A R C H E П а ч а т а к № 10 (61) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


10 — 2007

 



аналітыка • крытыка • гісторыя • гутарка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  Пётра Рудкоўскі

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Пётра Рудкоўскі
Пра канкардат, вяртаньне Кандрусевіча і этнічныя чысткі ў беларускім Касьцёле
Вось і дачакаліся разгадкі той загадкі, якую год зь лішкам таму загадала Апостальская сталіца, вызваляючы кардынала Сьвёнтка ад функцыяў пастыра Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі і прызначаючы біскупа Дзям’янку ў якасьці выконваючага абавязкі яе кіраўніка. 21 верасьня гэтага году папа рымскі Бэнэдыкт XVI прызначыў на пасаду Менска-Магілёўскага мітрапаліта арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які, як усім, напэўна, вядома, дагэтуль 16 гадоў дзейнічаў у Расеі, спачатку як апостальскі адміністратар эўрапейскай часткі Расеі, а пасьля ўтварэньня каталіцкіх дыяцэзіяў у 2002 г. як мітрапаліт Маскоўскай архідыяцэзіі.

Але загадкам яшчэ не канец. Беларускі ўрад, як быццам у адказ на разгадку Ватыкану, вырашыў загадаць сваю загадку, і нават не адну, а дзьве. 19 верасьня віцэ-прэм’ер Аляксандар Косінец падчас сустрэчы з прадстаўнікамі асноўных рэлігійных канфэсіяў у Беларусі заявіў, што цягам сямі гадоў павінна адбыцца поўная замена каталіцкіх сьвятароў з-за мяжы на сьвятароў, якія зьяўляюцца выхадцамі зь Беларусі. А днём раней упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў беларускага Саўміну Леанід Гуляка паведаміў, што абмяркоўваецца праект канкардату з Ватыканам...

Што ж, не прэтэндуючы на абсалютна дакладнае разгаданьне гэтых загадак і не беручыся рабіць адназначныя прагнозы наконт таго, што адбудзецца ў беларускім каталіцызьме ў найбліжэйшай будучыні, выкажу такія-сякія меркаваньні як наконт беларускіх «загадак», так і адносна ватыканскіх «разгадак». Пачну, бадай, ад сэнсацыйнай заявы Косінца.

1. Каму патрэбны этнічныя чысткі ў беларускім Касьцёле?

Сваю заяву наконт таго, што ў найбліжэйшыя гады павінна адбыцца замена сьвятароў-замежнікаў на сьвятароў-беларусаў, Косінец падмацаваў наступным чынам: «Нельга выконваць рэлігійную дзейнасьць, ня ведаючы беларускай або расейскай мовы, ня ведаючы мэнталітэту і звычаяў Беларусі». Ці ж не шляхетная задума хаваецца за гэтым дэпалянізацыйным праектам, які агучыў віцэ-міністар? Сьвятар павінен ведаць мову, мэнталітэт, звычаі нашага народу, павінен быць адданы гэтаму народу — ці ж гэта ня тое самае, пра што казалі ўсе нашы каталікі-адраджэнцы, пачынаючы ад слаўнай памяці сьвятароў Казімера Сваяка ды Язэпа Германовіча і заканчваючы сёньняшнімі каталіцкімі актывістамі?

Ведаю, што гэтая заява Косінца была стрэтая нацыянальнай інтэлігенцыяй, у тым ліку й каталіцкай, больш або менш гучнымі аплядысмэнтамі. Думаю, што гэта прадчасныя аплядысмэнты.

Насамперш варта адзначыць, што падазрона дзіўнай зьяўляецца прадпасылка Косінцава аргумэнту, што, маўляў, польскія сьвятары ня ведаюць беларускай або расейскай мовы і не разумеюць мэнталітэту беларусаў. Беларуская мова сярод польскіх сьвятароў цешыцца намнога большым прызнаньнем, чым у Савеце Міністраў Беларусі.Сярод 180 польскіх сьвятароў, якія працуюць у Беларусі, вельмі цяжка знайсьці такога, які працаваў бы тут доўгі час і ня ведаў бы прынамсі адной з гэтых моваў. Гэта праўда, што далёка ня ўсе робяць выбар на карысьць беларускай (заўважма, што вывучаць расейскую хоцькі-няхоцькі прыходзіцца й тым, хто схіляецца да беларускай мовы; такія ўжо рэаліі ў нашай русіфікаванай Беларусі), але магу запэўніць, беларуская мова сярод польскіх сьвятароў цешыцца намнога большым прызнаньнем, чым у Савеце Міністраў Беларусі. Многія нашы міністры маглі б запісацца на курсы беларускай мовы да шэрагу польскіх сьвятароў і, думаю, не пашкадавалі б.

Так, праблема з польскасьцю (у сэнсе: з палянізацыйнымі тэндэнцыямі) у беларускім Каталіцкім касьцёле сапраўды ёсьць. Але тут яшчэ трэба разабрацца, хто насамрэч вядзе рэй у палянізацыі каталіцкага насельніцтва: ці сьвятары, што прыехалі працаваць з Польшчы, ці, можа, некаторыя сьвятары мясцовага паходжаньня? Я асабіста неаднойчы чуў нараканьні з вуснаў мясцовых сьвятароў-палякаў на адрас сьвятароў з Польшчы, што тыя апошнія, «жадаючы дагадзіць уладам, пачынаюць уводзіць тут беларускія імшы і набажэнствы і гэткім чынам толькі шкодзяць «польскай справе» на гэтых землях».

Тое, што сьвятары з Польшчы ўводзяць беларускія імшы быццам бы з той толькі прычыны, што хочуць дагадзіць беларускім уладам, — чыста спэкуляцыйная інтэрпрэтацыя мясцовых «змагароў за польскасьць», якая выяўляе адсутнасьць у іх элемэнтарнай абазнанасьці ў беларускіх рэаліях. Беларускім уладам можна дагадзіць хіба што толькі безумоўнай ляяльнасьцю, але ніяк не беларускасьцю. Большасьць з тых сьвятароў, што прыбываюць з Польшчы, вольныя ад тых польска-мэсіянісцкіх комплексаў, якімі часьцяком абцяжараныя мясцовыя палякі, беларуская мова і культура для многіх зь іх зьяўляюцца аб’ектам інтэлектуальнай цікаўнасьці і ўпадабаньня, а тое, што на Беларусі павінны быць беларускія імшы (магчыма, поруч з польскімі), для іх зьяўляецца самавідавочнай справай. Варта зацеміць, што ў кананічным праве Каталіцкага касьцёлу існуе адмысловы пункт, у якім прадпісана, што місіянэры, прыбываючы на чужую зямлю, павінны старанна вывучыць мясцовую мову (або мовы), спазнаць культуру і гісторыю гэтага краю, каб разумець мэнтальнасьць і дух дадзенага народу. Эмпірыя паказвае, што большасьць ксяндзоў з Польшчы прытрымліваецца гэтага пункту кананічнага права.

Нельга сказаць, што сярод прыбылых з Польшчы духоўнікаў няма такіх, якія настроены на тое, каб шукаць і прапагаваць польскасьць «на крэсах всходніх». Такія ёсьць, і часам яны нават займаюць высокія пасады ў каталіцкіх структурах. Але такіх — меншасьць і выносіць прысуд усім польскім сьвятарам у Беларусі на базе гэтай меншасьці — гэта відавочная несправядлівасьць.

«Этнічныя чысткі» ў Каталіцкім касьцёле напэўна не прынесьлі б карысьці беларускай культуры. Для самога ж Каталіцкага касьцёлу рэалізацыя гэтага праекту азначала б катастрафічныя наступствы. Беларускім уладам можна дагадзіць хіба што толькі безумоўнай ляяльнасьцю, але ніяк не беларускасьцю.Сёньня паўтарамільённую супольнасьць каталікоў абслугоўвае ўсяго толькі 360 (крыху акругляючы) сьвятароў. Палова зь іх, г. зн. 180 сьвятароў, — з Польшчы. Многія сьвятары вымушаны абслугоўваць па некалькі парафіяў, кажучы на сьвецкай мове, працаваць на дзьве, тры, а то й чатыры стаўкі. Тое, што — як многія слушна заўважаюць — у Беларусі не хапае добрых тэолягаў, хрысьціянскіх філёзафаў, абумоўлена, між іншым, гэтай акалічнасьцю — сьвятары перагружаны душпастырскімі заданьнямі, з-за чаго ня маюць часу ня толькі на інтэлектуальную літаратуру, а нават на чытаньне Сьвятога пісаньня і асабістую малітву. А ўявім сабе, што будзе, калі цяпер ад гэтых 360 адымем 180, г. зн. калі колькасьць сьвятароў зьменшыцца напалову. Вы скажаце: на іх месца прыйдуць мясцовыя? Гляньма рэальна: колькі сьвятароў беларускага паходжаньня можа зьявіцца цягам гэтых сямі гадоў? Гарадзенская сэмінарыя за гэты час выпусьціць максымум 50 чалавек, Пінская, можа, 30, ну і, магчыма, манаскія ордэны за гэты час «падкінуць» нам дзясятак-два беларусаў, што праходзяць фармацыю за мяжой. Максымум (пры аптымістычных прагнозах наконт таго, што колькасьць пакліканьняў будзе прыкладна такой, як і дагэтуль) — сотня. Пры наяўным дэфіцыце сьвятароў на сёньняшні дзень, калі беларускі Касьцёл абслугоўваюць — разам з палякамі — 360 сьвятароў, зьмяншэньне колькасьці сьвятароў да лічбы 250 (плюс-мінус) азначала б непапраўныя страты для беларускага Касьцёлу.

Дык якімі мэтамі кіраваўся спадар Косінец, агучваючы ідэю рэдукцыі каталіцкага духавенства да «выхадцаў зь Беларусі»? Падтрымка беларускай культуры? Гм, неверагодна арыгінальны ўчынак як на прадстаўніка татальна русіфікаванага ўраду, які раз-пораз інтэнсіфікуе русіфікатарскую палітыку ў Беларусі. Ну, а калі ўжо і прыняць гэтую вельмі неверагодную тэзу, што Косінец, рушаны нейкім нечаканым прылівам нацыянальных пачуцьцяў, узяўся абараняць беларускую культуру і мэнталітэт, то ўсьцяж застаецца пытаньне, прычым тут сьвятары з Польшчы, большасьць зь якіх пасьпяхова валодае расейскай або беларускай (а значная частка — і абедзьвюма) мовай і няблага інтэгравалася ў беларускую рэчаіснасьць? Можа, Косінца рупіць дабрабыт і разьвіцьцё беларускага каталіцызму? Ну, не сьмяшыце, большы «дабрабыт», чым той, які будзем мець, пазбыўшыся 180 каталіцкіх сьвятароў, цяжка ўявіць. Інтарэсы дзяржаўнай бясьпекі?

Вось гэтае апошняе дапушчэньне найбольш, бадай, праўдападобнае. Толькі тут трэба ўдакладніць, што паняцьце «дзяржаўнай бясьпекі» розьніцца ў дэмакратычных і аўтарытарных краінах. Для аўтарытарнай дзяржавы пагрозай зьяўляецца ўсякая плюральнасьць, «іншасьць», «адрознасьць». Паняцьце «дзяржаўнай бясьпекі» розьніцца ў дэмакратычных і аўтарытарных краінах.Дзяржаўная бясьпека вымяраецца тут ступеньню гамагенічнасьці і герархізацыі грамадзтва. Вось чаму ксяндзы з Польшчы явяцца як патэнцыйныя дэстабілізатары, хоць у іх адсутнічаюць якія-кольвечы палітычныя амбіцыі і якія ніякай рэальнай пагрозы беларускай дзяржаве не нясуць. Яны ў сваёй большасьці зьяўляюцца носьбітамі пэрсаналісцкай культуры, кардынальна адрознай ад той спартанска-аўтарытарнай культуры, якая ўтварае стрыжань беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі.

Ці Косінец увогуле кіраваўся якімі-кольвечы мэтамі, заяўляючы пра высяленьне польскіх сьвятароў, ці проста выконваў адпаведную замову кагосьці іншага, мы ня зможам эмпірычна праверыць. Думаю, аднак, што ёсьць даволі падставаў для таго, каб агучыць наступную гіпотэзу адносна заявы віцэ-прэм’ера. Беларускія ўлады не зьбіраюцца насамрэч высяляць польскіх ксяндзоў, прынамсі, не зьбіраюцца высяляць у масавым парадку. Поўная рэалізацыя заяўленага Косінцам праекту была б неапраўдана рызыкоўным ходам, бо мала таго, што ён атрымаў бы непажаданы міжнародны рэзананс (у пару эканамічных цяжкасьцяў гэта рэжыму вельмі непажадана), дык яшчэ Лукашэнка згубіў бы немалы працэнт свайго электарату. Думаю, што польскія сьвятары ў сваёй большасьці застануцца. Але якая тады мэта згаданай заявы? Раскол унутры каталіцызму — вось іхняя мэта. КДБ добра ведае пра тое, што ўнутры беларускага каталіцызму існуе хранічны канфлікт паміж прадстаўнікамі «прабеларускай» і «прапольскай» опцыі. Вось чаму ўлады пачалі гуляць на патрыятычнай ноце: разьлік робіцца на тое, што непрыязь першых да другіх яшчэ больш узрасьце (і ўзаемна). Расколатай супольнасьцю намнога лягчэй кіраваць (заўсёды ёсьць прэтэкст узяць на сябе ролю «мэдыятара»), гэта ўжо добра праверана і адпрацавана на іншых арганізацыях, напрыклад, Саюзе палякаў у Беларусі.

Немалаважна й тое, што заява Косінца зьявілася ў кантэксьце прызначэньня Тадэвуша Кандрусевіча Менска-Магілёўскім мітрапалітам і намаганьняў ватыканскай дыпляматыі заключыць зь беларускай дзяржавай пагадненьне найвышэйшага ўзроўню, так званы «канкардат». Гэта ўжо ня першы раз, калі беларускія ўлады «ўраўнаважваюць» важкія падзеі ў Касьцёле антыкаталіцкімі наступамі. Прыгадайма, што ў чэрвені, калі ў Менску адбывалася сустрэча генэральных сакратароў усіх эпіскапатаў Эўропы, у саўмінаўскай «Рэспубліцы» зьявіўся крайне зьедлівы артыкул антыкаталіцкага характару «Новые крестоносцы» (за што рэдакцыя пазьней папрасіла прабачэньня, хоць гэта не зьмяняе таго факту, што ў адпаведны момант была зроблена спроба проціважыць таму грамадзкаму рэзанансу, які атрымала сустрэча біскупаў Эўропы ў Беларусі). Верасьнёвая заява прадстаўніка беларускага ўраду, апроч таго, што разьлічаная на справакаваньне расколу ўнутры каталіцызму, зьяўляецца таксама недвухсэнсоўным сыгналам новай галаве беларускага каталіцызму, што ў выпадку якогась непаразуменьня могуць быць ужытыя даволі жорсткія крокі. Сыгнал пасланы таксама ў бок Ватыкану: у працэсе абмеркаваньня зьместу магчымага канкардату беларускі ўрад можа «велікадушна» адмовіцца ад высылкі зь Беларусі польскіх ксяндзоў, але ўзамен за гэта Ватыкан павінен будзе зьмякчыць свае патрабаваньні і прыняць тыя ці іншыя пункты, прадстаўленыя беларускім бокам.

2. Зьяўленьне Кандрусевіча — новая старонка ў гісторыі беларускага Касьцёлу?

Помніцца, пасьля публікацыі майго артыкула «Зьмены ў беларускім каталіцкім Касьцёле» ў мінулагоднім «ARCHE» некаторыя пыталіся ў мяне, чаму я нічога не напісаў пра пэрспэктыву зьяўленьня на галоўнай катэдры ў Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча. Дзесьці на форуме ці ў ЖЖ хтось нават з дакорам зацеміў, што Рудкоўскі, маўляў, тут чагосьці недагаворвае.

Насамрэч справа тут больш простая. Рыхтуючы той артыкул, я сапраўды пракручваў у галаве варыянт зьяўленьня Кандрусевіча ў Беларусі. Але тэза наконт вяртаньня Кандрусевіча ў Беларусь мне здавалася на той момант занадта сьмелай, да таго ж пазбаўленай рацыянальных падставаў, таму я палічыў, што яе агучваньне будзе чымсьці накшталт «выдаваньня жаданага за рэальнае». Я зыходзіў зь цьвярозага дапушчэньня, што каталіцкая місія ў Расеі зьяўляецца для Ватыкану больш прыярытэтнай, чым місія ў Беларусі, а ў якасьці галавы расейскіх каталікоў немагчыма знайсьці кагосьці больш адпаведнага, чым Кандрусевіч. Нават калі на пачатку сёлетняга верасьня Булгакаў сказаў мне пра тое, што ў італьянскіх мэдыях гучна гаворыцца пра вяртаньне Кандрусевіча ў Беларусь, я палічыў гэта нейкай аптымістычнай плёткай, бо для мяне гэта ня ўпісвалася ў каноны рацыянальнай лёгікі. Толькі пасьля таго, як славацкі пасол пацьвердзіў гэтыя чуткі, я паверыў. Затое цяпер магу дзякаваць Богу, што Яго дзеяньні часьцяком пераўзыходзяць маё мысьленьне, абмежаванае людзкой лёгікай.

Што дае мне падставы для аптымізму ў кантэксьце вяртаньня Кандрусевіча?

Па-першае, гэта чалавек, які любіць Беларусь. Тое, кім ён зьяўляецца «паводле пашпарту», сапраўды ёсьць другаснай справай; ясна тое, што ён атаесамляецца з нашай культурай, нашай мовай і нашым народам. Калі пад канец 80-х — у пачатку 90-х пачаўся працэс адраджэньня каталіцызму ў Беларусі, галоўным правадніком якога быў менавіта біскуп Кандрусевіч, пачаўся адначасова працэс інтэграцыі каталіцызму зь беларускай культурай. З аднаго боку, не было антыпольскага рэваншу, як тое было ў Літве, з другога боку, стаўка на беларускамоўны каталіцызм была вельмі выразнай. Наколькі мне вядома, заснаваная Кандрусевічам Гарадзенская духоўная сэмінарыя павінна была паступова стацца беларускамоўнай (у выніку выезду Кандрусевіча ў Расею пэрспэктыва беларусізацыі Гарадзенскай сэмінарыі ператварылася ва ўтопію). Кандрусевіч да сёньня застаецца ці не адзіным біскупам, які можа без паперкі прамаўляць на бездакорнай беларускай мове, дарма што ў Расеі гэтай мовай ён амаль не карыстаўся.

Па-другое, ён ведае Беларусь. Найноўшая гісторыя Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі пачалася пры ім і дзякуючы яму.

Па-трэцяе, Кандрусевіч прайшоў у Расеі добры гарт у вядзеньні дыялёгу як з прадстаўнікамі сьвецкай улады, так і з прадстаўнікамі іншых канфэсіяў, перадусім з праваслаўнымі. Кандрусевіч вяртаецца з багатым вопытам дыплямата, які ён зможа пасьпяхова выкарыстаць у Беларусі. Надзвычай красамоўнай у гэтым пляне зьяўляецца яго пазыцыя, якую ён ужо пасьпеў заняць адносна выказваньня Косінца, якое мы толькі што абмяркоўвалі. Адказваючы на пытаньні «Независимой газеты», Кандрусевіч сказаў:

Я прачытаў гэтую інфармацыю на ангельскай мове. Там дастаткова заблытана гаварылася ці то пра сем, ці то пра чатыры гады. Трэба непасрэдна размаўляць з уладамі, сустракацца з самім Косінцам і гаварыць канкрэтна.

А наконт замежных сьвятароў прыкмеціў:

Той, хто прыходзіць у чужую краіну, ня можа быць правадніком сваіх нацыянальных ідэй. Ён працуе для Царквы, павінен поўнасьцю ўвайсьці ва ўмовы гэтай Царквы, павінен старацца зразумець мэнталітэт. Павінен ведаць мовы і культуру. Інакш яму няма чаго рабіць у краіне. Калі я пабачу, што сьвятар сьвядома гэтага ня робіць, я адпраўлю яго на радзіму. Гэта я проста тут і цяпер заяўляю. Ён мусіць працаваць для народу, для тых людзей, дзеля якіх ён сюды прыехаў. Гэта абсалютны крытэр. Так было ў Беларусі, дзе я працаваў у канцы 1980-х гадоў. Некалькі чалавек тады былі вымушаныя зьехаць.

Цяжка ўявіць больш трапнае і эфэктыўнае выказваньне. Кандрусевіч выбіў з рук беларускай улады казырную карту, якой яна захацела згуляць на каталіцкім полі. Архібіскуп ад свайго імя сказаў, што замежны сьвятар «павінен ведаць мовы, культуру», а калі не, дык «адпраўлю яго на радзіму». Пасыл, дадзены беларускім уладам, вельмі выразны: тое, што сьвятары павінны ведаць мовы і разумець беларускі мэнталітэт, і для яго самога зьяўляецца відавочнасьцю, але пытаньнем, хто мае застацца, а хто выехаць, будзе займацца біскуп, а ня сьвецкая ўлада.

Па-чацьвёртае, Кандрусевіч мае акрэсьленую пазыцыю ў справе ролі Касьцёлу ў сучасным грамадзтве. Такой акрэсьленасьці яўна бракавала беларускаму эпіскапату ў дагэтулешнім складзе. Новы мітрапаліт робіць стаўку на працу з інтэлігенцыяй, моладзьдзю, больш поўнае выкарыстоўваньне ў справе эвангелізацыі мас-мэдыяў, асабліва інтэрнэту, разьвіцьцё выдавецкай дзейнасьці, інакш кажучы, сьмелы і партнэрскі дыялёг з сучаснай культурай. Заўважым, што ў Расеі, дзе каталіцызм намнога менш укарэнены, чым у Беларусі, культурна-асьветніцкая дзейнасьць Каталіцкага касьцёлу намнога больш дынамічная і шырокамаштабная, чым у Беларусі. Часткова гэта тлумачыцца тым, што расейскія выдавецкія і адукацыйныя праекты фінансуюцца заходнімі каталіцкімі фондамі больш шчодра, чым беларускія, але ясна, што без адпаведнай падтрымкі з боку Кандрусевіча яны не набылі б такога посьпеху. Кандрусевічава канцэпцыя каталіцызму наскрозь прасякнута духам другога Ватыканскага сабору і выразна кантрастуе з канцэпцыяй «парафіяльнага» каталіцызму, які пакуль дамінуе ў Беларусі.

Кандрусевіч уваходзіць у склад шэрагу аўтарытэтных арганізацыяў — зьяўляецца чальцом-акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук Эўразіі, віцэ-прэзыдэнтам Эўразійскага аддзелу Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды, сябрам адмысловай рады па Эўропе пры Генэральным сакратарыяце Сыноду біскупаў, уваходзіць у Папскую раду «Iustitia et pax» («Справядлівасьць і мір»). Тое, што Кандрусевіч мае непасрэднае дачыненьне да інстытуцыі, адмыслова створанай для распрацоўкі пытаньняў каталіцкага сацыяльнага вучэньня (а такой зьяўляецца «Iustitia et pax»), дае падставы спадзявацца, што нарэшце сацыяльнае вучэньне станецца рэальнасьцю і ў беларускім Касьцёле.

Па-пятае, last but not least, Кандрусевіч — гэта чалавек глыбокай веры. Нельга сказаць, што іншыя герархі пазбаўленыя гэтай глыбіні — у пляне веры і ўмілаваньня Эвангельля кожны зь беларускіх біскупаў зьяўляецца па-свойму ўзорам для перайманьня. Але вера Кандрусевіча здаецца быць больш харызматычнай і, можна б сказаць, больш «вопытнай». Кожны, хто слухаў ягоныя пропаведзі, мог спазнаць тую моц, якую маюць ягоныя словы. Кандрусевіч як быццам спалучае ў сабе мацярынскія і бацькоўскія рысы: неверагодная чуласьць сувыступае са строгай патрабавальнасьцю, «мяккая» любоў і «цьвёрдая» праўда тут гарманічна суіснуюць як дзьве неад’емныя рысы эвангелічнага Добрага Пастыра.

3. Канкардат

Пэрспэктыва канкардату існуе пакуль толькі амаль на спэкуляцыйным узроўні, таму цяжка сказаць пра гэта нешта канкрэтнае. Можна меркаваць, што гаворка будзе весьціся пра прызнаньне каталікам права прапаведаваць Божае Слова ў такіх важных сфэрах, як войска, месцы зьняволеньня, шпіталі, дзе людзям патрэбна асаблівая духоўная помач. Напэўна будуць закранутыя пытаньні, зьвязаныя з прысутнасьцю Касьцёлу ў адукацыйнай сфэры і мэдыйнай прасторы, будзе ўзьнята праблема з пабудовай храмаў і рэгістрацыяй новых парафіяў і, вядома ж, будзе абмяркоўвацца «кадравая праблема», а менавіта неабходнасьць прабываньня ў Беларусі замежных сьвятароў.

Чуткі пра магчымасьць канкардату спарадзілі і больш далёка пасунутыя спэкуляцыі ў беларускіх мэдыях. Так, напрыклад, прадстаўніца праваахоўчай арганізацыі «За свабоднае веравызнаньне» Валянціна Трыгубовіч у інтэрвію для «Нашего мнения» агучыла нават такое меркаваньне:

Калі канкардат будзе ўсё ж падпісаны і Каталіцкі касьцёл атрымае тыя ж прэфэрэнцыі, якімі карыстаецца Праваслаўная царква, дык і ў каталікоў, і ў праваслаўных зьявяцца ўсе юрыдычныя падставы для сяброўства супраць пратэстантаў.

Якая лёгіка стаіць за гэтым выказваньнем, не зусім разумею. Чаму праўнае ўрэгуляваньне стасункаў паміж Касьцёлам і дзяржавай павінна мець вынікам нейкі зусім нехрысьціянскі хаўрус супраць адной з хрысьціянскіх канфэсіяў?

Бо сёньня ж лічыцца, — кажа далей сп-ня Трыгубовіч, — што другая па колькасьці парафіянаў канфэсія — каталіцкая, у той час як у рэальнасьці — пратэстанцкая. Праваслаўныя і каталікі зайздросна (ревниво) успрымаюць рост папулярнасьці пратэстанцкіх цэркваў¹.

  сталы аўтар «ARCHE». Ад сёлетняга верасьня выкладае лёгіку і мэтадалёгію ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце.
   

Значыць, праваслаўныя і каталікі, баючыся пратэстантаў, але маючы пры гэтым мацнейшую юрыдычную пазыцыю, сфармуюць — на думку Трыгубовіч — нейкую антыпратэстанцкую кааліцыю...

Па-першае, наконт «колькасьці парафіянаў». З усіх статыстычных дадзеных — дзяржаўных і недзяржаўных — зь якімі я дагэтуль сутыкаўся, вынікала, што пратэстанты знаходзяцца на другім месцы паводле колькасьці супольнасьцяў, але па колькасьці вернікаў — усё ж на трэцім. На базе якіх дадзеных зроблена выснова, што другой паводле колькасьці парафіянаў канфэсіяй зьяўляецца пратэстанцкая, для мяне пакуль няясна. У тым, што існуе дыспрапорцыя ў колькасьці вернікаў і колькасьці суполак, няма нічога дзіўнага — пратэстанцкія суполкі налічваюць у сярэднім па некалькі дзясяткаў вернікаў, у той час як каталіцкія й праваслаўныя парафіі — па некалькі сотняў або некалькі тысячаў. Але тут і ня ў колькасьці справа. Незалежна ад таго, якую колькасьць пратэстантаў у Беларусі мы прымем, незразумела (па-другое) чаму вялікая колькасьць пратэстантаў аўтаматычна павінна азначаць «рэўнасьць» з боку каталікоў ды праваслаўных, і чаму гэта мае прывесьці да некага «сяброўства супраць пратэстантаў»?

З «рэўнасьцю» ўсяк бывае. Кожная з канфэсіяў складаецца з грэшных людзей, і выпадкі рэўнасьці, а то і непрыязі можна знайсьці ў шэрагах кожнай з цэркваў. Але рабіць такія далёкасяжныя прагнозы і без патрэбы нагнятаць атмасфэру, як тое робіць сп-ня Трыгубовіч, — гэта, па-мойму, безадказны ўчынак. Усякі хаўрус супраць пратэстантаў быў бы па сваёй сутнасьці нехрысьціянскім і азначаў бы маральную кампрамэтацыю тых канфэсіяў, якія ўтваралі б гэты хаўрус. Ясна, што паміж канфэсіямі ёсьць і будуць элемэнты канкурэнцыі (хоць ідэалам была б поўная гармонія, але гэта, відаць, ужо рэальнасьць будучага веку), але ўсё ж няма рэальных падставаў для таго, каб прадказваць антыпратэстанцкае сяброўства. Я дастаткова добра ведаю каталіцкую супольнасьць у Беларусі і магу засьведчыць, што якогась «антыпратэстанцкага сындрому» там не назіраецца, затое ёсьць прыклады канструктыўнага ўзаемадзеяньня. Думаю, што ўнутры Праваслаўнай царквы таксама няма ўстойлівых антыпратэстанцкіх тэндэнцыяў.

* * *

Маленькая палітычная адліга, зьмена рыторыкі беларускіх уладаў адносна Эўропы і Захаду, чуткі пра канкардат з каталікамі, вяртаньне Кандрусевіча — усё гэта падаецца добрым знакам для Беларусі. Аднак усякі знак-сымбаль, нават «добры», застаецца чымсьці амбівалентным, бо за ім хаваецца нешта невядомае. Знак адкрывае нам толькі маленькую часьцінку гэтага невядомага, пакідаючы нас з загадкамі-здагадкамі наконт таго, што ў будучыні можа ўсплысьці на паверхню.

Асноўная функцыя добрага знаку ня ў тым, каб даваць інфармацыю, а ў тым, каб даваць надзею. І менавіта гэта — надзея — нам дадзена ў гэты момант. «Нам» — ня толькі каталікам, але і «нам» — усім беларусам.

¹ Вокруг конкордата. Абнаўленьне
2007 21.09.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (61) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/12/11