ПО матывах
Раз уночы з ноўтбукам я вучыўся розным штукам,
Задрамаў, ды гучным стукам абудзілі праз акно.
Я падумаў: «Што такое? Нават у маім пакоі
Не пакінуць у спакоі! Грукаюць, бы ў даміно.
Што патрэбна гэтым гоям? Можа быць, маё майно?
Kurwa! Merde! Shit! Говно!»
Раптам — бачу, не ціхоня! — ў чорна-шэрым балахоне
Птушка скок на падваконьне, бы зьбіраецца ўвайсьці,
Як паважная матрона. Я прамовіў ачмурона:
«Так і ёсьць, ня глюк, варона! У дванаццаць безь пяці.
Без адзінага патрона дом бярэ: «А ну пусьці!»
Вось шанцуе мне ў жыцьці!»
Я сказаў зачаравана: «О крылатая нірвана!
Заставайся, прымеш ванну, для цябе яна — басэйн!
Сфоткаць бы такую птушку! Я парваў бы ўсю фрэндстужку!
Прызямляйся на падушку. Піва хочаш? Ёсьць партвэйн.
Назаві сваю мянушку. Тэрмінатар? Франкенштэйн?»
А варона: «Ніхт фэрштэйн!»
Я падумаў, што ў вароны гэты нумар быў каронны.
Хоць адказ быў падазроны, але ўсё-такі адказ!
Гэта птушка з мудрай хеўры. Як адкажа, то шэдэўры!
І пытальныя манэўры пачынае новы сказ:
«Як ідзе на рынку эўра? Што чуваць пра нафту й газ?»
А варона: «Вас іс дас?»
Я патыліцу пачухаў: «Ну, а можа, ты вяшчуха?
Чапля шызая Шухшухга раптам не твая сястра?
Дзе твой сябра Гаявата? І чаму так пазнавата?
Што з табой? У дзюбе вата? Кінь хоць слова-паўтара!
Не маўчы прыдуркавата! Нам знаёміцца пара!»
А варона: «Ні хера!»
Ты ад Мінкіна Алега з прывітаньнем? Мой калега
«Крумкача», нібыта «Lego», разьбярэ і зноў зьбярэ.
Я таксама вам, пярнатым, быў бы сябрам і фанатам,
Толькі крыць уночы матам?! Лепш кудахтай на дварэ!
Твой візыт мне кампраматам. Ты ж ні бэ, ні кукарэ…
Я кажу табе: харэ!..
Птушка вылецела ў фортку. Не павешу ў нэце фотку.
Заўтра буду мець пякотку, але п’ю за песьняра.
Не пайшла варона ў масы, праляцела міма касы,
Бо пытаньні і адказы не даводзяць да дабра:
«Ніхт-фэрштэйны» й «вас-іс-дасы» з-пад птушынага пяра
Азначаюць… ні хера!
Яшчэ адзін спосаб убачыць шпака
Стаялі у такой бядзе
Зямля і людзкі род…
Томас Гардзі
Стаяла сьпёка. Не было
за лета ні дажджу.
Алкаш ня выйдзе па бухло,
пра іншых не кажу.
І нават птушка не ляціць
на яблыні і на...
Пасохла, маць тваю іціць,
уся садавіна!
Пасохлі вішні і агрэст,
і груш чакаць дарма,
чарэшняў — нашае зэ бэст! —
і для шпакоў няма!
Пасохлі градкі і гальлё,
лістота й карані...
А ты гаворыш мне: «Алё!
Хутчэй на двор зірні!
Там у шпакоўні хтосьці ёсьць!..»
Я думаў, што ў сарцір
забраўся выпадковы госьць
з мазгамі набакір.
Ці, можа, сонечны удар
адначасова ў нас?
Птушынай хаты гаспадар
пяе на ўвесь калгас!
Такую песьню валіць шпак,
што п’яніца гатоў
цягнуць цьвярозага ў кабак.
(Цьвярозы — кліч мянтоў!)
Так, нібы сам плады дзяўбе,
гурман дабра і зла,
і кліча нас, мяне й цябе,
і шчэ таго казла.
Стаялі у такой бядзе
наш сад і агарод,
настолькі не было нідзе
для радасьці нагод...
А тут — гармоніі выток,
сымфонія шпака —
так нечакана, як цьвяток
радзімы васілька.
У гэтым сьпеве сьмех і плач,
сэнс нашага быцьця.
Я побач зь ім адно смаркач,
бязглуздае дзіця...
І па шчацэ сьляза цячэ,
і цягнецца рука
да малатка — зрабіць яшчэ
шпакоўню для шпака!
пост
дзеўчына пела ў шыкоўным бары
танчыла і абдымала шост
дзеўчына проста шукала пары
а ў мужыкоў пачынаўся пост
дзеўчына скінула белы вэлюм
скінула белае паліто
і засталася ў станіку белым
а з мужыкоў не глядзеў ніхто
дзеўкі сьпяваюць ня толькі ў джазе
гэтая робіць што і заўжды
а ў мужыкоў проста зрух па фазе
і разьбягаюцца хто куды
толькі расшпіліць бялюткі станік
большая частка адтуль уцячэ
толькі адзін паўсьляпы батанік
голасна крыкне: «Хлопча, яшчэ!»
дзеўчына проста шукала пары
не ацанілі
і з гэтых пор
кожнага ранку ходзіць на пары
і рэгулярна ў царкоўны хор
☺☺☺
Ноч. Вуліца. Ліхтар пад левым
Падбітым вокам. І дарма
Аптэка мроіцца ў імгле вам —
Аптэк адчыненых няма.
А ў Сьвіслачы — такая справа! —
Адбіты ваш падбіты твар:
Пад тым жа вокам, толькі справа —
Аптэка. Вуліца. Ліхтар.
☺☺☺
Вось і лета дайшло,
так сказаць, да паловы,
і нарэшце цяпло
прыпякае галовы.
Не вылазім з ракі,
а суседкі — на танцы,
покуль іх сябрукі
паляць траўку ў альтанцы.
Ну нічога, пасьля
кожная атрымала:
— З кім ты танчыла, бля?
Вам сваіх было мала?
Нашы хлопцы ні зла,
ні дабра не згубілі:
хтось памёр ад бухла,
хтосьці ў аўтамабілі.
Хтось за бойку — ў турму:
пацярпелы быў коўзкім,
ўсё на мозгі яму
капаў нейкім Таркоўскім.
Ну і як мудаку
не паставіць фінгала?
Аж параніў руку,
толькі гэтага мала!
Адстаялі чаргу,
паздавалі шклатару
і нап’емся ў дугу
пад Сафію Ратару.
Музэй дзяўчатаў
Хораша гопніцы, добра эстэтцы
ў Нацыянальнай Бібліятэцы.
Вось Юля: такія вабноты
сустрэнеш ня ў кожным кіно ты.
На ейным стале «Сто гадоў адзіноты»
і нейкія ноты.
Вось Воля, сяброўка Юліна.
На месцы пупа — пірсінгавая адтуліна.
Чытае Бураўкіна і Барадуліна.
У Алі прыгожыя кудзеры.
Калекцыянуе скутэры.
Чытае раманы Кундэры.
У Варвары-красы
фарбаваныя валасы.
Чытае «Каласы
пад сярпом тваім».
Робіць вочы адразу дваім.
Мая —
фрызуру чырвоную мае
і патрыманы «Запар».
Чытае ўсё запар.
Студэнтка з Амэрыкі Эрыка
праглядае каталёгі з ваннамі «Эўрыка!»,
«Сэрца цемры» і Велета Цемрыка.
Брунэтку Іру
засьпяваем з чацьвертым томам «Вайны і міру».
Бляндынку Тому —
на сярэдзіне трэцяга тому.
Ксюша —
добры слых, прыгожыя вушы —
чытае «Імёны Ружы і Грушы»
й жаночую энцыкляпэдыю
«Тысяча спосабаў ня думаць аб мужы».
Ася
чытае кніжку «Каляда Югася.
Галоўная памылка Афанасія».
Афанасій — галоўная Асіна пасія.
Яна зь Янава
чытае вершы Разанава.
Не ўрубаецца. Перачытвае занава.
Лене з
пантамі інтэлектуалкі падабаюцца Вайль і Геніс,
Міры — кніга пра «Мірны тэніс».
Віка — чытае «Трэнас».
Нону
выхавалі ў павазе да нацыянальнага канону —
аддае перавагу Зянону.
Госьця з Масквы —
замест аўганскай травы
ўжывае кніжкі «Вершnick» і «Вершnick без галавы».
Вальжына
ў футболцы «Белшына» —
з кніжкай «Добры дзень, мая шыпшына!»
Клава са Шклова
ўсе іншыя творы Арлова
на памяць вучыць адмыслова.
Засталася прыблізна палова.
У Соні — чытанак сотні,
ды ўлюбёныя «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»
і «Беларусь Сегодня».
Таня
чытае «Дажыць да сьвітаньня»,
Яраслава — «Аблаву»,
Рая — «Вайчыную зграю»,
Сьвета — «Трэцюю ракету»,
згаданая Тома — «Доўгую дарогу дадому»,
а ў Лоры — яго вершаваныя творы.
За дадатковую плату — чего не сделаешь ради денег! —
уключу ў гэты сьпіс і цябе, калі ты дзяўчына альбо пісьменьнік.
Шукай абменьнік!