A R C H E П а ч а т а к № 9 (60) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


9 — 2007

 



Горадня пад ударам • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура

 


літаратура

  Ян Максімюк

Вокладка «ARCHE» №9
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Ян Максімюк
Робінсан Джэфэрс
Робінсан Джэфэрс (Robinson Jeffers) нарадзіўся ў Пітсбургу, Пэнсыльванія, у 1887 г. у сям’і прэсьбітэрыянскага сьвятара і тэоляга. Паміж 1891 і 1901 гг. сям’я чатыры разы пабывала ў Эўропе, дзе малады Джэфэрс наведваў розныя прыватныя школы ў Швайцарыі і Нямеччыне. Маючы 12 гадоў, ён ужо ведаў тры замежныя мовы і быў крыху падвучаны ў лацінскай і старажытнагрэцкай. У 1903 г. сям’я перанеслася ў Каліфорнію, дзе будучы паэт закончыў сярэднюю школу і пачаў унівэрсытэцкую адукацыю, вывучаючы папераменна такія розныя прадметы, як літаратура, мэдыцына і лесаводзтва. У 1906 г. ён пазнаёміўся з павабнай замужняй студэнткай Юнай Кастэр, якая пасьля доўгага раману з Джэфэрсам атрымала развод і выйшла за яго ў 1913 г. У наступным годзе Робінсан і Юна пасяліліся ў Кармэле (Carmel-by-the-Sea) над Ціхім акіянам, у вельмі маляўнічай сярэдняй частцы каліфарнійскага ўзьбярэжжа, што завецца Big Sur. У 1919 г. Джэфэрс набыў дзялянку на строме над самым акіянам. На гэтай гары ён практычна ўласнаручна збудаваў дом (Tor House) з камянёў і скалаў, якіх было ўдосталь у навакольлі. Дом меў падведзеную ваду, але ў ім не было ні газу, ні электрычнасьці, ні тэлефона. У 1920—1925 гг. Джэфэрс збудаваў каля дома чатырох’ярусную вежу (Hawk Tower), зь якой адкрываўся разьлеглы выгляд на акіян і сушу. У гэтым доме Робінсан Джэфэрс, за выняткам кароткіх паездак у Эўропу, пражыў да свае сьмерці ў 1962 г. Юна Джэфэрс памерла ў 1950 г., захварэўшы на рак. У іх было двое дзяцей, хлапцоў-блізьнюкоў, якія нарадзіліся ў 1916 г.

Два першыя паэтычныя зборнікі Джэфэрса, апублікаваныя ў 1912 і 1916 гг., мелі эпігонскі і імітацыйны характар і канулі ў забыцьцё адразу пасьля выхаду ў сьвет. Трэці зборнік, «Lamar and Other Poems» (1924), зазначыў рэзкі разрыў Джэфэрса з рамантычнай вершаскладальнай традыцыяй і зрабіў паэта літаратурнай сэнсацыяй у ЗША. Джэфэрс пачаў пісаць вольным вершам, аддаючы перавагу доўгім паэмам і паэтычным наратывам, якія нярэдка закраналі біблійныя і міталягічныя тэмы і матывы і ўтрымлівалі ў сабе магутныя апісаньні дзікай прыроды Каліфорніі. У 1925 г. выйшла пашыранае выданьне гэтага зборніка пад зьмененай назвай («Roan Stallion, Tamar and Other Poems»), якое ўключала знакамітую паэму Дэраш («Roan Stallion»), што прапануецца чытачом «ARCHE» ў перакладзе Хрысьціны Граматовіч. Пасьля гэтага зборніка крытыкі былі вымушаныя прызнаць, што ў амэрыканскай паэзіі ХХ ст. загучаў голас ня меншай магутнасьці, чым голас Ўолта Ўітмэна ў ХІХ ст., хоць і з дакладна супрацьлеглым, чым у славутага папярэдніка, пасланьнем.

Паводле біёграфаў Джэфэрса, паэт падчас пабудовы свайго дома над Ціхім акіянам перажыў духоўнае абнаўленьне, падобнае на глыбокае рэлігійнае ператварэньне. «Ён адчуў магутную і важкую энэргію, заключаную ў камяні, супакой, які прыкрывае віраваньне ў атамных структурах... бяскрайнюю энэргію, якая грэе і спалучае ўсё існае: ад кветак на мысе ў акіяне да зорак далёка на небе», — напісаў адзін зь іх. «Штосьці абсалютна дзікае ўсьлізнула ў ягоны мозг і пазначыла ягоныя рысы... Лупцаваны хвалямі бераг і незакілзаная свабода каршукоў, што палявалі над узьбярэжжам, завалодалі ім і гаварылі празь яго. Гэта была адна з найбольш дзівосных і арганічных повязяў чалавека зь ягоным натуральным асяродзьдзем, якія мне давялося назіраць у літаратуры», — адзначыў другі.

Бачаньне сьвету ў Джэфэрса было пантэістычнае. Сам паэт напісаў пра гэта:

Я веру, што сусьвет ёсьць адной істотай, усе яго часткі ёсьць рознымі выяўленьнямі тае самае энэргіі... часткамі аднаго цэлага... (Тут, як думаю, фізыка мяшаецца з рэлігіяй.) Часткі зьмяняюцца і прамінаюць, гэтаксама як людзі, народы, скалы і зоркі; нішто з гэтага не падаецца мне вартым увагі паасобку, а толькі ў цэлым. Гэтае цэлае ва ўсіх сваіх частках настолькі прыгожае і перажываецца мною з такой моцай, што я не магу не любіць яго і думаю пра яго не інакш, як пра боскае.

Бог і Прырода былі ў Джэфэрса тоеснымі. З гэтага пантэізму выплывала і жыцьцёвая філязофія паэта, якую ён назваў цяжкаперакладальным тэрмінам «Inhumanism». Поступ цывілізацыі, паводле Джэфэрса, штораз шчыльней засланяе боскае ад людзей, надзяляючы іх фальшывымі перакананьнямі, што аддаляюць іх ад Прыроды, і апаганьваючы Зямлю і жыцьцё на ёй тэхналягічнымі адпадкамі. У сваіх шматлікіх паэмах, перагружаных рознымі катастрофамі, забойствамі, гвалтаваньнямі і кровязьмяшэньнямі, Джэфэрс асуджае чалавечую расу за яе самазьнішчальную ірацыянальнасьць і безаглядны эгаізм. Чалавек, кажа Джэфэрс, гэта толькі хвілінная прыгода (a moment’s accident) Прыроды, кароткатрывалае адхіленьне на шляху эвалюцыі боскага. «Людзтва ёсьць формай, зь якой трэба вырвацца», — кажа наратар «Дэраша». Тэрмін «Inhumanism», паводле Джэфэрса, не абазначае «нялюдзкасьці» ў сэнсе адсутнасьці спагады і дабрыні ў людзях, а хутчэй мае падкрэсьліць той факт, што чалавечы род не займае цэнтральнага месца ў сусьвеце. Inhumanism, кажа паэт, заклікае перанесьці акцэнт з чалавека на не-чалавека (from man to notman), адкінуць уласьцівы людзям саліпсізм і прызнаць звышлюдзкую веліч (transhuman magnificence) боскага. Як ні дзіўна, сам Джэфэрс не лічыў, што ягоная філязафічная пастава прапаведуе мізантропію або жыцьцёвы пэсымізм.

На сваім творчым шляху, які расьцягнуўся амаль на 40 гадоў, Джэфэрс выдаў больш за дзясятак аб’ёмістых паэтычных кніжак, зь якіх назавём некалькі: «The Women at Point Sur» (1927), «Dear Judas and Other Poems» (1929), «Give Your Heart to the Hawks and Other Poems» (1933), «The Double Axe and Other Poems» (1948), «Hungerfield and Other Poems» (1954).

(нар. 1958 г. на Беласточчыне) — журналіст, палітычны аналітык, перакладчык. Жыве ў Празе. Перакладае зь беларускай на польскую (А. Глёбус, І. Бабкоў, У. Арлоў, А. Разанаў, А. Хадановіч), з ангельскай, францускай, чэскай, нарвэскай на беларускую і з нарвэскай на падляскую. Пераклады публікаваліся асобнымі выданьнямі ў Польшчы і ў часопісных варыянтах у «Калосьсі» (Полацак), «Правінцыі» (Беласток) і «ARCHE» (Менск).
Пачатак  Цалкам Форум

№ 9 (60) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/11/06