A R C H E | П а ч а т а к | № 7-8 (58-59) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Аляксандар Матыль | ||||
Аляксандар Матыль
Постваймарская Расея — выклік для Эўропы
Чаму Расея Ўладзімера Пуціна стала такой відавочна агрэсіўнай ды нацыяналістычнай? Чаму яна вярнулася да аўтарытарызму, разам з тым павярнуўшыся супраць Захаду? Паводле адной пашыранай вэрсіі, адказнасьць за гэту зьмену ляжыць асабіста на Пуціну — чалавеку зь няроўным мінулым апаратчыка дзяржбясьпекі і ўстаноўкаю вярнуць Расеі сілу. Другая вэрсія падкрэсьлівае суаднесенасьць паміж амбіцыямі Пуціна ды псыхалягічнымі патрэбамі расейцаў, большасьць якіх яго падтрымлівае. Трэцяя вэрсія засяроджваецца на перакананьні той большасьці ў тым, што іхнюю краіну панішчыў Захад.
Усе гэтыя інтэрпрэтацыі слушныя, але ахопліваюць толькі адно вымярэньне рэчаіснасьці. Шматвымерны погляд сьцьвярджаў бы, што сучасная Расея набыла гэткія прыкметы праз распад Савецкага Саюзу ды праз уплыў гэтага распаду на расейскую эканоміку, палітыку ды ідэнтычнасьць. Калі цяперашнія паводзіны Расеі ёсьць наступствам такіх укарэненых традыцый, дык вынікае, што прыход Пуціна вызначыў траекторыю, якой рухаецца Расея, і ягоны меркаваны сыход у 2008 г. нічога ня зьменіць. У той самы час гэта значыць, што Расея, хоць яна яшчэ надоўга застанецца аўтарытарнай, нацыяналістычнай ды агрэсіўнай, ня зможа дасягнуць гегемоніі на постсавецкай палітычнай прасторы. Замест гэтага яна будзе рабіцца яшчэ больш нестабільнай, чым яшчэ болей будзе настройваць супраць сябе суседзяў.
Расея ды Ваймарская НямеччынаЯшчэ ў 1993—1994 гг. аналітыкі ўпершыню загаварылі пра «Ваймарскую Расею». Гэтыя размовы справакаваў раптоўны рост вагі Ўладзімера Жырыноўскага і трывожна гучны рэзананс, што спрычынялі сярод пэўных групаў расейскага насельніцтва ягоныя адкрыта шавіністычныя ды рэваншысцкія погляды. Фэномэн Жырыноўскага, зрэшты, зьнік з увагі збольшага разам з тым, як ён ды ягоная партыя змаргіналізавалі сябе ўласнай прадказальна экстрэмісцкай рыторыкай. Асноўную ўвагу працягнулі спробы Барыса Ельцына даць адказ на камуністычную пагрозу ды зьберагчы Расею непадзельнай. На жаль, нядаўнія падзеі наводзяць на думку, што, магчыма, прыйшоў час гаварыць пра зьяву значна больш пагрозьлівую: постваймарскую Расею.Сучасная Расея дзіўным — і трывожным — чынам падобная да Нямеччыны пасьля Першай усясьветнай вайны. Абедзьве краіны перажылі раптоўны, рэзкі і татальны імпэрскі каляпс і зьмену рэжымаў, што выклікала вялізныя эканамічныя цяжкасьці ды палітычны хаос. Насельніцтвы абедзьвюх краінаў пачуваліся прыніжанымі, а іхныя імпэрскія ідэнтычнасьці былі траўмаваныя падчас прыстасаваньня да меншых памераў і страты ўлады, у чыім вінавацілі ворагаў, колішнія калёніі ці неляяльныя мяншыні ў сваіх краінах. Абедзьве краіны абаранялі сваіх «пакінутых братоў» у суседніх дзяржавах, ператвараючы іх там у крыніцу пастаяннай напружанасьці. Як можна было чакаць, дэмакратыя зазнала правал у абедзьвюх краінах і, што яшчэ горш, стала асацыявацца з правалам. Пасьля гэтага абедзьве краіны зьвярнуліся да нацыяналістычнай, шавіністычнай, рэваншысцкай ды нэаімпэрскай рыторыкі й падтрымалі харызматычных уладароў, якія абяцалі ўзнавіць нацыянальную славу, адрадзіць сілу дзяржавы і заваяваць павагу на міжнароднай арэне. Кіраўнікі абедзьвюх дзяржаваў хутка ўсталявалі аўтарытарныя сыстэмы — і большасьць грамадзян гэта ўхваліла. На шчасьце, гэтым падабенства вычэрпваецца. Адрозна ад Нямеччыны, якая зьвярнулася да імпэрыялізму ды вайны, Расея Ўладзімера Пуціна гэтага ня зробіць, бо — насуперак усім запэўненьням з Крамля пра адваротнае — яна скрайне слабая дзяржава з досыць дысфункцыянальнай эканомікай. Аднак, як гэта было ў Гітлеравай Нямеччыне, Пуцінава Расея займаецца такім самым нацыяналістычным пазыцыянаваньнем, што палохае суседзяў і зь цягам часу змушае іх рэагаваць антырасейскімі захадамі. Горш таго, зьяднаньне вялікадзяржаўнай агрэсіўнасьці з прынцыповай слабасьцю схіляе Расею да «перанапружаньня», выводзячы яе тым самым у намерах ды амбіцыях за межы яе магчымасьцяў. Гэта толькі павялічвае крохкасьць расейскай дзяржавы, дадае напругі ў эканоміцы й дэстабілізуе краіну. Вось жа пазыцыянаваньне Расеі як вялікай дзяржавы шкодзіць ейным суседзям, а праз пагаршэньне стасункаў з суседзьмі ідзе на шкоду самой Расеі. Шкодзіць яно і Эўропе.
Слабасьць РасеіБеглы погляд на Нямеччыну дапаможа вызначыць рамку для больш уніклівага погляду на Расею. Нямеччына стала аб’яднанай імпэрыяй толькі ў 1871 г. Дасягненьнямі наступных чатырох дзесяцігодзьдзяў былі хуткі прамысловы ды вайсковы рост, узмацненьне дзяржавы, узнаўленьне жорсткага кантролю над славянскімі памежнымі абшарамі ды пашырэньне імпэрскага праўленьня аж да Афрыкі. Крах напаткаў нямецкую імпэрыю, калі яна расла, а не згасала. Дзякуючы гэтаму росту імпэрыя пакінула міжваеннай Нямеччыне моцную дзяржаўную ўладу. Першая ўсясьветная вайна пазбыла Нямеччыну афрыканскіх калёніяў, Эльзасу-Лятарынгіі, частак Прусіі ды Польшчы, аднак не парушыла цэнтралізаванай дзяржавы разам зь яе выканаўчымі органамі. Мала таго, нягледзячы на агромністыя рэпарацыі ды паваенную гіпэрынфляцыю, эканамічная база краіны ў цэлым захавалася: перад вайной Нямеччына была эканамічным рухавіком Эўропы і ступень яе разбурэньня была невялікай. Войска, хоць і зазнала паразы, перад гэтым прадэманстравала магчымасьць ваяваць на два франты супраць усіх вялікіх дзяржаваў Эўропы.Сёньняшняя Расея ня мае ніводнага з моцных бакоў міжваеннай Нямеччыны. Няма сумневаў, Пуцін як прэзыдэнт значна мацнейшы за свайго папярэдніка. Ён сканцэнтраваў уладу, зьнясілеў апазыцыю, перапоўніў палітычную эліту сілавікамі, утаймаваў алігархаў, вылегчаў грамадзянскую супольнасьць ды ўсталяваў моцны кантроль над мэдыямі. Пуцін ёсьць большай перашкодай для ўмацаваньня Расеі, чым Ельцын.Але хоць Пуцін і кантралюе расейскую дзяржаву, яе дзяржаўны апарат слабы і дэзарганізаваны, эліты перасвараныя, сілавікі ўтвараюць асобную дзяржаву ў дзяржаве, у збройных сілах дагэтуль бязладзьдзе. Пашарпаная эканоміка выглядала б вельмі сьціпла, калі б не велічэзныя энэргетычныя запасы; міністэрствы прасоўваюць уласныя інтарэсы і змагаюцца за бюджэтныя сродкі. Каардынацыя ды каапэрацыя, неабходныя для дасягненьня палітычных мэтаў, мінімальныя. Прыкладам, фармальнае падпарадкаваньне рэгіёнаў і губэрнатараў «намесьнікам» ды цэнтру зусім ня значыць, што яны і сапраўды ўлягаюць жаданьням Масквы. Наадварот, як і раней, рэгіёны заўзята адстойваюць уласныя інтарэсы, але робяць гэта менш бачным ды менш гучным спосабам. Нарэшце — што ёсьць выразным адрозьненьнем ад міжваеннай Нямеччыны — расейская бюракратыя разьдзьмутая, недзеяздольная ды глыбока скарумпаваная. Як патлумачыць парадокс моцнага кіраўніка на чале слабай дзяржавы? Аўтарытарныя кіраўнікі заўжды заахвочваюць рабалепства ды барацьбу сярод эліт, перашкаджаючы такім чынам разьвіцьцю моцных інстытуцыяў, якія падтрымліваюць рост моцных дзяржаваў. Цудоўным прыкладам ёсьць гітлераўская Нямеччына: хоць фюрэр цалкам відавочна стаяў на чале, тое, што ён цэнтралізаваў уладу, насамрэч толькі разьдзяліла дзяржаўныя эліты і такім чынам аслабіла нямецкую дзяржаву. З гэтага гледзішча Пуцін ёсьць большай перашкодай для ўмацаваньня Расеі, чым Ельцын. Стан расейскіх збройных сілаў не нашмат лепшы. Большасьць зь іх становяць кепска вышкаленыя ды дэмаралізаваныя прызыўнікі. Узбраеньне састарэлае, і, каб давесьці яго да задавальняючых стандартаў, патрэбнае велічэзнае ўзбуйненьне бюджэту абароны. Вядома, Расея і надалей мае грандыёзны ядравы арсэнал, але зь яго небагата карысьці для разьвязаньне праблемаў, зьвязаных з тэрарызмам, ісламісцкім радыкалізмам і дзяржавамі-ізгоямі, і які немагчыма ператварыць у палітычны ўплыў у блізкім замежжы. Дагэтуль неразьвязаны канфлікт у Чачэніі, дзе расейскія сілы ваююць значна меншага суперніка, сьведчыць пра вайсковую слабасьць Расеі. Хоць ад 1999—2000 гг. стан расейскай эканомікі значна палепшыўся, яна стала крытычна залежнай ад рэсурсаў, якія выпрацоўвае энэргетычны сэктар. Вытворчасьць энэргіі становіць прыблізна чвэрць прамысловай вытворчасьці, а продаж нафты і газу забясьпечвае больш за палову прыбытку ад экспарту. Падкантрольны дзяржаве газавы манапаліст «Газпром» ператварыўся ў адростак расейскай дзяржавы і актыўны чыньнік замежнапалітычнай дзейнасьці Расеі. Ня менш хвалюе і тое, што расейская дзяржава здабыла кантрольныя пакеты акцый у шэрагу стратэгічных сэктараў, што прадвяшчае яшчэ большае збліжэньне карумпаванай аўтарытарнай дзяржавы ды залежнай ад энэргетыкі эканомікі. Усе гэтыя тэндэнцыі дэманструюць ператварэньне Расеі ў так званую «нафтадзяржаву» («petro-state») — краіну, у якой дзяржава і энэргетычны сэктар цесна зьяднаныя; палітычныя, эканамічныя ды сацыяльныя стасункі якой арганізаваныя вакол здабываньня энэргіі, у выніку чаго краіна пакутуе ад доўгатэрміновых эканамічных і палітычных дысбалянсаў. Лёгкія грошы, якія прыносіць нафта і продаж газу, маюць вынікам разьдзіманьне дзяржаўнага апарату, прыводзяць да некантраляванай карупцыі ды разьядаюць публічную адказнасьць і дэмакратыю. У сваю чаргу, усе гэтыя тэндэнцыі аслабляюць дзяржаву і эканоміку.
Расейская нестабільнасьць і нерасейцыУлічваючы прынцыповую слабасьць Расеі, паварот Пуціна да агрэсіўнай замежнай палітыкі паказвае на тое, да якой меры Расея цяпер — перафразуючы амэрыканскага прэзыдэнта Тэадора Рузвэльта — «гаворыць гучна, але ўзброеная маленькай палачкай». Гэты паварот да вялікадзяржаўнай пазыцыі, можа, і папулярны, але ў той самы час гэта — найвялікшая памылка Пуціна. Шмат расейцаў незадаволеныя стратай імпэрыі і пачуваюцца прыніжанымі празь цяперашні статус Расеі як «краіны трэцяга сьвету з ракетамі». Пуцін рашуча і дзейсна выкарыстаў нацыяналістычную карту і аднавіў шэраг сымбаляў, зьвязаных са слаўным мінулым Расеі ці СССР. Ён таксама і ў краіне, і за мяжой апрабаваў рыторыку «крутога хлопца», які выпраменьвае ўпэўненасьць і абяцае веліч. Апроч таго, ён рашуча абараняе нацыю ды дзяржаву, асабліва ў Чачэніі, дзе вайна ператварылася ў бескампрамісную барацьбу да канца. Ня дзіва, што ягоныя рэйтынгі папулярнасьці вельмі высокія.На жаль, спалучэньне трывалай слабасьці дзяржавы зь яшчэ большай нахрапістасьцю ў замежнай палітыцы прыводзіць да «перанапружаньня» ды катастрофы. Чым «круцейшай» будзе рабіцца Расея, чым «круцейшай» будзе ейная мова і чым больш яна будзе выдаваць сябе за вялікую дзяржаву, якой ня можа быць, тым большы будзе разрыў паміж яе памкненьнямі і магчымасьцямі і больш імаверным будзе распад сыстэмы. Слабыя дзяржавы, якія зьвяртаюцца да нахрапістай замежнай палітыкі, асуджаныя на няўдачу. Слабыя аўтарытарныя дзяржавы, чые кіраўнікі выкарыстоўваюць нэаімпэрыялістычную карту як спосаб падтрымаць уласную легітымнасьць, асабліва рызыкуюць нарабіць замежнапалітычных памылак, дэстабілізаваць сваіх суседзяў і выклікаць абурэньне сярод іншых дзяржаваў. Заканамернымі наступствамі такога «перанапружаньня» дзяржавы становяцца дыскрэдытацыя яе кіраўніцтва, пагроза спусташэньня рэсурсаў, раскладаньне дзяржаўнага апарату і ўзмацненьне апазыцыі. Перанапружаньне не проста дэстабілізуе Расею. Што ня меней важна, яно можа лёгка дэстабілізаваць шмат каго зь яе аслабленых суседзяў. А іх дэстабілізацыя можа, у сваю чаргу, прывесьці да далейшых дэзынтэграцыйных працэсаў у Расеі. Прыкладам, калі Грузія страціць Паўднёвую Асэтыю ды Абхазію, то бязладзьдзе, што наступіць пасьля гэтага, ускалыхнуць увесь Паўночны Каўказ і нават зможа пашырыцца на іншыя нерасейскія абсягі Расеі, як, напрыклад, Татарстан, Башкірыю ды Якутыю, якія ня зносяць маскоўскага кіраваньня і спрабуюць абярнуць супраць Масквы яе цынічную падтрымку права нацыяў на самавызначэньне. Але перанапружаньне таксама будзе пабуджаць суседзяў Расеі даваць адпор яе сапраўдным ці ўяўным замахам на іх сувэрэнітэт, а значыць, зьвярнуцца да антырасейскай рыторыкі і антырасейскай палітыкі. Нават Лукашэнку бандыцкія паводзіны «Газпрому» ператварылі ў крытыка Крамля й зацятага абаронцу беларускага сувэрэнітэту. Большасьць суседзяў Расеі ад 1991 г. абаранялі «шматвэктарную» замежную палітыку, якая падкрэсьлівае важнасьць добрых стасункаў з Расеяй, Захадам ды іншымі дзяржавамі. Аднак варожасьць Расеі не пакіне нерасейскім нацыям іншага выбару, як зрэагаваць узмоцненай абаронай уласных нацыянальных інтарэсаў і дзяржаўнага сувэрэнітэту, а значыць, паступова адмовіцца ад шматвэктарнасьці. Манапалісцкія памкненьні «Газпрому» змушаюць усе нерасейскія дзяржавы шукаць альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі. Казахстан актыўна дамагаецца прыхільнасьці Захаду й Кітаю. Украіна, нават пад кіраўніцтвам нібыта прарасейскага ўраду прэм’ера Віктара Януковіча, застаецца адданай добрым стасункам з Эўропай ды Злучанымі Штатамі, як і сяброўству ў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Нават яскрава прарасейскага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку бандыцкія паводзіны «Газпрому» ператварылі ў крытыка Крамля й зацятага абаронцу беларускага сувэрэнітэту.
Расея ды ЭўропаРасейская гульня ў вялікую дзяржаву прыпала на дужа неспрыяльны для Эўропы час. Адным з наступстваў стратэгічнай паразы ў Іраку, што неўзабаве зазнаюць Злучаныя Штаты, будзе, як і пасьля разгрому ў Віетнаме, «сындром» уніканьня замежнапалітычнага ўмяшаньня ў далёкіх рэгіёнах, мала цікавых для амэрыканскіх выбарцаў. Нестабільнасьць, якую, верагодна, будзе ствараць на постсавецкай прасторы постваймарская Расея, стане клопатам пераважна Эўропы.Як варта Эўропе на яе рэагаваць? Па-першае, ня варта патураць нахрапістасьці Расеі. Па-другое, Эўропе варта спрабаваць падвысіць бясьпеку ўсё больш занепакоеных суседзяў Расеі. Ніводная з гэтых задач не патрабуе выкарыстаньня «цьвёрдай» вайсковай сілы; для абедзьвюх патрэбнае праніклівае ўжываньне дыпляматычных сродкаў — то бок «мяккая» ўлада. На жаль, Эўропа выглядае цалкам негатовай да такой задачы. Супрацьдзеяньне расейскай нахрапістасьці падаецца простай задачай, бо вымагае толькі ўстрыманьня ад пэўных відаў рыторыкі ды паводзінаў. Аднак лідэры Эўропы не далі рады гэтаму сьціпламу выпрабаваньню. Нямецкі канцлер Гергард Шродэр ня меў ніякіх практычных падставаў для таго, каб у разгар Памаранчавай рэвалюцыі, калі пагроза расейскай інтэрвэнцыі супраць народнага паўстаньня ва Ўкраіне падавалася зусім не прывіднай, назваць Пуціна «праўдзівым дэмакратам». У сапраўднасьці заяву Шродэра можна расцаніць як маўклівую падтрымку расейскай напорыстасьці: зрэшты, калі тапорная рэакцыя Пуціна не замінае яму быць дэмакратам, то, паводле той самай лёгікі, мусіць быць апраўданае любое расейскае ўмяшаньне ў справы суседніх дзяржаваў. Яшчэ большы прыкрым было рашэньне Францыі 23 кастрычніка 2003 г. узнагародзіць Пуціна Вялікім Крыжам Ордэну Пачэснага легіёну. Гэты крок ня толькі адбяліў злачынную арганізацыю КГБ, зь якой выйшаў Пуцін, але і нацеміў, што вялікадзяржаўныя прэтэнзіі Пуціна ў блізкім замежжы не супярэчылі інтарэсам Францыі. Узмацніць бясьпеку суседзяў Расеі можна вайсковымі, эканамічнымі або дыпляматычнымі сродкамі. Ведама, Эўропа ня мае магчымасьці гарантаваць вайсковай бясьпекі гэтых дзяржаваў; але гэтага ад яе не вымагаюць. Інстытуты Эўрапейскага Зьвязу ды эўрапейскія інвэстары інвэстуюць у эканоміку гэтых краінаў, але гэтая дапамога і гэтыя інвэстыцыі не адпавядаюць маштабу пагрозы. Адзіны спосаб Эўропы сапраўды пачаць рэагаваць на сваю заклапочанасьць у пытаньні бясьпекі зазвычай палягае ў тым, каб прапанаваць ім далёкую пэрспэктыву пэўнага кшталту сяброўства ў ЭЗ. Гэткі від мяккай улады спрацаваў у трансфармацыі дзяржаваў усходняй і цэнтральнай Эўропы, а галоўнае — дапамог палегчыць шматлікія зь іхных расейскіх фобіяў. Аднак добра вядомая мяккая ўлада ЭЗ можа спрацоўваць толькі пры трох акалічнасьцях. Па-першае, палітычная сыстэма, што ажыцьцяўляе мяккую ўладу, мусіць сапраўды хацець дасягненьня той мэты, якую яна абвяшчае. Як паказвае цяперашні крызіс у стасунках Эўрапейскага Зьвязу з Турэччынай, гэтая краіна хоча далучыцца да яго, а ён наадварот не настолькі ўпэўнены, што хоча гэтага далучэньня. Па-другое, палітычная сыстэма, што ажыцьцяўляе мяккую ўладу, мусіць сапраўды хацець, каб іншыя краіны падзялялі яе мэты. Як паказвае няздольнасьць ЭЗ рэагаваць на эўрапейскія памкненьні Ўкраіны, цалкам імаверна, што Брусэлю было б спакайней, калі б Украіна адмовілася ад гэтых памкненьняў. І па-трэцяе, палітычная сыстэма, што ажыцьцяўляе мяккую ўладу на пэўную краіну ці на некалькі краінаў, мусіць быць непадатлівай да іхняй цьвёрдай улады. Як паказваюць стасункі ЭЗ з Расеяй, маральныя настаўленьні ня маюць значнага ўплыву на ўстаноўку Масквы зьвяртацца да сілавой тактыкі і энэргетычнага шантажу. Паводзіны ЭЗ у тых ці іншых выпадках лёгка і небеспадстаўна правакуюць абвінавачаньні ў няшчырасьці. Такія абвінавачаньні асабліва занепакоілі б Брусэль, бо мяккая ўлада, як і цьвёрдая, можа быць дзейснай тады і толькі тады, калі яе ўжываць пераканаўча. Як расейскія пагрозы маскуюць слабасьць, так эўрапейскія заявы адносна правоў чалавека ды дэмакратыі пачынаюць здавацца пустымі, калі ЭЗ насамрэч іх не абараняе і ня хоча, каб іх абаранялі іншыя. Сьцьвярджэньне Эўропай «эўрапейскіх каштоўнасьцяў» выглядае асабліва дзіўным з увагі на эканамічную матывацыю і геапалітычна зразуметае памкненьне эўрапейцаў забясьпечыць стабільнасьць паставак энэрганосьбітаў з Расеі. Добрая навіна ў тым, што ніводная з гэтых рэакцыяў — заахвочваньня расейскай нахрапістасьці і ігнараваньня меркаваньняў бясьпекі нерасейскіх нацыяў — не вынікае немінуча з эўрапейскіх каштоўнасьцяў ці з геапалітычных інтарэсаў Эўропы. Наадварот, яны выяўна ідуць уразрэз з эўрапейскімі каштоўнасьцямі і падтрымліваюць менавіта тыя вялікадзяржаўныя тэндэнцыі ў Расеі, якія зь цягам часу будуць усё болей дэстабілізаваць Расею, яе суседзяў ды, мажліва, значную частку Заходняй Эўропы.
Нямецкая праблема ЭўропыЧаму ж тады Эўропа дзейнічае так упарта і падрывае ўласныя інтарэсы? Хоць «клопаты, зьвязаныя з расшырэньнем», неэфэктыўнасьць выканаўчых інстытутаў, эканамічны спад, глябалізацыя ды шматлікія іншыя чыньнікі даюць частковы адказ, найважнейшым чыньнікам ёсьць Нямеччына. Калі вядзецца пра Расею ды пра яе суседзяў, тон для ЭЗ задае Бэрлін. Нямеччына — найвялікшая і самая ўсходняя краіна «старой Эўропы», і зьмены ва Ўсходняй Эўропе беспасярэдне датычаць яе інтарэсаў. Гістарычна Нямеччына мела шырокія сувязі з усім посткамуністычным сьветам, а ад часу аб’яднаньня грае вядучую дыпляматычную ролю ў разьвязаньні канфліктаў у тым рэгіёне. Апроч таго, гістарычна Нямеччына засяроджвала замежную палітыку на Расеі — часам як на партнэру, часам як на ворагу — на шкоду суседзям абедзьвюх краінаў.ХХ ст. дало тры выпадкі, калі Нямеччына ахвяравала суседзьмі дзеля блізкіх стасункаў з аўтарытарнай Расеяй. У 1922 г. Ваймарская Нямеччына ўклала з Расеяй Рапальскую дамову, тыі самым адкрыўшы шлях для доўгатэрміновай эканамічнай ды вайсковай супрацы, што ізалявала маладыя дзяржавы Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы і спрычынілася да іх дэстабілізацыі. У 1938 г. Пакт Молатава—Рыбэнтропа абумовіў падзел Польшчы паміж Гітлерам і Сталіным. Цягам 1970—1980-х гг. Нямеччына гасьцінна прымала савецкую гегемонію ў дзяржавах-сатэлітах, у прыватнасьці, адкрыта зьняважліва выказваючыся пра польскую «Салідарнасьць» — у абмен на збліжэньне з Усходняй Нямеччынай. Дамоўленасьць паміж Шродэрам і Пуціным адносна газавай трубы пры канцы 2005 г. дасканала пасуе да гэтай мадэлі. Заплянаваны кансорцыюм, правёўшы газаправод з Расеі ў Нямеччыну пад Балтыйскім морам, прынясе карысьць Нямеччыне і ў той самы час павялічыць і без таго значны ўплыў Расеі на Польшчу ды Ўкраіну, празь якую цяпер праходзіць большасьць газпромаўскіх труб у Эўропу. Ва ўсіх чатырох выпадках радыкальна адметныя нямецкія рэжымы пасьлядоўна абаранялі тыя самыя замежнапалітычныя мэты. Нестабільныя ды дэмакратычныя, як у 1922 г., моцныя і таталітарныя, як у 1938 г., стабільныя ды дэмакратычныя, як цягам «халоднай вайны», ці моцныя ды дэмакратычныя, як цяпер — нямецкія эліты ўкладалі хаўрусы з Расеяй коштам сваіх суседзяў ва Ўсходняй ды Цэнтральнай Эўропе, Польшчы ды Ўкраіны. Таксама бачаньне інтарэсаў Нямеччыны бессаромна геапалітычнае і грунтуецца на двух замежнапалітычных прыярытэтах. Першы сьцьвярджае вяршэнства інтарэсаў цьвёрдай улады на каштоўнасьцямі мяккай. Другі надае перавагу дзяржавам, якія найлепш служаць уласным беспасярэднім «цьвёрдым» інтарэсам. Такое нізкавокае мысьленьне немінуча аддае перавагу хуткім набыткам перад трывалымі стасункамі. Хоць сучасная Нямеччына можа сьцьвярджаць, што яна больш ня мысьліць у такіх паняцьцях, яе паводзіны паказваюць на іншае. Падтрымка, якую канцлер Ангела Мэркель выказала газавай дамоўленасьці Шродэра, засыгналізавала крайне трывожнае адраджэньне традыцыйных нямецкіх геапалітычных інтарэсаў, а таксама мела шэраг іншых небясьпечных імплікацыяў. Па-першае, выказваньні Мэркель пра дамову Шродэра дэманструюць, што паварот Нямеччыны да Расеі быў не этычнай абэрацыяй Шродэра, але зьменай палітычнай культуры Нямеччыны. Магчыма, у выніку завяршэньня «халоднай вайны» ды аб’яднаньня нямецкія эліты, здаецца, адмовіліся ад маральнага аўтарытэту, які яны здабылі дзякуючы адрачэньню ад свайго нацысцкага мінулага ды пакаяньню за Галакост. Сапраўды адданая эўрапейскім каштоўнасьцям Нямеччына ніколі не забылася б, што зло, якое яна ўчыніла ў ХХ ст., мела разбуральныя наступствы для народаў Усходняй Эўропы, асабліва для Польшчы ды Ўкраіны. Па-другое, ухваленьне Мэркель газавай дамоўленасьці пагражае падарваць Эўрапейскі Зьвяз, які ўжо і так аслаблены непрыняцьцем Эўрапейскай Канстытуцыі ў Францыі і Нідэрляндах у 2005 г. Расея не належыць і ня хоча належаць да ЭЗ; Польшча — яго сябрам; Украіна адначайна хоча ім быць. Як можа вырасьці эўрапейская салідарнасьць пасьля таго, як Шродэр і Мэркель фактычна заявілі, што пытаньні інтэграцыі ў ЭЗ важаць для Нямеччыны меней, чым выгадныя стасункі з аўтарытарнай краінай, якая не ўваходзіць у ЭЗ? Па-трэцяе, геапалітыка Шродэра ды Мэркель будзе перашкаджаць рэформам ва Ўсходняй Эўропе. Бэрлін мусіць ведаць, што прыязныя адносіны паміж Расеяй і Ўкраінай ды Расеяй ды Польшчай ёсьць зарукай пасьпяховых унутраных рэформ у Расеі, Польшчы ды Ўкраіне. Спрыяючы расейскай гегемоніі і ўскосна заахвочваючы «Газпром» і далей выціскаць Украіну, Бэрлін спрыяе ізаляванасьці, нестабільнасьці, а мажліва, нават роспачы ў Варшаве ды Кіеве. А ізаляваныя, нестабільныя, даведзеныя да адчаю краіны будуць больш схільныя да гіпэрнацыяналізму на міжнароднай арэне ды менш схільныя да ўнутраных рэформ. Аднак іронія палягае ў тым, што ўласным інтарэсам Нямеччыны Ostpolitik Шродэра ды Мэркель спрыяе надзвычай слаба. Цяжка зразумець, як можа прыслужыцца Нямеччыне слабейшая Польшча, ізаляваная Ўкраіна, мацнейшая аўтарытарная Расея, аслаблены Эўрапейскі Зьвяз і міжнародныя сумневы што яе ўласнай адданасьці дэмакратыі. Вось жа Нямеччына мусіць зрабіць выбар. Яна мае вызначыцца, ці будзе яна дбаць пра эўрапейскія каштоўнасьці і доўгатэрміновае ажыцьцяўленьне мяккай улады ў стасунках з Расеяй ды яе суседзямі, ці будзе дзейнічаць згодна з разьлікам на кароткатэрміновыя геапалітычныя інтарэсы. Нямеччына мусіць вырашыць, ці яна ключавы сябар Эўрапейскага Зьвязу, ці вялікая дзяржава з уласнымі геапалітычнымі амбіцыямі. |
прафэсар паліталёгіі Ратгерскага ўнівэрсытэту (Ньюарк). Апошняя навуковая праца — «Imperial Ends: The Decay, Collapse, and Revival of Empires» (Нью-Ёрк, 2001). Тэкст друкуецца з ласкавага дазволу аўтара і рэдакцыі кіеўскага часопісу «Критика», дзе ён быў упершыню апублікаваны. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 7-8 (58-59) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |