A R C H E | П а ч а т а к | № 10 (61) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Алесь Анціпенка | ||||
Алесь Анціпенка
Эрозія сацыяльных кантрактаў як фактар палітычных пераменаў
Беларуска-расейская крыза зрушыла палітычную сытуацыю ў краіне зь мёртвага пункту. Яна прысьпешыла зьнікненьне з афіцыйнага дыскурсу раней прагалошанай мэты — стварэньня адзінай саюзнай дзяржавы, якая паводле свайго функцыянальнага прызначэньня чымсьці нагадвала камуністычныя ідэалы ў СССР. І хоць незалежніцкая рыторыка часткова кампэнсавала страту гэтай стратэгічнай мэты, выбар геапалітычных арыентацый для сучаснага беларускага рэжыму, гэтак жа сама, як і для значнай колькасьці беларускага насельніцтва, застаецца адкрытым і надзвычай няпростым пытаньнем.
Што да ўнутрыпалітычнай сытуацыі, дык ідэалягема саюзнай дзяржавы ўсё ж (і ўжо) адыграла сваю пазытыўную ролю; бо дазваляла кантраляваць траўматычны сындром постсавецкай сьвядомасьці часткі беларусаў, для якіх развал СССР быў асабістай драмай. Гэткім чынам, выглядае на тое, што канец так званай беларуска-расейскай інтэграцыі азначае ў пэўным сэнсе і канец постсавецкай беларускай мэнтальнасьці ды разбурэньне адпаведнага ёй ідэалягічнага інструмэнтару, які цягам больш як дзесяці гадоў выкарыстоўваўся ўладамі ў якасьці рэальнага фактару ўплыву на электарат. Другой асновапалеглай структурай, якая ў выніку зьмены фармату беларуска-расейскіх стасункаў мае стацца аб’ектам эрозіі, зьяўляюцца сацыяльныя кантракты сёньняшняй улады з такімі групоўкамі, як наёмныя працаўнікі, пэнсіянэры, намэнклятура (вэртыкаль) і постсавецкая беларуская інтэлігенцыя. Нагадаю, што асноўнымі агульнымі пунктамі дзейных дагэтуль афіцыйных кантрактаў зьяўляюцца: а) рост дабрабыту, б) прызнаньне эфэктыўнасьці эканамічнай мадэлі і сыстэмы ўлады, што забясьпечваюць в) стабільнасьць у грамадзтве ды гарантуюць г) бясьпеку грамадзянам. Трываласьць любога сацыяльнага кантракту базуецца перадусім на тым, ці спраўджвае ўлада (і калі так, то ў якой ступені) чаканьні большасьці чальцоў тых ці іншых сацыяльных групаў, зь якімі яна мае кантракты. А таму выглядае цалкам натуральна, што да апошняга часу ў абмен на тое, што ўлада даволі пасьпяхова выконвала галоўны пункт кантракту (рост дабрабыту), маўклівая большасьць беларускага грамадзтва прызнавала эфэктыўнасьць улады ды створанай ёй эканамічнай мадэлі, што і складала аснову палітычнай стабільнасьці ў краіне. Адпаведна, апазыцыя мае найменей разьлічваць на посьпех у тых грамадзтвах і сярод тых кантрактараў, дзе назіраецца рост заработнай платы і пакупніцкай здольнасьці, а спажываньне матэрыяльных дабротаў зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю. А таму з названай прычыны ўплыў беларускай апазыцыі сярод асноўных кантрактараў сёньняшняга рэжыму быў неістотны, а спробы пашырыць сваю электаральную базу — марныя. Нагадаю, што 1996 год быў тым пунктам, калі сканструяваная эканамічная мадэль («танныя расейскія рэсурсы ў абмен на пацалункі») істотна зьмяніла сытуацыю, што на тле ранейшага дэфіцыту, талённай сыстэмы ды чэргаў успрымалася як сапраўдны эканамічны цуд. Падвышэньне цэнаў на энэрганосьбіты, відавочна, мае выявіць рэальную эфэктыўнасьць цудатворнай мадэлі ды адбіцца на галоўным пункце афіцыйнага сацыяльнага кантракту — росьце дабрабыту. Небясьпека тэндэнцыі палягае, аднак, ня так у пагаршэньні эканамічнага самапачуваньня ў некаторых кантрактных групоўках, як у падзеньні рэйтынгу А. Лукашэнкі. Бо, як паказваюць сацыялягічныя дасьледаваньні, існуюць жорсткія карэляцыі паміж ростам/падзеньнем/стагнацыяй заработнай платы і рэйтынгам электаральнай падтрымкі дзейнага прэзыдэнта. Жорсткасьць гэтай карэляцыі можна вытлумачыць як агульнай сацыяльна-папулісцкай скіраванасьцю палітыкі А. Лукашэнкі, так і «завязваньнем» ягонага асабістага палітычнага іміджу на рост рэальнага спажываньня і заработнай платы. Гэты фэномэн чымсьці нагадвае савецкі досьвед, калі ўсе эканамічныя зьдзяйсьненьні і посьпехі савецкія людзі «зьвязвалі зь ленінскім Цэнтральным Камітэтам і асабіста Леанідам Ільлічом Брэжневым». І ўсё ж было б памылкай лічыць, што новая палітычная сытуацыя ёсьць вынікам толькі зьмены мадэлі беларуска-расейскіх стасункаў ды росту коштаў на энэрганосьбіты. Як я ўжо адзначаў вышэй, яна таксама ёсьць вынікам нявызначанасьці новых геапалітычных арыентацый, пагрозы размываньня дзейных сацыяльных кантрактаў, некаторых зьменаў у афіцыйнай кіроўнай эліце ды пэўнага ўскладненьня (у пэрспэктыве — перафарматаваньня) каштоўнаснай структуры беларускага грамадзтва. Лішне казаць, што кіроўная эліта першай адчувае пагрозы як свайму карпарацыйнаму існаваньню, так і свайму асабістаму дабрабыту. І гэтыя пагрозы на сёньня ні ў якім разе не зьяўляюцца такімі, каб унутры яе скансалідавалася хоць якая групоўка, якая сфармавала б новую палітычную альтэрнатыву (у тым ліку і пэрсанальную) дзейнаму рэжыму. Гэта тым больш немагчыма, бо адным з пунктаў кантракту, што дзейнічае паміж А. Лукашэнкам і вэртыкальнай намэнклятурай, зьяўляецца асабісты дабрабыт і бясьпека ўзамен на дэманстрацыйную ляяльнасьць да кіраўніка краіны. У выніку частка ўладнай эліты валодае сёньня надзвычай істотнымі фінансавымі рэсурсамі, захаваньне і легалізацыя якіх ужо даўно зьяўляецца рэальнай патрэбай. (Пра памеры назапашаных фінансавых рэсурсаў можна, напрыклад, меркаваць з тых сумаў, якія афіцыйна фігуравалі ў справах Жураўковай і Рыбакова.) Гэтая патрэба вымагае і надалей вымагацьме выбудовы пэўных (у тым ліку і карпарацыйных) мадэляў палітычных паводзінаў — на той выпадак, калі ўлада ў краіне зьменіцца. Можна прагназаваць, што ўнутры кіроўнай эліты будзе ўзмацняцца барацьба на карысьць намэнклятурнай прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці. І такая форма прыватызацыі будзе тым больш верагоднай, чым больш вострай будзе патрэба ў продажы дзяржаўнай маёмасьці з мэтай выканаць асноўныя пункты сацыяльнага кантракту з галоўнымі кантрактарамі рэжыму.
У больш агульным сэнсе можна таксама сказаць, што ўлада ўрэшце апынецца перад выклікам пошуку новых сацыяльных балянсаў і будзе вымушана інвэставаць больш сродкаў у падтрыманьне сацыяльнай і палітычнай стабільнасьці ў краіне. Афіцыйная ідэалёгія ўжо сёньня інкарпаравала ў сябе частку нацыяналістычнага/ І ўсё ж эрозію сацыяльных кантрактаў наўрад ці ўдасца спыніць. А гэта будзе яшчэ больш актывізаваць спробы ідэалягічнай вэртыкалі кансалідаваць беларускае грамадзтва на агульнанацыянальным узроўні. Афіцыйная ідэалёгія ўжо сёньня пасьпяхова інкарпаравала ў сябе частку нацыяналістычнага/патрыятычнага дыскурсу апазыцыі і спрабуе манапалізаваць яго цалкам. Напрыклад, галоўная задача, якая напачатку гэтага навучальнага году была пастаўлена перад дашкольнымі ўстановамі краіны, гучыць так: выхаваньне патрыятызму і нацыянальнай сьвядомасьці. Афіцыйная ідэалёгія, гэткім чынам, зусім не адкідвае магчымасьці выкарыстаньня агульнанацыянальнай кансалідацыі ў якасьці амартызацыйнага мэханізму будучых сацыяльных дысбалянсаў ды парушэньняў сацыяльнай стабільнасьці. Перш як перайсьці да згаданай вышэй каштоўнаснай структуры беларускага грамадзтва, варта хоць бы самым агульным чынам вызначыць часавыя рамкі ўзьнікненьня магчымых сур’ёзных дысбалянсаў у асноўных сацыяльных кантрактах. Трэба мець на ўвазе, што эрозія сацыяльных кантрактаў зусім не зьяўляецца лінейным працэсам. А ўлада будзе, безумоўна, імкнуцца яго спыніць, інвэстуючы дзеля гэтага дадатковыя сродкі ў падтрыманьне сацыяльнай стабільнасьці. Асноўныя крыніцы гэтых сродкаў — замежныя крэдыты і продаж дзяржаўнай маёмасьці (варыянт яе здачы Расеі малаверагодны). Рэалістычны прагноз вымагае ўліку шэрагу іншых фактараў, не адкідваючы пры гэтым і мажлівасьці рынкавых трансфармацый паводле кітайскага, напрыклад, сцэнару. Як бы там ні было, але зусім ня выключана, што да 2011 г. сытуацыя ў краіне можа зьмяніцца настолькі, што «вулічная дэмакратыя» можа стацца рэальным фактарам зьмены кіроўнай эліты на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах. А на тле аслабленьня дзейных сацыяльных кантрактаў істотную мабілізацыйную ролю будуць адыгрываць новыя каштоўнасныя арыентацыі. Цягам некалькіх наступных гадоў перафарматаваньне каштоўнаснай структуры грамадзтва, найверагодней, будзе адбывацца ў зьвязку з двума істотнымі працэсамі, а менавіта — дафармаваньнем несавецкай беларускай нацыі ды пошукам новых геапалітычных арыентацый у асяродках як уладных так і апазыцыйных эліт з мэтай ліквідаваньня геапалітычнага вакуўму (што будзе ствараць дадатковыя напружаньні ў грамадзтве). І калі азначаныя працэсы ня будуць нейкім чынам прыпыненыя, тады новая каштоўнасная структура будзе фармавацца ня толькі вакол традыцыйных матэрыяльных каштоўнасьцяў, але і іншых, нематэрыяльных каштоўнасьцяў, перадусім вакол каштоўнасьці свабоды. Як вядома, паўставаньне мадэрных эўрапейскіх нацый адбывалася ня так пад патрыятычна-кансалідацыйнымі лёзунгамі, як пад лёзунгамі свабоды, якая сталася і адной з вызначальных падвалінаў сучаснай дэмакратыі. |
папулярны беларускі філёзаф, сталы аўтар «ARCHE». Гэты тэкст (аўтарская назва «Сацыяльныя кантракты i фактары перамен») — дапрацаваная вэрсія выступу на міжнароднай канфэрэнцыі «Да новага бачаньня Беларусі», праведзенай 10—12 верасьня ў Кіеве Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 10 (61) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |