A R C H E | П а ч а т а к | № 7-8 (58-59) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Віталь Сіліцкі | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Віталь Сіліцкі
Выжывае мацнейшы Аўтарытарная рэакцыя пасля каляровых рэвалюцыяў у краінах былога СССР: унутрыпалітычныя і міжнародныя аспекты
На пачатку XXI ст. перспектывы дэмакратызацыі ў постсавецкіх краінах былі далёка не бліскучыя. Пасля падзення камунізму на прасторах былых савецкіх рэспублік паўсталі гэтак званыя «гібрыдныя рэжымы». Напачатку іх памылкова адносілі да «недасканалых», або «нетрывалых», дэмакратыяў, але ў асноўнай масе яны паступова прыйшлі да аўтарытарызму. З дванаццаці краінаў СНД дзевяць пачыналі сваё незалежнае існаванне як «часткова свабодныя» паводле метадалогіі Freedom House. Да канца ХХ ст. чатыры з іх: Азербайджан, Беларусь, Казахстан і Кыргызстан — трапілі ў лік несвабодных. З ростам аўтарытарных тэндэнцыяў у Расіі (яна стала несвабоднай у 2004 г.) рэгіён канчаткова ператварыўся ў адзіную прастору непарушнага аўтарытарызму.
Лічбы паказваюць сярэдні індэкс палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў, вымераныя па шкале ад 1 (свабодная) да 7 (несвабодная). Паказнік ад 2,5 і ніжэй значыць, што краіна свабодная, ад 3 да 5 — часткова свабодная, ад 5,5 — несвабодная. Перыяды рэпрэсіяў (несвабоды) у палітычным развіцці краінаў постсавецкай прасторы вылучаныя тлустым шрыфтам.
Пасля па некаторых постсавецкіх краінах пракацілася хваля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Яна прывяла да падзення напаўаўтакратычных рэжымаў Эдуарда Шэварднадзэ ў Грузіі (2003 г.), Леаніда Кучмы і Віктара Януковіча ва Ўкраіне (2004 г.) і Аскара Акаева ў Кыргызстане (2005 г.). Гэтыя рэвалюцыі сталі працягам электаральных зменаў рэжыму ў Цэнтральна-Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе, дзе дэмакратычная апазіцыя перамагла аўтарытарную ўладу ў Славакіі (1998 г.), Харватыі і Сербіі (2000 г.). «Каляровыя рэвалюцыі» адрадзілі надзею на дэмакратызацыю ўсяго рэгіёну. Некаторы час палітолагі і палітычныя аналітыкі замест пытання, ці пакоціцца гэтая хваля далей, пераважна задавалі іншае: каго яна накрые наступным? Аднак рэвалюцыйны запал і спадзяванні на тое, што праз механізм «перадачы інфекцыі» і дыфузіі дэмакратыя пераможна пакрочыць далей, вельмі хутка зніклі. У траўні 2005 г. ва ўзбецкім Андыжане, дзе паліцыя і армія стралялі ў збольшага бяззбройных грамадзян, якія паўсталі супраць мясцовай улады, мы з жахам убачылі, наколькі далёка можа зайсці еўразійскі аўтакрат, каб захаваць уладу. Далейшы «распаўсюд дэмакратычнай заразы» ва ўсіх краінах рэгіёну эфектыўна ўдушаўся апераджальнымі рэпрэсіямі супраць дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. У выніку наступныя выбары ў краінах, дзе чакаліся магчымыя дэмакратычныя рэвалюцыі, прайшлі руцінна: уладатрымальнікі ў Таджыкістане, Азербайджане, Казахстане (2005 г.) і Беларусі (2006 г.) лёгка адолелі апазіцыю і пацвердзілі свае паўнамоцтвы ў звыклай для сябе манеры і з прадказальнымі вынікамі. Чаму хваля электаральных рэвалюцыяў спынілася там, дзе спынілася? Чаму яна сталася адносна кароткім эпізодам у агульным працэсе ўмацавання аўтарытарызму на прасторы былога СССР? Якім чынам перспектывы дэмакратызацыі рэгіёну толькі пагоршылася пасля хвалі рэвалюцыяў? У дадзеным артыкуле робіцца спроба знайсці адказ на гэтыя пытанні. Грунтаваць сваю аргументацыю я буду перадусім на г. зв. «эфекце Дарвіна» ў звязку з «распаўсюдам дэмакратычнай заразы». У адказ на шэраг электаральных рэвалюцыяў астатнія постсавецкія аўтакраты зрабілі апераджальныя крокі, каб ліквідаваць пагрозу сваёй уладзе яшчэ ў зародку. Яны ўмацавалі ў сваіх краінах выразна аўтарытарныя тэндэнцыі. Калі «эфект Дарвіна» тлумачыць унутраную контррэакцыю аўтакратыі (то бок унутрыдзяржаўныя захады па недапушчэнні змены рэжыму), то вонкавыя перашкоды «распаўсюду дэмакратычнай заразы» апісваюцца рэгіянальным эфектам. З аднаго боку, калі хваля рэвалюцыяў дакацілася да малапрыдатнага для змены ўлады рэгіёну, аўтакратыі пачалі яднацца. Гэтая канвергенцыя аўтарытарызму выявілася ў агульных захадах, супрацы і хаўрусаванні рэжымаў і дзяржаваў, зацікаўленых у спыненні і адкаце хвалі дэмакратызацыі. З другога боку, хваля рэвалюцыяў паскорыла вяртанне Расіі да ролі рэгіянальнага гегемона. Прычына ў тым, што Крэмль, па-першае, баіцца распаўсюду «дэмакратычнай заразы» на Расію і, па-другое, непакоіцца, што дэмакратызацыя падарве дамінаванне на прасторы былога Савецкага Саюзу. Залежнасць пострэвалюцыйных краінаў (як і постсавецкіх аўтакратыяў) ад Расіі ў шэрагу сфераў дапамагае Расіі рэалізоўваць свае амбіцыі. З аднаго боку, расійская палітыка аслабіла шанцы на замацаванне дасягненняў дэмакратызацыі, з другога, дала аўтарытарнаму інтэрнацыяналу надзейнае апірышча.
Дзе хваля разбілася аб бераг¹ |
палітоляг, сталы аўтар «ARCHE». |
Азіраючыся на каляровыя рэвалюцыіТэарэтычнае асэнсаванне электаральных рэвалюцыяў будуецца на дзвюх парадыгмах. У цэнтры першай — унутрыпалітычныя перадумовы электаральных сцэнараў змены рэжыма. Розныя аўтары ўжываюць розную тэрміналогію, але ўсе тлумачэнні ў межах дадзенага падыходу базуюцца на адным: некансалідаванасць аўтарытарнай улады2 і сама структура аўтарытарызму з захаваннем пэўнай палітычнай канкурэнцыі3 (мінімум незалежных СМІ плюс самаарганізацыя палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці) падарвалі здольнасць рэжыму адказаць рэпрэсіямі на выклік, кінуты дэмакратычнай апазіцыяй, калі ўладатрымальнік страціў папулярнасць. У выніку паўстаў канфлікт паміж «імкненнем уладнай групоўкі забяспечыць пераемнасць улады і неабходнасцю яе дэмакратычнай легітымацыі»4. Заснаваны на ўнутрыпалітычных перадумовах падыход дакладна акрэслівае мяжу, да якой можа дакаціцца хваля рэвалюцыяў: яна натуральным чынам спадзе, калі ў рэгіёне больш не застанецца аўтарытарных рэжымаў з захаваннем пэўнай палітычнай канкурэнцыі5. Аналіз, пабудаваны на канцэпцыі ўнутраных перадумоваў, часцяком меў шырокараспаўсюджаную ў кампаратыўнай палітыцы загану: для тлумачэння ўсяго некалькіх выпадкаў уводзілася зашмат незалежных пераменных6. Такі падыход дзеля выпрацоўкі аб’ектывізаванай «навуковай» формулы пакідае па-за ўвагай ролю дзейных асобаў і выпадковасці ў змене рэжыму. А самае галоўнае — ён не ўлічвае, што кожная мінулая электаральная рэвалюцыя робіцца істотнай незалежнай пераменнай, якая ўплывае на дынаміку палітычных зменаў у кожнай новай рэвалюцыі. Другі падыход да разгляду электаральных рэвалюцыяў засяроджваўся на эфекце «снежнага камяка», або «распаўсюду дэмакратычнай заразы»7. Ён тлумачыць тое, што выпускае з-пад увагі канцэпцыя ўнутраных перадумоваў: чаму, насуперак скепсісу як аналітыкаў і назіральнікаў, гэтак і самога насельніцтва, у розных краінах адбыліся падобныя электаральныя змены рэжыму? Чаму яны прайшлі ў такіх, здавалася б, розных краінах з цалкам непадобнымі ўнутранымі перадумовамі? Згодна з дадзеным падыходам, «пераканаўчасць станоўчых прыкладаў»8 і распаўсюд інфармацыі пра ўзоры змены рэжыму9 праз СМІ, прыхільнікаў пашырэння дэмакратыі і рэгіянальную сетку актывістаў падштурхнулі да зменаў у новых краінах, дзе не склаліся ўнутраныя перадумовы. Гэта «дазволіла некаторым групам, якія з структурнага гледзішча знаходзіліся ў горшым становішчы, перамагчы, узяўшы на ўзбраенне прыклад папярэднікаў»10. Нават узнікла метафара пра «храналагічную несправядлівасць гісторыі», бо, «карыстаючыся досведам папярэднікаў, не трэба плаціць той самы кошт»11. Падыход, што грунтуецца на «распаўсюдзе дэмакратычнай заразы», не дае адказу на важнае пытанне: чым вызначаюцца яго межы? Ці могуць асобныя краіны выпрацаваць да яе імунітэт12? Адказ на гэтае пытанне можна знайсці толькі крытычна спалучыўшы абодва падыходы. Найлепш з гэтым пакуль далі рады Валеры Банс і Шэран Уолчык (2006). Прааналізаваўшы паслядоўнасць дэмакратычных рэвалюцый, яны прапанавалі простую і надзвычай трапную формулу. Яна звязвае ўнутраныя перадумовы і «распаўсюд дэмакратычнай заразы» як вызначальныя чыннікі ў дынаміцы і выніках электаральных рэвалюцыяў. Згодна з іх назіраннямі, хваля зменаў рэжыму пачалася ў тых краінах, дзе існавалі найбольш спрыяльныя перадумовы. Трансфармацыя рэжымаў у Славакіі і Харватыі адбылася ў выніку выбараў. Там упершыню прайшла апрабацыю дадзеная мадэль, прычым змены адбыліся найбольш мірна і арганізавана. Іх зыход быў найменш непрадказальным, бо ўладатрымальнікі не мелі ці наўмысна не хацелі выкарыстоўваць інструментаў, каб адняць у апазіцыі перамогу на выбарах. І, нарэшце, перамога апазіцыі ў Славакіі і Харватыі прывяла да найбольш сталых посьпехаў у пабудове дэмакратыі. Дзякуючы паспяховаму прыкладу хваля пайшла далей, бо вынаходжанне «рэцэпту зменаў» надало амбітнай апазіцыі новыя сродкі барацьбы і заахвочвала кінуць выклік аўтарытарнай уладзе нават і ў менш спрыяльных умовах. Аднак з тым, як «узрастае ўплыў вонкавых прэцэдэнтаў, слабее з структурнага гледзішча падтрымка рэвалюцыяў на месцах»13. Электаральныя рэвалюцыі ў Сербіі, Грузіі і ва Ўкраіне мелі больш непрадказальны характар. Іх поспех залежаў не толькі ад унутрыпалітычных умоваў (напр., ад запатрабаванасці палітычных зменаў у грамадстве), але і ад сітуацыйных фактараў. Сярод апошніх — уменне палітычнай апазіцыі змяніць і прыстасаваць сцэнар рэвалюцыі да канкрэтных умоваў, мужнасць і гатоўнасць дэмакратычных лідэраў і актывістаў ісці на значна большую рызыку ў параўнанні са «звычайнымі» выбарамі і ўсё ў большай ступені — бяздзейнасць уладатрымальнікаў. Гэтыя сітуацыйныя фактары часткова кампенсавалі брак унутраных перадумоваў за больш аўтарытарнымі рэжымамі. Такія непрадказальныя трансфармацыі прывялі ў найлепшым выпадку да няпоўнай дэмакратызацыі. Нарэшце, электаральныя змены пачынаюць больш залежаць ад «распаўсюду дэмакратычнай заразы», чым ад унутрыпалітычных перадумоваў. Апошнія выпадкі ў хвалі рэвалюцый характарызуюцца «падзеннем масавасці, ростам гвалту і меншай дэмакратызацыяй»14. Самая апошняя — рэвалюцыя цюльпанаў у Кыргызстане — добра ілюструе гэтую тэндэнцыю з гледзішча як дынамікі падзеяў, гэтак і вынікаў змены рэжыму. Калі б не ўкраінская Памаранчавая рэвалюцыя, якая пачалася за чатыры і скончылася за два месяцы да таго, як раз’юшаны натоўп скінуў Акаева, ён і дагэтуль, магчыма, заставаўся б прэзідэнтам Кыргызстана. Больш за тое, рэвалюцыя цюльпанаў кардынальна адрознівалася ад іншых зменаў рэжыму. Яна не была строга «электаральнай», бо апазіцыя не здолела пацвердзіць абгрунтаванасць сваіх прэтэнзіяў на ўладу ў рамках дэмакратычных працэдураў, і падзеі перараслі ў народнае паўстанне, калі за агульным бязладдзем відавочна забылася першапрычына канфлікту. Не дзіва, што з усіх краін, па якіх пракацілася хваля рэвалюцый, Кыргызстан застаецца найменш дэмакратычнай і стабільнай і цяпер амаль ужо сталася «няспраўджанай дзяржавай».
Эфект ДарвінаГэтая формула прыдатная для асэнсавання таго, чаму і дзе згасла хваля рэвалюцыяў і што прыйшло за ёю. Агулам можна зрабіць выснову, што хваля зменаў рэжыму ў выніку сталася закладніцай уласнага поспеху. Чым далей яна коціцца па краінах са слабейшымі ўнутрыпалітычнымі перадумовамі для зменаў, тым больш кожны новы пераварот залежыць ад цуду «дэмакратычнай заразы». Аднак настаў момант, калі яе чарадзейная моц вычхалася. На тое ёсць дзве прычыны.Па-першае, пазнейшыя, «недаабумоўленыя», змены рэжымаў праходзілі больш гвалтоўна і прынеслі больш няпэўныя і хісткія вынікі (гэта датычыцца і якасці дэмакратыі, і ўзроўню ўнутрыпалітычнай стабільнасці і парадку). Таму яны наўрад ці могуць быць станоўчым, натхняльным прыкладам і ідэалам для грамадстваў у аўтакратыях. Першыя перамогі над аўтарытарнымі рэжымамі былі больш арганізаваныя і мелі больш яскравыя дэмакратычныя вынікі. Яны сталіся, перафразуючы Эдмунда Бэрка, «калыскамі новых рэвалюцыяў» менавіта таму, што хутка выявіліся «бацькамі ладу», то бок пачалі асацыявацца з парадкам, стабільнасцю і задалі новы, перспектыўны кірунак развіцця краіны. Пазнейшыя рэвалюцыі сталіся «бацькамі» няспынных канфліктаў і нестабільнасці, і таму ператварыліся ў «калыскі рэакцыі». Магчыма нават, што хаос падчас рэвалюцыі цюльпанаў у Кыргызстане дадаў пераканаўчасці антырэвалюцыйнай прапагандзе, якую вядуць аўтарытарныя лідэры і іх паплечнікі. Па-другое, калі кожная наступная змена рэжыму ўсё больш залежыць ад збегу абставінаў, кожная новая электаральная перамога апазіцыі насцярожвае ўладатрымальнікаў у астатніх аўтакратыях. Тыя, адрозна ад лідэраў мякчэйшых рэжымаў, якія недаацэньвалі пагрозу з боку апазіцыі ці грамадзянскай супольнасці, усё лепш разумелі, як можа дзейнічаць супраць іх апазіцыя ў спадзеве прыйсці да ўлады. Такім чынам, «храналагічная несправядлівасць» дае адваротны ход: аўтакраты атрымліваюць магчымасць перадухіліць пераход улады, здушаючы рэвалюцыю ў зародку, раней чым апазіцыя арганізуецца і мабілізуецца на змену рэжыму. Важна таксама, што здольнасць папярэджваць распаўсюд «дэмакратычнай заразы» дадалася да ўжо наяўных перавагаў, якія дазваляюць аўтакратам паспяхова выжываць. Гэта я і называю «эфектам Дарвіна»: «дэмакратычная зараза» спачатку выкрышталізоўвае папуляцыю рэжымаў, найбольш здольную супрацьстаяць ёй, і змушае іх рабіць дадатковыя захады, каб умацаваць і без таго вельмі моцную імунную сістэму. Таму спробы паўтарыць рэвалюцыі ў Азербайджане, Беларусі, Казахстане і ўдушаліся з надзвычайнай лёгкасцю. Адным словам, захады па перадухіленні рэвалюцый у гэтых краінах накладаліся на ўжо трывалы, кансалідаваны аўтакратызм. Лукан Уэй трапна заўважае, што палітычны плюралізм на постсавецкай прасторы існаваў не ў выніку ўмацавання дэмакратыі, яе інстытуцыяналізацыі і «ўкаранення», а дзякуючы «няздольнасці дзейных кіраўнікоў утрымаць уладу і засяродзіць у сваіх руках палітычны кантроль, захоўваючы адзінства эліты, падпарадкаваўшы сабе правядзенне выбараў і СМІ і/ці ўжываючы гвалт супраць апанентаў»15. Краіны, дзе ўлада выявілася няздольнай да гэткіх захадаў, захавалі рысы канкурэнцыі ў сваіх палітычных сістэмах, што ўрэшце і дало штуршок электаральным рэвалюцыям. У тых краінах, дзе ніколі не існавала стрымак, якія б не дазвалялі аўтакратыі ўмацавацца ці дзе іх ліквідавалі на раннім этапе незалежнага існавання, «дэмакратычнай заразе» быў пастаўлены заслон. Можна спрачацца, ці сіла і слабасць аўтарытарызму структурная (то бок залежная ад гістарычных, культурных і прыродных чыннікаў) або абумоўленая выбарам шляху (то бок закладзеная на ранніх этапах посткамуністычнага развіцця лёсавызначальнымі падзеямі, якія акрэслілі яго інстытуцыйную будову і пераразмеркавалі ўладу так, каб не дапусціць замацавання аўтарытарызму альбо наадварот). |
1 З удзячнасцю Kathryn Stoner-Weiss. When the Wave Hits a Shoal: The Internal and External Dimensions of Russia’s Turn Away from Democracy // CDDRL Working Paper № 60. Stanford University, 2006. 2 Vitali Silitski. Has the Age of Revolutions Ended? // Transitions Online. 13 January 2005. 3 Levitsky, S.; Way, L. The Rise of Competitive Authoritarianism // Journal of Democracy. № 2 (April 2002). Р. 51—65; гл. таксама: Way, Lucan. Authoritarian State Building and the Sources of Regime Competitiveness in the Fourth Wave: The Cases of Belarus, Moldova, Russia, and Ukraine // World Politics. № 2 (January 2005). Р. 231—261. 4 Шевцова, Лилия // Оранжевая революция: Украинская версия. Москва: Европа, 2005. С. 231; гл. таксама: Way, Lucan. Kuchma’s Failed Authoritarianism // Journal of Democracy. № 2 (April 2005). Р. 131—145; McFaul, Michael. Transitions from Post-Communism // Journal of Democracy. № 3 (July 2005). Р. 5—19; Silitski, V. Different Authoritarianisms, Distinct Patterns of Change // Reclaiming Democracy: Civil Society and Electoral Change in Central and Eastern Europe. Bratislava: German Marshall Fund, 2007. Р. 155—174. 5 Silitski, Vitali. Has the Age of Revolutions Ended? 6 Гл.: McFaul. Transitions from Post-Communism. 7 Гл.: Huntington, Samuel. The Third Wave: Democratization in the Late 20th Century. Norman: University of Oklahoma Press, 1991. 8 Bunce, Valerie; Wolchik, Sharon. Defining and Domesticating the Electoral Model: A Comparison of Slovakia and Serbia // CDDRL Working Paper No. 61, Stanford University. June, 2006. Р. 4. 10 Beissinger. С. 4. 11 Beissinger. Тамсама. 12 Whitehead, Lawrence. Three International Dimensions of Democratization // Lawrence Whitehead, ed. The International Dimensions of Democratization. Europe and Americas. Oxford University Press, 2001. 13 Bunce, Valerie; Wolchik, Sharon. International Diffusion and Postcommunist Electoral Revolutions // Communist and Postcommunist Studies. № 3 (September 2006). Р. 283—304. 14 Тамсама.
|
Было спаўзанне да аўтарытарызму Расіі, Беларусі, Азербайджана і Казахстана — постсавецкіх краін, што пачыналі сваё незалежнае існаванне як плюралістычныя дзяржавы, заканамернасцю або выпадковасцю, для нас ня так істотна. Галоўнае ў тым, што іх уладатрымальнікі (разам з першымі асобамі Ўзбекістана, Таджыкістана і Туркменістана, дзе адразу не прыжыўся палітычны плюралізм) назапасілі патэнцыял кантролю і прымусу, які дазволіў ім адолець «дэмакратычную заразу». Важна тое, што ўсе рэпрэсіўныя, ці «несвабодныя», краіны былога Савецкага Саюзу аб’ядноўвае заканадаўча аформленая амаль неабмежаваная прэзідэнцкая ўлада, то бок інстытуцыяналізаваная звышпрэзідэнцкая форма кіравання. Неістотна, каму спрыяла персаналізацыя ўлады ў постсавецкіх краінах: былым сакратарам партыі або ўчорашнім дэмакратам-рамантыкам з рэфармісцкімі памкненнямі. Галоўнае, што яна зменшыла выдаткі, зьвязаныя з засяроджваннем у руках дзейнага кіраўніка дзяржавы кантролю над інстытутамі, рэсурсамі і ўладнымі структурамі. Больш за тое, персаналізацыя дазволіла ім абмежаваць палітычную канкурэнцыю і такім чынам звузіць прастору, у якой могуць правамоцна развівацца палітычныя інстытуты і дзейныя фігуры, асабліва апазіцыйныя рэжыму.
Рэпрэсіўны характар улады і яе персаналізацыя не застрахоўваюць назаўжды ад рэвалюцыі, бо звышрэпрэсіўныя рэжымы пры пэўных умовах могуць справакаваць адваротную рэакцыю, якая пераадольвае рэпрэсіі. Гэта вядзе да надзвычай гвалтоўных, бурлівых трансфармацыяў, далёкіх ад «цывілізаванай, канстытуцыйнай электаральнай рэвалюцыі»16. Калі ў такіх краінах адбудзецца змена рэжымаў, хутчэй за ўсё, яе выкліча аслабленне рэпрэсіўнага патэнцыялу ўлады, калі рэжым пачне страчваць інфраструктурную знітаванасць. Магчыма, некаторыя рысы гэтага сцэнару можна ўбачыць у апошняй, на зыходзе хвалі, змене рэжыму. Рэвалюцыя ў Кыргызстане, як ужо адзначалася, не «электаральная»17 ў строгім сэнсе слова, бо апазіцыя не здолела пацвердзіць легітымнасць сваіх прэтэнзіяў на ўладу праз вынікі выбараў. Апаненты Акаева проста скарысталіся са слабасці і паралюшу рэжыму, справакаванага эканамічным і сацыяльным заняпадам краіны. Аднак далёка ня ўсім посткамуністычным аўтакратыям уласцівая інфраструктурная слабасць. Насамрэч узровень рэпрэсіўнасці суадносіцца з магчымасцю забяспечыць пэўную эканамічную стабільнасць і грамадскую еднасць. Лічыцца, што эканамічныя фактары «неістотныя» для каляровых рэвалюцыяў, бо яны здараліся як падчас эканамічных уздымаў, гэтак і крызісаў18. Тым не менш, кароткі агляд сукупных эканамічных тэндэнцыяў за апошняе дзесяцігоддзе дае зусім іншую карціну.
Па стане на 2006 г. шэсць дзяржаваў пераўзышлі ўзровень ВУП 1991 г. (Арменія, Азербайджан, Беларусь, Казахстан, Узбекістан) ці амаль дасягнулі яго (Расія). Такім чынам, практычна ва ўсіх краінах з моцнымі эканамічнымі паказнікамі на сённяшні дзень усталяваныя рэпрэсіўныя рэжымы. Адзінае выключэнне — Арменія — (не)выпадкова найменей свабодная краіна сярод часткова свабодных былых рэспублік СССР. У спісе тых, каму далёка да пераадолення наступстваў эканамічнага заняпаду 1990-х, — усе тры краіны, дзе адбыліся рэвалюцыі: Грузія, Украіна, Кыргызстан — і толькі адна «несвабодная» дзяржава (Таджыкістан). У святле доўгатэрміновых тэндэнцый эканоміка выяўляецца-такі фактарам, які ўплывае на палітычныя трансфармацыі і стабільнасць. Гэта датычыць і ўстойлівых да «дэмакратычнай заразы» аўтакратый, і краін, дзе адбыліся каляровыя рэвалюцыі. У першых дзяржаўная прапаганда прыўзносіла эканамічны рост і стабільнасць, асабліва ў параўнанні з «рэвалюцыйнымі» краінамі. У другіх нарастала варожасць грамадства да ўладатрымальнікаў, выкліканая незадаволенасцю, назапашанай за доўгі час іх кіравання.
Моцная аўтарытарная ўлада як прычына эканамічных поспехаў — тэза досыць спрэчная, хоць нельга цалкам адмаўляць сувязь паміж імі. Тым не менш, і аўтарытарызм, і адносныя эканамічныя дасягненні могуць вынікаць з аднаго і таго ж фактару. Свабодныя і рэпрэсіўныя постсавецкія дзяржавы адрозніваюцца тым, якую ролю адыгрываюць у іх нацыянальнай эканоміцы прыродныя рэсурсы. Ва ўсіх свабодных краінах доля энерганосьбітаў у структуры экспарту мінімальная. За выключэннем Таджыкістана і Ўзбекістана19, эканоміка найбольш рэпрэсіўных рэжымаў моцна залежыць ад экспарту нафты і газу, а самыя плюралістычныя краіны залежаць ад іх імпарту20. |
15 Way, L. Authoritarian State Building. Р. 232. 16 Silitski, Vitali. Beware of the People // Transitions Online. 31 March 2005. 17 Такім чынам, Кыргызстан уяўляе з сябе выключэнне, што пацвярджае правіла: рэвалюцыя ў адзінай несвабоднай краіне ва ўсёй хвалі кардынальна адрознівалася ад агульнага сцэнару электаральнай змены рэжыма. 18 McFaul, Michael. Transitions from Post-Communism.
|
Прычынная сувязь паміж залежнасцю ад рэсурсаў і аўтарытарнай уладай добра даследаваная і падмацаваная мноствам фактаў. Залежнасць нацыянальнай эканомікі ад адзінага віду рэсурсаў можа стварыць у перспектыве сур’ёзныя праблемы для эканомікі і грамадства. Але пакуль кошты на энерганосьбіты растуць у геаметрычнай прагрэсіі, дадзеныя праблемы не выявяцца (ці, прынамсі, не выклічуць сур’ёзнай сацыяльнай напружанасці). Падобны рост назіраўся на пачатку і ў сярэдзіне 2000-х гг. Яго пік прыблізна супаў у часе са згасаннем хвалі электаральных рэвалюцыяў і актывізацыяй захадаў супраць «дэмакратычнай заразы» з боку рэпрэсіўных рэжымаў. Бясспрэчна, што рост коштаў на нафту дапамог кіраўнікам багатых рэсурсамі рэпрэсіўных краінаў захаваць унутранае адзінства ўлады і задаволенасць грамадства наяўным status quo.
Рэгіянальны эфектАналіз прычынаў згасання хвалі каляровых рэвалюцый і нечаканага спынення «дэмакратычнай заразы» будзе няпоўным, калі не браць пад увагу рэгіяналізму, то бок «дачыненняў паміж унутраным палітычным працэсам і каштоўнасцямі ды нормамі, якія пераважаюць у дадзеным рэгіёне»21. Рэгіяналізм шмат у чым адрозны ад распаўсюду «дэмакратычнай заразы». Строга кажучы, эпідэмія дэмакратызацыі можа разгарэцца і згаснуць, а рэгіянальная прыналежнасць — структурны фактар, які ніколі не знікне і мае доўгатэрміновыя наступствы для палітычнага жыцця краіны незалежна ад вынікаў палітычнай барацьбы на дадзеным этапе. Так гістарычна склалася, што міжнародны аспект палітычных трансфармацыяў (як дэмакратычных, гэтак і аўтарытарных) характарызуецца феноменам «пераймання суседзяў». Паміж суседнімі краінамі назіраецца тэндэнцыя да збліжэння палітычных сістэм, прычым як у бок дэмакратыі, гэтак і аўтарытарызму22.Але як дакладна вылучыць рэгіён (ці рэгіёны) посткамуністычнай прасторы? Ці можна па-ранейшаму разглядаць увесь абсяг ад Прагі да Ўладзівастока як адзіны рэгіён толькі на падставе агульнага камуністычнага мінулага? Усё ж пасля падзення камуністычнай сістэмы краіны, што ў яе ўваходзілі, абралі дыяметральна супрацьлеглыя шляхі23. Калі і існуе такая з’ява, як «посткамуністычны рэгіён», дык гэта насамрэч вялізны і выключна разнастайны геаграфічна і культурна абсяг, падзелены на мноства частак, падпарадкаваных сваёй непрадказальнай рэгіянальнай геаметрыі і геапалітычнаму супрацьстаянню. Найважнейшы аргумент супраць таго, каб разглядаць усю посткамуністычную прастору як адзін рэгіён — сувязь паміж геаграфічным становішчам краіны і яе шанцамі на ўваходжанне ў Еўрасаюз. Таму рэгіянальны ціск у бок дэмакратызацыі быў наймацнейшым і найбольш відавочным у Славакіі, Харватыі і, з пэўнымі агаворкамі, у Сербіі. Ва ўсіх гэтых краінах да ўнутраных перадумоваў для змены рэжыму дадавалася прыналежнасць да зоны пашырэння Еўразвязу. Геаграфічнае становішча ахоўвала гэтыя краіны ад іншых рэгіянальных уплываў, якія маглі б спыніць дэмакратызацыю. Самое месцазнаходжанне гэтых краінаў спрасціла аказанне міжнароднай дапамогі дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці24. Менавіта ў такім надзвычай спрыяльным для дэмакратызацыі рэгіянальным асяродку і ўзнікла мадэль электаральных рэвалюцыяў. Аднак чаму яна тады так далёка зайшла? Калі хваля рэвалюцыяў дасягнула краінаў былога СССР, на палітычныя працэсы пачала ўплываць больш складаная рэгіянальная геаметрыя. Чым далей кацілася хваля, тым больш рэгіянальны чыннік рабіўся хвалярэзам дэмакратызацыі. Прычына ў тым, што рэгіёны можна вызначаць як паводле «жорсткіх» крытэраў (геаграфія, натуральны лад і палітычная сістэма, інстытуцыі, гандлёвыя шляхі і трубаправоды), гэтак і «мяккіх» (уяўленні, успрыманне). Палітычная барацьба на посткамуністычнай прасторы часта абвастраецца змаганнем паміж рознымі версіямі самавызначэння. Аднясенне нацыі да Еўропы, Захаду, ці, скажам, да Еўразіі, славянскага свету — гэта палітычнае цверджанне, важны сродак мабілізацыі людзей і легітымацыі палітычных мэтаў як апалагетаў, гэтак і праціўнікаў нядаўніх зменаў рэжыму. Дэмакратычная апазіцыя ва Ўкраіне і Грузіі, як на некалькі гадоў раней у Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе, здолела скарыстаць ідэю «далучэння да Еўропы» як фактар мабілізацыі і легітымацыі25. Апазіцыя прапаноўвала грамадству не рэальную перспектыву еўрапейскай інтэграцыі, а хутчэй мару, можа нават і ілюзію, калі ўлічваць, што Еўрасаюз не плануе далейшага пашырэння на постсавецкія краіны. Аднак прывабная ілюзія несла ў сабе неверагодны мабілізацыйны патэнцыял, і ён захоўваўся, пакуль збольшага не акрэсліліся канчатковыя межы пашырэння Еўрасаюза. Больш за тое, агульнае камуністычнае мінулае спрыяла захаванню ідэі пра адзіны посткамуністычны рэгіён сярод тых, хто найбольш прагнуў скасавання яго «жорсткай» формы. У дэмакратычных актывістаў рэгіёну ёсць асаблівае адчуванне братэрства. У іх выпрацаваўся маральны абавязак дапамагаць блізкім і далёкім суседзям у барацьбе за дэмакратыю. Палітычныя падзеі ў Кыргызстане хвалявалі чэскіх актывістаў, а грузінскія дэмакраты пераймалі досвед і чэрпалі натхненне ў сваіх сербскіх калегаў. А вось аўтакраты, за адным значным выключэннем, страцілі гэтае адчуванне рэгіянальнага адзінства26. Ім спатрэбіўся час і ўяўленне, каб зразумець, што падзеі на Балканах могуць паўплываць на будучыню Каўказу ці Сярэдняй Азіі. Адчуванне адзінства вярнулася толькі пасля таго, як хваля рэвалюцый перасягнула мяжу і перакінулася на «крытычную», паводле тэрміналогіі Лары Дайманда, дзяржаву (для былога СССР гэта, безумоўна, была Ўкраіна)27. Але, падобна нацыям, рэгіёны не могуць існаваць як уяўленыя супольнасці без належнай арганізацыі і інстытуцыяналізацыі. Відавочна, што чым далей кацілася хваля рэвалюцыяў, тым цяжэй было агітаваць за змену рэжыму, прапаноўваючы ідэю «далучэння» да вялікага, заможнага, бяспечнага і дэмакратычнага рэгіёну. Больш за тое, геаграфія, а дакладней, аддаленне ад дэмакратычнай Еўропы рабіла працу энтузіястаў рэвалюцыі ў новых дзяржавах больш складанай, калі не наагул бесперспектыўнай. Яшчэ больш важна, што хваля электаральных рэвалюцый дапамагла выкрышталізавацца і вызначыць свае новыя межы арэалу постсавецкіх аўтакратыяў як аўтарытарнаму рэгіёну, дзе застаецца ўсё меней шанцаў на новыя змены рэжыму ці на замацаванне дасягнутых дэмакратычных пераўтварэнняў. Крышталізацыя і перавызначэнне межаў адлюстраваліся ў двух працэсах. Першы — замацаванне аўтарытарнай гегемоніі Расіі ў рэгіёне і яе новая, больш агрэсіўная рэгіянальная палітыка. Расійскія палітычныя эліты вырашылі, што вяртанне Расіі статусу вялікай дзяржавы і аднаўленне яе дамінавання на прасторы былога СССР залежыць ад таго, ці будзе спыненая хваля дэмакратызацыі. Гэтае самасцвярджэнне Расіі, вядома, не азначала поўнага адраджэння стасункаў цэнтр — перыферыя ў іх ранейшым выглядзе. (За камуністычнай сістэмай цэнтр душыў спробы палітычных рэформаў у краінах-сатэлітах Савецкага Саюзу, пакуль крызіс не разарваў на кавалкі самую метраполію і крах усёй сістэмы зрабіўся непазбежным.) Вось чаму некаторыя косткі даміно рэвалюцый упалі насуперак волі рэгіянальнага гегемона. Тым не менш, «жорсткія» і «мяккія» інтрументы ўлады, якімі валодае Крэмль у дачыненнях са сваімі суседзямі, дазволілі Расіі ператварыць краіны, дзе перамаглі дэмакратычныя рэвалюцыі, у поле цяжкой для прыхільнікаў змен бітвы з сіламі рэакцыі. Стан вайны не толькі замінае ўмацаванню дэмакратыі ў гэтых краінах, але і не дазваляе ім стаць «калыскамі новых рэвалюцыяў». Другі працэс — усё большае ўсведамленне з боку аўтарытарных лідэраў, што ім супрацьстаяць сілы, якія ва ўсё большай ступені ўздымаюцца па-над нацыянальнымі межамі, і таму аўтакратам будзе карысна аб’яднаць свае высілкі. У выніку яны пачалі каардынаваць свае дзеянні, каб стварыць нешта накшталт агульнага фронту супраць далейшых зменаў рэжымаў і непажаданага ўплыву звонку, які спрыяе рэвалюцыйнай дзейнасці. За гэтай «арганізацыяй калектыўнай бяспекі» замацавалася мянушка «аўтарытарны інтэрнацыянал»28, хоць дакладней было б назваць яго «аўтарытарнай канвергенцыяй», бо гэта працэс, які працякае ў цяперашні час, але яшчэ не сфармаваны інстытут. Хоць аўтарытарная канвергенцыя спарадзіла новыя партнёрскія саюзы, яна ў значнай ступені абапіралася на ўжо наяўныя кантакты, якія атрымалі новае напаўненне і прызначэнне. Такім чынам, контррэвалюцыйныя ідэі сталі вызначаць кантэкст дзейнасці такіх структур, як Саюз Расіі і Беларусі, СНД, Арганізацыя Дамовы Калектыўнай Бяспекі (АДКБ) і Шанхайская Арганізацыя Супрацоўніцтва (ШАС). Такое ўзаемадзеянне і каардынацыя высілкаў не абмежаваныя краінамі былога Савецкага Саюзу (ці нейкім іншым рэгіёнам). Яны набываюць сапраўды міжнародныя маштабы — пра гэта сведчыць узаемнае прыцягненне лідэраў-аднадумцаў з Лацінскай Амерыкі, Бліжняга Ўсходу і Ўсходняй Азіі, роўна як наладжванне трывалых эканамічных і вайсковых сувязяў паміж некаторымі краінамі былога СССР і, напрыклад, Венесуэлай і Іранам. |
19 Безумоўнае выключэнне — Таджыкістан. Узбекістан мае адносна малую долю энерганосьбітаў у структуры экспарту, але, тым не менш, мае багатыя запасы нафты і газу. Мала таго, у структуры ўзбецкага экспарту вялікая доля прыпадае на золата. Гэта дазваляе назваць эканоміку краіны залежнай ад экспарту сыравіны. Яшчэ адно выключэнне, якое пацвярджае правіла, — Беларусь, хоць яна і не мае сваіх запасаў нафты і газу. Дзякуючы асаблівым стасункам з Расіяй, Беларусь з нядаўняга часу ператварылася ў экспарцёра нафтапрадуктаў. Менавіта таму доля энерганосьбітаў у структуры экспарту краіны дасягнула ў 2005 г. 27%. Нягледзячы на тое, што гэты паказнік адлюстроўвае рээкспарт імпартаванай з Расіі і перапрацаванай нафты ў краіны Еўрапейскага Звязу, нафтавы фактар мае такі самы ўплыў на палітэканомію Беларусі, як і ў выпадку з «сапраўднымі» нафтавымі дзяржавамі. 20 Ambrosio, Thomas. The Political Success of Russia-Belarus Relations: Insulating Minsk from a Color Revolution // Демократизация. № 3 (Summer 2006): Р. 407—434. Р. 409. 21 Ambrosio, Thomas. Тамсама. 22 Brinks, Daniel; Coppedge, Michael. Diffusion is No Illusion: Neighbour Emulation in the Third Wave of Democracy // Comparative Political Studies. № 4 (May 2006). Р. 463—489. 23 Дастаткова сказаць, што ацэнкі Freedom House вагаюцца ад 1.1 для Чэхіі і Эстоніі да 7.0 для Ўзбекістана і Туркменістана. Такім чынам, былыя камуністычныя краіны можна знайсці сярод і найбольш свабодных, і найбольш рэпрэсіўных, і па ўсім спектры. 24 Нават у Сербіі, дзе Мілошавіч паспяхова ізаляваў краіну напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2000 г. Возьмем, напрыклад, адносную лёгкасць вяшчання ці наладжвання працы замежнага апазіцыйнага цэнтру з суседняга Будапешта ў параўнанні з лагістычнымі праблемамі, што ўзніклі б дзе-небудзь у Сярэдняй Азіі. 25 Іх апаненты выкарыстоўваюць альтэрнатыўныя праекты «Рускага свету», «Еўразіі», «Усходнеславянскай цывілізацыі», каб легітымаваць свае палітычныя мэты. 26 Выключэнне — прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які сябраваў з памерлым Слабаданам Мілошавічам. Гл.: Silitski, Vitali. Preempting Democracy: The Case of Belarus // Journal of Democracy. № 4 (October 2005). 27 Diamond, Larry. Democratic Recession, Unpublished manuscript. Гл. таксама: Gershman, Carl; Allen, Michael. The Assault on Democracy Assistance // Journal of Democracy. № 2 (2006). Р. 36—51.
|
Больш за тое, крышталізацыю рэгіёна аўтарытарызму паскорылі вонкавыя падзеі, якія адбыліся тады, калі рэвалюцыйная хваля разбівалася аб берагі трывалых аўтакратыяў былога СССР. Першым здарэннем сталася непрыняцце Еўрапейскай канстытуцыі на рэферэндумах у Францыі і Нідэрландах улетку 2005 г. Неўзабаве Еўрапейскі Саюз вырашыў канчаткова вызначыць межы свайго магчымага пашырэння. Гэта перакрэсліла надзеі некалькіх краін былога СССР на далучэнне да Еўрасаюзу. У практычным ракурсе закрыццё дзвярэй у Еўрасаюз моцна змяншае «мяккія» і «жорсткія» механізмы дэмакратызацыі, якімі валодаў Еўрасаюз, і аўтаматычна павялічвае здольнасць Расіі і Аўтарытарнага Інтэрнацыяналу падтрымліваць аўтарытарныя тэндэнцыі ў рэгіёне. Другі вонкавы фактар — хуткае памяншэнне палітычнай і вайсковай прысутнасці ЗША ў рэгіёне і яшчэ хутчэйшая страта Злучанымі Штатамі мяккіх механізмаў уплыву як у рэгіёне, гэтак і па ўсім свеце. (Апошняе сталася вынікам няўдалае вайны з тэрарызмам і, у прыватнасці, правальных спробаў дэмакратызаваць Ірак.) Хоць амерыканская прысутнасць не заўсёды спрыяла дэмакратызацыі29. знікненне геапалітычнага плюралізму ў доўгатэрміновай перспектыве адмоўным чынам адаб’ецца на здольнасці ЗША прасоўваць дэмакратыю. Трэці вонкавы фактар — хуткі рост коштаў на энерганосьбіты. Вышэйзгаданая амаль абсалютная адпаведнасць паміж наяўнасцю прыродных рэсурсаў і тыпам палітычнага рэжыму ў рэгіёне (дый ва ўсім свеце)30 не толькі ўмацоўвае здольнасць рэпрэсіўных рэжымаў падтрымліваць унутранае адзінства і стабільнасць. Яна робіць цалкам неэфектыўным такі моцны стымул дэмакратызацыі, як умовы аказання эканамічнай і гуманітарнай дапамогі. Больш за тое, звышпрыбыткі ад продажу энерганосбітаў дазваляюць рэпрэсіўным нафтавым імперыям падтрымліваць сатэлітаў і сяброў, якія трапілі ў нялёгкае становішча. І нарэшце, пострэвалюцыйныя краіны структурна залежаць ад аўтакратыяў, бо імпартуюць жыццёва неабходныя рэсурсы. Таму Расія (а таксама і большасць краінаў аўтарытарнага інтэрнацыяналу) атрымлівае сродкі ўплыву, шантажу і прымусу, каб перадухіляць распаўсюд дэмакратыі31, умешвацца ва ўнутраную палітыку залежных краінаў і не дапушчаць непажаданых змен геапалітычнай арыентацыі.
Апераджальны аўтарытарызмПапярэджанне «дэмакратычнай заразы» сталася гэткай жа мадэльлю ў палітычным працэсе, як і самі электаральныя рэвалюцыі. У нападах на дэмакратычную апазіцыю гэтак жа прысутнічае эфект «снежнага камяка», ці «пераймання»32 (калі заканадаўства ці практыку, прынятую рэжымам адной краіны, капіююць іншыя), як і адчуванне аўтакратаў, што яны робяць «адну справу»33. Простая храналогія падзеяў сведчыць: занепакоенасць самой наяўнасцю такіх элементаў плюралізму, як незалежныя НУА, рэшткі свабодных СМІ і прадстаўніцтвы заходніх арганізацыяў, што спрыяюць прасоўванню дэмакратыі, у еўразійскіх аўтакратаў з’явілася пасля Памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне. Пры гэтым будзе няслушна меркаваць, што хвалю апераджальных кампаніяў выклікалі адно каляровыя рэвалюцыі. Захады, скіраваныя на недапушчэнне распаўсюду дэмакратыі, насамрэч былі для аўтакратычнай улады ў розных краінах былога СССР штодзённай працай, бо іх канцэпцыя склалася яшчэ да накату хвалі рэвалюцый і здзяйснялася б у любым выпадку34. Тым не менш, антырэвалюцыйная ліхаманка бясспрэчна матывавала ўлады аўтарытарных краінаў не цягнуць з адпаведнымі захадамі. Апераджальныя напады яшчэ больш умацавалі і гэтак трывалыя аўтарытарныя рэжымы. Таму наступныя дзеянні па абмежаванні палітычнага плюралізму па сутнасці толькі завяршалі даўно распачатую справу. Пры гэтым апераджальныя напады на апазіцыю, незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасць, без сумневу, падстрахоўвалі ўладатрымальнікаў у Азербайджане, Беларусі, Расіі і Казахстане ад рэвалюцый.Некаторыя захады па абмежаванні дзейнасці незалежных СМІ сапраўды былі часткай звычайнай практыкі35. Іншыя не мелі дачынення да электаральных рэвалюцыяў, але таксама палягалі на страху перад «дэмакратычнай заразай». Так, ва Ўзбекістане затрымалі ці выслалі з краіны шмат замежных журналістаў у сувязі з падзеямі ў Андыжане — урад Карымава ўбачыў у іх дзейнасці спробу рэвалюцыі ці дзяржаўнага перавароту. У іншых краінах ціск адбываўся перад выбарамі і меў больш выразны апераджальны характар. Напрыклад, у снежні 2005 г., перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Казахстане, дзяржаўныя друкарні адмовіліся выпускаць вядучыя незалежныя газеты. Урэшце іх пагадзіліся друкаваць у друкарні, якая належала дачцэ прэзідэнта Назарбаева, але пад умовай папярэдняга прагляду (па сутнасці, цэнзуры). Падобным чынам у 2006 г. з шапікаў і падпісных каталогаў у Беларусі амаль цалкам знікла апазіцыйная прэса. Адбылося гэта за некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў. Падкантрольныя ўладам СМІ таксама ўдасканальвалі майстэрства інфармацыйнай драматургіі: яны ладзілі маштабныя кампаніі, малюючы жахлівыя карціны магчымага рэвалюцыйнага хаосу і гвалту, ад якога маглі выратаваць толькі наяўныя ўлады і іх палітыка «стабільнасці»36. У Азербайджане і Беларусі важным элементам кампаніі па запалохванні электарату і таўраванні апазіцыі як экстрэмістаў і «адмарозкаў» было шырокае асвятленне тэлебачаннем «спробаў дзяржаўнага перавароту»37 і арыштаў апанентаў улады і актывістаў грамадзянскай супольнасці з пачкамі грошай з Захаду на арганізацыю рэвалюцыі. Абмежаванне дзейнасці незалежнага грамадскага сектару і ціск на арганізацыі, якія садзейнічаюць прасоўванню дэмакратыі ў рэпрэсіўных краінах СНД, выразна дыктаваліся страхам перад «рэвалюцыйнай заразай». Неабходна адзначыць, што раней рэпрэсіўныя постсавецкія рэжымы актыўна абмяжоўвалі палітычную канкурэнцыю, але пры гэтым многія з іх (у т. л. дзяржавы Сярэдняй Азіі) трывалі заўважную прысутнасць замежных НУА, некаторыя з якіх шчыльна займаліся прасоўваннем дэмакратыі. Напрыклад, прадстаўніцтвы Freedom House вялі актыўную дзейнасць у Сярэдняй Азіі да 2005 г., калі іх выкінулі з рэгіёну пасля жорсткіх заяваў аб масавых забойствах у Андыжане38. У Расіі прыняцце ў снежні 2005 г. новага закону аб НУА, які значна ўскладніў дзейнасць грамадзянскай супольнасці і рэзка абмежаваў яе фінансаванне з-за мяжы, адкрыта тлумачылі неабходнасцю не дапусціць электаральнай рэвалюцыі паводле ўкраінскага сцэнару. Яшчэ больш жорсткія абмежаванні на дзейнасць НУА ўвялі падчас прэзідэнцкіх кампаній у Казахстане (пад выглядам антытэрарыстычных законаў)39 і асабліва ў Беларусі (дзе стварэнне незарэгістраванай арганізацыі пагражае трыма гадамі зняволення)40. У Таджыкістане прыняцце новых палажэнняў, якія значна абмежавалі кантакты замежных дыпламатаў і СМІ з прадстаўнікамі таджыцкіх НУА, таксама супала з выбарчай кампаніяй у пачатку 2005 г. У Азербайджане, Беларусі і Казахстане кампаніі супраць НУА ў асноўным засяродзіліся на ціску на моладзевыя апазіцыйныя групы, якія ўлады падазравалі ў перайманні дзейнасці моладзевых рухаў у Сербіі («Отпор»), Грузіі («Кхмара») і Ўкраіне («Пора»), што адыгралі важную ролю ў прыцягненні да вулічных акцыяў шырокіх масаў людзей, асабліва моладзі, падчас выбарчых кампаніяў і электаральных рэвалюцыяў41. Скіраванасць апераджальных захадаў на НУА і міжнародныя арганізацыі па прасоўванні дэмакратыі можа здзівіць некаторых аналітыкаў, якія лічаць, што гэтыя чыннікі спрыяюць электаральнай рэвалюцыі, але не вызначаюць яе поспех. Аднак такі падыход не ўлічвае менталітэту постсавецкіх аўтакратаў. У зменах рэжыму, якія яны мелі магчымасць назіраць з першага шэрагу партэру, ім бачацца перш за ўсё спланаваныя за мяжой акцыі, а не выяўленне волі народу. Больш за тое, у трывалых аўтакратыях ужо не заставалася амаль ніякіх іншых значных мэтаў для сістэмных апераджальных дзеяў. Апроч НУА, ціск зазналі ўсе апазіцыйныя дзеячы і арганізацыі, якія маглі паспрыяць электаральнай змене ўлады ў рэпрэсіўных дзяржавах СНД. Палітычны прыгнёт прымаў формы запалохвання, арыштаў, пазбаўлення волі палітычных апанентаў, падрыву арганізацыйных здольнасцяў апазіцыі. Гэткую стратэгію праводзілі ўсе аўтакратычныя рэжымы, але найбольш жорсткія захады супраць апазіцыі прымалі ўлады тых краін, дзе набліжаліся вызначальныя выбары. Напрыклад, у 2005 г. была забароненая найбольш уплывовая апазіцыйная партыя Казахстану ДВК (Дэмакратычны Выбар Казахстану). Гэта адбылося праз некалькі месяцаў пасля Памаранчавай рэвалюцыі, калі партыя абвясціла пра свой намер дзейнічаць на ўзор украінскіх дэмакратаў. Апроч таго, улады Казахстану прынялі новы закон, які рабіў фактычна немагчымым заснаванне новых партыяў (для рэгістрацыі партыя павінна мець не менш за 50 тысячаў чальцоў). Беларускіх апазіцыйных лідэраў, вядомых арганізацыяй вулічных акцыяў, прыбралі з палітычнае сцэны, узбудзіўшы супраць іх крымінальныя справы. Былі прынятыя дадатковыя юрыдычныя нормы, якія неверагодна абмежавалі дзейнасць апазіцыйных партый, каб не даць ім паўплываць на выбарчы працэс. Змены ў Выбарчы кодэкс, прынятыя парламентам РФ у 2005 г., падвысілі парог прахаджэння ў парламент для партыяў з 5 да 7 %. Гэта істотна знізіла шанцы незалежных ад Крамля партый трапіць у Дзярждуму. Многія эксперты ўгледзелі ў гэтым падрыхтоўку маскоўскіх уладаў да выбараў 2007 і 2008 гг., каб гарантаваць уладзе спакойнае правядзенне любога праекта «пераемнік», які б яна ні задумала. У Азербайджане ўрад прэзідэнта Ільхама Аліева пад міжнародным ціскам прыняў нормы, якія зрабілі выбары больш празрыстымі, свабоднымі і дэмакратычнымі. Але ўлады кампенсавалі свае страты жорсткім запалохваннем апазіцыі (збіваннямі, ператрусамі, зрывамі мітынгаў і дэманстрацый) перад выбарамі ў парламент у 2005 г. Зрыў незалежнага назірання за выбарамі ажыццяўляўся пры дапамозе ціску на назіральнікаў, прававых абмежаванняў іх працы, апераджальных арыштаў і перашкодаў маніторынгу падчас выбараў. Так, у Азербайджане ў кастрычніку 2005 г. паліцыя прымусова выдаліла назіральнікаў менавіта з тых участкаў, дзе перавагу мела апазіцыя42. У Беларусі за месяц да прэзідэнцкіх выбараў, у лютым 2006 г., улады знішчылі найбуйнейшую недзяржаўную ініцыятыву па назіранні за выбарамі — «Партнёрства». Лідэраў арганізацыі арыштавалі перад аб’ектывамі камер і абвінавацілі ў планаванні тэрарыстычных актаў. Апераджальная прапаганда, не менш дзейсная за самі фізічныя захады, абвесціла, што назіральнікі займаюцца незаконнай падрыўной дзейнасцю. Вельмі часта саміх незалежных назіральнікаў абвінавачвалі і ў намаганні сфальсіфікаваць вынікі выбараў на карысць апазіцыі. З іншага боку, трансляцыі з выбарчых участкаў суправаджаліся шматлікімі і аб’ёмнымі каментарамі назіральнікаў ад падкантрольных уладам арганізацый, якія колькасна значна пераважалі незалежных назіральнікаў (такая тактыка асабліва шырока выкарыстоўвалася ў Беларусі і Казахстане). Яшчэ адна мяккая форма супрацьдзеяння незалежнаму назіранню палягала ў арганізацыі фармальна незалежных экзіт-полаў, якія на загад зверху праводзілі малавядомыя сацыялагічныя службы. Яны абвяшчалі поўную перамогу дзейнай улады, прычым значна раней, чым апазіцыя паспявала абвесціць свае лічбы. |
28 Гл.: Kuchins, Andrew. Will Authoritarians of the Worlds Unite? 29 Напрыклад, сувязі адміністрацыі ЗША з урадам азербайджанскага прэзідэнта Ільхама Аліева (разахвочванне апазіцыі ад пратэставання) і казахскім лідарам Нурсултанам Назарбаевым, роўна як цярплівасць да парушэнняў правоў чалавека ва Ўзбекістане. 30 Гл, напрыклад: Friedman, Thomas. The Law of Petropolitics. 31 Туркменістан нядаўна запатрабаваў экстрадыцыі туркменскіх дысыдэнтаў, што знаходзяцца ў Кіеве, пад пагрозай спыніць пастаўкі газу. 32 Гл.: Gershman, Carl; Allen, Michael. The Assault on Democracy Assistance // Journal of Democracy. № 2 (2006): Р. 36—51. Р. 40. 33 Huntington, Samuel. The Third Wave… Р. 31—32. 34 У якасці прыкладу можна прывесці шэраг заканадаўчых актаў, скіраваных супраць НУА, падрыхтоўка якіх пачалася яшчэ на пачатку гэтага дзесяцігоддзя, і напады прэзідэнта Пуціна на фінансаваныя Захадам арганізацыі ў прэзідэнцкім звароце ў траўні 2004 г. (ён заявіў, што гэтыя НУА «ніколі не ўкусяць руку, якая іх гадуе»). Адбылося гэта за паўгоду да Памаранчавай рэвалюцыі і за паўтара гады да прыняцця законапраектаў парламентам. Гэтаксама папраўкі да Крымінальнага кодэксу Беларусі, якія пакінулі па-за законам амаль усю дзейнасць незалежнай грамадзянскай супольнасці, былі ўпершыню сфармуляваныя ў 2001 г. і чакалі свайго прыняцця. 35 Так, утаймаванне антыпуцінскіх апазіцыйных СМІ праз судовыя справы і прымусовую змену ўласнікаў было часткай агульнае палітыкі ўдушэння свабодных СМІ, якая доўжыцца ад пачатку прэзідэнцтва Пуціна. 36 Грамадская думка ў Расіі пасля Памаранчавай рэвалюцыі будзе дэталёва аналізавацца ніжэй. У Беларусі дзяржаўная прэса публікавала вялікія вытрымкі з класічных кніг па праблеме дэмакратызацыі, у прыватнасці, з «Трэцяй хвалі» Самуэля Хантынгтана (з акцэнтам на рэцэптах змены рэжыму) і «Тэхналогіі негвалтоўнага супраціву» Джына Шарпа. Яна давала своеасаблівую ацэнку флэш-мобам і экзіт-полам, папярэджвала, што мірныя тэхналогіі змены рэжыму і негвалтоўнага супраціву — проста прыкрыццё для дэструкцыйных і патэнцыйна крывавых захадаў апазіцыі. Гл.: Silitski, V. Contagion Deterred. 37 У Азербайджане нібыта планаваны дзяржаўны пераварот пад кіраўніцтвам былых урадоўцаў быў раскрыты ўсяго за некалькі тыдняў да выбараў. Паліцыя і журналісты дзяржаўнага тэлебачання ўварвалі-ся ў шыкоўныя апартаменты змоўшчыкаў і знялі стосы грошай і золата, схаванае ў сутарэннях, якое нібыта мусіла пайсці на фінансаванне дзяржаўнага перавароту. Падобным чынам, з камерамі і дэманстрацыяй грошай, у лютым 2006 г. арыштавалі лідэраў беларускага НУА па назіранні за выбарамі «Партнёрства». 38 Гл.: Uzbekistan report // Nations in Transit 2006. (PDF) 39 Нурсултан Назарбаеў пагуляўся ў «коткі-мышкі» з законамі супраць НУА. Ён скіраваў некаторыя з іх у Канстытуцыйны Суд, які, у сваю чаргу, абвесціў іх неканстытуцыйнымі. Відавочна, гэта акцыя мела на мэце надаць Назарбаеву палітычныя дывідэнды. Як ні смешна, каб стварыць ілюзію лібералізацыі, ён для пачатку мусіў зрабіць толькі адно — узмацніць рэпрэсіі. Гл.: Kazakhstan // NIT. 2006. Р. 315—316. 40 Згодна з новымі законамі, у Беларусі таксама забараняецца атрымліваць замежныя гранты на назіранне за выбарамі і дзейнасць, скіраваную на «ўмяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі» (датычыцца таксама абароны правоў чалавека): Belarus // NIT. 2006. 41 Лідэраў гэтых груп малявалі ў СМІ марыянеткамі Захаду, якія за шчодрую фінансавую дапамогу абавязваліся забяспечыць звяржэнне ўладаў. У Азербайджане разам з «заходняй» картай разыгрывалася і этнічная. Руслана Башырлі, лідэра моладзевага руху «Ені Фікір», арыштавалі ў красавіку 2005 г. па абвінавачванні ў супрацоўніцтве са спецслужбамі Арменіі: Azerbaijan // NIT. 2006. Р. 111—112.
|
Апроч таго, сярод адкрыта контррэвалюцыйных захадаў улады было ўзмацненне рызыкі, звязанай з удзелам у вулічных акцыях пратэсту. Падобныя захады мелі як прапагандысцкі, гэтак і праўны характар. Што да прапаганды, азербайджанскае дзяржаўнае тэлебачанне перад парламенцкімі выбарамі некалькі разоў паказала, як добра ўзброены спецназ трэніруецца ў разгоне дэманстрацый з ужываннем цяжкой зброі і водных гарматаў. За лічаныя дні да сакавіцкіх выбараў 2006 г. беларускі КДБ агучыў пагрозу, што паслявыбарчыя дэманстрацыі прыраўнаваныя да тэрарыстычных актаў і будуць адпаведна карацца, ажно да найвышэйшае меры. Назіральнікі, у сваю чаргу, у дзень выбараў паведамлялі пра шырокамаштабныя перасоўванні ваенных машынаў у спальных раёнах Мінска, што было відавочнай дэманстрацыяй сілы. Што да праўнага ракурсу, то змены ў выбарчае заканадаўства Казахстану напярэдадні снежаньскай прэзідэнцкай кампаніі забаранілі ўсе грамадскія сходы ад дня выбараў і да дня афіцыйнага абвяшчэння вынікаў. Гэтае рашэнне, згодна з цверджаннем Freedom House, мела на мэце «перадухіліць масавыя дэманстрацыі на ўзор тых, што адбыліся пасля сфальсіфікаваных выбараў у Грузіі (2003), Украіне (2004) і Кыргызстане (2005)»43. Прыняты ў Казахстане закон аб экстрэмізме стварыў праўную базу для ператрусаў, канфіскацыі літаратуры і зрыву выбарчай кампаніі апазіцыі. Тое самае адбывалася і ў Беларусі ў 2006 г., але ў яшчэ большым маштабе. Прадстаўнікі ўлады, якія праводзілі рэпрэсіі, мелі яшчэ больш шырокія, падрабязна распісаныя паўнамоцтвы. Як і ў Казахстане, жорсткія захады супраць апазіцыі легалізоўваліся адмысловымі заканадаўчымі актамі і нормамі, прынятымі ў папярэднія гады, таму Лукашэнкавым людзям не патрэбна было больш рабіць выгляд, што апаненты рэжыму пераследуюцца паводле якіх заўгодна, але не палітычных матываў.
Урэшце, важна, што некаторыя постсавецкія аўтакраты навучыліся змагацца з «дэмакратычнай заразай» даволі тонка, пазытыўна і ў даволі нечаканым стылі: праз гульні з сімваламі і элементамі антуражу саміх электаральных рэвалюцый. Лідэры кшталту Лукашэнкі і Назарбаева (а таксама Пуціна) здолелі скарыстацца энергіяй, творчымі здольнасцямі і спадзяваннямі тых самых груп насельніцтва, якія запалілі полымя рэвалюцый у іншых краінах. Яны здолелі арганізаваць гэтых людзей і выкарыстаць іх як сродкі захавання наяўнага палітычнага ладу. У прыватнасці, гэтыя лідэры відавочна зразумелі важную ролю моладзі ў электаральных рэвалюцыях. Яны не толькі своечасова «націснулі» на аналагі «Отпора» і «Кхмары», але і стварылі свае ўласныя лаяльныя групы, якія абяцалі іх удзельнікам тое самае, што раней прываблівала ў рэвалюцыях: радаснае хваляванне, весялосць і — з увагі на карнавальную атмасферу Памаранчавай рэвалюцыі, якая вылілася ў бесперапынны поп- і рок-канцэрт на Майдане Незалежнасці, — забаву. Напрыклад, Назарбаеў і Лукашэнка ў сваіх перадвыбарчых кампаніях выкарысталі поп-культуру: замест дэманстрацыяў і афіцыйных дэбатаў яны аддалі перавагу бясплатным канцэртам і забаўляльным шоў. Назарбаеў пайшоў нават далей: ён здолеў замаскаваць антырэвалюцыйныя захады пад рэвалюцыю. Ён правёў уласную «каляровую» кампанію! Карнавальны стыль антырэвалюцыйных кампаніяў дасягнуў вельмі моцнага эфекту: шырока асвечаныя па тэлебачанні, са шматлікімі візуальнымі эфектамі, сімваламі, славутасцямі і зоркамі, аздобленыя пазітыўнымі патрыятычнымі ідэямі44, яны стварылі ўражанне пераважнай падтрымкі ўладаў, выціснулі апазіцыю па-за межы публічнай прасторы і пазбавілі яе ключавых мабілізацыйных ідэяў, потым выкарыстаных самімі ўладамі. |
42 Azerbaijan // NIT. 2006. Р. 112. 43 freedomhouse.org.
|
Падобнай апераджальнай стратэгіяй скарысталіся расійскія ўлады, калі стваралі лаяльныя групоўкі са структурай і сімваламі, падобнымі да ўласцівых паспяховым апазіцыйным рухам у іншых краінах, але з выразнай антырэвалюцыйнай платформай. Такім чыным з’явіўся прапуцінскі моладзевы рух «Наши» — alter ego ўкраінскай «Поры» і грузінскай «Кхмары». Каб паказаць, што яны гатовыя супрацьстаяць контрдэманстрацыямі любым акцыям пратэсту апазіцыі, 15 траўня 2005 г. «Наши» зладзілі ў Маскве пробнае масавае 50-тысячнае шэсце. Крамлёўскія настаўнікі «Наших» публічна інструктавалі прапуцінскую моладзь: «Вы недастаткова моцныя, вы павінны быць гатовыя разагнаць фашысцкую дэманстрацыю і ўдушыць спробы антыдзяржаўнага перавароту»45. Антыфашысцкая рыторыка апраўдвалася галоўным чынам радыкальнай антыпуцінскай пазіцыяй Нацыянал-бальшавіцкай партыі, бадай, найбольш актыўнай і бескампраміснай групы ў сучаснай расійскай апазіцыі. Але ярлык «фашысты» паводле змоўчання пашырыўся на ўсю апазіцыю, у т. л. і ліберальную.
Аўтарытарная гегемонія: роля Расіі ў СНД пасля каляровых рэвалюцыйПамаранчавы страхПаводле словаў аднаго аглядальніка, украінская Памаранчавая рэвалюцыя сталася «расійскім 11 верасня»46. Пасля яе Расія прыклала ўсе намаганні, каб аднавіць свой статус дзяржавы-гегемона на прасторы былога Савецкага Саюзу і не дапусціць далейшага распаўсюду «дэмакратычнай заразы». Гэты намер Расіі паўплываў на характар яе замежнай і ўнутранай палітыкі. Ён абумоўлены няспынным спаўзаннем дзяржавы да аўтарытарызму з таго часу, як гаспадаром Крамля стаў Уладзімір Пуцін. Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Расійскай Федэрацыі, падпісаная Пуціным у 2000 г., адлюстравала новае бачанне замежнай палітыкі: згодна з ёю Расія можа дасягнуць магутнасці толькі праз аслабленне геапалітычнага ўплыву Захаду, і наадварот. Гэта і вызначыла погляды Крамля на працэсы дэмакратызацыі ў рэгіёне як збольшага сродак пашырэння сферы інтарэсаў Захаду за кошт інтарэсаў Расіі. Так, у 2004 г. кароткі тактычны альянс Расіі з Захадам, і ў прыватнасці з ЗША, сфармаваны пасля тэрарыстычных актаў у Нью-Ёрку ў 2001 г., пад уплывам шэрагу чыннікаў хутка распаўся.На гэтым фоне украінскія прэзідэнцкія выбары ў Крамлі інтэрпрэтавалі як кульмінацыю геапалітычнага спаборніцтва з Захадам за дамінаванне на постсавецкай прасторы. У сваю чаргу, гэта прымусіла Крэмль адназначна падтрымліваць «пераемніка» Кучмы прэм’ер-міністра Ўкраіны Віктара Януковіча ў барацьбе з кандыдатам ад апазіцыі Віктарам Юшчанкам. Хоць выбары прэзідэнта Ўкраіны — найперш унутраная справа самой Украіны47, і Захад, і Ўсход адкрыта ўмяшаліся ў хаду падзеяў. Насуперак заявам Расіі (і некаторым заходнім публікацыям), няма сур’ёзных факталагічных падставаў сцвярджаць, што ўмяшанне Захаду і перадусім ЗША ў выбарчы працэс «было больш значным за ўсё, што зрабіла Масква»48. Паводле большасці ацэнак, фінансавая дапамога Януковічу з боку расійскіх карпарацыяў значна перавысіла выдаткі Кангрэсу ЗША на падтрымку дэмакратыі ва Ўкраіне49. Прэзідэнт Пуцін двойчы наведаў Украіну падчас выбарчай кампаніі, і ягоны другі візіт паміж першым і другім турам, нягледзячы на афіцыйную назву, быў не чым іншым, як агітацыйнай акцыяй. У Кіеў зляцеліся г. зв. крамлёўскія паліттэхнолагі, каб дапамагаць у выбарчай кампаніі Януковіча і весці інфармацыйную атаку на апазіцыю. Важным складнікам януковіцкай прапаганды былі расійскія тэлеканалы50. Пасля другога туру Пуцін дэ-факта падтрымаў фальсіфікацыю выбараў, двойчы павіншаваўшы Януковіча з перамогай. У найбольш крытычны момант Памаранчавай рэвалюцыі, як толькі стала відавочна, што апазіцыя перамагае, расійскі істэблішмент адкрыта падтрымаў недаўгавечны праект Януковіча адносна «аўтаноміі» ўсходняй Украіны51. Перамогу Памаранчавай рэвалюцыі і абранне Віктара Юшчанкі на пасаду прэзідэнта Ўкраіны ў Крамлі ўспрынялі як геапалітычную паразу. У разуменні расійскага чынавенства і грамадскай думкі перамога Віктара Юшчанкі сталася вынікам маніпуляцый масамі з-за мяжы пры дапамозе фінансавання і больш дасканалых палітычных тэхналогій. Адразу пасля Памаранчавай рэвалюцыі Крэмль быў відавочна ўстрывожаны тым, што падобныя тэхналогіі рэвалюцый могуць неўзабаве апрабаваць і ў самой Расіі52. Сэнс гэтай пагрозы ў студзені 2005 г. сфармуляваў выканаўчы сакратар СНД і былы галава расійскага ФСБ Уладзімір Рушайла: «Змена кіроўных элітаў пры дапамозе палітычных тэхналогій становіць небяспеку для ўсіх краінаў СНД, і Расіі ў прыватнасці»53. У постпамаранчавы перыяд былі вызначаны дзве асноўныя задачы замежнай палітыкі Расіі ў дачыненні да краінаў былога СССР. Першая палягала ў спыненні «дэмакратычнай заразы». Мэты планавалася дасягнуць пры дапамозе адмысловых захадаў па дэстабілізацыі становішча ў краінах, дзе адбыліся каляровыя рэвалюцыі, каб прадэманстраваць іх адмоўны эфект грамадству і ў Расіі, і ў іншых краінах СНД, якія маглі падхапіць «дэмакратычную заразу». У Расіі нядаўнія дэмакратычныя рэвалюцыі тлумачаць як спансараваную Захадам геапалітычную экспансію. Таму расійская палітыка скіраваная супраць не толькі пострэвалюцыйных, але і ўсіх празаходніх краін СНД, напрыклад, Малдовы (нягледзячы на ўласцівыя ёй аўтарытарныя тэндэнцыі), а таксама краін Балтыі і нават Цэнтральнай Еўропы, напрыклад, Польшчы. (Расія ўсё больш разглядае іх як фарпосты прасоўвання дэмакратыі, як краіны, што, на яе думку, псуюць яе стасункі з Захадам). Масква выкарыстала святкаванне 60-х угодкаў перамогі ў Другой усясветнай вайне як нагоду для масіўнай прапагандысцкай атакі супраць гэтых краінаў — іх абвінавачвалі ў сімпатыях да нацызму54. Дэстабілізаваць празаходнія краіны, а таксама тыя, дзе перамаглі рэвалюцыі, стала справай як прапаганды, гэтак і практычнай палітыкі. У расійскім палітычным дыскурсе Памаранчавая і астатнія каляровыя рэвалюцыі звязваліся з няспыннай каланізацыяй постсавецкай прасторы дзяржавамі гэтак званага «Вашынгтонскага абкаму»55 і з узвядзеннем «санітарнага кардону» вакол Расіі. Канцэпт «суверэннай дэмакратыі», ідэалагічны антыбіётык да «рэвалюцыйнай заразы», прапагандаваны крамлёўскім істэблішментам у постпамаранчавы перыяд, адлюстроўвае паноўны погляд на дэмакратыю заходняга тыпу ў постсавецкіх дзяржавах як на форму каланіяльнай залежнасці56. У прапагандысцкім контрнаступе на каляровыя рэвалюцыі актыўна раскручваўся імідж пострэвалюцыйных краінаў, у прыватнасці Грузіі і Ўкраіны, як рассаднікаў палітычнай і эканамічнай нестабільнасці57, і этнакратычнай дыктатуры58, дзе эліта «палюе на вядзьмарак», парушае правы чалавека і нацыянальных мяншыняў, ладзіць этнічныя чысткі і падтрымлівае тэрарызм59. Гэтая прапаганда збольшага скіраваная на свой электарат: каб насельніцтва падтрымлівала ўласную аўтарытарную ўладу, трэба адштурхнуць яго ад ідэі змены рэжыму. Варта адзначыць, аднак, што гэтая прапаганда праз падкантрольныя Крамлю СМІ скіроўвалася і на краіны былога СССР і астатняга свету з відавочнай мэтай падарваць давер мясцовага насельніцтва да празаходніх урадаў і іх рэформаў60. Другая знешнепалітычная задача палягала ў аднаўленні палітычнага ўплыву ў краінах былога СССР, якія пасоўваюцца на Захад61. З іроніі лёсу, каляровыя рэвалюцыі не толькі не аслабілі магчымасці Расіі пашырыць сваю ўладу ў рэгіёне, але, наадварот, пэўным чынам падмацавалі іх: як выявілася, на адкрытыя дэмакратычныя краіны з вольнай палітычнай канкурэнцыяй уплываць лягчэй, чым на рэпрэсіўныя. Больш за тое, пасля Памаранчавай рэвалюцыі Расія не страціла інструментаў уплыву ў блізкім замежжы. Яны захоўваюцца і дзякуючы структурным чыннікам, у прыватнасці, эканамічнай, фінансавай і вайсковай няроўнасці паміж Расіяй і іншымі краінамі СНД. Так, расійская манаполія на пастаўку стратэгічна важных прыродных рэсурсаў надае Крамлю сталую крыніцу ўплыву, прымусу і кантролю, значнасць якой цяжка пераацаніць. «Жорсткія» чыннікі расійскага ўплыву ўзмацняюцца і вайсковай прысутнасцю Расіі ў зонах канфліктаў у некаторых пострэвалюцыйных дзяржавах і яе фактычным пратэктаратам над іх сепаратысцкімі рэгіёнамі.
Экспарт паліттэхналогій у пострэвалюцыйныя краіныНаступы Расіі на рэвалюцыі ў блізкім замежжы ў пасляпамаранчавы перыяд грунтаваліся на тых самых паліттэхналогіях і сцэнарах інфармацыйных войнаў, што дапамагалі апраўдаць аўтарытарызацыю пуцінскай Расіі. Гэта стала відавочным пасля стварэння ў лютым 2005 г. Дэпартамента па міжрэгіянальных сувязях і культурных кантактах з замежнымі краінамі, асабліва пасля таго, як яго кіраўніком быў прызнаны Мадэст Калераў, які доўгі час працаваў з вядучым пуцінскім паліттэхнолагам Глебам Паўлоўскім. Раз Расія лічыцца пераемніцай Савецкага Саюзу, Калераў надзвычай арыгінальна акрэсліў мэтавую аўдыторыю свайго дэпартамента. Яе складаюць не толькі этнічныя расійцы, але і ўсе грамадзяне постсавецкіх краінаў, якія «арыентуюцца на Расію і звязваюць з ёй сваю будучыню». Нагэтулькі шырокае і спрэчнае вызначэнне служыць базай для змены ў расійскай палітыцы што да краінаў блізкага замежжа: ад абароны правоў этнічных меншасцяў (рускай дыяспары) — да ўмяшання ў іх унутраныя справы на баку палітычных сіл, якія падтрымліваюць палітычныя інтарэсы Расіі ў сваіх краінах62. Яшчэ адно сведчанне вядучай ролі паліттэхнолагаў у распаўсюджанні антырэвалюцыйных настрояў у блізкім замежжы — распачатая ў 2005 г. расійская грантавая праграма, якую разглядаюць як сродак падтрымкі пракрамлёўскіх груп у самой Расіі і ў блізкім замежжы. Шмат якія з іх кантраляваліся і кіраваліся тымі самымі паліттэхнолагамі, якія актыўна спрычыніліся да прэзідэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. З 2005 г. крамлёўскія паліттэхнолагі пачалі актыўна вербаваць актывістаў з прарасійскіх арганізацыяў на постсавецкай прасторы і зводзіць іх з крамлёўскімі чыноўнікамі, якія «адыгрываюць галоўную, хоць часам і ценевую ролю ў выпрацоўцы расійскай палітыкі»63, каб абмеркаваць спосабы падвысіць ролю Расіі ў краінах блізкага замежжа. У якасці дзейснага сродка прапаганды ідэяў Крамля сярод супольнасцяў экспертаў у краінах былога СССР яны разглядаюць інтэрнэт64.Калераў дзейнічае на постсавецкай прасторы ў сваім своеасаблівым стылі. У ліпені 2005 г. адбыўся ягоны скандальны візіт у Прыднястроўе65. Там Калерава прынялі і нават зрабілі ганаровым сябрам моладзевага руху «Прорыв!», свайго кшталту «антырэвалюцыйнага «Отпора», падобнага да расійскіх «Наших», толькі больш радыкальнага ў метадах. Вядома, што арганізацыя знаходзіцца пад апекай спецслужбаў Прыднястроўя. «Прорыв!» спецыялізуецца на паклёпніцкіх кампаніях і запалохванні апанентаў прыднястроўскай улады як у самаабвешчанай рэспубліцы, гэтак і па-за яе межамі, а лідэраў арганізацыі ў шэрагу краінаў (у тым ліку і Расіі) абвінавачваюць у забойствах. Да таго ж «Прорыв!» не абмяжоўваецца дзейнасцю ў Прыднястроўі (яшчэ адно падабенства да «Отпора»). Напрыклад, клон «Прорыва» пад той самай назвай з’явіўся ў Крыме. Гэты рух распаўсюджвае сепаратысцкія настроі і змагаецца з арганізацыямі ўкраінцаў і крымскіх татараў. «Прорыв!», які заклікаў да «грамадзянскай вайны» ў Крыме, адкрыта падтрымлівалі расійскія дэпутаты66. Любімы праект Калерава на Каўказе — Каўказскі інстытут дэмакратыі, крамлёўскі прапагандысцкі цэнтр, створаны як рупар радыкальных апанентаў Саакашвілі ў Грузіі, а таксама сепаратысцкіх рэгіёнаў — Абхазіі і Паўднёвай Асетыі. Калераў кантактаваў з групамі кшталту «Анты-Сорас», апазіцыйным да цяперашняй грузінскай улады рухам на чале з Маяй Нікалаяшвілі, абвінавачанай у падрыхтоўцы звяржэння Саакашвілі, а таксама з былым міністрам абароны Ігарам Геаргадзэ, абвінавачаным у замаху на жыццё былога прэзідэнта Грузіі Эдуарда Шэварднадзэ ў 1995 г. (З таго часу Геаргадзэ жыве ў Маскве, тамсама месціцца і створаная ім Партыя справядлівасці. Яе адгалінаванне ачольвае Джымала Гатыгідзэ, былы міністар бяспекі Аджарыі, які працаваў на Аслана Абашыдзэ. Апошні, нагадаем, у 2004 г. збег у Маскву.)
Жорсткія механізмы ўплыву: працяглыя канфлікты, газавыя войны, забароны на імпартЦіск Крамля на Малдову і Грузію праз сепаратысцкія рэгіёны не абмяжоўваўся актыўнасцю паліттэхнолагаў. Прысутнасць шматлікага міратворчага кантынгенту ў Абхазіі, Паўднёвай Асетыі і Прыднястроўі, выдаванне расійскіх пашпартоў жыхарам гэтых рэгіёнаў, а таксама сталая эканамічная і вайсковая падтрымка (у т. л. прыкрыццё кантрабанднай дзейнасці — асноўнай крыніцы даходаў) стварылі безліч магчымасцяў для ціску і прымусу. Урады Малдовы і Грузіі запатрабавалі вывесці расійскі вайсковы кантынгент са сваёй тэрыторыі. Яны сцвярджаюць, што прысутнасць расійскіх войскаў дазваляе кіраўніцтву рэгіёнаў сабатаваць спробы перамоваў і замірэння. У адказ Крэмль зацягнуў перамовы, змусіў мясцовае кіраўніцтва адкінуць планы замірэння, прапанаваныя ўладамі Малдовы і Грузіі, і ініцыяваў рэферэндумы аб незалежнасці Прыднястроўя і Паўднёвай Асетыі. Яны адбыліся ў 2006 г., перакрэсліўшы ўсе надзеі на ўрэгуляванне канфліктаў у агляднай будучыні. Падобным чынам зацягваліся і перамовы датычна вывядзення расійскага кантынгенту з цэнтральнай Грузіі.«Газавая вайна» 2005—2006 гг., найгрубейшы метад ціску на пострэвалюцыйныя краіны, пачалася са спробаў Расіі паўплываць на вынікі прэзідэнцкіх выбараў ва Ўкраіне ў 2004 г. Напярэдадні выбараў расійскі газавы манапаліст «Газпром» заключыў з урадам Віктара Януковіча надзвычай выгадную для яго дамову, паводле якой Украіна атрымлівала газ у тры разы танней за еўрапейскія краіны. Газавы кантракт быў практычна непрыхаванай спробай узняць шанцы Януковіча на выбарах. Увесь 2005 г. «Газпром» упарта адмаўляўся весці перамовы пра пастаўкі на наступны год і толькі ў снежні абвясціў пра падвышэнне коштаў на газ утрая. Праз некалькі дзён «Газпром» паведаміў пра падвышэнне коштаў для большасці спажыўцоў у іншых былых рэспубліках СССР. «Газпром» сцвярджаў, што рашэнне падвысіць кошты было «выключна эканамічным», прынятым не на падставе палітычных чыннікаў, а ў выніку пераходу на рынкавыя стасункі з партнёрамі Расіі на постсавецкай прасторы. Аднак наўрад ці справядліва казаць пра «рынкавыя механізмы», калі ўлічыць манаполію «Газпрому» на пастаўкі і транзіт нафты. Напрыклад, цягам 2005 г. «Газпром» інтэнсіўна замацоўваў свае пазіцыі ў былых савецкіх рэспубліках: завалодваў аб’ектамі інфраструктуры і падпісваў новыя кантракты, каб падпарадкаваць сабе дадатковыя транзітныя магутнасці газаправодаў67. Гэта значна абмежавала пакупнікам газу прастору для манеўраў — яны страцілі магчымасць звярнуцца да іншых экспарцёраў, калі здарыцца канфлікт з «Газпромам». Мала таго, падвышэнне коштаў было падкрэслена няроўным коштам для розных краінаў: найвышэйшыя тарыфы — для Ўкраіны (першапачатковая сума — 230 даляраў за 1000 кубаметраў, у параўнанні з 100—110 далярамі для большасці іншых краінаў СНД) і Грузіі, найніжэйшы тарыф — для Беларусі: ёй яшчэ год дазвалялася набываць газ па ўнутрырасійскім кошце68. Немалаважна, што выбар часу для газавай вайны — напярэдадні парламенцкіх выбараў ва Ўкраіне — аўтаматычна вывеў на першы план палітычныя пытанні, нават зрабіў іх сутнасцю супрацьстаяння. Насуперак цверджанням «Газпрому» пра адсутнасць палітычнай матывацыі ў падвышэнні коштаў ідэолагі Крамля і падкантрольныя яму СМІ прадстаўлялі гэты канфлікт расійскай грамадскасці як спробу зацугляць былых рэвалюцыянераў69. Масква не хавала, што канфлікт распачаты для ўмяшальніцтва ў перадвыбарную кампанію з мэтай мабілізаваць выбарцаў прамысловай і моцна залежнай ад Расіі ўсходняй Украіны, электаральнай базы Януковіча70. |
44 Тым не менш, яны не ўлучалі апазіцыю: напрыклад, слоганы перадвыбарчых кампаніяў Назарбаева і Лукашэнкі «За Казахстан» і «За Беларусь» падсвядома значылі, што тыя, хто галасуюць супраць лідэраў, выступаюць супраць сваіх краінаў. 45 Сурков пообещал «Нашим» страну и власть // NewRu.com. 2005. 18 ліпеня. 46 Krastev, Ivan. Russia’s Post-Orange Empire. 47 Пры абмеркаванні пытання замежнай падтрымкі абодвух бакоў часта ігнаруюць тое, што галоўныя кандыдаты, у тым ліку Юшчанка, атрымлівалі фінансавую дапамогу перш за ўсё з украінскіх крыніцаў. Так, Юшчанку падтрымліваў мясцовы бізнэс, а Януковіч выкарыстоўваў адміністрацыйны рэсурс. Гл.: Way, Lucan. Kuchma’s Failed Authoritarianism. 48 Steele, Jonathan. Ukraine’s Untold Story // The Nation. № 20. December 2004. 49 Паводле розных падлікаў, фінансавая падтрымка Расіі Януковічу склала ад 50 да 600 мільёнаў даляраў. Некаторыя расійскія карпарацыі, якія высока ацэньвалі Юшчанку як прэм’ер-міністра, прапанавалі фінансава падтрымаць ягоную кампанію, але на загад з Крамля мусілі адмовіцца ад сваёй ідэі. Гл.: Wilson, Andrew. Ukraine’s Orange Revolution. New Haven and London: Yale University Press, 2005. Р. 118—211; Petrov, Nikolay; Ryabov, Andrei. Russia’s Role in the Orange Revolution // Aslund, Anders; McFaul, Michael. Revolution in Orange: The Origins of Ukraine’s Democratic Breakthrough. Washington D.C.: Carnegie Endowment, 2005. Р. 145—165. 50 За некалькі дзён да першага туру выбараў расійскі першы канал абвесціў: «Асноўны электарат Юшчанкі складаюць былыя ветэраны СС, падраздзяленняў ультранацыяналіста Сцяпана Бандэры і тыя, хто сёння захапляецца іх талентамі». Першы канал. 2004. 28 кастрычніка. 51 Янукович и Лужков приехали в Северодонецк // Grani.ru. 2004. 27 лістапада. 52 Як казаў Паўлоўскі ў лістападзе 2004 г., «калі мы страцім Украіну, тое самае адбудзецца праз год у Расіі». Інтэрв’ю з Глебам Паўлоўскім (Комсомольская Правда. 2004. 27 лістапада.). 53 Рамизоглу, Н. Политтехнологии — угроза XXI века // Central Asia. 2005. 15 студзеня. 54 Лідары Літвы і Эстоніі адмовіліся прыняць удзел у святкаванні гадавіны перамогі ў Маскве, бо Расія не пагадзілася прызнаць акупацыю балтыйскіх краінаў з 1940 г. 55 Метафара ўведзеная палітычным аглядальнікам Мікалаем Чуксіным у кнізе «Project Russia: The Washington Obkom and the Occupied Country». Вядучыя крамлёўскія прапагандысты падхапілі гэты тэрмін і пачалі выкарыстоўваць у сваіх прамовах і спавешчаннях. Гл., напрыклад, ацэнку Памаранчавай рэвалюцыі агенцыяй Мадэста Калерава: Фронт против России: санитарный кордон и внешнее управление. 2005. 18 сакавіка. 56 Вячаслаў Суркоў, намеснік галавы адміністрацыі Пуціна і галоўны ідэолаг «суверэннай дэмакратыі», вызначыў яе як «форму палітычнага жыцця грамадства, дзе ўлада і яе інстытуты фармуюцца і кіруюцца выключна расійскім народам»: Национализация будущего // Expert. 2006. 20 лістапада. 57 Напрыклад, запавольванне эканамічнага росту ва Ўкраіне з 13 да 3,5% падавалася як сведчанне глыбокага эканамічнага крызіса. Расійскія медыі распавядалі пра нястачу мяса і бензіну, а таксама пра тое, як жыхары Ўкраіны ў паніцы назапашваюць сена і вугаль пасля змяншэння паставак газу: Оранжевая Украина — нету мяса, нету бензина // Комсомольская Правда. 2005. 2 ліпеня. 58 Мадэст Калераў, напрыклад, заявіў, што Расія — самая дэмакратычная краіна на прасторы былога СССР, таму што толькі ў Расіі існуюць «канстытуцыйныя гарантыі правоў нацыянальных меншасцяў», між тым як у іншых дзяржавах пануюць «больш ці менш этнакратычныя рэжымы, якія не дазваляюць нацыянальным меншасцям граць заўважную ролю ў палітыцы дзяржавы» // Лекцыя Мадэста Калерава ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. 2006. 23 траўня. 59 Каментуючы тэракт у Нальчыку ў лістападзе 2005 г., першы канал расійскага тэлебачання заявіў: «Арганізатары бандыцкага нападу на Нальчык абралі памаранчавы колер для сваёй палітычнай ідэнтыфікацыі … Заўважце, не зялёны, што, нібыта, было б натуральным для звычайных вахабітаў, а памаранчавы… Для таго, каб прынесці Расіі бліскучыя ідэалы свабоды і дэмакратыі, ім трэба сістэматычна і рознабакова дэстабілізаваць сітуацыю на ўсіх узроўнях // Первый канал. Галоўныя паліттэхнолагі Расіі, у іх ліку Паўлоўскі і Сяргей Маркаў, сур’ёзна разважалі пра планы Грузіі напасці на Расію ў 2005—2006 гг. 60 Да гэтай мэты часам ішлі шляхам падману і правакацыяў: напрыклад, у падробленых спавешчаннях, распаўсюджаных у Еўропе і Паўночнай Амерыцы ў чэрвені 2006 г. і нібыта падпісаных шматлікімі заходнімі экспертамі, сцвярджаецца, што прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі мае праблемы з псіхікай, таксама там абгрунтоўваецца дэмакратычны характар прыднястроўскага рэжыму і ягонае права на аддзяленне ад Малдовы. Спавешчанні неслі адзнакі стылю піяр-правакацыяў «у абгортцы сучаснага выгляду, распрацаванай Мадэстам Калеравым у крамлёўскай адміністрацыі». Гл.: Socor, Vladimir. Dezinformatsiya Alive But Transparent // Eurasia Daily Monitor. Vol. 3. Issue 139 (2006. 19 ліпеня). 62 Расія практыкуе дыферэнцыяваны падыход да абароны правоў суайчыннікаў: супраць астатніх постсавецкіх краінаў, у т. л. Сярэдняй Азіі, калі і рабіліся нейкія захады, то амаль незаўважныя, нягледзячы на шырокавядомую практыку як «мяккай», гэтак і «жорсткай» дыскрымінацыі этнічных рускіх у такіх краінах, як Казахстан і асабліва Туркменістан. Падаецца, што дзейнасць крамлёўскіх паліттэхнолагаў скіраваная выключна супраць празаходніх плюралістычных дзяржаваў былога СССР. 63 Socor, Vladimir. ’Multiculturalism’ Forum Gathers Moscow’s Supporters // Eurasia Daily Monitor. 2005. 19 кастрычніка. 64 Адзін з такіх рэсурсаў, kreml.org, ператварыўся ў мазгавы цэнтар антырэвалюцыйнай прапаганды. 65 Падчас свайго візіту ён публічна ўхваліў лідара сепаратыстаў і абвесціў, што Прыднястроўе, як і Расія, мусіць «не прадаць суверэнітэт за драбязу». 66 obzor.crimea.ua.
|
Перамовы з Украінай скончыліся кампрамісам: кошты знізілі, бо паводле новай дамовы «Газпром» пастаўляе ва Ўкраіну таннейшы туркменскі газ. Улоўка кантракту ў тым, што манапольнае права на пастаўку газу ва Ўкраіну нададзена кампаніі РосУкрЭнерга, цьмянай фірме-пасярэдніцы, якая належыць «Газпрому». У выніку РосУкрЭнерга, скарыстаўшы са свайго статусу манапаліста, давяла да банкруцтва і завалодала ўсёй інфраструктурай размеркавання газу ва Ўкраіне, у якой былі цяжкасці з атрыманнем аплаты ад спажыўцоў. Урэшце ўлетку 2006 г. Януковіча зноў прызначылі прэм’ер-міністрам. Яго ўрад аднавіў раней падпісаныя пагадненні з Расіяй, што ўзмацніла яе эканамічную прысутнасць ва Ўкраіне і кантроль над жыццёва важнымі транзітнымі магутнасцямі.
Яшчэ адным сумна вядомым выпадкам эканамічнага ціску на «празаходнія» і «рэвалюцыйныя» краіны СНД была забарона на імпарт грузінскіх і малдаўскіх він, уведзеная ў сакавіку 2006 г. з ініцыятывы расійскага Міністэрства сельскай гаспадаркі (у спіс забароненага потым трапіла і грузінская мінеральная вада). Забарона моцна адбілася на эканоміцы абедзвюх краінаў, бо 90 % экспарту гэтых тавараў прыпадала менавіта на Расію. Крыху пазней Расія пагражала забараніць увоз украінскага віна па падазрэнні, што ўкраінскія вытворцы рээкспартуюць малдаўскія віны пад іншымі маркамі. Ад наступнай забароны пацярпелі ўкраінскія вытворцы мяса-малочных прадуктаў. Санкцыі закранулі 40 % украінскага экспарту гэтых тавараў, у выніку закрыліся дзесяткі перапрацоўчых заводаў. Фармальнай прычынай для забароны сталася вялікая колькасць нізкаякасных, падробных і небяспечных для здароўя він, што ўвозяцца ў Расію. Хоць такая праблема сапраўды існавала, незразумела, чаму аналагічныя санкцыі не закранулі тавараў з Абхазіі і Прыднястроўя, дзе, і гэта добра вядома, наладжаная масавая вытворчасць падробных він. Мала таго, ніхто, апроч сельскагаспадарчых чыноўнікаў, не хаваў, што забарона мела палітычны характар. Расійская палітычная эліта і яе прапагандысцкія рупары заяўлялі, што санкцыі былі актам палітычнай помсты. Так, за год да ўвядзення санкцый дэпутаты Дзяржаўнай Думы патрабавалі ўвесці санкцыі супраць Малдовы, каб пакараць яе за «варожасць да Расіі»71. Каментуючы забарону, вядучы ток-шоў на першым канале расійскага тэлебачання Міхаіл Лявонцьеў заклікаў грузінаў «даслаць свае фекаліі (вядзецца пра атручаныя віны — заўв. аўт.) Джорджу Бушу», а найбуйнейшая расійская газета «Комсомольская правда» распачала «патрыятычную кампанію», што заклікала чытачоў «паважаць сваю краіну і не піць грузінскае віно»72. Аднак самыя жорсткія санкцыі былі ўведзеныя супраць Грузіі ў кастрычніку 2006 г. пасля скандалу вакол арышту і экстрадыцыі сямі расійскіх вайскоўцаў, абвінавачаных грузінскімі ўладамі ў шпіянажы. Грузінскі бок хутка вярнуў арыштаваных на радзіму, але ў расійскім палітычным істэблішменце гэта выклікала гістэрыю, раздзьмутую ў дзяржаўных СМІ. У якасці меры ў адказ расійская Дума на патрабаванне прэзідэнта Пуціна наклала ўсеахопныя антыгрузінскія санкцыі. Забараняўся гандаль, транспартныя і паштовыя зносіны з Грузіяй. Антыгрузінская гістэрыя ахапіла прэсу і завалодала грамадскай думкай, што выклікала хвалю гвалту супраць грузін у Расіі як на прыватным, гэтак і на ўладным узроўні. Канфлікт падаваўся як спроба «дыктатарскага» і «марыянеткавага» рэжыма Саакашвілі дагадзіць сваім «гаспадарам» у ЗША73. У Расіі затрымалі тысячы грузін (антыгрузінская хваля выпадкова закранула высокапастаўленых прадстаўнікоў расійскай культурнай і інтэлектуальнай эліты грузінскага паходжання, такіх, як прыдворны скульптар маскоўскага мэра Зураб Цэрэтэлі, хоць іх адданасць Расіі не выклікала ніякіх сумневаў). Сотні грузін выслалі ў Тбілісі на транспартных самалётах, прычым тры чалавекі загінулі ў пералёце. Экстрадыцыя стала яшчэ адной формай эканамічных санкцыяў, бо ў Расіі жыве і працуе шмат грузін, і грузінская эканоміка залежыць ад грашовых пераводаў гэтых людзей на радзіму, што складае прыблізна пятую частку бюджэту краіны74.
Канвергенцыя аўтарытарызмуЯк на постсавецкай прасторы, гэтак і на міжнароднай арэне ўсё больш заўважныя ўзаемнае збліжэнне аўтарытарных рэжымаў у апошнія гады і іх практычныя захады па нівеляванні непажаданага дэмакратычнага ўплыву на ўнутрыдзяржаўным і рэгіянальным узроўнях. Тэндэнцыя, якую я назваў канвергенцыяй аўтарытарызму, сталася пабочным эфектам засваення аўтакратамі ўрокаў каляровых рэвалюцый. Аўтарытарныя лідэры адчулі, што прасоўванне дэмакратыі набывае міжнародны характар, усё больш удасканальваецца, абапіраючыся як на палітычную ўладу, гэтак і на нефармальныя грамадскія ініцыятывы. Гэта ўзмацняла наяўную і патэнцыйную пагрозу аўтарытарнай уладзе ў знешнепалітычным ракурсе. Дастаткова згадаць, што пасля Памаранчавай рэвалюцыі не толькі ў былых савецкіх рэспубліках, але і ў Кітаі, Венесуэле, нават Іране і некаторых афрыканскіх краінах актыўна даследвалі прычыны і хаду электаральных зменаў рэжыму.Калектыўная абарона супраць «дэмакратычнай заразы» часта прымала самыя простыя формы. Усяго толькі каардынаванне высілкаў на ўзроўні рэгіёну дапамагло аўтакратам дэзарганізаваць унутраную апазіцыю. Сярод такіх элементарных практычных захадаў, напрыклад, адмова ў палітычным прытулку і экстрадыцыя дысідэнтаў, складанне агульных спісаў асобаў, якім забаронены ўезд у краіну75, блакаванне інтэрнэт-сайтаў76 і забарона друкарням друкаваць літаратуру для іншай краіны77 ці закрыццё прадстаўніцтваў міжнародных праваабарончых арганізацыяў, дзейнасць якіх распаўсюджвалася на ўвесь рэгіён. Апроч каляровых рэвалюцый, больш сістэмную канвергенцыю аўтарытарных рэжымаў выклікалі абвешчаная цяперашняй амерыканскай адміністрацыяй праграма «свабоды», вайна з тэрарызмам і акупацыя Ірака Злучанымі Штатамі Амерыкі. Карцінка гвалтоўнага насаджэння дэмакратыі пераканала постсавецкіх аўтакратаў, што, каб ізаляваць сябе ад вонкавага палітычнага ціску, сёння трэба не толькі ўзмацніць уладу ўнутры краіны, але і рабіць сістэмныя захады дзеля абароны сумежных дзяржаў і цэлых рэгіёнаў. Страх перад глабальным крыжовым паходам за дэмакратыю таксама зблізіў аўтарытарных кіраўнікоў усіх кантынентаў і рэгіёнаў. Не дзіва, напрыклад, што прэзідэнты Венесуэлы і Ірана Уга Чавес і Махмуд Ахмадзінежад, шчырыя аўтакраты-харызматыкі з немалымі амбіцыямі ў міжнароднай палітыцы, у 2005—2006 гг. часта наведвалі краіны былога Савецкага Саюза, усталёўвалі і замацоўвалі палітычныя і эканамічныя сувязі з Беларуссю, Расіяй і краінамі Сярэдняй Азіі. Гаванскі саміт Руху недалучэння ў жніўні 2006 г., на які з’ехаліся Чавес, Лукашэнка, Ахмадзінежад і лідэр Зімбабвэ Роберт Мугабэ, стаўся ўзорам канвергенцыі аўтарытарызму ў глабальным маштабе. Важна, што збліжэнне аўтарытарных лідэраў усяго свету часткова легітымавалі неадназначныя і непрадуманыя дзеянні ЗША па ажыццяўленні праграмы свабоды. Яны пераканалі шмат каго ў свеце, што «траянскі конь дэмакратызацыі»78 — проста шырма для дасягнення Злучанымі Штатамі сваіх геастратэгічных і эканамічных мэтаў. Незалежна ад таго, ці справядлівая такая ацэнка, ці не, усё гучнейшыя з 2005 г. заклікі ЗША да распаўсюду дэмакратыі ва ўсім свеце непакояць іншыя ўплывовыя дзяржавы свету — Расію і Кітай. Іх уладныя эліты разглядаюць былыя і будучыя змены рэжымаў у сваіх рэгіёнах, роўна як і ва ўсім свеце, як фактары, што могуць падрываць іх унутраную стабільнасць і пагражаць іх шырэйшым рэгіянальным інтарэсам. Расія і Кітай здольныя прапанаваць свае паслугі менш магутным рэжымам і дапамагчы ім супрацьстаяць міжнароднаму ціску, пагрозам санкцыяў і абмінаць рознага кшталту ўмовы з боку міжнароднай супольнасці. Напрыклад, Расія цалкам падтрымала ўзбецкі рэжым Іслама Карымава, калі ён апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі пасля расстрэлу ў Андыжане ў траўні 2005 г. Расія вокамгненна заключыла палітычны і вайсковы альянс з рэжымам Карымава, патрабуючы вывесці з Узбекістану амерыканскія вайсковыя базы, і распачала інфармацыйную атаку, якая выяўляла падзеі ў Андыжане як праяву ісламскага тэрарызму, хоць фактычных доказаў гэтай версіі было замала. Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў сакавіку 2006 г. у Беларусі Расія таксама аказала шэраг значных палітычных і эканамічных паслугаў рэжыму Лукашэнкі. У іх ліку: захаванне ільготных коштаў на нафту і газ на перыяд да канца прэзідэнцкай кампаніі і чарговага пераабрання Лукашэнкі, а таксама непасрэдная дапамога Лукашэнку ў вядзенні інфармацыйных войнаў79. Апошняя частка артыкула прысвечаная найбольш яскравым праявам канвергенцыі аўтарытарызму на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу: пераарыентацыі рэгіянальных і міжнародных арганізацыяў у краінах былога СССР, фактычна фінансаваных Расіяй, на вядзенне «антырэвалюцыйнай» дзейнасці і ператварэнню іх у бастыёны, каб супрацьстаяць пашырэнню заходняга ўплыву ў рэгіёне.
«Сваё» назіранне за выбарамі для СНДСярод падстаў для наракання з боку Расіі і іншых краінаў СНД на залішняе ўмяшальніцтва Захаду ва ўнутраныя справы былых савецкіх рэспублік была роля заходніх назіральнікаў на выбарах, у прыватнасці, місія АБСЕ па выбарчым маніторынгу. Яе падазравалі ў тым, што місія легітымуе змены рэжымаў, а не бесстаронна назірае за выбарамі. Адразу пасля Памаранчавай рэвалюцыі (і нават яшчэ раней) Крэмль патрабаваў, каб місія АБСЕ спыніла сваю дзейнасць, і нават пагражаў у адваротным выпадку заблакаваць фінансы арганізацыі80. Ціск на назіральнікаў АБСЕ вёўся паралельна са значным павелічэннем колькасці назіральных місіяў ад СНД. У іх вялі рэй расійскія назіральнікі, а ачольваў іх выканаўчы сакратар СНД і былы галава Расійскай дзяржбяспекі Ўладзімір Рушайла. Ужо на ўкраінскіх выбарах 2004 г. было шмат назіральнікаў ад СНД, якія ўдзельнічалі ў прапагандысцкай кампаніі супраць назіральнікаў з Захаду. Паводле версіі назіральнікаў ад СНД, першыя «грубыя парушэнні выбарчага права ў дзень галасавання» яны заўважылі толькі падчас паўторнага правядзення другога туру выбараў 24 снежня 2004. Папярэднія місіі аднадушна прызнавалі выбары і рэферэндумы, на якіх не было рэальнай канкурэнцыі, а ўладатрымальнікі дабіваліся рашучай перамогі (як, напрыклад, у 2003 г. ва Ўзбекістане ці ў 2004 г. у Беларусі).Спавешчанні групы назіральнікаў ад СНД падчас трох выбараў у краінах былога Савецкага Саюзу ў паслярэвалюцыйны перыяд (парламенцкія выбары ў Азербайджане ў кастрычніку 2005 г., прэзідэнцкія ў Казахстане ў снежні 2005 г. і прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў сакавіку 2006 г.) выяўляюць «супрацьманіторынгавую» сутнасць гэтых місіяў, бо іх галоўная задача — аспрэчваць ацэнкі і высновы заходніх назіральнікаў, а не непасрэдна назіраць за выбарамі. Спецыялісты ад СНД не толькі выказваюць агульную нязгоду з ацэнкай выбараў заходнімі назіральнікамі, але і падкрэсліваюць, што магчымыя абвінавачванні ўладам з боку апазіцыі, як тыя, што прывялі да змены рэжымаў ва Ўкраіне, Грузіі і Кыргызстане, — беспадстаўныя81. Па-першае, ва ўсіх трох краінах — Азербайджане, Казахстане і Беларусі — назіральнікі СНД палічылі, што прэтэндэнты былі ў роўных умовах. У спавешчаннях па Казахстане і Беларусі, напрыклад, адзначаецца, што дзейныя кіраўнікі атрымалі абсалютную большасць эфірнага часу і газетнай плошчы ў дзяржаўных СМІ. Але пры гэтым сцвярджаецца, што дзяржаўныя медыі толькі асвятлялі іх працу як лідэраў дзяржаў, а не кандыдатаў у прэзідэнты (хоць вызначыць мяжу паміж гэтым дзвюма ролямі ў найлепшым выпадку праблематычна). У спавешчаннях назіральнікаў ад СНД цалкам праігнараваны шквал антыапазіцыйнай прапаганды як фактар, што ўплываў на зыход выбараў. Па-другое, назіральнікі ад СНД падкрэслівалі, што галоўнымі парушальнікамі і махлярамі на выбарах былі апазіцыя і міжнародныя назіральнікі, а не ўлады. Цытуючы ў якасці доказаў выключна афіцыйныя заявы органаў аховы правапарадку, назіральнікі ад СНД прыводзілі шматлікія прыклады парушэнняў выбарчага права апазіцыяй падчас збору подпісаў, перадвыбарчай агітацыі і распаўсюджвання агітацыйных матэрыялаў і не заўважалі запалохвання і цэнзуры. У спавешчаннях дзеянні апазіцыі называюцца «супрацьзаконнымі» і «дэстабілізацыйнымі» без удакладнення, ці былі гэта дзеянні мірныя, ці гвалтоўныя, і без апісання кантэксту, у якім мелі месца парушэнні82. У спавешчаннях, прысвечаных выбарам у Азербайджане і Беларусі, асобна згаданыя спробы арганізаваць незалежнае апытанне на выхадзе з участкаў (экзіт-полы). Незалежным сацыёлагам прыпісваліся такія парушэнні, як правядзенне апытання без ліцэнзіі, прыцягненне некваліфікаваных супрацоўнікаў і замежнікаў. Назіральнікамі ад СНД шматкроць паўтаралі, што адмаўляюць саму ідэю экзіт-полаў як правамернага механізму, каб забяспечыць справядлівы падлік галасоў83. Агульная выснова ўсіх трох спавешчанняў — пры падліку галасоў не было зафіксавана аніводнага парушэння, нават нягледзячы на тое, што ў аналагічных высновах групы АБСЕ сцвярджаецца, што парушэнні пры падліку галасоў мелі месца на 43 % участкаў у Азербайджане і 50 % участкаў у Беларусі84.
Вайсковыя гульні АДКБЯшчэ адна міжнародная арганізацыя на тэрыторыі былога СССР, якая перагледзела мэты сваёй дзейнасці пасля каляровых рэвалюцыяў, — дагэтуль прысутны толькі на паперы вайсковы альянс краінаў СНД, Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Да АДКБ, у які ўваходзілі Расія, Беларусь, Арменія, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан, у 2005 г. далучыўся Ўзбекістан, які адразу прапанаваў стварыць «міжнародныя антырэвалюцыйныя сілы», каб падтрымаць любы з рэжымаў, які сутыкнецца з пагрозай знутры. Расія не схацела надаваць АДКБ непасрэдных паліцэйскіх функцыяў, аднак заклікала сяброў арганізацыі паглыбляць супрацоўніцтва ў межах альянсу і прапанавала шэраг прывілеяў, напрыклад, зніжкі на расійскую зброю. АДКБ — вайсковая арганізацыя, і ацэньваць яе дзейнасць у мірны час цяжка. У 2005—2006 гг. арганізацыю выкарыстоўвалі перадусім у прапагандысцкіх мэтах палітычныя эліты дзяржаў-удзельніц, аднак яе дзейнасць прадэманстравала і іх намеры ды агульную скіраванасць. За гэты перыяд былі праведзеныя тры вайсковыя вучэнні пад эгідай АДКБ. Усе яны планаваліся па сумнеўных сцэнарах, далёкіх ад сапраўдных баявых сітуацыяў. Хутчэй яны ўяўлялі з сябе спробы сфармаваць грамадскую думку адносна ўнутрыпалітычных падзей у краінах АДКБ і апраўдаць супольныя дзеянні па недапушчэнні змены рэжыму. Дзеля гэтага ўнутраную апазіцыю звязвалі з замежным агрэсарам і тэрарыстамі.Запачаткавалі гэту тэндэнцыю вучэнні АДКБ у Таджыкістане ў красавіку 2005 г. (на тыдзень пазней, чым планавалася: яны мусілі праходзіць у Кыргызстане, але рэвалюцыя цюльпанаў змусіла змяніць месца і час). Дзве вайсковыя адзінкі падзяліліся на «сініх» і «чырвоных». «Сінія», скарыстаўшыся з незадаволенасці людзей вынікамі апошніх выбараў, паспрабавалі скінуць урад, а «чырвоныя» «адпрацоўвалі прыняцце рашэнняў і ўжыванне войскаў калектыўнай бяспекі для абароны незалежнасці і тэрытарыяльнай суцэльнасці» Таджыкістану85. Сцэнар вучэнняў «Мяжа-2006», што праходзілі ля Каспійскага мора ў Казахстане ў красавіку 2006 г., быў яшчэ складанейшым. «Сінія» гэтым разам былі «міжнароднай тэрарыстычнай арганізацыяй», якая, скарыстаўшы незадаволенасць мясцовага насельніцтва вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, пачынае ствараць халіфат на тэрыторыі сярэднеазіяцкай дзяржавы. «Чырвоным» (сілам АДКБ) супрацьстаялі не толькі непасрэдныя ворагі, але і «карычневыя» — «дзяржава, што не ўваходзіць у АДКБ, якая … паспрабуе скарыстаць з сітуацыі і пашырыць свой уплыў у рэгіёне»86. Скептыкі адзначалі, што вучэнні праводзіліся ў рэгіёне, дзе ніколі не назіралася актыўнасці тэрарыстычных або экстрэмісцкіх груповак, і задавалі сабе пытанне, якая была мэта вучэнняў: падрыхтоўка да антытэрарыстычных дзеянняў ці ўсё ж папярэджанне змены рэжыму. |
67 Напрыклад, яшчэ ў верасні 2005 г. «Газпром» заключыў дамову з узбецкай газавай манаполіяй «Узтрансгаз» на транзіт туркменскага газу праз Узбекістан, што ставіла ў залежнасць ад «Газпрому» ўсе транзітныя магутнасці сістэмы. Гэтае пагадненне не дазволіла Ўкраіне кампенсаваць магчымае скарачэнне паставак расійскага газу за кошт туркменскага. 68 Цікава, што перамовы з Беларуссю завершыліся ў снежні 2005 г., падчас канфлікту «Газпрому» з Украінай і Малдовай, усяго за некалькі дзён да таго, як беларускія ўлады абвесцілі пра датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, што сведчыць пра падтрымку кандыдатуры Лукашэнкі Крамлём. rferl.org. 69 Паводле версіі расійскага Першага каналу, «пасля таго, як новыя «памаранчавыя» лідары пераарыентавалі краіну на Еўропу, Расія адразу ж падтрымала гэты крок, прапанаваўшы Ўкраіне плаціць за газ па еўрапейскіх коштах, што ўсяго толькі ў 3,5 разы вышэй за цяперашнія». Перадача першага расійскага канала, тэкставая версія даступная ў інтэрнэце. 70 «Сёння ўкраінскі народ зробіць свой выбар, і Расія разыгрывае свой козыр у трапны момант. Я мяркую, што Юшчанка пацерпіць сакрушальную паразу, а Януковіч замацуе свае і без таго моцныя пазіцыі. Усход і Поўдзень аб’яднаюцца, і Ўкраіна яшчэ раз падумае, у якім кірунку ёй рухацца». carnegie.ru. 72 Прыклад прапагандысцкага плаката, надрукаванага ў газеце, можна знайсці на адрасе. 73 Міхаіл Леонцьеў абвесціў у эфіры Першага канала: «Пакуль палітычная эліта Грузіі жыве марамі і казкамі адміністрацыі Буша, Грузія ніколі не будзе квітнеючай, а жыццё грузінскага народа не стане лепшым». 75 Агульны спіс, напрыклад, склалі Расія і Беларусь. У Беларусь забаронены ўезд сарака тысячам асоб, сярод іх шмат прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і фундацыяў. Цяпер ім закрыты шлях і ў Расію. Гл.: Беларусь и Россия создали банк персон «нон-грата» // БДГ-Online. 2006. 8 верасня. 76 На саміце СНД вялася гаворка пра кантроль за інтэрнэт-прасторай. Кітай нібыта прадаў неабходнае для такой мэты праграмнае забеспячэнне Беларусі. 77 Напрыклад, у сакавіку 2006 г. расійская друкарня адмовілася друкаваць незалежныя беларускія газеты, якія не дазволілі друкаваць у Беларусі. Гл.: Россия лишает белорусов независимой прессы // Хартыя-97 Online. 79 У траўні 2005 года галава ФСБ Мікалай Патрушаў заявіў пра нібы раскрытую змову Захаду, што прадугледжвала выкарыстанне неназваных тэрарыстычных груповак для фінансавання перадвыбарчай кампаніі беларускай апазіцыі. Гэта адбылося задоўга да таго, як беларускія спецслужбы высунулі беспадстаўныя абвінавачванні апазіцыі ў тэрарызме. Інфармацыя беларускіх навіновых агенцыяў. Падчас сакавіцкіх выбараў 2006 г. расійскія медыі падтрымалі Лукашэнку, паўтарыўшы заявы дзяржаўных каналаў беларускага тэлебачання пра тое, што пратэсты апазіцыі арганізаваныя купкай экстрэмістаў. Пасля гвалтоўнага задушэння паслявыбарчых пратэстаў апазіцыі міністр замежных спраў Расіі адкінуў крытыку Лукашэнкі Захадам і абвінаваціў міжнародныя арганізацыі, што крытыкавалі правядзенне выбараў, такія, як АБСЕ, у «інспіраванні масавых беспарадкаў» у Беларусі. 80 Socor, Vladimir. Moscow Defying OSCE on Democracy Front // Eurasia Daily Monitor. 2004. 4 лістапада. 81 Спавешчанні даступныя ў інтэрнэце на адрасе: cis.minsk.by для Азербайджану; для Беларусі; для Казахстана. 82 У Беларусі, напрыклад, назіральнікі ад СНД абвінавацілі апазіцыю ў правядзенні перадвыбарчых мітынгаў без афіцыйнага дазволу ўлады. На самай справе выбарчае заканадаўства ў лютым 2006 г. не вымагала дазволу на правядзенне перадвыбарчых мерапрыемстваў, а ўлады патрабавалі такія дазволы выключна на падставе спрэчнай рэзалюцыі Цэнтральнай выбарчай камісіі. 83 Пры гэтым у спавешчанні не згадана, што вынікі афіцыйных экзіт-полаў, праведзеных праўрадавай моладзевай арганізацыяй, парушаючы закон, абвесцілі яшчэ да таго, як скончылася галасаванне. 84 Спавешчанні па выніках назірання за выбарамі АБСЕ і БДІПЧ даступнае ў інтэрнэце на адрэсе: для Беларусі: www1.osce.org; для Азербайджана: www.osce.org. 85 www.1917.com
|
Звязаць беларускую апазіцыю з ісламскімі тэрарыстамі больш праблематычна. Таму, паводле сцэнару вучэнняў АДКБ «Шчыт Садружнасці-2006», праведзеных у Беларусі ў чэрвені 2006 г., краіне пагражала дзяржава пад назвай «Бугія» (ад назвы ракі Буг, што падзяляе Польшчу і Беларусь), якая запатрабавала перадаць ёй заходнія тэрыторыі Беларусі. У адказ Беларусь звярнулася па вайсковую дапамогу да «Дняпровіі» (ад назвы ракі Дняпра, якая цячэ праз Расію, Беларусь і Ўкраіну), і тая вывела свае войскі да заходняй мяжы Беларусі, каб спыніць магчымую агрэсію87.
Рэгіянальнае адасабленне ШАСКалі барацьба з «дэмакратычнай заразай» у межах СНД і АДКБ зводзілася збольшага да прапагандысцкіх прыёмаў, то ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва з’явіліся больш канкрэтныя практычныя прапановы. Структуру, якая аб’ядноўвае пяць былых савецкіх рэспублік: Расію, Казахстан, Кыргызстан, Узбекістан і Таджыкістан — і Кітай, некаторыя аналітыкі называюць «усходнім НАТА»88. Яна засноўвалася як рэгіянальны форум па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і барацьбы з тэрарызмам. Сёння ШАС ператвараецца ў энергетычны і больш шчыльны вайсковы альянс. Асаблівы каларыт арганізацыі надаюць расійска-кітайскія стасункі. Дзве гэтыя краіны актыўна развіваюць эканамічныя і вайсковыя сувязі. Адначасова іх аб’ядноўвае агульная зацікаўленасць у тым, каб спыніць рост уплыву ў рэгіёне трэціх краінаў (у прыватнасці, ЗША), і занепакоенасць зменамі рэжымаў на постсавецкай прасторы89. Для Пекіна, у прыватнасці, «падзенне аўтарытарных рэжымаў у былых рэспубліках СССР адкрыла непрыемную перспектыву народнага паўстання ў самім Кітаі»90.Паміж удзельнікамі ШАС ёсць свае супярэчнасці і спрэчкі, у асноўным звязаныя з доступам да энерганосьбітаў. Але спалучэнне палітычных і эканамічных інтарэсаў краінаў ШАС можа ператварыць арганізацыю ў значна больш знітаваны і эфектыўны альянс, чым ледзь жывы СНД. Усе — і багаты на рэсурсы канфліктагенны рэгіён Сярэдняй Азіі, і абодва рэгіянальныя гегемоны з дынамічнай эканомікай, велізарнымі арміямі і арсеналамі ядравай зброі — зацікаўленыя ў стрыманні экспансіі трэціх дзяржаў у рэгіёне, а таксама перадухіленні любых палітычных змен у сярэднеазіяцкім рэгіёне. Расію і Кітай аднолькава непакоіць пытанне доступу да рэсурсаў Сярэдняй Азіі, калі раптам зменіцца геастратэгічны і палітычны баланс у рэгіёне. Сярэднеазіяцкім рэжымам хаўрус з Расіяй і Кітаем гарантуе прынамсі некаторую ўстойлівасць перад палітычным ціскам Захаду, а шырокамаштабныя энергетычныя праекты, разгорнутыя ў рэгіёне, ствараюць эканамічны падмурак палітычнай бяспекі. Той факт, што стаўпы ШАС могуць умацаваць рэгіянальны контррэвалюцыйны альянс, прадэманстравала акцыя салідарнасці з урадам Іслама Карымава, калі той страціў падтрымку Злучаных Штатаў пасля расстрэлу ў Андыжане ў траўні 2005 г. Расія імгненна ўхваліла ўступленне Ўзбекістана ў ШАС, падтрымала патрабаванні Карымава вывесці амерыканскія вайсковыя базы з тэрыторыі краіны і паабяцала Ўзбекістана поўную палітычную і вайсковую дапамогу. За некалькі месяцаў урад Карымава атрымаў сур’ёзную эканамічную дапамогу і буйныя інвестыцыі ў свой энергетычны сектар ад Кітая (памерам 1,5 мільярдаў даляраў)91 і Расіі (да 1,2 мільярдаў даляраў)92. У ліпені 2005 г. удзельнікі ШАС перафармулявалі агульныя прыярытэты, вызначылі першаснай мэтай альянсу «барацьбу з тэрарызмам, сепаратызмам і экстрэмізмам»93, а таксама пацвердзілі свае заўсёднае непрыманне «ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы» дзяржаваў дзеля аховы правоў чалавека94. Краіны ШАС выказалі аднадушнае жаданне актывізаваць супрацу паміж органамі бяспекі, дазволіць спецслужбам адной краіны пераследаваць асобаў і групы, якія лічацца замяшанымі ў тэрарыстычнай дзейнасці, на тэрыторыі ўсіх іншых дзяржаў ШАС і адмаўляць у палітычным прытулку кожнаму, хто знаходзіцца пад падазрэннем уладаў любой іншай краіны ШАС95. Аднак эксперты адзначаюць, што мяжа паміж тэрарыстычнай і апазіцыйнай дзейнасцю надзвычай неакрэсленая96. Відавочная эвалюцыя альянса ў бок калектыўнай сістэмы абароны прываблівае новых патэнцыйных удзельнікаў. У прыватнасці зацікаўленасць ва ўступленні ў ШАС выказалі Лукашэнка і Ахмадзінежад. ВысновыХваля дэмакратычных электаральных рэвалюцый у Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе завяршыла пераход да дэмакратыі ў «заходнім поясе» былой камуністычнай імперыі. Калі гэтая хваля нахлынула на краіны былога Савецкага Саюзу, адбылося толькі кароткае адступленне ад агульнай тэндэнцыі да аўтарытарызму ў рэгіёне. З іроніі лёсу каляровыя рэвалюцыі шмат у чым паспрыялі яе ўмацаванню. Апірышчам наяўным аўтакратыям зрабіўся аўтарытарны рэванш, і перспектывы дэмакратызацыі сталіся яшчэ больш цьмянымі і аддаленымі, чым раней. Хуткі адказ на каляровыя рэвалюцыі эфектыўна «зачысціў» рэгіён і адвёў пагрозу «дэмакратычнай заразы» збольшага дзякуючы таму, што апераджальныя захады толькі загартавалі і так трывалыя аўтакратыі. Рэпрэсіўны аўтарытарызм на постсавецкай прасторы, у адрозненне ад плюралізму, выявіў здольнасць да самазахавання. Дэмакратычныя парасткі лёгка знішчаліся праз унутраныя супярэчнасці паміж структурай напаўаўтакратычных рэжымаў і тымі перадумовамі, што спярша стрымлівалі ўмацаванне аўтарытарызму. Апераджальны аўтарытарызм выявіўся дзейсным «антыбіётыкам» супраць дэмакратызацыі менавіта таму, што ў рэпрэсіўных дзяржавах былога Савецкага Саюзу ўжо амаль не засталося тых плюралістычных рысаў, якіх трэба было пазбывацца. Тое самае можна сказаць і пра рэгіянальныя і міжнародныя аспекты аўтарытарнай рэакцыі ў былых рэспубліках СССР. Пабудова сістэмы калектыўнай бяспекі рэжымамі, здольнымі абараніць сябе самастойна, спрасціла захаванне ў рэгіёне status quo. Нават калі эфектыўнасць калектыўных дзеянняў залежыць перадусім ад унутранай стабільнасці рэжыму, а не ад канвергенцыі аўтарытарызму, сам факт стварэння падобнай калектыўнай бяспекі пацвярджае: аўтакраты і надалей не збіраюцца так проста здавацца, а іх унутраная і замежная палітыка будзе падпарадкоўвацца адной звышмэце — самазахаванню.Контрзахады аўтакратаў працягнуць існаванне рэпрэсіўных рэжымаў на постсавецкай прасторы. Усё менш шанцаў на трансфармацыю аўтакратый праз хоць якія электаральныя сцэнары. Мала таго, нядаўняя смерць туркменскага прэзідэнта Сапармурата Ніязава пацвярджае: неспадзяваны сыход моцнага лідэра ў трывалай сістэме не абавязкова цягне за сабой крызіс пераемнасці. Схільнасць аўтарытарнага лідэра, які стаіць на чале такога рэжыму, вынішчаць усіх патэнцыйных супернікаў стварае сітуацыю, калі пасля ягонага сыходу застаецца замала моцных палітыкаў, здольных уступіць у барацьбу за ўладу ў непрадбачаных абставінах. Трывалыя аўтакратыі і сёння церпяць ад сваіх фундаментальных заган: залішняй персаналізацыі ўлады, жорсткасці рэпрэсіўнага апарату і, нарэшце, адсутнасці грамадскага ўплыву на дзеянні ўраду. Аднак гэтыя хібы наўрад ці выклічуць палітычную нестабільнасць ці нават пэўныя змены, пакуль рэжымы здольныя выконваць сацыяльны кантракт і належным чынам матываваць чынавенства і рэпрэсіўны апарат захоўваць status quo. Найцяжэйшым выпрабаваннем на трываласць для постсавецкіх аўтакратыяў можа стацца падзенне коштаў на энерганосьбіты на сусветных рынках, бо іх цяперашні высокі ўзровень стварае неверагодна спрыяльныя ўмовы для багатых на рэсурсы рэпрэсіўных краін СНД. Аднак гэта можа здарыцца ў найлепшым выпадку толькі ў аддаленай перспектыве. Мала таго, цвярозы аналіз невыбарчых сцэнараў змены рэжыму паказвае, што калі працэс не кантралюецца моцнай і арганізаванай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю (старанна прарэджанай рэакцыйнымі захадамі супраць каляровых рэвалюцый), шанцаў на пабудову сапраўднай дэмакратыі няшмат. Цяжка ацаніць эфектыўнасць сістэмы калектыўнай бяспекі, пакуль яна не пройдзе сур’ёзнага выпрабавання. Аднак асобныя факты дазваляюць меркаваць, што «аўтарытарны інтэрнацыянал» урэшце не будзе вельмі дзейсным і трывалым. Так, стасункі Расіі з рэпрэсіўнымі суседзямі-хаўруснікамі далёка не ідэальныя97. Праблема карэніцца ў кошце, які Расія мусіць плаціць за захаванне аўтарытарнага рэгіёну і яго абароны ад непажаданага вонкавага ўплыву. Рэжымы, якія абвяшчаюць сваю адданасць Расіі, прэтэндуюць на прэферэнцыі ды льготы. Расійска-беларускі крызіс паказвае, што такія хаўруснікі не кусаюць Расію за руку, толькі пакуль гэтая рука іх корміць98. Для параўнання: Расія не мае аніякіх праблемаў з транзітам ці нават з доступам да прыватызацыі ключавых прадпрыемстваў у «варожых» паводле вызначэння краінах Балтыі і Цэнтральнай Еўропы. Іх эканамічныя сувязі з Расіяй сапраўды пабудаваныя на празрыстых рынкавых прынцыпах, а не на шэрых схемах, якімі карыстаюцца пад шыльдай сяброўства і братэрства. Яшчэ адзін прыклад: расійскія кампаніі значна прасунуліся на ўкраінскія рынкі за прэм’ерам Віктарам Юшчанкам у 1999—2001 гг., а падчас першага тэрміну Віктара Януковіча ў якасці галавы ўраду ў 2002—2004 гг. расійскія кампаніі практычна не набывалі значных актываў ва Ўкраіне. Усё гэта сведчыць, што Расія выдаткоўвае вялікія рэсурсы на падтрыманне свайго статусу рэгіянальнага лідэра. З улікам таго, што ўплыў падтрымліваецца толькі за кошт значных эканамічных выдаткаў, можа наступіць момант, калі Расія больш не захоча плаціць. Да таго ж гэты кошт мае вельмі прыватныя аспекты. Зліццё нафтагазавага сектару з крамлёўскай элітай (і спецслужбамі) за Пуціным стварыла становішча, пры якім людзі, што прымаюць ключавыя палітычныя рашэнні (то бок тыя, хто мусіць дбаць пра інтарэсы краіны), адначасова (у літаральным сэнсе) трымальнікі акцый эканамічнага поспеху і максімізацыі прыбыткаў адной з найбуйнейшых у краіне карпарацыяў, напрыклад, «Газпрому». Падзенне курсаў іх акцый на сусветных фондавых біржах, канфлікты з Украінай у 2006 г. і з Беларуссю ў 2007 г. (абодва выклікалі кароткія спыненні паставак энерганосьбітаў на еўрапейскія рынкі) адлюстравалі, што геапалітычныя і прыватныя эканамічныя інтарэсы не заўсёды супадаюць. Высокія выдаткі захавання аўтакратычнай гегемоніі не ўтрымалі Расію ад спробаў умацаваць аўтарытарызм у суседніх дзяржавах і пакараць нязгодных, максімізаваўшы пры гэтым свой эканамічны прыбытак. Палітыка дыферэнцыяваных коштаў падчас «газавых войнаў» 2005—2006 гг. у СНД сталася найлепшым сведчаннем таго, што «Газпром», насуперак сваім словам, не проста павялічвае прыбытак, бо ўзровень эканамічнага ціску на кожную асобную дзяржаву залежаў ад лаяльнасці яе эліты да Крамля. Прадстаўнікі Крамля адкрыта абвесцілі, што падвышэнне коштаў — пакаранне за рэвалюцыі і пераарыентацыю на Захад. А сам Пуцін шчыра прызнаўся ў лютым 2007 г., што рост коштаў на газ для Беларусі доўгі час стрымліваўся, каб не ствараць Лукашэнку цяжкасцяў на выбарах 2006 г.99. Нават у 2006—2007 гг., нібыта пасля скасавання ўсялякіх зніжак ды ільгот, сістэма дыферэнцыяваных коштаў засталася: Беларусі і Арменіі, напрыклад, газ будзе каштаваць значна менш, а прапанаваныя схемы пераходу на рынкавыя кошты больш мяккія, чым для Ўкраіны і Грузіі. Мала таго, заявы пра поўную адмову ад субсідыявання краінаў-хаўруснікаў прагучалі толькі пасля таго, як хваля рэвалюцый згасла і пазіцыі Расіі ў блізкім замежжы зрабіліся непарушнымі100. Неабходна таксама звярнуць увагу на тое, да якой ступені палітыка Расіі ў рэгіёне спрыяе дасягненню яе мэтаў. Сродкі «мяккага ўздзеяння» Расіі ў краінах былога СССР зводзяцца да ўплыву на расійскія этнічныя меншасці, сепаратысцкія рэгіёны Грузіі і Малдовы, што дэ-факта знаходзяцца пад пратэктаратам Расіі, і да дзейнасці прарасійскіх палітычных сіл, нанятых расійскімі паліттэхнолагамі. Такая няўклюдная стратэгія мяккага ўплыву разам з эканамічным ціскам і шантажом магла падзейнічаць на электарат толькі ў рэгіёнах, традыцыйна арыентаваных на Расію (напрыклад, у сепаратысцкіх рэгіёнах ці на выбарцаў Партыі рэгіёнаў ва Ўкраіне). Але пераважна такія захады ўмацоўвалі антырасійскія настроі значнай часткі выбарцаў у пострэвалюцыйных краінах101. Тым не менш, адмоўны імідж Расіі ў бліжнім замежжы кампенсоўваўся тым, што жорсткае і мяккае ўмяшанне Расіі ў пострэвалюцыйных краінах зрабіла іх менш стабільнымі палітычна і эканамічна і дапамагло падарваць давер да рэформаў, прапанаваных празаходнімі ўрадамі. Яшчэ адным значным наступствам замацавання ўплыву Расіі ў рэгіёне сталася тое, што яе ціск на Грузію і Малдову даў дзейным кіраўнікам гэтых дзяржаў падставу ўзурпаваць уладу ў імя нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай суцэльнасці. Калі нешматлікія дэмакратыі (ці, дакладней, плюралістычныя рэжымы) апынуліся ў варожым аўтарытарным асяродку без дакладна акрэсленай блізкай перспектывы інтэграцыі ў еўрапейскія і еўраатлантычныя структуры, у іх амаль не засталося процівагаў адмоўным наступствам усё больш агрэсіўнага бескампраміснага ціску. Цяжка прадказаць, як доўга працягнецца цяперашняя канвергенцыя аўтарытарызму ў рэгіёне (і за яго межамі) і наколькі эфектыўным будзе далейшае супрацьстаянне дэмакратызацыі. Свабода ад ідэалагічных абмежаванняў (тыповая рыса аўтарытарызму102) азначае, што альянсы будуюцца выключна на часовых інтарэсах, а не на ідэалагічнай еднасці ці агульных каштоўнасцях. Менавіта таму, апроч некалькіх выпадкаў узаемадапамогі ў змаганні з палітычнай апазіцыяй, канвергенцыя аўтарытарызму выяўляецца ў краінах былога СССР у збольшага прапагандысцкай «гульні мускуламі» («контррэвалюцыйныя» вайсковыя вучэнні АДКБ) і іншых піяр-акцыях (назіранне за выбарамі ад СНД). Канвергенцыя аўтарытарызму нясе больш канкрэтныя вынікі, калі хаўруснікі падзяляюць пэўныя ідэалагічныя ўстаноўкі і маюць амбіцыі на міжнароднай арэне, якія рэалізоўваюцца праз пашырэнне свайго ўплыву і набыццё мяккай улады за цвёрдую валюту. Як ні парадаксальна, такіх хаўруснікаў прасцей знайсці па-за межамі рэгіёну103, бо ў ім самім мацнейшыя аўтарытарныя дзяржавы менш захапляюцца вялікімі ідэямі і далёкасяжнымі абяцаннямі. Да таго ж Расія і Кітай «маюць зашмат жыццёвых інтарэсаў у рынкавых краінах развітай дэмакратыі»104. Нягледзячы на ўсе заявы пра адданасць захаванню status quo ў Сярэдняй Азіі, вельмі сумнеўна, што яны гатовыя насамрэч шмат зрабіць для абароны і аказання падтрымкі сваім хаўруснікам, калі тамтэйшым рэжымам будзе пагражаць сапраўдная небяспека. Маларэальна, напрыклад, што хоць бы адзін з двух рэгіянальных гегемонаў будзе гатовы да актыўных дзеянняў, каб — прынамсі гіпатэтычна — выратаваць рэжым Карымава, калі яму спатрэбіцца не толькі дыпламатычнае прыкрыццё і заступніцтва, але і вайсковая дапамога. Кажучы болей, малодшыя сябры новапаўсталага аўтарытарнага інтэрнацыяналу маюць свае інтарэсы, якія прымушаюць іх асцерагацца палітычнага і эканамічнага дамінавання старэйшых і больш моцных партнёраў. Тыя самыя шкурныя інтарэсы, як паказвае досвед, прымушаюць іх больш чым ахвотна прыходзіць на дапамогу пострэвалюцыйным краінам, калі апошніх уціскае, карае ці нават абкладае санкцыямі рэгіянальны гегемон105. Нават калі выжыванне постсавецкіх аўтакратыяў забяспечвае не канвергенцыя аўтарытарызму, а ўнутраная стабільнасць, простая колькасная перавага і канцэнтрацыя аўтакратычных рэжымаў стварае ў рэгіёне моцную тэндэнцыю, скрайне неспрыяльную для змен рэжыму і дэмакратызацыі ў будучыні. Пакуль што найбольш яскравыя праявы рэгіянальнай спецыфікі — хуткае пагаршэнне клімату для прасоўвання дэмакратызацыі (у т. л. перашкоды дзейнасці міжнародных НУА) і ўсё больш інтэнсіўнае змяншэнне колькасці механізмаў (як «жорсткіх», гэтак і «мяккіх»), праз якія краіны Захаду могуць уплываць на падзеі ў рэпрэсіўных дзяржавах былога СССР.
Пераклаў з ангельскай Алесь Мартынаў
|
86 Информагенство Лента
87 Москва и Минск защищают пакт Молотова 88 Fredrick W. Stakelbeck Jr. A New Bloc Emerges? // The American Thinker. 2005. 5 жніўня. 89 Устрывожаны падзеямі ў рэспубліках былога СССР, кітайскі ўрад накіраваў у рэгіён групу экспертаў, каб даследаваць нядаўнія рэвалюцыі і прапанаваць захады па супрацьдзеянні ім: China Keeps a Nervous Eye on Color Revolutions // Sydney Morning Herald. 2005. 15 жніўня. Адначасова Кітай ускладніў умовы існавання НУА і прымусіў высокатэхналагічныя кампаніі ўдасканаліць тэхналогіі цэнзуры: Ma, Ying. Democracy Slow Boat to China // Asia Wall Street Journal. 2006. 15 лютага. 90 Yongding. China’s Color-Coded Crackdown // Foreign Policy. 2005. 18 October. 91 centrasia.ru. 92 Газпром обеспечивает стабильность режима в Узбекистане // Коммерстант. 2006. 19 студзеня. 93 Сумесная дэкларацыя галоў дзяржаваў-чальцоў ШАС. Астана. 2005. 5 ліпеня. Афіцыйны сайт ШАС. 94 «У сферы правоў чалавека неабходна строга і паслядоўна кіравацца гістарычнымі традыцыямі і нацыянальнымі асаблівасцямі кожнага народа, суверэннай роўнасцю ўсіх дзяржаваў». Тамсама. 95 Тамсама. Яшчэ ў жніўні 2005 г. Расія пачала экстрадыцыю падазраваных у арганізацыі андыжанскага паўстання ва Ўзбекістан, хоць высунутыя супраць іх абвінавачванні ў тэрарызме сфабрыкаваныя. mosnews.com. 96 ru.iras.ir. 97 Паводле расійскага аналітыка Дзмітрыя Трэніна, «(Беларускі прэзідэнт Аляксандр) Лукашэнка — няспынны і невылечны галаўны боль Крамля. (Узбецкі лідэр Іслам) Карымаў да нядаўняга часу як мог дыстанцыяваў сябе ад Масквы. (Сапармурат) Туркменбашы — незразумелы і непрадказальны (на сёння ўжо нябожчык. — В. С.). Аніводзін з хаўруснікаў Расіі не ёсць на 100% прамаскоўскім». carnegieendowment.org. 98 З іншага боку, нядаўні расійска-беларускі канфлікт выяўляе, што краіны, якія занадта моцна залежаць ад Расіі як іх абаронцы ад непажаданай дэмакратызацыі, у выніку трапляюць у міжнародную ізаляцыю і робяцца бездапаможнымі перад ціскам Расіі. Аляксандр Лукашэнка доўгі час атрымліваў эканамічныя прывілеі, якія дапамагалі яму кіраваць рэпрэсіўным і ізаляваным рэжымам, але ў выніку не здолеў супрацьстаяць эканамічнаму ціску і быў вымушаны пагадзіцца з падвышэннем коштаў на газ і прыватызацыяй «Белтрансгазу». Адрозна ад газавага супрацьстаяння з Украінай у 2006 г. спыненне Расіяй паставак нафты на 10 дзён у студзені 2007 г. выклікала ў Еўропе значна меншую рэакцыю, што, відавочна, тлумачыцца негатыўным стаўленнем да рэжыму Лукашэнкі. 99 А міністар энергетыкі Віктар Хрыстэнка прызнаў, што Расія трывала бескантрольны рээкспарт сваёй нафты Беларуссю з палітычных матываў. 100 Нават у такім кантэксце — пераход эканамічных стасункаў Расіі і краінаў СНД да рынкавых — выклікаў крытыку ў Маскве з боку тых, хто настойваў на аднаўленні імперскага статусу Расіі. Адзін з гэткіх палітолагаў, Міхаіл Дзялягін, разважае: «Падыход расійскай бюракратыі да СНД абсалютова слушны: хочаце быць незалежнымі — плаціце як незалежныя дзяржавы, а не як сатэліты. Але ніхто не спытаў, ці добра для Расіі, што яны незалежныя? І што лепш: арганізоўваць паказальныя гістэрычныя спектаклі пад назвай газавая вайна, біць талеркі і закрываць нафтавыя краны перад тэлекамерамі ці ствараць свае асабістыя лобі і вяртаць сабе пад крыло эліты, што кантралююць незалежныя краіны?» Гл.: Делягин, Михаил. Никакого СНГ нет. Есть постсоветское пространство. ej.ru. 101 Магчымасці мяккага ўплыву Расіі на суседнія краіны таксама абмежаваныя тым, што неабходная ўмова яго ўжывання — палітычная адкрытасць. Калераў, напрыклад, са значна большым поспехам знаходзіў і фінансава падтрымліваў хаўруснікаў у «антырасійскай» Латвіі, дзе палітычны клімат вальнейшы, чым у «прарасійскай» Беларусі ці любой іншай постсавецкай краіне. Гл. спавешчанне блізкіх да Паўлоўскага палітолагаў, якое можна знайсці на расійскай мове на адрасе: nlvp.ru. 102 Гл., напрыклад: Linz, Juan. Authoritarian and Totalitarian Regimes. 103 Менавіта таму іранскія інвестыцыі ў эканоміку Беларусі больш заўважныя, чым расійскія. Яшчэ адзін прыклад: Беларусь сёння разглядае магчымасці здабываць нафту ў Венесуэле, каб кампенсаваць мажлівае скарачэнне расійскіх паставак. Аднак рэалістычнасць гэтых планаў выклікае сур’ёзныя сумневы. 104 Kuchins, Andrew. Will the Authoritarians of the World Unite? // Moscow Times. 26 March 2006. 105 Напрыклад, Грузія разлічвае на транзіт праз Азербайджан у выпадку гандлёвай і энергетычнай блакады з боку Расіі. Украіна пасля канфлікту з «Газпромам» звярнулася да паставак туркменскага і казахскага газу. Цікава, што гэтая функцыя найбольш рэпрэсіўных постсавецкіх рэжымаў дапамагае ім пазбегнуць ціску Захаду. Часам на гэты факт не звяртаюць увагі, калі разважаюць, чаму Чэйні ўхваляе Казахстан і чаму азербайджанскі рэжым прызнаны легітымным. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 7-8 (58-59) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |