| |
Ларыса Геніюш
Князь Усяслаў Чарадзей
Акт IVПаруб у Кіеве. Сьцены із таўстых бярвеньняў, маленькае акенца ледзь прапушчае сьвятло. Пад акенцам нары, на іх вязка саломы. Зьлева - акутыя зялезам дзьверы. На нарах закуты ў зялеза Ў с я с л а ў. <…>К н я з ь П е р а я с л а ў с к і (насьмешліва) Вітай гасьцей, Крывіцкі княжа!
У с я с л а ў панура маўчыць.
Маўчыш? Ну, зараз загаворыш!
Ківае на Баярына. Той падыходзіць і тузае Ўсяслава за ланцуг. З вуснаў Усяслава вырываецца глухі стогн.
Ці адракаешся ты ад Полацку свайго? Ці палачан сваіх прымусіш ты Паддацца нам, Кіеву?
У с я с л а ў О не!
К н я з ь П е р а я с л а ў с к і (з пагрозай) Не?
У с я с л а ў Не, не! Вы здрайцы… Хай я памру - Ды не скаруся вам. А край мой вольным быў І вольным застанецца… Хай вас карае Бог За кроў, за зьдзекі, за усё!
К н я з ь П е р а я с л а ў с к і Дык, ты… ты так? Гэй, каты! На дыбу зь ім, на дыбу!
Каты кідаюцца да Ўсяслава. Праксэда ў жаху.
П р а к с э д а (да князя Пераяслаўскага) О, пачакай!
Адпіхвае князя Пераяслаўскага.
Чакай, кажу!.. Яшчэ гадзіну, дзьве Дамо яму падумаць, Адумаецца ён, я знаю!
К н я з ь П е р а я с л а ў с к і (неахвотна) Бяда з жанчынамі… Хай так!
Робіць знак катам, тыя адыходзяць. Да Ў с я с л а в а - з кпінай і пагрозай:
Бывай, Крывіцкі сьмерд! І помні - ты у нашай моцы!
Выходзіць. П р а к с э д а затрымліваецца.
П р а к с э д а (да Ўсяслава) Ці чуў? Ты ў нашай моцы! (Горача, ціха) Я так хачу… Ты мусіш быць маім!
Хутка выходзіць. Усяслаў застаецца адзін. Цішыня.
У с я с л а ў Год доўгі і цяжкі Ў няволі я праседзеў… Ах, цэлы доўгі год Бяз сонца, безь сьвятла, Бяз радасьці. З глухой тугой у сэрцы. З атрутай у крыві… Хто ж назаве жыцьцём Зьмярканьні, раньні й ночы, Што перажыў я тут, далёка ад сваіх, Далёка ад маёй Крывіччыны ўлюбёнай. Блакітнай і сівой Крывіччыны маёй!
Прыслухоўваецца.
Ды што гэта? Зноў звон… Зноў звон сьвятой Сафіі… Ўсьцяж кліча ён мяне, Удзень і уначы! Ледзь вочы я самкну, забудуся - ён звоніць, Ледзь вочы адчыню - ён звоніць, звоніць зноў. «Вярніся, княжа мой, Вярніся, мы чакаем!»
Устае. З тугой.
Ах, каб ды волю мне, Каб з выраем вясновым Мне вырвацца туды, На волю, ў далячынь. І поўнымі грудзьмі Зноў піць зялёны вецер З сасоньнікаў сівых Крывіччыны мае! Каб зноў із краю ў край Задонскія бязьмежжы Мне птахам мераць зноў, Дзікім агнём гарэць, Зноў узьнімаці меч Зялезнаю рукою І бачыць славу й моц радзімае зямлі! Ах, каб ды волю мне… Каб волю! Волю, волю… Каб вырвацца ізноў туды… у далячынь!
Падае ў салому. У паруб уваходзіць Л а д а, пераапранутая дружыньнікам, прыносіць хлеб і пітво, Усяслаў не падымае галавы.
Л а д а (зь пяшчотаю да Ўсяслава) Зьеж штось, о княжа мой, Ці выпі мёду!
У с я с л а ў (зьдзіўлена) Мёду?..
Глядзіць доўга на Л а д у.
Ды хто ты?
Л а д а Ці ж мяне не пазнаеш ты зноў, Спадару княжа?
Скідае шалом і рассыпае на плячох свае залатыя валасы.
У с я с л а ў Ты? Як? Ты тут, дзіця… Хто ж цябе прыслаў?
Л а д а Я - ад тваіх… О княжа, ўвесь народ Гатовы бараніць цябе, Пакуль ім стане сілы. А сын твой, княжыч Глеб, Падняў народ Крывіцкі І хутка будзе тут. І полаўцы ідуць на Кіеў, Крывёй заліты стэп! Князь Ізяслаў не паўстрымае іх, Акрыўся ён няславай…
У с я с л а ў О мой народ!
Л а д а Жыцьцё аддасьць ён за цябе!
1940-я
У гасподзе Падуанскай
Гудзе гаспода. Ў Падуі старой такі ўжо звычай: жыць, пакуль жывецца, і цешыцца… Ды тут - ледзь чутны песьняў строй. Гуляе па стале, заставе рэзвы рой праменьняў… У акно чырвоны б'ецца вечар. Кранецца чары ён - і з чары залатой італьскае віно пагарай праліецца. Адно не да віна Францішку Скарыне. Упіўся сяньня ён, ды не віном, а славай! Ён - доктар лекарскіх навук! Гадней за іншых мо аб роднай старане засьведчыў аб сабе. Ён - «Падую уславіў», сказаў Мусаты. Бач, із торбай на гарбе ненадарма гады гібеў ён на чужыне, пяскі чужых дарог таптаў і… трызны правіў. Але чамусьці ў сэрцы бы асьцюк сядзіць аўсяны, колкі… Не - і ўколе… Засланы бела стол нагадвае Куцьцю у Полацку, у хаце, Палату імклівую, а за мурамі - поле, дзе гэтаю парой сьнягамі ўжо цьвітуць так бела межы й дзічак гольле! Хацелася б ісьці, ляцець, імкнуць туды, бадзёра друкаваць сьляды на чыстых,
на харошых балонках першае парошы, піць густы марозны вецер, срэбныя ляды, бары мінаючы у шпаркіх палукошах, і так сьпяваць, каб віўся сьнежны дым над пожнямі ды плыў зь сівых далечаў пошчак! Што ж, чараў тут няма: і зьвер у гушчары свой логаў знае, птах - гняздо у гаі мае, у рэках рыбы чуюць родныя віры, руплівая пчала, што ў грэчках ад зары гудзе, вульля свайго бароніць із адчаем. Таксама й чалавек: малеча ці стары - да роднага кутка дзіўною ласкай тае. І ласкі гэтай смыль патрапяць прысушыць адно, хіба, вятры зялёнага Наддзьвіньня… Пара туды, пара! Хай золата кашы братом і не прыдбаў ён тутака, ў чужыне - ад цела недужаў і недужаў душы ён лек дзіўны знайшоў, што гора й боль суніме. Маўчыць гаспода ў Падуі старой, і толькі ў Скарыны мігціць агеньчык ніцы. Там, разгарнуўшы кніжыцу ў рудой цісьнёнай скуры, зноў лацінскіх словаў рой ён сочыць пільна. А праз акяніцы ў камору ноч глядзіць, і ў чары залатой італьскае віно сузор'ямі іскрыцца.
Рэгенсбург, 1946
←вярнуцца ў Анталёгію
|