A R C H E П а ч а т а к № 6 (57) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


6 - 2007

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • літаратура • палеміка

 


аналітыка

  Віталь Сіліцкі

Вокладка «ARCHE» №6
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Віталь Сіліцкі
«A Do-Nothing Congress» — «Кангрэс, які нічога ня робіць»¹
Кангрэс дэмакратычных сіл, што адбыўся ў Мінску 26—27 траўня 2007 г., мусіў даць адказ на пытаньне, ці мае беларуская апазыцыя надзею на тое, каб стаць сапраўднай палітычнай сілай, якая здольная дамагчыся дэмакратычных пераменаў у краіне. На жаль, вынікі кангрэсу не даюць падставаў для аптымістычнага адказу.

Падрыхтоўка да кангрэсу і нават барацьба за яго скліканьне суправаджаліся інтрыгамі, якія разгортваліся на фоне відавочнага крызісу апазыцыі, што паглыбіўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 г., нягледзячы на тое, што грамадзянскі супраціў падчас і пасьля выбараў адрадзіў надзею на ўзмацненьне дэмакратычнага руху ў Беларусі. За год пасьля выбараў адзінства апазыцыі было страчанае. Акрамя таго, апазыцыя фактычна праігнаравала цэлю сэрыю канфліктаў, што разгарнуліся паміж дзяржавай і часткамі грамадзтва на працягу году, і ня здолела выразна азначыць сваю пазыцыю ў найбольш вызначальных пытаньнях разьвіцьця Беларусі. Так, па-за ўвагай дэмакратычных сілаў засталіся шэраг «працоўных канфліктаў» і галадовак, якія вяліся грамадзянамі ў абарону сваіх палітычных, сацыяльных і рэлігійных правоў, «нафтагазавая вайна» паміж Беларусьсю і Расеяй узімку 2007 г. і нават студзеньскія мясцовыя выбары, што скончыліся поўным правалам апазыцыі і да якіх яна фактычна нават і не рыхтавалася.

Замест гэтага апазыцыйнае кіраўніцтва патраціла ўвесь год пасьля прэзыдэнцкіх выбараў на высьвятленьне ўнутраных адносінаў і барацьбу за лідэрскія пазыцыі ўнутры кааліцыі. Адзіным пазытыўным вынікам кангрэсу можна прызнаць тое, што, нягледзячы на ўсе супярэчнасьці і супрацьстаяньне, Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы пазьбеглі распаду. Аднак сьпіс няўдачаў і расчараваньняў нашмат даўжэйшы.

Замена лідэра АДС Аляксандра Мілінкевіча на інстытут сустаршыняў наўрад ці прывядзе да актывізацыі апазыцыі. Прапанаваная стратэгія дэмакратычных сілаў, якая заяўляе пра неабходнасьць пошуку дыялёгу з уладамі, ужо была трапна ахарактарызаваная крытыкамі як стратэгія чаканьня, якая ўжо пасьпела адштурхнуць як тую частку грамадзтва, што выступае за дэмакратычныя перамены, так і тых, хто гатовы і здольны за гэтыя перамены змагацца. Але найбольшае расчараваньне палягае ў тым, што кангрэс цалкам сканцэнтраваўся на пытаньнях лідэрства і праігнараваў актуальныя для ўсёй краіны тэмы. Напрыклад, пра падрыхтоўку да парлямэнцкіх выбараў 2008 г. на форуме не было сказана амаль ні слова.

Публіцыст Пётра Рудкоўскi слушна ахарактарызаваў як «цёмную» лёгіку падрыхтоўкі да кангрэсу і яго правядзеньня, гэтак сама як і ролю вонкавых фактараў у яго арганізацыі. Сапраўды, у нас ёсьць прычыны для таго, каб сумнявацца ў шчырасьці некаторых заяваў прыхільнікаў кангрэсу, напрыклад, што зьмена лідэрства ў АДС «падштурхне да канкурэнцыі» паміж кіраўнікамі кааліцыі і зробіць усю дэмакратычную апазыцыю больш жыцьцяздольнай і больш адпаведнай патрабаваньням і арыентацыям грамадзтва. Нягледзячы на тое, што мы цалкам згодныя з крытыкай на адрас былога адзінага кандыдата апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча ў пасіўнасьці і бязьдзеяньні, цяжка не заўважыць, што калектыўная замена Мілінкевічу — гэта вэтэраны апазыцыйнай палітыкі, якія мелі больш чым дастаткова часу за апошнія 10 гадоў, каб хоць неяк даказаць сваю прыдатнасьць да палітычнага лідэрства — і якія раз-пораз цярпелі няўдачу.

Тыя ж самыя сумневы можна выказаць і да праграмных дакумэнтаў апазыцыі, прыняцьце якіх стала фармальнай прычынай скліканьня кангрэсу. Новая стратэгія АДС грунтуецца на дэклярацыі «пошуку дыялёг» паміж уладамі і апазыцыяй, пры тым што ў ёй адсутнічае бачаньне таго, якім чынам апазыцыя здолее прымусіць урад сесьці за стол перамоваў. Аднак, нагадаем, менавіта прапанова дыялёгу была падставай для найбольш жорсткай крытыкі Мілінкевіча прыхільнікамі новага кіраўніцтва апазыцыі пасьля таго, як былы адзіны кандыдат зьвярнуўся да Лукашэнкі 7 лютага 2007 г. з прапановай пераадолець рознагалосьсі паміж уладай і апазыцыяй у сьвятле пагрозаў, што паўсталі перад Беларусьсю ў выніку нафтагазавага канфлікту з Расеяй. Такую непасьлядоўнасьць цяжка растлумачыць нечым іншым, акрамя таго, што сапраўднай мэтай скліканьня кангрэсу была не стратэгія, а сам спадар Мілінкевіч. Больш за тое, незразумела, якім чынам стратэгія чаканьня здолее, як сьцьвярджаюць некаторыя яе абаронцы, дапамагчы апазыцыі атрымаць падтрымку большасьці насельніцтва Беларусі. У любым разе, адхіленьне лідэра, які, нягледзячы на свае недахопы і пасіўнасьць, меў падтрымку ў грамадзтве на ўзроўні ў 3—4 разы вышэйшым, чым усё астатняе апазыцыйнае кіраўніцтва разам узятае, наўрад ці ёсьць добрым крокам у пагоні за галасамі.

У той жа час нельга не зазначыць, што тая частка кангрэсу, якая была супраць зьмены лідэра і стратэгіі чаканьня («Малады фронт», фракцыя былога палітвязьня Міколы Статкевіча, рух «За Свабоду»), у сваю чаргу таксама ня здолела прадставіць яснага бачаньня будучыні дэмакратычных сілаў. «Радыкальная стратэгія», прадстаўленая М. Статкевічам, на наш погляд, пераацэньвае здольнасьць апазыцыі дамагчыся палітычных пераменаў сіламі апазыцыйнай меншасьці. Такім чынам, мы апынуліся ў сытуацыі, калі дэфіцыт бачаньня і стратэгіі распаўсюдзіўся на ўвесь апазыцыйны лягер незалежна ад яго стаўленьня да былога лідэра. Дэмакратычныя сілы відавочна ня здолелі прыйсьці да разуменьня таго, якія перамены мусяць адбыцца ў іх шэрагах, і замест гэтага выбралі шлях працягу тых відаў дзейнасьці, да якіх яны прызвычаіліся за апошнія дзесяцігодзьдзі, у адпаведнасьці з бачаньнем, перакананьнямі і схільнасьцямі асобных частак апазыцыі.

Такім чынам, замест таго, каб намеціць шляхі выхаду апазыцыі з крызісу і ператварыць яе ў дзейсную палітычную сілу, кангрэс толькі ўскрыў крызісныя тэндэнцыі, што накопліваліся ў яе шэрагах на працягу году. Такое ўскрыцьцё ёсьць само па сабе пазытыўным фактам, бо дазваляе больш рэалістычна ацаніць стан дэмакратычных сіл і прадказаць іх трансфармацыю ў будучым, а таксама дае глебу для прапановаў у пошуку шляхоў пазытыўных зьменаў унутры апазыцыі. Засяродзімся, аднак, на тым, што кангрэс выкрыў:

o Адносны посьпех Аляксандра Мілінкевіча на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 г. павялічыў яго палітычную вагу несувымерна з усім астатнім кіраўніцтвам апазыцыі. Яго імкненьне да сапраўднага аб’яднаньня апазыцыі паставіла пад пагрозу пазыцыі лідэраў і арганізацыйную суцэльнасьць традыцыйных партыйных структур, што дамінуюць у АДС. Гэтыя структуры ўжо даўно de facto перасталі быць партыямі ў паўнавартасным сэнсе слова і пераўтварыліся ў палітычныя клюбы, якія легітымізуюць статус і амбіцыі іх лідэраў.

o Мілінкевіч, якога цяжка назваць «антырасейскім» палітыкам (калі ня браць пад увагу той сэнс, што надаецца палітычнымі тэхнолягамі, якія бачаць у гэтым сьвятле любога палітычнага дзеяча, які адмаўляецца быць правадніком палітычных праектаў, што паходзяць з Расеі), адначасова паўстаў лідэрам, які надаваў пэўную рэспэктабэльнасьць нацыянальным і праэўрапейскім памкненьням дэмакратычнай апазыцыі. У той самы час пэўныя колы ў Расеі цягам апошняга году непрыхавана заклапаціліся адсутнасьцю «прарасейскай» апазыцыі ў Беларусі. Асабліва відавочным гэта стала падчас нафтагазавай вайны ўзімку 2007 г. Зьяўленьне палітычнага лідэра, які зрабіў выразную заяву, што ўстрымаецца ў палітычнай барацьбе ад дзеяньняў, якія зробяць шкоду незалежнасьці ці эканамічным інтарэсам Беларусі, яўна супярэчыла памкненьням да стварэньня такой «новай» апазыцыі. На вонкавы аспэкт актывізацыі прарасейскіх сілаў указвае тое, што яна адбылася ў той момант, калі пранезалежніцкія настроі ў беларускім грамадзтве дасягнулі найвышэйшага пункту за ўсю гісторыю.

o Апазыцыйная кааліцыя была сфармаваная перад выбарамі 2006 г. шляхам складаных кампрамісаў і вонкавага ціску, зь сілаў, паміж якімі існуюць фундамэнтальныя рознагалосьсі ў найбольш ключавых палітычных, эканамічных і замежнапалітычных пытаньнях. Падаецца, што сама кааліцыя, а не яе дзеяздольнасьць, стала ключавым пунктам для тых актораў, якія дазволілі кангрэсу адбыцца, не зважаючы на працаздольнасьць АДС у сёньняшняй форме. Можна прыйсьці да высновы, што імітацыя прагрэсу, а ня сам прагрэс, сталі больш важным чыньнікам як для значнай часткі апазыцыі, так і для часткі міжнароднай супольнасьці, што падтрымлівае дэмакратычны рух і асабліва палітычныя партыі.

Той факт, што Расея пачынае граць большую ролю ў фармаваньні палітычнага ляндшафту на апазыцыйным полі ў Беларусі, падаецца відавочным. Можна лёгка заўважыць, што значная частка расейскай палітычнай эліты і экспэртнай супольнасьці ўпэўненыя, што цэнавы шок, спрычынены нафтагазавым канфліктам, расхістае падмуркі палітычнага і эканамічнага ладу ў Беларусі і паскорыць трансфармацыю і нават каляпс палітычнага рэжыму. У гэтых умовах адсутнасьць «прарасейскай апазыцыі» можа прывесьці да самых нечаканых паваротаў у гэтай трансфармацыі. Такім чынам, фармаваньне такой апазыцыі падаецца як палітычная неабходнасьць апераджальнага плянаваньня сцэнару такой трансфармацыі, каб забясьпечыць паўстаньне новых элітаў у Беларусі, якія будуць спрыяльныя геапалітычным і эканамічным інтарэсам Расеі. У адпаведнасьці з гэтай лёгікай, зьмена варты ў кіраўніцтве апазыцыі падаецца як зачыстка палітычнай прасторы перад ажыцьцяўленьнем амбітнага палітычнага праекту перад прэзыдэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца ў 2011 ці нават у 2010 г. Калі такі праект сапраўды будзе рэалізаваны, выкажам меркаваньне, што яго цэнтральнай фігурай ня будзе аніводзін зь сёньняшніх сустаршыняў палітычнай рады АДС, уключаючы яе de facto кіраўніка Сяргея Калякіна.

Аднак нават калі наша гіпотэза пра праект фармаваньня «прарасейскай апазыцыі» мае рацыю, заўважым, што гэты праект будзе грунтавацца на цалкам беспадстаўным бачаньні рэсурсу стабільнасьці лукашэнкаўскага рэжыму і здольнасьці беларускай апазыцыі да эфэктыўных дзеяньняў у новай канфігурацыі.

o Перш за ўсё, мы не прадбачым цягам наступных некалькіх гадоў такіх крызісных тэндэнцыяў у беларускай эканоміцы і сыстэме ўлады, што здольныя стварыць акно магчымасьцяў для зьмены існай улады. Сцэнары каляпсу звычайна грунтуюцца на перабольшваньні памеру эканамічных стратаў, якія панясе беларуская эканоміка ў выніку павышэньня цэнаў на нафту і газ. Таксама такія прагнозы цалкам выключаюць магчымасьць адаптацыі беларускай эканомікі і ўладаў да новых эканамічных рэалій, нават калі ён робіць відавочныя захады дзеля такой адаптацыі. Напрыклад, рашэньне аб рэзкім скарачэньні сацыяльных ільготаў сьведчыць пра тое, што беларускія ўлады цалкам здольныя на непапулярныя меры дзеля таго, каб стабілізаваць эканоміку. Нарэшце, «прагнозы каляпсу» ня ўлічваюць ідэалягічнага і прапагандысцкага рэсурсу уладаў. Напрыклад, упершыню ў гісторыі абсалютная большасьць беларусаў сьведчыць перад незалежнымі сацыёлягамі, што яны гатовыя да таго, каб цярпець эканамічныя страты дзеля захаваньня незалежнасьці Беларусі. Нагадаем, што беларускія ўлады даволі пасьпяхова прадставілі нафтагазавы канфлікт менавіта як «змаганьне за незалежнасьць».

o Па-другое, падобныя гіпатэтычныя палітычныя праекты маюць абмежаванае поле для рэалізацыі ўнутры самой Беларусі. Такія праекты рэалізуюцца найперш на «партыйным» сэгмэнце, у той час як абсалютная большасьць апазыцыйных сіл на нізавым узроўні прадстаўлена грамадзянскай супольнасьцю і грамадзянамі, якія не заангажаваныя партыямі. Гэты сэгмэнт беларускага дэмакратычнага грамадзтва па азначэньні ня можа граць значнай ролі ў кааліцыйнай барацьбе. Ён знаходзіцца ў «шэрай» праўнай зоне ці наўпрост пад пагрозай перасьледу па крымінальным заканадаўстве нават з прычыны існаваньня незарэгістраваных структур, таму нават фармалізацыя адносінаў дзеля афармленьня ўдзелу ў кааліцыйным гандлі (напрыклад, склад сьпісаў сяброў) падстаўляе грамадзянскую супольнасьць пад перасьлед уладаў. Няцяжка заўважыць, што шляхам дэлегалізацыі грамадзянскай супольнасьці і ліквідацыі большасьці дзеяздольных партыйных структур (але ня іх цэнтральных офісаў!) улады «запраграмавалі» апазыцыю на кааліцыйныя разборкі, бо гэта адзіны від палітычнай дзейнасьці, якім яшчэ можна займацца ў праўным полі. Аднак партыйная палітыка на сёньняшні дзень наўрад ці мае сэнс (нагадаем, напрыклад, што падзел паміж «партыйнай» і «прамілінкевічаўскай» часткамі кааліцыі ня можа быць вызначаны нейкімі ідэалягічнымі і геапалітычнымі паказчыкамі: апошняя частка сапраўды праэўрапейская і празаходняя, у ёй прадстаўленыя нацыянал-дэмакратычны, левы і лібэральны флянгі, у той час як першая ўяўляе зь сябе пярэстую кааліцыю ад нацыяналістаў (БНФ) да прарасейскіх камуністаў (ПКБ). Аднак варта памятаць, што менавіта ў грамадзянскім сэктары сканцэнтраваныя тыя, хто робіць паўсядзённую працу дэмакратычнай апазыцыі на нізавым узроўні. Гэты сэгмэнт таксама выразна нацыянальна арыентаваны і праэўрапейскі, ён не паддаецца наўпрост партыйнай дысцыпліне і ім нельга кіраваць так, як кіраваліся некаторыя партыйныя фракцыі на кангрэсе дэмсілаў. Разрыў паміж палітычным кіраўніцтвам і незалежным грамадзтвам можа прывесьці да такой сама катастрофы для апазыцыі, як гэта было падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г., калі прапанова палітычнымі сіламі сцэнару, што ня быў успрыняты грамадзянскай супольнасьцю, прывяла да таго, што на акцыі пратэсту супраць магчымых парушэньняў выбарчага заканадаўства выйшла ня больш за некалькі сотняў чалавек. Любы «прарасейскі праект», хутчэй за ўсё, будзе асуджаны на падобны вынік.

Такім чынам, нават калі праект фармаваньня прарасейскай апазыцыі і існуе, ён відавочна ўзяў фальстарт. Аднак гэты праект канчаткова пацерпіць няўдачу менавіта тады, калі нарастаньне крытычных тэндэнцыяў у беларускай эканоміцы і грамадзтве пяройдзе ў новую стадыю і падставы для палітычных перамен пачнуць высьпяваць. Аналітычнае і экспэртнае супольніцтва мусяць быць гатовыя да падобнага разьвіцьця падзеяў дзеля выпрацаваньня сапраўднай дэмакратычнай альтэрнатывы ў момант магчымых рэальных палітычных зьменаў.

  палітоляг, сталы аўтар «ARCHE».

 ¹ Выраз выкарыстоўваўся прэзыдэнтам ЗША Гары Трумэнам, які крытыкаваў недзеяздольную апазыцыю ў рэспубліканскім кангрэсе ЗША
ў 1940-х гг.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/08/25