A R C H E П а ч а т а к № 9 (60) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


9 — 2007

 



Горадня пад ударам • аналітыка • крытыка • палеміка • мова…

 


Горадня пад ударам

  Сцяпан Стурэйка

Вокладка «ARCHE» №9
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Сцяпан Стурэйка
Хамства ў камяні
Горадня пад ударам савецкай ідэнтычнасці

Я праехаў увесь свет. Я бачыў усю Еўропу. Усё сціснута. Усё задымлена. Усё брудна. Людзі труцца адзін аб аднаго, пхаюцца. Цяжка жыць людзям там. А тут, у цэнтры гэтага хаосу — душа радуецца…¹

Сёння вельмі модным стала апеляваць да традыцый, да ўсяго старога і праверанага часам. Нават гарадзенская малачарня спрабуе ўпэўніць пакупнікоў у тым, што яе прадукцыя і тэхналогіі прайшлі ледзь не выпрабаванне на спрадвечнасць. «Традыцыйнае» сёння з’яўляецца сінонімам «якаснага», хоць гэтае сцверджанне немагчыма пацвердзіць лагічнымі сродкамі.

Беларускае грамадства ўцягнутае ва ўсясветную тэндэнцыю камерцыялізацыі традыцый. Мода на традыцыю ўплывае на нашу гістарычна-культурную спадчыну. Далей я паспрабую пазначыць некаторыя пазіцыі, на якіх грунтуецца сучаснае разуменне аб ёй.

Хто вінаваты?

На працягу трох гадоў ідзе актыўная рэканструкцыя гістарычнага цэнтра нашага горада. Колькі нерваў, колькі інтэлектуальных, палітычных і матэрыяльных рэсурсаў змарнавана за гэты час супрацьлеглымі бакамі: уладай і найбольш актыўнай часткай гарадзенскай (і цяпер ужо агульнанацыянальнай) інтэлігенцыі. Гарадзенская ўлада ўпарта выконвае сваю чорную працу. Нельга сказаць, што грамадзянская супольнасць нічога не прадпрымае. Нават па ОНТ ішлі сюжэты ў абарону гарадзенскіх дамоў.

На жаль, шмат чаго страчана ўжо беззваротна. Зруйнаваныя гістарычныя будынкі, парушаны гарадскі ландшафт, знішчаныя сотні дрэў. Так, Савецкую плошчу можна будзе перарабіць ужо ў недалёкай будучыні, так, можна будзе рэканструяваць некаторыя будынкі. Аднак ужо не адновіш культурнага археалагічнага пласту некалькіх стагоддзяў, ужо не вернеш на месца легендарную плітку «Магістрат мяста Гродна» ды і шматлікага іншага…

Хто ж павінен несці адказнасць за ўсё гэта?

harodnia_1 (58K)
Культурны слой, экскаватар і рэшткі сярэднявечнай маставой.
harodnia_2 (49K)

Па-першае, вінаватыя гараджане, якія дэманструюць поўную адсутнасць інтарэсу да ўласнага горада. Яны не з’яўляюцца сапраўднымі гаспадарамі сваіх гістарычных здабыткаў, але цалкам залежаць ад часовых кіраўнікоў.

Матэрыяльная залежнасць/незалежнасць звязаная ў першую чаргу з інстытутам прыватнай уласнасці, рынкавымі адносінамі і да т. п. Культурная ж залежнасць звязаная з выпрацаваным у беларусаў адчуваннем уласнай пасіўнасці ды ўнутранай каланізаванасці. З аднаго боку, мы ўсе ведаем, што мы — беларусы і жывем тут. Але даказаць сабе гэтага не можам. Нацыянальная мова ў беларусаў беларуская, але амаль усе гавораць па-расейску. Нацыянальная гісторыя ў беларусаў таксама нейкая ёсць, але простыя людзі яе ведаюць слаба. У такім выпадку чаму ж мы беларусы? Менавіта таму нашыя гарады для нас чужыя і незнаёмыя.

Яшчэ адзін фактар — беларускія гараджане ў большасці сваёй з’яўляюцца выхадцамі з вёскі ў другім ці трэцім пакаленні. Выжылае даваеннае насельніцтва раз’ехалася, і адбылася татальная маргіналізацыя новых гараджан. Гэта значыць, праблема ляжыць у запозненай сацыялізацыі і адаптацыі перасяленцаў. Для апошніх старыя бардзюры, вузкія вулачкі і г. д. не ўспрымаюцца як вартасць.

Не лічачы лістоў пратэсту ад часткі інтэлігенцыі, за ўвесь перыяд «рэканструкцыі» чуліся толькі слабыя галасы пратэсту. За выняткам аднаго гаспадары прыватных дамоў у знесеным квартале «Новы свет» у цэнтры горада пагадзіліся прамяняць сваё жытло на кватэры ў панэльных дамах на перыферыі. Маўчыць гарадзенскае студэнцтва, выкладчыкі ВНУ.

А яшчэ вінаватая ўлада. Працэс «рэканструкцыі» гістарычнай часткі Горадні з’яўляецца індыкатарам сацыяльна-палітычных працэсаў, што адбываюцца ў краіне, паказвае сістэмны крызіс беларускай дзяржаўнасці, які немагчыма пераадолець толькі з дапамогай змены рэстаўрацыйнай тэхналогіі.

Інтэрпрэтацыя Савецкай плошчы ўладай прыкметна адрозніваецца ад агульнапрынятай у кругах гісторыкаў. На думку ўлады, плошча — гэта не гістарычна-культурны комплекс, а толькі месца масавых гулянняў гараджан, месца правядзення дэманстрацый і мітынгаў. Менавіта на гэта была разлічаная рэканструкцыя. Яе працэс шмат у чым залежыць ад волі вышэйшага кіраўніцтва горада ў асобах мэра А. І. Антоненкі і старшыні аблвыканкама У. Е. Саўчанкі. Абодва — выхадцы з Магілёўшчыны, мала знаёмыя са спецыфічным мікрасветам заходняга горада. Як выказаўся вядомы гарадзенскі гісторык А. Краўцэвіч:

Неабходна гісторыкам шукаць дыялог з грамадскасцю, таму што нашай вобласцю кіруе вельмі дрэнна адукаваны чалавек, у яго мат праз слова і дыялог з ім весці практычна немагчыма…²

  гісторык-этноляг. Скончыў БДУ. Жыве ў Горадні. Аўтар кніжкі «Беларускія губерні ў руска-японскай вайне 1904—1905 гг. Гродзенскі Свята-Пакроўскі Кафедральны сабор — помнік загінуўшым», шматлікіх артыкулаў. Займаецца праблемамі аховы і інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны, праблемамі міжнацыянальных зносінаў у Беларусі, а таксама працэсамі канструкцыі вобразу Беларусі ў ХІХ ст. Аўтарская назва тэксту «Ах, божачкі, што ж адбываецца з гэтым горадам?».

¹ З выступленння прэзідэнта Беларусі А. Лукашэнкі на Ўсебеларускім сходзе 3 сакавіка 2007 г.

   

Існуе меркаванне, што Горадня паступова па элемэнтах сваёй архітэктуры і планіроўкі набліжаецца да Магілёва ці Гомеля.

У сваіх дзеяннях абласное начальства не імкнецца шукаць згоды з грамадскасцю, бо яго знаходжанне на пасадах ад волі гарадзенцаў не залежыць. У яго дзеяннях яскрава прасочваецца імкненне вырашаць комплексныя праблемы горадабудаўніцтва за рэкордныя тэрміны: улада цвёрда трымае ў таямніцы свае бліжэйшыя крокі па добраўпарадкаванні цэнтра горада. Грамадскасць даведваецца пра месца будаўнічых работ толькі па факце іх пачатку.

Аднак кіраўнікі адказваюць толькі за напрамак руху, за размеркаванне матэрыяльных сродкаў, магчыма, таксама за выбар пастаўшчыкоў і падрадчыкаў. Не Саўчанка і не Антоненка стаялі з лінейкамі за праектнымі сталамі, не яны распрацоўвалі дызайнерскія рашэнні і не яны вызначалі тыя матэрыялы і іх спалучэнне, з якіх ствараецца новая Горадня. На жаль, застаецца невядомай соцыякультурная прыналежнасць галоўных вінаватых «рэканструкцыі» — архітэктараў і дызайнераў, распрацоўнікаў праекту. Сам феномен падобнай рэканструкцыі паказвае нізкі адукацыйны ўзровень адказных за яе спецыялістаў, іх слабыя веды па гісторыі і адсутнасць павагі да апанентаў.

harodnia_3 (58K)
Кавалак сярэднявечнай маставой.

Для ілюстрацыі найбольш дзікіх ляпаў звернемся да няшчаснай Савецкай плошчы. Па-першае, транспартная развязка з кругавым аб’ездам вакол танка, які ўсё яшчэ пагражае ці то касцёлу, ці то тэатру, ці то Пріорбанку. Па-другое, высечка 100 % дрэў. Новыя вырастуць на працягу як найменш двух дзесяцігоддзяў. Па-трэцяе, — і ў гэта нават дагэтуль складана паверыць — на адным з самых папулярных прыпынкаў грамадскага транспарту няма ніводнай лавы, няма брыля, пад якім тысячы гарадзенцаў, якія чакаюць транспарт, маглі б хавацца ад дажджу і ветру, адсутнічае шапік для продажу праязных. Як на памыйніцы, стаяць на плошчы вялізныя бакі для смецця. Нарэшце, калі архітэктура — гэта музыка ў камяні, дык падземны пераход на Савецкай плошчы — гэта хамства ў камяні. Усяго жаху не пералічыць. А галоўнае, хай бы назваў мне хто-небудзь нешта станоўчае, чаго дасягнулі праектоўшчыкі на плошчы. Хіба што шматкватэрныя дамы абнавілі ды Палац тэкстыльшчыкаў пафарбавалі. Але для гэтага ж не трэба было руйнаваць усё астатняе! Галоўны архітэктар Горадні Анісімаў наогул у сваім інтэрв’ю ўжывае ў дачыненні да горада мілітарызаваную тэрміналогію: «перахапіць», «аблапаць», «прадзярэмся», «мы перамаглі»³…

  ² Круглы стол за зачыненымі дзвярыма // harodnia.com.

   
Нарэшце, навідавоку праблема невыканання гісторыкамі сваіх прафесійных абавязкаў. Выдатна, што ўжо выдадзеныя некалькі добрых праспектаў і альбомаў пра Горадню. Баюся толькі, што чытаюць іх у асноўным турысты. Чаму дагэтуль няма ніводнай папулярнай кніжкі пра Савецкую вуліцу, пра яе кампаноўку, пра яе дамы, пра жыхароў, пра бардзюры? Чаму не была аператыўна выдадзеная выдатная праца Ю. Гардзеева пра Савецкую плошчу? Яна і сёння даступная толькі карыстальнікам інтэрнэту, прычым толькі нешматлікім наведвальнікам сайта «Архітэктура Горадні». Калі б былі шырокадаступныя такія выданні, хто ведае, магчыма, нікому і да галавы не прыйшло б здзіраць гістарычныя бардзюры і плітку, бяздарна перапланоўваць плошчу…

Карані гэтых праблем ляжаць у працэсах, якія адбываюцца сёння ва ўсім свеце. Наўрад ці таварыш Антоненка адмыслова жадае псаваць даручаны яму горад, наўрад ці гарадскія гісторыкі раней толькі і рабілі, што піва пілі. Ды й шмат хто з гараджан дагэтуль упэўнены, што ўсе тыя перамены, якія ў нас адбываюцца, выключна ў лепшы бок. Яны проста не ведаюць, як можа быць па-іншаму.

Спадчына і глабалізацыя

На пачатку неабходна акрэсліць некаторыя агульнасусветныя культурныя працэсы, у кантэксце якіх наш горад цяпер жыве і развіваецца.

Помнік — гэта вельмі старажытны панятак, які існуе амаль ва ўсіх культурах. Помнік (лац. monumentum, ад слова monere — памятаць, у першасным сэнсе — магільны камень), гарантаваў, што памерлыя не будуць забытыя. Спектр адносінаў да яго варыяваўся ад абыякавасці, запусцення, абясцэньвання, знішчэння да адаптацыі, пераапрацоўкі, захавання, рэстаўрацыі, аднаўлення і г. д.

Сучаснае шматаспектнае разуменне помніка гісторыі і культуры з’явілася толькі ў 70—80-х гг. ХХ ст., паспеўшы перажыць доўгую эвалюцыю. Спачатку яго сэнс быў побытавым: помнікам звалася рэч, створаная для ўспаміну важных падзей або персанажаў, або ўсё тое, што нешта нагадвала. Блізу ста гадоў таму побытавы сэнс слова змяняецца, яго ўжо можна злучаць з археалагічным паняткам. Помнік — гэта кожны твор, які мае прыкметы эпохі, што яго стварыла. Потым да яго дадаўся гістарычны сэнс, помнік — гэта рэштка культуры мінулага. Такім чынам, адным з самых галоўных крытэраў адзнакі стаў ужо ўзрост аб’екта (чым старэй, тым лепш). Яшчэ пазней да археалагічнага і гістарычнага (дакументальнага) сэнсу слова дадалі крытэр мастацкай каштоўнасці. Якасць аб’екта паказвалі два крытэры — гістарычная інфармацыйнасць (гістарычна-дакументальная або навуковая каштоўнасць) і якасць формы (мастацкая каштоўнасць). Помнікамі сталі зваць не толькі творы мінулага, але і самыя якасныя творы сучаснасці. Можна дадаць, што такое азначэнне помніка ўжо паказвае на нешта асобнае, унікальнае, індывідуальнае.

Часцяком гэты панятак ужываюць як сінонім культурнай спадчыны, але гэта няправільна. У адрозненне ад «помніка», «культурная спадчына», калі абапірацца на самыя вядомыя азначэнні, перадусім паказвае на акт аддачы-пераемнасці, на падаўжальнасць сувязяў паміж пакаленнямі мінулага і будучыні. Гэта не выключна помнікі, гістарычныя структуры і тэрыторыі, але і ўвесь створаны людзьмі культурны асяродак. Напрыклад, культурнай спадчынай Горадні з’яўляецца планіроўка парку імя Жылібера, ландшафт горада, парушаны ў 80-х гг., Лесвіца закаханых, паголеныя сёння «пад нуль» схілы замкавых узгоркаў і да т. п. Аднак дыскусійнае пытанне, ці ўваходзіць у нашую культурную спадчыну помнік Леніну?..

Думаеце, продкі гарадзенцаў беражліва захоўвалі сваю гісторыю? Гэта зусім не адпавядае рэчаіснасці, бо ідэя горада як сукупнасці спадчыны з’явілася толькі ў XIX ст., а да нашых мясцін і пагатоў дайшла пазней. Так, ліквідацыя Фары Вітаўта ў 1961 г. успрымалася большасцю гарадзенцаў толькі як акт рэлігійнага вандалізму і яшчэ мала кім усведамлялася як злачынства супраць культуры. А ўжо шараговыя хаткі — тыя наогул знасілі дзесяткамі, і ў той час нікому да іх справы не было.

Усе гэтыя працэсы актывізацыі ўсведамлення, аховы і інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны распаўсюдзіліся па свеце даволі хутка, першым чынам, з-за такой з’явы, як культурная глабалізацыя.

harodnia_4 (53K)
Савецкая плошча
Культурная глабалізацыя — рэч не новая. Вытокі універсалізацыі культуры можна выявіць і на світанку Новай гісторыі, і значна раней, у часы распаўсюджвання ўсясветных рэлігій і элітарнай культуры Рымскай імперыі. Аднак менавіта сёння культурная глабалізацыя перажывае бум. Інтэнсіўнае развіццё камунікацый, сродкаў сувязі і інфармацыйных тэхналогій у другой палове ХХ ст. прывяло да пашырэння аб’ёму, разнастайнасці, а таксама да паскарэння глабальных культурных струменяў, падвышэнню эфектыўнасці і хуткасці культурнага абмену. Глабальнае ўзаемадзеянне стала ажыццяўляцца, першым чынам, сродкамі заходняй поп-культуры (у т. л. турызму як яе складальніка) і бізнэс-камунікацыі.

Ідэя, што некаторыя будынкі і нават комплексы будынкаў не павінны знішчацца пры дасягненні фізічнага зносу або недастатковай функцыянальнасці, зьявілася толькі ў пачатку ХІХ ст. Калі гэтыя будынкі ўтрымліваюць у сабе архітэктурную, эстэтычную, сацыяльную і маральную каштоўнасць, яны павінны быць захаваныя, а магчыма нават адноўленыя ў сваім першапачатковым выглядзе. На працягу апошняй чвэрці ХІХ ст. мноства еўрапейскіх урадаў адгукнуліся і падтрымалі гэтыя заклікі шляхам стварэння ведамстваў, у мэту якіх уваходзіў вопіс усіх культурна значных аб’ектаў і выпрацоўка крытэраў панятку «помнік». Заканадаўства, якое бараніла спачатку толькі прыватную ўласнасць на будынкі, было рэфармаванае, аднак толькі да 70-х гг. ХХ ст. кансервацыя гарадскіх раёнаў стала неад’емнай часткай лакальнага планавання.

Сёння колькасць аб’ектаў, што ахоўваюцца ў Еўропе і ў свеце, стала ўзрастае. Рэстаўрацыйныя і дызайнерскія працы цяпер праводзяцца не толькі ў еўрапейскіх сталіцах, але таксама амаль ва ўсіх, нават невялікіх, мястэчках. У Нямеччыне, напрыклад, кожны горад з насельніцтвам звыш 20 000 чалавек мае цяпер свой выразна акрэслены гістарычны ахоўваны цэнтр. Будынкі, якія ўяўляюць культурную коштоўнасць, складаюць цяпер ад 5 да 10 % усіх будынкаў у гарадах Еўропы. Адзін з найбуйнейшых сусветных мегаполісаў — Лондан — мае прыкладна 35 000 нацыянальных і 15 000 лакальных помнікаў. Нідзе праектныя гарадскія працы не могуць весціся без узгаднення з зонамі гістарычных цэнтраў. Такім чынам, гарадская кансервацыя — гэта нядаўні феномен, які набыў ужо рысы палітычнага кірунку. Акрамя таго, гэта чыста еўрапейскі феномен. Нарэшце, імкненне да кансервацыі архітэктуры — прэрагатыва высокаадукаванай эліты, уплывовай меншасці.

Горадня і Беларусь у цэлым імкнуцца да такіх самых паказнікаў. Іншая справа, што гарадзенскія кіраўнікі мала ўсведамляюць кірунак гэтых тэндэнцый. У Беларусі практыка архітэктурнай і гарадской кансервацыі ідзе шляхам стандартызацыі форм, гамагенізацыі прасторы і памяншэння лакальнай разнастайнасці. Практыкі кансервацыі не ствараюць непаўторнага гарадскога ландшафту, а хутчэй спрабуюць генерыраваць марфалагічна стандартныя прасторы, якія не робяць унёску ў стварэнне ідэнтычнасці месца. Кожны з жыхароў Горадні можа назіраць гэта на прыкладзе з’яўлення на ўсіх дамах, што «рэстаўруюць» у горадзе, металапрофіля на стрэхах і шклопакетаў у вокнах, а таксама пераможнае шэсце шэрай бетонавай пліткі.

Навідавоку парадокс. Чым больш беларускія гарадскія ўлады імкнуцца рэстаўраваць гарады, тым больш падобнымі яны становяцца. Гэты парадокс мае некалькі тлумачэнняў. Ёсць тры галоўныя чыннікі, чаму рэстаўрацыя спадчыны, якая, мяркуецца, павінна падвышаць узровень мясцовай ідэнтычнасці, можа ў рэальнасці спрыяць яго памяншэнню. Па-першае, у сучасным свеце з развіццём інфармацыйных і адукацыйных тэхналогій найбольш паспяховыя архітэктурныя, рэстаўрацыйныя кірункі маюць уласцівасць даволі хуткага распаўсюджвання. Распрацаваныя асобнай групай навукоўцаў, тэхнолагаў, яны адразу пасля апрабацыі становяцца набыткам усіх астатніх адмыслоўцаў. Чужыя мясцоваму асяроддзю ідэі рэалізуюцца практычна паўсюль. Цяпер можна казаць у лепшым выпадку толькі пра нацыянальныя архітэктурныя школы, а архітэктурныя аб’екты можна характарызаваць хутчэй праз прыналежнасць да пэўнага перыяду часу, а не да месца.

harodnia_5 (111K)
Дзяўбуць падмурак палаца Радзівілаў.

Па-другое, простасць і таннасць расходных матэрыялаў, што вырабляюцца на стандартных тэхналагічных лініях, робяць мала адметным дызайн усіх гарадскіх месцаў, як наноў створаных, так і адрэстаўраваных, бо рэстаўрацыйныя матэрыялы таксама вырабляюцца канвеерным спосабам. Скандал з пліткай палягае зусім не ў самой тэхналогіі пакрыцця ходнікаў, а ў тым, што дакладна такая плітка ляжыць і ў Гомелі, і ў Лідзе, і ў Пухавічах. Як было б выдатна, калі б гарадзенскі гарвыканкам замовіў на якім-небудзь прадпрыемстве адмысловую, «фірмовую» гарадзенскую плітку.

Па-трэцяе, практыка вылучэння найлепшых узораў рэстаўрацыйнай і кансервацыйнай дзейнасці. Дзякуючы намаганням такіх міжнародных арганізацый, як ЮНЭСКО і г. д., распрацоўваюцца стандарты Усясветнай спадчыны, якія больш нівелююць адрозненні, чым уносяць арыгінальнасць у рэстаўрацыйныя рашэнні.

Нельга, аднак, звальваць усю адказнасць проста на працэсы глабальнага развіцця, якія навязваюць узнаўленне стандартных формаў і ўзораў. За такую рэканструкцыю нясе адказнасць і мясцовы спажывец (то бок гарадзенскі галоўны архітэктар і мэр), і носьбіт ідэнтычнасці (просты гараджанін).

Працэс адбору аб’ектаў і іх усведамлення культурнай каштоўнасцю вельмі сур’ёзны і адказны. Галоўнай праблемай аховы культурнай спадчыны з’яўляецца не тэхнічнае, а маральна-этычнае пытанне. Ад якой спадчыны мы адмаўляемся і якую яе частку вырашаем лічыць сваёй і берагчы? Толькі адказаўшы на гэтыя пытанні, можна заняцца тэхналогіямі аховы яе матэрыяльнай субстанцыі.

Спадчына і ідэнтычнасць

Існуе меркаванне, што нацыянальная ідэнтычнасць звязаная з шырока распаўсюджанай памяццю пра супольнае гістарычнае мінулае ў людзей, незнаёмых адзін з адным. Не толькі знешнія і культурныя прыкметы людзей фармуюць нацыю, але і іх прыналежнасць да вызначанай тэрыторыі. Вось чаму любы ў прынцыпе ландшафт, і ў асаблівасці гарадскі, разумеецца як месца, дзе нацыянальная ідэнтычнасць можа быць створаная альбо нават змененая. Таксама гарадскі ландшафт — гэта «тэкст», складзены са знакаў. Ён уздзейнічае на «чытача», як і любая знакавая сістэма, напрыклад, мова. Нарэшце, раз нацыянальная ідэнтычнасць унесеная ў вызначаны грамадскі, палітычны, эстэтычны і гістарычны кантэкст, яна ёсць сацыяльным канструктам. Усе гэтыя атрыбуты нацыянальнай ідэнтычнасці могуць увасабляцца ў гарадскім ландшафце. Мае месца і дыяметральна процілеглы працэс: ідэнтычнасць чалавека ў сваю чаргу грае ключавую ролю ў працэсе канструкцыі спадчыны.

Горадня ўяўляе з сябе культурны цэнтр цэлага гістарычна-культурнага рэгіёна, і ў ім працэсы сутыкнення розных дыскурсаў ідэнтычнасцяў (беларускай, польскай, расійскай, габрэйскай, старасвецкай, мадэрнісцкай, «савецкай», нацыяналістычнай і г. д.) ідуць пад значна больш пільнай увагай з боку беларускай і міжнароднай супольнасці, чым у беларускай правінцыі. Жыхары Горадні сталі сведкамі ўнікальнага сутыкнення савецкай ідэнтычнасці кіраўнікоў горада, выхаваных ва ўмовах усходняй Беларусі, з празаходняй ідэнтычнасцю абаронцаў Горадні. Але і ў шэрагах абаронцаў гарадской своеасаблівасці няма адзінай пазіцыі. Дастаткова толькі прыгадаць дыскусію з нагоды таго, які аб’ект павінен стаяць на месцы Фары Вітаўта. Касцёл? Царква? Канцэртная зала? Проста помнік у выглядзе крыжа? Няўжо хтосьці думае, што ў нашага горада няма матэрыяльных магчымасцяў для ўзнаўлення гарадской Ратушы, палаца Радзівілаў і Фары Вітаўта? Рашэнне аб іх будаўніцтве (і нават аб музеефікацыі падмуркаў, пра што яшчэ нядаўна ішла гаворка) пакуль што застаецца выключна прэрагатывай палітычнай волі. Але ў нас пытанне «паставілі рубам» — альбо музеефікацыя, альбо знішчэнне.

Як правіла, нацыянальная мадэль гарадской кансервацыі, што распрацоўваецца ўрадам і нацыянальнай інтэлектуальнай элітай, а затым рэалізуецца на лакальным узроўні, недвухсэнсоўна апелюе да «залатога веку» нацыянальнай міфалогіі. Напрыклад, у Нідэрландах з мэтай дадатковай легітымацыі аранжыстаў, пратэстантаў, ліберал-капіталістаў, нацыянальных буржуа ў ХІХ ст. быў уведзены знешні «галандскі» стыль XVII ст., прычым паўсюдна, незалежна ад лакальных культурных, геаграфічных асаблівасцяў. Цяпер жа яны імкнуцца пазбавіцца ад такога стылю шляхам чарговай рэканструкцыі пад сярэднявечны «ганзейскі» стыль дзеля таго, каб падкрэсліць гістарычныя сувязі з ізноў адкрытымі постсавецкімі прыбалтыйскімі краінамі ды краінамі Паўночнага мора.

У Горадні пакуль што злачынствы таталітарнай савецкай сістэмы легітымізуюцца ў гарадзенскай спадчыне сродкам захавання імёнаў заснавальнікаў рэжыму ў назовах прыгожых даўніх вуліц — Свярдлова, Будзёнага, Леніна, Кірава, Дзяржынскага і г. д. Гэтую з’яву таксама можна аднесці да інтэрпрэтацыйнай тэхналогіі абароны савецкай спадчыны.

У Горадні назіраецца супярэчнасць паміж гістарычнымі ўяўленнямі гарадской улады і інтэлігенцыі. Першая лічыць «залатым векам» горада і краіны шчаслівае савецкае мінулае, якое, як ім падаецца, яны выразна памятаюць (насамрэч памятаюць толькі тое, што жадаюць, і толькі добрае), а другая імкнецца рэалізаваць нацыянальны праект пад знакам «Пагоні», апелюючы да часоў Рэчы Паспалітай (відавочна, за адсутнасцю іншай мадэлі, бо з савецкага мінулага ім памятаецца ў асноўным негатыўнае).

harodnia_6 (91K)
Траншэя на Савецкай.
harodnia_7 (52K)

Гэта цалкам нармальная з’ява. Помнікі ўжо пры сваім стварэнні мелі ў сабе вялікую колькасць сэнсаў з-за ідэалагічнага плюралізму грамадства, і шляхі расшыфроўкі могуць быць рознымі ў залежнасці ад таго, хто інтэрпрэтуе даўніну. Таму любы барочны касцёл гаворыць аб розных рэчах каталікам, пратэстантам, мусульманам, атэістам і нават, напэўна, сепаратыстам, нацыяналістам і інтэрнацыяналістам.

Калі мясцовыя традыцыі руйнуюцца, лакальныя адрозненні нівелююцца, а гістарычныя веды транслююцца пры дапамозе прэсы, адбываецца атамізацыя і фрагментацыя гістарычнай памяці. Для гістарычнай памяці, што калісьці дамінавала ў грамадстве, застаюцца толькі асобныя спецыфічныя месцы, дзе яна можа вольна выяўляцца. «Месцы памяці» з’яўляюцца рэшткамі не толькі калектыўнай памяці, але і сацыяльнай салідарнасці. Імі могуць стаць архівы, музеі, могілкі, святы, гістарычныя даты, помнікі, назвы вуліц, падручнікі і г. д. У Горадні такім месцам памяці была Савецкая плошча да яе апошняй рэканструкцыі, а яшчэ старая сінагога, што разбураецца і побач з якой, мабыць, дзеля таго, каб дабіць яе, пашырылі праезную частку. Гарадзенскі Стары замак таксама яшчэ можна лічыць месцам памяці. Арыентуючыся на апошнія прыклады гарадзенскай «рэстаўрацыйнай школы», можна выказаць здагадку, што падчас яго планавага рамонту адмыслоўцы затынкуюць сцяну крэпасці XIV ст., выкінуць польскую плітку з унутранага панадворка, памяняюць састарэлыя гарматы на больш сучасныя, паставяць шклопакеты і да т. п.

У апошні час архітэктурная спадчына разглядаецца як адзін з асноўных сродкаў для эканамічнага развіцця гарадоў. З прычыны суперніцтва між гарадамі асноўнай задачай гарадскога кіравання становіцца заахочванне стварэння фірм і прадпрыемстваў, а таму неабходнае паляпшэнне іміджу горада, што дасягаецца за кошт абнаўлення архітэктуры і інфраструктуры. Сёння адна з найбольш квітнеючых эканамічных галін — гэта правядзенне вольнага часу і культура, заснаваныя шмат у чым на турыстычнай эксплуатацыі архітэктурнай спадчыны. Гарадская гістарычная рэгенерацыя — гэта індустрыя, якая расце. Былыя прамысловыя гарады ператвараюцца ў архітэктурныя запаведнікі, і прыносяць грошай не менш, чым фабрыкі.

Гарадзенская ўлада пакуль усведамляе і рэалізуе толькі першы этап, звязаны са знешнім добраўпарадкаваннем. Думка пра тое, што ўмелае добраўпарадкаванне само па сабе здольнае прыносіць немалыя грошы, хоць і актыўна ў нас прапагандуецца, аднак дайшла яшчэ далёка не да ўсіх вертыкальшчыкаў і архітэктараў. І яшчэ больш далёкая ад іх думка аб тым, што наша адрэстаўстраваная і ўпарадкаваная спадчына для сваёй паспяховай камерцыйнай эксплуатацыі павінна адлюстроўваць і нашу спецыфічную ідэнтычнасць. Тады не будзе выглядаць дзіка нават кавярня «Масква» на вул. Э. Ажэшкі.

Спадчына і інтэрпрэтацыя

Інтэрпрэтацыя ў кантэксце Горадні — гэта тлумачэнне наведнікам і жыхарам горада значэння ўбачанага імі аб’екта гарадскога ландшафта або славутага месца так, каб яны правільна ацанілі свой вопыт сутыкнення з ім, лепш зразумелі спадчыну і яе асяродак, сфармавалі больш пазітыўнае стаўленне да захавання спадчыны.

Людзі павінны ўсвядоміць важнасць моманту іх знаходжання «тут» і падумаць над сутнасцю і значэннем інтэрпрэтаванага аб’екта. Гэта дапаможа ім адчуць сябе далучанымі да яго і дазволіць лепш запомніць час наведвання. Менавіта адкрыццё чагосьці цікавага, што раней было невядома шырокаму кругу турыстаў, дазваляе чалавеку атрымаць адукацыйную карысць ад вандроўкі ў мінулае, прымусіць яго на больш высокім узроўні падзяліцца са сваімі знаёмымі ўражаннямі аб падарожжы. Інтэрпрэтацыя дапамагае ўпарадкаваць перададзеную інфармацыю, дасягнуць мэты самым эфектыўным чынам, не стаміць наведвальніка.

Да асноўных метадаў музейнай інтэрпрэтацыі можна аднесці экскурсіі (тэатралізаваныя, гульнявыя і г. д.). Дадатковыя метады музейнай інтэрпрэтацыі — гэта: арыентацыя, «ажыўленне» экспазіцыі, лекцыі, канферэнцыі, семінары, круглыя сталы, публікацыі, тэлепраграмы, фільмы, рэканструкцыі, часовыя выставы. Немузейны спосаб інтэрпрэтацыі ўключае наступныя метады: гістарычныя рэканструкцыі, традыцыйныя святы, фэсты, кірмашы, мастацкія акцыі і г. д. Інтэрпрэтаваць можна ўсё: будынкі, прыродныя ландшафты, аспекты культурнага жыцця, цэлыя гарады або дробныя матэрыяльныя аб’екты, прадпрыемствы, гістарычныя падзеі, заняткі і да т. п.

«Будаўнічы матэрыял», з якога збіраецца «прадукт» спадчыны, уключае шырокую і разнастайную сумесь гістарычных падзей, персаналій, народных традыцый, міфалогіі, літаратурных асацыяцый і пакінутых архітэктурных артэфактаў, што знаходзяцца ў гарадах, якія ў сваю чаргу з чымсьці асацыююцца. Таму мінулае лепш усяго разглядаць у выглядзе крыніцы разнастайных магчымасцяў толькі вельмі невялікая частка якіх можа быць утылізаваная пад выглядам нашай спадчыны.

Інтэрпрэтацыя — гэта не рэсурс, а літаральна сам прадукт. Інтэрпрэтацыя выклікае серыю свядомых выбараў, у выніку якіх вытворныя ад гісторыі прадукты павінны быць зробленыя альбо наадварот не павінны з’явіцца. І, як на ўсіх паспяховых прадпрыемствах, гэта пытанне хутчэй попыту, чым прапановы.

harodnia_8 (46K)
Алесь Пушкін малюе Горадню.

Мэтавая група гарадзенскай спадчыны, што канструюецца ўладай, — гэта тыповыя Homo Soveticus. Аднак яны наўрад ці змогуць прынесці ў гарадскі бюджэт турысцкія грошы. Выглядае, што стратэгія інтэрпрэтацыі гарадской культурнай спадчыны ва ўлады адсутнічае. У горадзе, які пазіцыянуе сябе як Горад-Музей і які быццам «імкнецца» прыцягнуць турыстаў, дагэтуль няма ніводнага турысцкага паказніка…

Урэшце, ёсць такія паняткі, як менеджмент і прад’юсаванне. Я заяўляю, што ўсю нашую спадчыну можна сканструяваць (а затым «спрадюсіраваць» і выгадна «прадаць» турыстам) менавіта так, як нам хочацца, практычна незалежна ад рэальна наяўных артэфактаў. Гэта не значыць, што можна прабачыць уладам масавае знішчэнне апошніх і тым больш дазволіць працягваць гэты працэс. Гэта значыць, галоўным чынам, што камень, бетон і жалеза, з якіх складаецца горад, — не галоўнае ў гісторыі, не галоўнае для сучасных жыхароў горада. То бок, справа не столькі ў абавязковым захаванні ўсяго старога, а таксама ў стварэнні «легенды горада», якая базуецца на ўсім тым матэрыяльным, што ў нас яшчэ ёсць.

Горадня — гэта не сярэднявечны горад накшталт Кракава. Лікам сваіх помнікаў ён аб’ектыўна прайграе Вільні, Варшаве, Рызе і Таліну. І ўсё ж можна было б ствараць інтэрпрэтацыйныя мадэлі, скіраваныя на прыцягненне ў Горадню турыстаў не толькі з усяе Беларусі, але і з Польшчы, з Літвы, а таксама з большай часткі Расіі. Я зусім не сцвярджаю, што ў дачыненні да гарадзенскай гістарычна-культурнай спадчыны не ўжываецца ніякіх методык інтэрпрэтацыі. Наадварот, у апошні час дзейнасць інтэрпрэтатараў прыкметна актывізавалася. Прычым займаюцца ёй у асноўным дасведчаныя людзі, якія любяць свой горад. Ёсць і ад дзяржавы падтрымка. Праводзіцца Фэст нацыянальных культур (як праводзіцца, гэта ўжо іншае пытанне), выдаюцца кніжкі, нават расцяжку павесілі «Гродна — горад-музей». Гэтай расцяжкай улада працуе супраць сябе, бо дзякуючы ёй шматлікія досыць адарваныя ад гісторыі людзі ўсё жа ўсвядомілі, што горад сапраўды ўнікальны. А потым яны бачаць, як абыходзяцца з музейнай каштоўнасцю.

І ўсё ж тое, што робіцца ў горадзе па яго інтэрпрэтацыі, — гэта толькі невялікая частка таго, што неабходна рабіць. Намаганнямі адных толькі энтузіястаў у такой справе не абыйдзешся. Неабходны ў першую чаргу арганізацыйны пачатак. На добры лад пры гарадзенскім гарвыканкаме (а можа, пры універсітэце ці пры гістарычным музеі) павінен быць створаны інтэрпрэтацыйны цэнтр. Сярод яго супрацоўнікаў павінны быць прафесійныя архітэктары (у тым ліку галоўны архітэктар), гісторыкі, калі хочаце, ідэолагі, дызайнеры і г. д. З аднаго боку, ён будзе выконваць функцыі турысцка-інфармацыйнага цэнтра, з іншага боку, на сур’ёзнай навуковай аснове будзе распрацоўваць (выкарыстоўваючы перадавыя метадычныя дасягненні ў гэтым кірунку) стратэгію інтэрпрэтацыі гарадзенскай спадчыны. Яны ж праводзілі б каардынацыю высілкаў па добраўпарадкаванні горада. Цэнтр павінен будзе вырашаць праблемы, якія яшчэ ўчора падаваліся толькі абстрактнымі, а сёння ўжо стаяць перад намі — у тым ліку праблему канфлікту ідэнтычнасцяў, праблему існавання горада ва ўмовах глабалізацыі і да т. п. У існаванні такога цэнтра ўлада мае непасрэдную эканамічную зацікаўленасць, бо ён будзе стымуляваць рост турысцкіх струменяў. Акрамя таго, яго дзейнасць павінна будзе нарэшце ўпэўніць жыхароў горада (і ўсіх наступных мэраў і старшынь аблвыканкаму) у тым, што яны павінны ганарыцца сваёй спадчынай, захоўваць яе і папулярызаваць.

Высновы

Галоўная выснова песімістычная. Грамадзянская супольнасць надта позна пачала ўсведамляць значэнне гэтай праблемы, а дзяржаўная машына разагналася настолькі моцна, што спыніць яе ў бліжэйшы час не ўдасца. Таксама нельга выхаваць усіх гарадзенцаў у духу праўдзівага патрыятызму і любові да свайго горада і сваёй уласнай гісторыі.

Суцешыцца можна тым, што якая б рэканструкцыя ні працягвалася, наша спадчына ўсё роўна застанецца з намі. Яна практычна невынішчальная. Ды і рух у абарону горада ўсё больш набірае сілу.

Найлепшым выхадам са становішча стаў бы пачатак рэальнага дыялогу паміж уладай і грамадствам. Гэта ніколі не позна.

Каралеўскае места Горадня яшчэ шмат стагоддзяў будзе супрацьстаяць часу. І яно пераможа!

harodnia_9 (45K)

У рубрыцы «Горадня пад ударам» выкарыстаныя здымкі Яна Лялевіча.

  ³ Станет ли город королей городом клерков? // harodnia.com.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 9 (60) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/10/25