A R C H E П а ч а т а к № 1 (30) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


крытыка

  ВІТАЛЬ СІЛІЦКІ

Вокладка ARCHE 1-2004.

   Мінулыя нумары:

   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Віталь Сіліцкі
Страшны сон расейскамоўных лібэралаў

Леонид Злотников. В петле популизма: идеология, политика и экономика в независимой Беларуси. Минск: Энциклопедикс, 2002.

Кнігі, падобныя да гэтай, чытаюцца як падручнік найноўшай гісторыі, аўтарскае ўспрыманьне якой змушае прыгадаць стары дысыдэнцкі тэзыс, што гісторыя ў СССР (дадам, што і на постсавецкай прасторы таксама, успомніце хіба апошнія перапісваньні падручнікаў у Расеі) - гэта навука зь непрадказальным мінулым. Зборнікі раней апублікаваных артыкулаў, своеасаблівая рэтраспэктыва мысьленьня асобна ўзятага інтэлектуала альбо палітыка, - гэты кніжны жанр цягам апошніх часоў укараніўся і ў Беларусі. Незалежна ад таго, ці падзяляе чытач палітычныя і іншыя погляды спадара Злотнікава, яго аналітычны багаж, назапашаны за апошнія амаль што паўтара дзесяцігодзьдзя, - яскравае сьведчаньне эвалюцыі мысьленьня, праява надзеяў і фобій, спадзяваньняў і расчараваньняў пэўнай і, заўважым, даволі значнай часткі беларускага інтэлектуальнага поля, якую прыкладна можна азначыць як расейскамоўную лібэральную інтэлігенцыю. Інтэлектуальны пошук Злотнікава - гэта пошук шляхоў рэалізацыі лібэральных ідэяў у беларускай рэчаіснасьці, пошук альтэрнатывы нацыянальнай дзяржаве і савецкай мінуўшчыне адначасова. Сама назва кнігі нясе ў сабе значна большую сэнсавую нагрузку, чым можа падацца. Пятля папулізму - гэта ня толькі пра Лукашэнку ды кансэрватыўную намэнклятуру. Гэта яшчэ літаральна пра ўсіх астатніх, уключаючы БНФ, дэмакратычную апазыцыю ўвогуле, эканамічную эліту ды сам народ, само грамадзтва. Але ці не аказваецца ўрэшце сам аўтар у своеасаблівай пятлі, наколькі рэалістычныя і жыцьцяздольныя яго ўласныя рэцэпты беларускага шчасьця (ці шчасьця наогул, не зважаючы на тое, для беларусаў яно ці для кагосьці іншага)? Як бачна, рэцэнзія на гэткую кнігу ня можа не пазьбегчы фармату палемікі. Іншае наўрад ці магчыма, бо інакш давядзецца пераказваць зьмест амаль сотні артыкулаў, зь якіх кніга складаецца. Таму застаецца папросту падыскутаваць на найбольш вострыя тэмы, яшчэ раз завастрыць увагу на тым, аб чым беларускай інтэлектуальнай эліце давялося спрачацца апошнія паўтара дзесяцігодзьдзя. У рэшце рэшт, верце таму, хто шукае ісьціну, а не таму, хто яе ўжо знайшоў.

Філёзаф Уладзімер Мацкевіч неяк сфармуляваў тэзу пра Беларусь як «філязофскую і мэтадалягічную праблему», акцэнтуючы несумяшчальнасьць Беларусі эмпірычнай (рэальна існай у выглядзе сучаснай дзяржавы пад назвай Рэспубліка Беларусь) ды Беларусі ідэальнай, існай у сьвядомасьці, марах альбо нават ілюзіях: «Рэспубліка Беларусь - няшчасьце, нежаданы вынік, пройгрыш у сьвядомасьці шмат якіх беларусаў».

Па распадзе СССР Беларусь сапраўды паўстала для многіх як праблема. Для кагосьці незалежнасьць азначала страту савецкага ладу жыцьця і дабрабыту, для другіх - распад сыстэмы, якая забясьпечвала прывілеяванае становішча ў грамадзтве, для трэціх яна перарэзала пупавіну, што зьвязвала Беларусь з саюзным цэнтрам, і зьнішчыла шанцы на спакойнае існаваньне ў межах імпэрскае пэрыфэрыі. Для значнай часткі лібэральнай расейскамоўнай інтэлігенцыі Беларусь несла пагрозу паўстаньня нацыянальнае дзяржавы і спаўзаньня да «нацыяналістычнае дыктатуры». Сам тэрмін «Беларусь» стаў для іх сынонімам правінцыйнага кансэрватызму і рэакцыі, выспай безнадзейнасьці, на якую вятры пераменаў могуць дзьмуць толькі з усходу.

  палітэканом, доктар паліталёгіі Ратгерскага ўнівэрсытэту (ЗША). Апошняя публікацыя ў «ARCHE» - аналіз «Адкладзеная свабода: посткамуністычны аўтарытарызм у Сэрбіі і Беларусі».
   

Прычына першая - прынцыповая несумяшчальнасьць нацыяналізму зь лібэралізмам увогуле, неадольныя супярэчнасьці паміж нацыянал-калектывізмам ды ідэалёгіяй рынкавага індывідуалізму, якія толькі падкрэсьліваюцца духоўнай блізкасьцю нацыяналізму ды сацыялізму ў яго разнастайных праявах.

Прычына другая - уяўленьне аб небясьпечнасьці беларускага нацыяналізму (больш дакладна, палітычнага праекту нацыянальнага адраджэньня) ува ўмовах шматкультурнага, поліэтнічнага і шматмоўнага грамадзтва, пагроза выбуху моўных і этнічных канфліктаў, якія нясе яго рэалізацыя.

Прычына трэцяя - залішні рамантызм протаганістаў нацыянальнага адраджэньня, іх спроба падмяніць рэчаіснасьць ідэалягічнымі канструкцыямі ды культурнымі мітамі і як вынік - поўная дэзарыентацыя ў рэальным, перш за ўсё палітычным жыцьці, а адсюль - і палітычная нежыцьцяздольнасьць нацыянальнае праграмы.

Шмат у чым з Злотнікавым можна пагадзіцца, калі ён гаворыць аб жыцьцяздольнасьці ў беларускіх варунках этнічнага нацыяналізму як палітычнай плятформы. Яго высновы, што беларусы як нацыя не «адраджаюцца», а толькі фармуюцца, можа падзяляць, хіба што зь неахвотай, і частка адраджэнскай інтэлігенцыі, здольная пераасэнсаваць уласны палітычны досьвед. А разважаньнямі пра палітычную нежыцьцяздольнасьць этнічнага нацыяналізму ў Беларусі ў рафінаванай форме ды імавернасьць таго, што беларускай нацыі наканавана ўсталявацца найперш на палітычных, а не на моўна-этнічных прынцыпах, цяпер мала каго зьдзівіш.

У той жа час інтэрпрэтацыя этнічнага нацыяналізму як загадзя аўтарытарнага і несумяшчальнага з нацыяналізмам дзяржаўным (альбо грамадзянскім) не вытрымлівае крытыкі хаця б дзеля наяўнасьці вялікай колькасьці монаэтнічных нацыянальных дзяржаваў, якія зьяўляюцца дэмакратыямі. Нават калі монаэтнізм істотна размыты, такія інструмэнты, як канстытуцыйныя гарантыі правоў этнічных меншасьцяў, культурная аўтаномія, рэгіяналізацыя, інстытуты кансацыяцыі і г. д. дазваляюць прымірыць «дэ мас нацыі» і «дэмас дзяржавы» ў межах адной дэмакратычнай супольнасьці. Пераважная большасьць сучасных эўрапейскіх нацыяў зьяўляюцца этнічнымі і палітычнымі ў той жа час. Інтэрпрэтацыя Злотнікава хутчэй адлюстроўвае палітычную пазыцыю аўтара, якая абумоўлівае выбар прыкладаў дзеля таго, каб пацьвердзіць пэўныя тэзы (напрыклад, у якасьці ўзору этнічнага нацыяналізму выстаўляецца сэрбскі досьвед, а не, скажам, польскі ці нарвэскі). Некаторыя дэфініцыі аўтара, такія, як «пляменны нацыяналізм» (якім ён вызначае тып самасьвядомасьці дахрысьціянскіх часоў), выклікаюць толькі іранічную ўсьмешку. Ня менш камічнымі выглядаюць і яго перасьцярогі аб небясьпечнасьці этнічных войнаў у Беларусі ў выпадку перамогі БНФ. Беларусь, у адрозьненьне ад таго, як гэта ўяўляецца Злотнікаву, не зьяўляецца поліэтнічнай дзяржавай, а большасьць культурных падзелаў і супярэчнасьцяў пралягаюць не паміж тытульнай нацыяй і меншасьцямі, а ў самой тытульнай нацыі, у якой адсутнічае адзіная сыстэма самаўспрыманьня ды самаразуменьня. Да таго ж, Злотнікаў наўрад ці зможа прыгадаць хоць адзін выпадак варожасьці беларускіх нацыяналістаў да этнічных меншасьцяў у найноўшай палітычнай гісторыі краіны.

Зьвернемся да аднаго істотнага парадоксу ў мысьленьні Злотнікава. Адмаўляючы і крытыкуючы нацыянальную ўтопію, ці не падмяняе ён яе ўтопіяй іншай, лібэральнай, ня менш нежыцьцяздольнай? (Такое пытаньне варта задаць таму, што аўтару кнігі даводзілася бываць ня проста мысьліцелем, але і дзейным палітыкам.) Пераход да лібэральнага ўтапізму можна заўважыць, па-першае, у апалягетыцы пэўнага ідэальнага, на погляд аўтара, «пазанацыянальнага» стану грамадзтва (паводле слоў францускага філёзафа Гі Сармана, якога цытуе Злотнікаў, «ідэалізацыі індывідуалістычнай супольнасьці»), што павінен стварыць альтэрнатыву «сацыялістычнай» нацыянальнай арганізацыі грамадзтва. Тут, аднак, лібэральная ўтопія супярэчыць самім пастулятам лібэралізму. Паводле Фрыдрыха Хаека, лібэралізм зыходзіць з таго, што сьвет падпарадкоўваецца законам, якія нам не падуладныя. Але ці не ігнаруе лібэральны ўтапізм той факт, што «інтуіцыйнае імкненьне людзей да чагосьці, што зьяўляецца па-за індывідуумам» (паводле азначэньня Злотнікава, псыхалягічны выток нацыяналізму), ёсьць такой жа аб'ектыўнай праявай чалавечае натуры, як і яе рынкавыя інстынкты, а гэта значыць, адмаўленьне нацыяналізму - рэч такая ж кепская, як і змаганьне з прыватнай ініцыятывай? (Тут, заўважым, мы наўмысна не закранаем пытаньне пра зьмест ці паходжаньне таго ці іншага нацыяналізму.) Калі гэта так, то альтэрнатывай нацыяналізму ў рэальным жыцьці зьяўляецца не індывідуалістычная форма грамадзтва, а іншы нацыяналізм, які можа быць напоўнены нашмат болей агрэсіўным і антылібэральным, скажам, чым беларускі нацыяналізм, культурным і ідэалягічным зьместам.

Сутыкнуўшыся з супярэчнасьцю паміж утопіяй індывідуалістычнага грамадзтва і рэчаіснасьцю паўсядзённага жыцьця, лібэральны палітык вымушаны зрабіць выбар на карысьць культурнай схемы, якая ў большай ступені легітымізуе яго палітычны, эканамічны ці сацыяльны праект. Заўважым, што менавіта тэза пра гістарычную прыналежнасьць нацыяў да эўрапейскай цывілізацыі выконвала падобную легітымізавальную ролю дзеля рынкавых рэформаў у многіх краінах Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы (менавіта лібэральныя эліты насаджалі тэзу пра тое, што шлях да вяртаньня ў «сваю» цывілізацыю будзе адчынены толькі праз рэформы). Што цікава, нават нягледзячы на жорсткую крытыку эканамічных праграмаў БНФ за іх схільнасьць да сацыялізму, Злотнікаў усё ж прызнае, што ў беларускім кантэксьце яны былі адны з самых рынкавых. Магчыма, такую ролю мог бы выканаць і беларускі нацыяналізм, калі б ён займеў уласны палітычны шанец. Гэтага шанцу па мностве прычынаў у яго сапраўды не было. Але вера ў тое, што лібэралізм можа стаць жыцьцяздольнай палітычнай альтэрнатывай нацыяналізму, таксама аказалася ўтопіяй. Беларусь далёка не адзіная краіна ў сьвеце, дзе рафінаваны лібэралізм зьяўляецца маргінальнай ідэалягічнай плыньню, - нават у большасьці заходніх дэмакратыяў лібэральныя партыі працягваюць жыцьцё выключна ў выглядзе малых партыяў, што маюць шанец прыйсьці да ўлады толькі як малодшыя партнэры.

Яшчэ больш утапічным зьяўляецца атаясамленьне лібэральнае ўтопіі з рэчаіснасьцю расейскіх рэформаў. Да «апалягетаў Расеі», аднак, Злотнікава аднесьці цяжка. Дэкляруючы непрыманьне беларускага этнічнага нацыяналізму, аўтар, як і значная частка расейскамоўнай беларускай інтэлігенцыі, прыходзіць да высновы аб несумяшчальнасьці расейскай культурнай і палітычнай спадчыны з прынцыпамі лібэралізму і дэмакратыі. Вынік гэтага - пераасэнсаваньне стаўленьня да дзяржаўнай незалежнасьці краіны (але толькі да яе, а не да беларушчыны ўвогуле). Крытыцы расейскай «бізантыйшчыны» і «азіятчыны», аналізу несумяшчальнасьці праваслаўя і дэмакратыі ў артыкулах Злотнікава адведзена надзвычай шмат месца. Тут можна знайсьці шмат тэзаў, за якія расейцы залічылі б Злотнікава ў русафобы (пра «неўтаймоўнасьць» нацыянальнага расейскага характару, пра апантанасьць расейцаў мэсіянствам, пра «спадчыну стэпу» і ксэнафобію, а перадусім - пра таталітарную сутнасьць праваслаўнага хрысьціянства). Ня менш жорстка Злотнікаў адгукаецца і пра праекты беларуска-расейскай эканамічнай інтэграцыі (у гэтым пытаньні яго погляды амаль не разыходзяцца з пазыцыяй крытыкаванага ім БНФ).

Аднак да самой Расеі стаўленьне ў Злотнікава, як, бадай, ува ўсёй расейскамоўнай беларускай інтэлігенцыі, вельмі спэцыфічнае. Аўтар увесь час праходзіць праз колы надзеяў і расчараваньняў. Надзея на тое, што свабода і лібэралізм прыйдуць у Беларусь з Усходу, то ўзьнікае (спачатку пры Гайдару, потым з прыходам Пуціна), то затухае і зьмяняецца расчараваньнем. Нарэшце аўтар вымушаны паўтарыць вядомую сэнтэнцыю Пушкіна пра тое, што эўрапейцам у Расеі можа быць толькі дзяржава, а ніяк не народ. Тым ня менш менавіта на гэтую дзяржаву спадар Злотнікаў і ўскладае свае лібэральныя надзеі, паўтараючы ў інтэлектуальных пошуках той жа самы круг, празь які ў рэальным палітычным жыцьці прайшлі расейскія лібэралы. Пасьля няспыннай крытыкі Расеі падчас жнівеньскага крызысу, у 2002 годзе ён фактычна вяртаецца да ўтопіі першай паловы 1990-х гадоў: «Лібэралы ня супраць інтэграцыі Расеі і Беларусі, калі гэта будзе садзейнічаць росту свабоды, дабрабыту і бясьпекі (так у тэксьце. - Аўт.) нашых грамадзянаў. ...Наша інтэграцыя з Расеяй можа адбыцца з адначасовай інтэграцыяй у цывілізацыю Захаду».

Пасьля апошніх палітычных падзеяў у Расеі, якія спрычынілі чарговы выбух расчараваньня ў тых, хто шчыра верыў у лёзунг «Разам з Расеяй у Эўропу», трэба зноў чакаць чарговых апісаньняў «расейскае бізантыйшчыны». Аднак, нягледзячы на ўсе разважаньні аб «індывідуалістычным грамадзтве», паратунак для цяперашняй Беларусі Злотнікаў увесь час час бачыць ня ў ім, а ў Расеі. Прырода, як бачым, пустэчы сапраўды ня церпіць.

Да Беларусі Злотнікаў усё ж прыходзіць. У сваіх парэфэрэндумных артыкулах ён прызнае, што «стварэньне новай інтэгравальнай ідэалёгіі, новага полюсу грамадзкага жыцьця ператвараецца ў надзённую неабходнасьць грамадзтва». Аднак гэтая ідэалёгія павінна мацавацца на ідэях дзяржаўнага, альбо тэрытарыяльнага, нацыяналізму (у якім нацыя - гэта перш за ўсё палітычная, шматкультурная і шматмоўная супольнасьць), а не нацыяналізму этнічнага. Каб стаць дэмакратычнай і эўрапейскай дзяржавай, Беларусь не павінна быць Расеяй у палітычным і ідэалягічным сэнсе, што зусім не адмаўляе, скажам, моўнай русіфікацыі, больш за тое, апошняя зьяўляецца гарантыяй ад распаўсюджваньня беларускага «нацыянал-сацыялізму».

Ці ажыцьцявіўся на практыцы гэты праект, які прапагандуе Злотнікаў? Ці магчымае палітычнае адасабленьне ад Расеі без адасабленьня культурнага? І калі дэмакратычная і незалежная Беларусь ня мусіць быць ані Расеяй, ані Беларусьсю, то чым яна мусіць стаць? «Дзяржаўны нацыяналізм», здавалася б, дае адказ на пытаньне, але гэтым тэрмінам у нашым палітычным дыскурсе часьцяком злоўжываюць, скідваючы ў адну кучу як нацыяналізм амэрыканскі ці, напрыклад, аўстралійскі (якія маюць пад сабой адзіны культурны падмурак), так і ідэалёгію якога-небудзь афрыканскага бантустану (які насамрэч грунтуецца на выключна тэрытарыяльнай прыналежнасьці ў рамках традыцыйнага грамадзтва) і нават новую лукашэнкаўскую дзяржаўную ідэалёгію (у якую ён таксама закладвае тэрытарыяльны прынцып самасьвядомасьці, успомнім хіба яго патрыятызм «гэтага лесу»).

Я наўмысна не даю адказаў на гэтыя пытаньні. Простых адказаў на беларускія пытаньні няма, і хутчэй за ўсё спрэчкі аб тым, чым ёсьць і чым мусіць быць Беларусь, працягнуцца яшчэ не адзін год ці дзесяцігодзьдзе. Цікава, аднак, што яны ўцягваюць у сябе ўсё большыя грамадзкія колы, тых, для каго, здавалася б, Беларусь сама па сабе - гэта бясконцая крыніца яе ўласных праблемаў.

Эканамічныя погляды Злотнікава шырэй вядомыя чытачу, калі ён цягам апошняга дзесяцігодзьдзя сачыў за незалежнай прэсай. Злотнікаў як эканамічны публіцыст і аглядальнік паўстае адразу ў некалькіх ролях. Ягоныя артыкулы - гэта і своеасаблівы лікбез па пытаньнях рынкавай эканомікі і досьведу рэфармаваньня ў розных краінах і за рознымі часамі (напрыклад, я вельмі моцна параіў бы ўсім, хто цікавіцца, перачытаць яго разважаньні аб досьведзе сельскагаспадарчых рэформаў, прычынах ды наступствах «кітайскага цуду»). Гэта і востры аналіз стану ды злабадзённых праблемаў беларускай эканомікі і эканомік краінаў-суседак, найперш Расеі. Гэта цікавы погляд на рэаліі беларуска-расейскай эканамічнай інтэграцыі, які, заўважым ізноў, слаба стасуецца зь бясконцымі чаканьнямі «лібэральнага прышэсьця» з усходу. Гэта і бескампрамісная палеміка з палітычнай і эканамічнай элітай, прычым ня толькі зь яе бюракратычным сэгмэнтам. Гэта, нарэшце, і шматлікія праграмы рэфармаваньня беларускай эканомікі, пачынаючы ад праектаў пачатку 1990-х і сканчаючы сьвежымі, такімі, як «Альтэрнатыва-ХХІ».

Злотнікаўскі аналіз, крытыка і палеміка сапраўды прымушаюць пра многае задумацца. Ці можна растлумачыць сёньняшні стан беларускай эканомікі, яе працяглае існаваньне «ў пятлі папулізму» выключна мэнтальнасьцю намэнклятуры і палітыкай лукашэнкаўскага рэжыму? Узгадваючы шматлікія прапановы прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў па «ўдасканаленьні» кіраваньня эканомікай за часамі Кебіча, такія, напрыклад, як стварэньне «народных прадпрыемстваў», а таксама крытычна пераасэнсоўваючы праграмы асноўных палітычных партыяў, бачна, што кансэнсус наконт неабходнасьці пераходу да рынкавай эканомікі ў Беларусі не існаваў нават сярод тых сілаў, якія прынята лічыць протаганістамі рэформаў (г. зн. сярод прадпрымальнікаў і палітычнай апазыцыі). Злотнікаў часам (збольшага ў першай палове 1990-х гадоў) выступае ў ролі лібэральнага ўтапіста, жорстка крытыкуючы любы адыход ад прававерных рынкавых мадэляў, прычым час ад часу складваецца ўражаньне, што аўтар сам ня ведае, чаго ён хоча ад беларускай эканомікі. Рэзкай крытыцы паддаецца тэза перадвыбарнай праграмы Зянона Пазьняка 1994 году пра тое, што дзяржаўная ўласнасьць застанецца дамінантнай формай уласнасьці на найбліжэйшыя гады, і ў той жа час ушчэнт ганьбяцца прапановы пра хуткую «народную» ваўчарную прыватызацыю. Досьвед пасьпяховых рынкавых рэформаў засьведчыў, што прыватызацыя з удзелам інвэстараў - працэс сапраўды доўгі і спадзявацца на іх імклівы наплыў адразу па абвяшчэньні прыватызацыйнае кампаніі - гэта чыстае вады ўтопія.

Заўважым яшчэ дзьве рэчы, якія даюць падставу паспрачацца. Першая - гэта крытыка (заўважым, у большасьці выпадкаў слушная) сацыялістычнасьці і папулізму праграмаў дэмакратычных партыяў, такіх, як БНФ альбо БСДГ. Другая - гэта таксама слушны аналіз сацыяльных вытокаў антырынкавага папулізму, прызнаньне таго факту, што «беларуская эканамічная мадэль» створаная ў адпаведнасьці з уяўленьнямі масаў аб эканоміцы. Рэзонна ўзьнікае пытаньне: дзе ў такім раскладзе месца лібэральнай палітычнай альтэрнатывы як супрацьвагі і лукашэнкаўскаму, і нацыяналістычнаму папулізму? І ці не зьяўляецца прычынай паразы рынкавых ідэяў (ува ўсіх іх інтэрпрэтацыях - ад бээнэфаўскіх праз сацыял-дэмакратычныя да злотнікаўскіх) тое, што ім не хапала адпаведнага электаральнага афармленьня, што папулісцкі лоск, магчыма, быў апошнім шанцам, каб «прадаць» ідэі грамадзтву?

Што тычыцца злотнікаўскага аналізу беларускай эканомікі, то пераказ можа заняць амаль столькі ж месца, як і сама кніга. Значная частка тэксту прысьвечаная прагнозам, і шмат якія зь іх сапраўды збыліся, за што аўтар, паводле яго ўласных слоў, «не нясе ніякай адказнасьці». Аднак і вядомаму эканамісту ня ўсё ўдалося спрагназаваць. Прычына няўдачаў, аднак, можа быць аднесеная да агульнай перакананасьці лібэральнай інтэлігенцыі і рынкавых эканамістаў у тым, што антырынкавая палітыка асуджаная на крах і што гэты крах непазьбежны цягам найбліжэйшых месяцаў альбо нават тыдняў. Прывядзём некалькі прыкладаў: у выніку эканамічнага «краху» ўзровень жыцьця ў Беларусі стане адным з найніжэйшых у былым СССР (прагноз зроблены ў канцы 1994 году; цяпер па гэтым паказьніку Беларусь знаходзіцца мінімум на трэцім месцы ў СНД, пасьля Казахстану і Расеі, і на першым - сярод дзяржаваў, што не жывуць за кошт прыродных рэсурсаў). У 1995 годзе нам ізноў былі абяцаны крах і масавыя народныя выступы. І зусім сьмешным падаецца прагноз 1999 году аб тым, што «ў гарадзкіх кватэрах, верагодна, удасца ўтрымаць узімку тэмпэратуру ў межах 10-14 градусаў цяпла».

Часткова Злотнікаў сам дае адказ на пытаньні, чаму чаканьні краху не апраўдаліся. У яго артыкулах шмат разважаньняў аб «раўнавазе» паміж эканамічнай сыстэмай і чаканьнямі насельніцтва, аб здольнасьці беларусаў да адаптацыі да цяжкасьцяў і г. д. Але ўсіх пытаньняў гэтыя засьцярогі не здымаюць. Як дакладна вызначыць зусім не ідэальны стан беларускай эканомікі? Ці адпавядаюць рэчаіснасьці дэфініцыі кшталту «абвал», «крызыс», «крах», «катастрофа», якія паўтараюцца ў незалежнай прэсе з сталай пэрыядычнасцю? Ці, можа, беларуская эканоміка проста функцыянуе ў рэжыме стабільнай стагнацыі і тэхналягічнай адсталасьці, аднак у стане раўнавагі з жыцьцёвымі чаканьнямі значнай часткі беларускага насельніцтва, чые элемэнтарныя патрэбы яна здольная задавальняць? І чаму, нягледзячы на прадказаньні аб «падзеньні ў прорву», эканоміка расьце, каб потым трошку даць назад? Ці толькі празь зьмены ў вонкавых фактарах, такіх, як стаўленьне Крамля да беларускіх уладаў, цэны на сыравіну альбо наяўнасьць замежных крэдытаў? Ці была «беларуская эканамічная мадэль» і эканамічная палітыка ўладаў канстантай на працягу ўсяго мінулага дзесяцігодзьдзя? Ці знаходзілася Беларусь «у пятлі папулізму», напрыклад, у пэрыяд з восені 1994-га да зімы 1995 году (першая фінансавая стабілізацыя), у 2000-2001 гадох (уніфікацыя валютных курсаў і другая фінансавая стабілізацыя), нарэшце, у 2003 годзе?

І тут я зусім не зьбіраюся аспрэчваць вядомую лібэральную ідэю пра ўзаемасувязь дабрабыту і рынкавай эканомікі, альбо дабрабыту і дэмакратыі. Аніводную з краінаў СНД нельга назваць ні дэмакратычнай, хіба што ў самым фармальным сэнсе (Грузія, дзе пераход да дэмакратыі адбыўся некалькі месяцаў таму, мусіць вытрымаць цяжкі іспыт), ні ў поўнай ступені рынкавай. Ня буду аспрэчваць і наяўнасьці крызысных тэндэнцыяў, небясьпечнасьць якіх зь цягам часу павялічваецца (можна прыгадаць, напрыклад, імклівы рост колькасьці стратных прадпрыемстваў, інвэстыцыйны голад і г. д.). Заўважым проста, што заідэалягізаванасьць эканамічнай думкі цягам многіх гадоў не дае падставаў для больш-менш бесстароньняга, пазытыўнага аналізу, пакідаючы чытача ў чаканьні прышэсьця яшчэ адной утопіі (крах і як вынік - лібэральная рэвалюцыя; альбо, заўважым, зусім не лібэральная).

Пачытаць гэтую кнігу варта нават тым, хто не падзяляе аргумэнтаў Злотнікава. Багаты матэрыял і вастрыня думкі аўтара заахвочваюць да больш глыбокага аналізу таго, што адбылося і адбываецца ў Беларусі. Бескампраміснасьць доказаў вымушае больш дбайна падысьці да падрыхтоўкі ўласных аргумэнтаў. Час пакажа, чым яна стане для нашых расейскамоўных лібэралаў: сапраўдным цытатнікам або напамінам пра пару, калі іх уласная ўтопія здавалася рэчаіснасьцю.

   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (30) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Сувязь з рэдакцыяй,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/10/21