№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

№19: Нарвежскі вецер [18+]

10 кастрычніка 2017

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн. Але таксама ў нумары гучыць паэзія Лінды Клакен (пераклад Вольгі Гапеевай), эсэістыка сусветнай зоркі літаратуры Карла Увэ Кнаўсгара (пераклад Ганны Макаравай). Знайшлося ў нумары месца і старажытнай скандынаўскай літаратуры — урывак са “Старэйшай Эды” перастварыў Ігар Кулікоў, а класічная літаратура прадстаўленая вершамі Сігб’ёрна Обстфэльдэра (пераклад Лявона Баршчэўскага). Гэта творы розныя па жанрах, змесце, узнятых тэмах і, натуральна, па стылі, аднак усе яны разам ствараюць своеасаблівы калейдаскоп нарвежскай літаратуры.

Па-трэцяе, гэтым нумарам мы адзначаем своеасаблівы юбілей: як вынікае з агляду нарвежскіх перакладаў “Гісторыя выпадковасцяў” Ганны Янкуты, упершыню пераклад з нарвежскай на беларускую быў зроблены 50 гадоў таму.

Мы падрыхтавалі не толькі цікавую і разнастайную мастацкую частку, але і крытычную. Пісьменнік Ян Руар Лейквол, чые кнігі і сталі штуршком да стварэння “нарвежскага” нумару “ПрайдзіСвета”, у перакладным інтэрв’ю 2012 году дзеліцца сваім бачаннем літаратуры і ролі пісьменніка. Ганна Янкута аналізуе дзве кнігі сучасных нарвежскіх пісьменнікаў, якія нядаўна выйшлі па-беларуску. Гэта “Сафіін свет” Юстэйна Гордэра і “23-я палата” Інгвара Амб’ёрсэна. У жанры мастацкага эсэ Альгерд Бахарэвіч разглядае жыццё нарвежскага набеліята Кнута Гамсуна і ягоны раман “Голад”, а таксама рэфлексуе з нагоды кнігі “Мая барацьба” Карла Увэ Кнаўсгара. Літаратуразнаўчыя артыкулы Марыны Казлоўскай і Наталлі Ламекі прысвечаныя самым яркім прадстаўнікам нарвежскай драмы (Генрык Ібсэн) і жывапісу (Эвард Мунк).

І па-за тэмай нумару мы друкуем самыя цікавыя пераклады фіналістаў конкурсу “Экслібрыс”. Аўтары, да якіх звярнуліся маладыя перакладчыкі і перакладчыцы, — Кларк Эштан Сміт, Аксана Забужка, Фланэры О’Конар, Джэром Клапка Джэром і іншыя.

На вокладцы нумара -- карціна нарвежскага мастака Гаралда Солберга "Storgaten Røros", 1904.

Нумар “№19: Нарвежскі вецер” можна чытаць не толькі онлайн. Яго можна спампаваць цалкам у трох фарматах: 

.MOBI

.FB2

.EPUB.

1624