A R C H E | П а ч а т а к | № 10 (61) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Павал Усаў | ||||
Дзяніс Мельянцоў
Няпэўная будучыня беларускага інтэрнэту
Интернет и выборы:
Президентские выборы 2006 года в Белоруссии (и их значение). — Б.м.: Инициатива «Открытая сеть», 2006.
Сёньня цяжка сабе ўявіць жыцьцё без інтэрнэту. Прачынаесься, спампоўваеш навіны з інфармацыйных сайтаў, адпраўляеш і атрымліваеш пошту, размаўляеш з патрэбнымі людзьмі ў Skype, глядзіш, пра што сёньня пішуць сябры ў Жывым журнале. Так пачынаецца кожная раніца. Прынамсі так яна пачынаецца ў мяне. І, калі верыць афіцыйнай статыстыцы і незалежным апытаньням, так яна пачынаецца яшчэ ў некалькіх соцень тысячаў беларусаў. Акрамя прыватнага жыцьця і працы, інтэрнэт паступова й няўхільна займае месца ў грамадзкім і палітычным жыцьці краіны. Большасьць палітычных партыяў і НУА цяпер маюць свае інтэрнэт-сайты. Цікава сачыць за тым, як усё больш і больш палітыкаў заводзяць пэрсанальныя блогі і старонкі ў сеціве. Часткова тое назіраецца з-за таго, што інтэрнэт у сёньняшняй Беларусі застаецца апошнім фарпостам свабоднага слова, празь які толькі і магчыма данесьці праўдзівую інфармацыю і незалежную думку. Таму незалежныя папяровыя выданьні, радыёстанцыі, інфармацыйныя агенцыі паступова перабіраюцца ў сеціва, бо такая віртуалізацыя падаецца больш эфэктыўнай для іхняй дзейнасьці. З павелічэньнем колькасьці карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі будзе павялічвацца і важнасьць самога сеціва як сродку масавай інфармацыі. Розныя крыніцы даюць розную інфармацыю пра колькасьць карыстальнікаў. Напрыклад, паводле апытаньня, праведзенага ў кастрычніку-лістападзе 2006 г. Дэпартамэнтам маркетынгавых і арганізацыйных дасьледаваньняў Цэнтру сыстэмных бізнэс-тэхналёгіяў «SATIO», інтэрнэтам у Беларусі карыстаюцца 32,7 % рэспандэнтаў. Пры гэтым сярод гарадзкога насельніцтва ім карыстаюцца 38,1 % апытаных, сярод вясковага — 15,8 %. У Менску адсотак карыстальнікаў складае 62,31. Згодна з нацыянальным апытаньнем, праведзеным у чэрвені 2006 г. незалежнымі сацыёлягамі пры падтрымцы групы прафэсара Алега Манаева, аўдыторыя інтэрнэту склала 27,3 %2. Паводле іншых дадзеных, аўдыторыя сеціва інтэрнэт у Беларусі перавысіла 3 мільёны карыстальнікаў. Згодна з распаўсюджаным у лістападзе 2006 г. «Дакладам аб інфармацыйнай эканоміцы» Канфэрэнцыі ААН па гандлі і разьвіцьцю колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі на пачатак 2006 г. склала 3,39 млн чалавек. Разам з тым колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі дэманструе ўстойлівую тэндэнцыю росту, і таму можна зь вялікай доляй упэўненасьці сьцьвярджаць, што новыя сродкі камунікацыі будуць паступова ўзмацняць свой уплыў на грамадзкую думку ў краіне. Гэтак, ужо 6,3 % апытаных УЦВГД (Усерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі) у якасьці крыніцы інфармацыі пра кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі ў сакавіку 2006 г. назвалі інтэрнэт (у Менску — 17,45 %)3. Гэта дазваляе зрабіць прагноз аб тым, што паводле распаўсюджваньня інфармацыі пра палітычнае жыцьцё ў краіне менавіта сеціва інтэрнэт зойме галоўную пазыцыю. Для гэтага ёсьць шэраг прычынаў, галоўныя зь якіх — гэта манапалізацыя электронных СМІ дзяржавай і апэратыўнасьць інфармаваньня сродкамі інтэрнэту, якая пакідае за сабой і друкаваныя СМІ, і радыё, і тэлебачаньне. Акрамя гэтага, інтэрнэт прапануе шырокую свабоду выбару крыніцаў інфармацыі і альтэрнатыўных пунктаў гледжаньня, што дае магчымасьць ня толькі атрымліваць апэратыўную інфармацыю, але і самастойна інтэрпрэтаваць падзеі. Дзякуючы ўсяму гэтаму інтэрнэт становіцца важным інструмэнтам уплыву на грамадзкую думку падчас электаральных кампаніяў, а таксама адным з асяродкаў супраціву кіроўным аўтарытарным рэжымам. Гэтую сваю здольнасьць глябальнае сеціва засьведчыла падчас апошніх электаральных рэвалюцыяў ва Ўкраіне (2004) і Кыргызстане (2005), дзе ў значнай ступені праз інтэрнэт было наладжана інфармаваньне насельніцтва і яго мабілізацыя на масавыя акцыі пратэсту. Падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі інтэрнэт упершыню стаў важнай складовай часткай электаральнай кампаніі. Апазыцыйныя партыі і рухі з-за адсутнасьці іншых каналаў для раскруткі адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў пачалі выкарыстоўваць кібэрпрастору, якая заставалася вольнай ад умяшаньня ўладаў. Акрамя функцыі інфармаваньня, інтэрнэт у пасьлявыбарчы пэрыяд выконваў і больш важную функцыю — аб’яднаньня апазыцыйна настроеных грамадзян, якія, спачатку ў сеціве, пачалі ўтвараць групы супраціву4. Асабліва вялікае значэньне маюць блогі, сыстэмы інтэрнэт-дзёньнікаў, што адыгрываюць ролю сацыяльных сетак, канкуруючы пры гэтым з грамадзкімі і палітычнымі арганізацыямі. Гэтая канкурэнцыя, на маю думку, палягае ў тым, што частка актыўных грамадзян, якія раней у большай ці меншай ступені былі заангажаваныя ў НУА і палітычныя партыі, пад узьдзеяньнем нарастаючых палітычных рэпрэсіяў паступова «сыходзяць» у сеціва і займаюцца апазыцыйнай дзейнасьцю ў блогах, інтэрнэт-суполках і форумах. Такім чынам, цяпер беларускі сэктар Інтэрнэту (у прыватнасьці, блогасфэра) нарошчвае патэнцыял актыўнасьці, каб у нейкі час перарасьці ў нешта якасна іншае.
|
палітоляг, выкладчык ЭГУ ў Вільні, сталы аўтар «ARCHE». 1 it-belarus.net . 2 iiseps.org. 3 Два апытаньні ў Беларусі праведзеныя УЦВГД 6—12 сакавіка 2006 г. У іх узялі ўдзел 1100 чалавек.
|
У такіх варунках паўстаюць натуральныя пытаньні: а наколькі сеціва ў Беларусі кантраляванае, і ці мае ўлада інструмэнты ўзьдзеяньня на інтэрнэт?
Адказаць на гэтыя і іншыя пытаньні датычна інтэрнэту ў Беларусі паставіла сабе за мэту Ініцыятыва «Адкрытае сеціва» (ІАС), якая правяла дасьледаваньне стану інтэрнэту ў Беларусі падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў і выдала ў красавіку 2006 г. адпаведную справаздачу5. Ініцыятыва «Адкрытае сеціва» зьяўляецца сумесным праектам Перадавой групы сеткавых дасьледаваньняў (Advanced Network Research Group) пры Кембрыдзкім унівэрсытэце, Грамадзянскай лябараторыі пры Цэнтры міжнародных дасьледаваньняў у горадзе Мунк, Унівэрсытэту Таронта, Цэнтру «Інтэрнэт і грамадзтва» імя Бэркмана пры юрыдычным факультэце Гарвардзкага ўнівэрсытэту, а таксама Оксфардзкага інстытуту ў галіне інтэрнэту пры Оксфардзкім унівэрсытэце. Справаздача ІАС непасрэдна была падрыхтаваная Рафалам Рагазінскім (Rafal Rohozinski) і Д’ердрэ Колінзам (Deirdre Collings). Перад пачаткам дасьледаваньня ягоныя аўтары высунулі наступную гіпотэзу: у краінах з адкатам Фільтраваньне ўсё ж мела месца, але фільтраваліся толькі расейскія гей‑порнасайты, на якія немагчыма было трапіць зь Беларусі.дэмакратыі адкрытасьць сеціва хутчэй за ўсё трапляе пад узмоцнены ціск падчас важных палітычных падзеяў (3). У пэрыяд ад чэрвеня 2005 г. да студзеня 2006 г. ІАС праводзіла папярэдняе тэставаньне і дасьледаваньне, якое прывяло дасьледнікаў да высновы, што рэжым не фільтраваў палітычных сайтаў, валодаючы пры гэтым усімі тэхнічнымі магчымасьцямі для гэтага. Тэставаньне паказала, што фільтраваньне ўсё ж мела месца, але фільтраваліся толькі расейскія гей-порнасайты, на якія немагчыма было трапіць зь Беларусі. Пры гэтым, паводле ІАС, беларускія ўлады фармальна прызналіся ў фільтраваньні расейскіх сайтаў, матывуючы свае дзеяньні недапушчальнасьцю парнаграфічнага зьместу сайтаў (17). Што да інструмэнтаў уплыву на інтэрнэт, то ў справаздачы сьцьвярджаецца, што беларускія ўлады маюць тэхнічныя магчымасьці для фільтраваньня інтэрнэт-сайтаў. Паводле ІАС, у Беларусі існуюць тры ўзроўні кантролю інтэрнэту дзяржавай:
Тым ня менш, якасьць і ўстойлівасьць доступу да некаторых сайтаў значна зьмянілася, і ў найбольш крытычныя моманты да 37 апазыцыйных і незалежных сайтаў апынуліся недаступнымі. Нягледзячы на шматлікія сьведчаньні аб падазроных праблемах зь беларускім інтэрнэтам падчас выбараў, дасьледаваньне ІАС не дало цьвёрдых доказаў таго, што ўлады мусяць адказваць за сыстэматычнае і ўсебаковае фільтраваньне сайтаў апазыцыі і незалежных СМІ, якое яны маглі рабіць выкарыстоўваючы вядомыя раней і зарэгістраваныя дакумэнтальна мэтады. Акрамя таго, ІАС не выявіла ўмяшаньня ў дамэнную сыстэму рэгістрацыі імёнаў, пра што паведамлялася падчас выбараў у 2001 і 2004 гг. Аднак усё сказанае не выключае магчымасьці таго, што пэўнае ўмяшаньне ў работу інтэрнэту мела месца ў пэрыяд выбараў. У выбарчы пэрыяд усе 197 сайтаў са сьпісу сайтаў ІАС «высокага ўзьдзеяньня» ў цэлым былі даступныя ў Беларусі і з кантрольных кропак ІАС. Аднак праверка паказала наступныя падазроныя вынікі:
Але ў той самы час аўтары лічаць магчымым казаць, што «заявы апазыцыі пра шырокае і прамое фільтраваньне падчас выбараў значна перабольшаныя». «Калі й было фільтраваньне, то яно не зьяўлялася ані сыстэматычным, ані ўсебаковым» (29). ІАС таксама ставіць пад сумнеў газэтныя паведамленьні пра ўжываньне беларускімі ўладамі кітайскай тэхнічнай дапамогі і выкарыстаньня ўсебаковай «сыстэмы фільтраваньня». Справаздача ІАС не адказвае ў поўнай меры на пастаўленае пытаньне пра ступень кантролю дзяржавы над інтэрнэтам. ІАС у сваім дакладзе толькі канстатуе, што шэраг апазыцыйных сайтаў зазналі цяжкасьці з доступам падчас выбараў. Гэткая выснова абвяргае шматлікія заявы прадстаўнікоў апазыцыі і незалежных СМІ пра маштабнае фільтраваньне інтэрнэту беларускімі ўладамі.Аднак гэтыя цяжкасьці былі часовыя, і немагчыма давесьці, што прычынай збояў зьяўляецца ўмяшаньне ўладаў. Ці то з-за недасканаласьці мэтодык адсочваньня фільтраваньня і блякаваньня, якія ўжываліся дасьледнікамі, ці то дзякуючы акуратнасьці адмысловых беларускіх службаў кантролю — ІАС апынулася ня ў стане сказаць нешта канкрэтнае пра ўплыў ураду Беларусі на інтэрнэт і толькі абмежавалася высновамі, якія і так усім былі відавочныя. Улады маглі заблякаваць інтэрнэт, але гэтага не зрабілі. І аўтары справаздачы спрабуюць адказаць на пытаньне, чаму так сталася. Паводле ІАС, існуе прынамсі чатыры прычыны, чаму інтэрнэт падчас выбараў застаўся амаль некрануты; 1) Лукашэнка не разглядаў інтэрнэт у якасьці істотнай пагрозы на пачатку 2006 г. Інтэрнэт як сродак масавай інфармацыі не ўплываў і не ўплывае на асноўны электарат Лукашэнкі, таму й не было патрэбы надаваць яму пільную ўвагу; 2) падчас прэзыдэнцкіх выбараў увага ўсяе міжнароднае супольнасьці была прыкаваная да Беларусі, і ўрад проста не пажадаў выклікаць дадатковыя папрокі блякаваньнем сеціва, якое да таго ж ня мела крытычнага значэньня для выніку выбараў. Верагодна, праблема свабоды інтэрнэту была пакінутая на больш позьні час; 3) інтэрнэт — важная крыніца інфармацыі для спэцслужбаў. І свабода слова ў інтэрнэце, такім чынам, становіцца на службу кіроўнаму рэжыму; 4) уласная завышаная схільнасьць рэжыму да юрыдычных нормаў абмежавала ягоную поўную фільтрацыю сайтаў. Ва ўмовах адсутнасьці праўнай базы ўлады не рашыліся на поўнамаштабны кантроль над інтэрнэтам (31). Кажучы пра незаконнасьць фільтрацыі інтэрнэту, аўтары справаздачы, тым ня менш, упэўненыя, што рыхтуецца адпаведны закон, які дазволіць закрываць апазыцыйныя сайты. Аднак ІАЦ мяркуе, што нават пры наяўнасьці адпаведнага закону беларускія ўлады будуць імкнуцца выкарыстоўваць больш тонкія і прыхаваныя рычагі ўплыву — непасрэдны ціск на ўладальнікаў сайтаў, мадэратараў і карыстальнікаў, — заахвочваючы, такім чынам, да самацэнзуры. Тое, што экспэрты ІАС мелі рацыю, кажучы пра падрыхтоўку адпаведнай праўнай базы для зьдзяйсьненьня кантролю над інтэрнэтам, мы можам упэўніцца ўжо цяпер. Доказам таму ёсьць заява А. Лукашэнкі падчас наведваньня рэдакцыі «Советской Белоруссии», у якой ён асудзіў Міністэрства інфармацыі за тое, што дасюль яшчэ не прыняты закон, які рэглямэнтаваў бы статус электронных СМІ і спыніў «анархію ў інтэрнэце»6. Прэзыдэнт яскрава даў зразумець, што дзяржава зьбіраецца кантраляваць гэты апошні «бастыён свабоды слова», што азначае фільтраваньне і блякаваньне непажаданых сайтаў, а таксама адказнасьць за публікацыі ў сеціве. |
4 Больш падрабязна пра працэс фармаваньня спантанных груп супраціву гл.: Мельянцоў, Дзяніс. Спантанныя групы ў паслявыбарчы перыяд // Палітычная сфера. № 7. С. 32—41. 5 Яе можна пабачыць на адрасе: opennetinitiative.net.
|
Такім чынам, тэндэнцыя відавочная — адкрытасьць інтэрнэту ў Беларусі будзе паступова абмяжоўвацца і, у прыватнасьці, будзе падводзіцца праўная база пад кантроль сеціва. Для гэтага, на маю думку, ёсьць шэраг прычын:
1) Рост колькасьці карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі ператварае яго ў важны сродак масавай інфармацыі і камунікацыі. Шматлікія сацыяльныя сецівы ў інтэрнэце ўжо цяпер дазваляюць эфэктыўна мабілізоўваць актывістаў7, што можа ўяўляць пагрозу для існай улады. 2) Беларуская ўлада імкнецца кантраляваць усе сфэры жыцьця грамадзтва, і натуральна, што рана ці позна, але свабодзе інтэрнэту ў такіх варунках прыйшоў бы канец. Выспы свабоднай камунікацыі ўспрымаюцца ўладай як выклік і сьведчаньне яе слабасьці, таму яна будзе імкнуцца падпарадкаваць віртуальнае асяродзьдзе і навязаць свае правілы гульні. 3) Для наступу на інтэрнэт склаўся самы прыдатны час. Стабільнасьці ўлады нічога не пагражае, электаральная турбулентнасьць засталася ззаду, да новых выбараў далёка. Акурат можна ўзяць пад кантроль тое, што яшчэ не пад кантролем. 4) Агульны ўзровень рэпрэсіяў толькі павялічваецца, таму можна сьмела рабіць прагноз узмацненьня кантролю над сецівам. Адносная лібэралізацыя, што мела месца ўвесну, аказалася толькі часовай і каньюнктурнай зьявай, за якой надышоў адкат. Ва ўмовах пагаршэньня адносінаў з Расеяй і стабільна напружаных узаемінаў з Захадам рэжыму нічога не застаецца, як мацаваць самаізаляцыю, а значыць і ўзмацняць кантроль над уласным грамадзтвам. Абапіраючыся на ўсё сказанае, рызыкну зрабіць прагноз, што вырашальны крок у кантролі над беларускім інтэрнэтам будзе зроблены ў прамежку паміж наступнымі парлямэнцкімі і прэзыдэнцкімі выбарамі. Падчас парлямэнцкай кампаніі, верагодна, будуць адпрацаваныя больш эфэктыўныя і шматбаковыя мэтады фільтрацыі і блякаваньня палітычных ўэб-сайтаў, пасьля чаго будзе, нарэшце, прыняты закон, які дазволіць закрываць сайты і фільтраваць кантэнт. Тады да наступнай прэзыдэнцкай кампаніі Аляксандар Лукашэнка будзе цалкам падрыхтаваны. |
6 news.tut.by. 7 У якасьці прыкладу можна прывесьці флэш‑мобэраў, якія першапачаткова арганізоўваліся пры дапамозе суполкі ў Жывым журнале. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 10 (61) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |