A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (27) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ІГАР КАРАШЧАНКА | |||||
|
Ігар Карашчанка |
(нар. у 1959 у Менску) — фалькалярыст. Працаваў у акадэмічным інстытуце этнаграфіі й фальклёру. Ягоная апошняя публікацыя ў “ARCHE” — артыкул “Гаруншчына” (№ 3-2003). |
Пачатак чэшскай і славацкай прысутнасці ў Беларусі прыпадае на Сярэднявечча. У XVI стагоддзі на беларускія землі прыбывалі так званыя “аляяры” — славацкія вандроўныя гандляры алеем і лекамі. Тады, відавочна, з’явіліся тут і рамеснікі, вайскоўцы, асобы духоўнага звання (у прыватнасці, “чэшскія” (“мараўскія”) браты). У найноўшы ж час большасць усіх чэхаў тагачаснай Савецкай Беларусі пражывала на гістарычнай Мазыршчыне. “Кажуць, папалі сюды чэхі з Аўстрыі на паншчыну... Колісь купілі яны ў паноў зямлю і пасяліліся тут у Галоўчыцах. Чэхі працавалі на зямлі”, — так успаміналі нам пра перасяленне чэхаў на беларускія землі ў 1860-я гады сяляне Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласці (запіс 1990-х). Канкрэтызуючы, нам растлумачвалі: “Памешчык выдаваў чэхам-работнікам крупы, муку. На карову — 100 пудоў сена. Мужчыны працавалі на полі, касілі, аралі, працавалі на конях. Таму іх называлі “фарналí”. Замужнія жанчыны, што мелі дзяцей, не працавалі ў полі, глядзелі сям’ю” (запісана ў 1995 годзе ў пасёлку Чэхі на Нараўляншчыне). Паступова сфармавалася некалькі асяродкаў пражывання чэхаў. Сярод буйнейшых — маёнтак Галоўчыцы ў былым Мазырскім павеце Менскай губерні (належаў памешчыку Горвату; цяпер вёскі Двор і Чэхі сучаснага Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласці); вёска Санюкі і наваколле (урочышча Ляхаўшчына і інш.) у сучасным Ельскім раёне (былым Каралінскім) той жа вобласці. Паводле звестак перапісу 1926 году, з 650 чалавек чэхаў і славакаў БССР у Мазырскай акрузе жыло 486 чалавек (з іх 288 чалавек роднай мовай лічылі чэшскую). Паводле ж звестак перапісу 1897 году, у тагачасным Рэчыцкім павеце мелася даволі значная група (121 чалавек) праваслаўных чэхаў. Адзначым наступнае. Частка чэхаў (прынамсі, многія з наваколля Санюкоў) перасяліліся на беларускае Палессе з Валыні. Так, у прыватнасці, старажылы Санюкоў у размове з намі адзначалі: “Карнійчук (чэх) неяк сказаў, што чэхі прыехалі сюды аднекуль з Валыні. Былі яны каталікамі (рыма-каталікі), ездзілі ў Жытомір у касцёл”. У той жа мясціне мы чулі такую канкрэтызацыю: “Чэхі Сухамолі недзе з-пад Дубна, Роўна ва Ўкраіне — з сельсавету Іваньня Дубенскага раёна Ровенскай вобласці”. На беларускае Палессе чэхі, як немцы Беларусі, дасяляліся з Валыні ў 1900—1910-я гады. Як былыя падданыя Аўстра-Венгрыі, яны ў час першай сусветнай вайны былі прымусова эвакуяваны ўглыб Расійскай імперыі і пэўны час жылі ў былой Арлоўскай губерні. З чэхаў у наваколлі Галоўчыц у розны час жылі Траўнічкі, Бачыны, Карабцы, Сынэк, Вафэкі (ці Вафкі), Янічэк (па-мясцоваму Янічко), Ажэнілэк, Козак, Свобада (па-мясцоваму Слабода), Сыровыя (сям’ю чарнобыльскіх адсяленцаў Канстанціна Сыровага, 1928 г. нар., і Ганны Сыровай, у дзявоцтве Вафэк, 1932 г. нар., з вёскі Двор, я сустрэў у менскай Малінаўцы, дзе жывуць многія чарнобыльцы-перасяленцы з розных раёнаў Гомельшчыны і Магілёўшчыны), Вожышэк (настаўнік чэшскай школы ў 1930-я), Гаек у Антонаве, Дэконскі (інакш Дзеконскі) у Мальцаве. У наваколлі Санюкоў жылі Працівенскія, Бачыны, Сыровыя, Сухамелі, Карнійчук, Кімпал (якога называлі аўстрыйцам, бо ў час першай сусветнай вайны ён быў падданым Аўстра-Венгрыі, ваяваў як вайсковец гэтай дзяржавы), Новак, Артысук, Вафкі ў Чырвоным Пільшчыку, Пангліч па Кустаўніцкай дарозе ў раёне Тажылаўкі. У вёсцы Роза-Люксембург (колішняй Анзельмаўцы) сярод немцаў, беларусаў і ўкраінцаў жылі чэхі па прозвішчы Шэды. |
Праз нешматлікасць чэхаў у Беларусі, а таксама іхнюю асіміляванасць (у выніку этнакультурнага збліжэння з беларусамі-каталікамі ды палякамі; “ты ж паляк, ядрыць тваю налева” — пачуў у Чэхах ад суседа-беларуса) доўгі час ніякага нацыянальна-культурнага будаўніцтва сярод чэхаў Гомельшчыны не вялося. І толькі ў галодныя ці “паслягалодныя” 1933—1934 гады, калі найбольш спрыяльны час нацыянальна-культурнага будаўніцтва сярод нацменшасцяў БССР мінуў, а заставалася толькі такая экзотыка, як чытанне кітайскіх кніг кітайскімі калгаснікамі з-пад Віцебску, выраб галёшаў асірыйцамі гораду Гомелю (якія, дарэчы, мелі сваю беларуска-асірыйскую школу), распаўсюджанне аблігацый БелАЗЕТу, арганізацыі, што займалася землеўпарадкаваннем працоўных яўрэяў, чэхі арганізавалі школку... У беларускай прэсе з’явілася паведамленне пра тое, што разам са школамі на 11 мовах у рэспубліцы адкрылася школа на чэшскай мове (“Звязда”, № 198 ад 1 верасня 1935). У пасёлку Чэхі была арганізавана пачатковая чэшская школа. Настаўнікам першага й другога класаў — усяго ў найманых у гаспадароў-вяскоўцаў хатах вучылася чалавек пятнаццаць — быў нехта Стэфан Лойзікавіч (сын Алоіза) Вожышэк. Паводле ўспамінаў вяскоўцаў, гэта быў чалавек сярэдніх гадоў, сямейны (жонку звалі Лаўра, меў двох дзяцей), кватараваў у вёсцы Востраў. Падручнікаў чэшскай мовы было мала, штук пяць на ўсіх вучняў. Як зачынілі чэшскую школу (недзе ў 1936 годзе), ён пэўны час працаваў у мясцовай беларускай школе і толькі ў пачатку 1937-га выехаў. Пасля таго як зачынілі чэшскую школу, дзеці давучваліся ў беларускай школе ў вёсцы Двор. Тры чалавекі пайшлі вучыцца ў польскую школу ў вёску Галоўчыцы і правучыліся там адзін ці два гады. Першую рубленую хату ў Чэхах, пабудаваў сабе Траўнічак у 1929-м годзе. Датуль жылі ў панскіх мураваных дамах. У тым жа годзе ў наваколлі Двара і Галоўчыц, а таксама ў Чэхах была праведзена калектывізацыя. У апошняй вёсцы быў арганізаваны калгас “Герой працы”. Калектывізацыя не прывяла да рэпрэсій супраць заможнай часткі чэшскага насельніцтва. Арышты адбыліся ўжо ў другой палове 1930-х “па лініі НКВД”. Тады ў Чэхах арыштавалі шэсць чалавек: двух Працівенскіх, трох Сыровых і аднаго Бачыну. Старыя людзі кажуць: “На іх навялі, што з Польшчай (са сваякамі з заходняй Украіны, а можа, і Чэхіі) маюць перапісь”. Што да асаблівасцей матэрыяльнай культуры, звычаёвасці, дык трэба адзначыць наступнае. Даўней чэшскія жанчыны не ткалі, абыходзіліся куплёным. Сталі ткаць у вялікую айчынную вайну, навучыліся ад суседзяў-беларусаў. Апошнія — па старой звычцы і ў выніку кантактаў з вайскоўцамі-славакамі, якія з’явіліся на Палессі разам з немцамі — называлі чэхаў “драцязамі” (г. зн. “малазаможнымі”), “грэкамі”. У вайну пасярод вёскі стаяў крыж. Яго павязвалі ручнікамі, да Вялікадня, Дабравешчання, Стрэчання на яго вешалі вяночкі. Свае святы старыя людзі называлі нам красамоўна: Чэшскі Спас, Чэшская Тройца, Свáта Троічка. Сярод цікавых абрадаў трэба адзначыць звычай “ганяць скочак” на другі дзень Вялікадня (абрадавае абліванне). Да 1950—60-х гадоў чэшскую мову было чуваць у пасяленнях, населеных чэхамі. Да пачатку 1960-х яна ўжывалася пры адпяванні нябожчыкаў. У час сумесных маленняў збіраліся ў доме “Бабічкі” — жонкі былога панскага хмельніка Івана Траўнічка.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (27) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Маkса Плакса |