І
Галоўным ініцыятарам паэтычнай Палаччыяны зьяўляецца Вацлаў Ластоўскі. Менавіта ён вылучыў гістарычныя паданьні пра Полацак з працаў расейскіх гісторыкаў (Тацішчава, Карамзіна, Салаўёва, Ключэўскага etc.) ды паклаў іх у падмурак уласнай канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці. Ня ўсе беларускія адраджэнцы пачатку ХХ стагодзьдзя падзялялі захапленьне Ластоўскага полацкімі мітамі. Напрыклад, у працах Антона Луцкевіча Полацак амаль ня згадваецца. У артыкуле «На дарозе да новага жыцьця» ён піша: «Беларуская нацыя злажылася болей-меней у пачатку нашага тысячалецьця. Яе стварылі, зьліўшыся ў вадно, колькі дужа блізкіх між сабой славянскіх плямёнаў - крывічы, радзімічы, дрыгавічы і др., каторыя належылі да групы заходнярускіх плямён». І гэта ўсё. Росквітам беларускага краю А. Луцкевіч называў эпоху Вялікага Княства Літоўскага. Ластоўскі ж лічыў «залатым векам» Беларусі і часы існаваньня незалежнага Полацкага княства. Старажытныя крыўскія легенды ён шматкроць пераказвае: і ў дзіцячых чытанках, і ў артыкулах для «Нашай Нівы», і ў кнігах з гісторыі Бацькаўшчыны. Нягледзячы на яго стараньні, тагачасныя беларускія паэты вершаў пра Полацак амаль не пісалі. Полацкія міты ў «дабээсэсэраўскі» пэрыяд яшчэ ня сталіся агульнанацыянальнымі, а прызнаць тагачасны Полацак за «сэрца Беларусі» (Ластоўскі) было складана. Вось як сам Власт апісвае свой прыезд у Полацак у 1910 годзе: «Далей ідзе горад, - усё драўляныя ліхія дамочкі з пачарнеўшымі стрэхамі, з пакрыўленымі ваконцамі; увесь ён зьліваецца ў нейкі шэры, гнойны колер, як бы дагніваючага трупа; кругом вее цішай сьмерцю, толькі дзе-нідзе блісьне купал царквы, манастыра, як абрыўкі злоталітага саматкана ў разрытым кургане…». Гэтая карціна зусім не падобна ані да Вільні, ані да Кіева, ані да Ноўгараду, тым больш да Масквы, Пецярбургу, Варшавы, Кракава. Каб прызнаць Полацак за «сэрца Беларусі», трэба было ў яго паверыць. Трэба было пачаць зь міту, з вобразу, які мусілі стварыць паэты.
Вацлаў Ластоўскі. Песьня аб князю Ўсяславу.
Янка Купала. Зь мінулых дзён. Гарыслава
Максім Багдановіч. Безнадзейнасьць.
ІІ
За савецкім часам першымі пачалі паэтызаваць полацкія міты, як ні дзіўна, маладнякоўцы. Асаблівая заслуга тут належыць Алесю Дудару. Маючы дваццаць гадоў, ён зьявіўся ў Полацку ў 1925 годзе, каб разгарнуць на поўначы Беларусі нацыянальны й літаратурны рух. У 1924-м Полаччына і шэраг іншых раёнаў Віцебскай вобласьці былі далучаныя да БССР; у рэгіёне катастрафічна не хапала нацыянальных кадраў, таму маладнякоўцаў накіроўвалі сюды праводзіць беларусізацыю. У тагачасным Полацку Дудар доўгі час ня мог заснаваць маладнякоўскай філіі, бо «спаткаўся з фактам поўнай адсутнасьці літаратурных сіл на Полаччыне». Трэба ўдакладніць - беларускамоўных сіл. Толькі пасьля крытыкі з боку кіраўніцтва «Маладняку» Дудар здолеў прывесьці ў літсябрыну студэнтаў і вучняў, якія мелі цікавасьць да літаратуры, з надзеяй, што ў будучыні зь іх атрымаюцца «добрыя беларускія работнікі». З усяго першага складу полацкай філіі, якую ўтварылі сем чалавек, толькі сам Дудар «меў дачыненьне да літаратуры». Дзеля такой сытуацыі Полацак амаль да канца 20-х гадоў знаходзіўся пад шэфскім «кантролем» маладнякоўцаў. Менавіта яны спрычыніліся да таго, што расейскамоўная мясцовая газэта «Полоцкий пахарь» ператварылася ў беларускамоўную «Чырвоную Полаччыну». Пэўны час маладнякоўцы выдавалі яе ўласнымі сіламі. Сьледам за Дударом у старажытную крыўскую сталіцу для выяўленьня літаратурных сілаў прыяжджалі Андрэй Александровіч, Алесь Звонак, Валеры Маракоў і іншыя. Усе яны сталіся першымі савецкімі «мулярамі» паэтычнай Палаччыяны. У 20-я гады расейскамоўны Полацак патроху беларусізаваўся: зь вёсак і мястэчак у горад ехала моладзь. Полацкім маладнякоўцам, якія паходзілі з навакольных мясьцінаў - Вушаччыны, Дрысеншчыны, Расоншчыны, прасьцей было паверыць у Полацак-«сэрца Беларусі». Для іх гэта быў вялікі незвычайны горад, які зачароўваў сваімі вуліцамі і гарадзкім жыцьцём. Вось як апісвае свае першыя ўражаньні ад тагачаснага Полацку маладняковец Тарас Хадкевіч: «Полацак - стары, але невялікі па тым часе горад - здаўся мне казачным. Брукаваныя вуліцы, каменныя дамы, гмахі колішняга кадэцкага корпусу, высока ўзьнятыя купалы і шпілі, што трапляліся мне на вочы, - выглядалі інакшымі, чым у нас у вёсцы - нібыта яны былі зусім зь іншага сьвету. Потым у жыцьці я бачыў шмат гарадоў - большых і прыгажэйшых за Полацак, - але такога ўражаньня яны не пакідалі». Менавіта студэнты, найперш Полацкага пэдтэхнікуму, сталіся галоўным людзкім рэсурсам для маладнякоўцаў (рабіліся чытачамі і пачаткоўцамі-літаратарамі). У выніку, літаральна праз год існаваньня, полацкая філія ператварылася ў адну з самых актыўных рэгіянальных структураў «Маладняку». Ужо ў 1926 годзе выходзіць першы полацкі літаратурны альманах «Наддзьвіньне» (усяго выйшла тры альманахі). Полацкія маладнякоўцы надзіва паважна пісалі пра Эўфрасіньню Полацкую, якую неўзабаве ў беларускім друку пачалі называць не інакш як «цемрашалкаю», і выказвалі ў вершах антырасейскія настроі. Вось некалькі прыкладаў:
Ворагі злосныя, хцівыя ворагі -
Царскай Расеі чыноўнічы люд
Ўсё асьмяялі, што родна і дорага,
З роднай зрабілі чужую зямлю.
(Алесь Звонак)
Як вецер лістоту разьвеяў,
параскідвала вас Расея,
баярская маці - Расея,
сканаўшы ў сьвінцовай завеі.
(Андрэй Александровіч)
Алесь Звонак ува ўспамінах згадваў, што працэс беларусізацыі ў Полацку «выклікаў даволі актыўнае пярэчаньне старой часткі царскай чыноўнай інтэлігенцыі». Водгульле тых даўніх спрэчак чутнае ў вершах маладых паэтаў. Навасьпечаныя полацкія міты выкарыстоўваліся маладнякоўцамі ў якасьці аргумэнту ў гарачых дыскусіях. У лістападзе 1926-га Валеры Маракоў і Алесь Звонак у лісьце з Полацку, накіраваным у ЦК «Маладняку», пішуць: «Жывём у адной хаце калектывам цэлым, цэлым «стойлам Пэгаса», сьпяваем песьні і пасылаем усіх русацяпаў к… Рыхтуемся да вечара, рыхтуем літ. дадатак да газэты і г. д. Пішам вершы». У тым ліку і пра Полацак.
У перавыданьнях сваіх твораў тыя маладнякоўцы, хто ацалеў пасьля «зачысткі» 30-х, антырасейскія радкі паздымалі. Напрыклад, у вершы Алеся Звонака «Полаччыне» (у новай рэдакцыі верш атрымаў назву «Полацк») замест вышэйпададзеных радкоў «Ворагі злосныя, хцівыя ворагі…» зьявілася:
Сьцежкай лясной падкрадаліся ворагі -
Край бараніць уздымаўся твой люд:
Рыцараў зграі заплочвалі дорага,
Не паланіўшы чужую зямлю…
Пасьля вяртаньня з ГУЛАГу цалкам перапісаў сваю паэму (ці нізку вершаў - паэт не пазначыў жанру твору) «Дзьвіна» Андрэй Александровіч, пакінуўшы дату напісаньня «1926». Крытыка разбуральных дзеяньняў царскай Расеі ў справе русіфікацыі беларускіх земляў ужо выглядала крамолай. Нацпытаньня пажадана было ўвогуле не чапаць.
Цікава, але паэты з «Узвышша» практычна не пісалі вершаў пра Полацак. Ува ўсякім разе такіх вершаў ані ў Дубоўкі, ані ў Пушчы я не знайшоў.
Беларусізацыя хутка была згорнутая. У 30-х гадох вершаў пра Полацак беларускія паэты амаль ня пішуць. Сёй-той ствараў «у стол», напрыклад Язэп Драздовіч - ягоная паэма «Трызны мінуўшчыны» была ўпершыню надрукаваная толькі ў 1993-м у віцебскай газэце «Выбар», праз 57 гадоў пасьля напісаньня. Гэты твор практычна невядомы аматарам айчыннага прыгожага пісьменства.
Зьмітрок Бядуля. Паходні.
Алесь Дудар. Скарына.«Цені блудзяць па твары...»Полацак
Алесь Звонак. Полаччыне.
Цень Эўфрасіньні
Андрэй Александровіч. Дзьвіна.
Ганна Брэская. Францішку Скарыну.
Рыгор Хвойка. Над Дзьвіной.
Язэп Драздовіч. Трызны мінуўшчыны.
ІІІАдразу па другой сусьветнай вайне полацкая тэма зноў вяртаецца ў вершы. Спачатку асьцярожна (Скарыну, напрыклад, называюць Георгіем), затым з кожным годам усё сьмялей і сьмялей. Лік «полацкіх» вершаў пайшоў на сотні, а мо і на тысячы. Некаторыя паэты стварылі цэлыя вершаваныя нізкі пра старажытную крыўскую сталіцу, пра яе легенды і герояў. Збольшага гэта зусім «бяскрыўдныя» вершы з асьветніцкім зьместам - пераказы паэтычнай мовай асноўных полацкіх мітаў. Пікам Палаччыяны стаўся верш Рыгора Барадуліна «Полацкі мэнталітэт» (дарэчы, некалькі радкоў з гэтага вершу адлітыя з мэталу на помніку літары «Ў», які зьявіўся ў Полацку ў 2003 г.). У 1970-1980-я гады беларускія пісьменьнікі канчаткова ўзьвялі Полацак у ранг першага гораду Беларусі, таго самага гораду, зь якога пачаўся беларускі сьвет. Практычна кожнай станоўчай чалавечай якасьці быў створаны полацкі адпаведнік: духоўнасьць - Эўфрасіньня Полацкая, Крыж Эўфрасіньні; прыгажосьць - Сафійскі сабор; ахвярнасьць - Рагнеда; мудрасьць - Усяслаў Чарадзей; мужнасьць - Якаў Палачанін; адукаванасьць - Францішак Скарына, Сімяон Полацкі; майстравітасьць - Лазар Богша, дойлід Іаан і г. д. А крывічы канчаткова сталіся для беларусаў нацыястваральным славянскім племем.
Пятрусь Броўка. Размова зь Дзьвіною.
Максім Танк. У Татрах.
Максім Лужанін. Як нараджаўся новы сьвет.
Уладзімер Караткевіч. Скарына пакідае радзіму.
Васіль Зуёнак. Такі быў знак…
Алесь Пісьмянкоў. Якаў Палачанін.
Навум Гальпяровіч. Над Дзьвіной.
Віктар Леаненя. Першая сталіца.
Пятро Ламан. Полацкая фрэска.
Леанід Дайнека. У Полацку над Палатою…
Данута Бічэль. Вершатворца Сімяон Полацкі.
Вольга Іпатава. Выгнаньне Полацкіх князёў у Бізантыю, год 1129.
Людміла Рублеўская. Эўфрасіньня.
Эдуард Акулін. Францішак Скарына
Алег Мінкін. У Полацку.
Ірына Багдановіч. Полацкай Сафіі.
Людміла Паўлікава. Полацкая Сафія.
Сяргей Панізьнік. «Бераг зьнямеў...»
Генадзь Бураўкін. Полацкая баляда.
Анатоль Сыс. У Сафіі крыж чырвоны.
Рыгор Барадулін. Полацкі мэнталітэт.
IV
У 40-х гадох сярод беларускіх паэтаў на эміграцыі найбольш папулярным полацкім героем стаўся Ўсяслаў Чарадзей. Славуты князь сымбалізаваў незалежнасьць, непахіснасьць, трываласьць, ваенны посьпех. Цікава, што ўжо падчас другой сусьветнай вайны беларускія паэты - і савецкія, і «антысавецкія» - зьвяртаюцца да полацкіх сымбаляў-мітаў. Напрыклад, Пятрусь Броўка ў 1943 годзе піша паэму «Беларусь», у якой згадвае Полацак, дзе ворагаў неаднойчы «варам варылі з валоў». А ў адным з разьдзелаў паэмы апавядаецца, што «Аб горадзе Полацку слава ішла - / Друкар там выдатны Георгій Скарына, / Што зоры, рассыпаў па роднай краіне / Крыштальныя словы навукі-сьвятла…» А Натальля Арсеньнева піша пра Скарыну ў нямецкім Рэгенсбургу ў 1946-м. Гэта твор пра настальгію. Лібрэта опэры «Ўсяслаў Чарадзей» Н. Арсеньнева напісала ў акупаваным Менску, аднак мы палічылі патрэбным урывак зь яго надрукаваць у «эміграцыйным» разьдзеле Анталёгіі.
Найбольшым прыхільнікам полацкай тэмы сярод паэтаў, якія апынуліся ў эміграцыі, бадай, быў Янка Юхнавец - ці ня самы таленавіты паэт-эмігрант. У ягонай паэзіі няма пераказаў мітаў пра Рагнеду, Усяслава Чарадзея, Эўфрасіньню або Францішка Скарыну. Полацкая тэма прысутнічае ў ледзь прыкметных алюзіях, схаваным цытаваньні. Сваю славутую паэму «Калюмбы» Янка Юхнавец прысьвячае «Сыну слаўнаму народу ўслаўленага Беларускага, доктару Скарыну». А «Гутаркі Лесасека» - гэта таксама пра Полацак, пра лесасекаў з Крывіччыны, пра казку сярод «Айчынных пушчаў», пра драўляную крывіцкую сталіцу, якая безьліч разоў ператваралася ў попел, але зноў і зноў адраджалася як Фэнікс. «Нараджэнцаў-дрэвы я чую пад сякерай, а пад пілой апілкамі сьцішаю чутнасьць непамёрлую ў вяршкох драўляных».
Пётра Крэчэўскі. Рагнеда.
Ларыса Геніюш. Князь Усяслаў Чарадзей.
Натальля Арсеньнева. Усяслаў Чарадзей.У гасподзе Падуанскай
Алесь Салавей. Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі.
Янка Юхнавец. Гутаркі лесасека.
VПры канцы ХХ стагодзьдзя беларускія паэты працягвалі актыўна пісаць вершы пра Полацак. Найбольшага плёну тут дасягнулі маладыя творцы. У іх вершах практычна зьнік пераказ полацкіх мітаў, тут чытач знойдзе іншае - развагі пра будучыню Полацку і элемэнты постмадэрнісцкай паэтыкі. Праўда, хто-ніхто яшчэ працягваў пісаць пра Полацак у адраджэнцкім (маладнякоўскім) ключы. Асобна ў гэтым хоры гучыць паэма ці не галоўнага мадэрніста Алеся Разанава «Ўсяслаў Чарадзей». Яна, відавочна, перагукаецца з аднайменным творам Натальлі Арсеньневай. Адбылося гэта выпадкова, бо наўрад ці А. Разанаў мог пазнаёміцца зь ім раней за 1999 год, калі лібрэта опэры ўпершыню было надрукавана ў Беларусі. Гэтае супадзеньне гаворыць пра немалую запатрабаванасьць вобразу-міту Ўсяслава Чарадзея і пры канцы ХХ стагодзьдзя. (У 2005 годзе ў Полацку плянуецца ўсталяваць помнік Усяславу Чарадзею ў выглядзе коннай статуі.) Увогуле Алесь Разанаў у 1990-х напісаў цэлы шэраг твораў на полацкую тэматыку, зь іх, бадай, можна ўкласьці асобны зборнік.
Цікава, што некаторыя творы з Полацкай анталёгіі маглі быць уключаны ў Віленскую (некаторыя насамрэч патрапілі ўва ўкладзеную Сяргеем Дубаўцом для «ARCHE» Віленскую анталёгію, напрыклад, верш Леры Сом «Здані»). Тут яшчэ можна згадаць верш Зьмітрака Бядулі «Паходні» і паэму Язэпа Драздовіча «Гарадзішчанскае». Такой повязі Полацку зь Менскам няма.
Вершы пра Полацак будуць пісацца й надалей. Горад сваімі легендамі-мітамі будзе прывабліваць новых і новых пісьменьнікаў. Бо, як слушна сказаў паэт Андрэй Хадановіч ля каменя Таварыства вольных літаратараў, які ляжыць на беразе Палаты насупроць Верхняга замку, «Полацак - гэта месца сакральнае».
Алесь Разанаў. Усяслаў Чарадзей.
Уладзімер Арлоў. Дарога ў Полацак.
Надзея Салодкая. «Страшна мне усяго: і сьвятла, і пацёмкаў...»
Ірына Дарафейчук. Калыханка Полацку.
Ігар Лосік. Каля Сафійскага сабору.
Міра Лукша. Полацак.
Іна Снарская. «А ноч плыве пад зорным парасонам...»
Алесь Аркуш. Вавэль.
Людка Сільнова. Чарадзейны Полацак.
Лера Сом. Паштоўка.