A R C H E П а ч а т а к № 6 (57) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


6 - 2007

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • літаратура • палеміка

 


палеміка

  Дэйвід Р. Марплз

Вокладка «ARCHE» №6
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Дэйвід Р. Марплз
Выбары і нацыятварэньне ў Беларусі
камэнтар да артыкула Грыгорыя Ёфэ

У сваім артыкуле Грыгоры Ёфэ выказвае думку, што ў гэтай краіне існуюць тры праекты фармаваньня нацыі, прэзэнтаваныя трыма кандыдатамі ў прэзыдэнты на леташніх выбарах.

Трэба адразу заўважыць, што працы праф. Ёфэ заўсёды вельмі інфарматыўныя і добра структураваныя, яны падштурхоўваюць да карыснай, здаровай дыскусіі. Ёфэ пашырыў кола праблемаў, па якіх вядзецца палеміка вакол сучаснай сытуацыі ў Беларусі, і дакладна акрэсьліў палітычную альтэрнатыву. Аднак, на маю думку, тэзы Ёфэ хоць і не пазбаўленыя пэўнай вартасьці, але пры бліжэйшым разглядзе не вытрымліваюць крытыкі. Так, кожная маштабная тэорыя непазьбежна спрашчае складаныя рэчы і «зразае вуглы». Але ў гэтым выпадку Ёфэ абмінуў увагай некаторыя важныя, як мне падаецца, аспэкты ўнутранага становішча ў краіне, дапусьціў у шэрагу выпадкаў лягічную непасьлядоўнасьць і шмат у чым сказіў карціну. Давайце больш падрабязна разгледзім аргумэнтацыю праф. Ёфэ.

Эканамічны цуд

Прапанаванае дасьледчыкам апісаньне беларускага грамадзтва стварае ўражаньне, што краіна квітнее і імкліва разьвіваецца. Беларусы «аддаюць перавагу эканамічнаму дабрабыту» перад незалежнасьцю, яны задаволеныя сваім становішчам. Той жа погляд навязвае і беларуская ўлада: маўляў, па набыцьці сувэрэнітэту ўрад Станіслава Шушкевіча паспрабаваў мэтадам шокавай тэрапіі, як у Польшчы, стварыць у Беларусі рынкавую эканоміку. Гэта прывяло да вострага эканамічнага крызісу, закрыцьця заводаў, рэзкага падзеньня ўзроўню жыцьця, суворых выпрабаваньняў для насельніцтва. Лукашэнка разумеў, як добра жылося беларусам за савецкім часам, і таму, прыйшоўшы да ўлады ў 1994 г., ён адразу ж узяўся за вырашэньне гэтых праблемаў. Урад ня стаў даваць волю рынкавым сілам, а захаваў кантроль над вядучымі прадпрыемствамі. Партнэрскія дачыненьні з Расеяй далі Лукашэнку магчымасьць імпартаваць энэрганосьбіты па нізкіх цэнах і такім чынам субсыдыяваць прадпрыемствы, прапаноўваючы працоўным «беларускі шлях» да эканамічнага дабрабыту. Ён моцна нагадваў тое, што адбывалася ў позьнесавецкі пэрыяд, калі ўзровень жыцьця ў Беларусі перавышаў сярэднія паказьнікі ў СССР. Неўзабаве гэтая палітыка прынесла свой плён у выглядзе беспрэцэдэнтнага эканамічнага росту. У ранейшым артыкуле Ёфэ так дакладна паўтараецца падобная схема, што яго даслоўна перадрукавалі ў дзяржаўным часопісе «Беларуская думка». Дык што ж выпала з поля зроку аўтара гэтай карціны?

Як прызнае сам Ёфэ, першы трывожны сыгнал замаячыў на гарызонце ў 2004 г., калі Расея перакрыла газавы вэнтыль. На сёньня сытуацыя заўважна пагоршылася ў выніку жорсткага расейска-беларускага канфлікту, зьвязанага з цэнамі на пастаўку газу і нафты. Некаторыя аналітыкі ўскладаюць віну за крызіс выключна на Расею, падмацоўваючы створаны Ёфэ вобраз узятай у аблогу Беларусі, якая змагаецца зь бязьлітасным гігантам — Расеяй — і яе ўпаўнаважанымі: «Газпромам», «Лукойлам» і г. д. Аднак Беларусь з году ў год прыхарошвала свае эканамічныя паказьнікі, перапрадаючы расейскія энэрганосьбіты па сусьветных цэнах, а таксама канфіскуючы тавары на мытных пунктах. Лукашэнка заўсёды выступаў за падобныя дзеяньні, бо, маўляў, расейская армія бясплатна карыстаецца дзьвюма беларускімі вайсковымі базамі, а істотная частка газу з Расеі паступае ў Заходнюю Эўропу транзытам празь Беларусь. Такім чынам, нерэфармаваную беларускую эканоміку субсыдыявала багацейшая суседка. Расея часта набывала беларускія тавары: станкі, трактары, цукар і г. д., хоць яны не заўсёды былі найлепшай якасьці. Таму лічбы эканамічнага росту, што так уражваюць некаторых, — перадусім вынік «дабрадзейства» Расеі. У доўгатэрміновай пэрспэктыве трэба было чакаць спыненьня гэтых «шчадроцьцяў».

Мала таго, нават у пэрыяд «эканамічнага росквіту» жывецца беларусам нядобра. Ад пачатку стагодзьдзя ў краіне назіраецца дэмаграфічны крызіс: расьце разрыў паміж узроўнем сьмяротнасьці і нараджальнасьці, і скараціць яго ніяк не ўдаецца. Колькасьць жыхароў зьменшылася з 10,24 млн у 1994 г. да 9,7 млн у 2004 г. Скарачэньне насельніцтва суправаджаецца ростам інфэкцыйных, ракавых і сардэчных захворваньняў. Асаблівую трывогу выклікае здароўе дзяцей. Значна павялічылася колькасьць сіротаў — пераважна дзяцей, кінутых бацькамі. Большасьць зь іх знаходзіцца ў псыхіятрычных клініках у жудасных умовах. Гарады — апроч Менску — заняпалыя і занядбаныя, на вёсцы дзесяцігодзьдзямі амаль нічога не зьмяняецца на лепшае. Некаторыя з гэтых праблемаў можна патлумачыць старэньнем насельніцтва і міграцыяй маладых, адукаваных людзей у горад. Іншыя выкліканыя палітыкай лукашэнкаўскага рэжыму: ён ня змог рэфармаваць састарэлай сельскай гаспадаркі, яшчэ больш абвастрыў праблемы тым, што не зьвяртаў на іх увагі, перасьледаваў НУА і шмат якія міжнародныя структуры, так што ў Беларусі іх амаль не засталося. Карацей кажучы, ніякага эканамічнага цуду няма, і беларусам жывецца не нашмат лепш, чым у далукашэнкаўскі час, хоць улада іх і пераконвае, што ім гарантаваная эканамічная бясьпека, жыльлёвыя датацыі, заробкі і пэнсіі.

Папулярнасьць Лукашэнкі

Падобна, Ёфэ шчыра ўражаны папулярнасьцю Лукашэнкі. Перш як зьвярнуцца да ягоных доказаў, варта зазначыць, што паводле Канстытуцыі 1994 г. Лукашэнка ўжо не павінен быць прэзыдэнтам Беларусі. Ягоны тэрмін мусіў скончыцца не пазьней як у 2004 г. З гэтага гледзішча Беларусь больш нагадвае рэспублікі Сярэдняй Азіі, дзе прэзыдэнцтва робіцца пажыцьцёвай пасадай, чым суседнія эўрапейскія краіны. Можа, таму Лукашэнка гэтак жорстка абыходзіцца з канкурэнтамі. Віктар Ганчар зьнік у 1999 г. Зянон Пазьняк мусіў эміграваць у 1996 г. Палітычная кар’ера Ўладзімера Ганчарыка раптоўна абарвалася неўзабаве пасьля выбараў 2001 г. Аляксандар Казулін адбывае 5-гадовае турэмнае зьняволеньне. «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.

Аднак Ёфэ даводзіць, што ў Беларусі няма атмасфэры страху, няма падставаў не давяраць вынікам сацыялягічных дасьледаваньняў, паводле якіх Лукашэнка значна апярэджвае сваіх апанэнтаў. Але, калі створаныя інструмэнты ўсёахопнай улады, апытаньні грамадзкай думкі ня маюць ніякага значэньня. На самым пачатку прэзыдэнцтва Лукашэнка зьняў усіх недастаткова ляяльных да яго рэдактараў газэтаў. Хутка пад ягоным поўным кантролем апынуліся радыё і тэлебачаньне. Зь сярэдзіны 90-х гг. людзям прамываюць мазгі ўрадавай прапагандай, якая нагадвае, а часам і пераўзыходзіць савецкую. Папулярнасьць прэзыдэнта ствараецца афіцыйным іміджам. Ён можа ставіцца пад сумнеў толькі падчас прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў, калі апазыцыю дапускаюць да тэлебачаньня і радыё — 2 разы па 30 хвілінаў. Па-першае, рэжым карыстаецца посьпехам, бо ён больш за 10 гадоў таму манапалізаваў СМІ, і гэтае становішча не зьмянілася з пашырэньнем доступу да інтэрнэту і г. д. Па-другое, ніводнаму апазыцыйнаму дзеячу не дазвалялі вырасьці ў рэальнага канкурэнта Лукашэнку.

Ёфэ цытуе Яна Максімюка на радыё «Свабода»: «У людзей ёсьць адчуваньне, што Мілінкевіч, усё ж быў ня ў стане выйграць гэтыя выбары, нават калі б яны былі сумленныя і свабодныя». Цьверджаньне, вядома, слушнае, але чаму? На выбарах 2001 . і 2006 гг. апазыцыі не далі часу на раскрутку кандыдата. Мілінкевіч разгарнуў вартую ўсялякага ўхваленьня кампанію, але не пасьпеў дамагчыся значнай народнай падтрымкі. Аднак, паводле апытаньняў НІСЭПД, ён за вельмі кароткі час прыцягнуў на свой бок пятую частку электарату, нягледзячы на арышты ў ягонай камандзе, запалохваньні, зьнішчэньне кампутараў і г. д. Можна ня менш абгрунтавана сьцьвярджаць, што Мілінкевіч правёў надзвычай пасьпяховую кампанію.

Здаецца, выснова адназначная: сярод адукаваных жыхароў Менску апазыцыя Лукашэнку расьце. Людзі ж, больш падуладныя ўзьдзеяньню афіцыйнай прапаганды, па-ранейшаму падтрымліваюць прэзыдэнта. Гэты факт сьведчыць ня столькі пра дынаміку ўнутрыпалітычных працэсаў, колькі пра ўплыў манаполіі на інфармацыю. Лукашэнка традыцыйна грае на людзкіх страхах: перад падзеньнем узроўню жыцьця, міжнародным тэрарызмам, удзелам у «чужых войнах», як у Чачэніі і Аўганістане, — а не прапаноўвае хоць якой уцямнай праграмы разьвіцьця нацыі. Страх перад невядомым часьцяком большы за незадаволенасьць ад наяўных праблемаў. Але пры чым тут нацыятварэньне, пра якое кажа Ёфэ?

Ёфэ практычна адкідае адраджэнства, як ідэалёгію, чужую большасьці беларусаў. Зь іншага боку, ён вылучае вельмі істотную праблему: традыцыйная беларуская культура не ахоплівае шырокія пласты грамадзтва, а цяперашні беларускі ўрад ня хоча праводзіць беларусізацыі. Непераканаўча гучыць цьверджаньне, што народ не прыняў адраджэнства часткова праз моўны чыньнік. Хіба можна сьцьвярджаць, што моўная сытуацыя ў Ірляндыі, дзе спрэс гавораць па-ангельску, сьведчыць пра адсутнасьць ірляндзкага нацыяналізму? Гэтаксама няслушна казаць, што ўрбанізацыя ў Беларусі запозьнілася — яна адбывалася ў 60-я — 70-я гг. ХХ ст., як і ў іншых былых савецкіх рэспубліках. І ці трэба абавязкова прыраўноўваць урбанізацыю да нацыятварэньня? Як тады патлумачыць, што ўкраінскім «П’емонтам» сталіся сельскія вобласьці на захадзе, дзе і сёньня гарадзкое насельніцтва складае меншасьць? Так, Зянон Пазьняк, магчыма, памыліўся наконт прыхільнасьці выбарцаў да роднай мовы і культуры. Але ж у 30-я гг. ХХ ст. Беларусь зьведала шырокамаштабныя рэпрэсіі і практычна страціла ўсю сваю нацыянальную эліту. Падчас Вялікай Айчыннай вайны сфармавалася кола партызанскіх камандзіраў, якія пазьней утварылі ўладную эліту рэспублікі. Атрымаў распаўсюджаньне міт, што вызваленьне, прынесенае з Усходу, уратавала беларусаў ад нябыту. Савецкі экспэрымэнт пасьпяхова зьдзейсьнены ў Беларусі, бо колькасна нешматлікаму насельніцтву можна было навязаць палітыку русіфікацыі і нацыянальнага самаадмаўленьня. Нельга бэсьціць Пазьняка і інш. за спробу адрадзіць нацыянальную культуру — яны вінаватыя хіба ў тым, што не ацанілі, як такія дзеяньні могуць адштурхнуць ад іх людзей, абыякавых да спадчыны мінулага. Інакш кажучы, адраджэнства пацярпела паразу — пакуль што, — бо зьявілася заўчасна.

Тут трэба зьвярнуцца да двух астатніх нацыянальных праектаў: прамаскоўскага лібэральнага і крэольскага. Калі я слушна зразумеў Ёфэ, ён даводзіць, што крэольскі нацыяналізм робіць акцэнт на савецкім мінулым, а не на гісторыі беларускіх земляў у складзе ВКЛ і Польшчы, з імкненьня адмежавацца ад Расеі, якое выявілася падчас энэргетычнага канфлікту. Да таго ж беларускай уладнай эліце не падабаецца расейская нэалібэральная эканамічная мадэль, якая прывяла да вялізнага разрыву ва ўзроўні даходаў. Гэтыя цьверджаньні здаюцца слушнымі, аднак у поглядах лукашэнкаўскага рэжыму цяжка знайсьці штосьці станоўчае. У якой ступені беларускія ўлады рэалізоўваюць сваю канцэпцыю разьвіцьця грамадзтва, а ў якой — толькі рэагуюць на вонкавыя падзеі? Ці ўвогуле мае адміністрацыя Лукашэнкі палітычную стратэгію? Проста прымаць погляды зьбітага з панталыку электарату ды распальваць яго ўяўленьне палкімі прамовамі пра ворагаў — гэтага малавата для ўраду ХХІ ст. Гэта ня столькі крэольскі нацыяналізм, колькі нацыянальны нігілізм, і яго адзіная мэта — доўжыць і нарошчваць да бясконцасьці асабістую ўладу аднаго чалавека — Аляксандра Лукашэнкі.

Можна выказацца і больш жорстка. Краіна Беларусь зьведзеная да ўзроўню «лукашысцкага» — досыць абмежаванага — мысьленьня, сьветапогляду, ладу жыцьця. Сутнасьць крэольскага нацыяналізму ў тым, што з правалам беларуска-расейскага саюзу, калі перакрэсьленыя ягоныя надзеі на ўладу ў Расеі, крэольскаму прэзыдэнту няма куды ісьці.Нешчасьлівае дзяцінства безбацьковіча, служба ў памежных войсках, камсамол, калгасна-саўгасная кар’ера, запозьненае абраньне ў парлямэнт, антыкарупцыйная камісія... На сваім ўэб-сайце Лукашэнка амбітна пайменаваў сябе гісторыкам і эканамістам. У яго абсалютна пасрэдная біяграфія — адсюль і недавер ды пагарда прэзыдэнта да інтэлектуалаў, і нежаданьне гаварыць на роднай мове, і імкненьне даказаць, што ён выдатны спартовец, заваяваць прэстыж унутры краіны і за мяжой. Насамрэч сутнасьць крэольскага нацыяналізму ў тым, што з правалам беларуска-расейскага саюзу, калі перакрэсьленыя ягоныя надзеі на ўладу ў Расеі, крэольскаму прэзыдэнту няма куды ісьці.

У ліку тых, хто адмаўляе, што ў Беларусі пануе дыктатура, Ёфэ называе і мяне. Прынамсі трэба прызнаць, што гэта няпоўная дыктатура, бо пры ёй усё ж існуе некалькі нішаў свабоды слова. Аднак можна сьцьвярджаць, што Лукашэнка ўсталяваў злосны, вузкалобы аўтарытарны рэжым, засяроджаны на ягонай асобе, з усімі ягонымі дзівацтвамі і бздурай. У 1994 г. ён узяўся за разбурэньне парасткаў грамадзянскай супольнасьці. У 2006-м, праз дванаццаць гадоў, можна было б меркаваць, што ён мае прапанаваць электарату нешта істотнае. Але замест гэтага Лукашэнка заявіў, што ня будзе весьці выбарчую кампанію, а стане клапаціцца пра інтарэсы краіны. Тым самым ён умацаваў свой імідж безыдэйнага лідэра, ня здольнага знайсьці новыя шляхі фармаваньня нацыі. «Бацькі», ахоўніка, які перабольшвае пагрозу звонку. Калі быць беларусам —азначае належаць да дробнай супольнасьці абаронцаў узятай у аблогу крэпасьці ў цэнтры Эўропы, то фраза «нацыятварэньне» тут наўрад ці дарэчы. Ёфэ заўважае, што «паводле мабілізацыйнага патэнцыялу» з крэольскім нацыяналізмам у Беларусі «ня можа параўнацца ніводзін іншы праект». З гэтым можна пагадзіцца, але толькі пакуль Расея праводзіць «экспансіянісцкую» палітыку. Калі яна зьвернецца да ізаляцыянізму, а Захад страціць цікавасьць да Беларусі, як было на пачатку постсавецкай эры, крэольскі нацыяналізм вельмі хутка сканае.

Беларусь за Лукашэнкам дэградавала палітычна, сацыяльна і эканамічна. Ёфэ, як мне здаецца, з залішняй лёгкасьцю прыняў афіцыйны імідж Беларусі, які пашыраюць улады. Каб лепш яго асэнсаваць, ён прапанаваў тэорыю «крэольскага нацыяналізму» — я б назваў яго «лукашызмам». Працягнуўшы прэзыдэнцкія паўнамоцтвы, ня маючы ніякіх важкіх ідэяў, ініцыятываў, Лукашэнка дазваляе Беларусі бязмэтна плыць па плыні ў яе сацыяльна-эканамічным разьвіцьці. Ён нічога не зрабіў, каб спыніць паглыбленьне дэмаграфічнага крызісу, перакроіў палітычную сыстэму і захоўвае ўладу пры дапамозе арыштаў, перасьледу, запалохваньня апазыцыі. А ў яе ўваходзяць ня толькі нацыянальна сьвядомыя прадстаўнікі эліты, але і працоўныя, прафсаюзныя лідэры, студэнты, эколягі. У 2006 г. апазыцыя выйшла на як ніколі раней высокі ўзровень актыўнасьці, хоць пэрспэктывы такой «каляровай рэвалюцыі», як у Кіеве ў 2004 г., выявіліся далёкімі ад рэчаіснасьці. Трэба ня ўражвацца г. зв. папулярнасьцю Лукашэнкі, а казаць, што, нягледзячы на ўсе абмежаваньні на дзейнасьць грамадзянскай супольнасьці, а таксама на культ асобы прэзыдэнта, створаны афіцыйнымі СМІ, Мілінкевіч за некалькі тыдняў выбарчай кампаніі забясьпечыў сабе падтрымку 1/5 электарату, а Казулін выклікаў паніку адным сваім вылучэньнем на найвышэйшую дзяржаўную пасаду. Узяўшы пад поўны кантроль усе бакі грамадзкага жыцьця, у т. л. СМІ, актыўна задзейнічаўшы спэцслужбы, КДБ і міліцыю, улады забясьпечылі Лукашэнку яшчэ адну «элегантную перамогу». Ёфэ выказвае думку, што яна заслужаная. Я ж сьцьвярджаю, што яна несапраўдная і шмат у чым бессэнсоўная, а паспрыяць рэальнаму разьвіцьцю беларускага грамадзтва і яго сьветапогляду можа толькі зьмена рэжыму. Але гэта ўжо зусім іншая праблема.


Грыгоры Ёфэ
Нацыятварэньне ў Беларусі — апошняе слова

У сваім артыкуле я спрабую зразумець, як разьвіваецца маладая, яшчэ не апераная краіна Беларусь. Выбары — усяго толькі люпа, а мяне цікавіць, якія сілы змагаюцца за права фармаваць беларускую ідэнтычнасьць. Адная зь іх — цяперашняя палітычная ўлада. Яе благая слава — адзіны заўважны доказ існаваньня Беларусі ва ўсясьветным архіве навінаў. А Дэйвід Марплз спрабуе дасягнуць мэты, бясконца далёкай ад той, што стаўлю я. Справядліва ўгневаны непрыстойнымі паводзінамі беларускіх уладаў, ён настойвае на распаўсюдзе дэмакратыі і ўрэшце выступае за зьмену рэжыму ў Беларусі.

Я зычу Марплзу посьпеху, але з пэўнымі засьцярогамі. Місія, якую ён ня сябе ўзяў, ня толькі цяжэйшая за маю — яна састарэлая. «Распаўсюд дэмакратыі» і «зьмена рэжыму» трапілі ў шэраг найбольш дыскрэдытаваных ідэяў у аналах палітычнае думкі. Вядома, Беларусь — не Ірак, яна ня мае нафты і знаходзіцца небясьпечна блізка ад буйной ядравай дзяржавы. Акт аб дэмакратыі ў Беларусі каштаваў амэрыканскім падаткаплатнікам прыкладна 27,5 млн даляраў за два гады, а не каля 2 млрд на тыдзень. Аднак пэўныя падабенствы паміж Беларусьсю і Іракам усё ж існуюць. Галоўнае зь іх — тыя глыбінныя прычыны, зь якіх шмат людзей у не-заходнім сьвеце хочуць парадку, а не дэмакратыі. Пасьля кароткага экспэрымэнту «дэмакратыя+шокавая тэрапія», які — Марплз гэта прызнае — абярнуўся «суворымі выпрабаваньнямі для насельніцтва», Лукашэнка выступіў увасабленьнем прагі беларусаў да парадку. Безумоўна, Лукашэнка «ня стаў даваць волю рынкавым сілам», а ўзяўся іх утаймоўваць, бо альтэрнатыўны шлях у суседніх краінах прывёў да катастрафічных вынікаў.

Шмат са сказанага Марплзам пра Лукашэнку можна зьвесьці да рытарычнага пытаньня: як яны (беларусы) могуць гэтак любіць таго, каго мы (паўночныя амэрыканцы) так ня любім? Ці, іншымі словамі, калі яны любяць таго, каго мы ня любім, дык гэта таму, што яны «зьбітыя з панталыку». Нашыя ж перакананьні цьвёрдыя, як граніт, мы паводле азначэньня ня можам зьбіцца з панталыку. А значыць, як заўважыў аднойчы прэзыдэнт Буш, «беларусы заслугоўваюць лепшай долі». Каб адысьці ад падобных перакананьняў, патрэбнае жаданьне дакопвацца да адказаў на складаныя пытаньні, а таксама чуйнасьць да культурных асаблівасьцяў краіны. Маё разыходжаньне з Марплзам у той жа ступені вынікае з адрозьненьня ў падыходах, што і з адрозьненьня ў мэтах. Для заходніх навукоўцаў заўсёды нялёгкая задача — зразумець мысьленьне звычайных людзей у незаходнім грамадзтве. Прасьцей слухаць інтэлектуалаў, фінансаваных Захадам і схільных казаць заходнім спонсарам тое, што яны хочуць пачуць.

З адрозьненьня ў мэтах і ў падыходах узьнікае адрозьненьне ў ацэнках. На мой погляд, Беларусь — бедная краіна. Так, рост яе эканомікі — ці ня самы вялікі ў Эўропе, але пачынаўся ён зь нізкай адзнакі. Дзяды сёньняшніх беларусаў упершыню даведаліся, што яны сапраўды беларусы, толькі пасьля ўтварэньня БССР. Да гэтай гістарычнай падзеі карэннае насельніцтва беларускіх земляў называла сябе «тутэйшымі». Беларусы як этнічная група ня мелі сярэдняй і вышэйшай клясы. Традыцыйна гэтыя сацыяльныя нішы запаўнялі мясцовыя габрэі і палякі. Калі пасьля Другой усясьветнай вайны яны апынуліся незанятымі, перад беларусамі ўпершыню расчыніліся дзьверы, што вялі да павышэньня па сацыяльнай лесьвіцы. Нованабытая мабільнасьць, а таксама тое, што мадэрнасьць прыйшла ў Беларусь у савецкіх строях, пакінула невынішчальны сьлед у сьвядомасьці большасьці беларусаў. Беларусь зьвязаная з савецкім мінулым і матухнай-Расеяй надзвычай моцнай пупавінай.

Для Марплза Беларусь — адхіленьне ад нормы, бо яна «больш нагадвае рэспублікі Сярэдняй Азіі, чым суседнія эўрапейскія краіны». Чыста па-чалавечы я разумею гэтае імкненьне Марплза да аднастайнасьці, але як географ я мушу задаць пытаньне: ці ёсьць у Эўропе якая іншая краіна, дзе нацыятварэньне знаходзілася б на такім раньнім этапе? Я б адказаў «не». І ў гэтым сэнсе, як я адзначаў, Беларусь хутчэй можна параўнаць з Афрыкай на поўдзень ад Сахары.

Сапраўды, калі б Беларусь была не «няпоўнай дыктатурай», а паўнавартаснай дэмакратыяй, то, паводле Канстытуцыі 1994 г., Лукашэнка ўжо ня быў бы прэзыдэнтам Беларусі. Але паўнавартасная дэмакратыя — натуральны вынік разьвіцьця грамадзтва, а Беларусь да яго яшчэ не прыйшла. Кажучы словамі Робэрта Каплана, «наша вера ў дэмакратыю незалежна ад мясцовых умоваў даходзіць да адчуваньня сваёй культурнай вышэйшасьці».

Марплз піша, што Лукашэнка зьявіўся як «бацька», як безыдэйны лідэр. Наконт апошняга дазвольце не пагадзіцца. Можа, будзе больш канструктыўна перафармуляваць праблему: а ў якой з суседніх краінаў можна знайсьці аватар нацыянальнага лідэра? Юшчанка ва Ўкраіне, які растраціў увесь свой палітычны капітал? Качынскі ў Польшчы, зь ягоным сацыяльным кансэрватызмам? А што да «бацькі», дык тут Марплз пацэліў у дзясятку. Іначай і быць не магло ў па-ранейшаму збольшага патрыярхальнай сялянскай культуры. Сяргей Нікалюк сьцьвярджае, што папулярная сярод беларускай апазыцыі думка, нібы ў краіне ёсьць прыхільнікі Лукашэнкі, прыхільнікі апазыцыі (быццам бы «дэмакраты») і паміж імі — тыя, хто вагаецца, — наскрозь аблудная. Большасьць тых, каму не падабаецца Лукашэнка, папросту хочуць замяніць яго на іншага бацьку, які б іх задавальняў. Нікалюк, праапазыцыйна настроены аналітык, лічыць, што ў Беларусі замала людзей, гатовых рызыкнуць выйсьці з-пад апекі дзяржавы.

Цяпер зьвернемся да фігуры Мілінкевіча. Ён нядаўна зьвярнуўся з адкрытым лістом да Лукашэнкі, у якім сьцьвярджае, што «неабходна ў найбліжэйшы час пераадолець раскол у беларускім грамадзтве і даць годны адказ гэтым выклікам можа толькі адзіная нацыя». Перад гэтымі выклікамі паставіла краіну гандлёвая вайна з Расеяй. «Вы ўвесь час падкрэсьліваеце, што асноўнай мэтай вашай палітыкі зьяўляецца захаваньне сувэрэнітэту краіны», — піша Мілінкевіч.У гэтай фразе ён выявіў акурат тое, што так цяжка знайсьці Марплзу, — станоўчае ў поглядах лукашэнкаўскага рэжыму. Я ўхваляю ініцыятыву Мілінкевіча. Па сутнасьці ён пацьвердзіў асноўную ідэю майго артыкула: адсутнасьць нацыянальнай кансалідацыі пагражае беларускай дзяржаўнасьці больш, чым шмат кім зьневажаны лукашэнкаўскі рэжым.

Ад адрозьненьняў у ацэнках пяройдзем да нашых з Марплзам разыходжаньняў у выбары пункту адліку. Ён піша, што за Лукашэнкам Беларусь ня ў стане спыніць павелічэньне разрыву паміж узроўнем сьмяротнасьці і нараджальнасьці. Па-першае, ён не павялічваецца з 2004 г., але гэта дробязі. Па-другое, а ці змагла пераадолець гэты разрыў Нямеччына за Брантам, Шмітам, Колем, Шродэрам і Мэркель? У Эўропе 17 краінаў маюць адмоўныя паказьнікі натуральнага прыросту насельніцтва. Тут адэпт аднастайнасьці Марплз мусіў бы ўхваліць Беларусь. А як разумець ягоныя развагі пра сіротаў, хваробы, пра тое, што «гарады — апроч Менску — заняпалыя і занядбаныя»? Тэарэтычна беларусы могуць параўноўваць сябе хоць з Новай Зэляндыяй, але на практыцы яны супастаўляюць сваю краіну з Расеяй і Ўкраінай. Ці трэба тлумачыць, чаму? І ў Расеі, і ва Ўкраіне паводле ўсіх названых Марплзам паказьнікаў становішча горшае. Напрыклад, у Расеі сярэдняя працягласьць жыцьця ў мужчынаў меншая на 4 гады, у жанчын — на тры. А што да занядбаных гаражоў, я б прапанаваў Марплзу наведаць дзьве суседнія зь Беларусьсю вобласьці — Смаленскую і Пскоўскую. Вось там можна ўбачыць, што значыць «занядбанасьць». У параўнаньні з Расеяй амаль кожны раённы цэнтар Беларусі — «горад-сад».

Такім чынам, я б ацаніў камэнтары Марплза гэтаксама, як ён — мой артыкул: яны «хоць і не пазбаўленыя пэўнай вартасьці, але пры бліжэйшым разглядзе не вытрымліваюць крытыкі».

Пераклала з ангельскай са скаротамі Т. П. паводле:
Eurasian Geography and Economics. 2007. № 1 (48). P. 59—72.

  прафэсар катэдры гісторыі ўнівэрсытэту Альбэрты (University of Alberta, Edmonton), дырэктар праграмы дасьледаваньняў сучаснай Украіны імя Стасюка пры канадзкім інстытуце ўкраінскіх дасьледаваньняў. Аўтар манаграфіяў «Historia ZSRR: od rewolucji do rozpadu (Wrocław: Ossolineum, 2006), «The Collapse of the Soviet Union, 1985—1991 (Harlow, Essex: Pearson Education-Longman, 2004), «Motherland: Russia in the 20th Century» (London: Longman, 2002), «Lenin’s Revolution: Russia 1917—1921» (London: Wesley, Addison, and Longman, 2000), «Belarus: A Denationalized Nation» (Amsterdam: Harwood Academic Publishers, 1999) і інш.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/09/20