| |
Ірына Дарафейчук
Калыханка Полацку
Плакаў горад дажджом начным… Горка вецер яшчэ ўздыхае, Але зоркі ужо мігцяць. Сяду, як ля калыскі, на ганку. Над табою кружляюць сны, Твая крыўда сьціхае, сьціхае… Сьпі, мой горад, маё дзіця, Я сьпяваю табе калыханку.
Калі мне столькі год было, Колькі сёньня табе стагодзьдзяў, Я круцілася, бы ў вірах, У надзеях, чаканьнях і марах. А цябе задушыла шкло. Адлюструешся, хоць і ня згодзен, У бальконах і ліхтарах, У бэтонна-нэонавых хмарах.
Мы зьнішчаем сваю зямлю, Мы зьнішчаем цябе, сьляпыя… Бачу твар твой сярод вясны І адчай у вачах бязьвінных… Я ўсё роўна цябе люблю, Бо душы тваёй боль - Сафія, Бо прыцішаны гул начны - Як дыханьне заснулага сына…
←вярнуцца ў Анталёгію
|