A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (28) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Міхал Вівэг
|
Яна паглядала на мяне зь невыказнай пагардай. — А што ты? Што ты рабіла ў Гішпаніі? — спытаў я. — Спадзяюся, ты там хаця б заснавала Лігу барацьбы супраць раку… — Хадзіла на карыду, — паскардзілася Агата. — З адным амэрыканцам. Мяне слаба кальнула пад грудзінай, але я засьмяяўся. — Карыда праўдзівая, — запярэчыла Бэата. — Божа мой, — сказаў я. — Да ўсяго яшчэ адвар з Гемінгуэя! — Ты быў калі-небудзь на карыдзе? — баранілася яна. — Ня быў. Гэта прагучала больш рэзка, чым я хацеў. Раптам яна схілілася нада мной. — Дык ты ж раўнуеш… — сказала яна зь неўдаваным зьдзіўленьнем.
Я адвёў гаворку. Спачатку мы размаўлялі пра мэблю і ўвогуле пра жытло (як прыгадваю, я вёрз нешта пра тое, што кожны інтэр’ер — гэта адбітак чалавечай душы), а потым я пацікавіўся, як працягваецца Бэаціна пісаньне. Яна адказала няпэўна. — Ты напісала што-небудзь? — спытаў я тады ў лоб. Яна кіўнула. — Можна мне гэта пачытаць? — Не. Інтанацыя не пакідала шанцаў. — Як жа наш курс? Яна не адказвала. — Калі мне памяць ня здраджвае, за гэта мне й плацяць… — Глядзі, каб ты гэтымі грашыма не абасраўся! — жорстка сказала яна, але, калі мы ўсталі, каб сысьці ў кухню, дзе Агата гатавала нам клубнічны кактэйль, яна выцягнула зь пісьмовага стала празрыстую тэчку з караценькім, на дзьве старонкі, апавяданьнем “Тата і я”. Калі яна мне яго працягнула, я заўважыў у ейных вачох нейкую мяшчанскую слабасьць. — Дзякуй, — сказаў я. Яна хацела, каб назаўтра я ёй прынёс рукапіс “Цудоўных гадоў сабаку пад хвост”. Хто б паверыў. У кухні ўжо Агата з намі засталася. Мне не хацелася яе выстаўляць (рызыкуючы, што яна зноў на некалькі дзён пакрыўдуе), апроч таго, я адчуваў, што ейная прысутнасьць дапамагае нам з Бэатай наладжваць момантамі яшчэ зьбянтэжаную гаворку. Так нас, прыйшоўшы, і засьпеў Крал. Да васьмі яшчэ было далёка, і я трохі пабойваўся, як ён паглядзіць на такую нетрадыцыйную форму навучаньня. Аднак калі ён пабачыў, што колішняя жрыца смутку вясёла папівае малочны кактэйль, ён прыняў надзвычай задаволены выгляд, а калі затым Бэата (на маё немалое зьдзіўленьне) прэзэнтавала яму некалькі маіх больш-менш выпадковых папярэдніх заўваг пра выгады дахавых вокнаў як наш супольны праект агульнай перабудовы ейнага пакою, ягоная радасьць з чагось такога канструктыўнага ня ведала межаў. Хапатліва ківаючы, ён паклікаў жонку і радасна пераказаў ёй нашу задуму. Захапіўшыся сам, ён падаваў нам усё новыя ідэі, абдымаў абедзьвюх дачок за плечы і ўрэшце зьбегаў у свой кабінэт па ноўтбук, зь якога нам трыюмфальна счытаў назвы, адрасы, тэлефоны й нумары рахункаў найлепшых, найбольш апэратыўных і самых салідных будаўнічых і мэблевых фірмаў у Чэскай Рэспубліцы. Агата праз хвілю з сумным выглядам пакіравала з кухні, а Бэата тым часам пільна сачыла за маім тварам; калі яна шукала на ім сьляды нейкай іроніі, гэта быў марны занятак, бо я быў апошні, хто б не зразумеў, наколькі радаснаю палёгкай можа быць раптоўны пераход ад духоўнага да рацыянальнага, або — у выпадку ейнага бацькі — перамяшчэньне з тонкага лёду мэталёвай псыхадэліі на трывалую глебу будаўнічага нагляду. |
— Заўтра вы б маглі зазірнуць у “Ікею”, — марыў уголас Крал. — Там прадаюцца шыкоўныя рэчы. — У нас гэта ў плянах, — адказала Бэата. — Але маэстра пра гэта пакуль што ня ведае. — Заўтра калі? — спытаў я. — Заўтра з раніцы, — падкрэсьліла Бэата. — Тата заплаціць табе звышурочныя. Мы ўсе з гэтага пасьмяяліся.
2. Бэаціна апавяданьне я ўзяў у рукі з шчырай цікаўнасьцю. Я прачытаў яго дома яшчэ ў той самы вечар (з пэўным узрушэньнем, яшчэ далёкім ад той апрыёры скептычнай апатыі, зь якой — пасьля году працы ў выдавецтве — я бяру ў рукі незнаёмыя рукапісы цяпер). Я ня маю намеру ўдаваць, што гэтае апавяданьне ключавое ці кідае абсалютна іншае сьвятло на Бэату, тым ня менш я вырашыў яго сюды ўлучыць, бо ягоны сьвежы рэалізм быў для мяне пасьля ўсіх Бэаціных выкрыкаў пра сапраўднае мастацтва прыемнай нечаканасьцю. Да таго ж з розных гледзішчаў яно мне падаецца цікавым, нарэшце, не ў апошнюю чаргу яно — побач з маімі шматстаронкавымі рэфэрэнцыямі з другіх рук — адно зь нямногіх сапраўды аўтэнтычных сьведчаньняў пра трагічна пагіблую Б.К. Апавяданьне я перадрукоўваю даслоўна, толькі зь некалькімі дробнымі пунктуацыйнымі выпраўленьнямі: ТАТА І Я Дамоў, дамоў? — вітае мяне ад стырна спадар Пасьпіхал. І вось я ўжо зноў сяджу ў аўтобусе і еду дамоў. Побач — зусім чужы мужык у штанах з задзірыстым клятчастым узорам (кажу задзірыстым, бо чалавек заўсёды вымушаны прасочваць, як гэтыя краткі разьбягаюцца ў розныя бакі); а віной усяму — гэтыя неверагодна бесцырымонныя квіткі, дзякуючы якім нават абсалютна чужы чалавек можа без адзінага слова ўсесьціся каля вас і з абсалютнай безумоўнасьцю, за якую б ён заслугоўваў пары аплявух, адчыніць гэты свой неверагодны дыплямат, выцягнуць свой неверагодна важны штодзёньнік і нібыта ў ім нешта шукаць (не разумею, як у канцы дваццатага стагодзьдзя нехта можа такое рабіць з сур’ёзным тварам!). Цяпер ён, вядома, штодзёньнік загортвае, ён ужо сябе паказаў, так што цяпер можа й падрыхнуць і (як я мяркую) класьці пры гэтым сваю мазгаўню мне на плячо ды чапляцца сваёй гнюснай шчэцьцю за мой швэдар. Цяпер ён, да таго ж, спакойна паглядзеў збоку мне ў твар, дык каб жа проста паглядзеў, але ж ён так апухла залыпаў і заплюшчыў вочы. Мне мо здаецца — толькі зірнеце: ён сапраўды дрыхне! У маёй прысутнасьці. Ах, божа мой, вось і родны засьценак, белая цыдула з чорнымі літарамі, графічна выглядае страшэнна, але вы нават слова сказаць не пасьпееце, і вось ужо вясковы пляц, як у “Прададзенай нявесьце”1, і тата, мой тата ў спэцоўцы. Усё, што я калісьці любіла, цяпер мне раптам здаецца недалужным. Мужык побач прачнуўся, так што, зразумела, бачыць гэтую задніцу сьвету, у якой я выходжу. Здароў, раве тата, чаму ён заўсёды гэтак раве?, і ўсе ў аўтобусе бачаць, як ён падае спадару Пасьпіхалу замарожаныя бычыныя яйцы ў поліэтыленавых мяшэчках, а спадар Пасьпіхал дае нашаму тату поўную прыгаршч “Бруфэнаў”, а ў таго адна гэтая срэбная пласьціна падае за халяву, і тата — божа мой, не! — разуваецца й паказвае ўсім пасажырам за вокнамі аўтобуса гэтыя свае аранжавыя хемлонавыя шкарпэткі, якія вытрымаюць больш, чым сама нага, а другая пласьціна ў яго падае проста пад кола, і, калі тата нагінаецца да шыны, спадар Пасьпіхал дзеля пацехі крыху папаедзе. Стой, каб цябе! — крычыць тата, у яго храскае нешта ў сьпіне, і ён з намогай выпростваецца, а спадар Пасьпіхал гукае: Вазьмі, бля, Бруфэн! Я гляджу ўбок. Здароў, кажа нарэшце тата, ну ў цябе й выгляд, і паглядае на мой барэт і мой парыскі пінжак, але відаць, што я яму падабаюся, ён няўклюдна мяне цалуе і гладзіць даланёй, поўнай трэсак зь лесу (аднойчы я ўвагнала сабе стрэмку проста зь ягонай далоні), і глядзіць на мяне, і я раптам бачу, як ён шкадуе, што я кінула вучыцца, у першы раз ён мяне праводзіў да інстытуту праз парк перад вакзалам, гэта была досыць прыемная частка дарогі, тыя каштаны, сьцяг бразыльскай амбасады, на які я заўсёды глядзела, а потым зьявіўся той жахлівы падземны пераход пад магістральлю — але ж паспрабуйце каму сказаць, што вы кінулі вучыцца празь нейкі сраны падземны пераход, — і раптам ён кажа: Вяруна сёньня замуж выходзіць, ведаеш? |
1 Опэра Бэдржыха Смэтаны (1824—1884). |
Ён адчыняе свой новы БМВ. Хочаш за стырно? — пытаецца ён у мяне, а я гляджу на каробку перадач, дзе ў яго замест падважніка прыкручана налякаваная карчажына, і кажу: Гэтым хуткасьці пераключаць? Лепш ужо лес карчаваць… а тата сьмяецца і наўмысна правакуе: Што скажаш на гэта? — паказвае ён на стырно, новаабцягнутае цялячай скурай, і я бачу, што яму хочацца, каб я была ягонай дасьціпнай разумнай дзяўчынкай, і таму кажу: Жах — гэта ты ажно так сумаваў па той карове, на якой яшчэ данядаўна езьдзіў? Хрэна сумаваў, сьмяецца тата задаволена. Ніякага ня хрэна, адказваю я, табе гэта кожны псыхіятар скажа. Псыхіятры, сьмяецца тата, могуць мне сраку пацалаваць! Сьмяюся і я. Аднак я стамілася. Ня бойся, кажа тата, калі гэтыя бандзюгі тое поле купяць, аддам табе Гольфа. Я яго пачынаю жучыць за бруд у прыскрынку, дзе ляжаць касэты, але ён ужо паглядае на пляцоўку перад мясцовай студняй. Што там дзеецца? — пытаецца ён сам сябе, вось ён іх ужо пазнае: А-а, Зэман, кажа ён. І ягоныя мэлёды бойз, падумаю я сабе ўжо зь нейкім сумам. І ягоныя мэлёды бойз, кажа тата, а я сьмяюся. Так ня пусьцяць, гаворыць тата, мо ў цябе драбяза ёсьць? Не даваць жа мне ім пяць соцень. Я выцягваю дзьве стокронавыя купюры для Вяруны ды ейнага жаніха, вось яны нас ужо спыняюць, кожны мой прыезд — гэта пастка, у Зэмана блазенскі клятчасты пінжак, зноў у нейкія задзірыстыя краткі, зноў мяне нехта прымушае піць, зноў мне трэба ўсьміхацца, калі я не хачу, зноў мне нехта збоку пазірае ў твар, мой тата, чужы чалавек з квітком на суседняе месца.
3. З раніцы я нёс Бэаце як ейнае апавяданьне, так і свой рукапіс, але яна, на маё зьдзіўленьне (я быў цалкам ахвотны ўрэшце наш курс сапраўды распачаць), пра літаратуру размаўляць не схацела. Ейныя думкі луналі, відавочна, недзе далёка. Я да сёньня не зусім разумею, як гэта сталася, і тым ня менш: Бэата ўсёй сваёй істотай захапілася ідэяй пераабсталяваньня свайго пакою. За адну ноч каля ейнага ложка вырас мэтровы стос часопісаў “Дом”. Хапіла ночы, каб сьвежанароджаную думку яна пачала выдаваць за свой даўні, так і не ажыцьцёўлены намер і каб у ейным слоўніку зьявіліся выразы кшталту гармонія формаў, натуральнае асьвятленьне ці пласьцінныя пераборкі. — Пласьцінныя пераборкі аптычна разьдзяляюць памяшканьне і спрыяюць лепшаму яго праветрываньню, — прыкладам, казала яна. Тым ранкам яна, маўляў, рабіла прабежку і зьбегам акалічнасьцяў спынілася ля вітрыны мясцовай мэблевай крамы. Большасьць выстаўленых узораў, маўляў, была ці то адборны шырспажыў, ці то вечныя псэўдарустыкальныя вычварэньні, але нібыта там было і абсалютна беззаганнае крэсла-гайданка гнуты бук. Дарогай дадому яна яшчэ, як сказала, трохі думала пра завесы — нібыта яна вагалася паміж пяшчотна-ружовай і белай гармоніяй тон у тон. Я спрабаваў ейнае захапленьне сунімаць (натуральна баючыся за ягоную даўгавечнасьць), але вынікі маіх намаганьняў былі вартыя жалю. Хоць я й прымусіў яе хоць бы абмераць пакой і намаляваць плянік, але ўсе мае заклікі да канцэптуальнага роздуму над магчымымі варыянтамі вырашэньня інтэр’еру (ня кажучы ўжо пра маю прапанову наняць кватэрнага архітэктара) яна з пагардаю адрынала. — Навошта? Дзеля чаго? — не пагаджалася яна. — Тут будзе жыць архітэктар ці я? Да гандлёвага дому “IKEA” мы дабраліся яшчэ да яго адкрыцьця. А за раніцу мы, паводле складзенага Кралам сьпісу, які я ў машыне — на манер аўтагоншчыкаў — трымаў на каленях, бы вопіс трасы, наведалі (наколькі я памятаю) яшчэ тры гандлёвыя цэнтры, два антыкварыяты, салён дацкай мэблі “Scaneco”, некалькі спэцыялізаваных крамаў з дыванамі, некалькі салёнаў плеценай, бамбукавай і ратанавай мэблі, крамы фірмаў “Кратахвіл” і “Triant” ды выстаўны салён фірмы “Europa Möbel” (я падумаў, ці ня варта мне тут падкрэсьліць, што ніводная зь фірмаў, што згадваюцца ў гэтай кнізе, не паспрыяла ейнаму выданьню сваёй спонсарскай дапамогай). Цягам прыкладна чатырох гадзінаў мы купілі трохдзьверную шафу і тры паліцы на кнігі з чорнага ясеню, кантэйнэр чорных разборных столікаў, два трубкавыя фатэлі з ружова-фіялетавым тэкстыльным сядзельнам 1931 году выпуску, ружова-фіялетавы ваўняны дыванок высокі волас і чорны кош для паперы маркі “Trend”. У краме “Майстэрня” нам удалося адшукаць цяжка апісальны чорны шкляны прадмет, які зь першай хвіліны выклікаў ува мне агіду праз сваё яўнае падабенства з аб’ёмным рэнтгенаўскім здымкам вавёркі, тым часам як Бэату ён, наадварот, прыцягнуў сваёй няўлоўнасьцю і здольнасьцю шматразова раскладаць сьвятло так званай сапраўднасьці. Нам не ўдалося хіба знайсьці шпалераў зь неабходным малюнкам, ложка і люстры. Асноўныя абрысы канцэпцыі, якую я назойліва патрабаваў ад Бэаты, складаліся ў яе проста ў машыне падчас пераездаў паміж асобнымі крамамі, а канчатковы выгляд набывалі, калі яна, стоячы каля касы, шукала ў сваёй сумцы чэкавую кніжку. Мая роля палягала галоўным чынам у марных спробах зьмераць адпаведны прадмет раней, чым Бэата за яго заплаціць, за што на зваротнай дарозе яна мне шырокім жэстам прапанавала ўзяць што захачу з старой абстаноўкі пакою. Уявіўшы, што абсталяваньне нашай мяшчанскай гасьцёўні я б мог папоўніць, скажам, расьпілаваным напалам нафтабакам, я, не стрымаўшыся, усьміхнуўся. |
Бэата абражана дадала газу. — Калі можна, я папрасіў бы стаматалягічны фатэль, — сказаў я пасьпешліва.
Насуперак пэрыядычным (але зь цягам часу, на шчасьце, усё больш фармальным) жончыным пратэстам, ён да сёньня стаіць у маім кабінэце, закансэрваваны ў такім выглядзе, які проста змушае да мэдытацыяў. Першапачатны сьветлы скуразамяняльнік абцяжкі быў ужо значна зьлінялы і ў некалькіх месцах прадраны, а таму я папрасіў сваю бабулю-кушнерку, каб яна пашыла які-небудзь чахол; дзякуючы таму, што яна скарыстала на гэта рознакаляровыя акраўкі, фатэль страціў свой строгі характар і цяпер некаторыя мае госьці часта нават не здагадваюцца пра ягонае колішняе зьверскае прызначэньне. (Зрэшты, я раблю тое самае: шыю вясёлыя накідкі, каб закрыць імі сырую рэальнасьць болю.)
Па вяртаньні з Прагі Бэата найперш маланкава праінспэктавала свой пакой, пасьля чаго без ваганьняў скіравалася да тэлефона, каб выказаць бацьку сваё зьдзіўленьне зь няўцямнага факту, што хаця ўжо гадзіна дня, у ейных апартамэнтах дагэтуль няма неабходных дахавых вокнаў. Крал, відавочна, паабяцаў імгненна ўсё выправіць, бо ў канцы размовы яна зусім недвухсэнсоўна ў слухаўку цмокнула. Запрашэньне на абед я, як саламяны ўдавец, прыняў з удзячнасьцю. Агата перакуліла толькі адну шклянку. Пасьля абеду Бэата пераапранулася ў працоўнае адзеньне (чорнае японскае кімано з драконам на сьпіне і ядвабную хустку на галаве), і мы ўзяліся за ачыстку памяшканьня. Калі прабіла тры, у браму ўехаў пікап фірмы “Velux”. Пяць мужчын у аднолькавых чырвоных камбінэзонах насілі ў мансарду начыньне, драбіны, дошкі, бляху, аконныя рамы, шыбы, дахоўку й шклавату, а іхнае дзяўбаньне, якое пачулася сьледам, безь перабольшаньня зьнемагчыміла наша знаходжаньне ў доме. Бэата вырашыла, што час, які мы будзем вымушаныя правесьці на дварэ, мы скарыстаем на тое, каб спаліць старое барахло, пад чым разумелася некалькі драўляных скрынак, да сёньня схаваных пад ейным ложкам. Тым часам як мы з Пэтрыкам выносілі іх на двор, Агата на старым вогнішчы ў садзе за домам расклала агонь. Бэата адчыніла найменшую з скрынак, якая ўтрымлівала пераважна сувэніры зь лістапада 1989-га: ручна маляваныя транспаранты “Хто, калі ня мы?”, “Калі, як не цяпер?” і “Зранку зноў праўду!”, палоску тканіны з паведамленьнем пра тое, што страйк у радацінскай гімназіі працягваецца, сушаныя коркі ад памаранчаў, пашарпаныя асобнікі трыкалёру, фатаздымкі Вацлава Гаўла, Вальтэра Камарка, Мілаша Зэмана ды кардынала Тамашка, а таксама некалькі значкаў з надпісам “Дубчака на Град!”. Яна корпалася ў гэтым шмацьці зь відавочнай агідай, там-сям нешта выцягвала, але ўрэшце высыпала ў агонь усё зьмесьціва скрыні. За спадара прэзыдэнта я б рукі не пашкадаваў, але выцягваць з полымя ягоную фатаграфію мне падалося залішнім. Пэтрык весела ўхмыляўся. — Пляваць на рэвалюцыю? — кінуў я ў бок Бэаты. Яна толькі рукой махнула — а што адказваць? Гэта быў учорашні дзень. Насуперак гэтаму зьмест другой скрыні Бэату літаральна праняў; з хваляваньнем яна брала ў рукі зжаўцелыя малюнкі й пакамечаныя часопісныя выразкі, з замілаванасьцю выцягвала — і чытала — нейкія машынапісныя вершы, асьцярожна разьвязвала стосы лістоў, перавязаныя выцьвілай стужкай, моўчкі глядзела на фатаздымкі маладых мужчын (якія ў палітыку, пэўна, увайсьці не пасьпелі), прынюхвалася да корка з-пад шампанскага й гладзіла спaртаўскі хакейны швэдар з нумарам 22. Ейнае кімано дало той эфэкт, што момантамі ўсё навокал перада мной паўставала, бы ў кінадраме Акіра Курасавы. — Пайду зраблю сабе кавы, — сказаў я нарэшце. — Пачакай, — схапіла яна мяне за руку. З выразам чалавека, які наважыўся парваць усе путы, яна ўкінула ў агонь дыплём за другое месца на раённых спаборніцтвах у кросе і наўлечку зь пячаткай гатэлю “Кршывань”. Аднак гэта толькі ўзмацніла маё пачатковае ўражаньне, што сваю мінуўшчыну яна насамрэч хоча не паліць, а толькі дэманстраваць. З выглядам люнатыка яна мне сунула нейкую фатаграфію: — Гэта ён… Сучын сын, здагадаўся я. Я задумаўся, гледзячы на яго асаблівы выраз твару, — ён пазіраў прыкладна так, як калі б толькі што туды й назад пераплыў Ля Манш і пры тым пагарджаў і плаваньнем, і каналам, і фатаграфаваньнем. Калі я павярнуў фатаздымак, на ягоным адваротным баку я знайшоў алоўкам перапісаны Гінзбэргаў верш пра тугую задніцу нейкага мёртвага бэйсбаліста. Я кінуў яго ў агонь; на ім павыскоквалі дробныя бурыя пухіркі, і жар адразу ж яго скруціў. |
Агата спалохана зірнула на сястру. Тая была белая, як гейша, але не сказала нічога. Пэтрык зь цікаўнасьцю паглядаў збоку. Я падкінуў яшчэ пару рэчаў. Спартаўскі швэдар з наўлечкай гарэлі слаба. — Хочаце спаліць усё як сьлед? — спытаў Пэтрык. — Даверым гэта яму, — сказаў я Бэаце. — Думаю, у яго багаты досьвед чыстак. Ён зь сьмехам пагасіў амаль патухлы агонь, накідаў незгарэлыя рэшткі назад у скрыню і адбег у гараж. Праз імгненьне ён вярнуўся і з хвіліну поркаўся ў скрыні, нешта майструючы. Я адвёў сёстраў крыху ўбок. Бэата трохі нібы зьдзервянела, але ўвогуле не ўпіралася. — Трымайце капялюшыкі, — з асалодай выгукнуў Пэтрык. — Зараз трошкі рване. — Кракатыт2, — сказаў я. Абняўшы абедзьвюх дзяўчат за плечы, я ўласнай вагой прыціснуў іх да зямлі. Іхныя валасы пахлі дымам. Нашы з Бэатай абліччы дзяліў адзіны пучок травы — і гэта мяне зьлёгку нэрвавала. А то ж: з такой блізіні ў мяне відаць расьцягненыя сітавінкі. Мінуўшчына Бэаты Кралавай выбухнула агнявым шугавіньнем бэнзынавых выпарэньняў. Вось так.
4. Другі дзень закупаў быў, так бы мовіць, днём спатканьняў: хаця час адпачынкаў і блізка яшчэ ня скончыўся, цягам нашых паходаў па ўнутранай Празе мы напаткалі адразу колькіх знаёмых. Першае з гэтых спатканьняў адбылося на Доўгай вуліцы, і акрамя ўсяго іншага яно несла ў сабе тую мараль, што мінуўшчыны нельга пазбыцца, спаліўшы пару лістоў з фатаздымкамі. — Буда! — выгукнула Бэата. На дагэтуль нязьнішчанай частцы ейнай мінуўшчыны матлялася барада да самага пасу, прапацелая вышываная кашуля была расшпіленая аж да магутнага жывата, а неймаверна брудныя ногі насілі скураныя адкрытыя сандалі. — Бэатка! Пустэльная красачка! — выгукнуў апошні бітнік Прагі-1. — Ану, хуценька бяжы пацалаваць мяне ў бараду. Ён яе ўсю абсьлініў, але ёй гэта бог вед чаму спадабалася. — Куды дзьмеш, вятрыска? — падзівіўся ён. — Куды ляціш, лісточак? Яна завагалася: — Цягаемся… — Ах, пацягушкі? — усьміхнуўся ён загадкава. — Пацягушкі-пацягушкі? — Ну так, — сказала Бэата. — Проста цягаемся. — Шукаем шпалеры, — удакладніў я ахвотна. — І люстру. У яго быў такі выгляд, нібы я гэта сказаў па-фінску. Здумлёным позіркам вялікага гнома, які памылкова заблукаў на нейкі тэнісны матч, ён бегаў вачыма з Бэаты на мяне і назад. — Не брашы! — агаломшана сказаў ён нарэшце. Бэата выпусьціла цыгарэтны дым. — Ну так, — сказала яна містычна. — Бабло, значыць? — па-змоўніцку сказаў ён. — Сотак пяць, скажы? — Будзь пэўны, — сказала Бэата значэнна. Ён упершыню павярнуўся да мяне: — Дык што, саліднае бабло? Я крадком зірнуў на Бэату, але яна адвяла вочы. |
2 Фантастычнае выбуховае рэчыва, апісанае ў аднайменным рамане Карла Чапка. |
— Ну так, — сказаў я нарэшце, разважыўшы, што вымавіць уголас слова “бабло” для мяне было б гэтаксама праблематычна, як, напрыклад, “Восьмая “Б”, сюды”. Ён працягваў мяне вывучаць: — Бабкі-бабачкі? І дасьведчана падміргваў. Зь мяне было досыць. — Магчыма. Магчыма, і так можна сказаць. На слэнгу, — сказаў я незадаволена. Ён паадступіў і схіліўся да самага майго твару. Потым адскочыў назад: — Што за сранюка ты з сабой цягаеш? Я назваўся. — Што гэта за сранюк?! — гукаў ён, ня цямячы. Бэата моўчкі пагладзіла яму спацелую скронь. — Ня будзем вас больш затрымліваць, — сказаў я. — Мяркую, вы ўсё адно сьпяшаеце на аўтастоп? Бэата засьмяялася, і нават на мяне зірнула. Гэта было міла. — Які, бля, аўтастоп? Што гэта, бля, за сранюк? — енчыў ён здраджана. — Ну, тады вы, відаць, сьпяшаеце на нейкі раўт. Ён пакрыў мяне сэрыяў мацюгоў. Мне было сапраўды прыемна.
На стаянцы на Карлавым пляцы — усё яшчэ бязь люстры, але ўжо абцяжараныя тузінам шпалерных ролек — мы спаткалі сямейнага сябра і майго аднаклясьніка з гімназіі інжынэра Давіда Шульца. Я пазнаёміў яго з Бэатай з пэўным задавальненьнем, бо ягоныя ногі ў скураных сандалях былі чыстыя. Бэату я азначыў за сваю сяброўку. — Куды зь сяброўкай кіруеце? — пацікавіўся ён. — Шукаем зь сяброўкай люстру, — паведаміў я яму асьцярожна. Ён кіўнуў — маўляў, зразумела, — не адчуваючы неабходнасьці далей гэта неяк камэнтаваць. Для ўмацаваньня нашага сяброўства ён у той момант ня мог зрабіць больш. — І ложак, — дадала Бэата. — Маэстра дапамагае мне яго выбраць — ён у ложках сапраўдны спэц… Яна ўдзячна пацалавала мяне ў шчаку і ўздыхнула. Я быў вымушаны адзначыць сабе, што наш узаемны двубой дасьпеў да крыху небясьпечнай, але надзвычай прыемнай стадыі. Інжынэр Шульц засмучона паківаў галавой, пры гэтым высоўваючы падбародак трохі наперад (апошнім разам гэты пакорлівы жэст я бачыў некалькі год таму, калі ў Сазаве я зусім нечакана перайграў яго ў настольны тэніс). — Магчыма, — сказаў ён задуменна, — мне таксама трэба было пісаць.
І трэцім разам, у Збраславе, калі мы на Бэаціна жаданьне выйшлі на ўсялякі выпадак каля мэблевай крамы, мы натрапілі на каляжанку Таўфэраву. — Гэтая прыгожая жанчына ці не Бэатка Кралава? — усклікнула яна зь недаверам. Шмат гадоў таму яна ў яе выкладала расейскую мову. Пахваліўшы Бэаціну цудоўную летнюю сукенку і цудоўны загар, яна нас зьмястоўна паінфармавала пра стан здароўя сваёй старой цёткі, хворай на лейкемію. Пасьля гэтага яна пацікавілася, што гэта мы нясём; малюнак на купленых шпалерах яна назвала вельмі прыгожым, а выбраны клей беззаганным. Нарэшце яна ня вытрымала: — А дзе твае дзяўчаткі? — згадала яна. — Яшчэ на моры, — сказаў я спакойна. — Мне трэба было вярнуцца раней дзеля сякой-такой працы. Яна ўсьміхалася пафарбаванымі вуснамі. — Перадавай ім ад мяне прывітаньне.
5. Сваёй хуткасьцю, арганізаванасьцю і колькасьцю занятых працаўнікоў рэканструкцыя Бэацінага пакою нагадвала ўзьвядзеньне дэкарацыяў у высокабюджэтным амэрыканскім фільме, у прадусара якога гарыць тэрмін, — абодва дахавыя вокны канчаткова ўсталявалі яшчэ ўначы, а за раніцу паклеілі шпалеры й прыбралі, так што адразу пасьля абеду супрацоўнікі фірмы “Шлейхрт і сын, насьціл падлогавых пакрыцьцяў” маглі разаслаць ружовы плюшавы дыванок. Нам з Агатай, Бэатай і Пэтрыкам засталося адно нясьпешна пазаносіць у пакой найперш старую, а тады й новакуплёную мэблю — у тым парадку, у якім яе цягам дня паступова прывозілі з розных крамаў. Трэба сказаць, што, нягледзячы на раней памянёныя адрозьненьні між Бэаціным і маім густам, усё памяшканьне ўрэшце выглядала (нават з старым ложкам і бязь люстры) надзіва міла і ўтульна, а калі я, да таго ж, нафтабак, што дагэтуль перашкаджаў у мансардзе, вынес вонкі й паставіў пад гаражную рыну, я ня мог пазбыцца ўражаньня, што мая рацыяналістычна-аптымістычная місія была не такой няўдалай. |
Крал з Кралавай зьявіліся пад сёмую. Іхны прыход засьпеў мяне ў тое імгненьне, калі я сканчаў сыстэматычнае парадкаваньне кніг на паліцах, што салодка пахлі навіной (прычым звычайную нацыянальную прыкмету я інтуітыўна камбінаваў з крытэрам, які можна вызначыць як ступень аўтарскай шызанутасьці), спрабуючы ўвадначас з дапамогай урыўкавых ведаў творчасьці Фройда растлумачыць сабе радаснае буркатаньне, зь якім дзяўчаты складалі Бэаціны майткі і станікі на адну з палічак новай чорнай адзежнай шафы. Праз дахавыя вокны ў пакой трапляла мяккае надвячоркавае сьвятло, якое на ружовым дыванку высьвечвала залацістыя сонечныя плямкі. Крал разуўся: — Хораша! — зачаравана прамовіў ён. Спадарыня Кралава пагладзіла мне руку і сказала, што гэта казка. А я, маўляў, сапраўдны чараўнік. Я разумеў, што яна мае на ўвазе, і зь нейкай вясёлай сьціпласьцю марна спрабаваў ёй намякнуць на сур’ёзныя рэчы: што сёньня, на жаль, на студні сядзіць не адна злая жаба, якую скінуць няцяжка, і што на месцы адной адсечанай цмачынай галавы часьцяком нарастаюць тры. Крал у шкарпэтках падышоў да абедзьвюх сваіх дачок і расчулена іх пацалаваў. Мяне, нягледзячы на мае слабыя пратэсты, ён затым зацягнуў у свой кабінэт, дзе мяне па-мужчынску абняў і ўзнагародзіў шклянкай шатляндзкага віскі “Glen Deveron” і дзесяцьцю тысячамі крон. — Я ведаў, што ты дасі рады, — сказаў ён усхвалявана.
VIII 1. Калі, павячэраўшы, мы з Бэатай вярнуліся нагору, на дварэ было цёмна. Так мы даведаліся, што яшчэ адной з выгадаў дахавых вокнаў ёсьць магчымасьць назіраць за начным небам проста з пакою. Тады мы ўладкаваліся ў фатэлях 1931 году выпуску і глядзелі на зоры, якім былі мільёны гадоў. — Любата, — сказаў я. Бэату наша нечаканае адкрыцьцё натхніла на развагі пра хранатоп, якія, аднак, сёньня я ўжо ня здолею рэканструяваць нават прыблізна (прыгадваю толькі ейнае цьверджаньне, што ў такім становішчы, маўляў, можна зразумець ну абсалютна ўсё, якое выклікала ўва мне ірацыянальную надзею, што, седзячы тут, я б, можа, змог некалі зразумець і раманы Даніэлы Годравай3). — Думаю, чалавек не абавязаны ўсё разумець, — заўважыў я суладна з сваім перакананьнем і распавёў ёй між іншым пра Ванэгутаў тэрмін “абарона ад інфармацыі”. — Абаронца ад інфармацыі, — разважала яна, — гэта цэнзар. — Аўтацэнзар, — падкрэсьліў я. — Гэта розныя рэчы. Нейкай інфармацыі чалавек пазьбягае асэнсавана й добраахвотна — каб захаваць свой душэўны спакой. — І падманвае самога сябе. — І міласэрна прыхарошвае рэчаіснасьць так, каб яе было лягчэй ператрываць. — Спашліся яшчэ на гэты твой раман, — раптам сказала яна. Радасьць, што яна гэтак хутка прачытала мой рукапіс, зьмешвалася з насьцярожанасьцю, якую выклікала ўжо само словазлучэньне “гэты твой раман”. — Працягвай, — сказаў я мужна. (Творцу не патрэбная крытыка, творцу трэба прызнаньне. Калі яму трэба крытыка — гэта ня творца. Гертруда Стайн) — Хіба гэта ня тое самае? — яна пахітала галавой. — Гэтая вечная апантанасьць забаўляць… Я паціснуў плячыма: — Гэта страх не нагнаць нуды. Яна ўхмыльнулася. — Сабачкі, бабулькі, папугайчыкі… Табе сапраўды гэта трэба? Я дазволіў сабе з дакорам нагадаць ёй некаторыя стрыжнявыя прынцыпы сваёй паэтыкі, зь якімі я яе азнаёміў яшчэ падчас першай лекцыі, а затым гэтак разабраны матэрыял я дапоўніў сваёй улюбёнай, але не скарыстанай дагэтуль паралельлю, якая параўноўвае мае кнігі зь лістамі франтавіка да сваёй маці: — Разумееш, — тлумачыў я, — у яго над галавой сьвісьціць шрапнэль, зьнізу яго грызуць клапы й пацукі і галодны ён настолькі, што зжор бы й кішкі свайго найлепшага сябра, якія вунь вісяць на калючым дроце, але сваёй маці ён кожнага разу піша, што маецца добра і хутка прыедзе… Бо гэтая хлусьлівая вэрсія, як я лічу, ягоны сьвяты абавязак, — дадаў я з запалам. |
3 Даніэла Годрава (1946) — чэская пісьменьніца, тэарэтык раманнага жанру; зазнала значны тэарэтычны ўплыў М.Бахціна. |
— Ты раззлаваўся, — канстатавала яна. Я адказаў, што, як добраахвотны сувязіст паміж пагарджаным, аднак купляным чытвом і паважнай літаратурай, якой практычна ніхто не чытае, я, натуральна, мушу лічыцца з тым, што час ад часу на мяне будуць злосна гыркаць з абодвух лягераў. Я спадзяваўся, што гэтую маю бліскучую фармулёўку яна належна ацэніць, аднак, відавочна, у думках яна была ўжо далёка. — У якім выпадку ты б напэўна забіўся? — спытала яна зьнячэўку. Беспасярэдні паварот гаворкі пра мой раман да разваг пра маё магчымае самагубства мяне пазабавіў. Аднак яна дамагалася адказу. — Я б напэўна забіўся, калі б зварыўся аўтагенам. Зрабіла мне заўвагу, каб я гаварыў сур’ёзна. Я задумаўся. — Напэўна? Калі б мая дачка выйшла замуж за сапраўды страшэннага чалавека… — Напрыклад? — Напрыклад, за Паўла Вітка4, — сказаў я. — Або за Буду. Я тэатральна здрыгануўся. — Жартачкі, — сумна сказала яна. — Вось бачыш: ты ўжо нават ня здольны гаварыць сур’ёзна. — Гэта ня жартачкі. Гэта — як напісаў Рамэн Гары — спосаб абясшкодзіць рэчаіснасьць, калі тая наважваецца ўчапіцца табе ў горла. — Жартачкі і цытаты, — удакладніла яна расчаравана і пазяхнула. Я ўстаў. — Прапаную мір, — сказаў я. — Давай пакінем убаку нашыя адрозныя жыцьцёвыя філязофіі і застанёмся сябрамі. — Ці мы едзем заўтра па гэтую люстру? — спытаў я, сыходзячы (нешта мне замінала сказаць слова “ложак”). Яна расьсьмяялася. Гэта было тыпова: калі б я ў дзьвярох спытаў пра Туаена, Сартра або гісторыю хрысьціянства, яна б і вокам не павяла, а спытаю пра люстру — яна ледзь дыяфрагму не надарве. — Едзем з самае раніцы, — сказала яна з вачыма, поўнымі сьлёз. — Ты можаш спакойна начаваць тут. За дахавым акном ухмыляліся твары фальшывых садоўнікаў, Сучыных сыноў, барсэлёнскіх амэрыканцаў і спартаўскіх хакеістаў. — У мяне яшчэ дома трохі працы, — сказаў я здушаным голасам.
2. Сёньня Ота Карлас прынёс мне праект вокладкі сэрыі “Навінкі чэскай прозы” на сёлетні год — у духу пажаданьня галоўнага рэдактара просты, ніякіх красьлюнкаў, толькі выразны чорны надпіс на аднаколерным тле. “Альбом” Эвы Кантуркавай быў жоўты, “Мыс Добрай Безнадзейнасьці” Любаміра Марцінка — блакітны. — Замаўляю сабе ружовы, — сказаў я Оту. — Гэта будзе love story з усімі прычындаламі. Ён узнагародзіў мяне сваёй стрыманай усьмешкай.
Я прачнуўся ў цудоўную сонечную раніцу. Пасьнедаў, узяў складны мэтар і, хутчэй фармальна панаракаўшы на такі спосаб баўленьня лета, радасна выправіўся з дому. Насуперак маім чаканьням, мы паехалі не па ложак і не па люстру, а — як мне з тэрасы пракрычала Агата ў блакітным купальніку — на Слапы5. Памахаўшы мне, яна зьнікла ў доме. — На Слапы? — перапытаў я ў Бэаты, якая мыла ветравое шкло кабрыялета. — На Слапы, — сказала яна аўтарытарна. Агата — гэтым разам у зялёным суцэльным купальніку ў вялікія белыя гарошыны — несла ўжо капы і кош зь перакускай. — У мяне няма плавак, — запярэчыў я. — Дамо табе татавы, — Бэата падала знак меншай сястры, якая зноў зь сьмехам адбегла, а калі праз хвілю зь імі вярнулася, на ёй былі ўжо залацістыя бікіні, што камічна агалялі яе хударлявую попку. Бэата закаціла вочы. Каб дапамагчы Агаце зноў набыць пэўнасьць (і вызваліць нас ад ейнага далейшага пераапрананьня), я прымусіў сябе з захапленьнем прысьвіснуць. Яна ўсьцешана пачырванела і хацела мяне гульліва пляснуць па сьпіне, але, размахнуўшыся, трапіла рукой у люстэрка задняга віду. — Аў! Бэата, ссунуўшы бровы, паправіла люстэрка. Тады насадзіла цёмныя акуляры. — Ну, — спытала яна ласкава, — ці ўжо можна? Шаша была вольная. Бэата ехала хутка, але ўпэўнена. (Баюся, што ад нейкага часу клішэ “жанчына за стырном” страціла для мяне свой нібыта дасьціпны зьмест і сёньня значна хутчэй, чым нагоду для дурных анэкдотаў, уяўляе сабой для мяне сурочнае, панаднае спалучэньне эротыкі й сьмерці — і гэта, падкрэсьліваю, ніякая не інтэлектуальшчына. |
4 Павал Вітэк — папулярны чэскі сьпявак, вядомы сваёй экстравагантнасьцю. 5 Вадасховішча на Вэлтаве непадалёк ад Прагі. |
Але тады яшчэ не.) Тады яшчэ цёплы вецер кудлаціў нашыя валасы і абвяваў нашыя твары. Тады мой унутраны супакой каламуціў толькі той факт, што Кралавы плаўкі маюць леапардавы ўзор. На першым роўным адцінку дарогі я пальцам лёгка дакрануўся да Бэацінага аголенага сьцягна, а другой рукой паказаў на зіхоткую шайбу сонца: — Бабло, а-а! — празь вецер мне даводзілася крычаць. — Бабкі-бабачкі! Куткі вуснаў ёй здрадзілі. У Даўлі Агата запатрабавала марозіва. Мы пацешліва назіралі з машыны, як яна ў невялічкай чарзе праз правільныя пяцісэкундныя інтэрвалы сарамліва абцягвае залацістыя майткі. — Я паводзіла сябе з табой жахліва, — сказала Бэата раптоўна і павярнулася да мяне. Ейны твар адбіваў нейкую асаблівую незадаволенасьць. У мяне было адчуваньне, што я яе разумею. — Я б хацела папрасіць у цябе прабачэньня. Яна нават зьняла акуляры.
Распрананьне да плавак. Як праўдзіва і пераканаўча выявіць цялесную прагу і пазьбегчы пры гэтым сьлінявай парнаграфіі? Хоць я й разумею, што ў эпоху “Пэнтгаўзаў”, эратычных рубрык у газэтах і ўсім народам сьпяваных прызнаньняў з Дэйвіц дзяўчыне, што нікога не адрыне6, мне б ня варта было пакутаваць ад нейкіх празьмерных сумневаў, аднак гэта ўсё адно цалкам не пазбаўляе мяне душэўнае роспачы. Пару асьцярожных эратычных пасажаў у мяне было і ў папярэднім рамане, але там я заставаўся схаваны (з чаго цешыўся, бы сапраўдны вуаер) за асобай так званага Квіда, а да таго ж я заўсёды мог вылузацца, спаслаўшыся на раманную фіктыўнасьць. Аднак што рабіць тут, у хроніцы падзеяў непрыхавана рэальных? Мне што, сапраўды ў наступным разьдзеле перад вачыма сваёй дачкі, сваёй жонкі, сваёй маці ды сваіх бабуляў расшпіліць прарэх і засунуць гэтага свайго брунатнага рассоўнага кватаранта ў вільготнае ўлоньне дваццацігадовай Бэаты Кралавай? Божа мой! Як гэта Вацулік такое робіць?7
Пасьля дажджоў апошніх дзён трава ў Ждані выглядала вельмі сьвежай. Вада не была млява-цёплай, як тут часта бывае, а абдавала прыемным халадком. Раніца мінала ў адносна рэгулярным чаргаваньні двух звычайных відаў пляжнае дзейнасьці. Калі мы ішлі купацца адразу ўтраіх, не абыходзілася — дзякуючы Агаце — без пранізьлівага віску, пырсканьня й падводнага гарэзаваньня, пры якім вада літаральна кіпела (Бэата трымалася ўбаку, але мяне Агата сваімі худымі нагамі абдымала чым далей, тым бессаромней, пакуль я сваёй цяжкой лапай — з удаванай бурклівасьцю старога леапарда — не засунуў ейную галоўку пад ваду, пратрымаўшы яе там так доўга, што яна з кашлем і плачам крыўды сама пабрыла на бераг). Калі ж Агаце ў ваду не хацелася або калі яна некуды адбягала з чарговай сяброўкай, люстра вады, якое мы з Бэатай рабацілі па вусьцішна паралельных траекторыях, ледзь хвалявалася. Падобна было й на сушы: як толькі на капе мы заставаліся адны, вясёлая балбатня хутка грузла. Калі гэта сталася ўпершыню, нейкі час мы ляжалі моўчкі, а потым яна спытала: — Ці сьвяткуеш ты Новы год? Яе крыху неактуальнае пытаньне я палічыў толькі нейкай сымпатычнай адкрытасьцю, нейкім парадыйным прызнаньнем, што і яна ўсьведамляе гнятлівасьць запанавалае цішы, якая па Агаціным сыходзе разьлеглася на нашай капе, але было надзіва падобна, што ёй гэта сапраўды цікава. Тады я ўлучыў сябе некуды пасярэдзіне паміж артадаксальнымі прыхільнікамі шампанскага ды пэтардаў і ня менш артадаксальнымі адмаўленцамі якога-колечы навагодняга тлуму. — Гм, — сказала яна. — А пра што ты думаеш, калі ўстаеш? Я аднавіў паўсантымэтровы прамежак паміж нашымі распаленымі плячыма. — Маеш на ўвазе на Новы год? — Штораніцы, — удакладніла яна. — Проста што ў цябе ў галаве, калі ты прачынаешся… Я трывожна ўявіў апошні з тых гард-сэкс фільмаў, якія мне тымі днямі нейкі невядомы пажаднік штораніцы праектаваў на вочную сеткавіцу і ў якіх Бэата грала ролю, у акторскім жаргоне называную прымай. — Нічога цікавага, — сказаў я. — Доўга не магу прачухацца. З раніцы я няздольны на глыбокія думкі. |
6 Колішні гіт гурту “Yo Yo Band”. 7 Людвік Вацулік (1926) — чэскі пісьменьнік, колішні дысыдэнт, кнігі якога вызначаюцца максымальнай дакумэнтальнасьцю. |
Наступныя Бэаціны пытаньні датычылі — прынамсі тыя, пра якія я згадваю, — майго ўспрыманьня нашай нацыянальнай гісторыі (здаецца, яго я вызначыў як зьмяшанае), маіх чаканьняў ад надыходзячай эпохі Вадаліва (супярэчлівыя) і прычынаў, якія мяне прывялі на дарогу настаўніцтва (я сказаў, што ад нараджэньня адчуваў экзыстэнцыйную ўнутраную неабходнасьць перадаваць іншым гэтую эстафэту радаснага пазнаньня ды годнага гуманізму, а апроч таго мне была пільна патрэбная кватэра). Так мы падышлі да шлюбу: Як доўга я жанаты? Так доўга? Ці ёсьць у нас супольныя сябры? Што робіць жонка, калі я пішу? Як мы пазнаёміліся? Ці мыю я посуд? Што ў шлюбе самае цяжкае? Што прычына разводаў? — Шлюб, — сказаў я. Недзе я гэта чытаў. Я імкнуўся адказваць наколькі магчыма праўдзіва і ўрэшце пачаў баяцца, што перад ейнымі дваццацігадовымі вачыма намаляваў карціну нейкай страхатлівай, мяшчанскай пэрспэктывы, аднак яна мяне пахваліла, што не выпрабоўваю на ёй гэты ўбогі трук “мая жонка, галубка, мяне не разумее”. — Мая жонка мяне разумее — таксама трук, — заўважыў я. — Я ведаю, — сумна сказала яна.
Бэаціны пытаньні… Чым бліжэйшымі мы былі, тым іх рабілася больш. Дзеля іхнай клясыфікацыі спатрэбіўся б немалы, рупліва складзены тэматычны рэестар, дзеля аналізу — дасьведчаны псыхіятар. Яна пыталася папросту пра ўсё: пра Апалінэра і бідэрмаер, цэлібат і Дрцікола8, ксэнафобію і Елаўстоўнскі парк, дзэнбудызм ды жоўтую ліхаманку, і той факт, што на шэраг пытаньняў я ня ведаў адказу, для яе быў крыніцай кепска прыхаванага расчараваньня. Ці я таксама здаюся сабе няшчырым, калі дапамагаю сьляпым перайсьці цераз дарогу? Ці ў мяне таксама бываюць хвіліны, калі я ненавіджу абсалютна ўсіх? Ці ня ведаю я нейкіх добрых антыстрэсавых практыкаваньняў? Ці мне таксама гэтак граюць на нэрвах гульні ў кампаніі? Што я насамрэч думаю пра Фучыка? Ці фалякратыя міт? Ці я таксама ў касьцёле пачуваюся, як Мэры Пікфард? Ці я таксама часам плaчу, гледзячы на дзяцей, што коўзаюцца на каньках? Ці мне таксама гэтак агіднае слова мэнструацыя? Ці мне таксама агіднае так званае рацыё? Ці я таксама больш люблю людзей сталага веку? Ці мне не здаецца, што сумныя людзі больш шчырыя? Ці заўтра пайду сустракаць?
Вось так. Безь пераходу.
Мы абедалі ўжо папаўдні ў горадзе. І мы адшукалі люстру. І яшчэ ў нас адцягнулі машыну. Бэата сьмяялася, казала, два гады ня езьдзіла на мэтро. Крал таксама сьмяяўся; ён некуды пазваніў, і празь дзьве гадзіны машыну прывезьлі. І хоць да воплескаў захапленьня на адрас Крала я не далучыўся, але й надта не абураўся ад гэтага беспасярэдняга сьведчаньня пра існаваньне карупцыі ў нашай маладой дэмакратыі. Мая грамадзянская пільнасьць недапушчальна ўпала. Затое начаваў я дома.
3. Праз затрымку на італьянскай мяжы аўтобус турыстычнай фірмы “Last Minute Travel” прыехаў з значным спазьненьнем. Чаканьне і ўсё большы свой неспакой я скарыстаў на тое, каб прыгадаць сабе некаторыя трывалыя каштоўнасьці, на якія маё жыцьцё дагэтуль абапіралася. Празь дзьве гадзіны аўтобус нарэшце пад’ехаў да ходніку. Засычэла дзьвярная гідраўліка. Калі ў гурме чужых загарэлых твараў я ўбачыў сваю жонку, з пэўнай нечаканасьцю я зразумеў, што яна ўсё яшчэ вельмі прыгожая. — Татка! — выгукнула дачка. На ейнай смуглявай шыі бліснуў ланцужок.
Недзе празь месяц пасьля майго прызыву ў войска, уначы, за маленькім бляшаным столікам днявальнага вайсковай часьці Браціслава-Вайнары я напісаў верш пра сваё стаўленьне да дачкі. Дазволю сабе яго тут працытаваць, нягледзячы нават на тое, што ўжо толькі той факт, што я, насуперак даўняму намеру, пакінуў трывалую глебу прозы, каб стрэліць у бязьмежны космас паэзіі, ёсьць досыць красамоўным сьведчаньнем абсалютнай пачуцьцёвай непрытомнасьці, якая мяне тады ахапіла: Мая дачка Відаць, лепей назад да прозы: Дарма, што я ў Бэаты за сваё міжвольнае спазьненьне перапрасіў і што старая (зялёная!) канапа ў новаабсталяваным пакоі глядзелася больш чым дзіўна, у горад па новую яна ехаць не хацела — сьцьвярджала, што гэтыя пошукі ложка яе ўжо пачалі прыгнятаць. Мне давялося прыкласьці нямала намогі, каб пераканаць яе, што было б шкада зараз здацца, спыніўшыся перад фінішам. |
8 Францішак Дрцікол (1883—1961) — слынны чэскі фатограф і мастак. |
— Усё адно ўжо позна, — цьвердзіла яна ўпарта. — Цяпер поўдзень, — пярэчыў я, — у нас мора часу. Я ня мог пазбыцца ўражаньня, што тым дзьвюм гадзінам, якія я зранку прабавіў на Апляталавай вуліцы, ходзячы ад аднаго недакурка да другога, ейная фантазія надае крыху іншы зьмест. Урэшце я яе ўгаварыў, аднак усе мае намаганьні пайшлі на глум, прычым адразу ж у першай мэблевай краме, у якую мы таго дня завіталі. Бесцырымоннасьць і вульгарнасьць яе загадчыка былі неймаверныя: ён нам па-змоўніцку падміргваў, рабіў двухсэнсоўныя намёкі і зь нейкім плюгавым разуменьнем панукваў выстаўленыя ложкі безь нічога ніякага апрабаваць проста цяпер. Я адно надзяліў яго парай халодна-літасных поглядаў, але Бэата, на зьдзіўленьне, ягонага націску ўрэшце ня вытрымала і пасіўна апусьцілася на апяваную двухспальную тахту — з бледным тварам, з шчыльна сьцятымі вуснамі. Кожны ейны рух суправаджала неміласэрнае шамаценьне поліэтыленавай накідкі. — Ну як вам ляжыцца? — гоцаў вакол нас загадчык. Замест адказу яна заплюшчыла вочы. — Якая гэта асалода — любоў уласнага народу! — прагундосіў загадчык. Я прысеў побач зь ёй на край ложку. Яна намацала маю руку і моцна яе сьціснула. — Ах, якая лафа! — задаволена ржаў загадчык. Ён нахіліўся, каб зазірнуць ёй пад спадніцу. — Хадзем кульнём па чарцы, — сказаў я. Сьціск імгненна ўзмацніўся. Яна не расплюшчыла вачэй нават тады, калі я — у суправаджэньні ўжо зусім недвухсэнсоўных воклічаў таго ідыёта — цягнуў яе з крамы на двор.
Спаражніўшы тры чаркі каньяку ў бары гандлёвага дому “Котва”, яна ў аддзяленьні мэблі паверхам ніжэй цалкам спантанна, але зь нейкай урачыстай абраднасьцю апрабавала іх усе: рознакаляровыя двухспальныя тахты, традыцыйныя белыя спальні, сучасныя мэталёвыя ложкі з масянжовымі більцамі, раскладныя канапы й акруглыя сужонскія ложкі з абіўкай “амэрыканскі мікраплюш”. Яна ўкладалася на іх з урачыстаю засяроджанасьцю. Паварочвалася на бок, на сьпіну і на жывот. Часам гладзіла абіўку. Дыхала на люстэркавыя сьпінкі. Абдымала падушачкі. Націскам пальцаў выпрабоўвала пругкасьць матрацаў. У камфортным, з чорнай абіўкай, ложку “Wendy” за 18 990 крон нават слаба закурняўкала. Я яе зьлёгку адраджваў, але вельмі няўпэўнена, падлягаючы ейнай падманнай гульні. — Гэты хачу, — сказала яна. — У яго прыстаўная падгалоўная частка. Матрац з спружыннай пракладкай, — сказала прадавачка з прыемнаю бесстароннасьцю. — Абіўка здымаецца. Счакаўшы, пакуль Бэата ўстане, яна нам паказала, як тая абіўка здымаецца. Бэаціны рукі абвіліся вакол маёй шыі: — Вось бачыш, — мякка сказала яна. — Гэта так практычна! — У яе шмат месца ўнутры, — сказала прадавачка. Прадэманстравала. З Бэацінага дыханьня тхнуў каньяк. — Шмат месца — ты чуеш? — прамовіла яна мякка. — Гэта так аптымістычна! Бэаціны дотыкі былі занадта прыемныя, каб я пайшоў зьмераць ложак. — Мы яго возьмем, — сказаў я з пэўнай палёгкай. Яна абдарыла мяне доўгім пацалункам, быццам насамрэч плаціў я. — Хачу табе купіць нагавіцы, — прашаптала яна, не пасьпеўшы аддыхацца. — Або гарнітур. Зараз жа.
Нічога ня зробіш, так гэта было: не веснавы луг у кветках, не нанятае лецішча з зыркім вогнішчам, а цесная прымерная кабінка аддзяленьня мужчынскага адзеньня, як у найгоршым парнафільме. Неадменная шчыліна ў зацягнутых завесах. На вешаку два занадта хутка выбраныя гарнітуры. Падазроны шэпт прадавачак. Вялікае люстра майго маральнага ўбоства. А потым, мілая бабуля, я сьцягнуў зь яе майткі, а Бэата іх сунула ў сумачку. — Дык як спадару падабаецца?
Жонка мяне за гарнітур пахваліла, сказала, добра зрабіў, што купіў яго. Маўляў, нешта такое мне даўно ўжо трэба было. Дарэчы: я ў ім быў на дзяржаўным прыёме з нагоды сьвяткаваньня ўгодкаў Чэхаславацкай Рэспублікі, на перадкаляднай сустрэчы дзеячоў мастацтва з экс-міністрам культуры, на нядаўняй пісьменьніцкай вячэры ў амэрыканскага пасла і, на жаль, на ўрачыстай вечарыне з нагоды пачатку Міжнароднага году сям’і.
…выхоўваць у вучня ўласнае стаўленьне да сьвету, абуджаць і разьвіваць ягоную стваральную здольнасьць кантакту зь сьветам. Атакар Хлуп, Ярамір Копэцкі і інш., Пэдагогіка
4. Гэта была больш чым радасьць. Гэта былі радасьць і страх увадначас. Страх, што гэта скончыцца. Страх, што гэта ня скончыцца. Сёньня, у 1994 годзе, я не наважаны разводзіць даўжэйшых развагаў пра каханьне (заўважце, напрыклад, што вышэйпамянёнае пранікненьне ў жанчыну я, цалкам прагматычна, не лічу нават за дастатковую падставу, каб пачаць новы разьдзел), але мушу яшчэ прынамсі прызнаць, што сапраўды нешта зьмянілася. |
Я пачаў рабіць ранішнюю гімнастыку. Ледзь толькі вызірала сонца, я падкормліваў свой адрыятычны загар. Пінцэтам я павыдзіраў сабе валасы з носа. Я купіў сабе пяць новых майткоў, пяць пар шкарпэтак і (упершыню ў жыцьці) зубныя ніткі. Пра Апдайкаў раман “Давай пажэнімся” я перастаў казаць “банальна, але досыць міла”. Зацяганыя шлягеры пад гітару на выходных у Сазаве выганялі сьлёзы з маіх вачэй. Пасму залатую крадком састрыгу, Божа мой! — усхліпваў я. У жыцьці ня чуў нічога праўдзівейшага.
Дома было сапраўды жахліва. Час, праведзены ў тыя першыя дні зь сям’ёй, у маёй памяці ахутаны амаль раманнай смугой. Хіба згадваю, што я гарліва езьдзіў на нейкія экскурсіі (памятаю, напрыклад, што мы былі ў Канапішці, але дакладней нічога сказаць не магу — мо было зачынена?). Дзякуй богу, да іх нічога не даходзіла, бо мае думкі, бывала, і раней луналі ў аблоках. — Тата піша, — лагодна тлумачыла жонка дачцэ. Гэтая новая таямніца, аднак, сягала ўсіх закуткаў майго цела, запаўняючы яго дарэшты, ажно здавалася, што ў наступнае імгненьне вось-вось вылезе на паверхню. Імкненьне ўтрымаць яе ўнутры ўсякім коштам спарадзіла тое, што ў мяне пачалі трымцець рукі. Я перакуліў і разьбіў больш шклянак, чым Агата. Роспачнае імкненьне не пакрыўдзіць ператварыла мяне ў раба кансьпірацыі. Чым больш назапашвалася ейных лістоў, тым цяжэй для іх было адшукаць сапраўды надзейную схованку. Уначы я ўставаў і ўпоцемках схованкі правяраў. Калі мне карцела пабачыць хаця б ейны здымак, я мусіў адцягнуць ад сьцяны сэрвант, што дастаўся мне ад прабабулі. Нягледзячы на ўсе гэтыя захады, я часам апынаўся ў непрадбачаных сытуацыях, калі маё выкрыцьцё здавалася ўжо зусім немінучым. Ці вам, спадарове, даводзілася ў гасьцёх у цешчы высмаркацца бяз задняй думкі — і адчуць з насоўкі незабыўны водар улоньня вашай каханкі?
На шчасьце, прынамсі для чарнавікоў сваіх уласных любоўных лістоў, а таксама (верце ці ня верце) вершаў я неўзабаве перайшоў на абсалютна надзейную схованку: папяровую тэчку, у якую я іх паступова ўкладаў, я падпісаў вялікімі друкаванымі літарамі “ЛЮБОЎНЫЯ ЛІСТЫ І ВЕРШЫ” і засунуў у рэзу занатовак да рыхтаванага раману. Ні ў якім сэйфе яны не маглі быць у большай бясьпецы.
Калі хто пра што й здагадваўся, гэта быў сабака, якога я цяпер выгульваў нязвыкла часта. Як толькі мы зьнікалі з агляду нашых вокнаў, я валок яго да тэлефоннай будкі. — Каханьне маё, — мармытаў я ў слухаўку. Сур’ёзна. Калі я вяртаўся ўвечары ад Бэаты, ён усьцешана абнюхваў мае рукі, круцячы хвосьцікам. — Адвалі, — адпіхваў я яго. Учора ўвечары ў ваньне мне да галавы прыйшоў новы выраз для слоўніка каханьня ў кампутарным веку: чароўна неадфарматаваныя далоні.
Вечароў у Бэацінай мансардзе нам зрабілася мала (пагатоў што Агаціны магчымыя ўварваньні віселі над намі сталаю небясьпекай, а спадарыня Кралава з сваёй падазронасьцю пачынала небясьпечна нагадваць прадавачак з “Котвы”). Аднак вакацыі яшчэ ня скончыліся, а жонка ўжо хадзіла на працу. — У мяне сорак хвілінаў, — задыхана гукаў я ў слухаўку, калі дачка па абедзе сыходзіла да сяброўкі. — Максымум пяцьдзясят. Я чуў, як яна нешта пракаўтнула. — Спускайся на Страканіцкую, — адказвала яна. — Праз чатыры хвіліны я там. Яна прыяжджала ў тым, у чым яе засьпяваў мой званок — у халаце, у бацькавай працоўнай кашулі, у футболцы на голым целе. З хуткасьцю каля ста сарака кілямэтраў за гадзіну мы несьліся да першага павароту; перад ім яна рэзка гамавала і з шалёным гудзеньнем сунулася ў правы шэраг. Да нашай лясной дарогі адтуль быў хіба кілямэтар. Калі я тым летам кагосьці ўсёй душой ненавідзеў, дык гэта грыбнікоў.
Гэткі Эд МакБэйн, якога мы ў нашым выдавецтве цяпер так шмат выдаём, найхутчэй напісаў бы прыкладна так: У той самай машыне і той самай дарогай, па якой яна таго лета езьдзіла па каханьне, годам пазьней — нават крыху менш — яна паехала па ўласную сьмерць.
Пачуцьце мёртвай каханкі.
5. — Дык як там наш курс? — спытаў у мяне Крал аднойчы вечарам прыкладна ў сярэдзіне жніўня. — Як мы пасоўваемся? Гэта гучала дзіўна. Ад Пэтрыка я да таго ж ведаў, што ў яго не заладзіліся гешэфты, а таму я мусіў гаварыць з асабліваю асьцярогай. — Па-мойму, усё значна палепшала, — адказаў я. — Як ні дзіўна, нават нашы ўзаемаадносіны. — Я гэта заўважыў. Я маўчаў. Ён пазіраў на мяне прымружанымі вачыма. — А як зь ейным творчым пісьмом? Якраз пра пісьмо мы ўжо доўга не гаманілі. — Пачынае… Тое, што я ўжо чытаў, вельмі нядрэнна. — Пачынае? Ён няхораша ўхмыльнуўся: — Я плачy табе з канца чэрвеня, а яна пачынае? Я паціснуў плячыма: — А чаго ты чакаў? Што ў ліпені зь яе стане Сарот? Скарыстаць імя, якога ён ня ведае, было, вядома, памылкай. — Магу я прачытаць, што яна напісала? — заатакаваў ён у адкрытую. Я завагаўся: апроч апавяданьня “Тата і я” (якое, вядома, ня бралася пад увагу) Бэата мне больш нічога чытаць не давала. |
— Яшчэ не. — Як гэта не? — ён падвысіў голас. — Дэнісе, — сказаў я замірэнча, — ува што мы гуляем? Але ён ужо разьюшыўся. — Ува што мы можам гуляць? — адказаў ён уцьвелена. — Я проста хачу ведаць, на што ўжо трэці месяц даю свае грошы! — Ты лічыш, што выкідаеш іх на вецер?! Ён не дазволіў сябе зьбіць: — Гэта я і спрабую высьветліць! — Дэнісе, — сказаў я, — згадай, што, калі я сюды прыйшоў упершыню, у той пячоры наверсе жыла нямая пячорная салямандра. Зьбегай паглядзі туды цяпер. Я зрабіў драматычную паўзу. — Хіба гэта ня пэўныя вынікі? — сказаў я пераканана. Ён нязгодна захітаў галавой. — Я не сьцьвярджаю, што гэта выключна мая заслуга, — найхутчэй яна б так ці інакш і сама з гэтага вылузалася. Але ж я не гультайнічаў — ці ж не? Ён насуплена маўчаў. — Ніякі сапраўдны курс творчага пісьма, вядома, ніколі не ажыцьцяўляўся, — прызнаўся я. — Але ж мы гэта ведаем абодва, я ніколі не сьцьвярджаў адваротнага… Праўду кажучы, ня ведаю, ці ён калі ўвогуле ажыцьцявіцца. Ну вось бачыш, казаў ягоны дакорлівы позірк. — Калі ты мне плаціш за гэты від курсу — твая праўда, гэта крыху рызыкоўная інвэстыцыя. Гэтым умоўным сказам я хацеў яму нагадаць, што наша колішняя дамова аб працы з самага пачатку зазнала досыць ключавыя зьмены — хіба ён не хацеў сам, каб я яе зрабіў шчасьлівай? Аднак ён гэтага не прыгадваў. — Вельмі рызыкоўная інвэстыцыя, — сказаў ён раздражнёна, але яму не ўдалося схаваць пэўнае задаволенасьці — я сам вывеў гаворку туды, куды ён хіліў. Дык вось як гэта робіцца, падумаў я не бяз горычы. — За жнівень я табе яшчэ заплачу, — сказаў ён высакародна. Ён выцягнуў з кішэні падрыхтаваныя банкноты. Толькі ў гэты момант да мяне дайшло: ён жа мне паказвае на дзьверы. Дык ужо заўтра мяне тут ня будзе? — усьвядоміў я з жахам. У гэтай цудоўнай кухні? У ягоным цудоўным кабінэце? У казачным ложку “Wendy”? — Дык заўтра мне не прыходзіць? — спытаў я прыдушана. — Не, — адказаў ён строга, паглядзеўшы мне проста ў вочы. — Сёньня можаце разьвітацца. Усё разгортвалася захутка. — Я не жадаю сабе ніякіх новых непрыемнасьцяў, ясна? Абсалютна. — Спадару настаўнік, — значэнна падкрэсьліў ён. Раптам! Раптам ужо настаўнікі не займаюцца сэксам.
Па дарозе ў мансарду ўва мне імкліва нарастала шаленства. Высмактаць чалавека і вось так проста яго выплюнуць! А прафсаюзы на гэта, вядома, нічога! Тым часам, як я гэта Бэаце ўзрушана пераказваў, яна паступова распраналася. — Ідзі, — сказала яна тады, — адпомсьці дачцэ гэтага гнюснага капіталіста… Гэта было не мілаваньне — гэта была сацыяльная бура.
— Што будзем рабіць? — спытала яна тады. — Дзе мы цяпер будзем сустракацца? — На Страканіцкай. Яна ўспрыняла гэта сур’ёзна: — А ўзімку? Я бязрадна паціснуў плячыма. — Як наконт гатэляў на гадзіну? — прапанавала яна. — Я ведаю толькі адзін, — адказаў я. — І належыць ён твайму бацьку. Тая шалёная ідэя прыйшла, вядома, да маёй галавы. Я агучыў яе, і ўжо немагчыма было свае словы забраць назад. Я хацеў быць разам зь ёй. А пасьля нас хоць патоп. — Слухай, — гучаў той ключавы сказ, — дык ідзі выкладаць да нас у школу…
ІХ 1. Калі а восьмай раніцы апошняга жнівеньскага панядзелка я ўвайшоў у наш кабінэт, калегі, за выключэньнем каляжанкі Хваталавай-Сукавай, якая нешта старанна шукала ў шуфлядах, сядзелі над фатаздымкамі з адпачынкаў, папіваючы першую каву навучальнага году 1992/1993. Яны мяне весела прывіталі. Нашы традыцыйныя правакацыйныя спавешчаньні праз імгненьне перапыніла Хваталава: — Лібушка, — залямантавала яна, — ці ты нідзе ня бачыла майго трохкутніка? Лібушка, на жаль, ейнага трохкутніка нідзе ня бачыла. Ярамір, Ленка і Ірэнка яго таксама ня бачылі. Хваталава-Сукава кінула на мяне погляд, які ясна даваў зразумець, хто ў ейных вачох галоўны падазроны ў справе зьніклага трохкутніка. Ірэнка між тым зьбегала ў настаўніцкую і вярнулася з навіной: маўляў, у нас новы настаўнік ангельскай. — Ну дык што? — сказала Хваталава. — Па-ангельску кожны ўмее гаварыць. — Дзе ж ён мог знайсьці ангельца? — засумнявалася Ліба. — Хіба што атрымаў у якасьці дылерскага працэнту… — Або выйграў у лятарэю, — дапусьціла Ленка. Я гаманіў зь імі, але ўвадначас адчуваў нейкую цяжкаапісальную перавагу. Урэшце я не стрываў. Яны ня верылі сваім вушам. — Бэата Кралава? — паўтарала Ірэнка зь непадробным зьдзіўленьнем. — Так, — сказаў я, каб разьвеяць яе сумневы, і мая перавага ператварылася ў паветраны шар, на якім я ўзьнёсься высока па-над галовамі сваіх калегаў. З гэтай вышыні я пазіраў на іх амаль што насьмешліва. Што вы, нябогі, можаце пра гэта ведаць! — казаў я сабе. |
Пад дзявятую мы перабраліся ў настаўніцкую на першы сход. За сталом было ўжо практычна поўна, і ўтрымаць для Бэаты вольнае крэсла было ня так лёгка. Нарэшце — у кранальна ўрачыстым касьцюмчыку — яна зьявілася ў дзьвярох, роспачна аглядаючы памяшканьне. Я махнуў ёй рукой. Калі яна ўбачыла вольнае месца, на ейным твары зьявілася прыкметная палёгка і яна імгненна скіравалася да мяне. Я ўсьцешана адзначыў, колькі калег і каляжанак на нас азірнулася. Вясёлая гамана на ймгненьне ператварылася ў стрыманае шушуканьне. — Божа мой, — прашаптала яна. І ўтаропіла вочы ў арнамэнт на абрусе. Я нязмушана падцягнуў крэсла бліжэй да стала і паклаў сваю далонь на ейнае аголенае калена. Яна ўся зьдзервянела, у вачах непадробны жах. Спалохана заміргала. — Разьнявольцеся, — сказаў я, — спадарычна настаўніца.
Намесьніца Конапна зачытала сьпіс прысутных — з паважнай прычыны адсутнічаў калега Стршыбрны, у якога, як паведамілі лекары, набліжэньне навучальнага году выклікала маніякальна-дэпрэсіўны псыхоз, і калега Стыў, у якога пачатак году выклікаў прагу яшчэ на тры тыдні застацца ў Мэксыцы. — Трохразовае ўра, — зазначыў я. Як новая настаўніца чэскай, а перадусім ангельскай мовы, якая часова возьме на сябе і частку нагрузкі Стыва, была прадстаўлена Бэата Кралава. Яна прыўстала. Я скарыстаў момант, калі глядзець на яе можна было цалкам легітымна, і прагледзеў яе разам з астатнімі. І моўчкі сабе адзначыў, што нашая новая каляжанка сапраўды пекная. Калега Кіліян нават уражана прысьвіснуў (прадэманстраваць уголас уражанасьць яму ніколі не было праблемай — праблемы ўзьнікалі, калі яму гэтаксама публічна выпадала выявіць сваю нязгоду). Вось яна й наша.
На пачатку сваёй уступнай прамовы дырэктар школы выказаў надзею, што мы за вакацыі начарпалі досыць новых сілаў, каб цяпер цалкам засяродзіцца на ўсіх працаёмкіх выхаўваўча-адукацыйных заданьнях, якія сёлета нас чакаюць, асабліва — як вынікала з далейшага — на абкладаньні коміна, пабудове гэтак патрэбнага трэцяга парніка і на прыстасаваньні дапаможных памяшканьняў дзеля гадоўлі нутрыяў. Намесьніца Конапна ў гэтай сувязі нагадала, што пры гэтым нельга забывацца на само навучаньне. — Падобна, сёлета мы яшчэ будзем выкладаць, — прашаптаў я Бэаце. — А я ўжо чакаў, што цяпер мы будзем адно кальрабі вырошчваць. Яна ад мяне нязгодна адсунулася. Затым намесьніца зачытала клясных кіраўнікоў асобных клясаў і разьмеркаваньне настаўнікаў па кабінэтах. — Таўфэрава, Тракаржава, Кралава, — абвесьціла яна між іншым. Божа вас барані, падумаў я. Цікаўнасьць змусіла яе зноў да мяне нахіліцца: — Хто такая Тракаржава? Я засьмяяўся. Намесьніца Прахазкава публічна зрабіла мне заўвагу і сказала, што школа без дысцыпліны — як млын бяз жорнаў. Далей яна заклікала своечасова зьяўляцца на заняткі, сумленна ажыцьцяўляць пэдагагічны нагляд на калідорах і вешаць вучнёўскія сумкі на крукі. Чарговым разам яна зьвярнула ўвагу на такое даўняе свавольства, як расстаноўка сталоў ня ў згодзе з намаляванымі рыскамі — сталы такім чынам лягічна вымыкаюцца з радоў і кляса тады выглядае як не хачу казаць што. Пасьля гэтага яна адкрыла апошні пункт праграмы першага сходу, якім было рознае. Першай слова ўзяла каляжанка Хваталава-Сукава. Яна пранізала мяне кароткім значэнным поглядам і абвесьціла пра крадзеж трохкутніка, выказаўшы сваё зьдзіўленьне з таго, што сярод нас знайшоўся нехта, хто змог падняць руку на нявінны музычны інструмэнт. Пасьля гэтага яна заклікала не забываць пры навучаньні на разьвіцьцё пачуцьцёвага боку асобы вучняў і выказала меркаваньне, што найлепшым сродкам яго разьвіцьця ёсьць цудоўная музыка, галоўным чынам тая, якую вучні маюць магчымасьць чуць на ўлюбёных пазаклясных канцэртах. — Бо музыка, — сказала яна літаральна, — гэта сродак зносінаў. Аднак ейны выступ не сустрэў вялікага паразуменьня. — Нават на самую кароткую дарогу на пазаклясны канцэрт і назад, —разважліва прамовіў калега Нэтэйкал, — трэба чатыры квіткі на гарадзкі транспарт. Агулам гэта шаснаццаць крон. А шаснаццаць крон — гэта амаль што кошт… — …ста грамаў, — сказаў нехта з прэзыдыюму. — …аднаго кіляграма памаранчаў, якія мы дома купляем нашаму Рышу, — працягваў Уладзімір упэўнена. Ягоная аргумэнтацыя відавочна набліжалася да сутнасьці. Я зь цікаўнасьцю чакаў, што пачую далей. — Большасьць прысутных тут мяне ведаюць і, думаю, ахвотна пацьвердзяць, што я не скандаліст, — прамовіў ён мякка, тым часам як большасьць прысутных зь вясёлым чаканьнем ахвотна падтаквалі. — І тым ня менш я хачу абвясьціць, што на разьвіцьцё пачуцьцёвага боку нашых вучняў я буду пляваць датуль, пакуль адукацыйная ўправа не пачне нам аплачваць квіткоў. Ён заслужыў удзячныя воплескі часткі калектыву і строгую заўвагу з боку кіраўніцтва. Ягоным пакрыўджаным маўчаньнем адразу ж скарысталася каляжанка Тракаржава, якая зьвярнула ўвагу на сталы рост палавых захворваньняў і прапанавала для разгляду пытаньне, ці ня час нам ля школьнага гардэробу ўсталяваць аўтамат на прэзэрватывы. — Хто гэта? — прашаптала Бэата. — Тракаржава, — адказаў я. Няпэўную цішыню, што пасьля словаў каляжанкі Тракаржавай асела ў настаўніцкай, нечакана перапыніў Ярамір, які ейны плян разьвіў прапановай прабіць — як што мы ўжо будзем рабіць тыя перабудовы — зь дзявочай распранальні акно на вуліцу, якое — па ўсталяваньні ў ім фальшывага люстэрка — магло б, з аднаго боку, служыць падвышэньню сэксуальнай асьветы мінакоў, а з другога — прынесла б школе і немалую эканамічную выгаду. Шмат калегаў на воплескі я не падбіў. Намесьніца Прахазкава сказала, што ня надта разумее, чаму мы перад нашай новай маладой каляжанкай пнёмся паўстаць у найгоршым сьвятле, а таксама што праверка насьценгазэтаў адбудзецца ў пятніцу. Пасьля чаго абвесьціла, што ўсе вольныя.
Школа — гэта не ўстанова, школа — гэта дзея. Пэтр Піцьга
Пасьля сходу Тракаржава з Таўфэравай адвялі сваю новую сукабінэтніцу з сабой. Я выдаўся ў сваю клясу, дзе пакорліва, але ўсё яшчэ з пэўнай самаадданасьцю прышпіліў да пустога стэнду некалькі фатаздымкаў ды супэрвокладак кніг Віцязслава Галка, Уладзіслава Ванчуры і Карла Міхала, суправадзіўшы іх на хапка і трохі зацята намаляканым сказам “ЖЫЛІ Ў ЗБРАСЛАВЕ”… Усе заданьні так званага падрыхтоўчага тыдня на гэтым былі мною бяз рэшты выкананы, і цяпер я да самае пятніцы мог папіваць з калегамі каву, гаманіць пра адпачынак і шукаць трохкутнік. |
У той панядзелак я вытрымаў прыкладна да адзінаццаці. Затым я пад нейкаю маркай з кабінэту непрыкметна зьнік і лябірынтам злучаных калідораў перабег у другі корпус, дзе знаходзілася кляса, замацаваная за Бэатай. Ейная насьценгазэта, як я й чакаў, дагэтуль ляжала на стале — якраз на яе яна ўсім целам налягала, спрабуючы адной з многіх запінак прышпіліць цьвёрды кардон. Пінжак быў перакінуты церазь сьпінку крэсла, рукавы блюзкі закасаныя. Заўважыўшы мяне, яна прыкрыла недаробленую насьценгазэту кавалкам сіняй крэпавай паперы. — Іду табе на дапамогу, — сказаў я. Яна асьцярожна дыхала. Я азірнуўся: зялёная магнітная дошка была ўжо палепленая каляровымі малюнкамі з ангельска-чэскімі апісаньнямі, а ў нататніку настаўніка, што разгорнутым ляжаў на суседнім стале, красавалі каліграфічна выведзеныя імёны. Падобную пачаткоўскую заўзятасьць я й сам перажыў свайго часу і таму крыху непакоіўся за ейную працягласьць. — Ці можна зірнуць? — кпліва спытаў я. — Не! Абедзьвюма рукамі яна сутаргава трымала крэп, прыціскаючы яго да грудзей. — “Пачынаецца восень”? — паспрабаваў адгадаць я. — Ці мо “Школа кліча”? Я дакрануўся да крэпавай паперы — яна ўхапіла мяне за руку. Я заўважыў, што пад пазногцем указальнага пальца ў яе запяклася кропля крыві. Я прыцягнуў ейны палец да вуснаў. Напятасьць аслабілася, але вочы ў яе па-ранейшаму былі заплюшчаныя. Яна прыбрала левую руку з крэпу — я прыўзьняў яго: суніцы й кошыкі з баравікамі, марскія пляжы і яхты, храмы й мінарэты. — Божа Ісусе, — засьмяяўся я. — “Успамін пра вакацыі”… — Можа, вам дапамагчы? — пачуўся за нашымі сьпінамі голас каляжанкі Таўфэравай. Дзякуючы колеру сваёй памады яна была падобная да злой каралевы.
2. — Яна ў вас выкладае? Жонка выглядала сапраўды зьдзіўленай. — Я ж табе гэта й кажу… Аналіз майго паведамленьня запатрабаваў хвіліннага маўчаньня. — Між іншым: чыя гэта была ідэя? — Мая, — сказаў я адважна. — Твая? — А што тут такога? Я толькі падумаў, што ёй можа пайсьці на карысьць, калі ў яе ня будзе часу думаць толькі пра сябе. — Гэта праўда, — сказала жонка, смакуючы кожнае слова. Сама яна праводзіла на працы ў сярэднім пяцьдзясят гадзінаў на тыдзень. — Ты ж ведаеш, — сказаў я, — калі хочаш выратаваць сябе, выратуй іншага… — Гм, — адказала жонка з сумневам.
Праз пару дзён у кухні яна прысела насупраць мяне. Я адклаў “Літаратурку”. — Добра, у рамках тваёй аздараўленчай праграмы яна ў вас выкладае, — сказала яна. Я кіўнуў і вычэкваў. — А тое, што яна сілкуецца ў вашым кабінэце, таксама складнік прадпісанага лекаваньня? Збраслаўская інфармацыйная сетка. Пэўнасьць гарантуецца. — Тваё пытаньне гучыць крышку раўніва. — А твой адказ крышку непераканаўча. Адпрэчваць, адпрэчваць, адпрэчваць (Доктар Плзак). — Прызнаюся: на вялікім перапынку яна перакусвае ў нас, — сказаў я. — Але прысягаю, што я ёй ні разу ня даў адкусіць! Нават не ўхмыльнулася. — У яе ёсьць свой кабінэт, з Тракаржавай і Таўфэравай. Чаму яна не перакусвае там? — Ня ведаю. Ня выключана, што яна ня любіць размаўляць за ядой пра мэтастазы і похвенную сакрэцыю. — Што такое мэтастазы? — пацікавілася дачка. Я нават не заўважыў, як яна зайшла. — А іншага пытаньня ў цябе няма? — гаркнуў я для прыліку пагрозьліва. — Можа, ты хочаш сказаць, што ўжо ведаеш, што такое похвенная сакрэцыя? — Вядома, — адказала дачка. — З “Бравічка”. Жонка ўрэшце засьмяялася. Гэтым разам мне пашанцавала.
Калі не лічыць вялікага перапынку і пэрыядычных сустрэчаў у сталоўцы, мы спатыкаліся ў школе толькі падчас пераходаў з кабінэту ў клясы. Мы абое стараліся выйсьці адразу ж пасьля званка, за што заслужылі ад калегаў не адну іранічную кпіну, але затое мы часам маглі з значнай дакладнасьцю адгадаць, у якім месцы лесьвіцы ці калідору мы спаткаемся. У першыя тыдні Бэацінай працы ў школе гэта былі сапраўды радасныя й поўныя мілосьці сустрэчы, нягледзячы нават на тое, што мы рэдка калі адважваліся зрабіць больш, як дакрануцца адно да аднаго кончыкамі пальцаў ці пацерціся манжэтамі. Аднак раз-пораз мной авалодвала нейкая сьляпая, безаглядная адвага: тады я ў апошні момант заступаў Бэаце дарогу і тая хоцькі-няхоцькі трапляла ў мае абдоймы — яна спалохана ўпіналася, слаба лямантавала і адпіхвала мяне магнітафонам. Выходныя, асабліва на пачатку, у верасьні, здаваліся несканчонымі. У пятніцу яна заканчвала на гадзіну пазьней, і, калі я хацеў зь ёй разьвітацца, мне даводзілася перапыняць ейныя заняткі. — Сядзеце, дзеці, — казаў я, заходзячы да пяціклясьнікаў, — вашай спадарыні настаўніцы я нясу сьпешную дэпэшу зь міністэрства. Дзеці строілі міны. Кожнага разу яна хутка выпіхвала мяне з клясы, міла пачырванеўшы. Дзявочы румянец. Найдзяйсьнейшы афрадызыяк. — Зачыні дзьверы, — шаптаў я. Яна круціла галавой і спужана азіралася. Я зачыняў іх сам. Спадар інспэктар.
Пасьля выходных бывала не нашмат лепш. Звычайна калі ў мяне выпадала фортка, у яе былі заняткі — і наадварот. Але галоўнае — перад верхняй школай мяне штодня чакала дачка. За ўвесь верасень на Страканіцкай мы былі толькі аднойчы. — Я ў цябе пра нешта хацела спытаць, але зараз забылася, — казала часам Бэата з сумнай іроніяй. — А, успомніла: ці мы яшчэ сустракаемся? |
Бы ў фільмах Вудзі Алена, з той толькі розьніцай, што нам было не да сьмеху.
Згадваюцца й некаторыя іншыя эпізоды нашай супольнай школьнай мінуўшчыны. Насамперш рэальны здымак — групавая фатаграфія настаўнікаў (дзякуючы зьніжкам для школ мы фатаграфуемся ажно тройчы на год). На жаданьне фатографа мы ўсім калектывам спрабуем зьмясьціцца на лаўках, вынесеных з спартовай залі на двор. За намі — заспакойлівае зяленіва. Перад намі — школьныя вокны, у якіх крычаць ды блазнуюць вучні. Робім выгляд, што іхных кпінаў ня чуем. Апошнія адгаворкі ды папраўляньне прычосак. Бязраднасьць у Бэаціных вачох: Кожны паасобку? Побач? У вочы кінецца і адно, і другое. З усьмешкай уладкоўваюся ля яе. Вакольныя прыціскаюць нас адно да аднаго. Сыр. Абое мы выглядаем жахліва. Іншая карцінка. Цёплы верасьнёўскі поўдзень. Бабіна лета. Бэата і я на лаўках у чарэшневых прысадах пад Гаўлінам. Замяняем працоўнае навучаньне. Вучні ўдзячныя: лепш, чым выціраць пыл з парэнчаў. Асаблівы, выключны спакой. Ніхто не крычыць, нават хлопцы ня лазяць па дрэвах. На суседняй пляцоўцы ціха скрыпіць карусэля. Дзеці сядзяць ці ляжаць на траве вакол нас. Смокчуць сьцябліны і размаўляюць. Міжсобку і з намі. Бэата здымае швэдар і застаецца адно ў чорнай футболцы. Сонца грэе. Цьвінтарны гай — за пару мэтраў пад намі. — Як што не заслужу ляжаць на Славіне, хацеў бы я застацца тут, — кажу я Бэаце. — Тут файна. Дый не люблю я гэтых змрочных Страшніц9… — Згодная, — кажа яна. Мружыць вочы на сонца. Ніхто ні пра што не здагадваецца.
Цьвінтарны гай спраектаваў збраслаўскі жыхар архітэктар Гінэк Свобада. Паркавае рашэньне ён дарэчна дапоўніў скульптурнымі кампазыцыямі з калекцыі Нацыянальнай галерэі. Гэта ўзор для айчынных і замежных спэцыялістаў. Прынагодная публікацыя, Збраслаў
3. Я ўжо ведаў, што Бэата ня здольная нешта рабіць напалову, але мяне ўсё адно зьдзівіла, што зь яе адразу ж выйшла гэткая добрая настаўніца. Яна рабіла ўсе тыя слушныя вар’яцкія рэчы, якія робяць настаўнікі-пачаткоўцы. Распрацоўвала кранальна падрабязныя пляны заняткаў, уласнаручна вырабляла вынаходлівыя навучальныя прылады, перапісвала й множыла тэксты ангельскіх песень. Яна гуляла зь дзецьмі ў настольны тэніс, вадзіла іх у кіно і езьдзіла хварэць за іх на ўсе магчымыя спартовыя турніры (калі мог, я езьдзіў зь імі, але выбухаць пасьля кожнага ўдалага кідка або голу афэктаванаю весялосьцю, як гэта рабіла яна, апранутая нібыта на маскарад, я пры ўсім сваім жаданьні ня здужаў бы). Яна чытала Пэсталёцы, Дыстэрвэга, Гелуса. Вычытаўшы недзе, як Масарык ладзіў бяседы з студэнтамі ў сябе дома, яна ў наступную ж нядзелю запрасіла дваццаць восем сваіх дзяцей на маленькую вечарынку. Праштудыяваўшы нейкае дасьледаваньне ў пытаньні гіпакінэзіі ў дзяцей, яна імгненна ператварыла свае заняткі ў ангельскамоўны курс аэробікі. Калі ж яна ў артыкуле праф. Мацейчака, які ёй даў я, прачытала, што сёньняшнія дзеці ня маюць павагі да працы між іншым таму, што ня бачаць за працай сваіх бацькоў, яна пачала ладзіць экскурсіі на прадпрыемствы: Ага, значыць, вы гэтае вібрацыйнае сіта гэтым падважнікам вось так нахіляеце і ссыпаеце ўсе гэтыя сухія рамонкі на гэты канвэер? Ці не хацелі б вы, спадар Новатны, вашаму Вашку і ўсім астатнім паказаць яшчэ раз, як гэта робіцца? Я даў ёй пачытаць “Дзяцей джунгляў” і “Наверх па лесьвіцы, што вядзе ўніз”, каб хоць крыху падрыхтаваць да расчараваньня, якое пасьля такой пачатковай эўфарыі абавязкова мусіла настаць. На прыкладзе незьлічоных паразаў пратаганістаў абедзьвюх кніг я імкнуўся пераканаць яе ў неабходнасьці пэўнага пэдагагічнага скепсысу і ўсьведамленьня пэўнай дарэмнасьці як абавязковых складнікаў прафэсійнай аснады найлепшых настаўнікаў — але ўсе мае намаганьні былі марныя. Я ня мог нічога зрабіць. Яна мусіла ўсё перажыць сама.
4. Але, на шчасьце, страта ілюзіяў адбылася не адрaзу, а паволі, нейкімі тыднёвымі этапамі. — Я не разумею, — дзялілася яна з намі на вялікім перапынку, — я гэта зь імі тройчы разабрала — а яны ўсё адно слова сказаць не маглі! — Чаму я павінна прыбіраць клясу за прыбіральніцу? — не разумела яна іншым разам. — Я выглядаю скамечанай? — хацела ведаць Бэата наступнага разу. — Дык чаму тады дырэктар увесь час дакучае, каб я купіла прас з адпарваньнем? Ейныя пытаньні сьведчылі пра чароўную неабазнанасьць у галіне чэскага школьніцтва. — Навошта мне пацьвярджаць пісьмова, што я падпісала клясную ведамасьць? У ейным голасе ўжо азывалася ваяўнічасьць. — Чаму мае дзеці мусяць сьпяваць у хоры, калі яны там сьпяваць ня хочуць? — спытала яна аднойчы ў Хваталавай-Сукавай. Гэта было вельмі нечаканае пытаньне. Цішыню кабінэту парушалі толькі выпадковыя гукі з калідору. — Як, даруйце? Хваталава выглядала зусім зьбянтэжанай. Бэата паўтарыла пытаньне. Халодна-насьмешлівыя вочы абмежаванай бабкі: — Дзяўчынка, ці ведаеце вы, колькі гадоў у мяне стаж? Семдзесят, прыкінуў я. — Пры чым тут ваш стаж? — запярэчыла Бэата спакойна. — Я ў вас пытаюся, чаму мае хлопцы мусяць сьпяваць, калі ім сьпяваць адназначна ня хочацца? — Якія хлопцы? Хацела б я ведаць, хто? Бэата ўпершыню завагалася. Яна зірнула на мяне — я адвёў вочы ўбок. Назваць, значыла здрадзіць. — А вы ня ўмешвайцеся, — накінулася яна на мяне. — Вы толькі псаваць умееце! Такую самую спрэчку я меў з Хваталавай-Сукавай летась. — Слухайце, — сказаў я тады адпаведным хлопцам з сваёй клясы, — ці вы любіце сьпяваць? Яны адчулі падкоп. — Увогуле так, але ня ў хоры. — Ня хочаце хадзіць у хор? — Не. — Добра, — сказаў я. — Тады не хадзеце. Наступнага дня Хваталава-Сукава ў беспасярэдняй рэакцыі на гэты нечуваны бунт праверыла ўсю маю клясу на веданьне жыцьцяпісу Леаша Яначка. Вынік быў варты запісу ў “Кнігу рэкордаў Гінэса”: дваццаць тры двойкі й адзінкі. Сустрэўшы мяне на калідоры пасьля заняткаў, яна сьмяялася як Ліса Махлярка10. Тады я зьвярнуўся з скаргаю да дырэктара (сёньня ўжо мне самому здаецца дзіўнай тая мая наіўнасьць), які безь цікавасьці і ахвоты паабяцаў разабрацца, але адразу ж пра ўсё назаўсёды забыўся, бо якраз прывезьлі мікрахвалевыя печы і ён мусіў прыняць тавар.
5. Учора я таго Мацейчака перачытаў. Здабываць паразуменьне, — прыгадаў я. І яшчэ адна цытата: Тут гаворка толькі пра тое, каб зноўку ўсплыла звычайная чалавечая цікавасьць да ўзаемаразуменьня (Ондржэй Гаўзэнблас “Ці вернем мы сэнс заняткам чэскай мовы?”). У гэтай сувязі вось пра што я думаю: Ці я тады, у верасьні, імкнуўся яе зразумець? Ні ў якім разе, у верасьні я імкнуўся зь ёй пераспаць. Аднойчы мне гэта ўдалося.
Да ейнага апавяданьня мы вярнуліся таксама толькі аднойчы. — Гэткая сабе пісулька, — нядбайна адмахнулася яна. |
9 Славін — грабніца славутых ураджэнцаў чэскай землі ў Празе; Страшніцы — раён на ўскраіне Прагі, дзе знаходзіцца крэматорый з могілкамі. 10 Гераіня аднайменнай кнігі Рудальфа Цеснаглідка, а таксама опэры Леаша Яначка. |
Чаму ж тады яна выбрала менавіта яго? Маўляў, каб мне растлумачыць свае колішнія паводзіны; апавяданьне добра дакумэнтуе ейнае стаўленьне да чужых людзей, але іншай вартасьці ў яго няма. Цяпер, нібыта, яе цікавіць толькі тое, як традыцыйную апавядальную форму зьнішчыць. — Мяне, у сваю чаргу, толькі тое, як да яе вярнуцца, — адказаў я. Насамрэч, аднак, у той момант у пісьме яе не цікавіла нічога; адзінай ейнай сапраўднай амбіцыяй — здавалася мне — была прага зрабіцца найлепшай настаўніцай Прагі-5.
А цяпер мае амбіцыі: З журналісцкай прагнасьцю сэнсацыяў паразытаваць на трагічнай гісторыі дваццацігадовай дзяўчыны. Сьвядома браць у разьлік чытацкі эфэкт кічавага самаперажываньня (Ян Лопатка). Паспрабаваць давесьці, што сучасная літаратура ня мусіць быць, крый божа, толькі пра тое, як цяжка пісаць літаратуру (Джон Фаўлз). Дэманстраваць начытанасьць. Наталяць схільнасьць да эксгібіцыянізму. Зьняважыць жонку. Зьняважыць некаторых былых калегаў. Скандаліць. Падаць сыгнал да новай атакі на міністра адукацыі. Атрымаць чарговую літаратурную прэмію. Зарабіць яшчэ грошай. Разьвеяць згрызоты сумленьня. Напісаць добры раман. (Непрыдатнае выкрасьлеце.)
Мае амбіцыі… Калі я сёньня гэта па сабе прачытаў, я ўпершыню як мае быць усьвядоміў, што, уласна, нарабіў у гэтым сваім рамане: гэты ўзрушлівы гнюс, якім ёсьць кожныя аўтарскія ўводзіны (Сэлінджэр), я разагнаў на цэлую кнігу.
6. Напачатку здавалася, што сьвяткаваньне пяцідзясятых угодкаў вахцёра Недзяльнічка станецца проста шараговаю вечарынкай, якіх у школе бывалі дзясяткі. Францішак зьявіўся з густоўна падстрыжанымі вусамі й барадой, пераапрануўшыся з спэцоўкі, безь якой ён амаль не ўяўляўся, у свой найлепшы цёмны гарнітур (у якім штонядзелю пад Гаўлінам разьвейваў па ветры попел памерлых), але настаўнікі, як звычайна, трусілі ў настаўніцкую з значным спазьненьнем і доўга яшчэ па афіцыйным пачатку імпрэзы, схіліўшыся над талеркамі з нарыхтаванымі канапкамі, абмяркоўвалі самыя розныя працоўныя справы, што, вядома, усеагульнай весялосьці не спрыяла. — Happy Birthday to You! — абавязкова засьпявалі мы хорам пры перадачы падарунку, а Бэата, якой я ўжо распавёў пра сваё пачуцьцё моўнай непаўнавартасьці, іранічна прапанавала, што словы песьні будзе мне перакладаць. Пасьля сыходу некалькіх цалкам фармальных віншавальнікаў, а таксама дзякуючы надзвычай добраму віну, якога Францішак з нагоды свайго юбілею падрыхтаваў хоць заліся, атмасфэра прыкметна цяплела. Твары каляжанак знаёма пацямнелі, а жэсты набылі мяккасьць. Неўзабаве зьявілася й гітара, і Яраміравы рукі пры знаёмых рэфрэнах пачалі ўзьлятаць угару ўсё часьцей. Нарэшце інструмэнт узяў сам юбіляр, каб пад авацыі гасьцей сыграць сваімі кароткімі апухлымі пальцамі традыцыйны сярдзіты пратэстсонг “Сядзіць у сваім кабінэце, як муха на кучы гаўна”. Пасьля чаго прысутнае кіраўніцтва школы дэманстратыўна скіравала да выйсьця, голасна абмяркоўваючы некаторыя карэктывы ў разьмеркаваньні дадатковых прэміяў. Бэата выглядала трохі спалоханай. — Ты зусім ня п’еш, — падахвоціў я яе. Насталае ідэалягічнае безуладзьдзе ўмагчыміла нават самым асьцярожным чальцам пэдкалектыву з радасьцю прыгадаць асаблівую мэлёдыку “Катюши”, лірычную “Степь да степь кругом” і энэргічны харал “Вставай, страна огромная!”. Гэтай грамабойнаю весялосьцю скарысталіся калегі фізкультурнікі дзеля таго, каб незаўважна зьнікнуць у сваім кабінэце і вярнуцца ў поўнай зімовай амуніцыі: Іржы Кіліян надзеў драўляныя лыжы, у рукі ўзяў бамбукавыя кіі, што перавышалі яго на некалькі сантымэтраў, а на галаву пачапіў кранальны ружовы каптурок; Гелена Андзелава была ў валейбольнай форме й каньках, гумовыя чахлы якіх пакідалі на лінолеўме шэрыя пісягі. Уладзімір Нэтэйкал зь Сьвятланай Тракаржавай, імкнучыся пераўзысьці посьпех іхнага выступу, абвесьцілі спаборніцтва, хто хутчэй насуне прэзэрватыў на бутэльку з-пад кока-колы. — Гэта вельмі дзейсны спосаб разбурэньня псыхалягічных бар’ераў! — гукала Тракаржава. Яна спаборнічала першай і паказала выдатны вынік у шэсьць сэкундаў. Я заўважыў, што Бэацін сьмех не зусім шчыры. — Нешта ня так? — спытаў я. Яна закруціла галавой. Мяне зьдзіўляе, сказаў я тады ёй, што асоба такая нанканфармісцкая, якой яна, безумоўна, ёсьць, дазваляе сябе паланіць крывадушным мяшчанскім уявам пра т. зв. настаўніцкую беззаганнасьць, бо ў выніку гэта прыводзіць адно да таго, што Джэймс Гілтан у рамане “Бывайце, спадар выкладчык” называе паўзучай сухой цьвільлю старых пэдагогаў. — Хіба ў настаўніка няма вачэй? Хіба ў яго няма рук, ног, вантробаў, пачуцьцяў, схільнасьцяў, жарсьцяў? — працягваў я з запалам, парафразуючы “Вэнэцыянскага купца”. — Хіба ў яго не цячэ кроў, калі яго ўкалоць? Хіба ён не сьмяецца, калі яго казычаш? Ці мо ён не памрэ, калі яму намяшаць атруты? — Ну добра, — адказала яна. — Налі мне.
Калі я, працуючы над першай вэрсіяй гэтага раману, згадваў пра ўсе тыя непрыстойнасьці, што дзеяліся затым, я, натуральна, прыгадваў сцэны па-чытацку ўдзячныя: уключэньне апоўначы школьнага радыё (з крыху грубаватымі імітацыямі прамоваў дырэктара ды міністра), інструктаж каляжанкі Тракаржавай пра магчымасьці выкарыстаньня вакуумнай помпы або любошчы настаўніцкай парачкі на падлозе адной зь цёмных клясаў (ці вы, спадарове, былі ўжо калі пяшчотна абмытыя пасьля гэтага губкай для дошкі?), але ўсе гэтыя вясёлыя карцінкі для мяне да сёньня блякнуць перад адной-адзінаю сцэнай: Гадзіна ці другая ночы. Залітыя абрусы й драбінкі ад канапак ды чыпсаў, патаптаныя па лінолеўме. Агеньчыкі некалькіх сьвечак. Начныя гіты “Эўропы-2”. Бэата — бледная ад стомы й выпітага віна — танчыць з Францішкам Недзяльнічкам. Бэата ў абдоймах сьмерці. Сцэна як з Арлекіна.
Сюжэт тады дадуманы да канца, калі ў ім мусіць адбыцца паварот да найгоршага. Дзюрэнмат
Тое пэўнае ўзаемаперапляценьне, якое, відаць, уважлівы чытач там-сям заўважае, ня ёсьць, на жаль, здабыткам нейкага кампазыцыйнага майстэрства, а толькі лягічным вынікам местачковых маштабаў гэтай гісторыі: усе адно аднаго ведаюць, усё з усім зьнітавана. Маленькі красамоўны прыклад: вуліца За Опусам, на якой я дагэтуль жыву, ляжыць на самым ускрайку мястэчка. Аўтамабільная звалка, на якой стаіць Бэацін пакарабачаны гольф, знаходзіцца проста насупраць ейнага вусьця (гэта можна лёгка спраўдзіць). Увесь перад машыны ўвагнуты ў нутро кабіны. Задняя частка, наадварот, амаль не пашкоджаная, адно на задніх дзьвярох — глыбокія драпіны ад хапка эвакуатара. (Толькі вочы ў вочы гэтай рэальнай сьмерці я зразумеў, як штучна эстэтызаванай была фіктыўная сьмерць маладой настаўніцы ў “Поглядах на забойства”: загарэлае некранутае цела, што прасьвечвала праз плыткі рачны струмень, нераструшчаная грудзіна…) Калі з жонкай мы едзем міма, я імкнуся глядзець убок.
7. Сярэднеэўрапейскую мэнтальнасьць характарызуюць два асноўныя пачуцьці: маркота й празьмерная весялосьць. Адно без другога наўрад ці магчыма. З мэлянхоліі нараджаецца гратэск, ад гратэску застаецца мэлянхолія. Ёзаф Кроўтвар
Удалая вечарынка не абышлася без наступстваў. Яшчэ а восьмай Бэаты не было ў школе, але зь Ярамірам нам пашчасьціла арганізаваць замену так, што пра яе ведала толькі жменька пасьвечаных. А палове на дзявятую я ўбачыў яе з акна сваёй клясы: ёй было яўна блага, але, нягледзячы на гэта, яна бегла. Я хутчэй даў дзецям заданьне і спусьціўся ёй насустрач. Усё ўладжана, паінфармаваў я яе ганарліва. — А наступныя пяць заняткаў? — задыхалася яна. — Сёньняшні дзень я ўсё адно не перажыву… — Аддыхайся, — сказаў я. — І многа не размаўляй: як перакіслародзішся — канец. Я зацягнуў яе ў вучнёўскі гардэроб, дзе мы дачакаліся званка. Потым па запоўненых калідорах я правёў яе ў наш кабінэт. |
— Во чорт, — дасьведчана прамовіла Ленка, як толькі яе пабачыла. — Што зь ёй? — падазрона спытала Хваталава-Сукава. — Гэта не заразна? — Ёй страшэнна блага, — адказаў я. — Памылкова ўключыла “Ляскія танцы” дома11.
Другім заняткам Бэата мела стылістыку ў шостай клясе. — Я ў памяшканьні ня вытрымаю, — цьвердзіла яна заклапочана. — Можа, пазьней, але ня зараз. Яна сапраўды выглядала нядобра. — Ідзеце на Гаўлін, — прапанаваў я. — Апісаньне прыроды. — Я туды не залезу. — Мо ў замкавы парк? — сказаў Ярамір. — Туды дарога роўная. — А як мне гэта абгрунтаваць? — Скульптуры, — сказаў Ярамір. — Апісаньне мастацкага твору. Цэлую гадзіну проста сядзіш на лаўцы й глядзіш на Мыслбэка. Я чакаў яе перад школай, калі яны вярталіся. Яна была зялёная як вадзянік. — Ну што? — спытаў я клапатліва. Пачакала, пакуль дзеці пройдуць. — Ледзь не абблявала Гутфрайнда12, — прашаптала яна прыгнечана. На жаль, і сваёй наступнай парадай скарыстаць на занятках падручнік “Ці правільна мы пішам па-чэску?” (пятнаццаць асобнікаў якога я ахвотна пазычыў ёй з кабінэту) я Бэаце — падобна як да мяне Ярамір — надта не дапамог. Кніга выйшла ў 1983 годзе, і на бяду Бэата ня ўгледзела, што практыкаваньні, якія яна дзецям дала, утрымлівалі між іншым некалькі членаў Цэнтральнага Камітэту Камуністычнай партыі Чэхаславакіі, адзін сход народных міліцыянэраў і адзін савецкі ледакол “Красін”. Затое ўгледзела іх адна з матак, якая з сшыткам свайго індактрынаванага сына пасьпяшала на найбліжэйшае паседжаньне Адукацыйнай камісіі. І шухер быў на сьвеце.
Празаходняй арыентацыі нашае моладзі пагражала сур’ёзная небясьпека. Ужо празь пяцьдзясят хвілінаў знаходжаньня ў дырэктарскім кабінэце завуаляваная камуністка ня здолела стрымаць сьлёз. Шэсьць месяцаў бяз прэміяў і дадатковых даплатаў — узорнае пакараньне дырэктарам школы, які больш за дваццаць гадоў маршаваў у першамайскіх дэманстрацыях перад трыбунай Цэнтральнага Камітэту Камуністычнай партыі Чэхаславакіі. Я напісаў артыкул у мясцовую газэту. “Чэскі штодзёньнік” прыслаў разабрацца аднаго з сваіх найлепшых журналістаў — дваццацігадовага студэнта геаграфічнага факультэту. Гей-гоў.
Найпершаю рэччу, якую школьны інспэктар адукацыйнай акругі Прага-5 магістар Іржы Вагенкнэхт учыніў, зьявіўшыся ў нашай школе, было наведаньне заняткаў нібыта завадатара ўсіх гэтых бунтаў: я бяз боязі й ганьбы, як згадваю, расказваў нешта пра Грабала (сваю слабасьць да зборніка Скалы “Вітаю вас, вокны”13 я, зразумела, утаіў). Але мне падалося, што інспэктар сапраўды хоча дакапацца да сутнасьці справы, і таму па дарозе з заняткаў я сьцісла азнаёміў яго з нашымі посьпехамі на шляху да эканамічнай самастойнасьці, якіх мы разам з вучнямі імкнёмся дасягнуць найперш дзякуючы продажу караняплодаў на збраслаўскім гарадзкім пляцы і распаўсюду лятарэйных квіткоў у збраслаўскіх забаўляльных установах. Далей я яму распавёў, колькі ў нашай школе парнікоў, колькі з школы сышло настаўнікаў, колькі з тых, што засталіся, маюць кваліфікацыю, колькі хвілінаў у сярэднім цягнецца пэднарада і колькі двоек ды адзінак здатная за гадзіну паставіць адна настаўніца. Вядома, я азнаёміў яго і з сваёй вэрсіяй справы “Савецкі ледакол”, прычым дзеля аб’ектыўнасьці я зьвярнуў ягоную ўвагу на сваю магчымую перадузятасьць, якая датуецца ўжо пазалеташняю вясной, калі дырэктар школы азначыў маю тэатральную п’еску “Тур у Эўропу, або Весялуха 1990”, якую я зь дзецьмі й інсцэнаваў, як прыхаваны закід супраць эканамічнай рэформы Клаўса. Інспэктар Вагенкнэхт мяне ўважліва выслухаў і некаторыя зьвесткі запісаў. Потым ён папрасіў у мяне асобнік майго раману “Цудоўныя гады сабаку пад хвост”, які выйшаў якраз тымі днямі. Наступнага дня ён мне ў адказ прынёс паэтычны зборнік Карла Шыктанца “Чэскі арлой” (напраўду ня ведаю, чаму менавіта гэты). У справаздачы аб праведзенай паглыбленай праверцы ўсе ўзьнятыя праблемы ён акрэсьліў як спрэчкі пераважна асабістага характару.
Паэта Карла Шыктанца я шчыра паважаю.
8. Гэтая ідэалягічная псэўдапраблема, на жаль, не была адзіным наступствам удалага сьвяткаваньня вахцёравых пяцідзясяцінаў. Яшчэ ў той самы дзень, калі Бэата змагалася з млосьцю, нехта пазваніў маёй жонцы на працу й паведаміў, што ейны муж сыстэматычна здраджвае ёй з спадарычнай Кралавай. Я зноў і зноў яе пераконваў, што мае стасункі з Бэатай маюць выключна сяброўскі характар (зважаючы на колькасьць нашых паездак на Страканіцкую гэта, зрэшты, была амаль праўда), і заклікаў яе не дазволіць, каб намі маніпулявала злосьць, варожасьць ды зайздрасьць нашага атачэньня. Аднак на памер ейных сьлёз мае словы ня мелі ніякага прыкметнага ўплыву.
Паводле дасьледаваньня, якое ажыцьцявіў амэрыканскі “The Washington Post Journal”, 97% амэрыканцаў мяркуюць, што іхныя мужы ці жонкі кажуць ім праўду.
Я падвоіў дагэтулешнія захады дзеля гарантаваньня бясьпекі, што практычна раўнялася разыходжаньню. Дзевяць дзён мы з Бэатай нават не цалаваліся. На калідоры мы сустракаліся як чужыя людзі. Калі я браў Бэату за плечы, гэтаму папярэднічала дбайная кансьпіратыўная падрыхтоўка. На дзясяты дзень я ўбачыў, як Бэата замыкала спартовую залю. Я запхаў яе ў цёмную камору з спартовымі прыладамі, дзе за сямю матамі й сямю лаўкамі жарсна паваліў яе на батут. Гэтым разам яна мяне ўпершыню адштурхнула. Яна гаварыла вельмі доўга. Між іншым сказала, што я бясколерны. Крытыкавала яна й нашую вінарню ў Горніх Пачарніцах. Наступнага дня ананім званіў зноў. Удакладніў маёй жонцы, што цяпер мы ходзім трахацца на склад спартовага інвэнтару. Зноў я пераканаўся, што дарэчна выбраная дэталь дадае гісторыі пераканальнасьці. Рэўнасьць і гнеў нас з жонкай пазбавілі ўсякай абачлівасьці, і мы зноў не пачулі прыходу дачкі. |
11 Музычны цыкл Бэдржыха Смэтаны. 12 Ота Гутфрайнд (1889—1927) — чэскі скульптар. 13 Іван Скала лічыцца правадніком камуністычнай ідэалёгіі ў паэзіі і літаратурным функцыянэрам; у 1995 годзе ў перакладзе Хведара Жычкі выйшаў зборнік выбранай паэзіі Івана Скалы па-беларуску, які таксама называецца “Вітаю вас, вокны!”. |
Яна, відавочна, пачула даволі. У ейным пакойчыку я правёў рэшту вечара. Калі хочаце пачуць, як плача анёл, скажэце дзевяцігадовай дзяўчынцы, што ейны бацька трахаецца зь іншай.
Згаданая зацішная вінарня ў Горніх Пачарніцах пачала здавацца мне небясьпечнай. Кельнэр выглядаў як стукач. Мае ранішнія эратычныя фантазіі (якіх, беручы пад увагу сытуацыю, рабілася больш) адбываліся ўжо ані на Слапах, ані ў Бэацінай мансардзе, а ў глухім гатэльчыку на ўскрайку Рэйк’явіку, прычым сапраўдную іскарку ім здолела дадаць толькі ўяўленьне перапыненай авіясувязі з Прагай.
Спаў я кепска. Галава ў мяне балела часьцей, чым калі-кольвек раней. І я ўвесь час адчуваў цяжар у страўніку. Уцёкі ў хваробу.
І ў творчасьць, вядома. Перажытыя падзеі, якія цяпер былі толькі крыніцай праблемаў, над маім пісьмовым сталом цудам ператвараліся ў адзіную крыніцу маёй радасьці. Такая story! — казаў я сабе ў захапленьні. Пісаць пра Бэату было ўзрушальна й бясьпечна адначасова. Рэальнае жыцьцё ніколі не магло даць мне нічога падобнага. Усе беды мужчынаў вынікаюць з таго, што яны ня здольныя застацца ў спакоі свайго кабінэту, горка згадваў я разам з Паскалем. Над Бэаціным пэрсанажам я часам задумваўся нават у прысутнасьці самой Бэаты. — Ты хочаш далей дзяліць нават тую няшчасную палавіну цябе, якая мне належыць? — абуралася яна. — Я пішу пра цябе, — бараніўся я. — Ну й пішы! Ня буду табе замінаць! — казала яна раззлавана. — Чэская літаратура мне гэтага, відаць, ніколі не даравала б…
9. Канец нашых стасункаў быў хуткі, як нечакана хуткім бывае заканчэньне гульні ў канасту: вы трымаеце ў руках прыстойныя, пэрспэктыўныя карты, вы й блізка яшчэ не павыцягвалі ўсіх казыроў, а гульня, між тым, скончана незваротна. Адбылося гэта наступным чынам: стоячы ля кабінэту, я з дапамогай цытаты зь Якаба Васэрмана спрабаваў патлумачыць Бэаце, што такое час мужчыны (“Жанчына ніколі не зразумее, што такое час мужчыны. Яна глытае яго, як ліманад: колькі вы ёй яго дасьцё, столькі яна й праглыне, але самой няма калі, як пойдзе мераць капялюш”), і тут раптам зь лесьвіцы вынырнуў Стыў — загарэлы, усьмешлівы, на голым целе — цагляна-чырвонае понча. — Чорт, Стыў, — выгукнуў я прыдушана. — Ратуй нас хто можа! Я схапіў Бэату за руку, спрабуючы зацягнуць яе ў кабінэт раней, чым ён нас убачыць. — Ты здурнеў? — заўпарцілася яна. — Мы што, так і будзем заўжды ад усіх драпаць? Зь неразуменьнем мяне адпіхнула. Ён нас ужо ўбачыў. Ашчэрыў бялюткія зубы. Бэата таксама ўсьміхнулася. Я праехаў языком па сваіх амальгамавых плёмбах і пазнаёміў іх аднаго з адным. — Hi, — сказаў Стыў. Падобна, ён быў усьцешаны. Бэата сказала, што пра Стыва ўжо шмат чула і што яна сапраўды радая, што цяпер пазнаёмілася зь ім асабіста. Пасьля чаго з шчырай цікавасьцю папыталася, як яму спадабалася ў Мэксыцы. Стыў адказаў, што гэта было absolutely great. Потым ён пачаў распавядаць пра нейкія караблі, якія яны мусілі ўначы вартаваць. Я адкашляўся й паведаміў, што unfortunately мы сьпяшаемся. Бэата спачувальна выслухала мой збраслаўскі акцэнт і сказала, што яна нікуды не сьпяшаецца. Стыў запрасіў нас увечары да сябе, каб паглядзець сто пяцьдзясят дыяпазытываў і расьпіць дзьве бутэлькі натуральнай тэкілы. Я сказаў, што прыйшоў бы адзіна ў тым разе, калі б гэтыя лічбы былі адваротныя. Відаць, я нешта наблытаў, бо Стыў нічога не зразумеў. Бэата нешта сказала, чаго не зразумеў я. Стыў засьмяяўся. Я сказаў, што перад тым гэта быў толькі жарт — увечары я unfortunately busy. Стыў адказаў, што яму шкада. Бэата сказала, што яна абавязкова прыйдзе, маўляў, апошнім часам вечарамі яна страшэнна сумуе. Я ў яе спытаўся па-чэску, ці ня хоча яна пасьля ўсіх гэтых савецкіх ледаколаў палепшыць свой кадравы профіль. Нават не ўхмыльнулася. Кола замыкалася. — Давай скончым, — сказала яна. — Гэта ня мае сэнсу. Кола замкнулася.
Х 1. Як непрадказальныя жаночыя жаданьні. Шэксьпір
— Я проста хацела б, каб мы разышліся як два цывілізаваныя чалавекі, — папрасіла Бэата ў адзін з наступных дзён. — Ніякіх гэтых звычайных наўмысьля. Хоць у мяне з звычайнымі наўмысьля не было вялікага досьведу, я рабіў што мог. — Прывітаньне, Бэата. Hi, Steve, — вітаўся я зь імі ў школе на калідоры. — Прывітаньне, — адказвала Бэата па-сяброўску. — Ці ты ня бачыў яшчэ my new tattoo? Адгарнуўшы рознакаляровую футболку (рознакаляровыя футболкі, хусткі, каралі ды понча зь ейнага гардэробу хутка выціснулі ўсе ранейшыя настаўніцкія касьцюмчыкі), яна паказала мне голы жывот. Ейны пупок уяўляў сабой натуральную аснову для вытатуяванай архідэі, зь якой смактала нэктар маленечкая ружовая калібры. |
— Гэта… вельмі прыгожа.
Стыў — як і Бэата — таксама пісаў. Дзякуючы гэтаму іхныя зацікаўленьні амаль ідэальна дапаўняліся. Да абеду яны выкладалі ангельскую мову, а пасьля звычайна скіроўвалі ў горад. Пераважна хадзілі з знаёмымі ў “Макдональдз”, але ўпадабалі й кавярню “Кіт”, “FX Café” ды піцэрыю “Кума”. На мэксыканскую кухню, у якую Бэата — зь яе ўласных словаў — літаральна закахалася, яны завітвалі ў “Jo’s Bar”. Часам таксама прыпыняліся ў рэдакцыях праскіх амэрыканскіх газэт “Prague Post”, “Prognosis” і “Yazzyk”. А ўвечары кахаліся ды пісалі. Бэата трымалася думкі, што сёньняшняя Прага для амэрыканцаў — Парыж дваццатых гадоў. Маўляў, я яшчэ ўбачу, што з гэтага бесьперапыннага мастацка-інтэлектуальнага кіпеньня, з гэтага выбуху крэатыўнасьці ўзыдзе нешта сапраўды вялікае (мне тады падумалася, што гэта, магчыма, ня выбух крэатыўнасьці, а выбух унутранай радасьці ад курсу даляра да кроны, але я маўчаў). І Стывава кніга нібыта сапраўды выключная, пераканана сьцьвярджала яна. Дзея адбываецца па чарзе ў Празе, Амстэрдаме, Портляндзе і ў мэксыканскім порце Роза-Рыка-дэ-Ідальга. — Глябальнае мысьленьне, разумееш? Я кіўнуў. Галоўны пэрсанаж, маўляў, — сымпатычны амэрыканскі лектар, які з сваім галяндзкім сябрам, што ў той час таксама жыў у Празе, зьяжджае на вакацыі ў Мэксыку. Той галяндзкі сябра — гісторык, які ўжо некалькі гадоў спрабуе высьветліць некаторыя малавядомыя акалічнасьці забойства Вільгельма І Аранскага, але ў Празе ён вырашае, што памянёная тэма яго больш не цікавіць, часткова таму, што ён, як выяўляецца, хворы на СНІД. Падарожжа праз усю Мэксыку для абодвух маладых мужчынаў стаецца экзыстэнцыйным выпрабаваньнем, але, калі ім у адной вэгетарыянскай рэстарацыі падсоўваюць чалавечыну, упершыню ў жыцьці яны скараюцца зь людзкой доляй. Увесь тэкст, маўляў, наўмысьля парушаецца хвалямі безьзьмястоўнасьці (якія, паводле Бэаты, адсылаюць чытача да стогадовага змаганьня галяндцаў з морам), апроч таго, у рытме ягоных сказаў таксама можна пачуць гукі арыгінальных інструмэнтаў мэксыканскіх індзейцаў — ацтэцкай флейты й бразготкі sonajas. — Гэта гучыць цікава, — сказаў я. — Гэтая кніга абсалютна free, — тлумачыла Бэата. — Яна ня зьвязаная зусім нічым! — Так і павінна быць. Яна яе, маўляў, паралельна перакладае на чэскую. Запэўнівае мяне, што гэта будзе бомба. Не магу дачакацца, калі яе прачытаю.
Толькі сёньня я прызнаю за сабой тую крывадушную безумоўнасьць, тую ўдаваную пасьвечанасьць, зь якімі я ад Бэаты спакойна, не міргнуўшы вокам прымаў усе тыя вар’яцкія, шокавыя паведамленьні. Толькі б паказаць, што я не заангажаваны!
— Цяпер мы часта ходзім у гэтую амэрыканскую пральню ў Дэйвіцах… — Праўда!? Гэта файна… — У сэнсе ня праць — проста так. Там усё так шыкоўна friendly. — Я чуў… Або іншым разам: — Думаю, чалавек заўсёды павінен вызначаць для сябе нейкія найбліжэйшыя тычкі… — Адназначна. — І зусім ня важна, як гэта назваць. Проста нешта, што трэба пераадолець. Для нас з Стывам гэта цяпер скачкі на канаце. — Божа мілы, і ты не баішся? — Думаю, што не. (На шчасьце, паліцыя ім гэта забараніла.)
Але мала хто так дакладна, як Чапэк, зразумеў, што зьехаць за мора, падацца на вайну, знайсьці скарб, прадацца чорту, забіць цмока ці заваяваць прынцэсу для чалавека ніколі не было найвышэйшай ступеньню аўтэнтычнасьці, — а наадварот, ейнай супрацьлегласьцю, што ўсе гэтыя ўчынкі межавалі ажно зь нейкім парушэньнем і непарадкам… Чым далей, тым горш людзям удаецца напоўніць сваё жыцьцё, быць самімі сабой. Вось і застаюцца ўрэшце адно роспач і сорам за падзеі і ўчынкі, аўтэнтычнасьць якіх вельмі спрэчная. Ёзаф Едлічка
2. Начамі я ў цемры сядзеў у стаматалягічным фатэлі. Ува ўсім бачыць добрыя знакі, намаўляў я сабе. Наноў вынайсьці гумар. Бо МакМэрфі ведае, што чалавек мусіць пасьмяяцца з усяго, што яму баліць, таму што толькі так ён можа захаваць сваю раўнавагу, толькі так можа пазьбегчы таго, каб сьвет давёў яго да шаленства. Аднак справа пасоўвалася вельмі марудна і спаў я мала. Дваццаць дзявятага верасьня ў мяне былі імяніны. Дачка купіла мне пенку для галеньня “Palmolive”. “Good morning!” — знайшоў я пад зашчапкай наступнае раніцы. Fuck you! Раніцы з маёй дачкой… Калі я ішоў на працу, яна гатавала нам абаім сьняданак. Аднойчы — ёй не было й васьмі — я ня мог знайсьці ёгуртаў, што купіў за дзень да таго. Нарэшце я адшукаў іх у сьметніцы. — Яны старыя, — баранілася дачка. — Што за глупства? — узьеўся я на яе. Я шукаў на іх нейкую дату: “Тройская малачарня — заснаваная ў 1870 годзе”, — заўважыў я раптам. Мая дачка. Мой анёлак. Але чаму я ўсё гэта кажу?
Яна мне дужа дапамагла. Пісаньне таксама дапамагала. Плюс кульбы штодзённых абавязкаў. Дый стаматалягічны фатэль быў ня надта ўтульны. Інакш кажучы: дапамагло й маё нежаданьне сапраўды гараваць. |
Па-свойму імкнулася дапамагчы і Агата — яна лічыла абсалютна натуральным, што пяройме эстафэту ад большай сястры. Пачала яна з прыхаваных выклікаў: пільна глядзела мне ў вочы, нібы неўпрыкмет датыкалася да мяне сваімі грудкамі й гладзіла мяне, як хворага трусіка. Затым ёй прыйшло да галавы мне давесьці, што яна ўжо зусім не дзіця, і прыкметна часта яна пачала са мной гаварыць пра свае даўнія каханьні. Калі яна запрашала мяне на прыватнае сьвяткаваньне свайго пятнаццацігодзьдзя (на шчасьце, у той дзень я якраз мусіў быць у Нямеччыне), ейны погляд выказваў непахіснае перакананьне, што яна мне будзе гэткай сама добрай каханкай, як і Бэата.
Неяк у “Збраславанцы” я спаткаў ейную маці — мяне ўсьцешыла, як спантанна тая да мяне падышла. — Чым займаецца муж? — пацікавіўся я. — Прадпрымальнічае, — сказала яна пагардліва. — У найбліжэйшыя два гады памрэ ад інфаркту. У бесстароннасьці, зь якой яна гэта сказала, было нешта вусьцішнае. Яна зьлёгку дакранулася да маёй рукі: — Каб вы толькі ведалі, у што яны ператварылі ейны пакой… Вы сабе ўявіць ня можаце! Я мог сабе гэта ўявіць. — Гэтая дзеўка — псіх, — сказала спадарыня Кралава. — А Крал гэта баіцца прызнаць. Зноў гэтая бесстароннасьць. — Ну, псіхі мы ўсе патроху, — адказаў я заспакойліва. — Так, але ж ці да такой ступені? — запярэчыла яна.
Крыху ангельскай мовы: start up an engine — завесьці матор step on the gas — націснуць на газ let in the clutch — пусьціць пэдаль счапленьня at top speed — на ўсёй хуткасьці fly-over — эстакада suicide — самагубства
Рэальнасьць адкрываецца перад намі дзякуючы таму, што мы пазбаўляемся зношаных формаў аповеду (Роб-Грые).
І яшчэ адзін зацем што да тэхнікі аповеду (ён прыйшоў мне да галавы ў сувязі з згадкай пра Крала): Чэхаў сьцьвярджаў, што калі ў апавяданьні або ў рамане аўтар згадвае стрэльбу, пазьней зь яе нехта абавязаны стрэліць, карацей кажучы, яна ня можа знаходзіцца там выпадкова. Дык вось, я разумею, што калі ў маёй гісторыі Крала ад пачатку суправаджаюць два ўзброеныя целаахоўнікі і ніводны зь іх пры гэтым ня стрэліць, гэтым парушаецца няпісаны закон літаратурнае творчасьці. Мне шкада, але так і было. Часам жыцьцё паўстае супраць законаў літаратурнае творчасьці (вядома, я б мог напісаць, што Крала ўкаюкала пара ўкраінскіх мафіёзі ў сьміхаўскай рэстарацыі “Ў Галубоў” або што яго прыкулі да травэрсы на дне адной з паўднёвачэскіх запрудаў, але нешта не дазваляе мне так абысьціся з жывым чалавекам).
3. Сёньня былі Дзяды. На весьнічках цьвінтарнага гаю я прачытаў аддрукаваную ўлётку Суполкі аматараў крэмацыі: Калі маё сэрца ператворыцца ў попел Ня надта. Свае пяць ружаў я паклаў сярод камянёў на адхоне да згаданага лужка — ад учора яны стаялі ў мяне на гаўбцы ў слоіку. Сёньня, выходзячы з дому з букетам, я адцеміў, што мая жонка раўнуе нават да дзяўчат крэмаваных ды па ветры разьвеяных.
Бэата мне паведаміла, што на Каляды Стыў запрасіў яе ў Портлянд. На Дзень дзячаньня. — Я б таксама ня супраць паласавацца індыком.
Проста неверагодна, колькі амэрыканцаў у Празе мігам знаходзяць сабе партнэрку. Амэрыканкі ані блізка такога шчасьця ня маюць і з агідай распавядаюць пра ўсё новыя сувязі, у якіх нібыта “патрыярхальныя амэрыканцы падшукваюць сабе пажадлівых візаві”. Ваяўнічы фэмінізм амэрыканскіх жанчын здолеў адштурхнуць дзясяткі тысяч мужчын, і ўцёклыя амэрыканцы шукаюць партнэрак пераважна толькі ў Эўропе. Вера Хасэова, “Літаратурныя навіны”
Год таму, адразу пасьля Дзядоў, Яраслаў Коржан прапанаваў мне напісаць для “Плэйбою” апавяданьне. Таго часу я ўжо зноў залежаў адно ад свайго настаўніцкага заробку, таму ягоную зваблівую прапанову прыняў з радасьцю. |
— Я напісаў апавяданьне для “Плэйбою”, — пахваліўся я ў школьнай сталоўцы Бэаце. Яна кпліва паглядзела на мой пах: — Цікава, пра што? Затым весела пераклала навіну Стыву. — Пра цябе. Называецца “Інтэлектуалка”.
Апавяданьне выйшла ў красавіку наступнага году. Я доўга вагаўся, ці ўлучаць яго ў гэтую кнігу, — з аднаго боку, яно відавочна пазначанае імкненьнем дагадзіць запатрабаваньням спэцыфічнай чытацкай аўдыторыі, апроч таго, мая аўтастылізацыя пад ролю разьведзенага інтэлігента пасьля ўсяго таго, што я тут пра сябе і свой шлюб казаў, абавязкова падасца камічнай, і, нарэшце, мне й самому здаецца, што падобныя пераходы да абсалютна іншай гісторыі ўносяць у кнігу пэўны дысананс (да прыкладу, я не ўважаю за ўдалае ўлучэньне “Гарпавых” апавяданьняў у выдатны раман Джона Ірвінга “Сьвет вачыма Гарпа”). І калі я ўрэшце, нягледзячы на ўсё гэта, схіліўся на карысьць ягонага ўлучэньня, дык толькі дзякуючы непахіснаму перакананьню, што, насуперак некаторым вонкавым адрозьненьням, я пішу ўсё тую самую гісторыю (а да таго ж я проста павінен вам прадэманстраваць сваю геніяльную інтуіцыю, зь якой я ў апавяданьні прадказаў пазьнейшую Бэаціну чыннасьць экалягічную).
ІНТЭЛЕКТУАЛКА Калі злы лёс або раённы ваенкамат некалі вас прымусяць правесьці адзінаццаць месяцаў у цесным вагончыку сам-насам з адным чалавекам і адной траскучай радыёстанцыяй, вам мусова давядзецца ўзброіцца неабыякою цярплівасьцю. Калі ж да ўсяго гэты вагончык стаіць пасярод бязьлюдных памежных лясоў Шумавы і калі гэты чалавек кожнае раніцы, гучна высмаркаўшыся ў бляшаны рукамыйнік, не праміне з дакорам вам нагадаць, што вас у інстытут прынялі, тым часам як яго не, вы мусіце нават прыкласьці пэўнае намаганьне, каб застацца пры сваім розуме. Аднак калі вы з гэтым чалавекам мусіце дзяліцца ня толькі армейскім часопісам “Атам” з адзінаю крыжаванкай, але й адзінай дачкой досыць дэспатычнага дрывасека з досыць аддаленага хутару, вам не застанецца нічога іншага, як раз і назаўсёды вырашыць: або вы свайму калегу ў сьне прастрэліце галаву службоваю зброяй, або зь ім пасябруеце. Мы з Оскарам, як сьлед узважыўшы выгады й нявыгады першага варыянту, выбралі ўрэшце другі. Калі ж паступова наблізіўся канец нашае супольнае службы, я вымушаны быў сабе канстатаваць, што, хоць без саплёў у рукамыйніку я ў будучыні абыдуся, але самога Оскара, ягонай вясёлай прасьцяцкай балбатні і ягонага кулінарнага далікатэсу — крывавага стэйку ляснога рабочага — мне, магчыма, будзе крыху неставаць. На шчасьце, у той дзень, калі нашыя дарогі мусілі канчаткова разысьціся, Оскар у рэстаране “Ў Караля Шумавы” выпіў якую лішнюю чарку і ў непахісным перакананьні, што ён сядае ў курцоўскае аддзяленьне прыгараднага цягніка да роднага Глініска, сеў разам з мной на экспрэсны аўтобус да Прагі, дзе ў наступныя дні трывала асеў. Рэчы, выкліканыя да жыцьця ў загадным парадку, доўгай жыцьцёвасьці звычайна ня маюць, аднак наша сяброўства з Оскарам, ля вытокаў якога стаялі адразу два прызыўныя загады, сталася тым самым выняткам: старое цёмна-сіняе рэно Оскара вечна паркавалася пад вокнамі маёй кватэры і гэтая самая машына гадамі вазіла мяне ў адпачынкі, на пахаваньні сяброў ды разводы. Да таго ж Оскар пачаў працаваць кіроўцам на прадпрыемстве, дзе працаваў і я, і неўзабаве неафіцыйна зрабіўся маім асабістым шафёрам. Я любіў езьдзіць зь ім, бо ён ведаў клясныя анэкдоты і яшчэ лепшыя матарэсты, а галоўнае, ніяк не абцяжарваў сябе ненатуральнай ветлівасьцю фірмовых кіроўцаў. Наадварот: у сваіх выразах ён увесь час зьвяртаўся да нашай колішняй сакавітай шумаўскай фразэалёгіі. — Гэтай я б з радасьцю ўмяшаўся ў ейныя ўнутраныя справы, — казаў ён, паглядаючы на прыгожых дзяўчат у гарадох, празь якія мы праяжджалі, і юрліва ўхмыляўся, зусім як тады, калі — па вяртаньні ад дачкі дрывасека — над бляшаным рукамыйнікам мыліў калені, фіялетавыя ад расьціснутых чарніцаў. Вось жа, я быў рады, бо мне здавалася, што, калі б мы ад нашага вайсковага слоўніка адракліся зусім, мы б мусілі зрачыся й чагосьці вельмі прынцыповага для нашага сяброўства, якое зараджалася ў часе, калі — кажучы словамі Оскара — нам часам былі ахвотныя даць хіба што лісіцы. Аднак потым мы сустрэлі Бэату. Ужо праз пару хвілінаў пасьля таго, як я тае дажджлівае раніцы дазволіў яму, насуперак інструкцыям, падабраць гэтую прамоклую аўтастопніцу, я пашкадаваў пра сваё рашэньне. Празь дзьве гадзіны мне ўжо было зразумела, што гэта была памылка, якую з поўным правам можна назваць лёсавызначальнай. Запэцканыя гразьзю пальцы ў скураных сандалях, уласнаручна пашытая доўгая спадніца, зь якой па ўсім пэрымэтры зьвісалі ніткі, і вялізны чорны цельнік, у расьцягнутым дэкальтэ якога зноў а зноў агаляліся маленькія грудзі. Ангельскі надпіс на цельніку нас прасіў — калі толькі я слушна пераклаў, — каб мы не пасылалі дзявочым душам каляровых паштовак з паездак на верасовішчы. Здымаючы з плячэй мініятурны заплечнік, відавочна поўны кніг, дзяўчына нас па-чэску паінфармавала, што яе зваць Бэатай і што едзе яна ў Шрамкаў Пісэк. — Шрамэк14? — радасна выгукнуў Оскар. Высьветлілася, што ён некалі чытаў “Срэбны вецер”, а з год таму бачыў у тэлевізіі “Месяц над ракой”. Дарма што пастаноўку “Месяца над ракой” Бэата адмовілася камэнтаваць, а “Срэбны вецер” азначыла за няскладна празрыстую бэлетрызацыю палавога высьпяваньня, гэтая тэма ў іх пратрымалася поўных трыццаць хвілінаў. Оскар — я толькі дзіву даваўся — згадаў нават слова імпрэсіянізм, але Бэата яму паблажліва патлумачыла, што гэта толькі падраны камуфляж, які Шрамэк наіўна накідваў на голыя тэзы сваіх сюжэтаў. Оскар дапусьціў, што з пэўнага пункту гледжаньня так сапраўды магло быць, прычым ягоны ўласны пункт гледжаньня абмяжоўваўся ўяўнай прамой паміж ягонымі блакітнымі вачыма, люстэркам задняга віду і Бэаціным дэкальтэ. Бэата сказала — маўляў, адзінае, што з Шрамка так-сяк перажыло, гэта шэсьць або сем раньніх вершаў і, вядома, “Цела” — яно яе некалі літаральна паланіла. І хоць цяпер ёй раман крыху пачужэў, але яна зьбіраецца яго актуалізаваць як сцэнічную псыхадраму. Хвіліну падумаўшы, Оскар сказаў, што гэта, магчыма, надзвычай добрая ідэя. Я ўпарта маўчаў. Потым Бэата ў Оскара запытала, ці падабаецца яму ягоная праца кіроўцы. Але ж ён ніякі не кіроўца, адказаў Оскар, ён толькі раздумвае, на што скарыстаць жыцьцё, а ў машыне яму, маўляў, спрадвеку думалася найлепш. Можа, ён сыдзе высока ў горы, а можа, паспрабуе яшчэ вучыцца. Калі ён гэта казаў, ён ужо зусім не трымаўся за стырно, спусьціўшы рукі між ног і мройліва адкінуўшы голаў на падгалоўнік. Ягоная нага на пэдалі ўтрымлівала нязьменную хуткасьць сто дваццаць кілямэтраў за гадзіну. |
14 Франя Шрамэк (1877—1952) — чэскі паэт, празаік і драматург, найяскравейшы прадстаўнік генэрацыі “бунтаўнікоў”; у студэнцкія гады жыў у горадзе Пiсэк. |
— Глядзі на дарогу, — сказаў я. — Вам Шрамкава “Цела” не падабаецца? — заатакавала Бэата ў лоб. — Не, — сказаў я. — Дзеля ягонага цела я б у Пісэк адназначна не паехаў. Яна спачувальна скрывілася, насамрэч ліхаманкава разважаючы, чым бы мяне найлепей зьняважыць. Урэшце яна вырашыла пазьдзекавацца з майго гальштука. Яна нахілілася да майго сядзеньня і гідліва ўзяла яго кончыкамі пальцаў: — Божа Ісусе, што гэта такое? — зь недаверам спытала яна. — Адгадайце, — сказаў я спакойна. Такі тып мяне ўжо ня здолее ўсхваляваць. — Даю вам тры варыянты: а) звычайны аксэсуар эўрапейскага мужчынскага адзеньня, называны гальштукам; б) проста выпала мая тоўстая кішка; в) тканевы амулет, што ахоўвае мужчынаў ад інтэлектуалак. Ані гэтым разам яна не ўсьміхнулася, але мяне гэта не зьдзівіла. Дзяўчаты, як яна, з жартаў сьмяюцца толькі тады, калі наткнуцца на іх у кнізе малавядомага, найлепш англаамэрыканскага аўтара. Гэтая, думаю, не ўсьміхнулася б нават тады, калі б каля яе сядзеў сам Джэймс Тэрбэр. — Вы маеце нейкі досьвед з інтэлектуалкамі? — наадварот, зьедліва спытала яна. — Дзе ж вы іх знайшлі? — Толькі з адной, — сьціпла адказаў я і паказаў на ейны пляцак. — На нашым разводзе яна была дакладна з такім самым заплечнікам. У яе ўсё ж вырваўся кароткі сьмяшок. — У вас ёсьць зубы! — выгукнуў я зь зьдзіўленьнем. Яна пагардліва сьціснула вусны. — Ды не, спакойна сабе іх паказвайце, — сказаў я і апусьціў погляд на ейныя аголеныя грудзі. — Вам няма за што саромецца. На наступныя пятнаццаць хвілінаў яна пакінула нас у спакоі. Аднак потым абвесьціла, што яна не пасьпела пасьнедаць і што таксама выпіла б кавы. Я наўмысна пакінуў ейныя словы без камэнтару, але Оскар кілямэтраў праз дваццаць завярнуў да прыдарожнай кавярні. Я запытальна ўзьняў бровы, аднак ён гэтага не заўважыў, бо зь небывалаю засяроджанасьцю пачаў правяраць зьвесткі ў дарожным лісьце. Прыдарожная кавярня, якую я дагэтуль ня ведаў, была нечакана ўтульная — скляпеністая столь, чыста пабеленыя сьцены, вокны й фіранкі колеру мёду, кахля з узорам скуры, масіўныя авальныя сталы, чыстыя палатняныя абрусы, у вазачках з грубай керамікі — жоўтыя сухацьветы. Мэню было ў жоўтай паркалёвай аправе. Гэта крыху палепшыла мой настрой. — Баюся, — прамовіла Бэата, разгледзеўшыся навокал, — што гэтыя модныя рустыкальныя крэацыі будуць цяпер тэрарызаваць нашыя пачуцьці абсалютна паўсюль. — Нічога ня зробіш… — згодна пабедаваў Оскар. Прыйшоў кельнэр. Бэата акінула яго позіркам, які ў бальшыні людзей прызначаны хіба што для выпадковых сустрэчаў зь іншаплянэтнікамі ў дрыгвяністай абалонцы, і замовіла сабе завараную каву з малаком, белы ёгурт, дзьве грэнкі, пячаркавы сыр і адно яйка ўсьмятку, пасыпанае зялёнай цыбуляй. Кельнэр суха ўсьміхнуўся і пайшоў папытацца на кухню. Калі ён праз хвілю вярнуўся, на ягоным сьветлым драўляным падносе было абсалютна ўсё за выняткам пячаркавага сыру — аднак ён адразу ж прапанаваў Бэаце некалькі іншых гатункаў. Бэата ўсе іх паступова адпрэчыла і дадала да замовы ананасны сок. Мною трывала авалодала адчуваньне, што насупраць мяне сядзіць мая былая жонка, і я вачыма выказаў кельнэру ціхае спачуваньне. — Калі вы так лісьліва паводзіце сябе нават з звычайным бармэнам, не хацела б я бачыць, як вы размаўляеце, напрыклад, з даішнікам… — кінула Бэата ў мой адрас, калі кельнэр сышоў. Я адказаў, што імавернасьць сустрэчы з дарожным патрулём — беручы пад увагу тое, што Оскар ужо пэўны час тарашчыцца не на дарогу, а выключна на ейнае дэкальтэ, — сапраўды досыць высокая, але што, тым ня менш, я паспрабую ня надта ўлягаць перад праваахоўнікамі. Падчас Бэацінага сьняданку нам выпала нагода пазнаёміцца і зь іншымі ейнымі поглядамі. Сёньняшнія правыя партыі, маўляў, здаюцца ёй плюгава мэтавымі, левыя партыі, у сваю чаргу, вульгарна, ліпуча папулістычнымі. Палітычны цэнтар — гэта міт, створаны людзьмі, што баяцца ўласных поглядаў. Нашую культуру немагчыма назваць культурай, як немагчыма назваць некалькі выспачак у моры сушай. Школьная адукацыя вычарпала сябе шматсотгадовым удаваньнем сэнсу перад вучнямі, бацькамі й настаўнікамі. Корак — у сэнсе пакрыцьця падлогі — яна ўважае за прыхаваны снабізм. Гічкок яе страшэнна весяліць, тым часам як дзеці, што коўзаюцца на каньках, зь нейкай ірацыянальнай прычыны наганяюць ёй на вочы сьлёзы. Гандзі мог бы зрабіцца ейным кумірам, каб ня быў такім беспадстаўна няўважлівым. Жаночае цела — гэта капітал, які мужчына прыўлашчвае без кампэнсацыі. Я ўжо па сутнасьці мёртвы, згарэлы знутры чалавек, а Оскар мае ў сабе нешта, пра што яшчэ сам ня ведае. — Пухліну? — выказаў я здагадку, але яна маю рэпліку не палічыла вартай сваёй увагі. Апошні шанец гэтага сьвету — эмпатыя, працягвала яна. Усё вырашыцца гадоў за шэсьць, максымум восем. Калі ўсё скончыцца добра, наступнае стагодзьдзе будзе векам пераносу думак. Бо ўсё ёсьць складнікам усяго — можа, і гэтая ваза нясе нам нейкае пакуль невядомае касьмічнае пасланьне. — Рустыкальнае касьмічнае пасланьне, — сказаў я. Ужо тады я ведаў, што шчырую дарэмна. Самыя іранічныя кпіны, якія яе перад Оскарам мусілі дэмаскаваць, ня мелі ніякага сэнсу. Сьляпы ані маскі ня бачыць, ня кажучы ўжо пра сапраўднае аблічча. Сьляпы ня бачыць нічога. — З такімі, як вы, трэба змагацца, — сказала яна мне зь непрыхаванаю антыпатыяй. — Вось толькі як? — пытаўся Оскар захоплена. Ён быў страчаны. Я зразумеў гэта раней, чым яна ў Піску, нядобра на мяне паглядаючы, пакінула яму свой нумар тэлефону. На жаль, наступныя тыдні мяне ў гэтай упэўненасьці толькі ўмацавалі. Оскар перастаў да мяне заяжджаць, пазьбягаў ён мяне і на працы. Калі я ў яго наўпрост пра гэта спытаў, ён адказаў, што ў яго няма часу, бо вечарамі, маўляў, піша вялікае эсэ пра фэномэн хуткасьці ў сучасным сьвеце. — Эсэ? — паўтараў я, каб пераканацца, што пачуў слушна. — Эсэ? Пра фэномэн хуткасьці? — Але, — сказаў Оскар. — Бэата мяне папрасіла. Карацей кажучы, вечарамі ён пісаў эсэ. З часам Бэата да яго пераехала — відаць, каб трохі дапамагчы з пунктуацыяй. Оскар адпусьціў бараду, а на галаве пачаў насіць вышываныя каляровыя хусткі, зрабіўшыся падобным да маладога Ясіра Арафата. Яны прадалі Оскараву мэблю, а спальню ператварылі ў студыю, дзе шматавалі й перажоўвалі выразкі з часопісаў, старыя афішы, трамвайныя квіткі, Бэаціны цыдулкі ды перадвыбарныя ўлёткі, ствараючы з узьніклай папяровай матэрыі т. зв. прыватнапалітычныя артэфакты. Яны курылі траву і елі кукурузу. Падабралі бадзяжнага сабаку, двух драздоў, што нібыта выпалі з гнязда, а з дасьледчага інстытуту прынесьлі белага пацука, фрустраванага ад бясконцых экспэрымэнтаў. — Ня думаю, каб яму надта палепшала, — сказаў я на тое. Оскар нават не ўхмыльнуўся. Цяпер ён сьмяяўся толькі з таго, з чаго сьмяялася Бэата. Хадзіў толькі на тыя фільмы, на якія яна купляла квіткі. Наведваў толькі тыя выставы, што адбываліся ў нейкім абшарпаным маластранскім склепе або ў абшарпанай маластранскай арцы. Увечары хадзіў пераважна ў “Бункер” або ў “Мамма-клюб”. Пра мяне ён сказаў, што я выглядаю як стары бацяня. Ён схуднеў на дзесяць кіляў і засынаў за стырном. Калі ў адзін вечар, вяртаючыся з Страканіц, мы на поўнай хуткасьці зьехалі ў жытнёвае поле, я страціў цярплівасьць. Оскар слаба апраўдваўся, што хацеў толькі нарваць каласкоў на сьняданак, маўляў, думаў, што гэта авёс. |
— Аааааа! — роў я непрытомна, пакуль Оскар заднім ходам выяжджаў назад на дарогу. — Ааааа! Досыць! До! Рэшту дарогі мы маўчалі. У Збраславе я прымусіў яго павярнуць і заехаць ажно нагору — да касьцёлу на Гаўліне. Я выйшаў, злосна ляснуў дзьверкамі і скіраваў крок да могілак — я ішоў упэўнена, бо ў часы, калі мой шлюб хіліўся да разводу, я бываў тут адносна частым наведнікам. Оскар няўцямна, але паслухмяна ішоў за мной сьледам. Я ня мог на яго глядзець: хустка, што спаўзла на лоб, скамечаная палатняная кашуля, што вылезла з нагавіцаў, стаптаныя індзейскія сандалі, на шыі шкляная ампулка зь нейкаю дзіўнаю вадкасьцю. Цікава, што ў ёй такое? — пытаў я ў сябе гняўліва. — Пасьвечаная вада? Кракадзілавы сьлёзы? Паненская кроў? Спэрма Ладзіслава Клімы15? А, трасца, досыць! — лаяўся я ў думках. Перад скульптурай Маржаткі з назваю Інтэлігентнасьць я спыніўся. Як блізка я яе ведаў! Зьвешаная галава, апушчаныя плечы, невыказная пакута ў змарнелым абліччы. Пад запалымі вачыма векавечны цень. Я схапіў Оскара ззаду за шыю: — Добра паглядзі, ідыёце, — крычаў я яму, ахоплены немачным шалам. — Вось так ты скончыш. Дакладна вось так! Патыліца Оскара працівілася маёй руцэ, але я націскаў на яе тым мацней, чым лепей усьведамляў, што людзкі досьвед быў, ёсьць і будзе неперадавальны. — Бачыш, да чаго вядзе гэтае яе пазнаньне! — роў я Оскару ў твар. — Вось да чаго! Вось да чаго! Па сьцяжынцы да цьвінтарнага гаю ішлі дзьве бабулькі. Я дацягнуў Оскара да найбліжэйшае лаўкі, дзе прачытаў яму доўгую — на дваццаць хвілінаў — натацыю. — Ты ўсё бачыш надта проста, — нарэшце сказаў стомлена Оскар. — Сьвет не такі просты. А хто робіць выгляд, што такі, сам сабе маніць. — Тады мані! — узмаліў я яго. — Няўжо ты не разумееш, што бяз гэтай маны не абысьціся? Я зрабіў яшчэ адну спробу, распавёўшы яму пра героя раману Італа Звэва: калі таму чалавеку ягоны кульгавы сябра патлумачыў, што адзін чалавечы крок складаецца зь пяцідзесяці сямі самастойных рухаў цягліцаў і сухажыльляў, ён таксама пачаў кульгаць. — Разумееш! Ці зразумеў ты нарэшце?! — гукаў я сьлёзна. Оскар адказаў, што памянёнага раману, на жаль, не чытаў, бо яго, маўляў, — у адрозьненьне ад мяне — у інстытут не прынялі. Потым ён сказаў, што нам варта ехаць, бо яны з Бэатай ды некалькімі разумнымі анархістамі ладзяць увечары невялічкі гепэнінг пратэсту. У тое імгненьне я канчаткова здаўся. Я нават не пытаўся, супраць чаго яны пратэстуюць. Недзе праз пару тыдняў падчас адной з службовых выправаў Оскар купіў пераносную школьную дошку. Прыцягнуўшы яе ў машыну, ён хутчэй фармальна спытаў, ці можна яе пагрузіць і адвезьці ў Прагу. — Рабі што хочаш, — сказаў я расьцьвелена. Аднак ён адчуваў неабходнасьць патлумачыць мне мэту свайго эксцэнтрычнага закупу і прачытаў невялікую лекцыю. Маўляў, у моры словаў, якімі людзі карыстаюцца, індывід лёгка страчваецца. Бо словы прыходзяць і сыходзяць, як марскія хвалі, і чалавек ня здольны іх затрымаць на такі час, каб пасьпець зразумець. Таму між людзьмі здараецца столькі непаразуменьняў. Звычайная школьная дошка й кавалак крэйды могуць дапамагчы такіх непаразуменьняў лёгка пазьбегчы. — Ага, — сказаў я з агідай. Мне ўсё гэта было да жуды знаёма. У часе, калі мы з маёю былою жонкай губляліся ў моры словаў, мы пісалі адно аднаму доўгія лісты. Мая экс-жонка друкавала іх на машынцы. Школьная дошка, на дзіва, ёй да галавы не прыйшла. Нішто не вычэрпвае гэтак, як марнае шчыраваньне. Я адчуваў, што мне трэба трохі перадыхнуць, і хоць звычайна я не бяру адпачынку ў летнім сэзоне, гэтым разам я ўзяў яго ўжо на пачатку ліпеня. І не пашкадаваў: не пасьпеў аўтобус даехаць да Пулы, як я пазнаёміўся з сваёю маладою суседкай. Яе клікалі Зузанкай, і была яна шыкоўна неадукаванай дзяўчынай. Выдавала на тое, што лёс урэшце вырашыў выплаціць мне прынамсі частку таго, што быў завінаваціўся. — Што вы думаеце пра коркавую падлогу? — спытаў я ў Зузанкі, так проста, дзеля параўнаньня. — Гэта прыгожа, — адказала яна прастадушна. — І практычна: даволі проста выцерці… Ува мне ўсё сьпявала. Пра палітыку мы не размаўлялі, а пра Гандзі яна, думаю, нават ня чула. Мы хадзілі ў маленькую вінарню пад чыстым небам на самым беразе мора. Афіцыянты пад пінжакамі насілі тут паласатыя цяльняшкі, а на трамах віселі штучныя нераты, у якіх зьзялі аранжавыя й чырвоныя папяровыя ліхтарні ў выглядзе марскіх зорак і конікаў. Калі мы трапілі туды ўпершыню, я ўсё ж сачыў за тварам дзяўчыны з пэўнаю асьцярогай. — Тут прыгожа! — шчыра ўсклікнула Зузанка, разьвеяўшы мае сумневы. Думаю, я яе сапраўды кахаў. Калі праз пару дзён я без кампэнсацыі прыўласьціў капітал ейнага цела, яна выглядала амаль удзячна. Звычайна пры канцы адпачынку мне ўжо робіцца трохі нудна, але з Пулы я зьяжджаў без усякае радасьці. Сустрэчу з Оскарам, вярнуўшыся, я адкладаў цэлы тыдзень, але ўрэшце я не стрываў і выклікаў яго ў свой кабінэт. — Здароў. Як адпачыў? — спытаў ён бязь сьледу цікавасьці. Ён выглядаў горш, чым калі раней. Апроч іншага ў яго ледзь прыкметна трымцелі рукі. — Клясна. Трохі адрыгваю рыбаў з сракамі, але ў астатнім клясна. Патрахаўся як мае быць, — адказаў я яму па-шумаўску. Пры згадцы пра трах Оскара перасмыкнула, і ён адвярнуў галаву. Адпачынак скончыўся. — Што такое? — спытаў я клапатліва. — Нічога, — адказаў Оскар. — У ложку ў нас нешта ня надта выходзіць. Наступнага дня нас чакаў арбітраж у Лібэрцы. Оскар паабяцаў, што а шостай раніцы заедзе па мяне дадому. Марна прачакаўшы да паловы на сёмую, я пазваніў у аўтапарк, але ані пра яго, ані пра машыну там нічога ня ведалі. Голас загадчыка гаража гучаў раззлавана. Я з таго не зьдзівіўся. |
15 Ладзіслаў Кліма (1878—1928) — чэскі пісьменьнік і філёзаф, бунтаўнік, які адмаўляўся жыць паводле грамадзкіх законаў. |
Абсалютна пасіўна я паехаў да Оскара сам. Службовая машына — відаць, не адзін тыдзень нямытая — стаяла перад домам. Оскар адчыніў толькі пасьля трэцяга званка. Дарма што ён быў у нейкай японскай піжаме, не падобна было, каб уночы ён спаў. Ён зьдзіўлена мружыў на мяне свае счырванелыя вочы з-пад апухлых павекаў. Мяне ўсьцешыла, што ён мяне ўвогуле пазнаў. — А, ну так, даруй, — перапрасіў ён непрытомна. — Зайдзі, я ўжо іду. Кватэра выглядала як сакратарыят анархістаў. Шпалеры, якія мы некалі разам выбіралі, былі паабдзіраныя, а з голых сьценаў зьвісалі сотні нядбайна прыклееных газэтных выразак. З колішняй мэблі засталіся адно дзьве дубовыя шафы, на якіх цяпер паскоквалі й выпаражняліся выратаваныя дразды; затое дадаліся два пісьмовыя сталы й нафтабак, што выконваў функцыю журнальнага століка. Двухспальны ложак з былое спальні быў засоблены блакітным полагам. Блакітны полаг быў засоблены цыдулкай “Я на пошце. Бог”. — Госпадзе Божа, — прамовіў я ціха. Оскар паціснуў плячыма. Адразу, як я прыйшоў, Бэата дэманстратыўна зачынілася ў ванным пакоі, таму Оскару давялося галіцца ў пакоі; галіўся ён укленчыўшы — бо разэтка знаходзілася ля самай падлогі, а шнур у брытвы быў закароткі, — пры гэтым вольнай рукой безь перастанку адпіхваў назолу-пацука. Уся гэтая карціна мяне трохі расчуліла — падобна як погляд на дзяцей, што коўзаюцца на каньках, расчульваў Бэату, — і я ўважыў за лепшае павярнуцца да Оскара сьпінай. У рагу перад сабой я ўбачыў знаёмую школьную дошку: “Ты сьцьвярджаеш, што твой аргазм ёсьць функцыяй маёй папярэдняй сардэчнасьці цягам дня”,— было напісана на ёй. Почырк быў крыху нэўратычны. Оскар люнатычна выцер дошку. У мяне было адчуваньне, што ён вось-вось рассыплецца ўшчэнт. Машына была ў падобным стане: апрача сьцёртых шынаў і нядзейнае правае фары досыць праблематычна давалася пераключэньне хуткасьцяў. Я не адважваўся ўпікнуць яго ў гэтым, — у рэшце рэшт, калі нехта клапоціцца пра дразды ды анархістаў, ня можа думаць яшчэ й пра машыну. З чацьвёртае спробы Оскар пасьпяхова завёўся, і мы выехалі. З матору ў салён даляталі не зусім звыклыя гукі. — Падобна, я імпатэнт, — хрыпла сказаў Оскар праз хвілю. — Віншую. Оскаравы вочы, утаропленыя ў далягляд, мокра бліснулі. — Хочаш мяне расчуліць? Дарма, — сказаў я зацята. — Я цябе папярэджваў. І я на поўным сур’ёзе падумаў, што час сабе зьмяніць кіроўцу. — Што ты думаеш пра народных лекараў? — спытаў раптам Оскар. — Нічога, — адсёк я. — Я пра іх нічога ня думаю. Я нічога ня думаю ні пра каго й ні пра што. Рабі так і ты, і табе не спатрэбяцца народныя лекары! Ён нічога не адказаў, але перад адным з наступных перакрыжаваньняў прыкметна запаволіў; спытаў дазволу, каб заехаць да нейкага таго народнага лекара. Маўляў, адсюль гэта пару хвілінаў дарогі. — Ні ў якім разе, — сказаў я рашуча. — Мы й без таго ўжо спазьніліся. Оскар зьехаў на абочыну і спыніўся. — Я нікуды не паеду! — стаяў я на сваім. Оскар выключыў матор. — Бэата кажа, што гэта адзін з нашых найлепшых псыхатэрапэўтаў, — сказаў ён прыдушана ў насталай цішы. — Аааааа! — зароў я роспачна і бязрадна. — Аааааа! Оскар цярпліва вычэкваў. — Аааааа! — вырываў я зь сябе назапашаны стрэс, і ўсё маё цела ўсьпіналася пад рамянём бясьпекі. Я затарабаніў сьцятымі кулакамі па бардачку, і мне на калені выпала некалькі цыгарэтных недапалкаў, дазваньня парэзаны часопіс “Акно” і замусоленая картка з раскладам працы богніцкай псыхіятрычнай больніцы. — Буду адведваць цябе кожную цотную сераду, — паведаміў я Оскару, уважна яе прагледзеўшы. — Пасуе табе? Ён мне сур’ёзна патлумачыў, што туды яны ходзяць толькі да некаторых лёгкіх пацыентаў, зь якімі спрабуюць інсцэнаваць Кафкава “Ператварэньне”. — Калі вас застукае нейкі доктар, ён вас заб’е, — папярэдзіў я яго. Ён сказаў, што дактары ў гэтым удзельнічаюць таксама. — Вось як, — адказаў я. Оскар завёў матор. — Дык можна? — Едзь! — зароў я. — Едзь куды хочаш! Ідыёт! Ты што, не разумееш, што зь ёй табе аніякі Люрд не дапаможа? Віла, у якой пражываў народны лекар, дазваляла чакаць, што ейны ўласьнік сапраўды дапамог многім пакутнікам, а тыя, у сваю чаргу, дапамаглі яму. Я адмовіўся пакінуць машыну. Прыём цягнуўся ня больш за пятнаццаць хвілінаў. — Што? Ужо гатова? — папытаўся я зьдзіўлена, калі Оскар зноў сеў на суседнім сядзеньні. — Калі яму досыць пятнаццаць хвілінаў, каб зрабіць з чалавека зьвера, тады ён і праўда найлепшы. — Будзе мяне лячыць на адлегласьці, — сказаў Оскар разважліва. — Сёньня ўвечары а дзясятай. Я вельмі доўга маўчаў. — Добра, — сказаў я нарэшце. — А цяпер, мілы Оскару, адвязі мяне на гэты чортаў арбітраж. Думаю, я ніколі яшчэ так ня марыў трапіць на звычайны чортаў арбітраж. Едзь. Едзь. Арбітраж тады насамрэч спраўдзіў тое, чаго я ад яго чакаў: хоць ён і быў надзвычай сумны, расьцягнуты, а прафэсійна кажучы, і напаўнепатрэбны, але ўвадначас дзякуючы яму я на цэлых сем гадзінаў апынуўся ў супольнасьці людзей, якія сваю адукацыю й жыцьцёвы досьвед імкнуцца выкарыстоўваць сабе на карысьць, а не як зброю супраць сябе. Па ягоным сканчэньні я яшчэ з гадзіну туляўся па крамах, хоць мне й ня трэба было нічога канкрэтнага, і з уцехай, для мяне досыць нетыповай, тут і там размаўляў зь некаторымі гаваркімі прадаўцамі і прадавачкамі пра замежныя кававаркі, пра ўгнойваньне пакаёвых расьлінаў ды праблемы зь сьвідраваньнем бэтонных панэляў. Таму да службовай машыны я вяртаўся на ладныя паўгадзіны пазьней, чым мы з Оскарам дамаўляліся. Выехалі мы ў магільнай цішы, якая, аднак, як мне здавалася, была значна лепшай за ўсё, што мы з Оскарам маглі адзін аднаму сказаць. На шчасьце, неўзабаве мне ўдалося заснуць. Калі я прачнуўся, я ўбачыў, што мы стаім пры самым канцы працяглага пад’ёму, на нейкай невялікай забалочанай пляцоўцы. Зьлева ў два шэрагі складзены кубамэтры напілаваных дроваў, якія мне зусім засланялі шашу. Між дрэваў на даляглядзе яшчэ праглядалі апошнія рэшткі дзённага сьвятла, але тут, у лесе, была ўжо досыць глыбокая цемра. Оскар нерухома стаяў над адчыненым капотам: апушчаныя плечы, зьвешаная галава. Ягоны цёмны сылюэт нагадваў статую. |
Я павярнуў ключык запальваньня, і панэль кіраваньня заліло прыемнае зеленаватае сьвятло. Я ціхенька ўключыў радыё і ўтульна паклаў галаву на падгалоўнік. Мне здавалася, што ў такім становішчы і пры такой ціхай прыемнай музыцы я гатовы прыняць усякую навіну, якую мне лёс прынясе, — хоць бы й навіну пра ўласную сьмерць. Тым менш мяне магла ўсхваляваць нейкая трывожная вестка пра паламаную каробку перадачаў ці карбюратар, і ўжо зусім мяне не маглі ўзрушыць нейкія размовы пра дзяўчыну, чыё сэрца зьбітае з ладу залішнім тэарэтызаваньнем. У каронах елак гуў цёплы вецер. Мне гэта нагадала Шумаву. Дзьверы адчыніліся. Запахла лесам. Оскар абрынуўся на сядзеньне. — Больш не магу! — застагнаў ён. Я ня ведаў, ці ён мае на ўвазе Бэату або рамонт машыны, але мне было збольшага ўсё адно. Жыцьцё, вар’яцкае жыцьцё, казаў я сабе ў думках у нейкай невытлумачальнай эўфарыі. Оскара тым часам нібыта прарвала. Маўляў, калі ён тушыць лямпу, яна пытаецца ў яго, ці не баіцца ён праўды сьвятла. Калі пакідае лямпу гарэць, пытаецца іранічна, ці ён насамрэч хоча выставіць свае касмэтычныя вады гэтаму стоватаваму зьзяньню. Калі ён павольны, яна папікае, ці ён не заснуў. Калі ён жвавы, сьмяецца, што ён выглядае як зьменшаны Майкл Дуглас. Ці мо яго перасьледуе прывід бацькавага пэніса? Калі ён на яе налягае, яна яму закідае эгаістычную гальлівасьць. Калі не налягае, дакарае яго ў абыякавасьці і халоднасьці. Але ж ён яе кахае. Яна ж яго па-ранейшаму страшэнна ўзрушае! Голас Оскара рабіўся ўсё больш раздражнёны. Чаму больш за ўсё яго заводзіць проста думка пра яе? Калі ён уяўляе сабе гэтыя ейныя сісюлькі! Гэтыя крамяныя, маленькія сісюлечкі! У ягоным голасе было нешта, што змусіла мяне зірнуць на яго: заплюшчаныя вочы, дыханьне кароткае, перарывістае. Шчокі ў яго пацямнелі. — Яе пізьдзічка! — выгукаў ён. — Гэтая яе баханка! Баханка ейнай пізьдзічкі! Схуднелыя Оскаравы бакі падаліся насустрач чамусьці нябачнаму. Галава ўсё больш схілялася. Правая рука, што дагэтуль бязвольна спачывала на падважніку каробкі перадачаў, адзіным рухам вызваліла ягоны чэлес з шчымлівага палону. Я павольна, разважліва зірнуў на гадзіньнік: было пару хвілінаў на адзінаццатую. Ён выкрыкнуў. Нахіліўся. Змрокам праляцеў моцны, сьветлы струмень. Неўзабаве ягонае дыханьне суцішылася. Оскар заснуў. Я даў яму паўгадзінкі паспаць, а потым тактоўна пабудзіў. Трэ было рамантаваць машыну і ехаць у сьвет, які па-ранейшаму працівіцца спрошчаным тлумачэньням.
4. У лістападзе я зноўку пачаў чытаць, а ў сьнежні напісаў дзясяткі два літаратурных пародыяў, якія аб’яднаў у тонкі зборнічак пад назвай “Ідэі ласкавага чытача”. Паступовае зачарсьцьвеньне свайго сэрца я называў новаадкрываньнем здольнасьці да іранічнага падыходу. Карацей кажучы, жыцьцё павярнула да лепшага. У выдавецтве “Чэскі пісьменьнік” мне прапанавалі месца рэдактара (мы дамовіліся, што ў школе я дапрацую прынамсі да канца першага паўгодзьдзя, а за новыя абавязкі вазьмуся ў лютым). Выйшлі новыя прыязныя рэцэнзіі на “Цудоўныя гады”. На Каляды я ўжо быў у парадку. На Шчодры вечар у Сазаву зьехалася ўся сям’я. Сабакі зычна брахалі, бабулі сьпявалі калядкі, дзядуля выбіраў з рыбіны косьці, а трохгадовы сын майго брата-сцэнарыста ўсім прысутным зноў а зноў пагражаў забойствам, але мне здавалася, што гэта самыя спакойныя Каляды, якія я калі датуль перажыў. Рухі маёй дачкі ў новай вязанай сукенцы выдавалі амаль дарослую дзяўчыну. У прыгожых вачох маёй жонкі нарэшце адбівалася толькі сьвятло сьвечак. Яна падаравала мне атрамантавую асадку маркі “Parker”. Каб я ведаў, дзе маё месца.
Калі пасьля навагодніх сьвятаў я зноў узяўся за працу ў школе, мне сказалі, што Стыў з Штатаў сёлета ўжо ня вернецца. А Бэата ў Амэрыку нават ня лётала. За раніцу я колькі разоў згадаў пра яе, але на калідоры мы ані разу не спаткаліся. Пасьля абеду я зайшоў да яе ў кабінэт. Яна сядзела пад акном па-турэцку, пасёрбвала нейкі гарачы маркоўны сок і чытала “Другі пол” Сымоны дэ Бавуар. Калі б яна за сталом піла каву й гартала “Лідавыя навіны”, ні пра што добрае гэта ня сьведчыла б, але гэтак, здавалася, усё як мае быць. — Відаць, я была зь ім занадта free, — патлумачыла яна мне. — Сказаў, што яго шакавала, калі я зрабіла сабе tattoo… Яна гаварыла амаль вясёла. — Мусіць, ты не была па-славянску паважнай, — сказаў я з палёгкай. — “Быць сапраўднай жанчынай — значыць быць няздольнай, дробязнай, пасіўнай, падатлівай”, — прачытала яна мне. Залішняя адукаванасьць ці характарнасьць, маўляў, мужчынаў жахае. Нібыта русявая дурніца заўсёды пераможа інтэлектуалку. Кожнае падкрэсьленьне індывідуальнасьці забірае ў жанчыны жаноцкасьці. Інтэлектуалка ведае, што яна мае быць спантанна прапанаваным суб’ектам, але, калі пачынае граць кволую жанчыну, выглядае ненатуральна. — “У абліччы, што ўдае наіўнасьць, праблісьне раптам вельмі выразна інтэлігентнасьць…” — жыва цытавала Бэата. — Дык навошта тады ты гэтую прасьцячку граеш? — спытаў я трохі безуважна. — Што за ідыёцкае пытаньне? Трасца, ты мяне ўвогуле слухаеш? Як відаць, яна добра засвоіла фрывольны цынізм састарэлых жанчын, вядомы як вынік падманутага чаканьня.
ХІ 1. Студзень быў апошнім месяцам майго пэдагагічнага шляху. Я паціху пачаў забіраць з кабінэту кнігі, якія пасьпеў за некалькі год папрыносіць з дому. Падчас заняткаў я праходжваўся сярод вучнёўскіх партаў і, гледзячы на галовы дзяцей, схіленыя над разгорнутымі сшыткамі, вывучаў свае адчуваньні, аднак ці то я залішне падаўляў сваю расчуленасьць, ці то яе ўвогуле не было — я заставаўся не абыякавы, але нейкі ўраўнаважаны. У адны з выходных я праверыў апошнія шэсьцьдзесят вучнёўскіх твораў, гэтым разам на тэму “Як я спалохаўся” — ладная палова працаў апавядала пра страхатлівы паход у цёмны склеп, прычым патрабаваны спалох звычайна быў выкліканы нечаканым падзеньнем абрыкосавага кампоту зь верхняй паліцы (Кроў у мяне проста застыла ў жылах) або, як варыянт, сабакам Рэкам, які зьнячэўку пацёрся аб нагу жахнутага апавядальніка (Ад дзікага сполаху я ня мог ані дыхаць). Ставіў я выключна чацьвёркі й пяцёркі.
Дзеці адразу пачалі пазіраць неяк урачыста і таямніча. Я зразумеў, што яны ўжо выбіраюць мне падарунак. — Толькі ня трэба мне купляць нейкага вялізнага й даражэзнага плюшавага зьвера, — папярэдзіў я іх. — Тады ўжо лепш купеце мне віскі… Яны разгублена пераглядаліся. — Ага, — зразумеў я, — відаць, я нешта папсаваў? Яны з дакорам ківалі. Урэшце я атрымаў і мядзьведзя, і віскі. І я расчулена запрасіў іх да сябе дадому. Як Масарык.
Кароткі балянс: за няпоўныя чатыры гады свайго настаўніцтва я зь дзецьмі сваёй клясы правёў няпоўную тысячу гадзінаў. Я напісаў і паставіў два школьныя спэктаклі; канфіскаваў адзін аўтаматычны нож, два капсюлі-дэтанатары і дзьве калоды парнаграфічных картаў. У духу сваёй аптымістычнай натуры мне хочацца верыць, што з гэтага мо які толк і будзе. Я перажыў чатырох міністраў адукацыі і трох дырэктараў школы: першага — прызначанага зьверху — я дапамагаў зьняць, другога — абраць; трэці зноў быў прызначаны зьверху. Я браў удзел у няпоўнай сотні пэдагагічных нарадаў, радаў, паседжаньняў, сходаў, ініцыятыўных камітэтаў, устаноўчых канфэрэнцыяў і акцыяў пратэсту ды напісаў дзясяткі два дыскусійных прамоваў, водгукаў, адозваў, пэтыцыяў, газэтных артыкулаў, адкрытых лістоў, а таксама Комплекс захадаў для паляпшэньня функцыянаваньня сыстэмы школьнай адукацыі. Нягледзячы на свой аптымізм, я баюся, што гэта наўрад ці мела якую карысьць. |
Гэты раман — мая апошняя скарга.
Мы дамовіліся з Бэатай, што разьвітальную вечарынку падрыхтуем разам. Каб ведаць, колькі месцаў нам замаўляць у вінарні “Котва”, Бэата вывесіла ў настаўніцкай запрашэньне з заклікам запісвацца ўсім, хто хоча прыйсьці. Я крыху хваляваўся за вынік, бо нашыя імёны пад запрашэньнем выклікалі асацыяцыі з апазыцыйным выступам, аднак канчатковая колькасьць ахвочых мяне прыемна зьдзівіла: за парай выключэньняў не ставала толькі тых імёнаў, пра якія я й меркаваў, што іх у сьпісе ня будзе. Бэата вярнулася да аднаго з сваіх колішніх касьцюмчыкаў. Ён ёй быў вельмі да твару. Гітары брынькалі. Я піў так, як калі б быў за стырном. Я з задавальненьнем сабе адзначыў, што мая пільнасьць прадухіліць нейкі рэцыдыў пераўзыходзіць Бэаціну. Канец неабвешчанаму конкурсу на сяброўскую стрыманасьць паклала толькі шампанскае — мы селі ўбаку ад калег і праз хвілю нават ажывілі збляклую вабнасьць нашага даўнейшага любоўнага слоўніка. — Не журыся, дзіця чалавека, — сказаў я. — Калі хочаш, Маўглі, я прынясу табе кветкі памаранчавага дрэва. — Дзякуй табе, Балу, — пяшчотна адказала Бэата. — Ты і я — мы адной крыві. І мякка мяне пацалавала. — Крохкая, як маладыя парасткі бамбуку, — цешыўся я. Мне запраглася зноўку яе пацалаваць, але, на шчасьце, я своечасова заўважыў Яраміра, які нёс з кухні аб’едкі для сваёй коткі. — У мяне ў роце перасохла, — весела гукала Ірэнка. Калегі дружна ўзяліся камэнтаваць ейны клопат. Уладзімір не размаўляў, каб не перакіслародзіцца. На пляцоўцы кружлялі ў танцы Тракаржава з Кіліянам. — Ах, Балу, — зашаптала Бэата. — Навучы мяне галоўным словам для гэтых людзей. Яна ўжо крыху захмялела.
2. З маім сыходам з школы нашыя дарогі, як кажуць, разышліся. Хоць я і даў Бэаце нумар тэлефону ў рэдакцыі, але цягам першага месяца яна ні разу не пазваніла. Я даведаўся, што яна пачала сустракацца зь нейкім Якубам з экалягічнага руху “Вясёлка” і ўвадначас пачала на рух працаваць. Мне гэта ўсё падалося сьмешным. Я заўзята нырнуў у новую працу ў рэдакцыі, не перастаючы радавацца: яшчэ пару дзён таму я абрыдла тлумачыў пабочныя азначальныя сказы, абедаў у школьнай сталоўцы ды лаяўся з Хваталавай-Сукавай; цяпер я рэдагую Івана Кліму, абедаю ў “Манэсе” з Паўлам Когаўтам і дыскутую з Эвай Кантуркавай! Я ня мог гэтымі зьменамі нацешыцца. Я нават паляцеў у Нямеччыну. Чэскі настаўнік ляціць “Люфтганзай”!
Пра Бэату — праўду кажучы — я згадваў няшмат. Яна проста зьнікла з вачэй. Аднак двойчы яна мне ўскосна пра сябе нагадала. Спачатку ад Яраміра (а затым і з “Збраслаўскіх навінаў”) я даведаўся, што разам зь некалькімі хлопцамі з фонду “SOS Animals” яна ўварвалася ў школу і выпусьціла на волю ўсіх дырэктарскіх нутрыяў. У другім выпадку высьветлілася, што маладзён, які да нас у рэдакцыю прынёс уласны зборнік вершаў “Сьцятыя вочы”, — ейны былы аднакурсьнік зь філязофскага факультэту. Я зварыў яму кавы, і мы перайшлі на ты. — Якой яна табе здавалася? — пацікавіўся я. — Так увогуле? Сваю цікаўнасьць я яму патлумачыў тым, што доўга вучыў Бэаціну меншую сястру. Ён паціснуў плячыма: — Яна страшэнна перайгравала, — адказаў ён. — Ты ж ведаеш гэтых дзевак, што чытаюць Джойса ў мэтро… Ён мне быў цалкам сымпатычны. Але ягоных вершаў я не разумеў.
Толькі адным марозным надвячоркам у канцы лютага я нарэшце спаткаў яе асабіста — дарогаю з працы перад гандлёвым домам “K-mart”, дзе яна зь сябрамі з руху “SOS Animals” выступала за правы жывёлаў. Акрамя Бэаты ў дэманстрацыі ўдзельнічалі яшчэ восем ці дзевяць чалавек. Вакол іх голых целаў былі абматаныя доўгія прасьціны з тэкстамі “Футра — адзнака забойцы!”, “Кажухі вас грэюць, але сэрца ў вас — як кавалак лёду!” і “Лепш голымі, чым у футры!”. Мінакам была забава. Гэтаксама, як і двум прысутным паліцыянтам. Бэата трэслася ад холаду. |
Пры поглядзе на ейныя голыя плечы мне захацелася прытуліць яе да сябе, але я ня мог зь ёй нават загаварыць, бо ў мяне былі скураныя дыплямат, боты і рукавіцы. І я проста пайшоў у мэтро.
Недзе ў сярэдзіне красавіка яна ў цэнтры Прагі шукала ганчарную гліну і таму нарэшце зайшла ў рэдакцыю. На ёй была палатняная сукня, драўляныя нелякаваныя каралі й сандалі зь пянькі, так што яна выглядала як манэкен з суседняга бутыку “Дзівосная хатка”. У бамбукавай клетцы, якую яна прынесла з сабой, сядзеў хворы дрозд. Я сказаў ёй, што бачыў яе на маніфэстацыі. Яна мяне ласкава заклікала ўсьвядоміць, што на адно норкавае футра трэба 65 норак або 130 шыншылаў. Я як найхутчэй перавёў размову на іншую тэму. — Добра выглядаеш, — сказаў я. Для гэтай пары году яна была добра загарэлая. Сказала, што яны зь Якубам пару тыдняў правялі ў перадвясельным падарожжы па Брдах. Гулялі ў лякрос, пяклі на камянях праснакі. Ежу варылі ў каровіным рубцы. Яна ўжо вярнулася ў Прагу, а Якуб яшчэ на пару дзён сышоў у лес, каб асэнсаваць некаторыя рэчы. У мяне за плячыма быў ужо пэўны досьвед, таму я брывом не павёў, аднак прысутныя каляжанкі не ўтрымаліся ад міла зьбянтэжаных усьмешак. Бэата заклікала, каб і яны паспрабавалі зьмяніць жыцьцёвы стыль, бо трапічныя джунглі зьнікаюць з хуткасьцю аднаго футбольнага поля за сэкунду, а адзін амэрыканец за дзень прадукуе столькі сьмецьця, колькі сам важыць. Гэты антыамэрыканскі выпад узьняў і мае бровы. Бэаце відавочна прыйшло да галавы тое самае, бо яна імгненна пачала нам распавядаць, як яны арганізацыяй ладзілі маніфэстацыю перад “Макдональдзам” на Водзічкавай вуліцы — якраз там, куды прынамсі раз на тыдзень яны завітвалі з Стывам і дзе яна ведала ўвесь пэрсанал. — Яны не разумелі… — весела казала Бэата. — Трэ было бачыць іхныя твары! Ейная сымпатычная самаіронія прынесла ў рэдакцыйнае памяшканьне неабходнае разьняволеньне — мы сьмяяліся разам зь ёй.
Зь Якубам — падобна як з Сучыным сынам — я асабіста быў незнаёмы. Паводле лёгікі ім мусіў быць адзін з тых хлапцоў перад “K-mart’ам”, але да сёньня не ўяўляю, каторы. У кожным разе ён мусіў быць чулым, ахвярным чалавекам, які без ваганьня мог дзеля руху ахвяраваць сабой, бо, як толькі да яго дайшлі жахлівыя лічбы пра колькасьць вынішчaных кітоў, ён сарваў прызначанае вясельле і зьехаў на год у Нарвэгію.
3. Аднак унутры, у душы гэты чалавек нас абаіх, цётку і мяне, вельмі турбаваў і абцяжарваў, і, праўду кажучы, я ад яго далёка яшчэ не пазбавіўся. Уначы ён мне сьніцца, і я адчуваю, што сам факт ягонага існаваньня да асноваў мяне ўзрушае і зьнепакойвае, хоць я яго амаль палюбіў. Герман Гесэ, “Стэпавы воўк”
Складнікам кампутарнай сыстэмы Windows, у якой — як я ўжо, здаецца, згадваў — я гэтую кнігу пішу, ёсьць між іншым функцыя так званага рэжыму чаканьня. Ягоную працу я магу апісаць толькі па-дылетанцку: калі вы цягам пэўнага зададзенага часу не зварухняце мышшу і не дакраняцеся да клявішаў, тэкст, выяўлены на экране, аўтаматычна зьмяняецца выбранай цёмнай рухомай карцінкай. Дзякуючы таму што ў выпадку майго кампутара дастаткова трох хвілінаў летуценнай бязьдзейнасьці, каб на маніторы зьявілася застаўка з назвай “Starfield Simulation”, цяпер я ўсё часьцей зіркаю на чорны зорны космас. Але яе там нідзе няма.
Плача мамка, плача татка:
ХІІ 1. Пасьля Стыва й Якуба апошнім Бэаціным хлопцам быў Бог. Аднак спачатку ня надта было зразумела, каторы. Найперш яна пазнаёмілася зь некалькімі сьміхаўскімі мармонамі, але ў іх яе раздражняла (так сьцьвярджала Агата), што яны вызнаюць мнагажэнства і што яны амэрыканцы. Пазьней яна прачула пра экалягічную фэрму прыхільнікаў руху Харэ Крышна паблізу Бэнэшава і некалькі дзён какетавала з думкай зьехаць туды, але нібыта яе ўтрымала тое, што яны цэлы дзень працуюць у полі і ўстаюць на досьвітку. Таксама яна езьдзіла да аднаго эвангелісцкага сьвятара ў Чорны Мост, але гэта было далёка, сьвятар падаваўся ёй самазадаволеным, а да таго ж у арцы панэльнага дому, дзе ён жыў, да яе шторазу чапляліся нейкія цыганы (або, як казала Агата, чуркі). У думках я мусіў сьмяяцца, бо Бэаціна шуканьне Бога нагадвала мне нашыя колішнія пошукі мэблі. Нарэшце, даведаўся я, у Бэаціным конкурсе перамаглі збраслаўскія егавісты — яны былі найбліжэйшыя, у іх былі найлепшыя цэны і Бога яны пастаўлялі проста на дом. |
Як відаць, я належу да той шматлікай хеўры невукаў, якія не сумняюцца хіба толькі ў тым, што ёсьць нешта, што нас пераўзыходзіць, прычым гэтым нечым не абавязкова мусіць быць Бог (айцец Галік з гэтай нагоды іранічна называе нас нечысьцю). Асабіста да мяне Бог зьвярнуўся толькі аднойчы ў жыцьці, а менавіта перад вітрынай гандлёвага дому “Баця” на Вацлаўскім пляцы, дзе ён пасярэдніцтвам плюгавага смуглага пакістанца ў аранжавай футболцы паведаміў мне, што ён мяне напраўду кахае (у першае імгненьне, аднак, я меркаваў, што гэтае паведамленьне неяк зьвязана з цэнамі выстаўленых ботаў). Да таго ж якраз у той час, калі я ад Агаты даведаўся пра Бэаціна наверненьне, я рэдагаваў Когаўтаў раман “Сьняжу” і ня здолеў стрымаць пэўнай агіды да жанчынаў, якія нядзельнаю раніцай пакутліва выбіраюць, пайсьці ім памаліцца ці пакоўзацца на каньках. Насамрэч я не хачу выклікаць на сябе гнеў прэс-сакратара адпаведнай біскупскай рады ці нават Папскае рады ў пытаньні дыялёгу з атэістамі, але, праўду кажучы, маё найбольш інтэнсіўнае адчуваньне ад гэтага апошняга Бэацінага пэрыяду найлепш выяўляе блюзьнерская парафраза “Што чалавек злучыў, бог не падзеліць”.
2. Хуткае чаргаваньне разьдзелаў з мэтай падвысіць напружанасьць. Канец ужо блізкі. У мяне за плячыма прыкладна пяць месяцаў працы. Першыя тры месяцы я вечарамі і ў выходныя пісаў першую вэрсію, у сакавіку й красавіку за адным заседам адолеў другую. Я ўжо не магу дачакацца, як праз пару старонак пахаваю Бэату і ўрэшце перадыхну.
Другі і апошні ліст, які мне калі Крал даслаў, прыйшоў на пачатку ліпеня (я быў адразу падумаў, ці не пасунуць мне ягонае даручэньне — дзеля большага эфэкту — на паўмесяца назад, каб абыграць гэтае казачнае “калі год з годам сышоўся”, але ўрэшце мне такое свавольства падалося залішнім і я гэтую ідэю адхіліў). Тон ліста быў прыязны й нязмушаны: Крал перапрашаў, што пасьля ўсяго таго, што мы летась разам перажылі, ён дагэтуль не адгукнуўся. Аднак, маўляў, ён меў вялікі клопат у працы. Чаму я ніколі не заходжу? Ён дачуўся, што ў ліпені я перабываю ў Збраславе, і ў яго такое адчуваньне, што Бэаце гэта было б зусім не абыякава. Яна ўжо, дарэчы, зноў піша. Напісала нават нешта вялікае, але, як я цяпер такі знакаміты, яна саромеецца даць мне пачытаць. А што каб паўтарыць той удалы леташні курс? Гэта толькі мімалётная ідэя, але, магчыма, яна вартая ўвагі. Ці не хачу я калі зайсьці? Як наконт гэтай пятніцы? А палове на шостую? Усе мяне будуць страшэнна радыя бачыць.
3. Расповед як зброя супраць бессэнсоўнай, жорсткай рэчаіснасьці. Мілан Янкавіч
І мне было ясна, што ў ваньне я быў залішне доўга. За маімі прыгатаваньнямі жонка сачыла дапытлівым позіркам. — Ці можна даведацца, куды ты ідзеш? — спытала яна. Я паведаміў ёй, што падобных фармулёвак не выношу бязмала фізычна, і папрасіў, каб у будучыні яна пастаралася іх пазьбягаць. — Перастань мяне, калі ласка, выхоўваць! — адказала яна раздражнёна.
Сад быў занядбаны. Гучыць самаўпэўнена, але Пэтрык, як мне падалося, быў рады зноў мяне бачыць. На ягоным гальштуку красавала выява Барта Сымпсана. Надзіва, ён быў адзін. — А дзе твой напарнік? — У больніцы, — усьміхнуўся ён. — Дай адгадаю, — сказаў я на тое. — Неасьцярожнае абыходжаньне са службовай зброяй? Ці ўдарам нагі зруйнаваў апорную сьцяну? — Ды не! — засьмяяўся ён. — Звычайны апэндыцыт. Агата, наадварот, была не ў гуморы, і яе яшчэ больш уцьвеліла, што я не зьбіраюся дашуквацца да прычынаў. Я па-сяброўску пакудлаціў ейныя валасы. — Суціш гармон! — прамовіла яна дзёрзка.
Але зусім не беспрадметна.
Крал быў на тэнісе. Кралава выглядала змучанай. Кавы, маўляў, не прапаноўвае, бо яе мне хоча зрабіць тая манашка наверсе. Я суцешыў яе пасярэдніцтвам Гётэ: Як бы ні брадзіла сусла, а будзе брага ці віно. — Каб жа так, — адказала яна з сумневам. І зусім не беспрадметна.
4. Сходы ў мансарду зноў былі ахінутыя страхам невядомага. Я баяўся, што зноў увайду ў пануры паўзмрок, дзе бледныя вусны будуць зацята лапатаць пацеры, але я ўвайшоў у заліты сонцам пакой, што зьзяў неўтаймоўнымі фарбамі: першапачатная чорна-ружовая камбінацыя падчас Бэацінага амэрыканскага пэрыяду ня толькі была дапоўненая парай фіялетавых і зырка-жоўтых аксэсуараў (пераважна перасоўных), але ў такія самыя колеры надзвычай вальнадумна былі пафарбаваныя й шафа, столікі ды кніжныя паліцы. Новыя завесы былі сьлівава-сінія. Маленькі крыжык вісеў між двух плякатаў Эндзі Ўоргала. — А што ты думаў пабачыць? — усьміхалася Бэата. — Суровую кельлю кляштарнай служкі? Яна выглядала добра, але ўсьцешыла мяне найперш тое, што яна ня страціла здатнасьці да іроніі. — Што заўгодна, — адказаў я шчыра. — Але хутчэй, відаць, прытулак для бяздомных драздоў. Або разьмеркавальны цэх неэкалягічнага сьмецьця… Яна глядзела мне ў вочы зь нейкай асаблівай паблажлівай перавагай. Другі крыжык я пабачыў у выразе ейнай лякросавай футболкі і крыху паадступіў. — Я сьпякла табе калач, — усьміхнулася яна гасьцінна. Яна насыпала каву ў папяровы фільтар і ўключыла кававарку. Сьвятарова кухарка16, падумаў я мімаволі. — Ты сьцьвярджала, што ў касьцёле пачуваешся як Мэры Пікфард, — нагадаў я ёй. — З таго часу нешта зьмянілася? Я ня мог даць сабе рады. Ува мне ўсё паўставала. — Вера — гэта дар, — адказала яна спакойна. Маўляў, яна перакананая, што і мне гэты дар некалі адкрыецца, бо я чулы чалавек, да таго ж мы ўсе толькі цагліны ў будынку, цэмэнтам у якім Хрыстос. Чуць слова Хрыстос у гэтым пакоі… З гэтых вуснаў. Абапіраючыся на ўрыўкавыя веды ілюстраванай “Дзіцячай Бібліі”, якую дачцэ нехта падараваў на Каляды, я пачаў зьедліва зьняпэўніваць увесь гэты фальклёр. — Вазьмі яшчэ калач, — ласкава падахвоціла яна. — Ты казала, — выбухнуў я, — што ніколі не змагла б зьмяніць погляды, бо так ты зноў сталася б вучаніцай! Ты ж сьцьвярджала, што ўжо ня вынесеш ніякіх новых настаўнікаў! Маўляў, яна ня сталася вучаніцай. Яна зрабілася галінкаю дрэва, якім ёсьць Хрыстос. Супакойліва пагладзіла мяне па руцэ. Я здаўся.
Тады мы правялі вельмі прыемны, хрысьціянскі адвячорак. Мы размаўлялі пра Агату, пра школу, пра пісаньне й выданьне кніг. На разьвітаньне яна дазволіла пацалаваць сябе ў шчаку і ўжо мерылася перажагнаць мне чало. |
16 Намёк на гераіню казкі Яна Вэрыха “Сквапная Барка”. |
Яна! Я шалёна схапіў ейную руку. Некалі яна вырабляла з маім целам страшэнныя рэчы, аднак гэта было занадта. У ейным поглядзе чыталася спачуваньне. — Пачакай, — сказала яна. Яна мне прынесла маленькую кніжку ў сіняй цьвёрдай вокладцы. “Пытаньні маладых людзей. Практычныя адказы”. Яна, маўляў, разумее, што спосаб, якім гэтая кніга напісаная, беспахібна будзе мяне правакаваць, але форма зусім ня важная. Гаворка пра зьмест. — Гэта нельга проста рэцэнзаваць, — сьмяялася яна. Я пагартаў зьмест: Чаму трэба шанаваць сваіх бацьку і маці? Наркотыкі і алькаголь. Як я магу наблізіцца да Бога. На карэньчыку былі выціснутыя залатыя літары ПМЛ. — ВУМЛ17 у цёмна-сінім, — зазначыў я. Дакор у ейных вачох. Я паабяцаў, што, наколькі магчыма, кнігу бесстаронна прачытаю. — Ну, з Богам, — сказаў я. Апошні погляд, якім яна мяне пры жыцьці ўзнагародзіла, быў, такім чынам, балюча-пакрыўджаны. Я й сёньня магу яго аднавіць вельмі плястычна.
Рост гістарычнай сьвядомасьці мае той дзіўны вынік, што людзі пачынаюць уважаць тлумачэньні за жыцьцёвую неабходнасьць. Сол Бэлоў, “Герцаг” |
17 ВУМЛ — Вечаровы ўнівэрсытэт марксызму-ленінізму. |
“Пытаньні маладых людзей” я, насуперак свайму абяцаньню, разгарнуў, толькі калі пачаў рабіць пазнакі да гэтага раману. Між іншым я вычытаў, што мастурбацыя — гэта нячыстая звычка, што алькаголь у завялікай колькасьці можа ўкусіць як зьмяя і што вольны час можна скарыстаць на нейкае здаровае захапленьне. Разьдзел, прысьвечаны літаратуры, быў таксама натхняльны: Любоўныя раманы могуць быць напружаныя. Аднак ці даюць яны здаровы погляд на жыцьцё і на шлюб?
5. Як я спалохаўся (твор): Калі мы вярталіся з Даніі, дык мы вярталіся страшэнна доўга, таму што мы вярталіся празь Нямеччыну, а ў Нямеччыне паўсюль рамантавалі дарогі, па якіх мы вярталіся. Мы прыехалі ўжо позна ноччу, і нешта было ў паштовай скрынцы, дык я пайшоў па ключык, а калі я тую скрынку адчыніў, дык там было, што мая сяброўка Бэата мёртвая. Кроў у мяне проста застыла ў жылах, і ад дзікага сполаху я ня мог ані дыхаць.
Насуперак запэўніваньням хрысьціянскіх адмыслоўцаў, што асабістае сяброўства з Богам дапаможа перамагчы цяжкую дэпрэсію, Бэата сваёй дэпрэсіі не перамагла. Хоць яна й ведала — калі дапаможнік напраўду чытала, — што самагубства — гэта не вырашэньне, усё адно гэта зрабіла. Яна не пайшла купіць нешта прыемнае, як Мэляні, не паехала на пікнік, як Дэбі, нічога не прыгатавала сабе паводле свайго ўлюбёнага рэцэпту, як Дафна, і нават не ўзялася разгадваць крыжаванкі ў часопісе “Прачніся!” — не, яна, як Віўен, не магла ўявіць, што ейная дэпрэсія некалі пройдзе, і села ў свой чорны гольф, і з хуткасьцю блізу ста васьмідзесяці кілямэтраў за гадзіну ўехала ў ім у бэтонную эстакаду на страканіцкай дарозе. І ўжо ніколі не прачнулася.
І ўвесь горад быў агорнуты ў чорны вэлюм.
І ейнае сэрца, ператворанае ў попел, набраў у далоні вахцёр Францішак Недзяльнічак і рассыпаў яго па ветры на лугах цьвінтарнага гаю, якім так ганарацца збраслаўскія жыхары.
Я пішу раман, каб выратаваць жывых і каб вывесьці з забыцьця мінуўшчыну, нашых нябожчыкаў, каб вывесьці з забыцьця самую сябе. Пакуль я пішу, застаецца яскарка надзеі на дарогу назад, на вяртаньне да жыцьця і прытомнасьці, да волі, да людзкога аблічча. Даніэла Годрава
6. А ўчора я глядзеў на сваю дачку, як яна прычэсвалася перад люстэркам у вітальні. З сваімі валасамі яна ўпраўлялася спрытна, як дарослая жанчына. Заўважыла мяне: — Што такое? — спытала яна зь нясьмелай усьмешкай; рукі за галавой, заколка ў вуснах. Анёлак. — Нічога. Я замілавана яе ўшчыкнуў. Яна страціла раўнавагу, і валасы высьлізнулі зь ейных пальцаў. — Суціш гармон! — насупілася яна.
Ангельскі пісьменьнік Грэм Грын быў вядомы між іншым тым, што апошнімі сказамі сваіх кніг любіў зьняпэўніць увесь папярэдні зьмест. У выпадку гэтага раману падобнае грынаўскае заканчэньне магло б выглядаць прыкладна так: — Ты зноў напракудзіў, — іранічна заўважыла жонка, дачытаўшы рукапіс. Яна дапытліва назірала, спрабуючы адгадаць, наколькі я сам пачуваюся вінаватым, каб такім чынам вызначыць абсяг і сур’ёзнасьць маіх грахоў. Аднак гэта значыла, што яна толькі вырашае, разгневацца ёй ці не. — Можа, табе ўсё ж трэ было ўзяць тую працу, — прамовіла яна задуменна. Я хацеў яе абняць, аднак яна занатурылася. — Ды супакойся ты, — сунімаў я яе, — не ўспрымай літаратуры гэтак сур’ёзна.
З чэскай мовы пераклаў Сяргей Сматрычэнка паводле:
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (28) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Элы Мацьвіенкі |