A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (60) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
||||||||||||||||||||||||||||
Андрэй Вашкевіч | |||||||||||||||||||||||||||||
Андрэй Вашкевіч
Падмуркі чакаюць свайго часу Што страціла Горадня ў ХХІ стагоддзіПершае пытанне, на якое, думаю, трэба яшчэ раз адказаць чытачу, які не жыве ў Горадні, — гэта «Ці сапраўды так шмат руйнуецца ў горадзе над Нёманам?». Адказваць на яго не вельмі хочацца, занадта часта апошнімі месяцамі даводзіцца гаварыць менавіта пра гэта, ды і падрабязны пералік усёй знішчанай гістарычна-культурнай спадчыны нашага горада заняў бы ў часопісе не адну старонку. Аднак адказваць трэба, найперш таму, што нярэдка даводзіцца чуць словы кшталту: «Ці ж не хітрыкі гэта беларускай апазіцыі, якая ад няма чаго рабіць узялася «ахоўваць» гістарычную спадчыну?»Сам я ацэньваю падобныя выказванні як звычайнае чалавечае самазаспакаенне, і на пытанне адказваю — безумоўна ТАК. Горадня імклівымі тэмпамі губляе перспектыву (якая быццам з’явілася гадоў пятнаццаць таму) быць па-сапраўднаму навукова адрэстаўраванай і вернутай да свайго гістарычнага аблічча. На першы погляд, прычыненыя Горадні ў апошнія два гады страты не такія вялікія і не незваротныя (хіба за выключэннем назаўсёды страчанага культурнага слою на Савецкай плошчы і ў іншых месцах гістарычнага цэнтра). Але гэта толькі на першы погляд. За апошнія тры гады Горадня страціла некалькі дзесяткаў дамоў пабудовы XVIII — пачатку ХХ стст. Маркса, Урыцкага, завулак Віленскі, Віленская, Вялікая Траецкая, 11 ліпеня, Акадэмічная, Чырвонаармейская, Багдановіча, 1 мая — няпоўны пералік вуліц, якія зазналі за гэты час страты. Перасталі існаваць цэлыя два кварталы гістарычнай забудовы — гэтак званая «Залатая горка» па вуліцы Горкага і некалькі цагляных дамоў па вуліцы Парахавой. Поўнасцю знікла жылая забудова на вуліцах Заводская і Старазамкавая.
Лета 2006 г. цалкам змяніла плошчу. Яе традыцыйная планіроўка была зруйнаваная. Агромністую па памерах (да яе далучылі прастору двух высечаных сквераў) плошчу фактычна «прыклеілі» да пальчаткавай фабрыкі, парушыўшы яе радыяльную структуру з выхадамі на яе ўсіх галоўных вуліцаў горада, характэрную для большасці вялікіх еўрапейскіх гарадоў. Плошча пераўтварылася ў працяг так званага гарадзенскага Арбата (такі «маскоўскі» тэрмін надта ўпадабалі гарадзенскія чыноўнікі і газетчыкі). Археалагічныя раскопкі, што праводзіліся на Савецкай плошчы ў 2005—2006 гг., ахапілі ў найлепшым разе 5 % ад усёй плошчы, на якой ладзіліся земляныя работы. Рэшту выкапалі экскаватарамі, зямлю вывезлі на схілы Гараднічанкі і Замкавай гары. Тое, што было параскідана вакол ямаў і па вялікім разліку ўжо не ўяўляла ніякай навуковай каштоўнасці, падбірала моладзь. Вучням гістарычна-краязнаўчага гуртка ліцэя № 1 пад кіраўніцтвам А. П. Госцева ўдалося стварыць з сабраных на месцы земляных работ знаходак цэлую экспазіцыю школьнага музею. Да прыкладу, гэта цэлая калекцыя кафлі XVII—XVIII ст., вялікая колькасць гліняных цацак, касцяныя пласціны з салярнымі знакамі… У актыве экскаватаршчыкаў меч, рэшткі кнігаў Торы, сярэднявечныя фібулы. Толькі маленечкую частку гэтых знаходак кожны ахвотнік можа ўбачыць на сайце www.harodnia.com.
У гэтым, 2007-м годзе, Горадні споўнілася 880 гадоў, толькі выставаў падобнага кшталту не было. Спадчына продкаў з Рынкавай плошчы старой Горадні накіравалася ў самазвалах на вечны спачын на сметнікі. Гэта ўжо мінулае. Цяпер колькі словаў аб перспектывы. Пра тое, чым небяспечная для гістарычнага цэнтра запланаваная рэканструкцыя Старога моста, гаварылася ўжо шмат, праект рэканструкцыі Каложы трымаецца ў такой строгай таямніцы, быццам гэта ваенны стратэгічны аб’ект. Звярну ўвагу толькі на адзін сюжэт. На паседжанні навукова-метадычнай рады 19 красавіка 2007 г. быў агучаны праект рэканструкцыі раёна паміж вуліцамі Міцкевіча, 17 верасня, Дзяржынскага, Астроўскага, Горкага. Гэты раён, вядомы як Новы свет, канчаткова сфармаваўся перад Другой усясветнай вайной і ўяўляе з сябе мяшаную цагляна-драўляную адна-, двухпавярховую забудову. Будынкі Новага свету розныя па сваёй каштоўнасці, ад унікальных прыкладаў канструктывізму, мадэрну, неабарока да простых хатак, аднак няма сумневу, што галоўная каштоўнасць раёну — яго цэльнасць, неразрыўнасць, знітаванасць з усім астатнім гістарычным цэнтрам, магчымасць для турыста ўехаць у старую Горадню з самых яе ваколіцаў.
— Калі вас знясуць? — пытае міліцыянт у галоўнага героя. — Ды праз месяц абяцаюць, — адказвае той. Вёска Дзевятоўка, дзе здымалі фільм, акружаная з усіх бакоў шматпавярховікамі, стаіць да сённяшняга дня. У тым разе, калі праект зносу Новага свету, вуліц Віленскай, Цаглянай, Чкалава, Асіпенкі, Мядовай і іншых будзе рэалізаваны, гістарычны цэнтр Горадні, як шчыгрынавая скура, сціснецца да памераў некалькіх забудаваных цаглянымі дамамі вуліцаў у ваколіцах галоўнай плошчы. А раз і гэтая забудова з часам, так бы мовіць, «по мере физического обветшания зданий», будзе паступова замяняцца сучаснымі новаробамі, то гістарычны цэнтр Горадні праз якія дзесяць гадоў канчаткова пераўтворыцца ў гіпертрафаванае Траецкае прадмесце.
Колькі словаў пра грошыКалі задаеш сабе пытанне «Чаму Горадня ўсё ж такі руйнуецца?», адразу паўстае другое пытанне — «Каму гэта выгадна?». А калі згадваеш пра выгаду, адразу думаеш пра грошы.Краіну, дакладней кажучы, яе кіраўніцтва, даўно ахапіў турыстычны свёрб. Недзе нехта пачуў, што польскі Кракаў ці чэскую Прагу наведваюць штогод па 3 мільёны турыстаў і нават болей. І ўсё чынавенства пачынае думаць, што калі выдаць пару загадаў, надрукаваць тры паштоўкі з выглядам новай Савецкай плошчы і зрабіць кубкі з выявамі горада, то ў Горадню бесперапыннай плынню пацякуць турысты з усяго свету. Дык вось, нават сярод бедных на наведванне турыстамі іншых гарадоў і мясцін Беларусі Горадня стаіць бадай што на самым апошнім месцы. Стандартны кантынгент турыстаў Беларусі — гэта школьнікі, якія падчас канікул наведваюць розныя мясціны краіны. У дадатак розныя прафсаюзныя экскурсіі і г. д. І калі падчас канікул у Міры ці Полацку за дзень спыняецца 30, а то і 40 аўтобусаў са школьнікамі, то ў Горадні максімум 10—12. І гэта размова ідзе пра горад з адзіным (падкрэслім, адзіным) больш-менш захаваным да сёння гістарычным гарадскім цэнтрам у нашай краіне!
Ніякага акрэсленага плана развіцця турызму ў горадзе няма. Ды яго, уласна кажучы, і быць не можа, бо калі адміністрацыйным шляхам яшчэ можна запусціць заводы і нейкі час прымусіць іх працаваць, то адкрыць дзесяць-дваццаць гасцініц на 5—10 нумароў кожную, адкрыць дзесяткі кафэ, рэстаранаў, сталовак і бараў для людзей з рознымі плацежнымі здольнасцямі і выпусціць тоны сувенірнай прадукцыі можа толькі прыватнік. Гарадзенскі ж прыватнік або стаіць на рынку, або цягае спірт і цыгарэты ў Польшчу. Самае галоўнае, што характарызуе ўсю цяперашнюю рэканструкцыю Горадні, гэта поўная адсутнасць перспектыўнай яе ідэі. Ніхто не плануе праектаў, якія дадуць прыбытак нават праз чатыры-пяць гадоў. Тоны пліткі, пяску, бетону, тынкоўкі — тое, за што будзе заплачана ўжо заўтра. Прапісанае ў генеральным плане Горадні вызваленне цэнтральных вуліц і Савецкай плошчы ад транспарту адсунута рэканструкцыяй плошчы на 20 гадоў (слаўнае «часовае вырашэнне» як на адно жыццё). Расходы ж на ўсе гэтыя «часовыя вырашэнні», мякка кажучы, немалыя. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у 2006 г. на добраўпарадкаванне Горадні было выдаткавана 160 мільярдаў рублёў, у гэтым годзе плануецца выдаткаваць не менш (Гродзенская праўда. 2007. 25 ліпеня). Сума агромністая, яе хапіла б на пабудову чацвёртага моста праз Нёман у раёне чыгуначнага моста і пабудову транспартнага кола ў абыход гістарычнага цэнтра Горадні (акурат у суму больш за 300 млрд. руб. ацаніў усе гэтыя працы галоўны архітэктар гарадзенскага «Грамадзянпраекта» Ул. Дзяшко на сустрэчы ў мінархітэктуры 3 красавіка 2007 г., хоць спецыялісты БелНДІ «Горадабудаўніцтва» назвалі такую суму, мякка кажучы, завышанай). Мы ж маем сёння магчымасць сузіраць усе гэтыя мільярды ў выглядзе роўных шэрагаў пліткі на Савецкай плошчы і гранітных ходнікаў на Савецкай вуліцы.
Знішчэнне археалагічных слаёў, высяканне дрэваў, рэканструкцыя Старога моста, што прывядзе да замацавання транспартных плыняў на вузкіх вулках старога горада… Гэта далёка не ўсё. Адзін з найбольш важных момантаў, пра які ўжо пісалася вышэй, — знішчэнне забудовы горада XVIII — пачатку XX стст. Самы важны тут сюжэт — рэканструкцыя старых дамоў «па-гарадзенску», г. зн. поўны знос старога будынка (паводле архітэктурнай тэрміналогіі — «разборка») і пабудова на яго месцы новага дома. Фінансавы матыў справы ляжыць на далоні. Пры ўмове, калі інвестар выкупае (а дакладней бярэ ў арэнду на 99 гадоў) помнік архітэктуры (паводле цяперашняга заканадаўства — «каштоўнасць»), ён павінен захаваць вонкавы выгляд будынка і яго аўтэнтычнасць, павярховасць, унутраную планіроўку і большасць дэталяў (коўку, сталярку, печкі, ляпніну і інш.). Ды і ў перспектыве давядзецца браць на сябе ахоўныя абавязанні. Усё гэта, вядома ж, значна зніжае вартасць будынка ў вачах інвестара, бо падняць будынак «з нуля» каштуе часта шмат танней, чым яго навукова рэстаўраваць. Пасля ж рэканструкцыі «па-гарадзенску» ўсе гэтыя абавязкі здымаюцца. Інвестар можа рабіць усё, што захоча. Напрыклад, дабудаваць пару-тройку дадатковых паверхаў. Дарэчы, манія павелічэння колькасці паверхаў і любоў да псеўдаэклектыкі, мабыць, хутка стануць бічом не толькі Горадні. Чалавеку з элементарнай горадабудаўнічай адукацыяй добра вядома, што паміж двума трохпавярховікамі найлепш глядзіцца адна- ці двухпавярховы дом, а паміж двума дамамі ў стылі эклектыкі выдатна глядзіцца дом (можа быць, вонкава і больш сціплы) у стылі канструктывізм. Ведаюць гэта ўсе, адно толькі не гарадзенскія архітэктары, для якіх найбольшую ролю маюць гандлёвыя плошчы для інвестараў. Мала таго, бачачы дом, пабудаваны ў пачатку ХХ ст. у «цагляным стылі», яны думаюць, што ў тагачасных будаўнікоў проста не хапіла сродкаў, каб яго атынкаваць. Так гэтым летам атынкавалі цудоўны цагляны неагатычны будынак па праспекце Касманаўтаў, які ўвогуле не тынкавалі да гэтага ніколі.
Зразумела, што гэтакі гандаль будаўнічымі пляцоўкамі не мае нічога агульнага з захаваннем архітэктурнай спадчыны. І гэта пры тым, што ў цэнтры горада дасюль вельмі шмат незабудаваных лакунаў, якія пакінулі мінулыя войны (па вуліцах Карла Маркса, Леніна і г. д.). Архітэктары і прадстаўнікі інстанцый па ахове спадчыны замест таго, каб стаяць за кожны дом, падводзяць пад іх знішчэнне ідэалагічны падмурак:
Бедняки для восстановления своих жилищ собирали стройматериалы на пожарищах. Можно себе представить в каком состоянии они сейчас (Советская Белоруссия. 2007. 11 мая). Застройка квартала, сформированная буквально за два десятка лет, на выдающуюся архитектуру не тянет. Тогда ведь зачастую использовали бывший в употреблении кирпич… Да и архитектурные приёмы одни и те же (Вечерний Гродно. 2007. 16 мая).
Іначай як пляўком у твар продкам гэтыя словы не назавеш. Перад пажарам 1885 г. у Горадні ў найлепшым разе адзін дом на вуліцу быў каменны, усе астатнія фахверкавыя, драўляныя. Як з парэшткаў аднаго дома можна было пакрыць камяніцамі цэлыя вуліцы!? Гарадзенцы адбудоўвалі Горадню пры дапамозе ўсяго свету, грошы на горад збіралі Эліза Ажэшка і Антон Чэхаў, і паднялі яго за нейкія 10—15 гадоў. А нам малююць карціну бедакоў, якія капаюцца ў папялішчах, выбіраючы цаглінку на маленькую халупку. Праблема, вядома ж, існуе, у некаторых дамох трэснулі сцены ці падмуркі, але ўвага! Увесь гістарычны цэнтр Горадні — гэта ўсяго каля 900 будынкаў (з іх максімум 50 пабудавана да 1885 г.). У Празе, для параўнання, 30 000. Кожны нават самы звычайны стары будынак трэба ратаваць усімі магчымымі сродкамі. Тое, што можа дазволіць сабе зруйнаваць Прага, не можа дазволіць сабе зруйнаваць Горадня. Рашэнне аб зносе таго ці іншага будынка павінна прымацца толькі ў самым выключным выпадку, калі разгледжаныя ўсе варыянты для яго выратавання, а не пераўтварацца ў тэндэнцыю. У адваротным выпадку ўсёй краінай і ўсім горадам трэба вырашаць, што мы хочам у выніку мець — Горадню — галоўны турыстычны цэнтр Беларусі, ці проста гуляць паміж крэмавага колеру новаробаў, не баючыся, што шпількі вашай сяброўкі засядуць паміж камянямі старога бруку, бо ж усё акуратна выкладзена бетоннай пліткай. Чатыры гады таму я ўпершыню трапіў у Вільню. Паміж усяго прыгожага мяне непрыемна ўразілі цэлыя кварталы закінутых дамоў на Зарэччы, сапраўдных бамжатнікаў, заваленых смеццем і распісаных графіці. Ніхто тых дамоў не руйнаваў, хоць, думаю, інвестары для пабудовы там нечага новенькага лёгка знайшліся б. Апынуўшыся ізноў у Вільні ў красавіку гэтага году, я зразумеў логіку кіраўніцтва горада. Бамжатнікі стаялі, але іх стала намнога менш. Горад багацее, і інвестары вымушаныя выдаткоўваць сродкі на навуковую рэстаўрацыю дамоў. Гэта даражэй, так — але менавіта ў Вільню ракою цякуць турысты, а не ў Горадню.
Прыклады добрай рэстаўрацыі ёсць — адзінкавыя. Напрыклад, рэстаран «Стары лямус» у лямусе часоў Тызенгаўза па вул. Дзяржынскага. Лямус гэты гарэў і гадоў пяць прастаяў нікому непатрэбны, падумвалі яго нават знесці, але знайшоўся добры прыватны інвестар. Іншыя прыклады больш сумныя. Скажам, дом па вуліцы Найдуса, 1. На працягу апошняга дзесцігоддзя на рэканструкцыю гэтага дома (дарэчы, менавіта ў ім жыў знакаміты габрэйскі паэт Л. Найдус), паводле звестак гісторыка архітэктуры І. Трусава, было патрачана каля 200 тыс. даляраў. Грошы аказаліся марна выкінутымі ў паветра, летам 2007-га даўгабуд быў цалкам знесены, цяпер на ягоным месцы фірма АВС будуе свой офіс з рэстаранам. Цешу сябе надзеяй, што будынак упішацца ў агульную забудову вуліцы.
Грамадская актыўнасцьНа працягу 2005 і 2006 гг. справа абароны гістарычнага цэнтра горада была заняткам выключна некалькіх гарадзенскіх гісторыкаў і проста неабыякавых грамадзян. Апазіцыя, занятая вырашэннем глабальных палітычных праблем, раскачвалася вельмі доўга, хоць менавіта тады, калі падчас будоўлі на Савецкай плошчы адкрыта парушалася заканадаўства аб ахове гістарычнай спадчыны, грамадскі пратэст мог зрабіць надзвычай шмат. Што ж, мабыць, сапраўды яшчэ быў не час. Да актыўнага змагання за гістарычную спадчыну горада гарадзенская грамадскасць даспела ажно праз год. На жаль, вясной 2006-га здольнымі да такога ўчынку аказаліся не сябры якой-небудзь палітычнай партыі і ў большасці нават не гарадзенцы. 18 красавіка 2006 г. некалькі хлопцаў і дзяўчат з таварыства «Этна» з мінскага універсітэту культуры скочылі навыперадкі экскаватару, які збіраўся капаць выхад з запланаванага на Савецкай плошчы падземнага перахода і тым самым знішчыць ледзь не чвэрць усіх падмуркаў палацу Радзівілаў. Падаспелае гарадское начальства патлумачыла сваю памылку тым, што быццам не ведала, дзе знаходзяцца падмуркі, хоць насамрэч у архітэтараў былі выдатныя планы з усімі будынкамі, якія стаялі на плошчы з сярэдзіны ХІХ ст., і месцазнаходжанне падмуркаў можна было вылічыць з дакладнасцю да 50 сантыметраў, што, уласна, папярэдне зрабілі менчукі разам з гарадзенцамі. У выніку выхад з перахода быў зроблены толькі ў адным напрамку, падмуркі палаца, амаль некранутыя, чакаюць свайго часу. Толькі часу на што, канчатковае знішчэнне ці адбудову?
Думаю, пакуль няма сэнсу расказваць аб усім гэтым надта падрабязна, хочацца сцвердзіць адно — механізм аховы гістарычнай спадчыны ў краіне фактычна не працуе. Парадаксальна гэта яшчэ і таму, што Беларусь падпісала бадай усе еўрапейскія і сусветныя дакументы па ахове гістарычна-культурнай спадчыны. Фармальна гістарычны цэнтр Горадні абаронены выдатна, ён асобным пунктам унесены ў спіс каштоўнасцяў (гэтае рашэнне прыняў Савет Міністраў БССР яшчэ ў 1988 г.), існуе складзеная і прынятая ахоўная археалагічная зона гістарычнага цэнтра, якой, дарэчы, ніхто не адмяняў. Дык калі казаць пра археалогію, то бадай ва ўсім цэнтры горада пра руйнаванне якога вядзецца цяпер размова, будаўнічыя працы павінны ладзіцца пасля двух-трох гадоў археалагічных раскопак, калі літаральна кожны камяк зямлі будзе перацёрты чалавечымі рукамі. Як гэта робіцца ў Празе ці Кракаве. Гэта закон, кожны, хто робіць іначай, павінен стаць перад судом. На практыцы ж замест таго, каб арганізоўваць доўгія ў часе і фінансава вельмі затратныя археалагічныя раскопкі, інвестару куды прасцей спачатку выкапаць яму, а потым заплаціць за яе 4—5 няшчасных мільёнаў штрафу ці дамовіцца з археолагам аб афармленні археалагічнага нагляду заднім чыслом. Тое самае можна сказаць і пра славуты прынцып выратавання гістарычных будынкаў шляхам унясення іх у спіс помнікаў. Фармальна працэдура выглядае так — кожны грамадзянін ці ўстанова, сабраўшы адпаведны пакет дакументаў, можа падаць іх у дэпартамент па ахове помнікаў, і той прыме рашэнне пра ўнясенне будынка ў спіс каштоўнасцяў. Аднак спроба стварыць такі прэцэдэнт у Горадні шляхам унясення ў спіс будынка па вуліцы Горкага, 29, вядомага як «Гарачы хлеб», правалілася. Ужо быў сабраны і пададзены ў дэпартамент увесь пакет дакументаў на ўнясенне гэтага будынка ў спіс. Збіраліся дадаткова подпісы грамадзян (ужо было іх каля 600), мы ўсе спакойна чакалі навукова-метадычнай рады, якая павінна была прыняць канчатковае рашэнне. І тут, быццам з неба спала, паведамленне з Мінска — «Заўтра «Гарачы хлеб» знясуць». Актывістам абароны Горадні не заставалася нічога, як ноччу наклеіць копіі ўсіх сабраных дакументаў на вітрыны будынка, дарэчы, нават ідучы на працу, гарадзенцы спыняліся і ставілі свае подпісы на гэтыя наклееныя на шкле паперкі. Ранкам 6 кастрычніка 2006 г. будынак перастаў існаваць. Гаспадзін Ігар Чарняўскі заднім чыслом паведаміў, што будынак не ўяўляў гістарычнай вартасці, хоць папярэдне менавіта ён пераконваў, што Рада павінна вырашыць пытанне станоўча. Нічога не змагла зрабіць нават дэпутат парламента Ганна Бурава, якая, аднак, пасля ўсяго патэлефанавала і выказала сваё шчырае спачуванне ў гэтай справе. Дзякуй ёй прынамсі за гэта. Ды і, канец канцоў, які сэнс уносіць будынак у спіс помнікаў, калі навукова-метадычная рада можа лёгка прыняць рашэнне разбурыць (даруйце, «разабраць», не, лепш сказаць «рэканструяваць») будынак другой, першай ці нават нулявой катэгорыі? Хоць бы нават і тую самую Каложу. Сумна і неверагодна, але, тым не менш, факт. Дарэчы не варта, скажам, магілёўцам, гаварыць аб тым, што яны не дазволяць зрабіць так, як гэта адбылося ў Горадні. Для гарадзенцаў гэта крыўдна. Ніхто з магілёўскіх гісторыкаў і студэнтаў у Горадні не быў (віцябляне, мінчукі, берасцейцы былі) і не ведае мясцовай сітуацыі. У Магілёве ніводнага з тых, хто абараняе свой горад, не забіралі ў пастарунак і не судзілі паводле артыкула «несанкцыяваны мітынг». У Магілёве нават блізка няма таго будаўнічага лобі, якое існуе ў Горадні. Нягледзячы ні на што, гарадзенцы любяць свой горад. Самому даводзілася бачыць, як на наступны дзень пасля таго, як этнаўцам удалося абараніць падмуркі палаца Радзівілаў, немалады экскаватаршчык убачыў у зямлі нейкі чарапок і, выскачыўшы з машыны, панёс яго нам, трымаючы дрыготкімі рукамі. Кіравала ім найперш павага да моладзі, якая так шмат ведае і якая перад усімі гэтымі начальнікамі змагла абараніць сваё права. З іншага боку, афіцыйныя структуры, адвыклыя ад неабходнасці радзіцца з грамадскасцю (а лепш сказаць, ніколі гэтай неабходнасці не меўшыя), прадэманстравалі поўную няздольнасць да пошуку якога-небудзь кампрамісу. Замест гэтага яны арганізавалі некалькі псеўдаграмадскіх мерапрыемстваў, удзельнікі якіх павінны былі гучна заявіць пра ухваленне рэканструкцыі гараджанамі. Гэта найперш так званы «круглы стол» у гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы і сход савету грамадскіх арганізацый Гарадзеншчыны, што адбыліся ў сёлетнім чэрвені. Першае мерапрыемства скончылася скандалам, бо на яго не пусцілі шэраг гарадзенскіх журналістаў і гісторыкаў і ў дадатак выклікалі на іх міліцыю. Да ўсяго амаль ніхто з дапушчаных да ўдзелу ў круглым стале асоб (пераважна гісторыкаў, што працуюць у ГрДзУ) не выказаўся пра рэканструкцыю ў выключна станоўчым сэнсе. Нават самыя радасна-аптымістычныя выступы заканчваліся шэрагам бясконцых пажаданняў для гарадскіх улад не рабіць гэтага, гэтага і гэтага… У паседжанні савету грамадскіх арганізацый удзельнічалі прадстаўнікі ад ГА «Белая Русь», БРСМ, КПБ, Савету жанчын, адным словам, тых структур, якія функцыянуюць за кошт адміністрацыйнага рэсурсу. Гэтае мерапрыемства, як і папярэдняе, скончылася таксама нічым. Толькі жаночая арганізацыя ў «Гродненской правде» ад імя ўсіх жанчын Гарадзеншчыны асудзіла
А. Милинкевича и его сподвижников, развернутые в отношении процесса реконструкции областного центра, и считают, что они направлены на подрыв стабильности в обществе.
У сваю чаргу афіцыйныя СМІ кідала, як той казаў, «то ў жар, то ў холад». Учора «Советская Белоруссия» друкуе крытычны матэрыял «Асфальт патрабуе ахвяраў», сёння ўсхваляе рэканструкцыю ў інтэрв’ю з гарадскім начальствам, заўтра выдае артыкул, дзе журналіст пралівае слёзы над павырыванымі бардзюрамі з подпісам гарадзенскага магістрата. Тое самае і на тэлебачанні: у адных рэпартажах Горадню гераічна абараняюць гісторыкі, у другіх яе не менш гераічна рэканструююць улады. Тлумачыцца такое з’явішча не толькі пагоняй газетчыкаў за сенсацыйнымі рэпартажамі, але і патрыятычнай пазіцыяй вельмі многіх журналістаў у тым ліку і з афіцыйных газет, якія ў дасканаласці авалодалі эзопавай мовай. Дзякуй вам усім агромністы, хлопцы і дзяўчаты з «Нашай Нівы», «Камсамолкі», «Труда-7», «Літаратуры і Мастацтва», не забывайцеся пра Горадню і надалей.
Які ж можна падвесці прамежкавы вынік? Вінікі абароны гістарычнага цэнтра горада знікомыя. Вытрымаўшы трохмесячную паўзу, улады прыступілі да руйнавання ўсяго таго, што планавалі. Ужо знесены флігель палаца віцэ-адміністратара 1770-х гг. пабудовы, усё ж такі будуць знесеныя камяніцы па вуліцы Урыцкага. Арганізаваная «рэканструкцыя» вуліцы Савецкай, з якой, насуперак ранейшым абяцанкам, выкінутыя больш сарака бардзюрынаў з надпісам «Magistrat miasta Grodna». Ёсць усе падставы баяцца таго, што ў перспектыве будзе знішчаная брукавая плітка 1938—1939 гг. вытворчасці на вуліцах Савецкай і Ажэшкі. Працягваецца паўсюднае знішчэнне зялёных насаджэнняў.
У гэтым годзе работы ў горадзе ладзіліся ўжо не з такім размахам, як у мінулым. Напрыклад, выразна замарудзіліся тэмпы падрыхтоўкі да закрыцця гарадзенскага Старога моста. Калі ў першапачатковых рэляцыях гэта планавалі зрабіць ужо ў маі, то цяпер перанеслі на верасень, але, гледзячы па ўсім, мост так і не будзе закрыты як мінімум да наступнай вясны. Працы навокал моста вядуцца вельмі млява, хоць прэса паведаміла, што ў Расіі ўжо закупленыя 250 тон сталі для новых маставых канструкцый. Таму зусім нельга выключаць, што чарговы раз выратаванне Горадні прынясуць аб’ектыўныя фактары, звязаныя з пагаршэннем эканамічнага становішча. Вялікую вагу таксама мае тут і перспектыва сур’ёзных кадравых перастановак у эшалонах улады на Гарадзеншчыне. Але, безумоўна, самым галоўным станоўчым вынікам барацьбы супраць разбурэння Горадні стала рэзкая актывізацыя культурнага і грамадскага жыцця горада. Аб праблеме Горадні ведаюць і беларусы, і людзі з па-за межаў краіны. У перапоўненых залах на спякоце адбыліся канцэрты Шалкевіча, Камоцкай, Памідорава, Вольскага (прысутнічала па 250—400 чалавек), у выключнай атмасферы прайшоў пленэр беларускіх і польскіх мастакоў, які завершыўся перформансам Алеся Пушкіна, некалькі дзён упрыгожваў гарадскі пляж велізарны Хрыстос з пяску, зроблены Генікам Лойкам і ягонымі сябрамі. Кожны месяц за захаванне нашага горада разам моляцца пратэстанты, каталікі і ўніяты.
Усё толькі пачынаецца, нягледзячы ні на што,
Адказы спраўды ёсць, трэба толькі мець сілу, волю і перакананасць у іх рэалізацыі.
Пры напісанні эсэ былі выкарыстаныя матэрыялы з сайта www.harodnia.com, выданняў «Горад святога Губерта» (выпускі 2 і 3), газет «Наша Слова», «Советская Белоруссия», «Літаратура і Мастацтва», «Комсомольская правда», «Труд-7», «Культура», «Перспектыва», «Гродзенская праўда», «Вечерний Гродно», «Наша Ніва», «Дзень», «Товарищ», «Турызм і адпачынак».
Жнівень 2007 г.
|
гісторык, краязнаўца, сталы аўтар «ARCHE», адзін з аўтараў альтэрнатыўнага ўладкаваньня транспартных плыняў у гістарычным цэнтры Горадні. Ягоная апошняя кніга выйшла ў леташнім сьнежні ў выдавецтве Зьмiтра Коласа пад назвай «Памiж Ласоснай i Чорнай Ганчай: Гiсторыя каталiцкiх парафiй у паўднёва-ўсходняй частцы Аўгустоўскай пушчы» (суаўтар Дзянiс Нарэль). |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (60) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |