A R C H E П а ч а т а к № 10 (61) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


10 — 2007

 



аналітыка • крытыка • гісторыя • гутарка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  Аляксей Бацюкоў

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксей Бацюкоў
Палемічныя праекцыі вялікага Лімітрофа
Тэксты, што разглядаюцца ў артыкуле:

Не‑империя: Великое княжество Литовское в польской исторической памяти. Интервью с Иеронимом Гралей // Ab Imperio. 2004. № 4.

Вилимас, Дарюс. Великое княжество Литовское: стереотипы исторической памяти в Литве // Ab Imperio. 2004. № 4.

Вырский, Дмитрий. Великое княжество Литовское как исторический опыт: случай Украины // Ab Imperio. 2004. № 4.

Марзалюк, Игорь. Великое княжество Литовское в исторической памяти белорусов‑русинов: от средневековья к постмодерну // Ab Imperio. 2004. № 4.

Филюшкин, Александр. Вглядываясь в осколки разбитого зеркала: Российский дискурс Великого княжества Литовского //
Ab Imperio. 2004. № 4.

«Поле бітвы — памяць». Пад такім сымбалічным загалоўкам расійскі гістарычны часопіс «Ab Imperio» зьмясьціў нізку тэкстаў, паяднаных супольнай праблематыкай — роля і месца ВКЛ у гістарычнай памяці народаў сучаснай Усходняй Эўропы. Палякі, літоўцы, украінцы, беларусы і расійцы — празь якія акуляры глядзяць на Вялікае Княства гэтыя нацыі, кожная паасобку? Дактары і кандыдаты гістарычных навук зь пяці краін прэзэнтуюць пяць варыянтаў нацыянальнага дыскурсу, у межах якога ВКЛ выступае элемэнтам гістарычнай памяці. Бітва тут ідзе не за наданьне новых статусаў фрагмэнтам мінуўшчыны. Адбіраньне нацыянальных герояў ці стварэньне з дат/падзеяў жупелаў рэваншызму не прадугледжваецца. Бітва наагул ідзе не на старонках часопіса. Пяць аўтараў разважаюць тут пра «своеасаблівасьць прысутнасьці ВКЛ у гістарычнай памяці і нацыянальных праектах Усходняй Эўропы» — гэта значыць, яны бітву не вядуць, а рэфлектуюць над ёй. Апроч, хіба, артыкула беларускага аўтара, чый тэкст мае‑такі палемічную праекцыю.

Палякі апраўдваюцца

Калі для беларусаў, літоўцаў, украінцаў ВКЛ уяўляе частку нацыянальнага праекту, нярэдка як ідэалізаваны і міталягізаваны прыклад дзяржаўнага будаўніцтва і геапалітычнай, цывілізацыйнай ролі нацыі, то польскі ўдзельнік дыскусіі, доктар гісторыі, дарадца‑консул Польшчы ў Санкт‑Пецярбургу Іеранім Граля перш за ўсё адстойвае наднацыянальную, культурна‑этатысцкую мадэль ВКЛ і Рэчы Паспалітай. РП у гэтым выпадку выяўляецца як унікальная ў гісторыі спроба стварэньня мультынацыянальнай і поліканфэсійнай вялікай кантынэнтальнай дзяржавы пры дамінаваньні польскага этнасу. Фармулёўка досыць выгадная, калі не зважаць на апошнюю акалічнасьць, і гучыць надзвычай паліткарэктна ва ўмовах сучаснага змаганьня з радыкалізмам і барацьбой за плюралізм ідэй і каштоўнасьцяў. Што ж да ўнікальнасьці Рэчы Паспалітай адносна іншых адначасовых ёй палітычных сыстэм, то, на думку польскага дасьледчыка, яна была ў тым, што гэтая дзяржава не была, ня стала і не прэтэндавала стаць імпэрыяй. «Не прэтэндавала стаць» — гэтая заява зьвяртае на сябе асобную ўвагу, бо хада далейшай аргумэнтацыі падказвае, што прэтэндавала‑такі, аж не змагла. Напрыклад, І. Граля, ускрываючы такую адметнасьць РП, як адсутнасьць адзінай дзяржаўніцкай ідэі, — што неабходна было б мець ёй як імпэрыі — нагадвае, што ў тэксьце Крэўскай дынастычнай уніі акт аб’яднаньня дынастый быў сфармуляваны як «applicare» — далучэньне Польшчай ВКЛ да сябе. Імпэрскіх амбіцый І. Граля тут чамусьці ня бачыць, а ўвагу акцэнтуе на тым факце, што ліцьвіны‑літоўцы не прызнавалі і не прызнаюць падобнай сутнасьці карона‑вялікакняскай інтэграцыі 1385 г.

Адсутнасьць агульнай дзяржаўнай ідэалёгіі і ўнутранай палітыкі на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай — найлепшае пацьвярджэньне антыімпэрскасьці Рэчы Паспалітай, заўважае І. Граля. Нават падчас вайны з такім ворагам, як Тэўтонскі ордэн, ад Літвы ў паход падчас вырашальнай 13‑гадовай вайны ідуць толькі добраахвотнікі, а кароль польскі і вялікі князь літоўскі ня мае права правесьці ў ВКЛ мабілізацыю. А падчас Лівонскай вайны кароль ня толькі ня мог прымусіць шляхту Літвы ісьці ваяваць, аднак вымушаны быў ёй выплачваць грошы за ўдзел у вайне. «Якая ж гэта імпэрыя?» — разводзіць рукамі дасьледчык.

Антыімпэрскасьць Рэчы Паспалітай аргумэнтуецца таксама тым, што польская каронная шляхта не магла прызнаваць ніякага імпэратара апроч таго, якога зацьвердзіў папа рымскі, а ў ХV—XVI стст. гэта быў імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі. Тут, ужо на другой старонцы інтэрвію, прасьлізгвае новая супярэчнасьць, бо поліканфэсійная дзяржава раптам выступае як дзяржава каталіцкая.

Для палякаў Рэч Паспалітая выступае ня проста нацыянальным праектам, пэрыядам росквіту і культурнага панаваньня на шырокай (шырэйшай за этнічныя межы) тэрыторыі. І. Граля ўпэўнены, што Рэч Паспалітая — гэта адметная спроба рэалізацыі ідэі эўрапейскай дэмакратыі, і ў гэтым значны ўнёсак польскай нацыі ў цывілізацыйны працэс. Адна зь першых канстытуцый — Канстытуцыя 3 траўня 1791 г., Люблінская унія, прынцып рэлігійнай талерантнасьці (асноўны прыклад — Варшаўская канфэдэрацыя 1573 г., калі прадстаўнікі шляхты ўсіх веравызнаньняў дамовіліся пра рэлігійны мір) і шляхецкія вольнасьці — гэтым ганарацца сучасныя палякі. Са словаў І. Гралі, у Рэчы Паспалітай ніколі не назіралася маштабнага ідэйнага альбо ваеннага супрацьстаяньня з рэлігійным ці этнічным падтэкстам, а рэлігійная нецярплівасьць не падымалася вышэй за пабытовы ўзровень. «Хмяльніччына», на яго думку, нічога супольнага ня мела з рэлігійнай вайной (супраць яе выступалі праваслаўныя магнаты, а ў шэрагах паўстанцаў было багата этнічных палякаў, каталікоў). Забарона на выкарыстаньне ў справаводзтве старабеларускай мовы ў інтэрвію ня згадваецца.

Ацэнка, што даецца РП як дзяржаўнаму ўтварэньню ў артыкуле, такім чынам, даволі камплімэнтарная. Выглядае, што нестае аднаго — згоды з гэтай ацэнкай прадстаўнікоў суседніх з польскай нацыяў‑нашчадкаў Рэчы Паспалітай, на якія была скіраваная культурніцкая ініцыятыва палякаў. Можна запытацца, ці існавалі б гэтыя нацыі, каб гэтая ініцыятыва была б даведзеная да завяршэньня.

І. Граля прызнае рэзкую супярэчлівасьць успрыманьня гісторыі ВКЛ сучаснымі палякамі і літоўцамі. Калі для літоўцаў ВКЛ першапачаткова незалежная дзяржава, прымушаная да інтэграцыі з Каронай, прагная самастойнасьці, аднак аслабленая войнамі, чым і скарысталіся палякі, то для палякаў Люблінская унія бачыцца выключна добраахвотным саюзам дзьвюх блізкіх дзяржаў. Больш за тое, сучасная гістарычная памяць палякаў не аддзяляе Літву ад Польшчы, лічачы яе альбо альтэрнатыўным цэнтрам дзяржавы са сталіцай у Вільні, альбо малодшым партнэрам у адзінай дзяржаве. Адсюль, на думку І. Гралі, тая лёгкасьць, зь якой атаесамляюць Літву з Польшчай носьбіты польскага мэнталітэту, як гэта рабілі Адам Міцкевіч або Чэслаў Мілаш.

На заканамернае пытаньне, што ж змацоўвала такую неаднародную дзяржаву, як Рэч Паспалітая, І. Граля адказвае, што яна была дзяржавай шляхты — палітычнай нацыі, якая мела сваю асобную культуру. Першапачаткова носьбітам гэтай культуры была каронная шляхта, а этнічна адметныя ад Кароны рэгіёны настолькі імкнуліся стаць такімі самымі яе носьбітамі, што гэта і змацоўвала поліэтнічную дзяржаву. Шляхта Рэчы Паспалітай шчыра верыла, што іх дзяржаўная сыстэма найлепшая ў сьвеце. Адзін з іншаземцаў — заўважае І. Граля — пісаў, што ў Польшчы жанчыны вельмі ганарлівыя, бо кожная пані ўяўляе сабе, што яна ў любы момант можа стаць каралевай — прычым тэарэтычна яна сапраўды мела такую магчымасьць.

Што да месца ВКЛ у гістарычнай памяці сучаснага паляка, тут І. Граля паказвае дзьве розныя Літвы. Першая Літва — гэта Літва эпохі уніі і Рэчы Паспалітай. Да болю знаёмы беларусам вобраз братняга саюзнага народу, малодшага партнэра, ацэнка гістарычнага лёсу якога падаецца не без сантымэнтаў. Сярод палякаў, паводле словаў дасьледчыка, захоўваюцца настальгічныя настроі па адзінстве з той Літвой, адзінстве, якое дапамагала выстаяць супраць любых ворагаў.

Другая Літва ў гістарычнай памяці палякаў — гэта Літва, якая падчас швэдзкага «Патопу» сярэдзіны XVII ст. здрадзіла Польшчы, падтрымаўшы (дзеяньнямі віленскага ваяводы Януша Радзівіла) швэдзкага караля. Гэты акт успрымаецца імі як фактычная дзяржаўная здрада.

Літоўцы прысабечваюць

Па прачытаньні артыкула літоўскага дасьледчыка Дарыюса Вілімаса можна прыйсьці да высновы, што літоўцы зьдзейсьнілі ў нейкім сэнсе — пры зразумелай долі спрашчэньня — прысабечваньне гістарычнай спадчыны. Ня маючы сваёй дзяржаўнасьці і нацыянальнай эліты (шляхта і мяшчанства, буржуазія апалячыліся і ў моўным, і ў культурна‑палітычным сэнсах) на момант нацыянальнага абуджэньня, літоўцы ўвайшлі ў XIX стагодзьдзе як клясычны сялянскі этнас, г. зн. без культурна‑гістарычнай традыцыі. І выкарысталі традыцыю ВКЛ, назваўшы яе калыскай уласна літоўскай дзяржаўнасьці. Улічваючы, што ў тыя часы ніхто яшчэ шырока не праблематызаваў у палемічнай, гістарычнай літаратуры саму тэму адэкватнасьці ўспрыманьня назоваў «Літва», «ліцьвін» і ролі славянскага напаўняльніка ў гэтых паняцьцях, гэты замах этнічных літоўцаў‑летувісаў ХІХ‑га стагодзьдзя выглядае збольшага натуральным. Слаба праблематызуецца гэты момант, відаць, і ў сучаснай гістарыяграфіі нашых заходніх суседзяў — у тэкстах і польскага, і літоўскага дасьледчыкаў ліцьвін і русін атаесамляюцца з балтам і славянінам.

Такім чынам, у ХІХ ст. літоўцы пачынаюць пісаць сваю гісторыю амаль што з чыстага аркуша. Танюткая нітачка захаваньня гістарычнай памяці пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай у асяродках польскамоўнага мяшчанства, у абуджаных эўрапейскім рамантызмам польскамоўных шляхцюкоў і навукоўцаў Віленскага ўнівэрсытэту ў тэксьце адзначаецца, хоць і не канкрэтызуецца. Пасьля рэформы 1861 г. і здабыцьця літоўскімі сялянамі асабістай свабоды, пасьля забароны 1864 г. на кнігадрукаваньне па‑літоўску сярод літоўскага сялянства пачынаецца нацыянальнае адраджэньне. Асноўную ролю тут адыграла падпольная, друкаваная ў Прусіі прадукцыя (якая пераносілася празь мяжу людзьмі, назва якіх абуджае ў беларускага чытача лёгкія літаратурныя асацыяцыі — «кнігнешыс»). Надзвычай папулярныя ў Заходняй Літве нелегальныя газэты часам апявалі гістарычную мінуўшчыну Літвы, часам прапагандавалі цалкам фантастычныя тэорыі пра паходжаньне літоўцаў. Так ці іначай, але паміж радкамі артыкула паўстае цень адукаваных, нацыянальна сьвядомых аўтараў тых газэт, «плавільшчыкаў расы», якія ўжо мелі сваю пазыцыю адносна літоўскай мінуўшчыны і неабходнасьці пашырэньня гістарычных ведаў у народных масах. Адкуль яны ўзяліся і кім яны былі, не раскрываецца.

Татальны нацыянальны прыгнёт — у першую і асноўную чаргу польскі — каталізаваў нацыяналістычныя настроі, і ў выніку ў дарэвалюцыйнай Літве аформілася некалькі палітычных плыняў, сярод якіх былі як незалежнікі, так і ідэолягі поўнага адзінства з польскай нацыяй, а таксама так званыя «краёўцы», якія адстойвалі ідэю шырокай аўтаноміі Літвы ў складзе Польшчы. У гэтай сытуацыі пачынаецца працэс спасьціжэньня літоўскімі элітамі нацыянальнай адметнасьці літоўцаў, адрознай ад канфэсійнай. Выглядае, што канфэсійная еднасьць літоўцаў з палякамі, і пашыраны ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. стэрэатып, які намёртва прывязваў людзей каталіцкага вызнаньня да этнічнага азначэньня «паляк», былі для літоўцаў асноўнай перашкодай у справе пашырэньня сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці. Тут у параўнаньні зь імі беларусы апынуліся ў больш выгадным становішчы, бо мелі ў якасьці супрацьвагі праваслаўе і ідэалёгію «заходнерусізму», якая, нягледзячы на нэгатыўную складовую, выканала сваю ролю, сьцьвярджаючы адметнасьць беларусаў ад палякаў.

Далей у літоўцаў былі ліхаманка Першай усясьветнай вайны, рэвалюцыя, абвяшчэньне Літоўскай дзяржавы пад вярхоўнай эгідай Нямеччыны. ВКЛ як ядро гістарычнай памяці ўжо актыўна выкарыстоўвалася ў гэты час самымі рознымі палітычнымі сіламі. Ідэя ўвесьці ў Літоўскай дзяржаве манархію засноўвалася на праекце штучнага аднаўленьня дынастычнай пераемнасьці — літоўскі манарх мусіў каранавацца пад імем Міндаўгаса ІІ‑га. Не іначай як спробай адраджэньня ВКЛ успрымаюць сучасныя літоўскія гісторыкі спробу бальшавікоў стварыць ЛітБел. Літоўскі ўрад у канцы 1910‑х гг. і сам разыграў карту ВКЛ, разьлічваючы на далучэньне беларускіх тэрыторый. Пра гэта сьведчыць той факт, што ў літоўскім урадзе існавала асобная пасада «міністра без партфэля» па беларускіх справах, а ў Каўнасе друкаваліся беларускія газэты і часопісы і пэўны час нават жылі сябры эміграцыйнага ўраду БНР.

У гэты час у незалежнай Літве пачынаецца стварэньне свайго пантэону гістарычных постацяў, вывучаюцца й выдаюцца біяграфіі вялікіх князёў літоўскіх. Імёны вялікіх князёў паступова ператвараюцца ў сымбалі нацыянальнага адраджэньня — прычым імі называюць ня толькі палкі і батальёны ў міжваеннай і пасьляваеннай Літве, але і атрады чырвоных партызан часоў Вялікай Айчыннай.

Свая ўласная вэрсія гістарычнай памяці пра ВКЛ была патрэбная аўтарытарным уладам Літоўскай рэспублікі, бо, па‑першае, гарантавала працэс складваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, што ва ўмовах ідэалягічных войнаў пачатку ХХ ст. заставалася актуальным заданьнем. А па‑другое, на аўтарытэт славутых князёў ВКЛ спасылаўся разьвіты ў міжваеннай Літве культ «правадыра нацыі» — ім быў кіраўнік дзяржавы А. Сьмятона. Гэта ўключыла ВКЛаўскую спадчыну ў матэрыял, шырока выкарыстаны літоўскай дзяржаўнай прапагандай, а яе цэнтральным здабыткам стаў культ Вітаўтаса. Яго культывацыя цесна спляталася з «антыкультам» Ягайлы, якога характарызавалі як здрадніка, што дзеля каралеўскага трону ахвяраваў інтарэсамі Літвы. Пры гэтым нэгатыўны вобраз Ягайлы нярэдка праектаваўся на іншага літоўца‑ліцьвіна па паходжаньні, чыя палітычная дзейнасьць была гэтак жа небясьпечная для тагачаснай Літоўскай дзяржавы — Юзафа Пілсудзкага.

У 1930‑я гг. гісторык Адольфас Шапака стварае літоўскую гістарычную канцэпцыю пад лёзунгам «знойдзем літоўцаў у літоўскай гісторыі». Асноўныя пункты новай трактоўкі гісторыі ВКЛ мелі відавочна антыпольскі характар — заяўлялася, што роля літоўцаў у гісторыі ўвесь час наўмысна прымяншалася, што унія з Польшчай мела нэгатыўны эфэкт, бо прывяла да палянізацыі літоўскай шляхты і пашырэньня ў ВКЛ знакамітых шляхецкіх вольнасьцяў, што спрычынілася да анархіі ў дзяржаве, а затым і яе пагібелі.

У пасьляваеннай савецкай Літве з гістарыяграфіі зьніклі зьвесткі пра войны з Маскоўскай дзяржавай, павялічылася значэньне «рускіх» зямель у складзе ВКЛ, давалася станоўчая ацэнка падзелам Рэчы Паспалітай. На замену культу Вітаўтаса прыйшоў культ Жальгірыса — Грунвальдзкай бітвы, прычым гэтая бітва падавалася як прыклад інтэрнацыянальнага сяброўства, а таксама выпукляўся подзьвіг трох смаленскіх (а ва ўмовах савецкай гістарыяграфіі, значыць расійскіх) палкоў. Інтэрнацыянальны падтэкст Жальгірыса, аднак, успрымаўся напружана, бо супярэчыў разьдзьмутым дагэтуль антыпольскім настроям. Літоўскія камуністы знайшлі дасьціпнае ідэалягічнае апраўданьне правядзеньню маштабных рэстаўрацыйных работ у гістарычных цэнтрах Жмудзі — аднаўленьню Тракайскага замку, цэнтраў Каўнаса, Клайпеды, Кейдан. Маўляў, за часоў буржуазнай Літоўскай рэспублікі яны былі занядбанымі і толькі савецкая ўлада занялася рэстаўрацыяй унікальных помнікаў архітэктуры.

У сучаснай Літве адбылося вяртаньне даваеннай канцэпцыі літоўскай гісторыі і пераасэнсаваньне Жальгірыса заразом з рамантызацыяй і ідэалізацыяй літоўскай спадчыны, гіпэрбалізацыяй магутнасьці ВКЛ і ролі этнічных літоўцаў у яе стварэньні. Ані сьледу спробаў пераасэнсаваньня ў сучаснай літоўскай гістарыяграфіі ролі славянскага этнасу ў гісторыі ВКЛ тэкст не зьмяшчае. Лягічным завяршэньнем працэсу эўрапеізацыі Літвы, пачатага Міндаўгасам і Вітаўтасам, сучасныя літоўскія гісторыкі бачаць уступленьне іх дзяржавы ў Эўразьвяз і НАТО.

Украінцы перабіраюць

Для ўкраінцаў — падкрэсьлівае кіеўскі гісторык Дзьмітры Вырскі — ВКЛ выступае ў ролі эўрапейскай (але памежнай, «украіннай») дзяржавы, нашчадка Кіеўскай Русі, якая сынтэзавала заходне‑ і ўсходнехрысьціянскія традыцыі. Гэта пераможца Залатой Арды і змагар за выхад да Чорнага мора. Пры гэтым, вывучаючы гісторыю ВКЛ, украінскія дасьледчыкі разборліва выдзяляюць тыя факты, што належаць непасрэдна да ўкраінскіх зямель і культурна‑гістарычнай спадчыны сучасных украінцаў. Так, ім абыякавыя праблемы паходжаньня ВКЛ, і, адпаведна, пашыраная ў беларусаў вэрсія «пакліканьня Міндоўга». Ім абыякавая рамантызацыя «Літвы паганскай», характэрная для літоўцаў. «Народная» для беларусаў і літоўцаў эпапэя змаганьня з крыжакамі ўкраінцаў цікавіць мала, нягледзячы на ўдзел украінскіх вояў у гэтым змаганьні. Што да тых войнаў, дык наагул «мала які ўкраінскі дасьледчык адмовіцца панаракаць на неадпаведнасьць балтыйскіх рэалій найлепшым воінскім якасьцям украінскага народу». Мала ўвагі надзяляецца і канфрантацыі ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай, за выключэньнем спроб простай вульгарызацыі гэтай праблемы, калі дадзенае процістаяньне разглядаецца як водгалас вечнага ўкраінска‑расійскага змаганьня.

Першая цікавая ўкраінскім дасьледчыкам тэма — умяшаньне Вітаўта ў барацьбу за золатаардынскую спадчыну і літоўскі пратэктарат над Крымам у часы ўсталяваньня там дынастыі Гірэяў. Апошні факт падаецца ва ўкраінскіх дасьледаваньнях як прыклад гістарычнай узаемавыгаднасьці ўкраінска‑крымскага партнэрства. Лягічным завяршэньнем працэсу эўрапеізацыі Літвы, пачатага Міндаўгасам і Вітаўтасам, сучасныя літоўскія гісторыкі бачаць уступленьне іх дзяржавы ў Эўразьвяз і НАТО.У гэты час адбываецца росквіт чарнаморскага гандлю, будаўніцтва ўласных марскіх партоў, адраджэньне падняпроўскіх гарадоў, выкарыстаньне заходнеэўрапейскіх спэцыялістаў (італьянскіх купцоў‑каляністаў) і арганізацыя хлебнага экспарту па Чорным моры. Сучасныя ўкраінскія гісторыкі бачаць у грамадзянскай вайне 1432—1440 гг. у ВКЛ адраджэньне ўкраінскіх палітычных амбіцый. Паражэньне Сьвідрыгайлы пад Вількамірам інтэрпрэтуецца імі як крах «кіеварускага імпэрыялізму», пасьля чаго ўкраінцы фіксуюцца на сваіх уласных праблемах. Адпаведна, менавіта «кіеваруская» эліта бачыцца імі асноўным чыньнікам таго мяцяжу.

Няўвага вялікакняскай улады да праблем гэтых «далёкіх зямель» — тэрмін, пашыраны ў крыніцах ВКЛ адносна тэрыторыі сучаснай Украіны, — на іх думку, прымусіла продкаў украінцаў па‑новаму ацаніць пэрспэктывы супрацоўніцтва з палякамі. Гэтым у сучаснай украінскай гістарыяграфіі тлумачыцца падтрымка ўкраінскімі арыстакратамі на Люблінскім сэйме ідэі уніі — што іх сучасьнікамі бачылася як здрада інтарэсам Літвы. Сучасныя дасьледчыкі ня схільныя драматызаваць падзеі 1569 г., бо ў выніку адбылося аб’яднаньне амаль усіх этнічных украінскіх зямель у адзіным дзяржаўным утварэньні, і таму падтрымка уніі ўспрымаецца ў сучаснай гістарыяграфіі нашых паўднёвых суседзяў як пачатак працэсу ўсьведамленьня ўкраінцамі сябе асобнай нацыяй.

Дасьледчыкі пасьлялюблінскіх часоў на настальгію па ВКЛ не хварэюць і, наадварот, успрымаюць ужо землі Вялікага Княства як аб’ект украінскай экспансіі, пры нагодзе ўзгадваючы пра «недарэзаныя» да Ўкраіны Мазыршчыну зь Берасьцейшчынай, і шчыра радуюцца спробам Б. Хмяльніцкага ператварыць Паўднёвую Беларусь у падабенства «кромўэлаўскай Ірляндыі» для сваіх вэтэранаў.

Рускія прыглядаюцца

Расійскі гісторык Аляксандр Філюшкін сваю працу пачынае з канстатацыі «Расія не абцяжараная прэтэнзіямі на ролю спадкаемцы ВКЛ», але ў гэтым «літоўскім «люстэрку гістарычнай памяці» бачыць перш за ўсё саму сябе». Калі першапачатковы бум вывучэньня гісторыі ВКЛ у расійскай гістарыяграфіі быў прадыктаваны неабходнасьцю апраўдаць падзелы Рэчы Паспалітай, а затым здушэньні паўстаньняў 1830—1831 і 1863 гг., то ў сучаснай гістарыяграфіі назіраецца цікавасьць зусім іншага кшталту — расійская палітычная думка зьвяртаецца да вопыту ВКЛ як да вопыту «Заходняй Расіі», бачачы ў ВКЛ «сапраўдную» сыстэму арганізацыі жыцьця рускага народу. Гэтая нечаканая для беларусаў пазыцыя заснаваная на ідэалягеме аб ідэнтычнасьці ўсіх усходніх славян ды папулярным у сучаснай грамадзкай думцы дапушчэньні, якое рэдка фармулявалася іначай як жарт: «беларусы гэта тыя ж рускія, толькі з знакам якасьці». Хоць — агаворваецца Філюшкін — «ня ўсякая палітычная міталёгія адносна ВКЛ была прадуктам імпэрскай (альбо антыімпэрскай) ідэалёгіі».

А. Філюшкін фіксуе чатыры дыскурсы, у межах якіх расійскія навукоўцы асэнсоўваюць гісторыю і спадчыну ВКЛ:

1. Рускія землі як ахвяра літоўскай экспансіі — заснаваны на старадаўняй расійскай хваробе ідэнтыфікаваць сябе як народ, якога ўвесь час хтосьці хоча заваяваць. У такой сытуацыі ВКЛ ацэньваецца як цяжкае «іга», што дасталося «цэлай палове расійскага народу».

Сьвядома не беручыся характарызаваць, наколькі падобная парадыгма мысьленьня склалася ў нашых усходніх суседзяў у выніку рэальных гістарычных абставін, а наколькі дзеля самаапраўданьня, А. Філюшкін акцэнтуе ўвагу на тым, што «расійскі гістарычны праект мысьліцца як пэрыядычнае самаадчуваньне Расіі пад іншаземным (а таксама сацыяльным) прыгнётам». У гэты кантэкст у расійскай гістарыяграфіі традыцыйна ўпісваецца гісторыя ВКЛ. Карыстаючыся аслабленьнем Русі пасьля мангола‑татарскага нашэсьця, літоўцы акупавалі безабаронныя славянскія княствы і пачалі прымусова насаджаць чужую рэлігію, культуру і адрозныя ад Маскоўскай Русі сацыяльна‑эканамічныя і палітычныя адносіны.

Фактарам, які найбольш дыскрэдытаваў ВКЛ у вачах расійскіх гісторыкаў, было збліжэньне яго з Польшчай. Так, А. Філюшкін згадвае расійскага гісторыка ХІХ ст. Е. Шмурло, які, прызнаючы прынцыповую першапачатковую роўнасьць Масквы і Вільні на «зьбіраньне» рускіх земляў, адзначаў, што гэтае маральнае права Літва згубіла як толькі сышлася з Польшчай.

2. Паглынаньне зямель Вялікага Лімітрофу як заходні праект Расійскай імпэрыі. Ён фармуецца ў той час, калі ў расійскай палітычнай думцы дамінуюць вэстэрнізацыйныя тэндэнцыі (час Пятра І, Кацярыны ІІ). А засноўваўся на думцы пра недарэчнасьць, непаўнацэннасьць і заканамерную слабасьць ВКЛ як дзяржаўнага ўтварэньня, глыбока вінаватага за паняволеньне рускіх. Зьвязана гэта было з тым, што ў пэрыяд Новага часу «расійская мэнтальная карціна сьвету» зь вялікай цяжкасьцю ўсьведамляла факт самастойнага існаваньня ВКЛ. Пятроўская і кацярынінская ідэя абвясьціць Расію эўрапейскай дзяржавай аўтаматычна ставіла пытаньне, дзе пачынаецца гэтая Эўропа. Пры захаваньні адзінства ўсходніх славян гэтае пытаньне вырашалася б станоўча для Расіі — яна была б уключаная ў Эўропу, так бы мовіць, па паходжаньні. Аднак у Сярэднія вякі і ў раньні Новы час усходнеславянскія этнасы насялялі дзьве краіны — ВКЛ і Расійскую дзяржаву. Было няясна, якім статусам надзяляць ВКЛ — ці то раўнапраўнай з Масковіяй эўрапейскай дзяржавай, ці то лякальнай дзяржавай, што замінала Расіі па дарозе на Захад, ці то буфэрнай зонай паміж рознымі цывілізацыямі. У такой сытуацыі дарэвалюцыйныя расійскія гісторыкі традыцыйна выяўлялі ВКЛ як заганнае, дэфэктнае ў параўнаньні з Расіяй дзяржаўнае ўтварэньне. Успрыманьне зямель ВКЛ як спрадвеку рускіх і яго падаваньне як недарэчнай дзяржавы дазвалялі максымальна дыскрэдытаваць гісторыю ВКЛ і Рэчы Паспалітай у вачах расійскага народу, каб у яго не ўзьнікала думкі пра неправамернасьць анэксіі зямель РП цягам падзелаў канца XVIII ст. Увесь пазытыў у гісторыі ВКЛ расійскія імпэрскія гісторыкі пры гэтым прыпісвалі актыўнасьці ў княстве славянскага праваслаўнага насельніцтва, у якога літоўцы пераймалі культурныя ўзоры. Так, дасьледчык спасылаецца на ідэі расійскіх гісторыкаў канца XIX — пачатку ХХ стст. М. К. Любаўскага ды І. Маліноўскага: «У рускім грамадзтве літоўскія князі, па ўсіх прыкметах, маглі ўзяць болей сілаў і сродкаў дзеля зацьвярджэньня дзяржаўнасьці, чым у грамадзтве літоўскім».

Вялікаму Княству ў межах гэтага дыскурсу адмаўлялася ў здольнасьці да пабудовы моцнай улады, да стварэньня самастойнай гістарычнай і летапіснай традыцыі («Літоўскае княства ня мае свайго нацыянальнага гісторыка», — Н. Г. Устралаў; «Літоўская мэтрыка ў параўнаньні з [маскоўскімі] Стацейнымі сьпісамі ня мае ніякага права раўняцца зь імі па годнасьці», — Г. Ф. Карпаў).

Прычына краху ВКЛ тут бачылася ў яго непамерных імпэрыялістычных амбіцыях: ня трэба было занадта пашырацца, утрымліваючы ў сабе столькі зямель і народаў. Пры гэтым права на існаваньне самастойнай лякальнай літоўскай дзяржавы прызнавалася, аднак не прызнавалася права на зьбіраньне ўсходнеславянскіх земляў.

Падобная думка падзялялася потым — піша А. Філюшкін — і ў савецкай літуаністыцы, захоўваецца яна — зазначым мы — і ў сучаснай расійскай гістарыяграфіі. Так, у выдадзенай у Маскве ў 1992 г. «Гісторыі Эўропы» А. Л. Харашкевіч характарызуе ВКЛ як «некаторы анахранізм, падобны, бадай, да Сьвятой Рымскай імпэрыі германскай нацыі».

Як апошняя постсавецкая канцэпцыя адносна гістарычнай ролі ВКЛ А. Філюшкіным падаецца канцэпцыя маскоўскага філёзафа В. Л. Цымбурскага і варонескага дасьледчыка С. В. Хатунцава, згодна зь якой землі ВКЛ адносяцца да своеасаблівай «тэрыторыі‑праліву», які ў геапалітычным сэнсе аддзяляе «выспу Расію» як асобную цывілізацыю ад астатніх цывілізацый. У гэтым сэнсе ВКЛ разьмяшчаецца дасьледчыкамі ў т. зв. Вялікі Лімітроф — гіганцкі міжцывілізацыйны пояс, што ахутвае плянэту і праходзіць, у тым ліку, па Ўсходняй Эўропе. Тэрмін «лімітроф» тут вядзецца ад лацінскага слова «limes», якім адзначаліся памежныя рэгіёны Рымскай імпэрыі з асобным рэжымам, статусам і, часам, з двайным падпарадкаваньнем, церазь якія імпэрыя судакраналася зь іншымі рэгіёнамі. Пры такім пункце гледжаньня анэксія зямель ВКЛ бачыцца спробай Расіі паглынуць Вялікі Лімітроф, якому адмаўляецца ў праве на гістарычную самакаштоўнасьць.

3. Нашыя землі — дыскурс, які прысутнічае і ў папярэдніх, аднак тут ён пададзены ў чыстым выглядзе. Нашыя землі, наш народ — і кропка.

Апісваючы гэты дыскурс, А. Філюшкін спасылаецца на спэцыфіку расійскай схемы гістарычнага працэсу — пачынаючы ад Карамзіна, гісторыя Расіі бачыцца вечным змаганьнем за «ўзьяднаньне рускіх зямель», то пасьпяховым, то не. То ўзьяднаюць, то згубяць. Адсюль папулярны ў гісторыкаў афарызм: «Расія — дзяржава, якая пульсуе».

Гэты дыскурс мае безумоўны аптымістычны зарад для расіян, бо нараджае веру ў вечныя «вяртаньні» згубленых зямель, і быў запатрабаваны пры любой спробе ахарактарызаваць маскоўска(расійска)‑вялікакняскія(беларускія, украінскія) дачыненьні.

Асэнсаваньне гэтага дыскурсу аўтар дасьледаванага артыкула прапануе пачынаць не з маскоўскай летапіснай традыцыі, а з заходнеэўрапейскіх крыніц. У пачатку XIV ст. — піша А. Філюшкін — эўрапейцы нічога ня ведалі пра Масковію (як Русь), але ўжо былі знаёмыя з Рутэніяй‑Русьсю ў складзе ВКЛ. Гэта, у прыватнасьці, фіксуюць заходнеэўрапейскія карты дадзенага пэрыяду (Пятра Вісконці, Карыньяна, Пізьзігана, Атлас Мэдычы). Гэтая акалічнасьць патрэбная дасьледчыку ня так дзеля разгортваньня пэўных высноў, а хутчэй каб засьведчыць расійскаму чытачу шматзначнасьць паняцьця «русь».

Да канца XV ст. няма сьведчаньняў, каб Вялікім Княствам Маскоўскім аспрэчвалася «руская» прыналежнасьць усходнеславянскіх валоданьняў ВКЛ, альбо, з другога боку, прэтэнзіі на землі ВКЛ як на «рускія». Зафіксаваная ў расійскай гістарыяграфіі ХІХ ст. думка, што палітыка маскоўскіх князёў аб’яднаць землі Русі пачалася яшчэ з часоў Івана Каліты і Дзьмітрыя Данскога (XIV ст.), характарызуецца А. Філюшкіным як памылковая, бо бралася яна з адвольнай трактоўкі паяўленьня ў тытуле вялікіх князёў уладзімірскіх вызначэньня «ўсяе Русі». На думку А. Філюшкіна, гэтае вызначэньне ўзялася ня як прэтэнзія, а як перайманьне з тытулу праваслаўнага мітрапаліта «ўсяе Русі», што было зьвязана зь пераездам яго рэзыдэнцыі з Кіева ва Ўладзімір у 1299 г. Таксама ня выключана, што гэты тытул зьявіўся сыходзячы з дадзенага Ардой уладзімірскаму князю статусу як князя ўсіх рускіх зямель, што фіксуецца пры апісаньні ўручэньня ханамі першых ярлыкоў на княжаньні.

У XIV — 1‑й пал. XV стст. гэты тытул выкарыстоўваўся ўладзімірскімі князямі бессыстэмна і найчасьцей быў завязаны на прэтэнзіі ўладзімірскіх князёў узвысіцца сярод іншых удзельных князёў. Такім чынам, да сярэдзіны XV ст. «палітычная актуалізацыя дадзенага тытулу была зьвязаная з унутрырасійскімі праблемамі і ня мела дачыненьня да сфэры руска‑літоўскіх адносінаў». У палеміцы Маскоўскага княства з ВКЛ гэты тытул пачынае актыўна фігураваць пасьля набыцьця Рускай праваслаўнай царквой аўтакефаліі ў 1448 г. і распаўсюджваньнем на землях ВКЛ уніі. У гэты час у абедзьвюх дзяржавах атаесамляліся паняцьці «рускі» і «праваслаўны», а значыць,

краіна, што прэтэндавала на ролю захавальніка сапраўднай веры, мусіла непазьбежна прыйсьці да ідэі будаўніцтва Рускай праваслаўнай дзяржавы на тэрытарыяльнай аснове ўсіх зямель, насельніцтва якіх вызнае альбо гістарычна вызнавала праваслаўе.

З палітычнымі мэтамі будаўніцтва адзінай Рускай дзяржавы тытул «усяе Русі» пачаў ужывацца ў час наступу Масквы на Наўгародзкую рэспубліку. Найбольш актыўна гэты тытул выкарыстоўваўся Іванам ІІІ у часы антынаўгародзкай кампаніі 1460—1470‑х гадоў. У зносінах з ВКЛ Іван ІІІ да 1492 г. называў сябе «великим князем и государем московским». Аднак тытулатура «ўсяе Русі» паяўляецца ў яго ў зносінах са Сьвятой Рымскай імпэрыяй з 1488—1489 гг. Такім чынам, будучы элемэнтам «аб’яднаўчага» дыскурсу, гэтая тытулатура не азначала яшчэ прэтэнзій на ўсходнеславянскія землі ў складзе ВКЛ. Але час ішоў.

«Першым прачытаньнем тытулу «ўсяе Русі» як сымбалю прэтэнзіі на рускія землі ВКЛ мы шмат у чым абавязаныя нямецкаму дыплямату Нікалаю Попэлю». Гэты рыцар перадаў Івану ІІІ у 1488 г. сакрэтную прапанову імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі аб дараваньні маскоўскаму валадару каралеўскага тытулу. Інтрыга заключалася ў тым, што

…коли краль польский то срозумеет, во дни и в нощи будет до цесаря посылати с великими дары, абы того цесарь твоей милости не уделял: ляхове того боятся вельми, коли твоя милость кралем будешь, иж тогды вся Руская земля, что под кралем Польским, отступит от него, и товей милости будут послушни1.

  выкладчык філязофіі Беларуска‑расейскага ўнівэрсытэту ў Магілёве. Сярод яго навуковых інтарэсаў ляжыць гермэнэўтыка і гісторыя філязофіі.
Аўтарская назва тэксту — «ВКЛ: вабнасьць крывых люстэркаў».

   

Такім чынам, абвяргаецца тэзіс пра прыняцьце тытулу «ўсяе Русі» для захопу зямель ВКЛ, які лічыцца аксіёматычным. Іван ІІІ — далей піша А. Філюшкін — адрэагаваў на заяву Попэля абсалютна абыякава, і ніякіх фармулёвак выказанай немцам канцэпцыі ў расійскіх тэкстах XV ст. няма.

Што ж да пераносу тытулу «ўсяе Русі» ў сфэру адносін ВКЛ і Масковіі, гэта было зьвязана, на думку дасьледчыка, не з палітычнымі рашэньнямі, а з канкрэтнай гістарычнай сытуацыяй канца 1480‑х — 1490‑х гг., калі частка князёў памежных земляў ВКЛ разам з сваімі вотчынамі перайшлі да Івана ІІІ. На папрок караля Казімера маскоўскі цар апэлюе да канцэпту «ўсяе Русі», але ідэя «ўсяе Русі» была ідэяй «усяе Русі» як вотчыны маскоўскага «государя всея Руси», а не праграмай зьбіраньня ўсходнеславянскіх земляў.

У адказ на прыняцьце князёў‑уцекачоў ВКЛ пачынае ўзгадваць пра вотчынную прыналежнасьць Ягайлавічам Наўгародзкай зямлі, Ржэвы і Вялікіх Лук, што выклікае рэзкі адказ Масквы. Такім чынам, ВКЛ і Маскоўская дзяржава пачалі спрэчку за «рускія землі» як спрэчку за вотчыну паміж Рурыкавічамі і Ягайлавічамі. І ўжо з гэтай спрэчкі — пачынаючы з адмовы прызнаваць Кіеўшчыну вотчынай Ягайлавічаў, але зямлёй — нарадзілася далейшая канцэпцыя зьбіральніцтва земляў.

Афіцыйную дэклярацыю ўзброенай барацьбы Масквы за аб’яднаньне «рускіх земляў» аўтар адносіць не да часоў Івана ІІІ, а да часу праўленьня яго ўнука, Івана IV. Аднак і тут расійскі дасьледчык фіксуе шэраг забабонаў, агульнапрынятых у расійскай і беларускай гістарыяграфіі. Так, распаўсюджаны ў беларускіх гісторыкаў падыход да Лівонскай вайны як да агрэсіі Расіі супраць ВКЛ = папярэдніка сучаснай беларускай дзяржавы крытыкуецца сыходзячы з такога факту, што Масква пагадзілася (на этапе заваяваньня тэрыторыі Лівонскага ордэну) на адмову ад тэрытарыяльных прэтэнзій да ВКЛ, і нават ад «кіеўскай вотчыны», у абмен на мір і ваенны саюз зь Літвой супраць Крыму. ВКЛ на гэтым этапе выступіла з прынцыповай пазыцыяй, адмаўляючыся ад міру, пакуль Масква ня верне ВКЛ землі, далучаныя папярэднікамі Івана IV. Сыходзячы з тагачаснай хрысьціянскай этыкі, гэты акт успрымаўся элітай ВКЛ як выкупленьне граху, зробленага продкамі.

Акрамя таго, насуперак традыцыйным тэарэтычным пабудовам расійскіх гісторыкаў ХІХ—ХХ стст. А. Філюшкін лічыць, што царскі тытул Івана IV ня сьведчыў пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі і не ўсьведамляўся маскоўскім уладаром як прыярытэтны (па схеме: цар = цэсар = імпэратар) у параўнаньні з каралеўскім тытулам Ягайлавічаў. Хоць аўтар прызнае, што ў такой якасьці ён мог успрымацца на Захадзе — у ВКЛ і Сьвятой Рымскай імпэрыі. Толькі пад 1562 годам датуецца першы дакумэнт, складзены ў Масковіі, у якім тытул «усяе Русі» трактуецца як сымбаль прэтэнзій на былыя землі Рурыкавічаў з прычыны «худароднасьці» ўладароў ВКЛ: гэта зварот маскоўскіх баяр да віленскага архіяпіскапа Валяр’яна і віленскага ваяводы М. Радзівіла.

А толко, панове, воспомянути прежние обычаи, которым обычаем гетманы литовские Рогволдовчев Давила на Мовколда на Литовское княжество взяли и которым обычаем великому государю Мстиславу Володимеричю Манамашу к Киеву дань давали… ино потому не токмо что Руская земля вся, но и Литовская земля вся вотчина государя нашего...2

  1 Спасылка ў тэксьце: Памятники дипломатических сношений Древней России с державами иностранными. Санкт-Петербург, 1851. Т. 1 Памятники дипломатических сношений с империею Римскою (с 1488 по 1594 год). С. 15, 23—24.

   

Празь некалькі гадоў, сыходзячы з тых жа прынцыпаў хрысьціянскае маралі, маскоўскія баяры аб’явілі захоп «рускіх зямель» грахом першых князёў ВКЛ, які цяпер павінны выкупіць іх нашчадкі.

Такім чынам, аўтар артыкулу канцэнтруе ўвагу на дынаміцы значэньня паняцьцяў «цар», «усяе Русі», якой ня ўлічвалі ранейшыя гісторыкі, і зазначае, што «характарыстыкі аб’яднаўчага працэсу шмат у чым выводзіліся не зь сярэднявечных крыніц, а з палітычнай практыкі ХІХ—ХХ стст.».

4. Дыскурс чацьвёрты: дэспатычная Расія магла б стаць дэмакратычнай па прыкладзе ВКЛ — заснаваны на ўяўленьні аб ВКЛ як аб альтэрнатыўнай празаходняй дэмакратычнай мадэлі рускай дзяржаўнасьці. Ён асабліва абвастраўся ў часы глябальных грамадзкіх трансфармацый расійскага грамадзтва, калі расьлі сумненьні ў слушнасьці ранейшых узораў для разьвіцьця. Адрознасьць ВКЛ ад Масковіі па лініі дэмакратыя/аўтарытарызм фіксавалі і дарэвалюцыйныя расійскія і савецкія гісторыкі, аднак асобную папулярнасьць канцэпцыя ВКЛ як «іншай Русі», што засвоіла культурныя ўзоры эўрапейскай цывілізацыі, набыла ў першыя постсавецкія гады. Таксама прыцягвала ідэя фэдэралізму, засвоеная ВКЛ і такая актуальная для сучаснай Расійскай Фэдэрацыі зь яе ўнітарнымі ды імпэрскімі традыцыямі. Аднак асаблівага разьвіцьця гэтая канцэпцыя ў сучаснай расійскай гістарычнай навуцы не атрымала з каньюнктурных прычынаў: разам з курсам «Гісторыя СССР» у навучальных установах зьнік і курс «Гісторыя народаў СССР», у выніку чаго народы, што насялялі ВКЛ, перасталі быць аб’ектам пільнай і стабільнай увагі навукоўцаў і навучэнцаў.

Беларусы ганарацца

«Беларускі вобраз Вялікага Княства Літоўскага сёньня — гэта даволі камплімэнтарны для беларусаў, шмат у чым этнацэнтрычны і міталягізаваны вобраз «жаданай гісторыі» — піша магілёўскі гісторык Ігар Марзалюк. Асноўныя тэзы сучаснай беларускай гістарыяграфіі адносна спадчыны ВКЛ чытачу «ARCHE» мусяць быць знаёмыя (ВКЛ ня толькі літоўская, але і беларуская дзяржава; беларускія землі ўвайшлі мірна; ініцыятыва стварэньня ВКЛ сыходзіла ад панямонскай усходнеславянскай знаці; беларуская культура дамінавала ў ВКЛ, а беларусы былі своеасаблівымі культуртрэгерамі што да літоўцаў). У артыкуле першасная ўвага зьвернутая на новы аспэкт: на супастаўленьне вобразу «сваёй» гісторыі, характэрнага для ўсходнеславянскай эліты ВКЛ, з сучаснай беларускай гістарычнай самасьвядомасьцю беларусаў. Супастаўленьне вартае пільнасьці з боку нацыянальна сьвядомых сучасных беларусаў, бо тут аўтар заўважае істотную трансфармацыю вобразу «сваёй» гісторыі ў часе. Калі для праваслаўных колаў Вялікага Княства гэты вобраз пачынаецца ад часу Кіеўскай Русі, вартасным працягам якой успрымаецца ВКЛ, дык у сучаснай нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі роля кіеўскага пэрыяду ў працэсе станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці падаецца ня так адназначна.

Спэцыфіка сьветапогляду праваслаўнай славянскай эліты ВКЛ дасьледуецца аўтарам ужо на самых раньніх этапах функцыянаваньня дзяржавы. «Русінская» шляхта гаспадарства ўжо на гэты час была адчувальна абмежаваная ў магчымасьці культурнага ўплыву (і культурнай асыміляцыі, як вынік) на балцкае насельніцтва дзяржавы. Крэўская унія 1385 г. і каталіцкі хрост літоўцаў у 1387 г. спыняюць гэты працэс ды ствараюць умовы для культурнай дыскрымінацыі праваслаўнага набілітэту княства, што не магло не прывесьці да хвалі антыкаталіцкай палемікі. Так, у прыведзеных аўтарам цытатах зь «Летапісца рускіх цароў» (канец XIV — пачатак XV стст.) заўважнае падкрэсьліваньне культурнай перавагі «рускіх» земляў ВКЛ над літоўскімі, спрадвечнай залежнасьці Літвы ад Русі. Такім чынам, культурная перавага ўсходнеславянскага насельніцтва гаспадарства з апірышчам на даўнасьць дзяржаўнай традыцыі — першы тэзіс, на якім грунтуецца сьветапогляд праваслаўных «русінаў».

У Беларуска‑літоўскім летапісе 1446 г., складзеным з ранейшых дакумэнтаў, таксама малюецца

схема гісторыі Ўсходняй Эўропы, у якой Кіеўская Русь выступае як першасная форма асабістай дзяржаўнасьці русінаў ВКЛ. Вільня толькі пераняла кіеўскія традыцыі. Адпаведна, ВКЛ прадстаўленае як легітымны правапераемнік Кіеўскай Русі, як «свая» дзяржава.

Пазьней гэтую канцэпцыю будзе разьвіваць нацыянальная беларуская гістарыяграфія, вось толькі пачынаючы з Восіпа Турчыновіча ды Адама Кіркора месца Кіева будзе займаць Полацак.

Прычым дзеля абгрунтаваньня гэтай тэзы яны (стваральнікі нацыянальнай гістарыяграфіі) будуць вымушаныя зьвяртацца да позьніх летапісных зводаў, створаных у Маскоўскай дзяржаве, бо менавіта ў Маскве быў запачаткаваны міт пра паходжаньне літоўскіх князёў ад полацкай дынастыі.

Маскоўскім летапісцам гэтая вэрсія служыла дзеля адмовы гаспадарам ВКЛ у праве на спадчыну Кіеўскай Русі, бо калі тыя паходзілі ад полацкіх князёў, яны змаглі б прэтэндаваць як на сваю вотчыну толькі на Полаччыну.

Разьвязаны, такім чынам, вузел гістарычных стэрэатыпаў дае глебу для першай рэфлексіі над артыкулам. Лічачы Полацак калыскай беларускай дзяржаўнасьці, мы апынаемся ў казытлівым стане ігнараваньня цывілізацыйнай ролі Кіева ў яе станаўленьні, пры тым што такая роля — і мы яшчэ пабачым гэта ніжэй — цудоўна ўсьведамлялася нашымі продкамі. Ці не вядзе гэта да штучнага абмежаваньня ўласнай гістарычнай спадчыны? А наколькі патрэбным было беларусам у час нацыянальнага самавызначэньня такое бязьмежнае поле гістарычнай памяці, якое ўяўляла зь сябе Кіеўская Русь, пры ўліку, што вобраз Кіева як «маці гарадоў рускіх» ды супольнай усходнеславянскай калыскі ўжо шырока выкарыстоўваўся ў расійскай гістарыяграфіі ды афіцыйнай ідэалёгіі? А ці была «кіеваруская» спадчына больш прывабнай стваральнікам нацыі як будаўнічы матэрыял, чым полацкая, калі мы ўлічым адметны стан, адносны сувэрэнітэт і нават прэтэнзію на рэгіянальнае дамінаваньне Полацку ў тую ж гістарычную эпоху? І наколькі лёгка было б будаваць беларускую нацыянальную гістарыяграфію ды нацыянальную ідэю на вобразе дзяржавы, палітычны цэнтар якой знаходзіўся ў сэрцы этнічнай тэрыторыі суседняй нацыі, прычым нацыі таксама маладой і гарачай? Задаючы гэтыя пытаньні, мы, аднак, сьвядома гіпэрбалізуем магчымасьць стваральнікаў беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі ў пачатку ХХ ст. да напісаньня цалкам аб’ектыўнай ды ўсебаковай канцэпцыі беларускай гісторыі. Так што адэкватнасьць ідэнтыфікацыі беларусамі сваёй гістарычнай памяці бачыцца праблемай сёньняшняга дня.

У артыкуле аўтар аналізуе таксама польскую сярэднявечную канцэпцыю зямель ВКЛ, што мела ня меншую ідэалягічную завостранасьць, чым маскоўская. Ян Длугаш у сваёй «Гісторыі», выводзячы ўсходніх славян ад Руса, лічыць яго ўжо ня братам, а нашчадкам продка палякаў Леха. У той самы час літоўская эліта падаецца ў Длугаша як нашчадкі ўцекачоў з Італіі, што пасяліліся на землях «русаў» на правах васалаў апошніх, а ў суме гэтыя дзьве тэзы пра паходжаньне русінаў ды літоўцаў паслужылі зручным абгрунтаваньнем польскага дамінаваньня ў рэгіёне.

Міт пра лацінскае паходжаньне літоўцаў натуральна ператвараецца ў ня менш вострую ідэалягічную зброю ў руках вялікакняскіх патрыётаў, бо непасрэдна вядзе да прызнаньня перавагі літоўцаў‑«рымлян» над палякамі ў высакароднасьці і традыцыях дзяржаўнасьці. Што праўда, міт гэты мог прымаць і выразную антырусінскую накіраванасьць, як, напрыклад, у Міхалона Літвіна русіны падаюцца як народ цывілізацыйна адсталы і недаразьвіты ў параўнаньні зь літоўцамі. Тут, аднак, патрыёты ВКЛ русінскага паходжаньня своечасова ўжывалі контраргумэнты ў выглядзе згадак пра спрадвечную даньніцкую залежнасьць літоўцаў ад русінаў, іхныя шматлікія ваенныя паразы кіеўскім князям, даўжэйшую за славян паганскасьць.

Як непарыўнае адзінства разглядаў гісторыю Кіеўскай Русі і гісторыю ВКЛ у сваёй «Кроніцы...» таксама Мацей Стрыйкоўскі, прычым для храніста былі характэрныя адначасова вера ў рымскае паходжаньне літоўцаў, дзяржаўны ліцьвінскі патрыятызм і замілаванасьць славутай мінуўшчынай Літвы ды Жмудзі і, з другога боку, прызнаньне велічы і даўняй вайсковай славы «русінаў», іх культурнай перавагі над тымі самымі палякамі (бо раней здабылі пісьмовасьць). З таго, што «Кроніка» карысталася вялікай папулярнасьцю ў адукаваных колах ВКЛ, І. Марзалюк выводзіць, што «ніякі іншы тэкст не судзейнічаў умацаваньню русінскай самаідэнтычнасьці больш».

Такім чынам, з апошняй згадкі вымалёўваецца талерантная і папулярная ў Вялікім Княстве гістарыяграфічная канцэпцыя, у межах якой абедзьве асноўныя этнічныя групы атрымлівалі пазытыўную і высакародную характарыстыку.

Што ж Масква? Якое месца займаў у гістарычнай памяці ды сьветаўспрыманьні грамадзян Вялікага Княства настойлівы ў сваім сваяцтве «старэйшы брат»? Для летапісцаў і храністаў ВКЛ Масква — далёкі сьвет, ніяк ня ўключаны ў працэс эвалюцыі кіеварускай дзяржаўнасьці. Мала што, у беларуска‑ўкраінскіх хранографах інфармацыя пра Маскоўскую дзяржаву практычна адсутнічае (пры тым што падрабязна разглядаецца гісторыя заходнеславянскіх народаў), дык вялікакняскі патрыятызм настолькі захапіў русінскую эліту гаспадарства, што нярэдкім было імкненьне паказаць усходняга суседа — асабліва ў часы ваенных кампаній зь ім — як спрадвечнага непрыяцеля і нават іншаверца. Так, з панэгірыку гетману ВКЛ князю Канстанціну Астроскаму, напісанага праваслаўным русінам, І. Марзалюк робіць выснову, што для аўтара «перамога літоўскай зброі над маскоўскім войскам азначала перамогу над ворагамі веры Хрыстовай»:

Так своею верною послугою господарю своему, великому королю Жикгимонту радость вчинил: напръвеи церкви божьи христианьскии и многих мужеи и жон от их насилованья оборонил... побил силу великую московскую, абы так побивал силную рать татарскую, проливаючи кровь их бесурменьскую.

Далей, з шматлікіх прыведзеных у артыкуле фактаў, аўтар робіць выснову, што

праваслаўнае русінскае насельніцтва ўспрымала ВКЛ як «сваю» дзяржаву і гатовае было ліць за яе кроў. Аднак Вялікае Княства ўспрымалася імі толькі як «сучасная Радзіма», якая ў кантэксьце пэўных абставін заняла месца «старадаўняй Радзімы» — Кіеўскай Русі. Апошняя не разглядалася ў якасьці «агульнага продка», зьвяна, што нітавала б з Маскоўскай дзяржавай.

Артыкул, такім чынам даводзіць расійскаму чытачу наіўнасьць распаўсюджаных стэрэатыпаў пра вечнае ўсходнеславянскае імкненьне зьліцца ў экстазе адзінства ды пра пакуты продкаў беларусаў пад «літоўскім» ярмом. Гэтаксама як зьвяртае ўвагу беларускага чытача на актуальнасьць для яго ня толькі «літоўскай», але й «кіеварускай» спадчыны.

Замест заключэньня

Вернемся на поле бітвы. Хрыпяць коні, дзе‑нідзе ў высокай траве матляюцца чорныя цені. Густымі языкамі паўзе па зямлі, зброі, рыштунку, целах, самая рознакаляровая кроў. Вось канае пад ударам Міколы Ермаловіча чарговы савецкі стэрэатып. Беларускі гісторык выцірае аб нагавіцы край завостранай, бы лязо, кнігі і хапае за валасы новую ахвяру. Далёкая, на зьлёце, страла прабівае яму плячо, але ўдар ужо нанесены.

Нястройныя шэрагі войскаў разбрыліся па полі, зрэдчас агрызаючыся на атакі ў сьпіну, пасыпаючы згубленыя ў тумане, дый за самім даляглядам, палкі апанэнтаў. Але што гэта? Рвучыся ўдарыць па ворагу, вершнікі ледзьве пасьпелі спыніцца перад абрывам. Спыняецца вораг, ледзьве не зваліўшыся ў бездань са свайго краю прорвы. Узьвіліся стрэлы. Разадранае на няроўныя кавалкі поле то распаўзаецца, падуладнае хіба нейкім неўсьвядомленым мэтафізычным рытмам гісторыі, то з грукатам цэнтруецца зноў. І цяпер ужо адасобленыя раней кавалкі ствараюць ілюзію адзінага, непарушнага кантынэнту. Але зноўку похіст ківача — недзе там, высока, за перавернутым, нібыта нябёсы, купалам крывога люстэрка — і зямля пад нагамі пачынае новы рух. І цяпер ужо зноўку нават самы вопытны воін ня можа сказаць, ці было яно цэласным хоць калі. Але гострыць лязо і сьціскае ў далоні эфэс.

2 Спасылка ў тэксьце: Памятники дипломатических сношений московского государства с Польско-Литовским. Т. 3 (1560—1571гг.) / Под. ред. Г. Ф. Карпова // Сб.РИО. Санкт-Петербург, 1892. Т. 71. С. 108.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (61) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/12/28
8