A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (57) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Кшыштаф Чыжэўскі | ||||
Кшыштаф Чыжэўскі
Малы нью-йоркскі паэтычны слоўнік «БЕЛЫ КОНЬ» («White Horse»), таверна на рагу вуліцы Гудзон і Адзінаццатай вуліцы, месца сустрэч паэтаў і легенда мастацкай багемы Грынвіч-вілідж. Збудаваная ў 1880 г., на сёння яна застаецца адным з апошніх будынкаў на Манхэтэне, аздобленых дрэвам. «Белы конь» быў улюбёным месцам Дылана Томаса ў Нью-Йорку. З таго часу, як яго ўпершыню прывёў сюды шатландскі паэт Рутвен Тод, Томас выпіў тут не адзін літр ірландскага «элю». Сёння тут вісіць мемарыяльная дошка, якая нагадвае пра лістападаўскую ноч 1953 г., калі пасля апошняга выпітага ў таверне кілішка Томас страціў прытомнасць. Томасава легенда прыцягвала да таверны новых наведнікаў-літаратараў. Завітвалі сюды Норман Мейлер і Джэймс Болдуін. Вэнс Бурджэйлі, аўтар вядомага рамана «Канец майго жыцця», арганізаваў тут рэгулярныя нядзельныя пасляабедзенныя пісьменніцкія «вячоркі». У іх удзельнічалі экспансіўныя Анаіс Нін і Дэлмар Шварц, а таксама Сеймур Крым разам з іншымі журналістамі штотыднёвіка «Village Voice», рэдакцыя якога знаходзілася непадалёк. Джэк Керуак напіваўся тут, калі пісаў раман «У дарозе», і яго шмат разоў даводзілася адсюль выганяць. У «Спустошаных анёлах» ён успамінае, як аднаго разу ў туалеце шынка наткнуўся на надпіс: «Керуак, плыві дахаты».
БЕРЫМЕН (Berryman) Джон (1914—1972, сапр. Джон Элін Сміт), з 1932 г. вучыўся ў Калумбійскім універсітэце і ўжо ў той час быў вядомы ў дзвюх іпастасях — будучы п’яным, ён нічым не нагадваў закаханага ў класічныя паэтычныя формы, высокаэрудзіраванага і схільнага да філасофіі студэнта. Змрочны адбітак на яго жыццё наклала смерць бацькі — Джон, якому тады было дзесяць год, першы знайшоў каля дома мёртвае цела. Паліцыя прызнала, што гэта было самагубства, — насуперак яўным прыметам, якія паказвалі на забойства. Праз дзесяць тыдняў пасля гэтага здарэння Джонава маці выйшла замуж за свайго палюбоўніка Джона Берымена і змяніла імя старэйшага сына на Джон Элін Макалпін Берымен. У 1928 г. яны пераехалі з Фларыды ў Нью-Йорк (жылі ў Куінсе). Атрымаўшы дыплом Калумбійскага ўніверсітэта, Берымен два гады вучыўся ў Кембрыджы, дзе пазнаёміўся, сярод іншага, з Уільямам Йітсам. Вярнуўся ў Нью-Йорк у 1938 г. Берымен належаў да шматлікай сям’і амерыканскіх poéte maudit («праклятых паэтаў») — разам з блізкімі яму Рэндалам Джарэлам, Тэадорам Ротке і Дэлмарам Шварцам, якіх алкагалізм давёў да заўчаснай смерці. З гасцініцы «Чэлсі», у якой Берымен некаторы час жыў, на яго вачах у каматозным стане павезлі ў бальніцу Дылана Томаса, выкліканым уколам морфію (Берымен сцвярджаў, што гэтае лякарства нельга даваць алкаголікам). З комы ён так ужо і не выйшаў. Што да Джона Берымена, то ён скончыў жыццё самагубствам 7 студзеня 1972 года, скочыўшы з моста ў Мінеапалісе. Крытыкі адносілі Берымена, разам з Робертам Лоўэлам і Сільвіяй Плат, да так званых «спавядальных паэтаў», што прыводзіла яго ў стан шаленства. Ён моцна любіў Шэкспіра і Йітса («Я не хачу быць як Йітс, я хачу быць Йітсам», — сказаў ён, будучы яшчэ пачаткоўцам). Першы значны зборнік «Даніна пашаны пані Брэндстрыт» выдаў у 1956 г. Вядомасць яму прынеслі «Песні мары» (за іх першую частку, 77 «песень мары», апублікаваных у 1964 г., Берымен атрымаў Пуліцэраўскую прэмію).
БРОДСКІ Іосіф (1940—1996), быў вымушаны эміграваць з Савецкага Саюза. У 1972 г. праз Вену і Лондан дабраўся да Нью-Йорка і пасяліўся ў раёне Грынвіч-вілідж на Мортан-стрыт, 44. Адсюль ён ездзіў на вучобу ў Мічыган, Куінсенскі каледж і Калумбійскі ўніверсітэт. Тут адбыліся здымкі яго гутаркі з Дэрэкам Уолкатам. Тут ён прымаў сяброў. У Нью-Йорку ён знайшоў свой дом. Пасля поўнага пакут падарожжа ў Бразілію, а перад тым у Лондан у эсэ «Пасля падарожжа, або Прысвячэнне пазваночніку» (гэты пазваночнік увасабляе сабой яго прыстанак у Грынвіч-вілідж) ён аддаецца развагам пра дом: «Вядома, хацелася б утрымаць хоць нешта з гэтых сямі дзён […], але мне ўжо на другі дзень хацелася назад, у Нью-Йорк. Вядома, Рыо куды больш шыкоўны за Сочы, Блакітны бераг, Палм-біч і Фларыду, нягледзячы на шчыльную павалоку выхлапных газаў, яшчэ больш невыносных пры тамтэйшай гарачыні. Але — і, можа, гэта галоўнае — сутнасць усіх маіх падарожжаў (іх, так сказаць, пабочны эфект, што пераходзіць у сутнасць) заключаецца ў вяртанні сюды, на Мортан-стрыт: ва ўсё больш дэталёвай распрацоўцы гэтага новага сэнсу, які ўкладаецца мною ў паняцце «дом». Чым часцей вяртаешся, тым больш канкрэтным робіцца гэты заканурак. І тым больш абстрактнымі — моры і землі, па якіх ты вандруеш. Відаць, я ніколі ўжо не вярнуся на Ліцейны, 27, а таму Мортан-стрыт, 44 — практычна апошняя спроба пазбегнуць гэтага адчування свету як вуліцы з аднабаковым рухам». На жаль, у пачатку 1990-х гг. Бродскі быў вымушаны пакінуць дом на Мортан-стрыт з прычыны досыць подлых паводзін домаўладальніка, які рэзка павысіў арэндную плату, каб здаць будынак новаму кліенту з Уол-стрыт. Бродскі апісаў гэта ў вершы «Блюз» (1992 г.):
Я жыў на Манхэтэне год з васемнаццаць,
|
польскі эсэіст, перакладчык, галоўны рэдактар часопісу «Krasnogruda». Вялікі сябар Беларусі.< |
Бродскі з жонкай пераехаў у Бруклін-Хайтс. Тут ён памёр у сне ў студзені 1996 г. Пахавальная цырымонія адбылася ў мясцовай царкве. Пры гэтым, згодна з паэтавай воляй, прагучала амерыканская народная песня «Калі Джоні вернецца з вайны дамоў».
«ВЯЛІКІ ЯБЛЫК» (Big Apple), паэтычнае азначэнне, якое замацавалася за Нью-Йоркам і зрабілася яго сімвалам. У мастацкай літаратуры ўпершыню сустракаецца, мабыць, у 1969 г. у рамане Курта Вонегута «Бойня нумар пяць»: «— Куды ты лятаў гэтым разам? Пэўна ж, не на вайну. Гэта я таксама магу сказаць. — У Нью-Йорк. — Вялікі Яблык!.. — Што? — Так некалі называлі Нью-Йорк». Аднак гэтае азначэнне мае даўжэйшую гісторыю. Нью-Йорк зрабіўся Вялікім Яблыкам у 1920-х гг. з ласкі Джона Фітцджэральда, журналіста, які вёў калонку, прысвечаную конным забегам, у газеце «The Morning Telegraph». Будучы ў Новым Арлеане, ён часта чуў выказванні конюхаў-неграў, якія называлі выезд на конныя спаборніцтвы ў Нью-Йорк «вялікім яблыкам», або нечым накшталт вялікай удачы. Вядома, што коні любяць яблыкі, а да таго ж ва ўсіх казках гэта «каралеўскі» плод. Усталяванню асацыяцыі паміж сталіцай конных забегаў і яблыкам дапамагла, відаць, і старая прыказка: «Шмат ёсць яблыкаў на дрэве, але толькі адзін вялікі». У любым разе, Фітцжэральду так спадабалася гэтая фраза, што аднаго разу ён даў сваёй калонцы загаловак «Вакол Вялікага Яблыка», — і тады гэты тэрмін стаў сінонімам Нью-Йорка як сталіцы конных спаборніцтваў. Свой артыкул, які цяпер стаў гістарычным, Фітцджэральд пачаў так: «Вялікі Яблык. Мара кожнага хлопца, які хоць раз сядлаў пародзістага скакуна, і мэта ўсіх наезнікаў. Ёсць толькі адзін Вялікі Яблык. Гэта Нью-Йорк». Праз дзесяцігоддзе Вялікім Яблыкам пачалі называць Нью-Йорк джазавыя музыканты, асабліва ў Гарлеме, які лічыўся сталіцай сусветнага джаза. Неўзабаве назва зрабілася сінонімам Нью-Йорка і яго культурнай разнастайнасці. Джон Ч’ярдзі (New York Times. 1989. 19 ліпеня) выводзіць яе ад іспанскага тэрміна manzana principal, які азначае галоўны раён горада. Далей ён піша, што гэты іспанскі тэрмін быў перакладзены як «Вялікі Яблык» новаарлеанскімі джазмэнамі ў сэнсе тэрміна bit of time (хвілінка). Гэтае азначэнне часта ўжывалася ў джазавым слэнгу (шпаркі тэмп, bizz), а таксама было назвай папулярнага, асабліва ў Гарлеме, танца «Вялікі яблык». У 1937 г. шлягерам стала песенька «Вялікі яблык», якую спявала Эдыт Райт у суправаджэнні аркестра Томі Дорсі «Clambake Seven» (музыка Боба, словы Бадзі Бернера). У 1970-я гг. сімвал Вялікага Яблыка адыграў вялікую ролю ў адраджэнні турызму ў горадзе, стаўшы цэнтральным лозунгам вялікай кампаніі, распачатай Нью-Йоркскім інфармацыйна-турыстычным бюро. Спатрэбілася гэтая кампанія, а таксама шмат іншых наканаванняў лёсу, каб «Вялікі Яблык» канчаткова выцесніў і замяніў сабой іншую даўнюю мянушку Нью-Йорка — «вясёлы горад». У 1997 г. мэр горада Рудольф Джуліяні заснаваў так званае скрыжаванне Вялікага Яблыка на рагу Заходняй Пяцьдзесят чацвёртай вуліцы і Брадвея, дзе ў 1934—1963 гг. жыў Фітцджэральд. Ёсць, аднак, людзі, якія сцвярджаюць, што Фітцджэральд не ўвёў азначэнне «Вялікі Яблык» у нью-йоркскі лексікон, а толькі яго папулярызаваў. Ірвін Льюіс Ален у кнізе «Горад у жаргоне: нью-йоркскае жыццё і народнае маўленне» (1993) цытуе каментарый 1903 г., які належаў нейкаму Марціну Уэйфарэру: «Нью-Йорк быў толькі адным з пладоў гэтага вялікага дрэва, карэнне якога сягае аж да даліны Місісіпі, а галлё распасціраецца ад аднаго акіяна да другога… Але вялікі яблык [Нью-Йорк] выцягвае надта вялікую, у параўнанні з іншымі, порцыю народнага соку».
ГАЛЕРЭЯ ТЫБОРА ДЭ НАГІ (Tibor de Nagy Gallery), сёння знаходзіцца на Пятай авеню, 724. У 1950-х гг. была найважнейшым месцам судакранання авангардысцкага выяўленчага мастацтва і паэзіі. У сферы творчасці яна адыгрывала такое самае значэнне, як у сферы асабістых зносін — «Кедровая таверна». Усё пачалося з супрацоўніцтва крытыка, паэта і выдаўца Джона Бернарда Маерса з венгерскім эмігрантам і банкірам Тыборам дэ Нагі. Спачатку яны стварылі марыянетачны тэатр, лялькі да якога вырабляліся Джэксанам Полакам і Куртам Селігманам. Захопленыя новай ідэяй сімбіёзу сучаснага выяўленчага мастацтва і паэзіі, у 1950 г. на другім паверсе будынка па Усходняй Пяцьдзесят трэцяй вуліцы яны адкрылі галерэю, якая дзейнічала да 1970 г., калі Маерс разарваў супрацоўніцтва, каб стварыць сваю ўласную галерэю. У найлепшыя часы тут выстаўляліся Лары Рыверс, Грэйс Хартыган, Фейрфільд Портэр, Альфрэд Леслі, Нэль Блейн, Джэйн Фрэйлічэр, і ўсе яны супрацоўнічалі з паэтамі «нью-йоркскай школы». У 1952 г. выдавецтва галерэі, «Tibor de Nagy Editions», выпусціла сваю першую кнігу — зборнік Фрэнка О’Хары «Гарадская зіма», ілюстраваны малюнкамі Лары Рыверса. Следам за ім выйшлі наступныя кнігі, пабудаваныя на супрацоўніцтве паэта і мастака — Коха і Блейн, О’Хары і Хартыгана, Эшберы і Фрэйлічэр, Гэст і Гуднаў. У 1953 г. тут быў заснаваны таксама «Тэатр мастакоў», у якім Герберт Мечыз ставіў п’есы Эшберы, Скайлера, Барбары Гэст, Тэнесі Уільямса, Джэймса Мерыла, Джэйн Боўлз і Жана Както. У афармленні гэтых пастановак удзельнічалі мастакі, звязаныя з галерэяй. Маерс, які вельмі шмат працаваў аж да самай сваёй смерці ў 1980 г., уклаў вялікую анталогію першага і другога пакаленняў паэтаў «нью-йоркскай школы» (1968 г.). У 1975—1979 гг. ён выдаваў літаратурна-мастацкі часопіс «Parenthése», які прапагандаваў такіх аўтараў, як Пол Остэр, Альфрэд Корн і Дуглас Крэйс. Галерэя ў тыя часы шмат разоў мяняла свой адрас (з 1953 г. размяшчалася на Усходняй Шэсцьдзесят сёмай вуліцы, 24, потым на Усходняй Семдзесят другой, 194). Сёння ёю кіруюць Эрык Браўн і Эндру Арнот, якія, пасля смерці Тыбора дэ Нагі ў 1993 г., працягваюць ранейшыя выставачныя і выдавецкія традыцыі — так, яны выдалі сумесную кнігу «Два дзённікі» паэта Скайлера і мастачкі Дары Парк. На 2007 г. плануюцца рэтраспектывы Нэль Блейн і Джо Брэйнарда.
ГІНЗБЕРГ (Ginsberg) Ален (1926—1997), прыехаў у Нью-Йорк у 1943 г. для навучання ў Калумбійскім універсітэце. Яму было семнаццаць, і больш за ўсё на свеце ён хацеў стаць спецыялістам у галіне працоўнага права. Люсьен Кар іранізаваў, што кепскі гэта быў бы спецыяліст, бо ніводнага дня ў сваім жыцці ён не папрацаваў хоць бы ў адной установе… Кар, які пазней заваяваў тытул найгалаўнейшага з бітнікаў-нелітаратараў, у тым самым годзе пазнаёміў Алена са сваімі сябрамі — Уільямам Бероўзам і Дэвідам Камерэрам, а налета — з Джэкам Керуакам і Гербертам Ханке. З самага пачатку на гэтыя сяброўскія ўзаемаадносіны лёг цень трагедыі — Кар смяротна параніў нажом Камерэра, які дамагаўся яго ў сексуальным плане. Керуак і Бероўз, якія былі сведкамі здарэння і нейкі час знаходзіліся пад арыштам, пераканалі Кара — пасля таго, як той у паніцы выкінуў цела ахвяры ў Гудзон, — самому здацца паліцыі. Кар быў прызнаны вінаватым і трапіў турму, з якой выйшаў ужо праз два гады — у 1946 г. Гінзберг пачынае пісаць вершы ў лютым 1945 г., пра што сведчаць нататкі ў ягоным дзённіку. У сакавіку ён быў часова выключаны з універсітэта — пасля таго, як падчас сваркі з камендантам інтэрната пачаў сыпаць выказваннямі накшталт «У задніцу жыдоў» і «Батлер (рэктар універсітэта) — кастрат». У той час ён перасяляецца на кватэру да Джаан Волмер на Заходняй Сто пятнаццатай вуліцы. Пад уплывам Керуака ён наймаецца на гандлёвае судна і выпраўляецца ў сваё першае марское падарожжа, падчас якога пуэртарыканскія матросы вучаць яго курыць марыхуану. У Калумбійскі ўніверсітэт ён вяртаецца ў верасні 1946 г. і праз два гады атрымлівае дыплом. Жыве ў гэты час у Іспанскім Гарлеме (Эль-Барыо) і менавіта там у ліпені 1948 г. адкрывае для сябе Уільяма Блейка, голас якога «сугучны вобразу вечнасці». Ён «чуе» Блейка, які чытае яму свае вершы: «Ах, сланечнік», «Хворая ружа», «Маленькая дзяўчынка згубілася». Гінзберг прызнае гэта пераломным момантам у сваім жыцці, вызначальным для ягоных духоўных пошукаў. У той час ён не знаходзіўся пад уплывам наркотыкаў, затое пазней шмат разоў ужываў іх, каб зноў убачыць падобныя праявы. У сакавіку 1950 г. у музеі Гогенхайма Гінзберг упершыню пачуў Уільяма Карласа Уільямса, які чытаў там свае вершы. Узрушаны да глыбіні душы, праз два дні ён піша надзвычай асабістае пісьмо майстру. Вядомы сваёй неўтаймоўнай энергіяй і добразычлівасцю, Ален робіцца «натхняльным духам» бітнікаў. Ён далучае да іх тусоўкі Грэгары Корса, расхвальвае сябрам раман Бероўза «Наркот», выступае іх агентам і прапагандыстам іх творчасці. Яго кватэра ў Ніжнім Істсайдзе, на Усходняй Сёмай вуліцы, 206, у якую ён пераехаў у 1951 г., будзе месцам многіх важных сустрэч, дыскусій і падзей. Гэта тут Гінзберг зрабіў адзін з першых сваіх фотаздымкаў, на якім выяўлены Керуак, Бероўз і Ніл Кеседзі. З таго часу ён практычна не расстаецца з фотаапаратам, а яго фатаграфіі робяцца важным дадаткам да яго паэтычнай творчасці. У верасні 1953 г. у Нью-Йорк з Мексікі вяртаецца Уільям Бероўз і пасяляецца ў Гінзберга. Пачынаецца перыяд іх жартоўнага рамана, плёнам якога стала кніга «Лісты яхе» (яхе — галюцынагенная расліна, ужываная паўднёваамерыканскімі шаманамі, на пошукі якой Бероўз паехаў у амазонскія джунглі і з якою абодва потым эксперыментавалі). У сярэдзіне 1950-х гг. Гінзберг выязджае на жыхарства ў Сан-Францыска, дзе піша паэму «Лямант» і далучае да тусоўкі такіх пісьменнікаў, як Гэры Снайдэр, Філіп Уэйлен і Майкл Маклур. У канцы пяцідзесятых ён вяртаецца ў Нью-Йорк і пасяляецца спачатку на Усходняй Пятай вуліцы, 704. У гэтай кватэры ён напісаў сваю найвялікшую паэму «Кадыш». У лютым 1959 г. Гінзберг разам з Пітэрам Арлоўскім і Грэгары Корса наладжваюць паэтычную вечарыну ў напоўненай да краёў зале Макмілан-тэатра пры Калумбійскім універсітэце, падчас якой Ален у прысутнасці свайго бацькі чытае паэму «Кадыш», прысвечаную сваёй маці Наомі. Паэма ўпершыню будзе пастаўлена — паводле ўласнага сцэнарыя Гінзберга — у тэатры «Чэлсі» на Брукліне ў студзені 1972 г. пад кіраўніцтвам рэжысёра Роберта Калфіна. У 1988 г. да гэтага сцэнарыя вернецца нью-йоркскі тэатр «Eye & Ear», які паставіць спектакль у рэжысуры Эрыка Фішла і з музыкай Стывена Тэйлара. У 1965 г. Гінзберг разам са сваім палюбоўнікам Пітэрам Арлоўскім на цэлае дзесяцігоддзе перасяляецца на Усходнюю Дзесятую вуліцу, 408. Падчас вайны ў В’етнаме Гінзберг быў адным з самых палкіх яе праціўнікаў, а хіпі лічылі яго сваім духоўным бацькам. У снежні 1967 г. ён быў арыштаваны разам з педыятрам Бенджамінам Спокам і яшчэ 264 чалавекамі за ўдзел у дэманстрацыі супраць прызыву ў войска. На пачатку 1970-х гг., пасля смерці Керуака і эміграцыі Бероўза, Гінзберг з’яўляецца адным з вялікіх бітнікаў, якія застаюцца актыўнымі на публічнай арэне, — Джэйн Крэймер са штотыднёвіка «New Yorker» піша пра яго кнігу, а плакат, на якім красуецца яго зарослы твар і капялюш, зроблены з амерыканскага флага, можна ўбачыць усюды. Ён шмат піша, а выдавецтва «City Lights» няспынна выдае яго кнігі ў характэрных чорна-белых вокладках. Ён супрацоўнічае з Бобам Дыланам, які захапіў яго сваімі імправізацыямі падчас паэтычных вечарын у Нью-Йоркскім універсітэце. Пасля адной з іх у лістападзе 1971 г. Дылан едзе на кватэру да Алена, каб прадоўжыць імправізацыю ў ходзе сумеснага джэм-сейшэна. У выніку Дылан запрашае Гінзберга ў студыю для ажыццяўлення сумеснага запісу, дзе да іх далучаюцца музыканты Хэпі Траум і Дэвід Эмрэм. З усяго гэтага нараджаецца двайная пласцінка «Першы блюз», выдадзеная толькі ў 1983 г. і дапоўненая запісамі, зробленымі пазней. Прысутнічае на ёй, у прыватнасці, меладэкламацыя Блейкавага «Тыгра» ў Гінзбергавым выкананні. На гэтым яго кар’ера спевака і паэта-песенніка не заканчваецца. У 1981 г. ён выступіць на сцэне казіно «Бондс» на Таймс-сквер з панк-рокавай групай «Clash», спяваючы песню на свой верш «Капіталійскае паветра». З імі ён запісаў таксама песню «Ахоўнік гета», якая ўвайшла ў альбом «Баявы рок». У 1975 г. Гінзберг пераязджае ў кватэру на Усходняй Дванаццатай вуліцы, 437, у дом, дзе жывуць таксама іншыя паэты, у прыватнасці Лары Фейджын. Ён пакіне гэтае жытло толькі ў 1995 г., калі пад’ём па лесвіцы зробіцца для яго занадта цяжкім, — дзякуючы продажу свайго архіву Стэнфардскаму ўніверсітэту за мільён долараў ён зможа дазволіць сабе пакупку кватэры на паддашку суседняга дома з ліфтам. Напрыканцы 1980-х гадоў ён сустрэўся ў кнігарні святога Марка ў Іст-вілідж з Філіпам Гласам, які расказаў яму пра заказ на напісанне оперы, атрыманы ад Тэатра ветэранаў вайны ў В’етнаме. Гінзберг дацягнуўся да зборніка сваіх вершаў, што стаяў на паліцы, і прачытаў Гласу фрагменты сваёй в’етнамскай сутры, напісанай у 1966 г. У выніку два практыкуючыя будысты разам стварылі оперу* «Сутра ўічыцкай** віхуры», прэм’ера якой адбылася ў лютым 1988 г. у Нью-Йоркскім Шубертаўскім тэатры — Грас іграў на фартэпіяна, а Гінзберг чытаў тэкст. Гэта быў час прэзідэнцкай перадвыбарнай кампаніі, а калі ні Буш, ні Дукакіс не гаварылі аб важных для іх рэчах, паэт і кампазітар вырашылі самі падаць голас. Яны збіраліся на кватэры ў Гінзберга, каб працаваць над лібрэта наступнай рэчы***. Да супрацоўніцтва запрасілі сцэнографа Джэрома Сірліна, які, слухаючы вершы, чытаныя гаспадаром, рабіў першапачатковыя накіды. Затым да працы далучылася суседка з Ніжняга Істсайда — харэограф Эн Карлсан, якая занялася пастаноўкай. З васемнаццаці выбраных вершаў Гінзберга быў складзены «партрэт» Амерыкі апошніх чатырох дзесяцігоддзяў: антываенны рух, сексуальная рэвалюцыя, наркотыкі, усходняя філасофія, экалагічная свядомасць — усё, што, на іх думку, выходзіла на першы план. Эн прапанавала ўвесці поліфанію на шэсць галасоў, якая мелася адлюстраваць шэсць архетыповых амерыканскіх вобразаў — афіцыянтку, жанчыну-палісмена, бізнесмена, святара, рабочага і клакёра. Так з’явілася «меладрама» (азначэнне Гінзберга) «Вадародны музычны аўтамат», прэм’ера якой адбылася ў Чарльстоне ў Паўднёвай Караліне і з якой Гінзберг і Глас цэлы год падарожнічалі па ўсёй Амерыцы, вястуючы заняпад імперыі, шальмуючы карупцыю ў палітыцы і папярэджваючы аб смерці цывілізацыі. |
* Пераклад з англійскай мовы Сяргея Петрыкевіча. |
У апошнія гады Гінзберг выкладаў у Бруклінскім каледжы як прафесар англійскай літаратуры. Гэта была, за выключэннем рэгулярных лекцый у будыйскім Універсітэце Наропы ў Каларада, яго першая і апошняя аплачаная прафесійная праца. Перш за ўсё, аднак, ён аддаецца страсці дэкламавання вершаў, у чым яму дапамагае гітарыст Стывен Тэйлар.
Памірае Гінзберг ад сардэчнага прыступу 5 красавіка 1997 г. Ён ведаў, што хворы на рак ныркі, і ўжо некалькі месяцаў развітваўся з сябрамі, традыцыйна пытаючыся пры гэтым, ці не патрэбны ім грошы. Пахаванне адбылося ў Цэнтры медытацыі «Шамбала» ў Ніжнім Манхэтэне. Падчас будыйскай чатырохгадзіннай малітвы ўдзельнікі цырымоніі чыталі «Кадыш» і расказвалі вясёлыя гісторыі з жыцця памерлага. Цела паэта было крэміравана, а прах падзелены паміж будыйскімі асяродкамі ў Каларада, Эн-Арбары (Мічыган), а таксама сямейнай дзялянкай Гінзбергаў на могілках у Ньюарку (Нью-Джэрсі) і ў сінагозе «Temple B’nai Israel». Царкоўная служба па ім была спраўлена ў Ніжнім Істсайдзе і ў многіх іншых мясцінах Амерыкі.
ГРЫНВІЧ-ВІЛІДЖ (Greenwich Village), сапраўдны літаратурны аазіс Нью-Йорка. Утварае заходні раён Ніжняга Манхэтэна, распасціраючыся ад ракі Гудзон да Чацвёртай авеню і вуліцы Бауры на ўсходзе (Іст-вілідж), а таксама ад вуліцы Х’юстан на поўдні (Соха) да Чатырнаццай вуліцы на поўначы (Чэлсі). Некалі тут былі толькі ўзгоркі і паплавы, называныя індзейцамі «Сапаканікан» (тытунёвыя палі). Паплавы былі асушаныя ў пачатку XVIII ст. галандскімі і англійскімі перасяленцамі, якія далі гэтай мясціне назву Грынвіч і пачалі закладаць тут свае фермы. Горад жа, выкупіўшы тэрыторыю сённяшняй Вашынгтон-сквер, паставіў тут публічныя шыбеніцы, а на «ганчарным полі» зрабіў могілкі для злачынцаў, самагубцаў, чужакоў і безыменных. На месцы сённяшняй «вуліцы геяў» — Крыстафер-стрыт — шмат гадоў знаходзілася турма. Хваробы і эпідэміі сярэдзіны XVIII і XIX стст., якія лютавалі ў паўднёвай частцы Манхэтэна, прымусілі многіх нью-йоркцаў усё ахвотней перасяляцца сюды, будуючы пакручастыя вуліцы і завулкі з дамамі з чырвона-карычневай цэглы, поўныя інтымнай цеплыні і сувымерныя чалавечым маштабам. Менавіта гэтая шмат у чым захаваная і пазней атмасфера невялікага пасёлка пасярод гіганцкага горада з геаметрычна ўпарадкаванай планіроўкай прыцягвала сюды разнастайных бунтаўшчыкоў супраць «мэйнстрыму». Калі ў 1843 г. на Вашынгтон-плэйс нарадзіўся Генры Джэймс, гэта ўжо была прэстыжная ў маштабах усяго горада мясціна, гэтак жа, як і Вашынгтон-сквер — галоўная «гераіня» аднаго з Джэймсавых раманаў. Першы асяродак мясцовай багемы ўзнік у 1850-х гг. — гэта быў піўны шынок Пфафа на Брадвеі, 653, куды любіў заходзіць выпіць Уолт Уітмен. Усё больш пісьменнікаў, акцёраў і журналістаў сяліліся тут, таму к Першай усясветнай вайне ўяўленне аб Грынвіч-вілідж як аб каралеўстве мастацкай багемы, дзівакоў, грамадскіх радыкалаў, авантурыстаў і звышуразлівых самотнікаў сталася фактам. У 1917 г. Марсель Дзюшань з сябрамі залез на тутэйшую Трыумфальную арку, дзе яны правялі разгульную ноч, а раніцай абвясцілі пра заснаванне «вольнай і незалежнай Рэспублікі Грынвіч-вілідж». Рэй у тыя гады вялі Джон Рыд, Віла Кэтэр, Тэадор Драйзер і Харт Крэйн. Пералом настаў адначасова з біржавым крахам у 1929 г., але Грынвіч-вілідж і ў перыяд Вялікай Дэпрэсіі ды ўсеагульнай нэндзы не змяніўся, хіба што адно прыціх. Цягаўся тады па яго вуліцах малы Джо Гулд, які ўсё жыццё пісаў адну кнігу — «Вусную гісторыю», фрагменты якой ён чытаў у барах і кавярнях (напрыклад, пра тое, як ён ездзіў у Дакоту «мачыць» індзейцаў сіу) і якая ўрэшце стала легендай, сімвалам справы, якая ніколі не скончыцца. З гэтай кнігі Гулдаў біёграф захаваў, у прыватнасці, такі верш пад назвай «Мая рэлігія»:
Узімку я будыст,
У 1920 г. у Грынвіч-вілідж пасяліўся Максвел Бадэнхайм — славуты паэт-авангардыст, якога ў эпоху джаза ахрысцілі «каралём літаратурнай багемы». Перажыўшы першапачатковы ўзлёт, ён у выніку выбраў жыццё валацугі — прадаваў вершы за выпіўку і папяросы, прыкідваўся слепаком, што гандлюе гаршчкамі, спаў на лаўках у парку, а зімой яго жонка, якая валацужнічала разам з ім, гандлявала сабой за начлег у цёплым памяшканні. Абое былі забітыя маньякам, які даў ім прыстанішча аднае ночы ў лютым 1954 г. Легенда Бадэнахаймавага валацужніцтва незаслужана засланіла яго літаратурную спадчыну, сёння забытую, а калісьці глыбока шанаваную, у прыватнасці, Карлам Сэндбергам, Уільямам Карласам Уільямсам і Конрадам Айкенам. Чарговы залаты век Грынвіч-вілідж прыйшоў з заканчэннем Другой усясветнай вайны і працягваўся да пачатку 1960-х гадоў. Гэта быў час бітнікаў, вулічных мастакоў, вулічных прадаўцоў кніг і задымленых кавярняў, дзе да раніцы спрачаліся і чыталі паэзію. Адным з першых паэтаў, які пасяліўся тут ужо ў 1945 г., пераехаўшы з Брукліна, быў У. Х. Одэн. Разам са сваім палюбоўнікам Чэстэрам Калманам ён жыў на Карнелія-стрыт, 7. Тое, што Іосіф Бродскі пазней пасяліўся на суседняй Мортан-стрыт, было выклікана, мабыць, у вялікай ступені патрэбаю адчуваць і чыста фізічную блізкасць да месца, дзе жыў майстар у важны для яго перыяд творчасці, падчас якога ён кожны дзень апоўдні завешваў вокны, прымаў стымулятары і заўзята пісаў. Хоць у гэты перыяд Одэн быў частым госцем Сан-Рэма, аднак куды мацнейшыя духоўныя сувязі звязвалі яго з жыхарамі Верхняга Вестсайда — Ганнай Арэндт, Верай і Ігарам Стравінскімі ды Оліверам Саксам. Слыннымі таксама былі прыёмы, якія ладзілі Одэн і Калман (з 1953 г. яны арганізоўвалі іх у сваёй новай кватэры на плошчы Святога Марка, 77, дзе ў свой час Троцкі выдаваў газету «Новый мир»), — з вельмі старанна адабраным спісам гасцей і паведамленнем у запрашальных білетах, што экіпажы будуць развозіць гасцей па дамах а першай ночы. Джэймс Скайлер, адзін з паэтаў «нью-йоркскай школы», які некаторы час быў сакратаром Одэна і цесна кантактаваў з ім, не пакідаў шкадаваць, што быў занадта малады, каб сустрэць на гэтых прыёмах Эліята ці Брэхта. У 1950-х гадах у Грынвіч-вілідж непадзельна пануюць бітнікі. У наступныя дзесяць год паэты саступаюць месца музыкантам, у першую чаргу фолкавым. У Грынвіч пераязджаюць, сярод іншых, Боб Дылан, Джаан Баэз, а таксама Сайман і Гарфанкель. Светы паэтаў і музыкаў не былі адасобленыя адзін ад аднаго: Дылан супрацоўнічае з Гінзбергам, паэзія складае істотную частку іх музыкі, а ў клубах і тавернах па-ранейшаму жыве — хоць усё часцей і ставіцца пад пагрозу разнастайнымі пасланцамі Уол-стрыт і Брадвея — дух вольнай і незалежнай рэспублікі. Усё змянілася ў 1970-х гадах, калі раён стаўся прынадным кавалкам для багатых гараджан, што куплялі тут сабе дамы, каб весці зацішнае, спакойнае жыццё. Менавіта тады Одэн адчувае, што з яго досыць Нью-Йорка, і назаўсёды вяртаецца ў Оксфард у Англію. Своеасаблівым паваротным пунктам была вайна ў В’етнаме і рознага роду падзеі, выкліканыя ёю. Да заканчэння гэтай вайны ў Нью-Йорку можна было заставацца «вольнай птушкай» — бедным, але незалежным паэтам ці празаікам, які працай свайго пяра мог зарабіць сабе на хлеб і жытло. Гэтая эпоха незваротна мінула разам з канцом вайны — з гэтага часу паэты працуюць ва ўніверсітэтах, альбо зарабляюць на жыццё ў адвакацкіх офісах ці рэдакцыях паважных газет (рэдка калі літаратурных), альбо… скочваюцца на ўзбочыну жыцця. І ўсё ж, нягледзячы на ўсё гэта, бунтарскі дух раёна не быў дарэшты знішчаны. З чэрвеня 1969 г., калі заўсёднікі шынка «Стаўнвол» на Крыстафер-стрыт забарыкадзіраваліся, абараняючыся ад уварвання паліцыі, Грынвіч-вілідж стаў цэнтрам барацьбы за правы гомасексуалістаў і лесбіянак. Гэта праўда, што сёння паэты і артысты трымаюцца далей ад Грынвіч-вілідж. Напалоханыя астранамічнымі расцэнкамі на арэнду жылля ў гэтым раёне, яны аддаюць перавагу Вільямсбургу, Бронксу ці Лонг-айленду. Аднак і цяпер Грынвіч застаецца раёнам студэнтаў — з Нью-Йоркскага ўніверсітэта, Новай школы і Універсітэта Ешыва; прэстыжных джаз-клубаў — такіх, як «Авангард Вілідж» ці «Блюзавая нота»; пазабрадвейскіх тэатраў — як «Astor Place Theatre», на базе якога дзейнічае «Blue Man Group». У першую чаргу, аднак, захоўвае свой ранейшы дух Вашынгтон-сквер — незвычайнае месца публічных сустрэч на глебе паэзіі («адкрытыя мікрафоны» для тых, хто піша і дэкламуе вершы), супольнага музыкавання, танцаў, практыкаванняў у хіп-хопе, ну і, нарэшце, шахматах…
ДОМ ПАЭТАЎ (Poets House), месціцца ў раёне Соха на Спрынг-стрыт, 72 (другі паверх). Заснаваны ў 1985 г. паэтам Стэнлі Куніцам, адкрыты для ўсіх, хто цікавіцца пісаннем, чытаннем і вывучэннем паэзіі. Валодае адной з найбагацейшых у Амерыцы літаратурных калекцый (45 тысяч кніг, часопісаў, відэа- і аўдыёзапісаў). Штогод Дом паэтаў арганізуе выставы ўсіх кніг паэзіі, якія выйшлі за гэты год у Злучаных Штатах Амерыкі (у 2006 г. было прадстаўлена каля 2000 найменняў кніг, выдадзеных камерцыйнымі, універсітэцкімі і незалежнымі выдавецтвамі). Поруч з гэтым з 1990 г. Дом рэгулярна выпускае «Directory of American Poetry Books» — поўную бібліяграфію выдадзеных у бягучым годзе кніг паэзіі ЗША. Праграма «Паэзія ў філіялах» («Poetry in the Branches») грунтуецца на супрацоўніцтве з дзевяццю раённымі бібліятэкамі Нью-Йорка і мае на мэце прапаганду паэзіі праз пашырэнне доступу чытачоў да паэтычных зборнікаў, паэтычныя семінары для творчай моладзі, цыклы заняткаў для пачаткоўцаў ці малавядомых паэтаў, вядзёныя прызнанымі майстрамі (апошнім часам сярод іх былі Білі Колінз, Сэфайр, Джой Харджа, Філіп Левін), курсы для бібліятэкараў, сумесныя акцыі (таксама разам з Нью-Йоркскай публічнай бібліятэкай), дыстрыбуцыю і рэкламу кніг паэзіі. Штотыднёва згаданыя бібліятэкі наведвае 30 тысяч чалавек, а ў саміх паэтычных праграмах узялі ўдзел ужо звыш 10 тысяч чалавек. Сумесна з грамадскай арганізацыяй «City Lore» і Паэтычным клубам на Бауры Дом паэтаў з 1999 г. арганізуе «Народныя паэтычныя сходы» — фестываль разнастайных формаў паэзіі на ўсіх мовах свету. У 2006 г. яго адкрываў Роберт Блай. Гэта была ўсяго адна з мноства сустрэч, якія ладзяцца ў Доме паэтаў. Так, толькі ў лістападзе 2006 г. нью-йоркскія аматары паэзіі сустракаліся тут з Наталі Стывенс (якая піша «на мяжы» англійскай і французскай моў), слухалі лекцыі Эдварда Хірша пра Федэрыка Гарсія Лорку, удзельнічалі ў семінары Рычарда Левіса, прысвечаным дзіцячай паэзіі, і фестывалі сучасных японскіх паэтак, а таксама ў фестывалі Фрэнка О’Хары на саракавыя ўгодкі яго смерці. У 2007 г. Дом паэтаў плануе пераезд у новы будынак у квартале Батэры-Парк-сіці, што ў Ніжнім Манхэтене, дзе ён быў вызвалены гарадскімі ўладамі ад арэнднай платы да 2067 г.
КАМІНГС (Cummings) Эдуард Эстлін (1894—1962), прыехаў у Нью-Йорк з Гарварда ў 1916 г. і адразу завербаваўся добраахвотнікам на Першую ўсясветную вайну — паехаў у Францыю, дзе быў франтавым шафёрам амерыканскага санітарнага корпуса. Гэтая гісторыя скончылася турмой за нежаданне адмовіцца ад сяброўства з калегам, які ў лістах дадому «сеяў паражэнства і пацыфізм». Пасля адседкі Камінгс узяўся за напісанне аўтабіяграфічнага рамана «Вялізная камера», які пасля свайго выхаду ў 1922 г. нарабіў вялікі шум у літаратурным асяроддзі. Гэта было ўжо ў Нью-Йорку, у якім Камінгс канчаткова пасяліўся годам пазней. Яго адрас да канца жыцця заставаўся тым самым: Грынвіч-вілідж, Пэтчын-плэйс, 4. «Калі б у мяне спыталі, — пісаў ён, — «чаму» я тут жыву, я адказаў бы: «таму што» тут добразычліва, ненавукова, прыватна, па-людску». У гэтым доме яго наведалі Эзра Паўнд (у 1939 г., упершыню пасля 25 гадоў адсутнасці ў Нью-Йорку), Томас Эліят у суправаджэнні Алена Тэйта, а аднае ночы таксама Дылан Томас. З 1940 г. у гэтым доме жыла пісьменніца Джуна Барнс, якую Камінгс любіў дражніць непрыстойнымі вітаннямі, якія ён выкрыкваў цераз расчыненае акно. Хоць поруч з раманамі Камінгс пісаў драмы, эсэ і падарожныя нататкі, а таксама на працягу ўсяго жыцця маляваў, у першую чаргу ён цэніцца як паэт, прычым пачынаючы з першага зборніка «Цюльпаны і коміны», выдадзенага ў 1923 г. Артур Мендзыжэцкі пісаў пра яго, што «ён быў перш за ўсё паэт кахання — гэты бостанец паводле нараджэння і нью-йоркец паводле выбару».
«КАФЭ ЧЫНА» (Café Cino), у якім зарадзілася з’ява, вядомая як «паза-паза-Брадвеем» (off-off-Broadway), знаходзілася ў Грынвіч-вілідж на той самай вуліцы, дзе жыў У. Х. Одэн, — на Карнелія-стрыт, 31. Заснаваў яго, часткова на ўзор ужо існаваўшых побач італьянскіх «Кафэ Фігара» і «Кафэ Рыенцы», сіцыліец Джо Чына, які расстаўся з кар’ерай танцора, але надзвычай цікавіўся паэзіяй і мастацтвам. Усё пачалося з таго, што Чына «неасцярожна» згадзіўся, каб бітнікі, з якіх пераважна складалася яго першая кліентура, чыталі тут свае вершы, а іх прыяцелі-музыканты спявалі пад гітарны акампанемент. Неўзабаве следам за імі з’явіліся драматургі і акцёры, у якіх не было шанцаў прабіцца на Брадвей. У гістарычным 1958 г. у «Кафэ Чына» прыйшла маладая Фібі Муні з рукапісам аднаактоўкі для трох акцёраў у кішэні і сказала: «Джо, адсунь столік да сцяны». Так нарадзілася новая форма прадстаўленняў, якія іграліся ў кавярнях і на гарышчах, амаль без сцэнаграфіі, часта са шпаргалкай у руцэ, пасля лічаных рэпетыцый і за грошы, якія збіраліся пасля спектакля на сподку. Так пачыналі Сэм Шэпард, Пол Фостэр, Майкл Сміт, Ланфард Уілсан, Том Айн, Джон Гуэйр, Роберт Хейдэ, Уільям Хофман, Гары Каўтоўкас, Роберт Патрык і Меган Тэры. Тут рабілі свае першыя крокі такія акцёры і актрысы, як Бернадэт Петэрс, Аль Пачына, Роберт Дэйда, Хэлен Ханфт і Харлі Кейтэль. У зборніку «Восем п’ес з эпохі «паза-паза-Брадвеем», выдадзеным кампаніяй «Bobbs-Merrill», прыводзяцца словы Чына: «Якое гэта ўсё маленькае, сказаў я, але ў ім ёсць усё, і гэтае ўсё няспынна мяняецца». А ў дзённіку за 1966 г. ён пісаў: «Без перадыху кантактую з акцёрамі і аўтарамі, якія тэлефануюць мне ці прыходзяць спытацца, ці нельга тут іграць. І так бясконца». Франк Жатэран падлічыў, што на працягу гэтых васьмі год Чына праявіў гасціннасць у дачыненні больш як ста новых амерыканскіх аўтараў, і дадаваў: «Ён спадзяваўся на ўласны густ, калі адмаўляў адным, прымаў іншых, ацэньваў усіх на вока, пазбягаў эксгібіцыяністаў і падаваў італьянскія сандвічы па цане ад аднаго долара за штуку». Акцёрам жа ён дазваляў пасля прадстаўлення (якое канчалася а дзевятай ці аб адзінаццатай вечара, плюс дадатковыя паказы ў канцы тыдня) пускаць у залу сподак для ахвяраванняў. Мастацкі ўзровень паказаў у «Кафэ Чына» быў вельмі розны; у межах аднаго тыдня тут можна было ўбачыць найлепшую і найгоршую тэатральную прадукцыю Нью-Йорка. «Цяжка прадбачыць, — казаў часам Чына, які не чытаў п’ес, адабраных для пастаноўкі, — што гэта будзе за спектакль. Надараюцца вельмі слабыя. Але ж заўсёды ёсць наступны тыдзень… Калі табе не да густу «Алеся ў дзівоснай краіне», дык, можа, упадабаеш «Пакаёвак» Жана Жэнэ, якіх мы іграем у нядзелю. А калі і гэта табе не запасуе, дык застаецца яшчэ кава». Хоць рэпертуар кафэ вызначаўся ў першую чаргу драматургамі, паэты надалей заставаліся яго заўсёднікамі і апекунамі. Штоаўторак тут адбываліся чытанні паэзіі. З пачатку 1960-х гг. з гэтым месцам былі звязаны такія паэты, як Джордж Эканому, Дэвід Энцін і Роберт Келі. Аднаго вечара Эканому (у той час студэнт Калумбійскага універсітэта) разам з мужам і жонкай Робертам і Джаан Келі заснавалі ў «Кафэ Чына» літаратурны часопіс, які назвалі «Trobar» (ад правансальскага «знайсці» ў спалучэнні з сярэдневяковымі трубадурамі). Часопіс выдаваўся да 1964 г. і паклаў пачатак выдавецтву «Trobar Press» (у ім выйшла шмат разнастайных зборнікаў паэзіі, у тым ліку «Не будзь, існаванне, чым быць не можаш» Роўчэл Оўэнс, «Сеткі» Пола Блэкберна, «Сем колаў пекла Джыгоку Сошы» Джэрома Ротэнберга, «Я вымавіў: «Вочы» Льюіса Зукофскі). Кафэ на Карнелія-стрыт, як пісаў Уэндэл Стоўн у кнізе «Кафэ Чына»: месца нараджэння паза-паза-брадвейскага тэатра», «давала бяспечную прастору, у якой заахвочвалася рызыка, не ганіліся няўдачы (хоць асабліва і не заахвочваліся) і ў якой сябры падтрымлівалі адзін аднаго ў аспрэчванні грамадскіх і тэатральных традыцый. Пісьменнікі, акцёры і рэжысёры вучыліся на поспехах і няўдачах сваіх уласных эксперыментаў, а таксама назіраючы за эксперыментамі сваіх калег, з якімі ўступалі ў дыскусіі. Чына падтрымліваў пачынаючых акцёраў, цешыў іх эга, дапамагаў ім адольваць праблемы, заахвочваў да творчасці, карміў, быў для іх бацькам, сябрам, лекарам, майстрам, абаронцам, крытыкам, спавядальнікам і кіраўніком». У 1965 г. «Кафэ Чына» ледзьве цалкам не згарэла. Хоць яго хутка адрамантавалі і аднавілі паказ праграмы, якая карысталася тады поспехам, гэта быў пачатак сумнага канца кавярні. Джо Чына, імкнучыся ўтрымацца на нагах у віхуры падзей, якія здараюцца з ім у гэты час, трапляе ў залежнасць ад амфетамінаў. Да гэтага далучаюцца фінансавыя праблемы. Баючыся знішчыць дух свайго кафэ, ён адмаўляецца ад урадавай датацыі для эксперыментальных тэатраў, дзякуючы якой многія з іх у той час нядрэнна паправілі сваё становішча. У 1967 г. памірае яго каханы Джон Торэй. Чына апаноўвае глыбокая дэпрэсія, ён ужывае ўсё больш і больш наркотыкаў у кампаніі Ундзіны і іншых асоб з «Фабрыкі» Эндзі Уорхала. Правёўшы некалькі дзён у бальніцы пасля спробы зарэзаць сябе ў кафэ кухонным нажом, 4 красавіка 1967 г. ён памірае. Нягледзячы на намаганні яго сяброў, «Кафэ Чына» канчаткова закрываецца ў 1968 г.
«КЕДРОВАЯ ТАВЕРНА» (Cedar Tavern), на рагу Дзевятай вуліцы і Універсітэцкай плошчы, існавала з сярэдзіны 1940-х гг. да 1962 г. і трывала ўвайшла ў аналы нью-йоркскай авангарднай культуры. Пасля аднаўлення ў наш час месціцца па адрасе Універсітэцкая плошча, 82. Таверна «належала» мастакам «нью-йоркскай школы», але ў той незвычайны перыяд утварэння ў новай сталіцы свету новай культуры выяўленчае мастацтва, літаратура, музыка і тэатр нязмушана перапляталіся адно з адным і інтэнсіўна ўплывалі адно на аднаго — у эстэтычнай, міжасабовай, прасторавай сферы… Невядома, ці сапраўды былі некалі кедры на тым месцы, дзе ўсе сустракаліся, кахалі, спрачаліся, напіваліся… і дзе потым з’яўляліся натхнёныя адзін адным творы дэ Кунінга, Кейджа, О’Хары… або ўсё было наадварот. Цяжка, аднак, пераацаніць ролю такіх тавернаў, як «Кедровая», што ў гушчыні горада-малоха ласкава дарылі прастору для інтымных сустрэч. У таверне з прыгожым кедровым барам панаваў аднолькавы прыцемак як апоўдні, так і пасярод ночы. Заходзілі сюды практычна штовечар, імкнучыся заадно пафарсіць — і ў дождж, і ў пагоду — цёмнымі палярынамі, Уілем дэ Кунінг і Франц Клайн. З Лонг-айленда прыцягваўся Джэксан Полак, каб прыстойна набрацца (у сяброўскіх хроніках занатавана, як аднае ночы ён вырваў з завесаў дзверы ў мужчынскі туалет, але што ў гэтым такога ўжо дзіўнага?). Аднойчы Лары Рыверс, які наконадні выйграў у тэлевізійным шоў, прыйшоў з чэкам на 32 тысячы долараў і раз за разам частаваў усіх запар. Тут пілі Норман Блюм, Джаан Мітчэл, Грэйс Хартыган, Мерседэс Метэр… да якіх далучаліся праектывісты з Блэк-Маўнтын-каледжа Філдынг Доўсан і Роберт Крылі. З’яўлялася ўсё больш нью-йоркскіх паэтаў, на чале з Фрэнкам О’Харам, якія — як пазней прызнаў Джэймс Скайлер — «былі ўражаны патокамі фарбы, якая раздзірала любую паверхню, варта было аб яе зачапіцца». О’Хара ўспамінае, што яны пісалі вершы, слухаючы сваркі мастакоў. У сваю чаргу, мастакі таксама пачалі пісаць вершы (Рыверс, Фрэйлічэр), а калі і гэтага стала мала, заўсёднікі «Кедровай» пачалі ўтвараць «саюзы» — пісаць творы сумесна, а затым публікаваць іх у літаратурным часопісе «Locus Solus» (выйшла ўсяго пяць нумароў). Часта да іх далучалася Барбара Гэст (хоць зазвычай яна любіла трымацца асобна), падсаджваўся крытык Гаральд Розенберг, а Джэка Керуака давялося выправадзіць, пасля таго як ён памачыўся ў попельніцу. Не бракавала кампазітараў — Мортана Фельдмана, Джона Кейджа, акцёраў з «Жывога тэатра» ці «Паэтычнага тэатра». І нават стары буркун Клемент Грынберг завітваў у «Кедровую»; хоць усё жыццё ён ва ўплывовых часопісаў ставіў творчасць абстрактных экспрэсіяністаў у прыклад, тут любіў павучыць іх: «Ніколі не састарэеш, займаючыся сапраўдным мастацтвам. Толькі калі загразнеш у скандалах, акажацца, што ты стары хлам…»
КЕЙДЖ (Cage) Джон (1912—1992), пазнаёміўся з Нью-Йоркам, калі быў студэнтам. Ён прыехаў сюды разам з іншым вучнем свайго настаўніка Арнольда Шонберга Адольфам Вейсам у 1933 г. Нейкі час ён вучыўся тут па класе кампазітара Генры Каўэла ў Новай школе сацыяльных даследаванняў. Калі ў 1942 г. ён зноў прыехаў у Нью-Йорк, цяпер ужо разам з жонкай, у яго было толькі 25 цэнтаў у кішэні і нумар тэлефона мастака Макса Эрнста. Кейдж пазнаёміўся з Эрнстам у Чыкага, і той прапанаваў яму прыехаць у Нью-Йорк пажыць у яго. У кнізе «Цішыня» Кейдж апісвае, як ён патэлефанаваў Эрнсту, а той яго ўвогуле не пазнаў, але праз хвіліну размовы спытаў: «Хочаш чаго-небудзь выпіць?» Пачуўшы ў адказ «так», Эрнст сказаў: «Ну то добра, заходзь заўтра на кактэйль». Калі Кейдж перадаў жонцы змест размовы, яна сказала: «Пазвані яшчэ раз. Нам няма чаго губляць, а набываць яшчэ як ёсць што». Гэтым разам Эрнст пазнаў яго: «А, гэта ты. Ужо тыдзень цябе чакаем. Твой пакой падрыхтаваны, едзь зараз жа». З таго часу Кейдж асталяваўся ў Нью-Йорку. У 1945 г. ён развёўся з жонкай і пасяліўся на вуліцы Манро ў Ніжнім Істсайдзе. Неўзабаве пачалося яго супрацоўніцтва з танцорам Мерсам Канінгемам, якое працягвалася да канца жыцця. Пазнаёміўшыся дзякуючы Эрнсту з сюррэалістамі, Кейдж працягвае захапляцца філасофіяй дзэн-будызму і прыводзіць некаторых сваіх сяброў, у тым ліку мастака Філіпа Гастона, на лекцыі знаўца гэтай філасофіі Д. Т. Судзукі ў Калумбійскім універсітэце. Кейджава кватэра робіцца месцам сустрэч маладых кампазітараў — Крысціяна Фолфа, Эрла Браўна і Мортана Фельдмана. Кейдж і Канінгем супрацоўнічалі з мастакамі Джасперам Джонсам і Робертам Раўшэнбергам, а Кейджавы перформансы рабілі моцны ўплыў на маладое пакаленне паэтаў, танцораў і артыстаў. Эшберы і О’Хара прыйшлі на ягоны канцэрт у 1952 г., калі Дэвід Т’юдар упершыню выконваў п’есу Кейджа пад назвай «4’33’’» — чатыры мінуты і трыццаць тры секунды цішыні. Пасля канцэрта яны сказалі сабе, што ў мастацтве ўсё магчыма, няма правілаў і межаў. Кейджаў уплыў датычыць таксама і яго літаратурных твораў, надрукаваных спачатку ў нашумелай кнізе «Цішыня», а потым і яшчэ ў некалькіх, у тым ліку «Год пасля панядзелка» і «Пустыя словы». У 1990 г.* ён выступаў з лекцыямі ў Гарвардзе (у рамках штогадовага цыкла «Паэтычныя лекцыі Нортана»), будуючы тэксты сваіх выступленняў на метадзе выпадковасці, які лёг у аснову яго эстэтыкі сорак гадоў назад, з моманту знаёмства з «Кнігай перамен» («І-Цзін»). «Усё, што мы робім, — сказаў ён тады, — ёсць музыка». |
* На самай справе гэта была п’еса для фартэпіяна. — заўв. перакл. ** Уічыта-Фолс — горад у штаце Тэхас. У гэтай мясцовасці ў 1958 г. была зарэгістравана самая высокая хуткасць ветру ў смерчы — 450 км/г. — заўв. перакл. *** Гэтым разам сапраўды камернай оперы — заўв. перакл.
|
У апошнія гады жыцця Кейдж з Канінгемам жылі ў доме артыстаў «Вестбет» у Грынвіч-вілідж, дзе спынялася шмат артыстаў і пісьменнікаў, а Кейдж гатаваў ім свае славутыя пачастункі з грыбоў.
Арнольд Шонберг сказаў пра яго: «Не кампазітар, але інаватар — геніяльны».
КОЛІНЗ (Collins) Білі (нар. у 1941) — ураджэнец Нью-Йорка. Выкладаў англійскую літаратуру ў Леманаўскім каледжы пры Нью-Йоркскім гарадскім універсітэце, а таксама ў Калумбійскім універсітэце і каледжы Сары Лоўрэнс у Бронксвілі на поўначы Манхэтэна. Дэбютаваў у 1977 г. зборнікам вершаў «Каменны твар». У 1980 г. апублікаваў зборнік «Відэапаэмы», а пасля, сярод іншага, — кнігі «Пытанні аб анёлах» (1991 г., узнагарода Нацыянальнага конкурсу паэтычных зборнікаў), «Майстэрства тануць» (1995 г., фіналіст паэтычнага конкурсу Ленора Маршала) і «Праблема з паэзіяй» і іншыя паэмы» (2005 г.). Колінз пачынаў з элітарнай паэзіі, але хутка адышоў ад яе на карысць рэчаў, больш даступных для шырокага кола чытачоў. Ён карыстаецца прызнаннем крытыкі, і адначасова яго зборнікі — бестселеры, сукупны тыраж якіх ужо даўно перавысіў сто тысяч экземпляраў. Будучы ў 2001—2003 гг. паэтам-лаўрэатам Злучаных Штатаў, ён ініцыяваў праграму па пашырэнні паэзіі ў сярэдніх школах пад назвай «Паэзія 180». Праграма, падтрыманая Бібліятэкай Кангрэса, мела на ўвазе чытанне ў школах па адным новым вершы на працягу ста васьмідзесяці дзён навучальнага года. Колінз падрыхтаваў для гэтай мэты анталогію сучаснай паэзіі, а праз год адабраў чарговыя сто восемдзесят вершаў для другога тома анталогіі. Сярод аўтараў прысутнічаюць, у прыватнасці, Віслава Шымборска, Кенет Кох, Леапольд Стаф і Гаран Сіміч. Як паэт-лаўрэат Колінз прачытаў свой верш «Імёны» на спецыяльнай сесіі Кангрэса, скліканай 6 верасня 2002 г. для ўшанавання памяці ахвяр атакі 11 верасня.
КОХ (Koch) Кенет (1925—2002), працаваў у Калумбійскім універсітэце з моманту атрымання доктарскай ступені, на працягу сарака год выкладаў англійскую і замежную літаратуру. Аднак, нягледзячы на такую дзейнасць, ён быў найменш акадэмічным паэтам з усёй «нью-йоркскай школы» і паспяхова процістаяў таму, каб прафесійны літаратуразнавец перамог у ім паэта і драматурга. Чарльз Сіміч напісаў некалі, што, «паводле ўяўлення Коха, паэзія павінна безупынна абараняцца ад самой сябе. Бо гаворка ідзе аб тым, каб зрабіць з мовай тое, чаго ніхто ніколі яшчэ не рабіў». Кохавы лекцыі ва ўніверсітэце карысталіся велізарнай папулярнасцю, і іх наведвалі не толькі аматары паэзіі, але і прыхільнікі бязмежнай дасціпнасці і акцёрскага таленту прафесара, які разбіраў з імі «Уліса» як сатырычны раман, а таксама ва ўзросце сямідзесяці год ускокваў на стол, каб з належнай экспрэсіяй прадэкламаваць вершы Уолта Уітмена ці праспяваць арыю з італьянскай оперы. З О’Харам і Эшберы, якія пазней сталі яго сябрамі, Кох пазнаёміўся ў Гарвардскім універсітэце, дзе ён пачаў вучыцца пасля звальнення з вайсковай службы (падчас Другой усясветнай вайны ён ваяваў на флоце ў Ціхім акіяне). Ён заўсёды надаваў дружбе вялікае значэнне і лічыў, што, за выключэннем ідэі стварэння новай паэтычнай мовы, атмасфера сяброўства была самай важнай рысай «нью-йоркскай школы». Сваім студэнтам у Калумбійскім універсітэце, якія пыталіся ў яго пра рэцэпт добрай паэзіі, ён гаварыў тое, што цяжка было спасцігнуць пісьменнікам пад іншымі геаграфічнымі шыротамі: «Трэба мець між сяброў паэтаў настолькі добрых, што табе гэта не будзе даваць спакою». У 1948 г. Кох пераязджае ў Нью-Йорк. Першапачаткова ён жыў на Трэцяй авеню, дзе метро было пракладзена над зямлёй і пасажыры маглі заглядаць у яго пакой праз акно. Фрэнк О’Хара небеспадстаўна пісаў у адным са сваіх вершаў пра ўік-энд «у схільнага да ўзрушэнняў Кенета Коха». Пазней ён пасяліўся на Пятай вуліцы ў Грынвіч-вілідж; шмат гадоў ён таксама трымаў кватэру на Клермант-авеню, непадалёк ад Калумбійскага універсітэта. Хоць Кох публікаваў зборнікі вершаў з 1950-х гг., прызнанне да яго прыйшло толькі пасля выдання першай у сваім родзе кнігі для дзяцей пра тое, як трэба пісаць вершы, — «Жаданні, падманы і мары», якая выйшла ў 1970 г. У наступныя трыццаць год ён выпусціў шмат іншых кніг на тую ж тэму для дзяцей, дарослых і старых. Джэймс Скайлер лічыў, што Коху «ўдалося б навучыць мяч для гольфа пісаць пантун» (разнавіднасць малайскай паэзіі, якая была ўведзена ў еўрапейскую паэзію ў перыяд рамантызму). Яго захапляла выяўленчае мастацтва, і ён неаднаразова супрацоўнічаў з мастакамі пры ілюстраванні кніг і арганізацыі сумесных выставаў, напрыклад, з Нэль Блейн (яе ілюстрацыі з’яўляюцца ў Кохавым зборніку 1953 г. «Паэмы»), Фейрфільдам Портэрам і Джэйн Фрэйлічэр. Як паэт ён шмат чым абавязаны мастакам «жывапісу дзеяння» («action painting»), якіх сустрэў у Нью-Йорку, — Джэксану Полаку, Уілему дэ Кунінгу і Лары Рыверсу. Кох быў аўтарам незлічонай колькасці п’ес для паза-брадвейскіх і паза-паза-брадвейскіх тэатраў, якія ў 1988 г. былі сабраны ў кнізе пад назвай «Тысяча авангардысцкіх п’ес» (туды ўвайшлі 116 драматычных твораў, часта аднаактовых ці яшчэ больш мініяцюрных), а затым у кнізе «Залаты стандарт» (1996 г.). Сапраўднае прызнанне як паэт ён здабыў толькі пад канец жыцця. Атрымаў прэстыжную Болінгенскую прэмію за кнігі, выдадзеныя ў 1994 г., — «Адзін цягнік» і «На вялікім атлантычным шляху дажджоў: выбраныя творы 1950—1988 гг.», а неўзабаве таксама літаратурную прэмію ганаровага таварыства «Фіта, бэта, капа» за знакаміты зборнік «Новыя адрасы», выдадзены ў 2000 г. Тым не менш, да канца жыцця ён заставаўся на абочыне літаратурнага «мэйнстрыму». Як пісаў крытык Джон Холандэр, Кох быў «нечым накшталт рознакаляровай палаткі, разбітай на надзвычай каштоўных руінах». Але ж ці мог паэт, які прасіў вымаўляць яго прозвішча як «Коўк»* , таму што хацеў, каб яго вершы пеніліся, як газіроўка, разлічваць на іншы лёс у такой непрыхільнай да гумару ў паэзіі краіне, як Злучаныя Штаты? |
* На самай справе Кейдж чытаў лекцыі ў 1988/1989 навучальным годзе; у 1990 г. яны былі апублікаваныя. — заўв. перакл.
|
«Наш Гермес», як называў яго Фрэнк О’Хара, пакінуў гэты свет пасля гадавога змагання з лейкеміяй 6 ліпеня 2002 г.
«ЛА-МАМА» («La Mama»), адно з месцаў у Ніжнім Манхэтэне, дзе ў эпоху контркультуры адбываўся нязмушаны сімбіёз розных відаў мастацтва. Гэты працэс працягваецца тут і цяпер. Каралеўства легендарнай Элен Сцюарт месціцца сёння ў сапраўдным тэатры з некалькімі заламі на Усходняй Чацвёртай вуліцы, аднак пачыналася ўсё з невялікага шынка ў Ніжнім Істсайдзе, у якім крэслы і столікі былі зроблены з урнаў, пражэктары — з кансервавых бляшанак, а ў зале магло змясціцца не больш за 25 чалавек. Сваім нараджэннем «Ла-Мама» абавязана маленькаму «Кафэ Чына», у якім Сцюарт бывала частай госцяй. У 1961 г. яна разам з братам Фрэдам і пісьменнікам Полам Фостэрам вырашыла заснаваць уласнае кафэ або шынок, дзе яны маглі б ставіць свае п’есы (хоць у той час ніводная з іх яшчэ не была напісана) і запрашаць іншых да супрацоўніцтва. Пачалі яны сваю дзейнасць з інсцэніроўкі навелы Тэнесі Уільямса «Плячо». Пасыпаліся праблемы: прафсаюзы не дазвалялі граць у іх спектаклях акцёрам (таму што іх праца не аплачвалася), горад вымагаў устаноўкі дарагога электрычнага і санітарнага абсталявання. Даводзілася пераязджаць: спярша на Дзевятую вуліцу, затым на Другую авеню. Сітуацыю змяніла толькі датацыя, атрыманая ў 1967 г., у прыватнасці ад фондаў Форда і Ракфелера. Дзякуючы ёй быў куплены будынак на Чацвёртай вуліцы, што дазволіла энтузіястам значна разгарнуць сваю дзейнасць. Утварыліся дзве суполкі: рэпертуарная трупа «Ла-Мама» (з ёй працаваў галоўным чынам Том О’Хорган, пазнейшы пастаноўшчык мюзікла «Валасы») і эксперыментальны тэатральны клуб «Ла-Мама». Да іх у будучыні далучацца іншыя аднайменныя калектывы — у Нью-Йорку, у Злучаных Штатах (Балтымар, Бостан), у іншых краінах (Лондан, Парыж, Токіо, Мельбурн, Касабланка, Багота). У 1970 г. заснавальнікі «Ла-Мамы» купілі чарговы, шасціпавярховы будынак на Грэйт-Джонс-стрыт, 47, у якім размяшчаюцца рэпетэцыйныя залы, майстэрні і студыя для шырокага кола артыстаў і груп з асяроддзя незалежных тэатраў. Тут асталявалася, у прыватнасці, «Таварыства рэпертуарнага тэатра на Грэйт-Джонс» на чале з румынскім рэжысёрам Андрэем Сербанам, якога Сцюарт сустрэла на фестывалі студэнцкіх тэатраў у Заграбе і «пераманіла» ў Нью-Йорк. На адкрыццё галоўнага будынка тэатра — так званага «La Mama Annex» — Сербан паставіў гучную трылогію з сучасных адаптацый старажытнагрэцкіх драм — «Электры», «Троі» і «Медэі». Паэзія трывала прыйшла ў «Ла-Маму» толькі ў апошні перыяд, і звязана гэта было з новай галіной у амерыканскай паэтычнай культуры — перформансамі. Праграма «Poetry Electric», якой кіруе Уільям Блэк па мянушцы «Электрычны», — гэта паэтычная сцэна, адкрытая для творцаў, якія шукаюць альтэрнатыўных выяўленчых формаў. Яна спалучае паэзію з музыкай, рухам, гукам і танцам. Тут выступаюць артысты-дэкламатары, такія, як Дыярген, які з поспехам «рэпаваў рэгтаймы» разам з драматургам і музыкантам, даследчыкам традыцыі рэгтайму Майклам Дынвідзі. Вельмі часта паэтычную сцэну «Ла-Мамы» займаюць жанчыны, а адна з найцікавейшых паэтак сярод іх — Джэйн Мары Лекрой. Яна спявала ў вядомай нью-йоркскай панк-групе «Vitapup», утварае цікавы акустычны дуэт пад назвай «Transmitting» з джаз-басістам Томам Эбсам, выкладае паэзію студэнтам Юджын-Лэнг-каледжа пры ўніверсітэце «Новая школа», а таксама вучням нью-йоркскіх агульнаадукацыйных школ. Але перш за ўсё яна выканаўца ўласных паэтычных твораў («Слова «электрычнасць» з’яўляецца ў маёй паэзіі часцей, чым слова «каханне», а каханне з’яўляецца ў ёй часцей, чым слова», — гаворыць яна). У праекце «Словы здзіўлення» кампазітар і перформер Гары Ман, які здаўна супрацоўнічае з «Ла-Мамай» і Джозефам Чайкіным, рыхтуе вечары музыкі і паэзіі з Рычардам Левісам, стваральнікам «Тачстоўнскага цэнтра для дзяцей», а таксама такіх дзіцячых кніг пра паэзію і з паэзіяй, напісанай дзецьмі, як «Жыццё ў здзіўленні» і «Кожнае неба мае свае словы». Бываюць вечары, падчас якіх «рок-паэты» — Даніша Сміт, Эмілі Паркер, Саша Пэйнтэр і Ніколь Патуліо — «дэканструююць» паэзію Хендрыкса, «Led Zeppelin» ці «The Who». У іншыя разы паэты Грэг Дэгрот, Лара Фельдман, Така Акада, Дэвід Познер, Тыфані Проміс, Пегі Судзукі, Алісія Уайтакер і Крыз Заброўскі «слэмуюць» «Рамэо і Джульету». Махмуд Карымі Хакак і Джо Марцін ствараюць «тэатр верша» на аснове паэзіі Джалаладзіна Румі. Шымон Леві аніміруе палесцінска-ізраільскі дыялог паэзіі і музыкі «Двайная самотнасць», падчас якога арабскія і яўрэйскія вершы суправаджае музыка віяланчэліста Юваля Меснера і ўдарніка Самера Азара.
ЛОЎЭЛ (Lowell) Роберт (1917—1977), народжаны і пахаваны ў Бостане, шчыры — на пачатковым этапе творчасці — католік, прафесар Гарвардскага ўніверсітэта, які заўсёды прагнуў жыць у Нью-Йорку. Пачатак яго кантактам з гэтым горадам дала праца ў выдавецкай фірме «Sheed and Ward» у 1941—1942 гг. Годам пазней ён атрымаў дыплом Кеніян-каледжа (штат Агайо) у галіне класічнай філалогіі, ажаніўся з пісьменніцай Джын Стафард і перайшоў з Епіскапальнай царквы ў каталіцызм. У 1941 гю ён запісаўся добраахвотнікам у армію (з прычыны слабага зроку не быў узяты), але калі ў 1943 г. атрымаў позву, то ад свайго рашэння адмовіўся, пратэстуючы супраць бамбардзіровак саюзнікамі цывільнага насельніцтва, як гэта мела месца ў Дрэздэне. Тады ж ён напісаў адкрыты ліст прэзідэнту Рузвельту і «Дэкларацыю асабістай адказнасці», у якіх тлумачыў матывы свайго рашэння. Дзякуючы публікацыі гэтых дакументаў у «New York Times» і іншых газетах пайшоў розгалас пра бунтара — нашчадка дзвюх знакамітых сямей Новай Англіі, з якіх дагэтуль паходзілі ваенныя героі, выдатныя паэты і прэзідэнты Гарварда. Суд прыгаварыў яго да «года і аднаго дня» пазбаўлення волі, але ў выніку ўсё абышлося няпоўнымі шасцю месяцамі турмы і грамадскімі работамі. Перш чым Лоўэла накіравалі ў федэральную папраўчую калонію ў Данбургу (штат Канектыкут), дзе ён меўся адбываць пакаранне, некалькі дзён паэт правёў у нью-йоркскай турме на Вест-стрыт па суседзтве з камерай, дзе сядзеў забойца Луіс Бухгалтар па мянушцы «Лепке». «За што сядзіш?» — запытаў Лоўэл у Лепке. «За тое, што забіў. А ты?» — «За тое, што не хацеў забіваць», — адказаў Лоўэл. Вынікам гэтай сустрэчы быў знакаміты верш «Успаміны пра Вест-стрыт і Лепке» са зборніка «Урокі жыцця». У перыяд адбыцця пакарання Лоўэл закончыў і выдаў свой першы вершаваны зборнік «Зямля непадабенстваў» (1944 г.), выпраўленае і дапоўненае перавыданне якога выйшла ў 1946 г. пад назвай «Замак лорда Уіры» і атрымала Пуліцэраўскую прэмію. У канцы 1940-х гг. ён парывае з каталіцызмам, разводзіцца з першай жонкай і ў 1949 г. бярэ шлюб з раманісткай Элізабет («Лізі») Хардуік. На больш доўгі час Лоўэл прыехаў у Нью-Йорк у верасні 1960 г. Акурат тады ён атрымаў грант ад фонду Форда на напісанне оперы. Ён пасяліўся на кватэры тэатразнаўца і спецыяліста па творчасці Бертольда Брэхта Эрыка Бэнтлі на Рывер-драйв, 194. У кампаніі сябра, паэта Уільяма Мерэдзіта, ён праводзіў увесь свой час у «Метраполітэн-оперы», выхваляючыся: «Пучыні чатыры разы на тыдзень». Оперы так і не напісаў, але затое стаў сваім у нью-йоркскіх інтэлектуальных асяродках. З таго часу ён пачынае выкладаць у Гарвардзе, а жыць — па чарзе ў Нью-Йорку і ў Англіі. У студзені 1961 г. Лоўэл з жонкай і дачкой Харыет пасяляецца на Заходняй Шэсцьдзесят сёмай вуліцы, у доме, які быў узведзены на пачатку стагоддзя спецыяльна для дзеячаў мастацтва. Блізкае яму асяроддзе мысліцеляў і творцаў складалі ў той час ліберальныя насельнікі Верхняга Вестсайда, рэдактары і публіцысты «Partisan Review» і «New York Review of Books», у тым ліку яго блізкая сяброўка Ханна Арэндт. Калі на аўкцыён былі выстаўлены рэчы Жаклін Кенэдзі, сярод іх аказаліся кнігі Лоўэла з прысвячэннем: «Маёй сяброўцы з другога боку парку». Лоўэл не завязаў блізкіх адносін з паэтамі «нью-йоркскай школы». Толькі адзін раз у яго была супольная паэтычная вечарына з Фрэнкам О’Харам у Вагнер-каледжы на Стэйтэн-айленд. Такія ж былі ўзаемаадносіны і з бітнікамі. У пісьме да Алена Гінзберга, датаваным 1959-м годам, ён не змог утрымацца ад двухсэнсоўных з’едлівых заўваг: «Мне вельмі падабаецца «Кадыш». Гэтая паэма сапраўды такая меладычная, настальгічная, узрушальная, узнёслая. Магчыма, яна магла б быць карацейшая — здараецца, што стыль пачынае прадукаваць сам сябе… і, хутчэй за ўсё, зашмат у ёй Уітмена. Апроч таго, падаецца мне яна трошкі залішне ўмоўнай, шматслоўнай і ўзвышанай. Але ў цэлым гэта, канечне, выдатна напісаны, адшліфаваны і якасны паэтычны твор». У пераломным зборніку Лоўэла «Урокі жыцця» (1959 г.), у якім ён пераходзіць ад фармалізму да перадачы надзвычай асабістых перажыванняў, можна знайсці ўплыў Гінзберга і Уільямса. Гэты зборнік, узнагароджаны Нацыянальнай кніжнай прэміяй, лічыцца крытыкамі (разам з кнігай У. Д. Снодграса «Іголка ў сэрцы») пачаткам так званай «спавядальнай плыні» ў амерыканскай паэзіі. Чарговы грант фонду Форда прычыніўся да з’яўлення ў сярэдзіне 1960-х гг. драматычнай трылогіі «Старадаўняя слава»* , якая была з поспехам пастаўлена на Брадвеі. Канец бостанскага перыяду ў жыцці Лоўэла ўвасабляе цудоўная кніга «Палеглым за Саюз». У гэты час ён таксама робіць свой унёсак у барацьбу супраць вайны ў В’етнаме — у 1965 г. адхіляе запрашэнне прэзідэнта Джонсана да ўдзелу ў фестывалі, арганізаваным Белым домам, а ў кастрычніку 1967 г. удзельнічае ў маршы на Пентагон. |
* Размоўная назва кока-колы ў ЗША — заўв. перакл.
|
Жывучы ў Нью-Йорку, ён увесь час пакутаваў на маніякальную дэпрэсію, з прычыны якой неаднаразова шпіталізаваўся і праходзіў курс шокавай тэрапіі.
У 1970 г. Лоўэл ад’язджае на выкладчыцкую працу ў Англію. Ён разводзіцца з Хардуік і ў 1972 г. жэніцца з англійскай пісьменніцай Кералін Блэквуд. Ён рэгулярна прылятае ў Нью-Йорк. Падчас апошняга прылёту, едучы на таксі з аэрапорта Джона Кенэдзі на спатканне з Лізі, Лоўэл памірае ад сардэчнага прыступу.
МЕРВІН (Merwin) Уільям Стэнлі (нар. у 1927 г.), хоць і нарадзіўся ў Нью-Йорку ў сям’і прэсвітэрыянскага пастара, аднак усё жыццё паступова аддаляўся як ад роднага горада, так і ад бацькоўскай веры. Дзяцінства і юнацтва правёў у Пенсільваніі, вучыўся ў Прынстанскім універсітэце, падарожнічаў у Францыю, Партугалію і Англію. У 1950 г. асеў на Малёрцы, дзе яго наняў Роберт Грэйвс у якасці хатняга настаўніка для свайго сына. Потым жыў у Лондане. Па вяртанні ў Амерыку У. Х. Одэн прысудзіў яму ўзнагароду для маладых паэтаў выдавецтва Ельскага ўніверсітэта за дэбютны зборнік «Маска для Януса» (1952 г.). Праславіўся Мервін вершамі, накіраванымі супраць вайны ў В’етнаме, якія ў 1960-я гг. набылі значны розгалас, гэтак жа, як і вершы Роберта Лоўэла, Алена Гінзберга ці Дэнізы Левертаў. У 1970 г. ён атрымаў Пуліцэраўскую прэмію за зборнік «Мацаванне для лёсак» За апошні зборнік новых і выбраных вершаў за перыяд 1951—2001 гг. «Міграцыя» Мервін атрымаў у 2005 г. Нацыянальную кніжную прэмію ў галіне паэзіі. У тым самым годзе ён быў узнагароджаны Залатым лаўровым лістом на паэтычным конкурсе ў македонскай Струзе. Шмат год ён жыве на востраве Маўі (Гаваі) сярод прыгожай трапічнай прыроды і аўтэнтычнай культуры астраўлян, згодна з патрабаваннямі філасофіі будызму і «глыбокай экалогіі», крытычна паглядаючы на цывілізацыю Захаду. У дзяцінстве хлопчыку, заціснутаму ў рамках пурытанскага ладу жыцця сям’і метадыстаў, Нью-Йорк здаваўся далёкім берагам свабоды. У адным з эсэ, змешчаных у кнізе «Непрычасаныя арыгіналы», складзенай галоўным чынам з дзіцячых успамінаў, ён апісвае, як моцна ўрэзаўся ў яго свядомасць вобраз «іншасвету» Манхэтэна з лініяй памкнёных у неба хмарачосаў, якія ён назіраў са складзенай з жоўтай цэглы царквы ў Нью-Джэрсі. У Нью-Йорк Мервін вярнуўся праз верш «Адасабленне», які з’явіўся ў гарадской прэсе дзякуючы праекту «Паэзія ў руху»:
Твая непрысутнасць прайшла праз мяне,
Ён мае на Манхэтэне квартэру, у якой рэжысёр Мэл Сцюарт браў у яго інтэрв’ю да фільма «Погляд паэта». З вокнаў кватэры былі відаць вежы Сусветнага гандлёвага цэнтра. «Калі гэта здараецца, вас там няма…» — так пачынаецца яго верш «Словам». У перыяд з 10 да 23 верасня 2001 г. ён напісаў шэсць незвычайных вершаў: «Вераснёваму святлу», «Словам», «Веласіпеду Збігнева Герберта», «Попелу», «Восеньскай траве», «Будучай зіме». Усе яны былі ўключаны ў яго апошні зборнік паэзіі «Цяперашняя кампанія» (2005 г.), у якім — наследуючы цыклу Пабла Неруды «Оды спрадвечным рэчам» і кнізе Кенета Коха «Новыя адрасы» — змешчаны 101 верш, адрасаваны людзям, мясцінам, прадметам ці абстракцыям.
«НЬЮ-ЙОРКСКАЯ ШКОЛА» паэтаў — азначэнне, якое замацавалася (галоўным чынам дзякуючы літаратурным крытыкам; першым ужыў яго Бернард Маерс) за групай досыць блізкіх адзін аднаму паэтаў, якіх не звязваў паміж сабой ні супольны мастацкі маніфест (хоць многія з іх, мабыць, падпісаліся б пад маніфестам О’Хары «Персанізм»), ні аднародная паэтычная праграма. Затое іх яднала сяброўства, Нью-Йорк, у якім большасць з іх жылі, пэўнае стылёвае падабенства і супольная глыбокая перакананасць у неабходнасці стварэння новай паэтычнай мовы, якая процістаяла б так званай «спавядальнай плыні» ў амерыканскай паэзіі. Спярша была «нью-йоркская школа» мастакоў, якія прынялі такое самаазначэнне дзеля жарту, высмейваючы надзвычай вытанчаную і ўмоўную «парыжскую школу». Да «нью-йоркскай школы» належалі такія творцы ў галіне абстрактнага экспрэсіянізму, як дэ Кунінг, Полак, Клайн і Гастон. Разам з паэтамі, кампазітарамі, кінарэжысёрамі, танцорамі і акцёрамі яны ўтваралі асяроддзе мастацкага авангарду Нью-Йорка ў перыяд 1940—1960-х гг. У гэтым асяроддзі арганізоўваліся супольныя выставы, ствараліся супольныя паэмы ці фільмы, выходзілі творы розных відаў мастацтва пад адной назвай. Да першага пакалення паэтаў «нью-йоркскай школы» належалі Джон Эшберы, Кенвард Элмслі, Барбара Гэст, Кенет Кох, Фрэнк О’Хара і Джэймс Скайлер. Некаторыя крытыкі прылічаюць да гэтай групы таксама Гары Мэт’юза, які жыве ў Парыжы, і на пакаленне старэйшага Эдвіна Дэнбі. Усе яны пісалі верлібрам, былі ўважлівымі назіральнікам за будзённай рэчаіснасцю, цанілі шчырасць, былі схільныя да жартаў і іроніі, звярталіся да сюррэалізму, пісалі для тэатра, пазбягалі (за выключэннем Коха і позняга Эшберы) навуковай кар’еры, супрацоўнічалі з мастакамі… Другое пакаленне школы дало пачатак «Паэтычнаму праекту пры царкве святога Марка», многім галіновым літаратурна-мастацкім часопісам і выдавецтвам. Да яго належаць Эн Уолдман, Дэвід Шапіра, Джо Брэйнард, Тэд Берыган, Рон Пэджэт, Лары Фейджын, Чарльз Норт, Люіс Уорш, Фрэнк Лайма, Ларэнца Томас, Бернадэт Маер, Джым Кэрал, Эліс Нотлі і іншыя. Яны, у сваю чаргу, прычыніліся да з’яўлення трэцяга пакалення паэтаў: Юкі Хартмана, позняга Майкла Сколніка, Эйлін Майлз, Джыліян Макейн, Рашэль Краўт, Боба Розенталя, Эда Фрыдмана, Джо Эн Васерман, Кліфа Файмана, Мітча Хайфіла, Сімона Петэта, Дэвіда Эйбла і іншых. З «нью-йоркскай школай» былі звязаныя разнастайныя літаратурныя часопісы, у тым ліку тыя, што выдаваліся Мэт’юзам у Парыжы: «Locus Solus», «Art and Literature» (адным з яго рэдактараў быў Эшберы), «Angel Hair» (быў перайменаваны ў «United Artists»), а таксама «The World», які надалей выдаецца «Паэтычным праектам».
«НУЁРЫКАН», паэтычнае кафэ, існуе з 1974 г. у Альфабэт-сіці, на Трэцяй вуліцы, 236, паміж авеню B і C. Сярод яго заснавальнікаў быў, у прыватнасці, Мігель Пінера — легенда лацінаамерыканскай часткі Ніжняга Істсайда, злодзей і наркаман, прадвеснік рэпа і хіп-хопа, паэт і драматург, славу якому прынеслі п’есы, што ставіліся на Брадвеі, а таксама сцэнарыі да кінафільмаў «Каяк» і «Паліцыя Маямі». Кожную сераду і пятніцу тут адбываюцца паэтычныя вечарыны. Манхэтэн, які зганьбіў сваё добрае імя нястрымнай пагоняй за кар’ерай і матэрыяльнай выгадай, надалей застаецца месцам, прыхільным да паэзіі, дзе падчас публічнага чытання вершаў збіраюцца натоўпы, а паэтычнае кафэ «Нуёрыкан» шмат год трымаецца на літаратурнай карце. Мігель Альгарын, паэт і адзін з лідэраў кафэ, піша, што слова «нуёрыкан» узнікла са складання слоў «Нью-Йорк» і «пуэрта-рыканскі», што так называюць пуэртарыканцаў, якія нарадзіліся ў Нью-Йорку (іх іспанская мова адмысловая — так званы «спэнгліш»; такія ж адмысловыя іх адзенне і выгляд), і што так, нарэшце, называюць сталых наведвальнікаў кафэ, незалежна ад іх нацыянальнасці. Першыя чытанні паэзіі адбываліся ў так званым «Адкрытым пакоі», у які запрашаюцца ўсе паэты, што хацелі б паказаць і прадставіць у выглядзе перформансу свае вершы. Перакананне, што паэзію трэба не проста чытаць, а дэкламаваць, паказваць голасам і целам, стала адметнай падставай сустрэч у кафэ «Нуёрыкан» і яго публікацый. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што на пачатку 1980-х гг. у Амерыцы нараджаецца плынь паэзіі пад назвай «слэм» (вершаваныя паядынкі, у якіх вердыкт выносіць публіка) і Нью-Йорк з паэтычным кафэ «Нуёрыкан» робіцца адным з першых (пасля Чыкага і Эн-Арбара) месцаў арганізацыі самых прэстыжных вечарын у рамках гэтай плыні. Ва ўступе да анталогіі «Услых: галасы з паэтычнага кафэ «Нуёрыкан», якая ў 1994 г. атрымала Амерыканскую кніжную прэмію, Боб Холман піша: «Не чытайце гэтай кнігі! Вам не трэба: гэтая кніга чытаецца для вас. […] Пачуйце гэтую кнігу на свае вушы». Сярод паэтаў, якія прадстаўлялі свае вершы ў кафэ «Нуёрыкан» і апынуліся сярод 150 аўтараў анталогіі, ёсць Пол Біці, Ванда Коўлман, Мэгі Эстэп, Дэвід Хендэрсан, Рауль Салінас, Сэфайр, Эдвін Торэс і Майк Тайлер.
О’ХАРА Фрэнк (1926—1966), прыехаў у Нью-Йорк восенню 1951 года, у разгар макартызму, які, аднак, неўзабаве мусіў саступіць месца палітыцы, што ставіць на першы план асобу, не дапускае ідэалагічнага ціску і абмежаванняў свабоды слова. У паэзіі настала панаванне «грубай» мовы, асабістых перажыванняў і выразнага аўтарскага «я». О’Хара быў адным са стваральнікаў гэтай новай эстэтыкі і даводзіў яе да дасканаласці — не толькі праз свае вершы, але і праз уласнае жыццё, што ў тагачасным Нью-Йорку было неаддзельным адно ад другога. Спачатку ён жыў з Джэймсам Скайлерам на Усходняй Сорак дзевятай вуліцы, 326 (цяпер гэтага месца не існуе). Затым сышоўся з Джо Лесюерам, разам з якім жыў на наступных кватэрах: у 1957 г. яны селяцца ў студыі на Універсітэцкай плошчы, 90 (за два крокі ад «Кедровай таверны»), а затым на Усходняй Дзевятай вуліцы, 441. Месца, якое сапраўды іх задаволіла, яны знайшлі толькі ў 1963 г. на Брадвеі, 791, насупраць царквы Грэйс (акурат тут горад павесіў мемарыяльную шыльду ў памяць аб сваім паэту). «Ніколі не трэба пакідаць Нью-Йорк дзеля сустрэчы з улоннем прыроды, якога так прагне ўся твая істота, — таму што мне не ўдасца пацешыцца ніякай сцяблінкай, пакуль я не адчую блізкасці метро, або музычнай крамы, або нейкага іншага сведчання таго, што людзі татальна марнатравяць жыццё», — пісаў О’Хара ў «Медытацыях у стане пагрозы». Ён заставаўся ў Нью-Йорку да канца жыцця. Тым, чым для мастакоў-экспрэсіяністаў была прасторная паверхня палатна — іх «поле дзейнасці», тым для О’Хары быў Нью-Йорк — яго нястомная дынаміка, вечная сучаснасць, не масы, а паасобныя людзі, называныя ў вершах па імені і прозвішчы, і такія самыя назвы вуліц, сквераў, дамоў, галерэй, крам, кавярняў, станцый метро, расклады руху паяздоў…
У пэўныя сонечныя дні цудоўна
(Джэймс Скайлер, 6 верасня 1969 г.)
Ён быў добрым духам гэтага горада, незвычайна адкрытым і чуйным да людзей, даючы сваім суразмоўнікам адчуць, што яны для яго найважнейшыя ў свеце, спагадлівым да праяў інакшасці, неймаверна дружалюбным, заўсёды прысутным ва ўсіх кафэ і на прыёмах, дзе ён паўтараў, што адзіная рэч, якой бы ён жадаў, — гэта ніколі не класціся спаць! Поплеч з ім былі Джон Эшберы, Норман Блюм, Майк Голдберг, Эдвін Дэнбі, Джэйн Фрэйлічэр, Грэйс Хартыган, Джаан Мітчэл, Пэтсі Саўтгейт, Кенет Кох… Калі 27 ліпеня 1966 г. на могілках у мясцовасці Спрынгс на Лонг-айленд, праз тры дні пасля недарэчнай гібелі О’Хары пад коламі пляжнага аўтамабіля-багі раніцай на Файр-айленд, з ім развітваўся Лары Рыверс, вялікае кола блізкіх памерламу людзей пачула тую адну фразу, якую маглі б паўтарыць многія: «Фрэнк О’Хара быў маім найлепшым сябрам». О’Хара, аўтарытэтны крытык сучаснага выяўленчага мастацтва і куратар многіх выставак у Музеі сучаснага мастацтва, доўгі час быў недаацэнены як паэт. Сам ён таксама лічыў за лепшае не прыцягваць вялікай увагі да сваіх вершаў, якія пры яго жыцці публікаваліся галоўным чынам у малатыражных авангардысцкіх часопісах. «Ён не рабіў са сваёй літаратурнай творчасці нейкай вялікай справы, — прыгадваў Лесюер, — папросту сядаў і пісаў, калі да яго прыходзіла натхненне. Таму я не адразу зразумеў, што калі ты лічыш паэзію нечым зусім натуральным, як дыханне, то гэта азначае, што яна робіцца сутнасцю твайго жыцця». У такім падыходзе хавалася і пісьменніцкая, і жыццёвая стратэгія, якой Нью-Йорк чакаў ад творцаў пасля таго, як «выкраў» сучаснае мастацтва ў Парыжа. Каб знішчыць рамкі формаў, умоўнасцяў, эстэтык і звычаяў, якія аддзяляюць мастацтва ад жыцця, трэба было даць права голасу (і гэты голас працінае ўсю паэтычную творчасць О’Хары) «філасофіі ненавязвання каштоўнасцяў» (Хелен Вендлер) і яшчэ згодна з ёю жыць. «Нават у сучаснай амерыканскай паэзіі — паэзіі, якую часта наведвае манія выказвання «поўнай праўды», — няшмат ёсць паэтаў, якія б у роўнай ступені з О’Харам узвялі адпаведнасць паміж жыццём і творчасцю ў ранг першараднага прынцыпу ўласнага існавання. Таму што для О’Хары, як сведчаць і яго вершы, і ўспаміны сяброў, быць пісьменнікам і мастаком азначала натуральны стан, натуральную чалавечую рысу. У гэтым няма нічога незвычайнага. Гэта не павінна выклікаць ні здзіўлення, ні захаплення, ні павагі, ні ўсмешкі ці чаго там яшчэ — гэта проста само сабой зразумела» (Пётр Зомер).
«ПАЭЗІЯ Ў РУХУ» («Poetry in Motion»), праект, які рэалізуецца ў Нью-Йорку з 1992 г. нью-йоркскім Цэнтральным транспартным упраўленнем і Паэтычным таварыствам Амерыкі ды мае на мэце прапаганду паэзіі праз сферу грамадскага жыцця шляхам змяшчэння вершаў вядомых паэтаў або іх фрагментаў у метро і на гарадскіх аўтобусах. Узорам для гэтага праекта была праграма «Вершы ў метро», ініцыяваная ў Лондане амерыканскай пісьменніцай Джудзіт Чэрнайк у 1986 г. У першы год былі выбраны чатыры вершы: «На Бруклінскім пароме» Уолта Уітмена, «Надзея — істота ў пер’і» Эмілі Дзікінсан, «Калі ты станеш стары» Уільяма Батлера Йітса і «Няхай будзе новая квецень» Люсіль Кліфтан. Штогод выбіраюцца некалькі новых вершаў. Сярод іх былі таксама вершы цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх аўтараў: «Сутыкненне» Чэслава Мілаша, «Рамонт гадзіннікаў» Чарльза Сіміча, «Па цвёрдым грэбені сумёта» Ганны Ахматавай, «Калі ласка, уступіце месца пажылому ці інваліду» Ніны Касіян, «Збянтэжанасць» Ніно Нікалава, «Ліст» Браніслава Мая. У 1996 г. выйшла анталогія, складзеная з першых 100 вершаў, — «Poetry in Motion: 100 Poems from the Subway and Buses». Адзін са спонсараў праграмы і месца, дзе часта адбываюцца звязаныя з ёю паэтычныя чытанні, — сетка кнігарань «Барнс і Нобль».
ПАЭТЫЧНЫ КЛУБ НА БАЎЭРЫ (Bowery Poetry Club), знаходзіцца ў Ніжнім Істсайдзе, у доме № 308 па вуліцы Баўэры. Прысутнасць паэзіі ў гэтым адным з самых вядомых і папулярных клубаў Ніжняга Манхэтэна зусім не адпавядае вобразу паэтаў, якія чытаюць свае вершы ў поўнай цішыні пры святле свечкі ці адзінокага пражэктара. Жартоўны дэвіз людзей, якія тут сустракаюцца, гаворыць: «Праблема з паэзіяй у тым, што яе прыйдзецца чытаць». Вядома, паэзія тут чытаецца, і часам цэлымі гадзінамі, як гэта было падчас «марафона чытання Эмілі Дзікінсан». Але ў першую чаргу паэзія тут — гэта дзеянне словам і целам, удзел, імправізацыя, відовішча, у якім на роўных выступаюць як майстры амерыканскай паэзіі, так і вулічныя паэты. Не ўсім такая формула клубнай паэзіі прыйдзецца даспадобы, можна наракаць на яе плебейскасць, на не заўсёды высокі палёт вершаванага слова, можна бурчаць наконт таго, што паэзія — гэта не баксёрскі рынг, але нельга абвінаваціць гэтыя сустрэчы ў паныласці або замкнёнасці. «Гэй! — выгукаюць стваральнікі клуба. — Паэзія — ужо не элітарны занятак, не анафема, абвешчаная рэальнаму жыццю, не тост на славу абскурантызму. Тое, што адбываецца ў нас, — гэта вялікае паражэнне людской раз’яднанасці. Таму што мова — гэта квінтэсенцыя чалавечай сутнасці, і ёю ж з’яўляецца паэзія, што гучыць у Паэтычным клубе на Баўэры, — квінтэсенцыя мовы». Душой (і ўладальнікам будынка) клуба з’яўляецца Боб Холман — паэт, якога называюць «майстрам прамоўленага слова». Першапачаткова ён быў звязаны з «Паэтычным праектам пры царкве святога Марка», а потым працаваў у паэтычным кафэ «Нуёрыкан», дзе ў 1988 г. заснаваў шоў «Поэтры-слэм» («паэтычнае спаборніцтва»), якое вёў да 1996 г. Клуб адкрыты штодня з дзевятай раніцы (у выхадныя з адзінаццатай). Штоаўторак адбываецца «поэтры-слэм» (у ім удзельнічалі ўжо і многія вядомыя паэты, у тым ліку Білі Колінз, Патрысія Сміт, Гэлвэй Кінел, Сол Уільямс). Частымі гасцямі ў клубе бываюць хіп-хоперы, караоке-танцоры, персідскія песняры эпасу… Бацькам «сям’і» з’яўляецца Уолт Уітмен (з ім можна перапісвацца праз адрас электроннай пошты walt@bowerypoetry.com), вялікай пашанай карыстаюцца тут паэты «нью-йоркскай школы» і бітнікі. Свае пастаянныя праграмы тут вядуць Аміры Барака, Эн Уолдмен, Эд Сандэрс, Тулі Капферберг, Эрык Багасян. Пры Паэтычным клубе на Баўэры дзейнічае таксама таварыства «Bowary Art & Science», якое пераймаецца сусветнымі аратарскімі традыцыямі, іх захаваннем і пашырэннем (праз семінары, практыкумы, кнігавыданне).
«ПАЭТЫЧНЫ ПРАЕКТ ПРЫ ЦАРКВЕ СВЯТОГА МАРКА» (St. Mark’s Poetry Project), нарадзіўся ў 1966 г. і трывае да сённяшняга дня. Ён перажыў канец эпохі контркультуры і, хоць тут ужо не надараецца такіх скандальных падзей, якія мелі месца ў 1960—1970-я гг., ён па-ранейшаму застаецца адным з найважнейшых аб’ектаў на паэтычнай карце Нью-Йорка. Там, дзе сёння ўзвышаецца царква святога Марка, у сэрцы Іст-вілідж, на скрыжаванні Другой авеню і Дзесятай вуліцы, некалі стаяла асабістая капліца галандскага губернатара Петэра Стуйвесанта, які меў тут свой маёнтак. Гэта найстарэйшае ў Нью-Йорку месцазнаходжанне хрысціянскага прыхода, хоць сама царква, збудаваная ў 1799 г., трохі маладзейшая за капліцу святога Паўла, што знаходзіцца на рагу Брадвея і Фултан-стрыт. Гісторыя гэтай часткі горада была надзвычай бурная і вельмі характэрная для Нью-Йорка. Стары Стуйвесант належаў да Галандскай рэфарматарскай царквы і быў ворагам рэлігійнага плюралізму (так, ён супраціўляўся пасяленню яўрэяў у Новым Амстэрдаме). Але ўжо яго ўнук узвёў тут храм Епіскапальнай царквы (яе вернікам быў пазней, у прыватнасці, У. Х. Одэн, які некаторы час жыў непадалёк). На мяжы XIX і XX стст., калі набыў славу «Вебстэр-хол», тут квітнела начное жыццё нью-йоркскай багемы (рэй вялі анархістка Эма Голдман, Марсель Дзюшань, Джозэф Стэла, пазней будынак купіў Аль Пачына), а неўзабаве раён стаў эпіцэнтрам развіцця яўрэйскай культуры, славутым, у прыватнасці, папулярнымі тэатрамі ідыш. Пасля Другой усясветнай вайны тут вырас Іст-вілідж — раён артыстаў і інтэлектуалаў, які быў зруйнаваны наркотыкамі і нястрымным ростам злачыннасці. Адрадзіўся ён як маладзёжны раён (дзякуючы суседству з універсітэтам), дзе дагэтуль да гадзіны ночы працуе знакамітая кнігарня святога Марка і дзе робіцца ўсё больш добрых бараў і рэстаранаў (польскія і ўкраінскія яшчэ трымаюцца, але дамінуе, бясспрэчна, азіяцкая кухня). Хоць паэтычных сустрэч у Нью-Йорку арганізуецца вельмі шмат, рэдка на якіх узнікае такая непаўторная атмасфера і сіла эмацыйнага ўздзеяння, як на сустрэчах у царкве святога Марка. Гэта засведчыў Ален Гінзберг: «Паэтычны праект» палае як распалены да чырвані вугаль на снезе Нью-Йорка». Адным з ініцыятараў «Праекта» быў паэт Джаэль Апенгеймер, які стаў яго першым дырэктарам. Ля самых пачаткаў «Праекта» былі таксама яго другая дырэктарка Эн Уолдман (ураджэнка Іст-вілідж), Тэд Берыган, Рон Пэджэт (трэці дырэктар), Лары Фейджын (выдавец часопіса «Adventures in Poetry» — органа праекта), Ларэнца Томас, Бернадэт Маер (чацвёртая дырэктарка), Джым Кэрал, Эліс Нотлі… Гэта яны прыцягнулі да «Праекта» старэйшых і ўжо праслаўленых паэтаў — Алена Гінзберга, Эдвіна Дэнбі, Джона Эшберы, Джэймса Скайлера, Барбару Гэст, Кенета Коха і Кенварда Элмслі. Дзякуючы гэтаму «Праект» на нейкі час стаў домам для паэтаў «нью-йоркскай школы», а таксама для іншых паэтаў з вядомай анталогіі Дональда Алена «Новая амерыканская паэзія 1945—1960 гг.». Следам за імі прыйшлі наступныя — Роберт Лоўэл, Эйлін Майлз (пятая дырэктарка), Майкл Палмер, Роберт Крылі, Філдынг Доўсан, Аміры Барака, Дэвід Хендэрсан, Грэгары Корса, Даяна Дзі Прыма, Уільям Бероўз, Біл Завацкі, Боб Холман і іншыя. «Паэтычны праект» — гэта не толькі паэтычныя сустрэчы, але і супольнасць творцаў (сярод якіх былі таксама рэжысёры, перакладчыкі, празаікі, мастакі, акцёры, музыканты), якія на працягу пэўнага часу жылі і тварылі разам. Толькі тут супольна чыталі свае вершы Роберт Лоўэл і Ален Гінзберг. Мелі розгалас вечарыны памяці памерлых (Роберта Дункана, Чарльза Рэзнікафа, Фрэнка О’Хары, Тэда Берыгана, Джэймса Скайлера, Джо Брэйнарда), прэзентацыі новых кніг ці літаратурных часопісаў. Калі яшчэ кватэрная плата ў навакольных дамах была невысокая, тут жылі многія паэты. Самым вядомым было жытло Эн Уолдман і Люіса Уорша на плошчы Святога Марка, 39, гасцінныя гаспадары якога з ахвотай наладжвалі прыёмы. Сёння «Паэтычны праект», якім кіруе Ансельм Берыган, арганізуе паэтычныя сустрэчы кожны панядзелак і сераду, чатыры літаратурныя семінары на год, выдае літаратурны штогоднік «The Recluse» і інфармацыйны бюлетэнь, вядзе архіў аўдыёзапісаў і друкаваных дакументаў, а кожнае святкаванне Новага года сустракае марафонам паэтычных чытанняў. Аднак і гэтага мала для найважнейшага культурнага асяродка ў Ніжнім Манхэтэне. У царкве святога Марка месцяцца таксама лацінаамерыканскае і японскае брацтвы, «Дэнспэйс-праект» (адна з найважнейшых пляцовак сучаснага танца ў горадзе), а таксама ўзначальваны з 1968 г. Рычардам Форыменам авангардысцкі «Анталагічна-істэрычны тэатр».
РЭЗНІКАФ (Reznikoff) Чарльз (1894—1976), нарадзіўся, паводле ўласных слоў, у яўрэйскім гета ў Бронсвілі (Бруклін) у сям’і яўрэяў, якія ўцяклі з Расіі ад пагромаў, што распачаліся пасля забойства цара Аляксандра II у 1881 г. Ён быў самотным прахожым, які бадзяўся па Брукліне і Манхэтэне — з краю ў край, з канца ў канец, і так усё жыццё. З хуткіх і ўважлівых назіранняў, з эстэтыкі імажынізму, жанру хайку, з кароткіх аповедаў, празаічных фактаў, істотных дэталей, з рэчаў, агорнутых метафарамі, нараджаўся змест яго паэзіі. Ён быў, падобна да Льюіса Зукофскі і іх агульнага патрона Уільяма Карласа Уільямса, паэтам-аб’ектывістам, які запачаткаваў новую плынь у літаратуры. Ён не дбаў пра поспех, трымаўся ўбаку, страшэнна баючыся толькі аднаго — каб яго вершы не згінулі назаўсёды ў рукапісах, будучы выкінутымі ці знішчанымі пасля яго смерці. Такая гісторыя здарылася з яго дзедам Іезекілем, кніганошам, памерлым далёка ад дому, у рэчах якога ўдава знайшла рукапісы вершаў, напісаных на ідышы. Паколькі гэтая мова была для яе незразумелая, яна спужалася, што ў вершах утрымліваюцца забароненыя думкі, што, будучы прачытаныя кімсьці, рукапісы прынясуць толькі клопат сям’і, і таму як мага хутчэй іх знішчыла. Іезекілеў унук ужо не чакаў гадамі выдаўцоў, якія б рызыкнулі займець справу з дэбютанцкімі і нядобранадзейнымі вершамі з цыкла «Рытмы», і апублікаваў іх уласнымі сіламі ў 1918 г. Потым ён рабіў так яшчэ некалькі разоў, даўшы магчымасць сучасным антыкварам добра зарабіць на гэтых бібліяфільскіх рарытэтах, даступных толькі па высокай цане. Якое ж было здзіўленне Джона Марціна, які пасля смерці паэта знайшоў у яго рэчах нікому не вядомы машынапіс рамана «Манерная музыка». На шчасце, Марцін быў дырэктарам «Black Sparrow Press» — выдавецтва, якое да сёння апякуецца даробкам Рэзнікафа. Яго нью-йоркскія адрасы — гэта, сярод іншага, рог Васемнаццатай вуліцы і Дзевятай авеню, вежа Лінкальна ў Лінкальн-цэнтры, а таксама апошняе месца жыхарства — Вестэнд-авеню, 180.
«САН-РЭМА» (San Remo), найслыннейшы пісьменніцкі бар 1940—1950-х гадоў, які знаходзіўся на рагу вуліц Блікер і Макдугал, у сэрцы італьянскай часткі Грынвіч-вілідж. Ён прывабліваў салатамі па адным долары, з якімі можна было есці хлеб і масла без абмежаванняў. Спачатку гэта было тлумнае месца, дзе, як апісваў Майкл Харынгтан, калі ў 1949 г. пераехаў у Нью-Йорк з Чыкага, «гетэрасексуалісты злучаюцца ў пары, гомасексуалісты ахвяруюць эксклюзіўнасцю гей-бараў на Восьмай вуліцы на карысць яднання палоў і дзе сустракаюцца камуністы, сацыялісты і трацкісты разам з аматарамі пакурыць траўку…» А потым прыйшлі бітнікі — Бероўз, Гінзберг, Керуак разам з далёкімі ад літаратуры прадстаўнікамі beat generation — Люсьенам Карам і Білам Канастрам. У параўнанні з палітычна гарачым і алкагольна разбэшчаным «Белым канём» кафэ «Сан-Рэма» спакайнейшае. У рамане Керуака пра міжрасавае каханне «Падземныя» Адам Мурэд (прататыпам якога быў Ален Гінзберг) так апісвае заўсёднікаў «Рэма» (у кнізе кафэ знаходзіцца ў Сан-Францыска і называецца «Маска»): «Яны крутыя без павярхоўнасці, яны разумныя без банальнасці, яны інтэлектуальныя, як чэрці, і ўсё ведаюць пра Паўнда без прэтэнзій ці залішняй балбатні. Яны спакайнюткія, не раўнуючы Хрыстос». У той перыяд бітнікі хоць ужо і былі вядомы ў пэўных асяроддзях, але рэдка друкаваліся ў сур’ёзных часопісах. Напрыклад, ім адмаўляў у публікацыі Дэлмар Шварц, часты кліент «Белага каня», у той час рэдактар «Partisan Review», які называў іх «гарлапанамі з Сан-Францыска». У гэтай сітуацыі руку дапамогі ім працягнула асяроддзе «Сан-Рэма». У 1958 г. Хеці Джонс выйшла замуж за паэта Лероя Джонса (у будучыні Аміры Барака), і яны разам пачалі выдаваць часопіс «Yugen», друкуючы бітнікаў, паэтаў з асяроддзя Блэк-Маўнтын-каледжа і «нью-йоркскай школы» (у тым ліку Гінзберга, О’Хару, Эшберы). У 1950-х гг. у «Сан-Рэма» часта бывала Джудзіт Маліна, сузаснавальніца «Жывога тэатра». У сваім дзённіку яна называла гэтае месца «San Remorse» («Святая скруха»). Тут яна мела сустрэчы з усімі бітнікамі, уключаючы Грэгары Корса, які нарадзіўся літаральна насупраць, на Блікер-стрыт, 90, над пахавальнай канторай, а таксама Майлза Дэвіса і Тэнесі Уільямса, Маю Дэрэн, захопленую гаіцянскімі культамі вуду, і Джона Кейджа, неразлучнага з «Кнігай перамен». Менавіта тут пісьменнік Рон Сукенік у 1960 г. упершыню ўбачыў жанчыну ў джынсах. У час, калі ў трыццаці штатах існавалі яшчэ законы, якія забаранялі міжрасавыя шлюбы, «Рэма» з самага пачатку было месцам, дзе такія пары маглі адчуваць сябе як дома. Бывалі тут Уільям Стайран, Норман Мейлер, Гарольд Норс, Джэймс Болдуін, У. Х. Одэн і многія іншыя, пазбаўленыя тэлевізара, а значыць асуджаныя выйсці кудысьці з дому вечаровай парой… Сёння тут знаходзіцца «Кафэ Карпа».
СІМІЧ (Simic) Чарльз (нар. у 1938), прыехаў у Нью-Йорк шаснаццацігадовым падлеткам, эміграваўшы з Бялграда разам з маці і братам. Тут іх чакаў бацька, які пакінуў Югаславію шасцю гадамі раней і з якім Чарльз у першую ж ноч пайшоў на джазавы канцэрт у кафэ «Метраполь». Праз год ён пераязджае ў Чыкага, дзе грызе граніт навукі ў школе, якую скончыў Эрнэст Хемінгуэй, — Оўк-Паркскай старшай школе. Ужо ў 1958 г. ён вяртаецца ў Нью-Йорк і паступае на вячэрняе аддзяленне Нью-Йоркскага ўніверсітэта. Атрыманне дыплома заняло ў яго дзевяць год. У 1961 г. Чарльз пайшоў на двухгадовую службу ў войска, падчас якой знішчыў усе свае напісаныя раней вершы, якія «былі не чым іншым, як смеццем». Жыў на Усходняй Трынаццатай вуліцы, у гасцініцах «Альберт» і «Эрл», а таксама ў розных арандаваных пакоях у Грынвіч-вілідж. Каб зарабіць на жыццё і вучобу, браўся за самыя розныя заняткі; найдаўжэй працаваў ва ўніверсітэцкім дэпартаменце плацяжоў, дзе адказваў за чэкі, якімі плацілі заробак кур’ерам. Сіміч канчае вучобу ў 1966 г., бярэ шлюб з Хелен, ад якой у яго будзе двое дзяцей (Ганна і Філіп), пераязджае ў Верхні Манхэтэн, на скрыжаванне Дзевяностай вуліцы і Другой авеню, і пачынае працаваць кіраўніком спраў у фотамагазіне «Апертура». У 1970 г. ён пакідае Нью-Йорк і пераязджае ў Каліфорнію. З 1973 г. выкладае англійскую літаратуру ў Нью-Гэмпшырскім універсітэце і пасяляецца ў гарадку Страфард каля Дарэма. Чым далей ён знаходзіцца ад горада сваёй маладосці, тым часцей гэты горад з’яўляецца ў яго творчасці, поўны дзівосаў, дзівакоў і экзатычных гісторый, якія здараюцца на рагу вуліцы. Сіміч заўсёды быў уважлівы да дробных, штодзённых спраў і рэчаў, якіх іншыя не заўважалі, як, напрыклад, мастак Джозэф Корнел, герой яго кнігі «Алхімія «грашовых магазінаў» (1993 г.). У 1967 г. Сіміч публікуе свой першы зборнік вершаў «Што гаворыць трава». У наступныя гады з’яўляюцца, у прыватнасці, зборнікі «Касмалогія Харона» (1977 г., намінацыя на Нацыянальную кніжную прэмію), «Класічныя бальныя танцы» (1980 г., прэмія імя Хэрыет Манро), «Свет не канчаецца: паэмы ў прозе» (1990 г., Пуліцэраўская прэмія), «Бадзяжная чорная кошка» (1996 г., фіналістка конкурсу на Нацыянальную кніжную прэмію), а таксама «Гульня ў саломінкі» (1999 г., намінацыя ў катэгорыі «Адметная кніга» на штогадовым конкурсе «New York Times»).
ТОМАС (Thomas) Дылан (1914—1953), атрымаў запрашэнне ў Амерыку ў 1949 г. ад паэта Джона Брыніна, які ўзначальваў знакаміты сёння яўрэйскі цэнтр «Y» на Дзевяноста другой вуліцы (у 1955 г. ён выдаў кнігу «Дылан Томас у Амерыцы»). Ужо ў 1950 г. Томас з’явіўся ў Нью-Йорку — горадзе, паэтычнай легендай якога ён стаў. На працягу трох наступных месяцаў, падчас якіх ён вандраваў паміж Нью-Йоркам і Каліфорніяй, за ім цягнулася слава гулякі і лавеласа. Ён прыязджаў сюды яшчэ некалькі разоў у 1952—1953 гг. Апошні раз — у кастрычніку 1953 г., рэкламуючы свой «Збор твораў» і пішучы лібрэта да оперы на музыку Ігара Стравінскага. Ён так і не закончыў лібрэта і не прачытаў лекцый, запланаваных на канец гэтага года. 4 лістапада яго арганізм не вытрымаў васемнаццаці кілішкаў чыстага віскі, выпітых у таверне «Белы конь». У каматозным стане яго даставілі з гасцініцы «Чэлсі» ў бальніцу святога Вінцэнта на рагу Адзінаццатай вуліцы і Cёмай авеню. Перш чым з Уэльса прыехала яго жонка Кейтлін, пры ложку хворага, які так і не прыйшоў у прытомнасць, дзяжурыла палюбоўніца — Ліз Рэйтэл. Памёр Дылан Томас 9 лістапада 1953 г.
«ЧЭЛСІ» (Chelsea), гасцініца, была пабудавана ў 1884 г. Філіпам Губертам, які праславіўся спалучэннем віктарыянскай і гатычнай архітэктуры. Знаходзіцца па адрасе Заходняя Дваццаць трэцяя вуліца, 222, паміж Сёмай і Восьмай авеню. Гэты першы ў горадзе дванаццаціпавярховы будынак трымаў першынство па вышыні да 1902 г. Яшчэ да таго, як у ім размясцілася гасцініца, у будучыні адна з найслыннейшых на Манхэтэне, ён паспеў абзавесціся літаратурнымі сувязямі: тут нейкі час жыў Марк Твэн. Тады гэта быў кааператыўны жылы дом, у якім 30 кватэр са ста здаваліся ў арэнду. У 1905 г. будынак быў прададзены і прыстасаваны пад гасцініцу. Хто толькі ні завітваў сюды на даўжэйшы ці карацейшы час — Сара Бернар, Джэксан Полак, Тэнесі Уільямс, Уладзімір Набокаў… У 1930-х гг. тут жыў паэт Эдгар Лі Мастэрс. Гэта ён у 1937 г. падгаварыў пасяліцца ў гасцініцы Томаса Вулфа, які напісаў у ёй каля чатырох тысяч старонак, працуючы над раманамі «Павуціна і скала» і «Дамоў вяртання няма». Амаль пяцьдзесят год тут жыў кампазітар і пісьменнік Вірджыл Томпсан, які памёр у гасцініцы ў 1989 г. У 1950-х гг. пастаяльцамі гасцініцы былі Джэймс Т. Фарэл і Мэры Макартні (жылі ў асобных апартаментах). Але найслыннейшым госцем «Чэлсі» ў тую пару быў валійскі паэт Дылан Томас. Апошні піў напрапалую, як і ірландскі драматург Брэндан Біэн, які, будучы выгнаным з іншых месцаў, пасяліўся ў «Чэлсі» ў 1961 г. У сваёй кнізе «Нью-Йорк Брэндана Біэна» ён прасіў уладальніка атэля Стэнлі Барда павесіць мемарыяльную шыльду, прысвечаную яго пражыванню ў гасцініцы. Гэта было зроблена пасля яго смерці ў 1964 г.; падобныя шыльды маюць таксама Артур Мілер, Томас Вулф і Джэймс Скайлер — апошні жыў тут з пачатку 1970-х гг. аж да смерці ў 1991 г. у пакоі № 625 з вокнамі на Дваццаць трэцюю вуліцу, у якім напісаў шмат вершаў са зборніка «Раніца верша», узнагароджанага Пулітцэраўскай прэміяй, а таксама з апошняга зборніка «Некалькі дзён». Свае апошнія гады правёў тут Герберт Ханке, якому прыпісваюць увядзенне ва ўжытак азначэння «біт» і якога Джэк Керуак называў найвялікшым з сучасных апавядальнікаў. Слава «Чэлсі» ўмацавалася ў 1980-х гг. дзякуючы дзвюм падзеям: Эндзі Уорхал зняў тут большасць сцэн са свайго фільма «Дзяўчаты «Чэлсі», а Сід Вішэз з групы «Sex Pistols» зарэзаў сваю палюбоўніцу Нэнсі Спанджан. Сёння «Чэлсі» налічвае пад 250 пакояў і апартаментаў, з якіх не менш як 75 % маюць сваіх пастаянных насельнікаў…
ЭШБЕРЫ Джон (нар. у 1927 г.), прыехаў у Нью-Йорк пасля вучобы ў Гарвадскім універсітэце, каб прадоўжыць навучанне ў Калумбійскім універсітэце і абараніць магістарскую работу аб англійскім раманісту Генры Грыну. У Гарвардскім універсітэце пазнаёміўся з Кенетам Кохам і Фрэнкам О’Харам — якія пазней разам з Джэймсам Скайлерам і Барбарай Гэст утвораць так званую «нью-йоркскую школу паэзіі». У 1952 г.* Уістэн Одэн прысудзіў яму ўзнагароду для маладых паэтаў выдавецтва Ельскага ўніверсітэта (праўда заключаецца ў тым, што, не атрымаўшы ніводнага рукапісу, які б заслугоўваў узнагароды, Одэн спытаў у Эшберы і О’Хары, ці няма ў іх сяго-таго пад рукой; першы са згаданых акурат меў «сёе-тое» пад назвай «Нейкія дрэвы», і, хоць Одэн прызнаваўся, што не разумее вершаў Эшберы, ён наважыўся прысудзіць Джону ўзнагароду). |
* Устойлівая назва дзяржаўнага сцяга ЗША; англ. Old Glory — заўв. перакл.
|
Яшчэ падчас вучобы ў Калумбійскім універсітэце, у 1950 г., Эшберы напісаў п’есу «Героі», якая ў 1952 г. была пастаўлена групай «Жывы тэатр» на сцэне «Чэры-Лэйн».
У 1951—1955 г. Эшберы працаваў у выдавецтве «McGrow-Hill», церпячы нягоды. Ён быў цесна звязаны з еўрапейскай культурай, перакладаў французскую літаратуру. Амаль дзесяць год, з 1955 да 1965 гг., правёў у Парыжы, хоць і падтрымліваў трывалую сувязь з Нью-Йоркам праз візіты і ліставанне. У якасці літаратурнага крытыка заўсёды прысутнічаў на старонках «Paris Herald-Tribune». На паэтаў Нью-Йорка зрабіў моцны ўплыў яго бадай найбольш радыкальны і своеасаблівы зборнік вершаў «Клятва ў зале для гульні ў мяч». Вярнуўшыся ў Нью-Йорк, Эшберы заняў пасаду намесніка часопіса «Art News» і пачаў пісаць вершы так, нібы на дварэ было дзевятнаццатае стагоддзе, а не дваццатае. Ён пасяліўся на Усходняй Дзевяноста пятай вуліцы, паміж Лексінгтон-авеню і Трэцяй авеню, у камяніцы з чырвонага пясчаніку. У 1978 г. ён разам са сваім партнёрам Дэвідам Кермані купіў дом канца XIX ст. у невялікім гарадку Гудзон на поўначы штата Нью-Йорк, дзе і жыве да сёння (другое жытло мае ў раёне Чэлсі на Ніжнім Манхэтэне). З усёй «нью-йоркскай школы» Эшберы напісаў сама больш вершаў. Кенет Кох знаходзіцца на другім месцы. Пасля звальнення з «Art News» Эшберы, натхнёны карцінай Парміджаніна, пачаў пісаць паэму «Аўтапартрэт». Яна зрабілася загалоўным творам паэтычнага зборніка «Аўтапартрэт у пукатым люстэрку», за які Эшберы ў 1975 г. атрымаў Нацыянальную кніжную прэмію, Нацыянальную прэмію крытыкі і Пуліцэраўскую прэмію. Натхнёны канцэртам Эліята Гартэра ў «Cooper Union», падчас якога «цягнулася размова» піяніста са скрыпачом, што ў розных канцах сцэны выконвалі незалежныя адна ад адной меладыйныя лініі, Эшберы піша паэму «Літанія», якая склаецца з двух паралельных слупкоў. Перад тым выклікала розгалас яго кніга, напісаная сумесна з Джэймсам Скайлерам. Многія паэты пачалі наследаваць яму, як раней Томасу Эліяту, паколькі здавалася, што інакш пісаць немагчыма. Эшберы вытрымаў усе гэтыя выпрабаванні, не ўзяла над ім верх і навуковая кар’ера — спачатку ў Бруклінскім універсітэце, а потым у Бардскім каледжы. Ён застаўся пішучым паэтам (апошні зборнік «Дзе я буду вандраваць» выдаў у 2005 г.), прыязным да людзей і добра зарыентаваным у творчасці многіх маладых мастакоў і пісьменнікаў. Фрэнк О’Хара сказаў пра яго: «Ён заўсёды гатоў заручыцца з цэлым светам».
Пераклад з польскай мовы Сяргея Петрыкевіча
Бібліяграфія: Allen, D. The New American Poetry, 1945—1960. — Grove Press, 1960. Corbett, W. New York Literary Lights. — Saint Paul, Minesotta, 1998. Jotterand, F. Nowy teatr amerykański / Przeł. Z. i K. Braunowie. — Warszawa, 1976. Kane, D. All Poets Welcome. The Lower East Side Poetry Scene in the 1960s. — University of California Press, 2003. Lehman, D. The Last Avant-Garde: The Making of the New York School of Poets. — New York, 1998. O’Hara, F. Twoja pojedynczość / Wybrał, przełożył i posłowiem opatrzył P. Sommer. — Warszawa, 1987. «...opiewam nowoczesnego człowieka». Antologia poezji amerykańskiej / Wybór i opracowanie J. Hartwig i A. Międzyrzecki. — Warszawa, 1992. Stone, W.C. Café Cino: The Birthplace of off-off-Broadway. — Southern Illinois University Press, 2005. |
* У тэксце недакладнасць: на самай справе ў 1956 г. — заўв. перакл.
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (56) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |