A R C H E | П а ч а т а к | Выдавецтва «ARCHE» |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
Калі так, то што яе вызначае? Што такое беларускасьць? Што азначае быць беларусам?
Вольга АбрамаваКалі ня скочвацца на «ўра‑патрыятычныя» лёзунгі, дык быць беларусам — значыць адчуваць сваю прыналежнасьць да гэтага абшару. Быць беларусам — гэта, бываючы ў іншых краінах (нават у самых цудоўных), на трэці дзень хацець дамоў. Быць беларусам — гэта ўвесь час насіць Беларусь у душы, адчуваць, што гэта — тваё, разам з усімі хібамі, разам з усімі праблемамі. Табе добра тут так, як ня можа быць нідзе больш. І табе дрэнна тут бывае так, як нідзе больш, — таму што гэта тваё і ты перажываеш за ўсё, яно табе баліць. Ну а прыроды, прыгажэйшай за беларускую, проста няма! Гэта тое, што гоіць душу, калі дрэнна. Займацца ў Беларусі палітыкай — гэта вельмі стрэсагенна. Часам адчуваньне такое, нібы ты плывеш у балоце. І гояць душу ня толькі зносіны з блізкімі людзьмі, сябрамі, але і зносіны з нашымі лясамі, нашымі азёрамі, нашымі воднымі абшарамі, незалежна ад таго, пагодна ці не на дварэ. Нас не дарма часам называюць «ляндшафтнай» нацыяй (гаворачы пра нацыю, я ня маю на ўвазе, да якой этнічнай групы належыць той ці іншы чалавек). Сам характар нашых краявідаў уплывае на пэўную сузіральнасьць сьветаадчуваньня, можа быць — меншую гатоўнасьць да дзеяньня. Больш памяркоўнасьці ва ўсім, адсутнасьць схільнасьці да радыкалізму, да жорсткіх рашэньняў, і цэлы шэраг іншых рэчаў, калі разглядаць у цэлым, як дамінанту. Пару гадоў таму я апублікавала ў Маскве свой аналіз беларускага нацыянальнага характару, дзе між іншым паказала, на што можна разьлічваць у палі‑тычным пляне на гэтым полі, а на што — не. Бяз ломкі нацыянальнага характару (а такія працэсы разьлічаныя на стагодзьдзі) рэзкае зьмяненьне ўнутрыпалітычнай сытуацыі проста немагчымае. Таму што гэта ня ўпісваецца, не адносіцца да таго, што могуць прыняць большасьць людзей, якія жывуць на гэтай прасторы. Я пастаралася даць нейкую палітычную філязофію таго, што тут магчыма і што — немагчыма. Чаму амэрыканцы палічылі мажлівым пасьля Другой сусьветнай вайны выдаткаваць час, намаганьні, значныя сродкі для таго, каб распрацаваць мадэлі адаптацыі да дэмакратыі для насельніцтва Германіі і Японіі? Так, каб гэта было доўгатэрміновым — ня штучна прынесеным, непрымальным, а каб гэта паступова ўвайшло ў плоць і кроў грамадзтва? І чаму з такой, можа, неўсьвядомленай высакамернасьцю ставяцца ў гэтым пляне да Беларусі? Беларусь — унікальная краіна. Калі перагледзець усю палітычную гісторыю рэгіёну, дык некаторае падабенства мы можам знайсьці толькі са славакамі. А ўвогуле, беларусы — унікальны народ, і яны дадуць ня сто, а тысячу ачкоў наперад амаль кожнай эўрапейскай нацыі што да выжывальнасьці. Беларусы выжываюць у любых умовах і здольныя адаптавацца практычна да чаго хочаш. Адсюль гэтая высакамернасьць у дачыненьні да параўнальна невялікай эўрапейскай краіны, нежаданьне лічыцца з тым, што мы тут маем і ад чаго трэба ісьці... І калі ўзаемадзейнічаць і прапаноўваць сыстэму каштоўнасьцяў, дык трэба яе арганічна ўпісаць, уплавіць у нацыянальны характар, адаптаваць іх узаемна адно да аднаго. Бо адной формы дэмакратыі не бывае: у кожнай краіны свой шлях і свой напрамак разьвіцьця дэмакратыі. Гэта тое, з чаго трэба было пачынаць. І пра гэта чамусьці ніхто не хацеў думаць, і ніхто не лічыў патрэбным гэтым займацца. Можа, хоць цяпер пачнем?
Сьвятлана АлексіевічЗьяўленьне Мілінкевіча на мінулых выбарах прывяло мяне да думкі, што пачынаецца фармаваньне беларускай ідэнтычнасьці. Гэта быў ужо вобраз беларуска‑польскага інтэлігента. Папярэднія вобразы старшыні калгасу ці савецкага намэнклятурнага кіраўніка адыходзяць у мінулае. Аднак хацелася б адзначыць, што гэты вобраз складваецца ў процістаяньні Саюзу: людзі вызначаюцца на фоне «каляровых рэвалюцый». Вобраз гэты пакуль яшчэ не зрабіўся фактам масавай сьвядомасьці, ён застаецца набыткам культурных слаёў. Яго прымаюць і ствараюць студэнты, інтэлігенцыя, а просты народ усё яшчэ не прыняў. Прычына таго, што так зацягнуўся працэс фармаваньня гэтага нацыянальнага вобразу, у тым, што гэтую работу вядуць толькі энтузіясты. Улада не вядзе гэтай работы! Але гэта задача не для купкі людзей, якімі б высакароднымі мэтамі яны ні кіраваліся. На фармаваньне гэтага вобразу павінны працаваць і ўлада, і СМІ... Калі б у нас была хоць бы такая сытуацыя, якую мы мелі за часам Шушкевіча і Кебіча, гэтая задача даўно б рашалася. Для гэтага патрэбная праграма, менавіта сыстэма поглядаў, кола ідэяў. Цяпер гэта ўсё не прыцягваецца ў народную сьвядомасьць. Гэтым павінна была б займацца ўлада. А замест гэтага яна культывуе нейкую грубую патрыярхальнасьць. Усё выглядае вельмі хістка. Мы запозьненая нацыя.
Яўген БабосаўБеларускай ідэнтычнасьцю якраз і ёсьць беларуская нацыянальная мова. У нас лепш, чым у расейскай, сказана: «матчына мова». Калі мы гаворым «мацярынская мова» — гэта мацяршчына ў Расеі, а ў нас — «матчына мова»! Трэба ведаць і любіць матчыну мову і «мой родны кут, як ты мне мілы». Вось гэта і ёсьць беларускасьцю. Я называю яе «беларускасьць», у Янкі Купалы гэта — «беларушчына». Беларуская ідэнтычнасьць — гэта разуменьне сябе беларушчынай. Гэта ад Купалы ідзе. «А хто там ідзе, а хто там ідзе?» — вось адкуль гэта пачынаецца. Сто гадоў таму якраз. Вось гэтае «Кім нам звацца? — Беларусамі» — вось акурат беларуская ідэнтычнасьць. Усьведамленьне сябе беларусамі, якія жывуць у Эўропе, якія маюць свае нацыянальныя карані, свае нацыянальныя традыцыі, свае звычаі, свае абрады і ўсё што хочаце — у гэтым ёсьць ідэнтычнасьць. Ёсьць у нас і Дзяды — ёсьць у нас і Радаўніца. Гэта важна! У нас і адно, і другое ёсьць! У нас каталіцкі Вялікдзень і праваслаўны Вялікдзень аднолькава важныя. Заставацца самім сабой — гэта, думаю, і ёсьць беларускай ідэнтычнасьцю. Гэта матчына мова, наша Айчына, наша дзяржава, наша самастойнасьць, наша самабытнасьць — вось гэта і ёсьць ідэнтычнасьцю. Гэта азначае належаць да гэтых вось каранёў і напластоўваць на карані, не высякаючы нічога — ні ў культуры, ні ў адукацыі, ні ва ўсіх астатніх сфэрах, якія менш нацыянальныя. Скажам, тэхніка аднолькавая — трактар скрозь аднолькавы. Я выступаў на адной канфэрэнцыі, ужыў слова «беларускасьць». І рэктар мэдынстытуту мне гаворыць: «Як гэта можа быць — беларуская косьць?» Ён нават ня ведае, што такое беларускасьць... Чаму ёсьць польскасьць, ёсьць расейскасьць — ёсьць такое паняцьце! — чаму ня можа быць беларускасьці? А ўвогуле гэта «беларушчына», як сказаў некалі Янка Купала.
Анжаліка БорысПэўна існуе. Але беларусы яшчэ павінны яе ўсьвядоміць. Кажучы «беларусы», я маю на ўвазе таксама палякаў, якія жывуць у Беларусі, зьяўляюцца ў Беларусі карэнным насельніцтвам і павінны ўдзельнічаць у фармаваньні гэтай ідэнтычнасьці.
Ірына БугроваБезумоўна, яна яшчэ праходзіць нейкія працэсы станаўленьня. Я не магу сказаць, што сёньня ўжо беларусаў можна лічыць сфармаванай нацыяй, не. Таму што вельмі многа значыць ідэнтычнасьць на ўзроўні дзяржавы, дзяржаўная ідэнтычнасьць. І ня толькі як ідэнтычнасьць, акрэсьленая граніцамі, хоць і тут у нас ёсьць праблемы: з аднаго боку мы размываемся, ідзе вельмі моцны ціск, моцны ціск Расеі. Прычым ён вельмі палітычна каньюнктурны, адсюль і такія праблемы. На ўзроўні дзяржаўнай ідэнтычнасьці, на ўзроўні выбудоўваньня канвэнцыянальнай сьвядомасьці — маёй згоды з сыстэмай каштоўнасьцяў і прававой сыстэмай, якую дзяржава ўсталёўвае на гэтай тэрыторыі. І нават тут бачым падзеленую краіну. Таму сёньня вельмі цяжка вызначыць ідэнтычнасьць для беларусаў, улічваючы, што і палітычная ідэнтычнасьць адыгрывае вельмі вялікую ролю ў станаўленьні ідэнтычнасьці. А раз ёсьць падзеленае грамадзтва, падзеленая краіна (часта — практычна на процілеглыя каштоўнасьці) — значыць, часта мы гаворым: на жаль, сёньня з ідэнтычнасьцю да канца не выходзіць. Але ў цэлым дзяржаўная палітыка — з пэўнымі ідэалягічнымі акцэнтамі, з сымбалямі, узьдзеяньнем сродкаў масавай інфармацыі — стварае нейкую дзіўную зьяву: ідэнтычнасьць без ідэнтычнасьці. Яна апісаная ў літаратуры: чалавек звонку прывязваецца да нейкіх сымбаляў, а ўнутрана не адчувае сябе ні адказным за гэтыя сымбалі, ні іх «прадуктам». І трэба сказаць, што псыхолягі, якія дасьледавалі праблему індывідуальнай ідэнтычнасьці, гавораць, што людзі, якія пакутавалі на ідэнтычнасьць без ідэнтычнасьці, часта перажывалі псыхалягічны шок пасьля таго, як такая ідэнтычнасьць распадалася — мяняліся сымбалі ці яшчэ нешта перакройвалася. Я думаю, што з народамі таксама могуць такія непрыемныя рэчы адбывацца. У гэтым пляне, я лічу, укладваецца сёньня нейкі варыянт ідэнтыфікацыі беларусаў. Самых галоўных ідэнтыфікацыйных фактараў сёньня два. Першы — вонкавая дыстанцыя ад іншых дзяржаваў і народаў: вельмі шмат ідзе параўнальнага матэрыялу, часта вельмі нэгатыўнага. Тады беларусы пачынаюць думаць: а хто мы? Вось гэтыя культурныя дыстанцыі фармуюцца ў большай ці меншай блізкасьці з кімсьці. Калі вы заўважылі: як толькі расейская палітыка мяняецца ў бок ціску на Беларусь, адразу ж мяняецца і беларуская грамадзкая думка ў бок большай дыстанцыі ад Расеі. Гэта гаворыць, у прынцыпе, пра тое, што беларусы не гатовыя да такіх цесных саюзных дачыненьняў. І, трэба сказаць, наперакор афіцыйнай прапагандзе не адчуваюць такой ужо калясальнай братэрскай любові. Гэта містыфікацыя! Наадварот, з дасьледаваньняў псыхолягаў, якія пісалі да Бярдзяева, вядома, што культурна блізкія народы (лінгвістычна блізкія) часта маюць патрэбу адштурхоўвацца, знаходзіць рознасьць, знаходзіць дыстанцыю — каб адчуваць сябе камфортней. Яны ня кідаюцца ў абдымкі, а наадварот — шукаюць адрозьненьні. Тады ідэнтыфікацыйны працэс цікавейшы. Другі фактар — эканамічны. Ня этнакультурны, не культуралягічны, а менавіта эканамічны! Праз эканамічны фактар узьнікае нацыянальна, этнічна цікавы элемэнт — тып вядзеньня гаспадаркі беларусаў. Гэта пытаньне формы эканомікі, гэта пытаньне разьвіцьця нейкіх лякальных супольнасьцяў на нейкім узроўні і г. д. Праз эканоміку зьяўляецца і адраджаецца тое, што зьвязана з этнасам і культурай. Вельмі цікавыя працэсы цяпер адбываюцца, хоць яны, на жаль, мала кім дасьледуюцца. І ўвогуле, вельмі мала сацыялягічных працаў, прысьвечаных гэтым праблемам, — раней было нашмат больш. На мой погляд, пакуль яшчэ ідзе працэс ідэнтыфікацыі. Ён нашмат больш яўны, чым быў раней, але пакуль я не магу сказаць, што ёсьць беларуская ідэнтычнасьць і яна вось акурат такая і такая. Я не кажу, што такой ідэнтычнасьці няма ўвогуле, — ідзе працэс. Нешта эканамічнае назапашваецца колькасна, далей ідзе адчуваньне сябе нейкім этнасам, нейкім народам: «Чаму мы такія? Мы ня горшыя!» Калі я працавала ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, да нас вельмі часта прыяжджалі французы і немцы. І мы стваралі ідэнтыфікацыйныя вобразы: як адзін народ уяўляе сабе другі народ: у якіх выразах, у якіх сымбалях ці ключавых словах апісвае. Трэба было апісваць другі народ, а потым — ідэнтыфікаваць сябе. Самая нэгатыўная ідэнтычнасьць была ў беларусаў. Яны сябе апісвалі як закрытыя. Часам вырываліся такія супярэчлівыя рэчы, як незалежнасьць і ў той жа час канфармізм, схільнасьць да таго, каб схаваць галаву, як страўс, і г. д. Гучалі такія ключавыя словы ў апісаньні, як «балота», «партызаны» і яшчэ нешта такое. Мабыць, ня скажаш, што гэта добра. Ствараецца вобраз: недзе ў балотах сядзяць партызаны і г. д. Самі ж людзі трактавалі сябе так! Гэта значыць вельмі часта людзі ня бачылі сябе як народ, які стварае нешта гістарычнае, які зьяўляецца нейкім творцам, які прызнаюць. Вельмі важна, каб цябе прызнавалі! Мне здаецца, што цяпер у гэтай прасторы зьяўляецца жаданьне, каб нас прызнавалі. Прычым прызнавалі ня толькі як дзяржаву, але і як народ, які можа сказаць сваё слова, які можа ўнесьці свой факт культуры і які можа паказаць сябе як незалежны, што дэманструе нейкія іншыя каштоўнасьці ў галіне сацыяльнай палітыкі. Мы цяпер бачым ня толькі, як дзяржава рэпрэзэнтуе Беларусь, ня толькі вобраз, створаны праз афіцыйную прапаганду і праз афіцыйныя прадстаўніцтвы. Мы бачым цяпер і некаторыя спробы пэўных групаў у пэўным асяродзьдзі стварыць іншы вобраз Беларусі. Я гавару ня толькі пра Плошчу — я сьвядома гавару пра іншыя рэчы. Напрыклад, пра такія моманты, калі мы бачым у навуцы пэўныя цікавыя рэчы, зусім нечаканыя. Людзі кажуць: так, мы беларусы, у нас ёсьць вельмі цікавая кампутарная культура, мы займаемся турызмам... Разумееце, цяпер турызм заахвочвае тое, што людзі даўно хацелі рабіць самі. Гэта такая лякальная гордасьць: вось гэта — у нас у Беларусі, гэта нашы азёры! Я зьдзівілася, калі пазнаёмілася зь людзьмі, што займаюцца краязнаўствам і спробамі стварыць сапраўдны, зямны патрыятызм — спрадвечны, а не «квасны», як у Расеі кажуць. Я магу сказаць, што ёсьць такое адчуваньне, жаданьне гордасьці, бачаньня сваёй зямлі як вартай таго, каб быць убачанай, пачутай, прызнанай у Эўропе. Для мяне гэта вельмі важна! Таму нельга сказаць, што ў грамадзтве магчыма толькі палі‑тычная ідэнтыфікацыя. Я яшчэ раз хачу сказаць: палітыка — квінтэсэнцыя таго, што адбываецца да палітыкі. Калі б не было многіх гадоў станаўленьня ў складанай, супярэчлівай гаме гэтага пачуцьця ідэнтычнасьці («я адказваю за гэтую дзяржаву»), дык, можа, нічога б не адбылося і ў палітыцы. А ўсё‑такі мы ўбачылі: выбары былі вельмі незвычайныя. Мы ўбачылі вельмі цікавыя тэндэнцыі, і калі іх не заўважаць у Беларусі, то можна прапусьціць галоўнае. У нас часта гавораць: «Ой, Эўропа! Яна хоча зрабіць Беларусі дрэнна». Гэта самае несусьветнае і неймавернае глупства! Калі бываеш у іншых краінах і шмат гутарыш зь людзьмі, дык безумоўна адчуваеш, што яны хочуць бачыць проста людзей, якія могуць гаварыць пра сябе і гаварыць на поўны голас. І калі ласка, палітыка палітыкай, але на гэтым зацыклівацца немагчыма.
Генадзь БураўкінМне здаецца, што гэта ёсьць. Іншая справа, што гэта вельмі тонкія рэчы і іх вызначыць ня так проста. Што такое беларус?.. А што такое француз? З чаго ён складаецца? З адчуваньня сваёй непаўторнасьці, годнасьці, з адчуваньня сваёй гісторыі. Так і беларус! На жаль, я лічу, што да гэтага часу ў масе яшчэ гэтага ў нас няма. І нашыя многія сёньняшнія беды ідуць якраз ад таго, што беларусы яшчэ не адчулі сабе цану як нацыі, як народу, не адчулі неабходнасьці некаторых рэчаў: неабходнасьці сваёй нацыянальнай дзяржавы, неабходнасьці свайго нацыянальнага палітычнага жыцьця, куды ўключаецца павага да гісторыі, месца роднай мовы як дзяржаўнай, дэмакратычныя інстытуты і г. д. На жаль, гэтага беларусы пакуль што не адчулі. Тое, што Эўропа шмат у чым (а можа, і ў пераважнай большасьці) ужо прайшла. Мы гэты этап яшчэ не прайшлі. Бяда ў тым, што сёньняшняя наша ўлада замест таго, каб дапамагчы нам хоць са спазьненьнем, але годна, без экстрэмізму, без радыкалізму прайсьці гэты этап усьведамленьня, самаідэнтыфікацыі, не спрыяе гэтаму, а наадварот. Яны быццам бы выступаюць супраць палітычнай глябалізацыі, але паглядзіце, што яны робяць! Яны, наадварот, старанна падтрымліваюць тое, што робіцца на ўсім сьвеце — ураўноўваньне адрознасьцяў, касмапалітычнасьць. Іншая справа, што яны падтрымліваюць не сусьветны працэс, эўрапейскі, а нейкі рэгіянальны. Перш за ўсё тут маецца на ўвазе арыентацыя на Расею, беспрыкладная ўнікальная русіфікацыя, хлусьня, калі гаварыць пра гісторыю, замест таго, каб годна аддаваць належнае. У гісторыі ўсякае бывала. Трэба сёньня, будучы разумнымі адукаванымі людзьмі, цьвяроза ўсё ацэньваць. Так, Аляксандар Сувораў быў вялікі расейскі военачальнік, але для Беларусі гэта быў адзін са страшных крывавых катаў. І хай там Расея цэніць талент яго палкаводчы, але мы ў Беларусі не павінны. Што, мы можам дараваць абсалютна бязьвінную кроў нашых продкаў, якую ракой праліў на нашай зямлі гэты военачальнік? А мы яго, даруйце, цэнім, музэй тут трымаем, калгасы ягоным імем называем, вуліцы ў гарадах. Мы мусім, аддаючы належнае яму як расейскаму палкаводцу, яго палкаводчаму таленту, Суворава такім паказаць у гісторыі расейскай, а ў беларускай гісторыі мы яго мусім паказаць як ката, як аднаго з самых крывавых катаў, якія прайшлі па нашай зямлі. Гэтым самым мы ніколькі не пашкодзім нашым стасункам з расейцамі. Калі яны разумныя людзі, яны нас зразумеюць. А калі неразумныя, дык ці варта нам перад імі схіляцца і перапісваць або падпраўляць сваю гісторыю? Калі так спакойна адбудзецца беларуская самаідэнтыфікацыя, то беларусы зразумеюць, кім яны ёсьць. Сёньня беларусы яшчэ не разумеюць, што такое беларусы. Таму што мы ўспамінаем: «Я — мужык‑беларус, пан сахі і касы». Так, на нейкім этапе гэта было. А цяпер ужо беларусы — паны і нечага больш сур’ёзнага: гісторыя ідзе. І вельмі няправільна, калі мы так прывыклі за савецкім часам усё прыпісваць «вождям», як пісаў Маякоўскі, правадырам. Калі адбыўся нейкі эканамічны рост ці нешта добрае, мы ўсё гэта зьвязваем абавязкова з правадыром. Тым самым сябе прыніжаючы: гэта ж усё зроблена людзьмі! І на заводах калі людзі добра працавалі ці на палях працавалі — гэта перш за ўсё іх заслуга. Іншая справа, што кіраўнік, у сілу свайго становішча, можа або спрыяць гэтаму, або перашкаджаць ці замаруджваць гэта. Але не ягонае гэта дасягненьне. Перш за ўсё гэта заслуга тых, хто працуе, а потым ужо ягоная. Але ў нас гэтага разуменьня яшчэ няма. Людзі гатовы аддаць сваю працу ў заслугу некаму іншаму. Калі мы навучым людзей годнасьці: тое, што я зрабіў, што павінна быць ацэнена... Як пісаў Твардоўскі пра Васіля Цёркіна, «обеспечь, раз я достоин»! Пакуль што гэтага няма. Для мяне дарагое ў беларускім характары тое, што беларус вельмі шчыра (можа быць, ня так хутка, як іншыя) адгукаецца на чужую бяду: ён, па‑народнаму кажучы, дастаткова жаласьлівы. Калі гэта ідзе на роўных стасунках зь іншымі народамі — гэта выдатна. Калі ж гэтую беларускую жаласьлівасьць, дабрыню некаторыя выкарыстоўваюць зусім па‑іншаму, то ад гэтага многія нашы беды, бо мы церпім тое, чаго іншыя народы б не пацярпелі. Мы церпім зьдзек з нашай роднай беларускай мовы, калі з высокіх трыбунаў яе перакрыўляюць. Уяўляеце, каб такое было ў Грузіі? Я не за тое, каб рабіць так, як робяць некаторыя грузіны — адразу ў морду, як кажуць. Але ставіць на месца тых людзей, якія так робяць, трэба. Беларусам у іх нацыянальным характары чамусьці не хапае рашучасьці, не хапае сілы, волі, годнасьці перш за ўсё. Беларускі характар, у прынцыпе, — характар вельмі добры, славянскі. Я падкрэсьліваю — славянскі. Мы ў славянскім сьвеце, мы ад славянства ўзялі вельмі многа. Больш за тое, гэта ўжо даўнія сьцьверджаньні і адносна мовы, і адносна іншых парамэтраў нацыянальных, што беларусы, можа, захавалі найбольш добрага, чыстага і даўняга са славянскіх традыцый у сябе: у сваёй мове, у сваім характары, у сваіх звычках, у сваім побыце. І гэта добра! Беларусам ёсьць чым ганарыцца і з чым разьбірацца ў саміх сябе. Перш за ўсё, паўтараю, беларусы павінны гэта з сабой зрабіць, а пасьля тое, што ў сабе яны выкрышталізавалі, прызналі, «зацьвердзілі», выносіць на сьвет, на веча народаў. Так, «свой пачэсны пасад між народамі»! Мы яшчэ да гэтага часу не зразумелі, што ў нас такі пасад ёсьць, ён пачэсны, і ня трэба некаму дазваляць на наш пасад сядаць. Гэта наш пасад! Мы павінны на яго сесьці. Тое, што сказаў Янка Купала, на жаль, многія беларусы, хоць і афіцыйна называюць Купалу прарокам, яшчэ не ўсьвядомілі. Кожны беларус павінен усьвядоміць «свой пачэсны пасад між народамі». І нікому ня трэба гэты пасад аддаваць. Ня вернеш, канечне, у беларускую літаратуру Дастаеўскага, які стаў клясыкам расейскай літаратуры, ня вернеш Міцкевіча, які стаў клясыкам польскай паэзіі. Але пасад свой усё роўна нікому аддаваць ня трэба.
Алесь БяляцкіУ прынцыпе, беларуская ідэнтычнасьць існуе. Гэта ёсьць і на ўзроўні падсьвядомым, і на ўзроўні бытавым, на ўзроўні традыцыйным. Упершыню я гэта дастаткова моцна адчуў, калі быў у войску: я ішоў туды ўжо як сьведамы беларус. Цікава было, як зьбівалася наша беларуская кампанія і наколькі мы ўсё ж адрозьніваліся ад іншых нацыянальных групаў — ад расейцаў, ад украінцаў. Я ўжо не кажу пра больш далёкія групы. Беларуская ідэнтычнасьць ёсьць, і яна асабліва выразна бачна, калі людзі гуртуюцца ў мультынацыянальных супольнасьцях, — тады вельмі выразна праяўляецца. Тут, у Беларусі, яна, можа быць, ня надта бачна для нас, але дастаткова моцна бачна для замежнікаў, якія прыяжджаюць сюды. Яны таксама вызначаюць, што Беларусь — не Расея, што Беларусь — не Ўкраіна. Тое ж тычыцца і людзей, звычаяў, традыцыяў і г. д. Што вызначае гэтую адрознасьць? Мабыць, традыцыі. Нацыянальныя традыцыі, традыцыі грамадзтва, якія ёсьць на сёньняшні дзень. Яны, канечне, моцна зуніфікаваныя (таму што працэс уніфікацыі дастаткова моцны), але ў той жа час яны застаюцца вызначальнымі. Тое, што выхоўвалася пакаленьнямі, стагодзьдзямі... Чаму, напрыклад, калі ты бачыш чорнага ката, ты плюеш церазь левае плячо? Ты ж ня думаеш пра гэта. Ці чаму, напрыклад, калі ты вітаесься з чалавекам праз парог, ты стараесься перайсьці яго і павітацца зь ім на адным баку, ці ён інстынктыўна пераходзіць? Ты таксама пра гэта ня думаеш, таму што так проста ёсьць. Такіх рэчаў, якіх мы проста не заўважаем, калі робім, ёсьць сотні, тысячы. Збоку яно заўважаецца — для іншых. А мы пра гэта ня думаем.
Аляксандар ВайтовічНесумненна, існуе беларуская ідэнтычнасьць. Яе вызначаюць мова, культура, мэнталітэт, традыцыі беларусаў. Адсюль выцякае адна зь вельмі важных задачаў: берагчы і захоўваць мову. А беларускасьць (быць беларусам) — гэта і ёсьць разуменьне, захаваньне і разьвіцьцё нашай ідэнтычнасьці і праца на карысьць нашай бацькаўшчыны і яе грамадзянаў.
Андрэй ВардамацкіІдзе працэс фармаваньня беларускай ідэнтычнасьці. Калі гаварыць пра беларускую ідэнтычнасьць цяпер, дык галоўным зьяўляецца не яе сфармаванасьць, яе існаваньне, факт яе наяўнасьці, а працэс яе стварэньня, хуткі працэс яе стварэньня і фармаваньня. Я ня буду гаварыць пра яе фармаваньне на каштоўнасным узроўні, я магу сказаць на ўзроўні вынікаў агульнанацыянальных сацыялягічных дасьледаваньняў, якія мы праводзім. Яны заключаюцца ў тым, што ўвайсьці ў склад якой‑небудзь іншай краіны хацелі б 4—5% насельніцтва Беларусі. Такая колькасьць людзей хацела б увайсьці ў склад, напрыклад, Расейскай Фэдэрацыі на правах суб’екту. Калі такое ёсьць — значыць, можна гаварыць пра наяўнасьць ідэнтычнасьці. Апісаньне яе — вельмі складаная рэч. Вельмі лёгка дыфэрэнцыяваць нацыянальныя характары скандынава і італьянца: там адрозьненьні відавочныя. Але вельмі цяжка апісаць адрозьненьні беларуса ад расейца: гэта вельмі блізкія нацыянальныя характары. Аднак мы разумеем, што розьніца існуе, і можна называць нейкія характарыстыкі. Розьніца існуе ў мяккіх формах — ня так, як паміж маруднаватымі скандынавамі і экспансіўнымі італьянцамі. Але розьніца паміж расейцамі і беларусамі на ўзроўні нацыянальнага характару існуе.
Вінцук ВячоркаНатуральна, існуе. Нармальная, паўнацэнная нацыянальная ідэнтычнасьць з усімі складнікамі. У тым ліку — асабліва падкрэсьлю — з моўным. Нягледзячы ні на што, абсалютная бальшыня з нас называе роднаю моваю беларускую, а гэта значыць, улучае яе ў сьпіс сваіх каштоўнасных апірышчаў. Застаецца праблемаю, аднак, атаясамліваньне беларуса зь дзяржаваю. Гістарычна так склалася, што апошнія пару стагодзьдзяў дзяржава была ня нашая, і выпрацавалася трывалае адчужэньне ад яе як варожае, незразумелае сілы. Наноў атаясаміцца зь дзяржаваю, стаць nation у тэрміналягічным сэнсе, які ўжываецца ў заходнеэўрапейскіх мовах (нацыя‑дзяржава), мы зможам толькі ў Беларусі з празрыстым мэханізмам дэмакратычнага зьдзяйсьненьня ўлады.
Павал ДанейкаШто такое ідэнтычнасьць? У маім разуменьні беларусы былі, ёсьць і будуць. Нейкая мэнтальнасьць беларуская існуе, але пытаньне ў тым, наколькі яна самарэфлексуецца, наколькі яна артыкулюецца для іншых. Гэтае пытаньне патрабуе правядзеньня такой работы: у фармулёўцы сэнсаў беларускасьці і ў трансьляцыі гэтых сэнсаў іншым. Немагчыма, каб пра цябе нешта ведалі, калі ты пра сябе нічога не расказваеш. Мы павінны нешта расказаць сьвету пра сябе. Але перад тым як расказаць, мы павінны зразумець сябе. І гэта ня робіць народ! Функцыя народу — выжываць, жыць, быць такім, які ён ёсьць. Эліты інтэрпрэтуюць гэта. Эліты насычаюць высокімі мэтамі штодзённае жыцьцё. Народ з задачай выжываньня спраўляецца выдатна, а вось эліты не спраўляюцца з сэнсам выжываньня. Таму я думаю, мы яшчэ ідзем гэтым шляхам — шляхам фармаваньня групаў, гатовых выконваць гэтую даволі складаную работу. Такая дзейнасьць патрабуе ад элітаў дастатковай адказнасьці за будучыню краіны і за тое, што ты гаворыш. Гэтае фармаваньне адбываецца. І яно не залежыць ад жаданьня тых ці іншых палітычных групаў, дзеяньняў уладаў. Гэтыя дзеяньні і жаданьні могуць толькі нейкім чынам рэгуляваць тэмп, але не спыняць сам працэс — ён ідзе абсалютна незалежна, як запушчаны мэханізм. Была пастаўлена праблема: трэба быць кімсьці! Проста відавочны факт: трэба быць кімсьці!
Андрэй ДынькоБеларуская ідэнтычнасьць складаецца з розных элемэнтаў. Гэта пачуцьце прыналежнасьці да беларускай супольнасьці, пачуцьце грамадзянства беларускай дзяржавы. Сюды ўключаюцца і такія культурныя элемэнты, як беларуская мова, беларуская культура. Гэта тыя супольныя культурныя коды, якімі валодаюць беларускія грамадзяне. Але таксама ёсьць ідэнтыфікацыя шырокіх групаў людзей з гэтым незвычайным палітычным рэжымам, зь якім яны сябе атаесамляюць.
Сьвятлана КалінкінаМне здаецца, што ўсё ж такі беларускай ідэнтычнасьці не існуе. Усё ж такі «Беларусь» як самаадчуваньне ня ў нейкіх адзінкавых людзей, а ў грамадзтва ў цэлым — гэтага, мне здаецца, не адбылося яшчэ. Шмат, напэўна, гэтаму тлумачэньняў, але мне здаецца, галоўнае ў тым, што наагул за тыя пятнаццаць гадоў, што існуе незалежная беларуская дзяржава, не было адназначнага кірунку разьвіцьця гэтай дзяржавы. Мы то сьцягі мяняем, то гімны мяняем, то мову адраджаем, то яна ўжо непатрэбная. То мы ўваходзім у склад Расеі, то не ўваходзім. І такая мітусьня, мне здаецца, і не дазволіла сфармавацца беларускай ідэнтычнасьці. Беларусы як самадастатковая нацыя самі сябе не адчуваюць. Яны сябе адчуваюць «пры кімсьці»: пры Расеі альбо пры Эўропе. Пры кімсьці!
Сяргей КалякінДумаю, што ёсьць беларуская ідэнтычнасьць і яна ўсё больш расьце. Праўда, часам спрабуюць падмяняць паняцьці. Для самаідэнтыфікацыі трэба зразумець, што мы беларусы, мы жывем на гэтай тэрыторыі, у нас ёсьць такая і такая культура, у нас ёсьць такая вось гісторыя. Гэта значыць мы павінны самаідэнтыфікавацца як беларусы, што жывуць у канкрэтнай дзяржаве і маюць канкрэтныя інтарэсы. І падмена іх паняцьцямі, што мы эўрапейцы, ці расейцы, ці ліцьвіны, ці яшчэ ня ведаю хто, — гэта ўсё замінае самаідэнтыфікацыі. Мы беларусы! І гэтая самаідэнтыфікацыя сёньня ідзе. Яна мае вельмі невялікую гісторыю ў сілу пэўных варункаў: мы ня мелі дзяржаўнасьці некалькі апошніх стагодзьдзяў. Нашу дзяржаўнасьць можна пачынаць лічыць (прычым — абмежаваную) у рамках БССР у Савецкім Саюзе. А абсалютна незалежнай дзяржавай у апошні гістарычны пэрыяд мы сталі толькі з 1991 году. Усяго толькі пятнаццаць гадоў! Але за гэтыя пятнаццаць гадоў адбылася ўжо самаідэнтыфікацыя. Сёньня ўсё менш беларусаў хочуць быць часткай чагосьці. Хоць адначасова значная частка хоча быць часткай чагосьці, прычым адразу часткай і аднаго, і другога: мы хочам быць адразу і ў Эўрасаюзе, і ў Расеі. Гэта гаворыць пра пэўнае раздваеньне нашай самасьвядомасьці. У гэтым ёсьць нейкі алягізм, але з другога боку, ёсьць і простая лёгіка: адбываецца ўсьведамленьне таго, што нам патрэбна і Эўропа, і Расея. Таму мы хочам быць і тут, і там. Да 70% даходзіць колькасьць беларусаў, якія жадаюць у Эўрасаюз і Расею, прычым 40% адначасова хочуць і туды, і туды. Таму што яны адчуваюць свой інтэрас і тут, і там. Трэба быць і з аднымі, і з другімі, але — заставацца беларусамі. Трэба заставацца беларускай дзяржавай, шукаць выгады для гэтай дзяржавы, для народу, які жыве на гэтай тэрыторыі і які, уласна, і складае гэтую дзяржаву.
Кася КамоцкаяМне падаецца, што «быць беларусам» — гэткая ідэнтычнасьць толькі цяпер ствараецца. Можа быць, звонку выглядае іначай. Але знутры — яна толькі ствараецца. Момант самасьвядомасьці, самаідэнтыфікацыі, мне падаецца, у народу праходзіць цяпер. Можа быць, збоку іншыя народы сказалі б, што значыць для іх беларус, але для сябе беларус... Мне здаецца, што працэс яшчэ ідзе. Недаствораная нацыя? Безумоўна! У нас ніколі не было нацыянальнай дзяржавы. Лукашэнкаўскую дзяржаву назваць нацыянальнай немагчыма. Яна можа быць сацыяльнай, можа быць якой заўгодна, але — не нацыянальнай. Яна фактычна праводзіць антынацыянальную палітыку. Усё робіць, каб толькі не стварылася нацыя. А нацыя абавязкова мусіць прайсьці праз пэрыяд нацыянальнай дзяржавы, а толькі потым пераходзіць да наступнага пэрыяду. Скокі ў гісторыі, можа быць, і магчымыя, але мне падаецца, для нашых варункаў неабходна, каб была створаная нацыянальная дзяржава. Нацыянальна арыентаваная, з адной нацыянальнай мовай, з лабіраваньнем нацыянальнай культуры. Тады людзі будуць разумець, што такое «быць беларусам».
Сяргей КасьцянІдэнтычнасьць беларускай мэнтальнасьці заключаецца цалкам у яе эканамічным укладзе, гістарычным, традыцыях, звычаях, адукаванасьці, культуры і таксама ў яе прыродных умовах. Гэта ўсё разам і акрэсьлівае ідэнтычнасьць беларускай нацыі. І каб гэта зразумець лепей, мне здаецца, трэба нагадаць тое, што празь беларускую зямлю праходзілі дзясяткі войнаў — і з захаду на ўсход, і з усходу на захад. І, як бачыце, беларусы захавалі і сваю мову, і сваю культуру, і свае звычаі, і традыцыі, і назвы вёсак і гарадоў. Ва Ўкраіне, у Расеі колькі было перайменавана гарадоў у гонар тых або іншых рэвалюцыйных дзеячаў! У нас гэтага не было. Адзін толькі Дзяржынск — дык ён нарадзіўся тут! А ўсё астатняе — мы нічога не мянялі. Нават назваў вуліцаў не мянялі. І калі Савецкага Саюзу ня стала, ва ўсіх рэспубліках зноў пачалі мяняць найменьні гарадоў, вуліцаў, вёсак, а мы гэтага ня сталі рабіць. Вось у гэтым і ёсьць асаблівасьць беларускага народу, асаблівасьць яго мэнтальнасьці.
Вячаслаў КебічА хто мне скажа… Я дык свой радавод трохі ведаю: мне ўдалося вызначыць свой радавод з 1755 году. Але вось я вас магу спытаць: вы ведаеце, чыя кроў цячэ ў вас? Наўрад ці! Я б сказаў, што «чыстых» беларусаў, на мой погляд, увогуле няма. Мы знаходзіліся на надта цяжкіх скрыжаваньнях гістарычных момантаў, таму цяжка вызначыць — хто мы, па вялікім рахунку. Можа, сёньня слова «беларус» больш мае дачыненьне да дзяржаўнасьці, чым расы. Такое ёсьць і ў Францыі, і ў Амэрыцы, і ў Бразыліі: там няма паняцьця нацыі... Таму я і сказаў, што «беларус» — больш з пункту гледжаньня дзяржаўнасьці, чым паводле расавых нейкіх прымет. Мы сваіх генных каранёў ня можам сёньня вызначыць. На жаль ці на шчасьце (ня ведаю, што больш правільна), мала якія краіны называюць усіх жыхароў амэрыканцамі, ці французамі, ці бразыльцамі. Большасьць усё‑такі па‑іншаму... Паспрабуйце вы немцам сказаць, што яны ня немцы! Ці паспрабуйце кітайцу або японцу сказаць, што яны не японцы... Там слова «японец» мае на ўвазе перш за ўсё расу, а не дзяржаўнасьць як такую. Таму што ёсьць расы «чыстыя» — я маю на ўвазе не чысьціню нацыі, а тое, што не было кровазьмяшэньня. Таму я б сказаў, што ня трэба нам так ставіць пытаньня.
Жанна ЛітвінаБеларуская ідэнтычнасьць яшчэ не сфармуляваная. Ня столькі, можа, несфармаваная, колькі несфармуляваная. Нашая нацыянальная эліта павінна яе сфармуляваць. Прагаварыць, прапісаць, зрабіць зразумелай. Яна нейкая няпэўная, людзі не разумеюць каштоўнасьці гэтай ідэнтыфікацыі. Гады два таму трапілася мне такое параўнаньне, што Беларусь — гэта шахматная фігура, якая звалілася з шахматнай дошкі. Дзесьці проста пад стол выпала Беларусь. Як так магло адбыцца? Чаму так адбылося? На гэтае пытаньне мусіць адказваць нацыянальная эліта.
Анатоль ЛябедзькаНе, такой ідэнтычнасьці яшчэ ня склалася. На нейкім інтуітыўным узроўні нашы людзі (незалежна ад таго, на якой мове яны размаўляюць) у побыце ўсё адно кажуць: мы не такія, як іншыя. Але менш за ўсё тут робіцца захадаў з боку ўлады. Інструмэнты ўлады тут могуць быць вельмі эфэктыўныя. Калі паглядзець на сродкі камунікацыі: тэлебачаньне, радыё, друк, Інтэрнэт, — мы ня бачым з боку дзяржавы мэтанакіраванай палітыкі, каб беларусы ведалі, хто яны такія. Бо выглядае так, што нашая гісторыя пачынаецца з 1994 году, зь першых прэзыдэнцкіх выбараў. А да гэтага — такое адчуваньне! — і гісторыі не было. Ну, нешта было, з вэтэранамі зьвязанае, — абрывак такі. І на гэтым мы страцілі памяць, і больш не было ні гісторыі, анічога. Канечне, гэта моцна перашкаджае, бо на побытавым узроўні ёсьць жаданьне ведаць, хто мы такія. Нават калі стаіш на мяжы ў чарзе, а паехаў без чаргі нехта з расейцаў — нейкія эпітэты ідуць ад якіхсьці расейскамоўных беларусаў. Яны разумеюць: мы не такія, мы іншыя. Думаю, гэта вельмі выразна ў сацыялёгіі зафіксавана — наколькі актуальна пытаньне сувэрэнітэту, незалежнасьці для людзей. Пятнаццаць гадоў гэта была тэма нумар адзін. У Расеі праходзілі выбары (у Думу, прэзыдэнцкія), і гэта была адна з трох‑чатырох тэмаў, якія былі прыярытэтныя. Сёньня пра гэта ніхто не гаворыць. І па ўсіх сацыялягічных апытаньнях толькі 4—5% людзей на адэкватна сфармуляванае пытаньне (а яно гучыць у рэдакцыі Жырыноўскага як «Беларусь — восьмая фэдэральная акруга» — я лічу, гэта правільна і карэктна сфармуляванае пытаньне, а не пра нейкія стасункі з Расеяй) адказваюць станоўча. Гэта азначае, што за гэтыя пятнаццаць гадоў, нягледзячы на тое, што ўлада не рабіла ніякіх захадаў, каб беларусы зразумелі, што яны чымсьці адрозьніваюцца ад усіх астатніх, гэта зафіксавалася ў сацыялёгіі. І сам Лукашэнка, і ўлада пачынаюць ужо прыстасоўвацца да гэтага факту. У гэтым пляне паказальная апошняя выбарчая кампанія: Лукашэнка, фактычна, узяў усе лёзунгі сваіх апанэнтаў — «За Беларусь!» і інш. Гэта ўсё гаворыць за тое, што мы ўсё ж ёсьць эўрапейскай нацыяй, што ў нас ёсьць свае нацыянальныя інтарэсы. Лукашэнка пра гэта не гаворыць, але праз вырашэньне нейкіх сваіх кароткатэрміновых інтарэсаў ён змушаны гэта прызнаць. Ён вымушаны прызнаць, што ніякае аб’яднаньне з Расеяй сёньня немагчымае ня толькі таму, што яму не прапаноўваюць, не даюць прававой пэрспэктывы, але яшчэ і таму, што больш за 90% людзей шчыра жадаюць жыць у сваёй краіне. І гэта каштуе дарагога! Я думаю, што якраз гэта ў значнай ступені і ёсьць заваёвай тых людзей, якія зьяўляюцца носьбітамі эўрапейскіх каштоўнасьцяў. А адна з эўрапейскіх каштоўнасьцяў — ідэнтыфікацыя, веданьне сваёй гісторыі, сваёй культуры.
Васіль ЛявонаўАле, беларуская ідэнтычнасьць існуе. Перш за ўсё, мы «не такія, як яны». Беларусы ў імкненьні добра жыць гатовыя адпаведна і добра ды, калі трэба, цяжка працаваць, мы схільныя да інтэлектуальнай, высокакваліфікаванай працы, цярплівыя, але не бясконца. Катэгарычна адмаўляю пашыранае апошнім часам сьцьверджаньне аб тым, што нашая цярпімасьць перарадзілася ў баязьлівасьць. Не, мы проста разважлівыя ў сваіх учынках. Але герояў наша зямля нараджаць не перастала. Быць беларусам — значыць любіць перш за ўсё беларусаў, Беларусь, спрыяць працьвітаньню сваёй зямлі, ганарыцца тым, што ты часьцінка народу, паважаць іншыя народы, не фанабэрыцца, не ўпадаць у ізаляцыянізм. Не проціпастаўляць сябе ні Ўсходу, ні Захаду.
Алег МанаеўНа мой погляд, у пачатку XXI стагодзьдзя беларуская ідэнтычнасьць, заснаваная на прынцыпе этнічнасьці (уключаючы яго базавыя элемэнты, такія як агульнасьць тэрыторыі, крыві, гісторыі і культуры), ня тое каб неадэкватная, але ня мае яснай пэрспэктывы. У сілу самых розных прычынаў гэтая ідэнтычнасьць так канчаткова і ня склалася. У той жа час нельга сказаць, што беларускай ідэнтычнасьці няма. Я лічу, што яна ўжо ёсьць, але іншага характару. Напрыклад, я, чалавек, які нарадзіўся ў Расеі і расеец па крыві, ідэнтыфікую сябе як беларус. Хоць з этнічнага пункту гледжаньня, які я беларус? На маю думку, беларуская ідэнтычнасьць сёньня мае ня столькі этнічны, колькі сацыяльна‑палітычны, грамадзянскі характар. Аснова такой ідэнтычнасьці — незалежная дзяржава і правы яе грамадзянаў. Гэта значыць, што беларусамі з поўным правам могуць сябе лічыць людзі, якія жывуць у Беларусі. Яны лічаць сябе грамадзянамі не Расеі, ня Польшчы, не Гвадэлупы — а менавіта Беларусі. Яны карыстаюцца пэўнымі выгадамі (ня толькі ва ўтылітарным сэнсе, але выгадамі прававымі, палітычнымі, эканамічнымі, культурнымі), зьяўляюцца грамадзянамі ўласнай краіны, ганарацца гэтым і гатовыя адстойваць гэты свой статус. Гэта і значыць — быць беларусам. А вырас ты ў беларускай вёсцы або ў асфальтавых джунглях сучаснага гораду, на якой мове ты гаворыш у штодзённых зносінах, аддаеш перавагу дранікам ці марской капусьце — гэта пытаньне другараднае. Не нязначнае, а менавіта другараднае. Фармаваньне нацыянальных ідэнтычнасьцяў на аснове этнічнасьці і, адпаведна, нацыянальных дзяржаваў у той жа Эўропе сто пяцьдзясят — дзьвесьце гадоў назад адбывалася ў зусім іншых гістарычных умовах. Той цягнік ужо сышоў, і ў яго ўжо ня сесьці. Ніколі! Таму, калі мы зацікаўленыя, каб Беларусь зрабілася паўнацэннай сучаснай краінай, неабходна ня проста ўмацоўваць яе дзяржаўнасьць, але, перш за ўсё, умацоўваць яе грамадзянскую ідэнтычнасьць.
Аляксандар МілінкевічЯ ганаруся тым, што я беларус. Хаця сёньня гэта стварае шмат праблемаў. Хваравітая сытуацыя — столькі намяшана ў галовах людзей, столькі праблемаў у мэнталітэце. Народ сапраўды выдатны. Радзіма, якую любіш самааддана, нічога не патрабуючы ў адказ. Гэта штосьці лірычнае, містычнае, зялёна‑блакітнае, пяшчотнае. Гэты край — як прыгожая і прывабная жанчына, з пачуцьцём годнасьці і верай у сябе, што пакуль хаваецца пад маскай «тутэйшасьці». Радавод свой ведаю да сёмага калена. У ім — рэпрэсаваныя паўстанцы 1863 году — прапрадзед і прадзед, — дзед, які быў адным з актывістаў беларускага руху 1920‑х гадоў на Гарадзеншчыне. Беларусь — гэта, найперш, падзеі і людзі. Надзвычай важна адчуваць сваё месца ў ланцужку гісторыі.
Анатоль МіхайлаўНадзвычай наіўна спадзявацца на тое, што існуе якая‑небудзь унівэрсальная і адназначна акрэсьленая фармулёўка ідэнтычнасьці. Само асэнсаваньне ідэнтычнасьці — гэта хутчэй працэс, які ніколі не спыняецца, а не фіксаваны і навязаны вынік чыіхсьці ўяўленьняў ці пажаданьняў. Праблема, аднак, у тым, што гэтыя намаганьні ў самаідэнтыфікацыі, у сваю чаргу, прадвызначаныя нашай уласнай сьвядомасьцю. І гэты стан пакідае жадаць лепшага.
Алесь МіхалевічЗразумела, беларуская ідэнтычнасьць ёсьць, таму што беларусы лічаць сябе іншымі, чым расейцы, палякі, летувісы, украінцы. То бок ёсьць самаідэнтыфікацыя сябе як чагосьці асобнага. Трэба сказаць праўду, што ў значнай ступені гэтая ідэнтычнасьць пашырылася на працягу апошніх дзесяці‑пятнаццаці гадоў. Я назіраю, напрыклад, за мяжой: усё радзей і радзей звычайныя (нават троху «савецкія») беларусы, чуючы расейскую мову, кідаюцца да таго, каго пабачылі, як быццам ён іх брат, родны чалавек і г. д. Ужо ёсьць адчуваньне таго, што беларусы — штосьці іншае, штосьці асобнае. І калі чалавек сустракае за мяжой менавіта беларуса, то ёсьць вялікае шчасьце і радасьць: вось пабачыў кагосьці роднаснага!.. Гэта супрацьпастаўленьне сябе іншым: мы як «мы» адрозьніваемся ад таго, кім ёсьць «яны». Ёсьць моманты і адмоўнага адрозьненьня (мы не яны), і станоўчага, бо нас усё ж штосьці і аб’ядноўвае. Што менавіта аб’ядноўвае? Кажуць: Чарнобыль і Лукашэнка. Нават гэта ўжо нямала! Для Захаду беларусаў цяпер больш аб’ядноўвае Мілінкевіч: гэта бачаць значна лепш тыя беларусы, якія жывуць за мяжой. Нас аб’ядноўвае спажывецкае грамадзтва: «Купляй беларускае!». То бок стаўленьне да вырабленага тут як да чагосьці лепшага. Стаўленьне да сябе менавіта як да чагосьці са знакам якасьці. Тое, што Лукашэнка агучыў: «Беларусы — гэта тыя самыя расейцы, толькі са знакам якасьці». Я перакананы, што большасьць беларусаў з гэтым нязгодныя, але тое, што на нас ёсьць нейкі знак якасьці, што мы лепшыя, — гэта адназначна так. Зразумела, тут ёсьць вельмі вялікі ўплыў дзяржавы. Дзяржава вельмі шмат зрабіла: немагчыма пераацаніць наяўнасьць беларускага рубля, немагчыма пераацаніць наяўнасьць беларускіх пашпартоў, немагчыма пераацаніць нават тое, што ў беларускіх пашпартах няма нацыянальнасьці. Колькасьць тых людзей, якія вызнаюць сябе як «рускія», з кожным годам меншае. І думаю, што гадоў празь пяць тых, хто будзе вызнаваць сябе як «рускія», унутры Беларусі будзе пару працэнтаў, хаця яшчэ нядаўна іх было амаль пятнаццаць. Ёсьць тое, што сапраўды аб’ядноўвае. Аб’ядноўваюць нашыя спартоўцы, якія час ад часу атрымліваюць перамогі на розных спаборніцтвах. Памятаем вельмі вядомы турнір па тэнісе, дзе беларусы перайгралі расейцаў. Гэта было ўсімі ўспрынята як капітальная перамога і сьцьверджаньне таго, што мы лепшыя, што мы незалежныя. І, урэшце, той жа Лукашэнка даў гэтым тэнісістам ордэны адразу — гэта таксама паказвае, што нават для Лукашэнкі гэтая ідэнтычнасьць ёсьць, што ён таксама супрацьпастаўляе беларусаў іншым.
Тацяна ПроцькаБеларусы — людзі заўважныя ў сусьветнай супольнасьці. І сярод іншых людзей яны адметныя. Гэта людзі талерантныя, як мы цяпер гаворым. Яны ставяцца да іншых людзей не з жаданьнем перарабіць гэтых людзей на свой капыл, а прымаюць іх і стараюцца падладзіцца пад іх. Усім людзям гэта вельмі падабаецца, яны ня бачаць адразу ворага ў беларусу, а бачаць чалавека, які пашырыць магчымасьці, дасьць магчымасьць усім быць добрымі. Я магу прывесьці такі прыклад. Мая дачка цяпер жыве ў Амэрыцы. І ў той мясцовасьці жывуць людзі розных нацыянальнасьцяў: і італьянцы ёсьць, і віетнамцы, і амэрыканцы, і кітайцы, і ірляндцы... Стракатая што да нацыянальнасьцяў частка Амэрыкі. Але гэтыя людзі прыходзяць і групуюцца вакол маёй дачкі. Яны нейкія вячэры ладзяць, прыходзяць нейкія праблемы абмяркоўваць... І нейкая такая супольнасьць гэтага кавалку тэрыторыі зьявілася з таго, што зьявіліся беларусы. Беларусы — добрыя, гасьцінныя, яны нічога ні ад каго не патрабуюць і любяць добра працаваць. Напрыклад, мой муж прыяжджае і ладзіць усім вэранды і дзіцячыя дамкі. Апошнюю вэранду зрабілі вельмі вялікую — для ўсяго гэтага кавалку тэрыторыі: там можна танцпляцоўку нават рабіць. На ўсім сьвеце добра ставяцца да людзей, якія любяць працу, якасна працуюць і самі для сябе зарабляюць. Менавіта такія беларусы за мяжой. Іншая справа, калі мы ў сваёй краіне. І тут мы зусім іншыя! Ёсьць супярэчнасьць паміж беларусам за мяжой, у сьвеце, у поглядзе іншых людзей і беларусам сярод сваіх. Проста дзівісься той зайздрасьці, якая ёсьць у нас, у сваёй супольнасьці. Яна чамусьці зьнікае, калі чалавек трапляе ў іншыя ўмовы. Ці адносіны да сваёй гісторыі і мовы! За мяжой беларус ганарыцца сваёй гісторыяй і мовай — як усе іншыя народы. Яшчэ адна адметнасьць беларуса — ніколі не паказваць свае язвы, не цягнуць свае непрыемнасьці на людзі. Заўсёды ўсё добра! Між іншым, гэта дапамагае нам быць эўрапейскімі людзьмі: яны таксама не выстаўляць свае язвы на публічнае абмеркаваньне. Мы заэксплюатавалі гэтую нашую нацыянальную адметнасьць, асабліва дзяржаўнае TV: у нас усё добра! Калі нейкі іншаземец да нас прыедзе, хіба мы гаворым, як у нас дрэнна? Не, у нас усё добра! У дом запросяць: самі нічога ніколі не зьядуць, а калі госьць прыходзіць — і ікра на стале, і ўсякія прысмакі... Так мы і ў палітыцы сябе паводзім. З аднаго боку, даволі складаная эканамічная сытуацыя. А з другога боку, усяму сьвету мы паказваем, што ў нас ікра лыжкамі... Мы маглі б, напэўна, быць самым любімым народам у Эўропе і ў сьвеце. А паколькі ў нас нейкая такая ўнутраная раздраенасьць, мы вось гэтую зайздрасьць адзін да аднаго і маем у сваім доме. У сваім доме ў нас непарадак, а зьнешне мы дастаткова прывабныя людзі.
Андрэй СаньнікаўСкладанае пытаньне, я магу тут спасылацца толькі на асабісты досьвед. Я ніколі не лічыў сябе ні рускім, ні кім іншым. Для мяне было натуральна, што я беларус, і я ганарыўся гэтым. Дапамагло нават тое, што ў Савецкім Саюзе мы мелі пашпарт грамадзяніна Беларусі. Мне дзіўна цяпер, калі некаторыя мае знаёмыя пішуць у анкетах: «Краіна былога грамадзянства — СССР». Я так ніколі не пішу: заўсёды — Беларусь. Гэтаму ёсьць нават фармальная юрыдычная аргумэнтацыя: я меў пашпарт грамадзяніна Беларусі, БССР. Наконт ідэнтычнасьці. У ідэале ідэнтычнасьць павінна абапірацца на культуру, гісторыю, мову. Я б сказаў, можа, — мову, культуру, гісторыю. Але ж гэтага мы ня маем. Зьнішчэньне беларускасьці мы бачылі, а як яе выратоўвалі — пакуль што ня бачылі. Былі тры‑чатыры гады адноснай лібэралізацыі, і цяпер беларускасьць спрабуюць у андэграўнд заганяць, адмаўляць яе. Але ідэнтычнасьць ёсьць. Нават у людзей, якія, можа, выступаюць за больш шчыльныя стасункі з Расеяй. Яны ўсё ж такі адчуваюць сябе беларусамі. І калі пытаньне паставіць наўпрост: «Вы становіцеся губэрняй», — думаю, большасьць была б супраць. Я думаю, што нам усе ж такі трэба будзе прайсьці, тым ці іншым чынам, праз этап будаваньня нацыі‑дзяржавы. Гэта адбывалася з усімі эўрапейскімі краінамі, пачынаючы з XVI стагодзьдзя. Сёньня таксама ёсьць прыклады такога будаўніцтва — Славаччына. Мы праз гэта як беларусы і як Беларусь не праходзілі. Ідэнтычнасьць ёсьць, яна павялічылася. Як ні парадаксальна (а можа, гэта натуральна), жорсткі рэжым зрабіў беларускасьць сапраўды спосабам супраціву, змаганьня супраць дыктатуры. І неяк расставіў больш‑менш па сваіх месцах культурныя зьявы. Вось той лубок, які мы бачым па тэлебачаньні, эстрада, папса — нельга сказаць, што гэта беларускія выканаўцы. Не, фармальна іх можна назваць беларускімі, але ж гэта не беларуская зьява: мы гэта ж бачым і ў Маскве, і ў іншых былых савецкіх рэспубліках. І тое, што даволі моцныя мастацкія зьявы ў нас ёсьць у андэграўндзе ў музыцы, у выдавецтве (тыя ж «ARCHE» і «pARTisan»), — яны падтрымліваюць беларускасьць. Гэта натуральна, што андэграўндная культура сёньня амаль што цалкам беларускамоўная. Нават такія на нашых вачах адбываліся мэтамарфозы, калі расейскамоўная група пачынала сьпяваць па‑беларуску. І гэта вельмі добра, гэта натуральная эвалюцыя. Тут вельмі цікавы выбар. Калі ты хочаш стаць папсой, якая амаль ня мае ніякага твару, то працуй на расейскай мове. Калі ты хочаш займацца творчасьцю, каб у цябе быў свой слухач, — натуральна, беларускамоўнасьць. Напрыклад, на «Славянскім базары» — тая ж беларускасьць, якая была падчас Савецкага Саюзу. Гэта лубок. Горшага я ўвогуле нічога ня бачыў.
Уладзімер УлаховічСучасная беларуская ідэнтычнасьць толькі ў малой ступені параўнальная з клясычнай ідэнтычнасьцю эўрапейскіх нацыяў, што выкавалі сваю ідэнтычнасьць у сутыкненьні сувэрэнітэтаў, якое працягвалася не адно стагодзьдзе. У нашым выпадку гэта, па‑першае, катэгорыя, якая фармуецца, часамі ня вельмі яўна і ня вельмі традыцыйна, паралельна з працэсам нацыянальна‑дзяржаўнага будаўніцтва. І тут ня варта перабольшваць значэньне традыцыйных парамэтраў філязофска‑культуралягічнага характару. Напрыклад, ня маючы ніякага дачыненьня да сьветапоглядных праблемаў, пасьпяховы матч нацыянальнай зборнай па футболе ці хакеі нашмат эфэктыўней фармуе нацыянальныя пачуцьці, прыналежнасьць, гордасьць, чым сотня адукацыйных лекцыяў ці канфэрэнцыяў. Па‑другое, гэта катэгорыя, максымальна блізкая да штодзённай сьвядомасьці, спрошчаная, якая адлюстроўвае галоўную праблему — выжываньня нацыі ў жорсткіх гістарычных умовах. Няяўнасьць, рухомасьць і нават пэўная няўлоўнасьць сучаснай беларускай ідэнтычнасьці — толькі адваротны бок драматычнага гістарычнага досьведу.
Валеры ФралоўМне здаецца, гэта самая балючая тэма. Многія з нас называюць сябе беларусамі, але яшчэ не ўсьвядомілі сябе ні нацыяй, ні, можа быць, народам. І не заўсёды разумеем, што такое беларускасьць, хоць гаворым пра нацыянальныя рысы. Можа, гэта я не да канца разумею... Пад беларускасьцю ў нас часьцей за ўсё разумеюць талерантнасьць, цярпімасьць. Напэўна, усё‑такі гістарычна ў Беларусі досыць складаны лёс: то швэды туды‑сюды хадзілі, то немцы, то палякі, то расейцы. Беларус неяк «хаваўся ў бульбу» і імкнуўся перажыць гэтыя часы. Дапусьцім, Вялікая Айчынная вайна: мы гаворым «партызанская краіна» і г. д. Але ў нас ледзьве ня столькі ж было і паліцаяў! І вось гэтае імкненьне выжыць у любых умовах (як кажуць, «сеў на цьвік і прыцярпеўся») настолькі ўвайшло ў нашу сьвядомасьць, наша самаадчуваньне... Калі мы гэта скончым — Бог яго ведае! Мы нядаўна сустракаліся з таварышам Ігарам Баслыком. Ён кажа: «Дзякуючы сябрам паглядзеў, хто і што на мяне пісаў. Пра некаторых думаў, што яны сябры, а яны на мяне такія гадасьці напісалі!..» Ёсьць у нас такі мастак Алесь Пушкін. На яго мужык зь ягонай жа вёскі, які ні да якіх зораў не імкнецца і ў начальнікі ня рвецца, такую гадасьць напісаў!.. Гэта характэрны паказчык адной з рысаў беларускасьці. Гэта імкненьне захавацца, напляваўшы на ўсё. Можа, гэта і слушна, але калі ты чалавек — істота сацыяльная, то павінен і божымі прынцыпамі кіравацца, а ня толькі пра сваю шкуру думаць. На жаль, вельмі шмат у беларускасьці вось такога... Я ведаю вельмі многіх людзей у войску, ФСБ, КДБ, шмат хто ў мінулым быў сябрам, зь некаторымі разам служылі. Я гляджу, наколькі яны могуць прыстасоўвацца, — гэта проста жах! Некаторыя, убачыўшы мяне, перабягаюць на іншы бок вуліцы — толькі каб не сустрэцца. Я ня думаю, што яны пры гэтым думаюць пра Беларусь, пра дзяржаўны лад, — у іх проста спрацоўвае інстынкт: «Адскочу! Абы ціха было. Абы не было вайны, абы ціха. У бульбе перасяджу». Не хапае таго, што было характэрна, дапусьцім, для Паўкі Карчагіна, для Прамэтэя... Не хачу, каб усе былі Прамэтэямі і Паўкамі Карчагінымі, але нейкі ўзровень гэтых якасьцяў павінен прысутнічаць у кожным беларусу. На мой погляд, ён не прысутнічае. Можа, я занадта высокія патрабаваньні прад’яўляю. Чалавек створаны не для таго, каб усё жыцьцё змагацца за нешта. Ён павінен жыць, кахаць, гадаваць дзяцей, езьдзіць на рыбалку, гуляць у шахматы, у яго павінен быць дастойны ўзровень жыцьця. Але мне здаецца, чалавек тым адрозьніваецца ад малпы, што ён божае стварэньне, што ў ім духоўнасьць нейкая... Я думаю, хоць і хрысьцяцца ў царкве, і наведваюць яе, ад запаветаў божых («Не забі!», «Не ўкрадзі!», «Не пажадай жонкі блізкага свайго!» і г. д.) яшчэ далекавата.
Станіслаў ШушкевічДля мяне беларуская ідэнтычнасьць існуе. Таму што бацька, дзед з боку бацькі (дзеда з боку маці я ня памятаю: ён памёр рана) — яны ўсе былі беларусамі. І былі сьвядомымі беларусамі. І бабка мне ў Менску казала: «Глядзі, гэтую бэльку прыбіў дзед. Яна ніколі ня зломіцца». Беларус для мяне... Я ведаў вясковы тып беларуса альбо такі, на ўскрайку гораду, дзе фактычна жылі, як у вёсцы. Гэта сур’ёзны руплівы гаспадар. Не сказаць, каб скупы, але ён не дазваляе сабе нешта кідаць на вецер альбо забаўляцца надта. Таму што выжываць трэба было заўжды ў вельмі цяжкіх умовах. Але гэта чалавек, які так плянаваў сваю гаспадарку, што які б вораг ні прыйшоў, што б ні здарылася, але — выжывем да вясны, да новага ўраджаю! Мне здаецца, што ў беларусаў гэтая вельмі добрая рыса (адна з найважнейшых беларускіх рысаў) пасьля паслужыла таму, што мы фактычна сталі малапатрабавальныя, значна менш патрабавальныя, чым належыць быць эўрапейцам. Калі мяняліся ўмовы, калі мяняўся ўзровень тэхнікі, узровень забясьпечанасьці, энэргазабесьпячэньня, зьяўляліся новыя матэрыялы — хімікаты, будаўнічыя матэрыялы, мы заставаліся ў палітыцы «чаркі і скваркі». Вось гэты лукашэнкаўскі «брэд», які шкодны да таго ж, бо ён скарачае жыцьцё людзей. Навязваць аграгарадкі — гэта таксама шкодна. Беларус заўсёды быў добрым гаспадаром, калі быў самастойны. Тое самае магу сказаць пра інтэлігенцыю: для мяне галоўным аўтарытэтам заўсёды быў беларускі настаўнік. Мне здавалася, што большага інтэлігента няма. На жаль, гэтыя зьмены — антыбеларускія, і яны адбыліся ў грамадзтве. Але іх даволі лёгка адхіліць, і я ведаю многіх сапраўдных беларусаў, інтэлігентаў, якія застаюцца беларусамі і падобным зьменам не паддаліся. Узвышана наша інтэлігентнасьць расейскай літаратурай, музыкай, мастацтвам. Але яна ж — наша інтэлігентнасьць — засьмечана расейскай лаянкай, хлусьнёй, безгаспадарчасьцю і крадзяжом. Заўважце, многа дзе гэта пераадолена. Напрыклад, кемлівы гаспадар перайшоў у кваліфікаванага рабочага. У нас працэнт высокакваліфікаваных рабочых у чатыры разы большы, чым у Расеі: там — 6%, у нас — па‑над 20%. Дзякуючы гэтаму беларусы выжываюць. Таму што калі на Захадзе адчыніце капот аўтамабіля (як гэта рабіў я), дык там усе дзівяцца: як гэта можа рабіць звычайны кіроўца‑аматар? А ў Беларусі я ня ведаю таго чалавека, які сядзіць за рулём і не падыме капота аўтамабіля, і ня выправіць усякіх дробных непаладак у ра‑сейскіх аўтамабілях. Вось гэтая руплівасьць, кемлівасьць, працавітасьць — беларускія прыкметы. Навуку ў Расеі рабілі заежджыя прафэсіяналы. Фактычна яна была створаная на заходні ўзор. Узор акадэміі таксама быў узяты з Захаду. І сюды, у Беларусь, прыяжджалі. І ў гэтым няма нічога дрэннага. І тое, што пэўныя творы беларускай культуры стварылі татары, якія тут аселі, мяне ня крыўдзіць, а наадварот, цешыць. І тое, што беларускі клясычны балет разьвіўся дзякуючы расейскай школе, мяне таксама цешыць. Ён ёсьць у наяўнасьці, гэты эўрапейскі ўзровень.
Усевалад ЯнчэўскіБеларусы — гэта вельмі савецкія людзі. Найважнейшая частка нашай гісторыі — гэта гісторыя найноўшая. Вядома, гісторыю як такую нашая нацыя мае доўгую, але яе разьвіцьцё ня раз рэзка перапынялася. Нацыя — гэта ў тым ліку і яе эліта, яе мозг. Ці можа быць галава бязь цела? Некалі беларуская нацыя пачала фармавацца ў Вялікім Княстве Літоўскім, але як толькі ледзь‑ледзь пачынаў узрастаць элітарны слой, яго падсякалі. Эліта рабілася то польскай, то расейскай. І мы зноў пачыналі з чыстага аркуша. Паступова беларуская нацыя пачала выкрышталізоўвацца — ужо ў савецкую пару. Вядома, у першую чаргу гэта насіла сялянскі, вясковы характар. Нацыянальная інтэлігенцыя была вясковая паводле паходжаньня. У гэтым няма нічога дрэннага — так гістарычна склалася, усе нацыі праходзілі прыкладна такое разьвіцьцё. Нават сёньня практычна ва ўсіх — карані на вёсцы. А гэта — адпаведны архетып мысьленьня, адпаведныя звычкі, адпаведны мэнталітэт і г. д. У значнай ступені нацыю пачаў фармаваць Лукашэнка. Лукашэнка — гэта чалавек, які вылучыў рэспубліку, народ, ён іх адмежаваў. Мы можам сёньня сказаць: «Беларусь — не Расея», і «Беларусь — не Ўкраіна», і «Беларусь — не Эўропа». За Лукашэнкам, у гэтыя гады (мы самі назіраем гэты цікавы працэс), Беларусь пачала фармавацца як САМАСТОЙНАЯ і СВОЕАСАБЛІВАЯ краіна. Дарэчы, так званы дэмакратычны выбар пачатку 1990‑х быў навязаны Беларусі. Рэспубліка была часткай вялікага абшару і міжволі прыняла ў сябе «перабудовачныя» працэсы. Але як толькі Беларусь пакінулі сам‑насам з сабой — яна тут жа адкінула «лібэральную дэмакратыю» (у 1994, у 1995, у 1996 гадах), адкінула пасьлядоўна, праявіўшы сваю адметнасьць. Калі хочаце, цяперашні палітычны лад — гэта непасрэдны вынік незалежнасьці Беларусі. Калі ж гаварыць пра нацыянальны характар... Нельга казаць, што нешта падабаецца ці не падабаецца ў рысах народу... Гэта данасьць. Мабыць, нейкага дынамізму беларускаму характару, мне здаецца, бракуе. Дынамізму, агрэсіі, энэргічнасьці... Вельмі моцна нам шкодзіць боязь новага. У ёй ёсьць плюс: мы не дапускаем шмат якіх памылак, якія робяць іншыя. Але мне здаецца, гэта трошкі «зашкальвае»: боязь экспэрымэнту ў нас завялікая. Гэта дрэнна, мы дысануем са сьветам. Сучасны сьвет — гэта экспэрымэнт, і наагул прагрэс — гэта экспэрымэнт, рызыка. А беларусы ня вельмі рызыкоўны народ. Збольшага гэта добра і натуральна, але ў нейкай частцы гэта дрэнна. Магчыма, гэта будзе зжывацца, паколькі мы ўключаемся ў самыя розныя глябальныя працэсы. Мне, напрыклад, хацелася б, каб мы «разварушваліся» хутчэй, каб мы больш экспэрымэнтавалі, каб мы былі наватарамі, каб менш баяліся новага. Каб, шануючы мінулае, мы ня скоўвалі сябе традыцыйнымі прывычкамі як кайданамі. |
Вольга Абрамава Сьвятлана Алексіевіч Яўген Бабосаў Анжаліка Борыс Ірына Бугрова Генадзь Бураўкін Алесь Бяляцкі Аляксандар Вайтовіч Андрэй Вардамацкі Вінцук Вячорка Павал Данейка Андрэй Дынько Сьвятлана Калінкіна Сяргей Калякін Кася Камоцкая Сяргей Касьцян Вячаслаў Кебіч Жанна Літвіна Анатоль Лябедзька Васіль Лявонаў Алег Манаеў Аляксандар Мілінкевіч Анатоль Міхайлаў Алесь Міхалевіч Тацяна Процька Андрэй Саньнікаў Уладзімер Улаховіч Валеры Фралоў Станіслаў Шушкевіч Усевалад Янчэўскі |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
Беларусь: ні Эўропа, ні Расея. |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |