| |
Андрэй Александровіч
Дзьвіна
(урыўкі)
1
Добры дзень, зялёныя загоны-дываны, я прыйшоў паслухаць з вамі гутарку Дзьвіны.
Сакалінай пераліўнай прывітала песьняй даль, плынь бурлівых, цёмна-сініх векапомных хваль.
Залаціцца-весяліцца звонкаструнная вясна, добры дзень вам, палачане, добры дзень, Дзьвіна!
2
Шустры ветрык жартаўліва у кустох зашалясьціць. Гоман хваль Дзьвіны бурлівай чую першы раз ў жыцьці.
Мілагучныя вясьнянкі ў сэрцы туляцца ў мяне. Ля ўзьбярэжжа палачанкі песьняй шлюць паклон вясьне.
Радасьць - іскрамі шугае, ў полі кветкамі гарыць. Хвалі звонкія змываюць бераг замкавай гары.
Плыньню плаўнаю, свабоднай ціха коцяцца чаўны. Прывітаў я песьняй роднай бацькаўшчыну Скарыны!
5
Вечарам, ясна-вясеньнім, люблю рассыпаць летуценьні. Хочацца ціха, пакорна прытуліцца да ночанькі зорнай, забыцца аб дзённай завеі хвілінкай маленькай аднэю.
Хочацца думкамі ўзьвіцца над вольнаю, роднай зямліцай!
Люблю прытуліць летуценьні, Але… цені, праклятыя цені, - Беларусі спраўляюць хаўтуры сваёй гвалтоўнай «культурай». Беларусь не па сэрцу, скрыгочуць, засланілі бы, гады, ёй вочы?
О, цені, прыблудныя цені - носіць імглістая цемень, Як вецер лістоту разьвеяў, параскідвала вас Расея, баярская маці - Расея, сканаўшы ў сьвінцовай завеі. …Ўзышла, зацьвіла, залаціцца - маладой Беларусі зарніца. Але… цені, прыблудныя цені - носіць імглістая цемень.
7
Неяк думкі ўзьвіваюцца варожа, глянь адно - за царквою царква. Гэтым скарбам падужацца зможа зь перамогаю толькі Масква.
Пасінеўшы стаяць камяніцы, а калісь пад звон… шпор - кадэты хадзілі маліцца ў праславуты Сафійскі сабор.
І многа, ой, многа было іх: аплялі, як на пасецы мох. Але ўсё-ткі народ наш устояў, захаваўшы хоць мову ў грудзёх!
Сёньня новымі ўзорамі звычаі сталі наша жыцьцё аздабляць. А чынушы «былога величия» Хоць за… ногі гатовы кусаць.
8
На вуліцах сьціхне ўвечары гоман, «былое величие» ў пролазах цьмы песьню заводзіць пад хрып грамафона: «Бывали дни, гуляли мы»…
Зьбяруцца суседзі - зблізку, здалёку - паслухаць «восточный страстный
романс»… Вып'юць па чарцы вішнёўкі салодкай, пульку сыграюць адну ў прэфэранс.
Вістуюць усе. Азарт забірае… Бяз козыра… ў цёмную… Бубні-звон… Жанкі «падкіднога» сабе пакідаюць, хрыпіць пацяшаючы іх грамафон.
Анэкдот? - бясспрэчна. Жарт?
- Безумоўна. Сьмех - гэта радасьць пары залатой. …На вока папаўся «Беларускі Слоўнік» - застыла вясёласьць, зьмяніўся настрой…
9
Скубуць намі ўзьнятае роднае слова, расьцьвіўшае пышна, як сонца, як дзень!.. Слову служылі - грудзі аховай, ня вытруціць вольна ўздыхнуўшых грудзей!
О пакаленьне, «пшаніца Хрыстова», было узьнялося, як вецер з-за гор, стрыножыць імкнуліся роднае слова, што вызваліў Наш Сямнаццаты Год.
Ніколі ня сьцяць ім жыцьця маладога, не замяніць нашых сонечных дзён. Няхай бы гулялі сабе ў «падкіднога» І соладка слухалі б свой грамафон.
О спадчына лютая! Хто бы забраў бы? Жыцьцё не да смаку бяз розных прыкрас. З пасагам аддалі б з прыбыткам, запраўды - адно каб ня стала іх толькі у нас.
Полацак, 1926
←вярнуцца ў Анталёгію
|