A R C H E П а ч а т а к № 4 (27) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42003
» да Зьместу «

 


ЧЭСКІ АЛЬБОМ
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Чэскі альбом

СЯРГЕЙ СМАТРЫЧЭНКА
(81Kb) Вокладка ARCHE 4-2003. ЧЭСКІ АЛЬБОМ. Дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Сяргей Сматрычэнка
 
 
Незнаёмае пісьменства


Здабыткамі чэшскай і славацкай літаратур цікавяцца на Беларусі здаўна. У даваенныя гады на беларускай мове асобнымі выданнямі выйшлі “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну” (ч. 1—4, 1931—32): “Цвёрдая шкура” і “Швейк на фронце” (1931), “Швейк за дзеншчыка ў фельдкурата” (2-е выд., 1932) Гашака, “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка” (ч. 4, 1932) Гашака і Ванака, “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка” (ч. 5—6, 1931—32) Ванака. Пасля Айчыннай вайны ўзаемасувязі беларускай і чэшскай літаратур узмацніліся. На беларускую мову перакладзены кніга Фучыка “Рэпартаж з пятлёй на шыі” (пад назвай “Слова перад пакараннем смерцю”, 1953), раманы П. Бояра і В. Бояравай “Закаханыя” (1960), І. Кубічка “Люцынка” (1965), А. Ірасека “Скалакі” (1974), Б. Ногейла “Паводка” (1977) і Казака “Гняздо бусла” (1979), зборнік “Чэшскія і славацкія апавяданні” (1958), кнігі І. Марака “Маладыя змагары” (1958), Ржыгі “Паездка Гонзіка ў вёску” (1961), Чапека “Казкі і вясёлыя гісторыі” (1966), прыгодніцкая аповесць В. Стыблавай “Мой брацік” (1977), чэшскія народныя казкі “Кубачак, вары” (1977), анталогія сучаснай чэшскай паэзіі “Высокае неба” (1980), кніга апавяданняў Гашака “Госць у хату” (1984), аповесць І. Герцыкавай “Цень сну” (1985), зборнік вершаў і паэм Незвала “Васількі і гарады” (1986).

Паводле “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі”

Паспалітаму беларускаму чытачу цяжка зарыентавацца, наколькі згаданыя ў цытаце імёны і творы прэзэнтацыйныя, а яны, між тым, мусілі нам прадстаўляць усё багацьце і разнастайнасьць чэскай літаратуры — інакш як у перакладах нам не даступнай, — ды яшчэ на ўсім працягу ейнага разьвіцьця ажно да канца 80-х. Калі Гашак ды Чапэк, падобна непадзельнай двойцы Колас—Купала, даўно прапісаліся ў шэрагах сусьветных клясыкаў, а Фучык заняў сваё месца на камуністычным Парнасе, дык астатнія імёны з падобнай вядомасьці цешыцца наўрад ці могуць. Адукаванейшыя беларусы скажуць, што пра Іраска ды Нэзвала, здаецца, недзе чулі, што ж да рэшты — гэта аўтары цалкам выпадковыя, пра якіх даўна забыліся й самі чэхі, як чытачы, так і адмыслоўцы ў літаратуры.

Каб не спыняцца на далёкім ужо канцы 80-х, трэба сказаць, што сякія-такія пераклады выходзілі й пасьля: дзіцячыя кніжкі Станіслава Рудальфа “Маё цудоўнае вужаня” ды Эдуарда Баса “Клапзубава каманда”; у “Школьнай бібліятэцы” (адцэнзураваны і з купюрамі) выйшаў новы (гэтым разам, праўда, зроблены з арыгіналу) Мажэйкаў пераклад “Прыгод удалага салдата Швэйка”; асобнаю кніжкай выходзілі вершы Івана Скалы ў перакладзе Х. Жычкі; сякія-такія вершы чэскіх паэтаў трапілі ў зборнік С. Панізьніка “Сустрэча роднасных сусьветаў”; у 1997 годзе “Полымя” старонак 50 прысьвяціла караценькаму агляду сучаснай чэскай літаратуры; нарэшце, сталыя чытачы “Крыніцы”, “ARCHE”, “Правінцыі”, “Нашай Нівы”, “Літаратурна-філязофскага сшытку ЗНО” прыгадаюць, што на старонках гэтых выданьняў друкаваліся асобныя творы Вацлава Гаўла, Мілана Кундэры (шаноўныя спадары-хто-лічыць-сябе-інтэлігентам, дазволю сабе маленечкую заўвагу, каб вы шторазу ня пляскаліся ў гразь: Кундэра вымаўляецца з націскам на першы склад!), Багуміла Грабала, тых самых Гашка ды Чапка, Эвы Кантуркавай, Вацлава Чэрнага, Івана Блатнага, Эгана Бонды. Мо каго забыўся — прашу ласкава прабачыць. У кожным разе, імкненьне да пэўнай сыстэмнасьці й прэзэнтацыйнасьці ў гэтых новых перакладах ужо прасочваецца, хоць яшчэ й ня гэтак выразна, як хацелася б. Ня буду, аднак, галаслоўны.

(нар. у 1977 у Віцебску) — багеміст, перакладчык, выкладчык БДУ. Ягоная апошняя публікацыя ў “ARCHE” — артыкул “Летаргія беларускай лінгвістыкі” (№ 4-2001).
   

У 1999 годзе сярод чэскіх літаратуразнаўцаў і крытыкаў было зладжанае апытаньне, паводле вынікаў якога названа 50 чэскіх кніг ХХ стагодзьдзя, што зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё ўсяе сусьветнае літаратуры (нешта падобнае, але бяз гэнай сусьветнай значнасьці, ладзіла ў нас “Наша Ніва”). З усіх вышэйпамянёных (перакладзеных на бел. мову) аўтараў у сьпісе прысутнічаюць Гашак, Грабал, Кундэра, Карэл Чапэк ды Алаіс Ірасэк. Але давайце зьвернемся беспасярэдне да рэйтынгу. У першай дзясятцы тут разьмясьціліся Гашкаў “Швэйк”, “Занадта гулкая самота” Грабала, “Маркета Лазарава” Ладзіслава Ванчуры, “Баязьліўцы” Ёзафа Шкворацкага, Кундэраў “Жарт”, “Чэскі соньнік” Людвіка Вацуліка, “Звычайнае жыцьцё” Карла Чапка, зноў Грабал — “Я абслугоўваў ангельскага караля”, “Голет у лагчыне” Івана Олбрахта і кніга другога з братоў Чапкаў — Ёзафа — “Кульгавы вандроўнік” (не зьдзіўлюся, калі нават нашыя знаўцы літаратуры ня чулі асобных імёнаў з гэтай першай дзясяткі). Паводле колькасьці наяўных у рэйтынгу твораў адназначныя лідэры — творца-гуманіст Карэл Чапэк (сем кніг) і выкшталцоны стыліст Ладзіслаў Ванчура (шэсьць). Натуральна, дадзены рэйтынг — зусім не апошняя інстанцыя, да таго ж ён ахоплівае толькі прозу, тым часам як у паэзіі, скажам, чэхі маюць і свайго “нобэля” Яраслава Сайфэрта, аднак у астатнім сьпіс досыць аб’ектыўны і бесстароньні, яму немагчыма закінуць, прыкладам, антыкамуністычны падыход, жаданьне выкрасьліць сацыялістычны пэрыяд з сваёй літаратурнай гісторыі (тыя самыя Чапэк ды Ванчура, як і добрая траціна іншых фігурантаў, былі верныя сацыялісты, Іван Олбрахт цягам доўгіх гадоў рэдагаваў “Rudé právo”, рупар чэскіх камуністаў, а Марыя Маерава, таксама прысутная ў рэйтынгу, была актыўнай дзяячкай той самай Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны).

Каб ня быць аднабаковым і надаць гэтаму кароткаму агляду чэска-беларускіх літаратурных сувязяў узаемны характар, варта хоць адным вокам акінуць тое, што ж зрабілі чэхі дзеля папулярызацыі нашай літаратуры ў сваёй краіне. Адразу трэба зазначыць, што іхныя пераклады з нашай літаратуры маюць значна больш сыстэмны і ахопны характар. Паводле статыстыкі, у 70—80-я гады мінулага стагодзьдзя па-чэску штогод выходзіла каля 100 кніг савецкіх аўтараў, зь іх каля 80% прыпадала на расейцаў, а з той 20-працэнтнай рэшты беларусам даставаліся 1-2%, то бок адна-дзьве кнігі за год. Гэта нямала, прычым тут улічваюцца толькі кнігі — без газэтна-часопісных публікацыяў. Беспасярэдне зь беларускай мовы, мінаючы расейскую, перакладалася мо палова, прычым пераважна дзякуючы шчыраваньню сьветлай памяці Вацлава Жыдліцкага. У выніку пры канцы 80-х па-чэску гучалі Быкаў і Адамовіч, Пташнікаў і Брыль, Карпюк і Караткевіч, Мележ і Танк… Гэта ня кажучы ўжо пра Коласа з Купалам. Прычым у кожнага зь іх выйшла не па адной кніжцы, а па дзьве-тры і больш.

 
   

На жаль, у 90-я, калі ў нас, пакуль вельмі памалу, пераклады з чэскай пачалі набываць рэальную прэзэнтацыйнасьць, у Чэхіі на беларускую літаратуру забыліся. Дазваньня. Зрэшты, зразумець гэта можна: савецкая літаратура (як і ўсё іншае) даўно абрыдла, а столькі цікавых, знакавых, урэшце, модных твораў (як сваіх, так і заходніх), доўга недаступных масаваму чытачу, раптам зрабіліся дазволенымі і даступнымі. Цяпер, здаецца, пэрыяд непрыманьня ўсяго расейскага (што для чэхаў сынанімічна савецкаму) ужо мінуўся і цікавасьць да сучаснай беларускай літаратуры паціху абуджаецца, аднак па сьмерці Вацлава Жыдліцкага не зьявілася пакуль роўнай яму ў сваёй адданасьці нашаму пісьменству постаці. Дый узяцца ёй пакуль што няма адкуль — беларусістыка на сёньняшні дзень не вывучаецца ні ў адным чэскім унівэрсытэце. Сярод славянаў падобнай незацікаўленасьцю з боку чэхаў “цешымся” хіба мы ды лужыцкія сэрбы, зрэшты, у дачыненьні да апошніх я магу памыляцца. Нават культура і мова нашых паўднёвых суседзяў, нягледзячы на агульную нелюбоў да іх шараговых грамадзян Чэхіі, у якой украінцы ўтвараюць вельмі шматлікую армію нелегальных рабочых, а разам з цыганамі й мясцовымі нэафашыстамі ў значнай ступені абвастраюць крымінагенную сытуацыю, вывучаецца вельмі шырока; украіністыка карыстаецца немалой папулярнасьцю, зусім ня шмат саступаючы, напрыклад, русістыцы. Што казаць, па сьмерці ўсё таго ж Вацлава Жыдліцкага ў Чэхіі не засталося ніводнага судовага перакладчыка зь беларускай мовы, г.зн., што цяпер там пры неабходнасьці немагчыма было б зрабіць натарыяльна завераны пераклад афіцыйнага дакумэнта, складзенага па-беларуску (натуральна, калі б такі адшукаўся).

Але вернемся да прыгожага пісьменства. Давайце яшчэ на хвілінку зірнём на наш рэйтынг “Топ-50”. Уважлівы чытач, мусіць, заўважыў, што чэхі крыху пасьпяшаліся, склаўшы яго яшчэ ў 1999-м, безмаль за два гады да канца стагодзьдзя. І гэткім чынам урэзаныя 90-я прэзэнтаваныя ў ім толькі адным творам — раманам “Сястра” Яхіма Топала. У такой сытуацыі заканамерна паўстае пытаньне: няўжо зрыненьне ідэалягічнага пута і вальнейшы доступ да ўзораў сучаснага сусьветнага мастацтва і мысьленьня ўвагналі чэскае пісьменства апошніх 10—15 год у ступар? Ні ў якім разе! На маё ўражаньне, чэская літаратура за сваю гісторыю ніколі яшчэ не буяла так, як цяпер. Іншая рэч, што напоўніцу значнасьць пэўнага твору і яго месца ў канкрэтнай літаратуры можна ацаніць хіба з часавай адлегласьці — большай ці меншай. Нават “Швэйк” быў ацэнены й прыняты не адразу — гэта вядомы факт. Вось жа, тым значнейшым і знакавейшым творам уяўляецца тая ж “Сястра”, калі яна ўсяго праз колькі гадоў па сваёй публікацыі трапіла ў сьпіс самых-самых.

Сьпіс, натуральна, умоўнасьць, важнейшае ўражаньне, адчуваньне, і мне было б страшэнна прыемна, калі б мае ўражаньні дапамаглі скласьці ўяву нашаму чытачу пра тое, што цяпер робіцца ў чэскім пісьменстве, чым жыве тамтэйшая літаратура па Аксамітнай рэвалюцыі, як гучаць тыя новыя імёны і назвы, якія ўжо выцясьняюць імёны і творы “цяпер-ужо-француза” Кундэры або нябожчыка Грабала?



 
   

Вось жа, Аксамітная рэвалюцыя прынесла з сабой ня толькі вызваленьне і разьняволеньне, але й непрацяглы “тайм-аўт”, калі на самым пачатку 90-х літаратурны працэс нібыта закансэрваваўся, зьнерухомеў. Роспач ад страты дагэтулешніх ідэалаў і пераацэнка вартасьцяў, аднак, не зацягнуліся, да таго ж тыя няплённыя год-два было чым запоўніць: як грыбы пачалі ўзьнікаць новыя выдавецтвы (за першую палову 90-х іх зьявілася блізу 3000), якія ўзяліся выдаваць усё забароненае ці невядомае датуль (не забывайма, што рэвалюцыйны лістапад 1989-га году, апроч іншага, зьліў разам тры прыкладна раўназначныя плыні — афіцыйна выдаваную літаратуру, эмігранцкую ды самвыдаў). Досыць хутка, аднак, спажыўцы насыціліся й перасыціліся, а бальшыня выдавецтваў збанкрутавала. Сярод тых, што перажылі і занялі трывалае месца на кніжным рынку, — “Atlantis”, “Host”, “Hynek”, “Petrov”, “Torst”, “Votobia”, “Ivo Železný”, “Větrné Mlýny”…

Неацэнную ролю на самым пачатку 90-х гадоў адыграў у справе адкрыцьця новых імёнаў часопіс “Iniciály”. У тым часе ён стаўся сапраўднай трыбунай для маладых аўтараў. На жаль, праз ідэйную неакрэсьленасьць і фінансавыя праблемы часопіс праіснаваў нядоўга, але ягонае месца вельмі апэратыўна здолелі заняць іншыя новазаснаваныя ці адноўленыя выданьні: “Host”, “Tvar”, “Psí víno”, “Weles”, “Aluze”, “Lumír”…

Цікавай тэндэнцыяй і выразнай праявай рынкавай эканомікі ў літаратуры ёсьць дэцэнтралізацыя выдавецкае справы (як і самога літаратурнага працэсу): большая частка літаратурных часопісаў цяпер выходзіць ня ў Празе, а на ўсходзе — у Маравіі, галоўным чынам у Брне зь ягонымі магутнымі выдавецкімі дамамі “Host” і “Petrov”. Вакол асобных часопісаў і выдавецтваў пачалі гуртавацца суполкі аўтараў, і ўрэшце, нават нягледзячы на пэўныя складанасьці напачатку, цяперака Чэхія перажывае сапраўдны пісьменьніцкі бум. Што казаць, нават калі палічыць толькі аўтарскія дэбюты за апошняе дзесяцігодзьдзе, выйдзе, што ў чэскай літаратуры што тры дні на літаратурным небасхіле загараецца новае імя. Вядома, ня кожнае зь іх робіцца яснаю зоркай, аднак нямала нават дэбютных кніжак імгненна атрымлівае ўсенароднае прызнаньне, а заадно і прэстыжныя літаратурныя прэміі. Сьвежы прыклад: у 2002 годзе ў штогадовай анкеце газэты “Lidové noviny” найлепшымі кнігамі году былі названыя раман “Памяці маёй бабулі” (Paměť mojí babičce) 22-гадовай студэнткі мангалістыкі Пэтры Гулавай і зборнік апавяданьняў “Жэлары” 83-гадовай Кветы Лягатавай. Абедзьве аўтаркі гэтак адрознага веку — дэбютанткі, аднак гэта ня сталася перашкодай, каб апярэдзіць нават прызнаных мэтраў.


 
   

Калі асацыяваць 90-я гады з адною творчаю постацьцю, ёю бясспрэчна будзе Міхал Вівэг, які да сёньня ўжо цягам дзесяцігодзьдзя ўтрымлівае адназначнае першынство што да накладаў сваіх кніг і любові чытачоў, а асабліва чытачак. Такое становішча тлумачыцца, між іншым, беспамылковым разьлікам. Па-першае, Вівэг вельмі плённы аўтар: з 1990 да 2003 году ён выдаў агулам 12 кніг, не даючы тым самым нагоды забыцца на сябе. Па-другое, ягоныя творы займаюць тактычнае становішча між высокім мастацтвам і кічам; як выказаўся Ян Максімюк, гэта своеасаблівы постмадэрнізм для народу. Побач зь літаратурнай гульнёй, інтэртэкстуальнымі ды мэтатэкставымі пасажамі ягоныя творы заўсёды маюць прыцягальны сюжэт, часта заснаваны на аўтабіяграфічных перажываньнях, яны насычаныя густоўным гумарам і не перанасычаныя сымбалямі. Гэта чытво як лёгкае, гэтак і дабраякаснае. Чытач, верыцца, падзеліць маё меркаваньне, пазнаёміўшыся па-беларуску з раманам “Выхаваньне дзяўчат у Чэхіі” (Výchova dívek v Čechách, 1994), які, разам з кнігай “Цудоўныя гады сабаку пад хвост” (Báječná léta pod psa, 1992), ёсьць найпапулярнейшай кнігай гэтага аўтара (не ў малой ступені дзякуючы таму, што паводле згаданых двух раманаў амаль адразу былі зьнятыя аднайменныя фільмы).

Ужо згаданы вышэй Яхім Топал (Jáchym Topol, нар. 1962) — асоба, узгадаваная андэрграўндам. Цяперашні паэт і празаік, былы журналіст і рок-сьпявак паходзіць зь вядомага пісьменьніцкага роду: ягоны дзед Карэл Шульц — аўтар славутага раману “Камень і боль”; бацька Ёзаф Топал — дысыдэнт, знакаміты драматург, перакладчык п’есаў Шэксьпіра, юначы сябар Вацлава Гаўла; брат Філіп — празаік і паэт, сьпявак і музыка, лідэр культавага андэрграўнднага гурту “Байцовыя сабакі” (Psí vojáci), для якога нямала тэкстаў напісаў і сам Яхім. Сваю дарогу ў літаратуру ён пачаў, узараўшы паэтычную ніву і выдаўшы зборнікі вершаў “Кахаю цябе да шаленства” (Miluju tě k zbláznění, 1991) і “У аўторак будзе вайна” (V úterý bude válka, 1992). Дасягнуўшы ў паэзіі вяршыні ў выглядзе прэстыжнай літаратурнай прэміі, Яхім Топал ня кінуў яе пісаць, але перастаў публікаваць і ў 1994 годзе выдаў свой першы слаўны раман “Сястра” (Sestra), які адразу ж зрабіўся найгучнейшым літаратурным скандалам. Другі раман (а ўжо вось-вось мусіць выйсьці і трэці) — “Андзел” (Anděl, 1996; даслоўны пераклад — Анёл) — атрымаў сваю назву паводле раёну Прагі, раёну наркотыкаў і злачынных прытонаў (мастацкі фільм “Anděl Exit” (2000) рэжысэра Ўладзімера Міхалка, гэткі чэскі “Trainspotting”, быў адзначаны як найлепшы фільм году ў некалькіх намінацыях). Кнігі Топала стылёва цалкам супрацьлеглыя Вівэгавым: гэта вельмі складаныя мэтафары пра пагібель людзей ад “дабротаў” сучаснай цывілізацыі, гэта крывавыя алегорыі, што выклікаюць у чытача ўвадначас і захапленьне, і агіду, гэта мазаікавыя каляжы зь цяжкаўлоўным сюжэтам, напісаныя гутарковай і слэнгавай мовай.


 
   

Тэма наркотыкаў, жыцьця багемы ці папросту грамадзкага дна для чэскай літаратуры ня новая — яшчэ ў 1984 годзе другі прадстаўнік чэскага андэрграўнду Ян Пэлц (Jan Pelc, нар. 1957) выдаў на эміграцыі брутальны, даўна ўжо культавы раман “…а будзе горш” (…a bude hůř; амаль як у песьні нашага “NRMу”; зрэшты, рок-музыка і андэрграўнд заўжды былі вельмі блізкія, таму такія міжнародныя перагукі нядзіўныя) пра амаральны супраціў яшчэ больш амаральным і нават злачынным завядзёнкам сацыялістычнага нармалізацыйнага рэжыму. Пэлц застаецца плённым аўтарам і цяпер: на хвалі камэрцыйнага посьпеху свайго першага раману, які на радзіме быў выдадзены ў 1990 годзе і ўжо вытрымаў некалькі перавыданьняў, ён напісаў яшчэ колькі празаічных кніг, сярод якіх найвялікшы рэзананс атрымала аповесьць “Баскет Флёра” (Basket Flora, 1995), надзвычай дасьціпная чарнушная пародыя на клясычны дэтэктыў, экалягічны раман, баявік і г.д.

Цікава, што старэйшае пакаленьне чэскіх аўтараў, чые кнігі ў камуністычнай Чэхіі былі пад забаронай, па Аксамітнай рэвалюцыі ўжо, бадай, не стварылі гэткіх слынных твораў, як да таго, пішучы ў стол або выдаючы на эміграцыі ці ў самвыдаве (з ходу магу назваць хіба вельмі моцны раман “Як робіцца хлопец” Вацуліка, аднак характэрна, што ён не ўвайшоў у наш “Топ-50” і Вацулік там прэзэнтаваны сваімі ранейшымі кнігамі “Чэскі соньнік” ды “Сякера”). Новыя часы амаль не прынесьлі “старой гвардыі” новых тэмаў, і тыя часьцяком заглыбляліся ў мэмуары ці ўвогуле адышлі ад літаратурнай творчасьці. Яскравым выняткам на гэтым тле — Іржы Кратахвіл (Jiří Kratochvil, нар. 1940), які, пачаўшы пісаць у 1964 годзе, сапраўднай пісьменьніцкай славы дасягнуў якраз толькі ў 90-я. У 1970 годзе яго абвесьцілі пэрсонай нон грата, аднак, не падзяляючы й многіх поглядаў тагачасных дысыдэнтаў, ён стаўся гэткай белай варонай. Калі не лічыць самвыдатаўскай кнігі апавяданьняў з 1978 году, ягоны афіцыйны кніжны дэбют адбыўся ажно ў 1990-м. На сёньняшні дзень Іржы Кратахвіл — аўтар васьмі раманаў, двух зборнікаў апавяданьняў, колькіх эсэістычных кніг, тузіна п’есаў… Апроч таго, ён — уладальнік цэлай калекцыі прэстыжных літаратурных прэміяў: Тома Стопарда за “Мядзьведжы раман” (Medvědí román, 1990), Чэскіх кнігагандляроў і “Літаратурных навінаў” за “Пасярод начэй сьпеў” (Uprostřed nocí zpěv, 1992), Эгана Гостаўскага за “Авіён” (Avion, 1995), Карла Чапка за “Несьмяротную гісторыю” (Nesmrtelný příběh, 1997), Яраслава Сайфэрта за “Начное танга, або Раман аднаго лета з канца стагодзьдзя” (Noční tango aneb Román jednoho léta z konce století, 1999). Чэрпаючы натхненьне з тэмаў і ўласных перажываньняў найперш часоў таталітарызму, аўтар “не выпісваецца”, ягоны апошні раман “Ляжаць, шэльма!” (Lehni, bestie!, 2002) зноў вельмі ўражвае, і, хоць ён пакуль не атрымаў прэстыжных прэміяў, гэта хутчэй пытаньне некалькіх месяцаў. Іржы Кратахвіл, між іншым, аўтар “Маніфэсту постмадэрнізму”, аднак ягоны пісьменьніцкі мэтад цяжка зьмясьціць у рамках толькі постмадэрнізму. Кнігі пісьменьніка — складана структураваныя гісторыі, дзея якіх, вычварна пераплятаючыся, адбываецца то ў Брне ў вельмі канкрэтным месцы, то ў нейкім фантастычным, выдуманым сьвеце. Кратахвіл вольна маніпулюе ня толькі з часам ды прасторай, але і зь дзейнымі асобамі, умела гуляе з цытатамі і алюзіямі. Ён — непераўзыдзены стыліст і тонкі дасьціпнік, правакатар і псыхоляг.


 
   

Наступны, пра каго неабходна згадаць, — Пэтар Шабах (Petr Šabach, нар. 1951), пасьпяховы прадаўжальнік вельмі “чэскай” літаратурнай традыцыі, разьвітай Гашкам і Грабалам. Ягоныя творы — парадаксальна-гумарыстычнае (часам з трагікамічным адценьнем) асэнсаваньне найноўшай гісторыі, зноў жа галоўным чынам таталітарнай, часьцяком натхнёныя так званымі карчомнымі гісторыямі і анэкдотамі. Амаль усе ягоныя кнігі за кароткі час вытрымалі па некалькі перавыданьняў, а некаторыя — нават больш за дзясятак. Найбольш пасьпяховыя зь іх — “Гаўно гарыць” (Hovno hoří, 1994; на матывы гэтай кнігі быў зьняты шалёна папулярны фільм “Норкі” (Pelíšky), 1999), “Бабулі” (Babičky, 1998), “П’яныя бананы” (Opilé banány, 2001).

Парадаксальна: згаданыя вышэй аўтары, якія набылі літаратурную вядомасьць, а часта і ўступілі ў літаратуру на мяжы 80—90-х гадоў, належаць ужо да сучасных клясыкаў. На пяты ім наступае новае пакаленьне аўтараў кшталту Марціна Камарка, Рамана Лудвы, Пэтра Ульрыха, Вацлава Кагуды, Яна Балабана ці Мілаша Урбана, творы якіх заслугоўваюць безумоўнай чытацкай увагі. Выразную ролю ў многіх гэтых аўтараў адыгрывае фантасмагорыя, міт і фікцыя. Асабліва Мілаш Урбан (Miloš Urban, нар. 1967) зьдзівіў і выклікаў спрэчкі сваёй першай кнігай “Апошняя кропка ў справе “Рукапісаў” (Poslední tečka za Rukopisy, 1998), якая выдадзена пад псэўданімам Ёзаф Урбан і закладаецца на вядомых спрэчках што да падробкі Ганкам і Ліндам у ХІХ стагодзьдзі “Кралевадворскага й Зеленаградзкага рукапісаў”. Падобны містыфікацыйны характар маюць і ягоныя наступныя раманы: новагатычны “Сямікасьцёльле” (Sedmikostelí, 1999), экалягічны “Вадзянік” (Hastrman, 2001) або навінка “Цень катэдральнага сабору” (Stín katedrály, 2003).

Шматабяцальным празаікам выявіўся й Раман Лудва (Roman Ludva, нар. 1966), які па экспэрымэнтальнай дэбютнай кнізе “Сьмерць і фатэль” (Smrt a křeslo, 1996) у сваёй творчасьці хутчэй схіляецца да рэалістычнай плыні ў літаратуры, асабліва ж у апошнім сваім рамане “Сьцяна сэрца” (Stěna srdce, 2001). Да важных імёнаў прозы 90-х належыць Вацлаў Кагуда (Václav Kahuda, нар. 1965), які сваімі творамі, поўнымі фікцыі, узьвірыў розгалас як сярод чытачоў, гэтак і крытыкаў. Нярэдка яго называюць наступнікам Гашка і Грабала ды малодшым калегам Шабаха. Ягоны самавіта-размашысты стыль уласьцівы ўсім ягоным творам, зь якіх пакуль найвядомейшы — “Гушчар” (Houština, 1999).



 
   

Дагэтуль я не згадаў ніводнага імя сучаснай чэскай пісьменьніцы: іх дастаткова, аднак аб’ектыўна выходзіць так, што жаноцкасьць у полавай прыналежнасьці вызначае й жаночую тэматыку — гэта галоўным чынам праблемы, зьнітаваныя з становішчам і магчымасьцямі самарэалізацыі жанчыны ў сучасным грамадзтве, сям’і, партнэрстве… Таму й асноўную чытацкую аўдыторыю тут складаюць пераважна кабеты, хаця часта няма гаворкі пра лёгкае чытво, чыста жаночы раман. Якраз абстрагавацца ад жаночых праблемаў і ня страціць глыбіні мысьленьня найбольш удалося, відаць, Даніэле Годравай (Daniela Hodrová, нар. 1946), аднак паказальна, што многія пісьменьнікі-мужчыны — той самы Вівэг — ейных кніг не разумеюць. На ейную празаічную творчасьць найбольш паўплывала эстэтыка францускага Новага раману, з чэскіх аўтараў ёй духоўна блізкі Іржы Кратахвіл. Мэтафізычныя містыфікацыйныя раманы Годравай ствараюць новую міталёгію Прагі (“Перуноў дзень” (Perunův den, 1994), трылёгія “Пякельны горад” (Trýznivé město, 1991—1992)). Яны цяжкія для чытаньня, прасякнутыя літаратуразнаўчымі рэфлексіямі над сэнсам пісьма, а адсюль і жыцьця інтэлігенцыі.

Найбольшага камэрцыйнага посьпеху дасягнулі кнігі Галіны Паўлоўскай (Halina Pawlowská, нар. 1955): “Безнадзейныя жанчыны робяць безнадзейныя рэчы” (Zoufalé ženy dělají zoufalé věci, 1993), “Чаму я не засілілася” (Proč jsem se neoběsila, 1994), “Бэгемоты ня плачуць” (Hroši nepláčou, 1996), “Як быць шчасьлівым. Дванаццаць амаральных парадаў” (Jak být šťastný. Dvanáct nemorálních rad, 1996), “Як дасьць Гасподзь здароўя, будуць і грахі” (Dá-li pánbůh zdraví, i hříchy budou, 1998) і інш. У высокай папулярнасьці тэкстаў Паўлоўскай, безумоўна, немалую ролю адыгрывае ейны апавядальніцкі тэмпэрамэнт, досьціп, пераважна гумарыстычны падыход, а таксама пэўны геданізм і эстраднасьць. Асаблівае месца ў дагэтулешняй творчасьці гэтай сцэнарысткі, рэдактаркі і тэлевядучай займае аповесьць “Дзякуй за кожны новы ранак” (Díky za každé nové ráno, 1994; да таго ж году належыць і аднайменная кінавэрсія кнігі), дзе апроч асабістых траўмаў ад пошуку й стратаў партнэраў апавядальніца ў трагікамічным ключы паказвае свой шлях да навукі і творчай самарэалізацыі, ускладнены “нармалізацыйнымі” завядзёнкамі што да недастаткова ляяльных або кадрава “праблематычных”. Той факт, што ейныя родныя жывуць як у Нямеччыне, гэтак ува Ўкраіне, дае Паўлоўскай магчымасьць параўноўваць “заходні” і “ўсходні” лад жыцьця ды руйнаваць міжнацыянальныя забабоны.

Адно з апошніх адкрыцьцяў жаночай літаратурнай сцэны Чэхіі — Ірэна Абэрманава (Irena Obermannová, нар. 1962), аўтарка з выключным пачуцьцем гумару і не абцяжараная мяшчанскімі табу, якая, не выходзячы за рамкі традыцыйных жаночых тэмаў, у сваіх кнігах (“Дзёньнік шалёнай жонкі” (Deník šílené manželky, 2001), “Дзіўнавалоскі” (Divnovlásky, 2001) ператварае іх у “брутальныя гратэскі”.



 
   

Чэская літаратура 90-х (у адрозьненьне ад беларускай) — літаратура раманная. Заўважце тэндэнцыю: нават пачаткоўцы зазвычай пішуць спачатку раманы і толькі потым спрабуюць нешта стварыць у больш кароткай форме.

І яшчэ адно маленькае назіраньне: чэхі з задавальненьнем экранізуюць свае творы, што шаноўны чытач, мабыць, ужо заўважыў. З аднаго боку, гэта прыносіць немалыя прыбыткі як аўтарам ды выдаўцам, так і кінэматаграфістам, а з другога — гэта страшэнна падвышае прэстыж чэскай літаратуры і, натуральна, самой кінэматаграфіі. Нездарма ж фільмы чэскай прадукцыі амаль штогод фігуруюць сярод намінантаў на “Оскара”.


У адрозьненьне ад прозы, сытуацыя ў сучаснай чэскай паэзіі цяжка апісальная. Колькасьць тут значна перавышае якасьць. Штогод выдаецца 300—500 паэтычных зборнікаў, часта прыватнымі намаганьнямі саміх аўтараў. І ўсё ж, нягледзячы на пэўны хаос, хвалю паэтаў, што ўступіла ў мінулыя 10—15 гадоў у літаратуру, можна падзяліць на колькі групаў.

Найперш — кароткая згадка пра наймаладзейшых аўтараў андэрграўнду, чый дэбют адбыўся яшчэ да 1989 году, калі іхныя публікацыйныя магчымасьці былі зьнітаваныя з самвыдатаўскімі часопісамі “Vokno” і “Revolver Revue”. Апошні з названых пэрыёдыкаў слугуе “пэрыфэрыйнай” літаратуры да сёньня і рэгулярна выдае крытычныя дадаткі. Да найвядомейшых асобаў гэтай групы належаць ужо згадваны вышэй Яхім Топал, ягоны сябра І.Г.Крхоўскі і Віт Крэмлічка. Літаратурнай падзеяй зрабілася выданьне выбраных твораў “Ночы, па якіх не прыходзіць ранак” (Noci po nichž nepřichází ráno, 1991) і “Хіба зь лебедзем” (Leda s labutí, 1996) нэадэкадэнта І.Г.Крхоўскага (J.H.Krchovský, нар. 1960). Апошнім зборнікам “Старыя песьні” (Staré písně, 2002) чарговы раз пацьвердзіў свой выразны паэтычны талент Віт Крэмлічка (Vít Kremlička, нар. 1962).

1989 год значыў для літаратуры й вяртаньне хрысьціянскай і духоўнай плыні. З новай генэрацыі паэтаў сюды належаць Пэтар Боркавэц (Petr Borkovec, нар. 1970), Мілаш Долежал (Miloš Doležal, нар. 1970), Павэл Колмачка (Pavel Kolmačka, нар. 1962), Пэтар Павэл (Petr Pavel, нар. 1969), Марцін Ёзаф Штэр (Martin Josef Stöhr, нар. 1970). Творчасьць гэтых аўтараў насьледуе спадчыне Багуслава Рэйнка і поўніцца традыцыйным успрыманьнем і традыцыйнымі сымбалямі.

Блізка да гэтай плыні знаходзіцца паэзія Эвалда Мурара (Ewald Murrer, нар. 1964) і Богдана Трояка (Bogdan Trojak, нар. 1975), які дагэтуль выдаў тры зборнікі і зьвярнуў на сябе ўвагу ўжо сваім дзівосна празрыстым дэбютам “Кунічым пэндзлем” (Kuním štětcem, 1996).

Крыху ўбаку ад галоўнага цёку, аднак па-ранейшаму актыўнай застаецца праская сюррэалістычная група, што яднаецца вакол часопісу “Analogon”. Найбольш адметным аўтарам, што чэрпае з крыніцаў сюррэалізму, ёсьць Ярамір Ф.Тыплт (Jaromír F.Typlt, нар. 1973). Імкненьне шакаваць і ў той самы час прага праграмнасьці прасочваецца як у першым зборніку “Concerto grosso” (1990), так і ў выбраным “Страчанае пекла” (Ztracené peklo, 1994).

Падобна як празаікі, паэты сярэдняга і старэйшага пакаленьня, актыўныя асабліва ў таталітарныя часы, не дадалі сваёй апошняй творчасьцю, хоць якаснай і арыгінальнай, сабе славы, аднак умацавалі свае пазыцыі мэтраў паэтычнага слова. У іх шэрагу варта назваць пачынальніка андэрграўнду Івана Марціна Іраўса (Ivan Martin Jirous, нар. 1944), віртуознага парадыста і перакладчыка Івана Вэрніша (Ivan Wernisch, нар. 1942), нэалацініста Эўгена Брыкцыюса (Eugen Brikcius, нар. 1942), Паўла Шрута (Pavel Šrut, нар. 1940), Пэтра Кабэша (Petr Kabeš, нар. 1941).


Я імкнуўся абмежаваць свой пералік, аднак існуе цэлая плеяда аўтараў, тут не згаданых. Гэты артыкул — беглы агляд, таму прымеце вышэй прыведзеныя радкі як сьведчаньне таго, што чэская літаратура мае што прапанаваць, у тым ліку беларускаму чытачу. 90-я гады належаць да аднаго зь яе найбольш плённых пэрыядаў і выявілі шэраг неаспрэчных талентаў. Адбылося аднаўленьне нармальнай камунікацыі і разнастайнасьці. І, нягледзячы на ўсе чутныя ў Чэхіі нараканьні, новая чэская літаратура знайшла і знаходзіць свайго чытача.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (27) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/09/30