A R C H E П а ч а т а к № 10 (61) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


10 — 2007

 



аналітыка • крытыка • гісторыя • гутарка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  Аляксандар Чубрык

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксандар Чубрык
Новая эканамічная палітыка старога аўтарытарнага рэжыму
Цэны на расейскія газ і нафту ўзьняліся. Апазыцыя, грамадзянская супольнасьць ды міжнародныя назіральнікі, стаіўшы дыханьне, чакалі эканамічнага крызісу ды ўздыму шырокіх масаў насельніцтва на барацьбу супраць пагаршэньня ўмоваў жыцьця. Але ж мінулі квартал, паўгодзьдзе, нават дзевяць месяцаў — а статыстыка няўмольна працягвала рэгістраваць імклівы рост даходаў «незадаволенага насельніцтва». Нават экспэрты МВФ даволі станоўча ацанілі вынікі функцыянаваньня эканомікі Беларусі пасьля энэргетычнага шоку1. Урэшце экспэртная супольнасьць прыйшла да кансэнсусу, маўляў, гэткія посьпехі тлумачацца замежнымі пазыкамі, і адклала крызіс на больш-менш недалёкую будучыню. Улады тым часам застаюцца аптымістычнымі: нягледзячы на прызнаныя імі праблемы, яны прагназуюць сталы рост эканомікі й дабрабыту беларусаў.

1.

Сярод беларускіх ды замежных эканамістаў існуе пэўнае кансэнсуальнае тлумачэньне «беларускай загадкі», то бок росту ВУП бяз рынкавых рэформаў. Яно зводзіцца да наступных тэзаў.

Першым істотным фактарам эканамічнага росту выявілася стварэньне мытнага зьвязу з Расеяй. Празь яго пратэкцыянісцкая палітыка суседкі аўтаматычна падвышала канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў на расейскім рынку. Мала таго, у часе падпісаньня пагадненьня аб мытным зьвязе прамысловасьць Расеі знаходзілася ў стане крызісу, а беларускія прадпрыемствы, атрымліваючы падтрымку ад дзяржавы (у тым ліку праз дэвальвацыю беларускага рубля адносна расейскага), хутка павялічвалі свой экспарт у гэтую краіну. Абвал расейскага рубля падчас жнівеньскае фінансавае крызы 1998 г. зьвёў цэнавую перавагу беларускіх прадпрыемстваў амаль на нішто, і «загадка» апынулася пад пагрозай.

Аднак тады вельмі граматна дзейнічаў Нацыянальны банк, ён здолеў запаволіць інфляцыю і дэвальвацыю, усталяваць станоўчыя працэнтныя стаўкі і ўніфікаваць валютны курс (калі хто ня памятае, усяго сем гадоў таму, да канца 2000 г. рынкавы і афіцыйны абменныя курсы розьніліся). Гэта дазволіла выцягнуць зь ценю значную частку валютных даходаў беларускіх прадпрыемстваў і прыцягнуць сродкі насельніцтва на банкаўскія дэпазыты. Адначасова ўлады актыўна «рэкамэндавалі» банкам крэдытаваць прадпрыемствы, каб тыя маглі спраўна плаціць заробкі ды падвышаць іх да заплянаваных на месяц выбараў 100 даляраў ЗША2.

Вынікі гэтай палітыкі прыпалі на 2002 г., калі ўзровень галечы павялічыўся насуперак зарэгістраванаму статыстыкай росту ВУП, а запазычанасьць па заробках дасягнула 20 % ад штомесячнага фонду аплаты працы. Каб пераадолець крызіс, урад вырашыў узьняць цэны на камунальныя паслугі і амаль спыніў падвышэньне заробкаў. Гэта скончылася рэзкім зьніжэньнем рэйтынгу Лукашэнкі і «паўстаньнем» элітаў, якія патрабавалі пашырэньня сваіх паўнамоцтваў.

У гэты цяжкі для краіны час пачаў дзейнічаць другі, яшчэ больш істотны, складнік беларускага «цуду», а менавіта рост сусьветных цэнаў на нафту, нафтапрадукты ды іншую сыравіну, якую экспартавала Беларусь. (Прычым нафту Беларусь набывала па цэнах, ніжэйшых за сусьветныя, а нафтапрадукты прадавала па сусьветных цэнах, маючы з гэтага звышпрыбытак.) У дадатак да гэтага ўлады ажыцьцявілі некалькі ўдалых інвэстыцыйных праектаў — мадэрнізавалі нафтаперапрацоўку і чорную мэталюргію. Нарэшце, на баку «скрываўленай» Беларусі аказалася нават надвор’е, якое паспрыяла ў 2004 г. рэкорднаму ўраджаю збожжа. Посьпехі гэтых сэктараў выцягнулі ўсю астатнюю эканоміку, дазволіўшы ня толькі пазьбегнуць фінансавага крызісу, якога чакалі экспэрты, але й дасягнуць бясспрэчнага росту ВУП на 11,4 % і выкананьня ўсіх плянаў павышэньня сярэдняга заробку (200 даляраў у сьнежні 2004 г. і 250 даляраў у сьнежні 2005 г.)3.

  эканаміст менскага Дасьледчага цэнтру ІПМ (www.research.by).
   
Трэцім, прычым стала дзейным, фактарам росту ВУП была так званая газавая субсыдыя з боку Расеі. Паводле ацэнак МВФ і Дасьледчага цэнтру ІПМ, у некаторыя гады яна перасягала 10 % ад ВУП4. Менавіта на столькі болей Беларусь плаціла б за спажыты ў 2006 г. аб’ём газу, калі б набывала яго па цане, усталяванай «Газпромам» для Нямеччыны.

Згодна з ацэнкамі дасьледчага цэнтру ІПМ, узгаданыя фактары забясьпечылі блізу 80 % прыросту ВУП у 1996—2006 гады5. Але ж галоўным быў палітычны эфэкт ад дзеяньня гэтых фактараў. Дзякуючы ім Лукашэнка здолеў атрымаць рацыянальную падтрымку большасьці насельніцтва, чым вымусіў эліты і бізнэс застацца па-за палітычнай барацьбой. Адначасова, каб забясьпечыць падтрымку з боку элітаў (перш за ўсё, дзяржапарату), цэнтральныя ўлады далі ім магчымасьць зарабляць больш, чым раней, прычым як афіцыйна, так і праз карупцыю. Калі ў 2001 г. сярэдні заробак у сэктары дзяржкіраваньня перавышаў сярэдні заробак па эканоміцы на 20 %, то ў 2005—2006 гг. — на 50 %. Згодна з дадзенымі Transparency International насельніцтва ды бізнэс пачалі ўспрымаць карупцыю ў Беларусі як вельмі істотную праблему. У 2002 г. індэкс успрыманьня карупцыі склаў 4,8 (36-е месца сярод 102 краінаў), а ў 2007 г. — 2,1 (150-е месца сярод 180 краінаў), то бок сытуацыя з карупцыяй значна пагоршала6.

Бізнэс таксама мусіў падтрымаць Лукашэнку. Па-першае, ён выявіўся гарантам таго, што не адбудзецца экспансіі на Беларусь расейскага капіталу. Па-другое, бізнэс, які паспрабаваў бы падтрымаць палітычную апазыцыю любога кшталту, быў бы адразу зачынены ўладамі. Такім чынам, можна казаць пра існаваньне імпліцытных сацыяльных кантрактаў паміж (і) уладамі і насельніцтвам, (іі) уладамі і дзяржапаратам і (ііі) уладамі і бізнэсам. Прычым гэтыя сацыяльныя кантракты грунтаваліся збольшага на спрыяльных вонкавых фактарах, што зрабіла палітычную сыстэму адносна няўстойлівай.

2.

На пачатку 2007 г. усе тры складнікі эканамічнага посьпеху Беларусі аказаліся пад пагрозай. Па-першае, Беларусь і Расея падпісалі пагадненьне, згодна зь якім быў усталяваны графік паступовага падвышэньня цаны на газ для Беларусі да эўрапейскага ўзроўню ў 2011 г. Па-другое, Расея запатрабавала ад Беларусі ўсталяваньня экспартных мытаў на нафтапрадукты, роўных з расейскімі, і пералічэньня 85 % ад гэтых мытаў у расейскі бюджэт. Не дачакаўшыся, яна ўвяла мыты на нафту, што пастаўляецца ў Беларусь. Нафтавая спрэчка скончылася пагадненьнем, якое вызначыла ўмовы паставак нафты ў Беларусь і экспарту беларускіх нафтапрадуктаў. Варта было б адзначыць, што ўзгаданыя пагадненьні для беларуска-расейскіх адносінаў — навіна, бо разьлічаныя яны на даволі доўгі тэрмін (пяць і тры гады адпаведна). Апошнім у пакунак новых дамоваў трапіла пагадненьне аб узаемным гандлі, згодна зь якім бакі ўзялі на сябе абавязкі не ствараць перашкодаў на шляху суседзкіх тавараў на ўласныя рынкі. Але ж яно, відаць, ня здолее выратаваць мытнага зьвязу, што пацярпеў ад цукровых, мясных ды драбнейшых гандлёвых канфліктаў.

Ня дзіва, што гэткія падзеі выклікалі амаль што аднадушнае чаканьне крызісу ў эканоміцы. Але ж экспэрты, якія ў 2003 г. не ўлічылі дзеяньня вонкавых фактараў, не ўлічылі іх і цяпер. А менавіта вонкавыя фактары адыгралі вырашальную ролю ў тым, як спрацавала беларуская эканоміка ў 2007 г. Першым з такіх фактараў стаўся рост цэнаў на сыравінавыя тавары, які забясьпечыў дадатковы прырост валютных даходаў беларускіх экспартэраў. Другім аказалася ўзгаданае пагадненьне аб узаемным гандлі, якое дало доступ беларускай сельгастэхніцы на расейскі рынак7. У выніку вонкавыя ўмовы, у якіх Беларусь апынулася ў 2007 г., можна было б ахарактарызаваць як вельмі спрыяльныя, бадай ня горшыя, чым у найпасьпяховейшым 2004 г. Вядома ж, эканоміка скарысталася з гэтых умоваў, як змагла.

  1 Гл.: International Monetary Fund. Belarus: Selected Issues. IMF Country Report No. 310/07.

2 Вядома, гэта адыграла не апошнюю ролю ў перамозе Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 г.

3 Цяжка не заўважыць прывязкі плянавых паказчыкаў па велічыні сярэдняга заробку да істотных палітычных падзеяў. У лістападзе 2004 г. на рэфэрэндуме Лукашэнка атрымаў дазвол бясконцага ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, а ў сакавіку 2006 г. перамог на сваіх трэціх выбарах. Рацыяналізацыю электаральнай падтрымкі адзначалі як сацыёлягі, так і эканамісты. Апошнія прапанавалі ў дачыненьні да беларускай сытуацыі канцэпцыю палітычнага бізнэс-цыклю (гл., напрыклад: Гайдук, К.; Чубрик, А. Рост в пользу бедных? Факторы, определяющие динамику благосостояния населения Беларуси. Исследовательский центр ИПМ, Рабочий материал WP/07/02).

4 Гл. напрыклад: Международный валютный фонд. Республика Беларусь: отдельные вопросы. Доклад МВФ по стране № 05/217.

5 Паводле ацэнак, зробленых на падставе вытворчай функцыі, унёсак працы і капіталу ў прырост ВУП у 1996—2006 гг. склаў 21 %. Астатняе тлумачылася «агульнай прадукцыйнасьцю фактараў», то бок іншымі фактарамі, да якіх можна аднесьці мытны зьвяз з Расеяй і нафтавую ды газавую субсыдыі з боку Расеі. Гл.: Крук, Д.; Пелипась, И.; Чубрик, А. Основные макроэкономические взаимосвязи в экономике Беларуси: результаты эконометрического моделирования.

6 Ацэнкі па шкале ад 0 (вельмі высокі ўзровень карупцыі) да 10 (карупцыя амаль адсутнічае). Падрабязьней гл.: transparency.org.

   
Выявілася гэта перш за ўсё ў дынаміцы экспарту. Калі ў 2006 г. галоўнай крыніцай ягонага росту былі нафтапрадукты, то ў бягучым годзе — хімічныя прадукты (калійныя ўгнаеньні), некаштоўныя мэталы ды прадукцыя машынабудаваньня, у тым ліку сродкі транспарту. Гэтыя галіны сталі рухавіком прамысловасьці, зьмякчыўшы адмоўны эфэкт ад стагнацыі ў нафтаперапрацоўцы і харчовай прамысловасьці, якія апынуліся ў найбольш складаных умовах. У харчаваньні заняпалі два буйныя складнікі: цукровая ды мясная прамысловасьці. Абедзьве яны пацярпелі ад Расеі, прычым ніводная зь іх, відаць, ня мае шанцу вярнуцца да былых аб’ёмаў вытворчасьці. Беларусь пагадзілася з абмежаваньнем экспарту цукру ў Расею ды мусіла прыпыніць экспарт мясных прадуктаў, якія вырабляліся з польскага мяса. Улічваючы лабісцкую моц расейскай харчовай прамысловасьці, працаваць на гэтым рынку для Беларусі будзе ўсё больш складана.

Сытуацыя ў нафтаперапрацоўцы патрабуе асобных камэнтароў. Па-першае, беларускія НПЗ пачалі плаціць у бюджэт мыты, роўныя расейскім. Але ж нафту яны пачалі купляць па цэнах, вышэйшых за расейскія прыкладна на 30 %. Няцяжка зразумець, што прыбытак ад экспарту ў такіх умовах атрымаць цяжка, калі ўвогуле магчыма. Па-другое, пастаўшчыкі нафты на беларускія НПЗ, якія раней былі зацікаўленыя часткай звышпрыбытку, страцілі такую цікаўнасьць, бо нафтаперапрацоўка (у якой нават нестае грошай, каб купляць усю нафту самастойна) страціла свой звышпрыбытак. У выніку пастаўкі нафты больш-менш нармалізаваліся толькі пасьля таго, як пастаўшчыкі пачалі атрымліваць зь бюджэту Беларусі істотных памераў субсыдыю.

Вядома ж, аддаваць грошы расейцам выявілася ня вельмі прыемнай справай, што прывяло ўлады да цікавай, але ня новай, думкі — стварэньня Беларускай нафтавай кампаніі. Згодна з плянамі стваральнікаў яна пачне кантраляваць імпарт нафты і экспарт нафтапрадуктаў ды атрымае субсыдыі. Дзяржава проста перакладзе грошы з адной кішэні ў другую ды пакіне нафтаперапрацоўчым заводам тэхнічную ролю — перапрацоўку нафты за «нармальны» прыбытак, зьменшыўшы яе стратэгічнае значэньне. Такім чынам, на адзін з галоўных выклікаў новае сытуацыі — пагаршэньне ўмоваў гандлю нафтай — улады адказалі цэнтралізацыяй нафтавых (і, адпаведна, фінансавых) плыняў.

Яшчэ адной вельмі прадказальнай рэакцыяй уладаў на рост цэнаў на энэрганосьбіты стала падвышэньне тарыфаў на газ, цепла- і электраэнэргію для насельніцтва і прадпрыемстваў. Хатнія гаспадаркі сутыкнуліся з даволі невялікім ростам цаны — на 12—20 % да ўзроўню сьнежня 2006 г. На прадпрыемствы быў перакладзены ўвесь цяжар новых цэнаў — газ для іх стаў даражэйшым больш чым на 80 %, электра- і цеплаэнэргія — больш чым на 50 %8. Праўда, насельніцтва яшчэ атрымае сваё — урад разглядае магчымасьць павысіць у наступным годзе вартасьць паслуг ЖКГ прыкладна на 20 даляраў за месяц (5 даляраў — плян на 2007 г.). А вось прадпрыемствы ўжо «атрымалі»: з 2007 г. у іх нестае ўласных сродкаў на фінансаваньне капіталаўкладаньняў. Рост інвэстыцыяў, прафінансаваных з уласных сродкаў арганізацый, запаволіўся амаль утрая. Прыкладна ў гэтулькі ж разоў зьменшыліся тэмпы росту капіталаўкладаньняў9, прафінансаваных зь бюджэту. У выніку рост інвэстыцыяў запаволіўся з 35,3 % у студзені-жніўні 2006 г. да 17,7 % за адпаведны пэрыяд бягучага году, што, вядома ж, адмоўна паўплывала на рост ВУП.

  7 Прынамсі менавіта гэтым тлумачыў даволі нечаканае павелічэньне экспарту прадукцыі беларускага машынабудаваньня пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў. Гл.: interfax.by.

   
Непрыемным наступствам энэргетычнага канфлікту сталася адчувальная страта даверу беларусаў да нацыянальнае валюты. Калі ў сьнежні 2006 — студзені 2007 гг. яна праявілася ў падвышэньні попыту на наяўную замежную валюту, то пазьней — у запавольваньні росту рублёвых дэпазытаў і павольным паскарэньні росту ашчаджэньняў у замежнай валюце. Гэта значыць, што наступствы дэвальвацыі ці нават чутак пра яе магчымасьць будуць мець больш адмоўны ўплыў на валютныя рэзэрвы Нацбанку, чым на пачатку 2007 г.

Але ж галоўны банк краіны здолеў вырашыць праблему ўзрослага попыту на замежную валюту і нават павялічыў золатавалютныя рэзэрвы. Цяпер іх хапіла б на фінансаваньне больш чым аднаго месяца імпарту тавараў і паслугаў (нормай лічацца тры месяцы, але ж нават адзін месяц — гэта гістарычны максымум для Беларусі). Валюту ў краіну прыцягнулі праз замежныя пазыкі, на якія зьвярнулі ўвагу эканамісты ў спробе растлумачыць пасьляшокавыя посьпехі эканомікі. Замежная запазычанасьць толькі за першае паўгодзьдзе павялічылася на 2,5 млрд даляраў — болей, чым за ўвесь 2006 г., таксама адметны ў пляне пазыкаў. Мала таго, Беларусь нарэшце атрымала сувэрэнны крэдытны рэйтынг, прычым лепшы, чым першыя рэйтынгі Расеі і Ўкраіны. Хоць абедзьве рэйтынгавыя агенцыі і аднесьлі яго да спэкуляцыйнага10, але ж наяўнасьць такога рэйтынгу дае магчымасьць прыцягненьня сродкаў беларускім урадам на даволі прымальных умовах. Відавочна, што менавіта на замежныя запазычаньні ўскладаюцца галоўныя надзеі па фінансаваньні дэфіцыту замежнага гандлю.

3.

Розныя магчымасьці фінансаваньня дэфіцыту замежнага гандлю даюць падставу для пабудовы сцэнараў новай эканамічнай палітыкі. Але ж перад тым, як перайсьці да сцэнараў, патрэбна акрэсьліць перадумовы, якія будуць аднолькавымі для кожнага зь іх. Дасьледчы цэнтар ІПМ выдзяляе тры такія перадумовы: (і) прэзыдэнцкія выбары пры канцы 2010 г., (іі) падтрыманьне стабільнага курсу беларускага рубля, пакуль гэта магчыма, і (ііі) падтрыманьне занятасьці, пакуль гэта магчыма.

Прэзыдэнцкія выбары — гэта асноўная падзея, на якой можна грунтаваць прагноз палітычнага бізнэс-цыклю. Ад іх будуць залежаць, у прыватнасьці, тэмпы росту заробкаў, пэнсій і, адпаведна, даходаў насельніцтва. Спрыяльная будзе каньюнктура ці не, але ўлады будуць рабіць усё магчымае, каб забясьпечыць палітычна прымальны тэмп росту заробкаў напярэдадні выбараў.

Валютны курс — ключ да разуменьня сучаснай і будучай палітыкі беларускіх уладаў. Па-першае, на нязьменнасьці валютнага курсу грунтуецца стабільнасьць банкаўскай сыстэмы. Больш за 30 % усіх дэпазытаў у банкаўскай сыстэме — гэта рахункі насельніцтва і прадпрыемстваў у замежнай валюце. Зразумела, што страта даверу да нацыянальнай валюты, да якой прывядзе дэвальвацыя, выкліча адток валютных дэпазытаў. Адначасова насельніцтва пачне здымаць грошы з рублёвых дэпазытаў ды абменьваць іх на валюту, што прывядзе да дэфіцыту валюты і яшчэ большага ціску на рубель. Нават калі банкі здолеюць прыцягнуць спэкуляцыйныя дэпазыты высокімі працэнтнымі стаўкамі, то праз гэта яны пахаваюць рэальны сэктар, які проста ня здолее пазычаць грошы па такім кошце.

Па-другое, ад валютнага курсу залежыць выкананьне абяцанак уладаў наконт велічыні сярэдняга заробку, прывязанага імі да даляру. Упершыню такі плян быў усталяваны ў 2001 г. З 2004 г. паказчык сярэдняга заробку прагназуецца на кожны год, і простыя беларусы ўжо пасьпелі прызвычаіцца да таго, што ў нашай краіне што прагназуецца, тое й выконваецца. Невыкананьне пляну такога кшталту, відавочна, будзе вельмі адмоўна ўспрынята насельніцтвам, асабліва калі яго ня здолеюць выканаць з прычыны дэвальвацыі. Такім чынам, улады зробяць усё, каб пазьбегнуць дэвальвацыі, бо яна будзе мець вельмі дрэнныя эканамічныя і палітычныя наступствы.

Роля занятасьці ў эканамічнай палітыцы вынікае з наступнага. Беспрацоўныя ў Беларусі сацыяльна не абароненая група, бо велічыня грашовай дапамогі, якую атрымліваюць далёка ня ўсе беспрацоўныя, меншая за 10 % ад сярэдняга заробку. Таму занятасьць гарантуе нейкі адносна прымальны мінімум у форме заробку. Улады актыўна ўмешваюцца ў працэс яго ўсталяваньня, і праз падтрыманьне занятасьці яны маюць доступ да шырокае сацыяльнае базы. Таму, на наш погляд, у бліжэйшыя гады ўлады паспрабуюць утрымаць больш-менш стабільны ўзровень занятасьці.

Гэткім чынам, падыходзім да ўласна сцэнараў. Вядома ж, ёсьць базавы, адмоўны ды станоўчы сцэнары. Базавы сцэнар — гэта захаваньне сучаснай эканамічнай палітыкі ў зьвязку з асноўнымі тэндэнцыямі ў замежным гандлі неэнэргетычнымі таварамі. У гэтым выпадку дэфіцыт гандлю таварамі будзе паступова паглыбляцца, а яго фінансаваньне будзе ажыцьцяўляцца дзякуючы росту замежнай запазычанасьці (спачатку банкаў і прадпрыемстваў, потым — дзяржавы) ды прыцягненьню замежных інвэстыцыяў празь сярэднюю прыватызацыю. Згодна з гэтым сцэнарам можна чакаць утрыманьня больш-менш стабільнага валютнага курсу і дасягненьня сярэдняга заробку 500 даляраў да выбараў 2010 г., пасьля чаго дэвальвацыі і зьмяншэньня даходаў ужо нельга будзе пазьбегнуць.

Але ж базавы сцэнар можа вельмі лёгка перайсьці ў адмоўны. Які-небудзь вонкавы ці ўнутраны шок можа прывесьці да павелічэньня дэфіцыту валюты да памераў, якія будзе немагчыма прафінансаваць коштам замежных пазычаньняў. Мала таго, у такіх умовах будзе цяжка прадаць некалькі буйных прадпрыемстваў, бо гэта трэба будзе рабіць хутка, а базавы (і, значыць, адмоўны) сцэнар прадугледжвае нязьменную эканамічную палітыку, якая не спрыяе прыватызацыі. Такім чынам, дэвальвацыя робіцца непазьбежнай яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў, што робіць невыканальным плян па велічыні сярэдняга заробку. Такое разьвіцьцё сытуацыі ня будзе спрыяць электаральнай падтрымцы Лукашэнкі і выкліча чарговую спробу элітаў атрымаць большыя паўнамоцтвы. Відавочна, што для ўладаў адмоўны сцэнар непрымальны, і для іх было б вельмі важна засьцерагчыся ад яго рэалізацыі.

Найбольш лягічны спосаб гэта зрабіць (альбо станоўчы сцэнар) — зьмяніць эканамічную палітыку на прарынкавую, то бок распачаць базавыя рэформы і актывізаваць прыватызацыю. Гэта дасьць эканоміцы наступныя магчымасьці. Па-першае, палепшыцца ўспрыманьне Беларусі замежнымі інвэстарамі, што дасьць дадатковыя ды больш танныя сродкі. Праз прыватызацыю ды адносна танныя пазыкі можна будзе прафінансаваць дэфіцыт амаль любога памеру. Па-другое, замежныя інвэстыцыі, відаць, будуць спрыяць павышэньню канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў на замежных рынках, што станоўча адаб’ецца на дынаміцы экспарту. Нарэшце, паводле такога сцэнару ўлады хутчэй за ўсё пойдуць на паляпшэньне адносінаў з Эўропай, што прынясе свае эканамічныя выгады.

Станоўчы сцэнар адзіны гарантуе стабільнасьць валютнага курсу ды выкананьне плянаў па сярэднім заробку. Аднак ён нясе з сабой іншую палітычную рызыку. З аднаго боку, рэформы будуць патрабаваць рэструктурызацыі і, адпаведна, звальненьня залішняй працоўнай сілы. Гэта супярэчыць аднаму з галоўных складнікаў сучаснай палітыкі — захаваньню як мага больш поўнай занятасьці. З другога боку, лібэралізацыя эканомікі вядзе да страты кантролю над часткай істотных фінансавых плыняў, што супярэчыць другому галоўнаму прынцыпу сучасных уладаў — максымальнай цэнтралізацыі рэсурсаў. Усё гэта робіць станоўчы сцэнар найлепшым палітычным рашэньнем у кароткі тэрмін, але вядзе да зьмены палітычнай сыстэмы ў даўжэйшы тэрмін. Аднак, калі ўзяць да ўвагі, што базавы сцэнар толькі адкладае рашэньне эканамічных і палітычных праблемаў на 2011 г., а адмоўны робіць іх актуальнымі напярэдадні выбараў, то лібэралізацыя эканомікі пачынае выглядаць як найбольш прывабная для ўладаў.

Акрэсьліўшы сцэнары эканамічнага разьвіцьця на наступную пяцігодку, можна было б і спыніцца, калі б не пытаньне чытачоў пра імавернасьць рэалізацыі кожнага зь іх. Вядома ж, усе ўжо заўважылі, што станоўчы сцэнар найбольш прывабны, але ці найбольш імаверны? Праблема палягае ў тым, што апошнія 12 гадоў улады стваралі сыстэму, у якой усе істотныя рашэньні прымаліся на самым высокім узроўні. Астатнія ступені ўлады арыентаваліся на выкананьне загадаў зьверху ў рамках дзейнага заканадаўства. Але ж лібэралізацыя патрабуе дэцэнтралізацыі прыняцьця рашэньняў, якую цяжка дасягнуць нават за некалькі гадоў. Мала таго, сучаснае заканадаўства несумяшчальнае з тэрмінамі «лібэралізацыя», «прыватызацыя» ці «рэформы», яно створанае пад паняцьці «плян», «дзяржуласнасьць» ды «ўдасканаленьне». Вось новая эканамічная палітыка і патрабуе іншае сыстэмы заканадаўства. Ці не зашмат для таго, каб лічыць найбольш станоўчы сцэнар імаверным? Вынік такі: калі распачатыя рэформы супадуць з дадатковым адмоўным шокам, палітычныя праблемы паўстануць адразу, прычым больш сур’ёзныя, чым праблемы адмоўнага сцэнару. Такім чынам, найбольш верагодна, што ўлады будуць кіравацца сучаснымі прынцыпамі эканамічнай палітыкі зь некаторымі новымі элемэнтамі, у прыватнасьці, прыватызацыяй (цалкам непразрыстай) і, магчыма, спробамі разьвіваць малы бізнэс (без істотных зьменаў умоваў яго функцыянаваньня).

8 У выніку цана электраэнэргіі для прамысловых прадпрыемстваў дасягнула эўрапейскага ўзроўню, пры тым што газ для Беларусі больш як удвая таньнейшы, чым для Эўропы.

9 Слова «капіталаўкладаньні» адносна бюджэту ледзь не ператварылася ў «капіталаўкраданьні». Тэорыя праф. Фройда (гл.: Фройд, З. Уводзіны ў псыхааналіз. Лекцыі) тлумачыць гэта асабістай пазыцыяй аўтара наконт эфэктыўнасьці бюджэтных выдаткаў.

10 То бок сродкі, укладзеныя ў беларускую эканоміку, знаходзяцца «па-за небясьпекай у кароткатэрміновай пэрспэктыве, але ж [існуе] больш высокая адчувальнасьць да ўзьдзеяньня неспрыяльных пераменаў у камэрцыйных, фінансавых ды эканамічных умовах» (гл.: Standard and Poor’s. Кредитные рейтинги. Международная шкала, standardandpoors.ru).

Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (61) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/11/21