапраўднай салідарнасьці ў грамадзтве, таму што перш за ўсё падтрымлівае дамінантную мадэль і стэрэатып унівэрсальнасьці, якім па сутнасьці зьяўляецца чалавек белае расы з прыналежнасьцю да сярэдняе і вышэйшае сацыяльнае клясы. Нацыянальная француская тоеснасьць, пра якую тут гаворка, была збудаваная пасьля рэвалюцыі 1789 г. Пабудова дэмакратыі і нацыянальнае сьведамасьці ішлі разам. Рэспубліканскі кампраміс, які дазволіў кансалідаваць ІІІ Рэспубліку з дэмакратыяй, палягаў менавіта на гэтай ідэі, што ў палітычнай супольнасьці прыватнае, асабістае і іншае ня мае інтарэсу для грамадзтва. Для грамадзтва галоўнае тое, што яднае, што супольнае ва ўсіх. Грамадзянін павінен пакінуць у баку свае прыватныя інтарэсы ў якія ўваходзяць рэлігія, геаграфічнае ды сацыяльнае паходжаньне. Кожны францускі вучань ведае пра гэта з школьных лекцыяў. Такая мадэль цяжка прымае іншасьць і канфлікт інтарэсаў. Канцэпцыя аб унівэрсальным індывідуўме ідзе разам зь верай у супольнае і агульнае дабро. Рэвалюцыя, якая перавярнула парадак рэчаў, пакінула ў спадчыну перакананьне ў тым, што Дзяржава, своеасаблівая эманацыя нацыі, можа рашаць усё, уключаючы кірунак, у якім пойдзе разьвіцьцё сьвету і якой будзе будучыня. Адзначаючы рэвалюцыю, міт заснаваньня рэспублікі, французы падтрымліваюць перакананьне ў здольнасьці дзейнічаць разам у супольным парыве, незалежна ад прыватных і групавых інтарэсаў. Чым была нацыянальная тоеснасьць у тэарэтычным пляне і ці часта яна была дагэтуль у цэнтры дэбатаў у Францыі? Нацыі паўсталі ў выніку індустрыяльнае рэвалюцыі, якая паўплывала на разьвіцьцё дэмакратыі шырокіх масаў. Важна зазначыць розьніцу паміж нацыяналізмам і паняцьцем нацыянальнае тоеснасьці. Нацыяналізм зьяўляецца ідэалёгіяй, паводле якой існуе геамэтрычная роўнасьць паміж народам, нацыяй і дзяржавай. Што тычыцца нацыянальнае ідэнтычнасьці, яна фармуецца паводле таго, як грамадзяне той ці іншай краіны разумеюць тое, што іх яднае. Такім чынам, нацыянальная тоеснасьць, больш далёкая ад паняцьця нейкай поўні, эсэнцыі, зьяўляецца, хутчэй за ўсё, кампрамісам, наступствам канкурэнтных канцэпцыяў дадзенае палітычнае супольнасьці. Інакш кажучы, існуе вялікая ўзаемазалежнасьць паміж нацыянальнай тоеснасьцю і палітыкай. Нават калі сёньня тэндэнцыі мяняюцца, адчуваньне сябе грамадзянінам і карыстаньне з сваіх палітычных правоў застаецца ў галіне прыналежнасьці да нацыі. Чаму менавіта сёньня часта гаворыцца пра крызіс францускай ідэнтычнасьці? З аднаго боку, рэспубліканская ідэалёгія пост-хрысьціянскае трыяды — свабоды, роўнасьці і братэрства — не ідзе разам з рэчаіснасьцю штодзённага жыцьця ўсіх грамадзянаў і толькі ўзмацняе табу. Зь іншага боку, гэты крызіс цесна зьвязаны з глябалізацыяй і эўрапейскай інтэграцыяй. У выніку дэбатаў аб эканамічных праблемах, зьвязаных з глябалізацыяй і дэлякалізацыяй (пераносам прадпрыемстваў з Заходняе Эўропы ў зоны таннай працоўнай сілы), руйнуецца яшчэ адзін францускі міт пра тое, што дзяржава можа вырашаць усё. Аднак француская дзяржава ня можа стрымаць, напрыклад, дэлякалізыцыі, бо ў выніку такой інтэрвэнцыі з боку ўраду ва ўмовах рынкавае гаспадаркі капітал сам пакіне тэрыторыю дзяржавы. Ёсьць яшчэ праблематыка Эўропы. Эўрапейскі Зьвяз будуецца на ідэалёгіі, якая прызнае розьніцу і плюралізм. Ён таксама выходзіць зь перакананьня, што Дзяржава толькі рэгулюе гаспадарку, але нічога не рашае і не навязвае. Ідэалёгія Эўразьвязу цяжка ўспрымаецца французамі, таму што палітычная супольнасьць ЭЗ пабудаваная менавіта на плюралізьме поглядаў і інтарэсаў, а таксама на іншай канцэпцыі палітычнае ўлады. Аднак нельга казаць, што існуе глыбокі антаганізм паміж францускай і эўрапейскай ідэнтычнасьцю. Прыналежнасьць да нацыі адкрывае шлях да ідэнтыфікацыі з Эўропай: Эўразьвяз зьяўляецца палітычнай супольнасьцю, якую нельга зразумець, і нельга адчуваць сябе яе часткай, калі няма досьведу нацыянальнае палітычнае супольнасьці і быцьця грамадзянінам у сваёй уласнай краіне.
Як пераадолець гэты крызіс?Францыі трэба прыняць каляніяльную спадчыну. Пытаньне ня ў тым, каб даць нейкую пазытыўную ці нэгатыўную ацэнку калянізацыі, але разглядаць яе як інтэгральную частку генэзы сёньняшніх французаў. Што датычыць глябалізацыі, новаму прэзыдэнту і ягонаму ўраду трэбу будзе адказаць, што дзяржава ў гэтым кантэксьце можа яшчэ вырашаць. Паводле агульнага меркаваньня ў францускім грамадзтве, эканамічны прыбытак стаўся важнейшым за чалавечае жыцьцё. Сёньня, нягледзячы на шостае месца паводле прыросту ВУП у сьвеце, сама Францыя нічога зьмяніць ня зможа. Урэшце Францыі трэба паразумеецца з Эўразьвязам, каб актыўна ўдзельнічаць у яго рэформах. Дзеля гэтага, аднак, Францыі трэба мяняцца самой. Таму тэматыка пераменаў, а нават радыкальных пераменаў, была ў цэнтры перадвыбарчае кампаніі.
Што прапаноўваюць палітыкі?Для Нікаля Сарказі пачаткі Францыі сягаюць самое вечнасьці, і тое, што французы атрымалі найлепшага ў спадчыну, — гэта Францыя — каштоўнасьць сама ў сабе. Трэба толькі ганарыцца Францыяй, а адзінай альтэрнатывай гонару зьяўляецца сорам, а французам няма чаго саромецца. Тыя, што жадаюць стацца французамі, павінны дастасавацца да наяўных традыцыяў і любіць Францыю такую, якой яна ёсьць. Тыя ж, хто ня згодны з гэтым падыходам, ня маюць чаго шукаць у Шасьцікутніку. Гэтая канцэпцыя досыць традыцыйная і бліжэйшая да нацыяналізму. Пры гэтым Нікаля Сарказі належыць да той катэгорыі палітыкаў, якія згодныя верыць у дасканалую інтэграцыю а нават асыміляцыю імігрантаў у грамадзтва: паводле ягоных перакананьняў, французы іншаземнага паходжаньня ў N пакаленьні могуць быць больш «францускімі» за «этнічных» французаў і лепей працаваць на карысьць Францыі. Спадар Сарказі сам вугорскага паходжаньня і напэўна сам ведае, пра што кажа.Выказваньні спадарыні Руаяль практычна супрацьлеглыя поглядам Сарказі. Галоўным у дыскурсе аб нацыянальнай тоеснасьці мадам Руаяль зьяўляецца ня сьцяг, а чарговы рэспубліканскі міт, паводле якога галоўным можа быць толькі будучыня. Як гаворыць францускі філёзаф гісторыі Жозэф Рэнан: «Спадчынай мінулага ёсьць слава і шкадаваньні; будучыня прапаноўвае такую самую праграму». Францыя, пра якую кажа Руаяль, — гэта перадусім разнароднасьць. Яна часта ўзгадвала пра Францыю — metissée — зьмешанай крыві. Для яе Францыі болей у праектах будучыні, чым ва ўспамінах з слаўнага мінулага. Галоўнай характарыстыкай гэтай прэзыдэнцкай кампаніі былі дэбаты аб іміграцыі і канфлікце культураў. У францускім палітычным слоўніку няма выразу мультыэтнічнай супольнасьці. Прыметнік этнічны выклікае нэгатыўныя асацыяцыі ў францускіх сацыяльных канцэпцыях. Тлумачыцца гэта вельмі проста. Тое, што этнічнае адсылае да прыватнага і да нэгацыі ўнівэрсальнага для ўсіх розумаў. Ва ўсясьветнай практыцы існуюць тры спосабы сацыяльнага ўладкаваньня: плюралізм, камунатарызм і, уласна француская мадэль, рэспубліканскі індывідуалізм. У плюралізьме прызнаецца разнароднасьць і «іншасьць» кожнага. Камунатарызм будуецца на перакананьні, што этнічныя або культурныя розьніцы настолькі вялікія, што гэтыя «іншыя» групы патрабуюць мець у палітычнай сыстэме нейкую форму аўтаноміі. Калі Францыя адмовіцца ад аднаго з сваіх мітаў — унівэрсалізму, — у якім кірунку яна будзе разьвівацца пры Нікаля Сарказі? Калі ў бок англасаксонскага камунатарызму, у якім культурныя супольнасьці маюць шмат аўтаноміі, францускія дэбаты, напрыклад, пра сьвецкасьць у публічнай прасторы, згубяць сваю актуальнасьць. Апошнім часам шмат гаварылася ў Францыі аб нашэньні паранджы мусульманкамі. У камунатарыстычным падыходзе кабета можа быц ь цалкам прыкрытая, калі правілы яе культурнай супольнасьці абавязваюць яе да гэтых практыкаў. У Францыі цяжка ўявіць паліцыянта сікха з турбанам на галаве, як гэта здараецца ў Ангельшчыне, напрыклад. У публічнай прасторы абавязваюць нормы Рэспублікі, а не асобнае групы. Таму гэты самы сікх-паліцыянт дома можа апранацца як сабе жадае, але на працы павінен быць апрануты паводле агульных нормаў. Цэнтралізацыя і ўніфікацыя былі заўсёды галоўнай характарыстыкай францускае палітычнае сыстэмы. Магчыма, Францыя пойдзе ў кірунку разнароднасьці, якая будзе галоўнай рысай нацыянальнае тоеснасьці і такім чынам застанецца вернай сваёй уласнай нацыянальнай канцэпцыі. Іншыя рашэньні могуць толькі справакаваць напружанасьць у грамадзтве. Краіна, якая старэе дэмаграфічна, становіцца краінай, у якой страх і пачуцьцё небясьпекі большыя і патрэба аховы мацнейшая, кансэрватызм таксама больш пашыраны. Таму можна казаць, што Францыя асуджаная на посьпех правых сілаў, што тлумачыць выбар прадстаўніка галоўнае правае партыі UMP (Саюз за народны рух) Нікаля Сарказі на прэзыдэнцкую пасаду. Можа, старэньне Францыі тлумачыць ейную стомленасьць ад вечнага пытаньня Хто я? Нікаля Сарказі мае пяць гадоў, каб даць свой адказ. У гэтым ужо ёсьць пэўная навізна: дагэтуль ніводзін дэмакратычны ўрад не адлучваў ад нацыянальнай тоеснасьці сваіх грамадзянаў праз адміністрацыйны апарат. Новае міністэрства ў справах іміграцыі і нацыянальнае ідэнтычнасьці, можа, і ёсьць гэтай ластаўкай пераменаў. Галоўнае, каб ластаўка ня сталася чорным крумкачом.
|
¹ Па сёньняшні дзень існуе так званая Заморская Францыя — France d’Outre-Mer, — якая ўключае заморскія дэпартамэнты і тэрыторыі, якія належаць да Францыі. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (56) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |