A R C H E П а ч а т а к № 10 (61) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


10 — 2007

 



аналітыка • крытыка • гісторыя • гутарка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  Дзяніс Мельянцоў

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Дзяніс Мельянцоў
Ці возьмуць Беларусь у ГУАМ?
Беларуская замежная палітыка ў чарговы раз робіць круты паварот. Пасля таго, як не ўдалося распачаць дыялог з Еўрапейскім саюзам і атрымаць стабілізацыйны крэдыт ад Расіі, афіцыйны Мінск ліхаманкава кінуўся шукаць іншыя варыянты стабілізацыі свайго міжнароднага становішча напярэдадні новага энергетычнага канфлікту з усходнім суседам. На гэты раз ролю саюзніка і стратэгічнага партнёра можа адыграць Грузія.

Сенсацыйная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з міністрам унутраных спраў Грузіі выклікае цэлы шэраг пытанняў: чаму менавіта Грузія, якая, як вядома, з’яўляецца сёння найбольшым раздражняльнікам для Расіі на постсавецкай прасторы? што прымусіла Мінск забыцца на рэзкія заявы Саакашвілі адносна палітычнай сітуацыі ў Беларусі? і што прымусіла грузінскага прэзідэнта дараваць гады антыгрузінскай прапаганды ў афіцыйных Беларускіх СМІ? нарэшце, ці ўсё гэта сур’ёзна?

* * *

Нагадаю, што 17 верасня адбылася сустрэча беларускага прэзідэнта з міністрам унутраных спраў Грузіі Іванэ Мерабішвілі, дзе А. Лукашэнка заявіў пра намер пабудаваць «добрыя адносіны з Грузіяй, (…) зрабіць іх больш высокімі, чым у часы Савецкага саюза». Лукашэнка таксама паведаміў, што на сённяшні дзень склаліся добрыя адносіны з прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі1. На сустрэчы абмяркоўваліся і пытанні адкрыцця ў Мінску грузінскае амбасады. Але гэтая сустрэча не была проста пратакольным мерапрыемствам, але нечым значна большым, пра што сведчыць той факт, што Мерабішвілі быў накіраваны асабіста грузінскім прэзідэнтам з даручэннем «актыўна прасоўваць супрацоўніцтва з беларускімі калегамі»2.

Між тым яшчэ зусім нядаўна Саакашвілі адкрыта называў беларускага прэзідэнта дыктатарам, які кіруе пры дапамозе страху, і заклікаў міжнародную супольнасць «дапамагчы беларускаму народу вызваліцца ад рэжыма Лукашэнкі»3 . Беларусь адказвала падобным чынам: напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. былі затрыманыя грамадзяне Грузіі, якія нібыта збіраліся дапамагчы беларускай апазіцыі ў арганізацыі «каляровай рэвалюцыі»; пэўны час Мінск нават разглядаў магчымасць увесці візавы рэжым з Грузіяй на просьбу Масквы.

Што ж сталася прычынай такой радыкальнай змены ў адносінах? Самым простым тлумачэннем, якое адразу прыходзіць да галавы, можа быць банальная спроба шантажу Расіі напярэдадні перамоваў з «Газпромам» у пытанні коштаў на газ. Сам факт сустрэчы беларускага прэзідэнта з прадстаўніком Грузіі, якая фактычна знаходзіцца ў стане «халоднай вайны» з Расіяй, становіцца ў такім разе недвухсэнсоўным пасланнем для Пуціна.

Яшчэ адной версіяй прычынаў пацяплення адносінаў паміж дзвюма краінамі з’яўляецца спроба загнанага ў кут прэзідэнта Беларусі адшукаць хоць якія варыянты дыверсіфікацыі паставак энергарэсурсаў у краіну, каб зменшыць, такім чынам, энергазалежнасць ад Расіі. Беларусь была б зацікаўленая і ва ўдзеле ў маючым адбыцца 10—11 кастрычніка ў Вільні энергетычным форуме краінаў Балта-Чарнаморскага і Каспійскага рэгіёнаў, дзе будзе абмяркоўвацца стан трубаправоднага праекту Адэса—Броды—Плоцк. Пры пэўных умовах Беларусь магла б падключыцца да рэалізацыі гэтага праекта. Магчыма, што гаворка падчас сустрэчы Лукашэнкі і Мерабішвілі ішла таксама і пра ўдзел беларускага прадстаўніка ў віленскім форуме.

Калі паглядзець на грузінска-беларускія адносіны больш шырока, то становіцца відавочным, што паляпшэнне стасункаў паміж дзвюма краінамі прадыктавана не толькі супольнай варожасцю да Масквы і жаданнем выйсці з-пад энергетычнай залежнасці ад яе, але і зрухамі геапалітычных раскладаў у рэгіёне. Так званая прагматычная палітыка Масквы ў адносінах да сваіх бліжэйшых суседзяў прывяла ўрэшце да ўсведамлення апошнімі неабходнасці пакончыць з залежнасцю ад былой метраполіі і супрацьпаставіць Маскве нейкую форму міждзяржаўнага аб’яднання, якое ў той ці іншай ступені ўраўнаважвала б спробы расійскага ўплыву ва Усходняй Еўропе.

Перманентны канфлікт Расіі з Грузіяй, заява расійскага амбасадара ў Мінску пра магчымасць размяшчэння ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі, амаль адначасовая заява расійскага дыпламата ва Украіне пра магчымасць перагляду статусу Крыма — усё гэта праявы «новай» расійскай дыпламатыі, якая дэманструе стаўленне падужэлай Расіі да новых незалежных дзяржаў. Цалкам натуральна, што такія паводзіны Крамля ўспрымаюцца лідэрамі постсавецкіх краінаў як пагроза іхнім нацыянальным інтарэсам і выклікаюць адпаведную рэакцыю. Сітуацыя ўскладняецца нявызначанасцю будучага расійскага курсу, бо на дадзенай фазе электаральнай кампаніі ў Расіі немагчыма вызначыць, хто будзе наступным гаспадаром Крамля і чаго ад яго можна чакаць. У такіх варунках зацікаўленыя дзяржавы вымушаныя шукаць шляхоў кансалідацыі сваёй замежнапалітычнай актыўнасці з мэтай захаваць сваю незалежнасць, энергетычную і дзяржаўную.

Інстытуцыяванай формай такой кансалідацыі ўсходнееўрапейскіх постсавецкіх краінаў з’яўляецца рэгіянальная арганізацыя ГУАМ, якая пасля дэмакратычных «рэвалюцыяў» у Грузіі і Украіне рэзка актывізавала сваю дзейнасць. Як вядома, групоўка ГУАМ была ўтворана ў кастрычніку 1997 г. Грузіяй, Украінай, Азербайджанам і Малдовай у якасці альтэрнатывы СНД. Адпачатку краіны-сябры ГУАМ былі скіраваныя на еўрапейскія і міжнародныя інстытуты і імкнуліся зменшыць эканамічную і ў першую чаргу энергетычную залежнасць ад Расіі праз развіццё транзіту энергарэсурсаў у абыход яе тэрыторыі. Краіны-сябры ГУАМ, акрамя эканамічных праектаў, звязвала яшчэ і нежаданне дапусціць перагляд Расіяй флангавых абмежаванняў у межах Дамовы пра звычайныя ўзбраенні ў Еўропе, што дазволіла б Расіі захаваць свае ўзброеныя сілы на тэрыторыі Украіны, Малдовы і Грузіі.

На працягу некалькіх гадоў арганізацыя фактычна бяздзейнічала. Праца яе актывізавалася толькі ў 2005-м, што было звязана, галоўным чынам, з Памаранчавай рэвалюцыяй ва Украіне і кардынальнымі зменамі геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне. На красавіцкім саміце 2005 г. прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка абвесціў, што краіны ГУАМ маюць намер стаць лакаматывам «трэцяй хвалі дэмакратычных рэвалюцыяў» на прасторы былога Савецкага Саюза4. На гэтым саміце была падпісаная дэкларацыя «У імя дэмакратыі, стабільнасці і развіцця», а таксама сумесная заява «Ствараючы дэмакратыю ад Балтыкі да Чорнага мора». Апошні дакумент фактычна акрэслівае зону адказнасці ГУАМ, куды патрапіла і Беларусь. У 2006 г. на саміце ў Кіеве ГУАМ быў трансфармаваны ў «Арганізацыю за дэмакратыю і эканамічнае развіццё — ГУАМ», што яшчэ раз падкрэслівае палітычныя прыярытэты гэтай рэгіянальнай групоўкі.

Пра аб’ектыўную зацікаўленасць краін-сябраў ГУАМ у падключэнні Беларусі да рэгіянальнага супрацоўніцтва можна казаць сыходзячы з наступных меркаванняў:

  • па-першае, Беларусь з’яўляецца ключавым элементам у пабудове балта-чарнаморскага транзітнага саюзу, які будзе кантраляваць увесь транзіт расійскіх энерганосьбітаў у Еўропу; гэта ў сваю чаргу дае краінам ГУАМ моцны рычаг уплыву на фармаванне коштаў на транзіт і цанавую палітыку «Газпрому»;


  • па-другое, падключэнне Беларусі да энергетычных праектаў ГУАМ стварае дадатковыя магчымасці для фармавання ўсходнееўрапейскага энергетычнага кальца, якое дазволіць знізіць залежнасць краінаў рэгіёну ад паставак расійскіх энергарэсурсаў;


  • па-трэцяе, пабудова балта-чарнаморскага інтэграцыйнага блока на базе ГУАМ і з удзелам Беларусі рэзка падвышае геапалітычную значнасць рэгіёну, што прымусіць, з аднаго боку, Еўрапейскі саюз перагледзець сваю сённяшнюю палітыку ў адносінах да Усходняй Еўропы, а з іншага — будзе накладаць абмежаванні на спробы Крамля аднавіць свой палітычны ўплыў на постсавецкай прасторы;


  • па-чацвертае, праз падключэнне Мінска да разнастайных праектаў ГУАМ лідэры краін-удзельніц гэтай арганізацыі атрымліваюць шанец спрыяць канчатковаму вываду Беларусі з-пад расійскага ўплыву і хоць бы частковай дэмакратызацыі «апошняй дыктатуры Еўропы», што адпавядае мэтам арганізацыі.


  • Пра свой намер спрыяць дэмакратызацыі беларускага палітычнага рэжыму неаднаразова заяўляў і прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, і Валдас Адамкус — прэзідэнт Літвы, якая мае ў ГУАМ статус назіральніка. Мала таго, прэзідэнт Літвы пасля свайго візіту ў ЗША ў лютым 2007 г. агучыў план, паводле якога Беларусь можа быць выведзеная з-пад уплыву Расіі шляхам дыверсіфікацыі паставак нафты, у тым ліку праз Клайпедскі порт5 .

    Віктар Юшчанка быў больш стрыманы ў сваіх выказваннях адносна магчымасцяў дэмакратызаваць Беларусь (перадусім з-за боязі пагоршыць адносіны з Мінскам), аднак Нацыянальны інстытут стратэгічных даследаванняў пры адміністрацыі прэзідэнта Украіны ў сваіх аналітычных запісках неаднаразова падкрэсліваў важнасць Беларусі для інтэграцыйных працэсаў ва Усходняй Еўропе. У аналітычнай запісцы аддзелу інтэграцыі і стратэгічнага партнёрства НІСД гаворыцца наступнае:

    Значнаму ўзмацненню ГУАМ як альтэрнатыўнай СНД міжнароднай арганізацыі еўраінтэграцыйнай скіраванасці спрыяла б паступовае падключэнне да супрацоўніцтва з ёю Рэспублікі Беларусь. (…) Стратэгічнае значэнне для ЕС пашыранага фармату ГУАМ вызначалася б тым, што Кіеў і Мінск кантралююць увесь нафта-газавы экспарт Расіі ў Еўрасаюз, утвараючы ядро Балта-Чарнаморскага поясу энергетычнай бяспекі Еўропы6.

    У 2005—2006 гг. актывізуюцца палітычныя адносіны паміж Украінай і Беларуссю. У 2005 г. адбыліся дзве сустрэчы прэзідэнтаў: у межах святкавання 60-годдзя Перамогі ў Маскве і ў межах саміта кіраўнікоў дзяржаў-удзельніц СНД у Казані. 26 верасня 2005 г. адбыўся працоўны візіт міністра замежных спраў Беларусі ва Украіну, а 29 верасня таго самага года ў Кіеве прайшла сустрэча сакратароў саветаў бяспекі Беларусі, Украіны і Польшчы. У кастрычніку 2005 і ў лістападзе 2006 гг. мелі месца афіцыйныя візіты прэм’ер-міністра Украіны ў Беларусь. Прыкладна сярэдзінай 2005-га датуецца ў Беларусі пераход у афіцыйнай мове з выкарыстання спалучэння «на Украіне» на выкарыстанне спалучэння «ва Украіне», што яскрава дэманструе змену падыходу ў адносінах да «памаранчавай» рэспублікі. З 2004 г. намеціўся імклівы рост таваразвароту паміж дзвюма краінамі, і ў 2006 г. ён склаў амаль 2,5 млрд даляраў ЗША7.

    Са свайго боку, у Беларусі ёсць таксама і свае матывы, якія падштурхоўваюць яе да супрацоўніцтва з краінамі ГУАМ:

  • па-першае, энергетычны ціск Расіі і агульнае пагаршэнне адносінаў з Масквой ставяць Беларусь у адзін шэраг з Украінай, Малдовай і Грузіяй, якія таксама мелі і маюць праблемы з усходняй суседкай; такая сітуацыя прымушае гэтыя дзяржавы вырашаць аднолькавыя праблемы, і каардынацыя дзеянняў у гэтым кірунку была б вельмі дарэчы;
  • па-другое, афіцыйны Мінск вельмі зацікаўлены ў пошуку рычагоў уплыву на Расію ў звязку з маючым адбыцца чарговым «газавым канфліктам», і таму фармаванне транзітнага саюза разам з Літвой і Украінай было б у такіх варунках ідэальным развязаннем гэтай праблемы, тым больш што такое зацікаўленне ёсць як у паўночнага, гэтак і ў паўднёвага суседзяў Беларусі;
  • па-трэцяе, падключэнне да праектаў ГУАМ дало б Мінску надзею дыверсіфікаваць пастаўкі энергарэсурсаў і зменшыць энергетычную залежнасць ад Расіі.
  • Ёсць яшчэ адзін вялікі плюс для Беларусі ад супрацоўніцтва з ГУАМ, пра які беларускія ўлады цяпер наўрад ці задумваюцца. Справа ў тым, што адной з мэтаў ГУАМ, акрамя спрыяння дэмакратыі і транзітным праектам, ёсць кансалідаванае ўступленне краін-удзельніц арганізацыі ў Еўрапейскі саюз. Кажучы іншымі словамі, ГУАМ па сутнасці з’яўляецца другім выданнем Вышаградскай групы, якая таксама кансалідавала дзейнасць сваіх сябраў што да ўступлення ў ЕС. Такім чынам, удзел Беларусі ў ГУАМ не толькі дадае важкасці гэтаму інтэграцыйнаму аб’яднанню ў вачах еўрапейскіх чыноўнікаў і палітыкаў, але і дае беларускаму грамадству надзею на еўрапейскую будучыню.

    Выгады Беларусі ад сяброўства ў ГУАМ відавочныя, але ці пойдзе беларускае кіраўніцтва на гэты крок пры згодзе ўсіх сябраў арганізацыі? Разам з выгадамі ўдзел Беларусі ў ГУАМ утрымлівае і выразныя пагрозы для стабільнасці беларускай палітычнай сістэмы.

    Рэзкая пераарыентацыя з прарасійскай на антырасійскую пазіцыю Мінска, хутчэй за ўсё, выкліча скрайнюю незадаволенасць Крамля, які ўсімі сіламі паспрабуе перашкодзіць фармаванню варожага да сябе «санітарнага кардону» на заходняй мяжы. Утварэнне транзітнага саюзу ў складзе Літвы, Беларусі і Украіны, які кантралюе ўвесь расійскі транзіт на Захад, — гэта кашмар для расійскага кіраўніцтва. І Крэмль не будзе разборлівы ў сродках, каб папярэдзіць такое развіццё падзеяў. Тут могуць выкарыстоўвацца розныя механізмы ўздзеяння — ад выціскання беларускіх тавараў з расійскага рынку да вайсковых правакацыяў і фізічнай ліквідацыі топавых асобаў, — але ўсе яны з’яўляюцца экзістэнцыйнымі пагрозамі для кіроўнага беларускага рэжыму, і таму на абвастрэнне адносінаў з Расіяй Мінск пойдзе толькі ў самым скрайнім выпадку.

    Акрамя таго, паступовае ўцягванне Беларусі ў дзейнасць ГУАМ можа стварыць дадатковы ціск на беларускую аўтарытарную сістэму. Не будзем забывацца, што ГУАМ — гэта арганізацыя з выразнай празаходняй і прадэмакратычнай арыентацыяй, адной з мэтаў якой з’яўляецца дэмакратызацыя Усходняй Еўропы. І таму праекты і працэдуры ГУАМ хутчэй за ўсё будуць спрабаваць рознымі сродкамі спрыяць трансфармацыі беларускай палітычнай сістэмы, што, безумоўна, ніяк не задавальняе афіцыйны Мінск. Урэшце можа стацца так, што Беларусь праз ГУАМ будзе задзейнічаная ў еўраінтэграцыі, але ўжо без сённяшняга прэзідэнта.

    Гэтыя акалічнасці дазваляюць меркаваць, што Мінск будзе вельмі асцярожна сябе паводзіць адносна нарошчвання кантактаў з краінамі ГУАМ, каб не даць Маскве ўпэўніцца ў сур’ёзнасці і канчатковасці сваіх намераў. Галоўнае для Беларусі — прымусіць крамлёўскае кіраўніцтва думаць, што паляпшэнне адносінаў Лукашэнкі з Грузіяй — гэта ўсяго толькі спроба шантажу Расіі напярэдадні чарговага падвышэння коштаў на газ. І афіцыйныя каментары з нагоды візіту Мерабішвілі сведчаць менавіта пра такія намеры8.

    Адкрытым застаецца пытанне і пра тое, ці прыме празаходні і прадэмакратычны ГУАМ у свае шэрагі аўтарытарную і антызаходнюю Беларусь? Ці перасіляць эканамічныя інтарэсы і інтарэсы бяспекі каштоўнасныя ўстаноўкі арганізацыі?

    Адпаведна Статуту ГУАМ, адной з мэтаў арганізацыі з’яўляецца «ўсталяванне дэмакратычных каштоўнасцяў, забеспячэнне вяршэнства права і павагі правоў чалавека»9, і для ўступлення ў арганізацыю краіне-кандыдату неабходна падзяляць гэтыя прынцыпы і каштоўнасці. Разам з тым існуе прэцэдэнт сяброўства ў ГУАМ дзяржавы з далёка не дэмакратычным рэжымам — Узбекістана, які выйшаў са складу сябраў арганізацыі толькі ў 2005 годзе, ды й то з уласнай ініцыятывы. Беларусь жа мае для ГУАМ нашмат большае геапалітычнае значэнне, чым Узбекістан, і таму можна дапусціць, што гэтая акалічнасць прымусіць не надаваць вялікага значэння характару палітычнага рэжыму ў Беларусі, тым больш што само сяброўства Беларусі ў ГУАМ, як ужо было адзначана, можа стаць інструментам дэмакратызацыі краіны і паспрыяць дасягненню статутнай мэты ГУАМ.

    Акрамя статуса сябра, ГУАМ можа надаваць трэцім краінам статус назіральніка і партнёра ў адпаведнасці з «Рашэннем пра партнёрства»10 і «Рашэннем Кіраўнікоў дзяржаў-удзельніц ГУАМ аб статусе назіральнікаў у дзейнасці ГУАМ»11. Статус назіральнікаў і партнёраў не накладае жорсткіх абмежаванняў на характар палітычнага рэжыму ў краіне-кандыдаце, але дазваляе ўдзельнічаць у праектах ГУАМ. Такі варыянт быў бы прымальны для ГУАМ і мог бы задаволіць цяперашняе беларускае кіраўніцтва, аднак ён не дазваляе краіне-назіральніку або краіне-партнёру карыстацца правам голасу ў прыняцці рашэнняў унутры ГУАМ.

    Зыходзячы з ацэнкі пагрозаў і выгадаў сяброўства Беларусі ў ГУАМ, можна зрабіць наступны прагноз развіцця адносінаў афіцыйнага Мінску з гэтым рэгіянальным аб’яднаннем:

    1. Фарсіраванае ўступленне Беларусі ў ГУАМ з’яўляецца малаверагодным з-за магчымай рэакцыі Расіі на пераарыентацыю замежнапалітычнага курса афіцыйнага Мінска.

    2. Беларусь будзе паступова падключацца да праектаў ГУАМ у сферы энергетыкі, аднак яе адносіны з ГУАМ не будуць насіць фармальнага характару, а хутчэй будуць развівацца ў фармаце двухбаковых адносінаў з краінамі-сябрамі ГУАМ.

    3. Лідэры дзяржаў-сябраў ГУАМ і Літвы паменшаць вастрыню антыбеларускай рыторыкі і будуць спрыяць уцягванню Беларусі ў праекты ГУАМ і працэс фармавання балта-чарнаморскага транзітнага саюза.

    4. Варта чакаць таксама сустрэчаў беларускага прэзідэнта з кіраўнікамі Грузіі і Украіны, падчас якіх будуць абяркоўвацца пытанні альтэрнатыўных паставак энерганосьбітаў і ўзгаднення тарыфнай палітыкі.

    5. Такая актыўнасць, хутчэй за ўсё, будзе назірацца ўжо ў бліжэйшыя месяцы, да прэзідэнцкіх выбараў у Расіі, якія ствараюць вакно магчымасцяў для перафарматавання геапалітычных раскладаў на захадзе постсавецкай прасторы.

    палітоляг, выкладчык ЭГУ ў Вільні, сталы аўтар «ARCHE».
    Пачатак  Цалкам Форум

    № 10 (61) - 2007

    да Зьместу

    Праект ARCHE

    да Пачатку СТАРОНКІ


    Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
    Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
    Апошняе абнаўленьне: 2007/12/13