A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (29) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
|
Віталь Сіліцкі
|
Табліца 1
* Лічба яўкі, афіцыйна пададзеная Цэнтрвыбаркамам. Як маглі скончыцца з такім розным вынікам дзве кампаніі, калі адна была фактычна скапіявана з другой? Трэба адзначыць, што тлумачэнне, нібыта рэжым Мілошавіча быў больш адкрытым, чым лукашэнкаўскі, можа быць прынятае з вялікімі агаворкамі. Так сапраўды было на працягу папярэдніх гадоў, але за перыяд 1998—2000 гг. рэжым Мілошавіча збліжаўся з лукашэнкаўскім. Тут варта нагадаць і рэпрэсіўны закон аб інфармацыі (які выліўся ў масавы пераслед незалежных СМІ: за два гады з іх было спагнана некалькі дзесяткаў мільёнаў долараў штрафаў), і закон аб вышэйшай адукацыі (што ўсталяваў паліцэйскі кантроль над універсітэтамі), і пачатак палітычнага тэрору (забойства рэдактара найбуйнейшага апазіцыйнага выдання “Бліц”, выкраданне былога прэзідэнта Сербіі Івана Стамбаліча за месяц да выбараў і два замахі на Драшкавіча), і няспынную прапаганду на карысць Мілошавіча ў дзяржаўных электронных і друкаваных медыях (яму адводзілася да 90% часу ці плошчы), і павальнае закрыццё няўрадавых арганізацый перад выбарамі. Падобнай да лукашэнкаўскай была і рыторыка Мілошавіча, які адмаўляўся прызнаць нават факт існавання апазіцыі ў Сербіі, заяўляючы, што гэта проста “група найманых круцялёў і зладзеяў, якая, карыстаючыся цяжкасцямі жыцця і атрымліваючы грошы з-за мяжы, маніпулюе пачуццямі некаторых людзей, пераважна вельмі маладых, сеючы хлусню, нібыта адзіны выхад з цяжкой сітуацыі — гэта скарыцца перад сілай, што заваявала ўвесь свет”1. Нарэшце, калі разглядаць палітычныя інстытуты, то зазначым, што за два месяцы да выбараў у ліпені 2000 году Мілошавіч правёў праз парламент “канстытуцыйную рэформу”, згодна з якой у Югаславіі ўводзілася прэзідэнцкая рэспубліка замест парламенцкай, ліквідаваўся парытэт у саюзным парламенце паміж Сербіяй і Чарнагорыяй (у апошняй апазіцыя прыйшла да ўлады яшчэ ў 1997) і Мілошавіч атрымліваў фактычна ўжо нічым не абмежаваную ўладу. Дадамо важную дэталь: нягледзячы на наяўнасць у Сербіі сістэмы мясцовага самакіравання, выбарчыя камісіі для федэральных выбараў фармаваліся цэнтрам і пераважна кантраляваліся рэжымам (апазіцыя мела ў іх па аднаму месцу, што не гарантавала аўтаматычнага прадухілення фальсіфікацыяў).
|
1 Goati Vladimir. Elections in FRY from 1990 to 1998: Will of People or Electoral Manipulation? Addendum: Election 2000. Belgrade: CeSID, 2001. P.223.
|
Падабенствы былі і ў арганізацыі кампаніі: у абодвух выпадках быў “адзіны кандыдат” і амаль што “аб’яднаная апазіцыя”, а палітычная кампанія падтрымлівалася кампаніяй няўрадавых арганізацый, якія зноў-такі ў Беларусі часам мадэляваліся на сербскі ўзор (прыгадаем хаця б беларускага клона “Адпору” — “Зубра”). Але розніцу ў выніках выбараў немагчыма растлумачыць адрозненнямі ў палітычнай культуры і арыентацыях двух грамадстваў. І ў Сербіі, і ў Беларусі за часамі панавання аўтарытарных рэжымаў ішоў працэс імклівага звужэння сацыяльнай базы дыктатур. Гэта быў вынік сацыяльнай эвалюцыі, навучання на ўласным досведзе, у часе якога грамадства расчароўвалася ў ілюзіях і пераасэнсоўвала ўласны светапогляд. Гэтаму спрыяў і натуральны працэс змены пакаленняў. Такім чынам, у абодвух грамадствах большасць жадала палітычных пераменаў. Аб’ектыўна кажучы, у Сербіі гэта была супербольшасць (72% за змену ўраду за год да выбараў супраць 18%), у Беларусі — адносная большасць (54% гатовых падтрымаць кандыдата, праграма якога абяцала б кардынальны паварот ад палітыкі Лукашэнкі, супраць 40% тых, хто выступаў за працяг палітыкі Лукашэнкі). Аднак разгром апазіцыі немагчыма растлумачыць адсутнасцю электаральных рэсурсаў для беларускай дэмакратыі. Больш падрабязна палітычныя арыентацыі грамадстваў паказаныя ў табліцах 3—9, якія сведчаць пра той самы расклад (супербольшасць у Сербіі, адносная большасць у Беларусі), але не аб радыкальнай розніцы паміж дзвюма краінамі. Зазначым, што за год да выбараў рэйтынгі Лукашэнкі і Мілошавіча розніліся толькі прыкладна на 10% (каля 23% у Мілошавіча і 33% у Лукашэнкі). Магчымым тлумачэннем падзення Мілошавіча можа служыць ваенная параза ў косаўскай кампаніі. Адзначым, аднак, што натаўскія бамбаванні на нейкі час дазволілі сербскаму лідэру пераканаць грамадства ў сваім галоўным пастулаце — што ўвесь свет з’яднаўся супраць Сербіі. Да таго ж, вынікі апытанняў грамадскае думкі, атрыманых да бамбаванняў, сведчаць, што папулярнасць Мілошавіча вырасла падчас вайсковай акцыі НАТА і знізілася да перадваеннага ўзроўню праз некалькі месяцаў пасля яе заканчэння. Вядома, падзеі вясны 1999 году адбіліся на палітычнай сітуацыі. Па-першае, яны прывялі да расчаравання часткі паплечнікаў Мілошавіча нават не ў ягоных ідэях, а ў ягонай здольнасці іх абараніць. Па-другое, разам з Косавам Мілошавіч згубіў значную частку сваёй машыны фальсіфікацыі выбараў. Аднак, зноў жа, гэтыя фактары не былі вырашальнымі (Мілошавіч перамагаў і ў больш цяжкія часы ізаляцыі і вайны). Прэзідэнцкія выбары ў Югаславіі мелі адзін вельмі цікавы нюанс: у іх правядзенні для Мілошавіча не было відавочнай патрэбы. Федэральная канстытуцыя (да ліпеня 2000) прадугледжвала абранне прэзідэнта парламентам, які ён тады кантраляваў. Тэрмін ягоных паўнамоцтваў выгасаў толькі ў ліпені 2001 году. Дарма што канстытуцыя абмяжоўвала знаходжанне на пасадзе аднім тэрмінам, Мілошавіч мог правесці канстытуцыйную папраўку. Аднак ён дапусціў, як мы цяпер ведаем, самую буйную палітычную памылку ў сваёй кар’еры і пайшоў на ўсеагульныя выбары. Чаму ён гэта зрабіў? Гэтаму могуць быць тры тлумачэнні. Па-першае, сітуацыя ў Сербіі пасля бамбёжак і санкцыяў горшала з кожным днём. І паколькі партыя Мілошавіча была меней папулярнай, чым ён сам, гіпатэтычныя парламенцкія выбары ў 2001 годзе маглі скончыцца яшчэ горшым вынікам. Тут Мілошавіч, напэўна, меў рацыю. Цікава, што, калі лічыць абсалютную колькасць галасоў, ён прайграў выбары з адным з лепшых для сабе вынікаў за цэлае дзесяцігоддзе!
Табліца 2
Мілошавіч верыў у сваю харызму. У яго не было сур’ёзнага апанента. Вук Драшкавіч хаваўся ў Будве (курортны горад у Чарнагорыі.— Аўт.). Джынджыча прапаганда шальмавала як мафіёзі і найгоршае зло, а Шэшаль проста не пасмеў бы выступіць супраць Слабадана. Нават у кашмарным сне ён не мог уявіць апанентам Ваіслава Каштуніцу. (...) За некалькі дзён да выбараў Мілошавіч з самаўпэўненай фанабэрыяй распавёў начальніку генштабу Югаслаўскай арміі генералу Нябойшу Паўкавічу, што здабудзе семдзесят працэнтаў галасоў. Ён сказаў, што можа нават “падарыць” Каштуніцу трыста тысячаў косаўскіх галасоў, не разумеючы, што гадзіннік пачаў апошні адлік 27 ліпеня (дзень, калі былі абвешчаныя прэзідэнцкія выбары.— Аўт.). Гэта быў гадзіннік народнай незадаволенасці, сканцэнтраванай у такім выказванні: “Я не магу нават імя ягонага выгаварыць, такую яго маць”2. З досведу Сербіі можна вывесці даволі простую формулу: па-першае, дыктатары кшталту Мілошавіча і Лукашэнкі заўжды знаходзяцца і будуць знаходзіцца “ў абцугах папулізму”. Іх існаванне без “квазідэмакратычнай легітымізацыі”, без таго, каб засведчыць і народу, і апазіцыі, і дзяржапарату, што яны ў прынцыпе здольныя атрымаць перамогу ў больш жорсткіх умовах, немагчыма. (Таму хутчэй за ўсё і Лукашэнка ніколі не пойдзе на працяг сваіх паўнамоцтваў праз абранне парламентам і нейкім “усебеларускім народным сходам”; Мілошавіч мусіў пайсці на абранне парламентам у 1997 годзе толькі таму, што не меў канстытуцыйнай большасці ў сербскай Скупшчыне, каб змяніць канстытуцыю рэспублікі.) Аднак здольнасць здабыць квазідэмакратычную легітымнасць змяншаецца, калі дыктатар становіцца больш султанам, чым папулістам. І ў гэтым істотнае адрозненне паміж Мілошавічам і Лукашэнкам падчас прэзідэнцкіх выбараў. Беларускі лідэр, таксама як і ягоны югаслаўскі калега, выдатна разумеў, што калі ён “адпусціць гайкі” ў грамадстве і ўладным апараце, то гэта можа згуляць супраць яго. Беларускаму чытачу не варта дэталёва нагадваць усе яго захады дзеля кансалідацыі ўласнага рэжыму перад выбарамі (узмацненне пазіцый сілавікоў ва ўладзе, увядзенне абмежаванняў на гуманітарную дапамогу і яшчэ больш жорсткіх правілаў правядзення мітынгаў і дэманстрацый, пераслед незалежных СМІ, атака на незалежнае назіранне ды інш.) Прыгадаем, аднак, што Лукашэнка быў выразна заклапочаны (калі не сказаць больш) магчымасцю яго “здачы” ўнутраным колам. Яго істэрычныя заявы падчас нарады з “вертыкальшчыкамі” 31 ліпеня 2001 году сведчылі, што Лукашэнка быў інфармаваны аб магчымай унутранай фрондзе ў сваім атачэнні і загадзя прыняў меры для яе нейтралізацыі. Таксама відавочна, што Лукашэнку не заспакойвала яўная колькасная перавага сваіх прыхільнікаў у грамадстве. Ва ўмовах, калі кантраляваныя ім выбарчыя камісіі ўжо былі гатовыя выдаць пажаданы вынік і ён усё роўна перамагаў без фальсіфікацый, ён тым не менш пайшоў на рэзкае павышэнне зарплаты (на 23% у рэальным пераліку за паўгоду) з мэтай павелічэння сваёй падтрымкі да бяспечнага ўзроўню. Перакананасць у тым, што Лукашэнка перамог і без фальсіфікацый, урэшце дэмабілізавала і апазіцыю, і тыя часткі ўладнага апарату, якія патэнцыйна маглі яго “здаць”, і незалежнае назіранне.
|
2 Bujosevic Dragan, Radovanovic Ivan. October 5: A 24-hour Coup. Belgrade: Media Centar, 2001. P.13—14.
|
Самым адэкватным тлумачэннем, чаму выбары ў Югаславіі і Беларусі скончыліся з дыяметральна супрацьлеглымі вынікамі, можа быць наступнае: на выбарах ва ўмовах дыктатуры перамагае той, хто фактычна выйграў іх да пачатку кампаніі. У Сербіі ўжо за год да выбараў апазіцыйныя партыі мелі сукупны рэйтынг, што ў паўтара разу перавышаў рэйтынг прыхільнікаў Мілошавіча. Ужо тады з 72% сербаў, якія выступалі за перамены, 38% былі гатовыя прагаласаваць за апазіцыю. Падчас перадвыбарнай кампаніі падтрымка дэмакратычнай альтэрнатывы вырасла яшчэ ў паўтара разу. Важна зазначыць, што ў Сербіі быў скансалідаваны менавіта партыйны электарат: існаванне палітычных партыяў, што звязвалі грамадзянскі попыт і палітычнае прапанаванне, і дазволіла потым стварыць падтрымку адзінаму кандыдату шляхам арыфметычнага складання партыйных электаратаў. Цікава, што і падтрымка Мілошавіча за час кампаніі ўзрасла ў паўтара разу, чаго яму ўжо не хапіла. А ў Беларусі? Расклад за год да выбараў быў такі: 36% — за Лукашэнку (увесь яго электарат) і толькі 13% — за апазіцыю (толькі трэцяя частка жорсткага антылукашэнкаўскага электарату і чвэрць таго электарату, што выступаў за перамены). Пасля байкоту расклад ужо памяняўся: 41% супраць 9% на карысць Лукашэнкі. Болей за тое, калі гаварыць пра канкрэтных палітыкаў з апазіцыйнага лагеру (так званую “пяцёрку”), рэйтынг ніводнага не перавышаў 6%. Падчас кампаніі Лукашэнка толькі нязначна павялічыў свой электарат: “скочыўшы вышэй за галаву”, ён атрымаў падтрымку 46% ад усіх грамадзянаў. Апазіцыя, тым часам, мусіла патраціць усю кампанію на кансалідацыю свайго базавага электарату. І хоць фактычна яна пашырыла сваю падтрымку амаль утрая (з 9% да 26% ад усяго грамадства) ці, калі гаварыць выключна пра Ганчарыка, нават у 13 разоў (з 2 да 26%), але ўсё роўна яна прыгарнула да сябе менш за палову таго электарату, што да выбараў выступаў за перамены! Вывад просты: менавіта папярэдні ўдзел у “сістэмнай палітыцы” забяспечыў бачнасць дэмакратычнай альтэрнатывы і дазволіў скіраваць грамадскую незадаволенасць на яе падтрымку. Гэты фактар відавочна праігнаравалі беларускія апазіцыянеры, адзін з якіх падчас падзення Мілошавіча заявіў наступнае: “Перамога над Мілошавічам... сведчыць, што наша тактыка дасягнення адзінства верная, што мы павінны змагацца за рэальную ўладу на прэзідэнцкіх выбарах, што неабходна дасягнуць кампрамісу вакол адзінага кандыдата і правесці эфектыўную кампанію за тры месяцы да галасавання”3. Два фактары — адзінства і кампраміс — былі зразуметыя правільна, калі не лічыць унутраных апазіцыйных разборак да і падчас перадвыбарнай кампаніі, якія сведчаць аб тым, што вывучыць — гэта яшчэ не азначае эфектыўна ўжыць веды. А вось навука, што перадвыбарныя кампаніі пачынаюцца не за тры месяцы да выбараў, а як мінімум з моманту заканчэння папярэдніх і што ўдзел у “прамежкавых” выбарах стварае падмурак для перамогі ў канчатковых, была праігнараваная. Адрознасць папярэдняга досведу і здольнасці навучацца на ўласных памылках была яскрава прадэманстравана ў ходзе самой перадвыбарнай кампаніі ў чатырох яе аспектах: аб’яднанне апазіцыі, арганізацыя кампаніі, перадвыбарная агітацыя і, нарэшце, прадухіленне фальсіфікацый.
|
3 Price Joe. Yugoslavia Lesson for Belarusian Opposition // Belarusian Review. Vol.12. No.3. Fall 2000.
|
Сацыяльныя перадумовы для палітычных пераменаў (і застою)1. Пратэставыя настроі ў грамадствеТабліца 3
Крынiца: Partner-international www.partner-international.com/pmra/pollaug1999/english/, НIСЭПД http://www.iiseps.by
|
Табліца 4
Крынiца: Partner-international www.partner-international.com/pmra/pollaug1999/english/, НIСЭПД http://www.iiseps.by
|
Табліца 5
Крынiца НIСЭПД http://www.iiseps.by
|
2. Пытанні, што мелі ўплыў на выбаршчыкаўСербія Табліца 6
Крынiца: Partner-international www.partner-international.com/pmra/pollaug1999/english/
|
Беларусь Табліца 7
Крынiца: НIСЭПД http://www.iiseps.by
|
3. Падтрымка эканамічных і палітычных пераўтварэнняўСербія Табліца 8
Крынiца: Partner-international www.partner-international.com/pmra/pollaug1999/english/
|
Беларусь Табліца 9
Крынiца: НIСЭПД http://www.iiseps.by
|
4. Падтрымка дэмакратычнай апазіцыіСербія Табліца 10
Крынiца: Partner-international www.partner-international.com/pmra/pollaug1999/english/
|
Беларусь Табліца 11
Крынiца: НIСЭПД http://www.iiseps.by
|
Аб’яднанне апазіцыіФармальна рашэнне аб вылучэнні Ваіслава Каштуніцы адзіным кандыдатам ад апазыцыі было прынята менш чым за два месяцы да даты выбараў (дарэчы, і самі выбары былі абвешчаныя дастаткова нечакана). Аднак прынцыповае рашэнне аб аб’яднанні і стварэнні Дэмакратычнай апазыцыі Сербіі (ДАС) было прынятае яшчэ ў сакавіку 2000 году васемнаццацю партыямі і рухамі, якія гэтым разам праявілі волю да змагання і безумоўна падтрымлівалі адзінага кандыдата супраць Мілошавіча. Адзін Вук Драшкавіч, лідэр Руху аднаўлення, не далучыўся да ДАС. Аднак ягоныя спробы разбурыць апазіцыйнае адзінства скончыліся тым, што Каштуніца, погляды якога (сумесь ліберальна-дэмакратычнай палітычнай арыентацыі і памяркоўнага нацыяналізму) былі вельмі блізкімі да Драшкавічавых, хутка перацягнуў электарат СРА на свой бок. Што прадвызначыла выбар менавіта Каштуніцы? Ён не быў самым вядомым з апазіцыйных палітыкаў, ягоны ўласны электарат не перавышаў 5%, і, кажучы мовай некаторых беларускіх аналітыкаў, мабілізацыйны патэнцыял яго партыі быў невялікі. Аднак Каштуніца на самай справе меў вялізныя няяўныя перавагі перад сваімі больш “раскручанымі” калегамі. Ён не быў найбольш папулярным, але, што вельмі важна, ён быў найменш ненавісным апазіцыйным палітыкам для грамадства. Каштуніцу заўжды вызначала персанальная прыстойнасць і паслядоўнасць, ён быў адзіным з вядомых апазіцыйных палітыкаў, які ніколі не ішоў на супрацоўніцтва з Мілошавічам. Да таго ж, Каштуніца быў найбліжэйшы да “сярэдняга выбаршчыка” ў сэнсе, што яго персанальная пазіцыя, пры ўмове поўнай падтрымкі ўсіх апазіцыйных рухаў, была здольная прыцягнуць найбольшую колькасць выбаршчыкаў. “Сярэдні выбаршчык у Сербіі вызначаўся моцным пачуццём нацыянальнай самасвядомасці, але без экспансійных настрояў, без імкнення да палітычнай цэнтралізацыі Сербіі і так званага кітч-патрыятызму, што панаваў на пачатку 1990-х, і з сімпатыяй да парламентарызму, грамадзянскай супольнасці і прыватнай ініцыятывы”4. Каштуніца не быў самым празаходнім апазіцыянерам, але ён ніколі не быў сябрам кампартыі. Ён быў нацыяналістам, які выступаў у падтрымку баснійскіх сербаў і асудзіў натаўскія бамбаванні, аднак, у адрозненне ад больш “ліберальных” калег, ён ніколі не заігрываў з Караджычам і Младзічам у Босніі. Яго нацыяналістычная рыторыка была блізкая да Мілошавічавай ці Шэшалевай, але менавіта Каштуніца пераклаў на сербскую мову найвядомейшы твор амерыканскай дэмакратыі — “Запіскі федэраліста”. Ён, нарэшце, здолеў паяднаць тое, што раздзяляла да яго ўсіх сербскіх палітыкаў, — а менавіта дэмакратыю і нацыяналізм. І гэта не выглядала ў вачах грамадства палітыканствам. “Сёння мяне падтрымліваюць сербскія вугорцы і мусульмане. Можна быць нацыяналістам і не зневажаць пры гэтым іншых народаў”, — такога да Каштуніцы сярод сербскіх палітыкаў не казаў ніхто5. Карыстаючыся беларускай палітычнай тэрміналогіяй, Каштуніца адваёўваў “балота” ў Мілошавіча. Назіральнікі сведчылі, што “ён прывабны для ўсіх — расчараваных нацыяналістаў, традыцыяналістаў, манархістаў, гарадскога насельніцтва, сялян, моладзі і вымушаных перасяленцаў”6. Аднак галоўнай зарукай поспеху Каштуніцы было тое, што апазіцыйныя лідэры нарэшце спынілі высвятляць, хто з іх мацнейшы, і сканцэнтраваліся на галоўным: хто зможа перамагчы Мілошавіча. Асабліва трэба адзначыць памяркоўнасць будучага прэм’ера Зорана Джынджыча, які згадзіўся на ролю кіраўніка штабу Каштуніцы, а не кандыдата ў прэзідэнты. Пройдзе два месяцы, і на пазачарговых парламенцкіх выбарах ужо Джынджыч узначаліць Дэмакратычную апазіцыю Сербіі. Але гэта будзе пасля. А тады апазіцыя фактычна здолела знайсці адзіны выхад, выкарыстаць адзіны шанц, які яна мела, каб дабіцца палітычных пераменаў. Нягледзячы на стаўленне да Мілошавіча ў грамадстве, пры любым іншым варыянце ён застаўся б пры ўладзе. Як сведчаць звесткі сацыялагічных апытанняў, праведзеных за некалькі месяцаў да выбараў, Мілошавіч здолеў бы перамагчы любога іншага, яшчэ менш папулярнага за сябе самога апазіцыйнага дзеяча. Адзіным палітыкам, які здолеў бы яго перамагчы пры ўмове апазіцыйнага адзінства, быў той, чыя індывідуальная палітычная вага была найменшай і хто сваімі поглядамі быў бадай што найбольш блізкім да самога дыктатара.
Табліца 12
Крыніца: Інстытут філасофіі і сацыяльных навук Сербскай акадэміі навук і мастацтваў, Бялград.
Такім чынам, тлумачэнні некаторых беларускіх аналітыкаў, што, “як сведчыць югаслаўскі досвед, грамадства само вылучае лідэраў, калі дасягае пэўнага ўзроўню сталасці”, проста неадэкватныя. Нельга цалкам пагадзіцца і з цверджаннем, што “соцыум, які пасталеў да самастойнай гістарычнай творчасці, бярэ ўласны лёс у свае рукі, ні ў кога не пытаючыся дазволу. Як гэта зрабіў летась югаслаўскі народ”7. З табліцы 12 відаць, што “самастойная творчасць народу” пры чарговым самагубчым выбары апазіцыйнай эліты прывяла б толькі да чарговага ўзмацнення Мілошавіча. І як гэта ні парадаксальна — адзіным паратункам быў выбар на карысць, здавалася б, найслабейшага. |
4 Cohen. Serpent in the Bosom. P.412. 5 Тамсама. 6 Тамсама. 7 Карбалевич Валерий. Лукашизм — тяжелая патология нации. Главный урок президентских выборов” // Гражданский форум. Информационно-аналитический бюллетень Объединенной гражданской партии. 2001. №1, ноябрь. С.3. |
Відавочна, што больш шырокія палітычныя гарызонты дапамаглі сербскім палітыкам у дасягненні адзінства. Так, яны раскруцілі аднаго з найслабейшых з іх у ранг нацыянальнага выратавальніка. Выключная гатоўнасць падтрымаць і працаваць на кандыдата, які не з’яўляецца ні наймацнейшым, ні самым прывабным для жорсткага апазіцыйнага электарату, безумоўна, была вынікам горкага ўроку мінулага: не ахвяруеш часткі — не здабудзеш нічога. Цікава сведчыць Ліляна Бачавіч, адна з вядучых сацыёлагаў Сербіі і даўняя каляжанка Каштуніцы ў Бялградскім інстытуце сацыяльных навук: Ужо ў 1997-м апазіцыя магла выйграць, калі б з’ядналася вакол Каштуніцы. Я тады даказвала гэта сваёй сяброўцы Весне Пешыч (адной з лідэрак ліберальнай сербскай апазіцыі). Яна абуралася, кажучы, што гэта не варта высілкаў, бо Каштуніца сваімі поглядамі проста пачвара. Я казала: “Згодна, але падумайце, ці маеце вы іншы шанц для перамогі”. Тады яны адмовіліся зразумець гэта. Яны зразумелі толькі праз тры гады. На жаль, асобныя прадстаўнікі нашага апазіцыйнага асяроддзя, што адмаўляліся галасаваць за Ганчарыка, бо ён быў “такі ж, як Лукашэнка”, моцна нагадвалі сербскіх апазіцыянераў сярэдзіны дзесяцігоддзя. І справа тут не ў канкрэтным кандыдату, а ў самім падыходзе да выбару. Апазіцыйнае асяроддзе ў Беларусі настолькі разнастайнае, што такія ж настроі паўсталі б сярод асобных групаў пры вылучэнні любога кандыдата, будзь ён Домаш, Чыгір ці Калякін. Стаўленне “альбо ўсё, альбо нічога”, няўменне ахвяраваць малым ці нават сярэднім дзеля галоўнага заўжды прывядзе да нулявога выніку. Тут варта прыгадаць выказванне старшыні сербскага НДА “Грамадзянскія ініцыятывы” Міленкі Дарэты аб ягоным стаўленні да Каштуніцы: “Каштуніца для мяне быў персанальнай трагедыяй у тым сэнсе, што ён жыў у адным раёне Бялграду са мной і я быў вымушаны галасаваць за яго дзесяць гадоў, не падзяляючы ніводнай ягонай ідэі. Але ж, як грамадзянін, я мусіў праяўляць грамадзянскую сталасць і разуменне сітуацыі”. У Беларусі апазіцыя фармальна аб’ядналася менш чым за чатыры тыдні да выбараў. Фактычна — за два, бо працэс “аб’ядноўвання перадвыбарных штабоў” (папросту кажучы, гандлю за пасады і ўплыў у кампаніі) не спыняўся да апошняга тыдня жніўня. Нагадаем, што падрыхтоўка да выбараў пачалася тады, калі асноўныя палітычныя партыі знаходзіліся ў працэсе высвятлення адносінаў наконт удзелу / байкоту выбараў-2001. Скандалы ўнутры апазіцыі (выключэнне “Народнай грамады” з КРДС, потым выхад астатніх сацыял-дэмакратаў, потым спробы расколу партыі Статкевіча) на нейкі час пакінулі апазіцыйных лідэраў па-за выбарчым працэсам. Болей за тое, партыйныя кіраўніцтвы знялі з сябе адказнасць за вылучэнне адзінага кандыдата, пасля таго як КРДС у снежні 2000 году прапанавала трох (Сямёна Домаша, Міхаіла Чыгіра і Ўладзіміра Ганчарыка), і пачалі чакаць падзеяў аж да лета, матывуючы сваю бяздзейнасць тым, што яны “будуць падтрымліваць толькі адзінага, а не канкрэтнага кандыдата”. Пасля самаразвалу КРДС і стварэння кааліцыі “За сацыяльныя перамены” механізму вылучэння адзінага кандыдата ўжо не існавала. Фактычна, аб’яднанне аддалі на водкуп самім кандыдатам, паколькі партыі выразна не вызначылі сваіх пазіцый (большасць з іх заявіла пра падтрымку ўсёй пяцёркі, хіба што некаторыя выключылі магчымасць падтрымкі Калякіна). Удзел у перадвыбарных штабах стаў асабістай справай сяброў партый. А раз аб’ектыўных крытэраў для вылучэння адзінага кандыдата сярод самой пяцёркі да сканчэння збору подпісаў не было, то вызначэнне адзінага ператварылася ў банальны палітычны гандаль, які суправаджаўся шматлікімі скандаламі (напрыклад, адзін штаб заўчасна распускаў плёткі аб тым, што іх кандыдат ужо вызначаны як адзіны). Нарэшце, выбар 21 ліпеня выпаў на Ганчарыка, што адразу ж прывяло да выбуху незадаволенасці ў штабе іншага кандыдата, які здолеў сабраць неабходную колькасць галасоў для вылучэння, — Домаша. За некалькі дзён Домаш і Ганчарык абмяняліся некарэктнымі заявамі адзін пра аднаго ў прэсе. Пасля пачалося ўзгадненне ўмоваў “канчатковага аб’яднання” і паралельна — выпрацоўка пагаднення паміж Ганчарыкам і палітычнымі партыямі, болей дакладна — партыйнымі лідэрамі, што цяпер ужо прэтэндавалі на важную ролю ў кампаніі. Гэта заняло яшчэ некалькі тыдняў, і за гэты час кампанія была паралізаваная ўнутраным гандлем.
|
Безумоўна, Ганчарык быў слабы і далёка не ідэальны кандыдат. Але тое самае можна было сказаць і пра ўсіх іншых з пяцёркі. Домаш быў замоцна пазіцыянаваны “справа”, Калякін — “злева”, Чыгір меў найбольшы адмоўны рэйтынг і шлейф крымінальных справаў, Казлоўскі проста не меў палітычнай базы. Моцным бокам Ганчарыка, аднак, было тое, што ён здабываў большую частку “балота” і найбольшую колькасць выбаршчыкаў пры ўмове безумоўнага адзінства сярод апазіцыі. Яго слабым бокам, аднак, было тое, што ён кіраваў цалкам здыскрэдытаванай у грамадскай свядомасці структурай — прафсаюзамі, а таксама дадавалі мінусаў даволі паважны век і адсутнасць харызмы. Настроі актывістаў у абодвух буйнейшых штабах былі такімі, што скандалы і высвятленне адносінаў мелі б месца і тады, калі б адзіным кандыдатам быў абраны Домаш. Самай галоўнай праблемай выбару адзінага кандыдата было тое, што выбару фактычна не было. Ніводны з двух мацнейшых апазіцыйных прэтэндэнтаў, нягледзячы на ўсе заявы і аргументы іх прыхільнікаў, не быў здольны кінуць Лукашэнку рэальнага выкліку.
Табліца 13
Крыніца: Новости НИСЭПИ. Вып. 2, 2001. С.51.
У гэтых умовах дзве палярныя тактыкі перадвыбарных штабоў (штаб Домаша рабіў стаўку на жорсткі дэмакратычны электарат, а штаб Ганчарыка — на балота) былі б аднолькава малапаспяховымі. Пры 10%-м жорсткім дэмакратычным электараце першая тактыка аўтаматычна ператваралася ў барацьбу за другое месца, а другая (тэарэтычна больш перспектыўная) не падмацоўвалася кандыдатам, прывабным для таго самага балота. У гэтых умовах высвятленне адносінаў паміж Домашам і Ганчарыкам адлюстроўвала не толькі барацьбу іх персанальных амбіцый, але і канфрантацыю былых “байкатыстаў” (штаб Домаша складалі актывісты БНФ, АГП і рэсурсавых цэнтраў, што дамінавалі ў кампаніі “Байкот-2000”) і “калабарантаў” (асновай каманды Ганчарыка сталі сацыял-дэмакраты Статкевіча, а таксама Грамадзянскі форум і невялікая частка сяброў АГП, што адмовіліся ад удзелу ў байкоце). Як паказалі падзеі, што разгарнуліся падчас і пасля вылучэння “адзінага”, палітычныя лідэры не здолелі пераадолець вузкагрупавых амбіцыяў на карысць адзінства і кампрамісу. Ужо пасля выбараў адзін з лідэраў БНФ, каментуючы паводзіны сваёй партыі падчас ужо супольнай кампаніі, заявіў: “Цяжка прывесці сяброў БНФ на плошчу і прымусіць іх стаяць з людзьмі пад чырвонымі ці сінімі сцягамі”. Таксама як і некаторыя лідэры сацыял-дэмакратаў адкрыта шкадавалі, што пайшлі на аб’яднанне з правымі. Усё гэта выразна нагадвае досвед і настроі сербскай апазіцыі ў 1990-х. Фактычна аб’яднанне апазіцыі было фікцыяй — адзінай прычынай яго стала пазіцыя замежных донараў, што адмовіліся фінансаваць асобныя кампаніі. Такая пазіцыя сама сабою не была благой ці добрай: гэтая ж умова была пастаўлена яшчэ ўвесну 2000 году перад сербскай апазіцыяй. Аднак купіць можна лаяльнасць, але не добрую волю.
|
Праграмы і рыторыка дэмакратычных кандыдатаўПадтрымліваючы свайго кандыдата на югаслаўскіх выбарах, ДАС прад’явіла перадвыбарную платформу, што знайшла шырокую падтрымку грамадства. Гэтая праграма сумясціла “гуртовае” шырокае бачанне будучыні Сербіі як цывілізаванай еўрапейскай дзяржавы і “раздробную” частку, якая закранала пытанні, што найбольш турбавалі насельніцтва. Кароткачасовымі мэтамі праграмы было пераадоленне міжнароднай ізаляцыі, барацьба з карупцыяй, спыненне свавольства і адмена паліцэйскага кантролю за вышэйшай адукацыяй (што было выключна важным пытаннем для моладзі). Са словаў каардынатара кампаніі Зорана Джынджыча, апазіцыя “дала грамадству ясны выбар паміж дабром і злом”, паказаўшы альтэрнатыву паміж сучаснай, дэмакратычнай і еўрапейскай Сербіяй ды міжнароднай ізаляцыяй, анархіяй, вайной, карупцыяй і злоўжываннем уладай з боку рэжыму. Доўгачасовымі мэтамі абвяшчаліся адбудова эканомікі і інтэграцыя Сербіі ў еўрапейскую супольнасць. Адначасова Джынджыч зазначыў, што “вельмі важна ссунуць акцэнт з пытанняў, якія цікавяць палітыкаў, да пытанняў, што цікавяць людзей. Важна пераканаць выбаршчыкаў, што перамога апазіцыі — гэта таксама і іх перамога”8. Апазіцыя, аднак, не скацілася да танных папулісцкіх абяцанак. Лепш за ўсё апазіцыйную праграму сфармуляваў сам Каштуніца: Я ведаю, што вы хочаце таго ж, чаго і я. Жыць у звычайнай, сярэдняй еўрапейскай краіне. Краіне, вольнай унутры, дэмакратычнай. Краіне, вольнай звонку, незалежнай. Краіне з сярэднім узроўнем жыцця. З сярэднімі стасункамі з іншымі дзяржавамі. <...> Сярэдняй эканомікай. Сярэднім узроўнем зарплат і пенсій. <...> Сярэднімі банкамі. Сярэднім выбарам тавараў у крамах. Сярэдне стабільнай нацыянальнай валютай. З сярэдняй сістэмай сацыяльнага забеспячэння. Сярэдняй сістэмай аховы здароўя. Сярэднімі сродкамі масавай інфармацыі, дзе першыя старонкі будуць запаўняць навіны культуры. У дзяржаве, дзе ўсё будзе на сярэднім, звычайным еўрапейскім узроўні9. У той жа час Каштуніца гуляў і з антызаходняй, антынатаўскай рыторыкай, але ў дадатнай, а не антаганістычнай да яго дэмакратычных поглядаў манеры: “Мы не пераможам замежнага прымусу, пакуль не пазбавімся ад прымусу ўнутранага. І гэта мы павінны зрабіць самі, без дапамогі звонку, каб не мяняць адно рабства на другое і адну ганьбу на другую”10. Праграма апазіцыйнага кандыдата ў Беларусі была пазбаўленая такога ж яснага бачання, што здарыцца, калі пераможа апазіцыя. Спрабуючы палемізаваць з афіцыйнай прапагандай, Ганчарык зрабіў у сваёй праграме акцэнт на сацыяльную стабільнасць і грамадзянскі мір. Наагул, погляды Ганчарыка з прыхільнасцю сустракаліся там, дзе ён здолеў дайсці да выбаршчыкаў. Але ж праблемай яго кампаніі была невялікая колькасць перакананых прыхільнікаў, якія б успрынялі больш жорстка артыкуляванае рэфарматарскае пасланне. Гэта прымусіла Ганчарыка і яго штаб адчайна шукаць падтрымку сярод “балота”. У выніку ягоная праграма ператварылася ў набор супярэчлівых абяцанняў, такіх, як адначасовая падтрымка эканамічных рэформаў, захавання дзяржаўных прадпрыемстваў і сацыяльнай сферы, а таксама зніжэнне падаткаў, узмацненне дзяржаўнага суверэнітэту і інтэграцыя з Расіяй. У адрозненне ад Сербіі, дзе апазіцыя ўжо мела жорсткае кола прыхільнікаў і таму Каштуніцу трэ было трохі зрушыцца да цэнтру, каб прывабіць абсалютную большасць, у Беларусі пагоня за “сярэднім” выбаршчыкам без скансалідаванага жорсткага электарату прымусіла выходзіць далёка за межы апазіцыйнага электарату, у выніку чаго праграма Ганчарыка стала амаль ідэнтычнай з лукашэнкаўскай. Выключэнне складала толькі палітычная частка, што дапамагло ўладзе паказаць апазіцыю як групоўку, якая змагаецца толькі за ўладу. Ганчарык паспрабаваў “узарваць” сітуацыю, прыцягнуўшы ўвагу да знікнення вядомых апазіцыйных палітыкаў. Але кампрамат, які ён выдаў у ліпені, фактычна не змяніў раскладу сіл. Яму паверылі жорсткія апаненты Лукашэнкі і не паверылі перакананыя прыхільнікі апошняга. У выніку “балота” галасавала пераважна за Лукашэнку ці не брала ўдзелу ў выбарах.
|
8 Цытуецца паводле: Yugoslavia: Djindjic Speaks Of Hard Lessons Learned, Yugoslavia’s Future. Tomiuc Eugen. RFE/RL report, http://www.rferl.org/ nca/features/2001/09/ 21092001110038.asp 9 http://www.snd-us.com/ Liberty/Koštunica_speech _sept20.htm 10 www.bbnet.org.yu/ bdnet/elections/eng/ 0414Koštunica.htm |
Арганізацыя кампанііКампанія апазіцыі на выбарах у Сербіі была арганізаваная як тры цесна звязаныя кампаніі. Першая была ўласна кампаніяй Каштуніцы, другая — кампаніяй па выбарах у федэральны парламент, трэцяя — кампаніяй няўрадавых арганізацый. Усе тры кампаніі былі знітаваныя адной ідэяй і скаардынаваныя міжсобку. Кампанія Каштуніцы і парламенцкая кампанія былі пазітыўнымі палітычнымі кампаніямі. Кампанія НДА мела тры мэты. Першая — мабілізацыя выбаршчыкаў, асабліва маладых, якія, як і ў Беларусі, больш схільныя ігнараваць выбарчы працэс (у той жа час папулярнасць Мілошавіча сярод гэтай часткі электарату знізілася амаль да нуля). Другая — давядзенне простага паслання, якое сфармуляваў сам Каштуніца: “Мы ўжо выйгралі выбары, і наша задача цяпер — толькі пацвердзіць гэта”. Гэта азначала мабілізацыю грамадзян для абароны вынікаў выбараў. Да грамадства даносілася думка, што перамены нарэшце сталі магчымыя і іх лёс цяпер залежыць ад палітычнай актыўнасці людзей. Трэцяя — негатыўная кампанія супраць Мілошавіча пад лозунгам “Выхад-2000”. Поспеху трох кампаній спрыяла іх каардынацыя і праца на адзіны вынік. У адрозненне ад Беларусі, дзе некаторыя НДА вялі непрыхаваную барацьбу за адны і тыя ж функцыі, сербскія няўрадавыя арганізацыі аб’ядналіся пад парасонам адной кампаніі і падзялілі паміж сабой нішы. Болей за тое, яны фактычна дапамаглі палітычнай апазіцыі запоўніць яе інтэлектуальныя і арганізацыйныя прабелы. Напрыклад, праграма ДАС была загадзя распрацаваная даследчым інстытутам G17+, які таксама ўзяў на сябе распаўсюджванне праграмы сярод выбаршчыкаў. Іншыя няўрадавыя арганізацыі (такія, як “Грамадзянскія ініцыятывы”, “Еўрапейскі рух у Сербіі” і дзесяткі іншых) рыхтавалі назіральнікаў і агітатараў. Студэнцкі рух “Адпор” (які налічваў падчас кампаніі некалькі дзесяткаў тысячаў сяброў) не толькі здолеў пераканаць грамадства ў магчымасці перамогі, але і сыграў выключную ролю ў аб’яднанні апазіцыі. Менавіта яго актывіст на мітынгу ў красавіку 2000 году, калі ДАС першы раз з’явіла сябе свету, паставіў перад апазіцыйнымі лідэрамі “пытанне рабром”: альбо вы яднаецеся, альбо мы не будзем вам дапамагаць у чарговым акце самагубства. Нарэшце, мабілізацыя грамадзян для абароны вынікаў выбараў была ў вялікай ступені заслугай акурат НДА. Зазначым адну акалічнасць, што абумовіла поспех такой арганізацыі кампаніі. Яна падзялялася на дзве часткі — электаральную (барацьбу за галасы) і мабілізацыйную (між іншага — мабілізацыю на абарону перамогі). Другая частка мела сэнс і поспех толькі таму, што першая, як гэта ні парадаксальна, была выкананая яшчэ да пачатку кампаніі! Электаральна апазіцыя выйграла тады, калі вылучыла Каштуніцу. Папярэдні гіпатэтычны расклад 43% на 28% трансфармаваўся ў прыкладна такія ж суадносіны галасоў паводле вынікаў выбараў. Калі хто і прыдбаў галасы за час перадвыбарнай кампаніі, дык толькі Мілошавіч.
Табліца 14
* Разлік пры ўмове, што электарат складае 5,8 мільёнаў чалавек, г.зн. без Косава і Чарнагорыі, дзе выбары байкатаваліся ці не праводзіліся. Крыніца: CeSID, Бялградскі Інстытут філасофіі і сацыяльных навук, уласныя падлікі.
|
Што тычыцца Беларусі, то тут можна вызначыць некалькі істотных адрозненняў ад сербскай кампаніі. Па-першае, наступствам папярэдняй палітычнай тактыкі “навяртання навернутых” было тое, што кампанія зноў фактычна праводзілася толькі ў гарадах, не закрануўшы тым самым большасці лукашэнкаўскага і нават “балотнага” электарату. Так, з шасці тысячаў валанцёраў, задзейнічаных на апошнім этапе кампаніі (а з іх звычайна працавала каля паловы), амаль дзве тысячы працавалі ў Менску. Кажучы пра арганізацыю кампаніі, трэба зазначыць, што “палітычны” прынцып аб’яднання штабоў прывёў да таго, што адзіны штаб быў паралізаваны ўнутранай барацьбой, дыскусіямі, амбіцыямі, а час ад часу і амаль непрыхаваным сабатажам. Напрыклад, вялізарная колькасць агітацыйных матэрыялаў ці то паступала ў апошні момант, ці наагул не была распаўсюджаная. Болей за тое, на выбарах не было і намёку на каардынацыю палітычнай кампаніі з кампаніяй недзяржаўных арганізацый. Апошняя, асабліва контрагітацыйная кампанія, вялася сама сабою, часам з дапамогай рыторыкі, дыяметральна супрацьлеглай той, якую несла палітычная кампанія. Некаторыя сімвалы і лозунгі, што ў ёй выкарыстоўваліся, працавалі толькі на некалькі працэнтаў жорсткага электарату і адштурхоўвалі большую частку выбаршчыкаў. Яны былі потым старанна выкарыстаныя афіцыйнай прапагандай для дыскрэдытацыі апазіцыі (выявы “Снікерса”, Рэмба з узнятым кулаком, гульца ў амерыканскі футбол, лучніка, што ўзмацняла афіцыйныя абвінавачанні ў бок апазіцыі як згуртавання экстрэмістаў і заходніх запраданцаў)11. Гаворачы шчыра, кампанія асобных НДА стала па сутнасці спосабам пасіўнага ігнаравання палітычнай кампаніі тымі, хто не пагадзіўся з вынікамі вылучэння адзінага кандыдата. Болей за тое, праз раней адзначаную ўзаемасувязь паміж партыямі і НДА, яна адцягнула большасць чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў ад палітычнай кампаніі. Здаецца, і тут “усё, як у людзей”. І ў Сербіі кампанія няўрадавых агранізацый была больш заўважная, чым палітычная. Але, як я ўжо зазначыў, палітычная частка кампаніі была выкананая загадзя: апазіцыя мела пераканаўчую перавагу задоўга да таго, як увайшла ў выбарчы марафон, — і толькі таму мабілізацыйная кампанія мела сэнс! Кампанія недзяржаўнага сектару ў Беларусі таксама вялася гэтак, быццам бы кандыдат апазіцыі ўжо стаў лідэрам, у той час як ён адчайна імкнуўся скансалідаваць хаця б базавы апазіцыйны электарат. Першаснай неабходнасцю беларускай кампаніі было стварыць грамадскую падтрымку для кандыдата і, шчыра кажучы, хаця б пазнаёміць грамадства з ім. Без гэтага контрагітацыя і мабілізацыя проста не мелі сэнсу. Яны не давалі выбаршчыку інфармацыі, за каго галасаваць і чаму галасаваць менавіта за яго. А гэта не давала адказу на пытанне той частцы выбаршчыкаў, якая ўжо расчаравалася ў Лукашэнку, але не ведала альтэрнатывы. Звычайна гэтае пытанне гучала так: “Ён благі, але хто замест яго?” Такім чынам, канфрантацыя з рэжымам мела невялікі сэнс без паспяховай канкурэнцыі з ім. І тут узаемадзеянне палітычнай супольнасці і недзяржаўных арганізацый нагадвала стары анекдот пра двух рабочых, адзін з якіх ішоў па вуліцы і адкопваў ямку, а другі адразу пасля яго закопваў яе. На пытанне, чаму першы робіць адно, а другі другое, было адказана: “Гэта не другі, гэта трэці. Другі садзіць дрэвы, але ён на працу не выйшаў”. Фактычна беларускае грамадства мабілізавалася на абарону не перамогі, а годнай паразы. І не дзіўна, што гэтая даволі бессэнсоўная мабілізацыя не мела поспеху.
|
11 Цікавая думка аднаго з сяброў сербскага “Адпору” пра агітацыйную працу “Зубра”: “Калі я пабачыў іхнія ўлёткі, дык адразу падумаў, што яны робяць памылку. Яны былі надрукаваныя ў колеры і на добрай паперы. У беднай краіне гэта непатрэбная раскоша”.
|
Абарона ад фальсіфікацый, вулічная барацьба і палацавы пераварот: логіка падзейВыбары ў аўтарытарных рэжымах маюць адну асаблівасць, якую калісьці вызначыў Сталін: “Неістотна, як галасуюць, істотна, хто лічыць галасы”. Удакладню — важна і першае, і другое. Параўнанне досведу Сербіі і Беларусі дазваляе зрабіць вывад: калі апазіцыя перамагае са значнай перавагай, яна мае шанцы абараніць перамогу. Калі не — яна атрымае столькі галасоў, колькі ёй “напішуць” улады. (А з гэтага вынікае і наступнае: перамога апазіцыі магчымая толькі ў першым туры. Разумення гэтага былі пазбаўлены ўсе апазіцыйныя штабы, уключаючы штаб Ганчарыка, на які працаваў аўтар гэтых радкоў: усімі імі планавалася стратэгія на два туры, раўназначная прызнанню паразы загадзя.) Важным і неабходным чыннікам таго, што перамога ў Сербіі была паспяхова абароненая, было здабыццё сербскай апазіцыяй значна большай колькасці галасоў, чым Мілошавіч здолеў сфальсіфікаваць. Тут адыграла ролю і прафесійна арганізаванае назіранне, і ўдзел сяброў апазіцыі ў выбарчых камісіях. Гэта дапамагло апазіцыі абвесціць свае падлікі вынікаў да таго, як гэта зрабіў рэжым. Самае галоўнае, аднак, у тым, што абвяшчэнне перамогі апазіцыі гучала як праўда і для самой апазіцыі, і для грамадства, і для рэжыму. Самі выбарчыя камісіі (а гэта некалькі дзесяткаў тысячаў чалавек) — гэта каласальны зрэз грамадства, які пэўным чынам рэпрадукуе сацыяльную атмасферу. Калі ў грамадстве пераважная большасць настроеная супраць рэжыму, то, хутчэй за ўсё, такая ж атмасфера і ў выбарчых камісіях — і наадварот. Безумоўна, на пэўным этапе імі кіруе страх. Страх, аднак, памяншаецца, калі бачная магчымасць перамогі іншага боку, болей за тое, ён можа саступаць месца іншаму страху — быць прыцягнутым новымі ўладамі да адказнасці за фальсіфікацыі. Існуе, аднак, іншы слой інсайдэраў, якіх рэжым можа выкарыстаць для выкрадання перамогі, — гэта карныя органы і, у выпадку фіксацыі вынікаў выбараў, цэнтральныя выбарчыя камісіі. Гэтыя рычагі кантралююцца “ўнутраным колам” рэжыму, і любая спроба непадпарадкавання жорстка караецца. Арганізацыя “апаратнага перавароту” ва ўмовах персаналізаванай дыктатуры максімальна абцяжараная менавіта наяўнасцю рычагоў кантролю за ўладнай вертыкаллю з боку “ўнутранага кола”. Любая “праца з наменклатурай” адсочваецца, а яе ўдзельнікі нейтралізуюцца. Пераварот у стане зарганізаваць само “ўнутранае кола”, але яно загадзя занадта шчыльна павязваецца “кругавой парукай” з лідэрам (удзел у карупцыі, нелегальным бізнэсе, палітычных рэпрэсіях і г.д.), каб мець матывацыі здаць яго (выключэннем у Сербіі быў кіраўнік аналагу беларускага КДБ, што зноў пацвярджае: праца з “наменклатурай” мае поспех, толькі калі яна закранае “ўнутранае кола”). Адзіным выйсцем у гэтай сітуацыі з’яўляецца арганізацыя масавага вулічнага ціску на ўрад, што сам па сабе немагчымы без усведамлення грамадствам сваёй перамогі і веры ў яе (зноў падкрэсліваем неабходнасць папярэдняга, выбарчага этапу для эфектыўных неінстытуцыйных дзеянняў). Прычым перамога павінна быць рэальнай, а не выдуманай у прапагандысцкіх мэтах. Сацыяльны канфармізм у аўтарытарным грамадстве фармуецца не столькі “спіраллю маўчання” (неабгрунтаванай перакананасцю ў тым, што лідэр усё роўна больш папулярны), колькі адэкватнай ацэнкай сітуацыі на падставе ўласнага жыццёвага досведу. Калі апытанні сведчаць, што, напрыклад, 10% падтрымлівае апазіцыю, а 35% — Лукашэнку, гэта азначае, што з кожных дзесяці чалавек, з якімі сярэднестатыстычны беларус паўсядзённа сутыкаецца, тры ці чатыры падтрымліваюць рэжым, адзін — апазіцыю, а пяць або шэсць ці абыякавыя да палітыкі, ці не вераць Лукашэнку, але не ведаюць, за каго галасаваць. Таму 75% тых, хто лічыць, што прэзідэнтам зноў будзе Лукашэнка, прагназуюць вынікі адэкватна. Было б дзіўна, каб пры ліку 4:1 падчас футбольнага матчу хтосьці сумняваўся ў перамозе каманды, якая вядзе ў ліку. Грамадская думка была адэкватнай і на падзенне рэйтынгу Лукашэнкі. Калі ён знізіўся за год з 46 да 27%, больш за палову апытаных адчулі гэтае паніжэнне рэйтынгу, і толькі 16% заўзятых прыхільнікаў Лукашэнкі гэтага не заўважылі. Важна падкрэсліць, што вулічныя пратэсты ў Сербіі пачаліся не з Бялграду, а з правінцыі, з тых гарадоў, дзе ў 1996 годзе перамагла апазіцыя і дзе мясцовыя ўлады здолелі перацягнуць частку адміністрацыйнага рэсурсу для арганізацыі пратэсту. Дарэчы, тое, што можна назваць “сербскай апазіцыйнай наменклатурай” (апазіцыйныя лідэры паходжаннем з дзяржапарату), аказалася надзвычай эфектыўным у справе супрацьдзеяння магчымым карным акцыям супраць дэманстрантаў. Менавіта яны здолелі правесці сакрэтныя перамовы з кіраўніцтвам “чырвоных берэтаў” (аналаг беларускага спецназу) аб неўмяшальніцтве. У сваёй масе гэта былі былыя вайскоўцы і паліцыянты. Як зацеміў адзін з іх, “не кожны ведае, як размаўляць з паліцэйскім, як пераканаць узброенага вайскоўца”12. Якраз адэкватнае разуменне рэчаіснасці, абумоўленае перавагай прыхільнікаў апазіцыі ў грамадстве, і зрабіла магчымымі масавыя акцыі пратэсту падчас падзеяў 5—6 кастрычніка 2000 году ў Бялградзе. І акурат вулічныя пратэсты прывялі да калапсу ўладнай сістэмы Мілошавіча. “Палацавы пераварот” быў толькі апошняй, а не першай яго стадыяй. Галоўныя апоры ўлады — унутраныя войскі, паліцыя і паравайсковыя фармаванні кшталту САХРу ды “службы бяспекі прэзідэнта” (усім ім быў дадзены загад страляць) — здаліся перад абліччам колькаснай перавагі дэманстрантаў (дарэчы, паводле некаторых звестак, за Мілошавіча галасавалі толькі 18% паліцэйскіх — удвая менш, чым у сярэднім па грамадстве). Вось як гэта растлумачыў былы загадчык службы дзяржаўнай бяспекі Сербіі Радамір Маркавіч: “Пасля выбараў усведамленне таго, што Каштуніца перамог, засела ў галовах паліцэйскіх. <...> Ці набраў ён 49, ці 50 адсоткаў, для іх гэта не мела значэння. Для іх важна было тое, што Каштуніца набраў нашмат болей галасоў, чым Мілошавіч. “Каштуніца безумоўна перамог, — сказаў мне адзін афіцэр, — я сам за яго галасаваў!” <...> Паліцэйскіх бянтэжыла адно пытанне — ці варта ім было абараняць гэты адсотак ці адну дзесятую адсотка на карысць Мілошавіча”13. Карныя структуры, такім чынам, былі ў асноўным дэзарганізаваныя знізу. Акрамя службы дзяржаўнай бяспекі, кіраўнік якой вёў перамовы з апазіцыяй ужо з красавіка, другой структурай, дзе сабатаж Мілошавіча пачаўся з галавы, была армія. Яе статус быў прыніжаны на карысць іншых элементаў паліцэйскай дзяржавы (паліцыі і паравайсковых фармаванняў), якая не была асабліва зацікаўленая ў яе існаванні. (Як распавёў пасля падзеяў 5 кастрычніка былы шэф генеральнага штабу Югаслаўскай арміі Перышыч, ён яшчэ ў канцы 1990-х падумваў пра пераварот, але адмовіўся ад гэтай ідэі, бо не быў упэўнены, што атрымае пасля яго ўнутраную і міжнародную падтрымку.) У астатнім спрацаваў прынцып “той, хто атрымлівае ўладу на вуліцах, губляе яе таксама на вуліцах”.
|
12 Bujosevic Dragan, Radovanovic Ivan. Op. cit. P.57.
13 Тамсама. |
Калі параўнаць фальсіфікацыю вынікаў выбараў у дзвюх краінах, можна зрабіць цікавы вывад: у адрозненне ад Беларусі, фальсіфікацыі ў Сербіі былі мінімальнымі. У той жа час, у адрозненне ад Сербіі, фальсіфікацыі прынцыпова не мянялі выніку выбараў у Беларусі. Менавіта гэты факт, таксама як і безумоўная ўпэўненасць і саміх сяброў выбарчых камісій, і назіральнікаў, і публікі ў канчатковым выніку выбараў зрабілі супраціў фальсіфікацыі немагчымым. Урэшце, абарона “розніцы ў галасах” не мела вялікага сэнсу: яна не мяняла канчатковага выніку выбараў, але пэўна выклікала б рэпрэсіі з боку пераможцы. Болей за тое, да абароны вынікаў не была падрыхтавана і сама апазіцыя. Варта прыгадаць успаміны аднаго з кіраўнікоў Сербскага цэнтру за свабодныя выбары і дэмакратыю Зорана Лучыча, які быў назіральнікам на выбарах 9 верасня. Я быў назіральнікам на ўчастку №1 у Ленінскім раёне Менску. Пасля таго як галасаванне скончылася, а галасы яшчэ не былі падлічаныя, я паспеў разгледзець, як разбіраюць купу бюлетэняў, і быў уражаны, што тут, у цэнтры Менску, вельмі шмат людзей галасавала за Лукашэнку. Паводле маіх назіранняў, Ганчарык усё ж выйграваў на гэтым участку, але толькі з вынікам прыкладна чатыры галасы супраць трох. І калі перавага тут, у сталіцы, толькі чатыры на тры, безумоўна, ва ўсёй краіне Лукашэнка пераканаўча перамагае. Гэта я ведаю з свайго сербскага досведу. Да мяне падышоў мясцовы незалежны назіральнік. Ён спытаўся ў мяне, ці бачыў я, як падтасоўваліся вынікі. Я адказаў, што так, бачыў. “Што мне рабіць?” — “Калі б гэта здарылася ў маей краіне, я проста адчыніў бы вокны і паклікаў бы людзей з вуліцы на дапамогу”. Што перашкаджала гэтаму назіральніку зрабіць менавіта так? Магчыма, уласны страх. Магчыма, ілюзія, што “заграніца нам дапаможа”, якая доўга культывавалася ў шэрагах апазіцыі. Магчыма, усведамленне таго, што яго заклік не будзе пачуты, і таго, што гэтая кампанія была прайграная яшчэ да яе пачатку. У адрозненне ад Сербіі, дзе апазіцыяй была вытрыманая паслядоўнасць “выбары — вулічныя пратэсты — палацавы пераварот”, у Беларусі апазіцыйная стратэгія канцэнтравалася толькі на апошніх двух этапах, прычым акцэнт рабіўся на трэцім. Усе базавыя элементы кампаніі — і выбар кандыдата, і падрыхтоўка да выбараў, і пераадоленне адміністрацыйнага рэсурсу — былі ўскладзеныя апазіцыяй на былую партыйна-гаспадарчую наменклатуру, якая, на яе думку, была здольная выкарыстаць свае старыя сувязі ў дзяржапараце для нейтралізацыі дзеянняў лукашэнкаўскай вертыкалі і карных органаў. Заўважым, што ініцыятыва выкарыстання наменклатуры зыходзіла менавіта ад апазіцыі: менавіта КРДС у снежні 2001 году прапанавала, паводле рэкамендацыі сваіх “мазгавых цэнтраў”, апаратную тройку “Домаш—Чыгір—Ганчарык” у якасці сваіх кандыдатаў. Таму з паслявыбарнымі заўвагамі аднаго з лідэраў БНФ, што “наменклатура нясе адказнасць за правал кампаніі. Мы таксама нясём адказнасць за тое, што паставілі на наменклатуру. Яны казалі нам, што змогуць забяспечыць сапраўдны кантроль над выбарамі і падтрымку Расіі. Яны нам сказалі, наша справа — мабілізаваць масы. І мы гэта зрабілі”14, можна згадзіцца толькі ў плане “размеркавання адказнасці”. Але ж, папраўдзе кажучы, менавіта апазіцыйныя СМІ і апазіцыйныя лідэры за паўгоду-год да выбараў рэкламавалі грамадству (да таго ж, далёка не змабілізаванаму) перавагі “наменклатурнага сцэнару”. Фактычна, яго ажыццяўленне прывяло да электаральных страт і нічога не дало ў плане нейтралізацыі адміністрацыйнага рэсурсу. У электаральным плане гэты сцэнар сутыкаўся са старанна культываваным рэжымам на працягу апошніх год стэрэатыпам аб дзяржаўным апараце як асяроддзі карумпаваных жулікаў. Гэта толькі ўзмацніла лукашэнкаўскую контрагітацыю супраць апазіцыі, якую ён паказваў як кучку былых апаратчыкаў, што цяпер прагнуць рэваншу. Што да нейтралізацыі адміністрацыйнага рэсурсу, то было б дзіўна, калі б цяперашнія апаратчыкі, значная частка якіх прыйшлі ва ўладу з ніжніх эшалонаў наменклатуры, добраахвотна вярнулі б на свае пасады былых апаратчыкаў. Наменклатура кіравала перадвыбарнай кампаніяй прыкладна так, як перадвыбарны штаб Кебіча падчас выбараў 1994 году. “Наменклатурны сцэнар” быў абраны хутчэй таму, што ацэнка лідэрамі апазіцыі шанцаў на ўласны поспех насамрэч была невысокай, а паколькі сярод іх не знайшлося нікога, хто б адважыўся “падставіцца”, на гэтую ролю быў запрошаны “ахвярны казёл”.
|
14 Отдельные мухи на политической кухне // Белорусская деловая газета. 2001. 30 октября.
|
Заходняя дапамога апазіцыйным кампаніямНарэшце, ці паўплывалі на паразу дэмакратычных сілаў у Беларусі дзеянні заходняй супольнасці? Безумоўна, у беларускім выпадку прэсінг з боку пэўных сіл у справе вылучэння адзінага кандыдата справакаваў канфлікты ў стане апазіцыі, але, як здавалася, заходняя супольнасць дзейнічала паводле ўжо апрабаванага югаслаўскага сцэнару! Каб зразумець прычыны поспеху заходняй дапамогі дэмакратычным сілам у Сербіі, варта прыгадаць тыя чыннікі, што акрэсліў адзін з актыўных назіральнікаў тамтэйшага выбарчага працэсу: Дапамога была вялікай. Толькі Злучанымі Штатамі ў кампанію было ўкладзена каля 40 мільёнаў даляраў. Заходнееўрапейскія фундатары выдаткавалі прыкладна такую ж суму. Падтрымка дэмакратыі доўжылася цягам некалькіх год. Падтрымка была дэцэнтралізаваная і распаўсюджвалася на ўсю краіну. Падтрымка ішла скаардынавана ад розных агенцыяў, што працавалі на адзін сцэнар. Болей за тое, фінансавая падтрымка і дыпламатычныя высілкі таксама каардынаваліся. Але самае галоўнае, фінансавая падтрымка “ўзмацняла тыя аспекты палітычнага жыцця ў Югаславіі, што ўжо там існавалі”15. Сам сабою “югаслаўскі сцэнар” быў раней рэалізаваны ў меней аўтарытарных умовах (напрыклад, у Славаччыне) і абапіраўся на тыя грамадскія арганізацыі, што ўзніклі раней і ўжо паспелі зрабіць моцны ўплыў на палітычнае жыццё Сербіі (асновамі сербскага апазіцыйнага руху былі “G17+” і “Адпор”). У Сербіі заходняя дапамога стала паступаць надзвычай позна: фінансаванне ўсіх кампаній пачалося толькі за месяц да выбараў. Аднак сербскія недзяржаўныя арганізацыі здолелі распачаць працу задоўга да пачатку фінансавай падтрымкі, што сведчыць аб адным: кампанія-2000 была для іх у першую чаргу справай жыцця і смерці, і толькі ў другую — сродкам зарабіць грошы. Сама палітычная апазіцыя зрабіла ўсё, каб не акцэнтаваць увагі на заходняй падтрымцы. Каштуніца, напрыклад, выступіў супраць стварэння каардынацыйнага цэнтру фундатараў у Будапешце падчас выбараў. У адрозненне ад некаторых беларускіх апазіцыйных лідэраў, якія падавалі як сваё дасягненне той факт, што “хамут санкцыяў будзе накінуты на рэжым”, высілкі сербскай апазіцыі былі накіраваныя на палягчэнне наступстваў эканамічных і вайсковых акцыяў для насельніцтва. (Прыгадаем хаця б праграмы дапамогі “Энергія для дэмакратыі” і “Асфальт для дэмакратыі”, рэалізаваныя сеткаю “G17+” у раёнах, дзе да ўлады ў 1997 годзе прыйшла апазіцыя.) Вядомая фраза Каштуніцы “Нам не патрэбна дапамога ні Вашынгтону, ні Масквы” таксама гучала дысанансам у параўнанні з беларускай апазіцыйнай рыторыкай. І справа тут у стратэгіі самавызначэння апазіцыйных сілаў: ці яны вызначаюць сябе як адказная палітычная сіла, што дзеліць уласны лёс з лёсам свайго народу, ці афармляюцца ў дысідэнцкае кола і кліентуру замежных акцёраў. У адрозненне ад Сербіі, заходняя дапамога ў Беларусі не была ні вялікай, ні скаардынаванай (да таго ж заўважалася канкурэнцыя паміж Злучанымі Штатамі і місіяй АБСЕ ды іх імкненне падтрымліваць сваіх “любімчыкаў”). Яна пераважна падмацоўвала адпаведныя ўнутраныя высілкі дзеля кланавання югаслаўскага досведу. Кампанію-2001 падтрымлівалі як спробу скапіяваць паспяховы досвед ДАС, але дапамога прыйшла толькі для пэўных аспектаў беларускага апазіцыйнага палітычнага жыцця. На жаль, гэта не прывяло да палітычнай перамогі.
|
15 Carothers Thomas. Ousting Foreign Strongman: Lessons from Serbia // CIPE Policy Brief. Vol.1. No.5. May 2001. |
ВысновыСербскi i беларускi досвед могуць пацвердзiць вядомую аксіёму, якую ў свой час вывеў Сэмюэл Гантынгтан: “Аўтарытарныя рэжымы паўстаюць, калi сiлы дыктатуры аказваюцца мацнейшымі за сiлы дэмакратыi. Аўтарытарныя рэжымы падаюць, калi сiлы дэмакратыi аказваюцца мацнейшымі за сiлы дыктатуры”. Аўтарытарызм у поставецкую эпоху — гэта свайго роду кампрамiс памiж таталiтарызмам i дэмакратыяй, сiтуацыя раўнавагi, у якой механiзмы таталiтарнага панавання ўжо нельга адрадзiць, а дэмакратычныя iнстытуты яшчэ не здолелi ўсталявацца. Посткамунiстычны аўтарытарызм у той форме, у якой ён iснаваў у Сербii i існуе ў Беларусi, — даволi трывалая канструкцыя, што сумяшчае ў сабе элементы, наяўнасць якiх можа назiрацца i ў дэмакратычных сiстэмах (такiя, як пэўная ступень дэмакратычнай легiтымнасцi гэтых рэжымаў), з найбольш жорсткiмi механiзмамi падтрымання дыктатарскага панавання, што iснуюць у найбольш зачыненых для палiтычных зменаў аўтакратыях. Ён будуецца як на “структурных” падмурках (палiтычная культура грамадства ды iнстытуцыйная сiстэма, што спрыяе знiшчэнню альтэрнатываў), так i на пэўных стратэгiях асноўных палiтычных актораў, што спрыяюць яго мацаванню (у гэтай сувязi варта нагадаць і самагубчую тактыку дэмакратычнай апазiцыi, i нізкавокасць замежных акцёраў, якiя, iмкнучыся дапамагчы дэмакратыi, на самай справе нярэдка спрыялi мацаванню дыктатур). Можа, Беларусь застаецца ў аўтарытарным стане проста таму, што яна яшчэ “не дарасла” да дэмакратыі? З гэтым можна было б пагадзіцца, калі б сербскі досвед не засведчыў, што ўва ўмовах, калі апазіцыя не здольная стварыць эфектыўную палітычную альтэрнатыву дыктатуры, аўтарытарызм здольны выжываць вельмі доўгі час — нават тады, калі зрухі ў грамадскай свядомасці вымываюць у яго з-пад ног сацыяльную базу, падчас эканамічных крызісаў і сапраўдных эканамічных катастроф, пры нашмат больш, чым у сучаснай Беларусі, ліберальным палітычным клімаце. Амаль паўдзесяцiгоддзя тры з чатырох падмуркаў рэжыму Мiлошавiча — масавая падтрымка грамадства, адмiнiстрацыйны рэсурс улады i спрыяльнае спалучэнне мiжнародных фактараў — знаходзiлiся ў стане, якi правакаваў яго крызiс. I толькi апошнi падмурак — адсутнасць эфектыўнай апазiцыi — дазволiў яму пратрымацца яшчэ некалькi год. Гэта варта памятаць усiм, хто тлумачыць стабільнасць лукашэнкаўскага рэжыму толькi расiйскім фактарам цi панаваннем рэпрэсiўнага апарату. Безумоўна, бег часу ды натуральныя працэсы сацыяльнай эвалюцыi i навучання падточваюць падмурак аўтарытарызму. Такая эвалюцыя — неабходны, але абсалютна не дастатковы чыннiк дэмакратычнай трансфармацыi ў будучыні. Дэмакратыю наўрад цi можна прыспешыць, але яе лёгка можна адкласцi на няпэўны перыяд, калі яе пратаганісты не зацікаўленыя ў тым, каб пэўныя палітычныя тэндэнцыі ў краіне выклікалі лагічныя палітычныя наступствы. На наш погляд, існуе вялікая імавернасць штучнага замаруджвання працэсаў дэмакратызацыі ў Беларусі акурат з прычыны дэфіцыту прапанавання, а не попыту. Да гэтай высновы падводзіць той факт, што за два гады, якія прайшлі з моманту пераабрання Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта, імкліва (прыкладна ў паўтара разу) скарацілася сацыяльная база паноўнага рэжыму, працягвалася эвалюцыя масавай свядомасці ў бок усё большага прыняцця дэмакратычных і заходніх вартасцяў. Таксама акрэсліўся крызіс у беларуска-расійскіх дачыненнях, што прывяло да сітуацыі, калі колішні галоўны замежны спонсар беларускай аўтакратыі можа ператварыцца ў адзін з галоўных фактараў яе дэстабілізацыі. У той жа час не пахіснуўся кантроль рэжыму за адміністрацыйнымі і карнымі рэсурсамі свайго апарату. І самае галоўнае — нельга не заўважыць відавочнага крызісу апазіцыі, які складаецца з дэмабілізацыі і дэмаралізацыі яе чалавечых рэсурсаў ды разгубленасці, адсутнасці стратэгічнага мыслення і страты палітычных арыенціраў яе элітай. Пры такім раскладзе першы магчымы сцэнар развіцця падзеяў у Беларусі — гэта захаванне сітуацыі, якую я вызначаю як “перадумовы без дэмакратыі”. Ён прадугледжвае развіццё падзеяў, пры якім далейшая сацыяльная эвалюцыя, паступовыя змены ў эканамічнай сістэме, ладзе жыцця грамадства будуць весці да стварэння ўсё больш глыбокіх перадумоваў для развіцця краіны ў дэмакратычным кірунку. Аднак пры гэтым існы палітычны баланс сілаў будзе захоўвацца на карысць паноўнага рэжыму дзякуючы ўсё тым жа чыннікам (слабасць і “несістэмнасць” апазіцыі плюс эфектыўнае вынішчэнне паноўным рэжымам палітычных альтэрнатываў). Такое становішча здольнае справакаваць маштабныя сацыяльныя канфлікты ў тым выпадку, калі “квазідэмакратычная легітымнасць” цяперашняга рэжыму будзе цалкам (ці амаль цалкам) страчаная і ён пяройдзе да выкарыстання выключна султанісцкіх метадаў самазахавання. Магчымасцяў негвалтоўнага выхаду з аўтарытарызму пры такім сцэнары амаль не застанецца. З іншага боку, лукашэнкаўскі рэжым можа пазбегнуць такога сцэнару, калі ў будучым праявіць здольнасць да пэўнай саматрансфармацыі. Для гэтага патрабуецца адначасова працягнуць паўнамоцтвы дзейнага прэзідэнта і ажыццявіць частковую канстытуцыйную рэформу, якая перавядзе Беларусь з “гегеманічнага” аўтарытарызму да аўтарытарызму канкурэнтнага (напрыклад, праз пашырэнне паўнамоцтваў парламенту і мясцовых уладаў). Але такі сцэнар, дарма што ён здольны ўзмацніць стабільнасць паноўнага рэжыму і легітымнасць прэтэнзій Лукашэнкі да ўлады, урэшце здольны прывесці да фармавання мацнейшай і больш структураванай апазіцыі, што пакідае мала шанцаў на тое, што ён калі-небудзь зматэрыялізуецца. Другі варыянт развіцця падзеяў — гэта трансфармацыя існага рэжыму пад уздзеяннем вонкавых фактараў, у першую чаргу расійскага. Наўрад ці гэты сцэнар набудзе рысы югаслаўскага, паколькі стварэнне ў Беларусі ўнутранай апазіцыі, якая б кантралявалася з Расіі, малаімаверна. Аднак магчыма такое развіццё падзеяў, пры якім ціск звонку (у першую чаргу эканамічнымі сродкамі) згальванізуе крызісныя працэсы ўнутры рэжыму ці не дазволіць яму ажыццявіць дзеянні для працягу свайго існавання, напрыклад, праз рэферэндум. Гэты сцэнар можа выліцца ў захоп улады існай наменклатурай, і максімум, да чаго ён прывядзе, — гэта трансфармацыя персаналісцкай дыктатуры ў канкурэнтную аўтакратыю на расійскі ці ўкраінскі ўзор. На жаль, найменш імаверным сёння ўяўляецца сцэнар прарыву, пры якім апазіцыя здолее не толькі супрацьпаставіць лукашэнкаўскаму рэжыму эфектыўную дэмакратычную альтэрнатыву, але і рэалізаваць яе ў сістэмнай ці пазасістэмнай палітыцы, гэта значыць забяспечыць пераход да дэмакратыі ці праз выбары, ці праз масавую кампанію грамадскага непадпарадкавання. Каб зрабіць гэты сцэнар больш імаверным, беларуская апазіцыя і апазіцыйная грамадзянская супольнасць мусяць за кароткі час вырашыць як мінімум тры задачы. Першая — гэта ператварэнне ўжо складзенай грамадскай дэмакратычнай большасці ва ўласны электарат, што перадугледжвае прафесійны ўдзел у сістэмнай палітыцы. Другая — гэта мацаванне ў грамадстве “пачуцця адзінага лёсу”, што стварае аснову для нацыянальнага самавызначэння. Важна знівеляваць і зменшыць разбуральную для сябе сілу тых культурных падзелаў, што стваралі на працягу дзесяцігоддзя сацыяльную базу аўтарытарызму. Нарэшце, трэцяе: апазіцыя мусіць быць здольнай да стварэння пазітыўнага іміджу сваёй палітычнай дзейнасці і мэтаў у вачах існых у Беларусі элітаў, чыё асяроддзе не абмяжоўваецца “паралельным грамадствам”. Любы іншы варыянт трансфармацыі, пры якім дэмакратычныя сілы не будуць кантраляваць яе працэс, хутчэй за ўсё, прывядзе да ўсталявання новай аўтарытарнай сістэмы, хоць, магчыма, і мякчэйшай за лукашэнкаўскую. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 6 (29) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Майстраваньне [mk] |