A R C H E П а ч а т а к № 9 (60) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


9 — 2007

 



Горадня пад ударам • аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя

 


гісторыя

  Анатоль Сідарэвіч

Вокладка «ARCHE» №9
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Анатоль Сідарэвіч
Антон Луцкевіч
і Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада

Думаецца, я ня буду арыгінальны, калі скажу: нам трэба па-новаму асэнсаваць гісторыю Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады (БСРГ). І па-новаму яе напісаць. Калі прасачыць, як у беларускай савецкай літаратуры асьвятлялася тэма Грамады, ня могуць ня ўражваць кульбіты афіцыйнай гістарыяграфіі. Нарэшце, пасьля ХХ зьезду КПСС выпрацавалася пэўная схема, выйсьці зь якое не дазвалялася. Гэтыя правілы гульні былі абавязковыя і для дасьледчыкаў у Польскай Народнай Рэспубліцы. Праўда, там удавалася трохі больш: з боем, пераадольваючы супраціў, Аляксандра Бэргман магла друкаваць біяграфіі дзеячоў Грамады. У БССР цяжка было ўявіць адмысловыя працы, прысьвечаныя Максіму Бурсевічу і Сымону Раку-Міхайлоўскаму, ня кажучы пра Антона Луцкевіча. Нават Браніслаў Тарашкевіч заставаўся напаўзабароненай асобай.

Характэрная праява бальшавіцкае ўпартасьці: нават поўную назву БСРГ яны перакруцілі на свой лад. Ва ўсіх дакумэнтах і публіцыстыцы 1920-х — пачатку 1930-х гг. яна праходзіць як Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада; ва ўсіх публікацыях 1950-х і пазьнейшых гадоў — Беларуская Сялянска-Рабочая Грамада. Барацьба з Тарашкевічавай «Граматыкай» працягвалася.

Узорна-паказальнай для бээсэсэраўскіх гісторыкаў стала манаграфія Ўладзімера Палуяна «Беларуская сялянска-рабочая грамада» (1967). Адразу ж адзначым: на той час гэтая праца магла ўспрымацца і ўспрымалася як сапраўды навуковая. Сёньня яна безнадзейна састарэла. Зрэшты, праца У. Палуяна паслужыць у маім рэфэраце зыходным пунктам.

І. Пра генэзу БСРГ

1.

У. Палуян вядзе радавод Грамады з нарастаньня рабочага руху ў Польскай Рэспубліцы, з рашэньняў ІІ зьезду Камуністычнае партыі Польшчы (верасень 1923 г.), скіраваных «на кансалідацыю шырокіх мас на аснове адзінага фронту рабочага класа і стварэнне саюзу рабочых і працоўных сялян». Зьезд, адзначае аўтар, прызнаў права прыгнечаных «украінскіх і беларускіх рабочых і сялян да вызвалення… і далучэньня іх зямель да Савецкай Украіны і Беларусі» (с. 23).

Зьвернем увагу: ня права народаў на самавызначэньне, а права рабочых і сялян на вызваленьне і далучэньне. Гэта ўжо рафінаваны ленінізм. Але працягнем разгляд асноўных палажэньняў працы У. Палуяна.

Сказаўшы пра ІІ зьезд КПП, аўтар піша пра адно зь яго наступстваў — пра заснаваньне Камуністычнай партыі Заходняе Беларусі (КПЗБ). І пра тое, што ў канцы 1923 г. у гэтую партыю ўлілася леваэсэраўская Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА). А гэта больш за 300 чалавек. Праўда, У. Палуян не ўдакладняе, а колькі ж чалавек было ў самой КПЗБ. Пачытаўшы літаратуру, цікаўнасьць можна задаволіць. Так, В. Буткевіч і С. Кабяк у сваім артыкуле «Камуністычная партыя Заходняй Беларусі: шлях барацьбы і выпрабаваньняў»1, спасылаюцца на кнігу «Революционный путь Компартии Западной Белоруссии» (1966), пішуць, што ў КПЗБ было 528 чалавек. Пры гэтым яны, спасылаючыся на тую самую крыніцу, на сто чалавек паменшылі асабовы склад БРА. Праўда, яны мусілі агаварыцца, што акрамя 200 сябраў, БРА мела некалькі соцень сымпатыкаў («сочувствующих»). Як бы там ні было, Кампартыя Заходняе Беларусі атрымала ў канцы 1923 г. істотнае папаўненьне, асабліва калі ўлічыць яго якасьць. У партыю, якая складалася з габрэяў, расейцаў і палякаў, прыйшлі беларусы, беларуская інтэлігенцыя, у тым ліку Арсень Канчэўскі (брат Ігната), Язэп Лагіновіч, Леапольд Родзевіч… КПЗБ здолела загаварыць зь беларускім народам, зь беларускаю вёскаю па-беларуску. Ці дзіўна, што зь дзеячамі БРА супрацоўнічалі іншыя беларускія інтэлігенты левых (неэсэраўскіх і некамуністычных) поглядаў?

  гісторык літаратуры. Апошняя ягоная кніга — «Луцкевіч Антон. Выбраныя творы. Праблемы культуры, літаратуры і мастацтва» (выдавецтва «Кнігазбор»).
   
Цяпер пра характарыстыкі. «БРА, — піша У. Палуян, — зьяўлялася рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыяй з элемэнтамі сацыялістычнага характару». Перад намі ўзор бальшавіцкай фанабэрыі («комчванства», як пісаў Уладзімер Ленін). Але ня будзем вінаваціць У. Палуяна, бо гэта ня ён абвясьціў манаполію бальшавікоў на адзіна правільнае разуменьне марксізму, сацыялізму і сацыял-дэмакратыі. У Леніна «няправільны» — немарксісцкі — сацыялізм левых народнікаў не выклікаў ніякіх сумневаў. Мала таго, Ленін (і гэта можна знайсьці ў ягоных працах) бачыў у левым народніцтве элемэнты марксізму. Вось толькі ў гэтых «элемэнтах» бальшавікі і бачылі часьцінкі праўдзівага сацыялізму.

Такім чынам, у У. Палуяна цалкам бальшавіцкі зрок. Далей ён піша: «Палітычныя імкненьні БРА усё больш схіляліся да ідэі сацыяльнай рэвалюцыі…». Перапынім цытаваньне. Аўтар не сьцьвярджае, што эсэры выступалі супраць сацыяльнай рэвалюцыі (гэта было б сьмешнае сьцьвярджэньне), а намякае на гэта. І вось гэтыя неразумныя, няправільныя рэвалюцыянэры «з элемэнтамі сацыялістычнага характару» нарэшце — у 1923 годзе! — пачалі ўсё больш схіляцца да ідэі сацыяльнай рэвалюцыі, «асноўнай зброяй ажыццяўлення якой» яны лічылі «рэвалюцыйную барацьбу працоўных на аснове саюзу рабочых і сялян» (с. 25). І ў якасьці доказу гэтага тэзісу У. Палуян спасылаецца на нумары газэты «Змаганьне» за 28 кастрычніка, 11 і 23 лістапада, 2 і 16 сьнежня 1923 г., 1 і 20 студзеня 1924 г. Асабліва аўтар адзначае, што «Змаганьне» спачувальна пісала пра новую эканамічную і нацыянальную палітыку бальшавікоў. І спасылаецца на нумары «Змаганьня» за 1, 13 і 24 студзеня 1924 г. Аўтар манаграфіі падкрэсьлівае, што БРА ў ідэале бачыла супольны фронт з рабочай клясай усёй Польшчы. І зноў жа спасылаецца на нумары «Змаганьня». На гэты раз — за 2 і 7 сьнежня 1923 г. і 31 студзеня 1924 г.

У. Палуян так і падказвае свайму чытачу: вазьмі тыя нумары «Змаганьня» і прачытай іх. І я ўзяў іх і прачытаў. І ўбачыў у іх цалкам чаканае: аўтарам тых артыкулаў у «Змаганьні» быў Антон Луцкевіч. Прывядзем тут іх загалоўкі: «Да змаганьня!» і «Перад XIX Кангрэсам PPS» (28 кастрычніка), «Хто перамог» (11 лістапада), «Малы парлямэнт» і «Сялянскі інтэрнацыянал» (23 лістапада), «Адзіны фронт», «Працоўныя гарадоў і вёсак» (2 сьнежня), «Барацьба за зямлю», «Сялянства ў Польшчы і зямельная рэформа» (16 сьнежня), «У новым годзе» і «Напружанае змаганьне»(1 студзеня), «Нацыянальнае пытаньне і пралетарыят», «Дзьве разьвязкі зямельнага пытаньня» (20 студзеня), «Будаваньне Беларусі» (24 студзеня), «Задачы дня» (31 студзеня).

Могуць сказаць: ну, добра, Кумельган і К. Фалькевіч — гэта псэўданімы А. Луцкевіча, а як ты дакажаш, што і перадавыя артыкулы пісаў ён? Гэта даводзяць стыль, лексыка і… НКВД. Рэч у тым, што А. Луцкевіч супрацоўнічаў ва ўсіх газэтах БРА. І рэдактар амаль усіх гэтых газэт Я. Лагіновіч, трапіўшы на допыты да былых таварышаў па партыі, мусіў даваць паказаньні пра супрацу з «контрарэвалюцыянэрам» Луцкевічам. У 1939 г. сьледчыя НКВД будуць цытаваць тыя паказаньні падсьледнаму Луцкевічу, а ў абвінаваўчым заключэньні напішуць, што «руководящие статьи в газете «Наш Сьцяг» писал Луцкевич»2. А я ўдакладняю, што Луцкевіч пісаў перадавыя артыкулы і ў «Нашым Сьцягу»3, і ў газэтах БРА, што выходзілі пасьля яго: «Паднятым Сьцягу», «Сьцягу», «Сьцягу Народу», «Вольным Сьцягу», «Сьцягу Волі», «Волі Народу». І, нарэшце, у «Змаганьні». Калі «Змаганьне» забаранілі польскія ўлады, Луцкевіч стаў «перадавіком» у газэтах Беларускага пасольскага клюбу (БПК).

  1 Гл.: Айчынная і сусьветная гісторыя: Сучасныя погляды і мэтады дасьледаваньняў: Зборнік навуковых прац. У 2. ч. Ч. 1. Актуальныя пытаньні гісторыі Беларусі. Менск, 2000.

   
Калі ісьці за лёгікай У. Палуяна і яго пасьлядоўнікаў, то атрымліваецца, што ля вытокаў БСРГ стаяў Луцкевіч — аўтар артыкулаў пра неабходнасьць адзінага фронту работнікаў і сялян. І мы правільна зробім, калі пойдзем за лёгікаю сп. Палуяна. Нездарма ж я назваў ягоную манаграфію зыходным пунктам.

2.

Можна, вядома, дапусьціць, што Луцкевіч прадаваў свой талент і пісаў пад дыктоўку рэдактараў леваэсэраўскі газэт. Але такая вэрсія — самая простая з усіх магчымых. Каб прыняць яе, па-першае, трэба папросту забыцца на палітычныя погляды аднаго з заснавальнікаў Беларускае Сацыялістычнае Грамады. Па-другое, ня трэба ведаць, што ідэя масавае арганізацыі, якою стала потым БСРГ, нарадзілася ў галаве Луцкевіча значна раней, чым у галовах іншых заходнебеларускіх дзеячоў.

Празь месяц і дзесяць дзён пасьля Рыскай дамовы, а дакладней — 29 красавіка 1921 г., Луцкевіч надрукаваў у газэце «Наша Думка» (рэдактар Максім Гарэцкі) артыкул «Сяляне, арганізуйцеся!». Артыкул мае тры ўводныя тэзісы. Першы — пра нязьменнасьць сацыяльных (клясавых) інтарэсаў:

Ува ўсіх краёх, ува ўсіх гаспадарствах сацыяльныя інтарэсы працоўных мас — тыя самыя. На гэтым грунтуецца міжнародная салідарнасьць пралетарыяту, якая выяўляецца ў вядомым клічу сацыялістаў «Працоўная бедната ўсіх краёў, злучайся!»4

Гэты тэзіс разьвіваецца ў другім абзацы, дзе аўтар піша пра аднастайнасьць інтарэсаў работнікаў і сялян у розных краінах. Луцкевіч яшчэ не праводзіць думку аб адзіным сялянска-работніцкім фронце, але, скажам так, набліжаецца да яе.

Другі тэзіс артыкула — аб дэмакратыі як умове задавальненьня сацыяльных інтарэсаў. Луцкевіч, як і іншыя сацыял-дэмакраты таго часу, пакуль што разглядае палітычную дэмакратыю як сродак, пры дапамозе якога дасягаюцца сацыяльныя мэты працоўных. Чытаем:

Аднастайнасьць сацыяльных інтарэсаў работнікаў і сялян у розных гаспадарствах паказвае, што палітычны лад не зьмяняе гэтых інтарэсаў, а толькі можа памагаць або шкодзіць у здаволіваньні патрэб працоўнага народу — залежна ад яго дэмакратызму. Настане ў нас панаваньне дэмакратыі — значыць, і работнік здабудзе сабе права на працу і поўны плён яе, і сялянін — права на зямлю. Вернецца манархія, царызм — ясна, што зь ім разам прыйдзе назад і панаваньне панства і капіталістаў.

І трэці тэзіс — пра тое, што дэмакратыя і, адпаведна, забесьпячэньне сацыяльных інтарэсаў работнікаў і сялян магчымыя толькі там, дзе працоўныя маюць моцную арганізацыю:

Дзе працоўныя масы добра арганізованы, там і ўрад ідзе дэмакратычнай дарогай, там народ мае поўную магчымасьць забясьпечыць свае сацыяльныя патрэбы.

Гэты тэзіс падмацоўваецца прыкладамі Новае Зэляндыі, дзе сацыялістычны ўрад разьвязаў зямельную праблему, і царскае Расеі, дзе не было ні дэмакратыі, ні належнага вырашэньня аграрнага пытаньня.

Памыліцца той, хто падумае, што Луцкевіч хваліць бальшавікоў. Гэта пярэчыла б і ягоным асабістым перакананьням, і праўдзе жыцьця. У той час, калі друкаваўся артыкул, сотні тысяч заходніх беларусаў вярталіся з уцякацтва і выгнаньня на свае сядзібы. Яны добра «наеліся» ваеннага камунізму і ведалі, што да чаго. Прынамсі тую праўду, што зямлёй у Расеі «распараджаюцца камуністы, не зварочваючы ніякае ўвагі на жаданьне сялянства атрымаць зямлю на ўласнасьць», што сялян у Расеі «прымушаюць карміць мільённыя «чырвоныя» арміі і камісараў, нічога ім за хлеб не даючы». І тут Луцкевіч зноў праводзіць сваю галоўную думку: «…хоць і цяпер сялян у Расеі асталося каля соткі мільёнаў, яны — праз сваю неарганізованасьць — ня могуць бараніцца ад добра арганізаваных, хоць і шмат менш чысьленых камуністаў».

Тут я мушу зрабіць адступленьне дзеля таго, каб патлумачыць, які быў Луцкевічаў ідэал вырашэньня зямельнага пытаньня.

«Прыдбаць свой кут»

А. Луцкевіч адрозьніваў сялянскае і ўласна зямельнае пытаньні. Сялянскае пытаньне — шырэйшае: яно, акрамя пытаньня пра зямлю, мае такія важныя аспэкты, як адукацыя, ахова здароўя і сацыяльнае забесьпячэньне сельскага люду, камунікацыі, наладжваньне гандлю і г. д. І ўсё ж ключом да разьвязкі сялянскага пытаньня было перш-наперш вырашэньне пытаньня пра зямлю.

Беларускія сацыялісты напачатку ня мелі сваёй аграрнай праграмы. Пра гэта сьведчыць улётка «Першы мужыцкі зьезд»5, у якой выкладаецца і эсэраўская праграма перадзелаў, і камуністычная праграма калектывізацыі. Сам Луцкевіч прызнаваўся, што «толькі ў 1905 годзе» (а дакладней, у самым канцы яго) «была прынята зямельная праграма, выпрацаваная намі і прыняўшая пад увагу індывідуалістычныя імкненьні беларускага сялянства»6. Чытаем адпаведны пункт з нарысу праграмы Беларускай Сацыялістычнай Грамады:

  2 Антон Луцкевич: Материалы следственного дела НКВД БССР. Минск, 1997. С. 145.

3 У БДАМЛМ (ф. 3, воп. 1, адз. захав. 236, арк. 75) захоўваецца складзены па-польску на блянку Беларускага камітэту ў Варшаве машынапіс «Няпрошаныя апекуны». За прэзыдыюм камітэту тэкст гэты падпісаў былы міністар замежных спраў БНР А. Ладноў. У ім «Наш Сьцяг» названы органам камуністаў у беларускай нацыяналістычнай масцы.

4 Зьбеларусіўшы слова «пралетарый», беларускія сацыялісты далі падставу некаторым спэкулянтам ад гістарычнае навукі сьцьвярджаць, што яны адмовіліся ад пралетарскай барацьбы, пралетарскай рэвалюцыі і г. д.

   

У справе зямельнай БСГ хоча скасаваць права асабістай земскай уласнасьці і даць кожнаму чалавеку права выбраць зямлю сваімі рукамі без карыстаньня з чужой працы, расшыраючы адначасьне, каб перайсьці да сацыялістычнай гаспадаркі, ідэі ўсестароньняга сябраваньня і таварыств»7.

З тае прычыны, што — скажам шчыра — беларуская тэрміналёгія была распрацаваная кепска, лепш пакарыстацца расейскім тэкстам нарысу праграмы, зьмешчаным у кнізе «Сацыялістычны рух на Беларусі ў праклямацыях 1905 году». Зь яго можна зрабіць высновы, што БСГ ставіла на мэце: 1) скасаваць прыватную ўласнасьць на зямлю, 2) усталяваць індывідуальнае працоўнае (без прыцягненьня наёмнай працы) землекарыстаньне, 3) прапагандаваць і рэалізоўваць ідэю ўсебаковай каапэрацыі дзеля пераходу да сацыялістычнага ладу (успомнім, што і Ленін у пэрыяд нэпу назваў сацыялізм ладам цывілізаваных каапэратараў).

На жаль, у мяне няма доступу да «Gazety Wileńskiej» (1906. № 46), дзе Луцкевіч больш падрабязна растлумачыў партыйную аграрную праграму. Але затое ў нас ёсьць праграма БСГ, прынятая ў дні бальшавіцкага перавароту8, папулярны выклад праграмы Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі9, а таксама артыкулы А. Луцкевіча «Да зямельнай праграмы ўвагі»10 і «Места і вёска»11. З гэтых дакумэнтаў і матэрыялаў мы робім выснову, што, адмаўляючы прыватную ўласнасьць на зямлю, беларускія сацыял-дэмакраты (а яны вялі рэй і ў БСГ) ідэальнай формаю гаспадараньня лічылі індывідуальныя фэрмэрскія гаспадаркі, якія б перадаваліся ў спадчыну ад бацькі да сына.

Беларускія сацыял-дэмакраты ішлі насустрач пажаданьню безьзямельнага і малазямельнага сялянства «прыдбаць свой кут». Яны прапаноўвалі мадэль, сярэднюю паміж нацыяналізацыяй зямлі (гэта «выклікала б востры канфлікт з поглядамі і пажаданьнямі вясковых працоўных мас») і перадачаю яе ў поўную прыватную ўласнасьць. Яны шукалі «разьвязкі зямельнага пытаньня на грунце захаваньня прыватнае ўласнасьці, агранічваючы адначасна законамі права прыватнае ўласнасьці». Пішучы гэта ў артыкуле «Да зямельнай праграмы ўвагі», Луцкевіч меў наўвеце, што пры такім парадку «закон устаноўлівае варункі пераходу зямлі з рук у рукі і агранічвае права спадчыны, а такжа перашкаджае зямельнай спэкуляцыі, пакідаючы нацыянальнаму фундушу пяршэнства на куплю прадаваных зямель». Да таго ж, дбаючы пра таварнасьць сялянскіх гаспадарак, эсдэкі лічылі, што «законам павінна быць забясьпечана немагчымасьць драбленьня сялянскіх гаспадарак ніжэй мінімальнай нормы». Уласна кажучы, Луцкевіч і яго таварышы прапаноўвалі такую мадэль, якая рэалізавалася ў шмат якіх краінах сьвету.

Тут трэба адзначыць, што, абвяшчаючы права ўласнасьці сялян на зямлю, Луцкевіч і яго таварышы не былі ерэтыкамі ў марксізьме. У свой час «марксісцкі папа» Карл Каўцкі, разважаючы пра будучы сацыялістычны лад, пісаў, што «пралетарская ўлада… ня будзе мець ні найменшага жаданьня браць у свае рукі… дробныя сялянскія гаспадаркі», што «да гэтага часу ніводзін сур’ёзны сацыяліст не патрабаваў ніколі, каб сяляне былі экспрапрыяваныя або каб іх землі былі канфіскаваныя». І дадаваў: «Вельмі імаверна нават, што гэтыя сялянскія гаспадаркі ўмацуюцца дзякуючы сацыялістычнаму рэжыму»12.

Цяпер, калі погляды Луцкевіча на зямельнае пытаньне больш-менш выкладзеныя, бадай, кожны зразумее, чаму ён вітаў новую эканамічную палітыку ў СССР і асабліва ў БССР, дзе з дапамогаю дзяржавы ствараліся таварныя сялянскія гаспадаркі, праводзілася хутарызацыя і стварэньне малых пасёлкаў, паляпшаліся ўмовы бытаваньня вяскоўцаў.

Аднак мы спыніліся на артыкуле Луцкевіча «Сяляне, арганізуйцеся!». Вернемся да яго.

«Арганізацыя — гэта сіла, — піша Луцкевіч. І дадае: — Асабліва гэта павінны зразумець нашы сяляне». Ён нагадвае, колькі ўладаў памянялася ў Беларусі цягам апошніх гадоў, паказвае, што на пачатку 1920-х беларусамі кіруюць «часьцю варшаўская ўлада, часьцю «жалігоўцы», часьцю «саветы»13. І падводзіць чытачоў да высновы: «Каб нас усе не тапталі і ня зьдзекаваліся над намі, нам трэба арганізавацца». Луцкевіч паказвае сялянам прыклад — гарадзкіх работнікаў, зьяднаных у сацыялістычныя партыі. А вось сялянства, «гэтая аснова беларускага народу», ня мае сваёй арганізацыі. Праўда, і ў вёсцы ёсьць «зачаткі партыйных арганізацый», ёсьць «арганізаваныя групы, часткі сялянства: парабкі, безьзямельнікі, — але няма арганізацыі, якая злучала бы ўсё сялянства». Луцкевіч ігнаруе наяўнасьць у вёсцы багатых гаспадароў: іх адсотак надта малы. А ў цэлым у Беларусі ледзь ня ўсе «ці то безьзямельнікі, ці малазямельныя». Вось яны і «павінны аб’яднацца на тым, што ў іх ёсьць супольнае». А супольнае, піша Луцкевіч, у іх жаданьне, «каб уся зямля перайшла да тых, хто сваімі рукамі працуе на ёй, дык каб перайшла не часова, не ў арэнду або чынш, а ў поўную ўласнасьць назаўсёды». І аўтар прапануе: «На аснове гэтага жаданьня трэба аб’яднаць усё нашае сялянства ў многамільённы, магутны Беларускі Сялянскі Саюз».

Нагадаўшы пра Беларускі Сялянскі Саюз 1905 г., што існаваў «пры Беларускай Сацыялістычнай Грамадзе», Луцкевіч піша: «Цяпер гэты Саюз трэба ўзнавіць: ён павінен нас давясьці да поўнае пабеды».

Такой пазыцыі трымаўся А. Луцкевіч у красавіку 1921 г. Артыкулу «Сяляне, арганізуйцеся!» папярэднічаў у тым самым нумары «Нашае Думкі» артыкул таго самага аўтара «Барацьба за зямлю».

14 траўня Луцкевіч выступіў у «Нашай Думцы» з артыкулам «Задачы сялянства». Курсівам ён вылучыў словы «патрэбна зямля» і сказы: «Бязь еднасьці — ня будзе зямлі!», «Толькі арганізацыя дасьць нам зямлю!» «Раз мы хочам, — зьвяртаўся ён да чытачоў, — каб закон бараніў сялянскае права ўласнасьці, значыць, мы павінны ў сваей Бацькаўшчыне завясьці такія законы, якія бы гэнае права прызнавалі. Значыць, мы, сяляне, павінны дабівацца ўлады, павінны дабівацца месца для сябе ў сойме, у самаўпраўленьні, ува ўсіх дзяржаўных установах».

Барацьба за зямлю, за сялянскую ўласнасьць на зямлю павінна спалучацца з барацьбой за ўладу. А калі больш дакладна, дык толькі свая ўлада гарантуе сялянам зямлю і ўласнасьць на яе. Згадзіцеся, гэта вельмі важны момант у публіцыстыцы Луцкевіча.

Сфармуляваўшы тэзіс пра ўладу і зямлю, Луцкевіч зноў вяртае чытачоў да ідэі Беларускага Сялянскага Саюзу, а ў апошняй частцы артыкула ідзе далей і піша: «Калі гэта армія сялянская добра будзе арганізована, калі ўсе мы будзем ведаць, куды і якой дарогай нам трэба йсьці, дык мы дойдзем да свае мэты і здабудзем незалежнасьць і аб’яднаньне Бацькаўшчыны, здабудзем зямлю і ўладу для працоўнага народу!»

Такім чынам, Луцкевіч выступае з ідэяй Сялянскага Саюзу ня толькі дзеля барацьбы за зямлю. Гаворка ідзе яшчэ і пра аб’яднаньне Беларусі, пра яе незалежнасьць, пра ўсталяваньне ў незалежнай і непадзельнай Беларусі ўлады працоўнага люду. Ці ж ня тое прачытаем мы ў праграме Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады?

3.

Ідэя сфармуляваная, мэты і задачы вызначаныя. Застаецца самае цяжкое — іх рэалізаваць. Аднак на кожны дзень хапае свайго клопату, і задавальненьне кожнае патрэбы вымагае сваіх арганізацыйных формаў.

Акупацыя Віленшчыны дывізіяй Люцыяна Жалігоўскага, утварэньне гэтак званае Сярэдняе Літвы, прэтэнзіі на Віленшчыну Ковенскай Літвы, заключэньне Рыскага міру вымагалі ад беларускіх дзеячоў, згуртаваных вакол Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні, выпрацоўкі адпаведнай тактыкі, адводзілі сацыяльныя пытаньні на другі плян. Луцкевіч адыгрываў выключна важную ролю ў фармуляваньні беларускай палітыкі на акупаваных землях (на якія б дамовы ні спасылалася Польшча, зь беларускага гледзішча яна была акупантам).

Пытаньне стаяла так: што будзе — выбары ў Віленскі Сойм ці плебісцыт? Важыўся лёс паветаў зь беларускім насельніцтвам: Ашмянскага, Браслаўскага, Вiленскага, Лiдзкага, Сьвянцянскага i Троцкага.

Аб’ектыўна ўмацаваньню польскіх пазыцыяў на Віленшчыне паспрыялі Літва і РСФСР. Калі Ліга Нацыяў не дала палякам правесьці выбары ў Віленскі Сойм у студзені 1921 г. і прапанавала наладзіць плебісцыт пад яе кантролем і з увядзеньнем у край міжнародных войскаў, Літва выступіла супраць, бо было відавочна, што большасьць насельніцтва ў гэтым краі нелітоўская. Супраць выступіла і РСФСР, якая асьцерагалася, што Антанта можа выкарыстаць Віленшчыну як пляцдарм для агрэсіі. Беларусы плебісцыту не баяліся, бо праваслаўная большасьць і частка каталікоў была і супроць уключэньня краю ў склад Літвы, і супроць далучэньня яго да Польшчы (нават у самых цёмных сялян не было сумневаў, што Сярэдняя Літва — польская выдумка). Зрываючы плебісцыт, Літва і РСФСР сваёй палітыкай прывялі да прызнаньня Віленшчыны польскаю тэрыторыяй14. Але да гэтага адбыліся выбары ў Віленскі Сойм (8 студзеня 1922 г.) і ў Сойм і Сэнат Польскае Рэспублікі (5 і 12 лістапада 1922 г.).

  5 Гл. у кн.: Сацыялістычны рух на Беларусі ў праклямацыях 1905 году / Сабраў і скампанаваў М. Мялешка; прадмова З. Жылуновіча; уступы І. Віткоўскага. Менск, 1927.

6 Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы. С. 146.

7 Турук, Ф. Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов. Москва, 1921. Перавыданьне 1994 г. С. 87.

8 Гл.: ARCHE. 2006. № 4. Расейскі тэкст у: Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. В 3 ч. Ч. ІІ. У истоков политического противостояния: Материалы и документы по истории общественных движений и политических партий Республики Беларусь. Гомель, 1993.

9 Гл.: Беларусь. 1989. № 10.

10 Гл.: Беларусь. 1920. 10 студзеня.

11 Гл.: Змаганьне. 1923. 18 лістапада; ARCHE. 2006. № 5.

12 Каутский, К. Общественные реформы. Масква, б. г. С. 162—163.

13 Гэтым дзьвюхкосьсем А. Луцкевіч быццам кажа нам: ніякія гэта не саветы, а філіі бальшавіцкіх партыйных камітэтаў.

   
У дачыненьні да выбараў у Віленскі Сойм беларусы разам зь іншымі няпольскімі народамі абралі тактыку байкоту. І хоць яна не дала жаданага выніку (у польскіх акупантаў было, мякка кажучы, надта вялікае жаданьне далучыць Віленшчыну да «Айчызны»), байкот паслужыў справе кансалідацыі беларускіх сілаў у Сярэдняй Літве.

З другога боку, калі далучэньне Віленшчыны і астатніх заходнебеларускіх земляў да Польшчы сталася фактам, калі збройная барацьба, якую пры падтрымцы ўраду Вацлава Ластоўскага вялі партызаны на Гарадзеншчыне, і акцыі, якія ўчынялі засланыя з тэрыторыі БССР дывэрсійныя групы, не выклікалі ўсенароднага паўстаньня, трэба было падумаць «аб канстытуцыйнай абароне правоў нашага народу пад польскаю ўладай». Гэта значыць: трэба было рэалізоўваць яшчэ ў красавіку 1921 г. сфармуляваную задачу: «мы… павінны дабівацца ўлады, павінны дабівацца месца для сябе ў сойме, у самаўпраўленьні, ува ўсіх дзяржаўных установах».

Дакумэнты, якія захоўваюцца ў БДАМЛМ (ф. 3, воп. 1, адз. захав. 208—210, 213, 214, 236), а таксама шматлікія публікацыі ў газэце Францішка Аляхновіча «Беларускі Звон» дазваляюць убачыць, якую ролю адыграў Луцкевіч у арганізацыі Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэту і Блёку нацыянальных меншасьцяў, у тым, што беларусы — на зьдзіўленьне многім — занялі пасольскія і сэнатарскія крэслы. Да гэтага сюжэту я, калі будзе на тое Божая воля, калі-небудзь вярнуся, а тут адзначу: выбарчая кампанія 1922 г. дала магчымасьць вывесьці работу дзеля кансалідацыі беларусаў на ўвесь абшар Заходняе Беларусі. Узьніклі адпаведныя сытуацыі арганізацыйныя формы: беларускія павятовыя выбарчыя камітэты, а таксама агітацыйныя бюро і пункты ў валасьцях і мястэчках. Адразу пасьля выбараў Луцкевіч прапанаваў на аснове гэтых структураў стварыць Саюз беларусаў — выбаршчыкаў у Сойм і Сэнат. Меркавалася, што ў статуце гэтага Саюзу галоўнымі будуць два пункты: 1) інфармаваньне шырокіх масаў насельніцтва аб дзейнасьці беларускага парлямэнцкага прадстаўніцтва і 2) інфармаваньне Беларускага пасольскага клюбу аб патрэбах, скаргах і пажаданьнях насельніцтва. Пры гэтым Луцкевіч спасылаўся на прыклад Латвіі. Аднак народныя прадстаўнікі не зразумелі, як важна заснаваць такі Саюз15.

  14 Маецца на ўвазе рашэньне канфэрэнцыі амбасадараў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі ды Японіі ад 15 сакавіка 1923 г. аб прызнаньні польска-літоўскай мяжы, г. зн. і аб прызнаньні права Польшчы на Вільню і Віленскі край.

   

4.

Пры размове пра генэзу БСРГ гісторыкі, як бачым, пакінулі па-за ўвагаю тое, што ідэя масавай народнай арганізацыі ўзьнікла задоўга да самой Грамады. Зроблена гэта наўмысна, бо ідэю выказваў чалавек, у 1929 г. абвешчаны галоўным ворагам бальшавіцкае ўлады ў Беларусі, ідэолягам і правадыром беларускага «нацыянал-дэмакратызму» і «нацыянал-фашызму».

Не знайшоўшы падтрымкі народных прадстаўнікоў у Сойме і Сэнаце, Луцкевіч не забыўся на сваю ідэю. Дый час працаваў на яе. Польшча ўсё больш і больш ператваралася ў небясьпечную для беларусаў дзяржаву, дзе «плябаніі абярнуліся… у жандарскія ўпраўленьні». У 1923 г. у сваіх артыкулах Луцкевіч паказваў, што эндэцкі рэжым ідзе «па сьлядох фашыстаў». Зьневажаньне нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў дапаўнялася вострым сацыяльным уціскам. Зрэшты, Луцкевіч не чакаў чаго-небудзь іншага. Сваё бачаньне афіцыйнай Польшчы ён выклаў яшчэ ў 1920 г. у брашуры «Польская акупацыя ў Беларусі».

Калі разважаць пра тое, што абумовіла ўзьнікненьне Грамады, дык мы ня можам пакінуць па-за ўвагаю шэраг чыньнікаў:

1) эканамічная, сацыяльная, нацыянальна-культурная і рэлігійная палітыка польскіх уладаў, якая абудзіла, кажучы словамі Луцкевіча, «пачуцьцё грамадзкасьці, пачуцьцё еднасьці… працоўных, пачуцьцё супольнасьці інтарэсаў і супольнасьці перажываных крыўд і зьдзекаў», з чаго вынікала «імкненьне да арганізацыі, да гуртаваньня сваіх сілаў дзеля самаабароны і супольнага змаганьня за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленьне»16;

  15 Гл.: Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху… С. 216.

   
2) заснаваньне Беларускае рэвалюцыйнае арганізацыі, якая супрацоўнічала зь Беларускім цэнтральным выбарчым камітэтам у 1922 г., наладзіла ў 1923 — пачатку 1924 гг. левы беларускі друк і спрычынілася да беларусізацыі КПЗБ;

3) новая эканамічная палітыка і пачатак «беларусізацыі» ў БССР, а асабліва вяртаньне на пачатку 1924 г. у склад БССР значнае часткі віцебскіх, магілёўскіх і смаленскіх земляў;

4) практычнае зьнішчэньне беларускага школьніцтва ў Заходняй Беларусі: дэкляраванае ў разьліку на міжнародную думку права адчыняць нацыянальныя і дзьвюхмоўныя (утраквістычныя) школы (у т. л. прыватныя)17 амаль без выключэньня адмаўляла адміністрацыя, нягледзячы на тысячы заяваў беларускага насельніцтва;

5) нежаданьне польскіх правых партыяў, а таксама кіраўніцтва сялянскай партыі «Вызваленьне» і Польскай сацыялістычнай партыі правесьці радыкальную аграрную рэформу18;

6) радыкалізацыя настрояў у польскім сялянскім руху, пашырэньне лёзунгу пра парцэляцыю маёнткаў бяз выкупу, расколы на гэтай глебе ў сялянскіх партыях «Пяст» і «Вызваленьне»19;

7) польская дзяржаўная калянізацыя беларускіх земляў (паслы Браніслаў Тарашкевіч, Павал Валошын, Пётра Мятла і Сымон Рак-Міхайлоўскі стварылі фракцыю «Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада» якраз напярэдадні прыняцьця Соймам закону аб парцэляцыі і асадніцтве).

Неяк па-за ўвагаю застаюцца некаторыя іншыя чыньнікі. Напрыклад, лёс ураду Аляксандра Стамбалійскага ў Баўгарыі. Там аднапартыйны кабінэт, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі Баўгарскага земляробскага народнага саюзу, зусім легальна прыйшоў у 1920 г. да ўлады, правёў шэраг рэформаў, але 9 чэрвеня 1923 г. быў зрынуты ў выніку вайсковага перавароту. Гэта і тое, што ў Польшчы штодзень мацнее рэакцыя, прымусіла А. Луцкевіча перагледзець канцэпцыю аднаўленьня Беларускага сялянскага саюзу. Ва ўжо згаданым артыкуле «Сялянскі інтэрнацыянал» ён, спасылаючыся на рашэньні міжнароднае канфэрэнцыі сялян, што адбылася ў Маскве, пісаў:

Сьцьверджана… што адна сялянская кляса, як і адна работніцкая, ня зможа на ўласную руку вызваліцца з-пад ярма, прыкладам чаго служыць Баўгарыя, дзе сялянскі ўрад Стамбалійскага ня мог утрымацца ў улады. А гэта яшчэ адзін лішні доказ патрэбнасьці аб’яднаньня. Бліжэйшым палітычным заданьнем сучаснага мамэнту канфэрэнцыя прызнала змаганьне і ўтварэньне работніцка-сялянскага ўраду, а лёзунгам канфэрэнцыі быў: «Работнікі і сяляне ўсіх краёў, злучайцеся!».

У артыкуле «Сялянства ў Польшчы і зямельная рэформа» Луцкевіч, пішучы пра далейшую дыфэрэнцыяцыю сялянскага руху, сьцьвярджаў: «Сяляне цяпер павінны зразумець, што надзеі, якія імі ўскладаліся на «Wyzwolenie» і пястоўцаў, ніколі ня зьдзейсьняцца, што здабыць сабе зямлю яны змогуць толькі ў хаўрусе з работнікамі, якія зьяўляюцца іх натуральнымі саюзьнікамі». У артыкуле «Напружанае змаганьне» ён адкрыта пісаў пра «ўтварэньне работніцка-сялянскай улады» як першае заданьне палітычнага моманту. У артыкуле ж «Дзьве разьвязкі зямельнага пытаньня» ён (зноў жа адкрыта) заяўляў: каб дайсьці да кардынальнай разьвязкі зямельнага пытаньня, «трэба, каб працоўныя масы ў Польшчы занялі пануючае палажэньне, каб сталіся пануючай клясай».

Жыцьцё, — працягваў Луцкевіч, — паказала нам, што ніводзін — нават найбольш паступовы — буржуазны ўрад не асьмеліваўся хоць болей-меней падысьці да такое разьвязкі. І сьвядомасьць гэта павінна сярод працоўных масаў малазямельнага і безьзямельнага сялянства Польшчы ўсіх нацыянальнасьцей збудзіць гарачае імкненьне да зьдзейсьненьня таго палітычнага лёзунгу, які польскія сацыялісты напісалі на загалоўку свайго галоўнага органу, але дзеля якога дагэтуль нічога не зрабілі: да стварэньня работніцка-сялянскае ўлады.

Нарэшце, трэба адзначыць відавочны факт: БПК, як і Ўкраінскі пасольскі клюб, ня быў палітычна аднародны. 29 траўня 1923 г. у складзе УПК вылучылася сацыялістычная фракцыя (эсдэкі і эсэры). У лістападзе гэтая фракцыя склікала ў Луцку нараду ўсіх сацыялістычных групаў Валыні, Холмшчыны, Палесься і Падляшша, на якой было вырашана прыняць праграму Ўкраінскай сацыял-дэмакратычнай партыі, што дзейнічала ва Ўсходняй Галіччыне, і злучыцца зь ёю. Паслы-сацыялісты заявілі, што «лічаць пастановы Луцкай сацыялістычнай нарады… для сябе абавязковымі і дырэктыўнымі»20. Менавіта такая схема ўяўлялася Луцкевічу ў канцы 1923 г., калі ён пісаў артыкулы «Малы парлямэнт»21, «Адзіны фронт», «Працоўныя гарадоў і вёсак», калі настойліва праводзіў ідэю саюзу сялян і работнікаў. Вось што ён пісаў у артыкуле «Малы парлямэнт»:

  16 Народная Справа. 1926. 4 верасьня.

17 Гаворка аб прынятым 31 ліпеня 1924 г. законе пра мовы ў школах.

18 Пра гэта А. Луцкевіч піша ў артыкулах «XIX Кангрэс PPS» (Змаганьне. 1924. 10 студзеня) і «Колькі слоў аб зямельнай палітыцы польскіх «левых» партыяў» (Тамсама. 24 студзеня).

19 Гэты фэномэн Луцкевіч дасьледуе ва ўжо згаданым артыкуле «Сялянства ў Польшчы і зямельная рэформа».

   

Патрэбна больш ясная крысталізацыя партыйных групіровак у Беларускім Пасольскім Клюбе, а перад усім выдзяленьне і моцнае арганізацыйнае аб’яднаньне прадстаўнікоў таго кірунку, які ад пачатку беларускага адраджэнскага руху паклаў для беларускае справы найбольш працы і ахвяр, дый фактычна вызначаў яму дарогу: мы маем на думцы беларускіх сацыялістычных паслоў. Як некалі ў Вялікай Радзе Беларускае Народнае Рэспублікі ў Менску кіраўнічую ролю ігралі радныя-сацыялісты, вынесшыя на сваіх плячох барацьбу за абвешчаньне незалежнасьці Беларусі актам 25 марца 1918 году, — так і ў нашым «малым парлямэнце», у нашым Пасольскім Клюбе ў Варшаўскім Сойме беларускія сацыялісты павінны выразна выявіць сваё аблічча — у штодзённым змаганьні за права на людзкае жыцьцё беларускага насяленьня ў межах Польшчы.

У артыкуле «Задачы дня» Луцкевіч задумваецца пра наступныя выбары ў Сойм і Сэнат. Ён ня толькі не выключае, але нават упэўнены, што «новыя выбары адбудуцца па новаму закону, які лёгка можа аказацца для нас яшчэ горшым». Ён накрэсьлівае тактыку дзейнасьці БПК і ў прыватнасьці прапануе: «Павінна быць разьвіта самая энэргічная пасольская праца на правінцыі, павінна быць устаноўлена самая цесная сувязь зь беларускай вёскай, павінна быць наладжана ўсебаковае асьведамленьне яе аб утварыўшымся палітычным палажэньні. Справаздаўчыя мітынгі, зьезды цэлых паветаў — вось першыя крокі, якіх асабліва вымагае сучасны мамэнт». Як мы ведаем, такія мітынгі і зьезды будзе наладжваць фракцыя Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады.

ІІ. Аб праграме БСРГ

Такім чынам, мы бачым, што А. Луцкевічу належыць ідэя масавае сялянскае, а потым сялянска-работніцкае арганізацыі ў Заходняй Беларусі. У 1921 г. — гэта Беларускі сялянскі саюз, у 1922-м — Саюз беларусаў — выбаршчыкаў у Сойм і Сэнат. На пачатку 1924 г. ён заклікаў левых паслоў кансалідавацца, а ўвесь Беларускі пасольскі клюб — рыхтавацца да новых выбараў, актывізаваць работу сярод беларускіх сялян і работнікаў, шукаць саюзьнікаў сярод дэмакратаў іншых народаў Польскае Рэспублікі.

Луцкевіч разглядаў і магчымасьць датэрміновага роспуску Сойму дзеля ўтрыманьня ўлады паноўнымі групамі. Як быццам прадбачачы дзяржаўны пераварот у траўні 1926 г., ён падкрэсьліваў, што «польскі нацыяналізм і польская рэакцыя, калі б ім не ўдалося дапяць сваей мэты легальнай дарогай, гатовы пайсьці і па дарозе гвалтоўнага дзяржаўнага перавароту». Артыкул «Задачы дня», які я цытую, Луцкевіч завяршаў словамі:

Панове паслы: не забывайцеся, што гром можа ўдарыць кожную мінуту!

Periculum in mora!22

  20 Змаганьне. 1923. 9 сьнежня.

21 Тамсама. 1923. 23 лістапада.

   
Паслы, як мы ведаем, не сьпяшаліся. Да таго ж на чале БПК апынуўся «немного философ, немного эстет» Браніслаў Тарашкевіч. Ён «был хорошим парламентским деятелем, но слабым организатором, в практической работе довольно беспомощным»23. Луцкевіч мусіў бы адзначыць і слабавольнасць, і палітычную нізкавокасьць свайго пратэжэ.

Мне ўжо даводзілася пісаць (гл.: Літаратура і мастацтва. 1991. 25 студзеня), што Луцкевіч сам выпрацоўваў і тактыку БПК, і яго рэглямэнт. Ён жа прапанаваў паставіць на чале БПК Тарашкевіча. «Рэгулямін Беларускага Пасольскага Клюбу ў Сойме Рэчы Паспалітай Польскай» і «Рэгулямін аб карах для сябраў Беларускага Пасольс. Клюбу» можна ўбачыць у БДАМЛМ (ф. 3, воп. 1, адз. захав. 207, арк. 5—8). Тамсама (арк. 3—4) захоўваецца і пісаны рукою Луцкевіча «Статут Беларускага Пасольскага Клюбу ў Сойме і Сэнаце Польскай Рэчыпаспалітай». У гэтым дакумэнце нам цікавыя другі і трэці разьдзелы — плятформа і асновы тактыкі БПК. А цікавыя яны тым, што пісаныя рукою Луцкевіча.

Іх нельга назваць арыгінальным дакумэнтам: у гэтыя разьдзелы ня трапілі толькі два пункты «Асноўных тэзісаў плятформы Беларускага Цэнтральнага Выбарнага Камітэту, прынятых на канфэрэнцыі ў Вільні 9—10 жніўня 1922 г.», апублікаваных у газэце «Беларускі Звон» 8 верасьня. Я пакуль што не знайшоў рукапісу гэтых тэзісаў, але ў мяне няма ніякага сумневу наконт іх аўтарства. Як гэта часта было ў гісторыі беларускага руху, Луцкевіч сам пісаў праекты дакумэнтаў і сам перапісваў іх канчатковыя варыянты. Дык вось, напісаўшы і апублікаваўшы ў «Беларускім Звоне» «Асноўныя тэзісы плятформы Беларускага цэнтральнага выбарнага камітэту, прынятыя на канфэрэнцыі ў Вільні 9—10 жніўня 1922 г.», Луцкевіч уласнаручна перанёс іх у Статут БПК. Але і гэта ня самае цікавае. Самае цікавае ў тым, што «Асноўныя тэзісы плятформы Беларускага Цэнтральнага Выбарнага Камітэту, прынятыя на канфэрэнцыі ў Вільні 9—10 жніўня 1922 г.» і плятформа БПК сталі асноваю для праграмы БСРГ.

Для нагляднасьці зробім табліцу, выпішам у яе другой калёнцы тэзісы 1922 г., а ў трэцяй калёнцы пакажам, у якім параграфе праграмы БСРГ кожны зь іх адлюстраваны.

1. Абарона правоў Беларускага насяленьня. Задэкляраваныя Канстытуцыяй правы нацыянальных меншасьцяў павінны быць праведзены адносна да беларусаў ува ўсе правадаўствы і ў адміністрацыйную практыку.
2. Беларусы павінны быць дапушчаны безь ніякіх агранічэньняў на адміністрацыйныя ўрады ўсіх інстанцый. 49
3. Свабода нацыянальнае беларускае школы ўсіх ступеняў, утрыманьне на кошт скарбу. 42
4. Роўныя правы для беларускай мовы з урадовай мовай у адміністрацыі і судзе. 44
5. Поўная свабода грамадзкае і эканамічнае арганізацыі. 30
6. Свабода сходаў, слова і друку. 30
7. Поўная салідарнасьць усіх нацыянальных меншасьцяў у абароне правоў усіх іх разам і кожнае асобна. 42, 44
8. Паразуменьне з польскай дэмакратыяй на грунце абароны права, поступу і эканамічных інтарэсаў працоўнага народу.
9. Барацьба з усімі праявамі адміністрацыйнага гвалту. 24
10. Поўная свабода для ўсіх рэлігій. 46
11. Абарона кожнага вызнаньня ад уціску ўлады.
12. Барацьба з урадовай палітыкай, якая імкнецца падзяліць на два варожыя абозы напалову каталіцкае, напалову праваслаўнае беларускае насяленьне дарогай фаварызацыі аднаго і ўцісканьня другога вызнаньня. 47
13. Хутчэйшае правядзеньне ў жыцьцё зямельнае рэформы. На Беларускай тэрыторыі — уся зямля Беларускаму працоўнаму народу! 8
14. Зямельная рэформа ня можа служыць мэтам польскае калянізацыі на Беларускіх абшарах. 9
15. Пры разьдзеле дворных зямель між тутэйшымі сялянамі цяжар зямельнае рэформы ня можа быць узложаны выключна на ўласьнікаў-непалякаў. 14
16. Землі ўцекачоў, дагэтуль не вярнуўшыхся з Расеі, ні ў якім прыпадку не падлягаюць канфіскацыі.
17. Пакуль ня будзе праведзена ў жыцьцё зямельная рэформа, — абарона дробных арандароў ад усялякіх гвалтаў з боку двароў і адміністрацыі.
18. Абарона беларускіх лясоў ад аднабочнае і рабунковае гаспадаркі ўраду. 50
19. Хутчэйшае правядзеньне ў жыцьцё нацыяналізацыі лясоў. 15
20. 8-гадзінны рабочы дзень. 21
21. Поўная свабода работніцкае арганізацыі дзеля барацьбы за ідэалы рабочага народу. 21
22. Абавязак улады забясьпечыць права на працу кожнаму работніку. 7
23. Самая шырокая дзяржаўная падмога работнікам дзеля разьвіцьця прасьветы і прафэсіянальнага ўзгадаваньня.
24. Дзяржаўнае забясьпечаньне на прыпадак хваробы, старасьці, інваліднасьці і безрабоцьця. 21
25. Чым хутчэйшае правядзеньне ў жыцьцё на ўсіх Беларускіх абшарах валаснога і павятовага самаўпраўленьня з забясьпечаньнем праўдзівае свабоды выбараў у валасныя і павятовыя самаўрады. 24
26. Выдзяленьне беларускіх часьцін з польскіх ваяводзтваў, куды яны далучаны дзеля палянізатарскіх мэтаў.
27. Утварэньне з усіх Беларускіх абшараў асобнае аўтаномнае адзінкі з краёвым соймам у Вільні.
28. Тэрытарыяльная арганізацыя арміі.
29. Запраўдная дзяржаўная помач рээмігрантам-беларусам, байкатаваным цяпер урадам.
30. Барацьба проці фаварызацыі ўрадам этнаграфічна польскага цэнтру коштам няпольскіх «акраін».
31. Абарона кватарантаў ад эксплюатацыі камянічнікамі.
32. Помач рээмігрантам. Адбудова ўрадам усіх зруйнаваных вайной гаспадарак. Зварот на кошт скарбу ўсяго жывога і мёртвага інвэнтару.

Як бачым, большасьць тэзісаў плятформы 1922 г. увайшла ў праграму БСРГ. Час ішоў, у грамадзтве адбываліся зьмены, таму асобныя тэзісы плятформы (як 16-ты, 17-ты, 29-ты і 32-гі) страцілі сваю актуальнасьць. Некаторыя тэзісы (як 31-шы) аўтары праграмы БСРГ палічылі надта дробнымі для праграмы масавай арганізацыі, якая ставіла перад сабою рэвалюцыйныя мэты. Частка тэзісаў (13-ты і 25-ты) былі запісаныя ў іншай рэдакцыі. Так, лёзунг «На Беларускай тэрыторыі — уся зямля Беларускаму працоўнаму народу!» загучаў па-новаму: абшарніцкія, духоўныя і асадніцкія землі павінны быць падзеленыя паміж мясцовымі сялянамі і парабкамі. Пэўныя тэзісы (26-ты, 27-мы, 28-мы і 30-ты) цалкам ахапіў рэвалюцыйны 2-гі параграф праграмы БСРГ, у якім запісана: «Стоючы на грунце самаазначэньня народаў, БС-Р Грамада лічыць, што ўсе беларускія землі павінны быць злучаны і аб’яднаны ў незалежнай рэспубліцы пад уладаю сялян і работнікаў». У сьвятле гэтага параграфу страціў сваю актуальнасьць і першы тэзіс плятформы.

Робім выснову: паміж праграмай БСРГ і плятформай 1922 г. існуе пераемнасьць. Апроч таго, нельга назваць цалкам новымі і тыя параграфы праграмы, у якіх гаворыцца:

5. Вызваленьне ўсяго працоўнага народу з-пад ярма капіталу і нацыянальнага ўціску — гэта агульная мэта і супольная справа сялян і работнікаў. Зьдзейсьненьне гэтага магчыма толькі ў цесным саюзе сялян і работнікаў. (…)

7. Толькі цесны саюз сялян і работнікаў можа ўстанавіць сялянска-работніцкі ўрад.

Толькі работніцка-сялянскі ўрад зможа даць прыгнечаным народам волю, сялянам зямлю, работнікам працу, і толькі ён зможа перабудаваць народную гаспадарку і ўвесь дзяржаўны і грамадзкі лад на разумных і справядлівых падставах ды павясьці народ да лепшае будучыны.

Гэтыя сэнтэнцыі мы маглі прачытаць у артыкулах Луцкевіча, надрукаваных задоўга да таго, як камуністы і левыя беларускія паслы змовіліся ў Сопаце пра неабходнасьць заснаваньня масавае арганізацыі — Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады.

Я не зьдзіўлюся, калі аднойчы высьветліцца, што Луцкевіч меў самае непасрэднае дачыненьне да складаньня праграмы БСРГ, бо ў гэтым дакумэнце ня знойдзеш ніводнага слова, якога не было б у лексыконе Луцкевіча.

ІІІ. Чаму?

Луцкевіч выступаў за стварэньне масавай арганізацыі дзеля абароны эканамічных, сацыяльных, палітычных, грамадзянскіх і культурных правоў беларускай сялянскай нацыі, Луцкевіч, які прапагандаваў сялянска-работніцкі саюз. Дык як жа сталася, што ён не ўвайшоў у БСРГ?

У артыкуле «Малы парлямэнт» А. Луцкевіч адзначаў, што паслы-сацыялісты павінны стварыць у БПК сваю фракцыю, або сэкцыю, як напісана ў ягоных уласнаручных паказаньнях НКВД БССР24. А Тарашкевіч са сваімі аднадумцамі выйшаў з БПК і разьбіў такім чынам нацыянальны фронт. Гэта і паставіла Луцкевіча ў апазыцыю да БСРГ. Але Тарашкевіч папрасіў яго не пакідаць працы ў газэце. І Луцкевіч працаваў у газэтах БСРГ аж да самага арышту 12 кастрычніка 1927 г.

  22 Небясьпека ў прамаруджваньні! (лац.)

23 Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху… С. 225.

   
Тарашкевіч і ягоны намесьнік Радаслаў Астроўскі адчувалі няёмкасьць ад таго, што газэты іх арганізацыі рэдагуе «пабочны» чалавек, але яны разумелі, што знайсьці такога дасьведчанага газэтчыка, як Луцкевіч, цяжка, калі наагул магчыма. Да таго ж яны ведалі, што на месца Луцкевіча трэба шукаць не аднаго чалавека.

І калі пра ўсё гэта можна прачытаць ва ўласнаручных паказаньнях Луцкевіча, дык пра астатняе мы можам даведацца зь іншых крыніц.

Перадрукоўваючы ў «Змаганьні» за 9 сьнежня 1923 г. «Камунікат сацыялістычнай фракцыі Украінскага Пасольскага Клюбу», Луцкевіч — я упэўнены — мысьліў сацыялістычную фракцыю (сэкцыю) у БПК таксама як сацыял-дэмакратычны партыйны праект. Нагадаю, што Ўкраінская сацыял-дэмакратычная партыя займала даволі радыкальныя пазыцыі і супрацоўнічала з КПЗУ. Такі модус быў прымальны і для Луцкевіча ў Заходняй Беларусі. Аднак здарылася тое, чаго ён не хацеў: левыя беларускія паслы ўзалежнілі сябе ад камуністаў.

Мы ведаем, што камуністы хацелі завабіць Луцкевіча на канфэрэнцыю ў Сопат, дзе вырашаліся практычныя пытаньні стварэньня масавай сялянска-работніцкай арганізацыі. Луцкевіч у Сопат не паехаў. Чаму? Лёгіка простая: адна рэч быць партнэрам камуністычнай партыі, і зусім іншая — быць пад яе апекаю.

Хоць камуністы ў БССР праводзілі новую эканамічную палітыку і «беларусізацыю» і ўдвая павялічылі тэрыторыю Савецкае Беларусі, хоць у кіраўніцтве КП(б)Б былі і даўнія яго знаёмцы, хоць КПЗБ пасьля прыходу ў яе былых левых эсэраў значна беларусізавалася, хоць кампартыя Польшчы прызнала права беларусаў на ўзьяднаньне, Луцкевіч камуністам не давяраў. Ён быў, як пісаў Ян Станкевіч, «добры, выдзержаны і разважны палітык»25, каб не давяраць ім і не пакладацца на іх. Ведама, Усевалад Ігнатоўскі і Аляксандр Чарвякоў, Арсень Канчэўскі і Леапольд Родзевіч хочуць дабра свайму народу і стараюцца дзеля яго, але не яны вызначаюць палітыку сваіх партыяў. Палітыку КП(б)Б вызначае Масква, палітыку КПЗБ — праз Варшаву і Менск — таксама Масква. Луцкевіч ня толькі чытаў словы свайго малодшага сябра і сацыяліста-рэвалюцыянэра Ўладзімера Жылкі пра тое, што камуністы «ў грунце варожы беларускай сялянскай стыхіі і нашай нацыянальнай ідэі», што яны хочуць «манапалізаваць беларускі рух»26, — Луцкевіч сам так думаў. Пахвальваючы і часам нават перахвальваючы камуністаў за кожны крок на карысьць беларушчыны, ён разам з тым пільна сачыў за кожным рухам і ў Маскве, і ў падпольнай КПП (яна была ў падпольлі таму, што на самым пачатку адмоўна паставілася да ідэі польскае дзяржаўнасьці).

4 студзеня 1925 г. у газэце-аднадзёнцы «Новы Шлях» А. Луцкевіч надрукаваў артыкул «На паўдарозе». Паказаўшы, у чым супярэчнасьць паміж незалежніцкімі нацыянальнымі рухамі і лёзунгам дыктатуры пралетарыяту, аўтар адзначыў нестандартны крок Леніна. Ён пісаў: «Ленін кідае сьмелую думку: з ворагаў зрабіць прыяцеляў, зьвязаўшы нацыянальны ідэал з сацыяльна-палітычнымі ідэаламі працоўных масаў некалі паняволеных Расеяй нацыянальнасьцяў». Дзякуючы Леніну «пачынаецца будаваньне нацыянальных радавых рэспублік, а ў тым ліку і Беларускае Сацыялістычнае Радавае Рэспублікі». Луцкевіч працягваў:

Але Леніну нядоўга давялося вясьці гэту работу па намечанаму ім шляху. А пасьля ягонае сьмерці наступнікі яго — кіруючая цяпер ССРР «тройка»: Зіноўеў, Каменеў, Сталін, — убаяліся «буржуазнасьці» нацыянальных рухаў. Людзі гэтыя, маючыя дужа нешырокі сьветапагляд, не разумеюць, што нацыянальнае вызваленьне ёсьць адным з найважнейшых мамэнтаў у агульным вызваленьні працоўных масаў кожнае нацыянальнасьці; — што гэта ж ёсьць вызваленьне ад духовага рабства! І вось, замест пасьледавальна разьвіваць далей лінію, распачатую Леніным у нацыянальным пытаньні, — яны спыніліся на паўдарозе: маскоўскі цэнтралізм і ўнасьледаваны ад старое Расеі маскоўскі нацыяналізм сьвяткуюць у ССРР сваю перамогу, зьвёўшы чуць што не да нуля самастойнасьць «незалежных» нацыянальных радавых рэспублік.

Нагадваю: гэта напісана 4 студзеня 1925 г. — у разгар «беларусізацыі». Аўтар паказваў, як палітыка «тройкі» адбівалася на Савецкай Беларусі:

Гэты паварот вельмі цяжка адбіваецца на жыцьці і творчай культурна-нацыянальнай працы — паміж іншым — і нашых усходніх братоў, якія прымушаны няўстанна бароцца за захаваньне кожнае нацыянальнае здабычы. І хоць на чале БСРР стаяць — замест колішніх Мясьніковых — запраўдныя беларусы-камуністы, аднак іх палажэньне дужа незавіднае: у кожнай драбніцы яны зьвязаны дырэктывамі з Масквы…

Закрануў Луцкевіч і Камінтэрн. Вось што мы чытаем далей:

Характэрна і другое ў нацыянальнай палітыцы расейскіх камуністаў, якія, гэта ж само сабой ясна, надаюць галоўны кірунак і палітыцы Камінтэрну (Камуністычнага Інтэрнацыяналу). Характэрна іменна тое, што Камінтэрн, замест стацца (па мысьлі Леніна) саюзам нацыянальных камуністычных арганізацыяў, абярнуўся ў саюз дзяржаўных камуністычных партыяў. І вось, беларускае сэкцыі ў ім няма, а, прыкладам, Камуністычная партыя Заходняе Беларусі зьяўляецца не самастойнай, а «аддадзена» пад каманду варшаўскіх камуністаў — Камуністычнае партыі Польшчы.

Вось такое бачаньне камунізму дэманстраваў на пачатку 1925 г. Луцкевіч.

Між іншым, палітыкаю маскоўскае тройкі ён тлумачыў і зьяўленьне ў КПЗБ сэцэсіі. Спачатку яму здавалася, што «камуністычная партыя Заходняе Беларусі адмовілася падчыняцца варшаўскім правадырам», але далей высьветлілася, што ў партыі няма аднадушша ў дачыненьні і да Варшавы, і да Масквы. Сэцэсіі прысьвечаны артыкул «Раскол у камуністаў», які зьявіўся ў газэце «Беларуская Доля» за 14 студзеня 1925 г.

У ім А. Луцкевіч адзначаў, што ў СССР «й па сягоньняшні дзень» ідзе « барацьба паміж дзьвюма ідэалёгіямі: старой расейскай вялікадзяржаўнасьці, якая імкнецца зьвясьці да нуля самастойнасьць нацыянальных рэспублік, і ідэалёгіяй запраўднае самастойнасьці народаў». Далей ён працягваў:

Гэтая барацьба двух ідэйных кірункаў перакінулася з ССРР і да камуністаў Польшчы… Толькі тут ідэя расейскае вялікадзяржаўнасьці ператварылася ў ідэю польскае вялікадзяржаўнасьці, якая і змагаецца зь беларускай нацыянальнай ідэяй. Польскія камуністы, як і маскоўскія «вялікадзяржаўнікі», вельмі хораша дэклямуюць аб праве самавызначэньня беларускага народу, абвяшчаюць права ажно на поўнае аддзяленьне Заходняе Беларусі ад Польшчы, але адначасна вядуць выразна варожую палітычную лінію ў адносінах да нацыянальнага адраджэньня беларускага народу, ведаючы вельмі добра, што ня можа быць ніякае гутаркі аб нацыянальным самавызначэньні беларусаў, калі яны ня будуць мець нацыянальнае сьвядомасьці, абапертай на моцных фундамэнтах нацыянальнае культуры.

Пішучы пра крывадушнасьць польскіх камуністаў і пратэст беларускіх камуністаў «проці нацыянальнае палітыкі Варшавы», Луцкевіч адзначаў, што «гэты голас нацыянальнага сумленьня, загаварыўшага ў беларускіх камуністаў, гэты пратэст проці вялікадзяржаўных імкненьняў польскага камунізму зьяўляецца для апошняга шмат цяжэйшым прысудам, чым усе пратэсты беларускага незалежнага грамадзянства». Ён выказваў спадзяваньне: «Трэба думаць, што цяпер для польскага камунізму дарога ў Заходнюю Беларусь будзе зачынена».

Луцкевічу давялося назіраць, як дружна Масква і Варшава «выкручвалі рукі» сэцэсіянэрам, запалохвалі іх і спакушалі дабротамі, як наладзілі паляваньне на Міхала Гурына-Маразоўскага… І, мабыць, А. Луцкевіч не адзін раз падумаў, што слушна рабіў, калі захоўваў дыстанцыю з камуністамі, нават працуючы зь імі поплеч.

Іншы раз ад цяперашніх маладых можна пачуць пытаньне: чаму Луцкевіч не выкрываў камуністаў пайменна? Ён мог здагадвацца, але дакладна ня ведаў, што Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі ды іншыя — сябры КПЗБ. Калі Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла «паехалі ў Менск і там — апынуўшыся на ласцы савецкае ўлады — дакаціліся да таго, што… на мітынгах выступаюць проці арыштаваных у Менску беларускіх дзеячоў (справакаваных, здаецца, агентамі ГПУ) і трэбуюць для іх — кары смерці»27, тады Луцкевіч выступіў супраць іх. А ў Польшчы ён, па-першае, ня ведаў дакладна, ці камуністы ягоныя ўчорашнія паплечнікі. Па-другое, ёсьць такі панятак, як сацыялістычная салідарнасьць. Паводле гэтага прынцыпу, сацыяліст ня можа, ня мае права выдаць сацыяліста (а камуністы, паводле Карла Маркса, — рэвалюцыйныя сацыялісты). Мне не вядомыя прыклады, каб, напрыклад, меншавікі ці сябры БСГ калі-небудзь выдалі ахранцы бальшавікоў. Іншая справа, што бальшавікі, патрабуючы ляяльнасьці, самі былі неляяльныя да іншых сацыялістычных плыняў. Луцкевіч жа ня быў бальшавіком і таму вызнаваў нормы сацыялістычнай этыкі. Ва ўмовах эндэцкай ці санацыйнай Польшчы назваць N. у газэце ці на сходзе камуністам значыла паслаць чалавека ў вязьніцу. Узяць на сябе такую віну Луцкевіч ня мог. Такія паводзіны маглі дазволіць сабе хрысьціянскія дэмакраты, якія з нумару ў нумар у газэце «Bieіaruskaja Krynica» змагаліся з сапраўднымі і ўяўнымі камуністамі, у тым ліку і з Луцкевічам. І не лічылі гэта даносамі.

  24 Гл.: Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху… С. 221.

25 Бацькаўшчына. 1957. 25 сакавіка.

26 Жылка, У. Выбраныя творы. Мінск: Беларускі кнігазбор, 1998. С. 257.

   

IV. У газэтах Грамады

Працуючы ў газэтах БСРГ, Луцкевіч меў каго крытыкаваць. Гэта — перш-наперш — польскі ўрад, польскія палітычныя партыі. Ён выступае ня толькі як крытык, але і як аналітык, і прагназіст. Ягоны ўгрунтаваны ў марксісцкай сацыялёгіі і палітычнай навуцы аналіз і ягоныя палітычныя прагнозы заслугоўваюць асаблівае ўвагі.

Польскую культурную палітыку ён выкрывае ў артыкулах «Словы і факты» (Жыцьцё Беларуса. 1925. 21 кастрычніка), «Новы замах на Базыльянскія муры» (Тамсама. 24 кастрычніка).

У артыкуле «Вывады» (Беларуская Ніва. 1926. 6 студзеня), у якім гаворка ідзе пра ўхвалены Сэнатам закон аб парцэляцыі і асадніцтве, Луцкевіч робіць такую выснову:

Польскі зямельны закон ясна паказуе беларускаму і ўкраінскаму сялянству, што яно здолее здабыць ад вякоў паліваную ягоным потам і крывёй зямлю ў сваім родным краю толькі тады, калі здабудзе сабе нацыянальную волю і палітычную ўладу на сваёй зямлі. І гэтак ад сяньняшняга дня змаганьне нашага сялянства за зямлю неразрыўна зьвязалася зь яго змаганьнем за сваю нацыянальнасьць і волю, гэтак ідэя нацыянальнага і палітычнага вызваленьня атрымала гранітны фундамэнт у сьвядомасьці нашае вясковае беднаты, што без такога вызваленьня зямлі яна ня ўбачыць.

Сочачы за палітычным працэсам у Польскай Рэспубліцы, Луцкевіч цягам гадоў адзначае рост мілітарысцкіх, шавіністычных і манархісцкіх настрояў, тугу па «моцнай руцэ». За шэсьць дзён да дзяржаўнага перавароту ў артыкуле «Спроба сіл» (Беларуская Справа. 1926. 6 траўня) ён канстатуе:

Сучасныя паны палажэньня зусім паважна пачалі рыхтавацца да таго, каб завясьці ў Польшчы дыктатуру. Пачалі навет зусім канкрэтна называць кандыдатаў у дыктатары: маршалка Пілсудзкага, як кандыдата буржуазнае лявіцы, і — заклятага ворага яго, кандыдата самых чарнасоценных партыяў, генэрала Сікорскага, якога навет Ліга абароны Польскае дзяржавы ў Познані абабрала за свайго пачэснага старшыню. А побач з гэтымі плянамі ўзьняўся яшчэ трэці: прызваньне на польскі пасад — караля…

І калі пераварот адбыўся, Луцкевіч апынуўся ў ліку нямногіх левых дзеячоў і публіцыстаў, якія не паддаліся дэмагогіі Пілсудзкага. У гэтым мы можам пераканацца, калі прачытаем артыкулы «Спроба сілы», «Пасьля перамогі», «Дэклярацыі» і «Пасьля першага кроку» (Беларуская Справа. 1926. 15, 19, 29 траўня, 9 чэрвеня). Учыніўшы крывавы пераварот, Пілсудзкі прамовіў разумныя словы: «Ня можа быць у дзяржаве зашмат несправядлівасьці ў адносінах да тых, што іншым працу сваю аддаюць!» Пераклаўшы гэтыя словы на беларускую і працытаваўшы іх, Луцкевіч іранічна зацеміў: «Але… ад пекных і разумных слоў да зьдзейсьненьня іх на дзеле — яшчэ заўсёды дужа далёка. Прынамся навучыў нас, беларусаў, так глядзець на справу абяцанак і пасулаў — сам пан Пілсудзкі!..»

Луцкевічу, які не чакаў ад Пілсудзкага нічога добрага, не давялося расчароўвацца і пасыпаць галаву попелам, як гэта рабілі іншыя левыя дзеячы Польшчы і Заходняй Беларусі. Ён, цытуючы нейкага неназванага абшарніка, адкрыта казаў, што Пілсудзкі «ўзьдзеў мужыкам наморднік»28.

  27 Беларускі Звон. 1931. 6 студзеня.

   
Яшчэ ў 1921-м Луцкевіч пісаў, што «польскі нацыянальны максымалізм, каторы хоча заўладаць усімі суседнімі землямі, дзе ёсьць хаця трохі палякоў, можа ў недалёкай будучыні давясьці да катастрофы, ад якой роўна пацерпім і мы ўсе, і сама Польшча»29 . У 1926-м, камэнтуючы сацыяльную рыторыку Пілсудзкага, Луцкевіч пытаўся: «Раз працоўныя масы — прадстаўнікі фізычнае сілы краю — не зацікаўлены ў існаваньні ўстаноўленага ладу ў дзяржаве, дык хто ж іншы і якім спосабам можа ратаваць гэту дзяржаву ад магчымых пагроз яе існаваньню?!» Луцкевіч не памыліўся ў сваіх прагнозах, і сам стаў сьведкам краху «Другое Рэчы Паспалітай».

Не засталася па-за ўвагай і сустрэча Пілсудзкага з магнатамі ў Нясьвіжы. Іранізуючы наконт «змартвыхвстаня» ў санацыйнай Польшчы «пахаваных, здавалася б, на вечныя часы Канстытуцыяй Рэспублікі — князёў ды графаў» (Народная Справа. 1926. 3 лістапада), Луцкевіч піша, што гэтая сустрэча не была выпадковаю.

Асобны сюжэт — «другое ўзбуйненьне» БССР, вяртаньне ў яе склад Рэчыцкага і Гомельскага паветаў. Вітаючы «гэты новы крок у зьбіраньні ўсходнебеларускіх зямель каля Менскага цэнтру», Луцкевіч піша: «…мы мусім, аднак жа, адзначыць, што і тыя тры паветы, якія цяпер са складу Гомельскае губэрні перайшлі ў склад Бранскае, — мусяць быць таксама далучаны да Беларусі, бо і ў іх пераважае беларуская люднасьць. Таксама чакаюць на свой чарод і паўночныя паветы Віцебшчыны, дый добры кусок беларускае Смаленшчыны». Як бачым, аўтар не ўпадае ў эўфарыю і пастаянна мае наўвеце расейскі доўг перад Беларусьсю (так, дарэчы, і ня сплачаны).

Гісторык ня можа абысьці ўвагаю і тую палеміку, што вялася паміж правымі і левымі беларускімі дзеячамі на старонках газэт «Bieіaruskaja Krynica» і «Сялянская Ніва», з аднаго боку, і грамадаўскіх газэт — з другога. Галоўным левым палемістам быў Луцкевіч. Можна задаць пытаньне: ці была ад гэтае палемікі карысьць беларускай справе? Адказ адназначны: не было. Ці можна было пазьбегнуць гэтае палемікі? Адказ адназначны: як нельга было пазьбегнуць сацыяльнай і ідэалягічнай дыфэрэнцыяцыі беларускага руху, так нельга было пазьбегнуць і палемікі паміж прадстаўнікамі сацыяльных інтарэсаў. Калі заўгодна, гэтая палеміка — гістарычная фатальнасьць. Ведама, не абышлося тут і без асабістых матываў. Я маю на ўвазе канфлікт «ксёндз Адам Станкевіч — Луцкевіч». І тут, я ўпэўнены, беларускія гісторыкі ніколі не дасягнуць кансэнсусу, калі будуць шукаць адказ на пытаньне: хто зь іх меў рацыю? Бо адзіны праўдзівы адказ гучыць так: у гістарычнай пэрспэктыве ніхто зь іх ня меў рацыі.

Калі гаварыць аб працы Луцкевіча ў грамадаўскіх газэтах, нельга не адзначыць, што, як і ў газэтах БРА, так і ў газэтах БПК ён па-ранейшаму выступае вядучым літаратурна-мастацкім крытыкам, гісторыкам беларускае культуры. Наагул, пэрыяд, пазначаны 1920—1928 гг., быў самы плённы ў творчасьці Луцкевіча — гісторыка літаратуры і мастацтва, літаратурна-мастацкага крытыка. Паводле маіх падлікаў, у гэтыя гады Луцкевіч напісаў 64 беларускамоўныя тэксты, або амаль столькі, колькі за ўсе астатнія гады сваёй творчасьці. У грамадаўскім друку ён публікуе такія свае артыкулы і лекцыі, як «Сымон Музыка», «Вільня ў беларускай літаратуры», «Эвалюцыя беларускае адраджэнскае ідэалёгіі і адбіцьцё яе ў літаратуры», «Якуб Колас. Жыцьцё і творчасьць», «Праблемы красы й мастацтва ў творах Максіма Багдановіча», «Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.)», «Істота літаратуры і яе грамадзкае значэнне» і, нарэшце, «Пад сінім небам». Характарыстыка творчасьці Натальлі Арсеньневай».

V. Праект стварэньня партыі

Няма сумневаў, што БСРГ стваралася дзеля падрыхтоўкі антыпольскага паўстаньня. Але Савецкі Саюз ня быў гатовы ўвязацца ў беларуска-польскі збройны канфлікт, калі б ён разгарэўся. На тое меліся і ўнутраныя, і вонкавыя прычыны, але, бадай, галоўная зь іх — стомленасьць народу ад вайны і жах перад новаю вайной. «Абы не было вайны» — гэты матыў штодзённа паўтараўся і на ўсходзе, і на захадзе Эўропы. Палохаючы народ вайной і адначасова мілітарызуючы эканоміку, бальшавікі рыхтаваліся да будучых «вызваленчых» паходаў Чырвонае Арміі. Але ў 1927 г. СССР ні маральна, ні фізычна ня быў гатовы да вайны.

Што Савецкі Саюз у канфлікт увязвацца ня будзе, Тарашкевіч пачуў ад маскоўскіх вяльможаў у канцы лета 1926 г. І паўстала пытаньне: дзеля чаго ствараецца Грамада? Дзеля злучэньня і аб’яднаньня ўсіх беларускіх земляў «у незалежнай рэспубліцы пад уладаю сялян і работнікаў» ці для барацьбы за інтарэсы сялян і работнікаў у Заходняй Беларусі?

У канцы жніўня — пачатку верасьня 1926 г. Тарашкевіч, які разам з Астроўскім хацеў быў «Антона здаць у музей», мусіў прасіць у яго рады. Вынікам размовы паміж старшынёю Грамады і «старым» палітыкам Луцкевічам стаў артыкул «Хвароба росту»30.

  28 Недастойны флірт // Наша Справа. 1926. 19 чэрвеня.

29 Наша Думка. 1921. 4 сакавіка.

   
Галоўны матыў артыкула — Грамада не павінна быць арганізацыяй для дасягненьня нейкай разавай мэты і для разавай акцыі, яна мусіць стаць партыяй, здольнаю весьці пастаянную жывую працу, штодзённае змаганьне «за здаваленьне найбольш пільных патрэб народу», удзельнічаць у агульным «змаганьні працоўных за здабыцьцё ўлады для сялян і работнікаў». Вось асноўныя задачы Грамады як партыі. Мэта яе — «зьдзейсьненьне… высокіх сьветлых ідэалаў», пра якія канкрэтна не гаворыцца, але гэта, без сумневаў, ідэалы сацыялістычныя. Мэце і задачам партыі падпарадкаваныя мэтады (як піша Луцкевіч, спосабы) працы. «Вызваленьне нашае — справа нялёгкая і няпростая, — канстатуе Луцкевіч. — Дык не на паасобныя неарганізованыя, ня зьвязаныя з агульным рухам выбухі гневу ці нянавісьці павінны мы растрачываць свае сілы: ад такіх выступленьняў ня толькі няма карысьці, але часамі бывае навет шкода для руху і партыі!» З тае прычыны, што партыйная праца скіроўваецца на «сыстэматычную, упорлівую, не спыняючуюся падгатоўку масаў да здабыцьця ўлады для сялян і работнікаў», то ўсе выступленьні павінны быць арганізаваныя. Партыя мусіць: арганізавана змагацца з усімі крыўдамі і зьдзекамі ў штодзённым жыцьці, «супольнымі сіламі бараніць нашы правы, прымаць учасьце ўва ўсіх палітычных акцыях, якія маюць значэньне для ўсяго нашага краю», змагацца «за месца ў самаўрадах, за асьвету ў роднай мове — школьную і пазашкольную», «арганізоўваць школы, курсы для дарослых, гурткі дзеля самаразвіцьця, бібліятэкі-чытальні», «пашыраць свае газэты і кніжкі», «ладзіць драматычныя гурткі і хоры, дапамагаць да арганізацыі эканамічнае самапомачы» і г. д.

Не сумняваюся, што ў Луцкевіча перад вачамі досьвед «старое Грамады» — БСГ, — якая ў гады рэакцыі арганізавала і хор, і драматычную дружыну, і выданьне газэт, і г. д. Ведама, сацыял-дэмакрат Луцкевіч ня мог ня ведаць і досьведу працы нямецкіх таварышаў у час дзеяньня закону супраць сацыялістаў (1878—1890).

Адзначыўшы хуткі рост Грамады («у працягу нейкіх трох месяцаў пасьпела ўжо прыдбаць 12 000 сяброў і стварыць каля 400 гурткоў»), Луцкевіч піша што праблемы ўзьнікаюць якраз з прычыны гэтага шпаркага росту.

Першае — у Грамаду «побач з зусім ужо сьвядомымі элемэнтамі, побач зь людзьмі, гатовымі да ўсякіх ахвяр, якіх можа вымагаць ад іх барацьба», «запісываюцца наагул усе пакрыўджаныя і нездаволеныя існуючым парадкам, усе, каму цяжка і дрэнна жывецца». Гэтыя людзі думаюць, што, «запісаўшыся ў сябры партыі, яны ўжо выпаўнілі ўсё патрэбнае і могуць, склаўшы рукі, спакойна сядзець і ждаць нейкага паляпшэньня».

Адсюль выснова — «у партыйную арганізацыю трэба прынімаць ня кожнага, хто толькі гэтага захоча, а выключна тых, хто адпавядае стаўляным партыяй вымогам, хто дарос да чыннае працы ў партыі».

А што рабіць зь несьвядомымі элемэнтамі? «Такіх элемэнтаў нельга зусім адкідаць ад арганізацыі, а трэба даць ім рабіць тое, што яны ў сілах рабіць, знаходзячыся адначасна пад уплывам партыі і праходзячы на практыцы як быццам школу грамадзкае працы. Гэта і будзе падгатоўка да пазьнейшага ўваходу ў партыю». «Праўда, — адзначае Луцкевіч, — тады шыбкасьць росту партыі крыху зьменшыцца, — але затое павялічыцца вартасьць ладжаных гурткоў Грамады».

Што ж тычыцца сьвядомых элемэнтаў, дык сярод іх маюцца надта гарачыя людзі. Але на гэтую праяву «хваробы росту» ёсьць лекі. І Луцкевіч пералічвае іх. «Перадусім — суровая партыйная дысцыпліна ўва ўсіх важнейшых выступленьнях арганізацыяў Грамады»; далей — «узмацаваньне павятовых цэнтраў партыі, якія мелі бы магчымасьць беспасрэдна даваць належны кірунак працы гмінных камітэтаў і гурткоў, ведучы іх на правільны шлях, ды кіраваць кожнай паважнейшай акцыяй іх». А вось дзеля гэтага «неабходна арганізацыя кадру партыйных інструктараў, якія сыстэматычна аб’яжджалі бы арганізацыі па мясцох, знаёміліся зь іх працай, давалі бы рады, дырэктывы і інфармацыі». А каб рыхтаваць кадры, патрэбна рыхтаваць і выдаваць партыйную літаратуру, «якая разьвівала бы ідэалёгію і тактыку партыі, даючы адказ на ўсе недаўменныя пытаньні, што няўхільна будуць узьнімацца, дый пэўне ж ужо ўзьнімаюцца — перад кожным думаючым грамадзістам». Нарэшце, ніводная партыя ня можа дзейнічаць бяз грошай. Таму «арганізацыі на мясцох мусяць асаблівую ўвагу зварачаць на тое, каб сябры партыі акуратна плацілі сяброўскія складкі — хоць бы самыя маленечкія, бо, маючы 12 000 сяброў у партыі, можна гэтым шляхам забясьпечыць магчымасьць і інструктарскае працы, і выдавецкае, і ўсякае іншае».

Свой артыкул Луцкевіч закончыў словамі: «Лекі на ўсе праявы «хваробы росту» партыі — у руках самае ж партыі!»

Пішучы гэты артыкул, Луцкевіч, пэўна ж, не здагадваўся, што Тарашкевіч — сябар іншае партыі. І як сябар іншае партыі ён ня мог будаваць Грамаду як партыю. Не маглі гэтага рабіць і Астроўскі з Валошыным, і Мятла з Ракам-Міхайлоўскім, бо яны таксама сталі камуністамі. Грамада стваралася як прыбочная арганізацыя і магла працягваць дзейнасьць толькі як прыбочная арганізацыя (а больш дакладна — як экспазытура) КПЗБ.

VI. Апраўдалі? Вінаваты!

У гэтым рэфэраце я прапускаю сюжэт «Працэс БСРГ», бо ўжо што-колечы пісаў пра яго.

Спэкуляцыі вакол судовага апраўданьня Луцкевіча ў траўні 1928 г. будуць доўжыцца бясконца ў залежнасьці ад ідэалягічных установак дасьледчыкаў. Створаны бальшавікамі і хадэкамі міт пра тое, што Луцкевіч стаў «пад польскія сьцягі», паўтараецца і новым пакаленьнем гісторыкаў31. Для мяне ж фактамі зьяўляюцца: 1) тое, што пракуратура не згадзілася з апраўданьнем Луцкевіча і ініцыявала новы працэс у 1929 г.; 2) тое, што Луцкевіча ў 1931 г. звольнілі з працы ў гімназіі; 3) тое, што ён мусіў перабрацца з двума сынамі ў аднапакаёвую кватэру і распрадаваць рэчы; 4) тое, што ён прасіў вызваліць ад платы або зьменшыць плату за навучаньне сыноў32; 5) тое, што ён ад 1933 да 1939 гг. «проста галадаў, але ня йшоў на ніякія кампрамісы із сваім нацыянальным сумленьнем»33.

  30 Народная Справа. 1926. 4 верасьня.

   
Савецкая публіцысты канца 1920-х гг. і гісторыкі пазьнейшага часу стараліся замоўчваць тое, што ў траўні 1928 г. з 56 абвінавачаных на галоўным працэсе ў справе Грамады суд абвясьціў невінаватымі 19 чалавек — кожнага трэцяга! Сярод 19 апраўданых толькі чатыры чалавекі вядомыя шырокай публіцы: Радаслаў Астроўскі (намесьнік Тарашкевіча, сябар КПЗБ, кіраўнік Беларускага каапэратыўнага банку, празь які ішлі грошы для БСРГ), Антон Луцкевіч, Аляксандар Коўш (праваслаўны сьвятар, бухгальтар Беларускага каапэратыўнага банку) і Язэп Шнаркевіч (удзельнік Сопацкай канфэрэнцыі). З гэтых чатырох асабліва вылучылі двух: Астроўскага і Луцкевіча. А з усіх названых толькі Луцкевіч не належаў да Грамады, пра што ведала польская палітычная паліцыя.

У сваім аглядзе «Дзейнасьць беларускіх арганізацыяў у 1926 г.» паліцыянты пісалі, што «Антон Луцкевіч стаіць збоч», «рэдка бывае на сходах Грамады», але яны ж адзначалі, што Луцкевіч «нярэдка мае вырашальны ўплыў на жыцьцё Грамады»34.

Магчыма, у нейкіх дробных пытаньнях ён і меў такі ўплыў, але ў стратэгічных — не. І ў гэтым мы пераканаліся, калі разглядалі артыкул «Хвароба росту».

Ці мог суд ведаць пра тое, што Луцкевіч не належаў да Грамады? Безумоўна. Ці можна галоўнаю прычынаю апраўданьня Луцкевіча назваць яго непрыналежнасьць да Грамады? Канечне. Што ні кажы, а ў Польскай Рэспубліцы, дзе, як пісалі савецкія газэты, быў крывавы фашыстоўскі рэжым, усё ж мелася нейкае правасудзьдзе.

Але зьневінавачаньне Луцкевіча мела і другі бок, як кажуць, падкладку.

Угледзецца ў сутнасьць падзеяў, што адбываліся ў 1920—1926 гг., дапамагае нам віленская газэта «Słowo». У нумары за 31 жніўня 1928 г. (праз тры месяцы пасьля працэсу) яна пісала пра гегемонію Луцкевіча ў заходнебеларускім руху. Гаворка — пра гегемонію інтэлектуальную. І сапраўды, байкот выбараў у Віленскі Сойм, посьпех на выбарах у Сойм і Сэнат, ідэя БСРГ і аснова яе праграмы — аўтарства ўсяго гэтага належала Луцкевічу.

Асудзіць Луцкевіча за ўсё гэта было цяжка, а вось «падставіць» яго апраўдальным прысудам было лёгка. Тым болей, што ў «гегемоны» на Луцкевічава месца сьпяшаліся іншыя — і левыя, і правыя. Як пісала «Słowo», у 1925—1926 гг. адбылося «wyłamanie» беларускіх дзеячоў, якія рэпрэзэнтавалі паасобныя палітычныя плыні, «z pod hegemonji Antoniego Łuckiewicza»35. І хочам мы таго ці не, але ўсьлед за аўтарам «Słowa» мусім прызнаць, што ад гэтага часу ў заходнебеларускім руху істотную ролю адыгрывалі дэструкцыйныя элемэнты (żywioły). Гэта і бальшавікі, і іх малодшыя браты ў БСРГ, і малодшыя браты гэтых малодшых братоў — змаганцы…

А яшчэ на ролю павадыра беларускага народу прэтэндавала хадэцыя на чале з кс. Адамам Станкевічам. Хадэцыю ў камунізьме вінаваціў архібіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, але і хадэцыя на старонках сваіх друкаваных органаў не стамлялася вінаваціць у камунізьме каго заўгодна. А галоўным ворагам кс. Станкевіча быў Луцкевіч. У сваёй антылуцкевічаўскай публіцыстыцы хрысьціянскія дэмакраты апускаліся да расізму. 30 верасьня 1927 г. — за два тыдні да арышту Луцкевіча — «Biełaruskaja Krynica» пісала: «Чалавек гэты, будучы мешчанінам татарскага паходжаньня, не адчувае ў сабе беларускай народнай душы…» Зрэшты, гэта ня першы выпадак расізму. У кастрычніку 1925 г. тая самая «Biełaruskaja Krynica» паказала, што і антысэмітызм ёй таксама ўласьцівы.

З таго, што я чытаў, можна зрабіць выснову: жывы Луцкевіч быў для кс. Станкевіча заўсёды вінаваты. 27 ліпеня 1944 г. ён натаваў: «У мяне М. Танк. Гутарка. Між іншым, Панамарэнка сказаў, што Ант. Луцкевіч жыве»36. Па тым, як лёгка паверыў немалады палітык Станкевіч гэтай дэзе, лёгка прачытваецца падтэкст нататкі: не забілі — значыць, свой для бальшавікоў. Цікава, што запісаў бы А. Станкевіч, калі б пачуў ад М. Танка пра сьмерць Луцкевіча?

Апраўданьне Луцкевіча на працэсе Грамады было для кс. Станкевіча і ягонага атачэньня падарункам. З 1929 г. «Bieіaruskaja Krynica» з асаблівым задавальненьнем і з падтакваньнем цытавала і перадрукоўвала бальшавіцкую лаянку на Луцкевіча з савецкіх газэт.

VIІ. Журботны эпілёг

Я перакананы, што Грамада была вялікім падманам заходніх беларусаў. Збуджанае ў народзе «пачуцьцё грамадзкасьці, пачуцьцё еднасьці… працоўных, пачуцьцё супольнасьці інтарэсаў і супольнасьці перажываных крыўд і зьдзекаў», «імкненьне да арганізацыі, да гуртаваньня сваіх сілаў дзеля самаабароны і супольнага змаганьня за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленьне» бальшавікі і іх памагатыя ў Заходняй Беларусі змарнавалі.

Калі б народ ведаў, што за сьпінаю Тарашкевіча і кампаніі стаяць камуністы, стаіць Масква, такога энтузіязму не было б. Калі ж народ даведаўся, што яго падманулі, настаў крызіс даверу.

Луцкевіч ніколі не сказаў кепскага слова аб Грамадзе. Затое ён прысьвяціў не адзін радок яе правадырам. Можа, самы балючы тэкст на гэтую тэму — «Прычыны крызісу» (Беларускі Звон. 1931. 6 студзеня).

Луцкевіч выключае наўмыснасьць у дзеяньнях Тарашкевіча і ягоных набліжаных. Тарашкевіч і кампанія, піша ён, «з добрай верай гатовы былі падпарадкавацца міжнародавай рэвалюцыйнай палітыцы», але «аказаліся зусім неўспадзеўкі на ўслугах маскоўскае нацыяналістычнае палітыкі».

Стаўшы прыладамі ў руках маскоўскага «чырвонага нацыяналізму», правадыры БСРГ і «Змаганьня» «ўзрывалі» беларускія ўстановы і арганізацыі [ў Заходняй Беларусі] ды гразёй аблівалі ўсіх, хто даваў ім адпор». Імем Тарашкевіча («ня ведаем, ці то зь яго згоды, ці хутчэй усяго зусім яго не пытаючы») «Камуністычная партыя Зах. Беларусі падпісывае адозвы і лістоўкі, якімі маніцца забіць ужо не фізычна, а маральна і палітычна тых беларускіх працаўнікоў, якія яшчэ не злажылі аружжа, а ўсімі сіламі — творчай працай — змагаюцца за беларускасьць на сваіх землях пад Польшчай».

Як вядома, у лютым-сакавіку 1929 г. адбыўся апэляцыйны працэс над дзеячамі Грамады і Луцкевічам. Вынікам стала зьмякчэньне пакараньня ўсім асуджаным у 1928 г. (частка іх была апраўданая). Тэрмін зьняволеньня галоўным дзеячом быў зьменшаны ў два разы: з 12 гадоў катаржнае турмы да шасьцёх. Але шасьцёх гадоў Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла не сядзелі. Яны выйшлі на волю пасьля трох гадоў вязьніцы.

Луцкевіч, не ўжываючы моцных выразаў, паказвае факт двайной здрады. Выкарыстаўшы гэтае вызваленьне і ўцёкшы за мяжу, чацьвёрка былых грамадаўскіх правадыроў «засудзіла на адбыцьцё вастрожнае кары да канца каля паўтары сотні «менш важных» грамадаўцаў, якім такое «ласкі» польская дзяржаўная ўлада не зрабіла». «І гэтую шэрую грамадаўскую масу, — працягвае Луцкевіч, — будуць далей трымаць за кратамі — пад той час, як паны Тарашкевіч і камп. дапамагаюць «чырвонай» Маскве распраўляцца з барацьбітамі за беларускую справу і ў Савецкай Беларусі, і ў Заходняй». Ці можа быць больш жорсткае абвінавачаньне правадырам БСРГ?

Як вядома, з 1929 г. «чырвоныя нацыяналісты» паставілі задачу «фізычна вынішчыць беларускую інтэлігенцыю ў БССР — тую інтэлігенцыю, якая ў працягу апошніх дзесяцёх гадоў з напружаньнем усіх сваіх сілаў тварыла падставы беларускае культуры». Пры гэтым бальшавікі стараліся «разбурываць нацыянальнае жыцьцё, нішчыць нашу грамадзкую арганізацыю — беларускімі рукамі». І гэтыя рукі, піша Луцкевіч, Масква знайшла ў Заходняй Беларусі, «а прыгатавала іх для Масквы — няўдалая палітыка польскага ўраду». (Слова «няўдалая» тут — эўфэмізм.) І рэч нават ня ў тым, што Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла заклікалі караць сьмерцю «нацдэмаў». У артыкуле «Ня можна маўчаць» (Беларускі Звон. 1931. 10 сакавіка) Луцкевіч піша, што «яны ўзмоцнілі антыбеларускі рух і нават прычыняюцца да руйнуючай палітыкі камуністаў адносна ўсяго беларускага» ўжо адной сваёй прысутнасьцю ў БССР.

У артыкуле ж «Дывэрсанты» (Беларускі Звон. 1931. 12 траўня) ён паказаў падступнасьць бальшавіцкае палітыкі: «…даючы пэўныя ўступкі беларусам у Ўсходняй Беларусі, якая атрымала нават назоў «незалежнай» Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, савецкая ўлада старалася сьцягнуць у Менск усіх незалежніцкіх дзеячоў, каб цяпер усіх жа іх «унешкадлівіць», замыкаючы ў лёхах ГПУ». Праўда, Луцкевіч павінен быў узяць частку віны за лёс эмігрантаў і на сябе, бо гэта ён заклікаў беларускіх інтэлігентаў на Захадзе: варочайцеся дадому37! Зрэшты, Аляксандар Цьвікевіч і безь ягонага закліку вырашыў выехаць у БССР яшчэ ў ліпені 1925 г. Дый сам паэт Уладзімер Жылка, які паведамляў пра гэта Луцкевічу38 і які нічога добрага ад бальшавікоў не чакаў, яшчэ на пачатку таго ж году задумваўся, ці ня выехаць яму ў БССР.

  31 Гэта робіць, напрыклад, А. Пашкевіч. Гл.: ARCHE. 2006. № 6. С. 53.

32 Пра маёмасныя справы А. Луцкевіча гл.: Сідарэвіч, А. З жыцьця Антона Луцкевіча. Маёнтак // Літаратура і мастацтва. 1990. 18 студзеня; Луцкевіч, А. Ліст да Людмілы Краскоўскай // Наша Ніва. 2005. 13 траўня.

33 Станкевіч, Я. На бакох успамінаў В. Рагулі // Бацькаўшчына. 1958. 11 траўня.

34 БДАМЛМ, ф. 3, воп. 1, адз. захав. 195, арк. 104.

35 У «Słowie» памылка друку: надрукавана «Żuckiewicza».

36 Куфэрак Віленшчыны. 2004. № 1(9). С. 162.

   
І ўсё ж: як мог Луцкевіч, які ў студзені 1925 г. публікаваў артыкул «На паўдарозе», заклікаць эмігрантаў ехаць у БССР? Мусіць, у яго было спадзяваньне на лепшае. Мабыць, ілюзія на час завалодала і ім.

Сам Луцкевіч на Ўсход не паехаў, хоць яго і запрашалі паправіць здароўе ў Крыме39. Не паехаўшы, ён правініўся перад бальшавікамі. У артыкуле «Дывэрсанты» Луцкевіч мае на ўвазе і сябе, калі піша, што лютасьць бальшавікоў выклікалі «тыя беларускія незалежнікі, якія ня мелі ахвоты перабірацца на Ўсход, адмовіліся ператварыць Грамаду ў паслухмянае арудзьдзе Масквы». Менавіта «проці гэтых непакораў маскоўскі ўрад распачаў такую ж дывэрсійную акцыю, знайшоўшы сабе за грошы агентаў спасярод саміх беларусаў і іхнімі рукамі стараючыся забіць маральна тых, хто аказаў адпор валадаром СССР». Зрэшты, пра тую кампанію інсынуацыяў, пра пачатак перапісваньня гісторыі БСГ і ўсяго беларускага руху — пра тое, што дзеялася вакол імя і асобы Луцкевіча з 1929 г., я пісаў у першай кніжцы «Дзеяслова» за 2004 г.

* * *

Падвядзём пэўныя вынікі.

У 1921 г. Антон Луцкевіч выступае з ідэяй масавай сялянскай арганізацыі.

Пасьля посьпеху на выбарах у Сойм і Сэнат Польскае Рэспублікі Луцкевіч прапануе стварыць Саюз беларусаў — выбаршчыкаў у Сойм і Сэнат.

У 1923—1924 гг. ён настойліва прапагандуе ідэю саюзу сялян і работнікаў, рабоча-сялянскага ўраду.

У артыкуле «Малы парлямэнт» Луцкевіч выступае за стварэньне левай фракцыі (сэкцыі) у Беларускім пасольскім клюбе. Пры гэтым ён мае наўвеце прыклад левай фракцыі ва Ўкраінскім пасольскім клюбе, якая перайшла на плятформу Ўкраінскай сацыял-дэмакратычнай партыі.

У артыкуле «Задачы дня» Луцкевіч прапануе тактыку працы БПК у народзе, якую будзе ажыцьцяўляць БСРГ.

На пачатку 1925 г. Луцкевіч піша пра нэгатыўныя тэндэнцыі ў нацыянальнай палітыцы УсеКП(б) і КПП.

Луцкевіч не ўвайшоў у Грамаду, калі ўбачыў, што яна ствараецца пад фактычным кіраўніцтвам Камінтэрну, г. зн. Масквы, але ён як наняты работнік працаваў у газэтах БСРГ.

Праграма БСРГ утрымлівала ў сабе большасьці палажэньняў «Асноўных тэзісаў плятформы Беларускага Цэнтральнага Выбарнага Камітэту, прынятых на канфэрэнцыі ў Вільні 9—10 жніўня 1922 г.», галоўным аўтарам якіх без сумненьня быў Луцкевіч. Ня выключана, што Луцкевіч браў удзел і ў выпрацоўцы праграмы БСРГ.

У верасьні 1926 г. А. Луцкевіч піша артыкул «Хвароба росту», у якім спрабуе схіліць дзеячоў БСРГ да ператварэньня Грамады з прыбочнай арганізацыі КПЗБ у самастойную партыю з сацыял-дэмакратычным адценьнем.

Высока цэнячы Грамаду, Луцкевіч выступае як апанэнт яе правадыроў, якія — добраахвотна ці пад прымусам — сталі памочнікамі Масквы ў правядзеньні антыбеларускай палітыкі як у Заходняй, так і ва Ўсходняй Беларусі.

Бальшавіцкая прапаганда абвясьціла Луцкевіча кіраўніком штабу беларускай контрарэвалюцыі, ідэолягам і правадыром «нацыянал-дэмакратызму» ў БССР і «нацыянал-фашызму» ў Заходняй Беларусі.

Аўтар не прэтэндуе на тое, што ён раскрыў тэму ўсебакова. Бясспрэчна адно: у сьвятле пададзеных тут фактаў гісторыя БСРГ патрабуе новага асэнсаваньня і новага напісаньня.

37 Гл., напрыклад, артыкул «Крысталізацыя нацыі» (Жыцьцё Беларуса. 1925. 9 верасьня.).

38 Гл.: Жылка, У. Выбраныя творы. Мінск, 1998. С. 273.

39 За гэтую інфармацыю дзякую гісторыку Андрэю Вашкевічу.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 9 (60) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/11/01