A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (60) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Юры Гардзееў | ||||
Юры Гардзееў
Гарадзенскія эсэ Андалузійскае павуціннеВулачкі андалузійскіх гарадоў — доўгія ды заблытаныя. Блуканне па іх павявае бясконцасцю шляху. Некаторыя вуліцы-рэкі Севіллі, кардобскага квартала Худэрыя ці Малагі, моцна пашкоджанай у выніку грамадзянскай вайны 1936—1939 гг., быццам лабірынты, да максімуму вузкія, шырынёй, мабыць, у метр, без падзелу на тратуар і праезджую частку, неймаверна сціснутыя сотнямі камяніц, якія імкліва выцягваюцца ў вышыню, з белымі ці жоўтымі фасадамі ды маленькімі, гэтак жа вузенькімі вокнамі з металічнымі жалюзі. Сцены і падлога ўвахода ў пад’езд двух-трох павярховых камяніц выкладзеныя непаўторнай і шматкаляровай андалузійскай пліткай. Пад нагамі старадаўняя, крыху павібываная брукоўка. Пампезна-манументальныя праспекты ці плошчы з неакласіцыстычнымі гмахамі тут адсутнічаюць. Вось невялікая Plaza de la Cruz у Сэвіллі з прыгожымі, казачнымі, светлымі фасадамі камяніц, у якіх купаюцца ўсюдыісныя сонечныя прамяні, з буйным азеляненнем, прыгожымі ажурнымі лаўкамі ды металічным Крыжом у цэнтры.Адчуванне жывой і непаўторнай гісторыі, якое стварае арыгінальны клімат, злучае прыхадня-турыста з сённяшім днём, з кожным момантам нарастае. Час не марнуецца, ён імкліва ўцякае. Як нітка Арыядны нагадвае вандроўцам, што ўсё існае мае свой пачатак і свой канец. Шалёная, не зразумелая для больш паўночных еўрапейскіх шыротаў спякота прымушае ісці далей. Назапашанае продкамі культурныя здабыткі Андалузіі — велічныя комплексы арабскіх Альказараў, якія нечым па сваім духу нагадваюць помнікі канструктывізму з яго адсутнасцю дэкору ды выразнасцю кампазіцыі, ці вялізныя па плошчы гатыцкія касцёлы, пабудаваныя на месцы мячэтаў, з мудрагелістымі формамі, комплексы гістарычных цэнтраў гарадоў — магніт, што прыцягвае простага турыста, глеба для разважанняў інтэлектуалаў, аб’ект захаплення паэтаў і мастакоў. Тут нікому да галавы не прыйшло б зносіць цэлы квартал гістарычнай забудовы, тым больш знішчыць культавы аб’ект, каб дагадзіць ідэалагічным догмам ці абнесці бетоннай пліткай сумнеўнай якасці праезную частку і ходнікі вакол даўняй арабскай цытадэлі.
Чаму?Гаворачы пра Беларусь, мабыць, варта засяродзіць увагу не толькі на маральным ды фізічным аспекце сцірання паасобных помнікаў з карты гарадоў, знішчэння іхняй гістарычнай забудовы, а паспрабаваць высветліць адрознае стаўленне да гістарычна-культурнай спадчыны. Не выклікае аніякага сумневу, што разбежка ў падыходах да спадчыны выводзіцца з паралельнага функцыянавання двух светапоглядаў, дзвюх краін — ізаляванай Краіны беларускіх homo soveticus’аў ды Краіны беларусаў, якія падзяляюць каштоўнасці еўрапейскай культурнай прасторы. Нехта заўважыць, амаль што як Паўночны В’етнам і Сайгон ці дзве Карэі. Праўда, беларускія краіны вылучаюцца віртуальнасцю. Яны не маюць межаў ці межавых слупоў, не дзеляць зямлю. Яе падзяляе глыбокая ментальна-псіхалагічная прорва-мяжа.
КультураІснуюць сотні акрэсленняў паняцця культуры. Але нягледзячы на іх рознасць, можна згадзіцца, што культура з’яўляецца сумай матэрыяльных і духоўных здабыткаў, назапашаных у выніку дзейнасці нашых продкаў. Гарадская культура знаходзіць найбольш яскравае праяўленне менавіта ў горадабудаўнічых здабытках. Спрадвеку яны з’яўляліся сімваламі самавыражэння гараджан ды вызначалі змест іх быцця.
АрхітэктураАдным з найбольш яскравых, эстэтычна пераканаўчых матэрыяльных паказчыкаў палітычна-культурнага характару ў розных краінах і адрозных гістарычных перыядах з’яўлялася архітэктура. У мэтах гларыфікацыі сваіх перамог Напалеонам была ўзведзеная Трыумфальная арка ды іншыя будоўлі ў стылі ампір, узорам якіх паслужыла архітэктура старажытнага Рыма. Еўрапейская буржуазія XIX ст. імкнулася ўвекавечыць свае дасягненні шляхам узвядзення неабарочных ці неарэнесансавых палацаў1. |
(нар. 1967 г. у Гародні) — гісторык архітэктуры. У 1991 г. скончыў гістарычны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1996—1999 — асьпірант Пэдагагічнай акадэміі ў Кракаве (Польшча). У 2000 г. тамсама абараніў дысэртацыю «Гародня ў XVIII ст. Дасьледаваньні над асваеньнем гарадзкой прасторы, адносінамі ўласнасьці і гарадзкім насельніцтвам». Ад’юнкт Інстытуту Расеі і Ўсходняй Эўропы Ягелонскага ўнівэрсытэту ў Кракаве. Ягоныя навуковыя інтарэсы ахопліваюць гісторыю беларускіх гарадоў, сацыяльна-эканамічную ды культурную гісторыю Гародні, рэформы мясцовага самакіраваньня ў ВКЛ у 2-й пал. XVIII ст. Аўтар манаграфіяў «Cmentarz farny w Grodnie. 1792—1939» (Kraków: Wydawnictwo Naukowe WSP, 1999; у суаўтарстве зь Яцкам Розмусам), «Socjotopografia Grodna w XVIII w.» (Toruń: Wydawnictwo Adam Marszałek, 2002). |
Менавіта імкненнем стварэння эпахальных горадабудаўнічых ды эстэтычна-мастацкаіх форм вылучалася архітэктура таталітарных сістэм ХХ ст. У пасляваеннай Беларусі, кіруючыся лозунгамі ўдасканалення горадабудаўнічага сеціва, увядзення функцыянальнага занавання ды добраўпарадкавання, комплекснага вырашэння сацыяльна-эканамічных праблем праводзілася карэнная рэканструкцыя гарадоў. Ажыццяўленне падобных праектаў не заўсёды ўлічвала аднаўленне гістарычна сфармаваных планіровачных форм і архітэктурных ансамбляў. Сказанае знайшло сваё адлюстраванне ў захапленні шырокімі праспектамі з неабсяжнай воку перспектывай. Імперскія амбіцыі падказвалі да звароту да класічных форм, развіцця стылёвых форм пампезна-параднага неаампіру ды неакласіцызму.
Сіла культурыУмацаванне і рэфармаванне каталіцкага касцёла ў XVI ст. у значнай ступені адбылося дзякуючы намаганням езуітаў, якія прыцягвалі шараговага шляхціча сеткай калегіумаў з дасканалай як на свае часы школьнай праграмай, выдатнымі ў мастацкім плане барочнымі культавымі пабудовамі, паратэатральнымі гарадскімі прадстаўленнямі. Жывое слова здольнае было пераканаць, выдатная архітэктура і мастацкія формы інтэр’ераў езуіцкіх касцёлаў, якія, як правіла, узводзіліся ў цэнтрах беларускіх гарадоў, уражвалі і захаплялі гараджан ды ўрэшце прыцягвалі да іх шэрагі каталіцкай паствы.
...ці культ сілыУ пасляваеннай гісторыі Беларусі паняцця аховы гістарычна-культурнай спадчыны ды рэстаўрацыі знаходзіліся на тэарэтычна-энцыклапедычным, нават не падручнікавым узроўні. Замест распрацоўкі шырокамаштабнай праграмы рэгенерацыі гістарычных цэнтраў гарадоў ажыццяўляўся план іх «мадэрнізацыі» шляхам умяшання ў планіровачнае сеціва ды радыкальных пераўтварэнняў архітэктуранага аблічча. Прыклады Мінска ці Бухарэста паказваюць на другую крайнасць — планамернае знішчэнне гістарычных цэнтраў ды татальную іх перабудову.Варта паглядзець на шараговую забудову Мінска, Магілёва, Віцебска ці Брэста.Савецкая архітэктура, яе таталітарныя матывы парывалі з гістарычна-культурнай, еўрапейскай па сутнасці традыцыяй Беларусі, мэтанакіравана выдаляючы яе на сметнік Гісторыі. Мэта гэтае палітыкі — навідавоку. Яе наступствы можна ахарактарызаваць не толькі як знішчэнне вялізнага культурнага пласта, але парушэнне ўсталяванай стагоддзямі повязі гарадажніна з горадабудаўнічым асяродка, сфармаванай планіровачнай сеткай вуліц ды традыцыйным гатычна-барочным і эклектычна-мадэрністычным абліччам гарадоў.
Еўрапейскае вымярэннеПасля Другой усясветнай вайны існавалі дзве мадэлі развіцця гістарычных гарадоў у аховы яе спадчыны. Першая — статычная — мадэль была здзейсненая ў Чэхіі, дзе 30 гарадскіх комплексаў былі ператвораныя ў гістарычна-культурныя запаведнікі. Забудова гістарычных цэнтраў чэшскіх гарадоў, якая падтрымлівалася з бюджэтных сродкаў, вельмі хутка ператварылася ў мёртвыя скансены. Такая мадэль, адарваная ад сацыяльна-эканамічных рэаліяў, аказалася малаэфектыўнай. Нягледзячы на вялізныя знішчэнні польскай сталіцы, яе гістарычны цэнтр пасля вайны адрадзіўся як Фенікс, хоць дагэтуль можна сустрэцца неадназначыя ацэнкі факту адбудовы Варшавы ў мастацтвазнаўча-рэстаўрацыйным асяродку. Зусім іншая канцэпцыя была ажыццяўлена ў Германіі, дзе ўвогуле не аднаўлялі нават найбольш каштоўных архітэктурных помнікаў. Прыклады Мінска ці Бухарэста паказваюць на другую крайнасць — планамернае знішчэнне гістарычных цэнтраў ды татальную іх перабудову.З цягам часу па меры дынамізацыі развіцця гарадоў у Заходняй Еўропе і ЗША была звернутая ўвага на тое, што гістарычна-культурная спадчына горада — гэта не толькі сімвалічны пласт культуры ды механічная сукупнасць помнікаў, што знаходзяцца на яго тэрыторыі, але і рынкавы прадукт. На страсбургскім кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Еўропы ў 2000 г. была ўхваленая рэзалюцыя «Аб гістарычных гарадах у Еўропе», пункт № 2 якой гучыць наступным чынам:
Гістарычныя гарады нязменна знаходзяцца ў цэнтры культурнага жыцця іх рэгіёна, прыцягваюць мільёны турыстаў і робяць істотны ўнёсак у развіццё нацыянальнай і агульнаеўрапейскай эканомікі.
Такі падыход да спадчыны гістарычных гарадоў ва ўмовах пераходу ад індустрыяльнай гаспадаркі (фардызму) да постіндустрыяльнай як эканамічнай вартасці дазволіў асэнсаваць яе як гаспадарчы патэнцыял краіны і абумовіў з’яўленне канцэпцыі кіравання гістарычнымі гарадамі. Яна базіравалася на прынцыпах кантролю і рэгулявання, а не планавання стыхійных урбанізацыйных працэсаў пад наглядам кансерватарскіх служб. Таксама пачала развівацца новая даследчая галіна — філасофіі аховы спадчыны, і ў ЗША нават з’явілася новая галіна амерыканскага права — Historic Preservation Law. Такім чынам, у Заходняй Еўропе яшчэ ў 60-х гг. ХХ ст. былі закладзеныя пачаткі распрацоўкі новай палітыкі адносна гістарычных гарадоў. У мэтах прыцягнення інвестараў праходзіў працэс камерцыялізацыі іх цэнтраў, што прывяло да змены функцыянальнага характару гэтай часткі горада. Тут агнездаваліся фірмы, банкі, шыкоўныя крамы; нерухомасць ахвотна набывалі прадстаўнікі творчых прафесій. Вядома ж, палітыка рэвіталізацыі мела свой адмоўны бок — спекуляцыя нерухомай маёмасцю асобамі, якія маюць палітычную падтрымку. У 70-я гг. ХХ ст. новая канцэпцыя кіравання гістарычнымі гарадамі была станоўча ўспрынятая ў розных краінах. Да пераасэнсавання палітыкі адносна гістарычных гарадоў дайшло ў Чэхіі, а ў Германіі пачалі гучаць заклікі аб неабходнасці аднаўлення даўняга выгляду гарадскіх цэнтраў. Пазітыўную ацэнку атрымала адбудова дашчэнту знішчаных у час вайны цэнтраў Варшавы і Гданьска. Пачынаючы з 80-х гг. ХХ ст. у Галандыі і Германіі, а гэтаксама ў ЗША, пачала фармавацца новая маркетынгавая стратэгія адносна гістарычных гарадоў. Яна тычылася не толькі гарадоў з захаваным сегментам гістарычнай забудовы. Працэсы рэструктурызацыі закранулі таксама прамысловыя цэнтры, напрыклад Балтымор і Пітсбург (США), Ліён (Францыя), Рурскі басейн (Германія), Глазга і Кардыф (Вялікая Брытанія). Прыкладам, у 80-я гг. ХХ ст. з сур’ёзнымі праблемамі сутыкнуўся шатландскі Глазга. У даўнім Merchant City (30 га) пуставала траціна дамоў. На працягу 10 гадоў у выніку працэсу рэвіталізацыі гэтай часткі горада было адноўлена 1500 дамоў, складскія памяшканні былі замененыя ў кватэры, з’явіліся рэстараны, бістро, крамы, цэнтры моды, тэатральныя клубы, адаптаваны закінутыя докі на р. Клайд, а на іх тэрыторыі быў пабудаваны выставачна-канферэнцыйны цэнтр. Стварэннем базы для развіцця бізнесу і турызму займалася арганізацыя Glasgow Action. У выніку пераўтварэнняў адбылася рэструктурызацыя гарадской гаспадаркі, у якой пачаў дамінаваць сектар паслуг, якому выразна саступіў прамысловы сектар (20 % гарадскога рынка).
Разбураць ці ахоўвацьГісторыя масавых, мэтанакіраваных знішчэнняў забудовы Гародні сваімі пачаткамі сягае перыяду вайны з Масквой у сярэдзіне XVII ст., калі ў горадзе былі спаленыя й зруйнаваныя шматлікія цэрквы і касцёлы, дамы мяшчан, а гэтаксама будынкі грамадскага прызначэння, у прыватнасці сімвал гарадскога самакіравання — рэнесансавая ратуша. На жаль, адбудаваць яе адразу пасля вайны не ўдалося. Таму сто гадоў пазней на яе месцы ўзвялі будынак у стылі класіцызму, прыстасаваны да іншых патрэб. Шматлікія пажары XVIII ст., асабліва агонь, які спрычыніў вялізныя страты ў 1753 г., канчаткова знявечылі архітэктурную панараму горада.
На старых паштоўках кідаецца ў вочы непаўторны краявід страчанага: сілуэты палацаў Радзівілаў і Агінскіх, дамінанты фарных касцёлаў, шматлікія камяніцы, якія шчыльна прымыкалі адна да адной і якія змыкаліся рытмам дахаў. Пасля Другой усясветнай вайны забудову знішчаных кварталаў у Гародні не аднаўлялі, узводзячы тут сацрэалістычныя хрушчоўкі, а паміж даўняй Мяшчанскай і Маставой разбілі сквер з фантанам. З цэнтральнай плошчы горада ў 40-я гг. ХХ ст. зніклі ратуша, палац Радзівілаў, мяшчанскія камяніцы з «прускага мура», месца якіх заняў Палац культуры тэкстыльшчыкаў. Напаўразбураным застаўся будынак палаца Сапегаў, які звычайна называецца анатамічкай. Была знішчаная гэтаксама забудова паўночна-ўсходняга боку даўняга Рынка. Калі для вышэйпамянутых разбурэнняў можна знайсці лагічнае тлумачэнне, то характар пасляваенных горадабудаўнічых пераўтварэнняў паказвае на іх мэтанакіраванасць. У 60-х гг. ХХ ст. улады знеслі ўзведзеную ў канцы XIV ст. Фару Вітаўта і збудаванні кляштару бернардынак, на месцы якога пазней паставілі будынак драматычнага тэатра. Без усялякага лагічнага абгрунтавання з горадабудаўнічнай тканіны «вырвалі» частку забудовы па вуліцы Замкавай. Працягваючы гэтую «культурную традыцыю», улады ліквідавалі старыя жыдоўскія могілкі XIX ст. (цяпер на гэтым месцы знаходзіцца гарадскі стадыён і лядовы палац), а потым і могілкі лютэранскай абшчыны, што ляжалі побач з кірхай на Гарадніцы (вул. Акадэмічная). Непаўторны клімат з цягам часу знікаў на Гарадніцы. Паводле крыніц 1849 г., з карты Гарадніцы знікла 30 тызенгаўзаўскіх збудаванняў. У 1915 г. быў спалены палац Тызенгаўза. Даследчыца Алена Квітніцкая ў 50-я гг. ХХ ст. зафіксавала блізу дзесятка існуючых будынкаў грамадскага прызначэння і 9 домікаў рамеснікаў на вуліцы Ажэшкі, карчму «Раскоша». А колькі іх засталося цяпер? Меней за дзесятак. Гародню меў спасцігнуць лёс Мінска. Аднак, як на дзіва, горад выстаяў, губляючы, праўда, каштоўныя горадабудаўнічыя дамінанты і сімвалы горада.
Кволыя парасткі пераменаўСваімі пачаткамі ахова помнікаў у Гародні сягае пачатку ХХ ст. У сакавіку 1920 г. у мэтах інвентарызацыі гістарычна-культурнай спадчыны, іх кансервацыі, рэстаўрацыі і яе аховы была створаная Дзяржаўная камісія па ахове помнікаў мастацтва і культуры, на чале якой стаяў славуты гісторык Юзаф Ядкоўскі. У 1988 г. рашэннем Савета Міністраў БССР цэнтр Гародні быў абвешчаны помнікам горадабудаўніцтва і архітэктуры. Ужо ў апошніх гадах існавання Савецкага Саюза, калі ў Гародні поўным ходам працавалі рэстаўрацыйныя майстэрні, назапашвалася база пад практычнае ажыццяўленне планаў рэстаўрацыі часткі гістарычнага цэнтра, падавалася, што для такіх высакародных мэт адвароту няма. Нягледзячы на істотныя фінансавыя абмежаванні, спецыялістамі майстэрняў былі падрыхтаваны не адзін дзесятак гістарычных даведак, зладжаныя археалагічныя раскопкі, падрыхтаваныя інжынерныя абгрунтаванні і архітэктурна-рэстаўрацыйныя праекты па шматлікіх аб’ектах у гістарычным цэнтры горада, якія меркавалася адрэстаўраваць. У Мінску ў той самы час быў створаны праект аднаўлення Старога замка аўтарства Уладзіміра Бачкова.Аказалася, што няма межаў для наіўнасці гарадской інтэлігенцыі і злосна-саркастычнага фатуму. Калектыў, які складаўся ў бальшыні з поўных запалу маладых спецыялістаў, пасля ліквідацыі прадпрыемства ў 1992 г. распаўся. Праектная дакументацыя, якая з’яўлялася эфектам карпатлівай працы архітэктараў, інжынераў, гісторыкаў ды археолагаў, была вывезеная ў Мінск у архіў Інстытута «Белспецпраектрэстаўрацыя» і з часам канула ў Лету. З цягам часу эстафетную палачку рэстаўрацыі перахапіў «Гроднаграмадзянпраект», якім у 1995 г. быў створаны рэстаўрацыйны аддзел. На жаль, вынікі яго прац абмяжоўваюцца невялікай колькасцю аб’ектаў: Замкавая, 1б, Стары замкавы мост, Савецкая, 23, шэраг дамоў на вуліцы К. Маркса ды Кірава, 32. На аб’екце Савецкая, 1, была выкананая рэстаўрацыя фасадаў, але па вялікім рахунку — капітальны рамонт. Таму ў апошнія 15 гадоў рэстаўрацыя ў Гародні ператварылася ў пацёмкінскую вёску. Менавіта таму прыклады рэстаўрацыі ў сапраўднасці можна пералічыць на пальцах. Гэта, на жаль, толькі рэстаран «Стары лямус», размешчаны ў тызенгаўзаўскім будынку XVIII ст.
Небеларускі горадЗянон Пазняк у сваім цыкле Новае стагоддзе трапна падмеціў стаўленне беларуса да горада. Аналізуючы пасляваенную гісторыю беларускага горада, ён піша:
Масавы і раптоўны прыход вясковага насельніцтва ў гарады канчаткова дабіў рэшткі даўняй беларускай гарадзкой культуры. Акурат у гэты час амаль бесьперашкодна зьнішчаліся гістарычныя цэнтры беларускіх гарадоў, помнікі архітэктуры, пераймяноўвалі вуліцы і г. д. Для прыбылага вясковага насельніцтва горада гарадзкая гісторыя нічога ня значыла, горад быў для іх чужым асяродзьдзем і не зьяўляўся родным домам. Яны хутчэй стараліся атрымаць прапіску, размаўляць па-руску (як начальства), стаць у чаргу на кватэру і гадоў праз 15 атрымаць яе. [...] На гэтым жыцьцёвыя мэты гарадзкога вяскоўца, практычна, заканчваліся. Нашыя гарады па сваім сацыяльна-культурным узроўні і характару насельніцтва сталі нагадваць вялікія вёскі (толькі без беларускай мовы).
На пытанне, чым было абумоўлена такое стаўленне вясковага беларуса да горада, аўтар тэксту адказвае:
У 60—70-х гадах у беларускія гарады перасяліліся не эканамічна вольныя людзі, як некалі ў Чэхіі (каб знайсьці працу, зарабіць грошай, адкрыць бізнэс, пачаць вытворчасьць, гандаль і г. д.). У беларускія савецкія гарады ўцёк нядаўна запрыгонены, загнаны, запалоханы калгасьнік з адпаведнай псыхалёгіяй, залежнасьцю, няўпэўненасьцю ў сабе і мінімумам патрабаваньняў. [...] Гэта была заплянаваная міграцыя ў таталітарным савецкім сьвеце пад чужой уладай: без свабоды, без дачыненьняў уласнасьці, без пашаны да беларуса і нацыянальных ідэй. Дэфармаваная этнічная сьведамасьць ня ў стане супраціўляцца ніякай экспансіі, якая валодае канцэптуальнай культурнай (ці квазікультурнай) ідэалёгіяй і ня ў стане захоўваць сваё асяродзьдзе ў агрэсіўных чужародных умовах. Зь сьведамасьцю «тутэйшых» у таталітарных абставінах цяжка стварыць нацыянальную гарадзкую культуру, а з псыхалёгіяй «вясковасьці» і ўсьведамленьнем другаснасьці — нельга яе перайначыць.
«Рэканструкцыя» ГародніГорадабудаўнічыя эксперыменты ў Гародні, што ў 60—80-я гг. ХХ ст. знаходзілі натхненне ў марксісцка-ленінскай ідэалогіі і імкненні да эстэтычных форм, уласцівых таталітарнаму ладу, у апошнія гады саступілі месца палкаму жаданню асобна ўзятай асобы здзейсніць нешта рэвалюцыйнае ў асобна ўзятым горадзе. Рэгулятар «рэгенерацыйных» паводзін чыноўнікаў можна патлумачыць сацыяльнаным дарвінізмам, беспрынцыповым геданізмам ідэйных натхняльнікаў псеўда-рэканструкцыі ў варунках неправавой дзяржавы ды адсутнасці культурнай пераемнасці.Па-за межамі рацыянальнага і лагічнага разумення знаходзіцца тлумачэнне прадстаўнікамі ўлад аб мэтазгоднасці карэктоўкі Генеральнага плана Гародні 2003 г. Па-першае, паводле Уладзіміра Ісачанкі, найбольш аўтарытэтнага спецыяліста і аўтара гэтага дакумента, генплан з’яўляецца аднаварыянтным юрыдычным дакументам. Па-другое, згодна са згаданай распрацоўкай, планавалася стварэнне пешаходнай зоны гістарычнага цэнтра. Належыць нагадаць, займае ён толькі 5 % гарадской тэрыторыі. Таму, напэўна, 95 % «негістарычнага» абшару горада было б дастаткова, каб вырашыць праблему транспартнай развязкі і вывесці траспартныя плыні як мага далей ад цэнтра горада? Карэктоўка мясцовых уладаў Генплана Гародні 2003 г. насамрэч спрычынілася да пашырэння транспартнага цяжару на цэнтр горада ды стварэння 4-палоснай дарогі на месцы вуліцы Баторыя (?!), якая паводле генплана 2003 г. прадугледжвалася як пешаходная. Прычым побач з вуліцай Баторыя з’явілася новая артэрыя, што ідзе паралельна ёй. Ідзе яна па падмурках даўніх камяніц, якія па методыцы рэстаўрацыйных работ мелі быць закансерваваныя (умацаваныя). Другая плыня цягнецца па вуліцах Траецкай і Давыда Гарадзенскага. У перспектыве вуліцы Горкага з Давыда Гарадзенскага злучыць яшчэ адна новая вуліца, якая будзе пракладзеная на рэчышчы Гараднічанкі, уздоўж старых яўрэйскіх могілак XVI — пачатку XIX стст. ці, што зусім праўдападобна, па іх тэрыторыі, побач са старой сінагогай, Старым замкам і Новым каралеўскім палацам, месцам апошняга сойму Рэчы Паспалітай, а гэтаксама былым базылянскім кляштарам XVIII ст. Як было заўважана на прэс-канферэнцыі гарвыканкама, прысвечанай рэканструкцыі горада, 3 верасня 2007 г. новая вуліца-дарога будзе збудаваная ў мэтах «вывядзення транспарта ў абыход гістарычнага цэнтра» (!?). Наступствы пуску транспартных плыняў лёгка прадбачыць — знішчэнне чарговых археалагічных слаёў, дэградацыя гістарычна-культурнага комплексу гэтай часткі горада, знішчэнне гістарычна-культурнага ландшафту. Таму заданне выдалення транспарту з цэнтра горада ды будовы аб’язной (кальцавой) дарогі... праз гістарычны цэнтр горада можна палічыць выкананай. А справа рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Гародні ўспрынята як бесперспектыўны рамантызм.
Культурная спадчына ЕўропыПадставы еўрапейскай палітыкі адносна гістарычнай спадчыны гарадоў абапіраюцца на складзеную ў 1975 г. Радай Еўропы «Еўрапейскай хартыі архітэктурнай спадчыны» (European Charter of the Architectural Heritage) і «Канвенцыі аб ахове архітэктурнай спадчыны Еўропы», прынятай у 1985 г. у іспанскай Грэнадзе. Паводле гэтых дакументаў, еўрапейская культурная спадчына не абмяжоўваецца найбольш каштоўнымі ў эстэтычна-мастацкім плане шэдэўрамі, але ўключае комплексы забудовы гістарычных гарадскіх цэнтраў. Вянчае еўрапейскую думку складзеная ў 1992 г. «Еўрапейская хартыя гарадоў», у якой была выкладзеная праграма кіравання гістарычнымі гарадамі — развіцця іх транспарту і жыллёвага будаўніцтва, аховы асяроддзя, бяспекі, удзелу жыхароў у кіраванні горадам, а гэтаксама прынцыпы стаўлення да іх гістарычна-культурнай спадчыны.Праграма развіцця гістарычных гарадоў была накрэслена на кангрэсе гарадоў, уключаных у спіс Усясветнай спадчыны ЮНЕСКО, у Бергэне ў 1995 г. На дадзены момант у Еўропе знаходзіцца каля 100 комплексаў гістарычных гарадоў, іх гістарычных цэнтраў ці нават паасобных гарадскіх кварталаў. Яшчэ ў 1978 г. у яго былі ўключаныя Старое Места Кракава, а ў 1980 г. — Старое Места Варшавы. І гэта не зважаючы на тое, што забудова гістарычнага цэнтра польскай сталіцы, цалкам знішчанага ў часы Другой усясветнай вайны, была адноўлена ад нуля. У 90-я гг. мінулага стагоддзя ў Спіс гістарычна-культурнай спадчыны ЮНЕСКО трапілі гістарычныя цэнтры нашых суседзяў Таліна, Рыгі ды Торуні (1997), Львова (1998).
ВільняЯшчэ ў 1994 г. гістарычны цэнтр Вільні трапіў у спіс гістарычна-культурнай спадчыны ЮНЕСКО, а два гады пазней была ўхваленая стратэгія яго рэгенерацыі. Горад вабіць адноўленымі камяніцамі, вуліцай Пілес (Замкавай) з яе вулічным продажам народных промыслаў. Хуткімі тэмпамі развіваюцца старыя, раней закінутыя раёны, напрыклад, Ужэпес (Зарэчча), якія можна палічыць віленскім Манмартрам. Побач з кафедрай праводзіцца аднаўленне будынку Ніжняга замка. Частка галоўнай артэрыі горада — праспект Гедыміна — з’яўляецца пешаходнай зонай.
Баласт ці...Гародня не саступае іншым гарадам нашага рэгіёну. Не саступае, хоць, на жаль, яе гістарычны цэнтр успрымаецца ўладамі як фізічны баласт. Паўстае пытанне: ці ўспрыняццё гарадской спадчыны ў катэгорыях рынкавага прадукту ў сукупнасці з рэальнай рэгенерцыяй (рэстаўрацыяй існуючага, аднаўленнем страчанага і музеефікацыяй шэрагу сярэднявечных помнікаў) магла бы прычыніцца да новага подыху гістарычнага цэнтра ды развіцця гарадскога турызму?
Горад над НёманамКароткае падарожжа ў мінулае горада над Нёманам паказвае на разнастайнасць яго горадабудаўнічай спадчыны. Помнікі архітэктуры Гародні — выдатны прыклад ягонага знаходжання ў кантактнай зоне розных еўрапейскіх культурных плыняў. Пераплятанне розных мастацкіх уплываў ды стыляў — характарыстычная рыса архітэктуры Гародні. Чарговым прыкладам спалучэння мясцовай будаўнічай традыцыі і заходнееўрапейскіх архітэктурных уплываў была царква Св. Крыжа, рэнесансавай ратонды, якая ў адрозненне ад помнікаў заходнееўрапейскай архітэктуры была завершаная не купалам, а мнагаяруснай канструкцыяй. Зрэшты, у аналагічным рэчышчы паўставалі іншыя гарадскія будоўлі. Гарадзенскай дамінантай у даўнія часы з’яўлялася Фара Вітаўта, у абліччы якой у выніку працы італьянца Санці Гучы спалучылася позняя готыка з элементамі маньерызму. Уважліва паглядзіце на барочныя вежы паезуіцкага касцёла, гатыцкія спічастыя аконныя праёмы і контрафорсы бернардынскага касцёла ці архітэктурна-стылістычныя асаблівасці касцёла каляштара брыгітак2. Яны яшчэ больш узмацняюць усведамленне каштоўнасці ды самабытнасці архітэктурнай спадчыны горада. Забудова навачаснай Гародні дыхала сілуэтамі рознаканфесійнай культавай архітэктуры з яе гатыцка-рэнесансавай ды барочнай разнастайнасцю, узбагачалася традыцыямі мясцовага драўлянага дойлідства і фахверкавым канструкцыйным тыпам, распаўсюджаным у Заходняй Еўропе. |
1 Wallis, A. Socjologia wielkiego miasta. Warszawa, 1967. S. 35.
|
Не менш цікавымі ды арыгінальнымі можна палічыць новыя рысы архітэктурнага аблічча Гародні канца XVIII — пачатку XX стст. Варта прайсціся па вуліцах тагачаснага горада. Побач з будынкам бернардынскага мужчынскага кляштара ў 1790 г. быў узведзены класіцыстычны палац Агінскіх, на вуліцы Верцялішскай (цяпер Ажэшкі) — дом віцэ-губернатара Максімовіча, у 1793 г. — палац віцэ-адміністратара на Гарадніцы. На фоне дамінантнай у пачатку ХХ ст. эклектычнай забудовы пачалі вылучацца будынкі ў стылі мадэрн (сялянскі зямельны банк (1913)), жылыя дамы ўрачоў (сучасная Леніна і Студэнцкая) ці неіснуючы будынак электратэатра «Сатурн» (на вуліцы Гараднічанскай), будынак неагатыцкай лютэранскай кірхі, неакласіцыстычныя будоўлі (будынак рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі) і культавыя пабудовы псеўдарускага стылю (Пакроўская ды Уладзімірская цэрквы). З гэтага перыяду захаваліся помнікі так званага «цаглянага» стылю ды прамысловай архітэктуры — будынкі тытунёвай фабрыкі (1862), бровара Кунца (1877) ці воданапорныя вежы. У 20—30-х гг. ХХ ст. архітэктуру Гародні аздобілі помнікі канструктывізму. Да гэтай групы належалі мураваныя і нават драўляныя будынкі грамадскага ды жылога прызначэння (катэджная забудова), а таксама будынкі ў стылі неабарока.
Што такое археалогія?Рэчаіснае існаванне Гамераўскага свету даказаў Генрых Шліман, якога шмат хто лічыў фантазёрам і рамантыкам. Шукаючы скарбы Прыяма, Шліман, як высветлілася, натрапіў у старажытных слаях Гісарлыка на разваліны дзевяці розных гарадоў, а таксама невядомую, больш даўнюю за гамераўскую Трою, цывілізацыю.Было б памылкай успрымаць археалагічныя даследаванні як пошукі скарбаў ці нечага надзвычайнага. Хаця... 26 красавіка 2006 г. старшыня гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандр Антоненка ў інтэрв’ю «Гродзенскай праўдзе» катэгарычна заўважыў, што на Савецкай плошчы, «на жаль, сенсацыйных знаходак не аказалася». Застаецца, вядома ж, без усялякага сарказму запытацца, што мелася на ўвазе, пра якую сенсацыйнасць гаворка? Знаходкі скарбаў егіпецкіх фараонаў ці пірацкіх караблёў?
Кракаўскі прыкладУ 2007 г. у Кракаве было праведзена добраўпарадкаванне адной з найбольш даўніх плошчаў горада — сярэднявечнага Малога Рынка. Можна, канечне, улічваючы рознае разуменне і тэрміналагічную прывязанасць, акрэсліць рамонтна-будаўнічыя работы прасцей і больш зразумела — рэканструкцыяй.Малы Рынак належаў да ліку аднаго з галоўных гандлёвых пляцаў Кракава. Пачынаючы з сярэднявечча аж да XIX ст. на рынку ішоў бойкі гандаль, тут можна было набыць харчовыя прадукты, тут жа мяшчане пабудавалі мясныя яткі ды гарадскую кухню для ўбогіх. Упершыню раскопкі на Малым Рынку былі праведзеныя ў 60-я гг. ХХ ст. У лютым-сакавіку 2007 г. даследаваны невялікі абшар у 25 кв.м., дакладна на месцы, дзе планавалася пракласці новыя падземныя камунікацыі ды брукі. Археолагі натрапілі на некранутыя сярэднявечныя культурныя слаі, і дзякуючы іх карпатлівай працы ўдалося адкрыць мураваную брукоўку, рэшткі драўляных дамоў ды гандлёвых аб’ектаў неакрэсленага характару, а гэтаксама драўлянага водаправода. Пад падлогамі былі знойдзеныя драўляная бразготка, посуд, прылады (свінцовыя гіры, гліняныя прасліцы і каменнае тачыла), біжутэрыя (бронзавы пярсцёнак, шкляныя пацеркі, кавалак скуранога пояса з бронзавай акоўкай). Але найбольш цікавай знаходкай аказаўся меч, які па сваёй форме не меў аналагаў у Кракаве. Знаходкі датаваліся XII—XV стст.
Што хавае зямля?Я наўмысна засяроджу ўвагу на тым, што калі б не археалагічныя раскопкі ХХ ст., то нашыя веды пра мінулае горада былі б значна бяднейшыя. Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя адзіным раннесярэднявечным архітэктурным помнікам горада лічылася Барысаглебская царква на Каложы. Юзаф Ядкоўскі пашырыў кола нашай старадаўняй спадчыны адкрыццём т. зв. Ніжняй царквы, узведзенай на тэрыторыі замкавага дзядзінца3. Падчас раскопак на тэрыторыі былога кляштара базылянак у 1980 г. Ігар Чарняўскі адкрыў руіны невядомай Прачысценскай царквы, яшчэ аднаго помніка XII ст. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці ўсіх пералічаных культавых помнікаў XII ст., якія характарызуюцца спалучэннем візантыйскіх ды полацкіх горадабудаўнічых традыцый, сведчаць аб існаванні самабытнай гарадзенскай школы дойлідства. Трохапсідныя, невялікія па памерах храмы з своеасаблівым арыгінальным аздабленнем фасадаў і інтэр’ераў, кампазіцыямі шматкаляровых маёлікавых плітак і шліфаванымі камянямі. |
2 Kałamajska-Saeed, M. Kościół Brygidek w Grodnie // Sztuka ziem wschodnich Rzeczypospolitej XVI-XVIII w., red. J. Lileyko. Lublin, 2000. S. 350, 352.
|
Дзякуючы намаганням археолагаў было зроблена не толькі нечаканае адкрыццё культавых пабудоваў XII ст. і тым самым пашыранае кола помнікаў гарадзенскай архітэктурнай школы. Знаходкі XI—XII стст. дазволілі даследчыкам зрабіць не менш важную і сапраўды сенсацыйную выснову аб тым, што тэрыторыя горада ХІІ ст. не абмяжоўвалася абшарам цяперашняга Старога і Новага замкаў, але распасціралася на поўнач і ўсход, і ў чарговы раз пацвердзіць здагадку, зробленую яшчэ ў 40-я гады Фрыдай Гурэвіч аб існаванні далетапіснага горада над Нёманам4.
У апошнія гады існавання Савецкага Саюза Алесем Краўцэвічам была зробленая спроба адшукаць старадаўнія Уваскрасенскую ды Малую цэрквы. Раскопкі ладзіліся ў 1987—1988 гг. на паўднёва-ўсходнім ускрайку ўзвышша Новага замка і пляцоўцы, абмежаванай збудаваннямі пажарнага дэпо і цяперашняга паркінга, што побач з сінагогай. У выніку даследаванняў на тэрыторыі Новага замка быў знойдзены вялікі развал плінфы, што дазваляла дапускаць існаванне на гэтым месцы манументальных будоўляў. На жаль, мэтанакіраваныя і буйнамаштабныя археалагічныя даследаванні ў Гародні адышлі ў гісторыю, і сёння нармальная архелогія ў нашым горадзе паступова замяняецца паказухай і тэарэтызаваннем.
Шляхам «рацыяналізацыі» навукіМіхась Чарняўскі ў сваёй кнізе «З глыбінь тысячагоддзяў» успамінае:
У архіве беларускага археолага В. Р. Тарасенкі натрапіўся ліст аднаго бульдазерыста з Магілёўшчыны. Ён пісаў, што каля суседняй вёскі маецца гарадзішча. І прапанаваў раскапаць яго з дапамогаю бульдозера. Маўляў: дзень працы — і гарадзішча як не было... Але так археалагічныя раскопкі не праводзяцца. І вось чаму. За стагоддзі побыту жыхароў на якім-небудзь паселішчы ўтварыўся культурны слой, гэта значыць, пласт зямлі з рэшткамі жыццядзейнасці чалавека, яго культуры... Акрамя таго, на паселішчах захаваліся рэшкі пабудоў... А ўявіце сабе, калі б усё разрыць бульдозерамі альбо хоць проста перакапаць рыдлёўкай...5
Мяркую, што такую сітуацыю ўявіць можна.
Шэрая рэчаіснасцьАбшар гістарычнага цэнтра горада з даўнім Рынкам (цяперашняй Савецкай плошчай) ці сумежнымі вуліцамі, ахоплены ўпарадкавальнымі работамі, складаў каля 2000 м2. Што цікава, на працягу 2005—2006 гг. раскопкі тут абмежаваліся плошчай 50 м2. Яны былі зладжаныя побач з танкам ды закранулі падмуркі палаца Радзівілаў. Увесну 2006 г. яны спалучаліся са спантаннай акцыяй энтузіястаў, накіраванай на ратаванне рэштак культурнага археалагічнага слоя з-пад каўшоў экскаватараў. Урэшце, не трэба быць вялікім матэматыкам, каб вылічыць, які адсотак згаданага абшару гістарычнага цэнтра не быў увогуле даследаваны.Даводзіцца канстатаваць, што на тэрыторыі самой Савецкай плошчы і на абшары, распасцёртым паміж вуліцамі Маставой і Баторыя, былі знішчаныя або пашкоджаныя: сярэднявечны культурны слой, падмуркі даўніх камяніцаў, якія стаялі тут яшчэ перад Другой усясветнай вайной, падмуркі і скляпенні невядомага будынка з рэшткамі кафлянай печы. Падмурак і скляпенні палаца Радзівілаў разбураныя як мінімум у некалькі месцах, часткі падмуркаў гандлёвых радоў, што былі паміж палацам Радзівілаў і ратушай, знішчаныя падмуркі і скляпенні будынкаў XVII—XVIII стст. паміж палацам тэкстыльшчыкаў і аптэкай пры вуліцы Маставой, а таксама насупраць г. зв. дома купца Мураўёва, рэшткі драўлянай маставой XVII—XVIII стст. 22 мая 2002 г. урад Беларусі прыняў пастанову «Аб зацвярджэннi палажэння аб ахове археалагiчных аб’ектаў пры правядзеннi земляных i будаўнiчых работ». Згодна з палажэннем, «усе вiды земляных i будаўнiчых работ у зоне аховы археалагiчных аб’ектаў могуць праводзiцца толькi пасля распрацоўкi i ажыццяўлення мер па iх ахове», якія заключаюцца ў «абследаванні зоны работ, выяўленні няўлiчаных археалагiчных аб’ектаў, iх фiксацыі i пры неабходнасцi навуковым даследаванні». Акрамя таго, распрацоўка мер мае быць уключаная ў «праектна-каштарысную дакументацыю» земляных i будаўнiчых работ. Захаванне гістарычна-культурнай спадчыны з’яўляецца абавязкам кожнага грамадзяніна краіны, у першым ліку адказных дзяржаўных чыноўнікаў. На жаль, археалагічныя даследаванні ў зоне планаваных работ ад самага пачатку не былі прадугледжаныя аніякай праектна-каштарыснай дакументацыяй. А «фiксацыяй і навуковым даследаваннем» археалагічнага слоя ў цэнтры горада займаліся... экскаватары (!?). Зрэшты, пра яскравае парушэнне беларускага заканадаўства ў галіне аховы археалагічнай спадчыны сведчыць пратакол, складзены загадчыцай сектара гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталляй Хвір, якая ў сярэдзіне красавіка 2006 г. наведала Гародню. Ці гэтых фактаў дастаткова? Варта падсумаваць сказанае словамі галоўнага архітэктара інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Аляксандра Тараненкі:
Зараз плошчай можна бясконца любавацца. На любой будоўлі, асабліва такога маштабу і ў такім гістарычным кутку горада, бываюць розныя сітуацыі, але мы выходзілі з іх дастойна.
Падземны горадШто чакала археолагаў і якія знаходкі страціў горад, яго музеі, урэшце, чаго ў бліжэйшы час не ўбачаць турысты? І ці ўвогуле калі-небудзь убачаць?На гэтае пытанне можа адказаць кароткая згадка аб вонкавым выглядзе ды характары забудовы старадаўняга гарадзенскага Рынка. У цэнтры плошчы ў даўнія часы ўзвышалася рэнесансавая ратуша, пастаўленая гараджанамі на мяжы XV і XVI стст. і знішчаная ў 50-я гг. XVII ст. маскоўскімі войскамі. Узведзены на яе месцы ў канцы XVIII ст. будынак меў класіцыстычныя рысы і не выконваў больш ранейшых, рэпрэзентацыйных функцый. Побач з ратушай знаходзіліся т. зв. прэнгер, ці слуп ганьбы, каля якога выконваліся шматлікія пакаранні, ды гарадская студня, першая згадка пра якую паходзіць з 1541 г., грунтоўна адноўленая ў канцы XVIII ст.6. Акрамя вышэйзгаданых аб’ектаў, рынкавую прастору запаўнялі купецкія, рамесныя (цэхавыя) і жыдоўскія крамы. На пачатку XVII ст. работы па забеспячэнні гараджан вадой сфінансаваў бурмістр Ганус Фандэнберг, які збудаваў водаправодную сетку, праводзячы «ваду трубамі ў Рынак»7. |
3 Jodkowski, J. Grodno wczesnośredniowieczne w świetle wykopalisk, dokonanych na Królewskim Zamku Starym w Grodnie w latach 1932 i 1933 // Przegląd Historyczno- 4 Чарняўскі, І.; Жаровіна, Г. Нечаканае адкрыццё // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982. № 4. C. 34-36: Гуревич, Ф. Из истории раннего Гродна // Советская археология. Т. XV. 1951. С. 82-95. 5 Чарняўскі, М. З глыбінь тысячагоддзяў. Мінск, 1978. С. 4.
|
Забудова галоўнай гарадзенскай плошчы ў часы Рэчы Паспалітай мела пераважна мураваны характар. З цэглы былі пабудаваныя Фара Вітаўта, комплекс езуіцкага кляштара, які займаў цэлы гарадскі квартал, палацы Сапегаў ды Радзівілаў, камяніцы ці фахверкавыя дамы «з прускага муру» заможных мяшчан ці шляхты, якія стаялі на месцы сёньняшняга палаца тэкстыльшчыкаў. На рагу Рынка ды вуліцы Віленскай стаяла найдаўнейшая гарадская карчма (цяпер магазін «Ратушны»). Будынкі на Рынку былі крытыя гонтамі ці дахоўкай. Зрэдку некаторыя фрагменты палацаў крыліся бляхай.
Нерухомая маёмасць квартала, які расцягваўся паміж сучаснымі вуліцамі Маставой ды Баторыя, у XVII—XVIII стст. знаходзілася ў руках найбольш заможных мяшчан ды шляхты: Радзівілаў, ландвойта Гануса Паўлсена, прэзідэнта горада Тадэвуша Клявы, войтаў Стэфана Яўстафія Аляксандровіча і Юзафа Зялінскага. А гэта значыць, што дзякуючы археалагічным раскопкам можна было б даведацца не толькі пра планіроўку гэтай часткі горада, тагачасныя будаўнічыя тэхналогіі, але і ўрэшце пра штодзённае жыццё жыхароў горада. У 2006—2007 гг. магчымасць даследавання згаданых і збольшага не захаваных аб’ектаў была страчаная з прычыны іх знішчэння ці абмежавання работ рамонтна-будаўнічай часткай.
Будучае паводле Юзафа Ядкоўскага, альбо Ўмоўны лад гарадзенскай культуры Славуты гарадзенскі гісторык Юзаф Ядкоўскі аднойчы заўважыў, што «парослыя травой берагі Нёмана хаваюць праўдападобна каштоўныя скарбы для навукі». І, напэўна, хавацца ім наканавана яшчэ доўгі час. Як відаць, раскопкі заўсёды прыводзілі да нечаканых адкрыццяў. А дзякуючы ім можна было б: · натрапіць на меркаваную лінію ўмацаванняў сярэднявечнай Гародні, пра якую захаваліся звесткі і якія, як можна дапускаць, праходзілі недзе ў раёне Маставой вуліцы ды старадаўняга Рынка (цяпер Савецкая плошча); · правесці даследаванні старажытнага вакольнага горада (дзядзінец Новага замка); удакладніць месцазнаходжанне, а нават і высветліць месцазнаходжанне недаследаваных культавых аб’ектаў, напрыклад, Уваскрасенскай ці Малой царквы; · зладзіць раскопкі новаўзведзенай у XVII ст. Васкрасенскай царквы, якая знаходзілася на скрыжаванні сучасных вуліц Кірава і Сацыялістычнай; · даведацца больш пра жыццё горада, праводзячы археалагічныя даследаванні ў раёне старажытнага гарадзенскага моста праз Нёман, дарога да якога ішла ярам паміж будынкам Новага Замка і кляштарам бернардынак (на яго месцы стаіць драматычны тэатр).
Што рабіць?Вярнуць непаўторнае аблічча Гародні падавалася магчымым толькі шляхам рэгенерацыі гістарычнага цэнтра, аднаўлення яго архітэктурна-планіровачнай цэласнасці, парушанай ў перыяд Другой усясветнай вайны. Зрэшты, такія планы існавалі яшчэ ў 70-я гг. ХХ ст. Калі верыць афіцыйным крыніцам, тагачасныя абмежаваныя фінансавыя магчымасці не дазволілі ажыццявіць гэтыя намеры, таму каштоўныя гістарычныя аб’екты былі закрытыя скверамі ў надзеі на лепшыя часы.У інтэрв’ю ад 26 красавіка 2006 г. мэр горада падкрэсліў, што на аднаўленне гістарычнага цэнтра горада не хапае сродкаў, а справа рэстаўрацыі мусіць пачакаць лепшага часу. Сродкі знайшліся, толькі не на рэстаўрацыю, а на бетонную плітку, натуральны паліраваны граніт, высечку сквераў ды пашырэнне вуліцы Баторыя, знішчэнне каштоўных археалагічных слаёў. Гістарычны цэнтр Гародні, які мог стаць універсальным сімвалам гарадской культуры Беларусі, на самай справе ператварыўся ва універсальны сімвал неасавецкіх эстэтычных густаў. Савецкая плошча пасля рэканструкцыі стала савецкай не толькі назвай, але і духам. Пасля яе зліцця з забетанаваным абшарам сквераў цяжка гаварыць, што гэтая планіровачная артэрыя ўвогуле існуе. Новыя формы плошчы парушылі складзенае на працягу XV—XX стст. планіровачнае сеціва, кантрастуючы са шчыльнай забудовай цэнтра сваёй празмернай прасторавай «аголенасцю». Можна спрачацца аб эстэтычна-мастацкіх густах. Рахманым і паслухмяным новая плошча падабаецца. Маўляў, новая плітка ды фантаны. Не выклікае сумневу, што з псіхалагічнага гледзішча гараджан прыцягвае навізна. Але не толькі. Аднойчы прыйшлося пачуць ад прыхільнікаў пераўтварэнняў, што... фарны касцёл на Савецкай плошчы не ўпісваецца ў яе новыя эпахальныя формы. Не перашкаджаюць ім, праўда, неўласцівая па сваіх мастацкіх формах і маштабнасці горада аголеная хрушчоўская забудова ды, прабачце, «малыя архітэктурныя формы» — туалеты ці танк, які паказвае на захад ці, як хто бачыць, на коміны занёманскіх прамысловых прадпрыемстваў. Менавіта з гэтай прычыны можна згадзіцца з распаўсюджанай у горадзе думкай, што асобам са слабымі нервамі ўваход на плошчу мае быць забаронены. Разважанні наконт маштабнага добраўпарадкавання цэнтра горада выклікаюць яшчэ адзну істотную заўвагу ды масу непазбежных пытанняў. Калі і дзе праводзіўся адкрыты конкурс на эскізны праект рэканструкцыі і добраўпарадкавання Савецкай плошчы. Напрыклад, у распрацоўцы ідэі рэканструкцыі плошчы Незалежнасці ў сталіцы ўзялі ўдзел ажно 4 аўтарскія калектывы. А ў Гародні? Быў, вядома ж, свой праект, але ажыццявілі чамусьці план, што нарадзіўся ў асяродку новых мясцовых уладароў пад уплывам асабістага рашэння і, пэўна, прагматычных абставінаў. А вось пра што мясцовыя ўлады чуць не хочуць, дык гэта пра навукова абгрунтаваны эскіз-праект рэканструкцыі Савецкай плошчы, складзены архітэктарам-рэстаўратарам Аленай Пархутай. Эскіз прадстаўляе гісторыю паэтапнага архітэктурнага асвойвання даўняга гарадзенскага Рынка на працягу стагоддзяў пачынаючы з сярэднявечча і да нашых часоў.
Мадэль паводзінМожна пагадзіцца з думкай Канфуцыя аб тым, што чалавек узвышаны разумее, што добрае, а чалавек нізкі разумее, што выгадна.
Мінскі прыкладЯшчэ ў 2004 г. прэзідэнтам А. Лукашэнкам было даручана аднавіць у сталіцы будынак гасцініцы «Еўропа», помніка архітэктуры ў стылі мадэрн. Некалькі год таму ў сталіцы была адрэстаўраваная класіцыстычная ратуша.
«Рэканструкцыя» ці рэстаўрацыя?Назіраючы за працэсам упарадкавання Гародні, даводзіцца сцвярджаць, што інтэрпрэтацыя ўладамі паняцця «рэканструкцыя» абапіраецца не на агульна прынятыя ў Еўропе прынцыпы правядзення работ, а на асабістых уяўленнях і валявых памкненнях уладароў горада. Тым самым у практыцы абмяжоўваецца яна звычайным рамонтам, фарбаваннем фасадаў, пакрыццём вуліц бетоннай пліткай, а дахаў — металачарапіцай.Што тычыцца пліткі. У інтэрв’ю ад 26 красавіка 2006 г. газеце «Гродзенская праўда» мэр горада Антоненка заўважыў, што новая плітка на цэнтральнай плошчы горада безумоўна вытрымае 5—6 (!?) гадоў. Парадаксальна, але яшчэ ў 30-х гадах XX ст. вуліцы горада былі выбрукаваны пліткай, якая праляжала да сённяшняга дня (!). У комплекс «рэканструкцыйных» мер уваходзіць разбурэнне паасобных помнікаў, якое тлумачыцца празаічным дрэнным тэхнічным, аварыйным, трухлявым ды яшчэ якім станам будынкаў. Паўстае шэраг пытанняў. Напрыклад, у якім стане знаходзіліся знішчаныя флігель палаца віцэ-адміністратара, будынкі мікрабіялагічных станцый на вуліцы Чырвонаармейскай ці будынак дома па вуліцы Горкага, 29 (прыклад стылю канструктывізм)? Далей. Чаму з тэрміналагічнага апарату гарадзенскіх чыноўнікаў цалкам выцеснена паняцце «кансервацыі»? А кансервацыя аб’ектаў культурнай спадчыны — гэта сукупнасць мер даследчыцкага і праектна-вытворчага характару, мэтай якіх з’яўляецца захаванне згаданых помнікаў у існуючым выглядзе, прадухіленне пагаршэння іх стану. Такім шляхам пайшла Польшча адразу пасля заканчэння Другой усясветнай вайны. І гэта не зважаючы на відавочныя фінансавыя цяжкасці. На жаль, у Гародні быў выбраны іншы шлях.
Дзеля прыкладу нагадаем, што паводле 9-га артыкула «Венецыянскай хартыі» мэта рэстаўрацыі заключаецца ў захаванні і выяўленні эстэтычнай і гістарычнай вартасці даўняга аб’екта, яе грунтаванне на аўтэнтычных дакументальных крыніцах.
Будучае з мінулымНе выклікае сумневаў, што Гісторыя парасстаўляе ўсё на свае месцы. Можна спадзявацца, што наш горад дачакаецца не здзяйснення скараспелых рэканструкцыйных планаў, а прадуманага і гаспадарлівага падыходу, урэшце, адраджэння яго гістарычна-культурнай спадчыны.Нягледзячы на маштабнасць праведзенай рэканструкцыі ў Гародні перамогу ўладаў можна палічыць піравай. Таму адно застаецца пэўным. Каб спасцігнуць рэчаісныя памкненні сённяшніх уладароў Гародні, належыць толькі ўявіць тое самае люстра, у якім так нарцысістычна любаваўся Дарыян Грэй.
|
6 Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі. Ф. 1761, воп. 1, спр. 14, арк. 719. 7 Акты Виленской Археографической Комиссии. Т. VII. C. 111. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (60) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |