A R C H E П а ч а т а к № 5 (28) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


52003
» да Зьместу «

 


ВІЛЕНСКАЯ АНТАЛЁГІЯ
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Віленская анталёгія

ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ

(70Kb) Вокладка ARCHE 5-2003. ВІЛЕНСКАЯ АНТАЛЁГІЯ. Дызайн Зьмітра Герасімовіча. Фатаздымкі Дзяніса Раманюка.

   Мінулыя нумары:

   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

 

Даніла Жукоўскі
Ерусалімскі лёс

Выданні, якія абмяркоўваюцца ў артыкуле:

Tomas Venclova. Wilno. Przewodnik.
— Vilnius: R. Paknio leidykla, 2002.

Tomas Venclova. Eseje. Publicystyka.
— Sejny: Pogranicze, 2001.

Jurgis Kunčinas. Tula.
— Sejny: Pogranicze, 2002.

Los Wilnianina w XX wieku.
— Wilno: Wydawnictwo polskie w Wilnie, 2002.

Ёсць гэткі стэрэатып пра апошнюю вайну, быццам праўда пра яе ўсё яшчэ не выказаная. Хутчэй за ўсё, гэта насамрэч так: вайна занадта страшная, каб існавала праўда пра яе, бо праўда ёсць форма ісціны, з якой грамадства ў стане пагадзіцца, а пагадзіцца з сусветнаю вайною сучаснае грамадства, на шчасце, не ў стане.

У гэтым сэнсе Вільні пашанцавала больш: праўда пра гэты горад, хай сабе ў завуаляванай форме, знайшла ўвасабленне ў метафарычным выразе “Літоўскі Ерусалім”. Паўстаўшы недзе ў васемнаццатым стагоддзі як увасабленне росквіту габрэйскага рэлігійнага жыцця на землях ВКЛ, не ў апошнюю чаргу дзякуючы постаці віленскага Гаона, алегорыя, што залатой ніткаю праходзіць праз знакаміты “Przewodnik” Томаса Венцлавы, давяла з часам сваю ўніверсальнасць для ўсіх насельнікаў краю.

Ганаровая назва — прыгожа, прыемна, паліткарэктна! Калі, аднак, не быць загадзя запраграмаваным адно на пошук міжнацыянальнай згоды й гармоніі, метафара ўспрымаецца не толькі як сімвал мультыкультурнага росквіту. Вызначэнне Вільні як фокусу духоўных памкненняў шматлікіх народаў адначасна падкрэслівае падабенства з Ерусалімам у іншым: горад над Вяллёй ёсць сэрцам невырашальнай культурнай праблемы. Вільня й Віленшчына адыгрываюць немалую ролю ў міфалогіі нацыянальнай дзяржаўнасці палякаў, беларусаў і летувісаў. Але ж сакральны статус Ерусаліму таксама мае і зямное, палітычнае вымярэнне.
 

(нар. у 1969 у Горадні) — публіцыст, крытык літаратуры. Выпускнік Ленінградзкага тэхналягічнага інстытуту імя Ленсавету. Сталы аўтар “ARCHE”. Апошняя публікацыя ў часопісе — “Погляд сьпераду і погляд ззаду” (№3 за 2002 г.).
   

Дзве асаблівасці Венцлавага “Przewodnika” гавораць на карысць таго, што праблематыка лёсу Віленшчыны жывая, нягледзячы на гучныя заявы палітыкаў пра ейную вычарпанасць. Першая асаблівасць шматлікімі фактамі размывае грунт пад монаэтнічна летувіскім вобразам Вільні, другая паказвае, што гэткая непрыемная для патрыёта Летувы рэч не засталася па-за ўвагаю аўтара.

Сумленны й закаханы ў Вільню даследчык міжвольна выяўляе мізэрную прысутнасць у яе культурнай гісторыі ейных цяперашніх гаспадароў. Кніга поўніцца прозвішчамі выдатных дзеячоў выразна славянскага паходжання, без якіх культурная гісторыя гораду проста немагчымая. Праглядаючы, дзякуючы выдатным ілюстрацыям (высокай якасці паліграфія ды майстэрства фатографаў не пакінуць абыякавым анікога) і празрыстаму, дакладнаму тэксту, дом за домам, вуліцу за вуліцаю, чытач увачавідкі бачыць горад у чатырохмернай прасторы-часе. Час матэрыялізуецца ў прозвішчах, падзеях, архітэктурных дэталях будынкаў... Хто ж вінаваты, што сучасная Вільня — а пад гэтым словам тут трэба разумець ці не ўсё ХХ стагоддзе — нагадвае плямы бензіну на паверхні любай сэрцу аўтара старажытнай крыніцы? І хто вінаваты, што летувіскі складнік гораду ледзьве не цалкам апынаецца ці то на самым дне, у муле далёкіх дахрысціянскіх стагоддзяў, ці то ў гэтых нешматлікіх плямах на паверхні!

Другое — Венцлава старанна мінімізуе беларускую прысутнасць у горадзе і ўсяляк падмацоўвае тэзу, згодна з якой летувіская нацыя на галаву апярэджвала ў развіцці нацыю беларускую, а беларускі нацыянальны рух ствараўся пазней за летувіскі і на ягоны ўзор. Дарэчы, Францішак Скарына тут фігуруе як бацька беларускае літаратуры, быццам прафесар філалогіі ніколі не чуў пра, прыкладам, Кірылу Тураўскага. І ўжо зусім натуральнаю можна лічыць традыцыйную гульню, калі словы “Litwa”, “litewski” ўжываюцца гэтак, быццам іх значэнні сёння й тры—чатыры стагоддзі таму абсалютна аднолькавыя.

Гэтыя, відавочна, палітычна матываваныя памылкі і недакладнасці сведчаць, што калі Венцлава не ўспрымае ўсур’ёз “польскай пагрозы” для дзяржаўнага быту Літвы, то беларуская, скажам асцярожна, неабыякавасць да сталіцы ВКЛ была б для яго лагічным вынікам развіцця беларускай дзяржаўнасці (пры ўмове, дадамо, што гэтае развіццё адбудзецца). Стрыманасць і нацяжкі Венцлавы ў асвятленні беларускага жыцця ў Вільні могуць быць нават крыніцаю аптымізму: у нашу здольнасць стварыць краіну вераць нашы суседзі.

Але беларуская тэма сапраўды займае нязначнае месца, чаго не скажаш пра тэму польскую. Пазіцыю Венцлавы ў гэтым пытанні можна з пэўнымі засцярогамі пазначыць як баэцыянскую. Праваабаронца й чалец Хельсінскае групы Томас Венцлава парадаксальна паўстае ў сваіх тэкстах як чалавек Імперыі. Перш за ўсё гэта тычыцца тому публіцыстыкі, які змяшчае артыкулы 1979—1998 гадоў, але адчуваецца й на старонках “Przewodnika”.

Венцлава горача бароніць права суседніх нацый карыстаць з таго культурнага багацця, якое са знікненнем СССР і набыццём ягонай радзімай незалежнасці ён ужо не мог без засцярогаў лічыць сваім уласным. Ён усяляк пратэстуе супраць праяваў нацыянальнае абмежаванасці, пыхі, аўтаркіі, самазакаханасці. Ён не жадае адмаўляцца ад карыстання высокімі дасягненнямі польскае ці расейскае культуры, не цешаць яго (хутчэй раз’юшваюць) нязграбныя нацыяналістычныя міфы пра добрых летувісаў, якім увесь час шкодзілі дрэнныя суседзі (“Пра праблему летувіскага стэрэатыпу”), ці спробы летувіскіх палітыкаў апраўдаць кожны свой крок (“Сакралізацыя памылак”).

Іншая справа, што, у адрозненне ад Баэцыя, Венцлаву лучаць з гаспадарамі віленскіх пагоркаў этнічныя сувязі, моц і натуральнасць якіх ён аніколі не ставіць пад сумнеў. І таму, нягледзячы на сваё захапленне высокай культурай цывілізацыі, якая існавала ў Вільні да палітычных і этнічных зменаў, што прынесла ХХ стагоддзе, Венцлава вітае культурную эмансіпацыю Вільні ад магутнай польскай культуры.

У “Przewodniku” гэта асабліва заўважаецца ў ягонай зачараванасці словам гатычны: прапорцыя да слова “барочны” выразна не адпавядае прысутнасці гэтых стыляў у архітэктурным абліччы гораду. Готыка тут — сімвал велічы Вільні далёкага перадунійнага часу, пазнака глыбіні традыцыяў еўрапейскасці, што сягаюць у часы цалкам самастойнага палітычнага існавання. Як бачым, ізноў пошук “залатога веку”.

У сваёй публіцыстыцы Венцлава паслядоўна праводзіць тэзіс, што вага нацыі вызначаецца ейнаю спеласцю, а тая, у сваю чаргу, адназначна вымяраецца гатоўнасцю несці адказнасць за кожны ўчынак, зроблены чальцамі нацыі ў імя нацыі. Заклікаючы суайчыннікаў прызнаць віну ў адносінах да габрэяў у часы другой сусветнай вайны ды “перагіны” нацыянальнай палітыкі перадваеннай і постсавецкай Летувы перадусім у дачыненні да палякаў, Венцлава намагаецца вывесці грамадскую думку з зачараванага кола ўзаемных прэтэнзіяў — і замацаваць “на вечныя часы” status quo ў дачыненні да сталіцы краіны. І сам аўтар гатовы прызнаць, што для здзяйснення гэтага прыгожага плану і самім летувісам няблага было б дасягнуць адпаведнага ўзроўню спеласці.

 

 
   

У рамане Юргіса Кунчынаса “Тула”, які летувіская крытыка ахарактарызавала як “адно з найважнейшых дасягненняў сучаснае летувіскае літаратуры”, Вільня займае даволі месца, каб далучыць яе да гэтага разгляду. Сюжэт “Тулы” — рамантычнае каханне бяздомнага бадзягі-алкаголіка да нешчаслівай жанчыны з складаным лёсам. Фон — савецкая Літва эпохі “развітага сацыялізму”. Жыццё, што паўстала, паводле слоў Венцлавы (“Дыялог пра Вільню”), на руінах Вільні Чэслава Мілаша. Раман гучыць надзіва ў унісон з голасам Венцлавы, хаця напісаны ён зусім не па-баэцыянску. Застаючыся ў межах метафары, можна назваць яго варварскім творам.

У тэксце ўсяго крыху зашмат, кавалкі не зусім шчыльна і гарманічна прылягаюць адзін да аднаго. Даўгаваты ўступ, дзе галоўны герой, ён жа апавядальнік, баламутна выкладае свае пачуцці да Тулы, увесь час блытаючы рэчаіснасць і трызненне, і ўяўляе сябе кажаном, каб у чытача не засталося сумненняў у прычыне гэтага трызнення — алкагалізме.

Пасля заблытанага і павольнага пяцідзесяцістаронкавага пачатку, здольнага нават знеахвоціць нецярплівага чытача, ёсць шанцы не без цікавасці прачытаць сярэдзіну — рамантычную гісторыю са шматлікімі трапнымі дэталямі савецкага побыту: рэалістычны, даволі дынамічны і стрыманы тэкст, які пераходзіць у сентыментальны фінал у стылі бразільскага тэлесерыялу. Да гонару аўтара, усё гэта неяк trzyma się kupy, але адметна, што неаднароднасць тэксту не выглядае наўмысным звышсучасным літаратурным прыёмам. Хутчэй праявай варварскай непасрэднасці.

Прачытаўшы “Тулу”, не хочацца гаварыць пра прэтэнцыёзнасць, злоўжыванне мастацкімі сродкамі, парушанае адзінства як пра недахопы (ці як пра вытанчанасць). Гэта асаблівасці стылістыкі, красамоўныя асаблівасці, якія адназначна сведчаць пра кароткі радавод эстэтычнай сістэмы аўтара. Кунчынас не выглядае спадкаемцам доўгай і вышуканай літаратурнай традыцыі Сарбеўскага, Гусоўскага, Міцкевіча, нават у выглядзе Сарбеўскаса, Гусаўскаса й Міцкявічуса. Нашмат больш ён падобны да пісьменніка маладой нацыі, які наноў адкрывае для супляменнікаў тое, што больш цывілізаваныя народы даўно прайшлі. І гэта вяртае нас да тэмы Вільні.

Вільня Кунчынаса пазбаўленая чацвёртага вымярэння. Герой, нягледзячы на прэтэнзію на інтэлігентнасць, жыве адно тым імгненнем між мінулым і будучым, якое, паводле вядомае песні, адно толькі й мае права звацца жыццём. Надзелены з прычыны лайдацкага ладу жыцця неабмежаванаю колькасцю вольнага часу, ён не прысвячае амаль ніякае ўвагі справам мінулых дзён, хаця ведае пра іх. Ягоная Вільня ёсць тут і цяпер, і гэта не выпадковасць. Старая Вільня можа быць патрэбнаю летувісу, які адчувае сябе чальцом народу й субудаўнічым краіны, але аніяк не абыякаваму да ўсяго маргіналу. Прывіды старой Вільні не трымаюцца ў ягонай свядомасці, калі на тое няма прагматычнае патрэбы.

У ХХ стагоддзі летувіская нацыя захапіла/атрымала/засяліла/ прыдбала/вярнула/здабыла/ўкрала Вільню й Віленшчыну — называйце гэтыя гістарычныя падзеі як хочаце. Але яна дагэтуль не авалодала местам настолькі, каб знік падзел паміж Горадам і ягонымі “новымі” жыхарамі, і гэтая мяжа адчуваецца ў “Туле”. Ейныя героі жывуць у Вільні — але яны не жывуць Вільняй. Нешта падобнае заўважаецца ў Санкт-Пецярбурзе, дзе патомныя жыхары ўвесь час наракаюць на варварскія звычкі й беспамяцтва новапрыбылых. Старыя віленчукі непараўнальна больш малалікія за старых пецярбуржцаў — але, з усяго відаць, не лічбаю вызначаецца моц гарадское душы (прынамсі, у літаратуры гораду над Нявой аналагічны канфлікт выглядае нашмат менш вострым і сур’ёзным — бо, у адрозненне ад віленскага, яго не спрабуюць замоўчваць, але адначасна не адчуваецца й ягонай пагрозлівай усюдыпрысутнасці).

 

 
   

Замоўчванне й маўклівую ўсюдыпрысутнасць можа патлумачыць зборнік “Лёс віленчука ў ХХ стагоддзі”, выдадзены ў кніжнай серыі “Магазыну Віленьскага” — віленскага польскамоўнага выдання. Аўтары гэтай кнігі, сярод якіх пераважаюць польскія і беларускія прозвішчы, як лёгка здагадацца, могуць шмат апавесці на памянёную тэму, і ўспаміны гэтыя будуць утрымліваць значна больш сцэнаў гвалту, чым хацелася б бачыць адказнаму грамадзяніну Летувы. Яны склаліся ў ладны том на 550 старонак, і рэдакцыя абяцае працяг серыі.

Гэта сумная кніга. Яна крок за крокам апісвае знікненне старых віленчукоў. Рэпатрыяцыя, літуанізацыя, рэпрэсіі савецкай улады — і жывыя носьбіты традыцыі няўхільна саступалі першынство носьбітам інфармацыі — кнігам, будынкам, творам мастацтва. Але нават у гэткім выглядзе традыцыя застаецца досыць уплывовай.

Пагартаўшы гэткую кніжку, паглядзеўшы на фотаздымкі, лепей разумееш пачуццё няпэўнасці, якога не могуць пазбавіцца летувіскія інтэлектуалы. Віленская цывілізацыя не знікла, і яна моцна розніцца ад таго, што лічыцца на сёння аўтэнтычна летувіскім. Інтэлектуал заўжды будзе адчуваць перавагу погляду, які бачыць фігуры рыцараў на вулках, над поглядам, які сузірае адно зараснікі лопуху (хай сабе сапраўды выдатныя, трэба пагадзіцца) на пустках Зарэчча.

 

 
   

Венцлава робіць спробу дапоўніць нацыянальны летувіскі светапогляд багатымі культурна-гістарычнымі традыцыямі з мінулага Віленшчыны, Кунчынас выяўляецца кансерватыўным песняром летувіскай самадастатковасці, але непакой застаецца — бо ў абодвух выпадках рэчаіснасць паспяхова супраціўляецца: супраць інтэлігенцкага сінкрэтызму Венцлавы нацыяналісты-прагматыкі, стваральнікі гэткіх дзівосных выразаў, як “канцылярская славянская мова” замест “старабеларуская мова”; супраць летувіскае самазамкнёнасці — носьбіты віленскае культурнае традыцыі: кнігі, будынкі і ўсё менш шматлікія старыя віленчукі.

Застаецца пытанне, у якой ступені гэты малюнак летувіска-віленскіх дачыненняў з’яўляецца прадуктам уласна летувіскага светаадчування, а ў якой — вынікам селекцыі польскіх перакладчыкаў і выдаўцоў. Польская нацыянальная свядомасць, вядома, нашмат лягчэй пагодзіцца з партрэтам летувіса-віленчука, не пазбаўленага пэўнага святарнага замірання перад вялікімі папярэднікамі, ледзь заўважнага местачковага комплексу ды трошачкі недавытанчанага пачуцця прапорцыі і гармоніі.

Гэткі партрэт будзе ў суладдзі з польскай нацыянальнай міфалогіяй і не выйдзе за межы паліткарэктнасці: гэтага краіны — кандыдаткі ў Еўрасаюз дазволіць сабе не могуць. Да ўсяго, у гэтай немудрагелістай канструкцыі ёсць прыемны абодвум бакам паяднаўчы элемент — беларусы: яшчэ большыя варвары, культурна слабейшыя і палітычна больш адсталыя, але — во нахабства! — таксама лічаць Вільню сваім Ерусалімам.

Ідэі Венцлавы, як гэта бывае з праўдалюбцамі на ўсім свеце й ва ўсе часы, ёсць супрацьвагай больш пашыраных і адначасна нашмат прагматычней пабудаваных поглядаў. Венцлава заклікае да безумоўнага шанавання свабоды, імкнення да ісціны, цвярозага стаўлення да нацыянальнай міфалогіі ды мацавання патрыятычнага пачуцця адказнасці за здзейсненае тваім народам, у тым ліку за ганебныя ўчынкі кшталту вынішчэння габрэяў падчас другой сусветнай вайны. Значыць, нехта, на яго думку, прапагандуе супрацьлеглае. “Тула” гарманізуе з засцярогамі Венцлавы, узятымі з адмоўным знакам. І са свайго боку вельмі добра прылягаюць да гэтага супрацьлеглага ўспаміны віленчукоў пра ХХ стагоддзе. Тры кавалачкі puzzle’у ўкладаюцца навокал невідочнага чацвертага. Але наўрад ці ахапляюць яго цалкам.

Паміж тымі кавалачкамі існуе напружанне, якое гэтак прабіваецца ў уступных словах Венцлавы да ягонага апісання гораду над Вяллёй:

“Перад Летувою вольнаю й дэмакратычнаю стаіць задача фармавання новай ідэнтычнасці сталіцы з захаваннем усіх складнікаў ейнае культурнае й гістарычнае спадчыны. Злучаючы досвед мінулага з новым культурным патэнцыялам, Вільня робіцца сталіцаю еўрапейскаю, годнаю сваіх заснавальнікаў і сваіх найлепшых грамадзянаў”.

Пафас гэтых словаў, скіраваны, як можна здагадацца, не столькі да польскамоўных чытачоў, колькі да сучасных летувіскіх насельнікаў віленскіх пагоркаў, можа быць дарэчы толькі ў адным выпадку: Вільня застаецца Ерусалімам. З усім, што з таго вынікае, — прыемным і не вельмі.

 
 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (28) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Элы Мацьвіенкі
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/12/14