A R C H E | П а ч а т а к | № 7-8 (58-59) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Сяргей Макарэвіч | ||||
Сяргей Макарэвіч
Настольная кніга для нацыяналіста «Ня бойцеся ахвяраў і пакут!»: Дакумэнты і матэрыялы пра дзейнасьць мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падзем’я (1948—1950 гг.). Укладаньне Міхася Чарняўскага. — Вільня: Наша Будучыня, 2006. 153 с. Чарняўскі, Міхась. Як пошуг маланкі: Расціслаў Лапіцкі. — Разглядаць кожную кніжку паасобку, роўна як і чытаць, ня мае сэнсу. Жыцьцё Расьціслава Лапіцкага — «арганізатара і кіраўніка мядзельска-смургонскага антыкамуністычнага моладзевага падзем’я (1945—1950)» куды лепш спалучыць разам з дакумэнтамі пад адной вокладкай. Хоць вартасьці абедзьве кнігі пры гэтым усё ж ня страчваюць. А вось нейкую разгубленасьць для чытача ствараюць.
ЭксклюзіўПадзагаловак «дакумэнты і матэрыялы» не зусім пасуе. Калі наконт першых пытаньняў няма, то да матэрыялаў можна аднесьці хіба што ўспаміны сьведкаў дзейнасьці падпольля. Пасьля ўступу ў кнізе зьмяшчаецца 20 біяграмаў людзей: адны распаўсюджвалі ўлёткі «котрарэвалюцыйнага зьместу», другія іх друкавалі, трэція ведалі ды не даносілі пра «злачынную справу»… Інфармацыя эксклюзіўная: ніводзін даведнік такіх зьвестак не падае. Тут працу Міхася Чарняўскага можна параўнаць з тым, што зрабіў у кнізе «Галасы разбуджаных птушак» другі Міхась, Казлоўскі. Толькі ў Казлоўскага тэматыка адрозьніваецца і геаграфічны ахоп падзеяў большы.Уступ да кнігі даволі ляканічны, але зьмястоўны (тое самае і ў другой кнізе Чарняўскага):
На пачатку 1948 году ў Мядзельскай сярэдняй школе ўзьнікла нелегальная арганізацыя вучняў. Яе пачынальнікам і ідэолягам стаў васьміклясьнік Расьціслаў Лапіцкі (01.09.1928—27.10.1950) — перакананы антыкамуіст і беларускі патрыёт, які ўжо меў досьвед падземнай працы сярод моладзі паўднёва-ўсходняй Віленшчыны. Акрамя Лапіцкага, актыўнасьцю ў Мядзельскай арганізацыі вылучаліся мясцовыя вучні Юзаф Качэрга і Генадзь Нафрановіч, а таксама Факунда Несьцяровіч, які пасьля сканчэньня 7-й клясы вучыўся ў Менскім палітэхнікуме. Усяго ж аднадумцаў набралася да дзясятка хлопцаў і дзяўчат ды і маладых мужчын з навакольных вёсак і мястэчка Кабыльнік…
Дакумэнты і матэрыялыДакумэнты прадстаўленыя даведкамі зь Міністэрства ўнутраных спраў СССР, архіўнымі даведкамі, заявамі. Жыў чалавек. Яму прысуджаюць 25 гадоў канцлягераў, а праз шэсьць гадоў вызваляюць. І ў даведцы адзначаюць: «…освобождён на основании Указа пред. Верх. Совета СССР… за нецелесообразностью дальнейшего содержания в ИТЛ¹ со снятием судимости и поражения прав». Прысуды аднолькавыя, зробленыя пад капірку: «систематически среди населения проводил контрреволюционную агитацию, клеветал на условия жизни в колхозах, высказывал националистические настроения…» |
будучы журналіст, студэнт журфаку БДУ. |
Тэрміны зьняволеньня — ад 8 да 25 гадоў лягераў. І расстрэл — для Расьціслава Лапіцкага.
Матэрыялы — гэта выключна ўспаміны непасрэдных ці ўскосных суўдзельнікаў тых падзеяў. 26 успамінаў — 26 сьведчаньняў супраць савецкай сыстэмы.
Лякальны герой«Як пошуг маланкі» — кніга, прысьвечаная выключна Расьціславу Лапіцкаму. Кніга выйшла ў сэрыі «Нашы славутыя землякі». Калі першай разгляданай кнізе Чарняўскага не пасуе падзагаловак, то другой — назва сэрыі. Папярэдне ў ёй выходзілі «Пуцявінамі змаганьня і пакутаў: Палута Бадунова» Валянціны Лебедзевай, «Чалавек, які зьбіраў камяні: Ігнат Дамейка» Зьдзіслава Сіцькі, «Правадыр крылатых вершнікаў: Ян Кароль Хаткевіч» таго ж Міхася Чарняўскага, кніжкі пра Чэрскага, Касьцюшку, Грынявіцкага… Але тое былі кнігі пра сапраўды вядомых беларусаў. У гэты кантэкст ня ўпісваецца асоба Лапіцкага, чый учынак хоць і быў паказальны, ды толькі ня меў агульнанацыянальнага, а тым больш міжнацыянальнага характару. Гэта лякальная зьява.Калі чытаеш кнігу пра Лапіцкага, то складваецца ўражаньне, што гэтая кніга была галоўнай для аўтара. А «матэрыялы і дакумэнты падзем’я» зьявіліся выпадкова.
Савецкі садызмТолькі крытыкаваць выданьні нельга. Зьмест кніжак па праве выклікае павагу да працы, якую правёў аўтар, які па выхадзе абедзьвюх кніг у інтэрвію «Нашай Ніве» прызнаўся, што пачуваецца цалкам спустошаным і ня ведае, ці возьмецца далей за дасьледаваньне антыкамуністычнага руху.Пра бальшавіцкі тэрор напісана шмат літаратуры. І, здавалася б, зьдзівіць чытача чымсьці новым дастаткова складана. Але ж не, можна. Тое датычыць мэтадаў катаваньняў, якія можна параўнаць зь сярэднявечнай інквізыцыяй:
Любілі катаваць буйнымі кроплямі халоднай вады на цемя. Прыціснуць цябе ў кут, а зьверху капае. У сьледчым пакоі было задушна, таму ад першых кропель ішоў прыемны халадок. Але пазьней адчуваньне было такое, як па галаве цяжкім молатам.
Былі яшчэ іголкі пад пазногці, пальцы трушчылі дзьвярыма… Прыгадваецца выступ Вольгі Іпатавай падчас адной зь лекцый на сядзібе ТБМ, дзе яна апавядала пра катаваньне Браніслава Тарашкевіча ў савецкай турме: дзьвярыма прыціскалі плоцевыя органы. Калі яшчэ пра такія мэтады ў 1920—1930-х гг. сустракаецца шмат сьведчаньняў, то гэтага ня скажаш пра 1950-я. Нядаўняя вайна, атрымліваецца, так і не навучыла цаніць жыцьцё.
У прадмове да нейкай кнігі пра Эрнэста Чэ Гевару прачытаў яе вызначэньне як «настольная кніга для маладых рэвалюцыянэраў». Кнігу, праўда, дачытаць не патрапіў. Але, ведаючы пра самаахвярны шлях паўстанца Чэ, сьмела можна сказаць, што кніга вучыць ахвяраваць сабой дзеля супольнай справы. Так і абедзьве кнігі Чарняўскага можна вызначыць як «настольныя кнігі для маладых беларускіх нацыяналістаў», бо менавіта справай можна чагосьці дасягнуць, але ня гвалтам. Тым больш што і сытуацыя сёньняшняга дня ніяк не саступае ў напружанасьці таму часу. Адно што супрацьстаяньне набывае не лякальны, а агульнанацыянальны характар. |
¹ Исправительно-трудовой лагерь. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 7-8 (58-59) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |