A R C H E П а ч а т а к № 10 (61) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


10 — 2007

 



аналітыка • крытыка • гісторыя • гутарка • літаратура • рэцэнзіі

 


гісторыя

  Алесь Белы

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Алесь Белы
Як размежаваць
Літву ад Русі?

У гістарыяграфіі дагэтуль адсутнічаюць абагульняльныя працы, якія даследуюць размежаванне Літвы і Русі (не ў этнічным, а ў гістарычна-геаграфічным сэнсе), з дакладнай геаграфічнай фіксацыяй мяжы і тлумачэннем крытэраў падзелу. Сам факт падзелу ВКЛ на розныя гістарычна-геаграфічныя рэгіёны, перадусім на Літву і Русь, усведамляўся і мясцовым насельніцтвам, і многімі іншаземцамі дастаткова выразна, і такі падзел заставаўся ў цэлым амаль нязменным да канца XIX — пачатку XX стст., аказваючы вялікі ўплыў на геапалітыку (варта згадаць межы падзелаў Рэчы Паспалітай, межы губерняў і генерал-губернатарстваў Расійскай імперыі, планы дзеячоў літоўскага нацыянальнага руху датычна межаў будучай незалежнай Літвы і г. д.). Аднак у ХХ ст. рэзкія змены ў структуры насельніцтва былога ВКЛ (знікненне прывілеяванага класу землеўладальнікаў, пашырэнне масавай дзяржаўнай адукацыі і г. д.) і фармаванне сучасных палітычных межаў прывялі да сцірання ці, прынамсі, да працяглага знікнення з памяці старога падзелу.

Гістарыяграфія XIX ст. у цэлым яшчэ адэкватна ўяўляла сабе традыцыйныя гістарычныя межы гістарычных Літвы і Русі, абапіраючыся на бесперапынную традыцыю непасрэднага, «інтуіцыйнага» іх успрымання, хоць большасць аб’ектыўных крытэраў такога размежавання да XIX ст. ужо размылася. Гістарыяграфія ХХ ст., знаходзячыся ў рамках новага ўяўлення пра этнічнасць, аперавала тэрмінамі «[Бела]Русь» і «Літва» зыходзячы са значэнняў, укладзеных у іх этнаграфіяй і нацыянальнымі рухамі. Гэтае новае ўяўленне аб этнічнасці, якое пачало пераважаць у Заходняй Еўропе ў выніку прамысловай рэвалюцыі, пашырэння масавай дзяржаўнай адукацыі, дзейнасці нацыянальных рухаў, арыентаваных на агульнасць мовы і рамантызаванага мінулага, прывяло да стварэння шэрагу новых дзяржаў (Германія, Італія, балканскія краіны, якія вызваліліся з-пад улады Асманскай імперыі) і да абвастрэння нацыянальных супярэчнасцяў у шматнацыянальных імперыях. «Этнаграфічнае» ўяўленне пра падзел «Паўночна-Заходняга краю» на Літву і Беларусь, прыкладна ў сучасных межах, да пачатку 1890-х гг. стала дамінантным не толькі ў нацыянальных рухах, але і ў афіцыйнай навуцы Расійскай імперыі. Так што выглядае невыпадковым, што ўпершыню ў навуковай гістарыяграфіі пытанне пра канкрэтнае значэнне тэрмінаў Літва і Русь як назваў гістарычна-геаграфічных рэгіёнаў («областей») ВКЛ была пастаўлена менавіта ў гэты час (М. К. Любаўскі, 1892), калі непарыўная традыцыя «інтуіцыйнага» ўспрымання падзелу на Літву і Русь была ўжо ў значнай ступені страчаная і для яе фіксацыі патрабавалася фармальнае апісанне.

На думку М. Любаўскага1, ВКЛ («Літоўска-Руская дзяржава») утварылася ў выніку аб’яднання «ўласна Літоўскай зямлі», а таксама рускіх земляў, у прыватнасці Падляшша, «Літоўскага Палесся», палітычна абасобленых (аўтаномных) земляў — Полацкай, Віцебскай, Смаленскай, Кіеўскай, Валыні, а таксама г. зв. «Літоўскай Русі ў асобным, прыватным сэнсе» — групы валасцей па сярэднім Дняпры, Бярэзіне і Сожу: Бабруйскай, Барысаўскай, Крычаўскай, Любашанскай, Менскай, Мсціслаўскай, Прапойскай, Рэчыцкай, Свіслацкай і некаторых іншых, якія ўваходзілі ў Віленскае і Троцкае ваяводствы ВКЛ. Погляды Любаўскага былі падтрыманыя польскім гісторыкам С. Кутшэбам2. Аднак з імі не пагадзіўся О. Халецкі, які лічыў, што ўся тэрыторыя Віленскага і Троцкага ваяводстваў да адміністрацыйнай рэформы 1565 г., уключаючы і падняпроўскія і падзвінскія воласці, лічылася сучаснікамі Літвой, а пад Руссю ці «Руссю Літоўскай» разумеліся толькі аўтаномныя землі (Полацк, Кіеў, Валынь і г. д. — «анексы» паводле вызначэння О. Халецкага), «федэрацыйны» статус якіх вызначаўся вялікакняскімі прывілеямі3. Інтэрпрэтацыя Халецкага зыходзіла перадусім з набору крыніцаў, на якія ён абапіраўся, пераважна заканадаўчых актаў, практычна ігнаруючы шматлікія выпадкі ўжытку тэрмінаў Русь і Літва ў менш «статусных» дакументах як публічнага, гэтак і прыватнага характару — гаспадарчых, судовых, дзённіках, прыватным ліставанні і г. д. Памылковасць яго поглядаў лёгка даказваецца хоць бы прывілеем, выдадзеным Ягайлам у 1387 г. ягонаму брату Скіргайлу на Полацк, а таксама на Менск і іншыя воласці «на Рускай старане» — Свіслач, Бабруйск, Прапойск, Рэчыца, Любеч, Ігумен і інш.4, вядомыя пазней як падняпроўскія воласці ВКЛ. Дарэчы, варта адзначыць, што ўладанні Скіргайлы (які адмыслова дамогся права захаваць праваслаўнае веравызнанне пры заключэнні Крэўскай уніі) у канцы яго жыцця, у 1393—1396 гг. — калі пры судзейнічанні Ягайлы і Вітаўта ён атрымаў Віцебск, Кіеў, Оўруч, Жытомір, — разам, прыкладна, і складалі Русь, у адрозненне ад Літвы, дзе пасля Астроўскага пагаднення 1392 г. правіў Вітаўт.

  (нар. у 1968 у Менску) — гісторык, публіцыст. Вывучае ўплыў заходнеэўрапейскіх культурных, тэхналягічных і эканамічных рэалій на фармаваньне матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі. Аўтар звыш 100 навуковых і навукова-папулярных прац з гісторыі Беларусі. Ляўрэат прэміі імя Ф. Багушэвіча беларускага ПЭН-цэнтру 2001 г. Аўтарская назва тэксту — «Разьмежаваньне Літвы і Русі як гістарычна-геаграфічных рэгіёнаў Вялікага Княства Літоўскага: гістарыяграфія пытаньня».
   
У Літве (дакладней, у паваеннай дыяспары) гістарычнай паўднёвай і ўсходняй мяжой цікавіліся К. Пакштас і Б. Квікліс. На іх (палітычна матываваную) думку, усходняя мяжа Lithuania Propria супадала з этнічнай мяжой рассялення літоўцаў. Пры гэтым у склад апошняй яны беспадстаўна ўключалі значную частку Ваўкавыскага, Слонімскага і Наваградскага паветаў, цалкам Лідскі і Гарадзенскі і значную частку Падляшша да ракі Нараў5. Пры гэтым паўднёвая частка Lithuania Propria, да р. Ясельды, на тэрыторыі якой не было падстаў лакалізоўваць значныя пасяленні этнічных літоўцаў у эпоху ВКЛ, памылкова засталася за межамі Літвы. Відавочна, што такі падыход дыктаваўся «этнаграфічнымі» ўяўленнямі, якія дамінавалі ў эпоху станаўлення нацыянальнай дзяржавы, але менавіта ён, увайшоўшы ў эмігранцкую літоўскую энцыклапедыю, доўгі час непадзельна панаваў у літоўскай гістарычнай навуцы.

Лінія былога падзелу ВКЛ на Літву і Русь (XIV—XVI стст.) цалкам праходзіць па тэрыторыі сучаснай Беларусі, і, магчыма, таму дагэтуль адсутнічаюць кампаратыўныя даследаванні, якія супастаўлялі б асноўныя параметры развіцця гэтых двух рэгіёнаў ВКЛ (фармаванне палітычнага народа, этнакультурнае развіццё, аграрная рэформа, канфесійная гісторыя і г. д.) і паслядоўна выяўлялі гістарычныя адрозненні Літвы і Русі. Сучасная Літоўская Рэспубліка з’яўляецца нашмат больш «гістарычна аднароднай» (нават з улікам істотнай самабытнасці ў развіцці Жамойці), чым Беларусь, а ў Беларусі з 1939 г. і дагэтуль не вітаюцца якія-кольвек даследаванні любых адрозненняў паміж дзвюма часткамі краіны.

Пасля Халецкага і Кутшэбы, з палітычных прычынаў, канкрэтны змест тэрмінаў Русь і Літва ў іх узаемасувязі і супрацьпастаўленні не цікавіў гісторыкаў Беларусі, Расіі і Польшчы на працягу амаль 60 гадоў, да самых 1980-х. Спачатку пытанне ўсходнай мяжы Lithuania Propria закрануў Е. Ахманьскі ў працы, прысвечанай эвалюцыі ўсходняй этнічнай мяжы Літвы6, пазней гэтае пытанне зрабілася прадметам ненавуковых спекуляцый і містыфікацый беларускіх гісторыкаў-аматараў (М. Ермаловіч, В. Чаропка, П. Урбан і інш.). Апроч Е. Ахманьскага, існуе цэлы шэраг даследаванняў балта-славянскай этнічнай мяжы7, якія абагульніў беларускі даследчык А. Краўцэвіч. Згодна з імі, у старажытнарускія часы гэтая мяжа праходзіла прыкладна па лініі: воз. Асвейскае — Дзісна — Пліса — Будслаў — Заслаўе — Рубяжэвічы — Дзераўная — Беліца — Слонім — Ваўкавыск. Да ХІV ст. яна перасунулася з левага на правы бераг Нёмана і праходзіла прыкладна паралельна рэчышчу гэтай рэкі — г. зв. «лінія Сафарэвіча» (мяжа канцэнтрацыі пасяленняў з назвамі на -ішкі)8. Аднак ані г. зв. этнічная мяжа, ані мяжа перавагі каталіцкага і праваслаўнага веравызнанняў у Віленскай губерні (якой цікавіліся літоўскі гісторык і дыпламат П. Клімас9 і беларускі гісторык і этнограф М. Грынблат10), не супадаюць з мяжой гістарычнага рэгіёну Літвы.

Вялікую працу па аналізе ўжытку тэрмінаў Русь і Літва на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь у XVI ст. зрабілі беларускія гісторыкі М. Спірыдонаў і В. Насевіч. Вялікі фактычны матэрыял быў назапашаны і сістэматызаваны М. Спірыдонавым у працэсе працы над яго фундаментальным даследаваннем «Запрыгоньванне сялянства Беларусі» (Мінск, 1993), «пабочным прадуктам» якой стала стварэнне картатэкі населеных пунктаў ВКЛ XVI ст. з атрыбутамі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай прыналежнасці, уласнасці і іншымі, якая на рубяжы ХХ і ХХI ст. стала асноўнай крыніцай для стварэння карт адміністрацыйнага падзелу ВКЛ (як да, так і пасля адміністрацыйнай рэформы 1565 г.). Пазней у супрацоўніцтве з В. Насевічам на падставе аналізу разнастайных афіцыйных дзяржаўных і прыватных актаў: тэстаментаў, скаргаў, інвентароў, інструкцый, прыказаў, лістоў (застаўных, продажных, судовых і г. д.), соймавых ухвалаў, «Уставы на валокі» 1557 г., попісу войска ВКЛ 1567 г. і інш. — М. Спірыдонаў лакалізаваў у Русі ў вузкім сэнсе больш за 130 населеных пунктаў, што дазваляе даволі дакладна вызначыць як мяжу паміж Руссю і Літвой у ВКЛ сярэдзіны XVI ст., так і вызначыць крытэры размежавання паміж гэтымі двума асноўнымі гістарычна-геаграфічнымі рэгіёнамі ВКЛ. Аднак дагэтуль тэрміны Літва і Русь (Літоўская) як назвы буйных гістарычна-геаграфічных рэгіёнаў Вялікага Княства Літоўскага (па сутнасці, краінаў) так і не сталі агульнапрызнанымі, імі практычна не карыстаюцца для абазначэння адрозненняў паміж гэтымі рэгіёнамі ў структуры землеўладання, этнаканфесійным складзе насельніцтва, звычайным праве і г. д. Даецца ў знакі як інэрцыя мыслення, так і ідэалагічныя штампы і, магчыма, палітычныя рызыкі, што вынікаюць з ужытку такіх тэрмінаў. Асноўныя высновы М. Спірыдонава і В. Насевіча выкладзеныя ў артыкулах 1996—2006 гг.11. Яны зводзяцца да таго, што мяжа паміж Руссю і Літвой не супадала ані з этнічнай (у сучасным разуменні), ані з адміністрацыйнай мяжой (ваяводстваў і паветаў), а адной з асноўных прыкметаў размежавання, на сярэдзіну XVI ст., была паноўная ў адпаведным рэгіёне сістэма павіннасцяў залежных сялян. У Літве гэта пераважна паншчына, на Русі — традыцыйна натуральная і грашовая даніна, якая з сярэдзіны XVI ст. часткова набыла форму чыншу, што асабліва яскрава праяўляецца пры аналізе ўласнасці феадалаў, якія мелі зямельныя ўладанні як у «літоўскай», так і ў «рускай» частках ВКЛ. З гэтымі высновамі пагадзіўся беларускі гісторык з Падляшша А. Латышонак, які, як і аўтар гэтага артыкула, адзначыў, што менавіта за рэгіёнам Русь Вялікага Княства Літоўскага пазней, пачынаючы з 1580-х гг., замацаваўся харонім «Белая Русь»12. Гэтыя высновы ў цэлым прыняў і А. Краўцэвіч, які, аднак, настойвае на біэтнічным ад пачатку напаўненні хароніма Літва (Lithuania Propria)13. Зб. Вайтковяк высунуў гіпотэзу аб адцінку мяжы паміж Літвой (г. зв. «Завялейскай») і Руссю XV—XVI стст. па сярэднім цячэнні Вяллі14, якая, аднак, цалкам супярэчыць дадзеным М. Спірыдонава і В. Насевіча.

Паводле высунутай В. Насевічам гіпотэзы15, ВКЛ на пачатковым этапе фармавання складалася з трох асноўных «земляў»: Літвы (64 тыс. км2), Жамойці (27 тыс. км2) і Наваградскай зямлі (23 тыс. км2), пры гэтым чыста балцкая, або «няруская», тэрыторыя займала 80 % дзяржавы. У сярэдзіне XIV ст. гэтыя землі разам узятыя складалі, паводле ягоных падлікаў, 38 % тэрыторыі ВКЛ. В. Насевіч прапанаваў у дачыненні да іх карыстацца тэрмінам «палітычная Літва» (у адрозненне ад «этнічнай Літвы»), каб адрозніваць асноўную сэнсавую нагрузку паняцця «Літва» як тэрыторыі, населенай этнічнымі літоўцамі (і роднаснымі ім балцкімі народнасцямі), і як палітычнага ядра ВКЛ, у якім літоўцы (і іншыя балты) былі колькасна дамінантным, але не адзіным этнічным элементам. «Палітычная Літва» (аналаг лацінскага тэрміна Lithuania Propria), апроч «этнічнай», з XIII ст. уключала таксама сумежныя з поўдня і ўсходу тэрыторыі з пераважным ці значным усходнеславянскім насельніцтвам, у асноўным у Верхнім Панямонні (якое традыцыйна называюць штучным тэрмінам «Чорная Русь», а беларускія гісторыкі-аматары настойліва спрабуюць выдаць за нібыта «першасную», ці «летапісную», Літву). Пры гэтым застаецца адкрытым пытанне, наколькі ў XVI ст. гэтыя адценні сэнсу былі важнымі для сучаснікаў, або яны, што больш верагодна, цалкам атаясамлівалі Літву менавіта з «палітычнай» Літвой (па аналогіі з сучаснай Літвой, з якой ніхто не вылучае «этнічнай Літвы», пакідаючы за яе межамі Віленскі край).

Аднак такога прапанаванага Спірыдонавым і Насевічам крытэру, як дамінантная сістэма павіннасцяў, тым больш, улічваючы значныя перамены ў іх структуры цягам аграрнай рэформы другой траціны XVI ст., яўна недастаткова для адэкватнага ўяўлення зместу гэтага паняцця (як і паняцця Русь у вузкім сэнсе як гістарычна-геаграфічнага рэгіёну ВКЛ). У дадзенай працы аўтару хацелася б акрэсліць асноўныя шляхі будучых даследаванняў пытання, якія мусяць больш поўна раскрыць суадносіны Літвы і Русі, з аглядам наяўных даследаванняў, што закранаюць асноўныя аспекты праблемы.

1. Структура землеўладання ў Русі і Літве

Розніца ў структуры зямельнай уласнасці ў двух рэгіёнах (краінах) выразна праявілася ў сярэдзіне XVI ст. падчас правядзення аграрнай рэформы, пра што захавалася вялікая колькасць дакументаў, якія і складаюць асноўную фактычную базу Спірыдонава і Насевіча. Пра аграрную рэформу («валочную памеру») існуе абсяжная літаратура16, але яна, як правіла, слаба закранае пытанне тэрытарыяльнага падзелу. Са згаданай вышэй кнігі М. Спірыдонава, яго і В. Насевіча артыкулаў вынікае, што асаблівасці структуры «зямельнага кадастра» складваліся ў выніку наданняў вялікага князя, асноўная маса якіх была засяроджаная менавіта ў «палітычнай Літве»:

 

 1 Любавский, М. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания Первого Литовского Статута: Исторические очерки. М., 1892.

 2 Kutrzeba, S. Historia Polski w zarysie: Wyd. 2. T. 2. Litwa. Lwów—Warszawa, 1921.

 3 Halecki, O. Litwa, Ruś i Zmudź jako części składowe Wielkiego Księstwa Litewskiego. Kraków, 1916.

 4 Полоцкие грамоты XIII — нач. XVI в. / Сост. Хорошкевич А. Л. М., 1977. Вып. 1. № 10.

 5 Pakštas, K. Lietuvių tautas plotai ir gyventojaj // Lietuvių Enciklopedija. T. XV. P. 436; Kviklys, B. Musų Lietuva. T. I. Boston, 1964. P. 12.

 6 Ochmański, J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki pliemiennej do XVI w. Poznań, 1981. S. 69—70.

 7 Зверуго, Я. Г. Верхнее Понеманье в 9—13 вв. Минск, 1989; Safarewicz, J. Rozmieszczenie nazw na -iszki na pograniczu słowiańsko-litewskim // Safarewicz, J. Studia językoznawcze. Warszawa, 1967. S. 257—259; Rozwadowski, J. Mapa językowego obszaru litewskiego // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. Warszawa — Lublin — Łódź — Kraków, 1914. S. 335—339.

 8 Краўцэвіч, А. Да праблемы этнічнай ідэнтыфікацыі Вялікага Княства Літоўскага // Białoruskie Zeszyty Historyczne. Z. 19. Białystok, 2003.

 9 Klimas, P. Litwa, jej mieszkańcy i granice. Wilno, 1919. S. 27

 10 Гринблат, М. К вопросу об участии литовцев в этногенезе белорусов // Вопросы этнической истории народов Прибалтики. М., 1959.

 11 Насевіч, В.; Спірыдонаў, М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў: Гісторыка-культуралагічны зборнік. Т. 1. Мн., 1996; Спірыдонаў, М. Ф. «Літва» і «Русь» у Беларусі ў XVI ст. // Наш Радавод. Ч. 7. Гродна, 1996; Насевіч, В. Літва // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. Мн., 2006. С. 202—206; Idem. Русь // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. Мн., 2006. С. 521—522.

 12 Łatyszonek, O. Od rusinów białych do białorusinów: u źródel białoruskiej idei narodowej. Białystok, 2006. S. 101—112; Белы, А. Хроніка Белай Русі: нарыс гісторыі аднай геаграфічнай назвы. Мн., 2000. С. 158.

 13 Краўцэвіч, А. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. Rzeszów, 2000. S. 104—128.

 14 Wojtkowiak, Zb. Litwa zawilejska w XV i pierwszej połowie XVI st. Poznań, 1980. S. 11—16.

 15 Насевіч, В. Л. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел [ВКЛ] // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 1. Мн., 2005. С. 34—39.

   

Асноўным раёнам наданняў была… асабліва заходняя і цэнтральная часткі [тэрыторыі Беларусі], якія ў XV—XVI стст. у сувязі з ваеным паражэннем Тэўтонскага Ордэна амаль не зазналі спусташэння і знаходзіліся ў басейнах сплаўных рэк Заходні Буг і Нёман. З гэтых прычынаў ва ўказаных рэгіёнах фонд госпадарскіх уладанняў у выніку наданняў скарачаўся, а зямельная ўласнасць, галоўным чынам літоўскіх каталіцкіх князёў і паноў, а таксама каталіцкай царквы, пашыралася значна інтэнсіўней, чым ва ўсходняй Беларусі.

М. Спірыдонаў спасылаецца таксама на папярэднія працы Ахманьскага, які прыйшоў да аналагічных высноў17. Cкладзеныя В. Насевічам на падставе картатэкі М. Спірыдонава карты паветаў ВКЛ для беларускіх энцыклапедый выдатна гэта ілюструюць: у літоўскіх паветах ужо да сярэдзіны XVI ст. пераважаюць прыватныя ўладанні, пры большай долі ўладанняў каталіцкай царквы, у рускіх па-ранейшаму вялікая доля дзяржаўных уладанняў. Як адзначае М. Спірыдонаў, гаспадарскія ўладанні нават называліся па-рознаму: на ўсходзе сучаснай Беларусі, на Русі, валасцямі, на захадзе, у Літве — як правіла, «дзяржавамі» (часцей за ўсё апошнія знаходзіліся ў закладзе18). Ён таксама звяртае ўвагу, што

да сярэдзіны XV ст. зямельныя адносіны паміж рускімі баярамі рэгуляваліся галоўным чынам нормамі, што склаліся яшчэ ў перыяд Старажытнай Русі. У канцы XIV ст. гэтыя нормы ў агульнай форме былі пацверджаныя ў «прывілеях» (граматах) вялікага князя Вітаўта Віцебскай, Полацкай і некаторым іншым рускім землям ВКЛ.

Права ўласнасці заходнееўрапейскага кшталту першапачаткова было ўведзенае (прывілеямі 1387 і 1413 гг.) толькі для літоўскіх феадалаў, што прынялі каталіцызм, а на праваслаўных паступова пашыранае прывілеямі 1432, 1434, 1447, 1563 гг.19. Фармаванне землеўладання найбольш прывілеяванага слоя літоўскага баярства, які аформіўся паводле Гарадзельскага прывілея 1413 г., падрабязна разгледзеў У. Сямковіч20. З яго працы відавочна, што геаграфія пераважнай большасці ўладанняў «гарадзельскага» баярства з высокай карэляцыяй лакалізаваная ў «палітычнай Літве».

2. Паняцце «старыны» і рускія воласці

Валочную памеру і, у прыватнасці, культурную і гаспадарчую своеасаблівасць падняпроўскіх і падзвінскіх «валасцей рускіх» у яе кантэксце даследуе беларускі гісторык В. Голубеў21. Ён адзначае важнасць паняцця «старыны» як пэўнай ідэалізаванай традыцыі звычайнага права. Яна, у прыватнасці, вызначала прынцыпы размеркавання павіннасцяў паміж супольнікамі патрыярхальнай грамады, выбары «старцаў» і г. д. Голубеў усведамляе сур’ёзныя выпрабаванні, пад якія падпала «старына» падчас рэалізацыі ў «валасцях рускіх» аграрнай рэформы, пачынаючы з 1560 г. Але, як і іншыя даследчыкі, ён не задаваў сабе пытання, наколькі паслядоўна «старына» як прынцып распаўсюджвалася на іншыя сферы матэрыяльнага і духоўнага жыцця гэтага рэгіёну ВКЛ, перадусім наколькі цесна ён быў звязаны з амаль поўнай манаполіяй праваслаўя як канфесіі і адпаведнага яму светапогляду ў т. л. у праўнай свядомасці ў рускай частцы ВКЛ. Шмат у чым гэта тлумачыцца мізэрнасцю даступных нам крыніцаў, якія апісвалі б штодзённае жыццё русінаў, і ў канцавым выніку — самой праваслаўна-візантыйскай культурнай традыцыяй, нашмат менш, чым лацінская, схільнай да дакументальнай фіксацыі грамадскіх і прыродных з’яў. Аднак можна меркаваць, што «старына» адыграла значную ролю ў фармаванні мяжы паміж Літвой і Руссю, якая не мела фармальна зафіксаванага статуса, але тым не менш маўкліва прызнавалася абодвума бакамі. Рускую воласць як «элементарную адзінку драблення гарадоў-зямель, грамад, што сфармаваліся на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя і Падзвіння ў старажытнарускі перыяд», даследавалі таксама М. Доўнар-Запольскі і А. Дварнічэнка22.

В. Голубеў адзначае, што да 1558 г. рэвізія памеры на падставе «Уставы на валокі» 1557 г. была скончаная (у дзяржаўных уладаннях) у Берасцейскім, Браслаўскім, Віленскім, Ваўкавыскім, Гарадзенскім, Лідскім, Менскім, Наваградскім, Ашмянскім і Пінскім паветах — г. зн. ва ўсіх заходніх паветах сённяшняй Беларусі. (46-ты артыкул «Уставы» быў прысвечаны становішчу «рускіх валасцей» у Падняпроўі і Падзвінні, дзе аграрная рэформа пачала праводзіцца з 1560 г. на падставе асобных інструкцый). Гэта сцвярджэнне патрабуе ўдакладнення: межы паветаў, як вядома, былі ўсталяваныя падчас адміністрацыйнай рэформы 1565 г. Аднак якімі фармальнымі крытэрамі кіраваліся адміністратары, якія распрацоўвалі методыку і чарговасць дзеянняў у час правядзення аграрнай рэформы? Варта было б праверыць на шырокай статыстычнай базе: ці не быў рэгіён валочнай памеры 1557—1558 гг. цалкам ідэнтычны «палітычнай Літве»? Тут мы сутыкаемся з нераспрацаванасцю пытання аб структуры і носьбітах геаграфічных ведаў у ВКЛ сярэдзіны XVI ст. З аднаго боку, немагчыма адмаўляць, што правядзенне рэформы ў такія сціслыя тэрміны сведчыла пра дастаткова высокі узровень адміністрацыйнай культуры, які меў на ўвазе, у тым ліку, строгую тэрытарыяльную акрэсленасць мерапрыемстваў валочнай памеры. З іншага боку, у нашым распараджэнні няма дакументаў, якія геаграфічна дакладна вызначаюць тэрыторыю памеры 1557—1558 гг. Можна меркаваць, што яна праводзілася ў канкрэтным спісе валасцей, дзяржаў і «паветаў», адназначна зразумелых сучаснікам як «літоўскія», якія мелі агульную знешнюю мяжу. Яна і ўспрымалася як мяжа Літвы з Руссю, хоць і не супадала з мяжой Віленскага і Троцкага ваяводстваў.

 

 16 Kołankowski, L. «Pomiara włoczna» // Ateneum Wileńskie. Z. 13. 1927; Похилевич, Д. Л. Крестьяне Белорусси и Литвы в XVI—XVIII вв. Львов, 1957; Пичета, В. И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958; Ochmański, J. Reforma włoczna w dobrach magnackich i kościelnych w Wielkim księstwie Litewskim w drugiej połowie XVI w. // Ochmański J. Dawna Litwa. Olsztyn, 1987.

 17 Ochmański, J. Struktura feudalnej własnosci ziemskiej na Podlasiu w XVI w. // Acta Baltico-Slavica. Białystok, 1964. T. 1. S. 162; Idem. Historia Litwy. Wyd. 2. Wrocław etc., 1982. S. 107.

 18 Спиридонов, М. Закрепощение крестьянства Беларуси. Мн., 1993. С. 30.

 19 Тамсама С. 36.

 20 Semkowicz, Wł. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle roku 1413 // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. III. Poznaс, 1989. S. 7—139.

 21 Голубеў, В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі ў XVI—XVIII ст. Мн., 1992; Idem. Падняпроўскія і падзвінскія гаспадарскія воласці // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. Мн., 2006. С. 385. Idem. Старына // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т.2. Мн., 2006. С. 630.

 22 Довнар-Запольский, М. В. Западно-русская сельская община в ХVІ в. СПб., 1897; Idem. Очерки по организации западнорусского крестьянства. Киев, 1905; Дворниченко, А. Поднепровские и Подвинские волости Великого княжества Литовского в XV—XVI вв. // Вестник Ленинградского университета: История, язык, литература. № 8. Вып. 2. Ленинград, 1983. С. 92—94.

   
Спроба глыбокага семантычнага аналізу паняцця «старыны» ў ВКЛ зроблена пецярбургскім гісторыкам ВКЛ М. Кромам23. Культ старыны, на яго думку, ахопліваў усе сферы жыцця ВКЛ: землеўладанне, падаткі і павіннасці, пошліны, замежную палітыку, прычым «мова старыны, мова звычайнага права замацавалася на ўсёй тэрыторыі Літоўскай дзяржавы». Каштоўным назіраннем М. Крома трэба прызнаць факт канцэнтрацыі ўжытку фармулы «мы старины не рушаем, а новины не вводим» на невялікім часовым адцінку з канца XV па першую чвэрць XVI стст. Аднак прыклады, якія ілюструюць «старыну», М. Кром прыводзіць выключна з рускай часткі ВКЛ, па ўмаўчанні адносячы іх да ўсяго Вялікага Княства, што наўрад ці карэктна. Нам уяўляецца, што дэталёвы тэрытарыяльны аналіз выявіў бы нашмат большую канцэнтрацыю спасылак на старыну ў Русі, чым у Літве. Даследчык сам прызнае, што час найбольшага культу старыны супаў з дынамічным развіццём грамадскага ладу ВКЛ — увядзеннем магдэбургскага права, фармаваннем шляхецкага стану, знікненнем рэшткаў удзелаў — але не заўважае, што гэтыя пераўтварэнні найбольш інтэнсіўна вяліся менавіта ў «палітычнай Літве» і што канфлікт «старына» — «навіна», па сутнасці, быў таксама канфліктам паміж дзвюма цывілізацыямі і краінамі, якія іх прадстаўлялі. Паняцце «старыны» М. Крома, на нашу думку, варта было б удакладніць, дадаўшы да яго вельмі важную канатацыю: «руская старына», ідэалізаваная руская ідэнтычнасць у супрацьвагу «лацінскай» зменлівасці.

3. Замежнапалітычны фактар

Межам Літвы як гістарычна-геаграфічнага рэгіёну ВКЛ, хутчэй за ўсё, адпавядаюць дзяржаўныя межы ўсяго ВКЛ у ранейшы перыяд, прыкладна канца XIII — пачатку XIV стст. (магчыма, часу княжання Тройдзена), і адзначаюць сабой пэўную вяху ў гісторыі тэрытарыяльнай экспансіі ВКЛ: да дасягнення гэтай мяжы Літва рабіла стаўку на простую ваенную сілу і істотна рэарганізоўвала сістэму дзяржаўнага кіравання і права на падпарадкаваных тэрыторыях, а пазней перайшла да больш гнуткай сістэмы ўцягвання ўдзельных рускіх княстваў у палітычную сістэму ВКЛ: дынастычныя шлюбы (асабліва з апошнімі прадстаўніцамі княскіх родаў, якія не мелі спадкаемцаў па мужчынскай лініі), пераход літоўскіх князёў у праваслаўе і г. д., што забяспечвала легітымнасць літоўскіх дынастый у вачах мясцовага насельніцтва. Асцярожнасць, з якой дзейнічалі Гедымін і Альгерд, верагодна, тлумачыцца тым, што рускія княствы, у якіх так паспяхова ўдавалася замацоўвацца літоўскай дынастыі, заставаліся даннікамі Залатой Арды. І прынамсі з пункту гледжання ханаў, змена дынастыі зусім не рабіла гэтыя княствы часткай Літоўскай дзяржавы. І. Марзалюк адзначыў, што яшчэ і ў XVI ст. ханскія ярлыкі выдаваліся вялікім князям літоўскім на ўсе рускія землі ў межах, якія збольшага супадалі з даследаванай намі мяжой Русі і Літвы, як, напрыклад, ярлык Сагап-Гірэя 1529 г., выдадзены на Кіеў, Луцк, Смаленск, Полацк «со тьмами и землями и водами»24. Верагодна, пэўная «умоўнасць», нетрываласць літоўскай улады над Руссю, на якую заўжды меліся і іншыя прэтэндэнты (спачатку Арда, затым адзінаверная Русі Маскоўская дзяржава), заўжды ўсведамлялася кіроўнымі коламі Літвы, а пазней і Рэчы Паспалітай. Хоць з гэтай нетрываласцю не мірыліся, а спрабавалі знайсці спосабы яе пераадолення, тым не менш, у сваёй унутранай палітыцы на тэрыторыі Русі ўлады ВКЛ заўжды былі вымушаныя лічыцца як з настроямі мясцовага насельніцтва, так і з гатовымі згуляць на гэтых настроях усходнімі суседзямі. Адсюль і лаяльнае стаўленне да рускай «старыны», якую да пэўнага моманту (да сярэдзіны 1560-х гг., калі ўсялякая карэктнасць у дачыненні да ўсходняга суседа, які агрэсіўна заявіў пра свае прэтэнзіі, згубіла сэнс) імкнуліся не парушаць. Магчыма, устойлівая мяжа Літвы была ўсталяваная падчас вялікага паходу татараў і Галіцка-Валынскага княства ў 1275 г. (паводле Іпацьеўскага летапісу) ці серыі аналагічных походаў гэтага часу, якія пакінулі прыкметны след у паданнях пра бітвы пад Койданавам, Магільнам і г. д. У выніку гэтых сутыкненняў татары адмовіліся ад спробаў падначаліць Літву. Літва, верагодна, узяла на сябе абавязак не прэтэндаваць на Русь, якая ўся цалкам лічылася законным уладаннем татар, і ў далейшым пашырэнні сваёй улады была вымушаная дзейнічаць больш гнуткімі спосабамі. Рассяленне на поўдні «палітычнай Літвы» ўцекачоў з Прусіі пасля падаўлення там апошняга буйнога паўстання25, верагодна, было пакліканае замацаваць дасягнутую да сярэдзіны 1270-х гг. мяжу.

 

 23 Кром, М. «Старина» как категория средневекового менталитета (по материалам Великого княжества Литовского XIV — начала XVII вв.) // Mediaevalia ucrainica: Ментальнiсть та icторiя iдей. Т. III. Київ, 1994. С. 68—85.

   
Дагаворы паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай XV—XVI ст. фармальна не ўтрымліваюць пісьмовых абавязкаў Літвы паважаць «старыну» Русі26. Аднак можна меркаваць, напрыклад, што абавязкі, узятыя пры заключэнні шлюбу Аляксандра з Аленай Іванаўнай, дачкой Івана ІІІ, нефармальна маглі трактавацца больш шырока, чым патрабаванне паважаць веравызнанне самой Алены.

Польскі пісьменнік XVII ст. Шымон Стаpавольскі назваў Белую Русь (гэты тэрмін змяніў Русь у кантэксте ВКЛ у канцы XVI ст.) «сумежнай» (adjacetque) і «падуладнай» (subjacet) Вялікаму Княству Літоўскаму27. У Магілёўскай хроніцы пад 1695 г. адзначалася, што «памежжа літоўскае» праходзіла побач з Менскам і Слуцкам (магчыма, мелася на ўвазе ўсходняя мяжа Менскага і Наваградскага паветаў)28. У другой палове XVII ст. характарыстыкі грамадскага развіцця, якія падзялялі Літву і Русь у сярэдзіне XVI ст., ужо не так істотна адрозніваліся ў абедзвюх частках дзяржавы. Хоць, натуральна, Русь заставалася цалкам славянскай краінай, з пераважна ўсходнім абрадам каталіцызму, які змяніў праваслаўе. Тут практычна адсутнічаў літоўскі этнічны элемент, да гэтага часу асіміляваны і ў невялікіх анклавах кшталту Абольцаў. Аднак памяць пра даўні падзел захавалася. Пры гэтым мяжа Літвы нават адсунулася далей на ўсход. Мабыць, адміністрацыйная рэформа 1565 г. спецыяльна правяла межы Менскага і Наваградскага паветаў так далёка на ўсход, па Бярэзіне і Пцічы, якая і лічылася з таго часу мяжой Літвы. Нам уяўляецца, што захады па ліквідацыі рэшткаў «рускай старыны» планавалася пачаць з усходніх частак гэтых двух паветаў, але Люблінская унія 1569 г. зрабіла гэты план неактуальным. Згаданы працэс, пачынаючы з праўлення Стэфана Баторыя, і асабліва з пачатку XVII ст., ахапіў таксама Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы, а таксама Мазырскі і Рэчыцкі паветы Менскага ваяводства. Гэтая тэрыторыя (усяго 6 паветаў), пачынаючы з 1565 г., магчыма, і лічыліся Руссю (пазней — Белай Руссю). На кароткі час, з 1611 па 1654 гг., да іх далучылася Смаленскае ваяводства. Уяўленні пра мяжу паміж Літвой і Руссю па Бярэзіне прааналізаваў Е. Ахманьскі. Ён знайшоў першую згадку аб гэтай мяжы ў Яна Длугаша, не выключаючы, што польскі храніст проста пераблытаў дняпроўскую Бярэзіну з нёманскай. У 1549 г. на мяжу Полацка і Віцебска, нібыта даўніх вотчын вялікага князя маскоўскага, з Літвой, па Бярэзіне, спасылаліся ў Маскве на перамовах з пасламі ВКЛ. На думку Ахманьскага, Бярэзіна сапраўды размяжоўвала Менскае і Віцебскае княствы ў старажытнарускі час29. Вельмі падрабязнае даследаванне мяжы Русі з Літвой па Бярэзіне ў апошні час здзейсніў В. Варонін30. Ён прыйшоў да высновы, што гэтая мяжа прасочваецца, пачынаючы ад 1480-х гг., у дакументах, якія датычаць тэрытарыяльных прэтэнзій да ВКЛ, заяўленых вялікім князем маскоўскім Іванам ІІІ і падтрыманых яго спадкаемцамі. Строга кажучы, мяжа па Бярэзіне далёка не заўсёды фігуруе ў дакументах менавіта як мяжа Русі і Літвы, але рачэй як меркаваная заходняя мяжа Смаленскага княства (вотчыны Рурыкавічаў і, адпаведна, «законнага ўладання» Масквы). На больш заходнія землі ВКЛ да пэўнага часу прэтэнзіі Масквы не распаўсюджваліся, але гэта не азначае, што гэтыя землі ў Крамлі безумоўна не лічылі рускімі. Аднак наўрад ці гэтая мяжа была гістарычна абгрунтаванай мяжой Літвы. Хутчэй за ўсё, усталяванне гэтай умоўнай мяжы ў сярэдзіне XVI ст. па Бярэзіне было звязанае з усведамленнем небяспекі маскоўскай экспансіі і імкненнем пашырыць тэрыторыю дзеяння рэформаў, што уніфікавалі праўны лад асноўнай часткі старажытнарускіх тэрыторый з цэнтральнай часткай дзяржавы.

4. Становішча Каталіцкага касцёла
ў Літве і Русі.

Большая частка тэрыторыі сучаснай Беларусі (як Літва, так і Русь) адносілася да Віленскай дыяцэзіі рымска-каталіцкай царквы. Выключэнне складалі крайні паўднёвы захад, які заўжды «цягнуў» да Валыні, з 1374 г. уваходзіў у склад Луцкай дыяцэзіі, а ў 1565 г. выдзелены ў Берасцейскае ваяводства, і частка паўднёвага ўсходу, у межах Мазырскага павета, які да Люблінскай уніі 1569 г. быў часткай Кіеўскага ваяводства і (намінальна) Кіеўскай дыяцэзіі, хоць касцёлаў на гэтай тэрыторыі не было да сяр. XVII ст. Характэрна, што на Літву і Русь (у вузкім сэнсе) падзялялі, як правіла, менавіта Віленскую дыяцэзію, бо Жамойць складала асобную дыяцэзію, а Берасцейскае ваяводства часцей за ўсё фігуравала як Палессе, якое ў палітычна-геаграфічным аспекце да XVIII ст. было «паглынутае» хутчэй Літвой, чым Руссю. Е. Ахманьскі ў сваіх працах, прысвечаных фармаванню Віленскай дыяцэзіі, прасачыў дынаміку росту сеткі парафій, з якой выразна бачна крайняя нераўнамернасць іх размеркавання па тэрыторыі дыяцэзіі. На ўсходзе, на Русі, нават ва ўладаннях Віленскай дыяцэзіі (біскупа і капітула) — Стрэшын і г. д., — доўгі час не было касцёлаў. Напрыклад, у Корані, прэстыманіяльным маёнтку Віленскага капітула з 1395 г.31, які знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці да мяжы Літвы, рашэнне аб заснаванні каталіцкай парафіі было прынята толькі ў 1572 г., пасля Люблінскай уніі і смерці апошняга манарха з дынастыі Ягайлавічаў (у дакуменце 1576 г. спецыяльна адзначалася, што парафія заснаваная «в том краю Руском»), прычым у 1596 г. яна была ліквідаваная з-за недахопу сродкаў на яе ўтрыманне. Такая ж карціна характэрная для ўсяго ўсходу і цэнтру сучаснай Беларусі, дзе, у адрозненне ад Літвы, доўгі час не існавала аб’ектыўных умоў для ўстойлівага развіцця каталіцызму, як матэрыяльных, так і псіхалагічных. Паводле Ахманьскага32, да сяр. XVI ст. у Віленскай дыяцэзіі існавала ўжо каля 259 касцёлаў, з іх, верагодна, толькі чатыры ў «рускай» яе частцы (Абольцы, Віцебск, Полацк, Слуцк). Менск у гэты час, паводле дадзеных Насевіча і Спірыдонава, ужо адносіўся масавай свядомасцю да Літвы33.

 

 24 Марзалюк, І. Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (X—XVII ст.). Магілёў, 2003. С. 168.

 25 Охмански, Е. Иноземные поселения в Литве XII—XIV вв. в свете этнонимических местных названий // Балто-славянские исследования 1980 г. М, 1981.

 26 Напрыклад: Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским / Ред. Карпов Г. // Сб. РИО. T. 35. СПб., 1882.

 27 Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной России. Т. 5. Вильна, 1871. Т. 5. С. 74; Starowolski, Sz. Polska albo opisanie położenia królestwa Polskiego. Kraków, 1976. S. 100; Белы, А. Хроніка Белай Русі: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мн., 2000. С. 143.

 28 ПСРЛ. Т. 35. М., 1980. С. 248; Белы, А. Хроніка Белай Русі… С. 158.

 29 Ochmański, J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki pliemiennej do XVI w. Poznań, 1981. S. 71—73.

 30 Варонін, В. Рака Бярэзіна як мяжа паміж «Руссю» і «Літвой» (да гісторыі геаграфічных уяўленняў ва Усходняй Еўропе // Беларускі гістарычны агляд. 2006. Сш. 2 (25). С. 177—197.

   
Толькі ў 1602 г., у сувязі з паўторнай кананізацыяй Св. Казіміра і ўзмоцненым распаўсюджаннем яго культу, падтрыманым дзяржавай, касцёлы сталі масава засноўвацца на ўсходзе дзякуючы фундацыям буйных дзяржаўных саноўнікаў. Напрыклад, у Магілёве ў 1602 г. касцёл Св. Казіміра быў заснаваны па асабістай фундацыі самога караля Жыгімонта Вазы, а ў Лепелі, пад тым самым тытулам, — Лявом Сапегам. Кораньская парафія, гісторыя якой фундаментальна даследаваная В. Насевічам, была адноўленая ў 1605 г. Верагодна, нейкі час улады Рэчы Паспалітай разлічвалі на хуткі эфект ад Берасцейскай уніі 1596 г., і калі на працягу першага дзесяцігоддзя пасля уніі яна не дала пажаданага адзінства каштоўнасцяў ва ўсёй дзяржаве, перайшлі да палітыкі актыўнага пашырэння каталіцызму лацінскага абраду. Магчыма, існаваў негалосны «мараторый» на спробы распаўсюдзіць каталіцызм на «рускую» частку ВКЛ, якая маўкліва прызнавалася пэўнага кшталту «калектыўнай вотчынай» русінаў, падобна як «палітычная Літва» была «калектыўным даменам палітычнага народа Літвы».

Для ўдакладнення мяжы Літвы і Русі ў XVII ст. можна таксама даследаваць межы Беларускай архідыяканіі (суфраганіі) у Абольцах, а таксама межы царкоўна-адміністрацыйных адзінак іншых канфесій (праваслаўнай Беларускай епархіі, кальвінісцкага Беларускага дыстрыкту)34.

 

 31 Носевич, В. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе. Мн., 2004. С. 66, 102.

 32 Ochmański, J. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Ustrój i uposażenie. Poznań, 1972. S. 71.

 33 Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» ў складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. С. 13.

   

5. Фармаванне «палітычнага народа Літвы»

Ежы Ахманьскі вельмі дакладна заўважыў, што да сярэдзіны XV ст. абсалютная большасць фундацый касцёлаў была справай вялікіх князёў (28 з 34 парафій Віленскай дыяцэзіі, што існавалі ў 1440 г.). Толькі пры вялікім князю Казіміру сітуацыя карэнным чынам мяняецца. Найвышэйшыя пласты літоўскага баярства, — Гаштаўты, Манівіды, Гедыгольдавічы, Саковічы і іншыя — усвядоміўшы важнасць каталіцызму для захавання свайго прывілеяванага становішча ў дачыненні як да рускіх баяраў, так і да залежных сялянаў незалежна ад этнічнай прыналежнасці, выступаюць пераважна фундатарамі касцёлаў35. Зрэшты, аднамерная трактоўка матывацыі фундацый як імкнення да прывілеяванага матэрыяльнага становішча не зусім абгрунтаваная. Больш карэктна казаць пра зліццё маёмасных матываў з самаідэнтыфікацыяй. У далейшым на працягу многіх стагоддзяў фундацыі касцёлаў пераважна заставаліся справай прыватных асобаў, нават пасля страты каталікамі прывілеяванага становішча і самой дзяржаўнасці. Да самага пачатку ХХ ст. гэтыя фундацыі служылі адным са способаў маніфестацыі прыналежнасці да каталіцкай этнаканфесійнай супольнасці — спадкаемцы палітычнага народа ВКЛ. Выснова Ахманьскага пра час змянення стаўлення літоўскай знаці да пашырэння каталіцызму шляхам асабістых фундацый (сярэдзіна XV ст.) добра супадае з дадзенымі даследаванняў фармавання «палітычнага народа» Літвы, напрыклад, Ежы Сухоцкага. Ён адзначае, што рост самасвядомасці «палітычнага народа» адзначаецца з сярэдзіны 1450-х у найбольш прывілеяваным пласце літоўскай знаці (Гаштаўты, Манівіды, Кежгайлы, Мантыгірдавічы, Гедыгольдавічы, Радзівілы і інш.). Тое ж самае адбываецца і сярод Гедройцаў і Гальшанскіх, якія саступалі магнатам першай велічыні ў маёмасным статусе, але былі больш адукаванымі і інтэнсіўна кантактавалі з Заходняй Еўропай. Гэтае ўсведамленне асабістай адказнасці за становішча Каталіцкага касцёлу на падуладных землях выражала ўзрослую самасвядомасць літоўскай эліты, якая патрабавала як легітымізацыі становішча ВКЛ сярод еўрапейскіх народаў, так і падкрэслівання паноўнага становішча ў ім літоўцаў sensu stricto36.

 

 34 Łatyszonek O. Od rusinów białych do białorusinów. S. 136—138; Белы А. Хроніка Белай Русі. C. 160—161.

 35 Ochmański J. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Ustrój i uposażenie. Poznań, 1972. S. 65—66.

   
Другім аспектам адрозненняў паміж «палітычнымі народамі» Літвы і Русі ўяўляецца іх стаўленне да вайсковай павіннасці, матэрыялам для вывучэння якога з’яўляюцца перадусім попісы войска ВКЛ. Наколькі нам вядома, відавочны дысбаланс паміж колькасцю вершнікаў у войску ВКЛ, выстаўленых з Літвы і Русі, асабліва паводле Попісу войска ВКЛ 1528 г.37, яшчэ не атрымаў вычарпальнага тэарэтычнага тлумачэння. Коні, выстаўленыя баярамі клецкімі, гарадзецкімі, рагачоўскімі, землямі Полацкай, Віцебскай і Мсціслаўскай, складалі нязначную долю агульнай колькасці коней, што асабліва добра бачна на складзенай М. Спірыдонавым карце-дадатку да беларускага выдання Попіса 1528 г. Нават улічваючы «паглынанне» ўладанняў у «рускіх валасцях» агульнай ацэнкай уласнасці буйных землеўладальнікаў (паны-рада, найбольш значная шляхта, князі, удовы буйных саноўнікаў — ваяводаў, старостаў, і князёў), якія выстаўлялі пэўны лік коннікаў сукупна со всих именеи своих, як з «літоўскіх», так і з «рускіх», і адносную рэдкасць прыватнага землеўладання ў Русі ў 1528 г., перавагу там дзяржаўнай уласнасці, дыспрапорцыя паміж Літвой і Руссю застаецца відавочнай. Х. Лаўмянскі, параўноўваючы працэнт неахопленых земскай службай дымаў у «Беларусі і Літве» (хаця ў кантэксце яго працы гутарка ідзе хутчэй пра Русь і Літву), прыйшоў да высновы, што нават на 50 гадоў пазней за попіс 1528 г. гэты працэнт істотна адрозніваўся: 30 % і 16 % адпаведна, паводле падлікаў Лаўмянскага38. Можна меркаваць, што ў 1528 г. гэтая розніца была істотна большай. Можна казаць пра масавае ўніканне феадаламі менавіта рускай часткі ВКЛ земскай службы, з якім цэнтральная ўлада не магла даць рады, і якое яшчэ не стала прадметам сур’ёзнай увагі даследчыкаў. Напрыклад, А. Грыцкевіч цікавіўся перадусім этнічным паходжаннем феадалаў паводле попісаў, з мэтаю давесці, што феадалы «беларускага» (у сучаснай тэрміналогіі) паходжання складалі большасць (амаль 80 %, 1634 з 2083) у сучасных межах Беларусі39. Паводле дадзеных Х. Лаўмянскага, пацверджаных Е. Ахманьскім, у «этнічна беларускіх» паветах Літвы — Наваградскім, Слонімскім, Ваўкавыскім і Гарадзенскім — шляхта з літоўскай ці каталіцкай антрапанімікай, паводле дадзеных попісу 1528 г., складала яўную меншасць — 28 % у 1528 г., доля якой крыху ўзрасла да 1567 г. — 35 %40. Аднак для палітычнай улады і эканамічнай магутнасці больш важным быў лік службаў і дымаў, якімі дыспанавалі каталіцкія феадалы, і ў гэтым дачыненні яны пераважалі ў тым ліку і ў тых частках Літвы, у якіх складалі меншасць. Хоць А. Грыцкевіч адзначае перавагу літоўцаў сярод магнатаў і нашмат большы лік дымаў, які прыходзіўся ў сярэднім на аднаго феадала літоўскага паходжання, і нашмат большую канцэнтрацыю апошніх на паўночным захадзе Беларусі, сам факт глыбокага падзелу «палітычных народаў» і, адпаведна, рэгіёнаў (краінаў) іх перавагі і істотнай розніцы ў іх стаўленні да земскай службы пры такіх зыходных метадалагічных перадумовах выпаў з-пад яго ўвагі. Зрэшты, і большасць літоўскіх і польскіх даследчыкаў не схільныя заўважаць факту працяглага суіснавання ў ВКЛ двух, а не аднаго, «палітычных народаў». Працы Е. Сухоцкага41 задалі пераважную цяпер у гістарыяграфіі тэндэнцыю разглядаць эвалюцыю палітычнага народа ВКЛ зыходзячы з загадзя вядомага выніку гэтага працэсу — паглынання палітычнымі літвінамі вярхушкі русінаў. Р. Р. Трыманене лічыць, што ўжо эпізод 1494 г., калі супраць праекту падзелу ВКЛ на дзьве дзяржавы, з выдзяленнем для Жыгімонта Старога «рускай» часткі са сталіцай у Кіеве, адзінадушна выступілі ўсе радныя паны ВКЛ, у тым ліку і русіны, сведчыць аб дасягненні пэўнай ступені адзінства «палітычнага народа Літвы»42. Аднак больш глыбокі аналіз як мадэляў сацыяльных паводзінаў літвінаў і русінаў, так і іх прадстаўленасці ў органах дзяржаўнага кіравання наўрад ці пацвярджае абгрунтаванасць такой высновы. Характэрна, што ў прывілеі 1563 г. былі гарантаваныя правы «стану рыцерского и шляхетского, яко Литовского так и Руского народу…», каб «всих вольностей стан рыцерский шляхетский обоего народу, так Литовского яко и Руского, уживали и с того ся веселили»43. Міжканфесійная барацьба першай паловы XVII ст., якая вялася на ўсіх узроўнях грамадскага жыцця, уключаючы сейм, царкоўныя брацтвы, палемічны друк і г. д., не дазваляе казаць пра імгненае знікненне «палітычнага народа Русі» — хутчэй пра яго паступовую сацыяльную дэградацыю. Даводзіцца шкадаваць пра адсутнасць сучасных даследаванняў структуры і жыццёвых стэрэатыпаў эліты «рускай» часткі ВКЛ, аналагічных даследаванню эліты Жамойці, праведзенаму Я. Савішчавым у ягонай доктарскай дысертацыі44 ці манаграфіі Р. Пятраўскаса пра эліту Літвы канца XIV—XV стст.45.

6. Геаграфія пашырэння Магдэбургскага права

Дастаткова шырокая гістарыяграфія развіцця магдэбургскага права ў ВКЛ46 надае параўнальна мала ўвагі выяўленню ўстойлівых рэгіянальных адрозненняў у дынаміцы пашырэння і ўнутраным змесце гэтага інстытуту. Як выключэнне можна адзначыць працу Ю. Бардаха, які звярнуў увагу на значную розніцу ў тэмпах пашырэння магдэбургскага права паміж заходняй і ўсходняй часткамі ВКЛ, але не супаставіў гэтую розніцу з падзелам на Літву і Русь. Значна больш рэдкая сетка гарадоў на Магдэбургскім праве на ўсходзе (уключаючы і ўкраінскае Падняпроўе, якое таксама адносілася да Русі), паводле Ю. Бардаха, тлумачыцца супраціўленнем часткі кіроўнай вярхушкі саміх рускіх гарадоў, непарыўна звязаных з валасцямі. Гэтую шчыльную сувязь падтрымлівалі таксама гаспадарскія намеснікі і дзяржаўцы на Русі, для якіх улада над гарадамі была крыніцай як даходаў, так і моцы47. Канкрэтныя выпадкі такога супраціўлення раней былі сабраныя і абагульненыя A. С. Грушэўскім48.

Ю. Бардах таксама заўважыў, што першапачаткова магдэбургскае права распаўсюджвалася толькі на каталікоў, а праваслаўныя русіны тых самых гарадоў заставаліся пад уладай вялікакняскай адміністрацыі. Гэта добра бачна на прыкладзе гарадоў Падляшша. Напрыклад, у Бельску магдэбургскае права было ўведзенае ў 1430 г. для каталікоў, а ў 1495 г. было пашыранае на ўсё насельніцтва горада (omnes praefatae civitatis incolae… etiam Rutheni). Падобнае пашырэнне юрысдыкцыі спецыяльна абумоўлівалася пры наданні магдэбургскіх прывілеяў Драгічыну (1498 г.) і Мельніку (1501 г.). Адпаведна, магдэбургскае права гарадам ВКЛ давалася толькі пасля заснавання касцёла. Гэта добра бачна на прыкладзе Луцка (перанос рымска-каталіцкай катэдры з Уладзіміра і надзяленне яе значнымі зямельнымі ўладаннямі — у 1428 г., першаснае наданне магдэбургскага права — у 1432 г.), Кіева (касцёл існаваў з пач. XV ст., магдэбургскае права з 1494—1497 гг.), Полацка (атрымаў Магдэбургскае права ў 1498 г., адначасова з заснаваннем касцёла), Слуцка (касцёл з 1440 г., абмежаванае Магдэбургскае права — з 1441 г.), Менска (Магдэбургскае права з 1499, касцёл, відаць, існаваў значна раней). Магчыма, магдэбургскае права, пазычанае ў ВКЛ яшчэ ў 1370-я гг. (Камянец), калі каталіцызм яшчэ не быў дзяржаўнай рэлігіяй, лічылася легітымным толькі пры наяўнасці сакральнага абгрунтавання. Самае ранняе выключэнне ўяўляюць Мазыр і Магілёў, якія атрымалі Магдэбургскае права ў 1577 г., калі ў гэтых гарадах, наколькі вядома, яшчэ не было касцёлаў.

З пачатку XVI ст. цэнтральная ўлада імкнулася падтрымліваць раўнапраўе каталікоў і праваслаўных у магістратах, але, магчыма, сам інстытут магдэбургіі ўспрымаўся значнай часткай насельніцтва Русі як «лацінскі» і таму чужародны. Менавіта так расцэньваў яго савецкі гісторык С. Д. Атаманоўскі. На ягоную думку, магдэбургія абмяжоўвала маёмасныя і палітычныя правы заходнерускіх мяшчанаў, юрыдычнай свядомасці якіх «заўжды былі чужыя нормы сярэднявечна-каталіцкага Магдэбургскага права»49. Характэрныя адрозненні паміж магдэбургіяй у Русі і Літве яшчэ чакаюць свайго даследчыка, як, зрэшты і ўвогуле адрозненні паміж літоўскім і рускім звычаёвым правам. Дакладна сфармуляваныя, гэтыя адрозненні дазволілі б больш надзейна лакалізаваць падзел на Літву і Русь, чым моўныя, этнаграфічныя і канфесійныя прыкметы. Пакуль жа стандартная фармулёўка магдэбургскіх прывілеяў «тое место нашо Менск с права Литовского и Руского и которое коли будет там перьво держано, в право Немецкое, которое зоветься Майтборское, переменяем на вечныи часы»50 застаецца не зусім нам зразумелай: мелася на ўвазе супольнае «Літоўскае і Рускае» права ці гутарка ішла пра дзве блізкія, але не да канца тоесныя праўныя сістэмы?

У якасці адной з рысаў, якія адрозніваюць «нямецкае» права ў яго ўсходнебеларускім варыянце ад класічнага, З. Копыскі адзначае захаванне ў якасці лаўнікаў магістратаў рускіх сотнікаў і дзесятнікаў, а таксама іншы канфесійны каляндар, які вызначаў рытм святаў51. А. Дварнічэнка (грунтуючыся толькі на матэрыяле «рускай» часткі ВКЛ) аналізуе52 перадумовы ўвядзення магдэбургскага права і прыходзіць да высновы, што характэрнай асаблівасцю рускіх гарадоў была іх цесная сувязь з воласцю і што разбурэнне гэтай сувязі, якому супраціўлялася вярхушка традыцыйнай зямельнай арыстакратыі, было адной з прыкметаў знікнення «старыны». Аднак аддзяленне горада ад воласці, як лічыць А. Дварнічэнка (паўтарае больш раннюю выснову В. Антановіча), не было поўным, і ў выніку атрыманае магдэбургскае права (на прыкладзе Украіны XVIII ст.) успрымалася не як здабытак аднаго горада, а як гарантыя самакіравання цэлай акругі — што, зрэшты, патрабуе спецыяльнага ўдакладнення.

 

 36 Suchocki, J. Geneza litewskiej legendy etnogenetycznej. Aspekty polityczne i narodowe // Zapiski Historyczne. T. 52. 1987. Z. 1. S. 39.

 37 Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Мн., 2003.

 38 Lowmiański, H. Zaludnienie państwa litewskiego w wieku XVI. Zaludnienie w roku 1528. Poznań, 1998. S. 173—178.

 39 Грицкевич, А. П. Распределение магнацких и шляхецких владений в Белоруссии по их величине и этнической принадлежности владельцев (XVI в.) // Вопросы истории. Минск, 1978. Вып. 5. С. 102—103.

 40 Lowmiański, H. Uwagi w sprawie podloza społecznego i gospodarczago unii jagiełłońskiej. Wilno, 1934. S. 34, 44; Ochmański, J. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Ustrój i uposażenie. Poznań, 1972. S. 82.

 41 Suchocki, J. Formowanie się i skład narodu politycznego w Wlk. Księstwie Litewskim późnego średniowiecza // Zapiski Historyczne. T. 48 (1983). Z. 1/2. S. 31-78; Idem. Geneza litewskiej legendy etnogenetycznej. Aspekty polityczne i narodowe // Zapiski Historyczne. T. 52. 1987. Z. 1. S. 27-61.

 42 Suchocki, J. Formowanie się i skład narodu politycznego w Wlk. Księstwie Litewskim późnego średniowiecza // Zapiski Historyczne. T. 48 (1983). Z. 1/2. S. 31-78; Idem. Geneza litewskiej legendy etnogenetycznej. Aspekty polityczne i narodowe // Zapiski Historyczne. T. 52. 1987. Z. 1. S. 27-61.

 43 Акты, относящиеся к истоpии Западной России. Т. 3. СПб., 1848. С. 119—120.

 44 Saviščevas, E. The power elite of Samogitia: the beginning of the 15th — the middle of the 16th сc. Summary of Doctoral Dissertation. Vilnius, 2004.

 45 Petrauskas, R. Lietuvos diduomenė XIV a. pabaigoje — XV a.: sudėtis — struktūra — valdžia. Vilnius, 2003.

 46 Копысский, З. Ю. Магдебургское право в городах Белоруссии (конец XV — первая половина XVII в.) Советское славяноведение 1972. № 5. Стрэнкоўскі С.П. Вольнасці і прывілеі гарадоў заходняй часткі Вялікага княства Літоўскага. Мн. 1997. Місарэвіч Н.В. Магдэбургскае права на Беларусі. Мн., 2003. Юргинис Ю.М. Судьба магдебургского права в литовских городах // История СССР. 1975, № 4. Rimša E. Lietuvos Didžiosios Kunigajštystės miestų antspaudai. Vilnius, 1999.

 47 Бардах, Ю. Лад гарадоў на магдэбургскім праве ў Вялікім княстве Літоўскім // Бардах Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Мн., 2002. С. 114.

 48 Грушевский, А. С. Города Великого княжества Литовского в XIV—XVI вв. Их старина и борьба за старину. Киев, 1918.

 49 Отамановский, В. Д. Развитие городского строя на Украине в XIV—XVIII вв. и магдебургское право // Вопросы истории. 1958. № 3. С. 122—135.

 50 Акты, относящиеся к истоpии Западной России. Т. 1: 1340—1506. СПб., 1846. № 165. С.187—189.

   

7. Яўрэі

Наколькі нам уяўляецца, наяўная літаратура па гісторыі яўрэйства ВКЛ і Рэчы Паспалітай53 звяртае мала ўвагі на рэгіянальны падзел ВКЛ і на яго ўплыў на рассяленне яўрэяў, асабліва ў XIV—XVII стст. Належыць звярнуць увагу на храналогію пашырэння яўрэйскіх грамадаў у ВКЛ: напрыклад, у 1563 г. яны існавалі ў Берасці, Горадні, Троках, Тыкоціне, Ляхавічах, Клецку, Наваградку, Пінску. На момант заключэння Люблінскай уніі аніводнай грамады не існавала ў Рускай частцы ВКЛ. Напрыклад, у Магілёве, традыцыйна будучы адкупшчыкамі корчмаў, яўрэі да канца XVI ст. не мелі сталага пражывання, будучы жыхарамі альбо Тыкоціна, альбо Берасця. Прычым цэнтральная ўлада доўгі час з разуменнем ставілася да нежадання мясцовых русінаў узаконіць пражыванне яўрэяў у рускіх гарадах. У 1585 г. на просьбу магілёўскіх мяшчан Жыгімонт Ваза афіцыйна забараніў яўрэям набываць «аселасці» ў горадзе, і паводле інвентару 1604 г. у Магілёве быў толькі адзін яўрэй-домаўладальнік. У Віцебску першая сінагога з’явілася толькі ў 1627 г.54. Трэба таксама адзначыць ролю жонкі вялікага князя Аляксандра Алены Іванаўны, дачкі вялікага князя маскоўскага Івана III, у выгнанні яўрэяў з ВКЛ у 1495 г. Магчыма, адсутнасць сталага яўрэйскага насельніцтва таксама доўгі час была асаблівасцю Русі. Ці не была гэтая адсутнасць негалосна зразумелай часткай «старыны»? У нейкім сэнсе, двухвяковы досвед яўрэйскай «рысы аселасці» ў ВКЛ, абмежаванай толькі гістарычнай Літвой (канец XIV — канец XVI стст.), папярэднічаў аналагічным захадам Расійскай імперыі, грунтуючыся на тым самым зыходным разуменні (глыбока ўкаранёным у культуры), што на Русі яўрэі не могуць мець сталага месца пражывання. Пазьней, пасля масавага пранікнення яўрэяў на Русь, у XVIII ст. быў утвораны і асобны Беларускі абласны яўрэйскі ваад, ці «Беларуская сінагога», падпарадкаваны Літоўскаму вааду55, падобна як каталіцкая Беларуская суфраганія была часткай Віленскай дыяцэзіі.

* * *

Падсумоўваючы агляд гістарыяграфіі на вынесенае ў загаловак пытанне, хочацца адзначыць неабходнасць яго далейшай распрацоўкі з максімальным улікам усіх значных крытэраў падзелу і выкарыстаннем сучасных метадаў апрацоўкі статыстычнай інфармацыі, якія дазволілі б пабудаваць матэматычна-дэмаграфічную мадэль падзелу ВКЛ на Літву і Русь у яе дынамічным развіцці. Паводле наяўных крыніцаў і даследаванняў, «палітычная Літва» сярэдзіны XVI ст., якую можна таксама назваць «калектыўным даменам палітычнага народа Літвы», будучы неаднароднай у этнічным і канфесійным дачыненні (істотная доля праваслаўнага русінскага насельніцтва на поўдні і ўсходзе), паўстае істотна адрознай ад Русі ў наступных праўных аспектах:

— тут значна больш развітае прыватнае землеўладанне, старыя воласці ў значнай ступені зазналі разбурэнне;

— пераважная большасць прыватных зямельных уладанняў належыць прывілеяванаму стану — «палітычнаму народу Літвы», шляхце каталіцкага веравызнання, амаль цалкам літоўскага этнічнага паходжання (сярод дробных землеўладальнікаў доля «палітычнага народа» ніжэйшая, і яшчэ ніжэйшая — сярод феадальна-залежнага насельніцтва, што тлумачыць адрозненні паміж этнічнай і палітычнай межамі Літвы);

— адрозніваецца сістэма павіннасцяў феадальна залежнага насельніцтва, прынамсі, пасля правядзення аграрнай рэформы 1550-х гг. (у Літве гэта пераважна паншчына, на Русі — традыцыйна натуральная і грашовая даніна, пазней таксама чынш), і, магчыма, звычайнае права, якое рэгулявала жыццё сялянскіх грамадаў;

— на ўсёй тэрыторыі «палітычнай Літвы» інтэнсіўна развіваецца сетка каталіцкіх парафій, уключаючы і перыферыйныя раёны з перавагай праваслаўнага насельніцтва, у той час як у суседняй Русі касцёлы засноўваюцца надзвычай рэдка і толькі ў найбуйнейшых гарадах, дзе маюцца экстэрытарыяльныя грамады каталікоў;

— цывілізацыйная перавага каталіцызму палягчае рэцэпцыю заходнееўрапейскіх праўных нормаў, перадусім — магдэбургскага права ў гарадах і мястэчках Літвы, якое ў Русі распаўсюджваецца толькі ў некалькіх буйных гарадах;

— у многіх гарадах Літвы маюцца легальна аформленыя яўрэйскія грамады;

— на дадзенай тэрыторыі ані ўрад, ані падданыя не апелююць да прынцыпаў рускай «старыны»;

— уся тэрыторыя Літвы была вольная ад любых фармальных абавязкаў у дачыненні да Арды і Маскоўскай дзяржавы.

Гэтыя дастаткова рэзкія адрозненні Літвы ад Русі, якія не ставіліся пад сумнеў да пачатку Лівонскай войны, у ходзе якой выявілася вострая пагроза страты Русі на карысць Маскоўскай дзяржавы, прымусіла ўрад ВКЛ, а затым Рэчы Паспалітай адмовіцца ад палітыкі захавання рускай «старыны» і перайсці да дынамічнага пашырэння пералічаных прынцыпаў сацыяльнага ўладкавання на ўсю тэрыторыю ВКЛ, што ў цэлым і было дасягнута да канца XVII ст. У гэтым сэнсе можна казаць, што ўсё ВКЛ да канца існавання дзяржавы стала «Літвой» (хоць сэнс гэтага паняцця зазнаў істотнае змяненне ў параўнанні з XIII—XVI ст.), асноўным выражэннем чаго стала паглынанне «палітычным народам Літвы» праваслаўнай русінскай шляхты, якая не высунула аніякай альтэрнатыўнай праграмы, апроч рэфлекторнага захавання «старыны».

 51 Копысский, З. Ю. Магдебургское право в городах Белоруссии (конец XV — первая половина XVII в.) //Советское славяноведение. 1972. № 5. С. 37.

 52 Дворниченко, А. О предпосылках введения магдебургского права в городах западно-русских земель в XIV—XV вв. // Вестник Ленинградского университета. № 2. Вып. 1: История, язык, литература. Ленинград, 1982. С. 105—108.

 53 Бершадский, С. А. Литовские евреи: история их юридического и общественного положения в Литве от Витовта до Люблинской унии, 1388—1569. СПб, 1883; Областной пинкос Ваада главных еврейских общин Литвы. Т. 1. 1623—1664. СПб., 1909; Лазутка, С.; Гудавичюс, Э. Привилегия евреям Витаутаса Великого 1388 года. Москва—Иерусалим, 1993; Cygielman, A. Jewish Autonomy in Poland and Lithuania until 1648. Jerusalem, 1997.

 54 История могилевского еврейства: Документы и люди. Кн. 1. Сост. А. Литин. Мн., 2002. С. 7.

 55 Тамсама. Кн. 1. С. 30.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (61) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/01/13
8