A R C H E П а ч а т а к № 6 (57) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


6 - 2007

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • літаратура • палеміка

 


палеміка

  Грыгоры Ёфэ

Вокладка «ARCHE» №6
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Грыгоры Ёфэ
Беларускае нацыятварэньне ў прызьме апошніх прэзыдэнцкіх выбараў
«Што для вас найважней: паляпшэньне эканамічнага становішча ці дзяржаўная незалежнасьць?» — так гучала адно з пытаньняў сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага НІСЭПД у лістападзе 2005 г. 62 % апытаных выказаліся за эканамічны дабрабыт, і толькі 25 % — за дзяржаўны сувэрэнітэт. Нават сярод тых, хто лічыць сябе «прыхільнікамі апазыцыі», 51,4 % аддаюць перавагу эканамічнаму дабрабыту, а 35,9 % — незалежнасьці. Бадай, яшчэ больш нечаканы за вынік ужо сам факт, што сацыёлягі задалі падобнае пытаньне. Яго амаль немагчыма ўявіць у Расеі, Польшчы, Латвіі ці Літве, бо ў гэтых краінах дзяржаўнасьць успрымаецца як экзыстэнцыйная каштоўнасьць, а не разьменная манэта ў пагоні за вышэйшым узроўнем жыцьця.

Праз тыдзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 г. НІСЭПД правёў яшчэ адно агульнанацыянальнае апытаньне: «Кім вы сябе лічыце: эўрапейцам альбо савецкім чалавекам?» 52 % апытаных назвалі сябе савецкімі людзьмі і 36 % — эўрапейцамі. У адказ на пытаньне: «Калі б вы мусілі выбіраць паміж далучэньнем да Расеі і да Эўразьвязу, чаму б вы аддалі перавагу?» — 51,6 % схіліліся да ўваходжаньня ў склад Расеі, а 24,8 % — да Эўразьвязу. Прыведзеныя лічбы дапамагаюць зразумець кантэкст, у якім праходзілі прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі.

Прэзыдэнцкая гонка

Прызначэньне даты прэзыдэнцкіх выбараў на пачатку сьнежня 2005 г. засьпела апазыцыю зьнянацку. У яе было замала часу на агітацыйную кампанію. Хоць Мілінкевіч наведаў усе абласныя і большасьць буйных раённых цэнтраў Беларусі, але, несумненна, ягоная PR-кампанія за мяжой мела большы посьпех, чым у самой краіне.

Інтэлігентны, мяккі, абазнаны ў беларускай, расейскай, польскай, францускай і ангельскай мовах, Мілінкевіч уяўляў зь сябе поўную супрацьлегласьць Лукашэнку — верхаводу-баламуту зь сялянскімі каранямі, вядомаму сваімі грубымі манерамі. Як сьцьвярджаў сам Мілінкевіч, ён — беларус, а Лукашэнка — савецкі чалавек. Сапраўды: Лукашэнка гаворыць на трасянцы, Мілінкевіч — на добрай расейскай і беларускай мове. У адказ на пытаньне, чаму Мілінкевіч выступае на тэлебачаньні па-расейску, ягоны прэс-сакратар Павал Мажэйка патлумачыў: «Каб дзяржаўная прапаганда ня выкарыстала і ня вешала на Мілінкевіча ярлык фашыста і нацыяналіста». У гэтай заўвазе цікавая і ўпэўненасьць, што дзяржаўная прапаганда захоча скарыстаць гэткі ярлык, і далёка не беспадстаўная заклапочанасьць, што яно зачэпіць за жывое шмат каго зь беларусаў.

Хоць Мілінкевіч — беспартыйны, афіцыйныя СМІ і сам Лукашэнка выяўлялі яго бэнээфаўцам — а шмат хто ў Беларусі цярпець ня можа гэтай партыі. Наколькі мне вядома, галоўная газэта краіны «Советская Белоруссия» не друкавала адкрыта варожых ці паклёпніцкіх матэрыялаў супраць Мілінкевіча. Тон тых нешматлікіх артыкулаў, дзе ўвогуле згадваўся кандыдат ад апазыцыі, быў хутчэй паблажлівы. Мабыць, з усіх рысаў перадвыбарнага партрэту Мілінкевіча найбольш зьвяртае на сябе ўвагу тое, што яго называлі каталіком і падкрэсьлівалі шчыльныя сувязі з палякамі.

Галоўная гістарычная праблема Беларусі — яе «працяглае існаваньне ў ценю расейскай і польскай культураў»1. Таму намёкі на прыналежнасьць да аднаго ці другога з названых полюсаў у гэтай краіне выклікаюць досыць эмацыйную рэакцыю. Трэба памятаць, што ў гістарычнай памяці беларусаў засталіся згадкі пра асымэтрычныя дачыненьні з палякамі і расейцамі. Калі палякі імкнуліся «цывілізаваць» праваслаўнае сялянства «польскіх крэсаў усходніх», то расейцы ўмаўлялі беларускім сялянам: «Вы — гэта мы».

  прафэсар геаграфіі ва ўнівэрсытэце Рэдфарду
(Radford University). Сярод яго навуковых інтарэсаў знаходзяцца таксама працэсы, зьвязаныя з фармаваньнем мадэрнай беларускай нацыі. Суаўтар манаграфіяў
«The End of Peasantry? The Disintegration of Rural Russia»
(Pittsburgh: University of Pittsburgh Press, 2006),
«The Environs of Russian Cities»
(Lewiston: Edwin Mellen Press, 1999),
«Population under Duress: The Geodemography of Post-Soviet Russia»
(Boulder: Westview Press, 1999) і інш.
Аўтарская назва тэксту — «Беларусь: недафармаваная нацыя і прэзыдэнцкія выбары 2006 г.».
   
Падчас перадвыбарнай кампаніі Лукашэнка заявіў, што ў шэрагах апазыцыі, разьдзіранай вечным змаганьнем за заходнія гранты, можа паўстаць 10 «адзіных» кандыдатаў. Ягонае прадказаньне ня спраўдзілася, аднак усё ж такі знайшоўся той, хто парушыў аб’яднаны фронт апазыцыі, — Аляксандар Казулін, былы рэктар БДУ і экс-міністар адукацыі. Заяўляючы пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, Казулін сказаў, што Мілінкевіч — праамэрыканскі, празаходні кандыдат, а ён, Казулін, выступае за ўраўнаважаную палітыку, за добрыя дачыненьні і з Расеяй, і з Захадам. Напэўна, Казулін меркаваў, што ў Мілінкевіча слабая база падтрымкі ў Маскве і што расейская палітычная эліта, не давяраючы Лукашэнку, можа падтрымаць іншага кандыдата, які захоўваў бы сувязі з Расеяй, але быў бы больш надзейным і прадказальным партнэрам. Да таго ж Казулін разумеў, што хоць значная доля беларусаў і не падтрымлівае палітыку Лукашэнкі, аднак вельмі мала хто ўхваляе ідэі, любыя партыі БНФ (напрыклад, скасаваньне дзяржаўнага статусу расейскай мовы), зь якой атаясамлівалі Мілінкевіча. Два апазыцыйныя кандыдаты падзялілі галасы пратэставага электарату, зрабіўшы перамогу Лукашэнкі яшчэ больш непазьбежнай.

Папулярнасьць кандыдатаў у прэзыдэнты

Апытаньні НІСЭПД даюць магчымасьць прасачыць дынаміку рэйтынгу Лукашэнкі (Табліца 1). Яго пікі прыпадаюць на 2001 г. — год другіх прэзыдэнцкіх выбараў — і 2005 г., які папярэднічаў трэцім. Калі параўнаць рэйтынг Лукашэнкі з дынамікай гадавых заробкаў і пэнсіяў, можна заўважыць, што іх максымальны рост прыпадае на гады выбараў. Сапраўды, большасьць беларусаў сьцьвярджае, што якасьць жыцьця паляпшаецца. Асабліва красамоўна пра гэта сьведчыць рэзкае скарачэньне адсотку тых, хто назваў рост галечы найвастрэйшай праблемай грамадзтва, а таксама стала нізкая доля тых, каго турбуе міжнародная ізаляцыя і заняпад нацыянальнай культуры.

  1 Мечковская, Н. Б. Белорусский язык: социологические очерки. Мюнхен: Verlag Otto Sagner, 2003.
   
Табліца 1. Калі б прэзыдэнцкія выбары былі заўтра, за каго б вы прагаласавалі? (у адсотках ад агульнай колькасьці апытаных)
Месяц, год 10.01 04.02 09.02 12.02 03.03 09.03 06.04 11.04 03.05 05.05 09.05
Лукашэнка 46,0 30,9 27,0 30,5 26,2 31,7 34,2 47,7 46,4 41,7 47,3
Іншы кандыдат*  11,8 8,3 6,5 5,0 2,6 4,0 3,0 1,5 1,4 2,0 3,5
Цяжка адказаць 24,1 15,7 25,5 18,7 31,9 25,0 23,1 16,5 17,6 22,3 18,1
Ня маю адказу 11,7 16,8 16,2 17,0 14,0 11,2 16,5 18,5 15,0 12,2 10,5
Крыніца: Быковский, П. Рейтинг Лукашенко и его конкурентов. 2006.

Ёсьць падставы меркаваць, што паляпшэньне эканамічнага становішча адбіваецца на грамадзкай думцы зь некаторым спазьненьнем. Таму можна лічыць, што дадзеныя апытаньня ў чэрвені 2004 г. адлюстроўваюць сытуацыю 2002—2003 гг., калі заробкі і пэнсіі не падвышаліся. А апытаньне 2006 г. выявіла тэндэнцыі, што сфармаваліся ў 2004—2005 гг., калі адбываўся рост заробкаў і пэнсіяў.

 

* Маецца на ўвазе альтэрнатыўны кандыдат з найвышэйшым рэйтынгам, названы рэспандэнтамі.

   
Табліца 2. Якія праблемы найбольш вострыя для краіны і яе грамадзянаў?**
Праблема Чэрвень
2004 г.
Чэрвень
2006 г.
Рост цэнаў 73,2 60,1
Беспрацоўе 49,5 37,0
Карупцыя, хабарніцтва 35,6 27,6
Пераадоленьне наступстваў
чарнобыльскай катастрофы
21,1 25,5
Злачыннасьць 37,3 23,2
Адсутнасьць закону і парадку 32,9 22,1
Парушэньні правоў чалавека 30,4 22,1
Зьмяншэньне колькасьці
насельніцтва
19,8 21,9
Зьбядненьне насельніцтва 58,0 19,5
Падзеньне вытворчасьці 22,2 18,7
Пагроза з Захаду 7,7 18,2
Міжнародная ізаляцыя 14,7 14,4
Заняпад нацыянальнай
культуры
13,8 10,8
Пагроза нацыянальнай
незалежнасьці Беларусі
7,2 8,3
Раскол грамадзтва 8,9 7,3
Крыніцы: Николюк, С. Наведение порядка // Наше мнение. 2006. 18 августа.
і агульнанацыянальныя апытаньні НІСЭПД.

«Подкуп» выбарцаў — гэта толькі адзін бок мэдаля. Ён быў бы немагчымы бяз сталага эканамічнага росту пачынаючы ад 1996 г. Да таго ж у Беларусі няма такой няроўнасьці ва ўзроўні даходаў, як у Расеі і ва Ўкраіне. Таму ня дзіўна, што ў чэрвені 2006 г. 60,6 % беларусаў лічылі, што пры цяперашнім кіраўніцтве магчымае далейшае істотнае паляпшэньне ўмоваў жыцьця, а 59,6 % верылі, што краіна разьвіваецца ў слушным кірунку. Цікава, што напрыканцы 2002 г. толькі 26,6 % беларусаў падзялялі падобныя погляды2.

  ** Адсотак рэспандэнтаў, якія назвалі праблему «найбольш вострай» (магчымыя шмат варыянтаў).
   
Хоць для беларусаў эканамічны дабрабыт і важнейшы за незалежнасьць, але яны паступова ўсё больш усьведамляюць каштоўнасьць дзяржаўнага сувэрэнітэту. У сьнежні 2005 г. толькі 12 % апытаных беларусаў выказаліся за аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву. А ўсяго на два гады раней колькасьць прыхільнікаў аб’яднаньня перевышала гэтую лічбу ўдвая.

Беларусы ўсё больш і больш зьвязваюць незалежнасьць ад Расеі з асобай Аляксандра Лукашэнкі. Да гэтай высновы прыходзяць нават найменш прыхільныя да беларускага прэзыдэнта экспэрты. «Мае сябры ў Беларусі вельмі ня любяць, калі я ім кажу, што Лукашэнка стаўся сапраўдным бацькам беларускай незалежнасьці... І за дзесяць гадоў яго кіраваньня ў Беларусі вырасла тая самая нацыянальная сьвядомасьць, якой проста не было ні сярод шараговых людзей, ні сярод эліты», — кажа адзін з самых празаходніх расейскіх аналітыкаў Андрэй Піянткоўскі, які часта наведвае амэрыканскія аналітычныя цэнтры.

Табліца 3. Калі б была ўведзеная пасада прэзыдэнта Беларусі і Расеі,
за каго б вы галасавалі на адпаведных выбарах?

11.99 04.00 04.01 04.02 12.02 09.03 03.04 11.04 09.05 12.05
Лукашэнка 31,0 22,3 24,4 14,0 20,5 21,1 28,7 29,8 33,2 38,8
Пуцін 13,2 31,1 40,3 50,5 46,9 45,2 35,9 24,3 25,7 19,8
Крыніцы: Агульнанацыянальныя апытаньні НІСЭПД; Дракахруст, Ю. Где кончается Белоруссия? // Неприкосновенный запас. 2006. № 47. С. 108—119.

Ня так даўно нават тыя беларусы, што сымпатызавалі Лукашэнку, аддавалі перавагу Ўладзімеру Пуціну (табл. 3). Становішча пачало зьмяняцца пасьля памятнага прыпыненьня паставак газу ў Беларусь 19 лютага 2004 г. Да зьмены грамадзкіх настрояў спрычынілася прапагандысцкая кампанія, скіраваная супраць расейскай палітычнай вярхушкі, і замена выпускаў навінаў на расейскіх тэлеканалах на інфармацыйныя блёкі, падрыхтаваныя ў Менску.

Такім чынам, для кожнага абазнанага ў беларускіх справах чалавека рашучая перамога Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах выглядала як нешта само сабой зразумелае. Паводле вынікаў агульнанацыянальнага апытаньня, праведзенага на пачатку сакавіка 2006 г. расейскай сацыялягічнай службай ВЦИОМ, 60 % беларусаў былі гатовыя прагаласаваць за Лукашэнку, 11 % — за Мілінкевіча, 5 % — за Казуліна.

Пасьля выбараў

21 сакавіка 2006 г, адказваючы на пытаньне беларускай службы радыё «Свабода» пра адрозьненьні і падабенствы паміж беларускімі і ўкраінскімі прэзыдэнцкімі выбарамі, Ян Максімюк заўважыў:

Сытуацыя псыхалягічна адрозная ў тым, што ў 2004 г. людзі ў Кіеве былі перакананыя: Юшчанка прэзыдэнцкія выбары выйграў, аднак у яго перамогу скралі.

Сытуацыя Мілінкевіча іншая.

Натуральна, вынікі былі падтасаваныя, гэта ні ў кога не выклікае сумневу. Адначасна ў людзей ёсьць адчуваньне, што Мілінкевіч усё ж быў ня ў стане выйграць гэтыя выбары, нават калі б яны былі сумленныя і свабодныя.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч заявіў:

Усе людзі пагадзіліся б, што Лукашэнка набраў 55—60 %, але 83 % прадэманстравалі, што ўлада ні ў што ня ставіць людзей і проста хлусіць.

Але насамрэч вельмі паказальнае гэтае прызнаньне de facto, што Лукашэнка перамог бы і без фальсыфікацыяў.

Ці дрэнна інфармаваныя беларусы?

Часам высоўваецца аргумэнт, што беларусы падтрымліваюць Лукашэнку, бо яны дрэнна інфармаваныя: краіна знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі, улады перасьледуюць незалежную прэсу. У гэтым ёсьць доля праўды, але, каб ацаніць вартасьць дадзенай тэзы, трэба прааналізаваць, як і чаму людзі ў Беларусі (і ня толькі) атрымліваюць інфармацыю.

Нельга адмаўляць, што беларускія ўлады ўціскаюць незалежныя СМІ. Але трэба зьвярнуць увагу, наколькі насельніцтва жадае атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю. Сьвятлана Алексіевіч апісвае, як у беларускім мястэчку бясплатна раздавалі апазыцыйную газэту. У ёй асьвятляліся зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў і журналістаў. За гадзіну да чалавека са стосам газэтаў падышлі ня больш за пяць чалавек. Некаторыя бралі выданьне — і вярталі. «І гэта ня толькі дзеля страху, — кажа Алексіевіч. — Ім гэта было нецікава».

Калі ж насельніцтва цікавіць інфармацыя, сытуацыя выглядае зусім іначай. У ліпені 2006 г. Сяргей Нікалюк паспрабаваў высьветліць, наколькі беларусы інфармаваныя пра пляны «Газпрому» падвысіць цану на прыродны газ для Беларусі і ці вераць яны, што «Газпром» спраўдзіць свае намеры. (На той час праблема толькі мімаходзь закраналася ў афіцыйных СМІ.) Дасьледаваньне Нікалюка пацьвердзіла: пераважная большасьць беларусаў ведала пра пляны «Газпрому» і, насуперак цьверджаньням афіцыйнай прапаганды, думала, што расейскі газавы манапаліст зьдзейсьніць свае намеры3.

  2 Позняк, К. Беларусы считают, что стали жить лучше // Белорусские новости. 2006. 6 августа. www.naviny.by
   
Такім чынам, беларусы досыць добра інфармаваныя ў тых пытаньнях, што іх хвалююць. Праблема з інфармацыяй не ў яе дасяжнасьці, а ў зацікаўленасьці і жаданьні яе атрымліваць.

Новая апазыцыя
і папулярнасьць Лукашэнкі ў Расеі

Калі пасьля выбараў стала зразумела, як мала беларусаў падтрымліваюць апазыцыю і як шмат шчыра вераць, што іх жыцьцё за цяперашняй уладай паляпшаецца, апазыцыю апанавала пасьлявыбарная дэпрэсія. «Пачуцьцё безнадзейнасьці пачынае вяртацца ў сьвядомасьць самых зацятых аптымістаў», — адзначыў Віталь Сіліцкі. Яго разам з Андрэем Дыньком, Валерам Булгакавым і Ігарам Бабковым можна аднесьці да новай хвалі беларускіх ідэолягаў-адраджэнцаў, што прыйшлі на зьмену «старой гвардыі» на чале зь Зянонам Пазьняком. Гэткія ж перакананыя змагары супраць расейскага культурнага каляніялізму, яны адрозьніваюцца большай талерантнасьцю, інтэлектуалізмам, веданьнем замежных моваў. Відавочна, яны таксама ўмеюць прызнаваць сваю паразу, а не зьвяртаюцца да тэорыі змовы, як Пазьняк. У шэрагах апазыцыі расьце разуменьне, што рэжыму ўдалося кансалідаваць і пашырыць сваю сацыяльную базу.

Па-за межамі Беларусі Лукашэнка карыстаецца найбольшай папулярнасьцю ў Расеі. 20 сакавіка 2006 г., наступнага дня пасьля выбараў у Беларусі, радыёстанцыя «Эхо Москвы» падчас дэбатаў, прысьвечаных вынікам выбараў, правяла апытаньне сярод сваіх слухачоў: каго б яны хацелі бачыць прэзыдэнтам беларуска-расейскага саюзу — Уладзімера Пуціна ці Аляксандра Лукашэнку. 82 % выказаліся за Лукашэнку, 18 % — за Пуціна. Вядома, гэткаму «ненавуковаму» дасьледаваньню ня варта надаваць залішняй значнасьці, але і цалкам адкідаць яго было б яшчэ большай памылкай. Лукашэнка карыстаецца шырокай падтрымкай ня толькі ў Беларусі — ён надзвычай папулярны ў Расеі.

Калі ў чэрвені 2006 г. абвясьцілі, што Ўладзімер Пуцін зноў адкажа на пытаньні расейскіх і замежных грамадзянаў, інтэрнэт-партал «Яндэкс» зьмясьціў найбольш частыя пытаньні па ўсіх тэмах. Пра дачыненьні зь Беларусьсю паступіла 1207 пытаньняў. Зь іх самым папулярным (яго задалі 637 чалавек) выявілася наступнае:

Ці ня думаеце Вы (Расея) увайсьці ў склад Рэспублікі Беларусь, аддаць уладу нашаму найлепшаму ў сьвеце прэзыдэнту Лукашэнку? Усё роўна, апрача яго, ніхто ня зможа навесьці парадак у гніючай Расеі, якая жыве ў галечы і голадзе! Чаму вы займаецеся не сваёй справай? Толькі Лукашэнка выратуе Расею ад сусьветнага імпэрыялізму і загнілага Захаду!!!

А на другім месцы (450 чалавек) апынулася пытаньне: «Чаму вы падтрымліваеце беларускага дыктатара?»

Выклікаць скрайнія рэакцыі — характэрная рыса цяперашняга беларускага кіраўніка. Яго альбо любяць, альбо ненавідзяць. Таму давядзецца яшчэ доўга чакаць цьвярозага, бесстароннага аналізу прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Яго трэба разглядаць у кантэксьце беларускай гісторыі і ідэнтычнасьці, а ня проста як увасабленьне пэўнага палітычнага ладу — «дыктатуры», — навязанага кепска паінфармаванаму насельніцтву. Калі быць больш канкрэтным, падаецца пэрспэктыўным такі аналітычны падыход, які б атаясаміў Лукашэнку і ягоную палітыку з пэўным беларускім «нацыянальным праектам» — корпусам падставовых ідэяў пра мінулае, сучаснасьць і будучыню краіны.

Нацыянальныя праекты і іх выразьнікі

Часам так і карціць «прыпісаць» кожнаму з трох асноўных кандыдатаў у прэзыдэнты «свой» нацыянальны праект: Мілінкевічу — адраджэнскі (№ 1), Казуліну — прамаскоўскі лібэральны (№ 2), Лукашэнку — крэольскі (№ 3).

Тады ня менш зваблівае і жаданьне разглядаць вынікі галасаваньня як паказьнік адноснай папулярнасьці адпаведных праектаў. Паводле зьвестак двух пасьлявыбарных апытаньняў НІСЭПД, Лукашэнку падтрымалі каля 64 % выбарцаў, Мілінкевіча — 18—21 %, Казуліна — 5—7 % (табл. 4).

Табліца 4. Прэзыдэнцкія выбары 2006 г. у Беларусі

Афіцыйныя вынікі,
19.03.2006
Апытаньне НІСЭПД,
10—20.02.2006
Апытаньне НІСЭПД,
27.03—06.04.2006
Апытаньне НІСЭПД,
16—29.04.2006
Лукашэнка 83,0 64,7 64,9 63,1
Мілінкевіч 6,1 18,3 21,4 18,8
Казулін 2,2 7,0 5,0 7,3
Гайдукевіч 3,5 5,0 2,2 5,2
Крыніца: Складзена аўтарам паводле http://www.iiseps.org/4-06-7.html:
Окончательные итоги президентских выборов //
Белорусские новости. 2006. 23 марта. www.naviny.by.

Лукашэнка можа гаварыць ад імя прыкладна дзьвюх трацінаў беларусаў, бо яны аднолькава зь ім глядзяць на праблемы, вызначальныя для Беларусі як краіны і беларусаў як супольнасьці. Каб лепей зразумець сувязь паміж Лукашэнкам і большасьцю беларусаў, трэба згадаць дзьве беларускія асаблівасьці. Беларусь — краіна запозьненай урбанізацыі, краіна, дзе значна запазьнілася нацыятварэньне. У гэтым ключы можна заўважыць, што 1) Лукашэнка паходзіць зь «нізоў» грамадзтва, выхоўваўся ў сялянскім асяродзьдзі, як і шмат хто зь беларусаў; 2) большасьць беларусаў, як і Лукашэнка, альбо самі гавораць на трасянцы, альбо чулі яе ад бацькоў; 3) большасьці беларусаў, як і Лукашэнку, было цяжка ўявіць сябе асобнай ад Расеі супольнасьцю. Аднак краіна і яе лідэр зрабілі важныя крокі ў бок псыхалягічнай, калі не эканамічнай, незалежнасьці ад Расеі. Што істотна, народ і кіраўнік дзяржавы рухаліся разам: Лукашэнка не спрабаваў апярэдзіць сваіх суайчыньнікаў, цягнуць іх за сабой, навязваць гістарычныя міты, што не адгукаюцца ў сьвядомасьці беларусаў. Ім імпануе ня толькі ягоная харызма, але і ягоная палітыка. У спалучэньні з ільготнымі пастаўкамі расейскіх энэрганосьбітаў яна забясьпечвае 8—11 % штогадовага росту ВУП ад 2001 г., а таксама значнае падвышэньне заробкаў. Нідзе ў сьвеце лідэр, які дасягнуў такіх вынікаў, не пазбудзецца пасады, калі толькі сталая дэмакратычная сыстэма не абмяжоўвае тэрмінаў прэзыдэнцтва.

Множнасьць нацыянальных праектаў, як і тое, што большасьць беларусаў атаясамлівае сябе з праектам па сутнасьці адпаведным пераходу ад данацыянальнага да нацыянальнага этапу разьвіцьця, — усё гэта сьведчыць, што Беларусь знаходзіцца на досыць раньняй стадыі нацыятварэньня. Становішча унікальнае для Эўропы — яно хутчэй нагадвае Афрыку на поўдзень ад Сахары. Зразумела, яно ня можа ня мець пэўных ускосных наступстваў. Напрыклад, паводле вынікаў дасьледаваньня, праведзенага на пачатку 2006 г. агенцыяй Eurasian Monitoring, 47,5 % беларусаў абсалютна не хвалюе магчымая страта нацыянальнай адметнасьці і традыцыйнай культуры. Калі беларусы — яшчэ не канчаткова сфармаваная нацыя, якія шляхі могуць прывесьці іх да гэтай мэты? На думку гісторыка Захара Шыбекі, іх два: першы — на аснове традыцыі, што ўзыходзіць да ВКЛ, «Нашай Нівы» і БНР (то бок на аснове Праекту № 1); другі — на аснове «расейскага правінцыялізму», што ўзыходзіць да часу БССР (то бок на аснове крэольскай ідэнтычнасьці).

Новыя наратывы нацыяналізму —
Праект № 3

Слабае месца крэольскага нацыяналізму ў тым, што ён упарта зьвяртаецца да беларускай савецкай гісторыі і ня бачыць нічога па-сапраўднаму беларускага ў ранейшых эпохах. Але калі праблема ўспрыманьня беларускай гісторыі ў рамках крэольскага праекту палягае ў яе поўнай — да самаадмаўленьня — прывязанасьці да Расеі, то цікава назіраць, як Расея «прыходзіць на дапамогу» Беларусі тым, што час ад часу сама адштурхоўвае яе ад сябе. Кожны раз, калі Расея пагражае перастаць субсыдыяваць беларускую эканоміку за кошт паставак таннага прыроднага газу, адмяжоўвацца ад Расеі робіцца ўсё прасьцей. У гэтым сэнсе 19 лютага 2004 г. стаў паваротным пунктам. Пасьля таго, як «Газпром» перапыніў пастаўкі газу ў Беларусь, каб прымусіць яе сплаціць даўгі, я зайшоў на сайт Лукашэнкі і налічыў 18 (з 43-х) пытаньняў ад беларускіх грамадзянаў, у якіх выразна выказваліся антырасейскія настроі. Напрыклад: «Навошта нам аб’ядноўвацца з Расеяй, якая ўвесь час ваюе і ня можа навесьці парадку ва ўласным доме? Хіба нам трэба тэракты і вайна? Мы павінны трымацца ўласнага шляху». На момант, калі пішацца гэты артыкул (люты 2007 г.), назіраецца чарговае абвастрэньне беларуска-расейскіх стасункаў праз падвышэньне больш як у два разы цэнаў на прыродны газ. Лукашэнка зноў малюе Беларусь нявіннай ахвярай сквапных расейскіх алігархаў. «Вы чулі, што нам прапаноўваюць купляць газ даражэй, чым Нямеччыне?» — усклікнуў Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі для расейскіх рэгіянальных журналістаў. Гэты прыём дапамог беларусам аб’яднацца вакол свайго лідэра і адмежавацца ад варожай Расеі.

Падчас нядаўніх перамоваў наконт цэнаў на газ і мыта на экспарт сырой нафты і нафтапрадуктаў Лукашэнка яшчэ больш нарасьціў свой сымбалічны капітал беларускага нацыяналіста. Афіцыйныя беларускія СМІ ўпершыню адкрыта сказалі: на карту пастаўленая незалежнасьць Беларусі, і абараняе беларускую дзяржаўнасьць прэзыдэнт, а ніяк не беларускамоўная апазыцыя.

Апроч гэтага, беларуская ўладная эліта дыстанцыюецца ад Расеі тым, што крытыкуе расейскую нэалібэральную мадэль, якая прывяла да разрыву ва ўзроўні даходаў, нечуванага і непажаданага для Беларусі. Апраўдаць уласны курс Лукашэнку дапамагае і тое, што большасьць палякаў абсалютна незадаволеная сваім другасным статусам у Эўрапейскім Зьвязе — а Польшча адной зь першых адчула на сабе «шокавую тэрапію».

Калі Захад прыўзносіць стварэньне грамадзянскай супольнасьці і шокавую тэрапію, то ўся іронія ў тым, што гэта рэчы ўзаемавыключальныя, — піша Марк Элманд, выкладчык Оксфардзкага ўнівэрсытэту. — Заходнія дарадцы надавалі прыярытэт эканамічным пераўтварэньням, але ўсюды, дзе паслухаліся іх парадаў, гэта ў выніку прывяло да галечы, а не да плюралізму. Ва ўсім былым камуністычным блёку шокавая тэрапія ўзбагаціла тузін-другі алігархаў і іхных замежных дарадцаў. Але яна выклікала масавае беспрацоўе і развал сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня, падарвала асновы грамадзянскай супольнасьці, закладзеныя за Гарбачовым4.

  3 Николюк, С. Общественное мнение как субъект белорусской политики // Наше мнение. 2006. 2 августа.
   

Нельга адмаўляць, што крэольскі нацыяналізм у Беларусі расьце і пашыраецца. Паводле свайго мабілізацыйнага патэнцыялу ў Беларусі зь ім ня можа параўнацца ніводзін іншы праект. І гэта больш істотна, чым усе крытычныя заўвагі пра прымітывізм лукашэнкаўскіх прыдворных ідэолягаў. З аднаго боку, сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што шараговыя беларускія грамадзяне сярод сяброў Беларусі найперш называюць Расею. З другога боку, усё менш і менш беларусаў хочуць увайсьці ў склад Расеі, і ўсё больш і больш тых, хто ўсьведамляе экспансіянісцкі характар расейскай палітыкі. Паводле вынікаў агульнанацыянальнага апытаньня, праведзенага ў красавіку 2006 г., 65,4 % беларусаў лічаць, што расейскае кіраўніцтва імкнецца інкарпараваць Беларусь (напрыканцы 2005 г. гэтая лічба складала ўсяго 46,9 %)5. Больш за тое, 48,3 % беларусаў у красавіку 2006 г. меркавалі, што расейцы ў большасьці сваёй падзяляюць імпэрскія настроі палітычнай эліты. У 2003 г. я адзначаў, што, як гэта ні парадаксальна, магчыма, прасоўваньне беларуска-расейскага саюзу паспрыяе зьяўленьню празаходняга праекту беларускай ідэалёгіі: «Адзіны спосаб пашыраць ідэю Беларусі як асобнай ад Расеі нацыі — гэта выступаць супраць рэальных і (ці) ўяўных дзеяньняў расейскага боку». Калі на пачатку 2007 г. абвастрыліся стасункі паміж Расеяй і Беларусьсю, выглядае, што гэтае прадказаньне спраўджваецца. Ёсьць нейкая горкая іронія ў тым, што адкрыта антырасейская адраджэнская групоўка ня мае да гэтага ніякага дачыненьня.

  4 Almond, Mark. Less Bizarre Than It Seems: The Landslide in Belarus Reflects its Demonised Leader’s Refusal to Back Market Fundamentalism // The Guardian. 2006. March 21.
   

Новыя наратывы нацыяналізму —
Праекты №№ 1 і 2

Усё менш і менш адраджэнцаў (Праект № 1) зьвяртаюцца па ідэйнае кіраўніцтва да Зянона Пазьняка, для якога нават Мілінкевіч зь Вячоркам — расейскія агенты ўплыву, а ўвесь антылукшэнкаўскі электарат, які не падзяляе поглядаў Пазьняка, — вынік супольнай дзейнасьці расейскіх і нямецкіх спэцслужбаў. Галоўны рэдактар адраджэнскай газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько крытыкуе Пазьняка за пагарду да іншых лідэраў апазыцыі і асуджае ягонага паплечніка Сяргея Навумчыка за тое, што ён абвяшчае эканамічныя праблемы абсалютна неістотнымі, пакуль у грамадзтве не ўсталюецца пашана да нацыянальнай сымболікі і мовы. Галоўны рэдактар адраджэнскага часопіса «ARCHE» Валер Булгакаў прызнае: «Нямногія, здаецца, усьведамляюць, што цаной прыняцьця Беларусьсю дэмакратычнай мадэлі заходняга тыпу ізноў будзе зацяжны эканамічны крызіс, рэзкае расслаеньне грамадзтва і зьмяншэньне яго дабрабыту. Каб гэта вытрымаць і не скаціцца назад у аўтарытарызм, грамадзтва павінна праявіць сьвядомую волю»6. На аўтар нацыянальна-дэмакратычнай будучыні трэба ўскласьці шмат ахвяраў. Беларусы ў бліжэйшым часе ня прымуць нацыянальнай ідэі Праекту № 1, таму беларускім інтэлектуалам варта падрыхтавацца да доўгай, карпатлівай стваральнай працы, якая можа заняць некалькі дзесяцігодзьдзяў.

  5 Дракохруст, Ю.
Где кончается Белоруссия? // Неприкосновенный запас. 2006. № 47. С. 108—119.
   
Свой унёсак у дыскусію пра самаўсьведамленьне Беларусі і пагрозу яе дзяржаўнасьці зрабілі Юры Дракахруст і Аляксандар Фядута — інтэлектуалы, якіх, мяркуючы паводле іхных ранейшых публікацыяў, можна аднесьці да Праекту № 2. У артыкуле, надрукаваным у расейскім часопісе «Неприкосновенный запас», Дракахруст згадвае ахарактарызаванае Валянцінам Акудовічам неадназначнае стаўленьне беларусаў да вялікага ўсходняга суседа. На думку Акудовіча, «Расея не на ўсход ад земляў Беларусі, Расея — усход Беларусі». То бок у самаўсьведамленьні беларусаў закладзена, што прасторава Расея — гэта працяг Беларусі. Немагчыма дакладна акрэсьліць этнічных межаў, і таму на мэнтальнай мапе беларусаў заўсёды прысутнічала прынамсі частка Расеі. Як і частка Польшчы — але ў меншай ступені. У гэтым рэчышчы Дракахруст разглядае цікавыя суадносіны паміж геапалітычнай арыентацыяй беларусаў і іх параўнальнай ацэнкай узроўню жыцьця ў Расеі і Беларусі паводле агульнанацыянальнага апытаньня НІСЭПД у сьнежні 2005 г. Тыя, хто лічыць, што жыцьцё ў Расеі лепшае, чым у Беларусі, больш схіляюцца да Эўропы, а не да Расеі. І наадварот: тыя, хто лічыць, што жыцьцё ў Беларусі лепшае, чым у Расеі, робяць геапалітычны выбар на карысьць Расеі, а не Эўропы. Дракахруст прыходзіць да высновы, што традыцыйнае стаўленьне беларусаў да Расеі грунтуецца не на своекарысьлівым разьліку, а на ідэалягічных каштоўнасьцях. Для тых, хто лічыць, што жыцьцё ў Расеі лепшае, Расея — на ўсход ад Беларусі. Але для большасьці, якая думае, што жыцьцё ў Беларусі лепшае, Расея — усход Беларусі.

Аляксандар Фядута ў артыкуле «Краіна глухіх: Айчына ў небясьпецы» заклікае ўсіх патрыётаў Беларусі адкласьці свае сваркі і не чыніць перашкодаў Лукашэнку, калі той паспрабуе дамагчыся падтрымкі Захаду на выпадак, калі Расея вырашыць інкарпараваць Беларусь. Цікава, што ніхто з ідэолягаў-адраджэнцаў не ўспрыняў усур’ёз закліку Фядуты. «Ня атаясамлівайма айчыну з рэжымам», — адказаў Булгакаў. Думкі, сугучныя Фядутавым, выказалі толькі тыя, хто займае адну зь ім нацыянальна-ідэалягічную нішу. Аляксей Мядзьвецкі заўважыў: «Фокус у тым, што, захапіўшыся барацьбой за беларускую дэмакратыю, можна апынуцца безь Беларусі. Не бяз той аўтарытарнай Беларусі, якую мае на ўвазе В. Булгакаў, — безь Беларусі наагул». На жаль, нават калі насоўваецца крытычная сытуацыя, беларусы ня могуць аб’яднацца і выступіць як адзіная сіла.

Высновы

Уладу Лукашэнкі ў Беларусі нельга патлумачыць толькі аўтарытарным стылем кіраваньня і тым болей дыктатурай. Лукашэнка ўвасабляе плынь беларускага нацыяналізму, адпаведную ідэнтычнасьці, мэнталітэту і чаканьням мноства шараговых беларусаў. Засвоіўшы гэты тып нацыяналізму, лукашэнкаўскі рэжым дасягнуў заўважных эканамічных посьпехаў, пазьбегнуўшы расслаеньня грамадзтва, якое назіралася ў суседніх краінах. У Беларусі ўзровень асабістых даходаў і спажываньня расьце настолькі імкліва, што нават крытыкі лукашэнкаўскай улады вымушаныя прызнаць: выбаўленьне ад беднасьці з большай верагоднасьцю прывядзе да дэмакратызацыі, чым адкрытае прасоўваньне дэмакратыі ці прыняцьце тыповай для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, а таксама Заходняй Украіны формы нацыяналізму. Фактычна тое, што Лукашэнка эксплёатуе культурнае прыцягненьне беларусаў да Расеі, але выступае супраць інкарпарацыі Беларусі Расеяй і не падпускае расейскіх карпарацыйных груповак да найважнейшых эканамічных актываў краіны, больш спрыяе разьвіцьцю беларускага нацыяналізму, чым адкрытыя заклікі вярнуцца да беларускай мовы і «сапраўднай беларускай» сымболікі.

Беларусь — краіна, у якой не завяршылася фармаваньне нацыі. Найвялікшая задача, што стаіць перад ёю, — пераадолець раскол паміж трыма групоўкамі нацыянальна сьвядомых беларусаў. Для Беларусі было б найлепш, калі б гэтыя групоўкі прызналі моцныя бакі адна другой і прасоўвалі тое, што іх яднае: сацыяльна-эканамічныя посьпехі Беларусі, каштоўнасьць яе дзяржаўнасьці, у пэўнай ступені разуменьне недафармаванасьці беларускай нацыі. Лёгка заўважыць, што ўсе тры нацыянальныя праекты — узаемадапаўняльныя.

Заходнім палітстратэгам можна было б параіць прыцішыць свае канфрантацыйныя выказваньні наконт Беларусі. Галоўная задача краіны — фармаваньне нацыі, таму Захаду карысна было б спрыяць, а не замінаць яе аб’яднаньню, фінансуючы менш папулярную плыню (часам дзьве) беларускага нацыяналізму. Больш як зразумела, што Праект № 1 не прывядзе Беларусі да Захаду, як бы шчодра ён ні фінансаваўся. Палітыка Захаду датычна лукашэнкаўскай Беларусі выяўляецца надзіва неэфэктыўнай, а Лукашэнку выгадна, каб яго запалохвалі і пагражалі — у такіх умовах ён адназначна павялічвае сваю грамадзкую падтрымку.

Прыдуманыя палітычныя клішэ пачынаюць жыць уласным жыцьцём — ад іх цяжка пазбавіцца. Калі зноў і зноў паўтараць: «Беларусь — апошняя дыктатура Эўропы», — узьнікае фальшывая яснасьць — перашкода на шляху спазнаньня, якую можна пераадолець толькі глыбокім асэнсаваньнем таго, што адбываецца ў гэтай краіне. Некаторым беларусазнаўцам, мабыць, па-ранейшаму цяжка зразумець, што галоўная бяда краіны — ня сам Лукашэнка, а недафармаванасьць нацыі. Шмат у чым Лукашэнка — прадукт незавершанага нацыятварэньня, а не наадварот. Інтарэсам Захаду больш адпавядае спрыяньне аб’яднаньню нацыі, а не нацкоўваньне адной групоўкі беларусаў на іншыя. Вырваць Беларусь з-пад расейскага ўплыву зможа толькі кансалідаваньне нацыі, а не гвалтоўнае прасоўваньне дэмакратыі і канфрантацыйная рыторыка.

З ангельскай са скаротамі пераклала Т. П. паводле:
Eurasian Geography and Economics. 2007. № 1. P. 37—58.

  6 Булгакаў, Валер. Форум: он-лайнавая канфэрэнцыя беларускай службы радыё «Свабода». 2006. 31 траўня.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/09/18