A R C H E П а ч а т а к № 6 (57) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


6 - 2007

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • літаратура • палеміка

 


гісторыя

  Алег Латышонак

Вокладка «ARCHE» №6
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Алег Латышонак
Студэнты зь Вялікага Княства Літоўскага перад рэктарскім судам Кракаўскага ўнівэрсытэту ў 1469—1536 гг.
Акты рэктарскага суду Кракаўскага ўнівэрсытэту — галоўная крыніца пры вывучэньні штодзённага жыцьця тамтэйшых унівэрсытэцкіх колаў. Яны ахопліваюць пэрыяд паміж 1469 і 1795 гг. (з прамежкамі ад 1618 да 1642 і ад 1695 да 1721 гг. Estreicher, 1909. S. 1)1. У 1893—1896 гг. Уладыслаў Віслоцкі апублікаваў самыя раньнія акты ад 1469 да 1536 гг.2. Праца Віслоцкага3 ўзятая за аснову гэтага досьледу, а згаданы пэрыяд абраны таму, што 1535 г. стаўся паваротным пунктам у гісторыі Кракаўскага ўнівэрсытэту, калі спыніліся як ягонае навуковае ды адукацыйнае разьвіцьцё, так і колькасны рост, а таксама зьменшылася міжнароднае значэньне гэтай навучальнай установы. У 1536 г. увайшлі ў дзеяньне новыя статуты факультэту філязофіі, якія сымбалізавалі трыюмф схалястыкі (Barycz, 1935, s. 281).

Асновы судовага парадку Кракаўскага ўнівэрсытэту заклаў сваім рэскрыптам Казімер Вялікі, а ў 1400 г. яго амаль слова ў слова паўтарыў Ягайла. У сваіх палажэньнях рэскрыпт не адхіляецца ад прынцыпаў, прынятых у Праскім, Венскім, Гайдэльбэрскім і іншых унівэрсытэтах. Рэктарская юрысдыкцыя пашыраецца на ўсіх чальцоў унівэрсытэту — як на ўласна студэнтаў (scolares), так і на дактароў, магістраў, бакаляўраў, выкладчыкаў, прадаўцоў кніг ды слугаў (Estreicher, 1900, s. 252).

Сярод згаданых у рэктарскіх актах асобаў 78 чалавек або непасрэдна названыя літвінамі, або іхнае літоўскае паходжаньне пацьвярджаецца месцам нараджэньня, пазначаным у актах: напрыклад, Вільня, Жупраны і г. д. Некаторыя зь іх паходзяць з Падляшша (Драгічын, Бельск, Мельнік). Амаль усе гэтыя студэнты — з гістарычных земляў Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), г. зн. без уліку Жамойці і Ўкраіны. У актах фігуруе толькі адзін студэнт з Жамойці, і ён не запісаны як літвін. Адзін студэнт, Сянько Гарынскі, запісаны як de Russia (AR, 386), але ў іншых месцах — як Lithuanus (AR, 386), de Lithuania (AR, 388, 511). Напэўна, ён паходзіў з украінскіх земляў ВКЛ. Большасьць студэнтаў была зь Вільні і Коўна (па дванаццаць з кожнага гораду); іншыя населеныя пункты сустракаюцца радзей. Канфэсійную прыналежнасьць можна з пэўнасьцю вызначыць толькі ў дачыненьні да каталікоў, якія займалі царкоўныя пасады (канонікаў, кусташаў і іншых). Аднак цяжка сказаць, ці былі сярод студэнтаў праваслаўныя, бо тэрміны Russus4 і de Russia маюць у актах тэрытарыяльнае значэньне, абмежаванае землямі Чырвонай Русі5, і могуць адносіцца таксама да каталікоў. Так, пра Станіслава Беля, каноніка, прафэсара тэалёгіі і рэктара ўнівэрсытэту, напісана de Russia6. Станіслаў Ліс зь Яраслава праходзіць і як паляк, і як Russus (AR, 2337, 2388). Такім чынам, усе беларусы выступаюць у актах як Lithuanus. За шэсьцьдзесят год прыблізна па ста справах — хоць часам было цяжка адрозьніць адну ад другой — у суд выклікаліся 40 чалавек да 1500 г. і 38 чалавек — пасьля, г. зн. прыблізна па дзесяць чалавек за дзесяцігодзьдзе. Найбольш пазоваў — дваццаць — прыпадае на 90-я гг. XV ст. Сярод фігурантаў судовых спраў 68 склалі студэнты ці кандыдаты, у т. л. бакаляўры (17 чалавек), магістры (тры чалавекі) і іншыя асобы, зьвязаныя з унівэрсытэтам. Што да астатніх, то яны або не належалі непасрэдна да ўнівэрсытэту, або пра іх няма інфармацыі. Некаторыя сьпярша фігуруюць як студэнты, а пасьля — як бакаляўры. Часам можна прасачыць іхную ўнівэрсытэцкую і пасьляадукацыйную кар’еру. Так, нейкі Станіслаў зь Вільні згадваецца ў 1470 г. як бакаляўр (AR, 138), а ў 1475 г. ён выступае адвакатам у справе літоўскага студэнта і фігуруе як магістар і канонік Віленскага катэдральнага сабору (AR, 453). Сярод літвінаў, выкліканых у суд, былі два князі, тры ці чатыры шляхціцы, астатнія належалі да іншых станаў.

Рэктарскія акты даюць яскравую, хоць і трохі скажоную, карціну жыцьця літоўскай студэнцкай супольнасьці ў Кракаве. Студэнты і бакаляўры жылі ў інтэрнатах — бурсах. З 1491 г. гэта стала абавязковым патрабаваньнем рэктарату (Muczkowski, 1842, s. 1). Дваццаць спраў даюць магчымасьць узнавіць месца іх жыхарства. Амаль палова гэтых фігурантаў (дзевяцёра) жылі ў бурсе для бедных студэнтаў, астатнія — у іншых унівэрсытэцкіх бурсах, на тэрыторыі царкоўных прыходаў ці ў прыватных гатэлях (hospicium). Пражываньне ў бурсе для бедных студэнтаў ніяк ня сьведчыла пра кепскае матэрыяльнае становішча студэнта ці бакаляўра. Згодна з тастамэнтам заснавальніка Яна Ісьнера, бурса прызначалася для бедных студэнтаў, але пярэдні будынак мусіў здавацца ў арэнду багатым студэнтам, каб грошы, што яны плацілі за жытло, пакрывалі выдаткі бедных насельнікаў задняга будынку. Згодна з воляй Ісьнера, бурса прызначалася перадусім для студэнтаў зь Літвы і Русі, прычым два бедныя студэнты зь Літвы атрымлівалі стыпэндыю ў памеры 8 грыўняў у год (Kozłowska-Budkowa, 1964, s. 55). Таму ня дзіва, што студэнты з ВКЛ, нават князі, як, напрыклад, Андрэй Сьвірскі (AR, 1215), часьцяком зьбіраліся ў бурсе для бедных студэнтаў, якая зрабілася свайго роду нацыянальным таварыствам. Зусім бедных (ці хворых) студэнтаў зьмяшчалі ў шпіталь Сьвятога Духа. Сярод літвінаў у актах такіх фігуруе толькі два.

Большасьць спраў, адлюстраваных у актах, датычыць пазык, закладаў, даўгоў, куплі і продажу (частка запісаў — гэта непасрэдна дамовы, заключаныя ў прысутнасьці рэктара). Рэшту спраў складаюць разборы боек, нападаў і ўсялякіх іншых парушэньняў. Літвіны паўстаюць перад судом як крэдыторы і даўжнікі, парушальнікі і ахвяры злачынстваў, а таксама як адвакаты, паручальнікі і сьведкі ўсіх пералічаных інцыдэнтаў.

Акты яскрава апісваюць заняпад манаскага ладу жыцьця сярод студэнтаў. Нягледзячы на магчымае пакараньне, яны не насілі абавязковых манаскіх строяў. Яну зь Літвы прысудзілі штраф у адну капу за нашэньне сьвецкай вопраткі і галаўных убораў (у такім выглядзе ён абразіў іншага студэнта, што і паслужыла падставай для судовага разбору; AR, 1677). Некаторыя справы так ці інакш датычаць строяў — футраў7, камізэлек (AR, 2644) і г. д. Нямала літвінаў завінаваціліся розным майстрам — ювэлірам (AR, 511), кушнярам (AR, 1100), краўцам (AR, 814), цырульнікам (AR, 1216), рымарам (AR, 1082). Іншыя, выпіўшы і закусіўшы ў шынку, «забываліся» заплаціць шынкару, як Мацей Літвін (AR, 1399). Студэнтам забаранялася насіць зброю. Аднак Ян з Трокаў выклікаў у суд Станіслава зь Ленчыцы за тое, што ён меў лук і 45 стрэл (AR, 555). А калі Станіслаў Наркускі, бакаляўр, адабраў у бойцы меч у студэнта, прадметам судовага разгляду стала не нашэньне зброі і ня бойка ў публічным месцы, а вяртаньне меча студэнту (AR, 3173). Часам камусьці надакучвалі вучоба і студэнцкія бойкі; тады ён купляў каня і ішоў на вайну. Так было з Баўтрамеем Таборам; ён «надзяліў» свайго брата Альбэрта (магістра і гарадзенскага чыноўніка), які выступаў ягоным паручальнікам, доўгам у 25 флярынаў (AR, 386, 388).

  гісторык, прафэсар катэдры беларускай культуры Беластоцкага ўнівэрсытэту. Неўзабаве ў выдавецтве гэтага ўнівэрсытэту мае выйсьці ягоная чарговая манаграфія «Od Rusinow białych do Białorusinów. U źródeł białoruskiej idei narodowej».

1 Гл. сьпіс літаратуры ў канцы артыкула.

2 «Acta rectoralia» захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Ягелонскай бібліятэкі. Акты 1469—1536 гг. знаходзяцца ў пераплеценым у адну кнігу папяровым манускрыпце ў фармаце кварта пад загалоўкам: «Acta recroralia Universitatis Cracoviensis ab a. 1496 ad 1536». Акты напісаныя рознымі почыркамі (першы аркуш, старонка 1299 і 3 аркушы ў пачатку чыстыя). Першая старонка пачынаецца словамі: «Anno 1469 die Martis antepenultima Augusti Petrus Comorouski studens сracouensis…». На незапоўненай старонцы побач, на адваротным баку, мы знаходзім словы: «Actorum rectoralium prima pars in quarto»; на пераплёце ёсьць гравюра асабістага герба і надпіс: «Acta actotum coram Egregiis et Magnificis dius rectoribus Almae Universitatis Studii Cracoviensis generalis». Ёсьць і яшчэ адзін загаловак: «No. 16. Acta rectoralia ab a. 1469 ad a. 1536». Гл.: Wisłocki, W. Katalog rękopisów Biblioteki Jagiellońskiej. № 3804.

3 Wisłocki, W. Acta rectoralia Almae Universitatis Studii Cracoviensis, 1 (1469—1536). Kraków, 1897 (ніжэй спасылкі на гэтае выданьне будуць давацца ў выглядзе абрэвіятуры AR і нумару старонкі ў дужках).

4 Тэрмін Ruthenus у актах адсутнічае.

5 Магчыма, што тэрмін Russia мае больш шырокае значэньне, якое ўключае і ўкраінскія землі.

6 Напрыклад, AR, 662, 700. Гл. Polski słownik biograficzny. Т. 2. Kraków, 1936. C. 32.

   
Часта ў судовых разборах фігуравалі кнігі — прадметы вялікай каштоўнасьці (AR, 1213, 1333, 3335). Так, нейкі Станіслаў зь Вільні перадаў суду кнігу «Хронікі» Вінцэнта Кадлубка ў заклад за штраф (AR, 150). Часам нейкая кніга, дадзеная ў заклад, зьмяняла некалькіх уладальнікаў (AR, 2072). Нават гадзіньнік (магчыма, пясочны) фігуруе ў актах як аб’ект судовага разбору паміж Янам з Коўна і Сымонам зь Перамышлю (AR, 1334).

У адным выпадку прадметам разбору аказаўся сэмінарыст. Літвін Ян з Новых Гораў, які за ўласны кошт прывёз свайго сваяка-сэмінарыста ў Кракаў, прасіў забраць яго ад Паўла зь Зялёнак, зь якім зьвязаўся нейкім невядомым чынам аб’ект спрэчкі (AR, 623).

Праўда, здаралася, што студэнтам даводзілася займацца і навучаньнем, пра што сьведчаць справы аб resumptiones (мабыць, плата за навучаньне), у якіх выкладчык абвінавачвае свайго вучня ў тым, што той не заплаціў за заняткі (AR, 1689). Часам у такіх выпадках студэнт абвінавачваў выкладчыка, што той вучыць яго абы-як (AR, 1476, 1495), і справа зацягвалася. Студэнтам часта не хапала сродкаў, таму яны пазычалі грошы заможныя — большыя сумы, бедныя — адносна дробныя. Таксама былі тыя, хто залазіў у даўгі, як, напрыклад, Ян зь Вільні, супраць якога падавалі пазовы пяць крэдытораў (AR, 1168, 1174, 1212, 1213, 1216; акрамя таго, ён быў адказьнікам яшчэ па дзьвюх справах), ці Баўтрамей зь Мельніку, які завінаваціўся чатыром чалавекам (AR, 990—992, 1039—1040, 1081—1082, 1091; акрамя яшчэ аднаго абвінавачаньня, сутнасьць якога не ўдакладняецца).

Студэнты, бакаляўры, а часам нават і прафэсары лёгка распальваліся. Нярэдка ўспыхвалі бурлівыя сваркі. Не было бяды, калі яны абмяжоўваліся толькі словамі. Часам тая ці іншая спрэчка разглядалася ў судзе. Альбэрт зь Мерачы, бакаляўр, зь нейкай прычыны судзіўся зь Пётрам зь Нязнанавічаў. Рэктар загадаў ім памірыцца. Тады «перад тварам суду вышэйназваны Альбэрт, бакаляўр мастацтваў, назваў Пётру, магістра і старэйшага ў бурсе для бедных студэнтаў, «…» (лаянка выдаленая; AR, 302). У Кракаўскі ўнівэрсытэт часта прыяжджалі студэнты з розных краін, і часам сваркі ўсчыналіся на этнічнай глебе. Аднойчы студэнты-мазуры, якія ў той час лічыліся асобным народам, абвінавацілі трох літвінаў — Эразма зь Янава, вялікага (Maior) Якуба з Крошына і малога (Minor) Якуба з Кейданаў разам з кракавянінам Сымонам Лопускім у тым, што яны неадступна перасьледавалі мазураў у бурсе і дражнілі іх, паўтараючы пяць словаў на мазурскай гаворцы: «Станк, пэнк, менк, поцк, тутка», — а некаторыя яшчэ дадавалі: «Сена, топка». Яны таксама пыталіся ў мазураў: «Каго гэта паслалі хрысьціць мазураў — Юду ці якога іншага апостала?» Гэтая справа, пэўна, выклікала вялікі розгалас у студэнцкім асяродку, бо на палях актавых запісаў нехта занатаваў па-польску (што само па сабе засьведчыла немалое ўзрушэньне камэнтатара): «To pisał wyjebany łotr i oszczerca i zdrajca» (AR, 2191). Вінаватыя — вялікі Якуб і малы Якуб — належалі да найбольш неўтаймоўных натураў за ўсю гісторыю літоўскай студэнцкай супольнасьці ў Кракаве: вялікі Якуб раней ужо абвінавачваўся ў парушэньні закону (AR, 2190). Праўда, іх вызвалілі ад штрафу за кпіны з мазураў дзякуючы заступніцтву некалькіх «дастойных» асоб (benemeritores), а таксама просьбам саміх абвінавачваных (AR, 2191, 2193). Але неўзабаве яны разам зь некалькімі палякамі зноў апынуліся перад судом за шматлікія акты гвалту, правакацыяў і зьдзекаў над ціхімі студэнтамі ў бурсе для бедных. Палякам прысудзілі штраф у 2 флярыны, а двум Якубам — па 6 флярынаў кожнаму (відавочна, за шматлікія «рэцыдывы»; AR, 2194).

Часам спрэчкі не абмяжоўваліся словамі. Бакаляўр Ян са Сьверану (Сьвержані?), якога адзін студэнт абразіў а matre, зьбіў крыўдзіцеля і працягнуў яго за валасы па ўсёй бурсе (AR, 1311). Зрэшты, цягаць адно аднаго за валасы было ў бурсе, відаць, улюбёным заняткам. Князь Януш пабіў свайго суперніка і працягнуў яго за валасы (AR, 1403). Два іншыя літвіны, Юры і Ванка, ударылі Станіслава зь Ленчыцы ломам, а затым Ванка пацягнуў яго за валасы па зямлі (AR, 448). Часам здаралася і горшае. Аляксандар, бакаляўр зь Літвы, адсек далонь левай рукі Станіславу, сыну мясцовага чыноўніка, і зьбіў ягонага брата Яна (AR, 559, 564—565, 571, 573, 576—577, 579—580). У іншым выпадку Юры з Дакудава быў паранены ў бойцы, прычым сьмяротна, як сказана ў запісе8. Можна згадаць тут і адзін з самых раньніх брытанска-беларускіх «адукацыйных» кантактаў: бакаляўр зь Літвы Станіслаў параніў нейкага Томаса Шкота, бакаляўра… (AR, 138.)

  7 AR, 1476, 990, 1082 (лісінае футра), 2210.

   
Acta rectoralia, як адзначалася вышэй, уяўляюць зь сябе асноўную крыніцу для вывучэньня жыцьця студэнтаў зь Літвы ў Alma-Mater Cracoviensis. З гэтых запісаў паўстае ня вельмі прывабная карціна. Калі падлікі С. Александровіча слушныя і ў апошняй чвэрці XV ст. у Кракаве было 49 студэнтаў зь Беларусі (Александровіч, 1969. С. 174) і калі сорак зь іх удзельнічалі ў судовых разборах, уражаньне аб іхных паводзінах складваецца ня вельмі прыемнае. Усяго ў гэты пэрыяд (1470—1535 гг.) у Кракаўскім унівэрсытэце вучыліся каля 300 студэнтаў з ВКЛ, і, як вынікае са статыстыкі, недзе 70 зь іх прыцягваліся да суду ў розных справах (няхай нават некаторыя зь іх мелі выключна натарыяльны характар). За гэты самы пэрыяд да судовых разбораў прыцягвалася прыблізна столькі сама студэнтаў з Вугоршчыны, хоць ва ўнівэрсытэце іх было больш за 2000 (Garbacik, 1964. S. 213). А вугорскія студэнты карысталіся рэпутацыяй самых неспакойных і найменш законапаслухмяных ва ўнівэрсытэце — як цяпер зразумела, проста празь іх шматлікасьць.

Зь іншага боку, мы бачым, што літвіны, згуртаваныя вакол бурсы для бедных студэнтаў, трымалі вельмі цесныя кантакты. Яны пазычалі адзін другому грошы (AR, 556, 2499, 2532, 2507), мяняліся рэчамі, хоць часам і не вярталі ўзятага ды апыналіся перад судом (AR, 2128). У пэўны час яны таксама ўзяліся пазычаць грошы ў Агнешкі Літвінавай (AR, 1729), жонкі Міколы Літвіна, які трымаў карчму (hospicium) насупраць бурсы для бедных студэнтаў (AR, 1669, 1759). Сябры сьведчылі за сваіх землякоў9, а калі некаму быў патрэбны паручальнік10 ці адвакат11, ён перадусім зьвяртаўся да суайчыньнікаў. Быў і такі выпадак: студэнт Марцін з Коўна ўзяў адвакатам Тамаша з Коўна ў справе супраць свайго прыяцеля-земляка Мікалая з Коўна (AR, 2212). Калі нехта наважваўся пакрыўдзіць літвіна, яго баранілі сябры-суайчыньнікі. Так, да Паўла зь Любліна літвіны чапляліся за тое, што той не аддаў «Graduales» Тамашу зь Мейшаголы, і рэктар, які ў сваім канчатковым рашэньні прыняў бок Тамаша, загадаў яму абараніць Паўла ад залішне імпэтных літвінаў (AR, 3335, 3359).

Трэба прызнаць, што ў XVI ст. у студэнцкай грамадзе з ВКЛ назіраецца некаторы заняпад. У ёй ужо не сустракалася князёў, і ў запісах таго пэрыяду згадваецца толькі адзін шляхціц. У запісах пасьля 1500 г. таксама фігуруюць куды больш сьціплыя сумы грошай, чым дагэтуль.

Чытаючы рэктарскія судовыя акты, нельга, аднак, забывацца, што гэта былі часы найбольшага росквіту Кракаўскага ўнівэрсытэту. Згаданыя запісы — добры гэтаму доказ. Справы вельмі часта даводзяцца да канца, прысуды належным чынам выконваюцца (ня так стала пазьней, у другой палове XVI ст., калі нават самыя сур’ёзныя правіны маглі заставацца беспакаранымі (Estreicher, 1900. S. 250). Людзі ў той час былі вельмі простыя, але менавіта сярод іх жыў Францішак Скарына. У Кракаве, у ягоных унівэрсытэцкіх колах, беларускія студэнты ўхлыналі ў сябе ідэі Адраджэньня, зь якімі яны пасьля вярталіся на радзіму.

Літаратура:

  • Александровіч, С. З майго падарожжа // Полымя. 1969. № 8.
  • Barycz, H. Historia Uniwersytetu Jagiellońskiego w epoce humanizmu. Kraków, 1935.
  • Estreicher, St. Sądownictwo rektora krakowskiego w wiekach średnich // Rocznik Krakowski. 1990. № 4.
  • Estreicher, St. Acta rectoralia Almae Matris Universitatis Studii Cracoviensis. Т. 2 (1536—1580). Kraków, 1909.
  • Garbacik, J. Ognisko nauki i kultury renesansowej (1470—1520) // Dzieje Uniwersytetu Jagiellońskiego w latach 1364—1764. Kraków, 1964. № 1.
  • Kaniewska, I. Młodzież Uniwersytetu Krakowskiego w l. 1510—1560 // Studia z dziejów młodzieżu Uniwersytetu Krakowskiego w dobie renesansu. Kraków, 1964.
  • Kozłowska-Budkowa, Z. Odnowienie Jagiellońskie Uniwersytetu Krakowskiego (1390—1414) // Dzieje Uniwersytetu Jagiellońskiego w latach 1364—1764. Kraków, 1964. № 1.
  • Muczkowski, J. Mieszkanie i postąpowanie uczniów krakowskich w wiekach dawnych. Kraków, 1842.
  • Перакладзена паводле:
    Occasional Papers in Belarusian Studies. 1995. № 1. P. 43—50.

     

    8 «Letalitur lesus» — AR, 1500. Гэта азначае, мабыць, не зусім «сьмяротна», бо гаворка ў справе ідзе пра параненьне, а не пра забойства — AR, 1502—1503; да таго ж Юры, як падаецца, потым вяртаецца да жыцьця і ўзбуджае справу супраць свайго адваката — AR, 1510.

    9 AR, 1338 — Юры і Якуб з Коўна выступілі сьведкамі за Андрэя з Коўна.

    10 AR, 1298 — Ян са Сьвержані і Юры зь Вільні выступілі паручальнікамі за Андрэя з Жупранаў. Юры быў вымушаны аддаць Андрэевай крэдыторцы, Ганьне Прыгодзе, сярэбраную лыжку за нявернуты доўг.

    11 AR, 453, 1095, 1500 — Юры зь Літвы, абвінавачаны ў нападзе, выбраў Станіслава, каноніка Віленскага Катэдральнага сабору, сваім адвакатам. Пазьней ён узбудзіў супраць Станіслава справу з нагоды сумы ў 24 капы, якую апошні павінен быў перадаць яму ад ягонага бацькі (Станіслаў, відаць, прыехаў проста зь Вільні). Станіслаў пацьвердзіў, што ён быў упаўнаважаны Юр’евым бацькам патраціць грошы на патрэбы сына і ўзяць сабе толькі шэсьць флярынаў. Урэшце, Юры атрымаў ліст ад бацькі, які цалкам пацьвярджаў Станіслававу вэрсію, і адмовіўся ад прэтэнзіяў да магістра.

    Пачатак  Цалкам Форум

    № 5 (56) - 2007

    да Зьместу

    Праект ARCHE

    да Пачатку СТАРОНКІ


    Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
    Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
    Апошняе абнаўленьне: 2007/09/16