A R C H E П а ч а т а к № 7-8 (58-59) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


7-8 — 2007

 



крытыка • аналітыка • гісторыя • літаратура • гутарка • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  Гары Куманецкі

Вокладка «ARCHE» №7-8
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Гары Куманецкі
Пяты «pARTisan»

pARTisan. № 5, 2007, альманах сучаснае беларускае культуры. Менск: Логвінаў. Накл. 250 ас.

Калі ў войнах паміж народамі хоць зрэдчас здараюцца перапынкі, то ў войнах культураў перапынкаў не бывае. І таму ў войнах культураў — культураў загінула болей, чым загінула народу ў збройных войнах народаў.

Валянцін Акудовіч

Сапраўдны партызан зьяўляецца калі захоча альбо калі мусіць — так ці інакш гэты момант прадбачыць цяжка. Не прайшло й паўгоду, пасьля выхаду чацьвертага нумару «pARTisan’а», а зьявіўся ўжо ягоны пяты нумар. Часопіс «pARTisan», рэдактарам якога ёсьць прэзыдэнт менскае Асацыяцыі Сучаснага Мастацтва Артур Клінаў, прысьвечаны пытаньням сучаснага інтэлектуальнага й культурнага жыцьця Беларусі.

Як немагчыма зь першага разу прасякнуцца жыцьцядайнымі якасьцямі джэзу таму, хто слухаў толькі савецкую эстраду, гэтак малавераемна, што зьмест і форма «pARTisan’а» будуць зразумелыя тым, хто не хадзіў гадамі на выставы, ня меў кантактаў з мастакоўскім сьветам. Зрэшты, стваральнікі часопіса і ня імкнуцца да масавасьці. Цяпер стаяць іншыя задачы. Перадусім — зьберагчы карпарацыйную атмасфэру людзей, што мысьляць візуальнымі вобразамі, катэгорыямі эстэтыкі, а не дыдактычнае паліталёгіі, маюць адпаведны прафэсійны досьвед альбо імкнуцца яго прыдбаць. «pARTisan» — гэта часопіс, што змушае па-іншаму зірнуць на сучасны беларускі культурны кантэкст. Ужо сама назва ўяўляе зь сябе iранічны ўдар (цi падкоп — у кожным выпадку: чыста партызанскае дзеяньне), скiраваны на пераасэнсаваньне самага ўкаранёнага ў беларускую сьвядомасьць сымбалю, самага культавага пэрсанажу найноўшае беларускае мiталёгii — Вялiкага Партызана.

Адным з нарожных камянёў беларускае савецкае міталёгіі была гэтак званая Вялікая Айчынная вайна. Менавіта на наступствы апошняе нямецкае акупацыі сьпісвалі нішчымнасьць савецкага побыту, убоства матэрыяльнае культуры, зьнішчэньне помнікаў, нізкі ўзровень культуры вытворчасьці й г. д. аж да дэфіцыту кілбасы й адсутнасьці фруктаў. Апошняй вайне прысьвечаная практычна неабсяжная гістарыяграфія й безьліч прадуктаў мастацкае дзейнасьці. Пры тым, аднак, мы гэтак і ня маем агульнае візіі тае вайны. Зь якога году, напрыклад, мы мусім лічыць яе пачатак? Ад польскае катастрофы 1939 г.? Ці ад будаўніцтва «лініі Сталіна»? А ці быў калі ў нас «міжваенны час», у атмасфэры польска-латвійска-савецкага памежжа, масавых палітычных рэпрэсіяў, бязьлітаснага культурнага шматбор’я?

Падобна, што вайна гэтая цягнецца несупынна ад легендарнага рэйду 1794 г. Вялікага Партызана, Стафана Грабоўскага, на Пухавічы, Бабруйск, Любань.

У пятым нумары «pARTisan’а» партызан застаецца самiм сабою, але ўжо стасуецца з новым часам i найноўшымі рэалiямi. Гераiзм — ягоны багаж і адзіны даробак у гэтым сьвеце. I несьцi цяжка, i кiнуць шкада.

Апошнi нумар часопiса «pARTisan» прысьвечаны тэме, якую можна ўспрымаць i ў надзвычай сур’ёзным кантэксьце, i ў iранiчным — ВАЙНЕ.

Новы нумар засяроджваецца на тэме вайны культураў, двубоі цывілізацыяў, фэномэне канфрантацыі наагул. Часопіс адкрываецца дыскусіяй у рэакцыі, у якой бяруць удзел Алесь Анціпенка, Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Андрэй Расінскі, Максім Жбанкоў. На думку ўдзельнікаў дыскусіі, гісторыя нацыянальнага адраджэньня — гэта досьвед антыкаляніяльнага супраціву беларускага культурнага героя. Незалежна ад таго, прымае яно форму крэатыўнага ці асьветніцкага працэсу альбо збройнае барацьбы. На працягу больш як двух стагодзьдзяў практыка партызана зьяўлялася неабходнай стратэгіяй самазахаваньня, безальтэрнатыўнай тэхналёгіяй выжываньня беларускае культуры.

У нумары зьмешчаны таксама тэкст Жбанкова «Радзіма як зваротны адлік», у якім аўтар дае дасьціпныя характарыстыкі змагарам, героям і партызанам з усіх бакоў усіх франтоў. Як не пагадзіцца з думкаю аўтара, што «Сёньняшні культурны канвэер засыпае краіну шлякам».

Ва ўнісон са Жбанковым разважае й кінакрытык Андрэй Расінскі, які ўздымае праблему ахвяраў. У эсэ «Культурніцкія войны як фабрыка ахвяраў» сьцьвярджаецца: у вялікай вайне пераможцаў не бывае, акупант сам становіцца ахвяраю, то бок закладнікам свае функцыі. Мы становімся ахвярамі міжполавага супрацьборства, клясавае барацьбы, змаганьня зь лібэртыянствам… Што праўда, аўтар раптоўна робіць выснову, што калі ўсё ж няможна спыніць культурніцкія войны, то, паламаўшы прыцэлы, мы зможам зьменшыць колькасьць ахвяраў, выйшаўшы, і зьвёўшы каго за сабою, з-пад агню.. А вось гэта й не атрымаецца. Бо лінія фронту праходзіць не па прасторы, і нават не па часе, а ў нас саміх. У кожным з нас.

Стваральнікі часопіса імкнуцца сфармуляваць тыя адметнасьці, што вылучаюць беларускую культуру ад культураў іншых народаў, самаідэнтыфікаваць сябе, прапанаваць дактрыны разьвіцьця нашага культурнага працэсу.

Вялікі артыкул, прысьвечаны гісторыі сьведамага вынішчэньня памятак мінуўшчыны й плянамернай зьмене культурнага ляндшафту, зьмясьціў Сяргей Харэўскі. Некаторыя фрагмэнты тэксту «Kamera.ru» Адама Глёбуса беларускім чытачам таксама будуць знаёмыя. Пісаныя шмат гадоў мініятуры зь нізкі «Расейская кунсткамэра» з розных прычынаў не маглі зьявіцца на старонках іншых выданьняў. Слова «вайна» неадрыўнае ад слова «Расея»: «Учытваюся ў назву Лява Талстоя «Вайна і мір» і разумею, што можна прыдумаць і зрабіць вайну, а прыдумаць мір нельга…» Хто вораг, становіцца ясна з карацелек Глёбуса, у якіх дасьціпна й жорстка дадзеныя характарыстыкі таго, што адрозьнівае нас ад іх. Чаму мы, амаль пагалоўна разумеючы расейскую, гэтак і не сышліся «як вада з алеем», пра што яшчэ ў 1823 г. пісаў зь Менску сваёй матушцы дзекабрыст Мураўёў? Падказкі тояцца ў «Kamera.ru». Зазірніце.

Як і ў папярэдніх нумарах, у новым нумары «pARTisan’а» шмат розных думак, меркаваньняў, прыпушчэньняў ды ўнікальных ілюстрацыяў, непаўторных здымкаў. Эстэты й спажыўцы сучаснага мастацтва знойдуць у ім багата спажывы. Мэта часопіса — адкрыць для беларускага чытача актуальнае мастацтва (Contemporary Art). Дэмакратычны арэол, што замацаваўся за авангардовым мастацтвам у краінах былога савецкага блёку, у сапраўднасьці — вынік недапушчэньня авангарду да ідэалягічнага заказу ўлады. Гэтак і сфармаваўся імідж апазыцыйнае (у дачыненьні да Сыстэмы) культуры, якая прыцягвала да сябе аўтараў — апанэнтаў рэжыму. Аднак шмат для каго зь іх авангардысцкія практыкі былі ня столькі сфэраю эстэтычных катэгорыяў, колькі перадусім тэхналёгіяй сацыяльнага супраціву.

Пра нялёгкія клопаты са сваім кнігазборам у эсэ «Вайна кніг»піша Андрэй Хадановіч. «Вось жа, — выгукае паэт, — хацеў разгарнуць мэтафару вайны расейскіх і беларускіх кніжак. Але паўнацэннае вайнушкі не атрымалася. Па-першае, у афэру хутка ўблыталіся цэлыя паліцы з францускімі, польскімі, украінскімі кніжкамі (…). Па-другое, лепшыя кніжкі на розных мовах хутка пачалі ўступаць у ваенныя хаўрусы супраць горшых».

Таксама ў гэтым часопісе зьмешчаная вялікая гутарка Марыйкі Мартысевіч з маладым украінскім пісьменьнікам Сяргіем Жаданам. Чытачы могуць таксама пазнаёміцца з творчасьцю мастачкі з Польшчы, стваральніцы выбітных пэрформансаў Катажыны Казыры.

Натуральна, вялікае месца ў часопісе займаюць рэфлексіі й артыкулы пра ўласна мастацтва. Варта адзначыць тут артыкул Юрася Барысевіча пра скульптара Андрэя Вераб’ёва «Галава да Неба», напісаны на мяжы публіцыстычнае крытыкі й лірычнае эсэістыкі.

«pARTisan» займае спэцыфічную нішу ў нашай культурнай прасторы. Найбольшая ўвага надаецца такім відам мастацтва, як сучасны фатаарт, мэдыя/відэаарт, пэрформанс, візуальная паэзія, мастацтва інсталяцыі, а таксама навацыйным пошукам у дызайне і рэкляме. Ужо з гэтае прычыны «pARTisan» разьлічаны на канкрэтную падрыхтаваную публіку, як, напрыклад, джазавая музыка разьлічаная на тых, хто гатовы яе ўспрымаць. Разам з тым уважлівы чытач (глядач) убачыць тут і шмат знаёмага: фота й тэкст нашаніўца Андрэя Лянкевіча, фота Ігара Саўчанкі, Сяргея Ждановіча, Сяргея Кажамякіна, мантажы й плякаты Ўладзімера Цэсьлера й Сяргея Войчанкі. А таксама філязофскія развагі Валянціна Акудовіча, гутарку з Альгердам Бахарэвічам. Рэцэнзіі на літаратуру й тэатар.

  гісторык архітэктуры.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 7-8 (58-59) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/10/22