A R C H E | П а ч а т а к | Выдавецтва «ARCHE» |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
Вольга АбрамаваПаводзіны Расеі прагматычныя, адпавядаюць яе нацыянальна‑дзяржаўным інтарэсам. Думаю, для вас не сакрэт, што я з самага пачатку свайго знаходжаньня ў палітыцы зьяўляюся прарасейскім палітыкам, але адначасова — і праэўрапейскім. Я стараюся трымаць гэты балянс. Я ўсьведамляю, што на гэтай прасторы ёсьць сфэра сумленнага ўзаемадзеяньня, і, як прагматычны чалавек, лічу, што яна і павінна быць захаваная — у нацыянальна‑дзяржаўных інтарэсах Беларусі. У дачыненьні да Беларусі расейскае кіраўніцтва праводзіць тую палі‑тыку, якая ня проста адпавядае нацыянальна‑дзяржаўным інтарэсам Расеі, але і падтрымліваецца большасьцю яе насельніцтва. Гэта аналягічна таму, як паводзіць сябе Аляксандар Лукашэнка: ён таксама ва ўнутраным і вонкавым пляне праводзіць палітыку, якая падтрымліваецца і падзяляецца большасьцю насельніцтва краіны.
Сьвятлана АлексіевічРасея сёньня ў складанай сытуацыі: імпэрыя пала, але імпэрская ідэя засталася. І гэта адзіная ідэя, якая засталася ў Расеі. Такое ўжо сустракалася ў гісторыі: імпэрыі распадаліся, а імпэрская сьвядомасьць яшчэ заставалася. Расея страціла Грузію, Украіну (не як тэрыторыі, але як сфэру свайго ўплыву), і гэта прымусіла яе жорстка сфармуляваць свае геапалітычныя інтарэсы. Мне не падабаецца імпэрская сьвядомасьць... Што цікава: у гэты момант у Беларусі інтарэсы асабістай улады Лукашэнкі супалі з інтарэсамі нацыі. Вось такія парадоксы таксама часам сустракаюцца.
Яўген БабосаўДумаю, палітыка Расеі ў дачыненьні да Беларусі дваістая. Гэта зьвязана з тым, што ў Расеі, у адрозьненьне ад Беларусі, ёсьць алігархі, якія зацікаўленыя больш у тым, каб Расею схіліць да падпарадкаваньня Захаду, чым да саюзу зь Беларусьсю. Таму гэтыя алігархі перашкаджаюць працэсу аб’яднаньня народаў. У нас жа ёсьць усе падставы... 38% (!) беларускіх жанчын — гэта навуковыя зьвесткі! — замужам за расейцамі і ўкраінцамі. 38% — больш чым трэць! І 36% мужчынаў жанатыя з расейкамі, ці ўкраінкамі, ці прадстаўніцамі яшчэ нейкіх нацыяў. Ніякімі межамі, ніякімі дагаворамі гэта не вызначаецца. У мяне ёсьць колішні асьпірант, ён з Заўральля. У яго маці памерла, як паехаць на пахаваньне — вось праблема! Дорага каштуе. А калі ва Ўладзівастоку? Там у мяне ёсьць дактарант, прафэсар, які атрымаў званьне доктара. Ён наш, беларус. Як паехаць да яго ў госьці? Праблема не чалавечых стасункаў, а эканамічнага парадку — няма за што паехаць. Вось гэта перашкаджае... Вось мяне запрасілі ў Маскву на Расейскі кангрэс сацыёлягаў. Уступны ўзнос — 450 тыс. рублёў. Вось я і думаю: ехаць ці ня ехаць? Вось пытаньне. А студэнту? Ды ніколі ў жыцьці! Праблема стаўленьня Расеі да Беларусі дваістая. З другога боку, Расея ў Беларусі вельмі зацікаўленая — заходнія рубяжы ўсё‑такі і прыкрыцьцё з захаду. Калі што — дык Беларусь першая! Усе ж памятаюць Берасьцейскую крэпасьць, калі што.
Анжаліка БорысЯк імпэрскую.
Генадзь БураўкінНа вялікі жаль, у мяне такое ўражаньне, якое з часам не слабее, а наадварот, павялічваецца, мацнее, што ў Расеі ня толькі на дзяржаўным узроўні, а на ўзроўні грамадзтва вельмі актыўна рэанімуюцца ідэі імпэрскасьці. Многія расеяне, у тым ліку і дзеячы культуры, вельмі хочуць быць абавязкова вялікімі, абавязкова сваю волю калі не дыктаваць, дык навязваць іншым. Перш за ўсё тым, хто бліжэй да іх, хто быў некалі ў Савецкім Саюзе. Вы заўважылі, што вельмі часта апошнім часам гаворыцца пра Савецкі Саюз як пра разнавіднасьць Ра‑сейскай імпэрыі. Для расеян гэта ўжо, як кажуць, дадзенасьць. Хаця я лічу, калі ўжо быць гістарычна дакладным, поўнай роўнасьці ставіць паміж Расейскай імпэрыяй і Савецкім Саюзам нельга. Ува ўсякім выпадку, нават у Леніна было жаданьне адысьці ад таго, што было ў Расейскай імпэрыі, недарма ж ён гаварыў, што Расея — «турма народаў». Цяпер чамусьці палітыкі нават на самым высокім узроўні вельмі ахвотна ставіць знак роўнасьці паміж Расейскай імпэрыяй і Савецкім Саюзам. Савецкага Саюзу няма — яны з гэтым згодныя. Яны нават згодныя з тым, што Савецкага Саюзу і быць ня можа. Але — павінна вярнуцца Расейская імпэрыя! Не ў такіх фармулёўках, канечне. Часам гучыць: павінна вярнуцца вялікая Расея, павінна вярнуцца расейская магутнасьць і г. д. Калі адкінуць дыпляматыю і нейкія стылёвыя хітрыкі, гэта ўсё ідзе гаворка пра вяртаньне, рэанімацыю Расейскай імпэрыі. А гэта значыць, калі далей весьці гэты лягічны ланцужок, што Расея зноў хоча мець пад сваім кіраўніцтвам і Беларусь, і Ўкраіну, і Казахстан, і Грузію. Я ня ведаю, можа, яны падумваюць і пра Прыбалтыку — гэта яны асьцярожна пакуль што гавораць. Таму тыя палітычныя асаблівасьці сёньняшняй Расеі, якія я бачу, мяне вельмі палохаюць. Адсюль тая непрыхаваная русіфікацыя, якую Расея вельмі баіцца страціць. У Беларусі для іх праблемы з расейскай мовай, ці — як яны кажуць — з расейскамоўным насельніцтвам, няма. А паглядзіце, як яны гэтае пытаньне разглядаюць у дачыненьні да Латвіі, Эстоніі, нават да той жа Ўкраіны ці Малдовы. Абсалютна імпэрскія настроі, імпэрскі падыход. Яшчэ мяне вельмі трывожыць тое, што ў палітычным асяродку Расеі адбываюцца працэсы, якія вельмі нагадваюць пра тое, што зьвязана з фашызмам. На самым высокім узроўні ўсякія Жырыноўскія, Затуліны і г. д. атрымліваюць для гэтага агромністыя трыбуны, тэлевізійныя і іншыя, дзе яны клічуць да прымяненьня сілы да тых, хто паводзіць сябе ня так, як ім здаецца патрэбным. Я ўжо не кажу пра гэтыя вар’яцкія заявы, што трэба памыць боты ў Індыйскім акіяне. І ўсё гэта не асуджаецца. Калі й асуджаецца, то вельмі нясьмела, праз зубы. А ўсё гэта ідзе ледзь не пад аплядысмэнты вельмі многіх людзей. І я думаю, не выпадкова тое, што апошнім часам адбылося ў Расеі ў дачыненьні да студэнтаў‑замежнікаў, у якіх іншы колер скуры, у дачыненьні да сынагог. Мяне гэта вельмі і вельмі насьцярожвае. Таму тое, што мы ўцягваемся ў арбіту расейскага палітычнага жыцьця, гэтых працэсаў, для мяне гэта страшна, вельмі трывожна. І я проста баюся, што калі мы (а мы ў многім вельмі блізкія) прымем гэткае ад іх, то ня толькі для нашай душы, для нашай гісторыі гэта будзе трагічна — гэта будзе трагічна для лёсу нашай маладой нацыянальнай дзяржавы.
Алесь БяляцкіПалітыку Расеі расцэньваю як недалёкую, абмежаваную, пабудаваную на першасных інстынктах, я сказаў бы. Гаварыць пра нейкую стратэгію Расеі ў дачыненьні да Беларусі не выпадае. Усё пабудавана на абсалютна тупалобым, вайсковым прагматызьме. І на сёньняшні дзень гэта ёсьць вонкавай палітыкай Расеі ў дачыненьні да ўсіх краінаў, якія раней уваходзілі ў СССР. Чаму прыбалты з такой хуткасьцю выскачылі з усіх «саюзных пагадненьняў», дачыненьняў, эканамічных стасункаў і г. д.? Яны гэта зрабілі нягледзячы на любыя эканамічныя страты, хоць гэта, можа, было нявыгадна, і цяпер яшчэ нявыгадна, і яшчэ нейкі час будзе нявыгадна. Яны адчувалі, што калі яны застаюцца ў гэтай постсавецкай багне, то ім усё роўна за гэта прыйдзецца плаціць у пяць разоў даражэй, чым яны зрабілі адразу, адрэзаўшы гэтую пупавіну як мага хутчэй і зваліўшы адсюль. На сёньняшні дзень мы бачым, што робіць Расея з Грузіяй, з Малдовай: фактычна, ідзе прыхаваная эканамічная блякада. Гэты шлях раней ці пазьней будзе чакаць і нас, калі Расея ня зьменіць свайго стаўленьня. У яе сёньня няма падставаў мяняць: яна занадта вялікая краіна, ёй гэтая Грузія ці, урэшце, Беларусь... Хіба што Ўкраіна можа нешта значыць у эканамічным пляне. Усе іншыя краіны для яе — нішто. Можа, Беларусь і Ўкраіна як транзытныя шляхі — тут на іх больш завязана на Эўропу, на гандаль і г. д. А што тычыць гэтых няшчасных маленькіх краінаў кшталту Малдовы і Грузіі, якія геапалітычна — зусім нікуды, дык расейцы іх душаць, топчуць, зьдзекуюцца зь іх як хочуць. Таму гаварыць пра нейкае сур’ёзнае стаўленьне да Беларусі пакуль не прыходзіцца. Як сябе паводзіць п’яны жаўнер у бардэлі, такім чынам Расея сябе паводзіць з усімі гэтымі малымі краінамі, якія вакол яе ўтварыліся. Я думаю, што ў бліжэйшы час ніякіх зьменаў не адбудзецца: тут мы не павінны мець ніякіх ілюзіяў. І гэта яшчэ адна зь вельмі моцных падставаў таго, чаму Беларусь як мага хутчэй павінна ўлятаць, уяжджаць, убягаць у Эўразьвяз. Таму што тут нас нічога добрага не чакае. Умоўна кажучы, нам трэба цяпер як мага хутчэй будаваць пяцімэтровы плот на нашай усходняй мяжы, пакідаць там дзесяць‑дваццаць праходаў для культурных і сямейных стасункаў, а ўсё астатняе — перакрываць. Інакш гэта можа вельмі‑вельмі кепска для нас скончыцца. Так, як, урэшце, уся гісторыя саюзу з Расеяй для нас — нейкая суцэльная трагедыя, якая выліваецца кожны раз у мільённыя ахвяры. Я ўжо не кажу пра эканамічныя шкоды — толькі пра чалавечыя ахвяры.
Аляксандар ВайтовічКалі вельмі коратка, то я ацэньваю палітыку Расеі цяпер як неадпаведную нацыянальным інтарэсам і Расеі, і Беларусі.
Андрэй ВардамацкіРасейская палітыка проста недальнабачная. Яна заключаецца ва ўзаемадзеяньні толькі з афіцыйнымі структурамі, будучыня якіх, увогуле кажучы, стратэгічна няпэўная. І іншыя сэгмэнты грамадзтва вельмі добра гэта бачаць. І пры зьмене сытуацыі іншыя сэгмэнты грамадзтва будуць мець насьцярожанае стаўленьне да Расеі.
Вінцук ВячоркаГаворка не на адзін абзац. Сьцісла — нічога ў іхнай палітыцы не мяняецца, дакладней, яе сутнасьць зноў праясьняецца для тых, хто ў нейкі момант паверыў у магчымасьць зьмены. «Лібэральная імпэрыя», — сказаў Чубайс. Імпэрыя ня можа быць лібэральнаю; цяпер відавочна (тым, хто раней ня бачыў), што яна такою і ня ёсьць. Дарэчы, цікава, што Беларусь там мала ведаюць, не разумеюць працэсаў у нашым грамадзтве. Тыя, хто прымаюць рашэньні, жывуць стэрэатыпамі. Кранікам як унівэрсальным рычагом. Можа, гэта і добра?
Павал ДанейкаЯ перакананы, што ніякай замежнай палітыкі ў Расеі няма. Расея ня ў стане выпрацоўваць нейкую асэнсаваную замежную палітыку з адной простай прычыны: яна ня ў стане адрэфлексаваць нацыянальныя інтарэсы. Рэшткі імпэрскага замежнапалітычнага мысьленьня ў значнай ступені вызначаюць на сёньняшні дзень дзеяньні Расеі. Гэтыя дзеяньні, у маім разуменьні, супярэчаць інтарэсам Расеі. Пытаньне ў тым, як мы вызначаем гэтыя інтарэсы. Калі мы вызначаем іх праз рост дабрабыту, які будзе надзейна абаронены ад замахаў звонку і знутры, калі мы гэта разглядаем як галоўную задачу дзяржавы, дык, безумоўна, такому разьвіцьцю падзеяў у Расеі цяперашняя замежная палітыка супярэчыць. Яна заснавана на іншых дапушчэньнях, на нейкіх ідэалягічных дапушчэньнях: яны па‑ранейшаму мысьляць прасторавымі характарыстыкамі, па‑ранейшаму лічаць важным, каб іх баяліся. Гэта абсалютная каша з розных спадчынаў, якая да сучаснай Расеі, да народу, які там жыве, ня мае ніякага дачыненьня. Таму і ў дачыненьні да Беларусі як такой палітыкі няма і не было. Нейкія імпэрскія структуры, што захаваліся, цешацца з такога тыпу стасункаў, дзе для іх галоўнае — «наш сатэліт», «саюзьнік», «малодшы брат»: адчуваньне, што нехта ад іх залежыць. Але гэта закранае альбо масавую сьвядомасьць, якая неадрэфлексаваная, як спадчына прапаганды, альбо зусім «адвязаных» інтэлектуалаў, якія шмат ведаюць, але мала разумеюць. Сур’ёзныя эліты ставяцца да гэтага як да гульні, яны досыць цынічна выкарыстоўваюць наяўны набор стэрэатыпаў для дасягненьня сваіх уласных інтарэсаў — групавых і асабістых.
Андрэй ДынькоЯ ацэньваю палітыку Расеі ў дачыненьні да Беларусі як прагматычную аж да цынізму. Я таксама ацэньваю яе як недальнабачную. Расейская палітыка апошняга дзесяцігодзьдзя грунтавалася на безагаворачнай падтрымцы аўтакратычнага рэжыму Лукашэнкі пры захаваньні патаемных спадзяваньняў на тое, што ў выніку ўрэшце Беларусь удасца‑такі вярнуць ува ўлоньне матухны‑Расеі. З аднаго боку, гэтая палітыка вельмі пыхлівая, яна ігнаруе той факт, што рэпрэсіўны рэжым у Беларусі супярэчыць інтарэсам многіх слаёў беларускага грамадзтва, што ён ненатуральны для краіны Цэнтральнай Эўропы. Адна толькі Беларусь мае такі рэжым, нідзе побач другога такога няма. Рэжымы, якія былі ў Славаччыне ці Харватыі, вельмі хутка ўпалі. І гэта прыводзіць да вялікага расчараваньня беларускай грамадзянскай супольнасьці ў Расеі. Я назваў бы гэтую палітыку цынічнай. Калі адкінуць усякія фігуры ўмаўчаньня, то яна прадугледжвае асыміляцыю беларускага народу як такога. Мне цяжка знайсьці які іншы прыклад у Эўропе, калі б адна краіна ставіла сабе стратэгічнай задачай выкарыстаць сытуацыю, інкарпараваць другую краіну і зьнішчыць яе нацыянальную адметнасьць. Гэта тое, што выклікала ўсе апошнія гады зразумелы непакой у асяродзьдзі беларускай нацыянальнай эліты, выклікала таксама вялікія страхі беларускага бізнэсу. І гэта накладаецца на ранейшыя псыхалягічныя траўмы ў стасунках між Беларусьсю і Расеяй. Аднак Расея, я спадзяюся, застанецца дэмакратычнай краінай, адказным членам эўраатлянтычнай супольнасьці. Эканамічныя кантакты Беларусі з Расеяй вельмі істотныя, нягледзячы на тое, што экспарт беларускіх тавараў у Эўразьвяз у апошнія гады ўвесь час рос, а экспарт у Расею — падаў. Тым ня менш, Расея застаецца для Беларусі самым вялікім суседам, краінай, зь якой Беларусь мае найбольш працяглую мяжу. Я бачу адной з асноўных задачаў беларускіх інтэлектуалаў на сёньня — знайсьці такія варыянты суіснаваньня з Расеяй, пры якіх бы Расея перастала быць крыніцай небясьпекі для Беларусі, а была крыніцай спрыяньня ўстойліваму разьвіцьцю.
Сьвятлана КалінкінаПалітыка Расеі — гэта палітыка імпэрыі. Па вялікім рахунку, Беларусь для Расеі — гэта калёнія: зь яе трэба выцягнуць як мага больш. І ўсё астатняе, па вялікім рахунку, Расею не цікавіць. Але тут я б не абвінавачвала толькі адну Расею, таму што шмат у чым мы вінаватыя самі. Мы самі дазволілі, у нас саміх было такое кіраўніцтва. І нават — мы самі імкнуліся задушыцца ў гэтых братніх абдымках. У той жа час гэтая палітыка не разьлічаная на шмат гадоў — гэта кароткачасовая палітыка. Цяпер, мне здаецца, у Расеі нейкія такія спробы хаця б неяк па‑іншаму, іншым нейкім ракурсам глянуць на тое, што адбываецца ў стасунках паміж ёй і Беларусьсю, ужо ёсьць. Але яны яшчэ не ў Расеі як дзяржавы, а ў нейкіх расейскіх аналітыкаў, палітолягаў. Такія спробы ёсьць, таму мне здаецца, што ўсё ж такі ў нейкай блізкай пэрспэктыве дачыненьні паміж Беларусьсю і Расеяй зьменяцца. Іншая справа, што гэтага можа не адбыцца наагул, калі ў хуткім часе ажыцьцявяцца пляны ў стварэньні саюзнай дзяржавы як адзінай, цэльнай, маналітнай і г. д.
Сяргей КалякінКалі браць апошні пэрыяд, то ацэньваю расейскую палітыку як недальнабачную. Расея дэкляруе на дзяржаўным узроўні, што Беларусь зьяўляецца стратэгічным партнэрам, што зь Беларусьсю будуецца адзіная дзяржава, што ёсьць стратэгічныя інтарэсы. Разам з тым Расея глядзіць праз пальцы на тое, што Беларусь усё больш аддаляецца, у тым ліку — і ад Расеі. Паводле ўсіх парамэтраў! Мы будуем дзесяць гадоў саюзную дзяржаву — з 1996 году. Калі мы возьмем 1996 год і 2006 год, дык убачым: у 1996 годзе Беларусь і Расея былі значна бліжэйшыя адна да адной паводле ўсіх парамэтраў — у сыстэме эканамічнай дзейнасьці, у сыстэме палітычных стасункаў, сацыяльных адносінаў... Апроч таго, Расея ў стасунках зь Беларусьсю кіравалася і будзе кіравацца ўласнымі інтарэсамі. І гэта нармальна! Гэтак жа паводзіць сябе любая іншая краіна: Германія ў дачыненьні да Беларусі будзе кіравацца сваімі інтарэсамі, Польшча — сваімі, Эўрасаюз — сваімі, ЗША — сваімі... Таму Расея зыходзіць са сваіх інтарэсаў. Але, на мой погляд, яна разумее іх няправільна і недальнабачна. Робячы стаўку толькі на дзейны рэжым, які падтрымліваецца няхай нават палавінай насельніцтва Беларусі, Расея проціпастаўляе сабе другую палавіну: тая бачыць, што Расея, аказваючы падтрымку сёньняшняму рэжыму, тармозіць трансфармацыю, тармозіць перамены, тармозіць дэмакратызацыю Беларусі. І яна бачыць у Расеі перашкоду: калі б не было сёньня падтрымкі Расеі, дык перамены адбыліся б, магчыма, хутчэй. І трэба разумець, што тая палавіна, якая не падтрымлівае Лукашэнку, — маладзейшая, больш адукаваная. Гэта — частка, за якой будучыня. І працяглай падтрымкай толькі аднаго боку Расея стварае прэцэдэнт: у пэрспэктыве ў яе робіцца ўсё больш і больш праціўнікаў. На мой погляд, ёй трэба тэрміновым чынам мяняць сваё стаўленьне да працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі, і паказваць беларусам, што нашы праблемы мы павінны вырашаць самі. Але ў той жа час яна павінна паказваць, што яна не выбірае нейкага боку і штучна не тармозіць працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі. А пры разумным падыходзе Расея магла б аказваць і дапамогу ў зьменах, што адбываюцца ў Беларусі, зыходзячы з таго, што Беларусь і фармальна ў супольнасьці Расеі і Беларусі ўзяла на сябе шмат якія абавязаньні, якіх не выконвае, — у галіне правоў чалавека, палітычных свабодаў і іншага. І Расея сёньня мае больш уплыву і мажлівасьцяў, фактычна, чым Эўропа, чым ЗША. Яна павінна прадэманстраваць, што яна дапамагае Беларусі ў вырашэньні існых у яе праблемаў. А тым самым яна дапамагла б у вырашэньні праблемаў, якія сёньня ў Беларусі ёсьць у стасунках з Эўропай, з ЗША і г. д. І, на мой погляд, Расея магла б уключыцца ў сёньняшні агульны сусьветны працэс спробаў вырашэньня існага глыбокага палітычнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь.
Кася КамоцкаяГэта адназначная падтрымка дыктатуры пры дапамозе газу і нафты. І інфармацыйная падтрымка, і дыпляматычная.
Сяргей КасьцянЯ б сказаў так, што гэтая палітыка мае два кірункі. З аднаго боку, Расея рабочых і сялянаў, прагрэсіўнай інтэлігенцыі, частка палітычных дзеячаў Расеі выступаюць за хутчэйшы саюз Беларусі і Расеі. За моцны саюз Беларусі і Расеі! Але ёсьць і частка палітычных дзеячаў (у Расеі, але ня рускіх!), якія выступаюць ад імя Расеі і выступаюць супраць гэтага саюзу. Мы гэта ўлічваем. І нават апошняе рашэньне аб павышэньні цэнаў на газ для Беларусі сьведчыць аб тым, што тыя сілы ў Расеі, якія кіруюцца патрабаваньнямі з Вашынгтону, яны і заявілі аб гэтым. Чаму? Нядаўна адзін з палітычных дзеячаў, эканаміст з Заходняй Эўропы, па «EuroNews» сказаў, што трэба патрабаваць ад Расеі, каб яна перастала прадаваць Беларусі газ па ўнутраных цэнах, каб хутчэй абваліўся рэжым Лукашэнкі, бо шляхам выбараў яго адлучыць ад улады нельга. Прайшоў адзін тыдзень — і гэтыя сілы (антырускія, падкрэсьліваю, і антыбеларускія!) прынялі гэтае рашэньне. Але пабачым, што будзе далей, бо рускі народ ужо падняўся: на 3 красавіка арганізуецца ў Расеі пікет супраць «Газпрому», 2 красавіка — Сабор грамадзкіх аб’яднаньняў Расеі і Беларусі, дзе прынялі рэзалюцыю, адрасаваную Пуціну і ў «Газпром», супраць увядзеньня гэтых цэнаў. У Расеі ўжо адкрыта гавораць, што гэта спэцыяльна робіцца так, каб не дапусьціць стварэньня моцнага саюзу Беларусі і Расеі, моцнай саюзнай дзяржавы. Я думаю, што рускі народ зможа дабіцца адмены гэтых здрадных рашэньняў.
Вячаслаў КебічШто да Расеі, там ёсьць дзьве плыні. Палітычная плынь: любым спосабам ня страціць Беларусь, мець зь ёй добрыя стасункі. Таму што гэта — адзіны калідор на Захад, які застаўся ў Расеі. Ёсьць яшчэ і другі напрамак — эканамічны. Калі ўзяць той жа «Газпром», напрыклад, ён не займаецца палітыкай — ён займаецца эканомікай. І чым даражэйшую вырвеш у кожнай дзяржавы цану, тым для таго ж Мілера лепш. Таму пераважаюць два напрамкі. Але хоць эканамісты заціскаюць Рэспубліку Беларусь, верх пакуль бярэ палітычны пачатак.
Анатоль ЛябедзькаУ Расеі няма стратэгіі да Беларусі. Узважанай, зразумелай стратэгіі — няма. Масква, як і Брусэль, да прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі аказалася непадрыхтаванай. Таму для Расеі ідэальным вынікам гэтай кампаніі быў статус‑кво, калі нічога не мяняецца. Яны не падрыхтаваныя, каб быць актыўным гульцом на палітычным полі Беларусі, таму яны імкнуліся захаваць гэтую сытуацыю, але з адной дабаўкай: Лукашэнка застаўся каля ўлады, але застаўся як зганьбаваны фальсыфікацыямі. Таму сам Лукашэнка змушаны шукаць легітымізацыі ня толькі ўнутры краіны (што прыярытэтна!), але і дзесьці за межамі. Дзе? Вось у Расеі. Ён прыходзіць туды слабы: усе ведаюць, што былі фальшаваньні, што ён ня выйграў выбараў. Гэтую слабасьць Расея можа выкарыстоўваць, каб вырашаць свае пытаньні: эканамічныя і палітычныя. Я прагназую, што зараз адбудзецца зьмена ў Маскве (як і ў Брусэлі). Масква пачне рабіць інвэстыцыі ў палітычную інфраструктуру. Яна пачне ствараць палі‑тычныя суб’екты, якія будуць арыентавацца на Расею, і пачне вырошчваць свайго беларускага януковіча. Як толькі гэта будзе зроблена, Масква пачне дзейнічаць актыўна, прагматычна і даволі жорстка. Тут ёсьць плюсы і мінусы. Плюс у тым, што гэта новая якасьць. Новая якасьць азначае, што Лукашэнка тады мусіць адкрываць два франты: Першы і Другі Беларускія — на ўсход і на захад. Яму гэта будзе значна больш складана: рэсурсы распыляцца. Мінус у тым, што ёсьць вялікая верагоднасьць, што Масква зможа «прадавіць» кандыдата з падтрымкай тых палітычных сілаў, якія вельмі моцна арыентаваныя на Расею.
Васіль ЛявонаўПалітыка Расеі ў дачыненьні да Беларусі недальнабачная, памылковая.
Алег МанаеўВыказваючыся навуковай мовай, ацэньваю гэтую палітыку як неадэкватную, гэта значыць, неадпаведную рэальнасьці. Канкрэтна гэтая неадэкватнасьць праяўляецца ў тым, што, асабліва пасьля нядаўніх «каляровых рэвалюцыяў», Расея ўсімі сіламі спрабуе не наладзіць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з новымі кіраўнікамі і элітамі, а вярнуць свой уплыў у гэтых краінах, падтрымліваючы адыёзных кіраўнікоў і кансэрватыўныя эліты. Тым самым палітыка Расеі аб’ектыўна ўступае ў супярэчнасьць з нацыянальнымі інтарэсамі суседзяў. Як бы ні ставіцца да гэтых новых кіраўнікоў і элітаў, відавочна, што нацыянальны інтэрас любой краіны скіраваны ў будучыню, а не ў мінуўшчыну. Пуцін публічна заявіў, што Расея прывыкла мець стасункі з тымі элітамі ў суседніх і іншых краінах, якія знаходзяцца пры ўладзе. Гэтым ён тлумачыў падтрымку Акаева, Лукашэнкі, Кучмы... Гэта і ёсьць неадэкватнай палітыкай. Што значыць «прывыкла»? Калі так рабілі твае папярэднікі і Расея ад гэтага мела больш мінусаў, чым плюсаў (а каляпс СССР таму сьведчаньнем), дык мяняй гэтую палітыку — ці мала што было раней! Але Расея, на жаль, гэтага ня робіць, у чым мы пераканаліся на прыкладзе апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Яшчэ ў канцы 2005 году былі нейкія надзеі, спрэчкі, дыскусіі, заснаваныя на папярэдніх стасунках беларускіх контрэліт з расейскімі партнэрамі. Але цяпер відавочна, што расейскае кіраўніцтва вырашыла захаваць свой уплыў у Беларусі, падтрымліваючы палітычны статус‑кво. Не бяруся меркаваць, наколькі гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам Расеі (думаю, што не), але нашым нацыянальным інтарэсам гэта дакладна не адпавядае. Колькі часу гэта будзе працягвацца, ня ведаю. Некаторыя зрухі адбываюцца (напрыклад, апошняя газавая калізія). Але ці значыць гэта, што палітыка Расеі адносна Беларусі робіцца больш адэкватнай? Калі б мы бачылі, што гэтыя крокі робяцца для таго, каб палітыка беларускага кіраўніцтва зрабілася больш дэмакратычнай, паважлівай да правоў сваіх грамадзянаў, больш адкрытай да знадворнага сьвету і г. д., — можна было б сьцьвярджаць, што палітыка Расеі робіцца больш адэкватнай. Але мы бачым, што гэтыя крокі маюць перад сабой зусім іншыя мэты.
Аляксандар МілінкевічЛічу, што Расея, імкнучыся вырашыць свае геапалітычныя інтарэсы коштам дзесяцімільённага народу, робіць вялізную памылку. Гэта беспэрспэктыўная палітыка, стратэгія аднаго дня. Расейскае кіраўніцтва, прызнаючы вынікі сфальсыфікаваных выбараў, прызнаючы нелегітымнага прэзыдэнта, настройвае супраць сябе мноства людзей. І перш за ўсё маладых, якія ў будучыні будуць кіраваць Беларусьсю, і зь якімі Расеі выбудоўваць дачыненьні. Мы са свайго боку заўсёды кажам маскоўскім палітычным элітам, што ў стратэгічным інтарэсе Расеі — дэмакратычная Беларусь. Я б назваў нашае стаўленьне да Расеі прагматычным. Расея — суседняя дзяржава, зь якой мы маем намер будаваць адкрытыя, узаемавыгадныя, прыязныя стасункі, падмуркам якіх ёсьць, перш за ўсё, эканоміка і дабрабыт грамадзянаў, а не палітычная каньюнктура.
Анатоль МіхайлаўПалітыка Расеі на постсавецкай прасторы ў цяперашні час пазбаўленая пачуцьця рэалізму. Зьдзіўляе, што нават ажыцьцяўленьне таго, што магло б быць абазначана як адстойваньне нацыянальных інтарэсаў, аказваецца, як правіла, контрапрадуктыўным.
Алесь МіхалевічЯ яе ацэньваю як такую пазыцыю: Беларусь зьяўляецца васалам Расеі. Мы зьяўляемся краінай, якая дэ‑факта ў асноўных пытаньнях кіруецца з боку Ра‑сеі.
Тацяна ПроцькаУ Расеі цяпер няма ніякай доўгатэрміновай прадуманай зьнешняй палі‑тыкі ў дачыненьні ні да якіх краінаў. Усё вельмі спарадычна. У самой Расеі ідуць працэсы, і няведама, якая яна будзе. З аднаго боку, яна — з Амэрыкай. З другога боку, яна пачынае гульні з Кітаем. З трэцяга боку, умацоўвае дачыненьні з Эўразьвязам. Усё гэта адбіваецца і на адносінах зь Беларусьсю. Але Расеі важна мець з намі сяброўскія стасункі. Па‑першае, мы эўрапейская краіна, мы ўваходзім у эўрапейскія арганізацыі. Калі ты хочаш там нешта правесьці, то даражыш кожным голасам. Па‑другое, мы транзытная краіна. Расея разумее нашую геапалітычную значнасьць для сваёй палітыкі. І, канечне, адзіная мова, адзінае савецкае мінулае. Апошняе найбольш значна. У Расеі шмат людзей, у тым ліку і палітыкаў, якія мараць узнавіць савецкую сыстэму, выправіўшы яе «недахопы». А ў Беларусі гэта ўжо робіцца. З усіх краінаў былога СССР Беларусь была і застаецца найбольш савецкай. Была такая палітыка камуністаў — зрабіць буфэрную ўзорную краіну для Захаду, дзе дэманстраваліся б савецкія каштоўнасьці, новая супольнасьць «савецкі народ»... Пад іншымі словамі цяпер гэтая мадэль зноў пачынае сваё жыцьцё. Па‑трэцяе, пасьля вайны ў Беларусі асела значная частка расеянаў. Гэта таксама вымушае кіраўніцтва Расеі мець да нас цікавасьць. Ёсьць і іншыя сувязі. Расея сёньня — казырная карта і ўва ўнутрыпалітычных беларускіх гульнях. І дэмакратычная апазыцыя, і кіраўніцтва краіны шукаюць там фінансавай падтрымкі. Расейскія грошы ў палітыцы сёньня найбольш прывабныя. Нельга не згадаць і эканамічныя стасункі Расеі і Беларусі.
Андрэй СаньнікаўЯ ня бачу пакуль што сур’ёзнай і станоўчай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Таму што існуе такая, я б сказаў, упартая падтрымка дыктатуры (мы гэта і пры Ельцыну бачылі, і цяпер пры Пуціну), усіх тых працэсаў, якія прывялі ў Беларусі да дыктатуры і таталітарызму. Нягледзячы ні на што, Расея ніякіх памылак не заўважае. Расея не стварае сяброў на будучыню. Кіраўніцтва Расеі, як заўсёды, клапоціцца пра вобраз моцнай дзяржавы, сусьветнага гульца. Можа, і нельга чакаць, што Расея будзе паводзіць сябе іначай. Але ж тры‑чатыры, нават пяць гадоў таму, калі невядома было, якую палітыку будзе праводзіць Пуцін, там гучэлі і абмяркоўваліся ідэі: калі мы хочам быць дэмакратычнай дзяржавай, то чаму мы не падтрымліваем дэмакратычныя працэсы ў суседзяў? Нельга сілай стварыць сяброў! Я думаю, усё ж такі большасьць беларусаў не з такой ужо прыхільнасьцю ставіцца да Расеі, як гэта падаецца і ў расейскіх, і ў нашых афіцыйных мэдыях. Відавочна, што калі б была іншая палітыка, можна было б размаўляць і пра тое, што ёсьць нейкі выбар між Эўразьвязам і пэўнымі адносінамі з Расеяй (не саюзам!). А цяпер я катэгарычна кажу: наша гісторыя нас навучыла, што такі драматычны выбар у нас у будучыні не стаіць.
Уладзімер УлаховічПалітыку Расеі ў дачыненьні да Беларусі расцэньваю як традыцыйную.
Валеры ФралоўМне яна ня вельмі зразумелая з пункту гледжаньня здаровага сэнсу. Зь нейкіх каньюнктурных меркаваньнях яна, у прынцыпе, зразумелая. Імкненьне Расеі захаваць прастору, на якой яна мела б уплыў і якая выходзіць за рамкі яе тэрыторыі, натуральнае. Недзе ўплывае эканамічная каньюнктура, «труба». Але стратэгічна мне незразумелая гэтая палітыка. Расея пакуль падтрымлівае Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, хоць ён ужо зрабіўся бервяном на шляху манэўру Расеі. Нейкія пытаньні на нейкіх этапах вырашаюцца, але каб мы існавалі як два брацкія народы, у саюзе на ўзор Эўрасаюзу — ну ніяк не дапамагае! Я ня ўтойваю, я палітык прарасейскай арыентацыі. Мы тут для нацыяналістаў ворагі нейкія, яны лічаць, што мы здаем Беларусь. Ды мы яе ніяк ня хочам здаваць! Проста мы, я думаю, шырэй глядзім на жыцьцё. А расейцы ўжо нас лічаць нацыяналістамі. Прарасейская, цьвярозая, канструктыўная апазыцыя аказалася вельмі мала запатрабаваная. У Расеі, дзе я быў перад Новым годам, зрухі ўжо ідуць. Там ёсьць Эўрапейскі форум, на які з краінаў былога Савецкага Саюзу зьбіраюцца дзьвесьце‑трыста чалавек. Фонд эфэктыўнай палітыкі Глеба Паўлоўскага запрашае канструктыўных палітыкаў з, скажам так, прарасейскім ухілам. Вось я быў на чарговым гэтым форуме перад Новым годам, там тады было ня трыста, а чалавек шэсьцьдзесят — каб сумесна сустрэць Новы год. Я быў там, Казулін... Пасьля размовы з Мадэстам Колеравым (ёсьць там такі начальнік упраўленьня па справах СНД) у мяне зьявілася жаданьне плюнуць на ўсё і паехаць дамоў, у Менск. Потым мы пагутарылі з Какошыным, Глебам Паўлоўскім — яны зьмякчылі сытуацыю, але я паехаў адтуль вельмі сумны і расхваляваны. Я ж перажываю ня толькі за Беларусь. Я перажываю і за Расею, таму што ў нас з Расеяй шмат што ўзаемазьвязана. Мы аказаліся там мала каму патрэбнымі. Тут, у Беларусі, на палітычнае поле, на якім дзейнічае наша традыцыйная апазыцыя, яна імкнецца нас не пусьціць. Заўважце, да ўсіх тых ініцыятываў, якія мы прапаноўвалі, калі былі дэпутатамі (зьмяненьні ў Выбарчы кодэкс, кантрактная сыстэма), яны ставіліся вельмі асьцярожна. Калі нашая ініцыятыва, а яны падтрымалі — значыць, мы падняліся на ўзровень, мы ў аўтарытэце, а яны тады хто? Ішла (і цяпер ідзе) ціхая міжусобная вайна паміж асноўнымі часткамі нашай апазыцыі, і нас яны не пускаюць на сваю паляну. Таму недзе і прыклейваюць ярлыкі: «Яны здадуць Беларусь! Яны матчынай мовы ня ведаюць», — ці яшчэ што‑небудзь такое. Калі мы галадалі ў мяне ў кватэры, там было шмат прадстаўнікоў АГП і быў Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні БНФ. Часам увечары рабіць няма чаго — вось мы сядзем зь ім на бальконе і пачынаем высьвятляць погляды партыі, спрачацца пра нешта. Я гавару Івашкевічу: «У мяне адчуваньне Беларусі нашмат большае, чым у нашых лібэралаў. Таму што я вырас тут, таму што мяне выхоўвала мая беларуская бабуля, якая была непісьменная, і мая цётка, якая скончыла чатыры клясы». Вядома, нешта ў мяне і расейскае налажылася: бацька ў мяне — расеец, а маці — беларуска. Я шмат у Расеі служыў, мне і Расея дарагая. Вядома, тут нейкая пэўная раздвоенасьць прысутнічае. Нас хочуць падзяліць: «Ага, раз ты за Беларусь — значыць, ты супраць Расеі. Раз ты за Расею — значыць, ты будзеш беларусаў душыць». Ды глупства гэта! Эўрасаюз аб’яднаўся, а мы ўсё дзелімся, хто з нас большы дэмакрат, хто якімі прынцыпамі кіруецца, хто каго хоча паглынуць і іншае.
Станіслаў ШушкевічЯк імпэрскую. Я падзяліў бы толькі... Я люблю расейскіх людзей. І ў мяне такое ўражаньне, што беларусаў амаль усе на сьвеце любяць. І расейцы — вельмі любяць. Але расейскае кіраўніцтва заўсёды было ворагам. Расейская ўлада, колькі яе ні было, была ворагам і рускай культуры, і іншай нацыянальнай культуры. Заўсёды дзеячы рускай культуры: ад Пушкіна, Талстоя, Чэхава і да Салжаніцына — выступалі супраць улады. Я ня ведаю, адкуль знаходзяцца такія кіраўнікі, у якіх сумленьне адступае на другі плян. Возьмем сёньняшні дзень. Умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі — звычайная зьява. Ансамбль Чарнамырдзін—Строеў—Селязьнёў прыехаў да нас у 1996 г. Цяпер прыехаў Грызлоў: ён бачыў дакумэнты, што апазыцыя рыхтуе тут фальсыфікацыі. Я ня ведаю такога кіраўніцтва ў іншай краіне, якое б страціла цалкам пачуцьцё сораму! Такое кіраўніцтва ёсьць толькі ў Расеі. Яшчэ раз скажу: мой любімы пісьменьнік — рускі. Можна многа гаварыць пра рускіх кампазытараў, вынаходцаў... Але што да ўлады... Неяк не шанцуе на прыстойную ўладу Расеі. Нам не шанцуе таксама, але гэта, я думаю, хвароба, якая ідзе адтуль. У мяне расейскія прывычкі, расейская бязладнасьць, я люблю расейцаў. Не люблю расейскае кіраўніцтва, бо яно неінтэлігентнае. Для мяне інтэлігент — той адукаваны чалавек, які верны пэўным прынцыпам. Якія прынцыпы могуць быць у Жырыноўскага, у Грызлова альбо ў Рушайлы? Ніякіх! І ў пэўным сэнсе Пуцін пацьвярджае, што ў яго ніякіх прынцыпаў. Я дэталёва вывучаў пуцінскі артыкул «На рубяжы тысячагодзьдзяў», апублікаваны ў пачатку 2000 г. З гэтага ягонага артыкулу можна было пайсьці куды хочаш, ён усіх павінен быў задаволіць: там і дзяржаўнасьць, і што толькі ні хочаце. А дзяржаўнасьць — гэта вялікадзяржаўнасьць, імпэрскасьць і г. д. Каб такая краіна існавала толькі дзякуючы нафтадалярам — проста сорам!
Усевалад ЯнчэўскіУ Расеі папулярны Лукашэнка, папулярны наш шлях. У расейскіх СМІ пра Беларусь цяпер гавораць мала: за Пуціным пра Беларусь практычна перасталі гаварыць. Але «народны тэлеграф», самая надзейная крыніца інфармацыі, працягвае дзейнічаць. У некага тут жывуць сваякі, нехта прыяжджае ў камандзіроўкі... Людзі бачаць, як жывуць беларусы. І адсюль — павага да Лукашэнкі. Між тым, у сяго‑таго ў Крамлі стаўленьне да Беларусі дзіўнае — няшчырае і дурнавата‑паблажлівае. Некаторыя расейскія палітыкі хочуць рабіць выгляд, што ім досыць паварушыць пальцам — і ў Беларусі ўсё імгненна зьменіцца. Але нават калі яны пачнуць варушыць усімі пальцамі на руках і нагах, у Беларусі ад гэтага ня зьменіцца ні‑чо‑га! Многія ў Расеі, здаецца, ужо зразумелі, але яшчэ не жадаюць прызнаваць гэтага факту. Хоць пасьля ўкраінскага правалу 2004 году ім гэта зразумець неабходна. Расеі пашанцавала, што прэзыдэнтам Беларусі выбраны Лукашэнка. Толькі сумленнасьці нашага прэзыдэнта Масква абавязана тым, што ў яе яшчэ ёсьць саюзьнікі на заходнім напрамку. Беларусь ужо дала Расеі ўсё, што магла. І ня варта патрабаваць ад нас нечага большага, таму што гэта будзе супярэчыць нашым уласным інтарэсам. Мы ня зможам даць больш нічога. Расеі ня варта адштурхоўваць свайго адзінага саюзьніка ці імкнуцца трымаць яго ў пярэднім пакоі. Расея ўжо не імпэрыя. І маскоўскім палітыкам (калі сярод іх нехта думае пра краіну) замест нейкіх наіўных гульняў у «энэргетычную звышдзяржаву» варта было б зразумець, што нафта і газ — гэта два дэманы Расеі. Яны яе загубяць гэтак жа, як некалі загубілі СССР... |
Вольга Абрамава Сьвятлана Алексіевіч Яўген Бабосаў Анжаліка Борыс Генадзь Бураўкін Алесь Бяляцкі Аляксандар Вайтовіч Андрэй Вардамацкі Вінцук Вячорка Павал Данейка Андрэй Дынько Сьвятлана Калінкіна Сяргей Калякін Кася Камоцкая Сяргей Касьцян Вячаслаў Кебіч Анатоль Лябедзька Васіль Лявонаў Алег Манаеў Аляксандар Мілінкевіч Анатоль Міхайлаў Алесь Міхалевіч Тацяна Процька Андрэй Саньнікаў Уладзімер Улаховіч Валеры Фралоў Станіслаў Шушкевіч Усевалад Янчэўскі |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
Беларусь: ні Эўропа, ні Расея. |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |