A R C H E | П а ч а т а к | № 7-8 (58-59) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Андрэй Кіштымаў | ||||
Андрэй Кіштымаў
Падвядзеньне вынікаў альбо зьвядзеньне рахункаў? Петриков, П. Т. Очерки новейшей историографии Беларуси
Няма ніякіх сумневаў у тым, што чальцу-карэспандэнту НАН Беларусі, доктару гістарычных навук, прафэсару Пятру Ціханавічу Петрыкаву варта было ўзяцца за гістарыяграфічную тэматыку. Вэтэран беларускай гістарычнай навукі (з 1961 г. у акадэмічным Інстытуце гісторыі) ён як ніхто іншы дасьведчаны ва ўсіх відных і таемных баках беларускай гістарычнай кухні за апошнія паўстагодзьдзя. Вось і падвёў бы вынікі, напісаў бы мэмуары, урэшце, стаў бы першым беларускім гісторыкам, які засвоіў бы гэты жанр. Бо ні Мітрафан Доўнар-Запольскі, ні Ўладзімер Пічэта, ні Іларыён Ігнаценка ўспамінаў па сабе не пакінулі. Аднак азначаная гістарычная вакансія па-ранейшаму застаецца незанятай. Замест гэтага чытач атрымаў прадукт іншага жанру — не падвядзеньне вынікаў, а зьвядзеньне рахункаў. Падобна, што новае кіраўніцтва акадэмічнага Інстытуту гісторыі вырашыла ўсур’ёз разабрацца са сваімі апанэнтамі. І разам з маштабнай чысткай сваіх шэрагаў (а за апошнія гады з інстытуту вымушаныя былі сысьці такія гісторыкі, як Н. Стужынская, Г. Сагановіч, Т. Процька, А. Кіштымаў, С. Тарасаў, Ю. Грыбоўскі) яно парупілася й пра ідэалягічнае забесьпячэньне гэтай справы. «Працэс пайшоў» у 2005 г., калі пад акадэмічным грыфам зьявілася манаграфія В. Панюціча «Историография аграрной истории Беларуси 1861—1917 гг.». Яе аўтар не саромеецца ў выразах. Работы сваіх апанэнтаў ён характарызуе як «разьятраны антысавецкі пасквіль», а іх зьмест — гэта «суцэльнае ачарненьне савецкай, у тым ліку беларускай, гістарыяграфіі гісторыі эканомікі, зоалягічная нянавісьць да Савецкай і сучаснай улады, суцэльны панэгірык прыватнай уласнасьці і рынкавым адносінам, Захаду»1. Ёсьць і сьпісы тых аўтараў, якія «працягвалі паглыбленае дасьледаваньне аграрных адносінаў, сялянскага руху ў Беларускім рэгіёне, зыходзячы з аб’ектыўных заканамернасьцяў гістарычнага працэсу і клясавага падыходу», і тых, якія «спрабавалі перапісаць аграрную гісторыю беларускага народу, грунтуючыся на новых «навуковых» канцэпцыях». Натуральна, што ў апошніх «гэтая спроба скончылася няўдачай»2. А як жа! Яны ж бяз клясавага падыходу захацелі ўплішчыцца ў нашыя клясавыя, ідэалягічна вывераныя гістарычныя шэрагі. Усё як у вялікай палітыцы: «Рукі прэч ад сінявокай Беларусі і яе нескаламучанай гісторыі!» Такім чынам, у Петрыкава ёсьць папярэднікі, а ў сучаснай Беларусі гістарыяграфічны жанр ізноў, як і ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя, стаў набываць выразныя прыкметы палітычнага даносу.
* * * Схема манаграфіі простая. Паводле яе аўтара, ёсьць клясы і ёсьць клясыка — наробак беларускай савецкай гістарыяграфіі. І ўсё, што зьявілася на беларускай гістарычнай глебе за апошні дзясятак гадоў, П. Петрыкаў правярае на адпаведнасьць клясаваму падыходу і дасягненьням гэтай гістарыяграфіі. А тое, што не зьмяшчаецца ў пракрустаў ложак савецкай гістарыяграфіі, заслугоўвае ўсялякага ганьбаваньня. Пры чытаньні кнігі Петрыкава мяне літаральна зь першых старонак стала перасьледаваць адчуваньне déjа-vu. Праца новая, а вось моўныя звароты, прыёмы палемікі, урэшце — доказны шэраг нагадваюць нешта старое, знаёмае, хоць, здавалася, даўна і добра забытае. Што ж гэта? І вось тут давядзецца прыгадаць штосьці зусім незнаёмае для тых, хто прыйшоў у гістарычную навуку ў апошнія 15—20 гадоў. Крытыка буржуазных фальсыфікатараў гісторыі — так называўся гэты жанр, найактуальнейшы для савецкай гістарыяграфіі 1960-х, 70-х, ды й 80-х (для тых, хто пасьпеў) гадоў. Пісаліся такія кніжкі проста і жвава. Паводле схемы: як нізка ўпалі гэтыя антыкамуністычныя вычварэнцы, у той час калі ёсьць марксісцка-ленінскія працы і Вялікая савецкая энцыкляпэдыя, дзе ўсё ўжо вытлумачана, прычым канчаткова і незваротна. Цяжкасьці палягалі ў іншым. Трэба было ведаць чужую мову і мець допуск у спэцсховы, дзе працы гэтых самых фальсыфікатараў і вартаваліся. Астатнія савецкія гісторыкі ня бачылі нават вокладак іх кніг, але кіраваліся формулай, вынайдзенай падчас цкаваньня Пастарнака: «Не чытаў, але асуджаю!» Здараліся на гэтым шляху і гістарычныя казусы, накшталт фільмаў жахаў. Прывід камунізму не заўсёды перамагаў у барацьбе зь мітамі антыкамунізму. То бок сьпярша ён конча перамагаў і ставіў на ворагах таўро «ганьба!», але потым фальсыфікатарскія дэманы ўсё-ткі авалодвалі сваім экзэрсісам. Вось жа выдаў Мікалай Іваноў у Менску кнігу «Критика фальсификации истории социалистического строительства в БССР (1921—1937 гг.)» і дысэртацыю адпаведную абараніў, але дэманы-спакушальнікі выявіліся мацнейшымі: урэшце прывялі яго ў супрацоўнікі радыё «Свабода». Вядома, Пятру Ціханавічу такая канфузія не пагражае. Ідэалягічная загартоўка ў яго больш трывалая, чым у ягоных былых асьпірантаў. Але і сытуацыя зьмянілася карэнным чынам. Учора вораг быў ля брамы, сёньня — калі меркаваць паводле рэцэнзаванай кнігі — залез у родную хату. Сьпісы гэтых ворагаў, зь некаторымі варыяцыямі, неаднаразова прыводзяцца ў «Очерках». Стандартны і сьпіс абвінавачваньняў на іх адрас: русафобія, антысаветчына, забыцьцё клясавых падыходаў, нігілістычнае адмаўленьне «ранейшых канцэптуальна-мэтадалягічных асноваў савецкай гістарыяграфіі». Д’ябал хаваецца ў дробязях. І такімі «дробязямі», на думку аўтара, для беларускай гістарыяграфіі сталіся некаторыя якасныя характарыстыкі ключавых гістарычных працэсаў. Антыфэадальная альбо нацыянальна-вызвольная вайна, вяртаньне альбо ўзбуйненьне, савецкая ўлада, таталітарны рэжым альбо камандна-адміністрацыйная сыстэма, узьяднаньне альбо далучэньне, а мо ўваходжаньне, інкарпарацыя, захоп? Зьмена тэрміну — як здрада Радзіме. Пра што б ні вёў наш гістарыёграф — працы-абагульненьні альбо папулярызатарскія пытаньні й адказы зь беларускай гісторыі, пра артыкулы ў часопісах альбо школьныя падручнікі, энцыкляпэдыі альбо зборнікі выступаў на канфэрэнцыях — паўсюль ён выяўляе адну і тую крамолу, народжаную ў 1990-х гг. Зразумела, што стваральнікі савецкай гістарыяграфіі выйшлі з сталінскага шыняля, ленінскай кепкі і фрэнча Кагановіча. Падобна, што дзесьці ў куце мільгаў і расейскі імпэрскі бот. Пра гэта, праўда, стараліся маўчаць, але ў крытычныя моманты згадвалі то Пятра І, то Аляксандра Неўскага, то Суворава з Кутузавым. Але такія гарнітуры ўжо ня носяць. І абутак адпаведны пазношваўся. Наагул і з клясамі я параіў бы сёньня абыходзіцца асьцярожней. Іначай непазьбежна нарвесься на нязручныя пытаньні. Ну, напрыклад, якія клясы сёньня пры ўладзе ў беларускім грамадзтве? Альбо прадстаўніком якога клясу выступае прэзыдэнт і па сумяшчальніцтве галоўны гісторык РБ? А яшчэ — о жах! — чыю клясавую замову выконвае сам Пётар Ціханавіч?
* * * Чытаючы «Очерки», увесь час задаеш сабе пытаньне: «Якому Петрыкаву верыць?». Таму, хто сьцьвярджае, што «мэтадалёгія — вучэньне аб структуры, мэтадах і спосабах дасягненьня Ісьціны» (с. 20; тут і далей указаньне старонак рэцэнзаванай кнігі), альбо таму, хто піша: «Мэтадалёгія — ня ёсьць сума разнастайных мэтадаў. Мэтадалёгія навукі ёсьць вучэньне аб прынцыпах пабудовы, формах і спосабах навуковага спазнаньня» (с. 45). Але ж нас пераконвалі ўжо, што «заканамернасьці, ступені і формы спазнаньня, яго дачыненьне да аб’ектыўнай рэчаіснасьці» вывучае гнасэалёгія (с. 20). Дый мэтадалёгія ў аўтара то існуе аўтаномна ад канцэпцыі (с. 20), то ідзе за ёй у дужках, пэўна, выступае яе сынонімам (с. 31). Ці варта верыць аўтарскаму закліку падыходзіць да гісторыі з клясавых пазыцыяў? Але як жа тады кіравацца беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі, да чаго ня менш настойліва заклікае аўтар? Хіба заўсёды і ва ўсім гэты самы «беларускі нацыянальны інтарэс» супадае з інтарэсам клясавым? А мо ўсё сапраўды «заключаецца ў суадносінах меры, матэрыяльных і духовых пачаткаў у грамадзтве, яго клясавай структуры» (с. 4)? Тады аўтару варта назваць гэтую «меру» альбо, прынамсі, параіць чытачу пудамі ці кілямэтрамі тую меру мерыць. То Пётар Ціханавіч сьцьвярджае, што «клясавы зьмест гістарычнай навукі ліквідаваць немагчыма» і ў якасьці доказу падае цьверджаньне вядомага савецкага гісторыка Мікалая Пакроўскага: «Гісторыя ёсьць палітыкай, перакуленай у мінулае» (с. 3). То, крытыкуючы М. Біча і М. Касьцюка за іх нацыянальна-дзяржаўную канцэпцыю гісторыі Беларусі, аўтар гатовы стаць апанэнтам і Пакроўскага. Бо «калі вывучаць нашую гісторыю з гледзішча сымбіёзу нацыянальнага і дзяржаўнага на сучасным этапе, ва ўмовах існаваньня Рэспублікі Беларусь, то давядзецца пагадзіцца з формулай, што гісторыя ёсьць палітыкай, перакуленай у мінулае» (с. 32).
* * * Падзел на «сваіх» і «чужых», «нашу» і «ня нашу» гісторыю набывае ў кнізе фантастычны характар. Паўстаньне пад кіраўніцтвам Касьцюшкі і сам ён — «ня нашы». Таму што «перамога гэтага паўстаньня прывяла б да новай інкарпарацыі Беларусі ў Рэч Паспалітую, канчатковага акаталічваньня праваслаўнага насельніцтва, канчатковай палянізацыі беларусаў і зьнікненьня іх як этнасу з мапы Эўропы» (с. 38). Але ж на некалькі старонак раней Рэч Паспалітая абвяшчалася і «нашай» дзяржавай, дзяржавай «для беларусаў і іх продкаў» (с. 31). Мала таго, «для нашага народу, для Беларусі гэтае паўстаньне было не прагрэсіўным, а кансэрватыўным. Яно абяцала нам дэмакратыю ў абмен на нацыянальную згубу» (с. 38). Дык вось у чым, як выявілася, палягае галоўная гістарычная небясьпека для беларусаў — у дэмакратыі. І яе носьбіты — нашы галоўныя ворагі. На думку аўтара, «такі самы ня толькі антырасейскі, але і антыбеларускі характар мелі польскія паўстаньні 1830—1831 гг. і 1863 г. (с. 121). Тут недаравальна памылілася і савецкая гістарыяграфія, якая зрабіла з Каліноўскага «сапраўды нацыянальнага героя беларускага народу» (Тамсама). Ды й наагул ня варта сьцьвярджаць, што ў нас гэтыя паўстаньні былі. Трэба прызнаць «неправамоцным далейшае выкарыстаньне штампа беларускай савецкай гістарыяграфіі, што гэтыя паўстаньні «былі ў Польшчы, Літве і Беларусі». У такім выпадку можна казаць, што гэтыя паўстаньні былі ў Польшчы і Расеі, таму што беларускія і літоўскія землі знаходзіліся ў яе складзе» (с. 241). Дык мо варта наагул адмяніць гісторыю Беларусі празь яе заўсёднае «знаходжаньне» ў чужым складзе? Затое царызм — «наш». Бо менавіта ён «даваў магчымасьць пісаць на беларускай мове Дуніну-Марцінкевічу, Францішку Багушэвічу, Максіму Багдановічу, Алаізе Пашкевіч, Янку Купалу, Якубу Коласу і шматлікім іншым дзеячам беларускага Адраджэньня» (с. 64—65), а беларусаў выратаваў ад суцэльнага акаталічваньня і палянізацыі. «Царскі ўрад ахоўваў беларускі этнас ад нацыянальна-рэакцыйнага польскага ўплыву, клапаціўся, каб у Беларусі не змарнелі апошнія парасткі «рускасьці» ў галіне навукі і культуры» (с. 63). Во як! Дзякуй імпэрыі Раманавых за нашае шчасьлівае мінулае, бо інакш «і сканаў бы беларускі этнас, калі б у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) беларускія землі не далучылі да Расеі, а беларускі народ, Беларусь не ўзьядняліся з расейскім народам у адзінай Расейскай дзяржаве» (с. 119). Аўтару цяжка выкарыстоўваць новую тэрміналёгію. Зразумела, ён перакананы, што ягоныя супернікі стаяць на мадэрнісцкім і постмадэрнісцкім грунце (с. 7). Праўда, чытач ніколі не дазнаецца, дзе, калі і як яны ўсьпёрліся на гэты грунт, бо адпаведных спасылак няма. Са спасылкамі наагул таямніца. Здавалася б, праца па гістарыяграфіі паводле вызначэньня патрабуе велізарнага і вычарпальнага даведкавага апарату. Але ў «Очерках» паўнавартасныя спасылкі ёсьць толькі ў адным разьдзеле з васьмі — «Периодические издания». А адсутнасьць паказальніка імёнаў у такой кнізе мяжуе з элемэнтарнай непавагай і да таго, пра каго пішуць, і да таго, хто чытае. Цяжкасьці ў аўтара і з ужываньнем дзьвюхкосьсяў і прапісных літараў. Калі на адной і той самай старонцы прызнаецца незалежнасьць былых саюзных рэспублік пасьля развалу СССР, то тут жа гэтая незалежнасьць падаецца ў двукосьсі (с. 5), і вельмі цяжка зразумець, ці верыць у гэтую незалежнасьць сам аўтар. Затое ў выкарыстаньні вялікіх літараў аўтар дзейнічае паводле прынцыпу: «Патравы любяць прыправы!» Гэта ягоныя апанэнты пачалі прыход бальшавікоў да ўлады называць не Вялікай, не Кастрычніцкай і нават не рэвалюцыяй альбо, як мінімум, падаваць яе з маленькай літары. І нават савецкая ўлада ў іх стала з маленькай літары, і камуністычная партыя. І гэта ў той час, калі, як трэба разумець аўтара, вялікіх літараў вартыя і Кіраўнік дзяржавы, і Космас, асвоены грамадзянамі (?) БССР, і сама Гісторыя Беларусі (с. 22).
* * * Што яшчэ выклікае асаблівую небесстароннасьць аўтара? Мэтадалёгія трох «дэ» — прапанаваны на пачатку 1990-х гг. тэзіс дырэктара Інстытуту гісторыі НАН М. Касьцюка пра тое, што «дасьледаваньне гісторыі гістарычнай Айчыны павінна быць дэідэалягізаванае, дэпалітызаванае і дэпартызаванае. Бяз гэтых трох «дэ» нельга адысьці ад раней зададзеных высноваў, якія мы мелі на працягу доўгага часу»3. І тут я цалкам на баку Пятра Ціханавіча, бо «ня можа быць дэідэалягізаванай гістарычнай навукі, як і навукі наагул» (с. 29). Але толькі М. Касьцюк і ягоны паплечнік, тады намесьнік дырэктара акадэмічнага Інстытуту гісторыі па навуковай працы М. Біч, тут зусім ні пры чым. Вядома, яны не заклікалі перайсьці да вывучэньня дыстыляванай гісторыі, вольнай ад палітычных і ідэалягічных уплываў. Гаворка вялася пра адмову ад ранейшых канонаў, якія да таго часу завялі айчынную гістарычную навуку ў ладны тупік. Але, каб правесьці ў жыцьцё гэтыя самыя «дэ», у іх не было ні сіл, ні рэсурсаў. Ды і заклік гэты прагучаў даволі позна — у 1993 г. То бок у той час, калі канчаткова выявілася гістарычнае банкруцтва ранейшай ідэалёгіі, развалілася разам з Савецкім Саюзам ранейшая палітыка, а партыя — КПСС — была проста распушчаная. І не асабістая Касьцюка і Біча ў тым заслуга. |
гісторык, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Тэма абароненай у 2001 г. кандыдацкай дысэртацыі — «Беларусь на выстаўках ХІХ — пач. ХХ ст.». У сфэру ягоных навуковых інтарэсаў уваходзіць гісторыя этнічнай самасьвядомасьці, канфэсійная гісторыя, пытаньні гістарыяграфіі і гісторыі беларускай гістарычнай навукі.
1 Панютич, В. П. Историография аграрной истории Беларуси 1861—1917 гг. Мн., 2005. С. 250. 2 Тамсама. С. 253.
|
Можа, усё значна прасьцей? Дастаткова прыгадаць, што прыход Касьцюка і Біча да кіраваньня Інстытутам гісторыі для самога Петрыкава азначаў страту дырэктарскай пасады, і заклік да трох «дэ» азначаў разьвітаньне з гістарычнай спадчынай «петрыкаўскай эпохі». Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Зробім невялічкі тэст. Параўнаем цьверджаньне, што «канцэпцыя гісторыі Беларусі павінна адлюстроўваць (улучаць) і ўлічваць усе найважнейшыя падзеі і зьявы нашага сацыяльна-эканамічнага, грамадзка-палітычнага і этна-нацыянальнага (цывілізацыйнага) мінулага ў сучасных межах Рэспублікі Беларусь з улікам узаемадачыненьняў з бліжнімі і далёкімі народамі і краінамі», і выснову, што «гэтая канцэпцыя прадугледжвае дасьледаваньне праблем этнагенэзу беларусаў, станаўленьня і разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці на ўсіх этапах яе існаваньня і ва ўсіх формах праяўленьня…, праблемы культуры, канфэсійных адносінаў, узаемаадносінаў з суседнімі і больш далёкімі краінамі і народамі». Першы выпадак — тэзіс Петрыкава (с. 22), другі — Біча (с. 31). Падабенства ўражвае, аж да бліжніх і далёкіх народаў і краін, краін і народаў. Няма і не было прынцыповай розьніцы ў тэарэтычных пабудовах тых, хто пачынаў свой шлях у гістарычную навуку ў 60-х гадох мінулага стагодзьдзя. «Нацыянальна-дзяржаўная канцэпцыя» Біча — Касьцюка (с. 31) альбо петрыкаўскія «этна-нацыянальныя інтарэсы беларускага народу» (с. 37) зусім не супярэчаць і не выключаюць адзін аднаго. Хіба не барацьба за сваю нацыянальную дзяржаўнасьць і да сёньня застаецца галоўным інтарэсам і ляйтматывам тысячагадовай беларускай гісторыі? Проста адныя гісторыкі знайшлі ў сабе мужнасьць перагарнуць мінулую старонку гісторыі, а іншыя так і не зразумелі, што саветы матэрыяльнай базы камунізму не пабудавалі4, і да сёньня перакананыя, што марксізм-ленінізм, апроч «досьведу СССР», яшчэ жыве і квітнее ў «Кітаі і іншых краінах» (с. 46). Я не кітаязнаўца, хоць і моцна сумняюся, што сучасны Кітай жыве паводле запаветаў Маркса—Леніна. Яшчэ менш магу паверыць аўтару, быццам сучасны Кітай — узор дэмакратыі і захаваньня правоў чалавека (с. 255). Але хацелася б верыць, што Беларусь хоць бы ня пойдзе паўночна-карэйскім альбо кубінскім шляхам. Цьвёрдым арэшкам для аўтара стаўся Якаў Трашчанок. Петрыкаў салідарны зь ім у інтэрпрэтацыі ўсяго «дасавецкага» пэрыяду гісторыі Беларусі. Але вось другая частка трашчанкоўскай «Истории Беларуси», на ягоную думку, «не навукова-аналітычная, а кампіляцыйна-палітызаваная праца зь некаторымі развагамі, аўтарскімі ацэнкамі і абагульненьнямі даволі вольнага характару» (с. 93). У чым жа прычына такой мэтамарфозы? Як аўтар папярэдняй «сур’ёзнай навуковай працы» пачаў выдаваць «пасажы», нявартыя сучаснага беларускага гісторыка» (с. 94), называць «нягоднікам» Іосіфа Сталіна, сумнявацца з дакладнасьці савецкай статыстыкі (с. 98)? На жаль, наш гістарыёграф ніяк не тлумачыць прычынаў гістарычнага перараджэньня Трашчанка і ягонага ператварэньня ў звычайнага палітыкана і кампілятара.
* * * У працах такога кшталту прынцыповае значэньне мае ня толькі тое, што напісаў аўтар, але і тое, пра што ён вырашыў прамаўчаць. Разгортваеш разьдзел «Научная периодика» — і не знаходзіш там нават згадкі пра «Беларускую мінуўшчыну», «Беларускі гістарычны агляд», «Гістарычны альманах». Мімаходзь згадваецца «Спадчына». Чаму? Можа, аўтар лічыць, што гэта гістарычная друкаваная дробязь, ня вартая ўвагі. Але гэтаму ніхто ня дасьць веры. Другая загадка. Вельмі важная праблема гістарыяграфіі — вывучэньне арганізацыі гістарычнай навукі. Здавалася б, за апошнія 10—15 гадоў у гэтай галіне ў нас адбыліся кардынальныя зьмены. Зьнік галоўны штаб партыйнай навукі — Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ, затое зьявіліся новыя гістарычныя НДІ (напрыклад, Навукова-дасьледчы інстытут дакумэнтазнаўства і архіўнай працы), рэарганізаваная архіўная справа, ішло стварэньне навуковых асацыяцыяў гісторыкаў. Я ўжо не кажу пра значныя кадравыя перамены — адна толькі чахарда з кіраўніцтвам акадэмічнага інстытуту гісторыі красамоўна сьведчыць пра вельмі напружаныя стасункі ў дырэктыўнай верхавіне айчыннай гістарычнай навукі. А дзе ў рэцэнзаванай працы пытаньні падрыхтоўкі навуковых кадраў, хоць бы сьціслы колькасны і якасны аналіз — колькі зьявілася новых дактароў і кандыдатаў навук, па якой тэматыцы яны абараняліся? Аднак спэцыяльнага разьдзелу з выкладам арганізацыйных асноваў беларускай гістарычнай «кухні» ў манаграфіі няма. Асобныя ж развагі аўтара пра гэтыя асновы — анэкдатычнага характару. Так, Мікола Ермаловіч разам з Уладзімерам Арловым на жаданьне Петрыкава зрабіліся «вучнямі-пасьлядоўнікамі» былых дырэктараў Інстытутаў гісторыі АН БССР і гісторыі партыі пры ЦК КПБ (с. 7). Сказаць так — гэта значыць асабліва цынічна абразіць і першых, і другіх.
* * * Бясспрэчна, ня варта згадваць гісторыю, арыентуючыся толькі на юбілейныя даты ў календары. Але ў манаграфіі 2007 г. выданьня асаблівую ўвагу зьвяртаеш на інтэрпрэтацыю падзеяў расстрэльнага 1937-га і ўсяго, што зь ім зьвязана. Прысуды тых гадоў сталі ў канчатковым выніку прысудам той уладзе, што іх выносіла. З тэмы рэпрэсіяў у СССР пачалася рэабілітацыя замардаванай ідэалягічным прэсам гістарычнай навукі. У яе вярталіся ня проста імёны. Вярталіся цэлыя гістарычныя праблемы і пэрыяды. Сьпярша былі артыкулы пра Курапаты Зянона Пазьняка, а ўжо потым і 100, і 150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі, і гэткія ненавісныя Петрыкаву «Нарысы гісторыі Беларусі», і не згаданыя ім, але прынцыпова важныя для новай беларускай гістарыяграфіі тры выпускі «З гісторыяй на «Вы». Для Петрыкава дзяржаўныя рэпрэсіі ў Савецкім Саюзе — гэта ўсяго толькі «казырная карта … у руках вонкавых і ўнутраных ворагаў Краіны Саветаў у часы «халоднай вайны» (с. 206). І вінаватыя ў рэпрэсіях самі рэпрэсаваныя. Бо «падобнага роду рэпрэсіі датычна сваіх супернікаў і схаваных ворагаў улада лічыла неабходнымі, таму што абараняла сваё існаваньне» (с. 207). А для абароны, як нам вядома зь беларускай гісторыі, усе сродкі добрыя, нават Курапаты. Аўтар ня мае сумневаў ва ўсяўладзьдзі ўлады, а ў тых, хто мае сумневы, пытаецца: «Дапушчальна пры гэтым спытаць: ці мела ўлада права выкарыстоўваць рэпрэсіі супраць грамадзян, якія сталі на шлях барацьбы супраць гэтай улады, на падрыхтоўку яе скіданьня ў будучыні?» (с. 207). Ужо адно тое, што ГУЛаг «папаўнялі і відавочныя ворагі Савецкай улады, што змагаліся супраць яе са зброяй у руках» (с. 76), апраўдвае ягонае існаваньне. Лёгіка нашага гістарыёграфа накшталт лёгікі опэрупаўнаважанага ОГПУ. Не жадалі беларусы ісьці ў калгасы, толькі ў 1930 г. адбылося больш за 500 узброеных сялянскіх выступленьняў. Значыць, трэба ставіць пытаньне: «Калі «ўзброеных», то адкуль зброя? Захоўвалі і хавалі з часоў Першай усясьветнай і Грамадзянскай войнаў? Навошта? Чакалі палякаў альбо немцаў? Тады апраўданыя дзеяньні ўладаў па ліквідацыі «пятай калёны» і рэпрэсіях відавочных і схаваных ворагаў» (с. 253).
* * * Асаблівая падзяка за кнігу Петрыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і яе Інстытуту гісторыі, пад чыім грыфам яна друкавалася, а таксама рэцэнзэнтам: дактарам гістарычных навук П. Лысенку, Г. Галенчанку, В. Панюцічу, М. Сташкевічу, Г. Карзенку.
* * * Якая ж будучыня, паводле Петрыкава, чакае беларускую гістарычную навуку? Бо працы «новага пакаленьня» зрабіліся «тормазам для далейшага творчага разьвіцьця гістарычнай навукі ў Рэспубліцы Беларусь» (с. 19). Па-першае, да 2010 г. нам абяцаная новая шматтомная «История Беларуси». Па-другое, будуць сур’ёзна карэктавацца школьныя і ўнівэрсытэцкія праграмы па гісторыі Беларусі. Па-трэцяе, прапануецца ўвесьці гістарычны дзяржкантроль, то бок «У адносінах дзяржаўнага спажываньня гісторыі (тут і далей вылучана аўтарам «Очерков»), з гледзішча дзяржаўнай ідэалёгіі, у падручніках для школьнікаў і студэнтаў, заявах афіцыйных дзяржаўных установаў і асобаў павінны быць дакладныя, навукова абгрунтаваныя высновы і ацэнкі афіцыйных дзяржаўных структур, найперш Інстытуту гісторыі НАН Беларусі як вышэйшай і комплекснай арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (с. 291). Ці сапраўды ўсё так безнадзейна і што ж я магу параіць беднаму чытачу? Бо страва, прапанаваная чальцом-карэспандэнтам замест «кашы», «вінэгрэту» і «мешаніны» (с. 7, 8, 28) «антырусістаў і русафобаў», сталася яшчэ менш ядомай і прывабнай. Здыміце з кніжнай паліцы нямецкі прадукт, надзейны, як аўтамабіль «Мэрсэдэс», фундамэнтальную манаграфію Райнэра Лінднэра «Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ—ХХ ст.» (Менск, 2003). Там ёсьць усё, апроч апошняй часткі. Але гэтая частка і застанецца недапісанай, пакуль будзе існаваць нацыянальная гісторыя і нацыянальныя гісторыкі Беларусі. |
3 Беларусістыка. Незалежнасць Беларусі: актуальныя праблемы — шляхі іх вырашэння. Мн., 1993. С. 16.
4 Гл.: Петриков, П. Т. Советы депутатов трудящихся БССР и их роль в создании материально- |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 7-8 (58-59) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |