A R C H E П а ч а т а к № 10 (61) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


10 — 2007

 



аналітыка • крытыка • гісторыя • гутарка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  Павал Усаў

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Усаў
Канец «канца гісторыі»

Мир вокруг России: 2017. Контуры недалекого будущего.
Под ред. С. А. Караганова. Москва: Культурная революция, 2007.

Сучасны сьвет разьвіваецца так хутка, што вельмі часта мы не пасьпяваем аналізаваць сутнасьць канфліктаў, войнаў, новых геапалітычных саюзаў і геастратэгічных раскладаў. Хоць СМІ і робяць аддаленыя падзеі блізкімі і ствараюць магчымасьць атрымліваць самую актуальную інфармацыю аб тых ці іншых падзеях, тым ня менш, яны не фармуюць суцэльнай карціны палітычных працэсаў. Сьвет палітыкі, пра які гавораць у СМІ, выглядае фрагмэнтарным і хаатычным, падзеі замяняюцца падзеямі і па нейкім часе забываюцца і сьціраюцца пад навалай новай інфармацыі. Людзі ня ў стане «схапіць» сэнс бягучых палітычных падзеяў, яны ня могуць прасачыць лягічную сувязь паміж геапалітычнымі працэсамі ў нібыта глябальным сьвеце, які здаўна стаўся адной вялікай «вёскай». Іншымі словамі, чым меншы робіцца гэты сьвет, тым менш людзі разумеюць яго.

Палітыка і геапалітыка для большасьці застаецца таямніцай. Тым больш здаецца немагчымым для простых людзей зазірнуць у недалёкую палітычную будучыню як чалавечай цывілізацыі, так і асобных краінаў.

Група расейскіх аналітыкаў у кнізе «Сьвет вакол Расеі: 2017. Контуры недалёкай будучыні», падрыхтаванай Саветам па замежнай і абароннай палітыцы РФ пад рэдакцыяй С. Караганава, прапануе разгорнуты сцэнар геапалітычных, эканамічных, сацыяльных і экалягічных працэсаў на пэрыяд наступнага дзесяцігодзьдзя 2007—2017 гг.* .

Адразу трэба зазначыць, што кніга напісаная пад уплывам расейскай мэнтальнасьці, што акрэсьлівае яе апакаліптычны настрой і пэсымістычны падыход да палітычных працэсаў як у Расеі, такі і ў цэлым сьвеце. Згодна зь ёй, сёньня сьвет знаходзіцца ў глыбокім крызісе, які з кажным годам усе больш і больш паглыбляецца. Найбольш верагоднымі прычынамі зьменаў могуць стаць экалягічная катастрофа і дзейнасьць тэрарыстычных груповак з выкарыстаньнем зброі масавага зьнішчэньня, лякальныя войны, якія могуць уцягнуць вялікія дзяржавы. Такая сытуацыя сталася вынікам замежнай палітыкі ЗША і ўсяго лібэральнага сьвету, які ператварыў іншыя краіны і народы ў аб’ект уласных амбіцыяў і эгаістычных інтарэсаў. Што неўзабаве абернецца — для цывілізацыі лібэральнай дэмакратыі — маштабнай катастрофай. Таму будучыня шматлікіх краінаў сьвету залежыць ад таго, ці перагледзіць заходняя цывілізацыя, галоўным чынам ЗША, свой падыход да далейшага палітычнага развою асобных рэгіёнаў сьвету.

Прычынай крызіснасьці глябальнай палітычнай сытуацыі ў сьвеце крыецца, як зазначаюць аўтары, у памылковым філязафічна-мэтадалягічным падыходзе заходніх лібэралаў-палітыкаў да кірунку разьвіцьця ўсяго сьвету. Адной з асноўных філязафічных думак нэалібэралізму, якая сфармавалася ў сярэдзіне 90-х гг., была канцэпцыя глябальнай перамогі лібэралізму і дэмакратыі ў сьвеце. І ўпэўненасьць у тым, што больш ня можа існаваць ані палітычнай, ані ідэалягічнай альтэрнатывы дэмакратычнаму лібэралізму, што па сутнасьці ўтварыла тэзіс «канец гісторыі».

Дэмакратыя і лібэралізм заходнімі палітыкамі лічыліся супэркаштоўнасьцю a prori для ўсіх краінаў і грамадзтваў. А непрыняцьце гэтых каштоўнасьцяў успрымалася заходне-лібэральнымі краінамі агрэсіўна, што прыводзіла да глыбокіх канфліктаў і супрацьстаяньню цывілізацый. Але гвалтоўнае распаўсюджваньне лібэральнай дэмакратыі, прыводзіла ня толькі да канфліктаў, але і да дэстабілізацыі палітычных сыстэм, якія мелі іншую палітычную культуру, калі раптам там адбываліся дэмакратычныя зьмены. Новыя канфлікты і супрацьстаяньне «дэмакратызацыі», на думку аўтараў, сьведчыць пра тое, што «канца гісторыі» не наступіла, а «перамога» амэрыканскага лібэралізму прывяла да паглыбленьня цывілізацыйных супярэчнасьцяў і культурнага разьмежаваньня дзяржаваў.

Прыкладам паразы ня толькі ЗША, але і лібэральна-дэмакратычных ідэяў зьяўляецца няўдалая вайна ў Іраку, інтэнсіўнае разьвіцьцё такіх выразна недэмакратычных дзяржаваў, як Кітай і Іран, новы палітычны выбар Расеі:

Палітыка ЗША па распаўсюдзе дэмакратыі ў пашыраным Блізкім Усходзе на справе абарочваецца сур’ёзнай і доўгатэрміновай дэстабілізацыяй дзяржаваў з пэрспэктывай альбо ўзьнікненьня на іх месцы радыкальных ісламісцкіх рэжымаў, альбо захаваньнем хаосу. І першае, і другое не супадае ні з палітычнымі, ні з эканамічнымі інтарэсамі Злучаных Штатаў. Аналягічнага эфэкту палітыка ЗША можа дасягнуць і ў Цэнтральнай Азіі і Закаўказьзі, у памежных з Расеяй рэгіёнах (с. 103).

У сувязі з тым, што замежная палітыка ЗША неэфэктыўная, аўтары ўпэўненыя ў тым, што ў хуткім часе сьвет перастане быць аднапалярным, што азначае зьмяншэньне глябальных палітычных уплываў ЗША і канец «канца гісторыі».

Але гэта геапалітычныя «мультыпалярызацыя», і аўтары не хаваюць свайго пэсымізму, прывядзе да хаатызацыі і фрагмэнтацыі геапалітычнага раскладу ў сьвеце і ўзросту пагрозы «інтэрнацыянальнага тэрарызму». «Уплыў Злучаных Штатаў будзе слабець, але, замест небясьпечнага аднапалярнага сьвету, у якім дамінавала адна звышдзяржава, мы сутыкнемся зь іншай рэчаіснасьцю. І ня «шматпалярнасьцю», а з паступовай хаатызацыяй і ўтварэньнем вакуўму кіраваньня і бясьпекі» (с. 6).

Гэта мае прывесьці да наступных вынікаў.

1. ЗША страцяць сваю геапалітычную ініцыятыву і міжнародны аўтарытэт ў наступныя некалькі гадоў. Спробы гэтай краіны аднавіць свае пазыцыі ў будучыні скончацца няўдала. «Да канца прагназаванага пэрыяду (2017 год. — заўв. аўт.) ЗША прыступяць да частковага адбудаваньня сваіх міжнародных пазыцый, але ўжо ня змогуць прэтэндаваць на ролю «адзінай звышдзяржавы» (с. 7). Асноўнай прычынай спаду геапалітычнай актывізацыі ЗША будзе сындром «імпэрскай стомленасьці», калі дзяржава і грамадзтва не адчуваюць унутранай культурнай і псыхалягічнай патрэбы ў пашырэньні сваіх уплываў і рэалізацыі палітычнай «місіі». Тым больш амэрыканскае грамадзтва ніколі не было імпэрыяльным і ня вельмі шырока падтрымлівае замежную палітыку свайго ўраду, а ідэя барацьбы з «усясьветным злом» неактуальная для амэрыканскіх грамадзян.

2. Памылковая міжнародная палітыка ЗША і сілавое прасоўваньне лібэралізму ў будучыні павысяць недавер у шматлікіх грамадзтвах да дэмакратычных каштоўнасьцяў і абумовяць паступовае вяртаньне іх да традыцыйных каштоўнасьцяў грамадзкага і палітычнага жыцьця. Перадусім у краінах Азіі значна ўзрасьце агульная агрэсія да Захаду і вызнаваных ім каштоўнасьцяў, што ўзмоцніць недэмакратычныя рэжымы ў азіяцкім рэгіёне.

3. Спад геапалітычнай актыўнасьці ЗША нават на кароткі час створыць спрыяльныя ўмовы для ўзьнікненьня новых геапалітычных гульцоў, асабліва рэгіянальнага ўзроўню, палітычная актыўнасьць якіх стрымлівалася панаваньнем ЗША. Найбольш відавочнымі кандыдатамі на ролю рэгіянальных лідэраў ужо на сёньняшні дзень выступаюць Індыя, Кітай і Іран.

Аўтары ўпэўненыя ў тым, што на эўрапейскім кантынэнце ў бліжэйшыя часы ня зьявіцца актыўнага геапалітычнага лідэра. Эўрапейскі Зьвяз ня зможа стаць геапалітычным спадкаемцам ЗША з прычыны стратэгічнай слабасьці і адсутнасьці адзінай геапалітычнай стратэгіі.

4. Фрагмэнтацыя геапалітычнага раскладу, зьяўленьне рэгіянальных гульцоў-лідэраў павысіць пагрозу ўзьнікненьня рэгіянальных канфліктаў, перадусім у Азіі і на Блізкім Усходзе. Канфліктагеннасьць у сьвеце і далейшая эскаляцыя лякальных канфліктаў акрэсьліваюцца наступнымі ўмовамі: а) наяўнасьцю нестабільных, «гарачых» пунктаў, дзе ідуць баявыя дзеяньні (Ірак, Палестына, Аўганістан); b) выбухам адкрытых канфліктаў, якія цяпер носяць прыхаваны характар і стрымліваюцца вайсковай прысутнасьцю ЗША (разгортваньне канфлікту паміж Пакістанам і Індыяй, Кітаем і Тайванем); с) няздольнасьцю міжнародных арганізацый стрымліваць і рэгуляваць міждзяржаўныя канфлікты. «Ужо цяпер бачна, што практычна ўсе мэханізмы падтрымкі міжнароднай бясьпекі, створаныя пасьля Другой усясьветнай вайны і ў гады «халоднай вайны» (ААН, НАТО, АБСЭ і інш.), неадэкватныя выклікам і пагрозам пачатку ХХІ ст. Намаганьні рэфармаваць гэтыя структуры пакуль ня мелі посьпеху» (с. 25).

5. Геапалітычная фрагмэнтацыя і адыход ЗША ад ідэі «дэмакратызацыі» сьвету прывядзе (хоць аўтары гэтага не зазначаюць) да ўзмацненьня аўтарытарных рэжымаў у некаторых краінах, у тым ліку і ў краінах былога СССР, і працэсаў дэдэмакратызацыі ў краінах, у якіх адбыліся зьмены з дапамогай ЗША. (Напрыклад, у Грузіі, дзе недэмакратычныя тэндэнцыі ўжо цяпер відавочныя).

6. Памяншэньне геапалітычных уплываў ЗША прывядзе да пашырэння геапалітычнай актыўнасьці Расеі. Хоць аўтары не сьцьвярджаюць, што Расея зможа стаць геапалітычнай альтэрнатывай для ЗША, тым ня менш з аслабленьнем амэрыканскай прысутнасьці ў сьвеце Расея можа паспрабаваць пашырыць свой уплыў на некаторыя рэгіёны сьвету, у тым ліку і на краіны былога СССР.

Галоўным заданьнем Расеі на найбліжэйшыя гады (тым больш калі ў рэчаіснасьці аслабнуць пазыцыі ЗША) будзе спроба разарваць геапалітычны ланцуг непрыязных дзяржаваў, які сфармаваўся з краінаў былога СССР, і супрацьстаяць пашырэньню НАТО на Ўсход. Захаваньне ж гэтага ланцугу павялічыць стратэгічную небясьпеку для Расеі. Таму, хутчэй за ўсё, абвострацца канфлікты на Каўказе, у Цэнтральнай Азіі і Ўсходняй Эўропе. «Сярод вайскова-палітычных пагроз для Расейскай Фэдэрацыі трэба засяродзіць увагу на мажлівыя вайсоквыя канфлікты блізу дзяржаўных межаў і небясьпеку ўцягваньня ў іх Расеі, фармаваньне непрыязнага вайскова-палітычнага асяродку, далейшае пашырэньне НАТО на Ўсход (коштам Украіны, Грузіі, Малдовы). Асабліва небясьпечнае пашырэньне НАТО на Ўкраіну, што створыць дугу мінікрызісаў, у тым ліку справакаваных мясцовым насельніцтвам (!), што надоўга адкіне Ўкраіну назад і створыць сур’ёзныя праблемы для Расеі і Эўропы ў цэлым» (с. 36).

Супрацьстаяць уключэньню Ўкраіны ў НАТО Расея зможа толькі ўцягненьнем Украіны і сфэру сваіх геапалітычных уплываў. Гэтыя спробы, а Расея наўрад ці зьмірыцца за стратай Украіны, хутчэй за ўсё прывядуць да дэстабілізацыі ўнутры палітычнай сыстэмы Ўкраіны. Нестабільная Ўкраіна больш выгадная для Расеі, бо пазбаўляе яе магчымасьці ўвайсьці ў ЭЗ ці НАТО, таму ў далейшым Расея будзе зацікаўленая ў падтрымцы палітычнай расколатасьці грамадзтва і гаспадарчай нестабільнасьці.

Такім чынам, геапалітычнае і замежнапалітычнае разьвіцьцё Расеі будзе абапірацца не на працэсы ўнутранага ўзмацненьня і стварэньне прываблівай палітычнай і эканамічнай мадэлі разьвіцьця, але за кошт слабасьці ці аслабленьня іншых геапалітычных цэнтраў, такіх, як ЭЗ ці ЗША. Расея пачне запаўняць геапалітычны вакуўм, калі ён будзе фармавацца. Але супрацьстаяць памкненьням іншых геапалітычных цэнтраў яна ня зможа. І калі падобная ініцыятыва з боку Расеі будзе праяўляцца, яна атрымаецца кароткачасовай і неэфэктыўнай як для самой Расеі, так і для тых дзяржаваў, на якія гэтая ініцыятыва будзе распаўсюджвацца. Тым больш, як прызнаюць самі аўтары кнігі, што Расея ня мае ані ідэалягічнага, ані палітычна-эканамічнага рэсурсу, каб стацца рэальным цэнтрам прыцягненьня іншых дзяржаваў, якой, напрыклад, зьяўляецца Эўрапейскі Зьвяз: «Расея пакуль не выпрацавала прываблівай ідэалягічнай і палітычна-эканамічнай мадэлі, якая магла б канкураваць з заходняй мадэльлю і супрацьстаяць уцягваньню эўрапейскай часткі постсавецкай прасторы ў «палітычнае пагранічча ЭЗ» (с. 132).

У сувязі з гэтым будуць згортвацца, ці прымаць іншыя формы, тыя геапалітычныя ініцыятывы апошняга дзесяцігодзьдзя. Перш за ўсё гэта датычыць Саюзу Беларусі і Расеі. Мала таго, ужо цяпер адносіны зь Беларусьсю разглядаюцца аналітыкамі як праблемныя:

Беларуская праблема прымае для Расеі стратэгічны характар. Нізкая здольнасьць Менску дамаўляцца не дазваляе зрабіць зь Беларусі стратэгічнага пляцдарму для прарыву ў Цэнтральную Эўропу. Беларусь, кантраляваная Аляксандрам Лукашэнкам, уцягваючыся ў палітыку лявіяваньня паміж Эўразьвязам і Расеяй, будзе і далей ісьці шляхам кансэрвацыі палітычнай сыстэмы і адміністрацыйнай эканамічнай мадэлі. Калі Масква не выпрацуе адносна Менску дакладна прадуманай стратэгіі, Беларусь з затрымкай у тры-шэсьць гадоў паўторыць Украінскі сцэнар (с. 133).

Аўтары не разглядаюць беларуска-расейскіх адносінаў праз ідэалягічную прызму адзінства двух братэрскіх народаў. Эканамічны пляцдарм і геапалітычны фарпост — вось галоўны матыў сёньняшняй палітыкі Масквы. Беларусь — гэта акно Расеі ў Эўропу, і Крэмль не дазволіць яму зачыніцца. Падыход да Беларусі стаўся больш мэркантыльным, утылітарным і пазбаўленым налёту славянафільскага рамантызму. Беларусь разглядаецца як тэрыторыя, якая часова адарвалася ад Расеі, і інтэграцыя мае ператварыцца легітымны спосаб далучэньня гэтай тэрыторыі да Расеі.

Зьмена геапалітычнай рыторыкі і падыходу да працэсу інтэграцыі можа азначаць, што ў хуткім часе Расея пяройдзе да яшчэ большага ціску на Менск. «Калі Масква пойдзе на прыняцьце шэрагу палітычных і эканамічных захадаў што да Менску, то Беларусь можа стаць ляяльным транзытным калідорам, фарпостам гаспадарчай экспансіі ў Польшчу і Балтыю, прыкладам энэргетычнай інтэграцыі на постсавецкай прасторы» (с. 130). Падобныя словы сьведчаць пра тое, што ў аснову будучай стратэгіі ўжо пакладзены нэаімпэрскі падыход, ад якога Расея наўрад ці адступіцца:

1. Расея ня хоча геапалітычнага адрыву Беларусі і разглядае такі адрыў як беспасярэднюю пагрозу сваёй геапалітычнай і геаэканамічнай бясьпецы.

2. Расея будзе намагацца ўсімі спосабамі ўтрымаць Беларусь у сфэры сваіх уплываў і зрабіць зь яе палітычна-эканамічны пляцдарм для пашырэньня сваіх уплываў на Захад.

3. Рэалізацыя намераў па ўстанаўленьні кантролю над тэрыторыяй Беларусі немагчымая бязь зьмены палітычнага рэжыму ў краіне. Можна спадзявацца, што Масква зробіць крокі для правядзеньня палітычных зьменаў у Беларусі і ўстанаўленьня ляяльнага прамаскоўскага палітычнага рэжыму. Намаганьні па зьмене палітычнага кіраўніцтва ў Менску могуць быць рэалізаваныя (згодна зь лёгікай прагнозу) прыкладна ў 2011 г., у часе новых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. «Вярнуцца да расейска-беларускага інтэграцыйнага праекту Масква зможа пасьля завяршэньня будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток» (2010 г.)* і зьмены адміністрацыі ў Менску» (с. 128—129).

  палітоляг. У 2006—2007 гг. стыпэндыят «Lane Kirkland Scholarship Program». Кіраўнік Магілёўскага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру «Палітон».

* З той прычыны, што кніга напісаная рознымі аўтарамі, высновы некаторых тэкстаў супярэчаць адна адной, перадусім гэта датычыць унутранай і замежнай палітыкі Расеі.

   
Беларусь сталася паказьнікам сілы і слабасьці Расеі. Страта якіх хоця магчымасьцяў уплываць на Беларусь сьпіхне Расею на самыя задворкі геапалітычнай гульні. Наступнае дзесяцігодзьдзе стане і для Беларусі, і для Расеі геапалітычным выпрабаваньнем.

Падобныя працэсы таксама будуць разгортвацца па лініі Расея — Украіна. Аўтары прагнозу ўпэўненыя ў тым, што адносіны з Украінай застануцца нязьменнымі, і лічыць на палітычнае збліжэньне зь ёю не даводзіцца, а таму захаваньне сваіх уплываў на гэтую краіну застанецца адным са стратэгічных прыярытэтаў:

Няма прычынаў спадзявацца, што Ўкраіна стане ў блізкай пэрспэктыве стратэгічным саюзьнікам Расеі. Кіеў асуджаны ўдзельнічаць у двух праектах адначасова — расейскім і антырасейскім. У адносінах з Украінай Расеі давядзецца ўсё больш абапірацца на фармат стандартных міждзяржаўных адносінаў» (с. 133).

У выніку таго, што на эўрапейскім напрамку заўсёды будзе існаваць больш прывабная эканамічная і палітычная альтэрнатыва, такая, як ЭЗ, Расея ня зможа хутка і эфэктыўна ўцягнуць былыя рэспублікі эўрапейскай часткі СССР у сваю геапалітычную арбіту. Магчымымі варыянтамі для пашырэньня сваіх уплываў могуць быць: энэргетычны ціск, зьмена палітычных рэжымаў у гэтых краінах ці іх уласнае жаданьне адкрыцца да расейскіх ўплываў (апошняе менш верагодна). Больш магчымасьцяў, як лічаць аналітыкі, адкрываецца для Расеі ў Цэнтральнай Азіі, дзе найбольш верагоднай будзе пабудова эканамічнага саюзу па лініі Расея — Казахстан. (Магчыма, у гэты працэс будзе ўлучаная і Кіргізія.)

Дыстанцыяваньне Ўкраіны, Беларусі і Малдовы ад Расеі, яе пераарыентацыя ў Азію практычна робіць з Расеі азіяцкую краіну, адцінаючы яе ад непасрэдных кантактаў зь Эўропай. Зь ёю Расею будуць злучаць толькі газаправоды. Разам з тым слабыя геапалітычная пазыцыі ЭЗ ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне, адсутнасьць канкрэтнай стратэгічнай канцэпцыі, асуджаюць Беларусь, Малдову, Украіну на геапалітычныя і ўнутрыпалітычныя хістаньні, што пазбаўляе іх палітычнай і эканамічнай стабільнасьці, неабходнай для канчатковага афармленьня геапалітычнай пазыцыі.

Хутчэй за ўсё, у бліжэйшыя гады вымалюецца новая геапалітычная структура рэгіёну. Гэта будзе зьвязана з тым, што, з аднаго боку, ЭЗ з розных прычынаў ня хоча пашыраць сваёй прысутнасьці ў краінах Усходняй Эўропы, але, зь іншага боку, палітычныя эліты краінаў усходнеэўрапейскага рэгіёну ўнікаюць палітычнага ўплыву Расеі. У выніку гэтага Ўсходняя Эўропа пераўтвараецца ў геапалітычны буфэр, які адрэжа ЭЗ ад Расеі, але таксама і Расею ад Эўропы. Гэта, у сваю чаргу, практычна зводзіць на нішто культурныя і палітычныя ўплывы Эўропы на расейскае грамадзтва і палітычную культуру, пакідаючы яе ва ўладаньні азіяцкіх і традыцыйных аўтарытарных уплываў.

Азіятызацыя Расеі можа спрыяць утварэньню закрытай, недэмакратычнай культурнай і палітычнай сыстэмы (па сутнасьці гэтыя працэсы ўжо распачаліся). Ня выключана, што падобная сытуацыя прывядзе да глыбокага палітычнага і эканамічнага крызісу ў самой Расеі.

Выпрацоўка замежнай і ўнутранай стратэгіі Расеі застаецца супярэчлівым пытаньнем. З аднаго боку, палітычная эліта імкнецца пашыраць геапалітычныя ўплывы Расеі, але зь іншага, намагаецца максымальна забясьпечыць краіну ад альтэрнатыўных уплываў, перш за ўсё ад заходняга лібэралізму, праз утварэньне закрытай аўтарытарнай мадэлі кіраваньня. Але, як зазначаюць самі расейскія аналітыкі, перадусім эканамісты, далейшае закрыцьцё геапалітычнай сыстэмы Расеі і выкарыстаньне энэргарэсурсаў у якасьці палітычнай зброі прывядзе да ўнутранага і вонкавага аслабленьня і страты геапалітычнай прысутнасьці ў сьвеце. (Аналіз пэрспэктываў эканамічнага разьвіцьця Расеі, прэзэнтаваны эканамістам У. Гутнікам, у значнай ступені супярэчыць вывадам палітычных аналітыкаў А. Суздальцава і С. Картунова, якія былі прэзэнтаваныя вышэй.) Выйсьце з тупіковай сытуацыі, у якой сёньня апынулася Расея, аўтары прагнозу бачаць у дэмакратызацыі сыстэмы і адмовы ад энэргетычнага імпэрыялізму:

Дывэрсіфікацыя расейскай гаспадаркі з апорай на інавацыйную вытворчасьць, умацаваньне і якаснае ўдасканальваньне адносінаў з эўрапейскімі краінамі і фармаваньне дэмакратычнай сыстэмы з моцнай грамадзянскай супольнасьцю ў Расеі зьяўляюцца ўзаемазалежнымі працэсамі... Сцэнар аўтаркіі і адмова ад маштабнай міжнароднай супрацы наўрад ці ажыцьцявіцца. Калі такая спроба будзе распачатая, то, хутчэй за ўсё, яна хутка праваліцца, праўда, з магчымымі драматычнымі наступствамі (с. 22—23).

Хоць У. Гутнік упэўнены ў тым, што адзіным палітычным і эканамічным кірункам разьвіцьця Расеі ёсьць далейшая дэмакратызацыя і лібэралізацыя, аднак у рэчаіснасьці расейскі істэблішмэнт праводзіць крокі па далейшай аўтарытарызацыі палітычнай сыстэмы.

Такім чынам, Расея паволі становіцца закрытай сыстэмай для замежных уплываў і пагаджаецца толькі на тыя палітычныя і міждзяржаўныя адносіны, якія выгадныя палітычнай эліце. У бліжэйшы час у Расеі могуць распачацца поўнамаштабныя працэсы па згортваньні дэмакратыі.

1. Расейская палітычная эліта, хоць і перайшла ў эканамічных адносінах з былымі краінамі СССР на рынкавыя мэханізмы, тым ня менш не пакінула намераў адбудаваць імпэрыю. Пры гэтым яна выкарыстоўвае рынкавыя мэханізмы (перадусім энэргетычныя), каб учыніць ціск на рэжымы асобных дзяржаваў.

2. Паступова Расея ператвараецца ў палітычную аўтаркію, забясьпечваючы сябе ад чужых палітычных і культурных уплываў з боку Захаду, перадусім дэмакратызацыі. Працэс дэмакратызацыі разглядаецца палітычнымі элітамі як варожы, які пагражае палітычнаму і культурнаму сувэрэнітэту Расеі.

3. Расея імкнецца затрымаць працэсы дэмакратызацыі ў былых савецкіх рэспубліках, бо мясцовыя аўтарытарныя рэжымы гарантуюць утрыманьне гэтых краінаў у сфэры геапалітычных уплываў Расеі.

Аўтарытарны рэжым і інтэнсіўны экспарт энэргетычных рэсурсаў на пэўны час захавае палітычную і эканамічную стабільнасьць Расеі, але на доўгую пэрспэктыву ня будзе эфэктыўным і прывядзе да сур’ёзных зьменаў у грамадзтве і нават можа паўплываць на адміністрацыйна-тэрытарыяльную суцэльнасьць Расейскай Фэдэрацыі.

* Праект «Паўночны паток», уключае ў сябе пабудаванне газаправоду, які будзе праходзіць ад расейскага ўзбярэжжа па дне Балтыйскага мора ў нейтральных водах да Еўропы, праз Германію. Магутнасьць газаправоду будзе складаць 20 млрд куб. у год.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (61) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/12/28
8