A R C H E П а ч а т а к № 6 (57) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


6 - 2007

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • літаратура • палеміка

 


крытыка

  Пётра Рудкоўскі

Вокладка «ARCHE» №6
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Пётра Рудкоўскі
Аптымістычная трагедыя польскасьці ў Беларусі

Gawin, Tadeusz. Związek Polaków na Białorusi. Historia niszczenia niezależności: 1988 — 2005. — Białystok, 2006.

Jesteśmy żadnym społeczeństwem.

Jesteśmy wielkim sztandarem narodowym.

Może powieszą mię kiedyś ludzie serdeczni za te prawdy, których istotę powtarzam lat około dwanaście, ale gdybym miał dziś na szyi powróz, to jeszcze gardłem przywartym chrypiałbym, że Polska jest ostatnie na ziemi społeczeństwo, a pierwszy na planecie naród.

Kto zaś jedną nogę ma długą jak oś globowa, a drugiej wcale nie ma, ten - o! jakże ułomny kaleka jest !

Cyprian K. Norwid.
List do Michaliny Dziekońskiej
z 14 listopada 1862 roku

Так сталася, што апошнім часам я амаль увадначас чытаў дзьве кнігі — Пятра Краўчанкі «Беларусь на распутье» і Тадэвуша Гавіна «Związek Polaków na Białorusi». Як быццам і розныя кнігі, але ў чымсьці вельмі падобныя і сугучныя. І справа тут ня толькі ў жанравай падобнасьці. Пасьля прачытаньня абедзьвюх кніг паўстала ў мяне ўражаньне, што гісторыя постсавецкай Беларусі і гісторыя Саюзу палякаў у Беларусі (СПБ) як быццам разыграліся паводле аднаго і таго ж сцэнару. Усё пачалося ад хвалебнага адраджэнскага ўздыму пачатку 90-х гг., які быў характэрны як для беларускім палякаў, так і для саміх беларусаў. Здавалася тады, што культура перамагае над палітыкай, што ўмовай сацыяльнага авансу становіцца ўжо не ступень рабскай ляяльнасьці да ўлады, а ўзровень асабістай культуры і маральная сталасьць. Але вось неўзабаве культуру ўдалося зацугляць і падпарадкаваць прыхамацям і зьменлівым капрызам улады. «У нас» — Лукашэнка, «у іх» — Кручкоўскі. Абодва русафілы, антыдэмакраты і макіявэлічныя палітыкі. Абодва для захаваньня і ўмацаваньня сваёй улады ахвотна прымалі дапамогу ад вонкавых сілаў — Лукашэнка ад Расеі, а Кручкоўскі ўжо ад Лукашэнкі, дарма што такая дапамога азначала адначасова калянізацыю з боку гэтых сілаў. Кручкоўскі, штопраўда, не застаўся на пасадзе старшыні, але беларуская ўлада падбала, каб ён амаль нічога не згубіў, — старшынёўства Юзафа Лучніка, стаўленіка ўладаў, гарантуе для Кручкоўскага цёплае й бясьпечнае месца ў Галоўнай управе СПБ.

Чаму культура пацярпела паразу? Можа, прыхільнікаў адраджэнскага курсу было колькасна мала? Можа, яны былі пазбаўлены магчымасьцяў дзейнічаць? Можа, мелі замала шанцаў? Мабыць, ані першае, ані другое, ані трэцяе. І адраджэнцаў было шмат, і магчымасьці былі, і шанцаў было дастаткова, але... Што хаваецца пад гэтым «але» і паспрабуем высьветліць у гэтым артыкуле. Зробім гэта на прыкладзе польскай меншыні ў Беларусі пры дапамозе выдадзенай у мінулым годзе кнігі заснавальніка і ганаровага старшыні СПБ Тадэвуша Гавіна, прысьвечанай гісторыі гэтай арганізацыі.

ТАДЭВУШ КРУЧКОЎСКІ — КРЭАТУРА
ПОЛЬСКАЙ ДЫПЛЯМАТЫІ ЦІ БЕЛАРУСКАГА КДБ?
ЦІ І ТЫХ, І ТЫХ?

Вось ужо некалькі апошніх гадоў былы старшыня СПБ Тадэвуш Кручкоўскі фігуруе ў польскіх мэдыях як адыёзная і дэструктыўная для польскага адраджэньня ў Беларусі постаць. Сёньня гэтае меркаваньне падзяляе і МЗС Польшчы, і польскае пасольства ў Беларусі. «Асобы, адказныя за тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, адчуюць вынікі», — гэтак сурова казаў на адрас Кручкоўскага і яго набліжаных колішні міністар замежных спраў Адам Ротфэльд у траўні 2005 г. «Адчуць вынікі» ім давялося адразу ж — у траўні таго самага году яны атрымалі забарону ўяжджаць у Польшчу.

Але яшчэ ў 2000 г. было зусім інакш. Тагачасны генэральны консул Польскай Рэспублікі ў Горадні Сыльвэстар Шостак пасьлядоўна і настойліва падтрымліваў праціўнікаў Гавіна, галоўным зь якіх быў Тадэвуш Кручкоўскі. «Ад пэўнага часу, — піша Гавін, — супраць мяне была польская дыпляматыя ў Горадні і беларускія ўлады». Гэтая сумная акалічнасьць паміж іншым і абумовіла адстаўку заснавальніка СПБ 5 ліпеня 2000 г. Добраахвотная адстаўка Гавіна мела таксама іншы матыў. Гавін адчуваў маральны абавязак падтрымаць беларускіх дэмакратаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 г. Адначасна ён меў сьвядомасьць, што калі ён застанецца на пасадзе старшыні СПБ і заангажуецца ў перадвыбарную кампанію на баку дэмакратычнага кандыдата, то тым самым падставіць пад небясьпечны ўдар кіраваную ім арганізацыю. Адсюль пастанова сысьці.

Гавін сышоў. Распачалася перадвыбарная кампанія ўнутры СПБ. Апрача Кручкоўскага, на пасаду старшыні прэтэндавалі таксама Тадэвуш Малевіч, Казімеж Конкаль, Ірэна Валюсь. Пачаткова сярод прэтэндэнтаў быў таксама Юзаф Пажэцкі, але ягоны лёс быў прадвырашаны загадкавай забаронай уезду ў Польшчу на пяць год, у сувязі з чым ён ня мог разьлічваць на перамогу. Сам Гавін быў адкрыты на супрацоўніцтва зь любым з гэтых кандыдатаў, у тым ліку і з Кручкоўскім, хоць крыху пазьней, даведаўшыся ад адной сваёй сяброўкі пра маральна неўпарадкаванае жыцьцё Кручкоўскага, пачаў выступаць супраць ягонай кандыдатуры.

Але Кручкоўскі ўжо меў салідную падтрымку з боку консула Шостака, з боку беларускіх уладаў і з боку «Гродненской правды». Гэтая апошняя напярэдадні выбараў у СПБ беспакарана апублікавала паклёпніцкі артыкул пад назвай «А король то голый», у якім Гавін быў прадстаўлены ў самых адыёзных іпастасях — КГБіст, ласы на грошы махляр, дэспат, які душыць маладыя парасткі польскага адраджэньня. Артыкул падпісаны псэўданімічна «Юры Кручынскі»; Гавін не выключае, што пад гэтым псэўданімам можа хавацца сам Кручкоўскі.

Шостак зусім не праняўся гэтай відавочнай несправядлівасьцю да той асобы, безь якой, мабыць, не было б польскага адраджэньня ў Беларусі, а калі б і было, дык напэўна пачалося б намнога пазьней (а не ў 80-я гг.) і скончылася б значна раней. Мяркую, што ў 80-я ані Кручкоўскі, ані Лучнік не адважыліся б нават заікнуцца пра правы польскае меншыні. Гэта мог зрабіць толькі чалавек такога фармату, як Гавін.

Шостак, гэтаксама як Мэндзэлеўскі (консул у Менску) і Кліманскі (консул у Берасьці) насіліся з ідэяй «дэпалітызацыі» СПБ, а што азначае ў лукашэнкаўскую пару «дэпалітызацыя», хіба, кожнаму ясна. Перакладаючы на больш зразумелую мову: «не-высоўвайся-болей-чым-трэба», «сядзі-ціха».

Гавін са сваімі маральнымі дылемамі («абавязак перад братамі-беларусамі за салідарнасьць з намі») і яснай, пасьлядоўнай грамадзянскай пазыцыяй («пакуль не паўстане ў Беларусі грамадзянская супольнасьць, палякі застануцца ўсяго толькі «папрашайкамі» ў стасунку да ўлады») быў для прыхільнікаў «дэпалітызацыі» ледзь не галоўным ворагам. Стратэгічнаю мэтай Кручкоўскага-Шостака-Мэндзэлеўскага-Кліманскага было разарваць усякія канэксіі СПБ зь беларускім адраджэнскім рухам і дэмакратычнымі сіламі. Нашто? Ну, можа, для польскасьці гэты разрыў нічога добрага і не прынясе, затое будзе «сьвенты спокуй» і тады Шостак будзе магчы спакойна піць каньяк з гарадзенскім губэрнатарам, а Кручкоўскаму ня трэба будзе баяцца закідаў у «апазыцыйнасьці» з боку беларускіх уладаў. Думаю, што «сьвенты спокуй», а для некаторых, магчыма, яшчэ і «holly dollar» і быў галоўным матывам «дэпалітызацыі» Саюзу і зьвязанай зь ёй маргіналізацыі Тадэвуша Гавіна.

ТРЫ ХВАРОБЫ ПОЛЬСКАЙ ПАЛІТЫЧНАЙ ЭЛІТЫ

Можна паставіць пытаньне: няўжо гэта ўсё рабілася бязь ведама польскіх палітычных элітаў, няўжо палякі ў Польшчы ня ведалі пра контравэрсійны плян «дэпалітызацыі» СПБ і брудную працэдуру элімінацыі Гавіна? «Ці падтрымка, аказаная польскай дыпляматыяй Кручкоўскаму, — гэта несьвядомая памылка, ці ўсё ж сьвядомы разьлік?» — пра гэта я пытаўся ў Гавіна падчас сёлетніх Дзён беларускай культуры ў Кракаве. Гавін у сваім адказе дапусьціў, што за ўсім гэтым магло стаяць тагачаснае польскае МЗС. У сваёй кніжцы ён узгадвае пра ліст правых сэнатараў Польшчы да польскага міністра замежных спраў, у якім тыя пасьля свайго візыту ў Горадню ажно да нябёсаў прыўзносяць асобу Сыльвэстра Шостака, а нават наважваюцца скарыстаць імя Божае для большай пераканаўчасьці: «Відавочна, сам Пан Бог хацеў, каб хтосьці такі, як пан Шостак, быў консулам у Беларусі ў Горадні і апекаваўся нашымі суродзічамі».

Да чаго прывяла гэтая апека, мы ўжо ведаем. Хеўра Кручкоўскага, падтрыманая «богаабраным» консулам, эфэктыўна спрычыніцца ў 2005 г. да расколу ў СПБ і возьме ўдзел у антыпольскай прапагандзе, раскручанай на ўсю вітушку беларускімі спэцслужбамі і БТ. Адкуль гэтая недальнабачнасьць польскіх палітыкаў? Чаму ані «Wspólnota Polska», ані адпаведная камісія ў Сэнаце Польшчы своечасова не распазналі натуру Кручкоўскага, Скрабоцкага, Тарасевіча? Часткова гэта можна растлумачыць тым, што Кручкоўскі, як і кожны макіявэлічны палітык, добра ўмеў «туману ў вочы пускаць». Напрыклад, у траўні 2001 г. падчас ІІ зьезду Палёніі і палякаў замежжа ў Варшаве Кручкоўскі атрымаў буру аплядысмэнтаў пасьля свайго выступу, у якім пераконваў публічнасьць да мэтазгоднасьці супрацоўніцтва зь «любой уладай» у Беларусі дзеля сьвятой справы польскага адраджэньня ў Беларусі.

Але на гэты «макіявэлізм» Кручкоўскага наклаліся іншыя фактары, а менавіта некаторыя заганныя ўстаноўкі, уласьцівыя частцы польскай эліты. Менавіта дзякуючы ім макіявэлізм Кручкоўскага аказаўся такім эфэктыўным. Я б выдзеліў прынамсі тры такія ўстаноўкі.

Па-першае, партыкулярысцкая мэнтальнасьць перакананьне, што інтарэсы палякаў у Беларусі сутнасна адрозныя ад інтарэсаў беларускіх адраджэнцаў і змагароў за дэмакратыю. З гэтага лягічна вынікае, што для дабра польскага адраджэньня трэба адасобіцца ад адраджэнскіх і дэмакратычных актывістаў, якія ва ўмовах аўтарытарызму аўтаматычна трапляюць у катэгорыю «апазыцыі». Гэткая мэнтальнасьць уласьцівая многім польскім палітыкам і культурным дзеячам правай арыентацыі, а менавіта яны найчасьцей (нават пры левых урадах) вызначаюць палянійную палітыку.

Па-другое, аўтарытарная мэнтальнасьць. Польшча — гэта, без сумневу, дэмакратычная краіна, але гэта не зьмяняе факту, што шэраг ейных палітыкаў адкрыта ці прыхавана сымпатызуюць аўтарытарызму. Гэтая сымпатыя можа мець дзьве розныя генэзы: яна можа выводзіцца з камуністычна-пээрэлеўскай мінуўшчыны (калі быў парадак і стабільнасьць), а можа быць таксама адваротным бокам нацыяналістычнай устаноўкі. Сымпатыкі аўтарытарызму першага тыпу расьсеяныя¹ ў асноўным у шэрагах Саюзу левых сілаў, Польскай сацыял-дэмакратыі, Самаабароны, а некаторыя адколкі посткамуністычных «аўтарытарнікаў» трапілі ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы на тэрыторыях былога СССР, як напрыклад Сыльвэстар Шостак у Горадню.

  філёзаф і багаслоў. Аўтар кнігі «Паўстаньне Беларусі» (Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007). Аўтарская назва тэксту — «Лёс палякаў у Рэчыпаспалітай Беларусі».
   
Сымпатыкі аўтарытарызму другога тыпу гуртуюцца ў асноўным вакол нацыянал-каталіцкага, ксэнафобскага і антысэміцкага радыё «Марыя», у арбіце ўплываў якога знаходзіцца нацыяналістычная і антызаходняя Ліга польскіх сем’яў і, часткова, паноўная цяпер партыя «Права і справядлівасьць». Арыгінальнаю па сваім ідэйным зьмесьце зьяўляецца партыя «Самаабарона» Анджэя Лепэра, якая спалучае ў адзіным акордзе як пээрэлеўскія (скажам: савецкія) настроі, так і ваяўнічы нацыяналізм. Вось чаму Самаабарона магла ў розныя пэрыяды пасьпяхова ўваходзіць у кааліцыю як з крайне правай «Лігай польскіх сем’яў», так і з посткамуністычным Саюзам левых сілаў. Лідэр Самаабароны, як вядома, зьяўляецца вялікім сябрам і сымпатыкам Аляксандра Лукашэнкі. Гэта менавіта Лепэр, будучы віцэ-старшынём польскага сэйму, у 2004 г. прыбыў у Беларусь, каб падтрымаць Лукашэнку падчас канстытуцыйнага рэфэрэндуму, які павінен быў пакласьці (і паклаў) канец апошняй азнацы дэмакратыі — кадэнцыйнасьці галавы дзяржавы.

Кажучы пра жывучасьць аўтарытарнай мэнтальнасьці сярод палякаў, не магу не згадаць аднаго выпадку, зь якім мне асабіста давялося сутыкнуцца. Нейк у 2003 г. мне пашчасьціла «падыскутаваць» з адным каталіцкім сьвятаром, які прыехаў з Польшчы працаваць у Беларусь. У Беларусі ён вось ужо доўгі час займае даволі высокую пасаду ў каталіцкіх структурах. Спачатку размаўлялі мы зь ім пра некаторыя аспэкты духоўнага выхаваньня, але нейк неўпрыкмет размова перайшла ў грамадзка-палітычнае рэчышча. Вось некаторыя ўрыўкі з гэтае размовы:

— Што тычыцца Беларусі, — кажа гэты ксёндз, — то ведаеш, браце, гэта, я табе скажу, — апошняя свабодная краіна ў Эўропе.

Я тут зьніякавеў і нейкі час нават ня ведаў, што адказаць.

— Але... — кажу — «свабодны край» — гэта калі браць пад увагу лінію «Ўсход — Захад» ці «Захад — Усход»?

Тут мой суразмоўца на момант сумеўся, але неўзабаве знайшоў удакладняльны адказ і зь перакананьнем выпаліў:

— Думаю, што і так, і так.

— Гэта значыць, па-вашаму, Беларусь — адзіная свабодная краіна ў Эўропе?

— Дакладна гэтак! — ахвотна пагадзіўся мой суразмоўца.

У далейшай размове гэты ксёндз мяне апантана пераконваў, што ва ўмовах жорсткага адзінаўладзьдзя можна намнога болей карыснага зрабіць для народу, чым ва ўмовах парлямэнтарызму, дзе ўсе сварацца і перакрыкваюць адзін аднаго, што дэмакратыя анічога добрага Польшчы не прынесла і нам таксама не прынясе, і што ён увогуле вельмі шануе беларускую ўладу і абсалютна нічога супраць яе ня мае. На маю заўвагу, што ва ўмовах аўтарытарызму магчымыя беспакараныя расправы з апанэнтамі, рэпрэсіі і паняволеньне грамадзтва, гэты ксёндз адказаў: «Ну, так, з палітычнымі падбухторшчыкамі так і павінна быць». «Палітычныя падбухторшчыкі» — вось так пагардліва і брутальна ён абазваў тых, сьветлую памяць якіх мы штомесяц 16-га дня ўшаноўваем запальваньнем сьвечкі і хвілінай маўчаньня. Далей размаўляць з гэтым чалавекам я ня бачыў сэнсу.

Гэты прыклад яскрава паказвае, што дэмакратыя нават у дэмакратычных краінах далёка не для ўсіх зьяўляецца відавочнай каштоўнасьцю. Таму нічога дзіўнага, што раз-пораз будуць у нас зьяўляцца «сябры» кшталту Анджэя Лепэра ці цытаванага толькі што ксяндза.

Па-трэцяе, рэлятывізм. Калі мы пачытаем стэнаграмы паседжаньня сэнацкай Камісіі па справах эміграцыі і палякаў за мяжой, прысьвечанага Саюзу палякаў у Беларусі (паседжаньне адбылося 28 верасьня 2004 г.), якую прыводзіць у сваёй кнізе Гавін, дык можам пераканацца, што дыскусія польскіх сэнатараў на тэму праблемаў у СПБ збольшага праходзіла водле лёгікі, якую найлепш адлюстроўвае наступны анэкдот. Прыходзяць да рабіна два пасвараныя паміж сабой жыды. Рабін выслухаў першага і кажа: «Што ж, ты маеш рацыю». Пазьней выслухаў другога і кажа: «Што ж, ты таксама маеш рацыю». Адзін з прысутных абурыўся на рабіна і кажа яму: «Як жа так, паважаны рабіне, ты і першаму сказаў, што мае рацыю, і другому. Але ж у такой сытуацыі толькі хтосьці адзін зь іх можа мець рацыю!» Рабін паварочваецца да яго і кажа: «Што ж, і ты таксама маеш рацыю!» Падчас працяжных прамоваў старшыні Камісіі Тадэвуша Жэмыкоўскага ажно шэсьць разоў зьяўлялася фраза: «Nie wiem, jak to rozwiązać» або «...nie umiem określić». І вось за гэтым станам «ня ведаю, як вырашыць» лёгка прасочваецца звычайнае нежаданьне займаць якую-небудзь акрэсьленую пазыцыю ў вырашэньні канфлікту паміж групай Гавіна і групай Кручкоўскага. Ну, бо так намнога лягчэй прыняць танную і ні да чаго не абавязваючую формулу: «няма праўды» або: «у кожнага свая праўда», чым мабілізаваць сябе да грунтоўнага дасьледаваньня сытуацыі і выясьненьня аб’ектыўнае праўды. Для Жэмыкоўскага важнейшым за праўду быў ягоны ўласны страх, што «калі б мы сказалі, што ня хочам супрацоўнічаць з панам Кручкоўскім і ня будзем даваць яму грошай, пакуль ён будзе старшынём, то ўвесь сьвет нас папросту абсьмяяў бы». Гэты страх, трэба дадаць, быў цалкам ірацыянальны, бо насамрэч ніхто нармальны не абсьмейваў бы за адмову фінансаваньня маральна скарумпаванага старшыні, які зьяўляецца пры гэтым калябарантам выклятага цывілізаваным сьветам рэжыму і навязвае кіраванай ім арганізацыі прыніжальную пазыцыю «сядзі-ціха». А калі ў 2005 г. роля Кручкоўскага ўжо ні ў каго не выклікала сумневу, то ўжо было позна нават на «абсьмейваньне», можна было хіба што толькі «аплакваць» маладушную пазыцыю сэнатара Жэмыкоўскага.

Вось гэтымі трыма хваробамі польскай палітычнай эліты — партыкулярысцкая мэнтальнасьць, аўтарытарныя сымпатыі і рэлятывізм — і тлумачыцца гэты дзіўны парадокс, а менавіта тое, што дэмакратычная дзяржава падтрымала антыдэмакратычнага кандыдата на пасаду старшыні Саюзу палякаў у Беларусі і маўкліва заакцэптавала цкаваньне па-сапраўднаму дэмакратычнага і бяз рэшты адданага справе польскага адраджэньня Тадэвуша Гавіна.

Выснова з гэтага ўсяго напрошваецца такая: адказнасьць за раскол у СПБ і драматычныя наступствы ў значнай ступені пачывае, між іншым, на колішнім польскім Сэнаце (асабліва той Камісіі, чыім заданьнем было займацца праблемамі палякаў у Беларусі) і польскай дыпляматыі 2000—2005 гг. Сярод дыпляматаў і сэнатараў збольшага панаваў кансэнсус наконт дыстанцыяваньня Гавіна і фаварызацыі Кручкоўскага, хоць рэгулярныя парушэньні статуту гэтага апошняга, а нават неапраўданыя парушэньні беларускага заканадаўства былі досыць відавочнымі.

Але ўнутры польскае дыпляматыі былі таксама людзі, якія парушалі гэты заганны кансэнсус. Гэта быў перадусім Марыюш Машкевіч, які быў паслом у Беларусі падчас выбараў у СПБ у 2000 г. У дзень выбараў, які быў адначасна днём нагонкі на Гавіна, Машкевіч выступіў з прамоваю, у якой падкрэсьліваў вялікія дасягненьні Гавіна ў часы кіраваньня Саюзам і падкрэсьліў ягоны ўклад у будаваньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. На жаль, у 2002 г. на месца Машкевіча прыбыў Тадэвуш Паўляк, чалавек з сындромам экспэрта, з гатовымі адказамі на ўсе магчымыя пытаньні. Гэтыя запраграмаваныя ўстаноўкі, зь якімі Паўляк прыехаў у Беларусь, доўгі час перашкаджалі яму адэкватна ўспрымаць беларускую рэчаіснасьць, у тым ліку і праблемы беларускіх палякаў.

Можа, нам падаецца, што вельмі лёгка быць абаронцам дэмакратыі, калі твая радзіма зьяўляецца дэмакратычнай краінай. Насамрэч гэта далёка ня так. Чалавеку, які зьяўляецца пасьлядоўным і бескампрамісным абаронцам правоў і годнасьці чалавека, часьцяком наканавана быць нонканфармістам нават у дэмакратычнай краіне. Бо трэба адрозьніваць дэмакратыю як аксіялёгію і дэмакратыю як палітыку. Для некаторых (а можа і для многіх) дэмакратыя — гэта ўсяго толькі пэўны палітычны кансэнсус, своеасаблівая «жэнэўская канвэнцыя», «дамоўленасьць» паміж палітыкамі наконт паводзінаў у выпадку выйгрышу або пройгрышу. Ну, і ясна, што для «палітычных дэмакратаў» ня мае вялікага значэньня, ці ў суседняй краіне ёсьць дэмакратыя. Няма ў Беларусі дэмакратыі? ну і Бог зь ёй, Беларусь ад Польшчы розьніцца ўсяго толькі тым, што там пануюць іншыя правілы палітычнай гульні.

Зусім інакш ставяцца да Беларусі тыя, для каго дэмакратыя ёсьць чымсьці большым, чым палітыка. Для іх дэмакратыя — гэта перадусім аксіялёгія, зь якой зьвязаны пэўныя прынцыпы, якія абавязковыя ў любым кутку плянэты — годнасьць, недатыкальнасьць і свабода чалавечай асобы. Думаю, што дэмакраты другога тыпу ў любой краіне знаходзяцца ў меншасьці і вельмі часта мусяць цярпець неразуменьне і непрыняцьце з боку свайго «дэмакратычнага» асяродзьдзя. Да такіх дэмакратаў аксіялягічнага тыпу трэба залічыць Марыюша Машкевіча. Ці не падаецца дзіўным, што пасьля таго, як Машкевіч быў пасаджаны беларускімі ўладамі ў турму падчас сакавіцкіх падзеяў 2006 г., дык рэакцыя польскай дыпляматыі была надзвычай «памяркоўнай». А гэта ж быў не абы-хто, а былы пасол у Беларусі! І толькі пасьля энэргічнага пратэсту бацькі Машкевіча, які атрымаў шырокі рэзананс у польскіх мэдыях, польская дыпляматыя аказала рэальны ўплыў на беларускія ўлады, каб вызвалілі пана Машкевіча.

Чарговай асобай у польскай дыпляматыі, якая парушала непамысны кансэнсус і якога таксама можна залічыць да тыпу дэмакратаў аксіялягічнага тыпу, быў Марак Буцька, першы сакратар пасольства пры Тадэвушу Паўляку. Ён, вядома ж, ня меў вялікага ўплыву на тое, што адбываецца, тым больш, што экспэрт Паўляк ня дужа быў схільным прыслухоўвацца да яго. Але маральная падтрымка, якую Буцька аказваў Гавіну, усё ж мела сваё значэньне. Дзесьці ад 2003 г. кардынальна мяняецца пазыцыя генэральнага консула ў Горадні Анджэя Крэнтоўскага. Крэнтоўскі пачаткова прытрымліваўся лініі свайго папярэдніка — Шостака, гэта значыць, імкнуўся дыстыянцаваць Гавіна і падтрымліваць Кручкоўскага, але празь нейкі час, відавочна, зразумеў неапраўданасьць такога курсу і рашыўся нават публічна перапрасіць Гавіна за ранейшае няўважлівае трактаваньне.

* * *

Пасьля прачытаньня кнігі Гавіна хочацца зацытаваць горкія словы вялікага польскага прарока Цыпрыяна Норвіда: «Мы — ніякае грамадзтва. Мы — адно толькі вялізны нацыянальны штандар». Дакладна гэтыя ж словы хочацца цытаваць таксама пасьля прачытаньня згаданай на пачатку кнігі Краўчанкі «Беларусь на распутье», бо яны адносяцца таксама і да беларусаў, ну, можа з пэўнаю папраўкай: «нацыянальны штандар» трэба хіба замяніць на «савецкі штандар».

Параза дэмакратызацыйных працэсаў у Беларусі, а таксама разбурэньне Саюзу палякаў у Беларусі сталася магчымым таму, што ў нашых шэрагах зашмат было «беспазваночных». «Беспазваночныя» — гэта людзі часьцяком добрыя і сьветлыя, са шляхетнымі ідэі і добрымі інтэнцыямі, але якія ўсё ж пазбаўлены крэпкага маральнага хрыбта, дзякуючы якому можна было б гэтыя добрыя ідэі рэалізаваць і не разьменьваць на дробныя манэты кар’ерызму і асабістай бясьпекі.

Але ёсьць яшчэ адно пачуцьцё, якое ўзьнікае падчас чытаньня кнігі Гавіна. Гэта радасьць. Радасьць з таго, што пачынальнік польскага адраджэньня ў сваёй кнізе раз-пораз згадвае пры трывалую і ўстойлівую салідарнасьць, якая зьвязвала палякаў і «братоў-беларусаў». У 1999 г., у вельмі цяжкі для СПБ час, калі над арганізацыяй навісла пагроза дэлегалізацыі «толькі беларускія дэмакратычныя сілы пасьлядоўна нас падтрымлівалі» — падкрэсьлівае Гавін. І ў зьвязку з гэтым здаецца вельмі сымбалічнай тая акалічнасьць, наступ на СПБ з боку беларускіх уладаў найбольш актывізаваўся акурат у траўні 2005 г., роўна ў 10-ю гадавіну ганебнага рэфэрэндуму ў Беларусі. Пра гэту акалічнасьць я пісаў у 19-м нумары «Нашай Нівы» за 2005 г., канстатуючы «памаранчавую рэвалюцыю ў Саюзе палякаў у Беларусі». Дазволю сабе тут зацытаваць адпаведны фрагмэнт:

Сымбалічна, што наступ на Саюз палякаў адбыўся амаль у самую гадавіну (10 год!) наступу на беларускую нацыянальную культуру. Так, менавіта 10 год таму, 14 траўня 1995 г., быў праведзены рэфэрэндум, папярэджаны бруднай прапагандай тыпу «Дзяцей хлусьні», які быў прыдуманы дзеля расправы зь беларускім адраджэнскім рухам. Была вернута савецкая сымболіка, герб і сьцяг, які не нясе ў сабе акрэсьленага культурнага ці гістарычнага зьместу. А ў сёлетні травень улады захацелі, каб такі ж сьцяг залунаў над беларускімі палякамі. Не над іхнімі будынкамі — бо і нашто? — але каб залунаў у іхніх галовах. Але савецкая прышчэпка не прынялася.

Савецкая прышчэпка не прынялася, бо палякі ўсё ж такі выбралі, нягледзячы на ўсе супрацьдзеяньні беларускіх уладаў, таго, каго лічылі патрэбным. А тое, што ўлада пры дапамозе «беспазваночных» здолела завесьці свае парадкі, пры аказіі «здаўшы» многіх сваіх агентаў, не перакрэсьлівае сымбалічнай значнасьці той «памаранчавай рэвалюцыі», якая адбылася ў СПБ у сакавіку 2005 году.

Гавін у сваёй кнізе не шкадуе цёплых словаў пад адрасам «братоў-беларусаў» і, няма сумневу, робіць гэта шчыра, тым больш, што прыводзіць багата фактаў, якія і сапраўды даюць падставу нам, беларусам, парадавацца тым, што аказалася ў нас дастаткова маральнае сілы, каб салідарызавацца з палякамі ў цяжкія для іх моманты. Ня лішнім будзе нагадаць, што ў пэўны момант гісторыі БССР, калі ўлада ў гэтай рэспубліцы (хай сабе намінальна і савецкай) была яшчэ ў руках беларусаў-адраджэнцаў, польская мова была адной зь дзяржаўных моваў. Гэта ўжо пазьней, калі прыйшла хваля сталінскага тэрору, як польскасьць, так і беларускасьць сталася аб’ектам сыстэматычнага перасьледу. Трэба спадзявацца, што ў будучым традыцыя салідарнага суіснаваньня беларусаў і палякаў ня будзе занядбана.

Цыпрыян Норвід калісьці закідаў сваім суродзічам, што «чалавек у паляку — карлік». Сёньня можам сказаць, што побач з намі жывуць палякі, дзе «чалавек у паляку — гігант». Да такіх палякаў можна залічыць выдатных дзеячаў СПБ — Тадэвуша Гавіна, Анжаліку Борыс, Станіслава Пачобута, Лявона Подляха і шэраг іншых. Такімі гігантамі зьяўляюцца таксама палякі і полькі, якія частку свайго жыцьця і здароўя прысьвяцілі змаганьню за свабоду Беларусі, напрыклад, Марыюш Машкевіч, Вэраніка Самалінская, Кася Квяткоўская.

Усё гэта дае падставы для глыбокай радасьці і аптымізму.

  ¹ Падкрэсьліваю: «расьсеяныя», г.зн., я не хачу сказаць, што называныя далей партыі спрэс і цалкам такія.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/09/02