A R C H E П а ч а т а к № 6 (57) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


6 - 2007

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • літаратура • палеміка

 


крытыка

  Юры Пацюпа

Вокладка «ARCHE» №6
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Юры Пацюпа
Павукі ў слоіку

Шведаў, С. М. Слоўнік сінонімаў беларускай мовы.
Мінск: «Сучаснае слова», 2004. — 480 с. Наклад 5100 ас.

Скароты:
Бірсл. — Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне / Пад рэд. М. Бірылы. — Мінск, 1987.
Лсл. — Ластоўскі В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. — Коўна, 1924.
РБсл. — Русско-белорусский словарь. В 2-х т. Т. 1—2. — Минск, 1982 (інш. выд. 1953).
Сс. — Сіноніма славена-роская // Старабеларускія лексіконы. — Мінск, 1992.
Ссл. — Станкевіч Я. Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. — Нью-Ёрк, [1990].
Тлсл. — Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5-і т. Т. 1—5. — 1977—1984.

1.

Неяк адзін зь сяброў пахваліўся мне новым слоўнікам сынонімаў Сяргея Шведава. Калі я пачаў гартаць кнігу, кінуліся ў вочы некаторыя расеянізмы. Зацікавіўся: а хто такі Сяргей Шведаў? Колькі часу яму спатрэбілася, каб укласьці слоўнік? Наколькі мне ведама, Мікалай Крыўко над беларускім слоўнікам сынонімаў працуе ўжо гадоў трыццаць (урыўкі, пачынаючы ад студзеня 1994 г., друкаваліся ў газэце «Наша слова»).

Калі ж я ўзяўся грунтоўна знаёміцца з слоўнікам Шведава, ува мне з кожнай новай старонкай расло абурэньне. Я ня ведаў і ня ведаю сп. Шведава, таму, натуральна, жаднае ўстаноўкі што да ягонае працы ў мяне не было. Нават сутыкнуўшыся з пэўным расейскім інгрэдыентам у тэксьце, не зьдзівіўся, бо той стаў ужо ледзь ня нормай як нашае акадэмічнае лексыкаграфіі, так і незалежнае прэсы. Наагул, раз на вокладцы напісана «Слоўнік», дык a priori падыходзіш да аўтара з прэзумпцыяй прафэсійнае вартасьці. Але не туды тое! Памалу ў мяне высьпеў сумнеў: ці лінгвісты сп. Шведаў? Ці мае ён хоць найменшае ўяўленьне, што такое сынонімы? Ці разумее, як і дзеля чаго робяцца слоўнікі? Скажу больш, ці валодае ён хоць мала-веле беларускай мовай!? А з фармальнага гледзішча, чаму ў гэтага слоўніка няма ані рэцэнзэнта, ані навуковага рэдактара? Што за такое выдавецтва «Сучаснае слова»? Распытваў калегаў-філёлягаў: дык хто ж такі Шведаў? Ці ведаюць яны такога мовазнаўцу? Усе паціскалі плячыма.

Прызнаюся заразом, мяне даўно не пакідае падступная ідэя: можа й добра, што пры цяперашнім стане мовы ў нас яшчэ няма падрабязнага сынанімічнага даведніка? Можа, гэта крыху ратуе сытуацыю? Можна ўявіць, якою мінай запаволенага дзеяньня стануць тыя «сынонімы» — гэтак усе аказіяналізмы трасянкі ня доўга «зьлегалізаваць».

Таму для пачатку трэба разгледзець міт СЫНОНІМЫ. Лічыцца, быццам разгалінаваная сынанімія — праява багацьця мовы: чым больш, тым лепш! Паспаліты чалавек нават не задаецца пытаньнем: а дзеля чаго тое «багацьце»? Чаму б не перамяшаць лексыку ўсіх народаў? Во дзе мелі б сынонімаў! І выходзіць, той, хто займаецца культурай мовы, хто змагаецца супраць пазычаньняў, — той мову зьбядняе? Ці наадварот: той, хто зьбірае сынонімы, — мову засьмечвае?

Нагадаю агульнаведамае: сынонімы не дублююць тыя самыя паняткі, а ўдакладняюць. Традыцыйна сынонімы падзяляюцца на a) поўныя, паміж якімі йдзе канкурэнцыя, b) сэмантычныя, што выяўляюць розныя бакі аб’екту, і c) стылёвыя, якія ацэньваюць аб’ект з культурнага ці з эмацыйнага гледзішча. Натуральна, памянёныя функцыі часта сумяшчаюцца, а ў маўленьні кожную хвіліну ўзьнікаюць сынонімы кантэкстуальныя, часовыя — апошнія ў слоўніках не фіксуюцца. Дык жа мы нездарма называем мову сыстэмай, бо тая, як капілярамі, як нэйронамі, пранятая сеткаю сэмантычных лучнасьцяў. Мова — гэта лес, дзе суіснуюць усялякія віды зьвяроў, птушак, дрэў, красак, грыбоў... Кожны зьвер тут мае свой арэал і сваю функцыю. Варта нейкі від вынішчыць, завезьці новы, чужы ці ўзрошчаны ў лябараторыі, — і фатальна парушаецца раўнавага экасыстэмы. Тут простая арытмэтыка не працуе, бо непатрэбныя сынонімы не збагачваюць, а толькі зьбядняюць мову. Мова, як той казаў, ня куча друзу, што расьце толькі колькасна.

Прыкладам, ёсьць у сучасным беларускім маўленьні звыклае, але досыць-такі паганае слова вырашыць. Я даўно зь ім змагаюся й назьбіраў на гэтае слова цэлае «дасье». Ягоны прататып решить — гэта расейская сэмантычная інавацыя ад царкоўна-славянскага рeшити. Расеянізмаў вырашыць, рашэньне яшчэ не было ў канцы ХІХ — пач. ХХ ст. Расейскае решить у залежнасьці ад значаньня перадаецца па-беларуску трыма групамі адпаведнікаў: 1) разьвязаць; 2) пастанавіць, або наважыць; надумаць; і 3) выракаваць. Вытворныя спакменьнікі: 1) мат.: разьвязак (разьвязаньне, разьвязваньне); 2) пастанова; надум; зьмеркаваньне; 3) юр.: вырак; рассудак. З узьнікам дзеяслова вырашыць гіне цэлая сыстэма беларускага спосабу апісаньня мысьлёвых працэсаў. Доўга казаць, як блага гэта ўплывае на матэматычную й філязофскую тэрміналёгію, на стылістыку. Адно зацемлю, што некалі Ян Скрыган і Фёдар Янкоўскі, не змаўляючыся, наракалі: там, дзе можна сказаць надумаць, захацець, забрацца, адважыцца, намерыцца, клопат ёсьць, трэба зрабіць/спарадкаваць/дагледзець — усюды чуем адно казённае «вырашыць». Асабліва пачварна гучыць яно ў бэлетрыстыцы — гэта індыкатар, што празаік не валодае беларускім гутарковым маўленьнем.

А калі ладную шкоду маем ад «старых» пазычаньняў, калі яны нясуць такія тэктанічныя зрухі — можна сабе ўявіць, якую катастрофу абяцаюць нам «сьвежыя» перайманьні з чужога. Таму падбор сынонімаў — рэч надзвычай адказная: менавіта на гэтым прасьцягу можна чакаць найбольшага наплыву непажаданых «гасьцей».


2.

Вось як С. Шведаў у прадмове зьясьняе заданьні свае кнігі:

Важнейшай задачай Слоўніка з’яўляецца шырокае і дастаткова поўнае адлюстраванне лексічнага стану сучаснай беларускай мовы. А яго галоўная задача заключаецца ў тым, каб даць даволі шырокую гаму сінонімаў да асобнага слова ці словазлучэнння з акцэнтуацыйнай характарыстыкай да яго.

Першых жа сказаў досыць, каб усумніцца ў аўтаравай пісьменнасьці, а ў прафэсійнасьці й пагатоў. Што за плеаназм — «лексічны стан мовы», можа — стан лексыкі? І чаму такое шырокае заданьне мае менавіта слоўнік сынонімаў? Дый «акцэнтуацыйныя характарыстыкі» тут гучаць неяк недарэчна... Чытайма далей:

У Слоўнік уключаны словы агульнаўжывальнай лексікі і фразеалогіі, навуковыя тэрміны, новыя словы, утвораныя з беларускай ці запазычаныя з іншых моў, архаізмы і гістарызмы, іншамоўныя словы, якія выкарыстоўваюцца ў замежным кантэксце, а таксама лексічныя і некаторыя іншыя лексіка-граматычныя катэгорыі слоў.

Цікава, няўжо не знайшлося хоць сярэдненькага рэдактара, каб выправіць гэтую рытарычную бездапаможнасьць: «словы… лексікі» (!!!), «і фразеалогіі...» (?), якія ўлучаюцца «ў слоўнік...»? Гэта ж чыстая лухта! А што, прабачце, трэба даўнімаць пад «замежным кантэкстам», у якім выкарыстоўваюцца «іншамоўныя словы»? Нейкія навіны філялёгіі, дый годзе! Баюся, С. Шведаў зусім не разумее таго, пра што піша.

Далей аўтар бярэцца тэарэтызаваць, зьдзіўляючы нас рэдкім у сваёй банальнасьці труізмам: Сінанімічны ланцужок звычайна складаецца са слоў разнастайнага паходжання. Але... дарма чакаць разьвіцьця думкі. Тэарэтызаваньне рэзка абрываецца, пачынаецца дыдактыка:

Варта заўважыць, што аўтар вельмі станоўча ставіцца да вялікай польскай мовы, але небяспечная тэндэнцыя найноўшых айчынных стылістаў і рэдактараў выхопліваць з сінанімічнага ланцужка словы польскага паходжання, а карэнныя беларускія словы крэмзаць, нібыта русізмы, мае вынікам збядненне агульнага лексікону нацыянальнай мовы.

А цяпер давайце адкінем шалупіньне гутарыстыкі й «вылушчым» «лягічнае» зьмеркаваньне:

...аўтар вельмі станоўча ставіцца... да польскай мовы, але... тэндэнцыя... стылістаў... мае вынікам збядненне... лексікону... мовы.

Дзе лёгіка? Ня скончылася адна думка — і пачалася другая? Гэта паводле прынцыпу: я яму пра абразы, а ён мне пра гарбузы.

А ўдумаемся ў словазлучэньне: «вельмі станоўча ставіцца»... Выходзіць, мог бы й «нестаноўча» ўспрымаць якую-колечы мову? Што ж, бывае... Ня ўсе ж мовы нам аднолькава падабаюцца. Але месца для падобнае шчырасьці, прабачце, не ў прадмове, нават не ў кулюарах... а хіба што адно на кухні паміж сябрамі. Урэшце, аўтар і тут не дае рады абысьціся без таўталёгіі: «станоўча ставіцца» й плеаназму: «лексікон мовы» (заміж беларускі лексыкон).

Працытую яшчэ адзін абзац:

Таму аўтар паспрабаваў наўмысна не перасычаць Слоўнік паланізмамі, што, на жаль, робіцца зараз культурніцкай тэндэнцыяй міленіума. Інакш найбольш сакавіты пласт беларускай літаратуры ХХ-га стагоддзя (Купала, Колас, Гарэцкі, Чорны, Мележ) у хуткім часе прамым шляхам пяройдзе ў катэгорыю ўстарэлай лексікі, а класікай незнарок зробяцца паланізаваныя творы сучаснай «гарадской плыні».

Тут словы наўмысна й незнарок яўна не на месцы, але гэта дробязь у прыраўнаньні з самым «ядром» выказваньня: «...пласт... літаратуры... пяройдзе... у катэгорыю... лексікі...» Як можна ўявіць падобную мэтамарфозу!? Аўтар зноў не абцяжвае сябе клопатам, каб канец сказу ўзгадніць зь ягоным пачаткам. Вось дык напраўду — канцы з канцамі ня сходзяцца!

Асобнае месца ў ваколмоўнай рыторыцы займаюць шаманскія заклёны зь пераліку ймёнаў: Купала, Колас, Гарэцкі, Чорны, Мележ. Гэта пусты знак, які апэлюе да патрыятычных эмоцыяў (і вельмі часта зь непатрыятычнымі намерамі). Але, першае, мова памянёных творцаў настолькі розная, што зводзіць іх у адзін шэраг — няма сэнсу. Другое, што супольнага паміж Шведавым зь ягонай трасянкай і пісьменьнікамі, на якіх ён спасылаецца? Калі б аўтар запраўды прачытаў іх з алоўкам, дык уклаў бы зусім іншы слоўнік і быў бы абачлівейшы ў выказах.

Ну, а пра «сакавітасьць» аўтаравай мовы сьведчыць ладны сьпіс расеянізмаў, якімі стракаціць прадмова:

1) «слоўнік ахоплівае» ахапляе, бо суфікс -лів-а ў дзеясловах не ўжываецца. Лепш сказаць абымае, а пра нешта рэчавае — абхапляе, агарняе (рукамі);

2) «важнейшы» — найвышэйшая ступень прыраўнаньня: найважнейшы;

3) «групіроўка»групаваньне, згрупаваньне;

4) «з мэтай»дзеля;

5) «з’яўляецца» — у беларускім кніж­ным стылі ўжываецца зьвязка ёсьць (чым);

6) «загаловачны» загалоўкавы;

7) «заключаецца» палягае або замыкаецца;

8) «уключаны» улучаны;

9) «паланізаваны» — па-беларуску карэктней было б ужыць закончанае трываньне: спалянізаваны;

10) «устарэлы» застарэлы;

11) «пазбаўлен»пазбыты (наагул лепш не ўжываць кароткіх прыметнікаў);

12) «па свайму характару» — трэба па сваім характары, бо па + давальны склон — чыста расейская форма;

13) «прамы шлях» — па-беларуску просты і ў даным кантэксьце — дарога, а ня шлях. Яшчэ лепей сказаць — пяройдзе наўпрост.

      Ведама, калі б жылі клясыкі, да якіх апэлюе аўтар, яны па-рознаму маглі б яго паправіць. Але... наўрад ці былі б у захапленьні ад ягонага стылю. А як у такім разе зроблены слоўнік?

3.

«Слоўнік сінонімаў беларускай мовы», які мы разглядаем, спалучыў у сабе як дылетантызм аматара, так і русіфікацыйныя тэндэнцыі афіцыёзнае савецкае лексыкаграфіі. Рэцэнзаваная кніга — збольшага набор лексэмаў, да якіх прылучаецца жменька выдуманых прыкладаў і няўклюдных рэмарак. Гэта якасна новы крок да заняпаду айчыннае навукі.

Праўда, патрабаваньні да чысьціні мовы нават у пурыстых маюць розную ступень строгасьці. Упэўнены, што мае вымогі шмат каму пададуцца надмернымі. Прынцыпы ж узусу, які склаўся ў сучаснай сытуацыі, — вельмі няпэўныя. Нормы, што выцякаюць з савецкіх часоў — занадта шырокія: слоўнікі дапускаюць вялікі абсяг пазычаньняў, а падручнікі з культуры мовы трохі яго звужаюць. Але нейкі, калі не аб’ектыўны, дык хоць аб’ектывізаваны, крытэр, каб ацэньваць лексычны матар’ял, мусіць быць. Іначай рэцэнзаваньне зьвядзецца да бойкі паміж рознымі густамі. Дык жа каб знайсьці выйсьце з патавае сытуацыі, згрупуем заганы слоўніка Шведава згодна з рознымі крытэрамі — каму пэўная група заўваг недаспадобы, той можа яе ігнараваць.

Група І: Новыя расеянізмы. За расеянізмы савецкія слоўнікі крытыкава­ліся ня раз. Здавалася б, куды ўжо далей, яшчэ трохі — і засьмечваньне мовы знутры можна будзе прыраўнаць да яе забароны звонку. Аднак аўтар зрабіў яшчэ адзін крок у кірунку русіфікацыі. Я склаў ладны сьпіс расеянізмаў (і, відаць, ён далёка ня поўны), якіх няма ані ў пяцітамовым Тлсл., ані ў аднатамовым, але паўнейшым Бірсл. Ніжэй падаю гэты сьпіс разам з паўнавартымі беларускімі адпаведнікамі (апошнія — тоўстым курсывам) і камэнтарамі (у дужках — нумар старонкі слоўніка Шведава). Пры патрэбе — у лапках удакладняецца значаньне інавацыяў:

*адмеціна1 (353) — плеха, знак;

  крытык, сталы аўтар «ARCHE». Неўзабаве мае выйсьці перавыданьне лінгвістычных твораў Яна Станкевіча з камэнтарамі яго аўтарства.
   

*адорва (103) — даходны (-ая), вісус, урвіс;

*акольны (185) — кружны, вакольны, агбавы, сугбавы;

*апаска (42) — ёсьць у РБсл., але няма ў Тлсл. — перасьцярога;

*баклан (?) ‘дурань’ (61) — балван, таўкач, боўдзіла й г. д. — сьпіс можна доўжыць бясконца, на жаль, аўтар ня даў рады «балвану»;

*блявоціна (304) — у Тлсл., на жаль, ёсьць бляваць, але па-беларуску. — ва­ніты, на Гарадзеншчыне яшчэ кажуць рыгачы і рыгі (прр.: смаркачы і смэркі, сікуны і сікі);

*вогніва (145) — крэсіва, і больш нічога ня трэба выдумляць;

*вудзілішча (100) — вудзільна, брасл. вудавіла — і годзе;

*давесак (61) — даважка, што ў РБсл., таксама выглядае штучна, затое ў самога Шведава падаецца сымпатычным агрузак, у жывой мове кажуць з надбаўкаю, з коптарам;

*дзярмо (165) — ну, гэтага «дабра» ў Тлсл. няма, затое ёсьць у Бірсл., але па-беларуску яшчэ зь XVII ст. казалі — лайно (гл. Сс.);

*жадзюга (135) — скнара, хцівы (-ая);

*жэрла (134) — жарало;

*жэрнаў (134) — жарон, жарнак;

*зарыцца (111) — ёсьць квапіцца, галіцца й г. д., (дык навошта расеянізмы?);

*кажэнік (320), — гэта царкоўна­славянізм, па-беларуску — выкладзены, старабеларускае — валах;

*кісьць ‘гронка’ (117) — у Тлсл. тарнуецца толькі як кісьць рукі, што таксама сумнеўна, бо ў народзе не ўжываецца;

*крыса (64) — пацук, бац, шчур — і таго зашмат;

*мелачоўка (328) — драбяза, драбноцьце;

*мелката (206, 268) — драбната, мі­зар, або — мітульга, заедзь і шмат інш.;

*налічка (114) — гатоўка;

*незадача (9) — пляга, на жаль, у Тлсл. ёсьць незадачлівы;

*падзельнік (213) — у старабеларускай мове ў блізкім значаньні ўжываліся патужнік (рас. соратник), сябар (рас. артельщик) — адсюль сябранае права;

*падшэрстак (273) — на жаль, ёсьць у Бірсл., але ў Тлсл. — няма, у РБсл. у артыкуле шерсть — падаецца поўсьць як рас. подшерсток;

*пойла ‘пітво’ (269) — жлопель (гл. ніжэй);

*пусталайка ‘балбатун’ (60) — пустабрэх, пустазвон, пустамалот, пустамлён і г. д.

*путаны (11) — блытаны, па-беларуску путаюць толькі скаціну, ад апошняга прыметнік — спутаны, гэтак, як здохлы (заміж рас. дохлый);

*пытка (172) — катаваньне;

*раздрай (300) — звада, сварка, калатня, нязгода і г. д., і г. д., у Войслава Савіча-Заблоцкага і ў Зізанія яшчэ — разьдзіраньне;

*разработка (301) — разрабленьне, разрабляньне — (не разробліваньне, як у Бірсл.);

*скрывацца (376) — хавацца, таіцца;

*сугроб (356) — сумёт, гурба;

*супруг (478) — суджанец, відаць, ад суджаны, а не сужонец ад жаніцца, як некаторыя лічаць (гл. Лсл.: 627, 692, 693), у Зізанія — па́ра;

*сьнежная баба (61) — балван, ляпіць балвана;

*табак ‘блага’ (37) — гэтае слова па-беларуску ані ў якім сэнсе не ўжываецца;

*ублюдак (106) — вырадак, можна — выпартак ад пратаць ‘чысьціць, рабіць аборт’ (гл. Сс.);

*укланіст (319) — чыста савецкі партыйны тэрмін, яго ня трэба перакладаць, але яму й ня месца ў слоўніку сынонімаў;

*шпарыць ‘балбатаць’ (61) — лапатаць, таркатаць, часаць, дый ці мала яшчэ...

Пра некаторыя «адкрыцьці» Шведава варта сказаць падрабязьней. Вось, прыкладам, плюгавы — гэта запраўды тутэйшае слова, але ў Шведава яно падаецца згодна з расейскай сэмантыкай — як ‘лысы, аблезлы» (9). А насамрэч, і ў старабеларускіх лексыконах, і ў пазьнейшых тэкстах плюгавы — гэта ‘гадкі, шпэтны’ (па-расейску — мерзкий, скверный). Яшчэ больш занядбанае беларускае слова вуйма (205, 462). Аўтар пасьпяшаўся ўтаясаміць яго з расейскім уйма ‘вельмі шмат’. Але расейская мова тут, як і ў іншых выпадках, сярод славянскіх моў становіць хутчэй вынятак, ніж правіла. Спакменьнік вуйма паходзіць ад дзеяслова ўняць ‘адабраць’ (гл.: Ссл., 498), таму традыцыйна — вуйма ‘шкода’, уемны ‘заганны’ (расейскія — ущерб і ущербный). Прр.: А яму яка пастыру караці не дапушчаеце й забараняеце. Зачымся многа сваволенства, злосьці й нядбальства зь немалою вуймаю цэркві Божае... ня множыла (Акты, 1627 г.); Сьветагляд гэты адбіўся ўемна на маральнасьці маіх мысьляў і намераў (Казімер Сваяк). Прр. таксама ў Ссл.: няма яму ўёму ‘няма яму стрыманьня’.

На жаль, слова вуйма гэтак «зацерлася» ў працэсе расеізацыі, што радкі з «Энэіды навыварат» Вікенція Равінскага: Ды грэкі вуйму нарабілі: // Як ляда Трою ўсю спалілі ані ў адным камэнтары не зьясьняюцца слушна. Іх прымяркоўваюць да расейскага уйма ‘вельмі многа’, і радок робіцца нейкім неахайным, каструбаватым (хочацца запытацца: чаго «многа»?). Насамрэч — ГРЭКІ ШКОДЫ НАРАБІЛІ, спаліўшы Трою! Прыраўнаем блізказначныя славянскія адзінкі. Да расейскага ущерб у чэскай мове існуюць адпаведнікі, зусім падобныя да беларускіх: ztrata, šskoda; ujma. А баўгарскае уем ‘плата натурай за памол’ (адсюль — уемен) сягае таго самага сэмантычнага архетыпу. І толькі расейская уйма становіць нейкую анамалію. Зрэшты, там, дзе мыляюцца многія, ніхто не вінаваты. Тут хутчэй бяда Шведава, а не віна. Але аўтар слоўніка, так ці йнакш, падлівае алею ў агонь расеізацыі, беручыся за тое, чаго ён зусім ня ведае.

Татальнае й пасьлядоўнае занячышчваньне мовы расеянізмамі пачалося ня ўчора. Гэта складаны, шматаспэктавы працэс, які за Саветамі, асабліва ў 30-я гады, набыў масавы характар. Засьмечваньне чынілася a) сьведама, дзеля «збліжэньня» «братніх» моў; b) нясьведама, ад нястачы картатэкі, ад нізкае кваліфікацыі ды абыякавасьці да мовы тутэйшых лексыкографаў і c) спарадычна, празь неахайнасьць ці недасьведчанасьць носьбітаў мовы, пісьменьнікаў. Паралельна, асабліва з пашырэньнем пісьменства, парушалася й экалёгія народных гаворак. Той, хто не займаўся лексыкай адумысна, часам нават не падазрае пра маштабы расеізацыі нашых слоўнікаў. На ўсе заганы савецкае пары «хварэе» і «слоўнік» С. Шведава. Расея­нізмаў, што ёсьць і ў акадэмічных беларускіх слоўніках, знайшлося нямала. Іх я падзяліў, у пэўнай меры суб’ектыўна, на дзьве падгрупы.

Група ІІ: Старыя расеянізмы. Падгрупа А. Да гэтае падгрупы я аднёс барбарызмы, якія ня думаў убачыць у Тлсл. ды ў Бірсл, а на жаль, яны там ёсьць. Ведама, мае ўласныя спадзевы яшчэ не крытэр. Але, як выявілася, тут ёсьць свая пасьлядоўнасьць: у сьпіс лучыла перадусім лексыка з гутарковага арсэналу, да якой вельмі цяжка знайсьці шчыра беларускія адпаведнікі. Хоць тыя ёсьць (і паддастаткам!), калі неадменна пільнавацца мовы, а не пісаць і казаць толькі тое, што сьліна да гэбы прынясе. Вось ладны сьпіс застарэлых расеянізмаў, якія штораз пракідаюцца ў «слоўніку». Падаю яго зноў — у перакладзе з «трасянкі» на мову:

ахапак (224) — бярэмя, абярэмак, жмут; багатыр ‘сілач’ (319) — волат, асілак (колькі яшчэ трэба гэта цьвердзіць?!); балаваны (60) — рась­пе­шчаны, разьбязураны, дуроны; балавацца (60) — дурэць, забаўляцца, вырабляцца, песьціцца, бязуліцца; балаўнік (61) — свавольнік, дуронік, гарэза, бязуля і г. д. і г. д.; балаўство (61) — (у Тлсл. ёсьць, бяз прыкладаў) свавольства, бязульства, дуронства, выробы; бядовы (85, 185) — рызыкоўны, адважны, даходны, бойкі, гарэзны; вуглякоп (100) — вугальнік ці вугляр; выпраўка (106) — пастава, вышкал; глухамань (116) — глуш; двухстволка (129) — дубальтоўкаствол па-беларуску — руля, рура); драпаць ‘уцякаць’ (128) — даваць ходу, перці і да т. п.; жвачка (135) — жуйка; жухлы (135) — бляклы, зьлінялы, сьвяны; задорны (142) — зухаваты, гарэзьлівы, заўзяты, палкі; замыславаты (206) — мудрагелісты; зачахлы (372) — чэзлы, марны, змарнелы, зачаўрэлы; зьдзелка (115) — угода, кампраміс, умова; зявака (303) — загавайла (Чачот), салапяка (Галубок);

капцілка (164) ад рас. коптить, але па-беларуску — ку́раць, а лямпа — газоўка, каганец, смаркачка; каравы (172) — каструбаваты, шэрхлы; карапуз (172) — пуцык, шпунт; каратышка (172) — курдупель; клічка (208) — мянушка; круцізна (185) — строма, прыцінь або — шык; круча ‘абрыў’ (185) — строма; крышка ‘канец’ (37) — капцы; кукіш (129) — дуля; курчавы (358) — кучаравы; ліхач (111) — рызыкант, зух, ёмкач; лягушка (195) — жаба; моташна (205) — млосна, лядайка; мудроны (206) — мудрагелісты; мярцьвячына (233) — падла, нежывое; набухнуць (209) — набрыняць, набрузнуць; навалам (209) — поўна; паблажка (228) — спуск (ніякага спуску), паслабленьне, патураньне, ласка; палапаць (244) — памацаць, пакратаць; палучка (245) — заплата, сплата; пальба (245) — страляніна, пуляньне; пасрэдна (153) — сярэдне (у Тлсл. пасрэдна падаецца без прыкладаў); патачка (257) — патураньне; перавесьці ‘змарнаваць’ (153) — змарнаваць, панішчыць, паглуміць; плацьце (358) — сукенка, сукня; почка (272) — пупышка, пукалка (ну навошта выдумляць яшчэ?!); праважаты (273) — павадыр, праводнік; прайдоха (61) — прайдак, прайдачка; прыкідваць ‘узважваць’ (304) — важыць, меркаваць; прытвора ‘сымулянт’ (319) — прыкідлівы (бо па-беларуску: прыкідацца ‘сымуляваць’);

разьметка (184) — мечаньне, значаньне, знак; раскарака (300) — кірнаты, кірна (адсюль — кі́рнаць); расьцяпа (303) — растраса́, недарэка, некмень, целяпень; рвота (304) — ваніты, ванітаваньне; старацельства (301) — гэта спэцыфічна расейскі тэрмін, які не перакладаецца, ён можа быць у тэксьце, але ня ў слоўніку сынонімаў; стушавацца (353) — лічыцца, быццам гэтае слова выдумаў Дастаеўскі (якое яно мае дачыненьне да беларускае мовы?); счалка (372) — зьвязка, зьвязваньне; сьпячка (338) — спаньнё, санлівасьць, зімовы сон; сяльчанін (374) — селавік (у Я. Станкевіча й Я. Скрыгана); таможнік (207, 378) — мытнік; таможня (378) — мытня; тарыць (381), — пратоптваць, у старабеларускай мове ўжывалася яшчэ тараваць; угодлівы (403) — дагодлівы, улёсьлівы, лісьлівы (яшчэ: угождатьнаравіць); узарваць (405) — падарваць, на Лідчыне кажуць бухнуць; узнос (132) — складка, у Хв. Шынклера ўжываецца адлік (— Ты не запамятаваў часам, што два месяцы сяброўскіх адлікаў не плаціў? Глядзі...); ушчыльную (425) — усутыч, шчыльна, шчытна;

фыркаць (100) — пра коней, калі тыя п’юць ваду, кажуць: пырхаць, калі знаравяцца: храпці, пра людзей — чмыхаць, пра мэханізмы яшчэ — пыхкаць; хлам (439) — хлуд, хломазд, громазд, болды, заваль, друз (няўжо мала беларускіх словаў?); хліпкі (439) — крэўкі (гл. Сс.), хісткі, кволы й г. д.; цікаць (128) — уцякаць, даваць ходу (нельга блытаць зь беларускім цікаваць ‘сачыць’); шайка ‘зграя’ (153) — банда, хеўра, на Лідчыне яшчэ — пачка; юркі (476) — вёрткі, жвавы; ярасны (478) — люты, разьюшаны, шалёны, буяны; яхідны (478) — падкалупны, злоўмільны. Асобна я б вылучыў: лоўкі (194) — ёмкі, спрытны, зьвітны і г. д. У некаторых дыялектах лоўкі ўсё ж мае сваё апрычонае месца, таму яго можна апраўдаць, але перад гэтым добра прадумаўшы сэмантыку й абмежаваўшы ягоныя правы.

Група ІІ: Старыя расеянізмы. Падгрупа Б. «Слоўнік» мае яшчэ шэраг расеянізмаў — тых, якія ўжываюцца часта, або наадварот — тых, пра недарэчнасьць якіх шмат пішацца. Суб’ектыўна я пэўны: хоць яны ёсьць і ў Тлсл. і ў Бірсл., але пагадзіцца зь імі ўсё роўна нельга. Якія б слоўнікі іх ні ўзаконьвалі, якія б аўтарытэты іх ні карысталі, я не стамлюся паўтараць: гэтым словам ня месца ў ужытку, бо й сыстэмна, і гістарычна ў беларускай мове выпрацаваліся іншыя адзінкі. У лексэмаў названай падгрупы шмат супольнага: збольшага сюды належаць словы кніжныя ці абстрактныя. Адпаведнікі да іх падбіраюцца лёгка, іх і падаю побач:

абліцаваць (9) — абкласьці, аздобіць; абматаць (9) — абкруціць, абгарнуць; вобыск (103), — ператрус, трасяніна; вопытны (185) — дасьведчаны, спрактыкаваны, досьледны, спробавы; вывад (101) — выснова; вынаходлівы (401) — кемлівы, дасьціпны; дальні (121) — дальны, далёкі, дальшы; зьнешнасьць (102) — вонкавасьць, знадворнасьць; зьнешне (152) — звонку, знадворку; ігрок (160) — гулец, гуляка; карабейнік (381) — гэтае спэцыфічна расейскае слова не перакладаецца, але яму ня месца ў слоўніку сынонімаў; крывапівец (185) — п’яўка; лодар (8) — гультай (ёсьць толькі блр. лотр ‘круцель’); маток (356) — клубок, шпуля; наводшыбе (209) — на аднасельлі; недахоп (132) — загана або нястача; оптам (227) — уздоймам, гуртам; пабоі (319) — біцьцё; падаплёка (356) — падлямоўка або падкладка, падклад; паёк (240) — бонда; пай (241) — дзель; пена (261) — шума; піўная (269) — піўніца; пласьцінка (269) — кружэлка; повад (271) — зачэпка; полы (272) — пусты (адсюль рас. полость — па-беларуску. пустоціна); растварыцца (302) — рассыціцца, расчыніцца; садзіцца (373) — сядацца; сам па сабе (8) — сам сабою, сам празь сябе; уборка (135) — жніво; уваходзіны (209) — уходзіны; участак (269) — дзяльніца (яшчэ ў «Судзебніку» 1468 г. Казімера Ягайлавіча пісалася дзяльніца; украінцы не паленаваліся аднавіць гэтае слова, а мы паквапіліся на расеянізм участок); чаканка (8) — кляпаньне (так пісалася яшчэ на крыжы Лазара Богшы і пазьней, адсюль — кляпаньнік, кляпанка); чарцёж (269) — рысунак (ад рысаваць ‘крэсьліць, рабіць рысы’); чашка (205) — кубак; ячэйка (478) — вуза.

Стылёва-сэмантычная клясыфікацыя расеянізмаў, што тут пункцірна празначылася, для мяне не самамэта. Важна аб’­ектывізаваць суб’ектыўна-інтуіцыйны падзел «сваё» — «чужое», безь якога нельга нават уявіць паўнавартага функцыянаваньня мовы. Аднак інтуітывізм больш прыдатны для пісьменьніка. Для лінгвістага ж інтуіцыя — толькі выходны пункт. Таму наступным крокам было спраўджаньне расеянізмаў праз слоўнікі й тэксты. Але й слоўнікі ўкладаюць людзі, а не багі. Таму заўжды ёсьць месца для наіўнага, але небеспадстаўнага пытаньня: адкуль мы даведваемся, быццам тая ці гэная адзінка неўласьцівая для мовы?

Ня буду казаць, якая на гэты конт існуе літаратура й якія ёсьць спосабы вывучэньня лексыкі. Зазначу толькі, што гэта якраз тая глеба, на якой С. Шведаў чыніць маніпуляцыі, зьнячэвіўшы чытача з наскоку ды збэсьціўшы тых, хто, маўляў, схільны «карэнныя беларускія словы крэмзаць нібыта русізмы».

Няцяжка зьмеркаваць, што вышэй пералічаныя расеянізмы ён і лічыць «карэннымі словамі». Ведама, гэта ўсяго толькі галаслоўнае цьверджаньне, якога Шведаў ніколі ня здолее заргумэнтаваць. Большую колькасьць лексыкі я паддаю гістарычнаму й сыстэмнаму аналізу, а таму робячы аўтару заўвагі, даўнімаю, што кожная зь іх мае патэнцыйныя пацьверджаньні, якія пры патрэбе змагу разгарнуць.

Цяпер, прапаную зьмяніць спосаб бачаньня, каб за дрэвамі згледзець лес. Дык вось, рупіцца пра кожнае беларускае слова, жывучы ў расейскамоўнай атмасфэры, досыць клопатна. Мала таго, кожны расеянізм пры жаданьні можна адбараніць, спаслаўшыся на няўхільнасьць уплываў. Але якая такая жыцьцёвая патрэба можа апраўдаць масавае перайманьне расейшчыны, што практыкавалі й практыкуюць нашыя слоўнікі, асабліва РБсл.? Як можна апраўдаць той неўгамаваны наплыў расеянізмаў, які падсоўвае спажыўцу С. Шведаў пад выглядам сынонімаў? Няўжо беларусы стагодзьдзямі маўчалі, а расейцы кляпалі нам лексыку!? Ці мо’ нашыя продкі рабілі няякасную лексыку, а расейскі «жыватворчы», як казалі ў сталінскія часы, уплыў нас ашчасьлівіў? Няўжо расейскі тэрмін опыт, які Ламаносаў прывёз з Архангельшчыны, лепшы за нашыя досьвед і практыку!?

Урэшце, мы наблізіліся да залом­лівай ролі псэўдасынонімаў, якую тыя могуць адыграць у маўленчай і лексыка­графічнай практыцы. Пакуль мы ня дбаем пра сынонімы, проста шукаем сродкі выказваньня — заўжды можна знайсьці патрэбнае беларускае слова. Але як толькі намі авалодвае «сынанімічная корць», мы пачынаем «узбагачаць» мову, тады на паверхню, бы’ калярадзкія жукі, вылазяць барбарызмы, удаваныя за блізказначныя словы. У сытуацыі расейска-беларускага білінгвізму паміж мовамі аднае групы ўзьнікае пэўная зона дыфузіі, дзе перамешваюцца элемэнты дзьвюх сыстэмаў, так што іх няпроста дэмаркаваць. У гэтай сытуацыі беларуская мова «меншая», а расейская — «большая». «Меншая» мова ня проста папушчае сваёй сэпарцы, яна — хварэе, яна ў прыгнечаным стане. «Большая» мова тут выракуе ўсё: яна ззычвае лексыку, задае словаўтваральныя мадэлі, накідвае сваю эстэтыку.

І «сынонімы», значаньні якіх цалком супадаюць, не збагачваюць мовы, не расквечваюць яе сьвежымі барвамі. Яны паводзяць сябе, як павукі ў шклянцы. Няцяжка здагадацца, каторыя маюць шанцы на перамогу. А С. Шведаў дэманструе цэлы шэраг такіх псэўдасынонімаў, прасьцей кажучы — пустых дублетаў да беларускіх лексэмаў. Навошта выдаваць за сынонімы тыпова расейскія словы *вогніва (145), *жэрла (134), *жэрнаў (134), *крыса (64), *налічка (114), *пытка (172), калі побач ужо ёсьць беларускія крэсіва, жарало, жарон (жарнак), пацук (бац), гатоўка, катаваньне?! Вось узор лінгвістычнае антыўтопіі, пра якую я разважаў напачатку. Не, расейска-беларуская эклектыка, якую блытаюць з сынаніміяй, не фантазія, а шматгадовая рэальнасьць айчыннай лексыкаграфіі. Шведаў не вынаходзіць разгляданае эклектыкі, ён толькі надае ёй брутальную, скрайнюю форму.

Пры нагодзе варта падкрэсьліць: існуе шмат катэгорыяў лексыкі, дзе сынонімы неабавязковыя, непажаданыя, а то й шкодныя. Вельмі небясьпечная сынанімія ў тэрміналёгіі. Калі яна там здараецца, дык мова імкнецца як найхутчэй пазбыцца тэрміналягічных дублетаў, бо тыя задаюць двухсэнсавасьць, зацямняюць выказы. Сузначнікі не заўжды патрэбныя і ў намэнклятуры расьлінаў, жывёлаў. Прыкладам, зусім няма мусу дубляваць найменьні жураў, жораў і журавель, але раз тыя шырока тарнуюцца — даводзіцца цярпець. А што да слова вавёрка, дык ці варта муціць ваду й прапаноўваць яшчэ векша й белка, як гэта робіць аўтар «слоўніка»? (Найлепш, відаць, пакінуць толькі два словы: вавёрка і, як абласное, векша. Дарэчы, усе тры ёсьць і ў М. Клышкі — С. Шведаў заганы Клышкавага слоўніка «ашчадна» захаваў, «узбагаціўшы» іх цэлым шэрагам новых хібаў.) Ведама, у радку Славаміра Адамовіча: Не сьпяшай мая рыжая векша, // на чужое плячо не сьпяшай — мясцовае слова цешыць вока! Але ж трэба адрозьніваць мову й маўленьне, нарматыўныя, дыялектныя й спэцыялізаваныя зборы лексыкі. У тэматычным слоўніку «Жывёльны сьвет» (1999) да вавёркі падаецца больш за дваццаць дыялектных найменьняў. Дык няўжо іх усе трэба тоўпіць у літаратурную мову як сынонімы?

Багацьце мовы — гэта агульнае месца, да якога апэлююць нібыта ўсе. У тым ліку — і С. Шведаў, і аўтар гэтае рэцэнзіі. Але трэба добра ўзважыць, што ж мы даўнімаем пад тым «багацьцем»? Мова багатая ня колькасьцю слоў, а сваімі выяўленчымі мажлівасьцямі. Дарма С. Шведаў кантопіць у свой «слоўнік» усё, што пад руку лучае. Мяшаньне тутэйшае лексыкі з расейскай, гістарычна й сыстэмна чужой, кепска адбіваецца на стылёвых характарыстыках мовы. Лішнімі могуць быць ня толькі словы-дублеты, але й нашэньнікі нехарактэрнае канатацыі.

Розныя лексычныя роўні й пласты па-рознаму ўстойлівыя да асыміляцыі. Прыклад беларускае мовы паказвае, што базавая, нэўтральная лексыка асаблівага асыміляцыйнага ціску ня зьведвае. Затое менш ужываныя разьдзелы: пласт кніжны і пласт гутарковы — на сёньняшні дзень у катастрафічным стане. Гэта два крылы мовы, якія вымагаюць асабліва пільнага дагляду. Да апошняга часу, пакуль жылі пісьменьнікі-вяскоўцы (ня раз выкпіваныя рознымі зухамі), гутарковы пласт вялікае трывогі не выклікаў. Аднак пісьменьніцкая практыка апошніх гадоў ня проста абуджае пэсымізм, яна ўводзіць у роспач, пазбывае апошняе надзеі... Ну, а кніжны пласт у сучаснай літаратурнай мове наагул ні­колі не распрацоўваўся як трэба, бо мала хто знаўся на старабеларускай мове. І ўсё ж, як ні дзіўна, ён менш турбуе, яго няцяжка адрадзіць — досыць толькі сыстэматызаваць старабеларускую спадчыну.

Найвульгарнейшае, найнедарэчнейшае насланьнё кніжнага стылю — словы царкоўнаславянскага паходжаньня. Зазначу, мала рызыкуючы абмыліцца, што няма аніводнага царкоўнаславянізму, безь якога беларуская мова не магла б абысьціся. На жаль, да гэтае пары можна сустрэць заклікі да папаўненьня беларускага кніжнага стылю з памянёнага жарала. Да гэтае пары льюцца п’яныя сьлёзы аб адумерці беларускае царкоўнаславяншчыны. Але беларусы ніколі не перамешвалі яе з уласнаю лексыкай. Сьведчаньне — старабеларускія лексыконы. Таму ўсе гутаркі пра «папаўненьне», «узбагачэньне» мовы — чыстая абстракцыя. Упішы ў нашу мову царкоўнаславянізм — будзе эфэкт «трасянкі». Здавалася б, чаму? Бо паўднёваславянскія элемэнты здаўна служаць маркерамі расейскага кніжнага стылю.

Амаль што ўсе царкоўнаславянізмы прыйшлі ў нашую мову за савецкім часам з мовы расейскае. Яны нясуць зусім не царкоўную, а чыста савецкую канатацыю. Царкоўнаславяншчына ў нас — гэта адзін вялікі стылёвы плеаназм: на добра разьвітую мову наслойваецца яшчэ няведама што й няведама дзеля чаго. Асабліва яскрава плеаназмы праяўляюцца ў словаўтварэньні, калі да гатовых беларускіх слоў зычлівы, сумленны прыляпляюцца непатрэбнае: (добра-) зычлівы, (добра-) сумленны. Утвараюцца калькі з расейшчыны: там желательный і доброжелательный, совестный і добросовестный ня тоесныя паміж сабою. А вось сьвежы ўзор «фанэтычнага плеаназму»: на царкоўнаславянскае спалучэньне [жд] наслойваецца беларускае [дж] — і ў выніку мы адзержваем штучна-пачварную інавацыю *ражджаство, хоць ведама, што яшчэ ў Смаленскай грамаце 1229 году пісалася раство (рожьство). Маўленьне Мікіты Зноска зь ягоным незабыўным «меджду протчым» становіцца ўзорам для сучасных кадыфікатараў.

С. Шведаў наіўна верыць, быццам даўнейшая наша лексыка — гэта царкоўнаславянізмы. Для іх ён нават уводзіць колькі стылёвых пазнакаў: высок. — высокі стыль; гіст. — гістарычнае слова; кніжн. — кніжнае слова, кніжны выраз; устар. — устарэлае слова; царк. — царкоўнаславянскае слова ці царкоўны выраз. Падобна, што ён зусім ня ведае старабеларускае мовы. Прынамсі, я не знайшоў у «слоўніку» аніводнага запраўды адметнага старабеларускага слова. Затое царкоўнаславяншчына, што сталася часткаю расейскае мовы, там разьліваецца, як віно на бяседзе.

Група ІІІ: Кніжныя расеянізмы. Трэба зацеміць, што да гэтае пары некаторыя зь іх адэкватна перадаваліся толькі ў нашых старых лексыконах. Вось колькі ўзораў расейскіх славянізмаў — разам зь перакладам на беларускую мову:

абаяньне (261) — чар, прр.: Сонным вокам лаўлю... Случанкі-ракі дзіўны чар (Ц. Гартны); абаяльны (6) — чароўны; аблачэньне (61) — шаты, уборы; азлоблены (478) — узлаваны, злосны; *алкаць (326) — лакнуць (Сс.); *алчба (326) — лакненьне (Сс.), лакнасьць; вузы (100) — у Тлсл. ёсць бяз прыкладаў, па-беларуску вязі, путы, шпоны, а вуза па-нашаму — тое, што па-расейску ячейка; вучэньне (121) — навука (мае шырокі сэнсавы спэктар); гласны ‘дэпутат’ (114) — гэтае слова можа ўжывацца ў тэкстах, але нарматыўны слоўнік для яго завялікая раскоша (ці ня ў царскай думе аўтар пачуў такое дзіва?); добразычлівы (128) — зычлівы; жывапісны (135) — маляўнічы (бо яшчэ з старабеларускай мовы ўсталявалася традыцыя: живописатьмаляваць; живописецмаляр; живописьмалярства); зборышча (376) — зборня (зборышча па-беларуску. мусіла б абазначаць толькі ‘месца збору’); злоба (156, 351) — злосьць, злаваньне; *знаменьне, знаменаваньне (185) — знак, знацьба (адпаведна: в ознаменованиена знак);

отрак (228) — падлетак, хлапец, даўнейшае: выростак, дыялектнае: малец; падзьвіжнік (341) — стараньнік; прах (206) — пыл, прох, порсьць, прр.: змрок (а ня *мрак), зрок (а ня *зрак), злота, злотнік (а ня *злата); прычт (289) — клір, почат; разнагалосьсе (300, 304) — нязгода, звада, сварка; рубеж (208) — граніца, мяжа, крэс, апора; саратнік (313) — патужнік; саставіць (313) — скласьці; састаў (213, 313) — склад; састаўны (208, 313) — складовы або складзены; скапец (320) — валах (Сс.), гл. выш.; сладастрасны (321) — юрлівы, ласы; сладастрасьнік (114) — юрлівы (-ая), ласун (ласуха); страсьць (476) — жарсьць; увераваць (401) — паверыць, даць веры; увянчацца (402) — каранавацца або завершыцца; *уста (100) — вусны, губы (няўжо гэта няясна?); хадатай (6) — пасярэднік, заступца.

Слова ў слоўніку ня мае такой выразнасьці, як у тэксьце. Таму, калі хто яшчэ сумняецца ў недарэчнасьці царкоўнаславянізмаў, няхай паназірае за імі ў тэксьце, перачытаўшы рэплікі панамара ў драме Гераніма Марцінкевіча «Адвячорак» ці — самы пачатак драмы Аляксея Дударава «Злом». У беларускім кантэксьце царкоўнаславяншчына выклікае вылучна камічны эфэкт, вось, прыкладам, некалькі рэплік таго ж панамара:

Баславі вас Бог, рабяты,
За трапезаю мір вам,
Баславі Бог вашы хаты,
Блага вашым дай дзіцям.

Ежэ быста так канечна,
Уста сваі разьвяжу;
Коль глаголяць тут бясьпечна,
То вам прітчу раскажу.

Як Рэвэка аслы поіць,
Так вы чэстуеця мя —
Гета ўтробу аддаць стоіць.
Стаяць за вас не драмя.

Калі градзець укругавую —
Трэцьцю гатоў спаражніць.

У той самай меры, у якой С. Шведаў не адчувае беларускага кніжнага стылю, ня ведае ён і гутарковае, і дыялектнае лексыкі. Сваю мову аўтар «слоўніка» называе «сучаснай літаратурнай», але яе найдакладней было б назваць «сучаснай пабытовай», ці «сучаснай кухоннай» мовай. Так мяркуюцца паміж сабою беларусы, якія ня маюць ані дыялектнае базы, ані прафэсійнага грунту, або наадварот — тыя «прафэсійныя беларусы», якія ня любяць мовы, але змушаныя ёю карыстацца з працоўнага абавязку. Фактычна, аўтар «як чуе, так і піша», ня ведаючы дакладнае мяжы паміж беларускім і расейскім, гутарковым і літаратурным. Асаблівае замілаваньне ў С. Шведава выклікае жаргон, і ў гэтым кірунку ягоны слоўнік «збагачвае» беларускую мову цэлым шэрагам расеянізмаў.

Група IV: Жаргонныя расеянізмы. Само сабою, найменьне гэтае ўмоўнае, але ўсе ніжэй цытаваныя словы яднае «сьвежыня», бытаваньне па-за літаратурнымі нормамі — як беларускімі, так і расейскімі. У дачыненьні беларускае мовы яны ўсе мусяць разглядацца як інавацыі Шведава. «Жарганізмы» варта было б перакласьці, але зрабіць гэта няпроста. Паспрабуйце знайсьці адпаведнікі расейскаму мату! Ці амэрыканскаму слэнгу! Пакуль жа досыць працытаваць, што спрабуе ўвесьці ў беларускую мову Шведаў:

*аблом (9); *абурэць ‘абкурыцца’ ?? (9) — падазраю, што аўтар сам ня ведае значаньня гэтага слова; *выдра (перан.) ‘кепская жанчына’ (103); *дружбан (128); *дурман, *дур ‘наркотыкі’ (129) — але чамусьці маркерам жарг. пазначана слова наркотыкі); *забойны ‘круты’ (136); *кампашка (373); *крыўляка (60); *паганяла (208); *перабясіцца (267); *халабуда (60); *шарашка (373); *шасьцёрка (206, 268, 328); *шобла (373).

Ведама ж, заміж аблом можна ўжыць дзеяслоў абстрыкаўся, заміж выдраведзьма, або чапяла, заміж дружбансябрук, дружак, заміж дурманчмут, заміж забойныфэцкі, файны, заміж паганяламянушка, мянюшка, заміж шоблапачка і г. д. і г. д. Але ўсё гэта прыблізна. Мяне запраўды цікавяць беларускія адпаведнікі да расейскіх жарганізмаў, таму хацелася б прапанаваць колькі спробаў уласнага перакладу. Думаю, да расейскага бухало ‘чалавек, які шмат п’е’ падышло б беларускае каўтач (Лсл., 3), да бухло, пойла — пасуе сустраканае ў Яна Чачота жлопель, да бормотухабрыкалаўка, як у Ўладзіслава Галубка, да потаскуха — лідзкае слова агульнага роду цягач.

На жаль, С. Шведаў пэўна што й расейскія жарганізмы ўважае за «карэнныя беларускія словы», таму й сее іх поўнаю рукою, нават ня дбаючы пра нейкія там адпаведнікі. А тым часам у анатацыі сказана, што слоўнік «разлічаны ў першую чаргу на школьнікаў (радзьва мая — Ю. П.), абітурыентаў і студэнтаў». Не сакрэт, сучасныя школьнікі й не такое ведаюць... Але ж аўтар дакляруе ім літаратурную мову! Выходзіць, заміж хлеба ім даецца камень, а заміж рыбы — зьмяя?!

Група V: Дэрывацыйныя расеянізмы. Асобна трэба вылучыць расеянізмы на грунце словаўтварэньня, іх у слоўніку Шведава асабліва шмат. А найбольшая небясьпека для беларускае мовы бачыцца ў nomina agentis на -чык, -шчык і ў nomina actionis на -ка. Беларуская мова мае вельмі зладжаную сыстэму словаўтварэньня: носьбіты прафэсіі найчасьцей маюць суфікс -ар (аптакар, сталяр), носьбіты шырокае функцыі — -нік (дасьледнік, лясьнік), носьбіты працы — -ец (вазец, касец), носьбіты дзеяньня — -ньнік, -льнік (купаньнік, нашэньнік), носьбіты часовага дзеяньня або непаважлівае функцыі — -ач (чытач, таўкач), носьбіты прыкметы — -ун, -ух-а (бягун, бягуха, харашун, харашуха), носьбіты высокай функцыі — -ц-а (збаўца, знаўца, створца). Цікава назіраць, як узвышэньне прафэсійнае функцыі мяняе -нік на -нічы (лясьнік — лясьнічы і такім самым спосабам — даньнічы, паляўнічы). На гэтай дзяльніцы знаходзім у С. Шведава цэлы сьпіс неахайнасьцяў, якія даводзіцца карэктаваць:

балаганшчык (60) — кулдыяш, камэдыянт; балельшчык (61) — заўзятар; барахольшчык (64) — барахолец; вудзільшчык (100) — ву́даль, рыбак; выдумшчык (61) — ілгун, ашуканец, прр.: А які [Бэрнусь] быў лгун, які прайдак і звадыяш, — дык, мусіць, другі такі ў сьвеце ці знайшоўся б... (П. Беларус); дакладчык (300) — чытар, лектар; *залётчык (114) — залётны, лятун (лятуха); здабытчык (173) — здабытнік, лавец; зьменшчык (213) — зьменны (-ая); *кабатчык (173) — карчмар, шынкар, рандар; *мімалётчык (114) — штучнае слова, можна перакласьці: праходны (-ая); начотчык (114 121) — тыпова рас. слова, можна перакласьці: схаляст; *падколь­шчык (320) — шкель, кплівы; разьведчык (120) — выведнік; стругальшчык (350) — стругар; сышчык (373) — дэтэктыў, стблр.: віж або сок; фарцоўшчык (64) — фарцоўнік.

Дзеяньне ў спакменьніках беларускай мовы перадаецца інакш, як у расейскай — рэгулярна праз суфіксы -ньне, -еньне (адмаўляньне, кіненьне, паданьне). Вынік дзеяньня пазначаецца праз нулявую суфіксацыю ці -ак (упадак, спад). Дапаўняюць іх суфіксы «рытуальнага» дзеяньня -ін-ы, -унк-і (уходзіны, рабункі), суфіксы хаатычнага дзеяньня -н-я, -анін-а (бягня, беганіна), ад пэўных дзеясловаў — -л-я (будоўля, галадоўля). Затое суфікс -к-а як носьбіт дзеяньня — беларускай мове зусім неўласьцівы. Відаць, з гэтае прычыны функцыя -к-а абмяжоўваецца і ў наступных выпадках: не ацэнка, а ацэна, ня выстаўка, а выстава, не дастаўка, а дастава і г. д. У «слоўніку» трэба паправіць расеянізмы:

ацэнка (471) — ацэна або ацэньваньне; вывазка (101) — вываз, вывожваньне; вылазка (470) — выбег; *даўка (381) — цісканіна; змычка (264) — лучнасьць; парубка (107) — расьцяроб або шкода; перапіска (264) — ліставаньне; перастрэлка (265) — страляньне, страляніна, стральба; яўка (478) — юр.: станьне або рэвал.: прытул, прытульле.

Трэба быць асьцярожным і з суфіксам -шчын-а, які цесна лучыцца з -шчык, -ка: балаганшчына (60) — баламутня; чартаўшчына (132) — чартаўня.

Каб пацьвердзіць заўвагі — зробім выбег у гісторыю. Спакменьнікі nomina agentis на -чик, -щик разьвіліся ў мове расейскіх канцылярыяў, г. зв. «прыказаў», на мяжы XV—XVI стст., іх прадукцыйнасьць тады была проста шалёная: В его не въещают ни ямщик ни боровщик, ни бобровник (Грамота 1483—1501); А проведчики и доводчики поборов своих у них не берут (Грамота 1509); мастеров всяких было много: иконники, книжные писцы, серебреные мастеры, кузнецы и плотники и каменщики, и всякие кирпищики и стеныщики и всякие рукодельники (Домострой). У нас тады існавала іншая намэнклятура: боровщикгаёўнік; кирпищикцагляр; проведчиксок; доводчиквіж; каменщикмуляр. На Беларусь суфікс праточваўся павольна, разам з расейскай тэрміналёгіяй, вялікай пагрозы, як быццам, ня нёс, скажам: К яму падбег лясьні­чы і далажыў, што ўсё гатова, толькі яшчэ няма Кузьмы, кухараўскага аб’ездчыка (К. Каганец). Аднак за саветамі суфіксы -чык, -шчык сталі бядою-наканаваньнем беларускага словаўтварэньня, дарэшты навадніўшы тэрміналёгію.

Спакменьнікі nomina actionis на -ка таксама разьвіліся ў расейскай прыказнай мове, бадай што, не раней, як у XVII ст., хутчэй за ўсё — у выніку перараскладаньня nomina agentiis -чик, -щик. І зараз жа набылі немалую прадукцыйнасьць: Честных сотен и слобод тяглым людем для корчемныя выимки выбирати по годом и себя десяцких (Соб. Уложение); а в приказех подавати письменые явки (тамсама); И много тех присылок было говорено кое о чём (Авакум). Словы на -ка ў гэтай сваёй функцыі ня маюць аналягаў у іншых славянскіх мовах, у тым ліку і ў беларускай, гэта — калярытная рыса расейскага жывога маўленьня, прыкладам: Видно пишет без оточки (В. Казін). У беларускай мове -ка сталі шырыцца толькі за саветамі. Аднак гэты момант даў падставу такім філёлягам, як Ф. Філін, адносіць суфікс да «ўсходнеславянскіх». (Ведама, якая навуковая вартасьць той «усходняй славяншчыны»!) Насамрэч у беларускай мове, як і ў польскай, суфікс -к-а абазначае прылады працы. І вельмі рэдка — дзеяньне, але не як працэс, а як зьяву. Прыкладам, зьява — жаброўка або жэбры, працэс — жабраваньне. Колькасьць псэўдабеларускіх адзінак за кошт суфіксаў -к-а і -чык / -шчык дасягае астранамічных лічбаў. Некаторыя мовазнаўцы спрабуюць ссунуць -чык / -шчык на пэрыфэрыю нізкага стылю. Але яны не разумеюць, што калі ёсьць прэцэдэнт, які заразом сілкуецца вонкавым уплывам расейскае мовы, дык ад закону аналёгіі не ўхіліцца. Пытаньне стаіць рубам: або — або. Калі мы пойдзем дарогаю згоды, дык у беларускай мове не застанецца нічога беларускага — гэта ж не адзіны разьдзел словаўтварэньня, дзе рэй вядзе расейшчына.

Яшчэ адна небясьпечная мадэль, якую знаходзім у «слоўніку» С. Шведава — словы з народна-расейскім фармантам -нічаць, вось колькі прыкладаў разам зь перакладам:

амурнічаць (476) — заляцацца; бязьдзейнічаць (195) — не чыніць; лодырнічаць (195) — гультаяваць; паклёпнічаць (114) — ілжыць; узьдзейнічаць (408) — уплываць; ябеднічаць (321) — даносіць, скардзіцца.

Расейскаму фарманту -ничать (сплетничать, мошенничать) гэтаксама, як і царкоўнаславянскаму -ствовать (философствовать, нищенствовать) адпавядае беларускі -аваць (жабраваць, махляваць) Таму й слова настаўнічаць — лепш не ўжываць. Прыкладам, радок І. Шклярэўскага Мой друг учительствовал в Дрисе — можна перакласьці: Мой сябра навучаў у Дрысе.

Гэтаксама словы вучоба, вучэбны паходзяць ад расейскіх учёба, учебный. Нават у расейскай літаратурнай мове тыя словы досыць новыя. Яшчэ на пачатку XX стагодзьдзя учёба спатыкалася досыць рэдка — часьцей казалі учение. Уладзімер Даль не адносіў яго да літаратурных. І толькі за бальшавікамі учёба замацавалася, набыўшы адценьне афіцыёзнасьці. Яго можна залічыць да «саветызмаў», побач з калгасам, сялькорам. У С. Шведава таксама спатыкаем фармант -эбны, утвораны ад -оба (-эба): вучэбны (101) — навучальны; лячэбны (114) — лекавы або лекарскі.

Словаўтваральныя калькі як лёгка набываюцца, так лёгка й вынішчаюцца — гэта, можна сказаць, моўны пэдыкулёз. Досыць толькі мець добрую ахвоту ды яшчэ на філфаках абвясьціць той ці іншы суфікс нехарактэрным. Дадатным прыкладам могуць служыць дзеепрыметнікі на -учы (-ючы) й суфікс -цель — іх на сёньняшні дзень мала хто ўжывае. Аднак у Шведава знаходзім і расеянізмы на -цель:

вызваліцель (103, 107) — вызваленьнік; збавіцель (107) — збаўца; любіцель (195) — ласун, любец, аматар; пакарыцель (372) — пераможца; служыцель (326) — служка, служэбнік; роднаснае ім слова: абавязацельства (120) — забавязаньні.

Дарэчы тут было б нагадаць: утварэньні з суфіксам -цель могуць адначасна разглядацца як палянізмы й як царкоўнаславянізмы, узятыя з расейскае мовы. У кожным разе — нам яны неўласьцівыя.

Чытач мог заўважыць: вышэй да шмат якіх расейскіх спакменьнікаў я падаваў субстатываваныя прыметнікі як беларускія эквівалентныя адзінкі. Бо субстанцывацыя прыметнікаў надзвычай характэрная для беларускае мовы. На жаль, шматгадовае дзьвюхмоўе выклікала процьму надуманых суфіксавых дэрыватаў, якія запоўнілі тэксты пісьменьнікаў і пратачыліся ў нарматыўныя слоўнікі. Прыкладам, у народным маўленьні ў якасьці спакменьнікаў тарнуюцца прыметнікі адважны, добры, злы, подлы, стары, спрытны, а тым часам зрасеізаваная фантазія вынаходзіць розных «сьмельчакоў», «дабракоў», «зьлюкаў», «падляцоў», «старыкоў», «спрытнюгаў», «спрытнякоў». Сёньня некаторыя з гэтых недарэчных вынаходніцтваў могуць падавацца за норму, але ў свой час супраць іх запярэчваў М. Гарэцкі ў рэцэнзіі на творы М. Лынькова: сьляпец (=сьляпы, сьляпун); храбрацы (=адважныя). Я. Станкевіч у рэцэнзіі на часопіс «Крывіч» таксама зацеміў: Нашае незнаёмы ўжываецца і ў значэньню назоўнага імя. Падобнага роду сумнеўныя адзінкі знаходзім у С. Шве­дава:

*жадзюга (135) — сквапны (-ая) — суфікс -уг-а ў беларускай мове — ня так словаўтваральны, як павелічальны (басячуга); патомак (257) — нашчадак, патомны (-ая), прр.: Той каралеўскай жадаў кароны, // Ня дбаў аб чэсьць у патомных (А. Абуховіч); юрлівец (476) — юрлівы; а Прытча аб сьляпцы і храмцы (288), дарма што цытата з Кірылы Тураўскага, мусіць перакладацца як Прыпавесьць пра сьляпога й кульгавага.

З прыстаўкавых расеянізмаў царкоўнаславянскага паходжаньня найбольш наразьлівыя прыметнікі й адпрыметнікавыя спакменьнікі на без- (бес-), дапушчальныя, з грунту, у беларускай мове, але толькі ў строга вызначаных выпадках. Дарэчы, я ўжо стаміўся паўтараць, маўляў, па-беларуску не бясплатны, а дармовы, бясплатнада́рма, зада́рма. У «слоўніку» ёсьць і гэткага кшталту расеянізмы: бесьцялесны (129) — субтэльны, духовы; бязрадасны (327) — сумны, змрочны; бясстрашны (327) — адважны; бясхітрасны (211) — шчыры; бясьсьмертнік (161) — сухавейка.

На жаль, С. Шведаў ніяк ня можа пазбыцца й шмат крытыкаваных слоў на -ірава: абмундзіраваньне (10), абмундзіроўка (10), балаціравацца (61), расфарміраваць (301), і іншых усякага кшталту расеянізмаў: галадуха (111) — галадоўля; зашпілька (335) — зашпілка; са сну (335) — зо сну; цярпіма (374) — памяркоўна або нішто сабе; чынуша (185) — служэц, бюракракрат; нагулёнак (60) — байструк, бахур.

Наконт апошняга — нехарактэрных для беларускае мовы назоваў малечаў на -ёнак — хочацца сказаць асобна. Нават Якуб Колас, якога нельга назваць строгім пурыстым, упікаючы розных аўтараў за недасканаласьці ў мове, зацеміў:

Незразумела, напрыклад, чаму Арка­дзю Куляшову, паэту добрага таленту, спатрэбілася ў паэме «Новае рэчышча» слова «кацёнак» пры наяўнасьці такіх форм, як «кацяня», «каток» ды іншыя.

С. Шведаў у прадмове да свайго слоўніка дакляраваў абмежаваць ужываньне палянізмаў. Але, з усяго відаць, ён ня здолеў выканаць абяцаньня. Вось сьпіс некаторых адзінак польскага паходжаньня, спатыканых у «слоўніку»: амбарас (37), еднасьць (132), збавіцель (107), наогул (213), напой (214), нэндзны (224), обак (227), паліць (326), пекната (261), пекны (261), ружавізна (305), скутак (324), стадола (339), стасаваць, таньчыць (320), файны (261), хцівы (321), забыцца на цябе (136).

Збольшага яны бяскрыўдныя. Некаторыя нават пільна патрэбныя. Але на двух, найшкаднейшых, я спынюся. Няўжо аўтар ня ведае, што дзеясловы паліць ‘курыць’ і таньчыць ‘танцаваць’ — гэта якраз тыя палянізмы, за якія ён упікаў сучасных рэдактараў? Нават беларускія пісьменьнікі ад канца XVII да канца XIX стст., якія выхоўваліся ў польскім асяродзьдзі, іх ніколі не ўжывалі. Вось колькі прыкладаў: Верабей-гаспадар весела танцуе (Д. Рудніцкі); Гарцуй, танцуй, пане, — // Табе хлеба стане (Ф. Багушэвіч); А чы німа ў вас люлькі? // Троху хацеў пакурыць (І. Сьлінка); Баба люльку кура ў хаце, // А мужык пярэ кашулі (Ф. Багушэвіч). Як бачым, нават тут аўтар «слоўніка» мыляецца. Адно што ўкраінізмы ня вельмі трапляюцца, калі не лічыць гець (121), якое час ад часу кідаецца ў вочы.

На слоўнік С. Шведава можна пагля­дзець зь іншага боку: а чаго ў ім няма? Для слоўніка сынонімаў важная якраз яго паўната. І тут выяўляецца, што найхарактэрнейшых беларускіх адзінак, таго «сакавітага пласту», пра які так рупіўся ў прадмове аўтар — мы не знаходзім. Вось сьпіс некаторых сынонімаў, якія так ці йнакш хацелася б убачыць:

аброк да фураж (433); баламут да круцель (185); відаль да краявід (184); вонкавасьць да зьнешнасьць (102); выкладзены да скапец (320); выснова да вывад (101); гайня да зграя (153); гбра да акавіта (33); губы да вусны (100); гудзьбіт да музыґка (207); дзейка да слых (326); дзель да пай (241); дзераўё да драўніна (128); дуронік да балаўнік (61); дуроны да балаваны (60); завод да парода (251); збаўца да выратавальнік (107); зборня да форум (432); знак да стыгма (353); зьнячэвіцца да сканфузіцца (320); існасьць да сутнасьць (363); кірунак да напрамак (214); курдупель да карантыш (172); ледаяк да сяк-так (374); лупежнік да рабаўнік (294); макрыня да макрата (197); навуковец да вучоны (101); навучальны да вучэбны (101); навытарыцца да навыкнуць (209); начніцы да бяссоньне (87); нісянеціца да дурасьць (129); нішком да тайком (376); нялад да ройла (304); нясон да бяссоньне (87); нястаньне да нявыхад (225);

пазбыцца да выбавіцца (101); пакраса да аздоба (33); панарад да экіпаж (470); папаска да *пахарчунак (280); парадкам да *макарам ? (197); парэшткі да мошчы (206); ператрус да вобыск (98); піўніца да піўная (269); плён да карнявішча (173); пляніца да сіло (318); покнуць да лопнуць (194); праўнік да заканазнавец (141); ростырк да раскол (300); рухавы да жвавы (135); ручніца да стрэльба (352); рыгі да рвота (304); стоўпіцца да набіцца (208); стоць да стаўма (343); страківа да жыгучка (135); строма да круцізна (185); сутоньне да морак (206); труба да смерч (327); трупехлы да збуцьвелы (152); угодкі да гадавіна (111); хараство да пекната (261); цэтлік да ярлык (478); чайка да лодка (194); чапляць да кранаць (184); шпуля да намотка (213); шума да пена (261).

Істу рэцэнзаванага слоўніка можна выявіць адным сказам зь Яна Станкевіча: побач із словам беларускім стаіць слова расейскае... Вось некалькі прыкладаў такога кшталту (добрыя беларускія словы, як і раней, вылучаю тоўстым курсывам): аблупіць, ачысьціць (9); ліштва, налічнік (194); навіна, навінка (209); сьвяшчэньнік, сьвятар (227) і да т. п.

Падагульняючы, зацемім: як толькі асымілятараў б’юць па руках, тыя выцягваюць з нафталіну яшчэ адзін аргумэнт, апэлюючы да прагрэсу, маўляў, мова ж «разьвіваецца»! Так і хочацца запытацца, чаго вам так карціць?! Лепш падумайце: ці слушна ўсякую зьмену называць «разьвіцьцём», а не заняпадам? Ці не заборздыя тэмпы «разьвіцьця»? І ці той, які трэба, сэгмэнт мовы падлягае зьменам? Насамрэч ідэя разьвіцьця ня што іншае, як яшчэ адно агульнае месца, выпешчанае ў філязофіі ХІХ ст. Без канкрэтызацыі — гэта пустая балбатня. Калі б у свой час габрэі баяліся карыстаць забытае лексыкі, дык ніколі не адрадзілі б іўрыту. Вольны поступ мажлівы ў тых мовах, якія маюць паўнавартае функцыянаваньне — для нас гэта пакуль што далёкая мара. Таму адпрэчым мажлівыя аргумэнты «развіцьця», як абстрактныя, несур’ёзныя, і рушым далей.

4.

У савецкіх слоўнікаў паваеннае пары ёсьць адна цікавая рыса: пры ўсёй сваёй абыякавасьці да аб’екту, г. зн. да беларускае мовы, пры ўсіх расеізатарскіх намэтах, з навукова-фармальнага боку яны выкананыя амаль што бездакорна. Нават Ян Станкевіч пісаў пра РБсл.-53: З гле­дзішча тэхнічнага слоўнік не выклікае зацемкаў. У прынцыпе гэта рыса дадатная. Аднак... я ня ўпэўнены, быццам русіфікацыя «навуковая» лепшая за русіфікацыю «антынавуковую». Дый што такое «навуковасьць»? Ці можа быць навуковым выданьне, аўтары якога штампуюць калькі з суседняе мовы ці — жыўцом пераймаюць цэлыя пласты лексыкі, заміж таго, каб сыстэматызаваць тутэйшыя дыялектныя ды кніжныя рэсурсы, заміж таго, каб шукаць законы сыстэмнасьці беларускае мовы й спосабы дэмаркацыі ўласьцівага і неўласьцівага ёй? Навуковасьць, якая дбае толькі пра вонкавы бок і забываецца на галоўнае, тое дзеля чаго яна й пакліканая быць, такая навуковасьць ёсьць імітатарствам, у лепшым разе — вучнёўствам.

На жаль, слоўнік Сяргея Шведава нельга ўхваліць і ў фармальным пляне. Даўно ведама, што разуменьне сынонімаў бывае дваякае: 1) як адзінак, амаль тоесных у сваім значаньні, і 2) як слоў сэмантычна блізкіх. Калі б аўтар пайшоў другім шляхам, дык мусіў бы ў кожным артыкуле разгортваць найшырэйшы спэктар мажлівасьцяў, ня грэбуючы ні дыялектнымі, ні старабеларускімі словамі, бо зьбядненьне нашага лексыкону, як ён сам зацеміў, стала чыстаю бядою мовы. Вярнуць забытае — гэта заданьне ўсякае сыстэмы, якая адраджаецца. І слоўнік сынонімаў мог бы стаць тым інструмэнтам, што ісьніць гэта, не канфліктуючы ані з нормаю, ані з узусам. Але мы ўжо бачылі, што аўтар не парупіўся, кажучы словамі Коласа, «абшарыць» кішэні калектыўнай памяці й спраты слоўнікаў. Ён узяў толькі сьмецьце расейшчыны, што валялася пад нагамі. А калі пільнавацца першага кірунку ў сыстэматызацыі сынонімаў, дык важна перадусім вытрымаць фармальную дакладнасьць у падборы лексыкі. С. Шведаў і тут намуціў вады. Ягоны «слоўнік» ня проста кепскі — ён небясьпечны, і таму яго на гарматны стрэл нельга дапускаць у школу. Іначай хаос, які існуе ў аўтаравым уяўленьні, як пажар, перакінецца на галовы вучняў.

Першая фармальная загана «слоўніка» ў тым, што аўтар нідзе не пазначае жаролаў, якімі ён карыстаўся. Відаць, у гэтым ён бачыць «надмерны акадэмізм». Каб толькі так — дык тае бяды! Але заразом С. Шведаў не адчувае розьніцы паміж словамі існымі й аказіяналізмамі, якія яму мрояцца. А мрояцца яны, ізноў жа, пад уплывам расейскае моўнае рэальнасьці. Вось некаторыя аўтаравы «вынаходніцтвы», якіх няма ані ў Ссл., ані ў Тлсл., ані ў Бірсл.:

*абярэмя ? (224) — ёсьць толькі бярэмя й абярэмак; *боесутыкненьне ? (264); *брэмзала ? (145); *вазьняк ‘фурман’ ? (60) — ёсьць слова вазак; *вачасты ? (194) — яўна ад рас. глазастый; *дзедчына ? (100) — ёсьць старабеларускае слова дзедзіна, ёсьць сучаснае дзедаўшчына, але зь іншым значаньнем; *лясач ‘балбатун’ ? (60, 61); *мякатны ? (208); *напітаны ? (381) — ад расейскага (стараславянскага) питать; *падхарчунак ??? (280); *пазітуры ? (271); *папоўка ‘духавенства’ ??? (289) — у Ссл. ёсьць толькі завод бульбы з гэтым найменьнем; *плазка ‘кружэлка’ ? (269); *прахадзімісты ? (273); *пустабрэх ? ‘размова’ (61); *расьцярака ? (303) — ад рас. терять; *рыбалоўля ??? (100) — ёсьць толькі рыбалоўства (Тлсл.) і рыбацтва (Ссл.); *слоць (271); *сыскар ? (132) — ад расейскага сыскарь (?), якое — ад сыск; *сьвянцаць (194) — ёсьць толькі сьвеньціць у розных сэнсах; *талмачоўнік ? (326) — ад расейскага толмач ‘перакладнік’; *ухопак ? (224) — ад расейскага охапок (?); *хлёбава ? (61) — таксама нагадвае нешта няўлоўна расейскае; *хмызьнінка (304) — трэба: хмыз > хмызіна > хмызінка.

Такім спосабам некаторыя артыкулы ператвараюцца ў запраўдныя сымулякры. Скажам, артыкул вуджэньне рыбалоўля, рыбалоўства, рыбалка (100) — ад пачатку й да канца складаецца з трох расеянізмаў і аднаго аўтарскага аказіяналізму. Насамрэч у беларускай народнай мове ёсьць словы рыбак, вудаль і рыбалка — апошняе, таксама — ‘той, хто ловіць рыбу’, у Францішка Скарыны ўжывалася яшчэ рыбнік, ёсьць панятак рыбацтва, што перадае расейскае рыбный промысел, прыкладам: Ён любіць свой талент і талянтуе рыбацтвам даўно, як запамятаць (Я. Лёсік). Але беларус ніколі ня скажа *захапляцца рыбалкай, *хадзіць на рыбалку й да т. п., для гэтых кантэкстаў існуе слова рыба, прыкладам: Яўхім зноў чэша на рыбу... (Я. Лёсік); З рыбы прыходзіць татулька позна, увесь мокры, галодны (Я. Лёсік). Тут навідавоку свая сыстэма, свая лёгіка — нейкае жывое хараство. Нашыя продкі казалі: хадзіць на рыбу або хадзіць на зьвера... А таго, хто ходзіць на рыбу, яны называлі рыбак, рыбалка. Таго, хто ходзіць на зьвера — лавец. Пазьней, у шляхецкім асяродзьдзі, зьявіліся словы паляваньне, паляўнічы, паляўнік. А «рыба» — занятак мужыцкі (для паноў жа — прыватна-індывідуальны) — так і засталася «рыбаю».

Часам можна пачуць заклікі выдумляць словы. Я б перасьцярог ад гэтага небясьпечнага занятку, асабліва дылетантаў. Дай, Божа, нам укласьці й шчасьліва спажыць тое, што маем. Назіраньні лінгвістых паказваюць, што наплыў наватвораў адбываецца ў тых мовах, якія адміраюць. І ня дзіва, бо носьбітам заняпалых моў бракуе моўнага досьведу, таму завужваецца лексыкон. Але, так ці йнакш, для жыцьця гэтай колькасьці замала. Тады й пачынаецца выдумваньне «з нагоды», недакладнае ўжываньне старых слоў, іншая «чартаўня». Аднак... з сумам даводзіцца канстатаваць, што словатворцы, як вавёрка ў коле, круцяцца ў чужых моўных мадэлях, ня могучы анікуды ўцячы ад мовы-асымілятаркі. Кажучы прасьцей — нельга выдумаць нічога лепшага й арыгінальнейшага за тое, што само ўзьнікла ў выніку доўгай моўнай практыкі беларускага этнасу. Трэба не выдумляць, а вывучаць: тэксты з гісторыі мовы, услухоўвацца ў рэшткі народных гаворак, аддаваць дзяцей на «дзядзькаваньне» да бабы й дзеда, калі тыя яшчэ жывыя. Да чаго даводзіць выдумляньне — відаць ня толькі з практыкі С. Шведава.

Найболей зьдзівіў мяне аўтар слоўніка тым, што ў сынанімічны шэраг ён «жыў­цом» уставіў лексычныя адзінкі, якія ніхто й ніколі не маніўся залучаць у сыстэму беларускае мовы:

*лінгва ‘мова’ ??? (205); *урсус ‘мядзьведзь’ ??? (208); *тыфозі ‘заўзятар’ (61); *курыкулюм вітэ (мед.) ‘жыцьцяпіс’ ??? (39); *крыкет ‘запальнічка’ ? (145) і да т. п.

Вось да чаго даводзіць сынанімічны імпэт! Цяпер мы будзем казаць: «На якой лінгве ты гаворыш?» Або: «У лесе вядуцца урсусы». Думаю, наступным крокам будзе асваеньне рэсурсаў кітайскае, папуаскае, эскімоскае і іншых моў. Тады мы будзем мець найбагацейшую ў сьвеце беларускую мову! А калі сур’ёзна, дык С. Шведаў, відаць, зусім не разумее, у чым палягае розьніца паміж апрычонымі моўнымі сыстэмамі. І, пэўна што, нездарма заміж тэрміну словы іншамоўнага пахо­джаньня ён усюды піша «іншамоўныя словы». Ці ня тут ключ да ягонага загадкавага «замежнага кантэксту», які мы спрабавалі расшыфраваць, аналізуючы прадмову!? Адным словам, калі разьвіць родную трасянку згодна з шведаўскім праектам, то не дакажа ёй ані валапюк, ані эспэранта, ані якая іншая мова сьвету!

Аўтар «слоўніка», з усяго відаць, так упэўнены ў собскіх ведах, што некаторыя словы нават ня спраўджвае ў лінгвістычных даведніках, а ў выніку — падсоўвае свайму чытачу шэраг недакладнасьцяў і нават абмылаў:

гак (194) — ня ‘лішніца’ (фразэалягізм — з гакам), як уяўляецца аўтару, а ‘крук’ (адсюль, дарэчы, паходзіць від даўнейшае зброі — гакаўніца); выжал і ганчак (103) — гэта розныя заводы сабак, дык яны ня могуць быць сынонімамі; вызваліцель — ‘той, хто вызваляе’, а вызваленец — ‘той, каго вызваляюць’, (103) — гэта ніяк не сынонімы (у Тлсл. яны падаюцца супярэчліва); гермафрадыт і бісэксуал (114) — усё ж розныя рэчы; глябалізацыя і ўнітарызацыя (115) — могуць разглядацца хіба як кантэкстуальныя сынонімы; пілігрым ‘вандроўнік’ і хаджы (а не *хаджа) ‘пачэсны тытул былога паломніка ў Мэку’ (268) — таксама не зусім сынонімы.

Найболей аўтара падводзяць паронімы:

авечкаярачка, а ня «ясачка» (478), а ясачка — ‘іскра’; канон ‘правіла’ і *канун ‘пярэдадзень’ (169) — далёка ня тое самае, як мроіцца аўтару (апошняе слова яшчэ й расеянізм); катастрофа ‘разбурэньне’ і катарсіс ‘ачышчэньне’ (184) — ані пры якіх абставінах ня могуць быць сынонімамі. Урэшце, слова *цікаць ‘уцякаць’ (128) у беларускай мове няма — ёсьць толькі цікаваць ‘сачыць’.

Характэрная адметнасьць слоўніка Шведава ў тым, што роды й віды аўтар зьляпляе ў нейкае невыразнае месіва, і, бадай ніводзін відавы шэраг ня мае належнае паўнаты, прыкладам:

бактэрыя — мікроб, бацыла, мікра­рганізм, сьпірахета; вуда — вудзі­лішча, вудачка, сьпінінг; вулей — калода, пчаліная хатка, борцьбуда — «сабачая хатка»? хлеў — «скацінная хатка»!? — Ю. П.); выжал — выжлятнік, выжлец, ганчак; дубальтоўка — двухстволка, бакфлінт, ружжо, вертыкалка, гарызанталка; кадзь — кадка, кадушка, дзежа, дзежка; монатэіст — праваслаўны, католік, магамэтанін, іудзей; пісьмо — папера, ліст, пакет; пісаньне, тэкст; вязь, готыка, славянка, грамадзянка; стыль, манера, рука; раўчук — раўчак, ручай, ручаіна, рачулка; раўчавіна, равок, канава, канал, арык; сіняк — кровападцёк, сінюшнасьць, сьлед, драпіна, пабоі; слоўнік — тэзаўрус, гласарый, талмачоўнік; смарагд — ізумруд, хрызаліт; струг — скобля, рубанак, гэбель, фуганак, шархебель; сукенка — сукня, плацьце, сарафан, сарочка.

Любосна-памяншальныя формы аўтар таксама дае як сынонімы, ня могучы заразом нават набраць больш-менш поўнага шэрагу: журавель — жураўлік; пісьмо — пісямко, пісямцо; скаварада — скавародка; сьмерць — сьмертухна.

За сынонімы йдуць нават правапісныя й марфалягічныя варыянты: іуда — юда; сілай — сілаю.

Каб чытач меў як мага больш поўнае ўяўленьне пра тую эклектыку, якая пануе ў «слоўніку» С. Шведава, прапаную выбарку артыкулаў:

аблада — улада, уплыў; уладаньне, прыналежнасьць, здабытак; уласнасьць, маёмасьць; абклад — абкружэньне, аблога, аблава; рамка, чаканка; аблом — пералом, злом; профіль, разрэз; незадача, няўдача, крах; анамнез — курыкулюм вітэ, жыцьцяпіс, гісторыя захворваньня; байка — казка, выдумка, фабула; вотчына — бацькаўшчына, дзедчына, спадчына; вугал — кут, прытулак; вузы — сувязь, зьвязка; кайданы, вярыгі, юзы; глабалізацыя — унітарызацыя, утылітарызацыя, уніфікацыя; дрыгва — багна, балоцішча, твань, тхлань; дурны — абмежаваны, тупы; наіўны, нездагадлівы; дрэнны, непрыемны, благі; жанравы — бытавы, стылявы, манэрны; зграя — група, банда, шайка; здавальняюча — пасрэдна, тройка, тры; каніцель — нуда, вала­кіта, цягамоціна, валаводзіна, валынка; капыт — копыт, капыток, падкова (??!); морак — мрок, змрок, цемра, смуга; мор, пошасьць; мужны — бравы, храбры, адважны; мяжа — граніца, рыса, кантроль, рубеж, норма, край, ліміт; мямля — нюня, размазьня, плакса, ныцік, румза; крыкса, кукса; навалач — хмары, туман, смуга; зброд, беглякі, чужакі; напасьць, пошасьць; намотка — маток, катушка; ізаляцыя, абмотка;

педэраст — гомасэксуаліст, педафіл, гей, галубы; пена — наноснае, наносы, бруд; дэкаданс, субкультура, андэграунд; пэрыфэрыя — глуш, цемра, дзірка, правінцыя; прынтэр, сканэр, графаманіпулятар; пласьцінка — пласьцінка, плазка, дыск, круцёлка; прычыкіляць — прычыкільгаць, прыкульгаць, прыкандыбаць; смаліць — курыць, паліць; страляць, пуляць; студня — калодзеж, калодзезь, крыніца, копанка; стушавацца — згладзіцца, рытушыцца, расплыцца, стушоўвацца; сумецца, разгубіцца, зьбянтэжыцца; сынкрэтызм — зьлітнасьць, нерасчлянёнасьць, еднасьць; эклектыка, разнастайнасьць, разнамаснасьць; сягаць — ісьці, рухацца, лунаць, сягнуць; прасьцірацца, дасягаць, даходзіць; тандэтны — дрэнны, нізкаякасны, дзяшовы; юр — страсьць, лібіда, сэксуальнае шаленства.

А надуманыя аўтаравы прыклады вартыя толькі гумарыстычнага часопісу, але не даведніка, адрасаванага школьнікам:

Рэдкая субстанцыя... (356); Сугестыўная апрацоўка асобы... (356); Набычыўся нібы сугней якісь... (357); Смурод смяцярніка... (327); Друзы смарагдаў... (326); Сінекура для гультая... (319); Расхістаныя погляды... (303); Расцярушыў дашчэнту табаку... (303); Расшкуматаць, як Тузік грэлку... (303); Расхапіць рукі... (303); Дусту вам!.. (129); Як «траўкі» абкурыўся... (9); Артаганальны аблом дэталі... (9); Батарэя піўных бутэлек... (64); Каўкаскі акцэнт... (36); Маятнік вагаўся, як шалёны... (88); Аляпаваты капялюш (37); Абяцаў на амбразуру легчы... (37); Мініяцюра адлюстроўвае даенне анагра... (38); Поўны анамнез... (39); Людзі абавязкова апалошчуць гучнае імя... (41); Прагматычнае нявер’е... (225); Атрымалі нязгоду кіраўніцтва... (225);

Рабочы орган станка... (227); Счахлыя вочы... (372); Сшывальнік для асабістай справы... (372); У сэнсе як бы пад’есці... (373); Выбавіцца з калюжыны... (101); Судзейскія валакітчыкі... (357); Не судзі­це — не судзімы застанецеся... (357); Стрыманыя жэсты... (351); Гарэлка стукнула ў галаву... (352); Стушыць марныя думкі... (353); Сустракаюцца пакуль яшчэ крымінальныя з’явы... (363); Не мужык, а азіят (?!) нейкі... (33); Залішні (?) акадэмізм навукі... (33); Біч божы — СНІД... (72); Дыктар-заіка... (140); Зацугляць рабсілу... (150); Камлюкаватая камплекцыя... (168); Кокнуць кока... (182); Прататып вясковага дурня... (280); Філасофскі сінкрэтызм... (319); У леташні скорам... (322); Каб стары хрэн не перашкодзіў... (442); Хлябтаць гарэлку... (440); Цалавацца ўзасос... (406); Сабачы кал на дарозе... (165).

А вось адзін з прыкладаў, варты камэнтару: Благаславенне ад бацюхны... (72). Аўтар расейскую любосную форму на -юшка (батюшка) пераклаў нібыта слушна: бацюхна. Але ён не ўлічыў, што, згодна зь ягоным жа кантэкстам, перад намі не любосная форма, а асобнае слова. Дык яно, паводле савецкіх нормаў, не перакладаецца зусім і пішацца бацюшка. Паводле Я. Станкевіча тут трэба было б ужыць татулька. Мне ж падаецца, што найлепшым адпаведнікам будзе войчанька, прыкладам: Ня гневайся, войчанька (К. Жэра); А сколькі ж дзякла, войчанька, возьмеця за вянчаньне. (Празарокі Віл. п. (Лсл.)). А пад тое, трэба нагадаць, што беларускія любосныя формы на -ухна (-юхна) тарнуюцца абмежвана, пераважна ў зваротах, як слова спадар. Яны «ня любяць» трэцяе асобы, а калі і ўжываюцца ў трэцяй асобе, дык у прытомнасьці самога аб’екта гаварэньня. Тым часам расейскія формы на -ушка — ня маюць функцыянавальных абмежаваньняў.

У выдуманых, ненатуральных аўтаравых прыкладах разгляданыя вышэй расеянізмы падаюцца вульгарнейшымі, чым ураздроб:

Савецкі строй (ладЮ. П.)... (349); Ледзь стрываў злобу... (351); Ды каб мне акалець!.. (34); Дасадная закавыка... (140); Злавіць збега ўсім мірам... (151); Жалудовы кофе... (183); Маскарадная хара... (436); Сарай з аполкаў... (43); Папрабуй-ка ва універсітэт паступіць... (249); Хапай усё падрад... (236); Сплавілі яго куда падалей... (334); Хадзіць на цыпачках... (447). Грузная (мажнаяЮ. П.) туша... (395); Намаганні ўвянчаліся поспехам... (402); Уюкі на конях... (425); Надышла першая палучка... (245); Сыскаць выйсце... (372); Ноч азарылася (асьвяціласяЮ. П.) радыяцыйным (?) полымем... (32); Сукаць (ад рас. сучить? — Ю. П.) рукамі... (358); і, на закуску — царкоўнаславянізмы: Лік міраздання... (192); Страсны падзвіжнік... (232).

Усе абмылы слоўніка —граматычныя, сэмантычныя й стылёвыя — нават пералічыць цяжка. Вось толькі некаторыя заганы, якія лучылі мне на вока:

Сінедрыён пакараў місію (мэсію ці месію — Ю. П.)... (319); Сардзіны з дабаўкай алеі (алею)... (313); Сатрап (відаць, тыран) свайго народа... (313); Саранча паела ўсю зялёнку... (240); Строма павярнуў палітыку... (349); Струхнуць ад цялежнага (???) скрыпу... (351); Сутарэннае скляпенне... (363); Азначыць свае светапогляды... (33); Трапная дубальтоўка... (129); Завіхацца каля дзяўчыны... (137); У задрыпанай сукенцы... (140); Людзі злосна кпілі філосафа... (183); Увабрацца (?) у боты... (400); Рыбак — двоечы марак (306); Мяне карабаціць (?) ягоная манера... (172). Проста пляга за вамі!.. (271) — нейкі адэскі жаргон; Турыць у шыю... (395) — або гнать в шею або — проста турыць; Ушалопаць (?) думку (425); Трапіў у нявыкрутку... (225); Прываліць у госці сюрпрызам (?)... (373); Стрыжань фабулы рамана... (351) — плеаназм; Стузацца (?) ад вучобы... (352); Суседнічаць (?) па сваяцку... (363); Струпелы (?) позірк... (350); Не страшайся цемры... (349); Натоўп стрыгуноў на дыскатэцы... (351); Удзеўбануць крытыкай... (404); Кудзе(?)рлявыя цёскі (???)... (445); Цакатала муха ў павуціне (443); Запраўляць (?) глебу азотнымі тукамі... (393) — а гэта «па-якоўску»?

Ёсьць сярод розных абмылаў і чыста карэктарскія — іх залішне як для слоўніка — гэта ж не газэта, не часопіс, дзе карэктары ня маюць часу ўсё дагледзець, прыкладам:

Шаптацца пазавуголлю... (241); Нялюдскія умовы жыцця... (225); Прагматычнае неявер’е (225); Страчацца употай... (348); У сэнсе як бы пад’есці... (373); Прафан ў навуцы жыцця... (280); размамаснасць (319); гаомасэксуаліст (261); Сама-насам са сваёй скрухай... (323); Упачатку атрымаў грошы... (416); Іуда, а не чалавек... (163); пратэндаваць.

На заканчэньне яшчэ раз зьвернемся да прадмовы. С. Шведаў, апраўдваецца: «Ён (слоўнік — Ю. П.) наўмысна пазбаўлен акадэмічнасці з мэтай лепшага ўспрымання»... Як той казаў, ведае кот, чыё сала зьеў! Ня думаю, што пералічаныя вышэй заганы й абмылы дапамогуць успрыняцьцю моўных фактаў. Даўшы чытачу слоўнік, які «пазбаўлен» пісьменнасьці, мы можам псыхічна захваробіць чалавека, прынамсі, пазбыць яго нават школьных ведаў. А што да акадэмічнасьці, дык, па-мойму, яна можа стаць замінаю дзе заўгодна, толькі ня ў слоўніку!

Далей аўтар разьвівае рэкамэндацыі:

Ён таксама можа быць карысным для ўсіх тых, хто цікавіцца беларускай мовай і літаратурай, або марыць займацца журналістыкай і літаратурнай працай.

А хто ўжо займаецца журналістыкай — тым, трэба так разумець, ён карысным ня будзе?

І, нарэшце, паводжаньне да карыстаньня:

Групіроўка сінонімаў высокай кропкай дапаможа чытачу выбраць трапны сінонім, але больш за ўсё здольная дапамагчы яму інтуіцыя, а таксама і эрудыцыя, што значна паскорыць працу са Слоўнікам.

І тут мы наблізіліся да галоўнае высновы. А навошта патрэбен слоўнік, калі ім небясьпечна карыстацца, калі прадрацца празь ягоныя абмылы нельга без эрудыцыі й інтуіцыі!? Запраўды, вазьмеце хоць якое слова — калі вы ведаеце мову, дык каб падабраць шэраг сынонімаў з той ступеньню дакладнасьці, якую практыкуе С. Шведаў, ня трэба ягонага даведніка, вы й самыя зробіце гэта ня горш. Ну, а калі ня ведаеце мовы... дык вам трэба шукаць іншы слоўнік, бо гэты вас завядзе ў «цёмны лес».

Сутыкаючыся зь недасьведчанасьцю, ды яшчэ й агрэсіўнаю, заўжды задаеш сабе пытаньне: а ці варта траціць порах на тое, каб давесьці праўду? Кажуць, Нільс Бор недасьведчаныя меркаваньні проста ігнараваў, нават часам зьдзекліва хваліў, бо не лічыў іх вартымі спрэчкі. Карл Попэр пільнаваўся іншае думкі — ён верыў: у палеміцы нараджаецца праўда. А што рабіць нам, сутыкнуўшыся з «слоўнікам» Шведава? Зашпурнуць яго на гарышча? Не! Як толькі ўяўлю, што гэтая кніга пойдзе ў школы, ляжа на пісьмовыя сталы, дык разумею: элітарысцкі падыход — занадта лёгкае выйсьце. Рэч ня ў С. Шведаву (дай Божа яму здароўя!), а ў крытэрах, зь якія мы падыходзім да мовы, да лексыкаграфічных выданьняў.

Я не зьдзіўлюся, калі гэты слоўнік, выпушчаны немалым накладам, патрапіць у школьныя бібліятэкі. А ўявіць у той жа школьнай бібліятэцы слоўнік Яна Станкевіча ці якую іншую кніжку, надрукаваную клясычным правапісам, складана! Адно цешыць: можа, русіфікатарства некалі ўтопіцца ў сваёй собскай непісьменнасьці?

  ¹ Знакам *(на пачатку слова) тут і далей пазначаюцца інавацыі С. Шведава, гэта значыць — адзінкі гістарычна й сыстэмна нехарактэрныя для беларускае мовы, якіх заразом няма ані ў Тлсл., ані ў Бірсл., ані ў Ссл.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/09/01