A R C H E П а ч а т а к № 6 (57) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


6 - 2007

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • літаратура • палеміка

 


крытыка

  Тацяна Чуліцкая

Вокладка «ARCHE» №6
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Тацяна Чуліцкая
Радасныя сумневы ў існаваньні беларусаў

Тимофеев, Алексей. Новейшая белорусская история //
Россия в глобальной политике
. 2007. 15 марта.

Лопшина, Александра. Политическое сотрудничество Украины и Беларуси в рамках СНГ. Ч. 1 // ia-centr.ru.

Фадеев, Александр. Прогноз развития экономики Белоруссии остается неясным // materik.ru.

Пазначаючы межы

Часам складваецца ўражаньне, што Беларусь сапраўды зьяўляецца незалежнай і абсалютна свабоднай дзяржавай. Свабоднай і незалежнай настолькі, што яна перастае быць цікавай для дасьледчыкаў сацыяльна-палітычнай сфэры краінаў-суседак, у прыватнасьці, Расеі. Як экспэдыцыі на Месяц у пошуках прыкметаў жыцьця — загадзя вядома, што іх там усё адно няма. Аналіз вядучых расейскіх часопісаў і аналітычных сайтаў за сёлетнюю вясну відавочна дэманструе, што Беларусь, па сутнасьці, быццам бы «выпала» са сфэры інтарэсаў расейскіх палітолягаў. У выніку беларускімі дасьледаваньнямі ў Расеі займаюцца альбо тыя, каму гэта трэба «па службовым абавязку» (гэта датычыць работаў у структурах, якія прафэсійна займаюцца вывучэньнем СНД), альбо тыя, хто робіць пра яе матэрыялы хутчэй публіцыстычнага, чым навуковага кшталту. Так, ні ў сьвежым нумары «Неприкосновенного запаса»1, ні ў іншых часопісах падобнага кшталту (напрыклад, «Отечественных записках»2, які быў цалкам прысьвечаны ўкраінскай тэматыцы і інш.) практычна не зьявілася арыгінальных працаў пра Беларусь. Бадай адзіным невялічкім выняткам з гэтай тэндэнцыі стаў часопіс «Россия в глобальной политике»3, дзе ў першым (яшчэ лютаўскім) нумары быў зьмешчаны артыкул беларускага ж журналіста Юр’я Дракахруста, а ў сакавіку (праўда, толькі на сайце часопіса) — даволі цікавы матэрыял «Найноўшая беларуская гісторыя», гаворка пра які пойдзе ніжэй.

Варта адзначыць яшчэ адну цікавую тэндэнцыю ў адносінах да Беларусі як аб’екта дасьледаваньня расейскіх аглядальнікаў у дадзены пэрыяд. Даволі актыўны ньюзмэйкер і стваральнік «гучных» інфармацыйных нагодаў для шэрагу інфармацыйных, папулярных сярод «высокалобых» расейцаў сайтаў, наша краіна, тым ня менш, практычна не становіцца аб’ектам аналітыкі. Так, пачынаючы зь першага красавіка і да канца траўня інфармацыйны партал www.polit.ru зьмясьціў каля 100 розных матэрыялаў пра Беларусь, аднак практычна ўсе яны адносяцца да рубрыкаў «Навіны» ды «Падзеі» і зьвязаныя з разгортваньнем чарговых віткоў нафтагазавага канфлікту. У разьдзеле ж «Аналітыка», дзе зьмяшчаюцца матэрыялы дасьледніцкага альбо прынамсі аўтарскага характару, ёсьць толькі некалькі ўскосных згадак, неяк зьвязаных з краінай. У гэтых згадках Беларусь выступае пераважна ў якасьці адсылачнага прыкладу да сытуацыі нафтагазавых баталіяў.

У якасьці наступнай сфэры прысутнасьці беларускай тэматыкі ў аналітычна-дасьледніцкай прасторы Расеі можна назваць сайты і выданьні цэнтраў і інстытуцыяў, якія мэтанакіравана займаюцца праблематыкай СНД наагул і Беларусяй у прыватнасьці. Напрыклад, інфармацыйна-аналітычны партал «Материк»4, які падтрымліваецца Цэнтрам па вывучэньні грамадзка-палітычных працэсаў на постсавецкай прасторы МГУ5. На іх зьмяшчаюцца аналітычныя, навуковыя ці калянавуковыя тэксты па беларускай тэматыцы, аднак пры іх прачытаньні часьцяком міжволі ловіш сябе на думцы, што самім дасьледнікам ня вельмі цікавая гэтая тэма, альбо іх меркаваньні будуюцца на, мякка кажучы, павярхоўным аналізе.

Старая песьня на няновы лад

Новейшая белорусская история // Россия в глобальной политике. 2007. 15 марта6.

Як згадвалася раней, часопіс «Россия в глобальной политике» ў сакавіку апублікаваў матэрыял, які можа быць вельмі цікавым для тых, хто займаецца аналізам пазыцыі назіральніка альбо інтэлектуала. Дадзены артыкул не зьяўляецца новым ні сутнасьцю, ні формай — у ім у чарговы раз падабраныя і зьведзеныя разам сьцьверджаньні, супольная мэта якіх — паказаць адсутнасьць беларускай нацыі і перакрэсьліць «за непатрэбнасьцю» ўсе спробы давесьці адваротнае.

У аснове артыкула з назвай «Найноўшая беларуская гісторыя» закладзеная больш чым спрэчная для беларусаў, але адназначная для мэйнстрыму сучаснай расейскай паліталягічнай і гістарычнай думкі тэза пра тое, што ў Беларусі не існуе ўласнай трактоўкі гісторыі, а па сутнасьці і ўласнай традыцыі гістарычнай думкі. Асновай для чарговага паўтарэньня гэтага меркаваньня, якое ня дужа вылучаецца арыгінальнасьцю і навізной, служыць мэдыйна-грамадзкі канфлікт, які ўзьнік вакол пабудовы ў Кобрыне праваслаўнага храму, прысьвечанага Аляксандру Сувораву7. Артыкул і пачынаецца з катэгарычнага сьцьвярджэньня аб тым, што:

  палітоляг, магістар паліталёгіі Манчэстэрскага ўнівэрсытэту.
Аўтарская назва тэксту — «Беларусь для інтэлектуальнай Расеі:
сумна альбо нецікава? Беларусь у матэрыялах расейскіх інтэлектуальных часопісаў і сайтаў:
сакавік — травень 2007 году».
   

За больш як паўтара дзясятка гадоў існаваньня ў якасьці незалежнай дзяржавы Беларусь так і ня вызначылася ў сваім стаўленьні да ключавых фігураў і момантаў уласнай гісторыі. Доказам на гэта стала грамадзкая палеміка вакол будаўніцтва храма, прысьвечанага Аляксандру Васілевічу Сувораву8.

Аднак яшчэ больш цікава тое, што пасьля гэтага апрыёрнага і адназначнага меркаваньня аўтар артыкула (арыгінал якога зьявіўся на стужцы інфармацыйнай агенцыі Росбалт) прысьвячае ўсю вольную прастору «разьвянчаньню мітаў» усё той самай «няіснай трактоўкі беларускай гісторыі».

Лёгіка тэксту выбудоўваецца на «разборы неадэкватнасьці» прапановаў беларускіх і польскіх гісторыкаў. Пры гэтым само сабе разважаньне мае ня надта прыкрыты характар этнічна-нацыяналістычнага дыскурсу. Аўтар спрабуе давесьці, што ніякіх народнасьцяў у ВКЛ яшчэ не існавала, таму любыя сувязі зь «беларускасьцю» гэтага дзяржаўнага фармаваньня зьяўляюцца, нібыта, несапраўднымі. Дадзены пункт гледжаньня падаецца як «аб’ектыўны», відаць, у супрацьвагу дасьледаваньням навукоўцаў Беларусі і Польшчы:

Аднак у ВКЛ, апроч продкаў цяперашніх беларусаў, жылі продкі рускіх, украінцаў, літоўцаў ды іншых народнасьцяў. Наагул, дужа цяжка разважаць пра этнічны характар гэтай дзяржавы: сучасныя ўсходнеславянскія этнасы пачалі актыўна фармавацца толькі ў ХІХ ст., калі Вялікага Княства ўжо даўна не існавала9.

Далей у артыкуле працягваюцца свайго кшталту мэтадалягічныя «фокусы», якія, калі адысьці ад мовы літаратурных мэтафараў, можна назваць практыкаваньнямі ў эсэнцыялісцкай рыторыцы. За «абсалютна відавочны факт» выдаецца выказваньне, якое, як найменей, ня можа мець адназначнай трактоўкі:

Уважаць РП за нацыянальную дзяржаву беларусаў яшчэ больш наіўна. Відавочна, што становішча праваслаўных прота-беларусаў ды ўкраінцаў у аб’яднанай польска-літоўскай дзяржаве было ўшчэмленым10.

Сьцьвярджэньне сваёй поўнай гістарычнай, мэтадалягічнай і ледзь не маральнай праваты суправаджаецца таксама ня вельмі новым, але «радасным» для некаторых прадстаўнікоў ня толькі расейскай, але і беларускай гістарычнай навукі сумневам у існаваньні беларускага народу як такога. Выказваюцца сумневы адносна таго, ці можна лічыць адзіным народам падзеленае на «заходняе» і «ўсходняе» насельніцтва Беларусі і ці можна разглядаць «палянізаваную шляхту» ў якасьці часткі гэтага самага народу. Характэрна, што ўкраінцы пры гэтым называюцца ўкраінцамі, а да назвы беларусаў упэўнена прыляпляецца прыстаўка «прота-».

Усходняя і Цэнтральная Беларусь, якія былі далучаныя да Расейскай імпэрыі ў 1772 і 1793 гг., не падтрымалі гэтага руху. Мала таго, ступень і формы падтрымкі ў заходніх вобласьцях — пытаньне дыскусійнае, бо галоўнай рухальнай сацыяльнай сілай выступаў палянізаваны шляхецкі стан11.

Меркаваньні падобнага кшталту наводзяць на свайго роду «экзыстэнцыяльны сум», пасьля чаго міжволі хочацца задаваць апрыклыя ўжо пытаньні пра тое, ці можна лічыць «расейскім» дваранства XVIII—XIX стст., гутарковай мовай якога была француская?

І пры канцы робіцца яшчэ адно сьцьверджаньне, безь якога артыкул падобнага кшталту практычна ня мог бы абысьціся, — указаньне на «зло», прынесенае на Беларусь польскай асыміляцыяй і «выратаваньне» народу асыміляцыяй, праведзенай уладай савецкай. Грунтоўна камэнтаваць такія меркаваньні даволі нудна і бессэнсоўна, тым больш што ў якасьці «важкага аргумэнту», які пацьвярджае праўдзівасьць гэтай тэзы, спасылка даецца на афіцыйную гістарычную навуку:

Збольшага нельга не згадзіцца з доктарам гістарычных навук, чальцом-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пятром Петрыкавым, які мяркуе, што барацьба за адраджэньне польскай дзяржавы не магла пасаваць да інтарэсаў беларусаў... Толькі ў рамках Расейскай імпэрыі, а пазьней Савецкага Саюзу, былі створаныя ўмовы для разьвіцьця этнічнай самасьвядомасьці беларусаў12.

Чытаючы падобныя матэрыялы, міжволі задаеш сабе пытаньне, ці не абрыдла самім аўтарам пісаць, а часопісам і сайтам друкаваць такія матэрыялы? Бо ў іх аснову пакладзена ўжо ня раз агучаная, але гатовая зноў і зноў да ўзнаўленьня рыторыка аб «адсутнасьці гісторыі ў малых народаў Расеі». Незразумелыя крытэры, чаму пазыцыя расейскіх аўтараў можа прэтэндаваць на «аб’ектыўнасьць», а беларускіх — адназначна не. Хочацца таксама зьвярнуць увагу на яшчэ адзін момант. Калі падобнага роду публікацыі так і застаюцца ў рамках журналісцкага поля — гэта можна прыняць, бо такая падача інфармацыі збольшага адпавядае пераважным настроям шырокіх масаў расейскага насельніцтва. Аднак прынцыпова іншае гучаньне атрымліваецца тады, калі гэтыя публікацыі выходзяць у фармат поля інтэлектуальных (альбо якія хоць бы прэтэндуюць на тое, каб быць такімі) крыніцаў.

Вывучаем, таму што так трэба

Другі тып аналітычных публікацыяў, на якім хацелася б спыніцца асобна, — матэрыялы сайтаў расейскіх інстытуцыяў, якія займаюцца краінамі СНД. Паспрабуем разгледзець, якім чынам ажыцьцяўляецца гэты аналіз.

Матэрыял раней згаданага аналітычнага парталу МДУ пад назвай «Палітычнае супрацоўніцтва Ўкраіны і Беларусі ў рамках СНД. Ч. 1.»13 (аўтарка Аляксандра Лапшына) уяўляе зь сябе даволі тыповую работу на ўзроўні асьпірантуры постсавецкай ВНУ. Гэта пісьменны выклад асноўных вехаў разьвіцьця беларуска-ўкраінскіх адносінаў, які па сутнасьці ня мае асаблівай прывязкі ні на часу, ні да месца, ні якойсьці асаблівай інфармацыйнай нагоды. Тым ня менш, матэрыял цікавы тым, што нават на ўзроўні пастаноўкі пытаньня ён узнаўляе даволі пазнавальную і нават крыху застарэлую рыторыку «адзінства агульнасьці расейскага і беларускага народу»:

...пакрысе прарасейская арыентацыя набыла даміноўны і ўсёахопны ўплыў у палітыцы, эканоміцы, духоўнай і сацыяльнай сфэры беларускага грамадзтва. Выразьнікам гэтай тэндэнцыі стаў абраны ў 1994 г. прэзыдэнтам А. Лукашэнка, які прапанаваў мадэль найболей глыбокай вайскова-палітычнай, вайскова-тэхнічнай і вайскова-эканамічкай інтэграцыі з Расеяй.

Далей у артыкуле падаецца яшчэ больш агульнае (і тым больш дзіўнае, улічваючы цяперашні палітычны кантэкст) сьцьвярджэньне аб адсутнасьці супярэчнасьцяў паміж Расеяй і Беларусяй, у адрозьненьне ад Украіны. На працягу ўсяго матэрыялу аўтарка спрабуе падагнаць пад гэтую дзіўную інтэлектуальную канструкцыю фактычныя палітычна-эканамічныя расклады і ня надта дбае пра рэальны стан рэчаў. Уяўны ж саюз Расеі і Беларусі ў гэтай канструкцыі закліканы падкрэсьліць іх апазыцыю «зьвернутай на Захад» Украіне:

Так склалася, што Расея і Беларусь аказаліся ў авангардзе інтэграцыйнага працэсу на тэрыторыі былога СССР. Паміж імі не існуе незамірэнчых супярэчнасьцяў у пытаньнях інтэграцыі, чаго нельга сказаць пра Ўкраіну, якая не сьпяшалася далучыцца да «братоў-славянаў»14.

У цэлым жа разьмешчаныя на сайце гэтага аналітычнага цэнтру матэрыялы ўяўляюцца хутчэй развагамі на тэму, чым рэальнай дасьледніцкай працай, хоць яна і вядзецца ў рамках найбуйнейшай расейскай ВНУ.

Крыху іншыя духам, а галоўнае якасьцю аналітычныя матэрыялы зьмяшчае партал «Материк». Сёлета ўвесну на ім зьявілася адразу некалькі публікацыяў з аналізам эканамічнага стану беларускай эканомікі і яе палітычных пэрспэктываў. Так, артыкул Аляксандра Фадзеева «Прагноз разьвіцьця эканомікі Беларусі застаецца няясным»15 нясе ў сабе крыху іншы (у параўнаньні з разгледжанымі раней артыкуламі) ракурс разгляду беларускай праблематыкі. Тут выразна гучаць абвінавачваньні на адрас цяперашняга беларускага ўраду ў эканамічнай некампэтэнтнасьці, якую афіцыйны Менск спрабуе прыкрыць палітычнымі сродкамі:

Калясальныя страты чакаюць беларускую эканоміку ў зьвязку з рэалізацыяй узятых перад Расеяй абавязаньняў... Урад РБ не зацікаўлены ў стварэньні рынкавага асяродку, прыняцьці законаў, якія стымулююць канкурэнцыю і продаж дзяржаўных прадпрыемстваў у прыватныя рукі16.

Пры гэтым фактычны разрыў адносінаў з Расеяй расцэньваецца як абсалютнае зло для Беларусі, у якой па-за дадзеным кантэкстам і без падтрымкі з боку «вялікага брата» няма шанцаў на выжываньне. Высновы гэтага дастаткова добра аргумэнтаванага і ідэалягічна выверанага артыкула падкрэсьліваюць некампэтэнтнасьць цяперашняга беларускага палітычнага рэжыму, прагназуюць крах беларускай эканомікі, падводзячы да думкі аб марнасьці любых спробаў краіны быць па-за Расеяй.

Зрэшты, матэрыялы вышэйпамянёных дасьледніцкіх парталаў не нясуць асаблівай гнастычнай каштоўнасьці і зьмяшчаюць інфармацыю пра Беларусь хутчэй для «адпрацоўкі» гэтага дасьледніцкага кірунку, чымся для прадукаваньня сапраўды новых матэрыялаў пра яе. Разам з тым яны цікавыя і карысныя для разуменьня таго, як ставяцца да беларусаў і Беларусі ў якасьці аб’екта дасьледаваньня, і дэманструюць разнастайны спэктар гэтага стаўленьня.

Падводзячы вынікі

Адсутнасьць у мінулыя тры месяцы відавочнага інтарэсу з боку расейскай інтэлектуальнай супольнасьці да Беларусі можна расцэньваць па-рознаму. З аднаго боку, гэта можа быць часовай зьявай, якая зьменіцца ўжо ў наступныя пару месяцаў. Актыўнае ньюзмэйкерства Беларусі і падзеі, зьвязаныя з фактам продажу пакету акцыяў «Белтрансгазу», могуць зь лёгкасьцю аднавіць некалі страчаную дасьледніцкую прывабнасьць краіны ў вачох расейскіх аналітыкаў і палітолягаў. У якасьці ўскоснага пацьверджаньня дадзенай тэзы можа разглядацца той факт, што ў канцы мінулага — пачатку гэтага году Беларусь ня толькі не выпадала з дасьледніцка-аналітычнай прасторы Расеі, але, наадварот, прысутнічала ў ёй у якасьці неабходнага кампанэнту.

Зь іншага боку, магчыма, варта задумацца, ці ня ёсьць такая «зона маўчаньня» з украпінамі «дыдактычна-навуковых» альбо «абавязковых па працы» матэрыялаў сьведчаньнем больш агульнай тэндэнцыі — адсутнасьці рэальнай навуковай цікавасьці расейцаў да Беларусі? І калі гэта сапраўды так, то з чым гэта зьвязана? Ці гэта пацьверджаньне таго, што наша краіна больш і больш ссоўваецца на пэрыфэрыю сьвядомасьці расейскіх навукоўцаў альбо ім проста нецікавы цяперашні, нібыта вывучаны беларускі кантэкст? Сумна ці нецікава? Пытаньне застаецца адкрытым.

  7 Крыху адыходзячы ўбок, трэба адзначыць, што тэма выклікала даволі вострую дыскусію ў асяродку беларускіх карыстальнікаў «ЖЖ». У прыватнасьці, адна зь лініяў спрэчак разгарнулася паміж беларускімі гісторыкамі і прадстаўнікамі Праваслаўнай царквы.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/08/26