A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (57) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Уладзімір Роўда | ||||
Уладзімір Роўда
Апазіцыйнае лідэрства і тэхнічнае кіраўніцтва Прынцыпы і платформы «апазіцыйнага парламенту»
Кангрэс дэмакратычных сіл, які адбыўся 26—27 мая, стаў важнай падзеяй. З аднаго боку, ён падвёў рысу пад пэўным не вельмі ўдалым перыядам у дзейнасці беларускай апазіцыі, рэфармаваў яе структуры кіравання, паставіў новыя мэты і задачы. Асабіста я заўсёды належаў да «партыі кангрэсістаў», як цяпер называюць тыя сілы, што перамаглі на форуме. Лічу, што самі дэмакратычныя прынцыпы, вакол якіх аб’ядналіся апаненты лукашэнкаўскага рэжыму, вымагаюць падсправаздачнасці і адказнасці абраных лідэраў перад людзьмі, якія іх абралі, а гэта значыць — рэгулярнага склікання адпаведных сходаў.
Зь іншага боку, я быў абураны паводзінамі прайграўшага на Кангрэсе боку, які дзеля задавальнення карпарацыйных інтарэсаў паспрабаваў сарваць форум у самым яго пачатку, а маніпуляцыямі з галасаваннем (калі адны і тыя ж людзі галасавалі і «за», і «супраць») паставіць пад сумнеў легітымнасць дасягнутых вынікаў у канцы. Прычым рабілася гэта чужымі рукамі, выкарыстаўшы аўтарытэт вызваленых напярэдадні палітвязняў — Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца, а таксама дэлегатаў ад «Маладога фронту». На вялікі жаль, арганізатары Кангрэсу далі добрую падставу для такіх дзеянняў. Рэзалюцыя аргкамітэту «Стратэгія для перамен», вакол якой разгарэлася вострая палеміка, насамрэч не можа не выклікаць жорсткай крытыкі.
Многія аналітыкі і журналісты пасля Кангрэсу сцвяржаюць, што форум толькі адлюстраваў тыя аб’ектыўныя супярэчнасці па прынцыповых пытаннях: стратэгіі, ідэалогіі і лідэрства, якія існавалі ў дэмакратычных сілах і да гэтага, таму ён не мог прывесці да адзінства апазіцыі, а толькі пашырыў тую бездань, якая ляжыць паміж складовымі часткамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС). На маю думку, гэты пункт гледжання памылковы. Такім спосабам робіцца спроба апраўдання фактычнага няўдзелу руху «За свабоду» ў каардынацыйных структурах, створаных сёмым Кангрэсам, сабатажу дасягнутых раней пагадненняў паміж удзельнікамі кааліцыі. У гэтым праяўляецца і непавага да рашэнняў рэгіянальных сходаў, якія папярэднічалі кангрэсу.
* * *
Як гэта не можа не падацца дзіўным, акурат па стратэгічных пытаннях і існуе найбольшае падабенства паміж рухам «За свабоду» і АДС. Планава‑аналітычная група рэпрэзэнтавала на Кангрэсе дакумент, у якім робіцца акцэнт на дыялогу апазіцыі з грамадствам, элітамі і ўладай, што ў спалучэнні з ціскам на ўладу праз кампанію акцый пратэсту павінна прывесці да правядзення свабодных выбараў і дэмакратызацыі рэжыму без дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. Гэты дакумент быў ухвалены дэлегатамі Кангрэсу ў якасці стратэгіі кааліцыі.
У тэксце «Стратэгія руху «За Свабоду» можна прачытаць, што: «прапанаваная кіраўніцтвам шэрагу партыяў «Стратэгія аб’яднаных дэмакратычных сілаў азначае захаванне status quo ў апазіцыі, працяг крызісных тэндэнцыяў; унутраны раскол, паміжасобную барацьбу, а значыць функцыянальную неэфектыўнасць і маргіналізацыю». Разам з тым усе складовыя часткі стратэгіі АДС прысутнічаюць і ў стратэгічным праекце руху «За свабоду», у якім асобным пунктам пазначана «праца з элітамі (наменклатурай, сілавікамі, дырэктарамі, лідэрамі думкі); сцвярджаецца, што адной з задачаў руху з’яўляецца «атрыманне пасіўнай і/альбо актыўнай падтрымкі з боку групаў у складзе кіруючай эліты, сілавых структураў, групаў грамадства, для якіх найбольш важнымі з’яўляюцца сацыяльна‑эканамічныя пытанні». Нарэшце, падкрэсліваецца, што ў «выпадку захавання цяперашняга крызіснага становішча апазіцыі... прадуктыўны дыялог улады (Лукашэнкі) з апазіцыяй у перспектыве як мінімум да 2011 г. немагчымы. Сам дыялог вельмі малаверагодны».
Такім чынам, рух «За свабоду» не супраць «дыялогу» як стратэгіі, а супраць таго, што апазіцыйны бок у ім будзе прадстаўляць не Мілінкевіч. Гэтая тэза грунтуецца не толькі на параўнальным аналізе двух стратэгічных дакументаў, але і на разглядзе палітычных дзеянняў адзінага кандыдата цягам апошніх месяцаў. Ужо ў сваім лісце да Лукашэнкі Мілінкевіч запэўніў, што ён прадстаўляе канструктыўную апазіцыю, якая адпрэчвае радыкальныя метады барацьбы, імкнецца да дыялогу з уладай. Потым ідэя дыялогу стала галоўным слоганам адзінага кандыдата для акцыі 25 сакавіка. Ва ўлётках, што масава распаўсюджваліся ягоным штабам, гэтае свята, вядомае кожнаму беларусу як Дзень Волі, атрымала назву «Дня Беларускага Адзінства»; бел‑чырвона‑белая сімволіка мірна суіснавала там з чырвона‑зялёнай, а адзіны кандыдат заяўляў: «Мы прапануем дыялог уладзе дзеля выратавання эканомікі, дзеля захавання Незалежнасці, дзеля еўрапейскай будучыні Беларусі. У нашых сілах знайсці супольнае рашэнне. За Свабоду! За Беларусь!»
Цяпер паспрабуем вылучыць асноўныя крытычныя аргументы супраць «Стратэгіі для перамен», ухваленай дэлегатамі апошняга Кангрэсу. Аналіз тэксту прымушае зрабіць выснову, што дадзены план у найбольшай ступені набліжаецца да змяшанай формы пераходу да дэмакратыі (transplacement у тэрміналогіі С. Хантынгтана, альбо pacted transition у тэрміналогіі М. Макфаўла), што прадугледжвае ўзгоднены элітамі на перамовах пераход ад аўтарытарызму. Ён дазваляе пазбегнуць істотных канфліктаў у грамадстве і даволі хутка кансалідаваць дэмакратычныя інстытуты. Прыкладамі такога пераходу да дэмакратыі ў канцы ХХ ст. былі Іспанія, Польшча, Нікарагуа, Паўднёвая Карэя і некаторыя іншыя краіны.
Вялікай праблемай для распрацоўшчыкаў стратэгіі АДС з’яўляецца тое, што ў Беларусі адсутнічаюць (і наўрад ці паўстануць у бліжэйшай перспектыве) тыя ўмовы, якія робяць дадзеную форму пераходу, што атрымала ў нас назву «дыялогу», магчымай.
Па‑першае, pacted transition узнікае пры відавочным балансе асноўных палітычных сіл, якія не могуць перамагчы праціўніка поўнасцю. У нашым грамадстве не існуе прыблізнай роўнасці сіл у дачыненнях паміж уладай і апазіцыяй. Улада дамінуе над апазіцыяй, выціснуўшы яе ў вузкае субкультурнае гета. Вырвацца з яго пакуль што не ўдаецца не толькі таму, што рэжым пільна ахоўвае яго, але і таму што многія прадстаўнікі апазіцыйных партый і няўрадавых арганізацый даволі камфортна там сябе адчуваюць сярод аднадумцаў‑маргіналаў.
Спадзявацца на тое, што вонкавы ціск на Беларусь, нават пры ўмове, што ён выкліча рэзкае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне і падзенне даверу да Лукашэнкі большасці грамадзян, прывядзе іх да аўтаматычнай падтрымкі апазіцыі, таксама не выпадае. Досвед 2002—2003 гг, калі давер да прэзідэнта Лукашэнкі ўпаў да 25—35 %, а рэйтынг апазіцыйных партый застаўся нязменным, яскрава гэта засведчыў.
Па‑другое, для ажыцьцяўлення стратэгіі дыялогу неабходна, каб у структурах улады рэфарматары дамінавалі над кансерватарамі. Як мінімум, кіраўніцтва павінна быць заклапочана лёсам краіны як незалежнай нацыянальнай дзяржавы. Тады, ва ўмовах крызісу, яно можа сесці за стол перамоваў нават з учорашнімі палітычнымі ворагамі, дзеля недапушчэння нацыянальнай катастрофы. Гэтай логікай карысталіся польскія ўлады — Ярузэльскі і Ракоўскі, калі яны сядалі за «круглы стол» з Валэнсам у канцы 80‑х гг. У сучаснай Беларусі няма ніводнага рэфарматара ва ўрадзе, а савецкая ідэнтычнасьць Лукашэнкі не прымае беларускай нацыянальнай ідэі, як яе разумеюць лідэры апазіцыі.
Па‑трэцяе, pacted transition патрабуе, каб памяркоўная апазыцыя, здольная на кампраміс з уладай дзеля задавальнення нацыянальных інтарэсаў, дамінавала над радыкальнай апазыцыяй. Апошняя ўмова прысутнічае ў Беларусі, аб чым засведчыў і мінулы Кангрэс, дэлегаты якога адхілілі больш радыкальны варыянт стратэгіі Статкевіча. Але наяўнасці аднаго з трох асноўных чыннікаў не дастаткова, каб можна было ўсур’ез думаць, што Беларусь пойдзе да дэмакратыі польскім шляхам.
Крытычны аналіз стратэгіі АДС не азначае, што не існуе істотнай розніцы паміж праектамі, прапанаванымі на разгляд дэлегатаў сёмага Кангрэсу дэмакратычных сіл. Я мяркую, што перавага праекта планава‑аналітычнай групы аргкамітэту над яго канкурэнтамі палягае ў кааліцыйным і сістэмным характэры, узгодненым з пераважнай большасцю ўдзельнікаў кааліцыі і пры іх непасрэдным удзеле. Яе ўхвала азначае, што будуць створаны структуры для выканання гэтага стратэгічнага плану, што ў межах кааліцыйных органаў будзе магчымасць не толькі для яго крытыкі, але і для радыкальнага рэфармавання, калі сітуацыя будзе гэтага вымагаць. Вось навошта патрэбны «апазіцыйны парламент»: у тым ліку і для аператыўнай карэкцыі стратэгічных рашэнняў, і легітымізацыі ўнесеных зменаў і паправак. Гэтых карэктавальных механізмаў праект руху «За Свабоду» быў пазбаўлены.
* * *
У сваім выступе на Кангрэсе Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што імкненне руху «За Свабоду» дыстанцыявацца ад палітрады КДС звязана з неабходнасцю ўмацавання правых і пранезалежніцкіх сіл, якія ён рэпрэзэнтуе, і не даць магчымасці атрымаць перавагу сілам «левым» і прарасійскім. Такая ацэнка раскладу палітычных сіл Кангрэсу, які акцэнтуе ўвагу на ідэалагічным фактары, мне падаецца спрошчанай. Я падзяляю думку Віталя Сіліцкага, агучаную ім у перадачы «Пражскі акцэнт» на Радыё Свабода (30 мая):
Прыхільнікі Мілінкевіча — людзі выразна незалежніцкія. Відавочная адсутнасць ідэалагічных разыходжанняў паміж Вячоркам і Мілінкевічам — але яны займаюць розныя бакі ў гэтым раскладзе. З другога боку, якая можа быць ідэалагічная еднасць паміж Лябедзькам і Калякіным? Тут пра ідэалогію проста смешна казаць. Незалежнікаў у кааліцыйнай частцы таксама хапае, таму я б не называў іх усіх агулам «левымі». Ну, якія Лябедзька, Вячорка ці Раманчук «левыя»? Якія яны прамаскоўскія? Тут расклад абсалютна іншы.
Такая самая думка была падтрыманая і іншай удзельніцай перадачы Святланай Калінкінай:
Гэта мітынговая заява... Нельга цяпер казаць, што менавіта на такім ідэалагічным падмурку — «левыя» ці «правыя», прарасійскія ці праеўрапейскія — у апазіцыі адбыўся раскол. Мне здаецца, што галоўная прычына таго, што адбылося, — не аб’ектыўная, а суб’ектыўная. Гэта была барацьба амбіцый…
Але ў іншым сваім матэрыяле, надрукаваным у той жа самы дзень на сайце «Беларускі партызан», Калінкіна выказала іншую думку:
Прынцыповыя, істотнейшыя адрозненні ў платформах. І вось аб іх і не казалася нічога, таму і склалася ўражанне, што спрэчка ідзе аб падзеле крэсел. Насамрэч раскол глыбейшы і істотнейшы. Мілінкевіч узняў сцяг і заклікаў усіх жадаючых устаць пад яго. І пакуль толькі ідэолагі руху ведаюць, што сцяг гэты — антырасійскі.
Тым, хто верыць у «антырасійскі сцяг» руху «За Свабоду», я хачу нагадаць пра падзеі вакол газавага канфлікту паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй. Тады Аляксандр Мілінкевіч у сваім выступе на радыёстанцыі «Эхо Москвы» заявіў, што «разумее пазіцыю Расіі ў газавым канфлікце з Беларуссю і лічыць яе правільнай». Гэта дало падставы многім беларускім і замежным журналістам і аналітыкам падаваць яго пазіцыю як пазіцыю ўсіх дэмакратычных сіл у дадзеным пытанні. Напрыклад, 10 студзеня Расейская служба Бі‑бі‑сі ў сваёй аналітычнай перадачы, прысвечанай канфлікту, вуснамі вядомага журналіста Канстанціна Эгерта адзначала: «Цікава, што ў гэтых умовах апазіцыя, калі меркаваць па заявах Мілінкевіча, фактычна стала на бок Масквы».
Пазіцыяванне як «правай», праеўрапейскай і антырасійскай сілы спатрэбілася цяпер Мілінкевічу, каб завабіць у рух «За Свабоду» максімальную колькасць сяброў дэмакратычных партый. Для выканання гэтай задачы яму неабходныя новыя рэсурсы, таму не павінна быць ніякіх сумневаў наконт ягонай праеўрапейскай арыентацыі.
На мой погляд, сапраўдныя мэты руху «За Свабоду» палягаюць не ў стварэнні беларускага аналага «Салідарнасці», а ў захаванні за адзіным кандыдатам і ягонымі паплечнікамі вядучай пазіцыі ў апазіцыйнай супольнасці. Я лічу, што іх шанцы на гэта невялікія. Сведчаннем ёсць Мілінкевічава параза на рэгіянальных сходах, якія праходзілі перад Кангрэсам.
* * *
Аляксандр Мілінкевіч неаднаразова паўтараў, што не верыць у эфектыўнасць калектыўнага лідэрства ў кааліцыі, і на апошнім Кангрэсе дэмакратычных сіл у чарговы раз прапанаваў сябе ў якасці адзінага лідэра. У стратэгіі руху «За Свабоду» пра лідэрства напісана наступнае:
Для кансалідацыі, каардынацыі дзеянняў удзельнікаў Руху; прадстаўлення Руху ў адносінах з дэмакратычнымі арганізацыямі Беларусі, іншымі палітычнымі групамі ў складзе апазіцыі; прадстаўлення Руху ў адносінах з грамадствам і ўладай; прадстаўлення Руху за мяжой дадзеная Стратэгія прадугледжвае ролю лідэра.
Лідэрам Руху з’яўляецца заснавальнік Руху — «адзіны кандыдат» дэмакратычных сілаў на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года — Аляксандр Мілінкевіч.
І пастаўлена кропка. Незразумела, ці ёсць магчымасць гэтую персону пераабраць, ці, можа, яна пажыццёва выконвае свае паўнамоцтвы?
Прыхільнікі руху «За свабоду» на Кангрэсе наўмысна ўнеслі блытаніну ў разуменні двух блізкіх, але розных паводле зместу тэрмінаў: «лідэрства» і «кіраўніцтва». Калі першае сапраўды можа быць толькі адзіным, інакш будзе раздрай і свара паміж амбітнымі персонамі, то кіраўніцтва можа быць калектыўным, ці калегіяльным. Мала таго, дэмакратычныя арганізацыі часцей кіруюцца калегіяльнымі структурамі, што не зніжае іх эфектыўнасці. Але ў палітычнай барацьбе (змаганні за ўладу) неабходнае лідэрства, таму што патрэбны рух наперад, які прыцягвае аднадумцаў, прыклад для пасіўнай масы, воля для перамогі, персанальная адказнасць за зробленыя крокі, цвёрдасць у адстойванні прынцыпаў, здольнасць да кампрамісу дзеля фармавання максімальна шырокіх палітычных аб’яднанняў. Значэнне апазіцыйнага лідэрства падвышаецца ў некалькі разоў ва ўмовах аўтарытарызму, бо яно звязана з рызыкай, самаахвярнасцю, асабістай адказнасцю за людзей, якіх ты заклікаў разам з сабой рухацца наперад.
На маю думку, такое лідэрства адсутнічае ў дэмакратычнай кааліцыі. Нельга сказаць: «я магу» і патрабаваць пасля гэтага, каб табе падпарадкоўваліся. Трэба даказаць, што ты можаш, даказаць справай, а не лозунгамі, прыцягаючы на свой бок аднадумцаў, а не змагаючыся з імі. Трэба прайсці выпрабаванне на ролю лідэра. Мілінкевіч, як мне здаецца, яго не прайшоў. Але не было і іншых прэтэндэнтаў, якія б адважыліся замяніць адзінага кандыдата ў гэтай якасці. У такой сітуацыі больш правільным і сумленным сказаць праўду: так, лідэра няма, на дадзеным этапе мы вымушаны абмежавацца тэхнічным кіраўніцтвам, але мы не забываемся пра гэтую праблему і будзем яе вырашаць разам.
* * *
Чарговы Кангрэс дэмакратычных сілаў быў заняты вырашэннем хутчэй унутраных праблем дэмакратычнай кааліцыі, чым абмеркаваннем сітуацыі ў краіне і эфектыўных шляхоў змагання з аўтарытарным рэжымам. Гэта не магло не выклікаць справядлівай крытыкі звонку. Правядзенне Кангрэсу увідавочніла, што адсутнічае эфектыўная стратэгія дзейнасці дэмакратычных сіл, што існуе пагроза далейшага расколу кааліцыі, адсутнічае эфектыўнае дэмакратычнае лідэрства. Але сама пастаноўка гэтых праблемаў, іх адкрытае і крытычнае абмеркаванне пакідае надзею на тое, што кааліцыя здолее даць ім рады.
|
палітоляг, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» — «Вытокі нацыяналізму» (2/2001). Аўтарская назва тэксту — «VII Кангрэс дэмакратычных сіл Беларусі (нататкі палітоляга)». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (56) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |