A R C H E | П а ч а т а к | Выдавецтва «ARCHE» |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
АНДРЭЙ КАЗАКЕВІЧ | ||||
Чатыры карпарацыі беларускае эліты Вызначыць, што такое эліта і акрэсьліць ступень яе ўплыву на грамадзтва практычна немагчыма. Звычайна гэта адчуваецца інтуітыўна. Тым больш складана весьці размову пра погляды беларускае эліты. Праблема нават ня ў тым, што эліта вельмі фрагмэнтаваная (адсутнічае нават мінімальны палітычны кансэнсус), але і ў тым, што яе візіі часта вельмі дынамічныя і хістаюцца ў залежнасьці ад многіх унутраных і вонкавых фактараў. Дастаткова цяжка вызначыць розьніцу паміж сапраўдным меркаваньнем, сымуляцыяй, ідэалягічным тэзісам, эпатажам ці імкненьнем сказаць тое, што чакаецца. Асабліва ў кантэксьце інтэрвію. Але, магчыма, гэта і не істотна, — так ці інакш гэтая сукупнасьць адлюстроўвае пэўны стан грамадзкае сьвядомасьці. Мэта гэтага невялікага паслоўя — схематычна адлюстраваць асноўныя рысы тае неакрэсьленае сацыяльнае групы, якую ўмоўна можна назваць элітаю і адначасова пазначыць яе лёгіку разуменьня Эўропы ды эўрапейскае праблематыкі. У кнізе прадстаўленыя асноўныя часткі беларускіх элітаў, хоць і прысутнічае пэўны аб’ектыўны дысбалянс у выніку некантактнасьці часткі палітычнай і эканамічнай эліты, якая моцна інтэграваная ў дзяржаўную сыстэму (вышэйшыя дзяржаўныя пэрсоны, буйны бізнэс, частка акадэмічнай навукі, культуры і г. д.). Падаецца, што пры аналізе поглядаў беларускай эліты найбольш зручна правесьці яе падзел па крытэрыю субкультуры. Гэты падзел дастаткова ўмоўны, але адлюстроўвае пэўныя стылі мысьленьня і, адпаведна, стратэгіі ў разуменьні вонкавага кантэксту Беларусі, што для нас і зьяўляецца найбольш цікавым. У гэтым кантэксьце вылучэньне функцыянальных групаў (эканамічная, палітычная, культурная эліта) пакідаецца па‑за ўвагаю. Яшчэ адным важным фактарам, які вызначае лёгіку мысьленьня эліты, зьяўляецца падзел палітычнае і культурнае прасторы Беларусі па восі «ўлада — апазыцыя», якая цягне за сабою больш глыбокія падзелы на ўзроўні культуры і каштоўнасьцяў. Гэты падзел дастаткова важны ў кантэксьце таго, што могуць сказаць прадстаўнікі элітных групаў падчас інтэрвію і наколькі шчыра. Тэрмін субкультура мы выкарыстоўваем дастаткова адвольна і зьвязваем яго з наяўнасьцю пэўных супольных рысаў палітычнае групы: структура біяграфіяў, адукацыя, сацыяльнае паходжаньне, культурны фон, пазыцыя ў палітычным полі (і, адпаведна, камунікацыйная блізкасьць ці адчужанасьць), карпаратыўныя сувязі і арганізацыйная эвалюцыя. Ня ўсе групы маюць аднолькавыя ўласьцівасьці і ўзровень кансалідацыі, межы іх дастаткова мабільныя і нетрывалыя. Тым ня менш такі падзел, на нашу думку, дазволіць збольшага сыстэматызаваць погляды беларускай эліты. Пры гэтым належыць памятаць, што погляды — фэномэн дастаткова дынамічны, і кожны прадстаўнік грамадзтва можа іх часта мяняць пры зьменах у сацыяльным асяродзьдзі ці палітычнай пазыцыі. Ці не клясычным выпадкам тут выступае С. Шарэцкі. Некалькі словаў варта сказаць пра прадмет кнігі, аснову якой складаюць адказы на пытаньні, якія агульна можна назваць «эўрапейскай праблематыкай». У Беларусі існуе аўтарытарны рэжым, што адкладвае свой значны адбітак на характар і статус асабістае думкі. Меркаваньні пра эўрапейскі шлях у значнай ступені тэарэтычныя, бо не зьяўляюцца прадметам рэальнае палітыкі. Акрамя гэтага, яны значна больш пэрсаналізаваныя і выпадковыя, бо не падмацоўваюцца адпаведнай грамадзка‑палітычнай дыскусіяй і калькуляцыяй рэальных інтарэсаў, што трэба ўлічваць пры чытаньні матэрыялаў.
Беларуская постсавецкая эліта. Беларуская савецкая адміністрацыйная эліта пачала складвацца пасьля Другой сусьветнай вайны. У першапачатковай форме яна афармляецца ў 1950‑х, надалей працэс яе рэпрадукцыі ў межах савецкага партыйнага апарату адбываўся практычна неперарыўна да пачатку 1990‑х. Распад СССР і стварэньне незалежнае Беларусі троху паслабіў уплыў савецкае эліты, але даміноўны статус быў хутка вернуты (у 1990—1994 гадох цэнтральнай фігураю быў В. Кебіч) і захаваўся практычна да канца 1990‑х, калі пачаў працаваць натуральны дэмаграфічны фактар старэньня. Такім чынам, прадстаўнікі савецкае намэнклятуры захоўвалі даміноўныя пазыцыі ў дзяржаўным апараце і пасьля прыходу да ўлады А. Лукашэнкі. Паступовы сыход гэтай групы адбываецца толькі на рубяжы ХХ—ХХІ стагодзьдзяў, сымбалічнай мяжою тут можна лічыць выцісканьне зь «вялікае палітыкі» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году М. Мясьніковіча, які пасьля 1994 году доўгі час лічыўся нефармальным лідэрам постсавецкае эліты. Постсавецкая эліта зьяўляецца, магчыма, адзінай беларускай групай, якая мела досьвед, прынамсі частковы, адміністрацыйнай завершанасьці, з уласнымі правіламі, карпаратыўнай повязьзю, сыстэмай адукацыі, мэханізмамі адбору і рэкрутаваньня. Лёгіка яе разьвіцьця была разбураная на пачатку 1990‑х, але гэта не перашкодзіла яшчэ дзесяцігодзьдзе займаць лідэрскія пазыцыі. Большасьць прадстаўнікоў савецкае эліты мела «мясцовае» паходжаньне, многія захоўвалі пэўныя сантымэнты ў адносінах да беларускай культуры, асабліва літаратуры, але адначасова яна была моцна саветызаванаю ў параўнаньні з астатнімі рэспубліканскімі элітнымі групамі. Ідэі незалежнасьці і нацыянальнага адраджэньня не былі дастаткова папулярнымі, а кіраўніцтва БССР да апошняга заставалася ляяльным СССР. Тым ня менш, у 1990‑я прадстаўнікі постсавецкай эліты дэманстравалі дастатковую палітычную і культурную гнуткасьць. У першыя гады незалежнасьці адбылося актыўнае пераняцьце ідэі сувэрэнітэту і нават легітымацыя нацыянальнае палітыкі, і частка эліты пасьпяхова дэмакратызавалася і нават арганічна ўвабрала нацыянальны элемэнт. Лёс пасьля 1994 году быў вельмі розны, частка ў розных формах прадэманстравала апазыцыйнасьць (М. Грыб, У. Ганчарык), другая, большая, частка пасьпяхова інтэгравалася ў новы палітычны лад, пры гэтым захоўваючы, як падаецца, частковую аўтаномію (М. Мясьніковіч, В. Кебіч). Для большасьці, як падаецца, гэта было не ідэалягічным, але прагматычным выбарам, хоць адміністрацыя А. Лукашэнкі і выцягнула на палітычную сцэну шэраг артадаксальных камуністаў (кшталту Касьцяна, Малафеева ці, у меншай ступені, Дземянцея). Што тычыцца разуменьня Эўропы і эўрапейскага шляху, то для большай часткі постсавецкай эліты яно цалкам укладаецца ў кантэкст беларускай савецкай культуры і адпаведнага тыпу ідэнтычнасьці. Беларуская савецкая традыцыя адназначна адносіла Беларусь да Эўропы, хоць яе разуменьне было пераважна прасторавае і, натуральна, ніякім чынам не зьвязанае з цывілізацыйнай структураю, каштоўнасьцямі ці хрысьціянствам. Зрэшты, ніякай альтэрнатывы такому разуменьню Эўропы і не магло існаваць: расейская нацыяналістычная традыцыя супрацьпастаўленьня Расеі і Эўропы, як і панадпрасторавае разуменьне Эўропы, супярэчыла савецкай ідэалёгіі. (Экспансія новых «расейскіх ідэяў» і адпаведна экспарт у Беларусь расейскага нацыяналізму, якія адбываюцца на пачатку 1990‑х і ў 1995—1999 гадох, аказаўшы значны ўплыў на беларускую ўладу, засталася для постсавецкай эліты вельмі чужою.) Ня менш адчужанай была і ідэя Эўропы як сыстэмы каштоўнасьцяў. Для большасьці эліты Эўропа была і ёсьць толькі прасторавым (галоўным чынам геаграфічным) паняцьцем, мала нагружаным дадатковымі ідэалягічнымі сэнсамі. (Дарэчы такое стаўленьне цалкам аналягічнае разуменьню нацыі і дзяржавы, якія выступаюць галоўным чынам як тэрытарыяльныя паняцьці.) Трэба адзначыць, што такая візія Эўропы для постсавецкай эліты складвалася ў той час, калі кантынэнт быў напалову савецкім, а Эўрапейская эканамічная супольнасьць уяўляла сабой рэгіянальнае аб’яднаньне шасьці—дзесяці краінаў Эўропы. Яна выразна кантрастуе з сучасным разуменьнем, якое ўласьцівае маладой генэрацыі, калі Эўропа і ЭС — паняцьці практычна тоесныя. Звычайна прадстаўнікі постсавецкае эліты дэманструюць пазытыўнае стаўленьне да Эўропы як нечага блізкага, як партнэра для супрацоўніцтва — перш за ўсё эканамічнага. Нават патрабаваньні дэмакратызацыі ўспрымаюцца спакойна. Але культурны канцэпт Эўропы, яе ўнутраныя падзелы падаюцца, звычайна, незразумелымі і штучнымі ў геаграфічнай парадыгме. Пры гэтым звычайна падкрэсьліваецца неабходнасьць захаваньня асаблівых традыцыйных сувязяў з Расеяй. Гэта свайго роду прагматычная парадыгма савецкага пэрыяду, якая ніколі не была ўважлівай да культурных і неэканамічных аспэктаў палітыкі. Напрыклад, ня вельмі часта можна сустрэць агрэсіўнае стаўленьне да дэмакратыі, але яна ў большасьці выпадкаў не разглядаецца як каштоўнасьць, але толькі як дадатковы мэханізм для «паляпшэньня ўмоваў супрацоўніцтва». Постсавецкая эліта была дастаткова гнуткаю, каб ажыцьцяўляць такія захады пры пэўных вонкавых варунках.
Нацыянальная эліта. Нацыянальная эліта — група, якая паўставала як супрацьвага беларускай савецкай эліце. Супрацьвага галоўным чынам культурная, толькі пры канцы 1980‑х пачынаюць узьнікаць арганізаваныя палітычныя групы, не падкантрольныя камуністычнай партыі. Трэба ўлічваць, што ў савецкай Беларусі не было значнага дысыдэнцкага руху (ні нацыянальнага, ні рэлігійнага), а новае пакаленьне нацыянальнага руху арганізуецца ў першай палове 1980‑х безь непасрэднай пераемнасьці з больш раньнімі пэрыядамі. Пры гэтым непасрэдным падмуркам стала нацыянальная традыцыя пачатку ХХ стагодзьдзя, уласна беларускі элемэнт беларускай савецкай культуры (які ў БССР перажыў значнае сацыяльнае абмежаваньне) і беларускі рух Заходняй Беларусі 1920—1930‑х гадоў. Аснову «дысыдэнтаў» склала творчая інтэлігенцыя: прадстаўнікі культуры і навукі, сканцэнтраваныя ў буйных гарадох. У супрацьвагу савецкай ідэнтычнасьці «дысыдэнты» прапаноўвалі ідэнтычнасьць нацыянальную, заснаваную на павазе да беларускай мовы і культуры, зусім іншай інтэрпрэтацыі гісторыі (з доўгай генэалёгіяй ад часу ВКЛ, а не 1917 году, як у савецкай вэрсіі), і зусім іншае разуменьне замежнапалітычнага кантэксту. Калі для савецкай эліты Эўропа была ня больш як прасторай, не напоўненай дадатковымі сэнсамі і каштоўнасьцямі, то для нацыянальнага руху яна стала сымбалем нацыянальнага адраджэньня. Эўропа стала вобразам сапраўднай (несаветызаванай) беларускай культуры і спрадвечнай (нязьвязанай з расейскай каляніяльнай спадчынай) палітычнай традыцыяй ад часу Полацкага княства і ВКЛ. Важным для нацыянальнага руху стала мэтафара вяртаньня ў Эўропу, як палітычнай, эканамічнай і, што яшчэ больш важна, культурна‑цывілізацыйнай задачы. Гэта, адпаведна, спалучалася з шматбаковым падкрэсьліваньнем эўрапейскае сутнасьці і асновы беларускай культуры. Трэба заўважыць, што ўздым эўрапейскай праблематыкі ў нацыянальнай дыскусіі адбываўся ўва ўмовах значнага ўздыму расейскага нацыяналізму пасьля распаду СССР. (Уздым меў вельмі розныя формы — ад новае інтэрпрэтацыі панрусізму і заходнерусізму да панславізму і эўразійства, але першыя варыянт відавочна дамінаваў. Адным зь нешматлікіх прадстаўнікоў на сучаснай палі‑тычнай сцэне можна лічыць С. Касьцяна.) Розныя вэрсіі расейскага нацыяналізму сталі дастаткова папулярнымі ў асяродзьдзі часткі беларускае эліты і зусім нязначнае групы інтэлігенцыі, асабліва пасьля 1994 году, калі А. Лукашэнка практычна ўзьвёў ято да ўзроўню дзяржаўнае палітыкі (асабліва замежнай). Часам існаваньне беларускае нацыі ставілася пад пытаньне, таму Эўропа і эўрапейскасьць разглядаліся нацыянальным рухам як галоўная супрацьвага і альтэрнатыва расейскасьці. Але значэньне эўрапейскасьці для нацыянальнага (у больш шырокім кантэксьце — практычна ўсяго дэмакратычнага) руху стала значна большым за простае супрацьпастаўленьне, зрабіўшы эвалюцыю ад сымбалю мінулага да каштоўнасьці і асноўнай пэрспэктывы, пры гэтым захоўваючы сваю ідэалягічную нагрузку. У 1990—1994 гадох нацыянальны рух (галоўнай палітычнай сілаю якога стаў БНФ) быў часткаю няўстойлівага балянсу з савецкай элітаю, якая захавала ўладу, але пайшла на саступкі ў галіне беларусізацыі і вяртаньня нацыянальных сымбаляў («кансэнсус Кебіча»). Але далейшае палітычнае разьвіцьцё не прывяло да сынтэзу нацыянальнае і савецкае культуры, прынамсі такі сынтэз быў значна запаволены ўзмацненьнем аўтарытарных тэндэнцыяў і фактычным пераходам дзяржаўнае ўлады ў 1994—2000 гадох на радыкальныя панрусісцкія нацыяналістычныя пазыцыі. Нацыянальная эліта ў такіх умовах пачынае выціскацца зь легальнага палітычнага поля (што было дасягнутае ў 1996‑м) і рэпрэсавацца дзяржаваю як на сымбалічным, так і на сацыяльным узроўні. У сучаснай Беларусі нацыянальная эліта практычна ня мае магчымасьці ўдзелу ўва ўладзе і сканцэнтраваная ў палітычнай апазыцыі, шэрагу СМІ і культурнай эліце (дзе яна часта дамінуе). Гэта падкрэсьлівае яе шмат у чым дысыдэнцкі характар, з адпаведнымі стратэгіямі палітычнай барацьбы і псыхалёгіяй. Новая эліта. Сярод разнароднае масы, якую мы ўмоўна называем беларускай элітай, існуе дастаткова значная група, якая зрабілі ўласную палітычную ці бізнэс‑кар’еру ўва ўмовах распаду савецкае сыстэмы і палітычных трансфармацыяў 1990‑х (у больш вузкім кантэксьце — падчас кіраваньня Лукашэнкі). Для значнай часткі гэтых людзей толькі перабудова, незалежнасьць і распад СССР у 1991‑м, электаральная рэвалюцыя 1994‑га адкрылі магчымасьці для кар’ернага росту. Гэта група дастаткова разнародная сваім паходжаньнем і ідэнтычнасьцю, і яна фармуе тое, што ўмоўна можна назваць новаю элітаю, якая і пачынае дамінаваць ва ўладных і бізнэс‑структурах. Цэнтральнае месца тут займаюць людзі, якія атрымалі сацыяльны і палі‑тычныя статус у выніку прамое пратэкцыі ад новае ўлады і асобных яе носьбітаў, а таксама тыя, чые пазыцыі (у прыватнасьці, эканамічныя) сталі магчымыя толькі ў выніку атрыманьня прэфэрэнцыяў ад дзяржаўнае сыстэмы. Найбольш паказальным тут зьяўляецца кола знаёмых і калегаў А. Лукашэнкі (а таксама знаёмыя гэтых знаёмых і г. д.), якія займалі сьціплыя пасады раённага ўзроўню, а пасьля 1994 году зрабіліся пэрсонамі нацыянальнага маштабу (У. Канаплёў, Г. Жураўкова), кола тых, хто падтрымаў будучага прэзыдэнта як палітычны праект (В. Шэйман, Дз. Булахаў). Гэта найбольш радыкальныя выпадкі — для большасьці новае эліты кар’ерны рост быў значна больш павольны, аднак пры гэтым моцна зьвязаны з новаю ўладаю. Акрамя гэтага, значная колькасьць адміністрацыйнае эліты сфармавалася ўва ўмовах сучаснае дзяржаўнае сыстэмы, якая падаецца ім дастаткова знаёмай і звыклай, а значыць карыснай. Пэрсанальныя перакананьні прадстаўнікоў новае эліты могуць быць рознымі (да крыптаапазыцыйнасьці), але іх статус прымушае глядзець на палітыку праз прызму інтарэсаў сыстэмы (ад якой залежыць іх будучыня), хоць шчырае перакананьне ў яе правільнасьці не было да апошняга часу вельмі распаўсюджаным. Гэта група стварае аснову рэальнае палітычнае эліты Беларусі і зьяўляецца найбольш закрытай для неафіцыйнай грамадзкасьці. Цэльнага ўяўленьня пра яе тут няма і быць ня можа. Але нас найбольш цікавіць «жорсткі цэнтар» новае эліты, візія якой дамінуе ў публічнай прасторы. Менавіта гэтымі коламі прадукуецца афіцыйная антызаходняя рыторыка, пэўны замежнапалітычны радыкалізм і адпаведны ідэалягічны падмурак. (Галоўная ўвага, натуральна, надаецца ЗША, але Эўропа таксама выглядае нэгатыўна.) Калі ў другой палове 1990‑х новая эліта прапаноўвала ў якасьці асноўнае ідэалёгіі розныя варыянты расейскага нацыяналізму, то на пачатку ХХІ стагодзьдзя адбываецца пераход да спэцыфічнае канструкцыі «ідэалёгія беларускае дзяржавы» (2003). Гэта троху зьмяніла статус Эўропы і розных элемэнтаў «цывілізацыйнага» супрацьпастаўленьня ў ідэалёгіі. Улада зноў вярнулася да геаграфічнага разуменьня эўрапейскае прасторы. У гэтай мадэлі падкрэсьліваецца геаграфічная прыналежнасьць Беларусі да Эўропы (вядомая мэтафара: «Беларусь — цэнтар Эўропы»), але культурная — хутчэй, не (прынамсі ў адносінах да Заходняе і Цэнтральнае Эўропы). Часам Беларусь нават супрацьпастаўляецца заходняму тыпу культуры (часта прыгадваецца спадчына праваслаўя). Адпаведна вельмі рэдка адзначаецца неабходнасьць інтэграцыі ў Эўропу і яе культурная каштоўнасьць для Беларусі; у адносінах да Расеі такія звароты больш частыя. Такім чынам, Эўропа — гэта з аднаго боку геаграфічнае і гістарычнае паняцьце, якое без сумневу ўключае Беларусь. Зь іншага боку, Эўропа як культурная і палітычная супольнасьць зьяўляецца дастаткова чужою для беларускага народу. Асабліва такая рыторыка ўзмацняецца ў кантэксьце палітычнага ціску на беларускія ўлады з боку эўрапейскае супольнасьці, што адназначна разглядаецца як умяшаньне ўва ўнутраныя справы і спроба навязаць уласныя стандарты дэмакратыі і каштоўнасьці, непрымальныя (ці заўчасныя) для беларускага грамадзтва. Пры гэтым заўсёды падкрэсьліваецца гатоўнасьць да раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Такім чынам, істотнае адрозьненьне ад звычайнага геаграфічнага разуменьня Эўропы заключаецца ў тым, што яна адчуваецца як рэальная палітычная супольнасьць (фактар рэальнае палітыкі), якая знаходзіцца ў супрацьстаяньні да існага беларускага ўладкаваньня.
Маладая генэрацыя. Група яшчэ больш складаная для вызначэньня, чым новая эліта, і значна больш фрагмэнтаваная. Дастаткова ўмоўна яна ахоплівае маладых людзей, якія прыйшлі ў палітыку ў другой палове 1990‑х і пазьней. Па вялікім рахунку, «генэрацыя» не ўяўляе сабой цэльнае групы, але менавіта пакаленьне, якое было выхавана (у палітычным сэнсе) ува ўмовах незалежнае Беларусі. Ступень палітычнае актыўнасьці «генэрацыі» дастаткова розная, ува ўладных структурах яе прысутнасьць хутчэй фонавая (калі выключыць шэраг паказальна актыўных цынікаў‑«тэхнакратаў»). У той час як у апазыцыйных структурах маладое пакаленьне займае значна больш уплывовыя пазыцыі. (Заняцьце маладой генэрацыяй значнай часткі асноўных пасадаў у БНФ адбылося ў 2003 годзе, у АГП — з пэўным спазьненьнем — у 2006‑м). На рэгіянальным узроўні сытуацыя аналягічная, увесь правіслы мэнэджмэнт запаўняецца маладымі функцыянэрамі, што можна лічыць адной з уласьцівасьцяў — відавочна, крызісных — разьвіцьця апазыцыйных структураў.) Матывацыя ўдзелу ў апазыцыі звычайна зьвязаная зь перакананьнямі і ідэалягічным выбарам, хоць цынічнае стаўленьне не зьяўляецца рэдкім. Для беларускае ўлады маладая генэрацыя — гэта натуральная рэзэрва рэкрутаваньня. Новыя функцыянэры звычайна зьяўляюцца ляяльнымі дзяржаўнай сыстэме, але пры гэтым дэманструюць дастаткова высокі ўзровень апазыцыйнасьці ў прыватным жыцьці. Ацаніць, наколькі маладая генэрацыя знаходзіцца пад уплывам ідэалягічных практыкаў рэжыму, дастаткова складана. Відавочна, ідэалягічныя канструкцыі ўспрымаюцца ў большасьці выпадкаў на апэратыўным узроўні і пакуль ня маюць характару каштоўнасьцяў. Пры гэтым камунікацыя паміж дзьвюма часткамі маладое генэрацыі беларускае эліты практычна адсутнічае магчыма — нават больш радыкальна, чым паміж іншымі групамі эліты. Фармаваньне новае групы для беларускае эліты адбывалася ўва ўмовах Рэспублікі Беларусі, і гэта накладвае свой адбітак на самасьвядомасьць, хоць яна і не выступае як нейкая самастойная і завершаная форма. Збольшага новае пакаленьне ўспрымае асноўныя формы ідэнтычнасьці існых групаў эліты з пэўнымі асаблівасьцямі. Падаецца, што ўспрыняцьце Эўропы менш ідэалягічнае і больш крытычнае, у сэнсе ўнутранае крытыкі і спадзеву на вырашэньне сытуацыі. Калі для нацыянальнае эліты Эўропа выступала сродкам вырашэньня многіх супярэчнасьцяў беларускага нацыянальнага разьвіцьця, то новая эліта мае куды менш ідэалізму на гэты конт. Для яе часткі, інтэграванай у дзяржаўную сыстэму, сытуацыя выглядае падобным чынам. Калі і фармуецца нэгатыўнае стаўленьне да Эўропы, то яно ня столькі зьвязанае з ідэалягічнымі і прапагандысцкімі канструкцыямі (ці «няведаньнем Эўропы»), але з абмежаванасьцю паўнавартых кантактаў на дзяржаўным узроўні і, адпаведна, зьмяншэньнем практычнае цікавасьці да эўрапейскае праблематыкі. Гэта зусім ня значыць адсутнасьці кантактаў на асабістым узроўні і асабістага досьведу наведваньня замежжа, але ідэя прыналежнасьці ці далучэньня пры гэтым не ўзьнікае. Эўропа як інтэлектуальны і культурны канструкт і Эўрапейскі Саюз як яго рэальнае палітычнае і эканамічнае ўвасабленьне становяцца практычна тоеснымі паняцьцямі, а гэта значыць межы становяцца дастаткова добра акрэсьленымі. |
нар. у 1980. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ (аддзяленьне паліталёгіі) у 2002. У 2002—2005 вучыўся ў асьпірантуры, падрыхтаваў да абароны дысэртацыю Тэарэтычныя аспэкты палітычнага аналізу судовай улады Беларусі. Галоўны рэдактар часопісу «Палітычная сфэра». Кіраўнік бакаляўраўскай праграмы «Паліталёгія. Эўрапейскія дасьледаваньні» Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту з сакавіка 2006. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
Беларусь: ні Эўропа, ні Расея. |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |