A R C H E П а ч а т а к № 1 (24) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


12003
» да Зьместу «

 


Расейскае пытаньне
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


крытыка

АЛЯКСЕЙ БАЦЮКОЎ
Вокладка ARCHE 3-2002.

   Мінулыя нумары:

   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Штурханьне ўбок
 
 
Аляксей Бацюкоў


Сустракаюцца двое, першы пытае:
— Ну, чым ты цяпер займаешся?
— Штурхаю навуку ўбок.
— Як гэта?
— Ды так, назад штурхаць начальства не дазваляе, наперад — розуму не хапае, вось я і штурхаю яе ўбок.

Паблукаўшы трохі па Сеціве, па літаратурных рубрыках незалежніцкіх выданьняў, я атрымаў уражаньне, што калі ў гэтым жарце замест слова “навука” паставіць “літаратура”, замест “начальства” — “чытач”, то мы мелі б вельмі актуальную байку, блізкую па духу да меркаваньняў процьмы сучасных “хатніх” крытыкаў беларускай літаратуры. Найчасьцей гэтыя меркаваньні не выходзяць на ўзровень газэтна-часопісных публікацыяў, калі ня ўлічваць выступаў Д. Жукоўскага. Часам — шукаючы фундамэнтальных нетэндэнцыйных працаў пра сучасную літаратурную сытуацыю, якія б абвяргалі такія меркаваньні й паказвалі б рэальны стан беларускай літаратуры на сёньня, — знаходзіш амаль незанятую нішу. Хоць жа спробы падобных аглядаў, безумоўна, ёсьць. У незалежных выданьнях гэта найперш працы Валянціна Акудовіча (“Уводзіны ў Новую літаратурную сытуацыю. Лекцыі да Беларускага Калегіюму” 1) і Юрася Барысевіча (“Цела і тэкст”, “Кароткая гісторыя Бум-Бам-Літу” 2). Гэтыя без іроніі шаноўныя людзі напісалі прыгожыя, нават захапляльныя кнігі ды артыкулы пра сучасны беларускі авангард, і пры гэтым самі стварылі ці ня самыя яркія авангардныя творы. Асабіста я не знаходзіў у літаратараў і ў творах, дасьледаваных імі, тых глыбокіх сэнсаў і тых повязяў з самымі сучаснымі сусьветнымі мастацкімі плынямі, якія былі раскрытыя і паказаныя спадарамі В. Акудовічам і Ю. Барысевічам. Але гэта, мабыць, мой недахоп, пра што — крыху пазьней.

Cпадар Барысевіч разглядае творчасьць сяброў Таварыства вольных літаратараў як прыклад шызапісьма ў літаратуры (с. 21) ці, часам, як сыравіну для літаратурнай “машыны жаданьня”. Што “шызааналіз”, што “машына жаданьня” — тэрміны філёзафаў-постмадэрністаў Ж. Дэлёза і Ф. Гватары, якімі яны карысталіся дзеля крытыкі структуралізму, фрайдызму, тэорыі капіталістычнае вытворчасьці К. Маркса. Разглядаючы свабодную (найперш ад абцугоў розуму, як таго патрабуе шызапісьмо) творчасьць беларускіх літаратараў як праяву рэвалюцыйнае дзейнасьці (у тым сэнсе, які ўкладалі згаданыя Дэлёз і Гватары), сп. Ю. Барысевіч, як мне здаецца, робіць неаспрэчна актуальны ўчынак. Ён арганічна злучае разуменьне сучаснае беларускае літаратурнае сытуацыі з паняцьцем постмадэрну. Постмадэрн сёньня ці ня самы спрэчны і цьмяны філязофскі і культуралягічны панятак, што мае неймаверную колькасьць розных азначэньняў (стан ведаў у найбольш разьвітых сучасных грамадзтвах, інтэлектуальнае стыхійнае бедзтва на тле поўнага разбурэньня рацыяналізму, чарговы філязофскі міт і інш.). Прычым гэта досыць “модны” панятак, які выкарыстоўваюць дзе трэба й дзе ня трэба. Не займаючыся разборам тонкасьцяў гэтае культурнае зьявы (на гэта ёсьць спэцыяльная літаратура), маем зазначыць, што якраз у працах Ю. Барысевіча постмадэрнісцкі кірунак шызааналізу, які ён абраў для дасьледаваньня, прасочваецца дастаткова пасьлядоўна. Што не заўсёды можна сказаць пра іншых крытыкаў беларускай літаратуры, якія бяруцца выкарыстоўваць панятак постмадэрну. Напрыклад, С. Балахонаў у артыкуле “Зноў пра кляты постмадэрнізм” 3 не шкадуе месца для пералічэньня мадэрністаў-постмадэрністаў (не праводзячы між імі, дарэчы, мяжы) і пакідае пры гэтым само азначэньне постмадэрну адкрытым і нявызначаным, выкарыстоўваючы агульныя і, праўда, патрыятычныя фразы (“мала проста назвацца постмадэрністам, трэба ім быць”, “сапраўды, постмадэрнісцкія творы ў Беларусі, безумоўна, ёсьць…” — далей ідзе пералік твораў і “імёнаў, прыведзеных наўскідак”). Прытым што вычарпальнае і кароткае азначэньне постмадэрну практычна немагчымае, а таксама пры тым, што ўзровень філязофскай адукацыі пэўнае часткі нашае творчае эліты выклікае некаторы сумнеў (з прычынаў, ніяк не залежных ад самой эліты: добра, калі дзесяць гадоў мінула, як выкладчыкі, якія іх вучылі, самі зразумелі, што такое постмадэрн), падобнае лёгкае абыходжаньне з тэрмінамі, не падмацаванае тэорыяй, выклікае пэўную трывогу. Нават калі артыкул накіраваны на справу высакародную і годную кожнага беларускага літаратара — на крытыку Данілы Жукоўскага. Бо для шараговага чытача, нават аматара крытычных артыкулаў, можа застацца няяснай мэтодыка выбару наўскідак.

— (нар. 1977) — пісьменьнік, эсэіст. Выкладае філязофію ў Магілёўскім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце. Апошняя публікацыя ў часопісе — апавяданьне “Дворык пад нямецкім домам” (ARCHE-Нашы дзеткі).









1 Фрагмэнты 2000. № 3—4.


2 Барысевіч Ю. Цела і тэкст. Менск: БГАКЦ, 1998; Крыніца. 2001. №10. С. 4—40.












3 ARCHE. №1. 2002. С. 180—182.
   

Што да спадара Акудовіча, то ён якраз вельмі прыстойна тлумачыць чытачу, што такое гэты постмадэрн (згаданыя “Ўводзіны...”, с. 222—226). Першыя ж старонкі пераконваюць чытача ў тым, што постмадэрн — гэта сытуацыя, якая ўзьнікла на тле разьвязваньня ўнівэрсальных “вузлоў” і адсутнасьці нейкага стрыжня [4] — у мастацтве, напрыклад. Але потым, зьвяртаючыся да аналізу постмадэрну ў Беларусі, аўтар міжволі пачынае шукаць праяваў постмадэрну ў беларускай культуры, абапіраючыся на блізкую стылістыку разгляданых ім твораў, ствараючы тым самым з постмадэрну нейкі стрыжань, пэўны “вузел”, да якога падыходзяць/не падыходзяць тыя ці іншыя творы (с. 226—227: “Што да “літаратуры”, то эстэтыка постмадэрну спачатку “выгукнулася” праз тэксты рок-кампазыцый; праўда, па-за “тэхнічнымі прыёмамі” гэтыя тэксты наўрад ці можна лічыць постмадэрновымі...”; с. 227: “Але, бадай, толькі Ігар Сідарук... дэманстраваў тады сваю натуральную прыналежнасьць да дыскурсу постмадэрну”). Прыклад, як пісаць постмадэрновыя тэксты, вызначаны сп. Акудовічам без далейшых удакладненьняў (с. 233: “Традыцыйны тэкст — гэта калі кажуць пра нешта ўсур’ёз, постмадэрновы — калі гэтую сур’ёзнасьць перадражніваюць.”). А адсутнасьць разьмежаваньня постмадэрновых і мадэрновых твораў паказвае пэўную павярхоўнасьць ягонага выбару постмадэрновых тэкстаў.

Такі падыход, выяўлены спадарамі С. Балахонавым і В. Акудовічам, на маю думку, навязвае нейкі стэрэатып. Постмадэрн выступае як нешта акрэсьленае і моднае, усім зразумелае і што ўжо тым-гэтым выкарыстоўваецца напоўніцу альбо часткова, у той час як застаецца адкрытым пытаньне, па якім крытэры да ліку постмадэрновых можна не далучаць пэўных тэкстаў. В. Акудовіч ушчыльную падыходзіць да высновы, што асаблівасьць постмадэрновага тэксту — гэта спалучэньне арыентаванасьці на масавага спажыўца на першым узроўні (лёгкасьці ўспрыманьня для чытача) са складанымі сымбалямі і “кодамі” на другім узроўні тэксту, дабрацца да якога чытач можа толькі праз пэўныя інтэлектуальныя намаганьні. Але вышукі постмадэрновае мовы ў творах бум-бам-літаўскіх аўтараў асабіста мне, прабачце, падаліся прыцягнутымі за вушы. Я не знайшоў менавіта першага — простай, арыентаванай на масавага чытача формы твору (але, магчыма, я памыляюся і мяне абвергне вось гэтае аўтарскае сьведчаньне: “У 1999 годзе ў рамках акцыі “Час. Прастора. Асоба” я выставіў пяць вялізных прац, аздобленых уласнай крывёй. Усе былі перапалоханыя. Людзі падыходзілі да карцінаў і падалі трупікамі. Зь іх рознакаляровых вачэй тырчалі пікі. Я адчуваў сябе дыктатарам з Чылі, які залівае ў рот сьвінца юпень. Ша!”— Вішнёў З. Трап для сусьліка... // Крыніца. 2001. № 10. С. 114). Іхная літаратурная творчасьць якраз найбольш падыходзіць пад азначэньне “мадэрн” у тым яшчэ сэнсе — пачатку мінулага стагодзьдзя, калі літаратары імкнуліся вызваліцца ад звыклых формаў і ці не павальна бавіліся практыкамі, блізкімі да вар’яцтва (мусіць жа, заблізка прымаючы моднае тады меркаваньне аб пэўнай роднасьці геніяльнасьці і вар’яцтва і імкнучыся праз вар’яцтва падкрасьціся да геніяльнасьці — што модна і ў нашыя дні).

 
   

Постмадэрн, безумоўна, у эўрапейскай культуры стаўся прамым нашчадкам мадэрну пачатку ХХ стагодзьдзя, аднак ён якраз канстатаваў крызыс і канец авангардысцкіх экспэрымэнтаў, паколькі яны на зьмену ўнівэрсаліям папярэдніх эпох прапаноўвалі свае, няхай вычварныя ці перавернутыя старыя, але таксама ўнівэрсаліі. У той час як постмадэрн за галоўны творчы прынцып бярэ “радыкальны плюралізм стыляў і мастацкіх праграм, сьветапоглядных мадэляў і моваў культуры” 5, а значыць, і канец усялякіх унівэрсаліяў. Таму менавіта рух Бум-Бам-Літ, які быў арыентаваны на стварэньне ўласнае ўнівэрсаліі і які сам сябе зьмяшчаў у рэчышча авангарду, натуральным чынам застаецца па-за межамі постмадэрновае стылістыкі. Безумоўна, гэтай выснове пярэчыць Ю. Барысевіч, бо, пішучы пра Бум-Бам-Літ, ён заўсёды выдзяляе той самы радыкальны плюралізм у эстэтычных арыенцірах творцаў руху. На жаль, гэты плюралізм знаходзіць сябе выключна ў крытычна-мэмуарных артыкулах сп. Барысевіча, бо з усяго, што асабіста мне траплялася бэ-бэ-элаўскага, я не сустракаў нічога, што мела хоць бы якое дачыненьне да эклектызму, да масавай культуры, да якой-кольвек абазнанай традыцыі, апроч традыцыяў эўрапейскага авангарду. Хоць, вядома, не магу не згадаць раману Дзьмітра Вішнёва “Прогулка среди звёзд” 6, дзе Злучанымі Штатамі кіруе нашчадак расейскіх манархаў Пётра ХХІІ, а нармальныя амэрыканскія героі змагаюцца з дыктатурай, раз нават сеўшы ў касьмічны карабель. Тут Вішнёў безумоўна арыентаваўся на масавага чытача, аматара фантастыкі, і, пэўна, ня быў супраць таго, каб у гэтай кніжцы адшукаўся які-небудзь таемны сэнс, але тады яшчэ не існавала руху Бум-Бам-Літ.

Апроч ББЛ, В. Акудовіч зьвяртаецца і да аналізу астатніх хоць крыху вядомых літаратурных рухаў і суполак, у тым ліку ўтвораных газэтамі і часопісамі. Такая шырыня ахопу цалкам апраўданая — у тлумачэньні да публікацыі ягоных лекцыяў у “Фрагмэнтах” аўтар сьцьвярджае, што “асноўным аргумэнтам на карысьць публікацыі” сталася адсутнасьць грунтоўных прац прафэсійных літаратуразнаўцаў пра стан сучаснай беларускай літаратуры. Пра характар сёньняшняе крытычнае дзейнасьці гэтых прафэсіяналаў мы паспрабуем сказаць колькі словаў, наколькі магчыма разглядаць яе абагульнена і сьцісла. Тут адразу заўважу, што аўтар апынаецца ў даволі складанай сытуацыі, бо зь першага погляду можа здацца, што па нашай тэме напісана і надрукавана даволі шмат, але гэтае “шмат” калі і друкуецца, то найчасьцей у малатыражных выданьнях унівэрсытэтаў, не дасягальных для жыхара правінцыі; а агульнарэспубліканскія акадэмічныя зборнікі “Сучасная беларуская літаратура” і “Сучасная беларуская літаратурная мова” перасталі існаваць яшчэ ў 80-я.




5 Современная западная философия. Менск: Вышэйшая школа, 2000. С. 282—283.





6 Вишнёв Д. Прогулка среди звёзд. Несвиж: редакция газеты “Чырвоны сцяг”, 1993.
   

У першую чаргу, нельга абмінуць дастаткова фундамэнтальнай працы М. Тычыны “На павароце. Беларуская літаратура канца ХХ ст.” 7, якая можа бачыцца альтэрнатыўнай Акудовічавым лекцыям і якая выйшла пасьля іх. Спадар Тычына пачынае разгляд літаратуры канца ХХ стагодзьдзя чамусьці з пасьляваенных гадоў, але паступова пераходзіць і да авангардысцка-экспэрымэнтальных тэндэнцыяў у беларускай культуры 90-х. Тут аўтар зьвяртае ўвагу на “пераклічку творчых пошукаў Алеся Разанава са школай сюррэалізму”, В. Быкава і А. Адамовіча з экзыстэнцыялізмам. Разважаючы ж пра “эпоху беларускага постмадэрнізму”, сп. Тычына прыходзіць да парадаксальных высноваў. Пішучы, што постмадэрн уяўляе сабой трансфармацыю клясыкі, ён знаходзіць “асобныя прыкметы постмадэрнісцкай сьвядомасьці” ў... Францішка Скарыны і Міколы Гусоўскага (№ 9, с. 17). Галоўная ж хіба беларускага сучаснага постмадэрнізму — “складанае перапляценьне розных творчых мэтадаў і стыляў” і адсутнасьць “акрэсьленага самастойнага вымярэньня”. Гэта значыць, якраз тое, што сьведчыць пра неабходныя жыцьцёвыя ўмовы постмадэрну. Што да прывязаньня да постмадэрну Скарыны й Гусоўскага, то застаецца толькі ўзрадавацца таму, як яны на паўтысячагодзьдзя апярэдзілі свой час.

Што да іншых характарыстык акадэмічнае крытыкі — можна заўважыць яшчэ адну акалічнасьць, за якую часам гарою стаяць крытыкі-прафэсіяналы. Калі чытаеш некаторыя навуковыя творы, часам складаецца ўражаньне, што агульнаэўрапейская рэвалюцыйная плынь у гуманітарных навуках канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя абмінула беларускіх дасьледнікаў (тут я маю на ўвазе тую плынь, што ўзьнялася супраць пазытывісцкіх тэндэнцыяў у гуманітарных ведах). Яны (крытыкі) нярэдка дагэтуль карыстаюцца мовай і мэтадамі, характэрнымі для прыродазнаўчых ці матэматычных навук. Праз гэта літаратурны твор выглядае як труп, які трэба разгледзець, абмераць і пра які трэба пісаць выключна навукова, безэмацыйна, рацыянальна. Атрымліваецца нейкае абезжыцьцёўленьне твору, у той час як відавочна, што літаратура мае жыцьцёвую, экзыстэнцыйную аснову. Безумоўна, разглядаючы нейкі твор, крытык імкнецца знайсьці ў ім пэўную структуру, як нам гэта радзіць, напрыклад, І. Кухарава ў артыкуле “Схема аналізу мастацкага твору” 8. Пляны разбору лірычнага верша, характарыстыкі мастацкага вобраза-пэрсанажа і інш. тут складаюцца з шэрагу выразна акрэсьленых пунктаў, чым вельмі нагадваюць адну вядомую ўсім наведнікам мясных крамак карцінку з тушай сьвіньні, падзеленай на пранумараваныя часткі.




7 Роднае слова. 2001. №№ 4, 6, 9.












8 Беларуская мова і літаратура. 2001. № 1. С. 95—100.
   

Яшчэ адна ўласьцівасьць некаторых прафэсійных літаратуразнаўчых артыкулаў у тым, што беларускія літаратурныя плыні і здабыткі прывязваюцца да нейкіх працэсаў у літаратуры іншых рэгіёнаў, вызначаных як паралельныя. Гэта даўняя традыцыя. Сучасным жа прыкладам аднаго з апатэозаў такіх прывязак, думаю, можна прызнаць артыкул спадарыні С. Ганчаровай-Грабоўскай “Тенденции развития русской и белорусской драматургии конца ХХ в.” 9. Памылковаю будзе думка, што дасьледніца імкнецца знайсьці супольныя для беларускай і расейскай драматургій ХХ стагодзьдзя тэндэнцыі. Не. Яна спачатку называе хрэстаматыйную тэндэнцыю, а потым ілюструе яе пасьлядоўна матэрыялам з расейскай і беларускай літаратураў (самая частая фраза: “как в русской, так и в белорусской драматургии”). Складаецца ўражаньне, што альбо беларуская драматургія шчыльна прывязаная да расейскай і ня можа існаваць асобна, альбо яны абедзьве знаходзяцца ў адной сацыякультурнай сытуацыі, чаму не перашкодай ані сувэрэнітэт дзьвюх гэтых краінаў, ані ўнікальнасьць нацыянальных традыцыяў, ані розьніца сацыяльна-палітычнага ладу.

Каб усё ж пры канцы дадаць гэтаму крытычнаму артыкулу адценьне аб’ектыўнасьці і аптымізму, пагодзімся з доктарам філялёгіі зь філфаку БДУ спадарыняй Л. Сіньковай, што збольшага “канцэптуальнае асэнсаваньне сучаснай беларускай літаратуры дазволіла навукоўцам выявіць асноўныя тэндэнцыі і заканамернасьці...”, каб прызнаць, што “вынікі дасьледаваньняў надзвычай важныя для стварэньня агульнай гісторыі беларускай літаратуры”, і каб узрадавацца іхнаму спрыту, пасколькі ў 2001 годзе яны зрэшты “актыўна пачалі (выдзелена мной — А.Б.) распрацоўку тэм, зьвязаных з вывучэньнем нацыянальнай літаратуры ў агульнаславянскім, агульнаэўрапейскім і сусьветным кантэкстах” 10. Нам жа, літаратарам і аматарам крытычных артыкулаў, застаецца чакаць зьяўленьня яшчэ больш фундамэнтальных і глыбокіх прац у новых незалежных і абноўленых дзяржаўных часопісах, каб іх прачытаць і раскрытыкаваць.







9 Гончарова-Грабовская С. Я. Тенденции развития русской и белорусской драматургии конца ХХ в. // Веснік БДУ. 2002. Сер. 4. №1.








10 Сінькова Л. Д. Беларуская літаратура ў дасьледаваньнях вучоных БДУ // Веснік БДУ. 2001. Сэр. 4. № 2. С. 26, 28.
   

_______________

[4] Відавочна, тут неабходна патлумачыць, што гэта такое, праз сам тэкст сп. Акудовіча: “Увесь папярэдні досьвед цывілізацыйнага чалавека, незалежна ад таго, на каштоўнасьці якога кшталту ён абапіраўся (гуманістычнага ці негуманістычнага), фармаваўся вакол нейкай адной цэнтрапалеглай унівэрсаліі. Гэта значыць, што ўсё рэальнае і памысьленае чалавекам завязвалася на адзін нейкі вузел, які і забясьпечваў цэласнасьць уяўленай сьветабудовы і адпаведна пэўнасьць чалавека ў гэтай цэласнасьці. І хаця раз-пораз гэтыя вузлы “перавязваліся”, але прынцып заставаўся тым самым, незалежна ад таго, якой лёгацэнтрычнай унівэрсаліяй сашчэплівалася ў нешта адзінае ўся множнасьць бытнага (татэмам, Богам, эвалюцыяй, звышчалавекам, гістарычным матэрыялізмам ці камунізмам). Гэты прынцып унармаванасьці бытнага ў той ці іншы “глябальны цэнтар” сыстэмна распаўсюджваўся і на кожны лякальны фрагмэнт быцьця, які гэтаксама структураваўся шматлікімі цэнтрапалеглымі інстытуцыямі: дзяржава, сям’я, іншыя грамадзкія, ідэалягемныя, рэлігійныя супольнасьці і г.д., і да т. п. Адным словам, увесь папярэдні вобраз мысьленьня, як і вобраз практыкі чалавека, быў лёгацэнтрычным, трымаўся і мацаваўся ў цэласнасьці мноствам унівэрсальных вузлоў і вузельчыкаў, якімі, згодна канвэнцыйным дамоўленасьцям, зьвязваліся ў адно цэлае хаатычна разбэрсаныя фэномэны бытнага”. (Акудовіч В. Уводзіны ў Новую літаратурную сытуацыю. Лекцыі да Беларускага Калегіюму // Фрагмэнты. 2000. № 3—4.) С. 222—223.Назад

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (24) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/02/18