A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (57) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Уладзімер Мацкевіч | ||||
Уладзімер Мацкевіч
Сіняя кніга Сяргея Іванавіча Костян, С. На стыке тысячелетий. Напэўна, даступнае хутка абясцэньваецца. Калісьці напісаць і выдаць кнігу было вельмі цяжка і дорага. Сёньня гэта вельмі проста і танна. Відаць, таму і самі кнігі зрабіліся таннымі, таннымі ў простым і пераносным сэнсе гэтага слова — нічога ня вартымі. Адзін такі выдавецкі прадукт мне давялося патрымаць у руках, пачытаць, і цяпер я пішу пра яго і ягонага аўтара. Можа, і не пра аўтара, але пра таго, чыё імя пазначанае на тытульным аркушы. Гэта кніга Сяргея Касьцяна «На стыке тысячелетий». Кнігі прызначаныя для чытаньня, гэта ўсе ведаюць. Але для кнігалюбаў кніга каштоўная, як рэч, якую можна ўзяць у рукі, разгледзець з усіх бакоў, параўнаць зь іншымі. Ёсьць кнігі, што самім сваім выглядам выклікаюць павагу. Форма кнігі, так ці іначай, адпавядае зьместу, а пра зьмест з пэўнай перакананасьцю можна меркаваць з назвы. Цікава, да якога тыпу можна аднесьці кнігу «На стыке тысячелетий»? Тысячагодзьдзі зьмяняюцца ня часта. Відаць, творы з такой назвай мусяць апавядаць пра нешта сур’ёзнае, калі і не пра вечнае, дык дакладна доўгачасовае — тысячагадовае. Разважаючы пра тысячагадовае, гістарычнае, адкрыем старонку 159 кнігі Касьцяна і знойдзем сьціплы тэкст у некалькі радкоў, у якіх Сяргей Іванавіч віншуе з Новым 2004 годам і Калядамі нейкую Ларысу Пятроўну і калектыў рэдакцыі газэты «Жыццё Палесся». Тое, што прозьвішча Ларысы Пятроўны застаецца невядомым чытачу, набывае нейкі мэтафізычны сэнс. Ну, якое значэньне можа мець гэтае прозьвішча ў маштабах тысячагодзьдзяў? Хіба мы задумваемся пра імёны дзяўчатаў, на якіх сотні і сотні гадоў красаваліся ўпрыгожваньні, што мы бачым на музэйных паліцах? Пазбаўленая прозьвішча, практычна ананімная Ларыса Пятроўна будзе, верагодна, сымбалем нашага часу для чытача кнігі Сяргея Іванавіча праз тысячу гадоў. Хоць я, вядома ж, перагнуў. Хутчэй за ўсё, адсутнасьць прозьвішча віншаванай — проста недагляд аўтара і рэдактара. Але гэта сьведчыць пра нядбайнасьць, магчымую ў танных выданьнях. Аднак прэтэнцыёзная назва «На стыке тысячелетий» неяк не стасуецца з танным выданьнем! Скажу шчыра, я ня здолеў дачытаць твор С. Касьцяна, і мне ня сорамна ў гэтым прызнацца. Ён не заслугоўвае прачытаньня. Але яго варта разгледзець, пакруціць у руках. Як рэч гэтая кніга можа шмат сказаць ня толькі пра час і пра аўтара, але і пра нас, сучасьнікаў і, крый Божа, чытачоў такой «літаратуры». Сіняя кніга ў мяккім пераплёце фармату А5 вонкава падобная да іншых. У ёй ёсьць усё, што трэба: УНН, ББК, ISBN, тытульны аркуш, прадмова, слова «Ад аўтара», уводзіны, зьмест і багата фатаздымкаў — ажно 129 штук, плюс 4 на першай старонцы вокладкі і адзін на апошняй. Можа, усе гэтыя зьвесткі камусьці пададуцца неістотнымі. Так і было б, калі б гэта была кніга для чытаньня. Але перад намі штосьці іншае. Гэта ўява кнігі, сымулякр. Усе прыкметы ёсьць, а кнігі як такой няма. Аднак працягнем вонкавы разгляд. На першай старонцы чатыры фота. Варта меркаваць, што яны ня ўзятыя выпадкова, а мусяць штосьці сымбалізаваць. Амаль кожны твар на здымках пазнавальны: мітрапаліт Філарэт, экс-прэм’ер Расейскай Фэдэрацыі Прымакоў, лідэр расейскіх камуністаў Зюганаў і ўкраінскіх Сіманенка. Але дзьвюх фізіяноміяў я не пазнаў. Прычынаў некалькі: пачынаючы ад вельмі кепскай якасьці фота (вядзецца не пра мастацкія вартасьці, пра гэта й гаворкі няма). Аматарскія фота пры самай таннай паліграфіі ня могуць быць аздабленьнем кнігі, таму заўсёды трэба пазначаць, хто сфатаграфаваны. Але здымкі на вокладцы не падпісаныя. Мяркуецца, што ўсе пэрсанажы «на сутыку тысячагодзьдзяў» усім знаёмыя. Балазе, фатаздымкі ўнутры суправаджаюцца падрабязнымі камэнтарамі. Гэта дае магчымасьць ідэнтыфікаваць юнака, які стаіць праваруч Прымакова, як унука аўтара Івана. Цікава, якое месца ў гісторыі адводзіць сп. Касьцян свайму ўнуку, калі зьмяшчае ягоны фатаздымак сярод гістарычных пэрсанажаў? Наагул, ня можа ня радаваць сямейнае шчасьце Сяргея Іванавіча. Ня ведаю, ці застаўся хто з блізкіх ці далёкіх сваякоў не «ўвекавечаным» на старонках твору «на сутыку тысячагодзьдзяў»? Унукі, пляменьнікі, цёткі, швагеркі і швагры — усім знайшлося месца. Суседнічаючы з выбітнымі царкоўнымі дзеячамі, пісьменьнікамі, музыкамі, палітыкамі розных кантынэнтаў, усе сваякі, аднапалчане, сябры сям’і самі робяцца гістарычнымі пэрсанажамі. З свойскай жывёлы на фатаздымках толькі рабочы конь, не названы па імені. Можа, ён не належыць Сяргею Іванавічу, а пазычаны ў калгасе, а можа, Сяргей Іванавіч проста ня любіць жывёлу. Прынамсі, ня так любіць, як сваіх сваякоў і сяброў, а таксама выбарцаў. У любові і адданасьці да апошніх аўтар шматкроць прызнаецца ў тэксьце. Перш як перайсьці да яго, не магу не адзначыць яшчэ адной рысы ў візуальным афармленьні кнігі. На апошняй старонцы вокладкі — фатаздымак калекцыі бляшанак з-пад кавы на кухоннай паліцы. Сэнсу фота я не зразумеў, але яно мне падалося чымсьці сымбалічным. Я не вялікі знаўца трэшу і кічу, але думаю, што менавіта гэты фатаздымак пустых бляшанак на кухні дэпутата Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь можа багата апавесьці пра наш час «на сутыку тысячагодзьдзяў». Тэкст кнігі я таксама прагледзеў подбегам, не чытаць жа ўсё, што там напісана, — на такі подзьвіг я дакладна ня здольны! Аднак асобныя рэчы варта працытаваць. Вось кароткі тэкст ад аўтара. Я не прэтэндую на ісьціну ў сваёй ацэнцы кнігі Касьцяна, таму прывяду для параўнаньня ягоную ўласную ацэнку:
От автора
Представленная на суд читателей книга «На стыке тысячелетий», безусловно, вызовет определенный интерес.
Высказанные в ней мысли и сделанные автором выводы непременно могут быть дискуссионными. Их прямолинейность, однозначность и безапелляционность иных читателей приведет к раздражению и злобе.
Но непреложным фактом является то, что все высказанное автором в книге справедливо. Автор не уводит от сложных проблем и называет вещи своими именами. Некоторая категоричность суждений автора у большинства читателей найдет понимание и поддержку, породит новые симпатии к нему, потому что все сказанное автором — от земли, от жизненной практики. В этой книге нет лоска и приукрас как в политике, так и в отношении себя.
Многосторонность деятельности автора подтверждается и дополняется фотографиями, которые позволяют читателю сделать дополнительное прочтение книги, как говорят, написанное между строк.
Я не адчуваю раздражненьня і злосьці ні да кнігі, ні да яе аўтара — мне давялося пазнаёміцца зь ім падчас падрыхтоўкі адной зь перадачаў ток-шоў «Выбар». Але і цікаўнасьць ён можа выклікаць толькі пры адпаведнай дасьледніцкай устаноўцы: як да нашага часу могуць дажываць такія людзі? Што я маю на ўвазе? Паспрабую растлумачыць. Вось С. І. Касьцян піша: «Но непреложным фактом является то, что все высказанное автором в книге справедливо». Даволі простая фраза, і нават традыцыйная для рознага кшталту пасьляслоўяў, уводзінаў і анонсаў у кнігах. Але яна зусім — як бы гэта? — несправядлівая. Я б сказаў, што хлусьлівая. Рэч ня ў тым, што аўтар маніць. Відаць, не. Ён піша тое, што думае, то бок гаворыць шчыра. Але самая шчырасьць хлусьлівая. Нельга лічыць аўтарскую самаацэнку фактам. Нельга лічыць фактам выказваньне меркаваньня. А ў прыведзенай фразе даецца ацэнка меркаваньняў, выказаных у кнізе, як справядлівых, між тым самое гэтае цьверджаньне нельга лічыць справядлівым зь лягічнага гледзішча — яно папросту непісьменнае. І гэта можна сказаць пра ўсю кнігу. Вось яшчэ адна аўтарская фраза: «Высказанные в ней мысли и сделанные автором выводы непременно могут быть дискуссионными». Праблема ў тым, што ў кнізе зусім няма думак. Няма высноваў, таму яны ня могуць быць дыскусійнымі. Аўтар не падае фактаў, аргумэнтаў, доказаў. Усе ягоныя выказваньні — альбо лёзунгі, альбо слоўныя зьвязкі паміж лёзунгамі. Адкрыем, напрыклад, старонку 133. Там падаецца тэкст з газэты «Патриот Полесья»¹ за 30 ліпеня 2003 г. пад загалоўкам: «Идеям коммунизма, социализма — верны». Гэта пра каго вядзецца? Хто ў Палесьсі ў 2003 г. верны ідэям камунізму, сацыялізму? Няхай бы яшчэ рынкавага сацыялізму, як на тое. Але камунізму? Колькі такіх у Палесьсі? Мо сам Касьцян? Аднак камуністы абавязаныя быць матэрыялістамі і атэістамі, а Касьцян праваслаўны. То бок з гледзішча тых, хто «верен идеям коммунизма», — цемрашал, які распаўсюджвае «опіюм для народу». Дык «опіюм» ці вернасьць камунізму? Касьцян не задае сабе гэтага пытаньня. Але тады дзе тут факты? Дзе думкі? Якія высновы? З чым тут дыскутаваць? |
мэтадоляг, палітычны актывіст, стваральнік сайту «Дыярыюш Рушэньня» (www.worvik.com). Яго апошняя публікацыя ў «ARCHE» мела назву «Самавызначэньне беларускага інтэлектуала» (9/2006). Аўтарская назва тэксту — «Бессэнсоўны набор бязглуздых тэкстаў (злосныя нататкі)». |
А так падобна да чалавечай думкі!
Вернасьць ідэям — гэта пра нас, пра Беларусь. Можа, мне прадузятасьць замінае ўбачыць у гэтым факты і думкі. Вось, чытаючы зьмест, знаходжу побач дзьве падобныя назвы: «Краіну гордых духам не скарыць» (с. 107) і «Краіну гордых духам людзей не скарыць» (с. 109). Зазірнуць на гэтыя старонкі змушаюць два пытаньні. Па-першае, у чым сэнс «двойчы паўтараць Бадэн-Бадэн»? Па-другое, з назваў я меркаваў, што вядзецца ізноў жа пра «гордых духам» беларусаў, і мне стала вельмі цікава, каму ж нас «не скарыць»? Высьветлілася, што гэта ня мы «гордыя духам», а Ірак. Два разьмешчаныя побач артыкульчыкі з розных газэтаў датаваныя восеньню 2002 г. А Ірак «скарыўся» ў сакавіку 2003 г. І паўгоду не прамінула, як гісторыя зьняпраўдзіла «прадказаньні» Сяргея Касьцяна. У гэтым няма нічога незвычайнага і дзіўнага. Такое з палітычнымі прагнозамі (асабліва калі іх даюць палітычныя блазны ды няўдачнікі) здараецца заўсёдна. Мяне дзівіць іншае: навошта ў кнізе, якая выдаецца ў 2004 г., друкаваць двойчы пераказаны памылковы прагноз? Ды Бог зь ім, з Іракам. Дзе той Ірак, і дзе Беларусь! Але публікацыя такіх палітычных ляпаў побач з прагнозамі пра Саюз з Расеяй, пра супрацьстаяньне ЗША, НATO і г. д. — пра ўсё важнае і каштоўнае для Касьцяна — абясцэньвае і іншыя ягоныя «прароцтвы». Аднак гэта мне толькі здаецца, ад «вялікага розуму» і залішняй рэфлексійнасьці. Ні самому Касьцяну, ні чытачам, на якіх ён разьлічвае, няма справы да рэалізаваных альбо зьняпраўджаных прагнозаў. Ідэям камунізму верныя — і кропка. І няма справы да таго, ці верныя самыя ідэі. Сталін і цяпер жывейшы за ўсіх жывых — «сказано автором от земли, от жизненной практики». Якая зямля, якая практыка? Калі падобныя пэрлы чытаць ды асэнсоўваць, немагчыма захаваць здаровы розум. Як жа можа вар’ят напісаць кнігу? Яна ж з выгляду не стварае ўражаньня вар’яцкай. Гэта ж ня Кафка, ня Бэкет з Іянэску, нават не Пялевін альбо Далі. А рэч у тым, што гэта не напісаная кніга. Гэта бессэнсоўны набор бязглуздых тэкстаў. У кнізе сабраныя рэплікі Касьцяна да журналістаў незалежных газэтаў альбо запісы ягоных інтэрвію для радыё, узятыя з інтэрнэту. Усе яны шматкроць паўтараюць адно другога. Тэмы вядомыя і стандартныя: камунізм і Сталін, Пуцін і дэмакраты з алігархамі, Ірак і загнілыя ЗША, славянская еднасьць і праваслаўе, народ і Лукашэнка. І ўсё ж я знайшоў у кнізе зачэпку, каб хоць крыху паважаць Касьцяна. На с. 93—97 зьмешчанае інтэрвію Касьцяна газэце «Звязда» ў сувязі з прызначэньнем Сяргея Іванавіча кіраўніком выдавецкага холдынгу «Літаратура і мастацтва». Ніяк ня буду ставіцца да сэнсу і зьместу інтэрвію, але прыпіска мяне вельмі пацешыла. Рэдакцыя газэты паведаміла, што на момант выхаду інтэрвію ў сьвет таварыш Касьцян адмовіўся заняць прапанаваную пасаду. Мудрае рашэньне. Добра, што ён выклаў у газэце свае погляды і ўяўленьні аб разьвіцьці выдавецкай справы і ўсёй нацыянальнай літаратуры. Добра, бо мы даведаліся, якой бяды мы, краіна і нацыя, пазьбегнулі, калі Касьцян адмовіўся ад пасады. Думаю, галоўная заслуга галоснасьці і дэмакратыі — права кожнага выказваць сваё меркаваньне. Тут давядзецца крыху перафразаваць словы Вальтэра: Сяргей Іванавіч, мне вашыя перакананьні й ідэі падаюцца наіўнымі, сьмешнымі, глыбока заганнымі і часам шкоднымі, але я вітаю журналістыку і выдавецкі бізнэс, якія дазваляюць вам усё гэта выказаць, каб усе маглі ведаць і разумець, якіх бедаў мы пазьбягаем, калі вы адмаўляецеся рэалізоўваць свае ідэі. Я б шмат каму зь беларускіх палітыкаў параіў браць прыклад з вашага ўчынку. І чытаць вашую кнігу даводзіцца, як ні гідка. Такое нашае жыцьцё. І яго трэба зьмяняць. Так далей жыць нельга. |
¹ «Патриот Полесья» — гэта хто? Патрыёт Беларусі альбо патрыёт Францыі — гэта зразумела. А патрыёт Палесься ў вуснах Касьцяна, напрыклад, гэта хто? Патрыёт Беларусі (альбо СССР), які жыве ў Палесьсі, альбо палескі сэпаратыст? |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (56) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |