A R C H E П а ч а т а к № 10 (61) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


10 — 2007

 



аналітыка • крытыка • гісторыя • гутарка • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  Сяргей Нікалюк

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Сяргей Нікалюк
Эфэкт «QWERTY» ў гісторыі беларускага нацыяналізму

Булгаков, Валер. История белорусского национализма.
Вильнюс: Институт белорусистики, 2007. 331 с.

Бадай цяжка будзе знайсьці сярод чытачоў часопіса «ARCHE» чалавека, які не карыстаўся б кампутарам, але не зьдзіўлюся, калі слова «QWERTY» бальшыні зь іх ні пра што ня кажа. А між тым яно заўсёды перад вачмі, варта толькі сесьці за клявіятуру. Слова гэтае прытаілася ў верхнім шэрагу клявішаў зьлева. Больш як 100 гадоў таму ангельская фірма-вытворца друкарак «QWERTY» ў такі арыгінальны спосаб «забіла» сваю рэкляму. Прыкладна ў той самы час зарадзіўся і беларускі нацыяналізм, і таксама непрыкметна ён упісаўся ў сацыяльную памяць народу.

Падчас гарбачоўскай перабудовы яго разглядзелі сотні тысячаў новых карыстальнікаў, але пры гэтым далёка ня ўсе зь іх здолелі зразумець ягоны праўдзівы сэнс і той палітычны патэнцыял, які быў у ім схаваны. Часткова гэта зьвязана з тым, што беларускі нацыяналізм у вачох нэафітаў аказаўся пазбытым гістарычных каранёў, і яны спрабавалі яго ўзнавіць з чыстага аркуша. Таму даводзіцца шкадаваць, што кніга Валера Булгакава «Гісторыя беларускага нацыяналізму» была выдадзеная ў Вільні Інстытутам беларусістыкі толькі ў 2006 г.

Аматараў забаўленча-пазнавальнага жанру кніга, хутчэй за ўсё, расчаруе, але для чытачоў, якія за плыньню фактаў імкнуцца разгледзець прычыны, якія іх спараджаюць, яна можа стацца адсутным зьвяном, якое злучае мінулае Беларусі зь ейнай цяпершчынай і будучынай. Вось толькі адзін прыклад: незадоўга да распаду СССР у сакавіку 1991 г. падчас правядзеньня сацыялягічнага апытаньня 69 % адчувалі сябе перадусім грамадзянамі Саюзу і толькі 24 % — грамадзянамі рэспублікі. Зразумець беларускія адсоткі можна толькі ў параўнаньні; у эстонцаў яны былі прынцыпова інакшымі: 3 % vs. 97 %. Прыведзеныя суадносіны аказаліся вельмі ўстойлівымі. Яны ўжо тройчы паўтараліся цягам прэзыдэнцкіх выбараў (гаворка, вядома ж, не пра афіцыйныя дадзеныя ЦВК).

У ХІХ ст. беларусы не пасьпелі да агульнаэўрапейскага сьвята фармаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці. Чаму? Адказу на гэтае пытаньне надаў у сваёй кнізе асноўную ўвагу Валер Булгакаў. Дадзеныя сацапытаньня — толькі адно з пацьверджаньняў непарыўнасьці мінулага і будучыны. Яны пераканаўча дэманструюць немагчымасьць нацыянальнай мабілізацыі ў Беларусі на пачатку 90-х гг. з амплітудай, дасягнутай у Эстоніі.

Кніга пачынаецца з палемікі, у цэнтры якой аказалася азначэньне панятку «нацыя». У сучаснай сацыялёгіі адназначнага тлумачэньня гэтага базавага панятку, як гэта ні дзіўна, няма. Асноўная праблема паўстае дзеля недакладнасьці мяжы паміж нацыяй ды этнасам. Аўтар займае бок Энтані Сьміта, які трактуе нацыю як «супольнасьць людзей, якая жыве ў родным краі, мае супольныя міты, супольную гісторыю, супольную нацыянальную культуру, адзіную эканоміку і адзіныя правы і абавязкі для ўсіх сваіх прадстаўнікоў», а этнас — як «супольнасьць людзей, злучаных з родным краем, для якой характэрныя супольныя міты пра паходжаньне, супольная памяць, адзін ці болей элемэнтаў супольнай культуры і пэўная салідарнасьць, прынамсі сярод эліт». На першы погляд для неадмыслоўца цяжка адчуць розьніцу паміж пададзенымі азначэньнямі, але калі ўчытацца, дык за словамі пра адзіную эканоміку, адзінае права і абавязкі лёгка разгледзець знаёмае нам усім да болю аблічча дзяржавы. Ад яго нікуды не падзецца, бо сучасная дзяржава ёсьць форма, у якой нацыя самаарганізоўваецца для выжываньня ў гісторыі.

І тут мы бадай упіраемся ў самае балеснае пытаньне. Валер Булгакаў цытуе знакамітыя словы Францішка Багушэвіча: «Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець…» Дадзенае азначэньне цалкам справядлівае ў дадзяржаўны пэрыяд разьвіцьця нацыі, але сёньня на пытаньне Багушэвіча сьлед даваць іншы адказ: Беларусь там, дзе праходзіць дзяржаўная граніца Рэспублікі Беларусь.

У Беларусі дзяржава ўтварылася раней, чым склалася нацыя. Нічога ўнікальнага ў гэтым няма. У ХІХ ст. у эпоху актыўнага нацыянальнага будаўніцтва ў Эўропе падобнае здаралася неаднакроць. Узьнікла адмысловае спаборніцтва — хто каго раней «знойдзе», дзяржава нацыю ці нацыя дзяржаву. Там, дзе «перамагала» дзяржава, у асобе сваіх чыноўнікаў яна рабілася галоўным суб’ектам наступнага нацыябудаўніцтва. У іншым разе гэтую ролю бралі на сябе прадстаўнікі культурнай эліты.

Так мы лягічна падышлі да праблемы эліты. На жаль, даводзіцца пагадзіцца з аўтарам, што ў дамадэрны час на тэрыторыі цяперашняй Беларусі адсутнічала кансалідаваная эліта, якая ўзяла б пад сваю апеку культуру на «простай» мове. На гэтым адбіўся цэлы букет фактараў, пачынаючы са спадчыны Рэчы Паспалітай (беларуская шляхта ў асноўнай сваёй масе аказалася палянізаванай) і заканчваючы сьвядомай палітыкай расейскай мэтраполіі. Зусім не выпадкова на беларускай этнічнай тэрыторыі адсутнічаў унівэрсытэт, які мог бы пераўтварыцца ў кузьню нацыянальных кадраў.

У кнізе падрабязна разглядаецца вынік перапісу 1897 г. Падамо толькі фрагмэнт: пераважная большасьць беларусаў была занятая ў традыцыйнай сельскай гаспадарцы — 92 %, і толькі 1,1 % — у прамысловасьці. Надзвычай малалікай была праслойка людзей вольных прафэсіяў. Тры чвэрткі беларускамоўнага насельніцтва ў веку паміж 10 і 49 гадамі былі непісьменныя. Пасьля такой статыстыкі пераканаўча гучыць наступная выснова аўтара: «Посьпех шмат у чым залежыць ад балянсу паміж тымі, хто можа сфармуляваць нацыянальную праграму, і крытычнай масай тых, хто здольны на яе адэкватна адрэагаваць».

У беларускіх гарадох такой крытычнай масы відавочна неставала, дый беларускімі называць іх было б занадта сьмела. Згодна з ужо цытаваным перапісам доля беларусаў у гарадах, якія налічвалі больш як 10 тыс. чалавек, не перавышала на той час 10 %.

З такім багажом беларусы перайшлі са стагодзьдзя ХІХ у стагодзьдзе ХХ. На выбарах ва Ўстаноўчы сход пры канцы 1917 г. Беларуская Сацыялістычная Грамада дастала менш як паўадсоткі галасоў беларускіх выбарцаў.

На жаль, савецкаму і постсавецкаму пэрыядам у гісторыі беларускага нацыяналізму Валер Булгакаў адвёў у сваёй кнізе толькі некалькі старонак. Такая аўтарская часовая непрапарцыйнасьць лёгка тлумачыцца: аб’ектыўна ацаніць такі маштабны працэс, якім ёсьць працэс фармаваньня нацыі, можна толькі з пэўнай гістарычнай дыстанцыі. Сучаснасьць нараджаецца ў дыскусіях, таму многія беглыя ацэнкі аўтара на бягучыя падзеі надта спрэчныя.

Працытую: «Стала відавочна, што трыюмф нацыянальнага руху не запраграмаваны загадзя, а ідэалёгія беларускага нацыяналізму — усяго толькі адна з альтэрнатыўных ідэалёгіяў разьвіцьця Беларусі». З чым тут можна не пагадзіцца? Здавалася б, усё так проста і адназначна: з аднаго боку ідэалёгія беларускага нацыяналізму, а зь іншага — Лукашэнка зь ягонымі ідэямі «дэспатычнай дзяржавы» і тэхнакратычнага «павышэньня матэрыяльнага дабрабыту». Але менавіта на гэтым чорна-белым проціпастаўленьні нацыянальнага і нібыта антынацыянальнага і нарадзілася абвінавачваньне ўлады ў крадзяжы лёзунгу «За Беларусь». Варта прызнаць, што сам факт падобнага крадзяжу для бальшыні беларусаў, якія прылічваюць сябе да нацыяналістаў, стаўся нечаканкай.

Такое проціпастаўленьне спароджана поглядам на нацыяналізм як на маналіт, пазбаўлены нутраной структуры. А між тым з эўрапейскага досьведу будаўніцтва нацый вынікае, што канцавы вынік заўсёды аказваецца толькі кампрамісам паміж нацыянальнымі праектамі, якія спаборнічаюць на дадзенай тэрыторыі (строга кажучы, працэс будаўніцтва нацыі ня мае канцавога выніку, усякі вынік прамежкавы).

Сам факт узьнікненьня незалежнай дзяржавы Рэспубліка Беларусь запусьціў дзяржаўны нацыянальны праект, які ўваходзіў у барацьбу з ужо існымі на той момант культурнымі і лібэральнымі нацыянальнымі праектамі. Нічога незвычайнага ў гэтым няма. Улада мае патрэбу ў легітымнасьці, а легітымнасьць яна можа атрымаць толькі ад людзей, якія ўсьвядомліваюць сябе ў якасьці пэўнай супольнасьці. Праблема, значыцца, ня ў тым, хто ў Беларусі ёсьць шчырым нацыяналістам, а хто не, праблема ў якасьці нацыянальных праектаў. Ня варта забывацца, што глябалізацыя безупынна ўзмацняе міждзяржаўную канкурэнцыю. Ужо сёньня амаль траціна беларусаў (перадусім маладых і адукаваных) гатовая выехаць на ПМЖ у эканамічна разьвітыя краіны. Для іх беспэрспэктыўнасьць дзяржаўнага нацыянальнага праекту ў ягоным цяперашнім выглядзе навідавоку. Такім чынам, посьпех якога-кольвек нацыянальнага праекту вызначыць ня толькі, якой будзе беларуская нацыя, але ці будзе яна ўвогуле існаваць.

Эфэкту «QWERTY» ня так ужо проста пазбыцца. Аднойчы трапіўшы ў клявіятуру, хай сабе нават выпадкова, ён можа потым тыражавацца стагодзьдзямі. На мове інстытуцыйных эканамістаў гэта завецца «залежнасьцю ад папярэдняга шляху разьвіцьця». Але папярэдні шлях разьвіцьця і ёсьць гісторыя. Бязь веданьня яе немагчыма выбудоўваць уласную актыўную жыцьцёвую стратэгію, а шматлікія афіцыйныя прапановы «ісьці ад жыцьця» значаць бязвольную адаптацыю да бягучых акалічнасьцяў, што зрэшты ня можа прывесьці да фармаваньня сучаснай нацыі, здольнай самаарганізоўвацца для выжываньня ў гісторыі.

(нар. 01.07.1952 у Кастраме) — палітычны аналітык, сябра групы прафэсара А. Манаева. Ад 1974 г. пасьля заканчэньня хімічнага факультэту БДУ працаваў у электроннай прамысловасьці. На пачатку 90-х перайшоў у недзяржаўныя СМІ. Быў дырэктарам газэт «Свабода», «БДГ» і «Имя». У цяперашні момант вядзе рубрыку «Азбука паліталёгіі» ў газэце «Народная Воля». Пастаянна публікуе аналітычныя матэрыялы на сайце «Наше мнение».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (61) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/01/13
8